Вярнуцца: 2015

№ 27 (1230)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 27 (1230), 8 ліпеня 2015 г.

900-ты нумар "Нашага слова", выдадзены ў Лідзе


Дарагія сябры "Нашага слова"!

У гэтым квартале колькасць падпісчыкаў рэзка ўпала. Такога за гісторыю існавання "Нашага слова" яшчэ не было. Так, лета, але калі Магілёская арганізацыя трымае падпіску на кантролі, то і летам магчымы рост. Калі Дварэцкая школа працуе, то ў Дзятлаўскім раёне колькасць падпісчыкаў вырасла больш чым у два разы. А калі не працаваць, то расце і будзе расці колькасць раёнаў, куды не паступае ніводнага нумара газеты.

Красавік Ліпень

Берасцейская вобласць:

Баранавічы р.в. 17 12

Бяроза р.в. 9 10

Белаазёрск р.в. - -

Бярэсце гор. 12 7

Ганцавічы р.в. - -

Драгічын р.в. - 1

Жабінка р.в. 1 -

Іванава р.в 1 1

Івацэвічы р. в. 8 7

Камянец р.в. 1 1

Кобрын гор. 2 2

Лунінец гор. 2 1

Ляхавічы р.в. 1 -

Маларыта р.в. 2 1

Пінск гор. 6 6

Пружаны р.в. 7 4

Столін р.в. 1 2

Усяго: 72 55

Віцебская вобласць:

Бешанковічы р.в. 1 1

Браслаў р.в. 1 2

Віцебск гор. 24 21

Віцебск РВПС 3 2

Верхнедзвінск р.в. 4 4

Глыбокае р.в. 7 6

Гарадок р.в. 4 3

Докшыцы р.в. 2 2

Дуброўня р.в. 1 1

Лёзна р.в. 1 1

Лепель р. в. 1 2

Міёры р.в. 2 2

Наваполацк гор. 16 14

Орша гор. 7 5

Полацк гор. 8 4

Паставы р.в. 13 12

Расоны р.в. 1 1

Сянно р.в. 2 2

Талочын р.в. 2 2

Ушачы р.в. 2 2

Чашнікі р.в. 1 1

Шаркоўшчына р.в. 7 7

Шуміліна р.в. 1 -

Усяго: 111 97

Менская вобласць:

Беразіно р.в. 3 3

Барысаў гор. 10 8

Вілейка гор. 2 4

Валожын гор. 10 8

Дзяржынск р.в. 11 8

Клецк р.в. 2 1

Крупкі р.в. 5 5

Капыль р.в. 2 1

Лагойск 3 4

Любань р.в. - -

Менск гор. 285 210

Менск РВПС 11 8

Маладзечна гор. 12 11

Мядзель р.в. 5 4

Пухавічы РВПС 3 3

Нясвіж р.в. 1 -

Смалявічы р.в. 3 1

Слуцк гор. 8 9

Салігорск гор. 5 5

Ст. Дарогі р.в. - -

Стоўбцы р.в. 4 4

Узда р.в. 3 1

Чэрвень р.в. 3 3

Усяго: 391 301

Гомельская вобласць:

Буда-Кашалёва 4 3

Брагін р.в. 2 -

Ветка р.в. 1 1

Гомель гор. 27 26

Гомель РВПС 1 -

Добруш р.в. 1 1

Ельск р.в. 1 1

Жыткавічы р.в. 17 16

Жлобін гор. 2 3

Калінкавічы гор. 1 1

Карма р.в. - -

Лельчыцы р.в. 1 -

Лоеў р.в. 1 -

Мазыр гор. 5 3

Акцябарскі р.в. 2 2

Нароўля р.в. - -

Петрыкаў р.в. 1 -

Рэчыца гор. 2 2

Рагачоў гор. 1 1

Светлагорск гор. 3 2

Хойнікі р.в. 1 -

Чачэрск р.в. 3 1

Усяго: 77 63

Гарадзенская вобласць:

Бераставіца 3 3

Ваўкавыск гор. 9 8

Воранава р.в. 5 4

Гародня гор. 40 32

Гародня РВПС 19 16

Дзятлава р.в. 6 13

Зэльва р.в. 2 1

Іўе р.в. 1 2

Карэлічы р.в. 4 3

Масты р.в. 4 3

Наваградак гор. 6 4

Астравец р.в. 4 4

Ашмяны р.в. 5 2

Смаргонь гор. 3 3

Слонім гор. 6 6

Свіслач р.в. 4 4

Шчучын р.в. 1 2

Ліда 19 8

Усяго: 141 118

Магілёўская вобласць:

Бабруйск гор. 2 2

Бялынічы р.в. 1 -

Быхаў р.в. 2 1

Глуск р.в. 1 -

Горкі гор. 1 1

Дрыбін р.в. 2 -

Кіраўск р.в. - -

Клічаў р.в. - -

Клімавічы р.в. 1 -

Касцюковічы р.в. 1 1

Краснаполле р.в. 1 -

Крычаў р.в. 1 -

Круглае р.в. 2 2

Мсціслаў р.в. 2 -

Магілёў гор. 26 30

Магілёў РВПС 1 1

Асіповічы гор. 12 10

Слаўгарад р.в. 1 1

Хоцімск р.в. 1 -

Чэрыкаў р.в. 1 -

Чавусы р.в. 1 -

Шклоў р.в. 4 1

Усяго 63 50

Усяго на краіне: 855 684


VI Фестываль беларускамоўнай рэкламы ,.!adnak

Штогадовы Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі ,.!adnak у шосты раз падвёў вынікі развіцця беларускамоўнага рэкламна-камунікацыйнага рынку за год і ўзнагародзіў аўтараў найлепшых работ. Фестывальны дзень адбыўся 2 ліпеня ў Менску ў Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Раў (IBB).

Асноўная канцэпцыя сёлетняга Шостага ,.!adnak - "Годны шлях рэкламіста". Кожны рэкламіст праходзіць сваю дарогу да поспеху, сваю дарогу да выдатнай ідэі: ад сумневаў і нядрэннай канцэпцыі да таго самага інсайту, калі, ставячы выніковую кропку ў карпатлівай працы, у раптоўным парыве натхнення "грыфель алоўка" разлятаецца на кавалкі.

Арганізатары Шостага ,.!adnak аб'ядналі рэкламістаў, спецыялістаў у сферы камунікацыі, культурніцкіх менеджараў і прадзюсараў, каб дапамагчы беларускамоўнай рэкламе прайсці гэты шлях: ад нерашучай коскі да значнага і ўпэўненага клічніка!

На конкурсную праграму Фестывалю ,.!adnak-2015 было пададзена больш за 370 заявак ад больш, чым 150 удзельнікаў. Самую вялікую колькасць заявак ужо традыцыйна сабрала намінацыя "Графічны і камунікацыйны дызайн" - амаль 100. На другім месцы - "Сацыяльная рэклама" (44 работы). Трэцяе месца ў "Грамадсказначных праектаў" - 30 работ. Калі казаць пра геаграфію фестывалю, то больш за 90% работ былі пададзеныя з Менска.

У гэтым годзе было прысуджана 1 Гран-пры, 11 першых месцаў, 30 другіх месцаў і 37 трэціх; 1 Антыпрэмія і 4 спецпрызы.

Традыцыйна ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў папярэднічала яскравая і насычаная адукацыйная праграма. Сёлета ў яе межах прайшлі семінары, майстар-класы і дыскусіі са знанымі беларускімі і замежнымі адмыслоўцамі, што адметныя не толькі ў сферы рэкламы. Была магчымасць паслухаць і абмеркаваць 7 актуальных тэмаў з экспертамі, сярод якіх Паўлюс Сянута (заснавальнік і партнёр рэкламнага агенцтва Not Perfect| YR Minsk, Riga & Vilnius), папулярны пісьменнік Віктар Марціновіч, кіраўнікі творчых груп і агенцый і маладыя беларускія "Канскія львы".

Гран-пры фэстывалю за 2015 год атрымаў праект "Вышымайка" "Арт-сядзібы". Павел Белавус, атрымаўшы дыплом, сказаў, што тры гады "артсядзібаўцаў" выганялі з офісаў, і яны за гэты час загартаваліся, навучыліся змагацца за тое, каб было добра беларускай мове і культуры, а цяпер змаглі перамагчы. Ён заклікаў рэкламадаўцаў і бізнэсоўцаў не баяцца выкарыстоўваць беларускую мову ў рэкламе і бізнэсе.

Будзьма.


90 гадоў з дня нараджэння Міхася Клышкі

Міхась Канстанцінавіч КЛЫШКА нарадзіўся 8 ліпеня 1925 г. ў в. Данейкі Баранавіцкага раёна Берасцейскай вобласці. Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1958). Працаваў журналістам. У 1967-81 гг. рэдактар выдавецтва "Беларуская савецкая энцыклапедыя імя Петруся Броўкі. Памёр 10 студзеня 1984 г.

М. К. Клышка - аўтар першага ў беларускай філалагічнай навуцы "Слоўніка сінонімаў і блізказначных слоў" (1976). У ім - каля 1900 сінанімічных радоў (больш за 11 тысяч слоў і выразаў). Спецыфічная асаблівасць слоўніка ў тым, што ён не тлумачыць, не дае характарыстык-вызначэнняў сэнсавым адценням слоў у сінанімічных радах, а толькі прыводзіць да кожнага з іх пацвярджальныя цытаты з мастацкай (выкарыстаны ілюстрацыйны матэрыял з твораў амаль 150 беларускіх пісьменнікаў, пачынаючы ад В.I. Дуніна-Марцінкевіча), навукова-папулярнай і навуковай літаратуры, фальклору, даведачных выданняў перыядычнага друку. Выкарыстана і тая дыялектная лексіка, якая на думку аўтара, мае тэндэнцыю быць агульнаўжывальнай, хоць канкрэтны лексічны матэрыял слоўніка гэта не заўсёды пацвярджае. Прыведзена немалая колькасць эмацыянальна-экспрэсіўных фразеалагізмаў. Зважаючы на практычны характар слоўніка, М.К. Клышка ўключыў у яго дапаможныя часціны мовы - прыназоўнікі, злучнікі, чаго няма ў іншых слоўніках сінонімаў. Структура артыкула ў слоўніку наступная: пасля набранага светлым шрыфтам з вялікіх літар галоўнага слова (дамінанты) ідуць стылістычна нейтральныя сінонімы і блізказначныя словы, далей падаюцца лексемы гутарковыя, размоўныя, кніжныя, вузкаспецыяльныя, устарэлыя, народна-паэтычныя, жартоўныя, іранічныя, з пераносным сэнсам. Завяршаюць артыкул фразеалагізмы...

І.У. Саламевіч.


З'ехаць, каб застацца

Валійская эміграцыя ў Патагонію дзеля захавання ўласнай нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці

(Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумарах.)

Ад пачатку існавання калоніі ўсё грамадскае жыццё ў ёй адбывалася на валійскай мове. Былі заснаваны валійскія газеты і валійскамоўныя школы. Спачатку адзіным падручнікам была Біблія, потым мясцовы настаўнік склаў першую чытанку на валійскай мове. Большасць дзяцей, выхаваных у калоніі з 70-х па канец 90-х, былі валійскімі манаглотамі.

Калонія кіравалася дэмакратычна: там была канстытуцыя, рада, абраны кіраўнік і заканадаўства, зноў жа складзенае па-валійску. Пра такія рэчы ў самім Уэльсе людзі тады маглі толькі марыць. У калоніі былі распаўсюджаны кааператывы для вядзення сельскагаспадарчых работ, камунальных і сацыяльных праектаў.

Але з ростам дабрабыту і засваеннем новых тэрыторый з'явілася новая праблема. Жорсткі жарт гісторыі: каланісты пачалі ўсё глыбей пагружацца ў сітуацыю, ад якой з'ехалі з Брытаніі: падпарадкаванасць знешняй уладзе, пагарджанне з боку гэтай улады валійскай мовай і іміграцыя носьбітаў іншых моў і культур - толькі дзейныя асобы на гэты раз змяніліся. Як ужо адзначалася, аргентынскі ўрад заахвочваў іміграцыю, і ў 1895 годзе замежнікі складалі чвэрць насельніцтва краіны. Інструментамі "аргентынізацыі" мільёнаў замежнікаў павінны былі стаць школа і служба ў войску.

Напачатку кіраўніцтва краіны асабліва не ўмешвалася ў справы калоніі. З цягам часу, аднак, Аргентына, незадаволеная ізаляцыянізмам каланістаў, усё больш распаўсюджвала на калонію сваю ўладу. Туды пачалі прызначаць камісараў, а потым, калі Чубут у 1884 стаў правінцыяй, у ёй з'явіўся губернатар. Некаторыя з гэтых афіцыйных асоб паважалі валійскае самакіраванне, але іншыя пярэчылі радзе і закручвалі шрубы, напрыклад, патрабавалі ўдзелу пасяленцаў у вышкалах нацыянальнай гвардыі па нядзелях, што было для іх непрымальна па рэлігійных прычынах. Толькі асабістае ўмяшальніцтва прэзідэнта краіны дазволіла вырашыць гэты канфлікт.

У канцы 70-х аргентынскі ўрад актывізаваў і адукацыйную палітыку. Прызначаны аргентынцамі настаўнік напісаў валійскамоўны падручнік іспанскай мовы. Многія пасяленцы пратэставалі супраць прызначэння, бо не жадалі цэнтральнага ўмяшальніцтва ў сферу адукацыі і баяліся, што іспанская ўрэшце стане асноўнай мовай навучання. Акрамя таго, гэты настаўнік быў католікам. У калоніі пачалі засноўваць нацыянальныя (дзяржаўныя) школы. Пад канец 19 стагоддзя там было 5 школ, якія кіраваліся каланістамі і 5 нацыянальных. Праўда, дзве нацыянальныя школы спачатку былі ўсё ж валійскамоўнымі, а іспанская выкладалася там як прадмет. У 1896 быў прыняты закон, паводле ягога мовай навучання ва ўсіх пачатковых школах краіны павінна быць іспанская. Але ў калоніі такая палітыка спачатку пацярпела няўдачу з-за супрацьстаяння бацькоў і з-за таго, што многія настаўнікі былі валійскамоўнымі. Больш за тое, у 1906 была заснавана сярэдняя школа, дзе выкладанне вялося пераважна па-валійску. Тым не менш, у 1927 годзе ўся пачатковая адукацыя ажыццяўлялася ўжо па-іспанску.

На працягу існавання калоніі было некалькі буйных хваляў эміграцыі з радзімы. Лічыцца, што агулам у калонію прехала 2,3 - 3 тысячы валійцаў. Але апошнія эмігранты з Уэльса прыехалі ў 1911 годзе, а тэмпы невалійскай эміграцыі, выкліканай у асноўным эканамічнымі поспехамі калоніі, нарасталі. Усё болей шлюбаў у калоніі заключалася з невалійцамі. У канцы 19 - пачатку 20 стагоддзя гарадскія рады, раней валійскамоўныя, мяркуючы па іх складзе, пераводзяць сваю працу на іспанскую мову з-за вялікай колькасці прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей. Праўда, андскія селішчы, куды ў пошуках зямлі і ад новай асіміляцыі перабралося шмат людзей, даўжэй захавалі валійшчыну, а адносіны з аргентынскімі ўладамі там былі лепшыя.

У 1899 годзе зноў здарыліся жахлівыя паводкі. Гэта падштурхнула больш за дзвесце расчараваных у іспанізацыі валійцаў з'ехаць у Канаду. Многія з перасяленцаў не мелі дастаткова сродкаў на эміграцыю, і грошы для іх збіралі ў Брытаніі, адным са спонсараў быў нават Прынц Уэльскі. Спрыяў выдзяленню зямлі для іх Дэвід Ллойд-Джордж, будучы прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі, валіец па паходжанні, які ў дзяцінстве размаўляў на валійскай мове.

У сярэдзіне 20 стагоддзя культурнае валійскае жыццё знаходзілася ў стагнацыі. Першай і нярэдка адзінай мовай дзяцей усё часцей рабілася іспанская. Скарацілася наведванне царквы, эканамічныя складанасці зменшылі магчымасць правядзення культурных мерапрыемстваў. Сярэдняя валійская школа зачынілася ў 1950 годзе з-за недахопу вучняў. У перыяд аргентынскай дыктатуры канца 70-х - пачатку 80-х дзецям было забаронена даваць валійскія імёны. Распаўсюджанасць валійскай мовы ў Патагоніі істотна скарацілася, у пачатку дзевяностых моладзь на ёй амаль не размаўляла.

Магло падацца, што гэта канец новага Уэльса ў Патагоніі, але гісторыя зноў прадэманстравала свой цыклічны характар. Калі ў 50-я гады было праведзена мала традыцыйных фестываляў мастацтваў Айстэдвод, то пасля святкавання стогадовага юбілею калоніі ў 1965-ым яны ладзяцца рэгулярна (сёння - у чатырох гарадах). У 1997 годзе ў правінцыі была запушчана спецыяльная праграма адраджэння валійскай мовы. Яна фінансуецца урадам Уэльса, Валійска-аргентынскім таварыствам і Брытанскай Радай у Ўэльсе. У межах праграмы праводзяцца моўныя курсы і валійскамоўныя мерапрыемствы. Выкладчыкі мовы з Патагоніі маюць магчымасць ездзіць на стажыроўкі ў Уэльс.

Зараз у правінцыі Чубут ёсць валійскамоўныя дашкольныя ўстановы, дзейнічаюць курсы валійскай мовы для дзяцей і дарослых, у тым ліку прафесіянальныя курсы. У 2013 іх наведала амаль тысяча чалавек. Мова як прадмет вывучаецца ў шэрагу школ, адчынілася і пачатковая школа, дзе ўсё выкладанне вядзецца па-валійску і па-іспанску. Папулярнасць валійскай мовы і культуры расце, нават сярод людзей, у якіх няма валійскіх продкаў. З'явілася валійскамоўнае знешняе афармленне некаторых гарадоў, у перспектыве - дзвюхмоўныя радыёпраграмы на мясцовай ФМ станцыі і адкрыццё яшчэ адной валійскамоўнай школы ў Андах.

Сёння насельніцтва правінцыі Чубут складае каля 550 тысяч чалавек, з якіх, як паведамляецца, дзесь 50 тысяч маюць валійскіх продкаў. Адна з крыніц паведамляе, што колькасць валійскамоўных у Чубуце складае 5 тысяч чалавек, іншая - што ва ўсёй Аргентыне жыве каля 25 тысяч носьбітаў мовы.

Гэты гістарычны нарыс, натуральна, не меў на мэце аналіз магчымасцяў заснавання беларускай калоніі. Ды і саму неабходнасць гэтага можна, вядома, паставіць пад пытанне. Наш час, хоць і трывожны ў плане стану беларускай мовы, адначасова абяцае і пэўныя перспектывы. Так што мае рацыю той, хто падумае, што рабіць Беларусь трэба ў Беларусі. Але… той жа прыклад Валійскай калоніі вучыць, што гісторыя можа рабіць сюрпрызы, прычым не заўжды прыемныя. Ну і ўвогуле, ці не прыемна было б усведамляць, што дзесцьці далёка ёсць яшчэ адна сапраўдная беларуская тэрыторыя ці нават дзяржава? Калі б яна сапраўды існавала, то галоўнае, каб яна была насамрэч яшчэ адной, а не адзінай.

Дзяніс Тушынскі, намеснік старшыні ТБМ


Заява групы грамадзян Беларусі па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Алены Анісім

Мы - за кансалідацыю грамадства на аснове незалежнасці і беларускасці!

Год назад мы абвесцілі аб гатоўнасці вылучыць ад нацыянальна-патрыятычных сіл нашу кандыдатуру на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гэта рашэнне было прадыктавана геапалітычнай сітуацыяй, калі адбыўся захоп часткі Ўкраіны і пачуліся закіды адносна такога ж лёсу і ў дачыненні да Беларусі, а таксама нежаданнем апазіцыі знайсці паразуменне і выйсці на гэтыя выбары з адзіным кандыдатам.

Свае намаганні мы сканцэнтравалі на тым, каб кансалідаваць перакананых прыхільнікаў незалежнасці і данесці наш агульны голас да беларускай і міжнароднай грамадскасці, а таксама распачаць шырокі дыялог з удзелам розных грамадскіх пластоў па найбольш важных і неадкладных пытаннях сучаснага развіцця краіны.

Мы правялі Ўсебеларускі кангрэс за незалежнасць, прынялі Маніфест у абарону незалежнасці Беларусі, арганізавалі абмеркаванне эканамічнай і палітычнай сітуацыі на паседжаннях адпаведных сесій.

Улічваючы ўсё вышэйсказанае, а таксама адсутнасць канкрэтных зменаў у выбарчым працэсе, мы прыйшлі да наступных высноў:

1) спыніць свой удзел у кампаніі па вылучэнні кандыдатуры на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад нацыянальна-патрыятычных сіл у сёлетняй выбарчай кампаніі.

2) сканцэнтраваць свае намаганні па кансалідацыі беларускага грамадства на аснове дыялогу і пашырэння кола падпісантаў тэксту Маніфеста ў абарону незалежнасці.

Запрашаем усіх суб'ектаў грамадска-палітычнай дзейнасці далучыцца да нашай пляцоўкі на карысць незалежнасці і дэмакратыі Беларусі!

30.06.2015 г.

Лявону Юрэвічу - 50

Лявон Юрэвіч нарадзіўся 30 чэрвеня 1965 г. у Менску. Скончыў Менскі педагагічны інстытут (1990), вучыўся ў аспірантуры Інстытута літаратуры Акадэміі навук Беларусі (1990-1993). З 1993 г. жыве ў ЗША. Працуе ў Нью-Ёрскай публічнай бібліятэцы. Мае навуковыя ступені магістра філалогіі і магістра бібліятэчнай справы. Сябар Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку, а так сама рэдакцыйнай калегіі часопіса «Запісы БІНІМ» і кніжнай серыі «Беларуская Мемуарная Бібліятэка». Радны БНР.

Л. Юрэвіч даследуе беларускую культуру і літаратуру на эміграцыі.

Суўкладальнік бібліяграфіі «Францішак Скарына: жыццё і дзейнасць» (Менск, 1995), падрыхтаваў да выдання кнігі: Барыс Рагуля «Беларускае студэнцтва на чужыне» (Лондан, Канада; Нью-Ёрк, 1996; Менск, 2006), «Эквівалент: Зборнік эміграцыйнай гістарычнай прозы» (Менск, 2005), «Каханы горад: Зборнік эміграцыйнае ваеннае прозы» (Менск, 2006), а таксама зборы працаў Уладзіміра Дудзіцкага «Напярэймы жаданням» (Нью-Ёрк, 1994) і «Творы» (Менск, 2010), Міколы Цэлеша «Хмары над Бацькаўшчынай» (Нью-Ёрк, 1995), Лявона Крывічаніна «Беларусізацыя пад №» (Нью-Ёрк, 1998); Юркі Віцьбіча «Антыбальшавіцкія паўстанні і партызанская барацьба на Беларусі» (Нью-Ёрк, 1996; Смаленск, 2007) і «Лшоно Габоо Бійрушалайм: даваенная проза» (Менск, 2011), Антона Адамовіча «Творы» (Нью-Ёрк, 2003). Браў удзел у працы над выданнямі: Мікола Панькоў «Хроніка беларускага жыцця на чужыне 1945-1984» (Менск, 2001) і інш.

Аўтар кніг: «Архіўная кніга» (Нью-Ёрк, 1997); «Жыццё пад агнём: Партрэт беларускага ваеначальніка і палітычнага дзеяча Барыса Рагулі на фоне яго эпохі» (Менск, 1999), «Каментары: Літаратуразнаўчыя артыкулы» (Менск, 1999), «Беларуская мемуарыстыка на эміграцыі» (Нью-Ёрк, 1999), «Вырваныя бачыны: Да гісторыі Саюза Беларускай моладзі» (Менск, 2001), «Літаратурны рух на эміграцыі» (Менск, 2002), «Мемуары на эміграцыі» (Менск, 2005), «Летапісны звод сусвету Чалавека Сведамага: Гісторыя газетаў «Бацькаўшчына» і «Беларус» (1947-2000)» (Менск, 2006), «Шматгалосы эпісталярыюм» (Менск, 2012), суаўтар кнігі «Вяртання маўклівая споведзь» (Менск, 1994).

Аўтар артыкулаў у амерыканскіх энцыклапедыях.

Вікіпедыя.


ЛЯВОНУ ЮРЭВІЧУ на 50-годдзе

30 чэрвеня 2015

Спасярод святочных дат

сёння славім ПЯЦЬДЗЕСЯТ,

дружна стукаем у звон:

нарадзіўся наш Лявон.

Мы ўсе ўдзячныя Лявону

за тамы кніжнога плёну,

і за ўсё багацце гэта -

Многая, многая, многая лета!!!

Янка Запруднік.


Хайрэ! Хайрэтэ!

Днямі меў радасць і гонар ад падарунка ад Анатоля Канстанцінавіча Клышкі. Гэта з дарчым подпісам "Новы запавет", што выйшаў у свет напрыканцы снежня мінулага года ў сталічным выдавецтве "Пазітыў-цэнтр" тыражом 3000 асобнікаў. Пераклад зроблены з грэцкага тэксту (паводле найаўтарытэтнейшага апошняга штутгардскага выдання) на сучасную беларускую мову, незалежна ад той ці іншай у нас канфесіі.

Анатоль Клышка - чалавек, добра вядомы амаль у кожнай сям'і ў Беларусі. Ён стварыў не толькі беларускі "Буквар", але і рускі, і польскі (для рускамоўных і польскамоўных школ краіны). У свой час "Буквар" А. Клышкі на ВДНГ у Маскве быў узнагароджаны срэбным медалём, а на Міжнародным кірмашы ў Ляйпцыгу - залатым, польскі буквар быў адзначаны як лепшы падручнік 2003 года. Тыраж яго буквароў - некалькі мільёнаў паасобнікаў. Пра букварыста А. Клышку я пісаў калісьці ў "Настаўніцкай газеце". Як педагагічна - творчая асоба ён мае некалькі дзесяткаў падручнікаў і дапаможнікаў для школ. А. Клышка добра вядомы і як крытык і літаратуразнаўца, мовазнаўца і перакладчык. Ён перакладае з грэцкай, лацінскай, нямецкай, польскай, украінскай і іншых моў. Пералік яго прац у беларускай літаратурна-культурнай прасторы заняў бы не адну старонку машынапісу.

- Хайрэ! Хайрэтэ! (Радуйся! Радуйцеся!) Я знарок прывітаўся з Вамі, шаноўны Анатоль Канстанцінавіч, вітаннем, якім па-грэцку віталіся даўнейшыя хрысціяне. Ды і нагода. Выйшаў Ваш пераклад Евангелля на беларускую літаратурную мову з грэцкага тэксту паводле найноўшых штутгардскіх выданняў.

- Дзякую! Гэта сапраўды мая радасць. І як хацелася б, каб яна была і ў чытача. І, дзякуй Богу, мне прыемна ўжо чуць першыя ўдзячныя водгукі.

І тут успамінаецца далёкі 1989 год, калі Іван Чыгрынаў, тады галоўны рэдактар часопіса "Спадчына" падтрымаў маю ініцыятыву друкаваць у часопісе пераклад Евангелля на беларускую мову. Але не ўсё так лёгка было. І намеснік галоўнага рэдактара Вольга Чыстава, спецыяльна хадзіла па дазвол у ЦК Кампартыі Беларусі. Дазвол быў атрыманы.

- Мяркую, у сваёй рабоце Вы карысталіся як слоўнікавымі памочнікамі, так і ўжо іншымі існымі перакладамі Евангелля.

- Згадаю такія набытыя неабходныя памочнікі: двухтомны "Древнегреческо-русский словарь", падораны мне слынным мовазнаўцам Фёдарам Янкоўскім, куплены ў Маскве 4-х томны "Грэцка-польскі слоўнік" і зусім нядаўна набытае 6-е выданне "Worterbuch zum Neuen Testament" Вальтэра Баўэра...

Многія выданні Евангелля на рускай, украінскай, польскай, нямецкай, англійскай мовах.

І нарэшце штутгардскае выданне на грэцкай мове.

Праўда, выданне майго перакладу Новага Запавету зацягнулася. Але гэты час таксама прыдаўся для большага заглыблення праз навуковую літаратуру ў старажытны тэкст Евангелля, а таксама пошукаў найбольш адпаведных слоў у роднай мове, якая таксама ўвесь час развіваецца. Для перакладчыка, як заўсёды, трэба: як найглыбей асягнуць мову, з якой перакладаецца твор, і мову, на якую перакладаецца.

- Хацелася б пачуць прыклады.

- Тое слова, якое, скажам, у Евангеллі паводле Іаана (14, 16, 26, 16, 7) падаецца як Уцяшыцель (праваслаўныя перакладчыкі і тут не маглі зазірнуць у руска-беларускі слоўнік, каб перакласці па-беларуску Суцяшальнік), але як апошнім часам высветлілася, яно не дакладнае, тут лепш падыходзіць слова Абаронца. І тут я хацеў бы нагадаць назву свайго артыкула, апублікаванага ў газеце "Звязда" ад 16 красавіка 2005 года - "У такіх кніг, як Святое Пісанне, няма апошніх перакладчыкаў".

Грэцкая мова Новага Запавету, як вядома, гэта не класічная мова грэцкіх пісьменнікаў, гэта так званая кайнэ - сфармаваная ў часы кіравання Аляксандра Македонскага і яго нашчадкаў. Яна сталася літаратурнаю і бытавою моваю ў басейне Міжземнага мора. У мове Новага Запавету няма цягі да класіцызму. Затое на ёй ляжыць пэўны адбітак, жывой, шырока даступнай гутарковай мовы.

- Але гэта патрабуе ад перакладчыка дадатковай адказнасці.

- Скажу, мне прыемна, як сёння вельмі плённа працуюць над старажытнымі рукапісамі Новага Запавету аўтарытэтныя вучоныя ў Германіі. Да вайны там таксама найбольш грунтоўна вывучаліся старажытныя тэксты. Толькі ў часе вайны актывізавалася праца ў ЗША. Цяпер цэнтр зноў перамясціўся ў Германію. І дзякуючы яму, мы маем выдатныя штутгардскія выданні Новага Запавету на грэцкай мове - неацэнны матэрыял для перакладчыка з мовы арыгіналу.

Але помніцца, як Іван Чарота на прэзентацыі Чатырохевангелля перакладзенага Біблейскай камісіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы, усяляк, як сакратар камісіі, выстаўляў працу яе, а ўсе іншыя папярэднія пераклады паблажліва называў аўтарскімі. У мяне тады якраз разгарнулася Евангелле паводле Марка, першы раздзел, 13-ы верш, дзе сатана намагаецца спакусіць Ісуса. І што я чытаю? О Божа! "І быў Ён там у пустыні сорак дзён, спакушаны (!?) сатаною...". Можа, памылка? Было ж 16 гадоў перад гэтым выданне Святога Евангелля паводле Марка ў 1991 годзе. Гляджу і там: "Спакушаны сатаною". Спакушаны - гэта па-руску соблазнённый, совращённый. І ніякіх іншых значэнняў. Руска-беларускія слоўнікі не даюць салгаць.

- І гэта ў такім адказным месцы! Спакусіў сатана Ісуса ў перакладзе Біблейскай камісіі БПЦ... Ды гэта ж скандал!

- Гэтак жа перакладчыкі гэтай камісіі не бачаць розніцы між абвінавачванным (руск. обвиняемый) і абвінавачаным (руск. обвинённый). А гэта ж юрыдычныя тэрміны. І дзе ў сінадальным перакладзе стаіць обвиняемый (Дзеянні Святых Апосталаў) перакладчыкі з Біблейкай камісіі БПЦ перадаюць ужо як абвінавачаны.

- Грэх ды годзе!

- Мне баліць, ды, здаецца, не толькі мне, а самой нашай мове: Іісус, благадаць, блажэнны. Яшчэ за паўстагоддзя да Франішка Скарыны ў нас пісалі Ісус - так пісаў Скарына. Так пісалі пасля яго, напрыклад, вядомы дзеяч праваслаўя Філіповіч. Так жыло і жыве гэтае імя ў нашых народных песнях і казках. І раптам - адкінуць пяцісотгадовую традыцыю!

А дзе ў Нагорнай пропаведзі нашы перакладчыкі ставяць "блажэнны", у грэцкім тэксце стаіць "шчаслівы".

І блага, кепска думаць, што ў мове 10-мільённага беларускага народа няма свайго адпаведніка да "благодати". Гэта " Боская ласка", "ласка Божая" - як пададзена ў "Русско-белорусском словаре" пад рэдакцыяй Якуба Коласа, Кандрата Крапівы і Пятра Глебкі. Дарэчы, і ў іншых славянскіх мовах, дзе слова "ласка" ўжываецца ў тых жа значэннях, як у беларускай, адпаведнікам "благодати" (з'яўляецца "ласка", напрыклад, у польскай). Дык, ці трэба, каб перад беларускім вернікам у "Евангеллі" 128 разоў замест роднай "Божай ласкі" паўставала гэтая "благадаць"?!. Або словы блаславены, благаслаўляць і роднасныя ім.

- А ці не прыклады гэта русіфікацыі? У трохтомным "Русско-белорусском словаре" (Мінск, "Беларуская энцыклапедыя" імя Петруся Броўкі, 1993) вы ўбачыце больш за тры дзесяткі рускіх складаных слоў, якія пачынаюцца з благо - і якія перакладаюцца беларускімі словамі з пачатковым добра . Дык навошта тады нам благаславёны . Калі ў нашай мове благі - гэта нядобры, кепскі, дрэнны...

- Кажуць, у рускіх гаворках ёсць слова благой у такіх жа значэннях, як і ў беларускай мове - нядобры. Але ж гэта ў дыялектце і, відаць, не без беларускага ўплыву. У беларускай мове - у літаратурнай і ў дыялектах блага ёсць блага, толькі нядобра, кепска, дрэнна і ніяк інакш. Не выпадкова з настойлівым царкоўным навязваннем благаславёны, благаслаўляць і інш. у нас пачалі ўжываць блаславёны, а ў перакладзе Евангелля паводле Іаана, выдадзеным Беларускай евангельскай царквою ў 2010 годзе нават чытаем і зусім дзіўае багаславёны (гэтак жа багадаць замест ласкі Божай). Усё гэта ідзе ад выразнага адчування неўласцівага сэнсу благаславёны, благаслаўляць і непрыняцця іх... Вось чаму я ўжываю толькі дабраславёны, дабраслаўляць гэтак жа, як Дабравешчанне, Дабравесце, дабравесціць...

- У працяг гэтага пасылу, шаноўны Анатоль Канстанцінавіч, можа б яшчэ які прыклад падайце.

- А цяпер адносна слова Госпад (а не Гасподзь). За гэта стаяць шэсць склонаў: родны, давальны, вінавальны, творны, месны і клічны: Госпада, Госпаду, Госпада. Госпадам, (аб) Госпадзе, о Госпадзе! Усе яны просяць на ганаровы пасад назоўнага склону слова Госпад. Ці трэба нагадваць, што гісторыя гэтага слова сягае далёкіх часоў, і прыйшло яно з старажытнасла-вянскай і царкоўнаславянскай моваў разам з словамі хрысціянскай рэлігіі ( прарок, грэх і інш.). Але, на жаль, падчас не вельмі дакладна гаворыцца ў нас пра уплыў стараславяншчыны на беларускую мову.

А трэба якраз падкрэсліць, што літаратурная мова беларускай нацыі складвалася без такога ўплыву стараслаянскай і царкоўнаславянскай моў, які зазнала руская мова, дзе ў пэўны час нават пачалі на стараславянскі лад утвараць словы, якіх не было ў стараславянскай ( драгоценный і інш.), а напрыклад словы волот і колокол дзеля надання ўзвышанасці ў рускай мове перарабляліся ў влот, клакол (пра гэта добра пісаў наш мовазнавец Алесь Каўрус).

Слова Госпад - адна з назваў Бога ў хрысціянскай рэлігіі - неад'емнае ад перакладаў Новага Запавету. А іх, беларускіх перакладаў у адным мінулым, дваццатым стагоддзі, дзякаваць Богу, было ўжо з дзесятак! (Праўда, вельмі шкада, што большасць з іх - пераклады не з грэцкай мовы, з мовы арыгіналу, а пераклады з перакладу). І тут не магу не адзначыць пераклад, зроблены ксяндзом Уладзіславам Чарняўскім. Ён якраз усюды ўжывае ў назоўным склоне Госпад. Вядома, не першы. Скажам, яшчэ ў "Роднай мове ў святынях" Адама Станкевіча (Вільня, 1929 год) сустракаецца тое самае.

Адначасова з гэтым хацеў бы зазначыць, што няма сур'ёзных падстаў, каб слову Спадар быць адпаведнікам слову Госпад, што намагаўся зрабіць сваім перакладам "Сьвятой Бібліі" Ян Станкевіч, а яшчэ раней на дзесяткі гадоў за яго сваім перакладам Евангелля ксёндз Пётра Татарыновіч. Тое ж трэба сказаць і пра слова Пан у гэтым значэнні, выдатнае ў польскай мове і сацыяльна акрэсленае ў беларускай, як памешчык, абшарнік, у сотнях нашых казак, песень... Адсюль і роднасныя словы - панаваць, панаванне. Праўда, ёсць форма ветлівага звароту да замежніка. Але гэта зусім іншае, не тое.

Лічу адзіна правільным пры перакладзе Евангелля ўжываць слова ўкрыжаваць, а не распяць. Гэта шчасце, што ў нашай мове ёсць дакладны адпаведнік слову грэцкай мовы з коранем крыж. Бо распяць можна і брызент, і скуру, і г.д. А ўкрыжаванне было найганебнейшай смерцю наводле ўсходніх прымхаў. Такая смерць адрывала чалавека ад зямлі. Ногі асуджанага на 60-90 сантыметраў адстаялі ад зямлі. І таму, напрыклад, рымскі грамадзянін пад пакаранне гэтай смерцю паводле рымскага заканадаўства не падпадаў.

У Бібліі людзі звяртаюцца да Бога з рознымі найменнямі ў залежнасці ад адпаведных абставін: Творца, Госпад, Збаўца, Усявышні, Усемагутны і інш. І вельмі важны зварот да Бога ў Ісусавай малітве, дзе выяўлена якраз жывое адчуванне адзінай сям'і з Богам, адкрыты давер сына ці дачкі да Бацькі. І як зусім неўжывальна гучыць у клічным склоне "Ойча". У беларускай сям'і няма такога звароту, які штучна навязваецца нам. І як бы не лічылі ўзнёслым гэты зварот праваслаўныя адэпты, у ім няма для беларуса сямейнай цеплыні, роднасці, шчырага звароту да бацькі. Вацлаў Ластоўскі ў сваім "Расійска-крыўскім (беларускім) слоўніку", выдадзеным амаль стагоддзе таму назад (1924 г.) прыводзячы побач з беларускімі адпаведнікамі слову отец і айцец, айца, айцу тут жа заўважае: "Але ў народнай мове гэтага слова саўсім не чутно, мабыць, так яно чужое і дагэтуль не прынялося..." У беларускай мове па сутнасці толькі два гэтыя аднакарэнныя словы - айчына і айчынны. А айчым тут не ў лік. Слова айчына пашырылася ў нас асабліва ў сувязі з савецкім гімнам, з яго радком "Айчына ты наша свабодная". Бацькаўшчына ніяк не лезла ў радок.

Але хай будзе і бацькаўшчына і айчына. Размова ідзе, што выгнанымі аказаліся словы бацькі, бацька. У рускай мове ёсць батька, але яно простамоўнае, абласное. І вось русіфікаваныя перакладчыкі глядзяць на беларускае слова праз прызму рускага прастамоўнага і таму часта не дапускаюць або з вельмі вялікай асцярогай пускаюць у пераклад Евангелля.

А беларускі бацька - гэта не толькі ж рускі батька, а і отец, родитель.

- І не пускаць яго ў Евангелле на тое месца, якое яму належыць, ніяк не выпадае. А там амаль скрозь мільгаюць айцец, айца, айцы . Што аж мімаволі ўспамінаецца атэістычнае Коласава:

З двух бакоў айцы з дубінай

Заганялі нас у рай.

- А цяпер да звароту да Нябеснага Бацькі ў Ісусавай малітве. У беларускай мове назоўнікі багатыя на суфіксы. Гэта не ў нямецкай ці англійскай мовах - дзе адзін ці два. Тата, татка, татачка, татуля, татулечка і г.д.

Але нам трэба не проста ласкавы зварот да Бога-Бацькі. Нам трэба, каб у гэтым слове гучала пашана. Як гучыць яна, скажам, у такіх словах, як Божухна (у рускай мове нават няма яму адназначнага адпаведніка. Перакладаюць як Господь, але ў нас ёсць жа Госпад), як матухна, цётухна ("ветлівы зварот да цёткі, дарослай жанчыны наогул" - "Тлумачальны слоўнік беларускай мовы". Том 5 кн. 2, стар. 244). Некаторыя з такіх слоў, як бацюхна, дзетухна, пазначаны як размоўныя.

Слова татухна такой паметы не мае (гл. "Слоўнік беларускай мовы" пад рэдакцыяй акадэміка АН БССР М. В. Бірылы. Мн., Выдавецтва "Беларуская савецкая энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1987). Гэтае слова татухна, поўнае ласкі, любові, пашаны, годнае Ісусавай Малітвы.

І тут мяне горача падтрымалі такія знаўцы і патрыёты роднай мовы, як Ніл Гілевіч (дарэчы, у студэнцкія гады я ўбачыў у яго руках выдадзеную ўпершыню пры савецкай уладзе ў 1956 годзе Біблію на рускай мове), Уладзімір Дамашэвіч, Васіль Зуёнак, Арсен Ліс, Вячаслаў Чамярыцкі... Спіс можна доўжыць і доўжыць.

- Для русізмаў дзверы шырока расчынены: вучыцель, спасіцель, уцяшыцель.. . Не будзем рабіць адсылак да тэксаў. Бо іх было б шмат і шмат Яшчэ паслухайце. А ці ж гэта беларуская мова? Адвяргае, адзежа, блуд, блудніца, злоба, знаменне, не крадзь, пір, прастол, прыдзверніца, спадобленыя, спасенне, спасёны, спасці, спасціся, стада, узлюблёны, узлюбі... Ды гэта ж новага гатунку трасянка! Аблегчаны варыянт!

- А як вам падабаюцца такія перлы перакладу: "Пагрузіўся ў глыбокі сон" (Дзеян. 20.9), "увергніся ў мора" (Мф. 21.21)? Ці вось 34-ты верш з 12 - га раздзела Евангелля паводле Матфея: "Бо ад лішніх сэрц вусны маўляюць" - пакуль не запазычылі мой пераклад гэтых радкоў: "Бо ад перапоўненасці сэрца гавораць вусны".

Перакладчыкі БК БПЦ не бачаць розніцы паміж магілай і магільняй, паміж кашамі і кошыкамі: дзе трэба кашы, стаіць кошыкі (Мф. 16.9); там, дзе трэба кошыкі - кашы (Мф. 16.10). І нават блытаюць мяшок і кашалёк.

- Можа іхнія перапоўненыя кашалькі час мяняць на мяшкі?

- Перакладчыкі Біблейскай камісіі БПЦ ні ў якім разе не дапускаюць слова лячыць і роднасныя яму. Тое, што ў сінадальным перакладзе азначаецца як исцелить (вылечыць), исцелиться (вылечыцца), исцелять (вылечваць), исцеляться (вылечвацца) і інш., врачевать (лячыць), у перакладчыкаў БК БПЦ усюды (дзесяткі і дзесяткі разоў!) падаюцца зусім іншымі словамі: ацаліць, ацаліцца, ацаляць, ацаляцца і г.д. з неўласцівымі ім значэннямі, якія яны ніколі не мелі і не маюць. Даходзіць да жахлівай недарэчнасці, што Ісус "ацаляў хваробы" (гл. Мр. 9.35; 10.1), гэта значыць не вылечваў ад іх, а наадварот, рупіўся, каб яны (хваробы - Я.Г.) ацалелі, бо ацалелі гэтае не прачыталі, як у "Тлумачальным слоўніку беларускай мовы" - застацца "цэлым сярод разбуранага", быць "уцалелым". Рускае слова "уцелелый" (а яно ж і беларускае "ўцалелы"), думаецца, перакладчыкам БК БПЦ тлумачыць няма патрэбы.

Не пашчасціла ў перакладзе лічэбнікам. Амаль усюды ненарматыўна ўжываюцца зборныя лічэбнікі ў адносінах да асоб мужчынскага полу. І часам дзіўна: нават дзе ў сінадальным перакладзе няма зборных лічэбнікаў, у беларускім яны з'яўляюцца: "Начал посылать их по два" - "пачаў пасылаць іх па двое" (Мк. 6.7). Па-беларуску значыць - паслаў мужчыну і жанчыну. Або "услышав, дзесять" - "пачуўшы, дзесяцёра" (Мк. 10.41). Па-беларуску атрымліваецца кампанія мужчын і жанчын. Асабліва непісьменна вытыкаюцца такія зборныя лічэбнікі там, дзе тут жа, у гэтым жа сказе далей ідуць мужчынскія імёны, да якіх гэтыя лічэбнікі адносяцца: "паставілі дваіх" (пра Іосіфа і Матфея) (Дзеян. 1.23), "паслаўшы ... дваіх" (пра Цімафея і Эраста) (Дзеян. 19.22).

Назваўшы страшэнную колькасць памылак у перакладзе сваёй камісіі, І. Чарота ў кнізе "Беларуская мова і царква" не разглядае іх, а толькі кідае папрокі ў адрас іншых перакладчыкаў, часам заўвагі вельмі дзіўныя. Напрыклад, чаму я ўжываю слова серка. Так і просіцца адказ: "Адгарніце руска беларускі слоўнік і ўбачыце адпаведнікамі рускай серы два беларускія словы: сера і серка.

- Не чытаеце слоўнікаў, не заглядваеце ў іх, шаноўны акадэмік, спадзеяцеся на сваё веданне роднай мовы. А яно вельмі і вельмі вас падводзіць...

- Або І. Чарота і яго студэнты ніяк не могуць зразумець у мяне слова грашамены. Мянялы разумеюць, а грашамены - не. А якраз у грэцкім тэксце Евангелля паводле Іаана (Д. 14.15) ужыты два розныя назоўнікі з адным сэнсавым значэннем. Вось таму і ў беларускім тэксце мне хацелася захаваць гэтую адметнасць. І адным словам мянялы, сталы якіх у Храме абарочвае Ісус, тут не абысціся...

У перакладзеным Праваслаўнай камісіяй Евангеллі паводле Матфея (2.16) Ірад паслаў пазабіваць "усіх дзяцей у Віфлееме і ва ўсіх межах яго ад двух гадоў і ніжэй". А яму ж абыходзіла забіць толькі хлопчыкаў, а не яшчэ і дзяўчынак, бо толькі ад хлопчыкаў узыходзіла мажлівая пагроза яго ўладзе. І што яшчэ. Праз гэтых дзяцей якраз парываецца яшчэ адна повязь паміж Старым і Новым Запаветамі. Бо праз хлопчыкаў Ірад дзейнічае акурат так, як некалі рабіў Егіпецкі фараон (Зых. 1.22). А так цяпер гэтай повязі няма.

- Хацелася б пачуць ад Вас, шаноўны Анатоль Канстанцінавіч, колькі слоў пра пераклады з боку касцёла.

- Вельмі шмат зрабіў насустрач таму, каб беларусы - праваслаўныя і католікі - мелі адзінае Евангелле, скажам, як рускія, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, пробашч Менскага касцёла Святога Сымона і Святой Алены.

Цікавая сваімі развагамі і прыкладамі яго кніга "Родная мова ў духоўным жыцці Беларусі" (Мн., 2008). Многія заўвагі надзвычай слушныя і патрэбныя. Але, на жаль, не з усім можна згадзіцца.

Вось слова Амін. Прывёўшы рознапісанні Амэн, Амін, Амінь, шаноўны аўтар заўважае, што слова паходзіць ад грэцкага, але прыводзіць яго ў лацінскім напісанні, ставячы пасля літары м літару э і тым самым як бы апраўдваючы свае напісанне і вымаўленне Амэн. Аднак у грэцкай мове пасля м стаіць не літара эпсільон, а эта, якая чытаецца яшчэ і як і. Таму, лічу, што напісанне Амін, як яно падаецца ва ўсіх слоўніках беларускай мовы, адзінае правільнае і не патрабуе ніякіх змен - ні на Амэн, ні на Амінь.

Асабліва нельга абмінуць развагі Ул. Завальнюка над тэкстам Малітвы Гасподняй. У звароце да Татухны, "які ў нябёсах" Ул. Завальнюк ужывае "на небе", спасылаючыся на стараславянскае "иже еси на небеси", а не на першасны грэцкі тэкст і далей амаль паўтары старонкі адводзіць абгрунтаванню малітоўнага вызначэння знаходжання Бога на небе, а не ў небе. Але ўсё гэта касуецца грэцкім тэкстам. Дарэчы, прыводзячы словы: "Няхай будзе воля Твая" (дакладней было б: "Няхай здзейсніцца..."), Ул. Завальнюк не зважае, што ў грэцкім тэксце Малітвы якраз даецца: "Як у небе, так і на зямлі". Прыназоўнікі у і на стаяць амаль побач, выразна адрозніваючы знаходжанне здзейсненай волі (ў небе) і дзе яна павінна здзейсніцца (на зямлі). І польскія, і нямецкія, і англійскія пераклады Евангелля шануюць гэты сэнс у адрозненне ад сінадальнага. Вось так атрымліваецца, калі робіцца пераклад не з тэксту арыгіналу, а пераклад з перакладу.

Але зазначу, я прывёў бы доўгі спіс словаўжыванняў, па якіх вельмі многія згодзяцца з Ул. Завальнюком і па якіх я цалкам згодны. Але тут спыняюся якраз на тых, над якімі нам вельмі сур'ёзна трэба задумацца.

- Цікава!

- Настойваючы над "збаў нас ад злога", а не ад "ліхога", шаноўны Ул. Завальнюк дае свае вытлумачэнні: "Ліхое - гэта страх, пужала, людская фантазія ў байках. Злы дух ёсць злы дух, д'ябал, сатана (стар. 21). А разгорнем слоўнік І. Насовіча на слова ліхі і прачытаем: "Ліхі - злы дух чорт". І даюцца адпаведныя прыклады, як "Ліхому аддаў душу". Зазірнем у "Тлумачальны слоўнік беларуска мовы" (Т. 3, стар. 53). І там знаходзім такое вытлумачэнне: "У фальклоры - нячыстая сіла, чорт". Так што не варта быць занадта катэгарычным.

Гэтак жа параўноўваючы словы зрабіць і ўчыніць, Ул. Завальнюк катэгарычна сцвярджае: "Слова ўчыніў нясе ў сабе значэнне негатыўнай дзейнасці. Учыніць на зло, утварыць што-небудзь" (стар. 42). Але ж ёсць у нашай мове побач са словамі дабрадзей, дабрадзейнасць, дабрадзейны такія словы як дабрачынец, дабрачыннасць, дабрачынны, хоць яны ўжываюцца радзей. А між іншым словы "ліха чыніць" так і не ўтварылі складанага назоўніка. Тут толькі ліхадзей, ліхадзейства...

Што да слоў яўрэі, іудзеі, жыды, па-яўрэйску, па-жыдоўску, па-габрэйску, па- іудзейску. Лічу, што на цяперашні час нам варты толькі такія ўжыванні: яўрэі і ў рэлігійным значэнні іудзеі, а не жыды, не па-жыдоўску, як гэта зроблена ў перакладзе Евангелля паводле Іаана ў менскім выданні 2010 года.

Але я хачу сказаць, што слова жыды ў нашай мове было раней, да савецкага часу, зусім натуральным, без ніякай пагарды і здзеку да яго носьбітаў. Так як у польскай мове (там акурат яўрэй мае крыўдлівае адценне). Дык вось, толькі ў часы русіфікацыі перанеслася з рускай мовы негатыўнае значэнне на слова жыд і ў нашу мову. У савецкі час гэтае слова было пад забаронаю, і ўжыванне яго сурова каралася.

А ўспомнім перад гэтым вядомую брашуру "Жыды на Беларусі", якую напісаў яўрэй Змітрок Бядуля, і якая была выдадзена ў менскай друкарні яўрэя Грынблата. Гэта бацька нашага выдатнага фалькларыста Міхаіла Грынблата.

Натуральна ўжывалася слова жыды і ў Заходняй Беларусі да верасня 1939 года. У часы перабудовы слова жыдок сустрэлася і ў апавяданні Янкі Брыля. Але далейшага пашырэння гэтыя словы ў нашай мове не атрымалі.

Гэта што да гісторыі. А на дадзены момант, вядома, лепш карыстацца, паўтаруся, словам яўрэі і ў рэлігійным значэнні іудзеі. І таму паводле грэцкага тэксту адпаведна ў шасці месцах Новага Запавету (у чатырох - у Евангеллі ад Іаана і ў двух - у Адкр.) я ўжыў слова па-яўрэйску і адзін раз (у Гал., 2.14) - па-іудзейску.

- А якая сітуацыя склалася ў перакладзе з асабовымі імёнамі?

- Нам яшчэ трэба дамовіцца адносна шмат чаго і перш адносна іменаслова. Можа, крыху і зайздрасна бачыць замест Іаан у англічаніна яго роднае Джон ці ў француза - Жан. І ў нас пайшлі ваганні Матфей ці Мацвей, ці Мацей (успомнім псеўданім Ф. Багушэвіча - "Мацей Бурачок", Лука і Лукаш (у перакладзе Васіля Сёмухі).

І працуючы над перакладам Новага Запавету, я моцна перажываў, як быць з перадачаю грэцкага іменаслова, бо нашыя імёны адтуль. І як не раздражніць вялікую колькасць вернікаў? І стала вельмі лёгка, калі вырашыў: гэта ж грэцкі тэкст Евангелля, а, значыць, і грэцкі іменаслоў, без аглядкі на рускую ці польскую мовы. Думаю на цяперашнім этапе гэта найбольш мэтазгодна. Дык значыць: Матфей, Лука, Іаан і так далей. Бо калі падавацца ў гісторыю, то, скажам, імя Ісус у рэальным жыцці гучала ж у Ізраілі на мове іўрыт Йешуа (Выратаванне). Але ж у нас прыняты грэцкі варыянт. Бо Новы Запавет напісаны па-грэцку. І таму я не разумею, чаму так адстойваецца для Евангелля Анна, а ўжо для ўнутранага беларускага ўжытку пакідаецца імя Ганна.

У кнізе Ул. Завальнюка ёсць спасылка на "Слоўнік асабовых уласных імён" М.Р. Судніка. Але ж я помню, як грунтоўна крытыкавалася яго першае выданне ў часопісе "Полымя".

А вось "Слоўнік асабовых імёнаў (беларускі і руска-беларускі)" Ул. Сарокі, рэкамендаваны вучоным саветам Навукова даследчага інстытута дакументаўзнаўства і архіўнай справы і адрасаваны работнікам ЗАГС-аў, пашпартных аддзелаў міліцыі, юрыдычных службаў і г.д. (Мн., "Тэсей", 2000), імя Анна не ўспамінае. А якраз там даецца адзінае напісанне Ганна.

Ул. Завальнюк у сваёй кнізе заўважае: "Расійскую імператрыцу Анну наўрад ці мы назавём Ганнаю" (с. 80). Для расійскай імператрыцы мы пакінем Анну: у рускай мове амаль няма фрыкатыўнага гука г, і таму пішацца Анна. І перакладаючы з рускай мовы мы захоўваем рускі іменаслоў...

Але паглядзім у грэцкі тэкст. У ім у гэтым імені перад пачатковым галосным стаіць знак густога прыдыхання, які чытаецца, як беларускі ці ўкраінскі гук г. Таму Гамер, Гесіёд, Геракліт, Гіпакрат... Нават у рускай мове цяпер пішацца так. А вось там, дзе перад пачатковым галосным у грэцкім слове стаіць знак тонкага прыдыхання, ён не чытаецца. Напрыклад, Эпіктэт. Так што зважайма на грэцкі тэкст! Ніякіх падстаў адбіраць г у нашай Ганны няма. У яе выразна грэцкае паходжанне.

І яшчэ. Я лічу найлепшым адпаведнікам царкоўна-славянскага слова Агнец беларускае Баранчык. Яшчэ ў 1929 годзе яго ўжывае Адам Станкевіч у сваёй працы "Беларуская мова ў святынях". Адпаведна яно гучыць у польскай мове - "баранэк", у чэшскай - "бэранэк". У Беларусі - яшчэ зусім нядаўна сялянскай краіне - у слове баранчык чуваць толькі ласка, і няма нічога зневажальнага. Затое гэты назоўнік адпавядае ўсім вымогам, якія ставіліся Законам. Памятаеце: ахвярны Агнец павінен быць "без заганы, мужчынскага полу, аднагадовы" (Зых. 12.5). Слова Ягня, якім некаторыя перакладчыкі спрабуюць замяніць Агнец (Баранчык) ніяк не падыходзіць. Аднагодак - гэта ўжо не ягня, ды сам назоўнік ягня - ніякага, а не мужчынскага роду. Але пры выданні мяне папрасілі замест Баранчыка пакінуць Агнеца.

- Шчыра дзякую за гутарку! Поспехаў Вам у справе веры і дзейнасці на карысць Беларусі і яе вернікаў!

- Калі ласка! І Вам дзякуй! І Вам поспехаў!

Яўген Гучок


Бітве пад Палонкай - 355

Талака ў гонар 355-х угодкаў пераможнай Палонкаўскай бітвы

Баранавічы тыповае савецкае места, але наваколле даволі слаўнае. Вось і скрыжаванне дарог пад вёскай Палонка мае сваю гераічную і слаўную гісторыю. Менавіта тут войска Рэчы Паспалітай 28 чэрвеня 1660 года пад кіраўніцтвам гетмана Паўла Сапегі і ваяводы Стэфана Чарнецкага ўшчэнт разбіла армію маскоўскага ваяводы Івана Хаванскага. Сябры ТБМ на гэтым гераічным месцы двойчы ўстанаўлівалі памятныя знакі і шыльды. На жаль, гэтае гістарычнае і культурніцкае месца наведваюць не толькі турысты і краязнаўцы, але і аматары іншага роду адпачынку, якія пакідаюць за сабой смецце, пакеты і пустыя бутэлькі. Іншыя, едучы са сваіх лецішчаў ў Баранавічы аўтобусам, таксама пакідаюць смецце са сваіх агародаў ля аўтобуснага прыпынка "Палонка", не гледзячы на тое, што адразу за прыпынкам усталяваны мармуровы памятны знак у гонар пераможнай бітвы. Раённая жыллёва-камунальная гаспадарка своечасова не займаецца прыборкай тэрыторыі. Таму тут, як раз напярэдадні 355-х угодкаў Палонкаўскай перамогі, сабралася цэлая гара смецця. Вось чаму Баранавіцкія сябры ТБМ арганізавалі талаку па добраўпарадкаванні Палонкаўскай пляцоўкі. З забруджанай тэрыторыі было вывезена 28 мяшкоў смецця, а ля памятнага знака пасадзілі кветкі.

Удзельнікі талакі пераканаліся, што неабходна звяртацца да саміх людзей, пісаць лісты ў жыллёва-камунальную гаспадарку і, магчыма, у раённую міліцыю і санітарную станцыю, каб спыніць гэтае дзікунства і брыдкасць па засмечванні слаўнай гістарычнай мясціны.

Анжэла Камбалава.


На камені-валуне пад Палонкай з'явіліся выявы гетмана Паўла Сапегі і ваяводы Стэфана Чарнецкага

Сёлета споўнілася 355 гадоў пераможнай Палонкаўскай бітвы. 28 чэрвеня 1660 года менавіта ля вёскі Палонка (Баранавіцкі раён) войска Рэчы Паспалітай пад кіраўніцтвам гетмана Паўла Сапегі і ваяводы Стэфана Чарнецкага ўшчэнт разбіла армію маскоўскага ваяводы Івана Хаванскага. Перамога пад Палонкай стала пераломным момантам у доўгай вайне (1654-1667) Рэчы Паспалітай супраць Расіі, казакоў і Швецыі.

У 1994 годзе з ініцыятывы краязнаўца Міхася Берната на месцы Палонкаўскай бітвы быў усталяваны камень-валун з драўлянай шыльдаю, якую мясцовыя вандалы хутка знішчылі, не гледзячы на яе асвячэнне каталіцкім і праваслаўным святарамі. У 2000 годзе сябры Баранавіцкай Рады ТБМ усталявалі новую каляровую драўляную шыльду ў гонар 340-х угодкаў Палонкаўскай перамогі. Але лёс і гэтай драўлянай шыльды быў кароткі, бо праз 2 месяцы яе таксама зруйнавалі тутэйшыя манкурты. Грамадскасць Баранавічаў неаднаразова падымала пытанне аднаўлення металічнай шыльды на камені-валуне, асабліва напярэдадні 350-х угодкаў Палонкаўскай бітвы, якія адзначаліся ў 2010 годзе. Але Баранавіцкі райвыканкам, куды мы звярталіся, не знайшоў сродкаў для металічнай шыльды. Таму грамадскія актывісты на працягу года арганізавалі збор грашовых сродкаў і ўласнымі намаганнямі зрабілі на мармуровым камяні металічную шыльду ў гонар 350-х угодкаў знакамітай Палонкаўскай бітвы 1660 года. Усталяванне памятнага знака суправаджалася і на гэты раз сваімі дзівосамі і здарэннямі. Спачатку прыбегла старшыня Палонкаўскай сельскага савета Ніна Кісель і падняла страшэнны лямант. Яна выклікала міліцыю, бо ўсталяванне памятнага знака, на яе думку, было арганізавана без дазволу мясцовай улады. Старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ Віктар Сырыца і краязнавец Міхась Бернат патлумачылі маёру Вячаславу Таўкачову, што яны даслалі яшчэ раней змест шыльды ў Палонкаўскі сельскі савета, што гэта не ўсталяванне новага знака, а аднаўленне старой шыльды, дазвол на якую мясцовая ўлада дала яшчэ ў 1994 годзе. Міліцыя, на дзіва, паводзіла сябе вельмі карэктна і ўзважана, выслухоўваючы абодвыя бакі. Урэшце рэшт, адноўлены памятны знак застаўся на гераічным Палонкаўскім полі, а старшыню Баранавіцкай Рады ТБМ выклікалі ў раённую міліцыю для тлумачэнняў. Але ў лістападзе 2010 года была вельмі моцная газавая вайна паміж Беларуссю і Расіяй, і адміністрацыйны пратакол за "несанкцыянаванае" ўстанаўленне памятнага знака ля Палонкі так і не быў складзены. І вось сёлета ў гонар 355-х угодкаў перамогі аб'яднаных сілаў Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага над войскамі Маскоўскай дзяржавы на шматпакутным Палонкаўскім камені-валуне з'явіліся вельмі прыгожыя выявы гетмана Паўла Сапегі і ваяводы Стэфана Чарнецкага, якія бліскуча перамаглі ўдвая большыя сілы Маскоўскай дзяржавы. Слава героям Палонкаўскай бітвы!

Віктар Сырыца , старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ.


Памяці Ўладзіміра Санько

Калегі, сябры выказваюць глыбокія шчырыя спачуванні ўраджэнцу вёскі Вялікая Сліва Слуцкага раёна, пісьменніку, доктару народнай медыцыны, сталаму аўтару газеты "Наша слова" Санько Валеру Аляксеевічу ў сувязі са смерцю брата Ўладзіміра, жыхара горада Капыля.

Шафёр, інжынер, дырэктар аўтапрадпрыемства, аўтабазы, завода ЖБІ, кіраўнік гаражнага кааператыва Санько Уладзімір Аляксеевіч, 1940 г.н., дзе б ні працаваў (на Случчыне, у ГДР, Магілёве, Нарыльску, Енісейску Краснаярскага края, на Капыльшчыне), усюды быў уважлівы і прынцыповы, чулы і аб'ектыўны, карыстаўся аўтарытэтам. Ён усё жыццё ўсюды памагаў беларусам, бараніў Беларусь.

Боль страты няхай вылечвае час у блізкіх памерлага. Пастаянная памяць людзей, любоў дзяцей і ўнукаў няхай памагаюць Уладзіміру Санько лепей пачувацца ў неаб'емнасці Таго свету.


Бляск і трагедыя філосафа

23 чэрвеня 2015 года ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбылася прэзентацыя кнігі вядомага даследчыка Анатоля Астапенкі "Мікалай Крукоўскі. Бляск і трагедыя філосафа", якая выйшла ў выдавецтве "Харвест".

Мікалай Крукоўскі (1923-2013) - сучасны філосаф і культуролаг, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Ўніверсітэта культуры. Аўтар шэрагу навуковых манаграфій і больш чым 150 артыкулаў. Даследаваў праблемы філасофіі, культуралогіі, эстэтыкі. Творца арыгінальнай канцэпцыі беларускай нацыянальнай ідэі.

З 1998 года ён з'яўляўся навуковым супрацоўнікам (на 1/2 стаўкі) ў нацыянальным навукова-асветным цэнтры імя Францішка Скарыны.

Досыць часта М. Крукоўскі выказваў крытыкеу ў дачыненні да дзейнасці мадэрнісцкага філосафа Валянціна Акудовіча, творчага аб'яднання "Бум-Бам-Літ", рэдакцыі часопіса "Архе" і кіраўніцтва Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

Кніга мае наклад 1000 асобнікаў. Мастацкае афармленне серыі, якая заснавана ў 2012 годзе, зроблена Б.І. Клюйка.

На мерапрыемстве выступалі Васіль Якавенка, Аляксей Рагуля, Леанід Лыч, Леанід Акаловіч, Анатоль Астапенка, Павел Севярынец і дачка філосафа Вольга.

Пасля бард Андрэй Мельнікаў праспяваў некалькі песень. У зале прысутнічала шмат вядомых асоб (Яўген Гучок, Анатоль Валахановіч, Ігар Гатальскі, Ілля Копыл і іншыя).

Аляксей Шалахоўскі. На архіўным здымку Мікалай Крукоўскі.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Харытончык Надзея - 100000 р., г. Слонім

2. Трафімчык Таццяна - 100000 р., г. Слонім

3. Лапенка Аляксей - 80000 р., г. Менск

4. Герасімовіч Валянцін - 30000 р., г. Менск

5. Сіняк Павел - 30000 р., г. Менск

6. Севасцьянава Ганна - 20000 р., г. Менск

7. Шышко Лілея - 50000 р., г. Менск

8. Шышко Іван - 30000 р., г. Менск

9. Козел Ларыса - 80000 р., г. Менск

10. Самойленка Арцём - 40000 р., г. Менск

11. Мускі Барыс - 50000 р., г. Менск

12. Шкірманкоў Фелікс - 100000 р., г. Слаўгарад

13. Стрыгельская Наталля - 30000 р., г. Менск

14. Чэчат Лілея - 20000 р., г. Менск

15. Чэчат Віктар - 30000 р., г. Менск

16. Чэчат Сяргей - 30000 р., г. Менск

17. Чэчат Алесь - 30000 р., г. Менск

18. Багданкевіч Святлана - 50000 р., г. Менск

19. Сівалобчык Ларыса - 30000 р., г. Менск

20. Бунецкі Павел - 200000 р., г. Менск

21. Краўчанка Анатоль - 500000 р., г. Менск

22. Лягушаў Алег - 100000 р., ст. Ясень, Асіповіцкі р-н.

23. Лазарук Тамара - 50000 р., г. Менск

24. Канкаловіч Вера - 430000 р., г. Менск

25. Ляўшун Дзяніс - 190000 р., г. Менск

26. Мяцельская Наталля - 40000 р., г. Менск

27. Жылач Т.М. - 50000 р., в. Мятлічыцы, Аколава

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Бела-русбанк.


ГАРОХ ПРЫ ДАРОЗЕ

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

Падышоў да Нёмана, зачарпнуў далонямі ваду - цёплая. Вада цёплая, а лёгкі начны ветрык уздоўж Нёмана дзьмуў, як з халадзільніка. Холад прагнаў мяне ў палатку. Іна з Колем ціха гутарылі, я ў гаворку не ўлазіў і хутка заснуў.

… Раніцай разбудзіў Колю. Вылезлі з палаткі. Сонца яшчэ не ўзышло. Па Нёмане слаўся бялёсы туман. Стаяла велічавая дрымотная цішыня. У вадзе, як у люстэрку, адбіваўся левы абрывісты бераг. Іна ў палатцы бесклапотна спала. Прыкрылі палатку, вырашылі: чалавека з сякерай пад галавой лепш не будзіць. Пайшлі вудзіць рыбу. Гадзіны дзве патрацілі і, нічога не злавіўшы, купілі трошкі рыбы ў мясцовага рыбака, які вудзіў з лодкі. Потым гадзіну-другую паспалі і пачалі збірацца на пошукі - чамусьці моўчкі, заклапочана. Іну пакінулі ля палаткі з наказам на абед зварыць юшку. Пакінулі бесцырымонна, нібыта свайго даўняга таварыша. Дурням нават ў галаву прыйсці не магло, што так рабіць небяспечна.

Учарашні селянін з лодкай па дамоўленасці пераправіў нас на другі бераг.


… Сонца паднялося высока, высахла раса, але пад дрэвамі адчувалася прахалода. Ужо прайшлі добрыя дзве гадзіны пошукаў. Зямля ў жніўні падсохшая, цвёрдая, а шомпалам трэба прабіць яе на сантыметраў сорак. Працавалі папераменна, але больш стараўся Коля. Праўда, час ад часу абураўся: "Дыскрымінацыя! Як чорная праца, дык мне". Я вымяраў крокамі месца пошуку, хадзіў ад дрэва да дрэва і з гумарам тлумачыў, што ў такой тонкай справе важна пільнае кіраўніцтва. Так слова за словам завязалася гутарка.

- Помніцца, ты казаў, што ў душы трэба нешта светлае вырасціць, - нібыта сам насам размаўляў Коля, - вось каб вырасціў, то не грэх у царкве свечку паставіць - за ўсіх святых і грэшных, хто ўдзельнічаў у тым паўстанні, каб душы іх падняліся і дапамаглі.

- Не вядома, колькі свечак за спачын пастаўлена, а ты, каб падняліся.

- Я не пра гэта. Калі не тваё, трэба папрасіць. Думаеш, дзед Мікула часу не знайшоў? Ен не мог пераступіць унутраны закон: не тваё - не руш. Тут, сам ведаеш, ніколі на дзвярах замкі не віселі.

- Добрую справу робім, навошта душы нябожчыкаў трывожыць.

- А як ні рабі добрае, нечакана вырастае чартапалох, і ўсё добрае ператвараецца ў абразу... Усё таму, што кіраўнікі слабыя. У нас кожны правадыр пры жыцці такі разумны і важны, ажыццяўляе пільнае кіраўніцтва, а як памрэ, дык раптам высвятляецца - быў такі паганец.

- Ты не камплексуй. Проста ўлада псуе чалавека. Да сапсаванага цягнуцца розныя падлізы, хваляць правадыра і ганьбяць усякага, трошкі разумнейшага. У выніку з атачэння правадыра вымываюцца разумныя, творчыя людзі, застаецца адно гнілое смярдзючае балота і правадыр, ад якога запалкі хаваць трэба. А я не сапсуюся, бо ты ў мяне вельмі працавіты і творчы кампаньён.

- Гэта праўда, не сапсуешся, я арганічна не пераношу недалёкіх кіраўнікоў. А ну бяры шомпал і, працуючы, успамінай, можа, ад зямлі розуму набярэшся.

- Шукаць трэба квадратна-крокавым метадам. Вось, пабач, - я ўзяў шомпал і пачаў метадычна, крок за крокам пароць зямлю, - ты лепш думай , як знайсці скляпенне, а не чартапалох. Пачынаю заўважаць, у цябе ёсць нешта ад шляхты. Сам няўдалы, а гонару… кіраўнікі слабыя.

Старанна праверыўшы запланаваны кавалак плошчы, разагнуўся, пастаяў у задуменні, затым пачаў пошук у іншым месцы.

Коля моўчкі глядзеў на маю творчасць, затым прамовіў з праменьчыкам сатыры і гумару. Прамовіў без інтанацыі, трошкі ў задумленні, ні да кога не звяртаючыся, але ж сэнс прамовы мяне нечакана крануў і запаў у памяці.

- Чалавек павінен быць спадаром на сваім месцы, мець асабісты творчы падыход да справы. Калі ім кіруюць, гэта ўжо не чалавек. Гэта аснова, ты недалёкі і трошкі блазнаваты не можаш зразумець асноўнага. Ганьба, - махнуў рукой, пайшоў у сад.

Ён не пакрыўдзіўся і не злаваў на мяне. Для нас дваіх мова з'яўлялася нечым другасным, на словы ўвага не звярталася, сэнс разгортваўся дзесьці па-за словамі. Магчыма, такія ўзаемаадносіны ўзніклі як пратэст на патрабаванне размаўляць на чыстай мове, калі бацькі размаўляюць на трасянцы. Магчыма, усё склалася стыхійна. Магчыма, здабытак дамарошчанага выхавання - успамінаюцца нататкі маці: "Не слухай, сынок, што людзі кажуць, слухай, што думаюць". Як бы там ні было, а ўсталяваная манера зносін нас задавальняла, ды і наогул была больш эфектыўная: яна перадавала не толькі сэнс размовы, але, часткова, настрой, пачуцці, нейкую ўнутраную прадбачнасць паводзін.

Я парадкам стаміўся: безвыніковая праца пачала дакучаць. Коля вярнуўся з кашуляй яблыкаў. Прапанаваў:

- Пажуй белы наліў, тут іх завуць папяроўкамі.

- Нічога мы не знойдзем, - я ўзяў яблык, адкусіў, усміхнуўся. - У той час з дзедам Мікулам прыходзілі дзесьці сюды. Помніцца, дзед пранізваў зямлю тоўстым дротам, нічога не знайшоўшы, казаў: "Трэба вясною шукаць. Вясной зямля прасядае, мяккая". Напэўна, і нам трэба вясной прыехаць.

- Вясной - гэта вясной, цяпер трэба шукаць, - не згаджаўся Коля.

- Вельмі прымітыўная метода пошуку, ды і наогул я тут разважыў крыху, дзеля чаго мы намагаемся? Цяпер усе: хто знайшоў, хто ўкраў - вязуць прадаваць. Акрамя грошай, нікому нічога не трэба. Прыйшоў час, калі раскідваюць камяні. Цяпер трэба не гістарычныя звесткі адшукваць, а спусціць галоднага сабаку, што на жалезным ланцугу.

Коля задумаўся, паглядзеў на свае рукі, на якіх ужо праступілі мазалі, - будзем адкладваць - час збіраць камяні можа не прыйсці.

- Пра камяні завядзём гаворку пасля. Ужо палудзень, дзяўчына адна на беразе. Трэба думаць і пра хлеб надзённы.

- Гэта праўда, без Іны сумна, - згадзіўся Коля.

Схаваўшы шомпал, выйшлі на бераг у месцы, дзе Нёман рабіў паварот. Бераг высокі, да вады не спусцішся. Направа, уверх па цячэнні, абрыў цягнуўся аж да Мінявіч, налева, зусім побач, у абрыў уразаўся глыбокі яр. Шырокая стужка ракі і нізкі правы бераг, парослы маладым хвойнікам, ляжалі як на далоні.

- Прыгожае месца, - Коля спыніўся, разглядаючы наваколле, - такая рака, а рыба не ловіцца. Напэўна, няма, але мясцовыя жыхары дзесьці знаходзяць.

- А тут рыбу ў бульбе гадуюць.

- Ты не кіраўнік, а дыверсант ціхі. Мы раніцай столькі часу марна патрацілі... Глянь, што вытварае! - Раптам змяніў тэму Коля.

Уверх па цячэнні, па пояс увайшоўшы ў ваду, стаяла голая дзяўчына.

- Гэта ж наша Іна?! - Я міжволі затрымаў позірк на дзяўчыне, потым пачаў разглядваць наваколле, - не баіцца, не саромеецца. У Мінявічах мужыкі працу пакідаюць, зараз на бераг збягуцца.

- Няма там каму збягацца. Цяпер у вёсках, ведаеш сам, адны дзядочкі жывуць. І справа не ў сораме. Саромеецца яна і баіцца. Тут іншае. Я аб гэтым ужо ўчора задумаўся. Акрамя знешняга аблічча, існуе нейкая ўнутраная напоўненасць, унутраны настрой, стан душы. Іна з намі нібыта ў другое асяроддзе трапіла: у асяроддзе, дзе цябе хутка разумеюць, паважаюць, дзе нікога, толькі прырода, і так лёгка, радасна, дзе можна выйсці за вузкія рамкі ўсталяванага этыкету. Каб гэта зразумець, трэба бачыць, як бяздушша губіць людзей. Прыпамінаю адзін выпадак. Нечакана, як кажуць, стыхійна сутыкнуўся з адной жанчынай далёка ад дому. Дзень прайшоў у сумесных клопатах. Нечаканая шчырасць, адкрытасць у размове вызначылі нешта агульна-прыцягальнае. Позна вечарам, адасобіўшыся, цалаваліся. Не паверыш, абдымала, цалавала і плакала, прасіла: "Прабач, я на працы забываю, што жанчына, не ведала, што такое можа быць, мне з табой так прыемна, я ні ў чым табе не магу адказаць, але прашу - мяне не руш, вельмі нечакана ўсё гэта..." Не, такое не раскажаш, такое трэба адчуць.

- І ты не рушыў.

- Не рушыў.

- Ну ты і змей, давёў жанчыну да слёз і не ўцешыў.

- Мне здаецца, ты нешта зняважлівае кажаш, - нібыта ў забыцці прамовіў Коля, гледзячы на Нёман.

- Не, я па прастаце душэўнай праўду кажу, - я так-сама перавёў позірк на Нёман, на Іну, - а яна сімпатычная.

- Падглядваць за чужымі аголенымі дзяўчатамі, кажуць, вельмі нядобра, амаральна.

- За чужымі нядобра, а Іна - наш кампаньён. Ды ўжо вунь плыве, тут толькі і глядзі, каб не ўтапілася.

- Куды ж яна плыве? - схапіўся Коля, - там глыбіня пачынаецца. Цячэннем знясе… Э-Э...!

- Не крычы, дурань,- абарваў я, - напалохаеш - горш будзе. Лепш бяжым ратаваць.

Пабеглі ў хмызняк да яра. Пакуль спускаліся, Коля зачапіўся, упаў. Я дапамог падняцца. Трошкі замарудзілі. Калі спусціліся ўніз на адкрытае месца, на вадзе ўжо нікога не было відаць.

- Дзе ж яна? На Нёмане адразу не ўтопішся, павінна вынесці цячэнне, - Коля кінуўся ў ваду, паплыў.

Я таксама спужаўся, ліхаманкава разглядваў паверхню вады. На душы зрабілася цягуча-цяжка. Што рабіць? Застыў у нерашучасці. Дагуляліся гумарысты верацельныя, няўжо зацягнула куды пад карэнне. Не, тут каранёў не можа быць. Нёман робіць паварот, калі выкіне цячэнне, дык дзесьці ў гэтым месцы. Толькі нічога не відаць. Ад напружанага агляду вады паплылі слёзы. Раптам у вачах скрозь слёзы на імгненне нешта змянілася. На імгненне ўбачыў, не, гэта не назавеш убачыў, лепш адчуў, нібыта адбываецца са мной, нібыта я адно цэлае... Коля плыве, у яго баліць нага ў калене. Тая самая нага, якую вывіхнуў на дарозе. Іна ў лесе, трошкі спужаная (вось ужо гэтыя дзяўчаты, што ў іх душы творыцца: перажыванне, страх, сорам, радасць, заклапочаннасць, нешта яшчэ і ўсё адразу). Нехта трэці, зацікаўлены і больш нікога. Кінуў позірк направа, на бераг, убачыў сабаку, што спыніўся і глядзеў, як плыве Коля. Я трасянуў галавою, супакоіўся, адчуў, што трымаю ў руках кашулю з яблыкамі. Хуценька распрануўся, кінуў адзенне паверх яблыкаў, узяў у левую руку і паплыў за Колем, трымаючы клунак над галавой, але адразу яго намачыў.

- Куды плывеш?! - Коля ўжо намацаў дно на правым беразе, разглядваў паверхню вады і крычаў, - заставайся на тым беразе!

- Супакойся, а ... цьфу, - наглытаўся вады, - супакойся, а то не даплыву. Іна да палаткі пайшла.

Апошніх слоў Коля не пачуў. Ён усё крычаў, што трэба заставацца на тым беразе, нешта яшчэ, але я ўжо не звяртаў увагі. Вярнулася небывалая цвёрдасць і ўпэўненасць. Праплыўшы метраў дзесяць - дванаццаць, вырашыў змераць глыбіню. Стаў на дно, вады па шыю, цячэнне шалёнае. У жніўні Нёман не такі ўжо і глыбокі. Памалу глыбіня спадала. Коля стаяў па пояс у вадзе, разгублены, жаласны і злосны.

Я кінуў погляд на паверхню вады ўніз, потым уверх па цячэнні.

Калі ж яна паспела ў лес схавацца? Добра, калі схавалася, а то, каму потым растлумачыш нашу галантнасць, паслядоўнасць дзеяннеў і мэтанакіраванасць, а асабліва, які я прадбачлівы кіраўнік. Думкі мроіліся, як пчолы ў разварочаным вуллі.

Коля схапіў мяне за плечы:

- Што цяпер? Няўжо гэта праўда?

Мільганула думка: аб чым гэта ён?

- Ды супакойся ты, Іна, напэўна, у лесе ля палаткі.

Да палаткі ішлі хутка, подбегам, і крычалі што ёсць моцы: "Іна!!! Іна!.

Коля кульгаў. Я па дарозе думаў, перажываў: мала што падалося, усяго хвіліну, пачуццё, нібы міраж, але ўнутры засталася ўпэўненасць - Іна ля палаткі.

Іна і сапраўды нас сустрэла ля палаткі ў сукенцы, прыліплай да мокрага цела. Сустрэла са словамі:

- Чаго вы там раскрычаліся? Можа, што знайшлі страшнае? - твар сур'ёзны, трохі спалоханы, а ў вачах усмешка.

Я глянуў на мокрага Колю, успомніў учарашнюю гаворку пра дух Цэцыліі, адвярнуўся, стрымваючы смех, але прамовіў сур'ёзна:

- Убачылі, што ты па Нёмане плывеш і спужаліся - незнарок утопішся, юшка згарыць.

- Не згарыць, ды і ўтапіць мяне цяжка.

- Ты чаго адна ў Нёман лезеш?! Гэта табе не цётчыны начоўкі! - Коля ў гарачцы крычаў.

Дзяўчына збянтэжылася.

- А што ж мне з вамі лезці?- прамовіла Іна пакрыўджана. - У мяне купальніка няма, сам ведаеш, учора ўсё ў сумцы перавярнуў.

- Купальніка...? Мама, родная, - Коля раптам змоўк, асунуўся і пакульгаў да вады.

- Што гэта з ім?

- Кульнуўся ў яры.

- Ах, дык у яго ж нага. Коля, пачакай, я дапамагу. Ну, чаго ты ў галаву набраў, - ледзь ні са слязьмі, трошкі разгублена, пабегла за Колем.

Я глядзеў ім услед. Думаў. Гэта ж трэба такім сабрацца. Учора пазнаёміліся, а сёння нібы ўсё жыццё разам жылі. Ды што сёння, ужо ўчора так было. Агледзеўся. Ля палаткі ўсё акуратна прыбрана. Звараная юшка смачна пахла. Агонь затухаў. Трэба прынесці дроў. Узяў сякеру, памацаў вастрыё і, гледзячы на Колю з Інай, прачытаў куплет не то верша, не то песні:

Ой, мамка,

трэба мне жаніцца,

Я надта многа ем і мала сплю,

А калі сплю,

такое, мамка, сніцца,

Пайду я лепш

паленцаў пакалю...

Перакінуў сякеру з рукі ў руку і пайшоў у лес. У лесе натрапіў на паваленую хвойку, пачаў секчы ствол дрэва. Да палавіны дасекшы, стаміўся, прысеў, задумаўся - і навошта нам бервяно? Добра, раз пачаў - трэба скончыць, але чаму такая стомленасць? Ногі і рукі зрабіліся, як ватныя. У галаве круціліся розныя думкі. За пошукамі стомленасці не адчувалася. Напэўна, адбілася перажытая псіхалагічная напружанасць. Не экспедыцыя, а тэатр нейкі. Канешне, са сталасцю прыйдзе вопыт і практычнасць, але ж са сталасцю на нас сядзе пыл, і мы зробімся шэрымі. Усяму свой час, свая асаблівасць і прывабнасць моманту. Дык аб чым жа я думаю? Падняўся і пачаў секчы далей.

Адсечанае бервяно прынёс, паклаў ля патухлага вогнішча. Разуўся, мокры абутак паставіў на аголенае карэнне хвоі, на сонца. Коля нацягнуў вяроўку між дрэвамі і яны з Інай развесілі на вяроўцы мокрую вопратку. Потым выбралі месца ля палаткі, паслалі дзяружку, на якой размясціліся папалуднаваць. Усё адбывалася моўчкі, але ж так зладжана і па-гаспадарску арганізавана, быццам хтосьці нябачны кіраваў нашымі дзеяннямі.

Юшку елі разам. Цішыня, бязлюддзе, нават камары кудысьці прапалі. Коля ціхенька еў лыжкай з вялікага кубка і прыгаворваў:

- Ах, смачна... Нават не верыцца.

- Не здзекуйцеся з мяне, - Іна стаяла побач, непакоілася, - гаварыце праўду. Я юшку першы раз вару.

- Першы раз? - Вырвалася між волі. Трошкі задумаўся. Таленавітыя ў нас дзяўчаты. Пасля роспачы на беразе, калі спужаўся, што дзяўчына ўтапілася, за многія ўчынкі адчуваў сябе вінаватым. Усе сталі блізкімі, роднымі. Перабраў у памяці ўчарашні вечар. Зноў зазначыў, што нешта цікавае адбываецца. Каб не маўчаць, загадкава, прамовіў:


- Ужо ўчора заўважыў: Іна з сякерай - гэта сур'ёзна. Не, я не здзекуюся, наадварот, нават павагай пранікся. Тут вось што цікава: уражвае шалёная стыхійнасць абставін і нешта пабочнае, што непрыкметна праступае з цемры часу і падымаецца з глыбінь нашай унутранай сутнасці, нешта роднае і блізкае, адразу не абхопіш свядомасцю. Адно скажу, трэба раз пораз адрывацца ад нікчэмнай мітусні жыцця, каб, адасобіўшыся, зняць шапку перад так недарэчна забытым рэліктавым духам мясцовага народа і адчуць прысутнасць удзячнасці. Апошняе, не пустыя словы. Звярніце ўвагу, як утульна зрабілася, і цішыня. Гэта вечнасць дакранулася, спадчына. У апошні час зрэдку даводзіцца пачуць выказванне, сэнс якога, як пракляцце: "Нам выпала жыць на скрыжаванні вялікіх шляхоў гісторыі. На гэтым скрыжаванні калісьці вельмі даўно жылі людзі са сваёй мовай і самабытнасцю, зрабіўшыя важкі культурны ўплыў на суседнія народы. Тым часам драпежніцкія амбіцыі суседзяў ператварылі народ на гэтым скрыжаванні ў сапраўдных пакутнікаў. Вялікія ахвяры заклалі спадчыну, дзе незалежна, вораг, чужынец альбо свой, хто не ўшаноўвае памяць продкаў і нявечыць народ на гэтай зямлі, не мае будучыні".

Бескампрамісны наконт роднай мовы і беларускай самабытнасці, вечна апальны Алесь Белакоз, школьны настаўнік, заснавальнік Гудзевіцкага музея, часта з болем у сэрцы казаў: "Мы на сваёй зямлі перакаці-поле нейкае, трава без каранёў". Як бачыце, праўду казаў - гісторыю знявечылі, памяць продкаў не ўшаноўваем. І хто мы?... Вырадкі. Толькі гэта было ўчора з раніцы, а цяпер нешта іншае.

Вось якія справы.


Ну чаго прыціхлі? Юшка сапраўды смачная, нават не верыцца…


Гэтае апавяданне пабудавана на рэальных фактах з намерам прысвяціць свайму школьнаму настаўніку Алесю Белакозу да юбілею (80 год) ад выпускнікоў 1972 года Гудзевіцкай сярэдняй школы.

Аўтар - Грабавіцкі Дзмітры Васільевіч - нарадзіўся 14.03.1955 г. у вёсцы Пачуйкі, Ваўкавыскага р-на, Гарадзенскай вобласці.

Закончыў Гудзевіцкую сярэднюю школу ў 1972 г., у якой быў вучнем Алеся Белакоза, закончыў Беларускі тэхналагічны інстытут у 1982 г.

Месца жыхарства - г. Ліда.

Месца працы - ААТ "Лідабудматэрыялы", галоўны інжынер.

Гудзевічы, 2007 г. Зміцер Грабавіцкі



РУП "Белпошта" выпусціла маркаваны мастацкі канверт да 950-годдзя горада Браслава. Браслаў (Брачыслаўль), названы па імені князя Брачыслава Ізяславіча, унука Рагнеды і бацькі Ўсяслава Чарадзея, упершыню ўпамінаецца ў Хроніцы Быхаўца пад 1065 годам як горад Полацкага княства. Сёння Браслаў - цэнтр Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці.

Наш кар.


Методыка шчасця ад Алеся Белакоза

У Гудзевічах Мастоўскага раёна адбылася сустрэча ТБМ-аўцаў з легендарнай асобай, настаўнікам беларускай мовы сп. Алесем Белакозам.

Па першае, ён падзяліўся сваімі педагагічнымі сакрэтамі. Яны - у даступнай і простай сістэме апытання вучняў, якая не прычыняе стрэсу. Яго новая кніга называецца "Методыка шчасця". Па другое, Алесь Белакоз распавёў пра свае паспяховае змаганне з хваробамі і параіў усім ужываць крэмневую ваду. У 1986 годзе ён захварэў на рак нагі, але вырашыў адмовіцца ад аперацыі і выкарыстоўваў народныя метады лячэння. Яшчэ ён дапамагае сабе тым, што носіць медныя пласціны, любіць фізічную працу на свежым паветры.

Але галоўны сакрэт яго доўгага веку - у дабразычлівасці да дзяцей і дарослых, у краязнаўчых пошуках, энтузіязме захавальніка матэрыяльнай культуры беларускай вёскі.

Амаль усё жыццё Алесь Белакоз пражыў у роднай вёсцы. Тут ён атрымаў пачатковую адукацыю: да нямецкай акупацыі скончыў 5 класаў Гудзевіцкай сярэдняй школы. У перыяд вайны ён вучыўся з дапамогай сястры Веры. За час завочнай вучобы ў Гарадзенскім педагагічным універсітэце Алесь Белакоз быў настаўнікам пачатковых класаў, выкладчыкам фізікі і матэматыкі, па заканчэнні інстытута працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Гудзевіцкай школе. Да яго рана прыйшло пачуццё самасвядомасці: яшчэ ў канцы 1940-вых гадоў Алесь Белакоз друкаваў і распаўсюджваў антысавецкія ўлёткі. У 1960-тых гадах ён наладзіў ліставанне вучняў з вядомымі пісьменнікамі, прыцягнуў моладзь да даследчыцкай дзейнасці. У 1980-тыя гады ім быў створаны школьны краязнаўча-этнаграфічны музей, затым музей атрымаў новы будынак, пашырылася экспазіцыя. Алесь Белакоз напісаў кнігу " Музей ў Гудзевічах" пра стварэнне музея і сваіх юных памочнікаў. Для гэтага чалавека шчасце ў тым, каб працаваць для Беларусі, рабіць людзям дабро. А найбольш яму падабаецца апісваць жыццё патрыётаў свайго рэгіёну. Яго дэвіз - усё для Беларусі!

Э. Оліна. На здымках: 1. Алесь Белакоз; 2. Гудзевіцкі літаратурна-этнаграфічны музей.


"Будзьма!"

13 ліпеня (панядзелак) адбудуцца заняткі гістарычнай школы з Алегам Трусавым "Гісторыя ў падзеях і малюнках". Пачатак - 18. 30. Румянцава, 13 Уваход вольны. Наступныя заняткі адбудуцца адпаведна 20 і 27 ліпеня.


Дарагія нам шляхі-дарогі

27-28 чэрвеня чальцы Магілёўскага ТБМ разам з сябрамі з Асіповічаў і Менска здзейснілі вандроўку па Менскай і Гарадзенскай вобласці. Белы з зялёнымі палосамі камфартабельны аўтобус рушыў па маршруце: "Новае Поле - Валожын - Ліда - Мінойты -Вайцюшкі". Моладзь і людзі сталага веку падарожнічалі з песнямі, добрым настроем і зацікаўленасцю. Старшыня Магілёўскага ТБМ Алег Дзьячкоў ад пачатку падбадзёрыў удзельнікаў вандроўкі гульнёй "Эрудыт-лато" на веданне гісторыі і літаратуры.

У Новым полі падарожнікі агледзелі палац князёў Друцкіх-Любецкіх 19-га стагоддзя. З роду Друцкіх паходзіла маці Льва Сапегі. У сядзібе з 20-тых гадоў да 1939 года быў штаб беларускіх памежнікаў, зараз будынак належыць мясцоваму каледжу.

У Валожыне групу сустрэў гісторык і краязнавец Уладзімір Міхайлавіч. Ён распавёў пра гісторыю збудавання касцёла св. Юзафа, у гонар яго заснавальніка Юзафа Тышкевіча. У крыпце касцёла захоўваліся працяглы час парэшткі Тышкевічаў - адгалінавання роду Канстанціна і Яўстаха Тышкевічаў. Парэшкі Юзафа Тышкевіча ўпрыгожвала мармуровая пліта з выявай рыцара. Аднак, пасля 1963 года, пасля паўстання К. Каліноўскага, яны былі выдалены з касцёла, і будынак быў перададзены царкве. Гісторык дапамог агледзець палац Тышкевічаў (1782-1806), у якім сёння знаходзіцца міліцыя, жылы маёнтак, мясцовыя помнікі.

Значны час аддаў экскурсавод тэме духоўнага цэнтра юдаізму, які выконвала Валожынская ешыва (ешыбот, 1803). "Беларускім Рымам габрэяў " называлі менавіта Валожын. Тут дзейнічала вышэйшая навучальная ўстанова, якая рыхтавала рабінаў. На могілках спачываюць вядомыя ва ўсім свеце духоўныя лідары юдаізму. Насельніцтва мястэчкаў Ракаў, Івянец, Валожын, Вішнева было ў значнай частцы габрэйскім. Яны страшна пацярпелі ў гады Халакосту, у Ракаве і Івянцы былі створаны гета, загінулі тысячы людзей. Сям'я Шымона Пераса, прэзідэнта Ізраіля, эмігравала да вайны ў Палестыну. У 90-тыя - 2000-ныя гады Шымон Перас тройчы прыязджаў у родныя мясціны, спрыяў таму, каб будынак ешывы быў перададзены Менскай габрэйскай грамадзе і захоўваўся ў добрым стане.

Экскурсію па Лідскім замку праводіў малады краязнавец, супрацоўнік Лідскага музея Алесь Хітрун. Ён узгадаў, якія часткі забудовы былі пабудаваны пры князі Гедзіміне, якія - пры валадаранні князя Вітаўта. Наведвальнікі прайшлі праз брамы замка, агледзелі рыцарскія панцыры і шаломы, дакрануліся да каменняў і вялізных бярвенняў гаспадарчай забудовы. Увесь комплекс уздымае патрыятычны дух наведвальнікаў.

У Мінойтах вандроўнікі агледзелі касцёл Найсвяцейшага сэрца Езуса і св. Андрэя Баболі. У дарозе Алег Дзьячкоў распавёў пра жыццё і дзейнасць св. Андрэя Баболі (1591-1657), святара і прапаведніка, якому прысвяціў паэму Янка Купала.

Увечары грамада прыбыла на сядзібу сям'і Вайцюшкевічаў, што знаходзіцца недалёка ад берага Нёмана. На зялёнай паляне, якую ўпрыгожваюць кустоўі руж і яблыні, падарожнікі размясцілі намёты. Пасля вячэры ля вогнішча адбыўся сяброўскі канцэрт Змітра Вайцюшкевіча. Смелы і тэмпераментны артыст увесь не шкадуе сваіх сілаў і шчодра дзеліцца са слухачамі старымі і новымі песнямі, якія саграваюць сэрцы, надаюць натхненне і веру ў лепшыя чалавечыя якасці.

З самага роснага ранку, калі пара павольна ўздымалася над ракой, турысты перажывалі шчаслівыя імгненні еднасці з прыродай, сустрэчы з сунічнымі палянамі і лугамі, поўнымі кветак. Другі дзень падарожжа, сонечны і цёплы, быў прысвечаны знаёмству са Шчучынам, Мастамі, Воўпай, Гудзевічамі, Ваўкавыскам, Зэльвай, Сынкавічамі.

У Шчучыне вандроўнікі ўбачылі палац Сцыпіёнаў, касцёл і даведаліся пра існаванне калегіюма піяраў, дзе вучыўся сябра Адама Міцкевіча - Ігнат Дамейка ( 1802-1889), беларускі шляхціц, удзельнік паўстання 1930-31 гадоў, потым - нацыянальны герой Чылі, прафесар мінералогіі ўніверсітэта ў Сант'яга. У 2002 годзе ў выдаветве "Кнігазбор" выйшла на беларускай мове захапляльная кніга ўспамінаў Ігната Дамейкі "Мае падарожжы". Адважны шляхціц апісвае сваю экспедыцыю на караблі праз Атлантычны акіян, сустрэчу з Новым светам. Ён піша, як убачыў фартэцыі Рыа-дэ-Жанэйра, замак на гары Мантэвідэа, па-еўрапейску забудаваны Буэнас-Айрэс. У сваіх нататках наш суайчыннік апавядае пра небяспечны пераход на мулах цераз Кардыльеры, з якіх сыходзяць снегавыя лавіны. Ігнат Дамейка узгадвае моцныя каталіцкія традыцыі, якія захаваліся ў маладых лацінаамерыканскіх дзяржавах, атрымаўшых назалежнасць у 19-тым стагоддзі. "Дон Ігнацыё" чатыры разы выбіраўся рэктарам універсітэта ў Сант'яга і заслужыў імя "Вялікага асветніка". Ва ўзросце 82 гадоў І. Дамейка разам з сынам здзейсніў вандроўку на радзіму і маліўся ў касцёле ў Дзятлаве, як у дзяцінстве, разам са сваякамі. У тыя ж гады ён наведаў Італію, Палестыну і Егіпет. Яго прыклад усяляе адвагу.

У Мастах увагу ТБМ-аўцаў прыцягнуў самы доўгі пешаходны падвясны мост на Беларусі даўжынёй 193 метры. Ён дае магчымасць палюбавацца прасторам Нёмана і навакольнай прыродай. У Воўпе аўтобус спыніўся ля драўлянага храма св. Яна Хрысціцеля, якому больш за 230 гадоў.

Падарожнікі ўшанавалі памяць Ларысы Геніюш. Лекар - педыятр з Магілёва Ніна Осіпава падрыхтавала змятоўны даклад пра жыццё і дзейнасць паэткі, якая высока трымала людскую годнасць у цяжкія гады сталінскіх рэпрэсій. Яна была асуджана на 25 гадоў зняволення, з якіх адбыла ў лагерах 8 гадоў. Яе вершы былі моцнай падтрымкай для арыштаваных. З 1956 года Ларыса Геніюш жыла з мужам у Зэльве. Доктара паважала мясцовае насельніцтва, да пані Ларысы прыязджалі пісьменнікі і паэты: Васіль Быкаў, Ніна Мацяш, Рыгор Барадулін, Вольга Іпатава і іншыя. Яна напісала 5000 тысяч лістоў сваім сябрам. Іх пільна вычытвалі цэнзары, канфіскоўвалі і выкрэслівалі крамолу. Ларыса Геніюш не прыняла савецкага грамадзянства, заставалася грамадзянкай Чэхіі і БНР.

У Ваўкавыску да падарожнікаў далучылася актывістка БХД Валерыя Чарнаморцава. Яна суправаджала групу на могілкі, дзе спачываюць Янка і Ларыса Геніюшы, прачытала вершы мужнай змагарнай паэткі, напісаныя ў Комі і Мардовіі. Вандроўнікі схілілі галовы ля помніка Ларысы Геніюш, які знаходзіцца ў двары праваслаўнай царквы. Малады святар айцец Кірыл паказаў мемарыяльны куток, прысвечаны Ларысе Геніюш. У ім знаходзіцца фотаздымкі спадарыні Ларысы з яе сям'ёй і сярод мясцовых вернікаў, захоўваецца Евангелле, якое абклала аксамітам адданая верніца і паэтка.

У літаратурна-краязнаўчым музеі ў Гудзевічах адбылася сустрэча з 87-гадовым выкладчыкам, захавальнікам спадчыны, лаўрэатам прэміі "За свабоду думкі" Алесем Белакозам.

Сябры ТБМ у дарозе прывіталі сваіх юбіляраў: 70-гадовага старшыню Асіповіцкай раённай арганізацыі Сямёна Бародзіча і 60-гадовага Алеся Іванавіча Касцюковіча, актывіста Магілёўскага ТБМ, лекара-рэнтгенолага Магілёўскага дыягнастычнага цэнтра.

Вандроўнікі падзячылі арганізатарам падарожжа Алегу Дзьячкову і Сяржуку Дымкову за змястоўную экскурсійную праграму і добры адпачынак.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

На здымках: 1. Алег Дзьячкоў і экскурсавод з Валожына ля касцёла св. Юзафа; 2. Палац Тышкевічаў у Валожыне; 3. У Лідскім замку; 5. Сынкавіцкая царква; 6. Прастор Нёмана.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX