Вярнуцца: 2019

№ 37 (1448)


Дадана: 11-09-2019,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 37 (1448), 11 верасня 2019 г.

Канферэнцыя і прыём да 30-годдзя ТБМ

Навукова-практычнай канферэнцыяй "Нашы вякі - наша багацце. Лепшыя практыкі захавання спадчыны" адзначыла ТБМ імя Ф. Скарыны 6 верасня ў Менску сваё 30-годдзе.

На пленарным паседжанні ў канферэнц-зале "Бернардзін" з вітальным словам выступілі: Хвір Наталля Дзмітрыеўна, начальніца Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Масташова Марына Веніямінаўна, кансультант Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь.

Было зачытана прывітанне ад амбасады ЗША:

"Старшыні Таварыства

беларускай мовы

спадарыні Алене Анісім,

Ганароваму старшыні

спадару Алегу Трусаву,

Удзельнікам канферэнцыі,

прысвечанай 30-годдзю ТБМ

Паважаная спадарыня Анісім, спадар Трусаў, сябры, удзельнікі канферэнцыі!

Я ўражаная тым, што ТБМ існуе ўжо 30 гадоў, нават больш, чым незалежная Беларусь, і, без сумневаў, дзейнасць ТБМ у значнай ступені паспрыяла атрыманню краінай яе незалежнасці. Я адчуваю вашу адданасць высакароднай справе, любоў да роднай мовы і яе гісторыі.

На працягу гэтых 30-ці гадоў актывісты вашай арганізацыі няспынна працуюць на ніве адраджэння беларускай мовы: гэта і асветніцкая дзейнасць, і адукацыйныя праграмы, і пашырэнне ўжывання беларускай мовы ва ўсіх сферах грамдскага жыцця, і многае іншае. А наперадзе - новы праект - Нацыянальны ўніверсітэт, якому я жадаю пераўтварыцца ў паўнавартасную навучальную ўстанову высокага ўзроўню.

У гэты ўрачысты дзень дазвольце мне ўзгадаць людзей, якія стаялі каля вытокаў стварэння і фаміравання арганізацыі - Ніла Гілевіча і Генадзя Бураўкіна, а таксама кіраўнікоў Алега Трусава і Алену Анісім, якія нястомна і ўпарта працягваюць беларускую працу. Дзякуй за тое, што вы робіце для сваёй краіны і для яе будучыні!

З найлепшымі пажаданнямі здароўя і поспехаў кожнаму з вас і да новых перамог!

З павагай

Джэніфер Мур,

Павераная ў справах Злучаных Штатаў

у Рэспубліцы Беларусь."

На пленарным паседжанні таксама выступілі:

Анісім Алена Мікалаеўна, старшыня Таварыства беларускай мовы, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (Менск) "Мова - галоўная нематэрыяльная спадчына народа";

Пастухоў Міхаіл Іванавіч, заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь, доктар юрыдычных навук, прафесар Беларускага інстытута правазнаўства (Менск) "Герб, сцяг, мова як гісторыка-культурная спадчына Беларускай дзяржавы і народа. Прававыя механізмы захавання і ўдасканалення";

Патаеў Георгій Аляксандравіч, доктар архітэктуры, загадчык кафедры "Горадабудаўніцтва", прафесар Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (Менск) "Рэвіталізацыя гістарычных паркаў Беларусі";

Ходар Генадзь Мікалаевіч, кансультант аддзела арганізацыі аховы і ўліку гісторыка- культурных каштоўнасцей Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (Менск) "Заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны і практыка яго выканання";

Сташкевіч Ала Барысаўна, фонд "Культурная спадчына і сучаснасць" (Менск) "Традыцыйныя веды і практыкі як нематэрыяльная культурная спадчына";

Баранец Георгій Георгіевіч, кандыдат архітэктуры, Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (Менск) "Праблемы прымянення і накіравання развіцця прававых механізмаў аховы нерухомай культурнай спадчыны ў Беларусі";

Кірэеў Віктар Вітальевіч, доктар філасофіі, Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт (Санкт-Пецярбург) "Сістэма ахоўных тэрыторый Службы нацыянальных паркаў ЗША".

На трох секцыях былі прачытаны яшчэ 35 дакладаў. У перапынку кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў правёў экскурсію па Верхнім горадзе. Па выніках канферэнцыі будзе выдадзены зборнік. Арганізатары плануюць прыкласці ўсе намаганні, каб прэзентацыі лепшых практык у менеджменце спадычны сталі штогадовымі і прывабілі замежных даследчыкаў, у тым ліку з Польшчы.

Пасля канферэнцыі адбыўся ўрачысты прыём з нагоды 30-годдзя ТБМ. На прыёме прысутнічалі амбасадары Украіны і Швейцарыі, прадстаўнікі амбасадаў Польшчы, Славакіі...

Прысутнічалі дырэктар музея Янкі Купалы, ветэраны ТБМ, пісьменнікі, журналісты. Слова мелі Алена Анісім і Алег Трусаў.

Шлях, пройдзены ТБМ у змаганні за мову варты павагі, але нялёгкі і не блізкі да канца. Яшчэ змагацца і змагацца - нашаму і будучым пакаленням.

Яраслаў Грынкевіч.

Вялікі князь Гедымін зноў у Лідзе

Сотні людзей сабраліся 7 верасня ля помніка князю Гедыміну ў Лідзе, каб папрысутнічаць на яго афіцыйным адкрыцці. Падчас прамоваў афіцыйных асобаў і спонсараў яго ўстаноўкі, над лідзянамі і гасцямі горада побач з дзяржаўнымі сцягамі луналі і нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі. Усё прайшло ў святочнай атмасферы традыцыйнага фестывалю LIDBEER і Дня горада Ліда, якія адзначаюцца акурат 7 верасня. Гэты настрой з лідзянамі раздзялілі і аўтары помніка - Вольга Нячай і Сяргей Аганаў, які, дарэчы, з'яўляецца ўраджэнцам гэтага горада.

Гаворыць Вольга Нячай:

- Якія ў мяне могуць быць уражанні? Самыя найлепшыя! Бо, па-першае, наша маленечкая гісторыя закончылася, і пачынаецца новая. Супер. Я першы раз на LIDBEER. Гэта ўвогуле казка.

Сяргей Аганаў:

- Вось гэта мой родны дом. Я тут нарадзіўся. Уражанні выдатныя. Гэта крута, калі скульптар можа паставіць сваю скульптуру, якую ён хацеў, перад домам. Мне вельмі ўсё падабаецца.

Ідэя ўстаноўкі помніка князю Гедыміну з'явілася яшчэ на пачатку 90-х гадоў. І толькі ў апошнія гады пра яе загаварылі ўсур'ёз. Спонсарам яго адліўкі стала сумеснае беларуска-літоўскае прадпрыемства Белтэкс Оптык. А таксама ахвярадаўцы з Беларусі і ўсяго свету. (Радыё Рацыя)

Пасля адкрыцця помніка Вялікаму князю Гедыміну рэй пераняў фестываль хмелю і соладу Lidbeer, які трыма ўдарамі качалкі па барвабане адкрыў дырэктар Лідскага піўзавода сп. Мікшыс.

Міліцыя потым палічыць колькасць удзельнікаў, але можна ўжо цяпер зазначыць, што арганізацыя была на парадак вышэй, чым, скажам, пазалетась. Практычна не было чэргаў. Лідскі піўзавод намацаў аптымальную колькасць пунктаў продажу піва і іншай прадукцыі.

Трэба адзначыць, што ўсё афармленне фэсту было зроблена па-беларуску. Раздаваліся толькі беларускамоўныя праграмы.

Сёлета без праблем была выдзелена пляцоўка для Лідскага ТБМ і Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў.

У Ліду прыехалі Валянцін Дубатоўка, Міхась Зюзюк, Міхась Скобла, Ала Петрушкевіч, Янка Траццяк, Уладзімір Хільмановіч, Ала Нікіпорчык, Мечыслаў Курыловіч ды іншыя. Ад Ліды бралі ўдзел Міхась Мельнік, Уладзімір Васько, Станіслаў Суднік і, канешне, бард Сяргей Чарняк.

Каля пісьменніцкага міні-хутара пабывала ці не ўся беларускамоўная Ліда. Канешне, не ўся, але шмат кніг купілі, і ўвесь дзень гучала беларуская мова.

А на галоўнай сцэне выступілі Yellow Arc 6, "Молчат дома", Akute, "Агонь". А хэд-лайнерамі сталі Элджэй і рок-групы "Сплін" і "ЧАЙФ". Гэты канцэрт запомніцца сапраўды надоўга. Натоўп актыўна падпяваў музыкам. Энергія зашкальвала. Было гучна і весела.

Ліда адзначыла Дзень горада. Ліда пасля свята стала яшчэ больш беларускай.

Яраслаў Грынкевіч.

З кветкамі - да палеглых герояў Аршанскай бітвы

Наведваць поле гістарычнай бітвы пад Оршай даўно стала традыцыяй для дэмакратычнай супольнасці рэгіёна. Сёлета 8-га верасня на Крапівенскім полі было шматлюдна: на 505-я ўгодкі гэтай слаўнай падзеі ў беларускай гісторыі сюды прыехалі некалькі дзясяткаў гасцей. Сабраліся людзі, незнаёмыя адно з адным, але аб'яднаныя адной мэтай - ушанаваць палеглых герояў, ваяроў ВКЛ, якія 8 верасня 1514 году здолелі перамагчы ўтрая большае войска Маскоўскага княства, кажа Юры Нагорны, кіраўнік грамадскай суполкі "Рша":

- Кожны год сюды прыязджаем, людзі ўскладаюць кветкі. Вельмі прыемна, што сёлета тут вялікая дэлегацыя з Магілёўшчыны, з іншых гарадоў і раёнаў прыехалі. Вельмі прыемна, што памяць застаецца, што не зарастаюць сцежкі да помнікаў на Крапівенскім полі. І я ўсіх віншую са святам Аршанскай перамогі!

У прамовах каля помнікаў сёння гучала не толькі радасць за колішнюю перамогу продкаў, але і трывога за будучыню Беларусі. На думку мастака Алеся Пушкіна, у нашы дні зноўку стала актуальнай пагроза незалежнасці краіны:

- Сёння, стоячы на Крапівенскім полі, я хоць і радуюся і людзям, і парадку, але ўвесь час думаю: гэтае поле для нас актуальнае, як напамін пра тое, што нясе нам небяспеку. Гэта Расея.

Урачыстыя імпрэзы на Крапівенскім полі ў мінулыя 10 год сталі галоўнай альтэрнатывай бардаўскаму фэсту "Аршанская бітва", які быў забаронены ўладамі і амаль што знік праз міліцэйскі пераслед. Але сёлета сюды ізноў прыехалі людзі з намётамі. І, хоць імпрэза атрымалася практычна камернай, тут уночы з 7 на 8 верасня зноўку гарэлі вогнішчы, гучалі музыка і вершы.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя.

Шлях Ліды да помніка Гедыміну

Ідэя паставіць у Лідзе помнік заснавальніку горада вялікаму князю Гедыміну ўзнікла адразу пасля паспяховай пастаноўкі помніка Францішку Скарыну ў 1993 годзе. Горад паверыў, што гэта можна зрабіць.

Першым адгукнуўся на ідэю лідскі скульптар Вадзім Вераб'ёў. Яго дыпломная праца "Заснавальнік горада Ліды вялікі князь Гедымін" была створана ў 2001 годзе і захоўваецца ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі.

У 2004 годзе адбыўся "круглы стол" з удзелам прадстаўнікоў грамадскасці і ўлады. Грамадскасць прадстаўлялі старшыня лідскіх арганізацый ТБМ і БНФ Станіслаў Суднік і старшыня Таварыства польскай культуры Аляксандр Колышка. Уладу прадстаўляла адміністрацыя новага старшыні Лідскага райвыканкама Андрэя Паўлавіча Худыка. Менавіта тут была ўпершыню высунута ідэя пастаноўкі коннага помніка. Гэта быў смелы замах, бо ніводнага коннага помніка ў Беларусі яшчэ не было. Дзеля рэалізацыі ідэі вырашылі падключаць шырокую Беларусь. Да справы далучыўся менскі клуб "Спадчына" і перш за ўсё яго кіраўнік с.п. Анатоль Белы. Па замове А. Белага ўжо ў тым жа 2004 годзе карціну "Вялікі князь Гедзімін ля сцен Лідскага замка" стварыў Народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў.

У 2005 годзе па ініцыятыве А. Белага сувенірную скульптуру "Вялікі князь Гедымін" стварыў менскі скульптар Аляксандр Лышчык. Макет скульптуры быў прадстаўлены старшыні Лідскага райвыканкама А. П. Худыку. Андрэй Паўлавіч скульптуру адобрыў і замовіў бронзавы варыянт. Выканкам за немалыя грошы выкупіў тую бронзавую фігуру. Яе ўжо можна было шырока паказваць, калі гаворка на розных узроўнях заходзіла пра помнік. Бронзавы Гедымін перамяшчаўся то ў музей, то ў выканкам. Была надзея паставіць помнік малой кроўю, без рэспубліканскага конкурсу, але справа латва не пайшла, а горад перакінуўся на аднаўленне замка. У 2005 годзе прайшоў першы рыцарскі турнір, ажыла вежа Вітаўта, а ў 2010 годзе была адноўлена вежа Гедыміна, унутраныя работы працягваліся тут аж да 7 верасня 2019 года, а, магчыма, і яшчэ не скончаны, хоць у вежы нарэшце адкрылася выстава.

Недзе ў 2012 годзе горад ізноў вярнуўся да ідэі коннага помніка. Неўзабаве было прынята рашэнне выканкама аб устаноўцы помніка.

У 2013 годзе лідскі мастак і скульптар Рычард Груша стварыў яшчэ адзін макет будучага помніка і завёз нават вялізны мармуровы блок. Але справа ізноў заціхла, і блок парэзалі на надмагільныя помнікі.

І вось надышла пара для чарговай спробы. На гэты раз пайшлі па вялікім коле з рэспубліканскім конкурсам, усімі дазволамі і ўзгадненнямі. Павольнае і планамернае пасоўванне справы аказалася больш паспяховым.

У кастрычніку 2017 года Лідскі райвыканкам (старшыня М.К. Карповіч) абвясціў конкурс на найлепшы эскіз скульптуры «Заснавальнік Лідскага замка князь Гедымін». Удзельнічалі 28 работ. У лютым 2018-га пасля падліку галасоў перамог эскіз скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава.

Вольга Нячай - мастачка, скульптарка, дызайнерка, магістарка мастацтвазнаўства. Працуе ў галіне манументальнай скульптуры, анімалістыкі, дробнай пластыкі, дэкаратыўнага мастацтва, жывапісу і дызайну. У сваёй творчасці апявае прыгажосць коней. Нарадзілася ў Менску ў 1985 годзе.

Сяргей Аганаў - мастак, скульптар. Працуе ў жанры традыцыйнай скульптуры з выкарыстаннем керамікі, бронзы, каменю, дрэва. Нарадзіўся ў Лідзе ў 1974 годзе. Сярод яго самых вядомых работ - скульптура «Войт» у Менску, прысвечаная атрыманню горадам Магдэбургскага права, скульптура княгіні Анастасіі Слуцкай у Слуцку, помнік Давыду Гарадзенскаму ў Гародні.

У ліпені 2018-га эскіз помніка князю Гедыміну прайшоў усе этапы ўзгадненняў: і ў Адміністрацыі прэзідэнта, і на пасяджэнні Рэспубліканскай мастацка-манументальнай рады.

У верасні 2018-га Сяргей Аганаў і Вольга Нячай пачалі выраб дэталёвай рабочай мадэлі помніка ў маштабе 1:4. На аснове гэтай мадэлі скульптурны камбінат адліваў бронзавы помнік.

Пастамент для помніка распрацаваў знакамiты беларускi архiтэктар Сяргей Багласаў, а кансультантам па гістарычнай дакладнасці і адпаведнасці ўсіх элементаў помніка стаў Мікалай Плавінскі.

Помнік усталёўвалі на грошы лідскага прадпрыемства «Белтэкс оптык», пра што сведчыць таблічка на тыльным баку пастамента.

Помнік Гедыміну ў Лідзе - вынік удалага спалучэння грамадскай ініцыятывы, адміністрацыйнага патэнцыялу, прыватнага капіталу і ўсеагульнай падтрымкі жыхароў горада. Усё разам гэта называецца "мясцовым патрыятызмам", а можна і без слова "мясцовы" - проста "патрыятызмам".

Яраслаў Грынкевіч.

ЗАРА - ЗАРУКА

Сяргей Панізьнік

Прыблудам ліхадзеям

Славян не зацугляць.

Леанід Дайнека.

Снег першы - як папера

на пісьмы для сустрэч.

У літар - лапкі звера,

які ўцякае прэч.


Кладзецца след - пазначыць

хаду ў снягах зімы.

…Нас нельга перайначыць:

калі ўжо мы, то мы!


І як бы не гудзела

завейная гайня -

гісторыя хацела

заўсёды на каня.


Я не знікаў, не віўся

вужом, не прападаў:

быў на кані, то біўся;

быў пад канём - канаў.


З мяне сцякалі кроплі

і поту і крыві.

А вільчыкі акропаляў *

звінелі мне: "Жыві!"

* * *

І я жыву - у руху:

як сок той - ад камля…

Нясу зару - заруку,

што быць табе, Зямля!


Жыві нязводнай, вера,

след продкаў - не адпрэч!

… Снег свежы - як папера

для радасных сустрэч.


Гляджу: сляды ля дуба.

Я сам, як цішыня.

… А ў сэрцы тупат, тупат

прыдзвінскага каня.

----------------

* Акропаль - цвердзь, крэмль; у старажытнасці - узвышаная частка горада.

Верш з кнігі "Жыцень". Мінск "Юнацтва" 1986

Дыпламат савецкай эпохі

З 21 жніўня па 15 верасня ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь экспануецца выстава, прымеркаваная да 110-годдзя з дня нараджэння савецкага дыпламата, дзяржаўнага дзеяча, ураджэнца Беларусі Андрэя Андрэевіча Грамыкі.

Адзін з найвялікшых дыпламатаў XX ст. А.А. Грамыка (1909-1989) нарадзіўся ў вёсцы Старыя Грамыкі Гомельскага павета Магілёўскай губерні (цяпер - Веткаўскі раён Гомельскай вобласці). Ён паходзіў з нябеднай беларускай сялянскай сям'і, якая паходзіла са шляхецкага роду (што старанна замоўчваў), большая частка якога ў часы Расійскай імперыі была пераведзена ў падаткавы стан. У афіцыйных біяграфіях паведамлялася пра сялянскае паходжанне і тое, што яго бацька-селянін працаваў на заводзе.

З 13 гадоў Андрэй хадзіў з бацькам на заробкі, часцей на нарыхтоўку і сплаў лесу. Пасля заканчэння 7-гадовай школы працягнуў адукацыю ў прафесійным тэхнічным вучылішчы і тэхнікуме ў Гомелі, затым - у Старабарысаўскім сельскагаспадарчым тэхнікуме (в. Старабарысаў Барысаўскага раёна Менскай вобласці)

У 1932 годзе скончыў Менскі сельскагаспадарчы інстытут, паступіў у аспірантуру Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута эканомікі сельскай гаспадаркі (Масква).

У 1931 годзе ажаніўся, у 1932 годзе нарадзіўся сын Анатоль. будучы вучоны-афрыканіст.

Пасля пераезду ў Маскву быў запрошаны на працу ў Народны камісарыят замежных спраў СССР. У 1943-1946 гг. займаў адказную пасаду амбасадара СССР у ЗША, удзельнічаў у стварэнні ААН.

У якасці міністра замежных спраў СССР А.А. Грамыка адыграў важную ролю ва ўрэгуляванні Карыбскага крызісу, арганізоўваў падпісанне шэрагу ключавых міжнародных дагавораў у сферы раззбраення і абмежавання ўзбраенняў, садзейнічаў стварэнню АБСЕ і інш. Дыпламат карыстаўся высокім аўтарытэтам у савецкіх і замежных палітыкаў, за жорсткі стыль вядзення перамоваў атрымаў мянушку "Mr. Nyet" (Містар "Не") за своеасаблівы стыль вядзення перамоў.

Пасля смерці Чарненкі на сакавіцкім Пленуме ЦК КПСС 11 сакавіка 1985 года Грамыка прапанаваў кандыдатуру Гарбачова на пасаду Генеральнага сакратара ЦК КПСС - фактычна першай асобы дзяржавы. Па сведчанні ўнука, дырэктара Інстытута Еўропы РАН Аляксея Грамыкі, які спасылаецца на расказ дзеда, у той дзень міністр замежных спраў СССР узяў слова першым на паседжанні Палітбюро ЦК КПСС, даў кароткую станоўчую характарыстыку М. С. Гарбачову і высунуў яго на вышэйшую пасаду ў дзяржаве, што і было падтрымана іншымі. Паводле гэтых жа сведчанняў, пасля Андрэй Андрэевіч шкадаваў аб сваім рашэнні. Тым не менш у сваіх падцэнзурных успамінах "Памятное", выдадзеных у 1988-1990 гадах, Грамыка станоўча выказаўся пра Гарбачова і пра палітыку "перабудовы".

Грамыка актыўна ўдзельнічаў і ва ўнутранай палітыцы СССР - быў членам ЦК КПСС, членам Палітбюро ЦК КПСС, займаў пасаду Першага намесніка Старшыні Савета міністраў СССР. У 1985-1988 гг. А.А. Грамыка быў Старшынём Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, з'яўляючыся тым самым фармальным кіраўніком дзяржавы.

Неўзабаве пасля адстаўкі (1988) выйшлі ў свет мемуары "Памятное" (першая кніга), над якімі Грамыка працаваў апошнія гады, у 1990 годзе выйшла другая кніга, у гэтым жа годзе мемуары агулам апублікаваны і на англійскай мове ў брытанскім выдавецтве "Хатчынсан".

У Рэспубліцы Беларусь яго імем названы вуліца і школа ў горадзе Ветка, у Гомелі ўстаноўлены помнік-бюст дыпламату ў скверы яго імя. На выставе прадстаўлены дакументальныя матэрыялы, прысвечаныя жыццю, дзейнасці і спадчыне вядомага дыпламата: копіі указаў, дамоваў і пастановаў, дыпламатычныя ноты, а таксама разнастайны фотаматэрыял - здымкі значных міжнародных падзей, у якіх самы непасрэдны ўдзел прымаў А.А. Грамыка.

Выстаўка знаёміць не толькі з палітычнай дзейнасцю - працай на пасадзе пасла СССР у ЗША і Міністра замежных спраў СССР - але і з асабістым жыццём дыпламата.

Праект "Андрэй Андрэевіч Грамыка - дыпламат савецкай эпохі" арганізаваны пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

P.S. Шкада, што на выставе не былі прадстаўлены асабістыя рэчы А.А. Грамыкі.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.

Спадчына моваведа і краязнаўца

13 верасня спаўняецца 82 гады з дня нараджэння літаратурнага даследчыка, былога сябра Рады ТБМ Уладзіміра Ілліча Содаля.

Доўгачаканая новая кніга апошніх нататкаў Уладзіміра Содаля і ўспамінаў яго сяброў і паплечнікаў "Буйніцы і драбніцы" выйшла ў выдавецтве "Лімарыюс". Пра падзею паведаміла ўдава пісьменніка Клара Барысаўна Содаль. Кніга атрымалася ёмістай, на 560 старонак. У том увайшлі ўспаміны, моўныя абразкі, артыкулы, лісты. У кнізе чытач знойдзе безліч цікавых гісторый з жыцця даваеннага Менска - пра двор пана Русецкага, дзе кватараваў Якуб Колас з сям'ёй, пра ваколіцы Старажоўскага тупіка, пра гасцяванне Ванды Лявіцкай-Лёсік у Купаліхі (Уладзіславы Францаўны), пра аўтограф Макміма Багдановіча, захаваны Зоськай Верас.

Чатыры гады таму доктар гістарычных навук, прафесар Леанід Міхайлавіч Лыч выказаў прапанову стварыць збор успамінаў пра рупліўца беларушчыны, былога вядоўцу студыі "Роднае слова" на тэлевізіі, захавальніка Багушэвічавай спадчыны - Уладзіміра Содаля.

У кнігу, якую ўклаў і пракаментаваў Міхась Скобла, увайшлі ўспаміны Васіля Жуковіча, Алеся Жамойціна, Уладзіміра Ліпскага, Міколы Купавы, Анатоля Варавы і родных пісьменніка - Марата Содаля і Аксаны Чылікінай, а таксама назіранні, нарысы, нататкі самога літаратуразнаўцы і даследчыка.

- Уладзімір Ілліч цікавіўся ўсім, што датычылася Беларусі, - успамінае Клара Барысаўна Содаль.- Ён распытваў суседзяў, сваякоў, знаёмых пра іх родныя мясціны, радаводы. - Ён меў талент заўважаць і занатоўваць самыя маленькія, але цікавыя драбніцы з паўсядзённага жыцця людзей. Нават на полі ён заўважаў незвычайныя каменьчыкі і прыносіў іх дадому. Адзін з такіх камянёў быў падобны на хлеб.

"Уладзімір Ілліч меў фенаменальны філалагічны слых. Моўная назіральнасць дапамагала яму рабіць цэлыя адкрыцці ў літаратуразнаўстве", - пазначыў у прадмове Міхась Скобла.

"Першую палову 90-ых сп. Содаль лічыў найбольш спрыяльным і адпаведна найбольш плённым для сябе часам. За гэтыя пяць гадоў яму ўдалося выдаць пяць новых кніжак: "Кушлянскі кут", " Сцежкамі Мацея Бурачка", " Жупранская старонка", "Тут бачу свой край", "Свіранскія крэскі", а ў 1997 годзе выйшаў грунтоўны фотаальбом "Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч". Запомнілася прэзентацыя альбома ў Доме літаратара. Атмасфера свята. Поўная зала людзей, літаратары, навукоўцы", - узгадвае Святлана Багданкевіч.

"Ён, як мала хто, патрапляў услухацца ў таемныя галасы разложыстай нівы беларускай, пачуць сведчанні слаўных і сціплых творцаў беларушчыны, пакінуўшы па сабе ладнаваты стосік літаратурна-краязнаўчых нарысаў, замалёвак, успамінаў. Гэта ж Уладзімір Содаль, нястомна-праніклівы наш падарожнік, уваскрасіў, сагрэў цяпельцам нятускнай памяці, чалавечага чуцця Люцынку Дуніна-Марцінкевіча, Свіраны і Кушляны Багушэвіча, Вязынку, Бараўцы і Акопы Купалы, Карпілаўку Ядвігіна Ш., Мігаўку Аляксандра Уласава. Гэта ж ён прыпомніў няўцямным менчукам ці мала першасных, пазней перайначаных на савецкі капыл, вулічных назваў іхняга стольнага горада", - занатаваў Аляксей Каўка.

"Карпілаўка Уладзіміра Содаля - гэта цэлы майстар-клас, як трэба пісаць пра кожны куточак Беларусі, гэта ўрок сардэчнай любові да прыроды, да знакавых постацяў, гэта прыклад для вандроўнікаў і даследчыцкай працы нашай гісторыі, гэта ўрэшце, наталенне, любоцце мастацкім словам", - напісаў Уладзімір Ліпскі.

"Добры быў чалавек! Самаадданы, шчыры, ласкавы, энцыклапедычна адукаваны, высакародны, збіральнік беларушчыны, вандроўнік, руплівец, патрыёт, добры сем'янін, мэтанакіраваны, самахвярны, чалавекалюбны, апантаны, ашчадны, разважлівы, гаспадарлівы, кемлівы, дасціпны, успрымальны, зацікаўлены, рознабаковы, пераканальны, шматстайны… Такім мне запомніўся Уладзімір Ілліч", - напісаў Анатоль Каляда. Вось некалькі ўрыўкаў з нататкаў пісьменніка апошніх гадоў, якія ўвайшлі ў раздзелы новай кнігі "Магія мовы", "Мая вышыванка", "Радаводнае дрэва".

Водар хлеба і слова

Не так даўно вядомы сталічны хлебны магазін, што на Плошчы Перамогі, атрымаў новае найменне. Цяпер ён мае назву: "Каравай". Але не назва мяне зацікавіла, а падслуханы ля касы дыялог.

- Мне "Старажытны", - кажа адзін.

- А мне "Траецкі", - просіць другі.

- А мне "Чабаровы", - гаворыць трэці.

А ёсць яшчэ хлеб "Беларускі", "Нарачанскі", "Раўбіцкі"…І гэтакі водар ідзе ад назваў! Слухаючы, як вымаўляюцца ля касы назвы розных гатункаў хлеба, падумаў: вось і нікога змушаць не трэба. У хлебнай краме ўсе гавораць па-беларуску. Сама практыка жыцця вымагае нешта рабіць.Так што не такая ўжо дробязь - найменне тавараў па-беларуску. Чым больш гэтых назваў, тым часцей будзе гучаць наша мова. Хай сабе хлебная крама "Каравай" - яшчэ і не моўны аазіс, але прыемна, што тут цэлы дзень, няспынна, ні на хвілінку не сціхаючы, гучаць родныя назвы. І не абы якога тавару, а хлеба, нашага надзённага. Хлеб і слова заўсёды павінны быць побач. Абодва яны - вытокі нашага жыцця. У хлеба і слова - адзін водар!

Мая вышыванка

Упершыню я апрануў вышыванку ў 1961 годзе, паўстагоддзя таму. Гэта быў падарунак мне на вяселле. Пазней я даведаўся, якой ахвярай дасталася мне тая вышываная кашуля. Мая стрыечная сястра Люся вучылася тады ў Гомельскім універсітэце. З грашыма было скупа, ведама, студэнтка. І яна мусіла здаваць кроў, каб зрабіць такі каштоўны і незабыўны дарунак. Досыць часта я апранаў прыгожую вышыванку, асабліва ўлетку. Яна і напраўду, як казаў Сяргей Панізнік, халадзіць цела. Другое, вышыванка - гэта заўсёды настрой, свята, урачыстасць, годна вылучае цябе з шэрай масы. Наш трынаццацігадовы ўнук Сяржук распавёў: "Дарагую вышываначку падаравалі мне бабуля Клара з дзядулем Уладзем. Вышыванка - нацыянальная беларуская вопратка. Даўней кожны беларус меў сваю вышываначку. Яе апраналі на святы. Вышыўка на кашулі - не толькі ўкраса. Гэта яшчэ і абярэг. На грудзях маёй кашулі - дзве беечкі з арнаментам. Яны аберагаюць маю душу, даюць натхненне, а воку - аслоду і радасць.

Мой Мормаль

Сёлета сорак гадоў, як не жыву ў сваім родным мястэчку Мормаль. Жахліва падумаць: сорак гадоў маё мястэчка жыве без мяне, а я без яго. Ці думаў я, ці гадаў калісь, што так будзе, так станецца. Папраўдзе, я ніколі не збіраўся пакідаць свой Мормаль. Пасля школы адразу ж кінуўся ў вір вясковага жыцця, не разважаючы шмат, касіў сена, вазіў бульбу, працаваў на камбайне, здаваў нарыхтоўку дзяржаве. Быў загадчыкам клуба, бібліятэкі, любіў пісаць. Пісаў дзённікі, нататкі ў "Гомельскую праўду". Не раз турбаваў і менскія газеты. Пісаў і вершы. І вось, улюбёны ў сваю родную вёску, у яе будучыню, восенню 1956 года пакідаю яе, еду аж у далёкі Мурманск. З тае пары я ў Мормалі быў толькі наездамі, пераважна ўлетку. І вось сёлета, праз шэсць гадоў пасля апошняй пабыўкі, я зноў амаль усёй сям'ёй з унукамі, наведаў сваю радзіму. Калі ўбачыў былую школу на свае вочы, ногі падкасіліся - яна была ўся ў руінах, без вокнаў, з прабітымі сценамі, нібы па ёй з гарматаў стралялі. Такой мы ўбачылі яе ў 1944 годзе. Такой я яе ўбачыў у 1996-ым. Зашчымела сэрца… Як жыць людзям, кожны дзень бачачы тыя руіны? Якую аўру ствараюць яны ў Мормалі?

Чаму ў мяне так шчыміць сэрца за лёс рачулкі майго маленства? Нядаўна мне мама расказвала: калі я быў маленькі, хварэў на коклюш. Хвароба паволі забівала мяне. І тады маме падказалі занесці мяне да рэчкі, пасядзець над вадой, і кашаль адхлыне. І яна насіла, і неяк разам з рэчкай выхадзіла мяне. То як жа мне быць абыякавым да рачулкі, якая мяне паратавала? Бруіла тысячы гадоў і раптам сканала на нашых вачах, на вачах тысячы мормальцаў…Сорак гадоў я не жыву ў Мормалі, столькі ж Мормаль жыве без мяне. Дзеці і ўнукі мае нарадзіліся ўжо ў Менску. Але ім карціць ведаць, што гэта за Мормаль такі, пра які мы часта згадваем, сабраўшыся разам. Ён ім спадабаўся. Ім не так шчымела сэрца, як мне…

Эла Дзвінская, На фота аўтара: у працоўным пакоі пісьменніка.

З дна Балтыйскага мора знікла нямецкая падводная абсерваторыя

Навіны Германіі

З дна Балтыйскага мора знікла нямецкая падводная абсерваторыя, якая выкарыстоўвалася для збору навуковых дадзеных, паведамляе РІА Навіны са спасылкай на сайт Цэнтра акіянічных даследаванняў імя Гельмгольца GEOMAR.

Страта станцыі была заўважана 21 жніўня, калі з ёй перапынілася сувязь. Адпраўленыя для высвятлення прычынаў дайверы выявілі на месцы абсерваторыі толькі рэшткі кабеля для перадачы дадзеных. Адмыслоўцы пры гэтым адзначылі, што станцыю не магла панесці плынь ці марскія жывёлы, бо два блокі абсерваторыі важылі 520 і 220 кілаграмаў. Расследаваннем занялася мясцовая паліцыя.

Абсерваторыя была ўсталявана ў снежні 2016 года ў забароненай для карабляходства зоне ва ўзбярэжжа Германіі. Яе кошт - каля 300 тысяч еўра.

Радыё Sputnik.

Прайшлі новыя заняткі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым

У сераду, 28 жніўня, прайшлі чарговыя заняткі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым, археолагам, гісторыкам беларускай архітэктуры, кандыдатам гістарычных навук. На сустрэчу прыйшло 27 чалавек рознага ўзросту, але ўсе засталіся задаволеныя. Пасля лекцыі госці яшчэ доўга не адпускалі сп. Трусава і апытвалі пра Мсціслаў і яго гісторыю.

Таксама на сустрэчы ладзіліся прагляды дакументальных фільмаў вядомага гісторыка Алеся Краўцэвіча пра Мсціслаў (з серыі Загадкі беларускай гісторыі: "Мсціслаўскі замак. Бастыён Літвы" і "Мсціслаў. Горад ля мяжы Еўропы"), а Алег Трусаў распавёў пра тое, што засталося за кадрам.

Другая сустрэча з Алегам Трусавым адбылася ў пятніцу, 30 жніўня, у 18:20. Тэма сустрэчы "Помнікі архітэктуры старажытнага Слоніма".

У межах "Гістарычнай школы" штомесяц праводзіцца па 2 лекцыі, у якіх сп. Трусаў распавядае пра гісторыю розных гарадоў Беларусі. У гэтым сезоне гаворка ідзе пра Мір, Слонім, Валожын, Мсціслаў і мястэчка Івянец.

Радыё Рацыя.

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Віктар Шніп

Балады крыві і любові

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

БАЛАДА МІХАЛА КАЗІМІРА РАДЗІВІЛА (РЫБАНЬКІ) (13.06.1702-15.05.1762)

У Княстве Вялікім - вялікія людзі,

І ты сярод іх з беларускай душой,

Вялікі і ў свята святое, і ў будзень,

Бо Княства, як сэрца, заўсёды з табой.


У парку нясвіжскім ва ўтульнай альтанцы,

Нібыта на пояс на слуцкі, глядзіш

На зоры, а ў замку да раніцы танцы

І, нібы тэатр, сёння цэлы Нясвіж

У цэнтры Еўропы, якая ваюе

І будзе яшчэ між сабой ваяваць.

Не войны, а мануфактуры фундуеш,

Бо грошы - не грошы, калі іх трымаць

У куфрах вялікіх Вялікага Княства.

І тут ты шчаслівы, бо роднай зямлі

Свайго не шкадуеш жыцця і багатства…


Гады праляцелі, як і не былі,

Гады праляцелі, але засталося

Усё, што з душою і сэрцам рабіў

Для мілай Айчыны, дзе ў полі калоссе

Шапоча пра тых хто тут жыў і любіў

Вялікае Княства, дзе добрыя людзі

Былі, ёсць і будуць з вялікай душой,

І Княства Вялікае вечна тут будзе

У кожнай травінцы, пясчынцы малой…

10.06.2011 г.

БАЛАДА ФРАНЦІШКІ УРШУЛІ РАДЗІВІЛ (13.02.1705-1753)

Жонка князя, паэтка, красуня, княгіня,

Кіраўніца тэатра - і гэта ўсё ты.

Прад камінам сядзіш, і агонь,

што ў каміне,

Асвятляе жыццё і да мужа лісты.

Князь ізноўку адзін адлучыўся з Нясвіжа

І не заўтра, стамлёны, прыедзе дамоў,

Разаб'е, як шкляную, нясвіжскую цішу,

Без якой, нібы ружы, каханне й любоў


Не завянуць цяпер, бо слязамі паліты

Па сынах, што малымі пакінулі свет.

Як жанчына, як маці баішся нябыту,

Не баішся нічога, тутэйшы паэт.


І ў "Зялёным" тэатры за замкавым ровам

Пра сямейную вернасць

гаворыш людзям.

І тваё, што ад сэрца прамоўлена, слова

Патрапляе ў людскую душу, як у Храм.


Зоркі ў небе высокім, нібы залатоўкі,

Нібы свечкі, што ў вежы начной,

дзе жывеш.

І душа твая рвецца, як птах, у вандроўкі,

І вандруеш, але на радзіме ўсё ж лепш,


Бо тут роднае ўсё і табе ўсё святое

І застольная песня, і самота магіл.

І Нясвіжу ніколі не станеш чужою,

Бо ты наша княгіня, бо ты Радзівіл…

23.06.2011 г.

БАЛАДА САЛАМЕІ ПІЛЬШТЫНОВАЙ (1718-пасля1760)

Ад горада ў горад, з краіны ў краіну

У пошуках шчасця жаночага ты

Вандруеш, сабе не жадаеш супыну.

Супынак - зарослыя лесам клады.


Ты зноў у Стамбуле, жывеш у султана,

Дзе лечыш жанчын і пра Ерусалім,

Самотная, марыш і мар аб каханым

Ты не адцуралася сёння зусім,

Бо ты авантурная і маладая.

А хто малады - той, нібы залаты…


І сніцца Айчына амаль што чужая,

Куды ўжо ніколі не вернешся ты,

Хоць там і найлепшыя людзі на свеце,

І родныя хаты, і замкі, лясы,

І сонца ласкавей там грэе і свеціць,

І, быццам каралі, там кроплі расы.


А тут хоць і добра, ды ўсё тут чужое,

І будзе табе назаўсёды чужым

І неба, як мора, і мора начное,

Як неба, дзе чайкі лятаюць, як дым

Ад вогнішч вандроўнікаў,

што спачываюць.

А ты авантуры натуеш свае,

Якія праз сотні гадоў прачытаюць

На роднай зямлі, дзе салоўка пяе

Пра вечнасць і міг, і пра тое каханне,

Якое, вандроўная, зведала ты…


Міняецца свет, як на дрэвах лісты…


Але замяніць нам Айчыну не ў стане

Ніколі й ніякі Стамбул залаты.

5.04.2009 г.

БАЛАДА ЯЎХІМА ХРАПТОВІЧА (4.01.1729-4.03.1812)

Багацце можна ў карты прагуляць,

Прапіць, спаліць і з'ехаць у замежжа,

Каб прывіднае шчасце там шукаць,

А не ў Айчыне жыць, нібыта ў вежы

Высокай, што стаіць сярод вятроў,

Высокім неба над сабой трымае…


Што грошы? Грошы - не любоў.

Любоў да роднае зямлі жывая,

І ты будуеш школу і царкву,

Палац прыгожы і бібліятэку

Для ўсіх людзей, якія тут жывуць

І што ідуць сюдой з вараг у грэкі.


І ў кожнай кніжцы рук тваіх цяпло,

І кожная прыступкай да Айчыны,

Якая будзе Заўтра, дзе святло

Гадоў мінулых знікнуць не павінна,

А жыць у школах, Храмах, у людзях,

Якім Айчына, як матулі сэрца,

Як сэрца, што ў Еўропы у грудзях,

Якое роўна і спакойна б'ецца…

13.05.2009 г.

БАЛАДА АНТОНІЯ ТЫЗЕНГАЎЗА (1733 - 31.03.1785)

Для краю тутэйшага,

а не для ўласнае славы

Будуеш палацы, купляеш друкарню, і кнігі

Друкуюцца, хоць вырастаюць

на могілках травы,

І пыл асядае на ўсё адзінокі і ціхі,


І дом разбураецца, ды камяні застаюцца,

Нібыта радзімкі на целе,

на землях Радзімы.

І сёння ў тэатры тваім плачуць больш,

чым смяюцца,

Але перамены, ты верыш,

патрэбны й магчымы.

І ты не дрыжыш над грашыма,

багацце - не грошы,

А людзі, якім родны край у любую часіну

І самы найлепшы на свеце,

і самы прыгожы,

І гонар для ўсіх

за ягоную вечнасць загінуць.


І ты ганарышся

народам тутэйшым і краем,

І сам ты тутэйшы,

і ты не ўцякаеш ні ў Прагу,

Ні ў Лондан, ні ў Вену, ні ў ціхі Парыж,

бо ты знаеш,

Што там табе будзе

заўсёды самотна і блага


Без гэтых садоў,

што цяпер за вакном - маладыя,

Без жытніх палёў, на якіх васількі,

нібы слёзы

Жанчын беларускіх і нашых анёлаў, якія

Нас помняць і ў спёку,

і ў дождж, і ў марозы,


Як помніш і ты,

што для роднага любага краю

Патрэбна жыць сёння,

і будуць твой край і Паставы

У цэнтры Еўропы,

не ў некага з самага краю,

І будзе ў нас слава,

і будуць для славы падставы.


І ўсё ж ты самотна глядзіш у вакно,

бо цямнее

І восень дажджамі з палацаў

святочнасць змывае.

І ў краі тутэйшым

не кожны пакуль разумее:

Без мовы, без волі

краіны жывой не бывае...

19.08.2009 г.

(Працяг у наступным нумары.)

Тарашкевіч і Аляхновіч

7 снежня гэтага года на польска-савецкай мяжы Браніслаў Тарашкевіч, шматгадовы палітычны вязень у Польшчы, быў абменены на савецкага вязня, знанага ў Вільні беларускага літаратара Францішка Аляхновіча. Як падае прэса, перамовы паміж польскімі і савецкімі ўладамі па гэтай справе вяліся на працягу 5 месяцаў.

Абмен Тарашкевіча ні для кога не быў неспадзянкай і верагодна пра яго знаў і сам вязень. Пасля суду можна было падаваць апеляцыі аб невінаватасці, але ён гэтага не рабіў. Лічылася, што Тарашкевіча чакае такі ж самы лёс, як і ўсіх былых беларускіх паслоў.

Такім чынам, да шматлікай групы былых беларускіх парламентарыяў, якія пакінулі няўдзячнае палітычнае поле Польшчы, дадаўся яшчэ адзін дзеяч, гэтым разам самы таленавіты і папулярны. Хоць палітычнае крэда Тарашкевіча можа выклікаць вялікую засцярогу, аднак шматгадовы тэрмін у турме і асабістыя чалавечыя вартасці Тарашкевіча спрыялі таму, што ён выклікаў не толькі спачуванне, але і розныя групы палітыкаў жадалі бачыць у сваім коле такую неардынарную асобу. Нядаўна з'явілася агрэсіўная брашура, якая характарызавала Тарашкевіча, як закончанага камуніста. Аднак, здаецца, супраць пажаданням аўтара, гэтая брашура палегчыла Тарашкевічу выезд да Саветаў. Гэта быў адзіны эфект ад яе.

Дарога, якую прайшоў у сваёй палітычнай дзейнасці Тарашкевіч, вельмі павучальная. Ад няўдалых спробаў супольнай працы з палякамі, барацьбы ў апазіцыі ён пераходзіць да пераканання, што марксізм у інтэрпрэтацыі Леніна ёсць адзінай дактрынай, здольнай змяніць і ўдасканаліць свет. Не будзем разбірацца з тым, ці ішоў Тарашкевіч па правільнай дарозе, варта падкрэсліць, што яго паступовая метамарфоза не ёсць адзінкавым фактам сярод беларускіх дзеячаў у межах Польшчы. Дзякуючы нацыянальнай палітыцы ў нас, дарога Тарашкевіча ўсё больш становіцца папулярным гасцінцам для беларуса. Менавіта палітыка прывяла Тарашкевіча з лагера радыкальных паланафілаў у лагер верных паслядоўнікаў камуністычнай дактрыны. Эвалюцыя цягнулася шэраг гадоў і, як можна меркаваць з прамоваў Тарашкевіча у судзе, ёсць прадуктам яго глыбокіх роздумаў і пошукаў вырашэння грамадскіх праблем. Таму не трэба казаць, што Тарашкевіч быў не ў згодзе з самім сабой, прыняў модную зараз ідэалогію для кар'еры. А выезд Тарашкевіча толькі пацвердзіў факты, якія да гэтага маглі лічыцца домысламі ці дапушчэннямі.

Наколькі выезд Тарашкевіча нікога не здзівіў, настолькі яго абмен на Аляхновіча ўсіх шакіраваў. Якая іронія лёсу! Даўнія старыя сябры сталі каля памежных слупоў, як прадстаўнікі варожых палітычны накірункаў 1. І абодва адначасова атрымалі свабоду пасля шматгадовай вязніцы 2 ...

Апошнім часам, мы прызвычаіліся бачыць на месцы Аляхновіча арыштаваных ксяндзоў, польскіх патрыётаў і дзеячаў. Першы раз вяртаецца гэтай дарогай беларус. Без сумнення цяжкім быў лёс Аляхновіча на Салавецкіх выспах, і не дзівіць тое, што імкнуўся ён уратавацца з таго пекла і любым коштам вярнуцца ў родную Вільню. Аднак, у мясцовых беларускіх колах яго вяртанне выклікала шматлікія каментары.

Аляхновіч ніколі не быў палітыкам. Гэта тыповы літаратар, які нават у сваіх творах не кранаўся палітыкі. З-за нейкага выпадку ці непаразумення прыклеілі яму ў Саветах этыкетку палітыка, а пасля абмену праз згоду польскага ўраду на Тарашкевіча, гэтая этыкетка яшчэ мацней і назаўсёды да яго прыстала.

Да беларускага грамадства прыбыла новая сіла, якую можна будзе выкарыстаць для культурнай працы на карысць беларускага тэатру. Аднак гэта праца магла б развівацца толькі ў тым выпадку, калі з урадавых сфераў замест задавальнення ад кідання няшчасных крошак "дзеля адчэпнага", згадзіліся б на вялікую і шырокую дапамогу культурнай працы ў беларускай вёсцы на роднай мове. Але пра гэта не можна і марыць.

Зразумела, што Аляхновіч ведаў пра цяжкія ўмовы працы ў родны краі, і тое што застаў тут, не было для яго неспадзяваным 3.

S-wicz. Taraszkiewicz – Alechnowicz // Pregląd Wileński. № 15–16, 19 grudnia 1933. S. 8–9.

(S-wicz. - псеўданім Антона Луцкевіча.)

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

Ад перакладчыка.Я ведаю, што давяраць успамінам камуністаў, выдадзеным у Менску да 1990-х гг., нельга. Але, здаецца, успаміны вядомага камуністычнага дзеяча Мікалая Арэхвы маюць прамое дачыненне да тэмы вышэйнадрукаванага артыкула Антона Луцкевіча.

Сярод шматлікіх чыннікаў, якія садзейнічалі змене поглядаў беларускіх нацыянальных дзеячаў у Польшчы, адным з самых важных быў поспех эканамічнага і культурнага развіцця БССР і ... нацыянальная палітыка раўнапраўя ўсіх нацый.

З асаблівым задавальненнем успрынялі дзеячы беларускага нацыянальнага руху ў Польшчы ўзбуйненне БССР у 1924 годзе за кошт далучэння многіх паветаў з пераважным беларускім насельніцтвам Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў. Іх настрой выказаў тады Б. Тарашкевіч у адной са сваіх прамоў у Сейме і потым на судовым працэсе: "Я сказаў сабе, што ў БССР будуецца беларускі дом".

А ў беларусаў у Польшчы свайго дома не было. Там былі "крэсы всходне" Польшчы. ...

Перад КПЗБ стала важная і адказная задача: узяць растучы беларускі нацыянальна-вызваленчы рух пад свой уплыў і надаць яму адпаведную форму развіцця. У выглядзе партызанскай барацьбы гэты рух развівацца ўжо не мог. Патрэбныя былі іншыя арганізацыйныя формы.

Калі я ехаў прымаць кіраўніцтва Віленскім акругай, ЦК КПЗБ даручыў мне ўсталяваць сувязь з прадстаўнікамі левага крыла беларускага нацыянальнага руху. З дапамогай сям'і А. Капчэўскага я звязаўся з выкладчыкам Віленскай беларускай гімназіі, а праз яго - з С. Рак-Міхайлаўскім і Б. Тарашкевічам.

Раней Тарашкевіча я ведаў з газет. Цяпер перада мной стаяў невысокага росту стройны чалавек, гадоў за трыццаць, з залысінамі, невялікімі чорнымі вусікамі, у акулярах, з добразычлівым інтэлігентным выразам твару. Я назваўся Пятром, прадстаўніком кіраўніцтва КПЗБ. ...

У чэрвені 1925 года ў беларускай нацыянальнай фракцыі Сейма адбыўся раскол. З яе складу выйшлі дэпутаты Б. Тарашкевіч, С. Рак-Міхайлоўскі, П. Валошын, П. Мятла, якія стварылі асобную фракцыю пад назвай Беларуская сялянска-рабочая грамада (БСРГ).

Новая фракцыя яшчэ не мела выразнай праграмы і статута. Гэта пытанне абмяркоўвалася пазней на нарадзе прадстаўнікоў ЦК КПП і ЦК КПЗБ з кіруючым актывам БСРГ у канцы жніўня 1925 года, якая адбылася ў Гданьску (дакладней - у Сопаце). Кіраўніцтва БСРГ на гэтай нарадзе прадстаўлялі Б. Тарашкевіч, І. Шнаркевіч, М. Марцінчык і іншыя. Ад імя ЦК КПП выступаў Стэфан, дэлегатамі ЦК КПЗБ былі Артур, Павел і Пётр (аўтар гэтых успамінаў). У якасці прадстаўнікоў ЦК КП (б) Б ўдзельнічалі А. Славінскі, В. Ігнатоўскі і А. Ульянаў.

Такім чынам, нарада была прадстаўнічай і вельмі аўтарытэтнай. ...

Тут я пазнаёміўся з Тарашкевічам бліжэй. Ён прыкоўваў да сябе ўвагу веданнем абмеркоўваных праблем, агульнай эрудыцыяй, досціпам, мяккасцю ў зносінах з людзьмі. ...

II канферэнцыя КПЗБ адбілася ў маёй памяці ... падзеяй. Гэта ўступленне Б. Тарашкевіча ў члены кампартыі. ...

Вучоны-філолаг, аўтар першай беларускай граматыкі, буйны беларускі грамадскі дзеяч, дэпутат Сейма, ён не адразу прыйшоў у кампартыю. Доўгія гады ён падзяляў дробнабуржуазныя погляды і памылкі, вагаўся. У правільнасці праграмы палітычнай дзейнасці кампартыі ён ўпэўніўся з развіцця палітычных падзей у Польшчы і Заходняй Беларусі, дзейнасці КПЗБ і поспехаў БССР у сацыялістычным будаўніцтве і ажыццяўленні ленінскай палітыкі раўнапраўя нацый.

У сваёй заяве Б. Тарашкевіч казаў, што ў апошні час у сваіх палітычных поглядах ён згодны з КПП, а ў Сейме цесна супрацоўнічае з камуністычнай фракцыяй, фактычна лічыць сябе камуністам і хоча афіцыйна быць членам Кампартыі.

Прысутныя на пасяджэнні выказваліся за прыняцце Б. Тарашкевіча ў члены КПЗБ. ...

Прымаючы Тарашкевіча ў КПЗБ (а тым самым і ў КПП), мы дамовіліся, што гэтае рашэнне павінна быць негалосным, каб не нанесці шкоду яго легальнасці і дзейнасці БСРГ, якую ён узначальвае. Было вырашана, што Тарашкевіч не ўвойдзе ў склад камфракцыі ў Сейме, але будзе падпарадкоўвацца яе дырэктывам.

Прымаючы Тарашкевіча ў члены кампартыі, мы не памыліліся. Узначальваючы ЦК БСРГ, ён умела і творча праводзіў там палітычную лінію КПП, спрыяў выцясненню з Грамады беларускіх нацыяналістаў і развіццю яе па рэвалюцыйным шляху. ...

Б. Тарашкевіч меў невычэрпны запас разнастайных анекдотаў, філалагічных, палітычных і іншых, якія артыстычна распавядаў, выклікаючы ўсеагульны смех.

Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ. Воспоминания. Минск, 1983. С. 70-73.; С. 83-86.

1 Кажуць, што сустрэўшыся на памежным мастку, яны прыўзнялі капелюшы, і Аляхновіч, скрушна прамовіў: "Куды ты, Бронюсь, ідзеш?" - Л.Л.

2 8 студзеня 1938 г. Тарашкевіч быў прыгавораны да расстрэлу. Пад нечалавечымі катаваннямі падпісаў даносы на 249 (!) чалавек. Даследчык Леанід Маракоў выказваў меркаванне, што Браніслаў Тарашкевіч не быў расстраляны, а загінуў падчас катаванняў, якія доўжыліся дзевяць месяцаў. - Л. Л.

3 Францішак Аляхновіч быў забіты ў Вільні ў сваёй кватэры 3 сакавіка 1944 г. Хто яго забіў - чырвоныя партызаны ці АК, невядома да нашага часу. Але перад забойствам Аляхновіч, як рэактар газеты "Беларускі голас" пачаў друкаваць спісы беларусаў, забітых АК-аўцамі ў Лідскім павеце. - Л. Л.

Не ад Эзопа, а ад Язэпа

ВЫКАЗВАННІ

Неўгамонны пляткарскі экстаз.

Хамства вартае хамства.

Сабака глядзеў на гаспадара, бачыў у яго руках костку і скавытаў з радасці.

"Пацярпелы ад кахання", - запіс у міліцэйскім пратаколе.

Бойся маланкі, а не грому.

Словавольнасць і словаблуддзе - радня.

- Эх! Чацвёрты Рамэа быў лепшы за пятага, - скардзілася Джульета сяброўцы.

Выбары - тэатральна-святочнае ды прымусовае выкананне нейкага доўгу.

Пачуў выраз "справядлівы дурань" і ніяк не мог уцяміць, а хто такі "несправядлівы"?

Шматдзядулева бабуля.

Жаваў брывамі думкі.

Саксаул малы, але карані доўгія.

Ён не меў жалеза ў грудзях, але на грудзях яго было шмат.

Гультай ад таго, што ў галаве не тое.

Праўдапсеўдашукальнікі былі, ёсць і будуць.

Час эканамічнай стабілізацыі не вечны. Вечны час інфляцыі, дэвальвацыі, індэксацыі, уперамежку з кампенсацыяй.

Паважаць сябе прымушаюць надвор'е, хвароба і жанчыны.

Закон прыцягнення другой жанчыны.

Жанчына цяжка ўздыхнула: мода на мужчын у нас не праходзіць.

Аб'ява

Для заканчэння напісання рамана тэрмінова патрабуецца муза.

З тлумачальнай

Жыў так, бо не мог інакш. А паколькі ў мяне няма пачуцця меры, то перабіраў.

Язэп Палубятка

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX