Вярнуцца: 2015

№ 42 (1245)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 42 (1245), 21 кастрычніка 2015 г.


БЕЛАРУСІ ПАТРЭБНА СВЯТА ПЧАЛЯРА

У Беларусі адзін за адным выходзяць і паступаюць у продаж самыя розныя календары. У іх ёсць усё: самыя розныя даты, юбілеі, святы - рэлігійныя, свецкія і савецкія. Ёсць Дзень маці, Дзень пажылых людзей, Дзень паэзіі, дні работнікаў розных галін прамысловасці, Дзень будаўніка, Дзень пажарнай службы і г.д.

Аднак жа ні ў адным календары няма Дня пчаляра. І гэта пры тым, што борці ў беларускіх лясах з'явіліся не адно тысячагоддзя таму назад, з'явіліся раней, чым першыя беларускія гарады. Каштоўнасць і карыснасць мёду была добра вядомая нашым продкам. Прыгадаем хаця б, што цела першай беларускай святой Ефрасінні Полацкай пасля яе смерці ў Святой Зямлі вязлі адтуль у труне, залітай мёдам.

Нельга сказаць, каб бортнікаў, а пасля пчаляроў не шанавалі на Беларусі. І шанавалі і любілі. Мёдам і частаваліся і лячыліся. Воск і за мяжу вазілі, і самі выкарыстоўвалі.

Пчолы ўдзячнымі грамадзянамі змешчаны на гербах г. Клімавічы, г. Чэрвень, пас. Відзы Віцебскай вобласці, на гербах гарадоў у іншых краінах-суседзях Беларусі.

Неафіцыйнае свята мёду праваслаўныя жыхары краіны спрабуюць адзначаць на Мядовы спас 14 жніўня, калі рэкамендуецца асвячаць свежы мёд. Католікі таксама маюць поўную магчымасць адзначаць свята мёду на Зельну 15 жніўня, калі асвячаюцца плады палёў і садоў.

Але прафесійнага свята пчаляра, як такога няма, а яно павінна быць хутчэй свецкім, чым рэлігійным, каб хоць пчол не падзялілі па веравызнаннях.

Уверасні 2014 года ў Адзіным дзяржаўным рэестры пад нумарам 591513708 быў зарэгістраваны Саюз пчалярскіх арганізацый "БелАпі-Юніян". Саюз з'яўляецца найбуйнейшым аб'яднаннем пчаляроў Рэспублікі Беларусь, як вытворцаў пчалярскай прадукцыі, так і камерцыйных арганізацый па рэалізацыі пчалярскага інвентару і пчолапрадуктаў.

Асноўная мэта саюза - падтрымліваць пчаляроў нашай краіны, спрыяць павялічэнню колькасці пчоласем'яў у краіне, укараняць сучасныя тэхналогіі пчалярства, амалоджваць пчалярскую галіну, павышаць яе прэстыж, ствараць новыя працоўныя месцы, папулярызаваць занятак пчалярствам, у тым ліку ў навучальных установах, а таксама паляпшаць якасць беларускага мёду і пчолапрдуктаў з наступным выхадам на сусветны рынак.

Заснавальнікі Саюза пчалярскіх арганізацый і юрыдычныя асобы, якія супрацоўнічаюць з ім у пчалярскай галіне Беларусі прынялі аднагалосна рашэнне аб заснаванні свята пчаляроў. Яго з'яўленне ў календары святаў Беларусі паспрыяе адраджэнню старажытных хрысціянскіх традыцый і будзе папулярызаваць занятак пчалярствам.

Саюз прапануе прызначыць свята на апошнюю суботу верасня кожнага года як Дзень пчаляроў, каб ужо можна было не толькі святкаваць, а і падводзіць вынікі пчалярскага сезону ў нашай краіне.

Аднак, каб свята на законных падставах трапіла ў календары, патрэбны ці то Указ Прэзідэнта краіны, ці пастанова Савета Міністраў, а таму важна, каб Саюз пчалярскіх арганізацый "БелАпіЮніян" падтрымалі пчалярскія масы або "пчалярская шляхта", як называе беларускіх пчаляроў старшыня Саюза капелан Уладзіслаў Завальнюк.

І наогул дзяржаве трэба было б звярнуць увагу на пчалярства, тады б на нашых кірмашах прадаваўся б не башкірскі ці алтайскі мёд, а віцебскі ды гомельскі, гарадзенскі ды берасцейскі, не кажучы ўжо пра клімавіцкі ды чэрвеньскі.

Яраслаў Грынкевіч.


"Будзьма!"

27 кастрычніка (аўторак) адбудуцца заняткі гістарычнай школы з Алегам Трусавым "Гісторыя ў падзеях і малюнках". Пачатак - 18.00 гадзін. Румянцава, 13. Уваход вольны.


130 гадоў з дня нараджэння Алеся Бурбіса

Аляксандр (Алесь) Лаўрэнавіч БУРБІС, псеўд. А. В., Стары Піліп (20 кастрычніка 1885, Вільня - 20 сакавіка 1922, Менск) - беларускі грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, акцёр і рэжысёр. Адзін з пачынальнікаў беларускага тэатра, аўтар даследаванняў па эканамічнай геаграфіі, гісторыі і этнаграфіі Беларусі.

Алесь Бурбіс нарадзіўся ў Вільні. Заснавальнік Віленскай арганізацыі Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады, член ЦК Беларускай Сацыялістычнай Грамады (1903). Адзін з кіраўнікоў рэвалюцыйнага руху на Ковеншчыне (1905), кіраўнік рэвалюцыйнай "Мейшагольскай рэспублікі" (1905).

Удзельнік рэвалюцыі 1905-07 гадоў. У жніўні 1906 г. арыштаваны і да 1909 г. зняволены ў турме.

Пасля жыў і дзейнічаў у Вільні, працаваў у Віленскім таварыстве сельскай гаспадаркі. Па яго ініцыятыве 12 лютага 1910 адбылася Першая беларуская вечарынка ў Вільні. З 1915 у Народным банку ў Маскве. Стваральнік і старшыня Маскоўскай арганізацыі БСГ (1917), удзельнік з'езду беларускіх грамадскіх дзеячаў (Менск, сакавік 1917). У 1918 консул Беларускай Народнай Рэспублікі ў Маскве. З лютага 1919 г. - у ВСНГ РСФСР, з траўня 1919 г. - у Наркамземе Літоўска-Беларускай ССР.

Член камісіі Мархлеўскага па пытаннях Рыжскага міру. Адзін з рэдактараў "Савецкай Беларусі" ў Смаленску. Член Камуністычнай партыі з 1921 г. З ліпеня 1921 г. намеснік наркама замежных спраў БССР. Член ЦВК БССР у 1921-22 гг. Удзельнічаў у распрацоўцы дагаворнай умовы паміж БССР і РСФСР, адзін з беларускіх падпісальнікаў Акту аб утварэнні СССР.

Выступаў у абарону самастойнасці Савецкай Беларусі, яе тэрытарыяльнай цэласнасці, культурна-духоўнай самастойнасці. Прапагандаваў неабходнасць кансалідацыі ўсіх плыняў беларускага нацыянальнага руху, у т.л. на эміграцыі. Яго ідэі, погляды і дзейнасць паўплывалі на фарміраванне дзяржаўнай палітыкі БССР у 1920-я гг., спрыялі ўзбуйненню тэрыторыі БССР.

Друкаваўся ў "Нашай Ніве" пад рознымі псеўданімамі. Аўтар шэрагу артыкулаў па нацыянальна-вызвольным пытанні (пасля лютага 1917), прац па гісторыі, этнаграфіі і эканоміцы Беларусі.

Хварэў на сухоты, ад якіх рана памёр.

Вікіпедыя.


125 гадоў з дня нараджэння Сяргея Палуяна

Сяргей Епіфанавіч ПАЛУЯН (19 кастрычніка 1890, мястэчка Брагін Рэчыцкага павета Менскай губерні - 20 красавіка 1910, Кіеў) - беларускі пісьменнік, публіцыст, літаратуразнавец.

Вучыўся ў Мазырскай прагімназіі, дзе зблізіўся з рэвалюцыянерамі, распаўсюджваў улёткі, пракламацыі, удзельнічаў у мітынгах. Пасля быў накіраваны ў гімназію ў Мітаве. У 1908 годзе ўвайшоў у кіроўны орган БСГ. Праз канфлікт з бацькам, які не падтрымоўваў рэвалюцыйную дзейнасць сына, з'ехаў у гэтым самым годзе ў Кіеў.

Аўтар празаічных твораў "Вёска", вершаў у прозе "Хрыстос уваскрэс" і іншых. Адзін з заснавальнікаў беларускай прафесійнай літаратурнай крытыкі. Аўтар артыкула "Аб нацыянальнай школе ў Беларусі", рэцэнзіі на кнігу "Другое чытанне для дзетак беларусаў" Я. Коласа. Складаў бел. хрэстаматыю для дзяцей.

С. Палуяну прысвечаны паэма "Курган" і верш Я. Купалы "Памяці С. Палуяна", зборнік "Вянок" і некалькі вершаў М. Багдановіча, верш у прозе "Раны" Ядвігіна Ш.

Вікіпедыя.


Мікалаю Даніловічу - 60

ДАНІЛОВІЧ Мікалай Аляксандравіч, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларускага і супастаўляльнага мовазнаўства Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Нарадзіўся 21 кастрычніка 1955 года на Гарадзеншчыне. Асноўныя кірункі навуковых даследаванняў - лексікалогія і фразеалогія беларускай мовы, супастаўляльная фразеалогія, беларуская дыялекталогія, методыка выкладання мовы, лінгвістычнае краязнаўства. Апублікаваў больш за 220 навуковых прац (у іх ліку 3 манаграфіі, 10 навучальных дапаможнікаў, 2 слоўнікі). Узнагароджаны Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (1992, 2005), медалём ГрДУ імя Янкі Купалы "За заслугі".

(Інтэрв'ю з Мікалаем Даніловічам чытайце на ст. 2.)


ПАКЛІКАННЕ СЛОВАМ

Інтэрв'ю з М.А. Даніловічам

Прафесар Мікалай Аляксандравіч Даніловіч, беларускі мовазнавец, доктар філалагічных навук. Асновай уласнага навуковага светапогляду лічыць беларускую фразеалогію. Рупліва збірае моўны неруш, каб паказаць гэтае багацце людзям. Ведае, што мова Гродзенскага рэгіёну - унікальная з'ява, якая патрабуе грунтоўнага вывучэння. Упэўнены, што адкрываць, бачыць, ствараць прыгожае ёсць прыроднай неабходнасцю чалавека. Як шаноўнаму прафесару праз усё жыццё ўдавалася выбудоўваць свае адносіны з часам і з людзьмі?

- Мікалай Аляксандравіч, сёння Вы выкладчык універсітэта, прафесар, вядомы навуковец. А як усё пачыналася? Якія радкі стаяць першымі ў Вашым жыццеапісанні?

- Нарадзіўся ў сялянскай сям'і ў лясной вёсачцы Бабіна Гродзенскага раёна. Бацька Аляксандр Іосіфавіч (1915-1982) і маці Галіна Кузьмінічна (нар. 1927) працавалі ў калгасе. Пазней бацька служыў лесніком у мясцовым лясніцтве. Пайшоў я ў школу ў 1963 годзе. Слова "пайшоў" ужываю тут вельмі дакладна і дарэчна. Васьмігадовая школа знаходзілася за тры кіламетры ў суседняй вёсцы Новая Руда, і даводзілася штодзень хадзіць туды і назад шэсць кіламетраў.

- Гісторыя сям'і закладвае фундамент, на аснове якога будуецца ўсё далейшае жыццё чалавека…

- На долю маіх бацькоў выпаў гаротны жыццёвы лёс. Бацька адпакутаваў сем гадоў нямецкага канцлагера (ад 1939 да 1945), усю сям'ю маці за сувязь з партызанамі ў 1943 годзе знішчылі немцы, а яе як непаўнагадовую пакінулі жыць, але вывезлі працаваць на баўэра ў Германію, адкуль вярнулася ў 1945 годзе і не застала, як яна кажа, "ні хаты, ні лапаты" - усё было знішчана нямецкімі карнікамі. Пасля вайны бацькі пачыналі з нуля: будавалі хату, заводзілі гаспадарку. Нарадзілі чатырох дзяцей (я самы малодшы). Каб пракарміцца і нейк больш-менш прыстойна жыць, бацькі працавалі ад цямна да цямна, зараблялі працадні ў калгасе і глядзелі ўласную дапаможную гаспадарку.

- Якое выхаванне было ў сям'і, якое дачыненне мелі бацькі да школьнай адукацыі сына?

- Дзеці не пакідаліся без працы: пасвілі жывёлу, касілі, палолі, аралі, капалі бульбу, збіралі грыбы і ягады на продаж, кармілі жыўнасць, якая мелася ў сваёй гаспадарцы: каня, кароў, свіней, курэй, гусей. На гульні і забавы не было часу. Штодзённая, нялёгкая праца аднак не зацяняла, а наадварот, пэўным чынам узмацняла імкненне да высокага, прыгожага. Маці знаходзіла час пачытаць кніжку і пракантраляваць вучобу дзяцей, праглядала дзённікі, сшыткі, хадзіла на бацькоўскія сходы, ганарылася поспехамі дзяцей. Часам, у крайніх выпадках, у якасці выхаваўчага сродку выкарыстоўвала звычайны дубец, калі "навука ішла туга". Заўсёды гаварыла: "Вучыцеся - людзьмі станеце".

- І як такое выхаванне паўплывала на самага малодшага ў сям'і?

- Я навучыўся чытаць яшчэ да школы. Старэйшыя браты Міша, Сярожа, сястра Ліля прыносілі мне з бібліятэкі дзіцячыя кнігі, і я з прагнасцю накідваўся на іх. Многа з прачытаных вершаў ведаў на памяць, яны запаміналіся нейк самі сабой, без спецыяльных намаганняў. Калі пайшоў у першы клас, па дарозе са школы амаль кожны дзень забягаў у сельскую бібліятэку, каб здаць учора ўзятыя і выбраць новыя кнігі. Нейк бібліятэкарка засумнявалася, ці прачытваю я ўзятыя кнігі. Можа толькі разглядаю малюнкі? Яна ўчыніла мне праверку. Папрасіла пераказаць сюжэты з тых кніжак, якія я чарговы раз прынёс здаваць. І была задаволеная, калі пераканалася, што усе кніжкі мною прачытаны.

- Калі Вы паспявалі чытаць? Трэба было да ўрокаў рыхтавацца і бацькам па гаспадарцы дапамагаць…

- Стараўся чытаць пры любым зручным выпадку. Хораша чыталася на прыродзе ў час пасьбы кароў. За адзін пастухоўскі дзень, калі каровы на добрай пашы былі спакойныя і, наеўшыся, адлежваліся, можна было асіліць цэлую кнігу. Любіў чытаць, калі ўсе ў хаце спалі. Рабіў з воску свечкі, залазіў на печ, зацягваў занавескі, каб не падала на хату святло ад свечкі, і зачытваўся да поўначы. Вельмі добра чыталася на пажарнай вышцы, ці, як у нас называлі, "на маяку". Зараз патлумачу. Летам у спякотны час леснікі па чарзе павінны былі дзяжурыць на вышцы, якая знаходзілася пры лясніцтве. У задачу ўваходзіла сачыць (з вышкі далёка відаць), ці не бачна ў акрузе дыму, які сведчыць пра лясны пажар, і ў выпадку выяўлення пажару дакладваць ў кантору. Я часта дзяжурыў за бацьку, гэта тады дазвалялася. Залазіў на вышку, а там - рай зямны. У спёку - прахалода, аніводнага камарыка ці авадня, якіх унізе цэлая процьма, спакойна, нішто не перашкаджае. І зачытваўся на працягу цэлага дня, аж да стомленасці ў галаве.

- Як выбіралі кнігі? Якія творы цікавілі найбольш?

- Напачатку сістэмнага выбару не было. Чыталася ўсё, што трапляла пад руку. Калі тонкія дзіцячыя кнігі з малюнкамі, што знаходзіліся ў бібліятэцы, былі прачытаны, бібліятэкарка пачала прапаноўваць больш "салідныя" выданні, напрыклад, зборнік беларускіх народных казак, творы Васіля Віткі, "Волшебник Изумрудного города" Аляксандра Волкава, "Приключения Тома Сойера" Марка Твэна. Пасля нейк сам сабой вызначыўся кірунак майго чытальніцкай зацікаўленасці - кнігі пра прыроду, узаемаадносіны чалавека з прыродай. Помню з захапленнем чытаў творы Віталя Вольскага, Міхаіла Прышвіна, Канстанціна Паўстоўскага, Аляксандра Фета, Фёдара Цютчава, "Рассказы о животных" Эрнэста Сетана-Томпсана, "Робинзон Крузо" Даніэля Дэфо, апавяданні і аповесці Джэка Лондана, "Старик и море" Эрнэста Хэменгуэя.

- Напэўна, захапленне светам прыроды і адпаведныя літаратурныя зацікаўленні выхоўваюцца наваколлем…

- Думаю, што так. Мая вёска размешчана ў жывапісным кутку Гарадзенскай пушчы. Ва ўсе часы важным жыццядайным кампанентам вяскоўцаў выступаў лес. Ён быў кармільцам, ахоўваў ад небяспекі ў ваенныя ліхалецці. Летам усе - і старыя і малыя - збіралі ў лесе сабе і на продаж грыбы і ягады і мелі ад гэтага нейкі прыбытак. На балоце нарыхтоўвалі сена на зіму каровам, коням, авечкам. Зімою мужчыны хадзілі на паляванне, пілавалі і лядавалі лес, выраблялі з драўніны посуд, вазы, сані, кросны, калаўроткі, плялі лапці з нарыхтаванага летам лыка, кошыкі з лазовых дубцоў і хваёвых каранёў. Лес не толькі даваў сродкі для існавання, не толькі дапамагаў выжыць, але наталяў прагу душы, якая імкнулася да чагосьці прыгожага, узнёслага, высакароднага. Я гэта бачыў на прыкладзе сваіх бацькоў. У святочны дзень, калі нельга працаваць, бацька любіў не спяшаючыся павандраваць па лясных сцежках. Маці ў пачатку грыбнога сезону, пасля першага выхаду ў грыбы, заўсёды дзялілася ўражаннямі, як прыемна ёй было сустрэцца з мілымі сэрцу мясцінамі, у якіх з табой "кожнае дрэўца гаворыць", хвалілася, колькі лісічак ці баравікоў знайшла "пад ялоўчыкам", "каля арэшніку", "каля бярозкі", "на каровячых сцежках". Такія неабыякавыя адносіны да прыроды, напэўна, перадаліся і мне.

- Які сэнс Вы ўкладваеце ў словы "лес наталяў прагу душы"?

- Душа чалавека, у якіх умовах ён ні знаходзіўся б, заўсёды імкнецца да прыгожага. Адкрываць, бачыць, ствараць прыгожае - гэта яго прыродная неабходнасць. А што можа быць прыгажэйшым за прыроду! З дзяцінства пачалі прыемна хваляваць натуральныя пейзажныя малюнкі: першыя праталіны на пагорках, клінок гусей, што адлятаюць у вырай, апошні пажоўклы лісток на вершаліне бярозкі, шум лесу пад націскам ветру, жабіныя канцэрты на возеры. Відаць, пад уплывам гэтага і прачытанай мастацкай літаратуры ўзнікла жаданне выказаць свае назіранні словам. З пятага класа пачаў пісаць вершы. Прычым вершы пра прыроду часам пісаліся на прыродзе: па дарозе ў школу ці са школы нараджаўся асобны верш ці яго фрагмент.

- Складзеныя вершы запісваліся ці трымаліся ў памяці?

- Запісваў, завёў для гэтага агульны сшытак.

- Ці хацелася пахваліцца сваімі творчымі набыткамі з іншымі?

- Нейк брат Міша папрасіў, каб я даў пачытаць сшытак з вершамі. Я з хваляваннем чакаў яго ацэнкі. Праз колькі дзён на стале ўбачыў свой сшытак, а ў ім укладзены лісток паперы з запісам:

Стихи твои плохи, приятель.

Ты зря истратил

бумаги лист.

Прости за грубость,

но мне кажется,

Что ты авантюрист.

- І якой была Ваша рэакцыя?

- Канешне ж, мне было балюча, хоць выгляду не падаваў і гаворку з братам наконт вершаў больш ніколі не заводзіў, як быццам нічога не здарылася. Аднак думка, што брат несправядлівы ў сваёй ацэнцы, мяне хвалявала. І я рашыўся паслаць адзін са сваіх вершаў у саюзную газету "Пионерская правда", што выдавалася ў Маскве. Праз колькі часу прыйшоў адказ, у якім рэдакцыя педагагічна тактоўна, узважана раіла больш чытаць класікаў літаратуры, назіраць, як яны абыходзяцца са словам, вучыцца пісаць у іх. Але жаданне апублікавацца пасля гэтага не прайшло. Акрамя вершаў, я пісаў яшчэ і празаічныя замалёўкі пра прыроду, пра цікавыя назіранні за дзікімі жывёламі, птушкамі. Адну з такіх замалёвак пад назвай "Лягушки-воровки" паслаў у "Гродзенскую праўду". О, колькі было радасці, калі ўбачыў у газеце, што мая замалёўка надрукавана!

- Пісалі Вы ў той час на рускай мове?

- Так, пачынаў на рускай мове, хоць вучыўся ў беларускай школе. Чаму - цяжка адказаць. Магчыма, руская літаратура выкладалася больш прафесійна і цікава, чым беларуская. Але аднойчы, здаецца, у сёмым класе, быў неверагодна ўражаны, калі адкрыў для сябе паэму "Новая зямля" Якуба Коласа. Чытаў і перачытваў многія раздзелы, пазнаючы ў шматлікіх фрагментах жыцця лесніковай сям'і Міхала і апісаннях прыроды такое для сябе знаёмае, блізкае, роднае. А якой прыгожай мовай гэта ўсё Якуб Колас малюе! Чытаеш - душа радуецца, абуджаецца невытлумачальна прыемнае хваляванне. Пасля гэтага адчуў, зразумеў прыгажосць роднага слова і пачаў спрабаваць пісаць па-беларуску.

- Магчыма, на гэты час і прыпадае вызначэнне прафесійнай будучыні...

- Яно, відаць, выспявала паступова. Помню, у сёмым класе напісаў сачыненне па рускай літаратуры на вольную тэму. Настаўнік Адамін Іван Іпалітавіч, якога я вельмі паважаў, не паверыў, што гэта я сам напісаў, і ўсё дапытваўся, адкуль я спісваў. Мне было вельмі крыўдна, бо і сюжэт сачынення прыдумаў я сам, і ніводнага радка не спісаў. З другога боку, падумалася: хіба някепска атрымалася, калі настаўнік не паверыў, што так мог напісаць вучань. Праз нейкі час гэты ж настаўнік, выслухаўшы маё вуснае выступленне на ўроку (не помню па якой тэме), вытрымаў паўзу і, сур'ёзна гледзячы на мяне, сказаў: "Паслухай, ты ж філолаг!" У гэтым узросце падлеткі кім толькі ні мараць стаць. І мяне словы настаўніка нейкім чынам "зачапілі", можа быць, сталі пэўным пачатковым арыенцірам у выбары прафесійнай жыццёвай сцежкі. Я працягваў многа чытаць, цяпер ужо пераважна беларускую літаратуру: Якуба Коласа, Івана Мележа, Яна Скрыгана, Рамана Сабаленку, Васіля Быкава і многіх іншых. Запомніўся і такі жыццёвы фрагмент. Нейк завітала да нас блізкая родзічка з суседняй вёскі Прыдоўгае Дарашкевіч Яўгенія і прынесла з сабой падборку шчучынскай раённай газеты "Савецкая вёска". З гонарам стала паказваць і чытаць у нумарах газеты апублікаваныя матэрыялы (вершы, апавяданні, карэспандэнцыі) сваёй дачкі Тамары, якая настаўнічала на Шчучыншыне. Мы з маці ўважліва слухалі, і мне зайздросна падумалася: вось бы я так напісаў. Лічу, што Тамара Фамінічна Дарашкевіч (Падзялінская), мая цётка, сваім прыкладам таксама закінула драбок прыхільнасці да беларускага слова. Дарэчы, сёння яна ў паважаным узросце, але працягвае публікавацца ў газетах, складаць вершы. Пасля васьмігодкі навучанне ў дзявятым і дзясятым класах працягваў у мястэчку Парэчча Гродзенскага раёна. Быў росквіт русіфікацыі. Школа была руская. Местачковыя дзеці імкнуліся і на ўроках, і па-за ўрокамі "ламацца" па-руску. Мы, выпускнікі навакольных васьмігодак, што прыйшлі давучвацца ў Парэцкую сярэднюю школу, выглядалі "дзяроўняй", бо нашае рускае маўленне было яшчэ горшае, чулася з жывым беларускім акцэнтам. Школа метадычна садзейнічала таму, каб мы зраўняліся з местачковымі, каб і ўзроўнем падрыхтаванасці, і маўленнем ад іх не адрозніваліся. Мяне ў глыбіні душы чапляла абыякавае стаўленне некаторых настаўнікаў да беларускай мовы, успрыманне яе як нечага непатрэбнага. Радавалі ўрокі беларускай мовы і літаратуры, дзе можна было цалкам разняволіцца, аддацца моўнаму самавыяўленню. Настаўнік Іван Ерамеевіч Бойка добра разумеў мяне, бачыў і ўсяляк падтрымліваў маё захапленне беларускай літаратурай. Магчыма, дзякуючы яму канчаткова выспела рашэнне паступаць на беларускую філалогію.

- Ці былі цяжкасці пры паступленні?

- Нельга сказаць, што паступіў без праблем. У 1973 годзе конкурс у Гродзенскім педінстытуце на спецыяльнасць "настаўнік беларускай мовы і літаратуры" быў сем з паловай чалавек на месца. Але ўступныя іспыты я здаў нядрэнна і ўпісаўся ў конкурс. Да таго ж і гэтак званая гендарная праблема. Акрамя мяне, на спецыяльнасць паступала яшчэ восем хлопцаў. І калі пасля рашэння конкурснай камісіі ў спісе залічаных я ўбачыў прозвішча толькі аднаго хлопца (а значыць - сваё), мяне ахапіў жах. Хацеў забіраць дакументы. Пасля жыццё паказала, што хваляваўся дарэмна: нават зусім нядрэнна быць такім адзіным на ўсю групу дзяўчат.

- У такіх умовах хацелася, напэўна, вылучацца, быць наперадзе…

- Трэба сказаць, што група студэнтаў падабралася вельмі сур'ёзная ў плане адносін да вучобы. Відаць, сваю добрую службу саслужыў вялікі конкурс, выявіў найлепшых. Толькі пару студэнтак на сесіях мелі здавальняючыя адзнакі, усе астатнія вучыліся на "выдатна" і "добра". Да заняткаў і экзаменаў рыхтавалія адказна. Ды і выкладчыкі тады ацэньвалі веды строга, ніякіх паблажак і скідак не было. У такой групе я не мог быць іншым, таксама многа рыхтаваўся і здаваў экзамены паспяхова, на гулі звычайна бракавала часу. Хаця бывала ўсякае.

- Ці складаліся ў новых абставінах вершы? Інстытуцкае асяроддзе выявіла, напэўна, і новыя зацікаўленні…

- Вершы пісаць перастаў. Спасцігаючы акадэмічныя тонкасці філалалогіі, пачаў разумець, што вялікага паэта з мяне не атрымаецца, дый нейк паэтычнае ўспрыманне свету прытупілася. Але імкненне пісаць, быць надрукаваным засталося. Захапіўся журналістыкай і фотажурналістыкай. Дасылаў у газеты карэспандэнцыі пра сваіх землякоў, пра студэнцкае жыццё, пра знакамітых людзей Гародні. Мае матэрыялы друкаваліся ў "Чырвонай змене", "Настаўніцкай газеце", "Гродзенскай праўдзе", "Сельской нови" і інш. Скончыў двухгадовы вячэрні Універсітэт грамадскіх карэспандэнтаў пры газеце "Гродзенская праўда", атрымаў пасведчанне грамадскага карэспандэнта. Адным словам, мне гэтым займацца было цікава.

- Ці падтрымалі Ваша журналісцкае захапленне на факультэце?

- Нейк Іван Якаўлевіч Лепешаў, прачытаўшы нешта з апублікаванага (не помню, у якой газеце), пры сустрэчы спытаў, ці не я гэта напісаў. Атрымаўшы сцвярджальны адказ, ён пацікавіўся, ці многа правак зрабіла рэдакцыя. Я адказаў, што амаль нічога не паправілі. Іван Якаўлевіч пахваліў і пачаў распытваць, ці даўно я пішу. Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч таксама нешта з майго прачытаў у "Гродзенскай праўдзе" і параіў напісаць у газету "Літаратура і мастацтва" пра літаратурнае аб'яднанне "Наднёманскія галасы", якое дзейнічала пры Гродзенскім педінстытуце. Адным словам, мае журналісцкія спробы не засталіся незаўважанымі.

(Працяг у наст нумары.)


"ПАЛАЖЫЛА РАДЗІМА МНЕ РУКІ НА ПЛЕЧЫ…"

Уладзіміру Паўлаву - 80

25 кастрычніка спаўняецца 80 гадоў вядомаму беларускаму пісьменніку Уладзіміру Паўлаву.

Нарадзіўся Уладзімір Паўлаў 25 кастрычніка 1935 года ў вёсцы Замошша Любанскага раёна ў сялянскай сям'і. Пасля заканчэння ў 1954 годзе Дарасінскай сярэдняй школы працаваў у любанскай раённай газеце "Кліч Радзімы". Служыў у Савецкай Арміі (1954 - 1957). У 1962 г. закончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў спачатку загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва, затым адказным сакратаром рэдакцыі газеты "Чырвоная змена" (1962 - 1967), адказным сакратаром кінабюлетэня "На экранах Беларусі" (1967 - 1971), літкансультантам Саюза пісьменнікаў Беларусі (1971 - 1972, 1986 - 1988), загадваў рэдакцыяй паэзіі, затым збору твораў і выбраных твораў выдавецтва "Мастацкая літаратура" (1972 - 1985). У 1990 - 1998 гадах У. Паўлаў працаваў намеснікам старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Пісаць вершы і апавяданні Уладзімір Паўлаў пачаў у пятым класе. Будучы старшакласнікам, два гады з'яўляўся рэдактарам школьнай насценнай газеты, у якой побач з творамі іншых вучняў змяшчаў свае вершы і нарысы. У гэты час ён актыўна супрацоўнічаў з любанскай раённай газетай "Кліч Радзімы": дасылаў туды вершы, замалёўкі, карэспандэнцыі з нагоды і інш. "Былі нумары, - прызнаваўся пісьменнік аднаму з аўтараў гэтага артыкула, - калі было па тры-чатыры мае матэрыялы…" Друкавацца ў рэспубліканскіх перыёдыках пачаў з 1954 года, калі газета "Піянер Беларусі" апублікавала яго верш "Слаўнае лета".

У 1960 годзе выйшаў першы зборнік вершаў Уладзіміра Паўлава "Узлётная паласа". Ён засведчыў моцны зарад шчырасці і дабрыні, маральнай чысціні лірычнага героя паэта, яго грамадзянскай і патрыятычнай заангажаванасці. Вершы "На павароце", "Бярозкі", "На граніцы", "Пахне зямля маладой збажыною…", "Узлётная паласа" і іншыя характарызаваліся свежасцю ўспрыняцця жыцця, душэўна-чалавечай цеплынёй, гуманістычнай напоўненасцю лірычнага перажывання, улюбёнасцю аўтара ў сваю зямлю і яе людзей. Адлюстраванне знешняга свету падзей і фактаў, паглыбленасць у асабісты жыццёвы вопыт, давер да ўнутранага стану асобы арганічна перапляталіся ў іх з узнёслай рамантызацыяй светаадчування, лірыка-інтымным пачаткам:

Восень лісцем апалым

рашыла прылегчы,

Адпачыць за зіму пад платамі сяла.

Палажыла Радзіма мне рукі на плечы

І шынель на ўсю службу салдацкі дала.

("Восень лісцем апалым рашыла прылегчы…")

Верш маладога паэта звяртаў на сябе ўвагу адмысловым вобразным малюнкам, выяўленчай фактурнасцю, характэрнай пластыкай суб'ектыўнага аналізу, натуральнасцю гучання:

Баян замоўк на развітальнай ноце

Ускрай сяла, каля чужых варот.

І вось ужо ў асенняй пазалоце

За гай забег знаёмы паварот.

("На павароце")

Гэтыя асаблівасці знайшлі сваё развіццё і паглыбленне ў наступных зборніках У. Паўлава - "Далягляд" (1964), "Светацені" (1967), "Начная балада" (1971), "Сонца купаецца" (1976), "Сляза на вейцы" (1982) і іншых, якія вызначаюцца абвостранай успрымальнасцю лірычнага героя, актыўным сцвярджэннем грамадзянскіх і гуманістычных прынцыпаў і ідэалаў. Мастацкі стыль паэта характарызуецца спалучэннем лірыка-апавядальнага пачатку і рамантычнага тыпу ідэйна-мастацкага дыскурсу. Многім яго вершам, напрыклад, такім, як "Вячэра", "Балада", "Зямля", "Хай дождж ліе - мы думаем дарогай…", "Люблю прахалоду вясновага бору…", уласціва значная ступень рэалістычнай канкрэтнасці адлюстравання рэчаіснасці, прадметнай выразнасці жывапіснага малюнка, непасрэднасці і дакладнасці душэўна-псіхалагічнага перажывання.

Аналізуючы творы паэта са зборніка "Сонца купаецца", А. Лойка падкрэсліваў: "За ўсімі гэтымі вершамі адчуваецца асоба глыбакадумная, засяроджаная не на дробязях, а на асноўным у лёсе сваіх сучаснікаў, у жыцці чалавечым увогуле, у сваім асабістым жыцці. Таму лепшыя вершы У. Паўлава і ёсць адкрыццё асобных з'яў, рыс часу, ёсць імкненне зразумець, ахапіць розумам тыя ці іншыя бакі жыцця, падысці да яго з высокімі меркамі любві да Радзімы і маралі нашага грамадства". Сапраўды, паэзія У. Паўлава звяртае на сябе ўвагу багаццем і разнастайнасцю праблемна-тэматычнага зместу, грунтоўнасцю асэнсавання грамадскіх працэсаў, тонкім майстэрствам раскрыцця ўнутранага свету асобы.

Творчая думка мастака актывізуецца ўсведамленнем багатага нацыянальна-гістарычнага мінулага беларускага народа, сваёй далучанасці да вялікіх спраў і здабыткаў продкаў, што знайшло выяўленне ў такіх вершах, як "Край мой", "Балада пра жаўранкаў Паўлюка Багрыма", "Што было на Беларусі" і інш. У першым з іх паэт пранікнёна сцвярджае:

Нямала зласліўцаў,

мой край, цябе ганілі:

"Што там шукаць

у глухой старане…"

Чорнай знявагай тады яны ранілі

Ў самае сэрца мяне.

……………………………………

Тураў і Полацк, лісты Баркалабава,

Раць Каліноўскага… Ўсё не злічыць!

Той, хто гаворыць,

што ты была слабаю,

Мая Беларусь, лепш няхай памаўчыць.

Духоўныя арыенціры паэзія У. Паўлава вывярае на прынцыпах народнай самасвядомасці, на тых маральных традыцыях і каштоўнасцях, якія прадукуе родная зямля. Думаецца, нікога не пакінулі абыякавым наступныя радкі паэта з верша "Залатая капейка цёткі Васілісы":

На лад замошскі цётка Васіліса

Казала бацьку, калі я хварэў:

"На госпада, Андрэйко, памаліса,

І ён к сабе яго не забярэ".

Яна вузельчык развязала нейкі,

І словы скаланулі, нібы гром:

"Вазьмі, Андрэйко, залату капейку,

Аддай, хай толькі лечаць, дактаром".

……………………………………....

Пасляваенне падцінала крысы.

Глядзела неядзь у прысмяглы збан.

Не выйшлі з фронту ў цёткі Васілісы

Мужык Пятрок і хлапчанё Іван.

Самой хоць выпраўляйся ў падарэйкі,

Каб слабы Аляксей не пух, не слеп.

"Ты вось што, Васа, забірай капейку,

Лепш з'ездзі ў Клецк

ды абмяняй на хлеб".

Лірычны герой У. Паўлава глыбока раскрываўся ў выяўленні народнай памяці вайны, у адлюстраванні балючых праблем і складанасцяў пасляваеннага аднаўлення. Паэтызацыя гераізму і мужнасці воінаў у яго суседнічала з праўдзівым паказам людскога гора, скалечаных чалавечых лёсаў, канкрэтных драм і трагедый, цяжкіх працоўных будняў, сіроцтва, матэрыяльных нястач і інш. Слова паэта крамяное, важкае, насычанае сацыяльнай праўдай, драматычна-трагічным народным вопытам:

Заместа жытла -

буданы ды зямлянкі,

Дзе тыф і сухоты касілі народ.

Шукае маленькае грудзі у мамкі,

А мамчыны косы ўжо ўмёрзлі у лёд.

("Папалена многа было ў нас фашыстам…")

Лірычны герой У. Паўлава задумваецца над складанымі маральна-этычнымі праблемамі жыцця чалавека:

Жывуча ў людской грамадзе

І знікне, напэўна, не скора:

"Няўласная слава гняце

І цешыць няўласнае гора.

("Няўдача, бывае, міне…")

Паэт перакананы, што

там, у свеце бесцялесным,

Душы той прыйдзецца балесна,

Што не балела на зямлі.

("Я не празорца ніякі…")

Што ж датычыць душы паэта, дык у ёй вострым болем адгукаюцца праблемы духоўнага жыцця грамадства, факты адступленняў ад спрадвечных маральных законаў продкаў, тая "жуда і бяда", якая ахапіла многіх сучаснікаў. "Фліртовая публіка ногі ля Вечнага грэе агню", прапалі кветкі на свежай магіле, выпіта "чарка нябожчыка". "Брат брату памерці пасобіў. Сын выпусціў бацьку духі". "Даўно перасталі здзіўляцца - Ніякага ў тым адкрыцця, - чытаем у вершы пад характэрнай назвай "Бяда", - Калі маладзенькая маці выносіць на сметнік дзіця".

Прыстойнасць сёння

проста не ў цане.

Другое шчасце сілу набірае.

І той з ухмылкай рукі пацірае,

Каторы больш удала абмане.

("Базар")

Будучы далучаным да ўсіх трывог часу, жывучы насычаным, паўнакроўным сацыяльна-маральным жыццём, лірычны герой У. Паўлава глыбока ўстрывожаны вострымі гуманістычнымі і грамадзянска-патрыятычнымі праблемамі беларускага грамадства, і найперш нізкім узроўнем нацыянальнай самасвядомасці народа, тым, што "Беларуская мова дайшла да мяжы…" "Вынішчылі дух нацыянальны і стадолу чыста падмялі… - чытаем у адным з вершаў паэта. - Гвалт у сполцы з дамарослым гнюсам выраклі народ ягоных слоў. І за гэта першым беларусам камунізмпаабяцаў Хрушчоў".

Не пакідаюць абыякавым пранікнёныя радкі паэта з верша пад характэрнай назвай "Народ, пачуй!", напісанага яшчэ ў 1988 годзе:

Клёкат горных арлоў,

шолах стэпавых траў -

У напевах, што селі за братні абрус.

Ну, а ты што маўчыш,

як вады ў рот набраў,

Чаму песні свае не пяеш, беларус?

………………………………………….

Калі ў Мінску гавораць араб ці індус -

Гэта звыкла,

як чуць птушанят у расе.

Калі ж я слова моўлю -

"Глядзі - беларус!" -

На мяне азіраюцца здзіўлена ўсе.

І далей аўтар пытае:

Як жа сталася так?!

Меўшы герб свой і сцяг,

Партызанскую славу і месца ў ААН,

Мы - нібыта не дома, а недзе ў гасцях,

І нам брат - той,

што выракся роду - Іван.

Вялікае месца ў паэзіі Уладзіміра Паўлава займае вобраз маці. Ён паварочваецца ў творах паэта самымі рознымі гранямі, высвечваецца мноствам фарбаў і адценняў, у багацці душэўна-псіхалагічных перажыванняў лірычнага героя, выяўляецца глыбока і ўсебакова. Вось паэт успамінае маму маладую, калі яна "зару залатую выпускала… з рукі" ("Помню маму яшчэ маладую…"), а тут яму ўяўляецца, як "яблыкі з мокрага саду мама ў прыполе нясе" ("Дошку ў штакетнік прыладжу…"). Пра маму нагадвае яму літаральна кожная дэталь на бацькоўскай сядзібе: "Тут Богавае "Зла не сатвары" я ўпершыню пачуў малым ад мамы" ("Адцвіў язмін у маміным двары…"). Адчуваючы сябе без маці прыгнечаным і безабаронным, лірычны герой паэта ў думках вядзе гутаркі з ёю, нібыта з жывою:

Безабаронны, як спусцелы двор,

Як паўз калодзеж гнуткая каліна.

Ці чуеш, мама, праз сявенне зор

Свайго дзіцяці думкі - думкі сына?

("Нашто я словы ўсе пакарыстаў…")

Да глыбіні душы кранае верш У. Паўлава "Маміна калыханка нада мною". Гэта выдатная мастацкая рэтраспекцыя канкрэтнага факту з жыццёвай біяграфіі паэта. Як вядома, бацька У. Паўлава Андрэй Максімавіч, перакананы камуніст-ленінец, у 1930-я гады працаваў старшынём калгаса "Ударнік" у вёсцы Замошша. За неправамоцныя, на думку ўпаўнаважанага, дзеянні па кіраўніцтве гаспадаркай быў асуджаны і два гады знаходзіўся на будаўніцтве Волгаканала ў Рыбінску. Дарэчы, пасля вяртання ў Беларусь працаваў старшынём Дарасінскага сельскага савета. Верш "Маміна калыханка нада мною" прасякнуты выразным лірыка-апавядальным пачаткам:

Спі, мая кропелька, знічка малая.

Вунь у акенца воўк пазірае.

Татка далёка канал капае.

Быў старшынёю

твой татка ў калгасе,

Калі бяскорміца ўсюль пачалася.

Тут і паставіў ён сабе свечку -

Зрэзаў з двух гумнаў стрэхі на сечку.

Ходзяць кароўкі, конікі сыты,

Але гуменцы тыя раскрыты.

І далей у вершы чытаем:

Вырасцеш, Бог дасць,

займееш крылле,

Тыя гуменцы з бацькам накрыеш.

Ночкаю доўгай птушка аддыша -

Дзетак малых яе вецер калыша…

Даволі часта паэтычнае дзеянне ў У. Паўлава грунтуецца на канкрэтных фактах жыццёвай біяграфіі аўтара, ідзе ад думкі, разгортваецца на свядомай рацыянальнай аснове. У той жа час гэтая думка сцвярджаецца не як голы сілагізм, а эмацыянальна, псіхалагічна насычана, набываючы тым самым сваю паўнакроўнасць і выразнасць, характэрную мастацкую сілу і пераканаўчасць, як у вершы "Перад "атакай":

Снег вісіць на верхавінах стромкіх

І бярозкі хіляцца к зямлі.

У трывозе стройныя сасонкі

Сыплюць іней нам на шынялі.

Дзяцел сухастой пакінуў чысціць,

А сарочы трэск - на ўсе лады.

І на дне акопа ў прэлым лісці

Пад нагамі ездзяць жалуды.

Мастацка-вобразныя структуры паэта вызначаюцца нечаканасцю супастаўленняў, суаднясеннем розных па сваім характары і маштабе фактаў і працэсаў, кантрастнасцю колераў і адценняў, перападам рытміка-інтанацыйнага гучання: "Мы паўзводна выносім з густога сасонніку прапацелую стому, і смагу, і глей" ("Навальнічныя хмары пайшлі за вятрыскамі…"), "Па узлессі ад самай вёскі, абыходзячы ўсе пасты, акружылі наш лагер бярозкі і схаваліся за кусты" ("Бярозкі"), "Доіць восень з набрынялай хмары тоненькія нітачкі дажджу", "Тры гады ў грудзях пад гімнасцёркай лепшай марай трапятала ты" ("Доіць восень з набрынялай хмары…"), "Заняможа на золку, суцішыцца лівень, перакіне вясёлку задумлівы жнівень" ("Пераблытаны ўсе…"), "І мы, цішынёю раптоўнай кантужаны, выглядваць бацькоў на застрэшкі ўзлазілі" ("Было, як і помніцца, неба захмараным…"), " Звісаюць долу з дахаў ледзяшы, як грабянцы, вясне расчэсваць косы" ("Адзінства").

Мы сустракаем у У. Паўлава вершы-ўспаміны, вершы-роздумы, вершы-імпрэсіі, вершы, аснову якіх складаюць інтымна-пейзажныя малюнкі:

Вее жнівень даспелым жытам.

Зайчаняты паснулі ў аўсе.

Бляклы месяц, каймой абшыты,

Пераспелае лета пасе.

Пойдзем мы за сяло на ўзгорак,

Дзе пад кручамі спіць рака.

Для вясельнага там вянка

Налаўлю зіхатлівых зорак.

("Вее жнівень даспелым жытам…")

Пяру У. Паўлава належаць таксама паэмы "Вернасць" (1963), "Стук падковы" (1971) і інш.

Напрыканцы 1960-х гадоў Уладзімір Паўлаў адкрыўся нам як празаік. У 1968 годзе выйшла яго аповесць "Пажарніца", станоўча ўспрынятая грамадскасцю і крытыкай, а праз два гады - кніга "Годы нашы - птушкі", якую склалі аповесці "Спелыя травы" і "Яжэліха".

Проза паэта? Проза паэта ва ўсёй станоўчасці гэтага вызначэння! Цікавая, арыгінальная, сакавітая, метафарычная.

Гераіня "Спелых траў" - Уля - перад вайной паспела скончыць дзесяць класаў і збіралася паступаць у інстытут. Але лёс распарадзіўся па-іншаму - давялося стаць у шэрагі змагароў. Аўтар паказвае супрацьлегласць і несумяшчальнасць паняццяў "вайна" і "жыццё", сцвярджае гераічны пачатак у паводзінах чалавека.

Найбольш вядомая аповесць У. Паўлава "Яжэліха", у якой абмалявана простая беларуская жанчына, здольная на высакародныя ўчынкі, на подзвіг. Прататып Яжэліхі - маці пісьменніка.

Значную цікавасць уяўляюць таксама аповесці "Нас поле не насеяна" і "Чуж-чужаніца", а таксама апавяданні "Бацечка" і "Сіняе мора". I тут вядучая тэма - таксама вайна. На вайне выразней відаць каштоўнасці чалавечага жыцця. Лёс роднай зямлі, бацькаўшчыны, народа, чалавека - сукупнасць гэтых вымярэнняў характарызуе ўсю прозу У. Паўлава. Яго аповесці можна разглядаць як раздзелы аднаго вялікага рамана, аб'яднанага адзінствам капцэпцыі і дзеяння.

Мастацкія вобразы У. Паўлава здзіўляюць сваёй пераканальнасцю, ідэйнай і эмацыянальнай ёмістасцю. Возьмем вобраз, які вынесены ў назву кнігі - "Сляза на вейцы". Ён у многім сімвалізуе наш трывожны, суровы час, калі пад пагрозай аказалася само жыццё чалавека.

Мой свет пяшчотны,

мой свет суровы,

Як спеў жалейкі.

Ты, як слязіна, што ўжо гатова

Сарвацца з вейкі.

Свядомасць паэта ахоплівае ўвесь сучасны свет - у яго знаходзім глыбокае разуменне сапраўдных маштабаў жыцця, яго трывог і клопатаў. Паэт імкнецца раскрыць тыя сувязі, якія злучаюць агромністы свет практычнай дзейнасці чалавека з яго маральным, духоўным самаадчуваннем.

Свае трывогі, людское шчасце

Цаніць умейце.

Яшчэ не позна, не дайце ўпасці

Слязе на вейцы.

Добра сказана - шчыра і пераканаўча. Тут арганічна паядналіся боль і пяшчота, споведзь і пропаведзь, лірыка і публіцыстыка, непрыняцце вайны і шчыры голас у абарону міру. Багацце ўражанняў, драматызм і напружанасць пачуццяў, шчырасць душы, тонкасць і глыбіня перажыванняў робяць творчасць У. Паўлава значнай з'явай у сучаснай беларускай літаратуры.

Уладзімір Паўлаў добра вядомы і як дзіцячы пісьменнік, а таксама перакладчык. Ён выдаў кнігі для дзяцей "Дазор на Сухой Мілі" (1999), "Згадка на дабро" (2004) і інш., кнігі перакладаў "Чужая дачка" (1979), "Момант ісціны" (1984), "Поціск рукі" (1991) і інш.

Віншуем паважанага Уладзіміра Андрэевіча са слаўным юбілеем. Жадаем яму моцнага здароўя, смаку да жыцця і новых цікавых кніг.

Уладзімір Гніламёдаў, Мікола Мікуліч.


Беларускія гурткі ў Магілёве

Некалькі апошніх "беларускіх гурткоў", што традыцыйна збіраюць сяброў магілёўскага ТБМ на штотыднёвыя размовы па-беларуску, і на якіх мы ўзгадваем пра культурніцкія падзеі, гістарычныя даты і выбітных асобаў беларушчыны, былі прысвечаныя зусім розным тэмам і часам, але іх аб'яднала адна галоўная ідэя - прыналежнасць нас да еўрапейскай гісторыі і сучаснасці.

Адзін з гурткоў 24 верасня правёў наш сябра Віталь Еўмянькоў, дацэнт кафедры журналістыкі МДУ імя Куляшова. Ён падзяліўся сваймі даследаваннямі еўрапейскага перыядычнага друку часоў Лівонскай вайны, у прыватнасці адной чэшскай газеты тых часоў, у якой вельмі падрабязна асвятляліся падзеі на Усходзе, а вялікая і асобная нататка была прысвечаная захопу войскамі Івана Жахлівага старажытнага Полацка, які быў ім цалкам зруйнаваны. З гэтага ды некаторых іншых еўрапейскіх выданняў, якія адшукаў спадар Віталь, выразна вынікае выснова, што і ў тыя далёкія часы еўрапейцы былі ўстурбаваныя лёсам краіны, што ў чарговы раз апынулася на шляху ўсходняга дэспатызму, і якую яны лічылі часткай сваёй цывілізацыі.

Наступны гурток 1 кастрычніка перанёс нас у самую што ні на ёсць сучаснасць. Наша, знакамітая ўжо на ўсю Беларусь, пісьменніца і паэтка Таццяна Барысік атрымала ў якасці прэміі за сваю кнігу "Жанчына і леапард" магчымасць пажыць у Швецыі сярод сваіх калегаў па творчым цэху з розных краінаў Еўропы. Таццяна падзялілася з намі цёплымі ўражаннямі пасля гэтай сваёй творчай вандроўкі ў халодную паўночна-марскую, здавалася б такую экзатычную для нас, але, як аказалася, і вельмі падобную краіну з блізкімі нам у нечым па сваіх традыцыях людзьмі.

Ну а на самым нядаўнім гуртку 8 кастрычніка мы віртуальна павандравалі з пілігрымкай да Фацімскай Божай Маці. Наш сябар Людміла Папкова разам з іншымі беларускімі вернікамі наведала некалькі святых для каталікоў ды і ўсіх хрысціянаў мясцінаў у Іспаніі, Францыі, Нямеччыне і Польшчы. Мы ўбачылі ўсё тое, што заўважыў фотааб'ектыў спадарыні Людмілы, а яна сама падрабязна распавяла пра гісторыі і праявы, што адбываліся ў тых краях і шмат якія з іх наўпрост пераклікаліся з падзеямі на нашых землях.

А наперадзе нас чакае яшчэ шмат цікавага і пазнавальнага, пра што можна ўзгадаць і аб чым паразмаўляць і паразважаць.

Алесь Сабалеўскі.


ТБМ прапануе выдаць усе творы Святланы Алексіевіч на беларускай мове

Міністру адукацыі

Рэспублікі Беларусь

М. А. Жураўкову,

вул. Савецкая, д. 9,

220010, г. Мінск,

Шаноўны Міхаіл Анатольевіч!

У СМІ прайшла інфармацыя, што ў бліжэйшы час у беларускіх школах пачнуць вывучаць творчасць Нобелеўскага лаўрэата па літаратуры Святланы Алексіевіч.

Мы вітаем такі еўрапейскі падыход, але ў нас выклікала заклапочанасць, што вывучаць творчасць Святланы Алексіевіч збіраюцца на рускай мове. Святлана Алексіевіч - беларускі Нобелеўскі лаўрэат, і вывучэнне яе твораў павінна ісці на беларускай мове. І не важна, што кнігі Святланы Алексіевіч напісаны па-руску. І Гусоўскага, і Міцкевіча ў школах вучаць па-беларуску, хаця іхнія творы напісаны на латыні і польскай мове. Чаму Алексіевіч павінны вучыць па-руску? Кнігі Алексіевіч ніякага дачынення да рускай мастацкай літаратуры не маюць. Дастаткова нашым дзецям чытаць па-руску Пушкіна, Чэхава і іншых пісьменнікаў.

Гэта будзе цалкам адпавядаць наступнаму выказванню Кіраўніка нашай дзяржавы: "Беларуская мова з'яўляецца важнейшым нацыянальным культурным здабыткам".

З павагай Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" А. Трусаў.


Міністру інфармацыі

Рэспублікі Беларусь

Ананіч Л.С.

Пр. Пераможцаў, 11,

220004, г. Мінск

Шаноўная Лілія Станіславаўна!

Як Вам, безумоўна, вядома, нядаўна беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры.

Беларускія СМІ сцвярджаюць, быццам дзяржаўныя выдавецтвы за апошнія 20 гадоў не выдалі ніводнай кнігі Святланы Алексіевіч.

Мы думаем, што Міністэрства інфармацыі неяк будзе рэагаваць на гэтую сітуацыю, і прапануем наступнае:

- выдаць усе кнігі Святланы Алексіевіч за дзяржаўны кошт на дзяржаўнай беларускай мове годнымі накладамі, каб у кожнай бібліятэцы Беларусі і ў кожнай кнігарні былі кнігі Нобелеўскага лаўрэата па-беларуску;

Такія дзеянні будуць цалкам адпавядаць наступнаму выказванню Кіраўніка нашай краіны: "Беларуская мова з'яўляецца важнейшым нацыянальным культурным здабыткам".

З павагай,

Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" А. Трусаў.


Памятныя камяні і мячы паўсталі на месцы яшчэ адной бітвы часоў ВКЛ

Мемарыяльныя камяні і мячы-крыжы з'явіліся нядаўна на месцы бітвы каля вёскі Кушлікі на Полаччыне, дзе ў 1661 годзе нашы ваяры Казіміра Жаромскага і Стэфана Чарнецкага разбілі армію маскоўскага ваяводы Івана Хаванскага.

У выніку перамогі было захоплена шмат палонных, увесь абоз і артылерыя непрыяцеля, а таксама 130 варожых сцягоў. Пасля разгрому пад Кушлікамі расейскія войскі мусілі часова спыніць ваенныя дзеянні на абшары Беларусі.

nn.by.


ВЫЙШЛА З ДРУКУ КНІГА ПРА БЕЛАРУСКАГА ТАТАРЫНА ЯКУБА ЯКУБОЎСКАГА

28 кастрычніка 2015 года ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Акадэміі навук Беларусі на 1-ым паверсе ў 16 гадзін будзе прэзентацыя гэтай кнігі.

Што падштурхнула нас да стварэння гэтай кнігі? Вельмі захацелася пакінуць нашчадкам памяць пра Якубоўскага Якуба Адамавіча як выдатнага прадстаўніка татарскага этнасу ў Беларусі, аднаго з генератараў нацыянальна-культурнага адраджэння ў 1970-х і 1990-х гадах.

Яго маладыя гады праходзілі ў мястэчках Камаі і Відзы, дзе няшмат было знакамітасцей, але жылі вельмі сціплыя, працавітыя, добразычлівыя людзі. Сям'я Якубоўскіх напоўніцу паспытала выпрабаванні лёсу: у дадатак да сталінскіх рэпрэсій давялося перажыць і самую лютую калатнечу Другой сусветнай вайны.

Жыццё аднаго чалавека - толькі імгненне ў развіцці народа, чалавецтва ў цэлым. Але прагрэс складаецца з досведу, дзеянняў асобных людзей, творчасць якіх рухае цывілізацыйны працэс. Паводле трапнага выказвання беларускага гісторыка Міколы Ермаловіча: "Гістарычны вопыт - гэта адна з тых, неабходных для народа ношаў, з якой ён бярэ патрэбныя для поступу наперад жыццёвыя рэсурсы". Без апісання дзейнасці канкрэтных людзей гісторыя чалавецтва стала б фармальнай, бязлікай.

Было б неабачліва і несправядліва не пакінуць пра Якуба Якубоўскага ўспамінаў. Ягоны жыццяпіс павінен застацца ў гісторыі як прыклад сумленнасці, працавітасці, сціпласці. Ён ніколі не выхваляўся зробленым, не быў кар'ерыстам. Тым не менш яго ведалі як таленавітага, глыбока дасведчанага энцыклапедыста. У ім арганічна спалучалася душа навукоўца і практыка местачкоўца - энергічнага прафесійнага арганізатара ў абраным абсягу дзейнасці.

Аднойчы, пасля перапісу насельніцтва Беларусі ў 1989 годзе хтосьці са знаёмых Якуба Адамавіча паблажліва заўважыў: "Ну колькі вас, татараў, - нейкая жменька". А ў адказ пачуў: "Нас з беларусамі дзесяць мільёнаў!" Быццам жарт, але яго часта паўтараюць беларускія татары, ён стаў папулярным на форумах у сусветным павуцінні. Бо ў гэтым афарызме заключаны глыбокі сэнс - у ім наша еднасць, наша сіла, наша вера ў тое, што мы не прападзём, бо мы разам. Нам здаецца, што гэтае выказванне Якуба Якубоўскага адлюстроўвае 600-гадовую повязь беларускага і татарскага народаў на землях нашай Бацькаўшчыны, узаемаўзбагачэнне нашых культур, сумесную гісторыю. Татары ў Беларусі да гэтага часу жывуць на землях, дзе пасяліў іх продкаў-ваяроў Вітаўт Вялікі. Месцы найбольш кампактнага рассялення татараў і іх адноўленыя мячэці акрэсліваюць асяродкавыя землі летапіснай Літвы - гэта Наваградскі, Івейскі, Лідскі, Клецкі, Нясвіжскі і суседнія раёны. Пакліканыя Вітаўтам, яны быццам да гэтага часу ахоўваюць сэрца Вялікага Княства Літоўскага. Сярод беларускіх татараў шмат выдатных асобаў, што праславілі нашу зямлю. Да іх ліку належыць і Якуб Адамавіч Якубоўскі, географ, гісторык, філолаг, энцыклапедыст нашага часу, стваральнік на беларускай мове першага часопіса беларускіх татараў-мусульманаў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі. Яго імя занесена ў кнігу гонару "Рупліўцы твае, Беларусь".

Загалоўкам кнігі мы абралі радок гімна татараў Беларусі "Мы з Іманам жывём на зямлі Беларусі", словы якога напісаў Якуб Якубоўскі, а варыянты музыкі стварылі татарскія кампазітары Алег Гембіцкі разам з Якавам Канапацкім і 12-гадовая Дзінара Мазітава. Менавіта Іман - свяшчэнная вера татараў-мусульманаў дапамагла ім захаваць на землях Беларусі, Літвы і Польшчы сваю адметнасць. І яшчэ - упэўненасць у тым, што "...мы, татары, народ небольшой, но вместе с 10-миллионным народом Беларуси нечто значим в мире" (Аляксей Каўка, 1998, с. 238), і, як лічыць знакаміты беларускі літаратуразнаўца з Масквы, гэтае "нечто" бліскуча рэалізавана ў лёсе і творчасці многіх знакамітых татараў з Беларусі.

Кніга ўтрымлівае нарысы пра родныя мясціны, дзяцінства, сям'ю Якуба Якубоўскага, яго асабістыя артыкулы, нататкі і інтэрв'ю. У кнізе змешчаны таксама ўспаміны людзей, з кім Якуб Адамавіч разам працаваў, змагаўся за беларускую і татарскую справы, што дазваляе больш глыбока зразумець Асобу гэтага чалавека.

Іван Драўніцкі, Таццяна Якубоўская.


3 лістапада 2015 г.

адбудзецца прэзентацыя зборніка

Уладзімір Высоцкі. ПРА ЖЫЦЦЁ, ПРА ВОЛЮ, ПРА СЯБЕ…

Зборнік утрымлівае арыгіналы і пераклады на беларускую мову 45 твораў Уладзіміра Высоцкага, найярчэйшага савецкага (ці, лепш бы сказаць, несавецкага) паэта, спевака, актора, у драматычным і трагічным лёсе (і адпаведна ў творчасці) якога яскрава і выразна адлюстравана адна з найбольш складаных эпох гісторыі Расіі і СССР, а таксама роздум перакладчыка аб жыцці і творчасці Высоцкага.

Пераклады твораў Высоцкага і прысвечаных яму вершаў Б. Акуджавы і А. Гарадніцкага

зрабіў Міхась Булавацкі.

Пачатак а 17-й гадзіне ў сядзібе ТБМ (вул. Румянцава, 13, г. Менск).

Для даведак: bulavacki gmail.com +375 444 779 222 (V)


Язэпу Палубятку - 60

14 кастрычніка, беларускі грамадска-культурны дзеяч, журналіст і пісьменнік з Мастоў Язэп Палубятка адсвяткаваў свой юбілей - 60-годдзе з дня нараджэння. На працягу доўгага часу ён супрацоўнічаў з часопісам "Вожык". Друкаваўся таксама ў часопісах "Родная прырода", "Алеся". Шэраг апавяданняў з'явіўся ў часопісе "Першацвет", жарты публікаваліся ў газеце "Наша слова", хоку - у "Культуры". Ён з'яўляецца аўтарам чатырох друкаваных аповесцяў. На старонках "Маладосці" былі змешчаны "Вялікая жнівенская" ды "Прыгоды Мармулка". "Салдацкае евангелле" друкавалася ў "Крыніцы" і было прызнана лепшым творам года. Сатырычная аповесць "Дуралесіца", напісаная ў 1989 годзе, пабачыла свет на старонках "Нашага слова". У "Нашым слове" Язэп Палубятка доўгі час быў сябрам рэдкалегіі, некалькі разоў вёў пастаянныя рубрыкі. Супрацоўнічаў з незарэгістраванай лідскай газетай "Голас Ліды", дзе вёў рубрыку "Львоўскія анекдоты".

Язэп Палубятка выдаваў незарэгістраваную газету "Мастоўскі веснік", мастоўскую версію газеты "Тэлескоп", доўгі час працаваў у газеце "Новы час".

Дзякуючы Язэпу Палубятку і яго землякам, быў адноўлены помнік паўстанцам 1863 года ля вёскі Пацавічы Мастоўскага раёна, а таксама - помнік воінам 70-га Гарадзенскага дабраахвотнага палка 1 БЛД у Левых Мастах, якія падчас савецка-польскай вайны ў ліпені 1920 года на пераправе цераз Нёман разбілі 6-ю армію бальшавіцкага камандарма Лазарэвіча. Спадар Палубятка даследаваў бой расейска-германскіх войск у жніўні 1915 года ля вёскі Дашкаўцы, дзе з абодвух бакоў загінула па тысячу чалавек. На пытанне, з якім настроем Язэп Палубятка сустрэў свой юбілей, ён адказаў так: "Юбілей сустрэў з працоўным настроем. Акрамя працы ў "Газеце Слонімскай" карэспандэнтам па Мастоўскім раёне, працую фізічна. Працую, каб здабыць сродкі для выдання сваіх даўно напісаных твораў. А таксама маю надзею дажыць і пабачыць новую Беларусь!".

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Давыдоўскі Ігар - 200 000 р., г. Менск

2. Бакіноўскі Валянцін - 50 000 р., г. Менск

3. Невядомы - 100 000 р., г. Менск

4. Нюнька Хведар - 10 еўра, г. Вільня

5. Супрановіч Віталь - 450 000 р., г. Менск

6. Ільюкевіч Уладзімір - 170 000 р., г Менск

7. Бамбіза Мікола - 600 000 р., г. Менск

8. Шкірманкоў Фелікс - 100 000 р., г. Слаўгарад

9. Прылішч Іраіда - 100 000 р., г. Менск

10. Глебік Юры - 200 000 р., г. Свіслач

11. Рабека Мікола - 200 000 р., г. Менск

12. Зылькоў С.П. - 200 000 р., г. Гародня

13. Кукавенка Іван - 100 000 р., г. Менск

14. Раманюк Таццяна - 150 000 р., г. Менск

15. Яўмен Настасся - 50 000 р., г. Менск

16. Жук Анатоль - 50 000 р., г. Слуцк

17. Лягушаў Алег - 100 000 р., ст. Ясень, Асіповіцкі р-н

18. Бойса І. Б. - 300 000 р., г. Ліда

19. Данілюк Віктар - 100 000 р., г. Менск

20. Шашыташвілі Марыя - 30 000 р, г. Менск

21. Богдан Наталля - 200 000 р., г. Берасце

22. Панамароў Сяргей - 300 000 р., г. Менск

23 Ляўшун Дзяніс - 100 000 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Беларускі нацыянальны касцюм

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Святочным і прадстаўнічым сімвалам улады вялікага князя (караля) з XIII ст. былі каштоўныя карона і карона-стафанас. Карона-стафанас мела нізкую туллю і ўпрыгожвалася ў цэнтры крыжам і дзвюмя прымацаванымі падвескамі-перпендуламі (ніцямі з каштоўнага металу ці перлаў).

Баяры і мяшчане ВКЛ насілі шапку конусападобнай формы - "шлык", а таксама "каўпакі" і "каптуры", якія былі цалкам з футра ці сукна, падбітага футрам.

Сярод магнатаў была пашыранай ва ўжытку маленькая шапачка пад назвай "ялмонка", "ермынка", "елмынка", "ялмынка", якую насілі пад іншага роду шапкай. Такая шапачкая была тыповай шапкай духавенства, мела невялікі памер і толькі прыкрывала макаўку.

Саламяныя капелюшы (брылі) у XVII-XIX стст. былі летнім галаўным уборам сялян, гараджан і нават сярэднезаможнай шляхты на вёсцы. Яны выкарыстоўваліся побач з лёгкімі шапкамі з тканіны блакітнага колеру. Саламяныя шапкі пляліся з жытняй ці пшанічнай саломы, радзей - з чароту. Заможнае дваранства ў XIX ст. адмовілася ад саламянага капелюша.

У XVIII - пачатку XIX ст. шляхта насіла канфедэраткі, якія аздабляліся часта пер'ямі рэдкіх птушак. У XIX ст. сярод заможнага двараства ў моду ўвайшлі капелюшы цыліндрычнай формы ("цыліндры"). Цыліндры былі з шырокімі закручанымі ці вузкімі плоскімі палямі, іх форма часта змянялася.

Традыцыйным зімовым мужчынскім галаўным уборам селяніна была шапка-вушанка ("вушанка", "зімка", "аблавуха", "аблавушка"), якую шылі з аўчыны ці футра лісіцы, зайца, вавёркі, ваўка. Да паўсферычнай асновы шапкі-вушанкі прышывалі 4 крылы ("вухі"). Пярэднія і заднія крылы паднімалі і завязвалі зверху на макаўцы, а бакавыя - пад падбародкам. Аблавуха была вельмі цёплай і цяжкай (важыла да чатырох фунтаў). Зверху аблавуху пакрывалі сукном хатняй вытворчасці, а часам (для большай цеплыні) падбівалі пакляй ці лямцам, - і тады яна нагадвала старажытную трохвуголку з адрэзаным ці загнутым пярэднім вуглом. Для замацоўвання на галаве на вушы і шыю спускаліся адвароты, якія задзіралі ўверх ці завязвалі дадаткова шнуркамі.

У канцы XIX ст. сярод традыцыйных галаўных убораў сялян сустракалася "капуза" - вельмі высокая і значных памераў шапка, якая шылася са скуры маладога ягняці. "Вушы" капузы ў сцюжу завязвалі пад падбародкам, а ў цёплае надвор'е - падымалі і завязвалі зверху. Сяляне называлі капузу шапкай у "паўтара бараны".

Фуражкі-картузы хутка распаўсюдзіліся сярод сялян і сталі асноўным уборам мужчын у пачатку XX ст. Іх насілі і дарослыя, і дзеці. Картуз меў прыгожы каляровы аток, каляны казырок, што надавала гаспадару сур'ёзны і ўрачысты выгляд. У другой палове XX ст. фуражка паступова страціла сваё былое бытавое значэнне і стала галаўным уборам для супрацоўнікаў "сілавых" міністэрстваў (вайскоўцаў, пагранічнікаў, мытнікаў і г.д.). У гэты ж час з'явіўся новы галаўны ўбор - "кепка", шытая з сукна ці палатна і папулярная да сённяшняга часу.

(Працяг у наступным нумары.)


СЯДЗІБА АГІНСКІХ У ЗАЛЕССІ

Вёска (былое мястэчка) Залессе з'явілася на картах Беларусі ў канцы XV стагоддзя як невялікі прыватны фальварак. З XVIII стагоддзя яно становіцца ўласнасцю вядомага беларускага магнацкага роду Агінскіх. Спачатку Залессем валодаў віцебскі ваявода Марціян Міхал Агінскі, а пазней - яго жонка і дзеці. У першай палове XVIII стагоддзя тут быў збудаваны выдатны палацава-паркавы ансамбль у стылі барока.

Феадальныя сядзібы XVIII - першай паловы XIX ст. у сельскай мясцовасці мелі свае адметныя рысы. Перад тым як пачаць будаўніцтва, архітэктар стараўся ўлічыць усе асаблівасці краявіду, прычым нястача тых ці іншых яго элементаў дапаўнялася штучна: выкопваліся ставы, рабіліся роўныя тэрасы, пракладваліся прамавугольныя трасы прысадаў, разбіваліся газоны.

Каб падпарадкаваць невысокую драўляную забудову вёскі перспектыве мураванага ансамбля рэзідэнцыі, сялян нярэдка вымушалі сяліцца "ў адну вуліцу". Калі вясковая вуліца вяла да панскага палаца ці сядзібы, то атрымліваўся своеасаблівы прасторавы падыход, які ўзмацняў параднасць велічнай двух - альбо трохпавярховай пабудовы.

Адначасова з палацамі ўзводзіліся вясковыя бажніцы - касцёлы ці цэрквы, прыдарожныя капліцы, фамільныя спачывальні, якія з'яўляліся дадатковымі дамінантамі паміж забудовай вёскі і сядзібным ансамблем.

Вучоныя вылучаюць тры асноўныя тыпы палацаў і сядзібных будынкаў, што будаваліся на Беларусі ў XIX ст. Адны з іх у плане нагадваюць літару П, другія - падкову, а трэція маюць акрамя асноўнага корпуса асобныя флігелі. Агульным для ўсіх з'яўляецца парадны двор, які злучае сядзібу з вуліцай або пад'язной алеяй.

Сядзіба Агінскіх у Залессі размяшчалася ў глыбіні шырокага рэгулярнага французскага парку, які меў форму прастакутніка. Яго цэнтральная частка ўяўляла сабою так званы "зялёны партэр" са складаным геаметрычным узорам, створаным з арыгінальна падстрыжаных траўнікаў, хмызнякоў і невысокіх дрэў. Па баках размяшчаліся цяністыя ліпавыя алеі. Сядзібны дом быў драўляны і амаль квадратны ў плане. Яго атынкаваныя і пабеленыя сцены прыемна гарманавалі з чырвонай дахоўкай на страсе. Арыгінальны выгляд будынку надавалі восем бакавых алькежэй (асобная частка будынка, якая выступае за агульны перыметр сцен і накрытая уласным дахам) - па два на кожным фасадзе. Высокі дах дазваляў мець на другім "мансардавым" паверсе шэраг жылых памяшканняў. Цэнтр галоўнага фасада быў выдзелены невялікім рызалітам з параднай двухпралетнай лесвіцай. На тыльным баку палаца знаходзілася прасторная галерэя. Сядзібны дом вылучаўся вялікай "бальнай" залай, хатняй капліцай з прыгожым разьбяным алтаром, густоўна абстаўленымі кабінетамі, спальнямі, курыльнымі і іншымі памяшканнямі Па баках ад асноўнага будынка размяшчаліся два асобна стаячыя невялікія аднапавярховыя Г-падобныя павільёны. Паміж сядзібай і невялікім возерам знаходзіліся розныя гаспадарчыя пабудовы. Яны былі акружаны плотам, а ад вачэй гасцей іх яшчэ і хавалі густа пасаджаныя па перыметры дрэвы. На жаль, да нашых дзён гэты ансамбль XVIII стагоддзя не захаваўся Цяпер на яго месцы звычайнае калгаснае поле. Але ўжо існуе досыць рэальны праект поўнага аднаўлення гэтага цудоўнага помніка архітэктуры, што дазваляе нам яшчэ спадзявацца ўбачыць яго ў ранейшай прыгажосці.

У 1984 г. падмуркі палаца XVIII ст. даследавалі археолагі. Аляксандр Кушнярэвіч ускрыў плошчу памерам 100 кв. м. Глыбіня культурнага пласта вагалася ад 40 см да 1 м. На глыбіні 1-1,3 м знайшлі падмуркі драўлянага палаца. Яны зроблены з валуноў, пакладзены ў падмуркавы роў глыбінёй 30-40 см "насуха" без вапнавай росшчыны. Былі знойдзены кавалкі пячной кафлі, як рэльефнай так і з роўнай паверхняй, а таксама паліванага, фаянсавага і фарфоравага посуду XVIII - пачатку XIX ст. Цікавасць для рэстаўратараў уяўлялі каваныя дэталі былых аконных рамаў.

Да пачатку XIX стагоддзя залеская сядзіба была звычайным шляхецкім маёнткам, якіх у тыя часы ў Беларусі было мноства. Тым часам яго гаспадаром быў былы кухмайстар літоўскі граф Францішак Ксаверы Агінскі. Не маючы ўласных дзяцей, сваім спадчыннікам ён абраў пляменніка Міхала Клеафаса. Неабходна адзначыць, што на той час апошні ўжо быў вядомай асобай. У Рэчы Паспалітай ён здолеў даслужыцца да пасады падскарбія літоўскага (намеснік міністра фінансаў Вялікага Княства Літоўскага), а падчас паўстання Тадэвуша Касцюшкі на свае грошы стварыў батальён конных падлоўчых у 500 чалавек і двойчы спрабаваў з ім захапіць Менск. Пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі ўся яго маёмасць была канфіскавана, а сам ён эміграваў у Заходнюю Еўропу. Аднак пазасталыя на Радзіме ўплывовыя сябры дапамаглі яму хутка вярнуцца дахаты. У 1802 годзе ў Гародні ён прынёс прысягу на службу Аляксандру II і атрымаў найвысокі дазвол пасяліцца ў Беларусі. У сувязі з гэтым Францішак Агінскі падарыў пляменніку фальварак Залессе, а сам пераехаў ва ўласны палац у Маладзечна. Новы малады гаспадар запрашае вядомага віленскага архітэктара прафесара архітэктуры Міхала Шульца і пачынае перабудову. Капітальна перабудоўваецца стары палац і рэканструюецца парк. Парк разбіваецца на дакладныя геаметрычныя ўчасткі і засаджваецца садовымі дрэвамі. Дарогі, што вялі да палаца, абсаджваюцца цяністымі прыгожымі піхтамі, якія рэгулярна падстрыгаюцца і добра даглядаюцца.

Побач са старым будуецца новы мураваны палац. Яго цэнтральная двухпавярховая частка ўпрыгожваецца порцікам з чатырма калонамі і завяршаецца невялікай вежачкай з гадзіннікам. Непадалёку будуюцца двухпавярховы мураваны млын, аднапавярховыя будынкі аранжарэй і цяпліц і невялікая капліца. Асабліва прывабліваў вандроўнікаў і гасцей Агінскага новы парк з павільёнамі, масткамі і памятнымі камянямі. Адзін з іх быў прысвечаны Тадэвушу Касцюшку. Побач з паркам знаходзіліся два звярынцы, дзе ўтрымліваліся дзікія жывёлы. Вочы разбягаліся ад мноства разнастайных кветак, што раслі на клумбах у розных мясцінах сядзібы. Для адпачынку і роздуму існавалі дзве альтанкі. Адна, мураваная, паўкруглая, стаяла на пагорку, другая, "кітайская", круглая з драўлянай галерэяй, дазваляла назіраць жыццё дзікіх жывёл у звярынцы.

Першапачаткова планавалася, што новы палац будзе мець сіметрычную кампазіцыю: цэнтральны двухпавярховы корпус павінен быў злучацца аднапавярховымі аб'ёмамі з бакавымі двухпавярховымі павільёнамі. Аднак па жаданні М. Агінскага збоку да будынка прыбудавалі выцягнутую ў плане аранжарэю ў выглядзе аркады з вялікімі аркавымі вокнамі. Пазней да гэтай аранжарэі перпендыкулярна дабудавалі яшчэ адну - "амерыканскую", якая з сонечнага боку была цалкам зашклёная. Гэта дазволіла архітэктарам стварыць утульны, закрыты з трох бакоў пабудовамі, невялікі панадворак, дзе быў ім пасаджаны фруктовы сад. Памеры новага палаца, будаўніцтва якога было завершана да 1805 году, былі вялікімі - 160 на 50 метраў. Вонкавы дэкор яго пры гэтым быў даволі лаканічным. Галоўныя ўпрыгожванні будынка - класічны чатырохкалонны дарыйскі порцік перад парадным уваходам, а таксама высокая вежачка з гадзіннікам-курантамі, завершаная шарам са звонам, над цэнтральным корпусам.

Планоўка будынка мела традыцыйную анфіладную сістэму. Праз парадны ўваход наведвальнік трапляў у прасторны вестыбюль з арнаментальнымі фрэскавымі размалёўкамі, адкуль праз адкрытыя дзверы адкрываўся перспектыўны выгляд на музычны салон, ружовую гасціную, більярдавую, сталовую і іншыя памяшканні. На другі паверх вялі каваныя вітыя лесвіцы. Там размяшчаліся жылыя пакоі, а таксама выдатна абстаўленая бібліятэка з меладычным венскім раялем аздобленая панэлямі з чырвонага дрэва і шматлікімі шафамі з кнігамі.

Побач з палацам знаходзілася капліца, пабудаваная ў стылі класіцызму. Гэта невялікі зальны храм з прастакутнымі вокнамі і адной апсідай, дзе быў змесцаваны разьбяны двух'ярусны алтар. Над высокім вальмовым дахам узвышалася вежачка з шатровым купалам. Для ілюзорнага павелічэння ўнутранай прасторы сцены капліцы былі распісаны фрэскамі на архітэктурныя матывы.

Варта адзначыць, што старыя пабудовы XVIII стагоддзя захаваліся і сталі арганічным дадаткам новага архітэктурна-паркавага ансамблю. Так усходняя ліпавая алея рэгулярнага парку стала галоўнай пад'язной дарогай да новага палаца. Пры гэтым яна праходзіла ўздоўж яго заходняга павільёна, аранжарэі і вяла да возера. Французскі рэгулярны парк таксама захаваўся, але побач з ім яшчэ адзін віленскі архітэктар і дэкаратар Пеўзнер разбівае пейзажны парк у ангельскіх традыцыях. Збудаванне дамбы са шлюзамі дазваляе павялічыць возера да двух гектараў і стварыць некалькі выспачак для лодкавых пагулянак. Тут жа будуецца і двухпавярховы вадзяны млын, сваім вонкавым строем больш падобны на паркавы павільён. Побач размяшчаўся батанічны сад з экзатычнымі еўрапейскімі і амерыканскімі раслінамі. Адмыслова пакінутая роўная пляцоўка на зіму залівалася пад шырокую коўзанку. У самім жа парку тэрасныя насаджэнні ліп і вязаў падзяляліся палянамі з прыгожымі кветнікамі. За возерам у лесе знаходзіўся звярынец, дзе былі прасторныя вальеры для дзікіх жывёл, а таксама аглядныя алеі для гасцей.

Адчуваецца ў новай Залескай сядзібе і ўплыў моднага тады рамантызму, які ў першую чаргу выявіўся ў розных так званых "малых архітэктурных формах", раскіданых па ўсёй тэрыторыі комплексу. Залескі перыяд творчасці М. Агінскага надзвычай багаты і разнастайны. Безумоўна, вялікую частку свайго часу ён аддаваў музыцы. Акрамя знакамітага паланезу "Развітанне з Радзімай", прэм'ера якога як раз тут і адбылася, тут былі створаны разнастайныя фартэпіянныя п'есы, мазуркі, маршы, менуэты, рамансы і вальсы, выдадзеныя ў двух тамах у Вільні ў 1816 годзе. Але ў 1822 годзе М. Агінскі назаўжды пакідае Залессе і пераязджае ў Італію. Гэты радыкальны крок быў выкліканы яго расчараваннем у магчымасці стварэння аўтаномнага Вялікага герцагства Літоўскага і пачаткам русіфікацыі Беларусі. Вынікам гэтага стаў паступовы заняпад маёнтка, які хутка страціў сваё культурна-асветніцкае значэнне, бо яго дзеці і ўнукі пераехалі ў заходнюю Літву, куды і перамясцілася галоўная рэзідэнцыя старажытнага роду. Сам жа Агінскі ў 1833 годзе памірае ў Фларэнцыі.

Значныя страты сядзібе прынесла Першая сусветная вайна. Недалёка ад маёнтка праходзіла лінія фронту, і Залессе, акупаванае немцамі, не раз падвяргалася артылерыйскім абстрэлам. Менавіта яны цалкам знішчылі барочны комплекс XVIII стагоддзя і сур'ёзна пашкодзілі парк.

Пасля Рыжскай дамовы 1921 года Залессе трапіла ў склад адноўленай польскай дзяржавы, і фальварак да 1927 года належаў нашчадкам Агінскага. Потым сядзібу набылі новыя гаспадары Жаброўскія. Марыя Жаброўская зрабіла рамонт палаца і нават спрабавала ўшанаваць памяць Агінскага. У гады ж Вялікай Айчыннай вайны ў палацы знаходзіўся нямецкі штаб, а ў памяшканні былой аранжарэі дзейнічала пачатковая школа. У 1953 годзе палац і парк узялі пад ахову дзяржавы. У паваенны перыяд тэрыторыя былой Залескай сядзібы была перададзена ў распараджэнне вытворчага аб'яднання "Сморгоньсіліката-бетон", а ў памяшканнях палаца знаходзіўся дом для састарэлых. У 80-х гадах мінулага стагоддзя вырашылі аднавіць гэты комплекс і размясціць тут спецыялізаваную навучальную ўстанову з мастацка-музычным ухілам. Пры гэтым частку памяшканняў планавалі аддаць пад музей М. Агінскага. У прасторных гасцёўнях палаца прапанавалі праводзіць музычна-літаратурныя вечары і навуковыя канферэнцыі. З 1989 года ў Залессі жыве традыцыя - адзначаць дзень нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага. У гэты дзень тут гучыць музыка, маладыя паэты чытаюць свае вершы, выступаюць і мэтры паэтычнага слова. У 1996 годзе гэту сядзібу перадалі Міністэрству культуры як філіял літаратурнага музея, у 2000 годзе - філіял музея гісторыі і музычнай культуры.

250-гадовы юбілей з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага не прайшоў незаўважаным. Гэта дата была ўключана ў спіс памятных дат ЮНЕСКА. У Залессі для наведвальнікаў быў адкрыты адрэстаўраваны палац, а ў цэнтры Менска побач з былым Кафедральным саборам Святога Духу на плошчы Свабоды ўсталявалі музычную лаўку ў гонар нашага славутага суайчынніка. З дапамогай спецыяльных навушнікаў можна пачуць паланез "Развітанне з Радзімай".

Алег Трусаў


ГУЧЫЦЬ ПАЛАНЭЗ

Гучыць паланэз урачыста, узнёсла,

К нябёсам увысь душа, імкнецца,

Напаўняецца пачуццем дзівосным,

Бы неба адкрываецца, здаецца.


Над краем быццам бы ўгары ляціш,

Як птах на скрыдлах белых,

Слухаеш і зачарована глядзіш,

Што ж ёсць цудоўней у свеце цэлым?


Тут паланэз Агінскага гучыць,

Аб Віллі, срэбным Нёмне,

З тугой у сэрцы геній змог злажыць,

Радзіме мілай спеў цудоўны.


Натхненне ўзяў ад родных ніў,

Муроў наваградскіх, гаёў залескіх,

Ён імі ў выгнаннях жыў,

І ў паланэзе ўсе яны ўваскрэслі.

Мар'ян Даргель,г. Віцебск.


ПА ЎСХОДНЯЙ МЯДЗЕЛЬШЧЫНЕ

17 жніўня група сяброў Пастаўскай раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны і мясцовых краязнаўцаў здзейсніла аўтавандроўку па ўсходняй частцы Мядзельскага раёна. Шлях пралягаў пераважна праз невялічкія вёсачкі ад Паставаў да Будслава.

У Нагаўках адразу кінуўся на вочы будынак былой крамы з шыльдай "Магазин", які ўжо зарос кустоўем і травой. У самой вёсцы дагледжаныя сядзібы суседнічаюць з хатамі, у якіх колькі год ужо, напэўна, ніхто не жыве, і яны патанаюць у "моры" травы.

Прамінуўшы за вёскай вялікае кукурузнае поле і пераехаўшы мост цераз абмялеўшую рачулку Лаўрыху, якая ў адрозненні ад большасці вадатокаў Мядзельшчыны нясе ваду не ў Вілію, а ў Дзісну, патрапілі ў Слабодку. Перад паселішчам - указальнік "Рамашкі". Гэта сумны прыклад неахайнага стаўлення да мясцовых назваў. За польскім часам вёска называлася Гoрбы (Ноrby), адлюстроўваючы, верагодна, асаблівасць тутэйшай узгорыстай мясцовасці. За савецкім часам яна пачала гучаць і запісвацца як Гарбы. Побач з ёй знаходзіліся два хутары Рымшова. У 60-я гады будаўнікам сацыялізму найменне падалося немілагучным і яго замянілі на Рамашкі (чаму хаця б не Рамонкі?). Таксама і на Пастаўшчыне тым жа часам з'явілася вёска Васточная. Падобна на тое, што гэта аднаго аўтара "творенье".

У Слабодцы захавалася некалькі хат старой пабудовы і планіроўкі, сцены якіх стаяць на мяжы дарогі.

У невялікай вёсачцы Янушоўка, дзе раней быў фальварак, нашу групу нахабна атакавалі козы, але шкоды не ўчынілі, а толькі папужалі сваімі рагамі. Ад былога фальварка нічога не засталося, а мясцовыя жыхары паведамілі, што тут жыў "амерыканец" і меў некалькі будынкаў, якія згарэлі. Засталіся толькі падмуркі, склеп.

Наступная вёска Канстанцінава яшчэ захоўвае "стомленае рэха" былога росквіту 60-70-х гадоў. На "плошчы" стаяць зачыненыя магазін, школа і "мёртвая" сталовая. Жыве і квітнее пакуль што дзіцячы садок. Ён дагледжаны і ў ім выхоўваецца 1 (адна!) дзяўчынка, якую возяць сюды з суседняй Слабады.

Гэта Слабада - аграгарадок, найбуйны населены пункт паўночна-ўсходняй Мядзельшчыны. Ёсць сельсавет, магазін, царква Аляксандра Неўскага, якая вымуравана з бутавага каменю, бібліятэка, клуб, школа. Створаны нядрэнныя ўмовы для жыцця і адпачынку, але паселішча паступова марнее: моладзь імкліва "вылятае ў свет". У школе, якую мы наведалі, займаецца ўсяго 47 вучняў, і, як казалі мясцовыя жыхары, у бліжэйшай перспектыве яе плануюць закрыць. Зачынілі б, пэўна, і сёлета, але ў будынку будзе размешчаны выбарчы ўчастак. Таму пакуль што пакінулі. А школа вельмі спадабалася: двухпавярховы будынак са светлымі класамі, новай сантэхнікай, свежапафарбаванай падлогай, абсталяванай сталовай-актавай залай. Нашым гідам па школе была настаўніца фізікі і інфарматыкі Іна Іванаўна, якая паказала нам кабінеты і класы, адказала на ўсе пытанні, якія нас цікавілі. Варта адзначыць добрае валоданне педагога беларускай мовай. Дарэчы, гэта адметная рыса большасці настаўнікаў вясковых школ Мядзельшчыны, ва ўсялякім разе тых, з кім мы сустракаліся.

Слабадская школа носіць імя паэта Адама Гурыновіча, і ў адным з яе пакояў ёсць музей, прысвечаны гэтаму знакамітаму земляку.

Прыемныя ўражанні пакінула і наведванне мясцовай бібліятэкі, загадчыца якой, Алена Сідаровіч, аказалася чалавекам дасціпным і вясёлым. Яна расказала пра мерапрыемствы, якія ладзяцца ў бібліятэцы і ў клубе, паказала папкі, у якіх захоўваюцца матэрыялы пра родны край. Як аказалася, жанчына яшчэ і добрая пявуння - удзельніца невялікага ансамбля, які выступае на розных урачыстасцях. Выконваюць яны пераважна расійскамоўныя песні кшталту расцяраеўскай "Песні пра камбайнёраў". Вялі размову пра напісанне кнігі пра Слабаду. Спадарыня Алена падказала, што ў Канстанцінаве жыве зацікаўлены чалавек Міхаіл Крывенькі, які, на яе думку, мог бы ўзяцца за гэтую справу. На жаль, часу вяртацца назад у нас не было, таму сустрэчу з гэтым чалавекам адклалі на пазнейшы час.

Аграгарадок выдаўся пустым, бо ні людзей на вуліцах, ні аўтамабільнага руху амаль не было. Толькі тры мужыкі на прыплошчавай сажалцы лавілі рыбу і пілі віно.

Далей шлях пралягаў каля вёсак Гулі, Навасёлкі, Баяры на Старыя Габы. На месцы былой Жосны, якая раней з'яўлялася цэнтрам воласці, засталіся толькі паўразбураныя муры і рэшткі сцяны ад капліцы, што ўзвышалася на высокім гарадзішчы.

У Старагабскай школе нас чакаў настаўнік гісторыі, вядомы краязнавец Мядзельшчыны, загадчык школьнага музея Уладзімір Серадзінскі. Але першымі пры падыходзе да школы нас сустрэлі ўжо амаль знакамітыя старагабскія каты. Яны пакуль што не такія вядомыя ў свеце як Чэшырскі кот, або кот Матроскін, але маюць усе шанцы патрапіць у каціную эліту. Кажуць, што ў таго, хто іх пагладзіць, збудуцца ўсе запаветныя мары. Асабліва любяць гэтых коцікаў малыя дзеці. Але і мы іх таксама пагладзілі. А мо і праўда, усе нашы мары збудуцца?

У. Серадзінскі, эрудзіраваны і дасведчаны знаўца мясцовай гісторыі, правёў цікавую экскурсію па школьным музеі, у якім захоўваюцца рэдкія экспанаты, вартыя экспазіцый музеяў вялікіх гарадоў. Тут ёсць археалагічныя знаходкі, рэчы часоў І і ІІ сусветных войн, рэчы і дакументы з гісторыі школы, вырабы народных майстроў.

Потым спадар Уладзімір прапанаваў наведацца ў госці да вядомай мясцовай майстрыхі Галіны Старавойтавай. Пайшлі і не пашкадавалі. Пакоі гаспадыні можна пераўтвараць у выставу: тут вышываныя ручнікі ўпрыгожваюць абразы і люстэркі, на стале - вышыты настольнік, на канапе і сцяне - вышытыя дываны, на іншых рэчах - таксама штосьці адметнае, яркае. У аснове кампазіцый - кветкі і раслінныя арнаменты.

Майстрыха доўга не хацела нас адпускаць, паказваючы свой агарод, ураджай часныку, які сёлета сабрала, пладовыя дрэвы, якія сама прышчапляла.

Вяртаючыся да школы на галоўнай вуліцы пабачылі бюст аднаго з дзеячаў расійскай партыі бальшавікоў С.М. Кірава. Гэты мясцовы помнік заінтрыгаваў: як апынуўся Сяргей Міронавіч так далёка ад Петраграда сярод Габскіх балот? Аказваецца, проста: мясцовы калгас меў гонар насіць яго імя. Шыльды з надпісам на помнічку няма, яна ляжыць акуратна на зямлі. Падобна на тое, што яе збілі з бюста нядаўна - ніхто пакуль што не забраў яе ў сваю калекцыю. Ды і ці мае яна цяпер якую вартасць?

Каля магазіна нас спаткаў арыгінальны мясцовы жыхар, які прадставіўся Чачэнам, і настойліва прапанаваў яго сфатаграфаваць, што мы і зрабілі. Узрадаваны, ён некалькі разоў ускідваў руку ў гору і выкрыкваў: "Чачня і Беларусь - браты!".

Было ў планах і наведванне мясцовай царквы, але там як раз адпявалі нябожчыка, і мы палічылі за лепшае накіравацца ў бок Новых Габаў.

Сумныя ўражанні засталіся пасля наведвання былой школы ў вёсцы Пузыры. Прыгожы вялікі аднапавярховы будынак на два крылы з еўравокнамі і слядамі нядаўняга рамонту, з афіцыйнай шыльдай навучальнай установы аказаўся не школай, а інтэрнатам, у якім часова пражываюць бежанцы з Луганска і жыхары Берасцейскай вобласці, якія прыехалі сюды зарабіць грошай на жніве. Як паведамілі мясцовыя жыхары, школа нядаўна згарэла, яе адбудавалі і ў хуткім часе закрылі, бо не было каго вучыць. Міжволі ўзнікла пытанне: а ці варта было марнаваць сродкі на аднаўленне будынка, калі няма вучняў? А можа гэта мы не разумеем тонкую дзяржаўную палітыку "па адраджэнні сяла"? Не з лепшымі пачуццямі і думкамі мы пакідалі Пузыры…

Далейшы шлях ляжаў праз вёскі і вёсачкі на самы ўсход Мядзельскага раёна ў вёску Ілава. На пад'ездзе да яе ў в. Яцковічы ўбачылі яшчэ адну, ужо чацвёртую краму, якая даўно не працуе. Міжволі склаўся слоган: "Мядзельшчына - край зачыненых школ і магазінаў". Але гэтая з'ява адметная не толькі для Мядзельскага раёна, такое назіраецца і на Пастаўшчыне, і на Астравеччыне, і на Глыбоччыне, ды і на ўсіх паўночна-заходніх абсягах Беларусі.

Ілава сустрэла нас адметнай шыльдай і будынкам невыразнага ў сваіх архітэктурных формах Дома культуры. Уздоўж галоўнай вуліцы выцягнуўся ладны сквер, у якім мы, ведаючы традыцыі, спадзяваліся ўбачыць помнік землякам або вызваліцелям. Аднак нас чакала неспадзяванка: сярод дрэў узвышалася статуя Маці Божай Фацімскай і вялікі крыж, стаялі два рады лавак, і ўся гэта кампазіцыя ўтварала капліцу або храм пад адкрытым небам.

А побач са скверам - сапраўдныя руіны ці то недабудаванага, ці то разбуранага будынка. А паколькі гэта ўжо была тэрыторыя Ілаўскага вінзавода, то версія пра тое, што, магчыма, узарваліся бочкі з забрадзіўшым віном, падалася нам жыццяздольнай. Не высоўваць жа гіпотэзу пра тэракт ці бамбаванне.

Праз прахадную на тэрыторыю завода нас, натуральна, не пусцілі, ды мы і не імкнуліся. А вось у фірмовай краме змаглі агледзець багаты выбар пладова-ягадных напояў, якія асноўныя іх спажыўцы называюць "чарніла". Убачылі і марачнае віно. У нашай камандзе не было спецыялістаў па спіртапрадукцыі, але даводзілася не аднойчы чуць, што лепшыя гатункі вінаў Ілаўскага завода ніколькі не саступаюць па якасці, а то і пераўзыходзяць вядомыя замежныя брэнды. Тутэйшы прадукт натуральны: яблыкі, журавіны, смародзіна і іншыя дары нашых лясоў і палёў. Прыязная прадавачка вельмі хваліла ""Царский погребок", "IQ", "Кальвадос", якіх на той момант не было ў продажы. Але спакусіла сімпатычнай бутэлечкай "Ариадны". Набылі, так сказаць, сувенір.

Ну а далей была сустрэча з каталіцкай сталіцай Беларусі, яе Нацыянальным санктуарыем - Будславам. Адразу накіраваліся ў мясцовую школу, дзе нас чакалі настаўніца рускай мовы і літаратуры, загадчыца школьнага музея Валянціна Грыбовіч, і загадчыца сельскай бібліятэкі Галіна Аксючыц. Збіраючы папярэднія звесткі пра Будслаўскую школу, мы атрымалі інфармацыю, што школьны музей у ёй знаходзіцца ў паўразбураным стане і нічога каштоўнага ў ім няма. Аднак рэчаіснаць пацвердзіла ісціну, што для таго, каб рабіць нейкія высновы, усё трэба бачыць на свае вочы.

Музей Будслаўскай школы, дзякуючы ў першую чаргу сям'і Грыбовічаў - ужо згаданай спадарыні Валянціне, яе мужу Лявону, дырэктару школы, іх сыну, настаўніку працы і кіраўніку гурткоў, дочкам-выпускніцам - выдзяляецца і багаццем экспанатаў, і змястоўнасцю, і прэзентацыйнасцю. Вялікай пашаны заслугоўваюць і настаўнікі, і ўвесь педагагічны калектыў школы за дзейнасць па захаванні і папулярызацыі нашай спадчыны. Сям'я Грыбовічаў - своеасаблівы творчы калектыў: усе яны пішуць вершы, выдаюць самадзейныя зборнікі, захапляюцца рознымі відамі народнай творчасці, а спадарыня Валянціна яшчэ ў літаратурным гуртку вучыць школьнікаў пісаць вершы і прозу.

Пасля школьнай экскурсіі нас запрасіла да сябе ў сельскую бібліятэку яе загадчыца Галіна Аксючыц. Рупнасцю гэтай неабыякавай жанчыны сабраны багаты матэрыял па гісторыі, культуры і вядомых людзях Будслава. У зборы ёсць шмат фотаздымкаў міжваеннага і пасляваеннага часу.

У зацікаўленай размове мы, здаецца, упэўнілі жанчыну ў неабходнасці напісання кнігі пра Будслаў, а для сістэматызацыі работы пакінулі распрацаваны намі план апісання вёскі.

Але толькі бібліятэкай наша сустрэча не абмежавалася. Спадарыня Галіна згадзілася быць экскурсаводам па бліжэйшых ваколіцах былога мястэчка. З ёй мы наведалі магілу беларускай патрыёткі, заслужанага дзеяча культуры Беларусі, Паўліны Мядзёлкі, былую сядзібу Аскеркаў, парк 1907 года. Ну і будслаўскую святыню - касцёл Ушэсця Маці Божай, якая ў промнях заходзячага сонца бачылася яшчэ больш велічнай і ўзнёслай …

Ігар Пракаповіч.


Адукацыйныя паслугі Школа асобаснага росту "ШАР". Псіхолаг Людміла Дзіцэвіч.

Семінар - трэнінг "Адаптацыя свайго выбару і заказу". 23.10.2015 а 18-ай ў сядзібе ТБМ па адрасе: вул. Румянцава, 13.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX