Вярнуцца: 2015

№ 19 (1222)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 19 (1222), 13 траўня 2015 г.


З Езусам у жыццё

З 10 траўня на Гарадзеншчыне сотні беларускіх дзяцей каталіцкага веравызнання пачалі прыступаць да Таямніцы Споведзі і прыняцця Першай Камуніі. Цягам траўня і чэрвеня ўрачыстасці пройдуць ва ўсіх парафіях дыяцэзіі. На працягу двух гадоў дзяцей старанна рыхтавалі да аднаго з самых важных момантаў у жыцці кожнага верніка - зазначае біскуп Юзаф Станеўскі:

- Першая Камунія - гэта ваша першая сустрэча з Богам, з Хрыстом. Мы сведкі, і ў гэты момант нам прыемна прыглядацца да вас, глядзець на вашу радасць і захапленне, бо прымаеце да сэрца Хрыста падчас гэтай Святой Камуніі. І мы, дарослыя, вяртаемся разам з вамі да таго дня, калі самі прымалі Першую Камунію.

Пасля прыняцця Першай Камуніі ў дзяцей пачынаецца белы тыдзень, на працягу якога яны ў першакамунійных строях дзеля ўзрастання ў веры штодзённа ўдзельнічаюць ў маёвых набажэнствах.

Радыё Рацыя.


У Беларусі распрацавалі электронную базу салдатаў і партызанаў

Электронную базу пра салдатаў і партызанаў, якія загінулі ці зніклі пад час Другой сусветнай вайны. Інфармацыю для базы ўзялі з кніг "Памяць. Гісторыка-дакументальныя хронікі беларускіх раёнаў", паведамляе БелТА.

У базе можна шукаць інфармацыю па катэгорыях "прозвішча", "імя", "імя па бацьку", "вобласць", "раён", "горад / вёска нараджэння", "месца смерці".

Пакуль у базу ўнеслі інфармацыю па Менску і Менскай вобласці, агулам больш за 10 тысяч чалавек. У бліжэйшы час туды пачнуць уносіць інфармацыю па іншых абласцях Беларусі. Таксама ў базу плануюць унесці інфармацыю пра мірных грамадзян, якія сталі ахвярамі вайны, і салдат, якія вярнуліся з фронту. База будзе папаўняцца рэгулярна.

Асноўная мова базы беларуская, але трэба звярнуць ўвагу на тое, што частка запісаў, згодна з кнігамі серыі "Памяць", унесена на рускай мове! Таму ажыццяўляць пошук трэба на беларускай і рускай мове.

Еўрарадыё.


Шаноўнае спадарства!

З 10 красавіка "Белпошта" на 50 % падняла тарыфы на рассылку лістоў па пошце. У сувязі з гэтым на 50 % падняўся кошт рассылкі газеты "Наша слова" ў раённыя і абласныя філіялы "Белсаюздруку", што зрабіла агульны кошт затрат на перасылку непрыймальным. Рэдакцыя не знайшла падтрымкі на пакрыццё гэтых выдаткаў.

У сувязі з гэтым з пачатку месяца траўня рэдакцыя спыніла пастаўку газеты "Наша слова" ў шапікі "Саюздруку" раённых цэнтраў Гарадзенскай і Берасцейскай абласцей. Газету можна будзе набыць толькі ў Лідзе, Гародні, Віцебску і Берасці.

Усім астатнім мы настойліва прапануем своечасова аформіць падпіску праз "Белпошту".

Рэдакцыя цану падпіскі на 2-е паўгоддзе 2015 года не падымала.


300 гадоў з дня нараджэння Гераніма Фларыяна Радзівіла

Геранім Фларыян РАДЗІВІЛ (4 траўня 1715, места Белая Берасцейскага павета - 17 траўня 1760, места Белая) - дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Падчашы (1739-1750) і харунжы вялікі літоўскі (з 1750).

Быў старастам Перамышльскім і Крычаўскім. З 1731 фактычны ўладальнік (юрыдычны з 1744) г. зв. "Нойбурскіх маёнткаў".

З нясвіжскай лініі роду Радзівілаў, сын Караля Станіслава і Ганны Кацярыны з Сангушкаў.

Атрымаў хатнюю адукацыю, у 1730-1735 падарожнічаў за мяжой.

Займаў высокія дзяржаўныя пасады, меў 6-тысячнае войска, роўнае войску Вялікага Княства Літоўскага. Залогі размяшчаліся ў Слуцку (галоўныя сілы), Белай, Біржах, Кейданах, Невелі, Себежы, Крычаве, Капылі, Нягневічах, Рубяжэвічах, Беліцы і набіраліся з мясцовай шляхты і вайскова-служылых людзей (зямян, выбранцаў і інш.); афіцэры запрашаліся часткова з-за мяжы. У Белай, потым ў Слуцку трымаў афіцэрскую школу (кадэцкі корпус).

Захоўваў жорсткі парадак у сваіх местах і маёнтках, задушыў Крычаўскае паўстанне (1743-1744).

Заснаваў тэатр у Белай і Слуцкі тэатр Радзівілаў (1751), артысты для якога рыхтаваліся ў адмысловай школе (першая ў Рэчы Паспалітай). Сабраў карцінную галерэю, вялікую бібліятэку, зладзіў шэраг значных будоваў ў сваіх рэзідэнцыях - Белай і Слуцку.

У шлюбах з Тарэсай Сапегай, Магдаленай Чапскай і Анэляй Мянчынскай дзяцей не меў, ягоныя маёнткі перайшлі да брата Міхала Казіміра Радзівіла "Рыбанькі".

Вікіпедыя.


170 гадоў з дня нараджэння Мікалая Нікіфароўскага

Мікалай Якаўлевіч НІКІФАРОЎСКІ (17 траўня 1845, в. Вымна Веліжскага павета, цяпер Віцебскі раён - 1910) - беларускі этнограф і фалькларыст.

Нарадзіўся ў сям'і панамара вясковай царквы. Сям'я жыла бедна, блізка да жабрацтва, але маці імкнулася даць двум сынам і дачцэ пачатковую адукацыю. Першымі настаўнікамі М. Нікіфароўскага былі выпадковыя людзі: адстаўны салдат, хросны бацька, пісьменны падлетак, манах, сельскі святар. У 1854-1855 г. у панскім маёнтку была арганізавана школа для дзяцей сялян, дзе выкладаў звольнены гімназіст Віцебскай гімназіі, бацькі ўладкавалі М. Нікіфароўскага ў гэтую школу. Яшчэ адным настаўнікам М. Нікіфароўскага быў Іван Зазубовіч, былы слухач Віцебскага духоўнага вучылішча. І. Зазубовіч падрыхтаваў М. Нікіфароўскага да паступлення ў Віцебскі архірэйскі хор, а потым - у духоўнае вучылішча.

У ліпені 1861 г. М. Нікіфароўскага як лепшага вучня з духоўнага вучылішча перавялі ў Віцебскую семінарыю. У семінарыі М. Нікіфароўскі захапіўся кнігамі. Пасля заканчэння семінарыі (1867) яму прапанавалі паступіць у Пецярбургскую духоўную акадэмію за свой кошт, але грошай не было і ніхто з блізкіх не мог дапамагчы. Пасля смерці маці гаспадарка заняпала, М. Нікіфароўскі прасіў у архірэя дапамогу і месца святара, але атрымаў адмову. М. Нікіфароўскі вырашыў стаць настаўнікам і пасля 1,5-месячнай падрыхтоўкі быў прызначаны выкладчыкам народнага вучылішча ў в. Лоўжа. Большую частку жыцця М. Нікіфароўскі працаваў у навучальных установах Віцебска, але вышэй настаўніка падрыхтоўчага класа гімназіі ці семінарыі яго кар'ера не пайшла.

М. Нікіфароўскі пакінуў багатую спадчыну па этнаграфічным вывучэнні Віцебшчыны, асабліва плённую пасля знаёмства з П.В. Шэйнам. М. Нікіфароўскі больш за 20 гадоў супрацоўнічаў з П. Шэйнам як карэспандэнт, даслаў яму значную колькасць фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў, але ў выданнях П. Шэйна змешчана толькі іх частка, астатняе перададзена ў архіў Акадэміі навук. М. Нікіфароўскаму фальклорна-этнаграфічныя зборнікі П. Шэйна ў значнай ступені абавязаныя сваёй навуковай каштоўнасцю.

У 1890 г. М. Нікіфароўскі стаў сябрам Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі (ТАПЭ) пры Маскоўскім універсітэце і рэдактарам часопіса "Этнографическое обозрение", пачаў выступаць з самастойнымі працамі. Апублікаваў каля 20 даследаванняў датычных матэрыяльнай і духоўнай культуры, вусна-паэтычнай творчасці беларусаў.

Этнаграфічны аддзел ТАПЭ з 1892 г. пачаў выдаваць серыю нарысаў М. Нікіфароўскага пад агульнай назвай "Нарысы Віцебскай Беларусі". М. Нікіфароўскі таксама аўтар "Нарысаў простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку" (1895). Трэцяя капітальная праца М. Нікіфароўскага, "Простанародныя прыкметы і павер'і, прымхлівыя абрады і звычаі, легендарныя паданні пра асобы і мясціны" (1897). Выйшаў шэраг этнаграфічных зборнікаў, падрыхтаваных навукоўцам.

Вікіпедыя.


Моўнае заканадаўства Швейцарыі

У "Нашым слове" ўжо друкаваліся артыкулы, прысвечаныя замежнаму моўнаму заканадаўству. Гэты нарыс працягвае дадзеную серыю. Яго асноўная мэта - прадэманстраваць падыходы, якія так ці інакш можна выкарыстаць для ўдасканалення айчыннага моўнага заканадаўства.

Паводле канстытуцыі, нацыянальнымі мовамі Швейцарскай канфедэрацыі з'яўляюцца нямецкая, французская, італьянская і рэтараманская (апошняя таксама называецца: швейцарская рэтараманская і раманшская ). Нямецкая, французская і італьянская з'яўляюцца афіцыйнымі мовамі краіны, рэтараманская таксама з'яўляецца афіцыйнай мовай канфедэрацыі ў зносінах з носьбітамі гэтай мовы.

У 2013 годзе сваімі асноўнымі мовамі назвалі нямецкую - 64,5%, французскую - 22,6%, італьянскую - 8,3%, рэтараманскую - 0,5% насельніцтва; 21,7% пастаянных жыхароў назвалі асноўнай мовай іншую (можна было называць некалькі моў).

Пад нямецкай мовай тут маецца на ўвазе як стандартная нямецкая, так і швейцарскія нямецкія дыялекты, якія разам называюцца швейцарская нямецкая . Апошняя значна больш распаўсюджана ў якасці асноўнай хатняй і працоўнай размоўнай мовы, чым стандартная. Яна шырока ўжываецца ў тэле- і радыёвяшчанні, але ў яе няма пісьмовага стандарту.

Швейцарская рэтараманская мова ўваходзіць у рэтараманскую падгрупу раманскіх моў. Мовы гэтай падгрупы разглядаюцца і як варыянты адзінай рэтараманскай мовы. Уласна швейцарская рэтараманская (далей - рэтараманская ) мова мае некалькі варыянтаў. Пяць з іх маюць пісьмовую норму. У 1983 годзе на аснове трох з гэтых варыянтаў была створана пісьмовая мова раманш грыжун . Грыжун - рэтараманская назва кантона (аднаго з суб'ектаў канфедэрацыі), дзе яна распаўсюджана). Паводле швейцарскага закона аб нацыянальных мовах, які мы разгледзім ніжэй, носьбіты рэтараманскай могуць звяртацца ў федэральныя ўстановы на сваіх варыянтах гэтай мовы, установы ж адказваюць на раманш грыжун .

У айчынным законе "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь" дыялекты мовы абвяшчаюцца нематэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасцю. Магчыма, у нашым моўным заканадаўстве варта дэтальна прапісаць захады па падтрымцы разнастайнасці беларускай мовы.


Канстытуцыя, кантоны і грамады

Па канстытуцыі, швейцарскія кантоны самі вызначаюць свае афіцыйныя мовы. У краіне 26 кантонаў, у 17 з іх афіцыйная мова - нямецкая, у 4 - французская, у 3 - нямецкая і французская, у 1 - італьянская і яшчэ ў адным - нямецкая, італьянская і рэтараманская.

У тэксце канстытуцыі прапісана, што, дзеля захавання гармоніі паміж моўнымі супольнасцямі, кантоны павінны паважаць традыцыйнае тэрытарыяльнае размеркаванне моў і прымаць да ўвагі аўтахтонныя моўныя меншасці. Гэты пункт лічыцца выражэннем прынцыпу тэрытарыяльнасці.

У літаратуры адзначаецца, што, паводле прынцыпу тэрытарыяльнасці, хаця канфедэрацыя шматмоўная, у кожным пункце яе тэрыторыі (за некалькімі выключэннямі) афіцыйная мова толькі адна. У аднамоўных кантонах мовай кантанальнай адміністрацыі (а таксама заканадаўства, судоў, парламенту) з'яўляецца толькі афіцыйная мова кантона. Яна ж з'яўляецца і мовай выкладання ў абавязковай дзяржаўнай школе. У афіцыйна франкамоўным кантоне Юра ёсць грамада з пераважна нямецкамоўным насельніцтвам, а ў італьянамоўным кантоне Тычына адна з грамад была пераважна нямецкамоўнай да 2000 года.

Двухмоўныя кантоны дзеліць на дзве часткі моўная франка-нямецкая мяжа. Унутры гэтых кантонаў большасць асобных грамад населена альбо пераважна нямецкамоўнымі альбо пераважна франкафонамі (грамады - найдрабнейшыя адзінкі палітычнага падзелу краіны, сёння іх 2324). Афіцыйнай мовай большасці грамадаў і акругаў (адміністратыўныя адзінкі, якія аб'ядноўваюць некалькі грамад) з'яўляецца толькі адна з дзвюх афіцыйных моў кантона. Як адзначаецца, у двухмоўных кантонах кантанальныя законы прымаюцца на дзвюх мовах, дэпутаты могуць выбіраць мову выступаў у кантанальным парламенце.

У трохмоўным (нямецка-рэтараманска-італьянскім) кантоне Граўбюндэн, які называюць Швейцарыяй у мініяцюры, паводле ўласнага моўнага закона, кантанальная адміністрацыя выкарыстоўвае ўсе тры мовы. Гэты закон, прыняты ў 2006 годзе, з'яўляецца радыкальным сродкам падтрымкі меншасных моў кантона: рэтараманскай і італьянскай. Грамады, дзе рэтараманская ці італьянская па выніках перапісаў лічацца "спрадвечнымі" (традыцыйнымі) мовамі, у сваім заканадаўстве вызначаюць сваю афіцыйную мову ў адпаведнасці з наступнымі палажэннямі закона. Калі ў грамадзе мінімум 40% носьбітаў "спрадвечнай" мовы, то яна прызнаецца афіцыйна аднамоўнай (і афіцыйнай мовай з'яўляецца спрадвечная), калі мінімум 20% - шматмоўнай. У аднамоўных грамадах афіцыйная мова выкладаецца ў школах у якасці першай мовы. У шматмоўных у гэтай якасці выкарыстоўваецца "спрадвечная" мова, але магчыма стварэнне дзвюхмоўных школ. Калі ў грамадзе ад 10% да 20% носьбітаў "спрадвечнай" мовы, то яна павінна выкладацца ў школах гэтай грамады.

Хаця на практыцы гэта магчыма, на кантоны не накладаецца абавязак ажыццяўляць афіцыйныя зносіны з грамадзянамі не на афіцыйнай мове кантона. Такім чынам, прынцып тэрытарыяльнасці знаходзіцца ў пэўнай супярэчнасці з прынцыпам свабоды выбару мовы, прама прапісаным у канстытуцыі. Адзначаецца, што трыманне прынцыпу тэрыятарыяльнасці паспрыяла захаванню межаў моўных рэгіёнаў на працягу стагоддзяў. Хаця, прынамсі, пэўныя тэрыторыі, дзе раней дамінавала рэтараманская мова, сталі пераважна нямецкамоўнымі на працягу толькі 20 стагоддзя, раней адбываліся ваганні мяжы франка- і нямецкамоўных рэгіёнаў.

У канстытуцыі пазначана, што канфедэрацыя і кантоны павінны спрыяць паразуменню і абмену паміж моўнымі супольнасцямі. Канфедэрацыя падтрымлівае шматмоўныя кантоны і меры, якія прадпрымаюцца двума кантонамі па падтрымцы і развіцці італьянскай і рэтараманскай моў. Асаблівай увагі вартае прапісанне ў асноўным законе краіны падтрымкі пэўным яе мовам. Адпаведнага палажэння адносна беларускай ці нейкай іншай канкрэтнай мовы ў нашай канстытуцыі няма. Улічваючы рэальна цяжкі стан беларускай мовы, варта было б уключыць такое палажэнне ў канстытуцыю ці ў Закон аб мовах.

Федэральны моўны закон

Асноўным моўным законам Швейцарыі з'яўляецца Федэральны закон аб нацыянальных мовах і ўзаемаразуменні паміж моўнымі супольнасцямі, які ўступіў у моц у 2010 годзе. Існуе таксама заснаваная на законе пастанова, якая канкрэтызуе яго палажэнні. Далей мы будзем грунтавацца на гэтых двух дакументах. У мэтах закону сярод іншага пазначана: умацаванне шматмоўнасці як істотнай прыкметы Швейцарыі, спрыянне індывідуальнай і інстытуцыянальнай шматмоўнасці, падтрымка і развіццё рэтараманскай і італьянскай моў. Дзяржава бярэ на сябе абавязак ставіцца да моў роўна і спрыяць узаемапаразуменню моўных супольнасцяў.

Заўважце, у айчынным заканадаўстве прынцып роўнасці моў нідзе прама не прапісаны. У мэтах айчыннага Закона аб мовах шматмоўнасць ніякім чынам не пазначана; па сутнасці, айчынны закон у большасці сваіх палажэнняў якраз дае свабоду тым, хто інстытуцыянальнай шматмоўнасці жадае пазбегнуць. Карысным для нас можа быць таксама пункт пра "істотную прыкмету Швейцарыі". Напрыклад, чаму б у айчынным заканадаўстве не назваць падобным чынам беларускую мову? А то ў нас нават у згаданым вышэй законе "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь" не пазначана, якая канкрэтна мова маецца на ўвазе. Звяртае на сябе ўвагу закрананне прыватнай сферы - "спрыянне індывідуальнай шматмоўнасці". Трэба сказаць, што ў законапраекце ТБМ "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы" у гэтым накірунку зроблены сур'ёзны крок.

Закон распаўсюджваецца на парламент канфедэрацыі, яе ўрад, падпарадкаваную яму федэральную адміністрацыю (у яе ўваходзіць федэральная канцылярыя і дэпартаменты з вялікай колькасцю падпарадкаваных арганізацый) і федэральныя суды.

Сумеснае выкарыстанне дзяржаўных моў замацоўваецца ў шэрагу палажэнняў закону. Так, законапраекты, прапановы і іншыя дакументы павінны як правіла падавацца ў парламент на нямецкай, французскай і італьянскай. На гэтых трох мовах павінны адначасова публікавацца федэральныя ўказы і іншыя дакументы, што падпадаюць пад так званы "Публікацыйны закон". Апошні прапісвае, якія акты заканадаўства павінны быць надрукаваны ў Афіцыйным зборніку федэральнага заканадаўства і ў Федэральнай газеце. Публікацыя ў першым ўводзіць акты заканадаўства ў моц. Такім чынам, на трох мовах выдаюцца федэральныя законы, пастановы федэральнага парламенту і ўраду, міжнародныя дамовы і пастановы аб іх ратыфікацыі, дамовы паміж канфедэрацыяй і кантонамі, законапраекты, рашэнні аб унясенні змяненняў у канстытуцыю і цэлы шэраг іншых афіцыйных дакументаў. Усе моўныя версіі маюць аднолькавую моц.

Таксама і на рэтараманскай павінны публікавацца тэксты асаблівай важнасці і дакументы, датычныя федэральных выбараў. Пераклады на рэтараманскую каардынуе Федэральная канцылярыя.

Федэральныя ўстановы ажыццяўляюць знешнія зносіны на чатырох мовах, асабліва праз друкаваныя матэрыялы, інтэрнэт-старонкі (на гэтых мовах там павінна быць найважнейшая інфармацыя) і шыльды. Федэральныя фармуляры для грамадскасці павінны быць на ўсіх чатырох мовах. Такім чынам, у Швейцарыі на федэральным узроўні патрабаванні да сумеснага выкарыстання дзяржаўных моваў ахопліваюць больш сфер у параўнанні з айчынным Законам аб мовах

Спрыянню ўзаемаразуменню і абмену паміж моўнымі супольнасцямі прысвечаны асобны раздзел закону. Так, у сферы адукацыі дзяржава і кантоны:

- спрыяюць абмену вучняў і выкладчыкаў паміж моўнымі супольнасцямі;

- спрыяюць шматмоўнасці вучняў і настаўнікаў;

- дзяржава можа фінансава падтрымаць кантоны і арганізацыі па абмене.

Уявіце, каб у нас дзеці з рускамоўных школ перыядычна накіроўваліся на "стажыроўкі" ў такія школы, дзе ўвесь працэс навучання сапраўды ідзе па-беларуску. Натуральна, варты падтрымкі абмен з беларускамоўнымі навучальнымі ўстановамі суседніх краін.

Увогуле, швейцарскі закон і падзаконная пастанова трохі нагадваюць інструкцыю па напісанні заяўкі на грант: там шматкроць пазначана, на што дзяржава выдаткоўвае фінансавую дапамогу. Напрыклад, канфедэрацыя аказвае такую дапамогу кантонам у арганізацыі навучання другой і трэцяй дзяржаўных моў, у навучанні іншамоўных афіцыйнай мове пэўнага кантона і сваёй першай мове.

Для мігрантаў як з замежжа, так і з іншамоўных кантонаў у школе прапануюцца курсы роднай мовы і культуры, якія павінны быць часткай агульнага раскладу заняткаў. Па рэкамендацыях Рады кантанальных міністраў адукацыі, такія заняткі павінны займаць мінімум дзве гадзіны на тыдзень.

У айчынным заканадаўстве варта было б прапісаць падтрымку і меры па навучанні менавіта беларускай мове замежнікаў, у прыватнасці, замежных студэнтаў.

Для нас гэта не асабліва актуальна, але для паўнаты карціны можна дадаць, што па законе, па заканчэнні абавязковага перыяду навучання, швейцарскія школьнікі павінны авалодаць мінімум яшчэ адной нацыянальнай мовай і адной замежнай мовай. Па стратэгіі згаданай Рады адна з моў уводзіцца на пятым годзе абавязковага 11-гадовага навучання, а другая - на сёмым (11-гадовы перыяд уключае два гады дашкольнага навучання). Чарга вызначаецца кантонамі, але па заканчэнні абавязковага навучання дзеці павінны валодаць дзвюмя мовамі на аднолькавым узроўні.

Паводле раздзела закона аб спрыянні ўзаемаразуменню фінансавая дапамога можа быць таксама перададзена:

- агульнанацыянальным крыніцам інфармацыі, якія расказваюць пра чатыры мовы краіны;

- некамерцыйным арганізацыям, якія спрыяюць узаемаразуменню ці шматмоўнасці (напрыклад, праз зацікаўленне нацыянальнай і замежнай аўдыторыі шматмоўнай швейцарскай літаратурай);

- супольнасцям, якія падтрымліваюць праекты па распаўсюду шматмоўнасці;

- для дзейнасці па перакладзе.

Шматмоўным кантонам фінансавая падтрымка выдзяляецца, у прыватнасці, на стварэнне магчымасцей для работы на некалькіх мовах у органах кіравання і юстыцыі.

Магчыма, і ў будучым айчынным заканадаўстве аб мовах варта будзе дэталізаваць змест фінансавай дзяржаўнай падтрымкі беларускай мовы.

З мэтай спрыяння шматмоўнасці засноўваецца навуковая ўстанова. Паводле падзаконнай пастановы, фінансаванне па гэтым пункце перадаецца Інстытуту шматмоўнасці ўніверсітэта і педагагічнага інстытута Фрайбурга. Дарэчы, у Фрайбургскім ўніверсітэце, размешчаным у сталіцы двухмоўнага кантона, ўсе курсы даступныя як на французскай, так і на нямецкай мовах.

Інстытут шматмоўнасці даследуе моўныя, сацыяльныя, палітычныя, эканамічныя і адукацыйныя аспекты полілінгвізму, напрыклад, феномен моўных кантактаў, дынаміку стаўленняў да моў, уплыў глабалізацыі на моўную сітуацыю, ацэнку моўнай кампетэнцыі. Вось тэматыка некалькіх са шматлікіх даследчых праектаў інстытута:

"Развіццё індывідуальнай шматмоўнасці на працягу жыцця чалавека";

"Распрацоўка хуткага навучальнага курсу, які дазволіць германашвейцарцам на пачатковым узроўні разумець рэтараманскую мову". Патрэба ў курсе абумоўлена пераважаннем нямецкай мовы ў кантоне Граўбюндэн. У выніку зварот на рэтараманскай не заўжды могуць зразумець у кантанальных установах;

"Аптымізацыя пытанняў пра мовы ў статыстычных даследаваннях: якія пытанні ўвогуле задаваць, як карэктна іх сфармуляваць, якія пытанні выклікаюць у рэспандэнтаў складанасці і г.д." Кожныя пяць год у краіне праводзіцца агульнанацыянальнае даследаванне на тэму мовы, культуры і рэлігіі.

У цэнтры створана база дадзеных арганізацый, што маюць дачыненне да шматмоўнасці, а таксама інфармацыйны цэнтр, які, у прыватнасці, выдае штогадовую бібліяграфію па гэтым прадмеце. Сайт інстытута centre-multilingualism.ch/.

Па законе, канфедэрацыя спрыяе шматмоўнасці свайго персаналу і вайскоўцаў.

Дзяржава гарантуе прапарцыйнае прадстаўніцтва носьбітаў афіцыйных моў ва ўстановах федэральнай улады. Існуюць квоты, некалькі большыя за долі моўных супольнасцяў у насельніцтве краіны. Долі вызначаны па дадзеных перапісу насельніцтва 2000 года. Колькасць носьбітаў раманскіх моў можа пераўзыходзіць квоту.

Па сваім выбары супрацоўнікі могуць працаваць на нямецкай, французскай ці італьянскай, незалежна ад сваёй мовы ўдзельнічасць у кіраванні арганізацыяй і атрымліваць прамоцыю. Працадаўца забяспечвае супрацоўнікам моўныя курсы па трох афіцыйных мовах. Курсы можна наведваць у працоўны час.

Магчыма, мае сэнс урэгуляваць у айчынным заканадаўстве стасункі правоў рознамоўных грамадзян у сітуацыях фармальных зносінаў. Напрыклад, выкладчык дзяржаўнай ВНУ жадае чытаць курс па-беларуску, але з гэтым згодныя не ўсе студэнты.

Федэральная рада (урад) вызначае стратэгічныя мэты, звязаныя са спрыяннем шматмоўнасці для кожнага тэрміну сваіх паўнамоцтваў. Урад прызначае ўпаўнаважанага па шматмоўнасці. Яго функцыі: дапамога радзе ў вызначэнні стратэгічных мэтаў і ў кантролі іх выканання, кансультаванне органаў улады і інфармаванне шырокай грамадскасці па пытаннях шматмоўнасці, прадстаўленне дзяржавы ва ўстановах, што займаюцца шматмоўнасцю. Урад і міністэрствы распрацоўваюць каталог мерапрыемстваў па ўвасабленні ў жыццё стратэгічных мэтаў.

Асобны раздзел закона прысвечаны падтрымцы і развіццю рэтараманскай і італьянскай мовы і культуры. Дзяржава аказвае фінансавую падтрымку кантонам, дзе выкарыстоўваюцца гэтыя мовы. Сродкі могуць вылучацца кантонам для дапамогі арганізацыям і інстытутам, што займаюцца падтрымкай і развіццём згаданых моў. Грошы даюцца, у прыватнасці, на навучанне мовам у школе і па-за ёй, літаратурную і выдавецкую дзейнасць (у т.л. на СМІ), пераклады, спрыянне шматмоўнасці ў рэгіянальным кіраўніцтве, падтрымку моўна-культурнай ідэнтычнасці, даследаванні, моўна-культурныя мерапрыемствы. Унёсак канфедэрацыі складае максімум 75% (90% калі падтрымка аказваецца арганізацыі).

Як вядома, адмаўляючы прымаць прапановы ТБМ па ўнясенні ўдасканаленняў у айчыннае моўнае заканадаўства, улады часта выкарыстоўваюць тэзіс аб затратнасці такіх удасканаленняў. Грашовае пытанне было актуальным і ў працэсе прыняцця швейцарскага закона. Азнаёміўшыся з першым варыянтам законапраекту, частка партый заявіла, што яго рэалізацыя будзе задарагой. У 2004 годзе было падлічана, што ўвасабленне палажэнняў законапраекту з 2008 года каштавала б дзяржаве дадатковых 17 мільёнаў швейцарскіх франкаў. Гэта склала 0,034% федэральных расходаў ці 0,004% намінальнага валавага ўнутранага прадукту (кошт паслуг і тавараў, вырабленых у краіне за год) - менш за 2,5 франка на жыхара.

У 2004 годзе ўрад вырашыў не перадаваць законапраект на разгляд парламента і задавольніцца ўжо наяўным законам аб фінансавай падтрымцы рэтараманскай і італьянскай моў і культур. Адзначаецца, што такое рашэнне было прынята па фінансавых прычынах. У адрас першага варыянту законапраекту гучала і змястоўная крытыка. Рашэнне адкласці законапраект, аднак, выклікала незадаволенасць, і ў тым жа годзе ініцыятыва аднаго з парламентароў вярнула яго да разгляду. Ва ўдасканаленым выглядзе ён быў прыняты ў 2007 годзе.

Варта прааналізаваць, колькі можа каштаваць увасабленне змяненняў у айчынны Закон аб мовах і прыняцце Закона аб падтрымцы беларускай мовы, прапанаванага ТБМ. Магчыма, такі падлік стане аргументам на нашу карысць у перамовах з уладамі.

Дзяніс Тушынскі, намеснік старшыні ТБМ


Беларуская мова ў беларускіх універсітэтах

Старшыні Грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

вул. Румянцава, 13, 220034, г. Мінск

Паважаны Алег Анатольевіч!

Установа адукацыі "Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы" накіроўвае інфармацыю адносна развіцця і функцыянавання беларускай мовы ва ўніверсітэце.

Працэнт дысцыплін, якія выкладаюцца на беларускай мове, адрозніваецца на розных спецыяльнасцях: ад 8 % на спецыяльнасцях прыродазнаўчага і тэхнічнага накірункаў да 80 % на спецыяльнасцях гуманітарнага накірунку.

Усе вучэбна-метадычныя комплексы па дысцыплінах вучэбных планаў размешчаны на адукацыйным партале Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы (edu.grsu.by). На сённяшні дзень на партале размешчана больш за 10 000 электронных вучэбна-метадычных комплексаў. На беларускай мове падрыхтавана амаль 10 % ад іх агульнай колькасці.

Справаводства ва ўніверсітэце вядзецца на беларускай і рускай мовах. На беларускай мове рыхтуюцца дакументы аб узнагароджванні супрацоўнікаў і студэнтаў універсітэта, лісты, арганізацыйна-распарадчыя дакументы. Усе лісты-адказы рыхтуюцца на мове, на якой быў атрыманы запыт ці зварот. Акрамя таго, апошнім часам назіраецца тэндэнцыя да больш актыўнага выкарыстання беларускай мовы ў арганізацыі справаводства ва ўніверсітэце. Так, напрыклад, у навуковай бібліятэцы доля беларускамоўных дакументаў складае 70 %.

Супрацоўнікі ўніверсітэта актыўна працуюць над своечасовай актуалізацыяй беларускай версіі сайту. На дадзены момант усе значныя раздзелы афіцыйнага сайту ўніверсітэта (http://www.grsu.by) прадстаўлены як на рускай, так і на беларускай мове ў поўным аб'ёме.

Звяртаем Вашу ўвагу, што нярэдка кантэнт навін сайту першапачаткова прадстаўлены на беларускай мове, а пераклад ажыццяўляецца на рускую.

Сістэмы АСК "Універсітэт" прадугледжваюць захоўванне інфармацыі на рускай і беларускай мовах. Сістэма "Расклад ГрДУ" пастаянна ўдасканальваецца, у бліжэйшых планах - рэалізацыя магчымасці выбару мовы адлюстравання: руская, беларуская, англійская (для замежных студэнтаў). Навіны сайта ў першую чаргу размяшчаюцца на мове арыгінальнага тэксту, прадастаўленага студэнтамі і выкладчыкамі, а затым перакладаюцца.

Рэктар універсітэта А.Д. Кароль.



Старшыні

Грамадскага аб'яднання

"Таварыства

беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Алегу Трусаву

Аб функцыянаванні беларускай мовы

Установа адукацыі "Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт" паведамляе, што студэнты ўніверсітэта вывучаюць дысцыпліну "Беларуская мова: прафесійная лексіка". Прапаноў па арганізацыі выкладання іншых дысцыплін на беларускай мове ад студэнтаў і выкладчыкаў не паступала.

Рэктар універсітэта А.М. Лызікаў.



Старшыні

грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Паважаны спадар Алег Трусаў!

Падзяляем Ваш клопат пра развіццё беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь.

Усе студэнты нашага ўніверсітэта зацікаўлена вывучаюць дысцыпліну "Беларуская мова. Прафесійная лексіка". Студэнты шэрагу спецыяльнасцей спасцігаюць беларускую мову на прафесійным узроўні, паколькі бездакорнае валоданне мовай з'яўляецца асновай іх працоўнай дзейнасці.

Масавае выкарыстанне беларускай мовы ва ўмовах вышэйшай адукацыі стрымліваецца, на нашу думку, наступнымі фактарамі:

- невысокім узроўнем валодання мовай абітурыентамі. Абсалютны пераход на выкладанне на беларускай мове дадаткова ўскладніць засваенне пэўных дысцыплін;

- адсутнасцю "грыфаваных" беларускамоўных падручнікаў па шэрагу дысцыплін.

Апроч гэтага, на сённяшні дзень ва ўніверсітэце займаецца дастаткова вялікая колькасць замежных грамадзян, якія навучаюцца разам з нашымі суайчыннікамі. Пераход на выкладанне на беларускай мове неапраўдана звузіць рэалізацыю адукацыйных праектаў сумеснага навучання.

Сайт універсітэта першапачаткова распрацаваны на дзяржаўнай рускай мове. На сайце маюцца 4 старонкі на замежных мовах, дзе прыводзяцца асноўныя звесткі для шырокага інфармавання карыстальнікаў. Сучасныя тэхнічныя сродкі даюць магчымасць перакласці ў рэальным рэжыме любы кантэнт, у тым ліку і на беларускую мову. (Плагін "Перакладчык Google" для браўзера Google Chrome). Зразумела, наяўныя варыянты не заўсёды ідэальныя, аднак якасць перакладаў нязменна павышаецца.

Беларускамоўная версія інтэрнэт-сайту ВДУ імя П.М. Машэрава з часам будзе распрацавана. Зазначым, што ўніверсітэцкая газета "Мы і час" выдаецца на дзвюх мовах. Большасць матэрыялаў (у тым ліку і на беларускай мове) рыхтуюць нашы студэнты, якія ведаюць і шануюць родную мову.

З павагай, першы прарэктар універсітэта В.В. Маліноўскі.



Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны" Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

Установа адукацыі "Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова" у межах сваёй кампетэнцыі праводзіць планамерную работу па ўсебаковым развіцці і функцыянаванні беларускай мовы.

У межах вывучэння дысцыпліны "Беларуская мова (прафесійная лексіка)" ажыццяўляецца выкладанне беларускай мовы на ўсіх спецыяльнасцях (акрамя спецыяльнасці "Беларуская мова і літаратура"). На беларускай мове таксама выкладаюцца асобныя спецыяльныя дысцыпліны спецыяльнасцяў "Журналістыка", "Руская мова і літаратура", "Пачатковая адукацыя", "Дашкольная адукацыя", "Лагапедыя". У залежнасці ад спецыяльнасці па-беларуску выкладаецца ад 4 % да 49 %.

Сярод зарэгістраваных вучэбна-метадычных комплексаў каля 1% выканана на беларускай мове.

У МДУ імя А.А.Куляшова каля 15 % справаводства вядзецца на беларускай мове (асобныя загады, указанні, перапіска і інш.).

Таксама выдадзена каля 17,3 % выданняў на беларускай мове.

З павагай, рэктар універсітэта К.М. Бандарэнка.


Сумныя ўгодкі

14 траўня (мая) споўніцца 20 год першаму беларускаму рэферэндуму. Трэба сказаць, што ні ў Расійскай імперыі, а потым у СССР ніякіх рэферэндумаў не было. Бальшавікі, якія ў 1917 годзе прайгралі першыя, адносна дэмакратычныя выбары, разагналі "Учредительное собрание" і не збіраліся раіцца з народам, ад імя якога кіравалі самай вялікай краінай свету. І толькі ў часы "перабудовы", напрыканцы існавання СССР, быў прыняты закон аб рэферэндуме. Рэферэндум упершыню быў праведзены ў сакавіку 1991 года з мэтай захаваць СССР. У гэты час законы аб рэферэндумах пачалі прымаць і саюзныя рэспублікі. Адной з першых была Ўкраіна, народ якой прагаласаваў за незалежнасць сваёй краіны, што паскорыла распад СССР. Адпаведны закон быў прыняты пасля доўгіх спрэчак і абмеркаванняў і ў Рэспубліцы Беларусь.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў - 1994 г., увесну 2015 года сітуацыя ў краіне стала вельмі складанай. Пасля таго, як Прэзідэнт збудаваў сваю вертыкаль улады, яму стала замінаць як Канстытуцыя 1994 года, так і Вярхоўны Савет ХІІ склікання, у якім большасць дэпутатаў на выбарах 1994 года падтрымлівала яго асноўнага канкурэнта - Вячаслава Кебіча. Таму прыхільнікі ўзурпацыі ўлады ў адных руках вырашылі правесці рэферэндум па чатырох асноўных пытаннях:

1. Ці згодны Вы з наданнем рускай мове роўнага статусу з беларускай?

2. Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленні новых Дзяржаўнага сцяга і герба Рэспублікі Беларусь?

3. Ці падтрымліваеце Вы дзеянні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, накіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй?

4. Ці згодныя Вы з неабходнасцю ўнясення змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі?

Самае галоўнае было чацвёртае пытанне, якое дазваляла ліквідаваць Вярхоўны Савет і змяніць Канстытуцыю на сваю карысць. Першыя два пытанні, якія закон аб рэферэндуме не дазваляў наогул выносіць на ўсенароднае абмеркаванне, павінны былі нанесці ўдар па беларускіх патрыётах і падрыхтаваць чарговую анексію Беларусі суседняй дзяржавай, дзе ўжо пачалі марыць аб былой Расійскай імперыі, тым больш што трэцяе пытанне паскарала гэты працэс.

Апазіцыя ў ВС, а таксама дэмакратычныя дэпутаты як маглі супраціўляліся гэтаму ціску і выносілі свае варыянты пытанняў на рэферэндум, асабліва пасля таго, як у сакавіку 1995 года 74 дэпутаты ВС звярнуліся да Прэзідэнта з просьбай надаць рускай мове (у Беларусі) статус другой дзяржаўнай. Іх прозвішчы былі надрукаваны ў газеце "Звязда" ад 18 сакавіка 1995 года. Пра іх ініцыятыву беларускі паэт і дэпутат Ніл Гілевіч сказаў наступнае: "Гэта значыць, патрабуюць беларускую мову як дзяржаўную ліквідаваць. Іначай разумець іх просьбу нельга. У нашых умовах даць рускай мове правы дзяржаўнай - гэта азначае: беларускай мове смерць.

Вось такія патрыёты Роднай зямлі, Роднай мовы. Такія слугі беларускага народа."

У сваю чаргу 10 красавіка 1995 г. ад 70 да 73 дэмакратычных дэпутатаў унеслі такія прапановы, як:

1) Просім ўнесці на рэспубліканскі рэферэндум наступнае пытанне, якое носіць кансультацыйны характар:

"Ці згодны вы з артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які выкладзены ў наступнай рэдакцыі: "Дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь з'яўляецца беларуская мова.

Рэспубліка Беларусь забяспечвае права свабоднага карыстання рускай мовай, як мовай міжнацыянальных зносін" ?"

"Так" ці "Не".

(73 дэпутаты.)

2) Просім вынесці на рэспубліканскі рэферэндум наступнае пытанне, якое носіць кансультацыйны характар:

"Ці згодныя вы з дзеючай дзяржаўнай сімволікай Рэспублікі Беларусь (Бел-чырвона-белы сцяг, Герб "Пагоня")?"

"Так" ці "Не".

(72 дэпутаты.)

3) Просім вынесці на рэспубліканскі рэферэндум наступнае пытанне, якое носіць кансультацыйны характар:

"Ці задавальняе вас выкананне Прэзідэнтам Беларусі А. Лукашэнкам яго перадвыбарчай праграмы ў галіне эканомікі, сацыяльнай абароны грамадзян і барацьбы з карупцыяй?"

"Так" ці "Не".

(70 дэпутатаў.)


Аднак гэтыя прапановы не былі падтрыманыя бальшынёй ВС Беларусі, і тады частка апазіцыі пайшла на радыкальны крок і 12 красавіка абвесціла галадоўку пратэсту прама ў зале парламенту. І здарылася неверагоднае, дэпутаты не прынялі пытанні па мове, сімвалах і роспуску ВС, засталося толькі пытанне аб эканамічнай супрацы з Расіяй. Дэмакратыя ў Беларусі 12 красавіка 1995 года перамагла.

Тады ноччу 13 красавіка дэпутаты, што засталіся начаваць у зале ВС былі жорстка збітыя і выдаленыя сілай "невядомымі" людзьмі са зброяй у руках. Наступілі доўгія гады аўтакратыі і бяспраўя.

13 красавіка перапалоханыя дэпутаты прынялі Пастанову ВС Беларусі аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму па пытаннях, прапанаваных Прэзідэнтам, 14 траўня 1995 года, прычым чацвёртае - галоўнае - пытанне мела толькі рэкамендацыйны характар. Адначасова на гэты дзень былі абвешчаны і выбары дэпутатаў у Вярхоўны Савет Беларусі ХІІІ склікання.

Улады на рэферэндум народныя грошы не шкадавалі. На мой запыт па гэтым пытанні міністр фінансаў сп. Дзік 24.03.1995 г. адказаў, што для правядзення 14 траўня 1995 г. неабходна ад 4 да 5 млрд. рублёў, а далей ён паведаміў наступнае: "Что касается расходов на отмену существующей символики и изготовление и распространение новой, то такими данными Министерство финансов не располагает."

І вось надышоў "судны дзень" 14 траўня 1995 г. Тады я ўдзельнічаў у выбарах у ВС па 247 Мірашнічэнкаўскай выбарчай акрузе, і некаторыя з маіх назіральнікаў на асобных выбарчых участках зрабілі падлікі па выніках рэферэндуму.

Варта адзначыць, што ў Менску рэферэндум ледзь не праваліўся, бо ў ім узялі ўдзел толькі 52,4% выбаршчыкаў. Не вельмі добрыя вынікі былі і па Беларусі ў цэлым, бо тады галасы яшчэ лічылі. Калі верыць афіцыйнай статыстыцы, у рэферэндуме прынялі ўдзел толькі 64,8%. З іх за захаванне адзінай дзяржаўнай беларускай мовы прагаласавала 613 516 чалавек (12,7%), а за нацыянальную сімволіку 988 839 чалавек альбо 20,5%. Такім чынам за змену нацыянальнай сімволікі прагаласавала толькі 44,3% ад усіх выбаршчыкаў. Большасць беларускага народа ў траўні 1995 года засталася верная сваім спрадвечным сімвалам.

За роўнасць дзвюх дзяржаўных моў прагаласавала 4017273 чалавекі, альбо 51,81%. Хочацца праз 20 гадоў спытаць у ініцыятараў рэферэндуму, а ДЗЕ Ж ТАЯ РОЎНАСЦЬ? Чаму вы праігнаравалі волю 4 млн. чалавек, панове?

У першым нумары "ЛіМа" пасля рэферэндуму пад загалоўкам "Ганьба тыдня" чытаем: "Тое, што адбылося на Беларусі, - пакуль не трагедыя. Гэта - фарс, гэта - агонія посткамуністычных сіл, у якіх няма ні перспектывы, ні будучыні. Яны непазбежна пацерпяць крах, але шлях Беларусі і беларусаў да спраўднай незалежнасці ляжыць праз ганьбу і пакуты. Ганьбу мы перажываем цяпер, а пакуты - наперадзе."

Дваццаць гадоў пакутаў прайшлі, а пагроза незалежнасці засталася. Пра гэта варта памятаць кожнаму беларускаму патрыёту.

Алег Трусаў ,старшыня ТБМ, спецыяльна для партала ТБМ.


С л о в а да Народа, Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь:

"Майскаму рэферэндуму 1995 года - 20 !!!"

Апошнія два дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя перадалі нямала самых сур'ёзных нявырашаных праблем новаму ХХI стагоддзю, з характэрнай для яго няспыннай інтэнсіфікацыяй глабалізацыйных працэсаў. Дзякуючы намаганням цывілізаванага свету, удалося і ўдаецца ў значнай ступені стрымліваць негатыўнае ўздзеянне такіх працэсаў на культурную разнастайнасць планеты Зямля.

Асабліва каласальныя намаганні робяць прагрэсіўныя сілы свету па захаванні нацыянальных моваў як самай дарагой, аб'ектыўна нічым незаменнай духоўнай каштоўнасці кожнага народа. Менавіта з улікам гэтага сама Арганізацыя Аб'яднаных Нацый абвясціла 21 лютага кожнага года Міжнародным днём роднай мовы. Яго афіцыйна не адзначаюць мабыць толькі ў нашай краіне.

Не застаецца без увагі дзяржавы моўная праблема і ў Рэспубліцы Беларусь. Сведчаннем чаму з'яўляецца праведзены па ініцыятыве ўладаў 14 мая 1995 года рэферэндум, на падставе вынікаў якога статус другой па ліку дзяржаўнай мовы атрымала ў нас і руская мова. Да гэтага яна фактычна панавала ў нас і рэальны статус яе быў намнога вышэйшы, чым беларускай мовы, якая па Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года з'яўлялася адзінай дзяржаўнай. Рэферэндум, як планавалі ўлады, дазволіў ім зрабіць рускую мову дзяржаўнай і юрыдычна. Па розных прычынах такога ў моўным заканадаўстве пакуль што не назіраецца ў аніводнай са створаных на постсавецкай прасторы дзяржаве, не гледзячы на ўсе старанні Маскоўскага Крамля, асабліва ў дачыненні да Украіны. Трэба аддаць належнае палітычнаму кіраўніцтву Рэспублікі Беларусь: яно зрабіла ўсё, што неабходна было, каб толькі руская мова заняла панавальнае становішча ў абслугоўванні ўсіх сфераў дзейнасці чалавека.

Паслярэферэндумнае дваццацігоддзе для рускай мовы сталася па-сапраўднаму залатым. За такі прамежак часу для павышэння сацыяльнай ролі рускай мовы ў нашым краі не маглі столькі зрабіць ні царскія, ні савецкія ўлады. Праўда, у гэтым трыумфальным шэсці рускай мовы ў Беларусі былі і ёсць істотныя, з надзвычай трагічнымі наступствамі мінусы: любое ўмацаванне яе пазіцый ў грамадскім ужытку забяспечвалася за кошт свядомага, мэтанакіраванага недапушчэння сюды беларускай мовы, у выніку чаго на сваёй этнічнай, гістарычнай тэрыторыі яна зараз выконвае празмерна мізэрны ў параўнанні з рускай мовай аб'ём сацыяльных функцый.

Калі народ вялі на рэферэндум, улады абяцалі яму забяспечыць поўны парытэт у выкарыстанні дзвюх дзяржаўных моў у афіцыйным жыцці. З гэтага нічога не атрымалася: у выніку беларуская мова ледзь не цалкам перастала служыць і спрадвечным сродкам зносін паміж самімі людзьмі, што рэальна пагражае ёй поўнай стратай, беззваротным знікненнем, што не ў інтарэсах Бацькаўшчыны, усяго цывілізаванага свету, бо збедніць яго культурнамоўную разнастайнасць. Каб не дапусціць такой, больш чым толькі нацыянальнай катастрофы - а гэта святы абавязак і гаранта Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, і дзяржавы, і Народа - чарговае пасля 14 мая 2015 года дваццацігоддзе ўладам неабходна зрабіць дваццацігоддзем па-сапраўднаму трыумфальным для беларускай мовы, ніколькі не спыняючыся нават і перад свядомым уразаннем сацыяльных функцый рускай мовы, бо іншага варыянту надзяліць імі беларускую мову ў нас проста няма, не існуе ў самой прыродзе.

Вельмі хацелася б, каб з нагоды двадццацігоддзя майскага рэферэндуму і дзяржава, і само грамадства, і гарант Канстытуцыі знайшлі час, жаданне ўглыбіцца ў надзвычай няпростую моўную праблему і неадкладна, пакуль яшчэ не позна, пастараліся адшукаць надзейныя шляхі яе вырашэння. Маем цвёрдае перакананне, што сёння ў Ідэалагічнага апарату Прэзідэнтскай вертыкалі Рэспублікі Беларусь няма больш надзённага, актуальнага і ў той жа час ганаровага абавязку, як паказаць грамадству, што за 20 гадоў пасля правядзення рэферэндуму атрымалі ад яго беларуская мова, нацыянальна-культурнае Адраджэнне ўвогуле. Будзем супольна бясконца рады, калі зместам свайго Слова нам удалося абудзіць у палітыкаў усіх рангаў, інтэлектуальнай эліты і грамадзян Беларусі занепакоенасць трагічным лёсам свайго роднага беларускага слова, паспрыяць іх жаданню ўзяць непасрэдны ўдзел у выратаванні ад так рэальнай пагібелі гэтага непараўнальнага ні з чым дарагога духоўнага багацця нашай Бацькаўшчыны - роднай беларускай мовы.

Леанід Лыч , прафесар; Мікола Савіцкі , прафесар.


20-06/99 ад 5 мая 2015 г.

mikola.savicki@mail.ru

Леаніду Міхайлавічу Лычу

Мікалаю Іванавічу Савіцкаму

Дэпутаты Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы разгледзелі ваш ліст па пытанні функцыянавання дзяржаўных моў у Рэспубліцы Беларусь.

Вашы меркаванні прыняты намі да ўвагі і па магчымасці будуць улічаны ў ходзе работы над праектамі законаў, накіраваных на далейшае ўдасканаленне дзеючага заканадаўства Рэспублікі Беларусь.



Намеснік старшыні

Пастаяннай камісіі

Палаты прадстаўнікоў

Нацыянальнага сходу

Рэспублікі Беларусь

па адукацыі, культуры і навуцы Н.Г. Кучынская.


"Будзьма!"

18 траўня (панядзелак) адбудуцца заняткі гістарычнай школы з Алегам Трусавым "Гісторыя ў падзеях і малюнках". Пачатак - 18.30 гадзін. Румянцава, 13 Уваход вольны.


Пабачыў свет дзіцячы беларускамоўны альманах "Гарбузік"

Новы літаратурна-забаўляльны, яркі і пазнавальны дзіцячы альманах "Гарбузік" выйшаў у бібліятэцы Саюза беларускіх пісьменнікаў "Кнігарня пісьменніка"! Яго прыдумалі вясёлыя бацькі для дапытлівых дзетак, неабыякавых выхавальнікаў ды іншых мам і тат!

Новы папяровы сябар "Гарбузік" падрыхтаваў для цікаўных, разумненькіх і актыўных маленькіх беларусаў найлепшыя спосабы прабавіць вольны час. Ён навучыць лічыць і выразаць аўтарскія выцінанкі Вольгі Бабурынай, майстраваць папяровыя замкі і рашаць касмічныя задачкі, апавядзе, як адрозніць правую руку ад левай і лёгка засвоіць новыя англійскія словы!

- Гарбузік" паўстаў колькі гадоў таму як бацькоўскі самвыдат для беларускамоўных дзетак, - кажа рэдактар альманаха Вольга Мазурава. - Мы дзяліліся на форумах dzietki.org уражаннямі наконт дзіцячых выданняў і аднойчы зразумелі, што для сваіх дзяцей можам і мусім зрабіць нешта сваё, вясёлае і радаснае.

Назву прыдумлялі ўсім сайтам. Уласна "Гарбузік" прыдумала Крысціна Вітушка. Мы з Палінай Грынчанкай узяліся ўкладаць і рэдагаваць выданне, Ірына Бурносенка - вярстаць і рабіць дызайн, Алена Церашкова шчодра навыдумляла вершаў. Нехта маляваў гульні, нехта складаў рэбусы, нехта пераказваў дзіцячыя цікавосткі з іншых краін. Жаданні і просьбы нашых маленькіх чытачоў мы чулі адразу, гартаючы разам з імі старонкі новых нумароў. Загалоўнага персанажа - няўрымсліка Гарбузіка - урэшце стварыла мастачка Вольга Раманюк, яна ж намалявала для яго ўтульны і таварыскі свет.

- Гэты нумар "Гарбузіка" - такі сабе the best of папярэдніх нумароў, - кажа Анатоль Івашчанка, сябар рэдакцыйнай калегіі і малады беларускамоўны бацька. - Галоўнай задачай укладальнікаў было, каб гэты выпуск не ператварыўся ў стракаты вінегрэт, а выглядаў цэласным і канцэптуальным. І я лічу, што каманда з гэтай задачай справілася бліскуча! Нумар атрымаўся гарманічным і арганічным як па змесце, так і па афармленні.

Пры заяўленай ад пачатку арыентацыі на дашкалятаў і малодшыя класы, здаецца, што аўдыторыя ў "Гарбузіка" шырэйшая. Прынамсі, мая 9-гадовая дачка, узяўшы ў рукі гэты альманах, была ў захапленні. А цяпер яна з нажніцамі майструе макет Лідскага замка, каб засяліць туды яго гаспадара - вялікага князя Гедыміна.

Набыць карыснага і забаўляльнага "Гарбузіка" ўжо можна ў сталічных кнігарнях.

budzma.by.


Дракар вікінгаў пад сценамі Лідскага замка

Малая баявая ладдзя "Яцвяг" ужо апрабавала воды ракі Нёман падчас першага ў Беларусі вадаходнага фэсту. А цяпер на караблі эпохі вікінгаў, пабудаваным трыма рэканструктарамі з Бярозаўкі, зможа паплаваць і любы ахвотнік. У чацвер, 7 траўня, дракар прышвартаваўся на беразе Лідскага возера, ля сцен Лідскага замка.

14-мятровы "Яцвяг" яго стваральнікі вырашылі выкарыстоўваць у камерцыйных мэтах. З 9 траўня на ім пачаліся прагулкі па возеры. Дадзеная паслуга дазволіць не толькі прыцягнуць турыстаў, але і развіваць у горадзе гістарычны кірунак дзейнасці, вадаходства. Характэрна, што патэнцыйныя кліенты змогуць не толькі атрымаць задавальненне ад самой прагулкі, але і самастойна кіраваць караблём з дапамогай вёслаў, пад ветразямі ці без іх, у залежнасці ад умоў надвор'я.

Дарэчы, пры спуску дракара на ваду Лідскага возера прысутнічаў і ганаровы консул Рэспублікі Беларусь у г. Клайпедзе Мікалай Логвін. У інтэрв'ю карэспандэнту "Лідскай газеты" ён распавёў, што дзейнасцю рэканструктараў з Лідчыны зацікавіліся і ў Літве.

- Азнаёміўшыся з матэрыяламі фэсту "З вараг у грэкі - 2014", які праходзіў у верасні мінулага года, марскі музей Клайпеды вырашыў запрасіць "Яцвяг" і яго стваральнікаў на Свята мора, якое штогод праходзіць у гэтым горадзе ўжо 80 гадоў, - растлумачыў Мікалай Логвін. - У канцы чэрвеня дракар даставяць у Клайпеду, дзе ён прыме ўдзел у парадзе марскіх старадаўніх караблёў. Таксама да наступнага года плануецца падрыхтаваць міжнародную каманду з беларускіх, літоўскіх і шведскіх аматараў-рэканструктараў, якая здзейсніць паход па Нёмане на "Яцвягу" з Лідскага раёна ў Куршскі заліў, а затым прышвартуецца ў Клайпедзе, дзе пройдзе чарговае Свята мора.

Яўген Арэхва , "Лідская газета".


Зорка Алеся Петрашкевіча

28 красавіка 2015 года ў філіяле Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры "Літаратурны музей Петруся Броўкі" адбылася вечарына памяці Алеся Петрашкевіча. 1 траўня ён адзачыў бы 85 - годдзе.

Алесь Лявонавіч нарадзіўся 1 траўня 1930 года ў вёсцы Пярэвалачня Талачынскага раёна, Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і. У 1948 скончыў Забалоцкую сямігадовую, а ў 1951 - Коханаўскую сярэднюю школу. У 1955 годзе скончыў БДУ, атрымаў дыплом юрыста. З 1954 працаваў у ЦК ЛКСМБ інструктарам, загадчыкам лектарскай групы, намеснікам загадчыка аддзела. З 1961 у ЦК КПБ: інструктар, загадчык сектара 1963-1967гг., загадчык аддзела культуры 1976-1979 гг.

Рэктар Менскага інстытута культуры 1975-1976 гг. З 1967 - адказны сакратар, а ў 1973-75гг. і ў 1979-1991гг - намеснік галоўнага рэдактара Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. З 1991 г. - кіраўнік арганізацыйна-метадычнага цэнтра па выданні гістарычна-дакументальных хронік "Памяць" пры Міністэрстве культуры і друку. Сябар Рады СП Беларусі з 1991 года. Старшыня Беларускага фонду славянскага пісьменства і славянскіх культур з 1991г.

Творчы почырк А. Петрашкевіча як публіцыста, фельетаніста і сатырыка пачаў складвацца у 50-я гады. Першыя публікацыі ў рэспубліканскім друку датуюцца 1954 г. Пільнае вока, добры стыль, трапнае слова вылучалі яго праблемныя публікацыі!

Першы мастацкі твор - сатырычнае апавяданне "Кары егіпецкія", з якога потым нарадзілася камедыя "Адкуль грэх" 1970 г., пастаўлена Нацыянальным тэатрам імя Я. Купалы.

Алесь Петрашкевіч актыўна друкаваўся на старонках штотыднёвіка "Наша слова". Выступаў у друку з фельетонамі і публіцыстычнымі артыкуламі. За некалькі год да смерці напісаў кнігу ўспамінаў "Крыніцы і каламуць".

На вечарыне ў музеі выступалі: прафесар Лідзія Савік, паэт Міхась Башлакоў, рэжысёр Уладзімір Халіп, старшыня ТБМ Алег Трусаў, доктар філалогіі Сцяпан Лаўшук, а таксама класік беларускай літаратуры Генрых Далідовіч. У зале прысутнічалі: сын, дачка і ўнук Алеся Петрашкевіча.

Было вельмі цікава!

Аляксей Шалахоўскі.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Вінярская Кацярына - 20 дол. ЗША, г. Лос-Анджалес

2. Прылішч Ірына - 50000 р., г. Менск

3. Каганоўская Наталля - 50000 р., г. Менск

4. Кукавенка Іван - 100000 р., г. Менск

5. Восіпава Аляксандра - 100000 р., г. Гомель

6. Рабека Мікола - 200000 р., г. Менск

7. Талуць Станіслаў - 100000 р., г. Гомель

8. Кулевіч Яўгенія - 200000 р., в. Сялец, Смаргонскі р-н.

9. Яніцкая М.М. - 100000 р., г. Менск.

10. Шашкель Н.П. - 130000 р., г. Менск

11. Чыгір Я. А. - 50000 р., г. Гародня

12. Панамароў Сяргей -150000 р., г. Менск

13. Касцюкевіч Зміцер - 100000 р., г. Чэрвень

14. Лабыка Зміцер - 250000 р., г. Менск

15. Мішкевіч Міхаіл - 20000 р., г. Менск

16. Ляўшун Дзяніс - 195000 р., г. Менск

17. Лазарук Тамара - 50000 р., г. Менск

18. Раманюк Таццяна - 100000 р., г. Менск

19. Чачотка Анатоль - 50000 р., г. Менск

20. Кухаронак А.Д. - 50000 р., г. Смілавічы

21. Шкірманкоў Фелікс - 100000 р., г. Слаўгарад

22. Дугад Людміла - 70000 р., г. Менск

23. Цярэшчанка Барыс - 4991000 р., г. Менск

24. Цыганкова Т.М. - 70000 р., г. Менск

25. Табушава Ірма - 70000 р., г. Менск

26. Марозаў Валер - 150000 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Бела-русбанк.


Лідскія могілкі

Думаю, што нікога не можа здзівіць думка, што большасці жыхароў любога горада ўжо няма сярод нас, яны памерлі, і мы, тыя хто жыве зараз, у нейкім сэнсе дзелім свае гарады з імі. Прычым для іх, гісторыя ўжо адбылася і героі назаўжды застануцца героямі, мярзотнікі - мярзотнікамі, а звычайныя, добрыя людзі, якія заўжды былі большасцю - добрымі людзьмі. У кожным старым горадзе ёсць месцы, дзе фізічна адчуваецца прысутнасць тых, хто раней за нас нарадзіўся, любіў, ненавідзеў, пакутаваў і радаваўся. Гэтыя месцы - старыя гарадскія могілкі. Усім вядомы могілкі на Росах у Вільні, Кальварыя ў Менску ці Лычакоўскія могілкі ў Львове. Ёсць такія ж, толькі зразумела меншыя старыя могілкі і ў Лідзе. Тут, сярод старых соснаў жыве мінулае нашага горада, і я, калі прыходжу сюды, рухомы сваёй цікаўнасцю да гісторыі - найчасцей, каб пашукаць магільны помнік некага з тых, пра каго пішу, адчуваю тут сапраўдны подых мінуўшчыны. Але старыя лідскія могілкі - ахвяра вандалізму канца савецкай эпохі, большасць помнікаў тут разбітая і перавернутая, д'ябальская злая моц у свой час зрабіла ўсё магчымае каб зрабіць з могілак пустэльню.

Лідскі гісторык Міхал Шымялевіч у 1937 г. напісаў выдатнейшы артыкул пра старыя лідскія могілкі, усе больш познія артыкулы на гэтую тэму толькі пераказ, часта з памылкамі, гэтага базавага артыкула лепшага гісторыка Ліды. Думаю, каб дазволіў час, Шымялевіч напісаў бы і кнігу пра нашыя могілкі - шмат каго з вечных насельнікаў горада мёртвых ён ведаў асабіста, а пра іншых мог напісаць найцікавейшыя аповяды, грунтуючыся на сваім унікальным прыватным архіве, які назаўжды страчаны. Я не буду пераказваць артыкул Шымялевіча, а па меры сваіх магчымасцяў паспрабую расказаць пра некаторых з насельнікаў нашага някропаля. Магчыма, з часам атрымаецца серыя нарысаў, сёння ж - першая частка.

Да XIV ст. амаль што адзіным месцам для могілак служылі двары цэркваў і касцёлаў, але з ростам гарадоў месца каля храмаў стала не хапаць, і таму могілкі пачалі ўладкоўваць на ўскраінах гарадоў. У XVII і асабліва ў XVIII ст. урады, зыходзячы з меркаванняў санітарнай бяспекі, пачалі забараняць пахаванне памерлых пры храмах, а ў XIX ст. ўсталявалася норма, якая забараняла могілкі ўнутры гарадоў ці паселішчаў. Могілкі павінны былі знаходзіцца на вызначанай адлегласці ад апошняга жытла. У Італіі адлегласць гэтая вызначалася ў 100 м, у Саксоніі - у 136 м, у Аўстрыі і Францыі - у 200 м. Брусельскі гігіенічны кангрэс 1852 г. прызначыў адлегласць як мінімум у 400 м, па рускаму заканадаўству могілкі павінны былі ўладкоўвацца ў гарадах на адлегласці не менш за 200 м ад апошняга жытла, а ў селішчах - на адлегласці паўвярсты: "Для гарадскіх могілак адводзяць месцы за горадам ... у месцах зручных, адлегласцю ад апошняга гарадскога жылля не менш за сто сажняў" .

Таму практычна ўсе мемарыяльныя могілкі нашага краю заснаваны пры канцы XVIII - пачатку XIX ст. Па распараджэнні губернскiх уладаў таксама і ў Лідзе ў 1797 г. заклалі новыя могiлкi.

З пачатку XVII ст. на поўдзень ад горада Ліды, на замкавай зямлі і зямлі шляхецкага засценка Кузьмішкі паноў Вісмантаў паўстаў прыгожы бор. У 1797 г. частка гэтага бору, якая знаходзілася на замкавай зямлі была выдзелена пад парафіяльныя могілкі. Другая частка бору на зямлі шляхты праіснавала да 1892 г., калі пасля вялікага пажару Ліды трэба было адбудоўвацца, і дрэвы спілавалі. Потым, для будаўніцтва даходных дамоў, спілавалі і прыгожы бор, які рос непасрэдна на парафіяльных могілках. Пры канцы XIX ст. Міхал Шымялевіч лічыў гадавыя кольцы вялікіх пнёў, якія пазаставаліся на месцы гэтых сосен і налічыў 240 кольцаў. Гэта былі пні дыяметрам ў паўтара метры.


Стэфан Буткевіч (19.02.1815-30.03.1896). Пахаваны адносна недалёка ад каплiцы Св. Барбары, якую ў 1805 г. на могілках пабудаваў пробашч i Лiдскi дэкан, ксёндз Вiнцэнт Нарбут. У 1885 г. недалёка ад увахода на могілкі Стэфан Буткевiч, былы маршалак Лiдскага павета пабудаваў новую, ашаляваную i крытую гонтай званiцу на двух слупах з двума званамi: адзiн вагой у пуд, другi - 30 фунтаў (12 кг). Тут жа, недалёка ад ўваходу на могілкі і каля сваёй званіцы маршалак павета і быў пахаваны разам з жонкай Эмiлiяй Буткевiч з Адамовiчаў (1813-1879) .

Ведаючы гэтую інфармацыю, сонечным красавіцкім ранкам я выправіўся на старыя могілкі, каб расшукаць магілу маршалка. Уважліва ўзіраючыся у надмагіллі я тры разы па мокрай траве абышоў тую частку могілак, дзе маглі быць магілы Буткеічаў, і нічога не знайшоў. Вырашыўся, што магілы маршалка з жонкай знішчаны, накіраваўся да выхаду але, кінуўшы позірк на апошняе, часткова паломанае надмагілле, зразумеў, што знайшоў менавіта тое, што шукаў - магілу Стэфана Буткевіча.

А зараз я раскажу ўсё, што ведаю пра гэтага чалавека.

Стэфан Буткевіч, сын Дамініка і Эміліі з Шукевічаў, меў жонку Эмілію з Адамовічаў. Валодаў маёнткам Косаўшчына з фальваркам Качанова і вёскамі Косаўшчына, Болтуці, Цвермы, Татарцы, Навіцкія, Былінская - усяго 1363 дзесяціны і 150 душ. Пасля смерці маці ўспадкаваў маёнтак Мінойты з вёскай (570 дзесяцін, 52 душы) .

Адукацыю атрымаў у Шчучынскай павятовай вучэльні. У 1853 г. тытулярны дарадца Буткевіч запісаны сярод "попечителей сельских запасных магазинов" .

Службовыя абавязкі маршалка шляхты выконваў з 12 кастрычніка 1855 г. Амаль што адразу быў узнагароджаны медалём у памяць вайны 1853-56 гг., потым ордэнам Св. Станіслава 3 ст. і знакам за 15 год службы. На сваёй пасадзе ён заставаўся да 1875 г. - роўна 20 гадоў.

Маршалак Лідскага павета Буткевіч узгадваецца ў мемуарах рускага афіцэра І.В. Любарскага - палкавога доктара, полк якога стаяў у Лідзе перад паўстаннем 1863 г. Мясцовая інтэлігенцыя шукала паразумення з рускімі афіцэрамі: "У той час польскія абшарнікі і службоўцы не толькі не чужыліся рускіх людзей, але імкнуліся зблізіцца з імі і ўсталяваць добрыя адносіны; таму запрашалі рускіх у свае сямействы і аказвалі ім самую вялікую ўвагу. Я, напрыклад, зусім яшчэ юны і халасты чалавек, быў проста збянтэжаны тым, што да мяне першым прыехаў з візітам прадвадзіцель дваранства (маршалак) - асоба, якая карысталася вялікай вагой у мясцовым грамадстве. Сталася так, што для збліжэння з афіцэрамі польскае дваранства падрыхтоўвала раскошны баль, і з гэтай мэтай заводзіліся знаёмствы нават з тымі з вайскоўцаў, хто па недахопе сродкаў трымаўся ўбаку ад павятовага грамадства".

Мемуарыст цікава расказвае пра настрой гараджан перад паўстаннем. Паступова рэвалюцыйнае ўзбуджэнне ў горадзе ўзрастала: "Па меры таго, як яно больш і больш набірала моц, рускае значэнне ў краі паступова змяншалася. Выходзіла так, як быццам бы гаспадарамі становішча былі яны, а часовымі гасцямі, прышэльцамі ці, мабыць нават паразітамі на чужым целе з'яўляліся мы". Гледзячы на заваяваўшую волю Італію, чакаючы падтрымкі Францыі, ужо амаль што ўсе верылі ў хуткае незалежнае існаванне. Любарскі, у гэты час вайсковы палкавы лекар і добры хірург, даслоўна запісаў сваю размову з лідскім прадвадзіцелем дваранства Буткевічам (сябе Любарскі тут называе ў трэцяй асобе "доктарам"):

"- Скажыце, каханы кансільяжу (ласкавы доктар), спадзяюся, Вы застанецеся ў нас, калі Літва адыдзе ад Расіі?

- Як гэта адыдзе ад Расіі? - спытаў збянтэжаны доктар, - я штосьці не ясна сабе ўяўляю.

- Вельмі проста; адлучыліся ж ад Аўстрыі Ламбардыя і Венецыя і ўвайшлі ў склад Італьянскай дзяржавы. Чаму ж мы не можам утварыць незалежнай дзяржавы ў межах сваёй народнасці? Зараз да таго ідзе ўся еўрапейская палітыка.

- Але Расія - не Аўстрыя, - заўважыў доктар, зачэплены за жывое, - і паменшыць яе будзе пацяжэй, чым рознамасную імперыю Габсбургаў?

- Вядома, - спахапіўся маршалак, - я і кажу гэта. Але могуць быць розныя палітычныя кампрамісы для аб'яднання народнасцяў. Відаць, час такі надышоў. Ды не пра гэта ўласна гаворка. Я толькі хацеў сказаць, што Вы, ласкавы доктар, карыстаецеся такім заслужаным даверам у нашым грамадстве, што пажадана, каб Вы засталіся ў нас, якія б ні адбыліся палітычныя змены.

- Вельмі удзячны за ўвагу, але, прызнаюся, я б не застаўся.

- Чаму ж? - здзівіўся суразмоўца, - для адукаванага чалавека жыць у краіне з ліберальнымі ўстановамі, якой будзе наша незалежная дзяржава, і працаваць у культурным грамадстве павінна быць прывабна.

- Ды па-просту хоць бы таму, што я, як праваслаўны, быў бы не зусім свой паміж вамі, і польскай мовы добра не ведаю, а быць абмежаваным у выказванні сваіх думак непрыемна.

- Э, глупства; варта Вам ажаніцца з кімсьці з нашых прыгажунь, і адрозненне ў веравызнанні згладзіцца, а мовай Вы авалодаеце. Я ведаў афіцэра, які прыбыў у Вільню з глыбіні Расіі і не разумеў аніводнага слова, а праз некалькі гадоў пісаў у альбомы такія выдатныя вершы, што, права, пад імі самімі Вікенці Поль падпісаўся б" .

Прадвадзіцель дваранства (маршалак шляхты) Стэфан Буткевіч не будзе ўдзельнічаць у паўстанні. У гісторыі горада Стэфан Буткевіч застанецца як чалавек, які 1870-я гг. прапанаваў генерал-губернатару разабраць наш замак Гедзіміна на будаўнічыя матэрыялы

У запісцы віленскаму генерал-губернатару А.Л. Патапаву ў сакавіку 1868 г., Буткевіч пісаў, што заробку ад казны ён не атрымліваў, і выкананне сваіх службовых абавязкаў каштавала яму двух маёнткаў, якія ён прадаў, каб пакрыць расходы па гэтай пасадзе прадвадзіцеля дваранства.

Пасля адстаўкі з пасады маршалка, надворны дарадца Буткевіч амаль што да канца жыцця абіраецца галосным Лідскай гарадской Думы. Менавіта з галосным Лідскай гарадской Думы Стэфанам Буткевічам быў асабіста знаёмы Францішак Багушэвіч, паэт узгадваў яго ў сваіх газетных артыкулах.

Да 1913 г. гарадская ўправа арандавала будынак, які стаяў у раёне горада "Ферма" пад палкавую царкву ў сына былога маршалка Эмільяна Сцяпанавіча Буткевіча.


Ян Марколiн Андрушкевiч (1823-1868), бургамістр горада. Магiлы роду Андрушкевiчаў знаходзяцца справа ад галоўнага ўваходу на могiлкi. Помнiкі сям'i бургамiстра горада парушаны, але вядома дзе яны знаходзіліся, і тое месца я сфатаграфаваў. Мiрон Бранiслаў Нарбут пiсаў пра бургамiстра нашага горада Яна Андрушкевiча (цi "Ивана Степановича Андрушкевича" - гл.: Памятная книжка Виленской губернии на 1850 г. Вильно, 1850. С. 82): "Чалавек праўдзiвы, энергiчны i разважлiвы" . Пра ролю бургамістра ў выкараненні п'янства, якое ахапіла наш край пасля паразы паўстання 1831 г., апавядаў той жа Мірон-Браніслаў Нарбут. Ён пісаў, што калі пасяліўся ў Лідзе ў 1846 г. "п'янства ўжо амаль не было, але шулерства існавала", а сітуацыя асабліва памянялася, калі бургамістрам горада стаў Ян Андрушкевіч, а пробашчам і дэканам Лідскім у 1846 г. - ксёндз Дзіянісій Хлявінскі.

Андрушкевічы валодалі на Лідчыне вялікай нерухомасцю, і Ян Марколiн нарадзіўся ў адным з бацькоўскіх маёнткаў. У 1845-1852 гг. ён быў начальнiкам спачатку 2-га, а потым 4-га аддзела палiцыi ў Адэсе. Даслужыўся да звання "тытулярны дарадца".

Пасля вяртання ў Лiду стаў бургамiстрам горада, ажанiўся з Марцянай з Яселаў i меў з ёй 9 дзяцей. У пасаг ад жонкi атрымаў цукерню ў Лiдзе. Гэта цукерня ў 1860-я гг. стала цэнтрам грамадскага жыцця ў горадзе i шматразова ўзгадвалася ў розных мемуарах. З мемуараў Януша Сегеня мы ведаем, што "па правым баку вуліцы Віленскай ... стаіць парафіяльны касцёл, могілкі і фруктовы сад за ім пляцы і дамы п. Андрушкевіча ..." , такім чынам, цукерня знаходзілася недалёка ад Фарнага касцёла, каля перакрыжавання Віленскай і Каменскай вуліц таго часу.

Рускі афіцэр Любарскі, які служыў у Лідзе перад паўстаннем 1863 г. пісаў пра лідскую цукерню: "Па-за сямейнымі дамамі, грамадскае жыццё, па ўсталяваным звычаі ..., канцэнтравалася ў цукерні (кандытарскай), якая служыла прыцягальным цэнтрам для ўсёй Лідскай інтэлігенцыі. Тут можна было не толькі напіцца гарбаты ці кавы, але падсілкавацца гарэлкай з закускамі, а ў суседнім памяшканні, якое злучалася з цукерняй ўнутранымі дзвярыма, адпускаліся "гаспадарчыя абеды". Клуба ў гэтым горадзе не было, але кандытарская цалкам яго замяняла, тым больш, што тут да паслуг гасцей былі два більярды, некалькі шахматных дошак і ў бакавым пакоі нават карты. Аматары чытання знаходзілі тут некалькі польскіх газет і адну французскую; рускай не было ні адной, хоць афіцэры былі пастаяннымі гасцямі кандытарскай. Грамадзяне як халастыя, так і сямейныя, лічылі сваім абавязкам штодня пабываць тут; чыноўнікі забягалі ў гэтае месца, ідучы на службу, каб выпіць гарбаты і прачытаць тэлеграмы, а са службы - перакуліць чарку гарэлкі. Калі трэба было пабачыцца з некім, то ісці на кватэру было не варта; значна прасцей было сустрэць неабходнага чалавека ў кандытарскай, асабліва ў вячэрнія гадзіны. Тут абмяркоўваліся ўсе навіны, і адбываліся бясконцыя і гарачыя спрэчкі з нагоды падзей ... у Італіі" .

Пра сустрэчах ў цукерні з мясцовай інтэлігенцыяй: "Нашы шчырыя сябры і добразычліўцы спакваля імкнуліся ўносіць ідэі ў розум афіцэраў, прадстаўляючы становішча ў такім выглядзе, што нашы народы - натуральныя браты, але што ўрад над абодвума - нямецкі або, … знаходзіцца пад уплывам немцаў, іх мэта - душыць славян, ... не даваць ім грамадзянскай свабоды і не дапускаць ніякага ў іх разумовага развіцця". Асабліва вылучаўся сярод лідзян адзін з камандзіраў будучага паўстання - Баляслаў Колышка: "Асабліва гарачым прапагандыстам падобных ідэй паміж афіцэрствам выступаў ў цукерні Колышка, той самы, які пасля (у 1863 годзе) камандаваў ... спачатку самастойна, а потым разам з Серакоўскім і разам з ім быў узяты ў палон пасля паразы паўстання. Колышка быў малады чалавек гадоў 25-ці, невялікага росту, мажны, з круглым і румяным тварам. Якая была яго прафесія ў Лідзе, я не цікавіўся; здаецца, ён ... быў сынам забяспечанага абшарніка. Гэта быў гарачы ... патрыёт, цытаваў цэлыя маналогі з Міцкевіча ... . Ён увесь час даставаў аднекуль памфлеты Герцана і даваў іх афіцэрам, захоплена адклікаўся пра нібыта незвычайна светлыя і здаровыя меркаванні рэвалюцыйных лісткоў адносна палітычнай будучыні Расіі і Польшчы ... і ўвесь час паўтараў: "Прашу вас, спадары, не змешваць палітычных паняццяў. Рускі народ гэта адно, а рускі ўрад - другое. Гэты апошні - наш агульны непрымірымы вораг. Абавязак кожнага патрыёта сваёй краіны - змагацца з ім, аслабляць яго, каб зрынуць тыранію, інакш Расія ніколі не вызваліцца ад унутраных кайданоў рабства. І ў гэтых адносінах рускія могуць смела разлічваць на нашу братэрскую і энергічную дапамогу".

Іншы рускі афіцэр, Мяжэцкі, які разам са сваім Нараўскім пяхотным палком у 1861 г. быў пераведзены на Лідчыну, таксама пісаў пра цукерню: "Афіцэрства наша жыло замкнёна, у сваёй палкавой сям'і і з абшарнікамі не збліжалася. Афіцэры ж ... з ліцвінаў і палякаў, якіх было даволі шмат у палку, вядома, знаёміліся з гэтымі землеўладальнікамі... . Таму і нам ... здаралася сустракацца з імі часам у нашых таварышаў, а часцей у адзіным у Лідзе тракціры, ці як тутэйшыя называлі гэтую ўстанову - "цукерні" ... шляхціца пана Андрушкевіча, куды паны заходзілі са сваімі знаёмымі афіцэрамі. Пры гэтых сустрэчах абшарнікі спачатку бывалі стрыманыя ..., але калі віно развязвала языкі, пачыналіся гарачыя запэўніванні ў неабходнасці збліжэння двух ... народаў."

Міхал Шымялевіч закончыў свой артыкул пра могілкі словамі, якімі я хачу працытаваць пры канцы свайго артыкула: "Не меней як дзесяць тысяч парэшткаў лiдзян ляжыць тут, на 4 гектарах, i ў ценi сасновага бору не памятаюць нi пра свае няшчасцi, нi пра свае радасцi. З праху паўсталi i ў прах вярнулiся".

Леанід Лаўрэш


ВЕРНАСЦЬ

У рамках імпрэзы да 70-годдзя з дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 28 красавіка 2015 года ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь адбылася творчая сустрэча чытачоў і супрацоўнікаў з беларускім паэтам і журналістам Ізяславам Катляровым з удзелам яго жонкі паэткі Соф'і Шах, якія прыехалі з г. Светлагорска.

"Вернасць" - зборнік ваеннай паэзіі І.Г. Катлярова, які быў прадстаўлены самім аўтарам падчас сустрэчы. Сваёй новай кнігай паэт у чарговы раз заклікае чытачоў успомніць пра тых, хто заплаціў за Перамогу сваім жыццём, пра страшныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны і нялёгкі паваенны час, задумацца пра галоўныя чалавечыя каштоўнасці, без якіх немагчыма існаванне цывілізаванага грамадства. Бо ні для кога не сакрэт, што і сёння праблема вайны і міру застаецца нязменна актуальнай як для чалавецтва ў цэлым, так і для кожнага асобнага народа.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел відныя прадстаўнікі айчыннай культуры, калегі паэта па творчым цэху, грамадскія і палітычныя дзеячы нашай краіны, блізкія сябры І.Г. Катлярова.

Сярод ганаровых гасцей - настаяцель Храма-помніка ў гонар усіх святых і нявінна забітых протаіерэй Ф.П. Поўны, які распавёў пра дзейнасць праваслаўнай царквы, накіраванай на захаванне памяці пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама выказаў сваё меркаванне пра творчасць І.Г. Катлярова.

На мерапрыемстве ішла гаворка пра актыўную дзейнасць І.Г. Катлярова, накіраваную на прапаганду патрыятычных ідэй і духоўна-маральных каштоўнасцяў у нашым грамадстве. Пра гэта распавёў дацэнт кафедры паўднёвых і заходніх славян гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, старшыня Менскага гарадскога грамадскага аб'яднання абаронцаў памяці і праўды пра Вялікую Айчынную вайну С.С. Аляксандравіч.

Прысутныя ў зале дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Н.Г. Кучынская і Г.В. Філіповіч, прэс-сакратар Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі і рэдактар часопіса "Дзяржаўны кантроль" К.В. Данілаў павіншавалі аўтара з выхадам новай кнігі і пажадалі яму творчых поспехаў.

Пра адмысловае месца выяўленчага мастацтва ў жыцці І.Г. Катлярова сведчыць яго сяброўства з лепшымі мастакамі, адкрыццё Светлагорскай мастацкай галерэі "Традыцыя", мастацкай галерэі імя Гаўрыіла Вашчанкі ў Гомелі. Пра ролю мастацтва ў жыцці І.Г. Катлярова распавялі мастак-графік К.Г. Вашчанка і скульптар Э.Б. Астаф'еў.

У рамках мерапрыемства новую кнігу І.Г. Катлярова абмяркоўвалі таленавітыя і вядомыя літаратары нашай краіны, калегі Ізяслава Катлярова па творчым цэху, людзі, якія ўсё сваё жыццё прысвяцілі служэнню кнізе. Сваё кампетэнтнае меркаванне выказаў беларускі паэт, перакладчык, публіцыст, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы і Адмысловай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва Н.М. Мятліцкі.

Адмысловая цікавасць выклікаў выступ акцёра і рэжысёра Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь А.А. Вінярскага, які прачытаў некалькі арыўкаў з паэм І.Г. Катлярова "Брыдскі мох" і "Вучань вечнасці".

Актыўны ўдзел у мерапрыемстве прынялі акцёры і студэнты тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў: Сяргей Лапаніцын, які чытаў творы І.Г.Катлярова, і Яна Хадановіч, якая выконвала ролю вядоўцы.

Маладыя літаратары Аліна Карпіцкая і Ігар Пятровіч прадэманстравалі пераемнасць пакаленняў у творах на ваенную тэматыку і пазнаёмілі прысутных з вершамі пра вайну ўласнага складання.

У дзень мерапрыемства ў бібліятэцы была прадстаўлена выстава "Ізяслаў Катляроў у СМІ", дзе адлюстроўвалася дзейнасць І.Г. Катлярова як журналіста, а таксама былі прадэманстраваны матэрыялы з розных перыядычных выданняў, прысвечаныя яго літаратурнаму таленту. Супрацоўнікамі бібліятэкі быў падрыхтаваны спіс публікацый і кніг І.Г. Катлярова, якія маюцца ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь.

Дзякуючы творчай сустрэчы чытачы і супрацоўнікі бібліятэкі па-новаму зірнулі на агульнавядомыя падзеі, атрымалі цікавую інфармацыю не толькі пра ключавыя эпізоды тых трагічных гадоў, але і пра падрабязнасці стварэння паэтычных твораў І.Г. Катлярова на ваенную тэматыку.

Наш кар.


І друкаванае слова набліжала Перамогу

Адразу да дзвюх дат - Дня Перамогі і Дня друку - быў прымеркаваны агляд калекцыі друкаваных выданняў часоў Вялікай Айчыннай вайны "І слова клікала ў бой", які прайшоў у літаратурным аддзеле Лідскага гістарычна-мастацкага музея (доміку Таўлая), у памяшканні выставы "Вайны свяшчэнныя старонкі". Наведвальнікі мелі магчымасць азнаёміцца з газетамі і ўлёткамі тых грозных часоў, пачуць шмат цікавага з гісторыі іх стварэння.

Аб газеце "Уперад" (папярэдніцы "Лідскай газеты") часоў Вялікай Айчыннай вайны расказваў прысутным навуковы супрацоўнік музея Алесь Хітрун. Як зазначыў Алесь, трапнае друкаванае слова ў гады вайны і акупацыі прыраўноўвалася да штыка і па-свойму дапамагала змагацца з ворагам, падымала баявы дух, умацоўвала веру ў перамогу. Тагачасныя карэспандэнты "Уперад" удзельнічалі ў партызанскім і падпольным руху, мелі зброю. Спачатку рэдактарам падпольнай газеты быў Герасім Коган, а калі ён загінуў, рэдактарам стаў Юльян Драгун. Газета выдавалася ў цяжкіх умовах, уручную, падпольная друкарня знаходзілася ў зямлянцы. Звесткі аб баявых аперацыях партызан, аб жыцці насельніцтва ва ўмовах акупацыі, зводкі Савінфармбюро запаўнялі старонкі ваеннай "Уперад". Немцы абяцалі вялікую ўзнагароду тым, хто дапаможа ім знайсці і знішчыць падпольную друкарню.

У фонды Лідскага музея нумары падпольнай газеты "Ўперад" трапілі ў розныя часы дзякуючы згаданаму Юльяну Драгуну, а таксама колішняму галоўнаму рэдактару ўжо мірнай "Уперад" Аляксандру Жалкоўскаму і яго ўдаве Валянціне Іосіфаўне.

Вялікае значэнне для партызан мелі сатырычныя вершы, байкі, прыпеўкі, якія таксама спрыялі падняццю баявога духу. Гэтыя жанры можна знайсці на старонках сатырычнай газеты-плаката "Раздавім фашысцкую гадзіну!", асобныя нумары якой таксама прадстаўлены на выстаўцы ў доміку Таўлая (дарэчы, Валянцін Таўлай меў да гэтай газеты прамое дачыненне). Прысутным быў прадэманстраваны відэаролік аб гэтым сатырычным выданні, з якім у свой час супрацоўнічалі многія беларускія паэты, пісьменнікі, мастакі. Іх гнеўныя і колкія словы, яркія малюнкі дапамагалі граміць ворага.

На мерапрыемства былі запрошаны некаторыя ветэраны журналісцкай і друкарскай справы: былы супрацоўнік "Лідскай газеты" Уладзімір Васько, былая работніца Лідскай друкарні Яніна Вашчук. Яны расказвалі ўжо аб больш познім перыядзе гісторыі развіцця друку ў Лідзе.

Уся імпрэза ішла на беларускай мове. Дарэчы ў ваеннай газеце "Ўперад" беларускай мовы было значна больш, чым у цяперашняй "Лідскай газеце".

Алесь МАЦУЛЕВІЧ.


Новае выданне

Вяртанне з небыцця заходнебеларускага паэта

На старонках беларускіх віленскіх выданняў у 1930-х гадах шмат друкавалася аўтараў пад рознымі псеўданімамі і крыптанімамі, сапраўдныя прозвішчы якіх да сённяшніх дзён нерасшыфраваныя, нераскрытыя, застаюцца нам невядомымі. Гэта дзесяткі паэтаў, празаікаў, простых карэспандэнтаў з розных рэгіёнаў былой Заходняй Беларусі, якія дасылалі навіны са сваіх вёсак, мястэчак, гарадоў. Далёка не ўсіх аўтараў псеўданімы і крыптанімы раскрыў у сваім "Слоўніку беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (XVI-XX стст.)" (Мн., 1983) і Янка Саламевіч (1938-2012).

Але, як кажуць у народзе, нішто нікуды не знікае і не прападае. Не знікла ў невядомасць і творчасць заходнебеларускага паэта Язэпа Вількоўскага. Гэта яго дзесяткі лірычных вершаў і розных баек друкаваліся ў віленскіх календарах, калектыўных зборніках, у часопісах "Шлях моладзі", "Нёман", у "Беларускай крыніцы" і іншых. Пад сваімі творамі ён рэдка ставіў уласнае прозвішча Язэп Вількоўскі, часцей за ўсё ён падпісваўся Язэп Вількоўшчык, Я. Вількоўшчык, Vilkouscyk J, Vilkoscyk Jazep, J.V, Я.В.

Даследчыкі нашай гісторыі і літаратуры Сяргей Ёрш і Сяргей Чыгрын сабралі творы Язэпа Вількоўшчыка пад адну вокладку і выдалі асобным выданнем пад назвай "Прыкрыты сэрца боль". У зборнік ўвайшлі вершы, байкі, карэспандэнцыі, гістарычныя абразкі Язэпа Вількоўшчыка, напісаныя ім у 1920-х-1930-х гадах.

Язэп Вількоўшчык (сапраўднае прозвішча Вількоўскі Іосіф Андрэевіч) нарадзіўся 19 лістапада 1898 года ў вёсцы Гавенавічы Слонімскага павета (цяпер гэта вёска Падгорная Баравіцкага раёна). У сям'і Вількоўскіх было яшчэ чатыры сястры і брат, але брат загінуў у Першую сусветную вайну. Маці нідзе не працавала, а даглядала дзяцей, а таксама дапамагала мужу, які трымаў сваю прыватную невялікую краму. Усім адукацыю Вількоўскія даць не маглі, таму найбольш хваляваліся за сына Язэпа, які хацеў вучыцца.

Калі пачалася Першая сусветная вайна рускія казакі выгналі сям'ю Вількоўскіх, як і тысячы іншых беларусаў, у глыб Расіі. Вількоўскія трапілі ў Казанскую губерню. Там Язэп скончыў школу і паступіў у Казанскі медыцынскі інстытут. Сродкаў на вучобу і пражыванне не хапала, таму беларускі юнак падпрацоўваў у розных канторах. То грузчыкам, то па-мастацку распісваў сувеніры, то пісаў плакаты і афармляў стэнды. Але ўсяроўна з фінансамі была праблема, жыць і вучыцца было цяжка, а яшчэ сям'я Вількоўскіх вырашыла вярнуцца на Бацькаўшчыну. Таму Язэп пакідае медінстытут і разам з бацькамі напачатку 1920-х гадоў вяртаецца на Слонімшчыну.

Атрымаўшы пэўную адукацыю ў бежанстве, ён шмат чытае, спрабуе сам пісаць вершы і байкі на рускай мове. У 1927 годзе адзін з вершаў па-руску ён адсылае ў "Беларускую крыніцу", дзе праз часопіс у рубрыцы "Наша пошта" атрымлівае адказ: "Працы Вашай, на жаль, не надрукуем, бо яна напісана па-расейску. Прабуйце пісаць па-беларуску. Пішыце, што ў Вас чуваць? Верш дужа слабы і да друку не падойдзе" ("Belaruskaja krynica", 1927, №27).

Сядзець склаўшы рукі на Слонімшчыне юнак не хацеў, таму паехаў у Вільню, дзе скончыў бухгалтарскія курсы. Падчас вучобы на гэтых курсах, ён пазнаёміўся ў Вільні з беларускімі выданнямі, з творчай беларускай інтэлігенцыяй. Магчыма, пасля курсаў ён пэўны час працаваў бухгалтарам у Вільні. Тады і пачынае спрабаваць пісаць, але ўжо на роднай мове. У 1930-м годзе Язэп Вількоўскі вяртаецца ў родную вёску. А перад Другой сусветнай вайной сям'я Вількоўскіх пераехала ў Слонім. Дзе працаваў Язэп Вількоўскі і кім перад вайной і падчас акупацыі - невядома. Але ў кастрычніку 1944 года, згодна з "Выпіскай з працоўнай кніжкі", ён уладкаваўся на 9-ую дыстанцыю службовага пуці станцыі Слонім-Брэст-Літоўскі на пасаду бухгалтара канторы. Да гэтай пасады ён меў ужо працоўны стаж 14 гадоў і два месяцы. На чыгуначнай станцыі Слонім Язэп Вількоўскі адпрацаваў 7 гадоў і даслужыўся да намесніка начальніка па кадрах. А потым ён працаваў бухгалтарам на Слонімскім лесазаводзе, у Слонімскай арцелі "Вторпром", потым зноў на чыгунцы, адкуль і пайшоў на пенсію.

Пражыў Язэп Вількоўшчык 86 гадоў, яго не стала 18 сакавіка 1984 года. Пахавалі паэта на слонімскіх гарадскіх могілках.

Свае паэтычныя творы Язэп Вількоўшчык пачаў друкаваць у заходнебеларускіх выданнях у пачатку 1930-х гадоў. Асабліва плённымі для яго былі 1932-1934 гады. Напрыклад, часопісы "Нёман" і "Шлях моладзі" не паспявалі ўсё дасланае ім друкаваць.

Вершы Язэп Вількоўшчык пісаў на самыя розныя тэмы. Найперш яго хваляваў лёс роднай Бацькаўшчыны, якой ён спяваў "сумныя песні", бо перажываў за матку-Айчыну, якую "сэрцам кахаў", за лёс свайго народа. Разам з тым заходнебеларускі паэт адрасаваў свае паэтычныя радкі і тым, хто змагаўся за Радзіму і за гэта "пайшоў у турму".

Пісаў паэт і пра простых людзей, якія жылі з ім побач, якія працавалі на роднай зямлі, а маладых паэтаў ён заклікаў у "край адраджэння, свабоды для ўсіх".

Шмат вершаў у паэта напісалася пра жыццё і смерць. Паэт умеў разважаць, філасофстваць над лёсам свайго народа. Па вершах Язэпа Вількоўшчыка можна меркаваць, што гэты чалавек валодаў літаратурнымі здольнасцямі, самабытным паэтычным талентам, лёгка мог раскрыць характар сацыяльных змен і зрухаў.

Пісаў заходнебеларускі паэт і байкі, розныя карэспандэнцыі, гістарычныя абразкі. Усе яны і склалі зборнік "Прыкрыты сэрца боль". Гэта выданне, дзякуючы Сяргею Яршу і Сяргею Чыгрыну, вярнула з небыцця яшчэ адно імя ў нашу літаратуру. Кніга ўжо паступіла ў гандаль у мінскую краму "Акадэмічная кніга".

Барыс БАЛЬ.


Лепей раз убачыць

"Лепей раз убачыць..." Пры ўсёй распаўсюджанасці вядомага выслоўя ніхто яшчэ не здолеў аспрэчыць закладзены ў ім глыбокі сэнс. Расповяд можа быць самым змястоўным і вобразным, але тым болей захочацца пасля яго хоць бы адным вокам зірнуць на тое, аб чым ішла гаворка. Тым болей, калі расповяд гэты аб такім цікавым і непаўторным палескім краі, як Лунінеччына, і вядзе яго ў стылі фотапаэмы добры знаўца свайго краю.

З чым найперш можа асацыявацца словазлучэнне "Лунінеччына" ў завітаўшага сюды госця (ды і ў значнай часткі мясцовых насельнікаў)? З трускалкавымі "плантацыямі", буйным чыгуначным вузлом, "горнымі серпанцінамі" мікашэвіцкага кар'ера, запаведным Белым возерам ці срэбраводнай Прыпяццю? Усё так, і да гэтых, найбольш яркіх, асацыяцый можна далучыць яшчэ не адзін дзесятак. Тым болей, калі чалавек усур'ёз зацікавіцца прыродай, гісторыяй, культурай і сучаснасцю краю, у якім жыве ці ў які патрапіў па волі лёсу.

А калі гэты чалавек не абмяжоўваецца простай цікаўнасцю, а яшчэ і імкнецца падзяліцца ўбачаным і пачутым з іншымі, узбагаціць іх веды і ўяўленне пра родны край? Калі традыцыйныя "плюсы" сваёй журналісцкай прафессіі імкнецца спалучыць з неабыякавым поглядам на жыццёвыя праявы? Тады можа атрымацца вось такі сімпатычны фотаальбом.

Аўтар фотаздымкаў Андрэй Вышынскі - чалавек, на Лунінеччыне вядомы. Нарадзіўшыся ў 1952 годзе ў столінскай вёсцы Радчыцк, пазней павандраваў па свеце, авалодаў не адной прафесіяй. Ды ўсё ж вызначальнай стала журналісцкая "сцяжынка" на лунінецкай зямлі. Пэўны час узначальваў раённую газету, пазней стаў заснавальнікам, выдаўцом і галоўным рэдактарам папулярнага мясцовага штотыднёвіка "Информ-прогулка". Лунінеччына зрабілася Андрэю Міхайлавічу родным домам, адсюль пайшлі ў самастойнае жыццё яго дзеці. За гады працы і вандровак па раёне, здаецца, знаёмымі сталі кожны куточак і амаль ці не кожны чалавек. I хоць хочацца вандраваць таксама па іншых краінах (чаму сведчаннем шматлікія газетныя рэпартажы), усё ж кожны раз цягне вярнуцца дадому, убачыць, што змянілася... Няма ў гэтым альбоме "заморскіх краявідаў": сваё, роднае і непаўторнае пераважыла пры адборы здымкаў са шматлікай калекцыі.

Вадзім Жылко.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX