Pawet: № 03 (1362)
Вярнуцца: 2018

№ 03 (1362)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 3 (1362), 17 студзеня 2018 г.


Акадэмік А. Лукашанец: "Наспела неабходнасць увесці абавязковае тэсціраванне па беларускай мове пры паступленні ў любую ВНУ"

Першы намеснік дырэктара па навуковай працы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Акадэміі навук, акадэмік Аляксандр Лукашанец мяркуе, што наспела неабходнасць увядзення абавязковага тэсціравання па беларускай мове. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю агенцтву "Мінск-Навіны".

- Самым важным і актуальным для пашырэння сферы выкарыстання беларускай мовы становіцца адукацыйны аспект. Абедзве мовы ў сістэме адукацыі неабходна паставіць у аднолькавыя ўмовы.

Кожны вучань, заканчваючы школу, абавязаны валодаць дзвюмя дзяржаўнымі мовамі настолькі, каб вольна карыстацца імі ў любой сферы, а выпускнік ВНУ - свабодна ажыццяўляць сваю прафесійную дзейнасць.

Асабліва гэта тычыцца педагогаў.

Лічу, што наспела неабходнасць увесці абавязковае тэсціраванне па абедзвюх мовах пры заканчэнні сярэдняй школы і пры паступленні ў ВНУ незалежна ад абранай спецыяльнасці...

... Для службовых асоб валоданне дзвюма дзяржаўнымі мовамі павінна стаць абавязковай умовай прафесійнай падрыхтоўкі. Зразумела, каб сітуацыя змянілася, трэба пашырыць беларускамоўнае асяроддзе, - заявіў акадэмік Лукашанец.


У Гародні пачаўся цыкл лекцый, прысвечаных 100-годдзю БНР

У Гародні ў "Цэнтры гарадскога жыцця" пачаўся цыкл лекцый доктара гістарычных навук Алеся Смалянчука, які прысвечаны 100-годдзю Беларускай Народнай Рэспублікі. Першая лекцыя мела на мэце апавесці пра фармаванне беларускай нацыянальнай ідэі. Шлях беларусаў да нацыянальнай дзяржаўнасці быў цяжкі і рызыкоўны. У слухачоў гісторыя няўдач і пошукаў нацыянальнай ідэі выклікала эмоцыі, рэплікі і пытанні.

У выступе Алесь Смалянчук расказаў пра дынаміку развіцця нацыянальнай ідэі канца 19-га і пачатку 20-га ст. Што нацыянальным дзеячам даводзілася шукаць зручнай беларускай ідэі, каб даць ёй развіцца да ідэі масавай. Таму яны былі і сацыялістамі, хрысціянскімі дэмакратамі і краёўцамі. Увогуле вынікамі першай лекцыі прафесар задаволены:

- Уражанні самыя добрыя, бо шмат зацікаўленых вачэй, людзям сапраўды цікава, уважліва слухаюць, здаецца ўсё прайшло вельмі добра. Хацелася нагадаць пра тыя падзеі, якія адбываліся 100 гадоў таму, паказаць намаганні беларускіх дзеячоў, як ідэя беларускай дзяржаўнасці і змагання за яе паўстала. Гэта спроба на гістарычным матэрыяле паразважаць пра сённяшні і заўтрашні дзень Беларусі.

Наступная лекцыя з цыклу пройдзе 19-га студзеня, і будзе прысвечана бацькам БНР ды іх лёсам. Пачатак лекцыі ў 18-30.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня.


200 гадоў з дня нараджэння Адама Ганорыя Кіркора

Адам Ганоры КІРКОР (Адам Карлавіч Кіркор; 21 студзеня 1818, Слівіна, Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Смаленскай вобласці) - 23 лістапада 1886, Кракаў) - літаратар, даследчык беларускіх старажытнасцяў, выдавец.

Скончыў 2-ю Віленскую гімназію (1838), ператвораную ў Дваранскі інстытут. Дэбютаваў у друку аповядамі "Смерць паэта", "Пруць" і артыкулам "Рэшткі паганскіх звычаяў у Беларусі" ў зборніку "Доследы ў рускай славеснасці выхаванцаў гімназій беларускай навучальнай акругі" (Вільня, 1839).

Служыў у казённай палаце (1838-1864). З 1849 г. чалец губернскага статыстычнага камітэта. З 1855 г. быў дзейным чальцом Віленскай археалагічнай камісіі. Рэдагаваў штогадовыя "Памятныя кніжкі Віленскай губерні" на рускай мове (1850-1854) з артыкуламі па краязнаўстве, гісторыі, этнаграфіі Літвы. Выдаў зборнікі "Radegast" на польскай мове (1843) пры ўдзеле Ю.І. Крашэўскага і М. Грабоўскага, "Pamiаtniki umyslowe" (у трох кнігах; 1845-1846), альманахі "Teka Wilenska" (у шасці кнігах; 1857-1858) і "Pismo Zbiorowe Wilenskie" (1859, 1862). Падрыхтаваў і выдаў каталог віленскага Музея старажытнасцяў (1858).

У 1859 г. стаў уладальнікам друкарні, якая друкавала пераважна навуковую і асветніцкую літаратуру на польскай, расейскай, літоўскім мовах, зборнік "У памяць знаходжання васпана імператара Аляксандра II у Вільні 6 і 7 верасня 1858 года" з артыкулам Кіркора "Гістарычна-статыстычныя нарысы г. Вільні", сачыненні П. В. Кукальніка і іншыя выданні. Быў рэдактарам і выдаўцом газеты на польскай і расейскай мовах "Віленскі веснік" ("Kurjer Wilenski"; з 1864 г. толькі на расейскай). Кіркор - аўтар першага даведніка па Вільні "Przechadzki po Wilnie i jego okolicach" (1856; 1859). Пісаў артыкулы па гісторыі, этнаграфіі, археалогіі Літвы і Беларусі для выданняў розных ведамстваў і навуковых таварыстваў Расіі ("Часопіс Міністэрства ўнутраных спраў", "Веснік імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства", "Весткі імператарскага Рускага археалагічнага таварыства"). Карыстаўся псеўданімамі Jan ze Sliwina, Іван Сліваў. Пасля задушэння паўстання 1863 г. быў змушаны перабрацца ў Санкт-Пецярбург. Пры садзейнічанні М.О. Вольфа заснаваў газету "Новы час" (1868). З 1871 г. жыў у Кракаве. Выдаваў літаратурна-навуковыя альманахі, вёў раскопкі, чытаў лекцыі па археалогіі і літаратуры, супрацоўнічаў у польскіх і расійскіх часопісах.

В 1879-1884 Вольф пад агульным загалоўкам «Живописная Россия» выдаў серыю аб'ёмных тамоў ілюстраваных апісанняў расійскіх рэгіёнаў. Трэці том, прысвечаны Літве і Беларусі (1882; рэпрынт у Беларусі, 1993; літоўскі пераклад, 1995), склалі большай часткай нарысы Кіркора па гісторыі, народнай і высокай культуры, краязнаўстве Літвы і Беларуі, з характарыстыкамі літоўскай мовы і міфалогіі.

Памёр 23 лістапада 1886 г. у Кракаве.

Вікіпедыя.


180 гадоў з дня нараджэння Апалоніі Серакоўскай з Далеўскіх

Апалонія Фердынанда Дамініка СЕРАКОЎСКАЯ з ДАЛЕЎСКІХ нарадзілася 19 студзеня 1938 г. (паводле метрычных кніг) у фальварку Кункулка Лідскага павета Віленскай губерні ў сям'і Антонія Дамініка Далеўскага і Дамінікі з Наркевічаў. У 1848 годзе пасля смерці Дамініка Далеўскага ўдава з дзецьмі пераехала ў Вільню, дзе сумела даць адукацыю ўсім дзесяці дзецям у школах, гімназіях і нават у Маскоўскім універсітэце.

Браты Далеўскія Аляксандр і Францішак рана заняліся канспірацыйнай дзейнасцю і былі сасланы ў Сібір. Вярнуліся пад канец 50-х гадоў. Цітус і Кастусь не скончылі Маскоўскі ўніверсітэт.

Апалонія 11 жніўня 1862 года выйшла замуж за капітана расейскага Генеральнага штаба Зыгмунта Серакоўскага. У пачатку 1863 года жыла з мужам у Пецярбургу. 15 красавіка 1863 года абое выехалі ў Коўню, дзе Серакоўскі ўзначаліў паўстанне на Жмудзі.

Апалонія 29 верасня 1863 года выслана ў Ноўгарад. 2 лістапада 1863 года нарадзіла дачку Зыгмунту Серакоўскую. З Ноўгарада была выслана ў Самару. Там ва ўзросце трох гадоў Зыгмунта памерла.

Пасля амністыі ў пачатку 1868 года Апалонія прыехала ў Варшаву, на тэрыторыі ВКЛ жыць ёй было забаронена. Пасля 1913 г. напісала ўспаміны. Памерла 2 студзеня 1919 г.

Неўзабаве газета "Наша слова" пачне друкаваць успаміны А. Серакоўскай.

Наш кар.


Да Рады ТБМ

Паважаныя сябры Таварыства беларускай мовы, прыхільнікі нашай дзейнасці і паплечнікі!

Перш за ўсё я хачу яшчэ раз падзякаваць усім за падтрымку - маральную і матэрыяльную - у 2017 годзе. Ваша актыўнасць засведчыла чарговы раз, хто насамрэч хвалюецца за лёс беларускай мовы, краіны і гатовы зрабіць для гэтага канкрэтна тое, што ў яго сілах, а хто толькі на словах заклікае іншых да дзейнасці. Ваша падтрымка і дапамога ў розных справах дае спадзеў на станоўчае вырашэнне набалелых пытанняў, бо моц любой арганізацыі і грамадства залежыць ад ступені самаарганізацыі і згуртаванасці ў крытычны момант. Таму хачу падзяліцца з вамі сваімі прапановамі аб дзейнасці нашай арганізацыі на гэты год.

У поўную сілу ўступае новы 2018 год, які для ўсіх беларусаў праходзіць пад знакам 100-годдзя БНР. Трэба, каб ён быў напоўнены адпаведным зместам і канкрэтнымі справамі.

1. Лічу, што нам трэба запачаткаваць узнагароду Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (акрамя Падзякі ТБМ) для таго, каб адзначаць тых асобаў з ліку грамадзянскай і бізнесовай супольнасцяў, а таксама з дзяржаўных устаноў і арганізацый, вытворцаў і прадстаўнікоў гандлёвых устаноў, якія пашыраюць прастору беларускай мовы, выкарыстоўваючы яе ў сферы сваёй дзейнасці. Вядома, што без актыўнай працы нашых структур у розных мясцінах Беларусі, якія зробяць адпаведны маніторынг, не абысціся. Але гэта канкрэтная праца, якая павінна даць станоўчы вынік у перспектыве.

2. Правесці Агульнанацыянальную дыктоўку 21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы па некалькіх магчымых тэкстах: 1)Трэцяя Устаўная грамата БНР, 2) па творах аднаго з пісьменнікаў - сёлетніх юбіляраў.

3. Распрацаваць і выпусціць паштоўку да 100-годдзя юбілею БНР.

4. Правесці ўрачыстыя паседжаннні з гэтай нагоды (адпаведна нашым магчымасцям і ў супрацы з іншымі зацікаўленымі арганізацыямі).

5. Дамагчыся рэгістрацыі прыватнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання.

6. Працягваць працу па традыцыйных накірунках нашай дзейнасці: дапамога бацькам у адкрыцці класаў, школ і гімназій з беларускай мовай навучання, ушанаванне нашых юбіляраў і гістарычных асоб.

7. Актывізаваць збор сяброўскіх складак у 2018 г.

8. Пашыраць кола сяброў ТБМ, а таксама падпісчыкаў і чытачоў газет "Наша слова" і "Новы час".

Ёсць у мяне пэўныя задумкі і адносна нашага памяшкання, пра што мы даўно размаўляем у кіраўніцтве арганізацыі, але каб яно выглядала лепш і каб у ім рабіць рамонт, трэба стаць уласнікам. Час пакажа, што тут можна зрабіць. Але калі б гэта ажыццявілася, то можна было б запачаткаваць стварэнне ў нашай сядзібе адмысловых выстаў, прысвечаных знакавым асобам - кіраўнікам нашай арганізацыі - Н. Гілевічу і Г. Бураўкіну.

Шаноўныя сябры! Наша краіна можа выглядаць так, як мы захочам. Для гэтага трэба адчуваць сябе сапраўднымі гаспадарамі ў сваёй краіне. Я запрашаю ўсіх да абмеркавання прапаноў і магчымых спраў для супрацы. Зразумела, што ў працэсе нашага дыялогу нешта зменіцца, удакладніцца, дадасца. Дзялянка беларушчыны - вялікая, кожны можа знайсці для сябе патрэбны накірунак і форму. Таварыства беларускай мовы запрашае ў свае шэрагі людзей з актыўнай пазіцыяй і жаданнем забяспечыць беларускай мове яе дзяржаўны статус. Разам мы можам зрабіць больш!

Старшыня ТБМ Алена Анісім.


Слова да сяброў Рады ТБМ імя Ф. Скарыны і не толькі

Як ні цяжка прызнаць, але ж моўная рэальнасць у сучаснай Беларусі архітрагічная. Адно толькі суцяшае, што ў нас яшчэ не перавяліся патрыёты, якія настойліва шукаюць шляхі выратавання роднай этнічнай мовы беларусаў ад дзе тонка, а дзе гвалтам навязанага ёй працэсу вымірання. Так? Ці не? Дзе выйсце? Што рабіць? - Шукаем разам!

Больш чым 20-гадовае жыццё беларусаў у асяроддзі накінутага на іх галовы афіцыйнага двухмоўя прычыніліся да катастрафічнага стану беларускай мовы. Адказы на пытанне з вялікім спадзяваннем і надзеяй чакала грамадства ад чарговага з'езда ТБМ, які павінен быў адбыцца і адбыўся 29.10.17 года ў Менску. Афіцыйныя матэрыялы з'езда рэдакцыя газеты "Наша слова" надрукавала 8 лістапада 2017 г.

Дзейнасць ТБМ апошніх двух дзесяцігоддзяў пераканаўча паказала, што трэба неадкладна мяняць свае стратэгічныя напрамкі. Гэта павінна было стаць галоўнай тэмай дыскусіі на з'ездзе. Мной супольна з прафесарам Леанідам Лычом быў прапанаваны адзін з магчымых варыянтаў вяртання ў сучасную практыку прынятага 26 студзеня 1990 года Закона "Аб мовах у Беларускай ССР", у адпаведнасці з якім беларускай мове надаваўся статус адзінай дзяржаўнай у рэспубліцы. Аб гэтым прапаноўвалася гучна заявіць на 13 з'ездзе ТБМ. На вялікі жаль, такого не адбылося. Вось як гэта было ў храналагічным парадку.

5 кастрычніка 2017 года Праект "Беларуская мова як адзіная дзяржаўная" быў дасланы па электроннай пошце на імя галоўнага рэдактара газеты "Наша слова" Станіслава Судніка з суправаджэннем наступнага зместу: "Просім Вас апублікаваць прапанаваны намі Праект для шырокага абмеркавання. З верай і надзеяй на уключэнне праблемы адзінай дзяржаўнай мовы ў інфармацыйную прастору Беларусі ад газеты "Наша слова". Л. Лыч, М. Савіцкі". Час ішоў … Публікацыя з'явілася толькі за 11 дзён да з'езда.

18 кастрычніка 2017 года Сакратарыят ТБМ прымае і друкуе ў газеце "Наша слова" спецыяльную пастанову. Вось адно з яе асноўных палажэнняў: "Калі ж некаторыя дэлегаты з'езда хочуць прапанаваць свае рэзалюцыі, то неабходна самастойна раздрукаваць іх колькасцю 100 асобнікаў ... і перадаць падчас рэгістрацыі раздрукаваныя матэрыялы рэгістрацыйнай групе для распаўсюду з іншымі дакументамі з'езда" (гл. газету "Наша слова" № 42 ад 18 кастрычніка, 2017 г.). Стала зразумела, што з нашым Праектам кіраўніцтва ТБМ не хоча пазнаёміць дэлегатаў да з'езда. Тады мы вырашылі апублікаваць Праект у выглядзе газетнага артыкула.

25 кастрычніка 2017 г. ён быў апублікаваны ў "Нашым слове" №43, у рубрыцы "Насустрач чарговаму з'езду ТБМ" пад загалоўкам "Беларуская мова як адзіная дзяржаўная - галоўны гарант рэальнага суверэнітэту нашай Бацькаўшчыны". (Сваю публікацыю прапануем у якасці дадатку да выніковых матэрыялаў ХIII з'езда ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны")".

Значная частка накладу газеты "Наша слова" ад 25 кастрычніка 2017 года была дастаўлена з Ліды ў Менск да адкрыцця з'езда, аднак па невядомых матывах не была прадстаўлена на з'ездзе. Ні дэлегаты, ні госці гэты нумар газеты не бачылі. Чаму, якая матывацыя?! На пытанне да арганізатараў з'езда, чаму на інфармацыйных сталах няма апошняга нумара газеты "Наша слова", канкрэтнага адказу не было атрымана.

Аўтары Праекту зрабілі ўсё ў поўнай адпаведнасці з патрабаваннем Сакратарыяту. Да пачатку рэгістрацыі дэлегатаў ХIII з'езда ТБМ 100 асобнікаў з тэкстам Праекту былі прапанаваны кіраўніцтву Таварыства - спадарству Алене Анісім і Алегу Трусаву. Апошні сказаў мне: "Распаўсюджвай сам". Рэгістрацыйная група з'езда без слоў выконвала пазіцыю кіраўніцтва ТБМ. Таму няма ўпэўненасці, што дэлегаты атрымалі прадстаўлены намі Праект. Ён пачынаўся такімі словамі: "Высокашаноўныя дэлегаты! Просім Вас абмеркаваць і прыняць сваё рашэнне па лёсавызначальнай праблеме для беларускай нацыі. Не па нашай віне Вы пазбаўлены магчымасці абмеркаваць падрыхтаваны намі Праект да з'езда".

15 лістапада 2017 года ў газеце "Наша слова" № 46 было пастаўлена перад чытачамі пытанне:"Чаму дэлегаты не паставілі на галасаванне Праект пастановы аб адзінай дзяржаўнай беларускай мове?". Са свайго боку рэдкалегія запрасіла да дыскусіі кіраўніцтва ТБМ і дэлегатаў з'езду.

Час ішоў … Чакалася дыскусія. На жаль, за апошнія пасляз'ездаўскія дні на старонках газеты быў надрукаваны толькі адзін, праўда досыць аб'ёмны, артыкул сябра Рады Міхася Булавацкага. Аўтар з добрым пісьменніцкім майстэрствам прадэманстраваў уменне параўноўваць сусветную глабальную праблему небяспекі ядзернай зброі з праблемай беларускай мовы ў Беларусі. На ніве беларускага мастацкага слова гэта будзе заўважана. Заслугоўваюць ухвалы і вопыт спадара Булавацкага аб ужыванні і пашырэнні беларускай мовы ў більярдных клубах горада Магілёва, параўнанні більярднай суполкі "з усім нашым народам".

Аднак не трэба новаму кіраўніцтву ТБМ адводзіць чытачоў ад лёсавызначальнай праблемы нашай краіны і цешыцца, што Савіцкага на з'ездзе ніхто не падтрымаў. Узнікае пытанне? А як жа маглі дэпутаты падтрымліваць ці не падтрымліваць тое, што самім кіраўніцтвам з'езда не прымалася да афіцыйнага разгляду? Праект адхіляўся як да адкрыцця з'езда, так і на ім? На неаднаразовыя просьбы уключыць прадстаўлены Праект аб адзінай дзяржаўнай мове для абмеркавання прэзідыум з'езда альбо маўчаў, альбо адмаўляў. У процівагу Праекту была пастаўлена для абмеркавання Пастанова "Аб унясенні ў парадак дня сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь законапраекту "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы". У пастановачнай частцы дакладна запісана: "1. Сакратарыяту ТБМ дапрацаваць тэкст законапраекту. 2. Як толькі тэкст будзе гатовы, старшыні ТБМ спн. Алене Анісім як дэпутату… унесці законапраект у парадак дня сесіі Палаты прадстаўнікоў у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам." Крута!!! як кажуць, на мове слэнгу. Прыехалі, але куды?

А таму "радасць" паважанага апанента, што "на з'ездзе ніхто не падняў руку супраць таго, каб наша родная мова стала адзінай дзяржаўнай", мякка кажучы, не адпавядае рэальнасці. Як можна паднімаць руку па пытанні, якое не агалошвалася прэзідыумам з'езда?! Гэта нешта з адэскага гумару.

Менавіта таму, што "гістарычныя працэсы адбываюцца не імкліва", як павучае мяне кіраўніцтва ТБМ у асобе паважанага Міхася Булавацкага, за месяц да з'езда быў прапанаваны Праект для перадз'ездаўскага абмеркавання (чытайце Праект і "Наша слова № 46). Там зафіксавана наступнае: "Мэта Праекту - ад імя ТБМ імя Ф. Скарыны гучна заявіць аб рэальным трагічна-тупіковым стане дзяржаўнай беларускай мовы ў Беларусі ва ўмовах дзяржаўнага "двухмоўя" і назваць эфектыўныя шляхі выхаду; запусціць пытанне аб адзінай дзяржаўнай беларускай мове ў інфармацыйную прастору Бацькаўшчыны і сусвету; спрыяць абуджэнню нацыянальнай самасвядомасці беларуса".

Паважанаму чытачу, для якога этнічнай мовай з'яўляецца беларуская і незалежна ад таго, размаўляе ці не размаўляе ён на роднай мове, каб глыбей асэнсаваць свой (наш) духоўны стан, ніжэй на мове арыгіналу падаецца інфармацыя аб ролі "руского языка" на яго радзіме ў гістарычным часе - у Расійскай імперыі часоў афранцужвання рускага народа і ў сучаснай Расіі.


Час панавання французскай мовы ў Расіі

Гэта вельмі павучальна для нас гістарычны перыяд панавання французскай мовы ў Расіі (тэкст яркіх гістарычных асоб даецца ў арыгінале).

Аляксандр Сямёнавіч ШЫШКОЎ, знакаміты дзяржаўны і грамадскі дзеяч ХIХ стагоддзя, адмірал і дзяржсакратар, які верай і праўдай служыў чатыром царам, міністр асветы і Прэзідэнт Расійскай Акадэміі навук. Ён з'яўляецца аўтарам неацэнных прац, значнасць якіх па-сапраўднаму не ўсвядомлена дагэтуль. Адна з іх - "Славянорусский корнеслов", пра маральны патэнцыял рускай мовы.

Фрагменты з гэтай кнігі чытаем ніжэй.

"Жадаеш загубіць народ, вынішчы яго мову.

Узыдзем на высокую вежу; знімем дахі з хат і паглядзім, што ў іх адбываецца. З чаго пачаць? З выхавання. Ці ёсць хоць адзін чалавек, акрамя самых бедных, у якога б дзяцей выхоўвалі не французы? Паспрабуйце сказаць, што мове нашай наносіцца шкода. Злосныя і безразважныя выдрапаюць вам вочы. Тыя, якія мякчэйшыя і разумнейшыя, пачнуць вам даказваць: "Ці не пустое ты кажаш? Калі ж лепш навучацца замежнай мове, як не ў самым дзяцінстве? Дзіцё, гуляючы, навучыцца перш гаварыць, потым чытаць, потым пісаць, і як французская мова неабходна патрэбная (заўважце гэты выраз), напрыканцы будзе пісаць так складна, як бы нарадзілася ў Парыжы". Вось у гэтай самай думцы і хаваецца валадарства яе над намі і наша рабства.

Ясна, што мы не пра карысць моў думаем: інакш навошта нам усе іншыя і нават сваю ўласную так зневажаць перад французскай… што ж гэта іншае, як не рабства? Усеагульнае ўжыванне французскай мовы служыць першаасновай усіх сувязяў, якія Францыя мае ў Еўропе. Зрабіце, каб у Англіі таксама гаварылі па-французску, як у іншых краях. Імкніцеся, працягваў ён, вынішчыць у дзяржаве мову народную, а потым ужо і сам народ. Хай маладыя ангельцы адразу пасланы будуць у Францыю і навучаны адной французскай мове; каб яны не размаўлялі інакш, як па-французску, дома і ў грамадстве, у сям'і і ў гасцях: каб усе ўказы, данясенні, рашэнні і дамовы пісаны былі на французскай мове - і тады Англія будзе нашаю рабыняю. Дзе чужая мова ўжываецца больш пераважна за сваю, дзе чужыя кнігі чытаюцца больш, чым свае, там пры бязмоўі славеснасці ўсё вяне.

Сёння ў Расіі

У Дзяржаўнай Думе Камітэт па справах Садружнасці Незалежных Дзяржаў і сувязях з суайчыннікамі і Фонд "Рускі свет" правялі "круглы стол" на тэму "Заканадаўчае забеспячэнне развіцця рускай мовы ў сучаснай інфармацыйнай прасторы". У працы "круглага стала" прынялі ўдзел звыш ста прадстаўнікоў расійскай і замежнай культурнай грамадскасці. Гучалі розныя галасы, аднак усе яны зліваліся ў адзіную сімфонію: берагчы і захоўваць рускую мову неабходна, сёння гэта наша галоўная нацыянальная задача. Начальнік аддзела падтрымкі рускай мовы ў іншых краінах свету Э.М. Шэйхаў заявіў: "… калі руская мова не знаходзіцца ў нацыянальнай сістэме адукацыі, то ніякія высілкі ніякіх арганізацый пры любым фінансаванні не выратуюць. Гэта, сапраўды, пытанне ў значнай ступені палітычнае. І калі ў той ці іншай краіне руская мова ўваходзіць у сістэму адукацыі, то ў гэтым выпадку яна, сапраўды, жыве і развіваецца. Калі не, то шанцы яе захаваць, вядома, вельмі і вельмі невялікія". Мяркую, што нам, беларусам, ёсць над чым задумацца і павучыцца.

Як бачым, сённяшні трагічны лёс беларускай мовы на яе гістарычнай тэрыторыі закладзены і выцякае з часоў панавання Расійскай імперыі, у якой стратэгічнай мэтай было знішчэнне родных моў усіх паняволеных ёю народаў, у тым ліку і "братняга" беларускага. Дык давайце будзем разам асэнсоўваць, памятаць, думаць, сумленна спрачацца і змагацца за выратаванне роднай мовы ад варварскага нашэсця на яе ўнутраных і знешніх русіфікатараў!

Прафесар Мікола Савіцкі.


Паседжане рады Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ

13 студзеня прайшло паседжанне рады Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ. Рада сабралася ў поўным складзе. У паседжанні ўзяў удзе і старшыня Лідскай арганізацыі ТБМ Лявон Анацка.

Рада разгледзела план дзейнасці на бліжэйшы перыяд. Сярод найбольш важных задач - правядзенне 11-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі 21 лютага, актыўны ўдзел у Міжнародным супермарафоне 2-4 сакавіка, які арганізуецца ў Лідзе з ініцыятывы Лідскай арганізацыі ТБМ і мае мець нацыянальны, беларускі характар.

Наступны этап - 100-годдзе БНР і чарговыя Лідскія чытанні, прысвечаныя гэтаму найгалоўнаму юбілею ў гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Быў разгледжны шэраг іншых пытанняў.

Наш кар.


Творчая сустрэча

28 снежня 2017 года ў новым офісе ГА " Беларуская асацыяцыя журналістаў" адбылася творчая сустрэча з супрацоўніцай газеты "Звязда" Нінай Лістотай. Нагодай для мерапрыемства стаў выхад новай кнігі маладой пісьменніцы "Каханні. Дваццаць рэальных гісторый".

Кожная гісторыя мае свой каларыт. Дзеянні адбываюцца ў майстэрні, на даху, у старым парку, на цёмным летнім полі ... Літаратурна-мастацкае выданне з'явілася у выдавецтве "Кнігазбор". Рэдактар - славутая Людміла Рублеўская, а дызайн вокладкі зрабіў Анатоль Лазар. Наклад кніжкі 300 асобнікаў. Вечарыну арганізаваў вядомы журналіст Барыс Гарэцкі.

Сп. Ніна адказала на ўсе пытанні і чытала свае вершы ў музычным суправаджэнні Паўла Астравуха. Мерапрыемства наведалі каля 20 чалавек. Кошт выдання - 10 рублёў. Асабіста мне спадабаліся апавяданні: "Плыві, рыба, плыві", "Музычны куфэрак...", "Пах лаванды", "Лабірынт" і іншыя. Гэта ўжо другая прэзентацыя кнігі літаратаркі. Набыць выданне мажліва ў сталічных кнігарнях. Спадзяюся, што маладая літаратарка знойдзе свайго чытача і прыхільніка.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст-фрылансер.


У расійскім сяле выпусцілі алей з этыкеткай цалкам па-беларуску

У крамах Гомеля ў продажы з'явіўся алей з этыкеткай, аформленай цалкам па-беларуску, піша kp.by.

Цікава, што "Алей сланечнікавы вышэйшага гатунку" выпусцілі не ў Беларусі, а ў Расіі. Вытворца - прыватнае прадпрыемства ў сяле Верхняя Хава Варонежскай вобласці.

Прадпрыемства прадае алей і з іншымі назвамі. А "Сланечнікавы алей", мяркуючы па ўсім, выпушчаны адмыслова для экспарту ў Беларусь.

"Выгадна і смачна", - гаворыцца на этыкетцы.

kp.by.


Прозвішчы Беларусі

Павел Сцяцко

Новая серыя

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

1093. Сафар'ян (Сяргей) - дэрыват ад Сафрон (імя грэч. sophroneo 'разважлівы, разумны') набыў ролю прозвішча.

1094. Сафіна (Данута) - вытвор з фармантам -іна ад антрапоніма Сафа і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Сафіна. ФП: сафа ('мяккая шырокая канапа з нізкімі спінкай і падлакотнікамі') - Сафа (мянушка, потым прозвішча) - Сафіна.

1095. Сафонава (Людміла) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Сафон і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сафонава. ФП: Сафон (імя ст.-яўр. 'Бог (Яхве) захаваў') - Сафон (празванне, потым прозвішча) - Сафонава.

1096. Сахута (Яўген) - народна-гутарковая форма (з афіксам - ута) ад антрапоніма Саха ( Сафон - ст.-яўр. 'Бог (Яхве) захаваў') набыла роль прозвішча.

1097. Сацукевіч (Іван) - вытвор з суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Сацук і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сацукевіч. ФП: Ісак (імя ст.-яўр. з семантыкай 'ён будзе смяяцца') - Сак (народна-гутарковая форма) - Сац (з 1599 г.) - Сацук (вытвор з фармантам -ук і значэннем 'нашчадак') - Сацукевіч.

1098. Сацюк (Пётр) - вытвор з суфіксам -юк ад антрапоніма Саць і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сацюк. ФП: Ісай (імя гл. Сайкоў) - Сай (гутар. форма) - Сайко (тс.) - Сацько - Саць - Сацюк.

1099. Сачыўка (Пётр) - семантычны вытвор ад апелятыва сачыўка 'расліна сямейства бабовых, а таксама круглае зерне расліны; сачавіца'.

1100. Свірко (Кастусь) - народна-гутарковая форма канан. імя Спірыдон (грэч. Spyridon -лац. 'па-зашлюбны') набыла ролю прозвішча.

1101. Свірскі (Аляксандр) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Свір: Свірскі.

1102. Святланіч (Алесь) - вытвор з суфіксам бацькаймення -іч ад антрапоніма Святлана і значэннем 'нашчадак названай асобы': Святланіч.

1103. Святлоў (Барыс) - форма прыметніка з акцэнтаваным суфіксам -оў ад антрапоніма Светлы і значэннем 'нашчадак названай асобы': Светлоў - Святлоў. ФП: светлы (апелятыў з многімі значэннямі: 'які ярка свеціць', 'добра асветлены, яркі', 'ясны, празрысты', 'лепш яркі па колеры ў параўнанні з іншымі, не цёмны', 'радасны, нічым не азмрочаны, незасмучаны', 'ясны, праніклівы') - Светлы (мянушка, потым прозвішча) - Святлоў.

1104. Селіфонтаў (Аляксандр) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Селіфонт і значэннем 'нашчадак названай асобы': Селіфонтаў. ФП: Селіфан (імя, ад лац. silva 'лес') - Селіфонт (мянушка, потым прозвішча) - Селіфонтаў.

1105. Селіцкая / Сяліцкая (Маргарыта) - вытвор з фармантам - ская / -іцкая ад тапоніма Сальцо / Сяло / Селішча і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясцовасці, паселішча': Сяліцская / Сяліцкая / Сяліцкая (рус. Селицкая).

1106. Сёмачкін (Яўген) - вытвор з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Сёмачка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сёмачкін. ФП: Сямён (ст.-яўр. '[Бог] чуе') - Сёма і Сёмка (народна-разм. формы) - Сёмачка (ласк. форма) - Сёмачка (мянушка, потым прозвішча) - Сёмачкін.

1107. Семашкевіч (Рыгор) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Сямашка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Семашкевіч. ФП: Сямён (імя ст.-яўр. "Бог чуе") - Сямашка (гутар. форма) - Сяма>шкавіч - Семашкевіч.

1108. Семерыкова (Ірына) - вытвор з фармантам -ова ад антрапоніма Семярык і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Семерыкова. ФП: семярык ('старая руская мера (ліку, вагі, аб'ёму), якая змяшчае ў сабе сем якіх-н. адзінак, а таксама прадмет з сямі частак', 'сем коней адной запрэжцы') - Семярык (мянушка, потым прозвішча) - Семерыкова.

1109. Семяненя (Алег) - вытвор з фармантам -еня ад антрапоніма Сямён і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сямёненя - Семяненя. ФП: Сямён (імя ст.-яўр. 'Бог чуе') - Сяменя (народна-гутарк. форма) - Семяненя.

1110. Семяняка (Юрась) - размоўная форма кананічнага імя Сямён набыла ролю прозвішча.

1111. Сенін (Ігар) - вытвор з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Сень і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сенін. ФП: Сямён (імя) - Сень (народна-гут. форма) - Сень (мянушка, потым прозвішча) - Сенін.

1112. Сенькіна (Вера) - вытвор з фармантам -іна ад антрапоніма Сенька і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сенькіна. ФП: Сямён (імя) - Сенька (разм. форма) - Сенька / Сянько (мянушка, потым прозвішча) - Сенькіна.

1113. Серадзюк (Дзіяна) - вытвор з суфіксам -юк ад антрапоніма Серада і значэннем 'нашчадак названай асобы': Серадзюк. ФП: серада ('трэці дзень тыдня, які ідзе пасля аўторка') - Серада (мянушка) - Серада (прозвішча) - Серадзюк.

1114. Сергачоў (Сяргей) - вытвор з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Сяргач і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сяргачоў - Сергачоў. ФП: Сяргей (імя, з лац. Sergius) - Сяргач (размоўная форма, якая стала мянушкай) - Сяргач (прозвішча) - Сергачоў.

1115. Сівагрывава (Вольга) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Сівагрывы і значэннем 'нашчадак (дачка) названай асобы': Сівагрывава. ФП: сівагрывы ('з сівай грывай') - Сівагрывы (мянушка, потым прозвішча) - Сівагрывава.

1116. Сіверцаў (Валерый) - вытвор з суфіксам прыналежнасці - аў ад антрапоніма Сіверэц і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сіверцаў. ФП: сівер ('халодны паўночны пранізлівы вецер (разм.)') - Сівер (мянушка, потым прозвішча) - Сіверац ('нашчадак асобы Сівер') - Сіверэц (проз-вішча) - Сіверцаў.

1117. Сівіцкі (Арнольд) - вытвор з суфіксам -скі ад тапоніма Сівіца і значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча': Сівіцскі - Сівіцкі.

1118. Сівурава (Любоў) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Сівура і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сівурава. ФП: сівы ('белы, серабрысты, які страціў афарбоўку', 'з белымі валасамі, пасівелы', 'з прымессю белай шэрсці (пра футра)') - Сівы (мянушка, потым прозвішча) - Сівура (вытвор з фармантам -ура) - Сівура (прозвішча) - Сівурава.

1119. Сігараў (Васіль) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Сігара і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сігараў. ФП: сігара (рус.) 'цыгара' (-сігарэта 'цыгарэта') - Сігара (мянушка, потым прозвішча) - Сігараў.

1120. Сідарок (Яна) - вытвор з суфіксам -ок ад антрапоніма Сідар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сідарок. Або як памянш.-ласк. ад Сідар: Сідарок.

1121. Сідорскі (Сяргей) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Сідары / Сідоры і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Сідорскі. ФП: Сідар (імя, з мовы грэкаў 'егіпецкая багіня') - Сідар (антрапонім) - Сідары / Сідоры (тапонім) - Сідорскі.

1122. Сікорскі (Вячаслаў) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Сікоры і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці': Сікорскі. ФП: сікора (птушка сініца - укр. сикір, м. р. сикорка ж. р., польск. sikora 'сініца') - Сікора (мянушка, потым прозвішча) - Сікоры (тапонім) - Сікорскі.

1123. Сіліцкая (Надзея) - вытвор з фармантам -ская ад тапоніма Сілічы і значэннем 'народзінка, жыхарка названага паселішча': Сілічская - Сіліцкая. ФП: Сіла (імя, з мовы грэкаў 'праваўладаны') - Сіла (мянушка, потым прозвішча) - Сіліч ('нашчадак названай асобы'; суф. -іч) - Сілічы (тапонім) - Сіліцкая.

1124. Сільчанка (Міхаіл) - вытвор з фармантам -анка ад антрапоніма Сілько і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сільч(к/ч)анка. ФП: Сіла (імя, з мовы грэкаў 'права заўладання') - Сілько (народная форма яго) - Сілько (мянушка, потым прозвішча) - Сільчанка.

1125. Сінькавец (Адам) - вытвор з суфіксам -авец ад тапоніма Сінькі і значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча': Сінькавец. ФП: Сямён (імя ст.-яўр. 'Бог чуе') - Сінько (народна-гутарк. форма) - Сінько (мянушка, потым прозвішча) - Сінькі (тапонім - вёска з прозвішчамі Сінько) - Сінькавец.

1126. Сіплевіч (Раіса) - вытвор з суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Сіплы і значэннем 'нашчадак названай асобы': Сіплевіч. ФП: сіплы ('прыглушана-хрыплы, з прысвістаннем і лёгкім сіпеннем') - Сіплы (мянушка, потым прозвішча) - Сіплевіч.

1127. Сіплівая (Валянціна) - семантычны вытвор ад апелятыва сіплівы 'той, хто гаворыць сіплівым голасам', 'сіпаты'.

1128. Сірота (Вікенцій) - акцэнтаваны семантычны вытвор ад апелятыва сірата 'дзіця або падлетак, які застаўся без аднаго або двух бацькоў'.

(Працяг у наст. нумары.)


Віктар Карамазаў: "Імкнуся паказаць, як выяўляецца творчая асоба"

У юбілейным скарынаўскім годзе выйшаў новы зборнік навэл і апавяданняў Віктара Карамазава " Пад крыжам". Адзін з выдатных пісьменнікаў пакалення шасцідзесятнікаў, Віктар Філімонавіч прысвяціў шэраг кніг адлюстраванню жыцця і творчасці беларускіх мастакоў: Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Станіслава Жукоўскага, Антона Бархаткова, Гаўрыіла Вашчанкі, Фердынанда Рушчыца, Анатоля Бараноўскага. Восьмая па ліку кніга пісьменніка пра жывапісцаў "Пад крыжам" уключае аповесць "Зямля Фердынанда", прысвечаную Рушчыцу, навэлы "Ван Гог", "Бабіна лета", "Макі" пра сучасных пейзажыстаў - Міколу і Марыю Ісаёнкаў, Антона Вырву, і развітальнае апавяданне з дарагой сэрцу пісьменніка вёскай Лімень на Магілёўшчыне. Кніжачку аздобіла рэпрадукцыя з карціны Віктара Карамазава ў камп'ютарнай апрацоўцы яго сына Сяргея.

У час навагодніх святаў было прыемна ўбачыць 83-гадовага літаратара ў добрым настроі з новымі ўражаннямі ад пабачанага вернісажа маладых мастакоў, за працай над новымі персаналіямі. Аўтар аповесцяў і эсэ, апавяданняў і нарысаў распавёў, як прыйшла да яго цікавасць да мастацкай тэмы. Здаецца, яшчэ ніхто не перадаваў так выразна словамі колеры і фарбы прыроды, за якімі назірае мастак:

"Сад атуляўся залацістай вохрай і цяплеў. Ружовыя пялёсткі макаў, яшчэ ў бутонах, былі абвешаныя кроплямі расы, у якіх таіліся зямныя ізумруды,блакітны туманок."

"Ён днямі шукаў на палатне патрэбны тон, ловячы сваё натхненне на ўзыходзе сонца, калі першая хваля святла пачынала саграваць лясныя ваколіцы, лугавую раскошу траў, абуджаючы ад начной спячкі кожную кветку, званочкі і парасончыкі, зрывала з азёрнага люстра белую начную коўдру, пасіненую ўльтрамарынавым золакам, разводзіла па бяскрайнім люстры бірузовую паводку, на якой пачынаў разгарацца дзень."

- Аналагаў у нашай літаратуры не было, - кажа Віктар Карамазаў. - Ніводны пісьменнік у беларускай літаратуры не напісаў пра мастакоў - хоць бы навэлу, не кажучы пра аповесць ці раман! Многія пісьменнікі сябравалі з мастакамі - і са Шчамялёвым, і з Вашчанкам, і з Савіцкім, але ніхто пра іх не пісаў. Я адчуў душу мастака, увайшоў у яго псіхалогію. Для нас вобраз мастака вельмі павучальны, гэта цэлая школа выхавання. У мастакоў кандэнсуецца высокая духоўнасць, прыгажосць жыцця чалавека і прыроды. Мастак раскрывае духоўны патэнцыял прыроды.

- Віктар Філімонавіч, нядаўна ў Магілёве адзначалася 145-годдзе з дня нараджэння Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Як Вы зацікавіліся яго творчасцю?

- Рэдактар "Нёмана" Анатоль Кудравец папрасіў напісаць эсэ пра пейзажыста. Я пайшоў у архіў і знайшоў цікавыя старонкі пісьменніка Войніча, які пасля вайны збіраўся пісаць кнігу пра мастака, меў яго рукапісы. Там былі ўспаміны Бірулі пра дзяцінства. Гэтыя яго старонкі паказалі мне шлях да Бялыніцкага-Бірулі. Тады я знайшоў вёсачку Крынкі на беразе Друці, знайшоў падмурак дома бацькі, бэз пад вакном. Потым паехаў на Віцебшыну на возера Няшчэрда, дзе калісьці жылі бацькі Бірулі, перагледзеў работы Бірулі ў Нацыянальным і ў Магілёўскім музеях, захапіўся яго жыццём, і яно вывела да аповесці "Крыж на зямлі і поўня ў небе". Бялыніцкі жыў у прыродзе, быў выдатным паляўнічым, і для мяне ён аказаўся не толькі творцам, а блізкім па душы і маіх думках лясным чалавекам.

- Ваш першы раман быў, менавіта, пра лес?

- Раней у мяне была Лімень, вёсачка пад Чэрыкавам. У 1918-1924 гадах там знаходзілася школа-камуна, якую ўзначальваў Мадэст Лепяшынскі. Там вучыліся будучы кампазітар Ісаак Любан і прафесар Іван Гутараў. Пасля вайны ў Лімені існавала школа леснікоў, запаведнік баброў і вальер для высакародных аленяў. Егеры вялі догляд і навуковыя даследванні. Я прыжыўся ў лясніцтве, завёў цёплае сяброўства з леснікамі, і там ў 1986 годзе напісаў раман "Пушча" і паляўнічыя апавяданні. Потым туды прыйшла радыяцыя, лес і вёска аказаліся ў забруджанай зоне. Для мяне гэта была вялікая творчая страта - жыць без роднага лесу, без Лімені.

…І вось тады Біруля адкрыў мне новы шлях. Я паехаў у Цвярскую губерню і знайшоў яго знакамітае лецішча "Чайка" на высокім беразе возера Удомля. Бялыніцкі пабудаваў яго ў 1910-тых гадах. Вядомае месца ў расійскай і савецкай культуры. Дом быў закінуты. Я пасяліўся там і з месяц жыў, абышоў мясціны, дзе мастак пісаў пейзажы, аб'ездзіў навакольныя вёскі. Насупраць " Чайкі" ёсць вёска Гарусава, дзе жыў Ісаак Левітан, пісаў эцюды да сваёй вялікай карціны "Над вечным спакоем". Тут у 90-тых гадах 19-га стагоддзя ён ствараў "Залатую восень", тут адбыўся ўзлёт творчасці жывапісца.

Бялыніцкі любіў і глыбока ведаў прыроду. Мне прыемна было пісаць пра яго аповесць. Яна публікавалася ў "Маладосці", пасля выйшла асобнай кнігай. Мы наладзілі ў 1996 годзе першы пленэр Бялыніцкага-Бірулі. З таго часу яны адбываюцца кожны год. Нас падтрымаў аддзел культуры Магілёўскай вобласці. Колькі дзетак за час пленэру праз сустрэчы з мастакамі ў школах, музеях, проста на вуліцы, далучыліся да святла, да духоўнага хараства, якое сее мастацтва!

Пазней я напісаў сцэнар для кінафільма па аповесці, і рэжысёр Валерый Басаў паставіў паўнаметражны кінафільм, які так і называўся: "Крыж на зямлі і поўня ў небе". Валянцін Ермаловіч, які працаваў у Магілёве рэжысёрам гарадскога тэатра, па аповесці паставіў спектакль. Прэм'ера ўрачыста адбылася ў музеі Бялыніцкага-Бірулі. Ермаловіч іграў Бірулю. Аповесць была ўключана ў школьныя праграмы. Адным словам, гэта была вялікая і карысная работа. Аповесць прыйшлася па душы ўсім. Мы паднялі добрую хвалю цікавасці да Бірулі, урачыста праводзілі яго гадавіны з удзелам гасцей. Усё гэта - светлая старонка майго жыцця.

Напісаўшы аповесць пра Бялыніцкага-Бірулю, я зацікавіўся творчасцю яго сябра - Станіслава Жукоўскага, з Пружанаў. 70 гадоў яго выставы не рабілі ў Савецкім Саюзе, ён быў пад забаронаю, бо яго бацька і дзядзькі былі рэпрэсаваныя. З 1923 года Жукоўскі жыў у Польшчы. Мая аповесць пра Жукоўскага "Брат мой духоўны" паспрыяла яго рэабілітацыі.Тады і адбылася яго першая выстава. У нашым Нацыянальным музеі ёсць каля 30 яго работ. А потым я пісаў аповесць пра Антона Бархаткова, які лічыў сябе вучнем Бірулі.

- Вы таксама пішаце карціны?

- Гэта мае вельмі раннее і на ўсё жыццё захапленне. Пасля вайны партрэтаў пісьменнікаў у школе не было, падручнікі меў мала хто, а я браў кнігі ў бібліятэцы крычаўскага педвучылішча, дзе бацька выкладаў літаратуру і мову. Там знаходзіў партрэты класікаў, перамалёўваў іх на левым чыстым баку плакатаў і прыносіў у школу.

Настаўніца прышпільвала партрэт да дошкі і вяла ўрок. Бацька ўбачыў мае захапленне і выпісаў з Масквы цэлую скрынку алейных фарбаў у тубах. Я пачаў капіраваць карціны Левітана, Шышкіна, савецкіх мастакоў. А першы малюнак зрабіў алоўкам яшчэ зімою сорак першага года на ваенным заводзе пад Ульянаўскам.

Як там апынуўся? Мы патрапілі пад бамбёжку, я згубіся, і бацька мяне знайшоў на ваенным заводзе, дзе рабілі снарады і міны. Я патрапіў у прытулак для беспрытульных дзяцей. Нас апраналі ў салдацкія неданоскі і кармілі. Прывялі на вячэру, а там, ля сталоўкі на слупе рэпрадуктар перадае паведамленне ад савецкага інфармбюро пра подзвіг Аляксандра Матросава. Зрабіў малюнак, які зараз у мяне ў стале: " За родину, за Сталина. Саша Матросов бросается на амбразуру дота." Тады мне было сем гадкоў, я быў дзіцём настаўнікаў, ужо чытаў і пісаў. Пасля вызвалення Беларусі мая мама Ганна Анісімаўна даслала мой малюнак бабулі ў Чэрыкаў, і ён захаваўся. Маю першую значную жывапісную работу з натуры " Зазімак" я напісаў на першым пленэры Бялыніцкага-Бірулі ў 1997 годзе.

- Але вучыцца Вы пайшлі не ў мастацкую вучэльню, а на факультэт журналістыкі БДУ?

- Вучыцца тады пасля вайны ў мастацкай школе не было матэрыяльнай магчымасці. І ў 1953 годзе я паступіў у БДУ. На апошніх курсах ужо пісаў апавяданні. У 1958 годзе па заканчэнні ўніверсітэта я паехаў на раён і гадоў пяць працаваў у чэрыкаўскай раённай газеце, а ў 1964 годзе вярнуўся ў Менск. Першую кніжку апавяданняў "Падранак" я напісаў менавіта ў Лімені.

- Віктра Філімонавіч, нагадайце, як Вы пазнаёміліся з Вашай будучай жонкай Лідзіяй Мікалаеўнай?

- Мы вучыліся разам з ёй ва ўніверсітэце. Я заканчваў журфак, а яна - аддзяленне беларускай мовы і літаратуры. Яна выкладала ў школе ў Крычаве, працавала стылістам і карэктарам у выдавецтве. Наш сын Сяргей закончыў політэхнічны інстытут, а дачка Людміла выкладае ў гімназіі беларускую мову і літаратуру. Кожны год яна са сваімі вучнямі займае першыя месцы на алімпіядах.

- У Вашу новую кнігу "Пад крыжам" увайшла аповесць " Зямля Фердынанда" пра нашага выдатнага мастака Рушчыца. Цікава, як Вы яе пісалі?

- Цяжка пісаць пра мастакоў, якія жылі і памерлі, таму што ў нас няма архіваў. Але мне не патрэбная ўся біяграфія мастака. Мне трэба быць моцна ўражаным яго творчым, духоўным подзвігам або яго трагедыяй, ёю запаліцца, у яе ўвайсці і яе разгадаць, маючы ўсяго некалькі даставерных фактаў з жыцця, але такіх, якія даюць лагічную і дастатковую прастору для псіхалагічнага мастацкага аналізу. Гэтакая праца патрабуе ад мяне майго ўласнага жыццёвага вопыту не менш, як жыццёвага вопыту літаратурнага героя. Так. І гэта, падкрэслю, не ёсць выдуманая праўда. Пад ёй грунт больш моцны, як пад нейкім адным асобным біяграфічным і гістарычным фактам. Трэба выпрацаваць пэўны стыль і метад. Мне гэта, думаю, пакуль што ўдаецца.

У сваёй аповесці пра Рушчыца я даследваў праблему адрыву мастака ад родных каранёў, спрабаваў спасцігнуць, чаму Рушчыц назаўсёды пакінуў палітру і пэндзлі і пераключыўся на выкладчыцкую дзейнасць. Я зразумеў яго драму і даў адказ у аповесці. Мастак павінен трымацца свайго асяроддзя, сваёй глебы, сваіх традыцый, школы. Як толькі ён пачынае мяняць іх, то губляе сваю непаўторнасць.

- Вы былі знаёмыя з многімі знакамітымі мэтрамі?

- Я сябраваў з народным мастаком Анатолем Бараноўскім, бываў з ім на пленэрах, бачыў, як ён піша ў майстэрні, мы шчыра пра ўсё гаварылі. Гэта быў выдатны чалавек, выкладчык Беларускай акадэміі мастацтваў. Ён увесь час мяняўся, шукаў новае святло, ішоў да свайго ідэалу. Цяпер мне яго вельмі не стае.

Мяне апошнім часам захапілі маладыя мастакі рэалістычнай школы, якія выставілі свае творы ў галерэі Міхаіла Савіцкага: Антон Вырва, Васіль Пешкур, Уладзіслаў Пятручык, і я пішу нататкі пра іх творчасць. Я з імі шчыры. Новая кніга адкрываецца навэлай "Ван Гог", у ёй аповед ідзе як раз пра Антона Вырву. Часам я адыходзіў ад даставернасці, але мастак прыняў маю навэлу. "Маё" і "яго" арганічна зліта. Зразумець мастака мне дапамагае мой жывапіс.

- Некалькі Вашых кніг маюць у сімвал крыжа. Ён - у назве першай кнігі пра Бялыніцкага-Бірулю і ў назве апошняй кнігі, у тэксце апавядання, якое яе вянчае.

- Так. Не выпадкова. Крыж сваіх пакут як крыж свайго подзвігу для людзей, іх ратунку, Ісус Хрыстос нёс на плячах на сваю Галгофу і там праклаў шлях кожнаму хрысціяніну, кожнаму з нас, у тым ліку і маім літаратурным героям.

Гутарыла Эла Дзвінская, фота аўтара. На здымках: 1. Віктар Філімонавіч Карамазаў і яго карціны; 2. Віктар Карамазаў і мастак Антон Вырва.


Кніжная спадчына Скарыны паспрыяе міжнародным кантактам

9 студзеня сярод лаўрэатаў прэміі "За духоўнае адраджэнне" высокую ўзнагароду за факсімільнае ўзнаўленне і папулярызацыю кніжнай спадчыны Ф. Скарыны атрымаў калектыў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Намеснік дырэктара бібліятэкі па навуковай працы і выдавецкай дзейнасці, старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, кандыдат культуралогіі спадар Алесь Суша пракаментаваў гэтую велічную падзею.

- Алесь Аляксандравіч, найважнейшым вынікам юбілейнага года было завяршэнне выпуску факсімільнага ўзнаўлення кніг Францішка Скарыны ў 21 томе. Нагадайце, калі ласка, якія ўстановы на Беларусі атрымалі кнігі? У бібліятэкі якіх краін яны паступілі?

- Раённыя, абласныя бібліятэкі, установы культуры атрымалі кнігі бясплатна. Кнігі раз'ехаліся па буйнейшых музеях краіны, трапілі ў акадэміі, інстытуты, знаходзяцца ў навуковых установах, якія носяць імя Скарыны. Выданне трапіла ў замежныя зборы Нацыянальных бібліятэк іншых краін, у беларускія інфармацыйныя цэнтры за мяжой. У нас маюцца прыязныя стасункі са многімі нацыянальнымі бібліятэкамі. Факсімільнае выданне стала выдатнай магчымасцю актуалізаваць усе нашы кантакты. Падчас правядзення сімпозіюмаў, сустрэч і прэзентацый былі перададзены кнігі. У далёкіх краінах уручэнне адбывалася праз лінію нашых дыпламатычных службаў. Наладжваліся культурныя стасункі, якія паўплываюць у далейшым на супрацоўніцтва нашай краіны з іншымі. Такія перадачы адбыліся ў 60 краінах свету. Кнігі Скарыны можна будзе прачытаць ва ўсіх краінах Еўропы. Прэзентацыі "Кніжнай спадчыны" прайшлі ў Маскве, Кіеве, Рызе, Таліне, Празе, Марціне (Нацыянальная бібліятэка Славакіі), Берліне, Мадрыдзе. Акцыі па святкаванні беларускага кнігадрукавання адбыліся ў прадстаўніцтве ААН у Швейцарыі, супольна былі праведзеныя акцыі з удзелам прадстаўнікоў беларускай дыяспары. Нам прыемна канстатаваць, што кнігі Скарыны прысутнічаюць у большасці еўрапейскіх краін, з якімі мы маем дыпламатычныя стасункі.

- Яшчэ ў 2012 годзе Вы з калегамі распачалі велізарную працу па даследаванні, апісанні і адлічбоўцы ўсіх асобнікаў кніг нашага першадрукара. Аўтарам ідэі факсімільнага ўзнаўлення выступіў дырэктар бібліятэкі Раман Сцяпанавіч Матульскі. А ці не было ў той момант звычайных чалавечых сумневаў: а ці знойдуцца сучасныя Багдан Онкаў і Якуб Бабіч, каб фінансава падтрымаць выданне?

- Гэта было падчас святкавання 90-годдзя бібліятэкі ў 2012 годзе. Мы праводзілі наш першы Міжнародны кангрэс, прымеркаваны да юбілею бібліятэкі. У межах гэтага кангрэса мы агучылі думку пра тое, што набліжаецца 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, і трэба добра падрыхтавацца. Бібліятэка на працягу 10 апошніх гадоў займалася праектамі па ўзнаўленні факсімільнай спадчыны. Мы факсімільна перавыдалі самыя старажытныя рукапісы: "Полацкае Евангелле", "Слуцкае Евангелле", " Баркалабаўскі летапіс", шэраг літаратурных прац - М. Багдановіча, Я. Купалу, літаратурныя зборнікі рознага зместу. Сем гадоў таму мы склалі праграму інвестыцыйных праектаў, дзе былі ўлічаны самыя розныя магчымасці на розны густ. Кніжная спадчына Ф. Скарыны бачылася нам як вельмі значны, але рызыкоўны праект. Маючы досвед публікацый, мы вырашылі рызыкнуць: напісалі адпаведную канцэпцыю, абмеркавалі яе ў калектыве, па крысе пачалі збіраць кола зацікаўленых. Мы бачылі падтрымку: у 2011 годзе рэалізавалася дзяржаўная праграма "Культура Беларусі", яе заданнем было стварэнне лічбавай бібліятэкі Ф. Скарыны. Фінансаванне было невялікім, але падтрымка была важнейшым стымулам, каб далей дзейнічаць.

У 2013 годзе мы заключылі пагадненне з банкам "БелВЭБ", які стаў нашым спонсарам і партнёрам праекту. Звычайна фінансавыя ўстановы бачаць камерцыйную ці іншую выгоду, а ў дадзеным выпадку адчувалася персанальная зацікаўленасць работнікаў банка: яны чыталі і глыбока аналізавалі выданні Скарыны, іх паслядоўнасць. На перыяд старту праекту ўсе перажывалі сусветны эканамічны крызіс, праходзілі банкаўскія рэформы. Але ход наш быў правільным, ён паўплываў на імідж банка ў краіне.

- У Вас было дабраславенне Мітрапаліта Філарэта на гэтую дзейнасць?

- Так і ёсць, мы атрымалі дабраславенне Мітрапаліта Філарэта. Праект мае дачыненне не проста да кніжнай спадчыны, але да Бібліі. Адбывалася ўзнаўленне не простых кніг, а Святога Пісання. Калегі, партнёры і Царква дапамаглі ў навуковым асэнсаванні пытанняў Бібліі.

- Адкрыццём "Кніжнай спадчыны Францішка Скарыны" з'яўляюцца цалкам надрукаваныя яго поўныя прадмовы, праз якія ён бачны як духоўны пісьменнік. Гэта падаецца вельмі каштоўным. Ці адчулі Вы моцны імпульс веры Францішка Скарыны як хрысціянскага багаслова?

- Натуральна, што выданне кніг асветніка не магло абысціся без аналізу аўтарскіх тэкстаў, створаных самім Скарынам. Ён пісаў прадмовы і пасляслоўі, дзе ён не толькі тлумачыў сэнс той ці іншай біблейскай кнігі, але і растлумачваў іх ролю ў жыцці кожнага хрысціяніна. Уражвае глыбокая рэлігійнасць аўтара. Скарына як тэолаг яшчэ недастаткова прааналізаваны. Кнігі Скарыны даследаваліся ў кантэкце мастацтвазнаўства, літаратуразнаўства, мовазнаўства. У сэнсе багаслоўскага разумення яго тэкстаў было зроблена няшмат. Апублікаванне гэтых тэкстаў у перакладзе на рускую, беларускую і англійскую мову аказалася абсалютна арыгінальным. На беларускай мове пераклады прадмоў Скарыны не выходзіла ніколі. Алесь Бразгуноў папрацаваў выдатна як перакладчык, захаваўшы стылістыку аўтара.

- Ваша дысертацыя "Культурная спадчына грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі ў кантэксце дыхатаміі "Усход - Захад" вызначыла хрысціянскую культурную стратэгію, якую Вы паспяхова развіваеце праз выпуск кніг, рэалізацыю выставачных праектаў.

- Любое дысертацыйнае даследванне - гэта адказнасць. Калі я працаваў над дысертацыйным даследаваннем, маё рашэнне было прадуманым, бо я абраў прадметам даследвання культурную спадчыну грэка-каталіцкай царквы. Мы мелі справу з навуковай навізной. Разуменне тых магчымасцяў, якія наша краіна страчвае ад недастатковай увагі да культурнай спадчыны, прадстаўнічай і багатай, прымушала развіваць гэтую тэму. Яна была для меня вельмі блізкая, я шмат падарожнічаў па Беларусі, меў кантакты са святарамі, якія служаць у грэка-каталіцкіх храмах. Каб знайсці пацверджанне сваіх ідэй і гіпотэз, даводзілася шмат працаваць у музеях, бібліятэках і архівах. Калі мы прыступалі да "Кніжнай спадчыны Францыска Скарыны", нам не было надта боязна, што мы бярэм непасільны крыж, мы рабілі разлікі ўсіх чалавечых рэсурсаў, каб былі навукоўцы, перакладчыкі і мастакі, якія зробяць справу. Мы аналізавалі ўсё вельмі дэталёва. Надта вялікай рызыкі не было, але адказнасць вялікая.

- Мастацкае афармленне выдання рабіў сын Гаўрыіла Вашчанкі?

- Вельмі плённым было наша супрацоўніцтва з дызайн-студыяй "Калекшн", якую ўзначальвае Канстанцін Вашчанка. Як мастак выдання, ён распарацаваў асноўныя мастацкія элементы.

- Ці не з'яўляецца ўся праца падрыхтоўкай да кананізацыі Францішка Скарыны? Бо цяпер ёсць поўны яго жыццяпіс.

- Думаю, што не. Задача бібліятэкі - зберагаць кніжную спадчыну і рабіць яе даступнай для большай колькасці людзей. Пытанне кананізацыі - гэта пытанне Царквы і рэлігійных грамад. Парафіі, брацтвы ці прыходы могуць станавіцца такімі ініцыятарамі.

- У 2016-2017 гадах Вам удалося гарманічна паказаць асобу Скарыны як навукоўца, медыка, першадрукара, асобу рэнесанснай эпохі ў трох кнігах для дзяцей школьнага ўзросту. Вы выявілі розныя грані яго асобы.

- Па адукацыі я - культуролаг. Культуралогія прадугледжвае агляд розных сфер культуры. Я вывучаю кніжную спадчыну і ў мастацтвазнаўчым плане, і з пункту гледжання мовазнаўства, літаратуразнаўства, філасофскага і тэалагічнага зместу. Тое ж можна сказаць пра асобу Скарыны, яна была абсалютна шматгранная. Для мяне ён быў цікавы як перакладчык, мовазнавец, паэт, філосаф. Такі падыход дэманструе нам багацце спадчыны Францішка Скарыны.

- Як сфармавалася Вашая беларусацэнтрычнасць? Вы пішаце навуковыя працы па-беларуску?

- Я нарадзіўся на Беларусі, не магу не мець цікавасці да роднай зямлі. Мае артыкулы выходзілі на розных мовах: і па-польску, і па-англійску, і па-ўкраінску. Я больш натуральна адчуваю беларускую мову, мову маёй маці, я чуў яе з дзяцінства. Яна для мяне родная і блізкая, я на ёй нашмат прасцей магу выказацца,таму на ёй і пішу. Я быў бы шчаслівы, каб для большасці беларусаў было так. Праз мову продкаў можна выявіць свой культурны код, закладзены стагоддзямі, вызначыць сваю, бацькамі ўзрошчаную асабістасць. Гэта натуральнае пакліканне ў душы.

- Які накірунак дзейнасці ў Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў?

- МАБ - грамадскае аб'яднанне, якое гуртуе даследчыкаў-беларусазнаўцаў у многіх краінах свету, збірае і скіроўвае іх на агульныя задачы, паказвае даследчыкам магчымасці для супольнага ўзаемадзеяння, дае інфармацыю пра новыя праекты і публікацыі, праводзіць навуковыя мерапрыемствы. Задачай асацыяцыі з'яўляецца фармаванне новай генерацыі беларусазнаўцаў у розных краінах свету, пашырэнне станоўчага вобразу нашай культуры ў свеце.

Мы маглі б скардынаваць нашу працу з ТБМ, бо нашы накірункі супадаюць. Мы можам праводзіць супольнымі сіламі навуковыя канферэнцыі па пытаннях беларускай мовы, культуры, літаратуры, тэатра. Асацыяцыя гуртуе навукоўцаў, ТБМ - усіх зацікаўленых у развіцці мовы, хто прымае яе як каштоўнасць. У пытанні мовазнаўства мы маглі б супрацоўнічаць у правядзенні семінараў, лекторыяў, сустрэч, праз прасоўванне беларускай мовы на міжнароднай арэне ў навуковай і культурнай прасторы.

Гутарыла Эла Дзвінская. Фота аўтара: 1. А.А. Суша; 2. 21 том факсімільнага ўзнаўлення кніжнай спадчыны Скарыны; 3. Р.С. Матульскі атрымлівае ўзнагароду.


Настаўніца і асветніца Марыя Ясюнас

Ян Драўніцкі

Настаўніца з Божай ласкі

У 2017 годзе споўніўся 125-гадовы юбілей Марыі Вікенцеўны Ясюнас. Яна была настаўніцай ад Бога, амаль за паўвека педагагічнай працы дала жыццёвую дарогу не адной сотні школьнікаў Расіі і Беларусі, у тым ліку і навучэнцам Пастаўскага педвучылішча. Яе духоўныя нашчадкі панеслі з сабою любоў да роднай зямлі, яе мовы і звычаяў. Многія з іх сталі настаўнікамі, каб сеяць разумнае, добрае, вечнае і клапаціцца, каб пасеянае ўзыходзіла-рунела, каб давала важкія каласы. Жыла яна так, як падказвала сумленне, каб кожны дзень, кожную хвіліну быць патрэбнай і карыснай. У сваім жыцці і працы прытрымлівалася дэвізу Канстанціна Дзмітрыевіча Ушынскага: "Зрабіць як можна больш карысці Бацькаўшчыне - адзіная задача майго жыцця".

Уклад асобы ў гісторыю, як правіла, вызначаюць нашчадкі, у рэдкіх выпадках сучаснікі, калі ім удасца разглядзець і ацаніць маштаб асобы. У гэтым выпадку паяўляецца ўнікальная магчымасць дакрануцца да жывой легенды. Для некалькіх соцень выпускнікоў Пастаўскага педвучылішча такая магчымасць мелася - гэта настаўніца і завуч педвучылішча Марыя Вікенцеўна Ясюнас, якая займала годнае месца і пакінула пасля сябе глыбокі след і багатую спадчыну на ніве народнай асветы. На жаль, грамадскасць мала ведае аб жыцці і дзейнасці гэтага чалавека. У кнізе "Памяць" Пастаўскага раёна няма пра яе ні аднаго радка. Гэтую несправядлівасць лічу патрэбным выправіць.

Беларуская паслядоўніца К.Дз. Ушынскага

Марыя Вікенцеўна Ясюнас была паслядоўніцай Канстанціна Дзмітрыевіча Ушынскага, адукацыйнага дзеяча, педагога, аднаго з заснавальнікаў педагагічнай навукі і народнай школы ў Расійскай імперыі, аўтара прац па тэорыі і гісторыі педагогікі, падручнікаў для навучання і артыкулаў па педагогіцы. Яна карысталася вучэннем Ушынскага пра мэты выхавання, як падрыхтоўку чалавека да жыцця і працы, як фарміраванне ў чалавека пачуцця абавязку перад народам і выхаванне ў чалавека патрыятызму. Была паборніцай развіваючага навучання з улікам ўзроставых і псіхалагічных асаблівасцяў дзяцей, як і Ушынскі прыдавала велізарнае значэнне працы ў псіхалагічным і фізічным развіцці чалавека, указвала на кіруючую ролю школы і асобы настаўніка ў выхаванні дзяцей.

Яна раздзяляла яго погляды пра вялікае значэнне мовы для народа. Канстанцін Дзмітрыевіч пісаў: " Адыміце ў народа ўсё - і ён усё зможа вярнуць; але адыміце мову, і ён ніколі больш ужо не створыць яе; новую радзіму, нават, можа стварыць народ, але мову - ніколі: адмерла мова ў вуснах народа - вымер і народ". Вялікі педагог разумеў моц роднай мовы ў інтэлектуальным развіцці дзіцяці і напісаў для дзетак малодшага школьнага ўзросту дапаможнік "Роднае слова". Яго беларуская паслядоўніца М. В. Ясюнас пад такой жа назвай стварала кніжкі для беларускіх дзяцей, прыстасаваўшы іх да сучасных беларускіх рэалій.

Жыццяпіс Марыі Вікенцеўны

Марыя Вікенцеўна Пржыалгоўская (Ясюнас) нарадзілася 1 верасня 1892 года ў мястэчку Бацэвічы Бабруйскага павета Менскай губерні (цяпер Клічаўскі раён Магілёўскай вобласці). У той час маёнткам Бацэвічы валодаў Караль Станіслаў Незабытоўскі (1865 - 1952), пасол у расейскую Дзяржаўную Думу ад Пецярбурга. Узорная гаспадарка ўключала некалькі фальваркаў, млын, тартак, бровар, маслазавод, запалкавую фабрыку, механічны цагляны завод, фабрыку дрэнажных труб і мэблі, прыватны шпіталь для работнікаў з добра наладжаным медыцынскім абслугоўваннем, меўся прыгожы парк.

Бацька Марыі, Пржыалгоўскі Вікенцій Ігнатавіч быў патомным дваранінам, працаваў па найму на вінакурні К. Незабытоўскага, маці Адамовіч Яўфімія Канстанцінаўна паходзіла з мяшчан, была дамашняй гаспадыняй. У сям'і Пржыалгоўскага Вікенція было чацвёра дзяцей: Марыя, Ігнацы, Ганна і Отта. Ігнацы ўдзельнічаў у вайне 1914 года, потым быў адказным работнікам, рана памёр. У анкеце пісаў: "Патомны дваранін, прыпісаны ў Коўне". Сям'я Пржыалгоўскіх, верагодна, належала да збяднелай шляхты. Бацькі Марыі рана памерлі: у 1911 і 1914 гадах.

У мястэчку Бацэвічы мелася Петрапаўлаўская царква, з 1865 года дзейнічала Бацэвіцкае народнае вучылішча, якое было адным з лепшых у павеце. У гэтай навучальнай установе вучыўся сын мясцовага святара, першы будучы прафесар геаграфіі Беларусі, камісар адукацыі ва ўрадзе БНР, аўтар кнігі "Геаграфія Беларусі" Аркадзь Антонавіч Смоліч. У 1899 годзе ў гэтае народнае вучылішча паступіла вучыцца і Марыя Пржыалгоўская, якая была на год маладзейшая за Аркадзя. У вучылішчы выкладалі Закон Божы, арыфметыку, чытанне, мову і царкоўныя спевы. Цяга да навукі ў Марыі праявілася ўжо ў маленстве. Дзе толькі магла, даставала кнігі і, як кажуць, глытала іх.

У пачатку XX стагоддзя па ўсёй Беларусі назіраўся недахоп кваліфікаваных настаўнікаў, які быў выкліканы хуткім пашырэннем сеткі пачатковых школ і слабаразвітай сістэмай падрыхтоўкі педагагічных кадраў.

Марыі хацелася быць карыснай народу, і яна цвёрда рашыла стаць настаўніцай, несці ў курныя сялянскія хаты святло ведаў. Самастойна рыхтавалася да паступлення і ў 1906 годзе пераступіла парог прыватнай жаночай гімназіі ў Магілёве. Вучылася добра, шмат чытала. У гімназіі меўся 8 клас, дзе рыхтавалі настаўнікаў для пачатковых школ па "Праграме педагогiкi для спецыяльных класаў жаночых навучальных устаноў", распрацаванай у 1870 годзе К. Дз. Ушынскiм. У навучальны план жаночай гiмназii ўваходзiлi Закон Божы, царкоўнаславянская мова, славеснасць, руская мова, лiтаратура i методыка выкладання, арыфметыка i методыка яе выкладання, гiсторыя, геаграфiя i педагогiка з дыдактыкай, якія з'яўлялiся самастойнымi спецыяльнымi дысцыплiнамi, што адначасова давалi звесткi аб псiхалогii, фiзiялогii, прыёмах i метадах выхавання. У якасцi дадатковых выкладалiся замежныя мовы - нямецкая i французская, гiмнастыка, музыка i ручная праца. Выхаванкi, якiя заканчвалi поўны курс навучання, здавалi iспыты. Пасля гэтага iм выдавалiся пасведчаннi на званне дамашнiх настаўнiц. На дастаткова высокiм узроўнi праводзiлася педагагiчная практыка: выхаванкi распрацоўвалi планы ўрокаў, складалi канспекты i вялi заняткi ў прысутнасцi настаўнiкаў i iншых вучанiц, пасля чаго праводзiўся разбор урока i рабiлiся заўвагi. Практыкавалася i самастойнае вядзенне школьных заняткаў на працягу цэлага тыдня, па чарзе прызначалiся дзяжурствы ў пачатковай школе. Акрамя таго, дзяўчаты знаёмiлiся з дакументацыяй, запаўненнем класнага журнала, правяралi вучнёўскiя сшыткi i дапамагалi настаўнiкам у выхаваннi дзяцей. Такім чынам, Марыя Вікенцеўна атрымала грунтоўную педагагічную падрыхтоўку.

У 1912 ці 1913 годзе Марыя Вікенцеўна выйшла замуж за Пятра Рыгоравіча Ясюнаса. У 1914 годзе ў іх нарадзілася першае дзіця. У сям'і Ясюнасаў было чацвёра дзяцей: Люба, Наталля, Канстанцін і Людміла. Любоў Пятроўна - выкладчыца ВНУ, дацэнт, кандыдат навук, Наталля Пятроўна - лекар, усю вайну была лекарам партызанскага атрада, жыла і працавала ў Паставах, потым у Маладзечне, Канстанцін Пятровіч загінуў падчас вайны, Людміла Пятроўна - настаўніца рускай мовы і літаратуры, жыла і працавала ў Паставах.

Калі ў 1914 годзе Расійская імперыя ўвязалася ў Першую сусветную вайну, якая выкінула сотні тысяч беларусаў у бежанства, сям'я Ясюнасаў эвакуявалася ўглыб Расіі. Давялося перажыць нямала. Часы сусветнай і грамадзянскай вайны перажылі ў сяле Бондары Тамбоўскай вобласці, дзе Марыя Вікенцеўна з 1921 года загадвала Бондарскай школай 1-й ступені.

(Працяг у наст. нумары.)


Ад мінулага да сучаснага

9 студзеня кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ўручыў па выніках 2017 года прэміі "За духоўнае адраджэнне" і спецыяльныя прэміі Прэзідэнта Беларусі, якія прысуджаны дзеячам культуры і мастацтва. Сярод тых, хто ўганараваны спецыяльнай прэміяй - а гэта дзеячы інфармацыйнай сферы, культуры і мастацтва, аўтарскія калектывы, установы культуры, якія дабіліся значных дасягненняў у сферы інфармацыі, гістарычна-культурнай спадчыны, галіны тэатральнага і выяўленчага мастацтва, аматарскай творчасці, музейнай справы, выхавання таленавітай моладзі, - калектыў ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці". Такая высокая адзнака дадзена за рэалізацыю аддзелам рамёстваў і традыцыйнай культуры цэнтра праекту "Ад мінулага да сучаснага". Праект прысвечаны адраджэнню ўнікальных тэхналогій шматнітовага ткацтва Панямоння і стварэнню калекцыі традыцыйнага і сучаснага адзення.

Над рэалізацыяй праекту "Ад мінулага да сучаснага" аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры працаваў з 2011 па 2017 год. Аднак гэтаму папярэднічала работа, якая пачалася яшчэ ў 2007 годзе. Метадыст Ірына Дыдышка разам з цяперашнім кіраўніком аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Аленай Шчэлінай пачала збіраць інфармацыю пра народных майстроў Лідскага раёна, ішло таксама набыццё і фіксацыя этнаграфічных рэчаў у фонд аддзела рамёстваў.

Для гэтага майстры некалькі разоў адпраўляліся ў экспедыцыі. Кажуць, што спрыяла захаванню традыцый і тое, што вёскі Лідскага рэгіёна ў 1970-я гады працавалі на выкананне дзяржаўнай замовы. Ткачыхі на ўласных кроснах ткалі посцілкі, тканіны, якія потым пастаўляліся на экспарт. Магчыма, менавіта таму тут дагэтуль засталіся носьбіты тэхнікі і забытай тэхналогіі. На адзін ручнік даўжынёй у 2,5 метра майстру неабходна каля 4 кіламетраў нітак. Выткаць яго пры належным спрыце можна за гадзіну, але валодаюць тэхнікай нашых бабуль і прабабуль сёння нямногія.

Дасканалыя даследаванні вяліся на хутары і ў вёсцы Збляны. Быў створаны фотаархіў рэчаў жыхароў такіх населеных пунктаў, як Андрушоўшчына, Ваверка, Краснае, Любары, Мастаўляны, Масявічы, Панямонцы, Сяркі, Ходараўцы, Чахоўшчына, Сялец.

Месцаў, дзе сёння адраджаецца ткацтва, нямала, але Ліда вылучаецца не толькі адраджэннем рэдкіх і ўнікальных тэхналогій, але і тым, што тут усё па-сучаснаму працуе, выпускаюцца тканіны, узоры адзежы.

Таму што сабраны матэрыял не застаўся ляжаць толькі ў архівах, а пачалося адраджэнне рамёстваў, паспрыялі дзве абставіны. Па-першае, у 2010 годзе дзякуючы мясцовай уладзе аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры перамясціўся ў прасторнае памяшканне па вуліцы Савецкай, на плошчах якога з'явілася магчымасць не толькі шырока прадстаўляць экспанаты, але і дэманстраваць навыкі рамёстваў. Па-другое, у аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры з экскурсійнай мэтай завітаў лідзянін Яўген Маркевіч. Убачыўшы кросны, пацікавіўся, ці ўмее хто з супрацоўнікаў працаваць за імі, і, атрымаўшы адмоўны адказ, прапанаваў навучыць ткаць палатно. Яўгену ўсе тонкасці майстэрства некалі перадалі яго бабуля і сваячкі. Нават праз гады не сцерліся атрыманыя навыкі, наадварот, ткацтва стала захапленнем маладога чалавека. Свой вольны час лекар Лідскай ЦРБ Яўген Маркевіч з задавальненнем аддае гэтай справе. Ткацтву Яўген навучыў дзвюх супрацоўніц аддзела - Дар'ю Маташук і Валянціну Сільвановіч.

Так з 2011 года на аснове ўласнага этнаграфічнага матэрыялу аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, а таксама метадычных і практычных дапаможнікаў беларускіх даследчыкаў метадам спроб і памылак пачалася карпатлівая праца. На першым этапе вывучаліся асаблівасці беларускага народнага касцюма, пераймаліся навыкі ў галіне традыцыйных тэхнік ткацтва, распрацоўваліся сучасныя варыянты мадэляў адзення на аснове старажытнага крою.

Большае значэнне надавалася не колерам, а тканіне: чым яна танчэй, чым складаней узор палатна, тым яна значнейшая і даражэйшая. На сённяшні дзень супрацоўнікамі аддзела створаны ўжо дзве калекцыі адзення. Першая - рэплікі традыцыйнага народнага касцюма Панямоння канца 19 - пачатку 20 стагоддзя, другая - сучаснага адзення з беларускімі матывамі.

Творчая група, якая працавала над праектам "Ад мінулага да сучаснага", у складзе Яўгена Маркевіча, Валянціны Сільвановіч, Ірыны Дыдышкі і супрацоўнікі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, якія прадстаўляюць на шматлікіх імпрэзах вырабленае адзенне.

Калекцыя з народных строяў прадстаўляе сем камплектаў жаночага, тры мужчынскага і два камплекты дзіцячага адзення. Арыгінальнасць калекцыі, безумоўна, у адраджэнні ткацкага рамяства. Калекцыя стылізаванага адзення складае два жаночыя, тры мужчынскія, падлеткавы і дзіцячы камплекты. Дэфіле калекцыі, па задумцы аўтара Ірыны Вашкевіч, адбываецца з тэатралізаваным прадстаўленнем з мэтай папулярызацыі сярод моладзі традыцыйных народных рамёстваў: ткацтва, вышыўкі, саломапляцення, а таксама зацікаўленасці ў вывучэнні i выкарыстанні ў штодзённым жыццi.

У камплекты народнага адзення апранаецца ўвесь творчы калектыў, калі прымае ўдзел у мерапрыемствах раённага, абласнога і рэспубліканскага маштабаў. Удзельнікі фальклорнага гурта "Талер" аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры таксама апранаюцца для выступленняў у народнае адзенне, адначасова дэманструючы святочны строй рэгіёна Гарадзеншчыны. Рэклама і прэзентацыя стылізаванай калекцыі адбываюцца на базе Лідскага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, на гарадскіх выставах, выставах вобласці, кірмашах, у прыватных аграсядзібах.

- Мы ганарымся сваёй спадчынай і імкнёмся, каб гэты гонар перадаваўся маладому пакаленню, - гаворыць кіраўнік аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Алена Шчэліна. - А бачылі б вы, з якой ахвотай, з якім трапяткім пачуццём дзяліліся з намі сваімі пазнаннямі і навыкамі майстрыхі вёсак Лідскага раёна яшчэ на этапе збору інфармацыі. Ужо тады мы ўсвядомілі, якую важную справу робім, стаўшы нібы своеасаблівым мастком у перадачы рамёстваў ад мінулага да сучаснасці.

Па словах Алены Валянцінаўны, на тых здабытках, якія маюцца, калектыў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры спыняцца не збіраецца. Наперадзе многа планаў. У новым годзе будзе рэалізоўвацца праект трансгранічнага супрацоўніцтва, тэма якога - адраджэнне ткацтва і пашыў рэгіянальных касцюмаў. Калектыў з Ганчароў, які таксама прадстаўляе традыцыйную культуру, пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў аддзела будзе асвойваць ткацтва і ствараць для сябе касцюмы. У гэтым працэсе аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры будзе цесна супрацоўнічаць з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі.

Аб тым, што здабыткі лідзян маюць значэнне ў маштабах краіны, гаворыць і той факт, што даследчая праца, праведзеная майстрамі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" па адраджэнні тэхнік белаўзорыстага ткацтва, вось-вось павінна атрымаць адзнаку на высокім узроўні. Малодшы навуковы супрацоўнік аддзела Марына Савіцкая на працягу года працавала над падрыхтоўкай дакументаў, каб элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны "Традыцыйная тэхналогія белаўзорыстага фактурнага ткацтва на Гродзеншчыне" быў занесены ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. На сённяшні дзень дакументы знаходзяцца ў Міністэрстве культуры і ў хуткім часе будуць разгледжаны на паседжанні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады.

А яшчэ адна важкая выдатная адзнака ўжо пастаўлена. Гэта - спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за адраджэнне традыцыйных унікальных тэхналогій ткацтва Панямоння і рэалізацыю маштабнага праекту "Ад мінулага да сучаснага".

Людміла Петрулевіч.


Калядкі ад Вайцюшкевіча

Радасцю і цеплынёй адарыў на Нараджэнне Хрыстова сваю публіку беларускі артыст. Па-першае, ён ашчаслівіў дзетак, якім дазволіў выйсці на сцэну і патанчыць 7 студзеня ў Палацы імя Шарко. Па-другое, даў магчымасць заспяваць іншым папулярным музыкам, якія летась прадстаўлялі Беларусь на Еўрабачанні - Арцёму Лук'яненку і Ксеніі Жук з гурта "NaviВand". На святочны сямейны канцэрт прыйшлі вядомыя ў краіне асобы: вядоўцы курсаў "Мова нанова", тэлежурналісты, моладзевыя актывісты.

А распачаў артыст канцэрт песняй са складанкі "Мой сябра анёлак", якая гучала ў зімовай праграме 2007 года ў вялікай сталічнай канцэртнай залі "Мінск". Трэба сказаць, што сёлета патанчыць разам з артыстам выйшла значна больш дзяцей - з сынам і дачкой спевака Язэпам і Стэфаніяй Вайцюшкевічамі весяліліся дачушка Алеся Міхалевіча, сын Глеба Лабадзенкі і яшчэ каля 20 маленькіх беларусікаў.

Зміцер Вайцюшкевіч заспяваў песні Рыгора Барадуліна і Уладзіміра Някляева пра Новы год. Прагучала аркестравая версія песні "Шалік", якая нагадвае пра душэўныя пачуцці ля каляднай ёлкі.

Кажучы пра плён мінулага года, спявак узгадаў пра шматгадзіннае выступленне яго калектыва 17 лістапада ў Чэхіі разам са слынным артыстам Ярамірам Нагавіцай і выканаў песню на яго словы ў перакладзе Андрэя Хадановіча.

Зала прывітала прысутнага на канцэрце былога шведскага амбасадара Стэфана Эрыксана. Спадар Эрыксан сказаў, што зараз ён працуе ў Рызе і мае намер часцей прыязджаць на Беларусь. Гарачымі апладысментамі слухачы прывіталі паэта Уладзіміра Някляева, аўтара шматлікіх песень, уключаных у калядную праграму. Як заўсёды, прагучалі калыханкі і нядаўна запісаная новая калядка. Вядома, што ўсю праграму на Божае Нараджэнне пранізвала думка, выказаная ў вершы Алеся Ліпая: "Усё без кахання - дарма".

Напрыканцы вечарыны Зміцер Вайцюшкевіч развучваў з дзецьмі спеў: "Ямін-яміна, весяліся дружына Хрыстовая!" Гранне "WZ-orkiestra" ў святочны вечар выдатна дапоўнілі труба, саксафон і трамбон.

Э. Дзвінская. На фота аўтара - Зміцер Вайцюшкевіч і дзеці.


Абрад калядавання "Тры Каралі" правялі ў аграгарадку Ваверка

Кароткі зімовы дзень 6 студзеня ўжо быў на схіле, але Ваверка і не думала сціхаць. У яе цэнтры кіпела жыццё: тут праводзілі абрад калядавання на свята Трох каралёў, які бытаваў у гэтай мясцовасці шмат дзесяцігоддзяў таму.

"Сёння ў Бэтлеем,

сёння ў Бэтлеем

дзіўная навіна!

Марыя Панна,

Марыя Панна

нарадзіла сына!"

З гэтай песняй калядоўшчыкі Ваверскага Дома культуры Лідскага раёна заві-талі ў хаты аднавяскоўцаў. Яны былі жаданымі і доўгачаканымі гасцямі ў кожным доме. Гаспадары прымалі іх вельмі цёпла, запрашалі да стала, частавалі прысмакамі, не адпускалі без падарункаў.

Вось ужо сапраўды, часы змяняюцца, але сутнасць калядных абрадаў застаецца ранейшай. Гэта шчырасць, добразычлівасць, пяшчота і павага ў адносінах да людзей. І як добра, што ў Лідскім раёне ёсць людзі, сапраўды апантаныя фальклорам, якія па крупінках збіраюць інфармацыю, стараюцца захаваць спадчыну нашых дзядоў.

Што тычыцца Ваверкі, традыцыю калядаваць на Тры Каралі тут будуць працягваць, знаёмячы з гэтым абрадам жыхароў навакольных вёсак.

Наш кар.


Сустрэча з журналістамі

21 снежня 2017 года ўся менская творчая грамадскасць сабралася, каб сустрэцца з журналістам , рэдактарам, паэтам і педагогам Вольгай Міхайлаўнай Паўлючэнкай (Норынай).

Мерапрыемства адбылося ў галерэі "Універсітэт культуры".

Творчая асоба нарадзілася ў 1965 годзе ў Менску. Скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у 1987 г. Аўтар кніг "Пакуль на свеце ёсць бэз" (2009), "Гарадская трава" (2011), "З папраўкай на час" (2017). Творы выдаваліся ў калектыўных зборніках "Вернемся, як ў красавіку птушкі", "Пакуль б'ецца сэрца…" (2013), "Калі цвіла чаромха" (2014), "Апошняя жанчына дона Хуана" (2014). Сябра Беларускага саюза журналістаў з 1999 г. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2012 г. Жыве і працуе ў Менску.

На апошняй сустрэчы сп. Вольга прэзентавала сваю кнігу "Малюнак пад кніжнай вокладкай", якая была выдадзена ў 2016 годзе. Кніга закранае 36 персаналій і мастакоў і мае наклад 50 асобнікаў. Перад прысутнымі выступалі Вольга Крупянкова, Алена Вашчанка, Ірына Мацкевіч, Яна Явіч, Аляксей Дземідовіч. Кніга адрасавана шырокаму колу чытачоў-мастацтвазнаўцаў, настаўнікам, усім, хто цікавіцца беларускай культурай, і прысвечана памяці бацькоў Міхаіла Васільевіча і Алены Васільеўны Норыных...

Я вельмі задаволены, што наведаў мерапрыемства ў галерэі "Універсітэт культуры", бо атрымаў сапраўднае задавальненне.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст-фрылансер.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX