Вярнуцца: 2019

№ 49 (1460)


Дадана: 04-12-2019,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 49 (1460), 4 снежня 2019 г.

99-я ўгодкі Слуцкага збройнага чыну

Выстава памяці гістарычных падзей

28 лістапада на сядзібе ТБМ адкрылася выстава твораў мастакоў суполкі "Пагоня", прысвечаная 99-тым угодкам Слуцкага збройнага чыну.

- Мы вырашылі адзначыць гадавіну Слуцкага збройнага чыну, і паколькі мы не заўсёды можам выстаўляць свае творы ў Палацы мастацтва, то мы выкарысталі магчымасць разгарнуць выставу на сядзібе ТБМ, - адзначыў Алесь Цыркуноў.

На выставе прадстаўлены творы Алеся Цыркунова, Лявона Грышчука, Эдварда Агуновіча, Генадзя Драздова, а таксама Святланы Раманавай.

- Слуцкі збройны чын - адзін з яркіх момантаў барацьбы беларусаў за сваю дзяржаўнасць, - адзначыў адзін з удзельнікаў выставы.

У цэнтры экспазіцыі знаходзіцца "Рэпрадукцыя Пагоні" Алеся Цыркунова. На выставе ёсць яшчэ адна яго праца "Балотны волат у смутку".

Вядомы беларускі жывапісец Алесь Цыркуноў з'яўляецца аўтарам карцін на нацыянальна-патрыятычную тэматыку. У 2013-2015 гадах спадар Алесь быў ініцыятарам адкрыцця выстаў на сядзібе ТБМ імя Ф. Скарыны, прысвечаных Дню Волі і іншым важным памятным датам у гісторыі краіны. Яго пэндзлю належаць партрэты М. Танка, Ул. Дубоўкі, А. Міцкевіча, Л. Лыча, У. Содаля, С. Новіка-Пяюна. Яго натхнялі вобразы Ефрасінні Полацкай, Ларысы Геніюш, Дануты Бічэль.

Алесь Цыркуноў нарадзіўся ў в. Лясань Жлобінскага раёна, скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, выкладаў жывапіс у сярэдняй школе № 75 г. Менска і ў іншых установах, прысвяціў сябе станкаваму жывапісу.

Лявон Грышчук прадставіў на выставе палотны "На Чорных Лядах" і "Сядзіба Тадэвуша Рэйтана. На мяжы вякоў". Эдвард Агуновіч змясціў у экспазіцыі працу "Канцэпцыя. Слуцкім змагарам за волю". Генадзь Драздоў падзяліўся карцінай "За волю. Крок у будучыню".

- Вельмі важна, што мастакі адгукнуліся на гістарычную дату і прадэманстравалі сваю гатоўнасць адзначыць у наступным годзе 100-годдзе Слуцкага збройнага чыну, - адзначыў спадар Алесь Цыркуноў. - 17 снежня адбудзецца важная падзея - пройдзе з'езд Беларускага саюза мастакоў, і адбудуцца выбары яго старшыні. Творцаў цікавіць магчымасць удзельнічаць у міжнародных выставах і культурных праектах, хвалюе дарагавізна арэнднай платы за майстэрні і іншыя праблемы.

У імпрэзе ўзялі ўдзел ганаровы старшыня ТБМ Алег Анатольевіч Трусаў, Яўген Гучок, Уладзімір Раманоўскі і іншыя актывісты ТБМ і госці сядзібы.

Э. Дзвінская, фота аўтара. На здымку: Алесь Цыркуноў.

У Слуцку ўшанавалі герояў Збройнага чыну

Днём 1 снежня ў Слуцку залуналі бел-чырвона-белыя сцягі ў гонар слуцкіх паўстанцаў. Сёлета адзначаецца 99-я гадавіна Слуцкага збройнага чыну.

Пасля наведвання мемарыяльных крыжоў у вёсках Грозаў, Семежава, мястэчку Вызна (Чырвоная Слабада) сябры КХП-БНФ ушанавалі памяць удзельнікаў збройнага чыну ў Слуцку каля краязнаўчага музея на вуліцы Леніна. Падчас гістарычнай падзеі гэта вуліца мела назву Шашэйная. Менавіта па ёй у канцы лістапада 1920 года воіны Слуцкай брыгады рушылі ў бок вёскі Семежава. Падчас мітынгу з прамовамі выступілі кіраўнікі партыі, былыя дэпутаты Вярхоўнага Савета дапрэзідэнцкай эпохі.

У сваёй прамове намеснік старшыні партыі КХП-БНФ Юрась Беленькі нагадаў прысутным пра падзеі далёкага 1920 года. Параўнаў случакоў з удзельнікамі паўстання Кастуся Каліноўскага. І тыя, і другія ведалі, што могуць не вярнуцца, бо прыйдзецца аддаць жыццё.

- Паўстанцаў аб'ядноўвае перш за ўсё любоў да сваёй зямлі, Нездарма словы "Люблю Беларусь" былі паролем Каліноўскага і яго паплечнікаў. І гэтая ж любоў да сваёй зямлі штурхнула на змаганне случакоў з пераважнымі сіламі бальшавіцкай Чырвонай Арміі, каб адстаяць незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Па словах прамоўцы, нашы людзі ўжо тады цудоўна ведалі, якой бядой можа закончыцца акупацыя спадкаемцамі "ардынскай дэспатыі". Сёння тая ж бяда зноў пагражае беларусам. Нагадаў Юрась Беленькі і пра права народа на абарону сваёй Айчыны.

Намеснік старшыні КХП-БНФ, дэпутат Вярхоўнага Савета пачатку 90-х гадоў Сяргей Папкоў у сваім выступе звярнуў увагу на імкненне Масквы пазбавіць беларусаў памяці і інтэлекту. Нягледзячы на такія захады "расійскага свету" беларусы ёсць і будуць жыць.

- Падзеі 22 лістапада 2019 года ў Вільні засведчылі, што свядомых беларусаў нямала, - выказаў упэўненасць прамоўца. - І гэтыя тысячы беларусаў з бел-чырвона-белымі сцягамі надаюць веры, што прыйдзе час, калі бацькі не будуць, як міласціну, выпрошваць у міністэрствах, каб ім далі магчымасць выхоўваць дзяцей на роднай мове.

Яшчэ адзін былы дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Антончык патлумачыў прычыны нялёгкага сучаснага жыцця беларусаў:

- Цяпер, быццам, ёсць беларуская незалежная дзяржава, - сказаў ён. - Але ж чаму нам так цяжка жыць? Чаму маленькія пенсіі, шмат беспрацоўных, сотні і тысячы беларусаў уцякаюць з краіны? Прычына ў тым, што сённяшняя ўлада будуе небеларускую краіну, і мы ніводнага года не жылі па-беларуску і згодна з беларускімі каштоўнасцямі, а ператварыліся ў напаўкаланіяльны край.

Напрыканцы свайго выступу Сяргей Антончык раскрытыкаваў няўдалыя 25-гадовыя пошукі ўладаў асаблівай дзяржаўнай ідэалогіі.

- Змаганне случакоў - гэта нацыянальная гісторыя, а наша нацыянальная ідэалогія - жыць па-беларуску ў сапраўднай краіне і мець беларускую ўладу, - зрабіў выснову грамадскі дзеяч.

Удзел у мітынгу ўзялі каля 70 чалавек. Некаторыя жыхары Слуцка ўпершыню прысутнічалі на такім мерапрыемстве і асцярожнічалі, трымаючыся асобнымі групкамі наводдаль ад мітынгоўцаў. Найбольш смелыя з іх, аднак зрабілі фотаздымкі на памяць, трымаючы бел-чырвона-белы сцяг у руках.

А актывісты Руху салідарнасці "Разам" 99-ыя ўгодкі Слуцкага збройнага чыну ўшанавалі шэрагам акцый у мясцінах, звязаных з гэтай знакавай для Беларусі падзеяй. Лідар Руху Вячаслаў Сіўчык адзначыў:

- Рух салідарнасці "Разам", пачынаючы з 2006 года, заўсёды ўшаноўваў памяць змагароў Слуцкага збройнага чыну вандроўкай па крыжах, якія пастаўленыя былі яшчэ да таго, як стала сённяшняя ўлада. Чаму мы ўшаноўваем памяць слуцкіх змагароў? Таму што іх подзвіг мусіць нас натхніць на барацьбу сёння. І гэтую барацьбу нам трэба весці незалежна ад таго, што хочуць ад нас у Маскве і што хоча нашая адміністрацыя. Беларусь - гэта святое, будзем змагацца за Беларусь.

Зінаіда Цімошак, старшыня Слуцкай рады ТБМ, "Новы час". Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Случчына.

ЗАБЫЦЬ ПРА ІХ - СЯБЕ ЗАБІЦЬ

"Браты мае, мужыкі родныя.

З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіцца мне да

вас пісаці, і можа раз астатні.

Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі

мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, -

ды не жаль згінуць за тваю праўду…"

Кастусь Каліноўскі.

"Кожнаму, хто прыехаў у Вільню, я ўручыў бы ордэн Каліноўскага!" - так сказаў паэт Уладзімір Някляеў на гістарычна-паэтычным Рэквіеме, які адбыўся ў музеі гісторыі тэатра і кіно Летувы (былы малы палац Радзівілаў) на другі дзень пасля ўрачыстага перапахавання паўстанцаў 1863 года. Мяркую, ордэна Каліноўскага заслугоўвае кожны беларус, хто хацеў, але па важкіх прычынах - адсутнасць візы, праца, матэрыяльная нястача і да т.п. - не прыехаў у Вільню 22 лістапада. За гэтыя два дні ў старажытнай Вільні, якая была, ёсць і будзе духоўнай сталіцай Беларусі, давялося пагаварыць з дзесяткамі знаёмых і незнаёмых удзельнікаў гэтай гістарычнай падзеі, і іх настрой, іх думкі, іх словы былі сугучны маім, кожны гаварыў:

- Я ўзнагародзіў сам сябе - прыехаў у Вільню! Прыехаў, каб аддаць даніну павагі продкам, якія разам з палякамі, летувісамі, украінцамі, латышамі паўсталі супраць расейскай імперыі за дзяржаўную незалежнасць, за свабоду, роўнасць, братэрства, "за нашу і вашу свабоду"! Прыехаў, бо - беларус, прыехаў, каб паказаць цяперашняй Расеі, якая так і засталася імперскай, што мы, гэтаксама як Каліноўскі і яго паплечнікі, сёння гатовы змагацца за незалежную Беларусь, за свабоду. Калі б не прыехаў, дык усё астатняе жыццё шкадаваў бы, мне б вярэдзіла душу, што не прыехаў, што вось жа мог прыехаць, а не прыехаў.

Складана перадаць эмоцыі, якія перапаўнялі кожнага ўдзельніка цырымоніі развітання з Кастусём Каліноўскім і яшчэ 19 паўстанцамі. Сотні бел-чырвона-белых сцягоў! Тысячы свабодных, годных людзей! У вольнай Вільні! І гучнае скандзіраванне: " Жыве Беларусь!", "Каго любіш? Беларусь!", "Слава героям! Героям слава!". У тым ліку гучала: "Дзякуй, Летува!". Гэта быў дзякуй летувіскай уладзе за арганізацыю развітання на такім высокім узроўні, якое было ўрачыстае, але не казённае, было шчырае, людскае, чалавечае, гэта быў дзякуй летувіскай дзяржаве, летувіскаму народу, што мы, беларусы, маем магчымасць свабодна ўшанаваць сваіх герояў тут, у свабоднай Вільні.

Было вельмі холадна. Працоўны дзень. І, тым не меней, шмат людзей! І многа-многа моладзі і дзяўчат, жанчын! І гэта - у Вільні, куды патрэбны віза, грошы на праезд і на пражыццё, і дзе якраз у гэтыя дні была мінусавая тэмпература і студзёны вецер! І разумееш страх беларускіх уладаў: толькі дай "слабіну", і сотні тысяч вольных беларусаў выйдуць на вуліцы Менска, каб зрабіць сталіцу нашай краіны вольнай, каб зрабіць вольнай усю нашу краіну. Менавіта па-гэтаму ўлады трымаюць у сакрэце змест інтэграцыйных дамоўленасцяў, якія першы Прэзідэнт Беларусі збіраецца падпісаць з Расеяй сёлета 8 снежня.

На жаль, не адбылася запланаваная сустрэча беларускіх удзельнікаў перапахавання паўстанцаў 1863 года з чальцамі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта была б сімвалічная сустрэча! Не адбылася… . І такая знакавая сустрэча ўжо ніколі не адбудзецца. Не ведаю прычыну і таму не хачу дарма наракаць на кагосьці. Прыкра будзе даведацца, што сустрэча не адбылася з-за нястачы грошай для арэнды залы, бо, напрыклад, уваход на канцэрт гурта "Dzieciuki", які адбыўся ў Вільні вечарам 22 лістапада, быў 5 еўра, і зала была поўная.

Запомніліся дзве сустрэчы з літоўцамі. Малады месціч з універсітэцкай (праўда, тэхнічнай) адукацыяй, які свабодна валодае рускай і ангельскай мовамі, ад мяне даведаўся, хто такі Каліноўскі. 65-гадовы рабочы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, які каля гары Гедыміна чакаў заканчэння цырымоніі, каб прыступіць да выканання сваіх службовых абавязкаў, паказаў мне месца, дзе знайшлі парэшткі паўстанцаў і сказаў, што пра Каліноўскага ён ведае са школы, і спытаўся ў мяне: "А Каліноўскі беларус ці паляк?". Нічога дзіўнага. У кожнага народа свае героі.

Зноў узгадаю гістарычна-паэтычны Рэквіем.

Вядоўца, гісторык Язэп Янушкевіч прэзентаваў дзве кніжкі, выдадзеныя адмыслова да 22.11.2019 - дня перапаховін парэшткаў 20 ўдзельнікаў нацыянальна-вызвольнага паўстання, адшуканых у 2017-2018 гадах на гары Гедыміна ў Вільні: гістарычна-літаратурны зборнік "І першым паказаўся Каліноўскі" (аўтар Я. Янушкевіч) на беларускай, летувіскай*, польскай, украінскай, нямецкай, ангельскай і іспанскай мовах, і чацвёртае выданне фотаальбома "ПАРТРЭТЫ ПАЎСТАННЯ 1863-1865" (аўтары Я. Янушкевіч і ягоная дачка Каміла Янушкевічанка) на беларускай, летувіскай і польскай мовах.

Спадар Янушкевіч з хваляваннем прачытаў свой нарыс "Спатканне з Легендай", змешчаны ў кнізе "І першым паказаўся Каліноўскі", - праўдзівую гісторыю пра тое, як вясной 1984 года пачуў ад дзеда Мікалая, вахцёра філфака Белдзяржуніверсітэта, верш, які нібыта прачытаў людзям Кастусь Каліноўскі з ужо накінутай на шыю пятлёю:

Хай злыдні над намі

Скрыгічуць зубамі, -

Любі сваю ніву, свой край!

І колькі ёсць сілы

Да самай магілы -

Ары, барануй, засявай! **

Не здолеў тады Язэп запярэчыць старому, маўляў, гэты верш узнік пазней: "…ці выпадала мне, нашчадку касінераў, маладзёну з "навукай за плячыма" абразіць ведамі 70-гадовага старога? Гэта значыць бязлітасна разбіць легенду, з якой Мікалай Дука пражыў доўгае і няпростае жыццё і застаўся чалавекам, гордым ад усведамлення свайго далучэння да апошняй хвіліны жыцця аднаго з выдатных сыноў беларускай зямлі, - які сваім кароткім, але яркім, як бліскавіца, жыццём разарваў панаванне векавой няпраўды над роднымі загонамі, пасеяў у сялянскіх душах усведамленне, што яны - не быдла, а роўныя з іншымі народамі ў праве на шчаслівейшую долю і волю, што яны ў грамадзе не "племя" са сваім "малоразвитым наречием", а нацыя, якая на крутых заломах гісторыі памірала, але не памерла".

Потым быў эмацыйны, узнёслы выступ У. Някляева, ягонае прызнанне, што зараз тут, у Вільні, ён шчаслівы, бо ў бачыў тут столькі беларусаў, што стагоддзямі чужынцы пераўтваралі наш край ваўкоў у край зайцоў і не дамагліся свайго, і што гэта ці не самая важная падзея ў яго жыцці, і ягоная сэнтэнцыя: паглядзіце на партрэты пастанцаў і паглядзіце на твары беларускіх урадоўцаў…, і ягоны заклік: "што ёсць моцы араць! Каб духам дацягнуцца да паўстанцаў!".

За 28 год незалежнай Рэспублікі Беларусь для аўтара гэтай нататкі сама знакавай падзеяй было прыняццё разам з сябрамі Беларускага згуртавання вайскоўцаў сімвалічнай прысягі на вернасць беларускаму народу на плошчы Незалежнасці ў Менску 8 верасня 1992 года. Цяпер у мяне ёсць яшчэ адна знакавая дата - 22 лістапада 2019; Вільня.

Кастусь Каліноўскі і яго пабрацімы паказалі нам прыклад стойкасці і самаахвярнасці дзеля свайго народа.

Завершыць жа гэту нататку хачу словамі Язэпа Янушкевіча з кніжкі "І першым паказаўся Каліноўскі": "ЗАБЫЦЬ ПРА ІХ - СЯБЕ ЗАБІЦЬ".

* Letuviski - аўтар кніжкі Язэп Янушкевіч лічыць, што дзеля таго, каб не было блытаніны з гістарычным тэрмінам "Літва" (і вытворных ад яго: "літовец-ліцвін; літоўскі-ліцвінскі" і г.д.), правільней ужываць у дачыненні да жыхароў Letuwy (Lietuva) тэрмін "letuvisy" - адпаведна іхняй саманазве.

** З верша Янкі Купалы "Аратаму", 1908 г.

Міхась Варанец, г. Слонім.

На могілкі Росы ў Вільні прывезлі зямлю з магілаў паўстанцаў на Лідчыне

Грамадскія актывісты з Лідчыны, як і збіраліся, прывезлі ў Вільню на перапахаване Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў таксама і зямлю з магілаў паўстанцаў на Лідчыне. Яшчэ загадзя яны аб'ехалі ў сваім рэгіёне ўсе вядомыя месцы баёў і пахаванняў паўстанцаў 1863 года і ўзялі там па жмені зямлі, каб дазахаваць яе пасля ў Вільні, побач з іншымі ўдзельнікамі і кіраўнікамі паўстання. Грамадскі актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак адзначыў:

- Гэта сімвалічны жэст. Ён надзвычай важны. Важна не толькі прынесці частку зямлі тых герояў, дзе яны зараз спяць, да правадыра паўстання. Важна адчуць сувязь паміж тымі героямі і намі цяперашнімі, нашай беларускай нацыяй. Падзеі 22 лістапада паказалі, што сувязь існуе, сувязь моцная, і беларуская нацыя мацнее.

Таксама вядома, што такі ж самы жэст зрабілі і актывісты з Гарадзеншчыны, Вілейшчыны і іншых рэгіёнаў Беларусі.

Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя.

Трыяда Анатоля Белага

П-а-э-м-а - э-с-э

Яўген Гучок

Светлай памяці незабыўнага Анатоля Яўхімавіча Белага

10 снежня 2019 г. беларускаму грамадска-культурнаму дзеячу, гарачаму патрыёту Беларусі Анатолю Яфімавічу Беламу споўнілася б восемдзесят гадоў. У гонар светлай яго памяці прысвячаецца гэты твор.

Природа-мать, когда б таких людей

Ты иногда не посылала миру,

Заглохла б нива жизни.

(Мікалай Някрасаў.)

Адзінай мэты не зракуся,

і сэрца мне не задрыжыць:

як жыць - дык жыць для Беларусі.

А без яе - зусім не жыць.

(Ларыса Геніюш.)

Мне сняцца сны аб Беларусі...

(Янка Купала.)

І

* * *

Ёсць героі ў кожным часе,

У кожнай краіне,

У кожным народзе.

* * *

Адным з беларускіх герояў,

Безумоўна, быў незабыўны

Анатоль Яўхімавіч Белы.

* * *

Служыць Айчыне

Самааддана і бескарысліва -

І гэта найвышэй на зямлі ўзнагарода.

* * *

Вось жа такім служыцелем

Быў і незабыўны

Анатоль Яўхімавіч Белы.

* * *

Калі гаварыць

пра сям'ю Анатоля Яўхімавіча, -

Дык бацька і маці, жонка,

дачка, зяць, унук і іншыя -

Беларусацэнтрычны народ

і яго апірышча.

* * *

Службу вайсковага лётчыка,

Пры тым пілатажу вышэйшага,

Ён зменіць на беларушчыны абарону.

* * *

За справу беларускую нашу

Заўжды ён стаяў да канца,

Як лётчык, ратуючы самалёт.

* * *

Ён быў адналюбам

Як для сям'і,

Так і для беларушчыны.

* * *

Хтось мае нязгоду і супраціў

У справах грамадскіх,

А Белы толькі падтрымку меў у сям'і.

* * *

Пра Белага і яго трыяду:

"Спадчыну", помнікі, музей і іншае

Простым, кароткім абзацам пачнем.

* * *

У служэнні сваёй трыядзе

Ён не шукаў навуковых ступеняў,

Хаця быў годны акадэміка звання.

* * *

У трох творчых саюзах -

Мастакоў, журналістаў, пісьменнікаў

Годным следам адзначыўся ён.

* * *

Для яго Беларусь -

Не толькі цэнтар Еўропы,

А цэнтар Сусвету яна.

* * *

Як і многія, ён верыў і спадзяваўся

На суверэнную Беларусь,

Але тая спадзеў і вера - сэрца яго.

* * *

Як дзіця сваю маці любіць,

Так любіў Беларусь і ён,

Ад маштабнасці і да дробязі.

* * *

Белы любіў жартаваць,

Але не на конт Беларусі

І беларушчыны.

* * *

У справе абароны гонару Беларусі

Ён мог пасупернічаць

Нат з немалым калектывам.

* * *

Быў ён асоба чалавекалюбівая

Яшчэ і таму, што перад усім

Быў беларусалюбным.

* * *

Не, гэта не справа,

Адно толькі, што працаваць і працаваць...

А гісторыю Бацькаўшчыны не ведаюць.

* * *

Не хаваў, нібы страўс галаву ў пясок,

Свае веды, зацікаўленні, памкненні

Ні ад кога патрыёт Анатоль Белы.

* * *

І выдавецкімі справамі ён займаўся,

З яго рупнасці свет пабачылі

Многія кнігі, аьманахі,

альбомы, плакаты, буклеты.

* * *

Да выхаду ў свет часопіса "Полацак" у ЗША

Меў чынна-дзейсныя захады

І Анатоль Яўхімавіч Белы.

* * *

А "Полацак" друкаваў пераважна тое,

Што дома, у Беларусі, забараняла

Цэнзура камуністычна-калгасная.

* * *

Многае "Полацак" беларусам паведаў,

Сярод іншага, што аўтарам "Несцеркі"

Быў рэпрэсаваны Уладзіслаў Галубок.

* * *

Дарэчы, карціна славутага драматурга

"Цнянка" - каштоўнейшы экспанат

У Старадарожскім музеі Белага.

* * *

Не кідаўся ён на многае,

На многае не раскідваў сябе,

Адна адданасць была у яго -

Беларусі адданасць.

* * *

Белы мог крыўдаваць калі-нікалі,

Але, як многія, не затойваў крыўду

У нетрах сваёй душы.

* * *

Не мог ён людзей раз'ядноўваць,

Наадварот,

нават непрыхільнікаў беларушчыны

На беларушчыне мог аб'яднаць.

* * *

У справах яго былі і памочнікі,

І ён звычайна дапамагаў ім

Расці духоўна і патрыятычна.

* * *

І ў побыце,

І ў людскіх між сабой адносінах

Белы ніколі не быў раўнадушны.

* * *

Для дзікуноў беларушчына - нібы зелле,

Для яго ж -

Найкультурнейшая расліна.

* * *

Бываў і Белы за мяжой,

А з ім была і яго

Беларусь і беларушчына.

* * *

Чалавек шырокамаштабны,

І невялікія здабыткі Белы цаніў

І тады прыгаворваў: "Добра Янку і плотка".

* * *

Дзе б яно ні было,

У застоллі любым

Быў заўсёдны Белага тост: "За Беларусь!"

* * *

Неабходна тут жа адзначыць,

Што Анатоль Яўхімавіч

З бахусам сяброўства цеснага не меў.

* * *

Многа зайздроснікаў-ворагаў Белы меў,

Але і прыхільнікі дзеяў яго...

Адзін з іх - народны мастак Беларусі

Леанід Шчамялёў.

* * *

А ці былі ў незвычайнасці Белага

Слабасці звычайнага чалавека?

Былі, але не занадта, і не гэта галоўнае.

І І

* * *

Ёсць "Спадчына" ў Янкі Купалы,

Ёсць "Спадчына" ў Ігара Лучанка,

Ёсць "Спадчына" і Анатоля Белага.

* * *

З ідэі і намаганняў Белага,

Паўстаў менскі культурна-асветны клуб

"Спадчына".

* * *

Белы праўду гісторыі адчуваў за вярсту,

Лёгка фальшывак вызначаў у мастацтве,

Таму "Спадчына", а пасля і музей -

на годным узроўні.

* * *

Вось жа "Спадчына" Белага

Злучала цяпершчыну, мінулае і будучыню

І ў душах яе сяброў.

* * *

А што у школах і ВНУ

Не далі, не дадалі,

Тут тэкстам адкрытым ішлі.

* * *

Сябры "Спадчыны" - бы адна сям'я:

Разам радаваліся,

Разам сумавалі.

* * *

Здавалася часам, што "Спадчыну"

Наведвалі Скарына і Цяпінскі,

Каліноўскі і Багушэвіч, Цётка,

Купала, Колас і Багдановіч.

* * *

І ўсе яны, як і клуба сябры,

Былі падазронымі

Для рэжыму антычалавечага,

антыбеларускага.

* * *

Сябры-члены "Спадчыну" аберагалі,

А яна ашчаджала іх

Ад разумовай цемрадзі.

* * *

Ад падлогі да столі

І з усіх чатырох бакоў

Панавала тут праўда

беларускай гісторыі і мастацтва.

* * *

Бы ніткі ў прадзільні,

Гістарычная праўда

І ў "Спадчыне" ткалася.

(Працяг у наступным нумары.)

Вывучэнню кітабаў спрыяе семінар-практыкум

27 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы адбыўся першы семінар-практыкум, прысвечаны вывучэнню ўнікальных помнікаў беларускай кніжнай культуры - кітабаў.

Заняткі праводзіць Ірына Сынкова, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт кафедры мовазнаўства і краіназнаўства Усходу факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Татары былі неад'емнай часткай грамадства ВКЛ. З'яўленне ў Беларуска-Літоўскай дзяржаве татар стала вынікам яе разнастайных зносін з Залатой Ардой. У 1321 г. (паводле некаторых крыніц, у 1319 г.) Гедымін з дапамогаю татарскага войска здабыў вялікую перамогу над крыжакамі. 14 сакавіка 1395 года войскі Цімура разбілі атрады хана Тахтамыша, і ён скіраваўся ў бок літоўскіх і польскіх зямель.

Тахтамыш быў гасцінна прыняты князем Вітаўтам і паселены разам з ягонымі прыдворнымі ў г. Лідзе. Тут ён жыў на сядзібе, якую ў народзе доўга называлі Тахтамышавым дваром. Вітаўт адразу ацаніў новыя магчымасці, узніклыя са з'яўленнем у ягонай дзяржаве былога ардынскага ўладара, які шукаў дапамогі, каб вярнуць сабе ханскі пасад. У 1397 і 1398 гадах Вітаўт зрабіў два паходы на Дон і Крым. У іх удзельнічаў і Тахтамыш з дружынай.

З тых часоў татары засталіся жыць на Беларусі, захоўваючы мусульманскую веру і традыцыі. Іх кнігі перапісваліся арабскімі літарамі па-беларуску.

У кітабах адлюстраваны побыт, звычаі, традыцыі татар-перасяленцаў, таму іх тэксты - каштоўны матэрыял для лінгвістаў, этнографаў, літаратуразнаўцаў, гісторыкаў. У бібліятэках Вільні і Менска захоўваюцца кітабы аб'ёмам ад 70 да 1000 старонак. Акрамя кітабаў, выдзяляюць напісаныя арабскім пісьмом тафсіры, таджвіды, хамаілы.

На занятках, якія праводзіць Ірына Сынкова, адбываецца вывучэнне кітабаў, напісаных літарамі арабскага алфавіту па-беларуску (а часам на беларуска-польскай трасянцы).

Змест кітабаў - тэксты, якія тлумачаць Каран, апісанні мусульманскіх рытуалаў і асноўных мусульманскіх абавязкаў, цытаты з Карана.

Слухачы семінара - усе ахвотныя: ад пачаткоўцаў, якія не ведаюць нічога пра кітабы, да такіх спецыялістаў, як вядучы навуковы супрацоўнік Юры Лаўрык. Некаторыя ўдзельнікі семінара, такія, як Мікола Пачкаеў, адмыслова прыехалі з Лондана .

На завяршэнне сустрэчы ўдзельнікі прачыталі словы класіка: "Мой родны кут, як ты мне мілы", запісаныя так, як гэта зрабілі б беларускія татары.

Наступныя заняткі адбудуцца 4 снежня і 18 снежня 2019 г. а 18-й гадзіне ў зале адукацыйных тэхналогій.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

ПАМЯЦІ РОЗЫ РЫМАР

Жыццёвы шлях Розы Уладзіміраўны Рымар працягласцю ў восемдзясят тры гады - гэта шлях маладога пакалення пасляваенных гадоў з глухіх беларускіх вёсак і мястэчак да навукі і культуры, да новага жыцця. Ён адзначаны непатольным жаданнем дзяўчыны кожны дзень адкрываць для сябе штосьці новае, вучыцца: у школе, у педагагічным інстытуце і пазней на розных курсах. І менавіта ў педагагічным, бо як паказала пасляваеннае жыццё, настаўнік - самая аўтарытэтная асоба ў вёсцы, у грамадстве. Ён усё ведае, да яго прыслухоўваюцца бацькі, паважаюць старэйшыя людзі. Ён падказвае і адкрывае моладзі шлях у будучыню, акрыляе ў дарогу. З такім настроем Роза паступае ў Гарадзенскі педінстытут, прагна і настойліва авалодвае ведамі на гісторыка - філалагічным факультэце. Імкнучыся адолець невычарпальную плынь інфармацыі, яна старанна працуе на лекцыях, практычных занятках, бібліятэках, стараецца выканаць усе заданні выкладчыкаў. Яны з пахвалой адзначаюць поспехі настойлівых студэнтаў, а строгі і вельмі пунктуальны Пётр Іванавіч Кавалеўскі, выкладчык страшнаватай стараславянскай мовы, не толькі вышэйшым балам, а нават шакаладкай адзначыў дасціпныя і грунтоўныя адказы Розы на экзаменах.

Калі вучоба - гэта старт на доўгай працоўнай дарозе, гэта фарміраванне адказнасці, працавітасці, развіццё здольнасцей, то праца - сам марафонскі шлях з яго поспехамі і радасцямі, і паражэннямі. І Роза Уладзіміраўна праходзіць яго годна, сумленна, з поўнай самааддачай. Працуючы настаўніцай рускай мовы, літаратуры і гісторыі ў вёсцы Ятра, затым намеснікам дырэктара сярэдняй школы, пазней - у рэдакцыі "Гродзенскай праўды", яна ўсюды аддавала ўсю энергію, жар сваёй душы дзецям і справе. Яна сумленна і горача рабіла сваю справу, не разлічваючы на гучнае ўшанаванне. Аднак калегі бачылі яе гарэнне на рабоце, яна ішла на ўрокі як на свята (па яе пазнейшым прызнанні) і таму паслалі дэлегатам на з'езд настаўнікаў Беларусі. Калі працавала ў "Гродзенскай праўдзе", яе артыкулы на маральна - этычную тэматыку і па пытаннях выхавання моладзі не пакідалі чытача абыякавым, можа таму, што з практыкі глыбока ведала праблемы, і яе адрознівала павага і любоў да чалавека, жаданне тварыць дабро. Яна кіравалася жыццёвым крэда: "Тварыць дабро ва ўсіх яго іпастасях. Не чакай для сябе нічога, нават удзячнасці. Усё лепшае ў сабе аддавай на алтар любові. І - пастаянна, каб заставацца свечкай і не стаць агаркам" (з яе пісьма - І.Б.). У час работы ў газеце яе як журналіста прынялі ў члены Саюза журналістаў СССР.

Не заставалася Роза Уладзіміраўна ў баку і ад грамадскіх спраў. Яе хваляваў лёс беларускай мовы, літаратуры, культуры, іх вывучэнне ў школе. Гэта прывяло яе ў шэрагі сяброў Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. На працы і ў паўсядзённым жыцці яна прапагандавала родную мову, удзельнічала ў мерапрыемствах арганізацыі. У рэспубліканскім і мясцовым друку пісала пра выдатных дзеячоў культуры Беларусі і Гарадзеншчыны - Васіля Быкава, Аляксея Карпюка, Яўгена Гучка, Міхася Васілька, Апанаса Цыхуна, мастака Лакцівонава, вучоных, выкладчыкаў універістэта, змяшчала вершы і празаічныя мініяцюры.

Яе ўласныя вершы заслугоўваюць асобнай гаворкі. Пісаць вершы пачала яшчэ ў маладосці, і створана іх каля тысячы, хаця не ўсе мастацка дапрацаваны. Аднак вызначаюцца яны высокім лірызмам, шчырасцю пачуццяў, адкрытасцю і шчымлівасцю, эмацыянальна - рамантычным настроем. Толькі асабістая сціпласць стрымвала яе ад друкавання:

- Ат, каму яны патрэбныя?! У іх маё адчуванне жыцця. Цяпер многія пішуць...

І ніякія ўгаворы не дзейнічалі.

А сэрца яе перажывала, радавалася, рубцавалася ад поспехаў і няўдач, дабра і зла, любові і здрады, якія яна бачыла і сустракала ў жыцці, і занатоўвала ў вершах.

Такой неабыякавай, няўрымслівай, жадаўшай выправіць усе хібы жыцця і несці дабро людзям застанецца Роза Уладзіміраўна Рымар у памяці тых, хто яе ведаў.

Іван Буднік, Гародня.

У Шклове гарадская бібліятэка №1 будзе насіць імя Міхася Зарэцкага

Пачынаючы з 2001 года, калі набліжаўся 100-гадовы юбілей пісьменніка Міхася Зарэцкага, Шклоўская раённая ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" спрабуе ўвекавечыць вядомага земляка ў тапаніміцы горада Шклова (прысваенне імя М. Зарэцкага адной з вуліц горада Шклова, або наданне імя пісьменніка Шклоўскай бібліятэцы).

У Зарэчным Шклове актывісты Таварыства беларускай мовы і прыхільнікі творчасці пісьменніка наведваюць месца, дзе некалі знаходзілася царква Святой Тройцы і ў якой, безумоўна, бываў яшчэ хлапчуком Міхась. Наведваюць гэтае месца і турыстычныя экскурсіі з іншых гарадоў Беларусі. Памяць аб ім не згасла.

Па выніках Міжнароднай навуковай канферэнцыі "Куляшоўскія чытанні", якая адбылася 18-19 красавіка 2019 года ва ўстанове адукацыі "Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова", таксама прынята рэзалюцыя аб неабходнасці ўвекавечанні імя М. Зарэцкага ў Шклове.

І вось урэшце, напрыканцы лістапада 2019 года, Шклоўская раённая арганізацыя ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны атрымала ліст з аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шклоўскага райвыканкама, дзе выказваецца падзяка Таварыству за імкненне ўвекавечыць ў тапаніміцы горада Шклова імя Міхася Зарэцкага.

Таксама ў пісьме паведамляецца, што з нагоды ў 2021 годзе юбілейнай даты - 120 год з дня нараджэння Міхася Зарэцкага, гарадской бібліятэцы №1, размешчанай па вуліцы Вялікае Зарэчча ў горадзе Шклове, будзе нададзена імя пісьменніка Міхася Зарэцкага. Запланаваны іншыя мерапрыемствы з гэтай нагоды.

А. Грудзіна, старшыня Шклоўскай раённай арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны".

Украінска - беларускі досвед узаемнага вывучэння моў, літаратур і культур

29 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы адбылася канферэнцыя "Узаемнае вывучэнне моў, літаратур і культур дзеля будучыні і ўзаемаразумення. Украінска - беларускі досвед." Мерапрыемства было арганізавана Амбасадай Украіны. Удзел у ім бралі вядомыя мовазнаўцы з Беларусі і Украіны. Старшыня ТБМ і пакуль яшчэ дзейны дэпутат Алена Анісім выступіла з паведамленнем: "Выданне навукова-папулярнай літаратуры, арыгінальнай і перакладной. Досвед ТБМ". У сваім выступе спадарыня А. Анісім распавяла пра дзейнасць курсаў з навучаннем польскай і ўкраінскай мовам, а таксама пра выданні навукова-папулярнай літаратуры па гісторыі Фінляндыі, Латвіі і Румыніі, ажыццёўленыя ў супрацы з адпаведнымі амбасадамі. Напрыканцы старшыня ТБМ выказала спадзеў, што будзе зроблена і выданне "Гісторыі Украіны" з удзелам аўтарскага калектыву, які працуе ва Універсітэце імя Ніла Гілевіча.

Наш кар. Фота М. Лінніка.

З-пад гары Міндоўга на Лідчыну

26 лістапада на Лідчыне прайшоў чарговы цыкл літаратурна-музычных сустрэч. На гэты раз імпрэзы пад агульным тытлам "З-пад гары Міндоўга" прайшлі ў Бярозаўскай СШ № 2, у Мінойтаўскай СШ і ў канферэнц-зале Лідскага замка.

Зыходзячы з назвы, не цяжка здагадацца, што на гэты раз Лідчыну наведалі літаратары з Наваградка, а менавіта дырэктар музея Адама Міцкевіча Мікола Гайба і пісьменнік ды бард Міхась Зізюк.

Мікола Гайба на сустрэчах распавядаў пра музей Адама Міцкевіча, а таксама пра краіну замкаў - Беларусь, ну, вядома, у першую чаргу пра Наваградскі, а таксама Любчанскі замак.

Міхась Зізюк сярод іншага прэзентаваў сваю новую кнігу для дзяцей "Таямніца гары Міндоўга". Гучалі і беларускія песні, нагадваючы, што ў нас працягваецца "Год малой радзімы".

Сустрэчы ў школах арганізоўваліся аддзелам адукацыі сумесна з Лідскай арганізацыяй ТБМ, а ў замку сустрэча прайшла ў рамках літаратурна-музычнага салона аддзела культуры і Лідскага музея "Над Лідзейкай".

Такім чынам сёлета ў салоне адбыліся чатыры сустрэчы. Цяпер застаецца прааналізаваць станоўчае і недахопы, каб у наступным 2020 годзе зрабіць гэтую форму папулярызацыі літаратуры яшчэ больш эфектыўнай.

Яраслаў Грынкевіч.

Ангела Меркель: "NATO для Германіі важнейшае, чым у часы халоднай вайны"

Навіны Германіі

Канцлер Германіі Ангела Меркель заявіла, што захаванне звязу NATO з'яўляецца найважнейшым прыярытэтам для краіны.

Як заявіла Меркель, выступаючы ў Бундэстагу, захаванне NATO зараз нават больш важнае для Германіі, чым падчас халоднай вайны, - ці, ва ўсякім разе, так жа важна. Канцлер прызнала, што Еўропа ў адзіночку, без Злучаных Штатаў, не здольная абараніць сябе ад усіх пагрозаў.

Канцлер таксама сказала, што Германія паступова павышае ваенныя выдаткі і гатовая давесці іх да 2 працэнтаў ВУП, аднак не раней чым праз 10 гадоў.

Заява Меркель зроблена на фоне палемікі аб сучаснасці і будучыні Паўночнаатлантычнага звязу, якую пачаў прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон. Ён заявіў, што NATO "адчувае смерць мозгу", прывёўшы ў якасці прыкладу адсутнасць адзінай пазіцыі саюзнікаў у адносінах да аперацыі Турцыі на поўначы Сірыі. Шэраг прадстаўнікоў NATO і лідараў еўрапейскіх дзяржаў не пагадзіўся з Макронам. Напярэдадні пра сваю нязгоду заявіў і кіраўнік МЗС Германіі Хайка Маас.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп неаднаразова заклікаў саюзнікаў ЗША па NATO павялічыць ваенныя выдаткі і давесці іх хоць бы да 2 працэнтаў ВУП у кожнай з краін. Крытыкі Трампа абвінавачваюць яго ў тым, што ён хоча разбурыць NATO, высоўваючы саюзнікам невыканальныя ўмовы.

Радыё Свабода.

Выйшаў каляндар "Родны край"

У РУП "Выдавецтва "Беларусь" выйшаў адрыўны каляндар "Родны край" на 2020 год. Наклад 4500 асобнікаў. Летась было 4000 ас.

Складальнікі Коршак Алеся Мікалаеўна і Мількевіч Надзея Аляксандраўна.

2020 год - трэці па ліку, які ў Беларусі праходзіць пад знакам Года малой радзімы. У сувязі з гэтым у выданні змешчана шмат цікавай інфармацыі пра вялікія і малыя беларускія гарады, вёскі, рэкі, азёры і іншыя прыродныя аб'екты, а таксама пра славутых людзей Беларусі.

Гартаючы старонкі календара, Вы знойдзеце матэрыялы, карысныя дпя прымянення ў паўсядзённым жыцці: рэцэпты, жыццёвыя і побытавыя парады, а таксама цудоўныя вершы класікаў беларускай літаратуры, размеркаваныя ў адпаведнасці з порамі года. Ёсць інфармацыя пра знакі задыяка. Пазначаны ў календары Міжнародны дзень роднай мовы - 21 лютага.

На кожным лістку змяшчаюцца імяніны: праваслаўныя - Пр. каталіцкія - К.

Выпуск выдання ажыццёўлены па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Наш кар.

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Балады крыві і любові

Віктар Шніп

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

БАЛАДА ЯДВІГІНА Ш. (4.01.1869-24.02.1922)

…Тваё беларускае золата ветрам

Рассыпана ў нашых палях і лугах.

Яно перад намі з'яўляецца летам

У пыле дарог і цяжкіх каласах,

І ў восеньскім лісці, якое крыляе

Над сумнай зямлёй і ляціць у касцёр,

Дзе золата ўміг прад табой закіпае

І ў ноч матылькамі ўзлятае да зор

Над родным фальваркам, з якога да Вільні

Не так і далёка ўцякаць ад зімы,

А там жа работы хапае ўсім пільнай,

А там шлях пракладзены ўжо да турмы,

Якой не баішся, бо ведаеш тое,

Што кожнаму трэба тут ведаць заўжды,

Што толькі за роднае, як за святое,

Не трэба баяцца свой час залаты

Патраціць, і золата з'явіцца летам

У мёдзе пчаліным, цяжкіх каласах,

У прозе змагання, у кветках санетаў

І ў край улюбёных людзей галасах…

21.09.2008 г.

БАЛАДА АДАМА ГУРЫНОВІЧА (13.01.1869-23.01.1894)

На могілках не адшукаць магілы,

Ды й могілак саміх не адшукаць.

Каля дарогі крыж стаяў пахілы,

Няма дарогі, быльнягі шумяць.

А ты не думаў, што вось гэтак будзе

У краі родным, пра які ты сніў.

Ды ўсё мяняецца, тым болей людзі,

Калі іх адарваць ад родных ніў,

Ад родных слоў, ад песень і ад казак,

Што з веку ў век з адной душы ў душу

Ішлі і напаўнялі свет наш ласкай,

Як поўніцца рака пасля дажджу

У час задушлівы жывой вадою.

І ты хацеў, каб родны край заўжды

Быў, як рака, напоўнены жывою

Вадой і каб, нібыта да вады,

Да родных слоў, да песень і да казак

Усе імкнуліся, бо з імі край,

Няхай праз сотню год, а не адразу,

Усё-ткі ператворыцца ў наш рай,

У беларускі, дзе і твой фальварак

Паўстане з траў, не згубіцца ў вяках,

Як і твая аб Беларусі мара,

Прыгожая, нібыта ў Вільню шлях…

14.09.2008 г.

БАЛАДА ФЕРДЫНАНДА РУШЧЫЦА (10.12.1870--30.10.1936)

Варшаваю і Вільняю паміж

Багданава - нібы на Храме крыж,

Куды вяртацца, на які маліцца.

У лёсных травах сцежак бліскавіцы,

Знікаючы, з'яўляюцца ізноў.

І кветкі ў лузе, як спакою кроў,

Віднеюцца і не даюць спакою.

І ты ідзеш з тутэйшаю душою

Чужы і свой, да плачу закаханы

У гэты край, што Богам быў абраны,

Але забыты да пары да часу.

І сонцу ранкам не ўзысці адразу,

Як і табе адразу не прыйсці

Дамоў, дзе ў клёна залатым лісці

І золата тваё таксама ёсць,

Як снег і дождж, і чорная зямля.

Было ўсё тут і будзе ўсё пасля,

Як вернешся здарожаны дамоў

Да затравелых на кладах крыжоў,

Дзе ты ляжыш ля жонкі і бацькоў,

Дзе ты мастак і гэты родны свет -

Як твой, пакінуты з карцінаю, мальберт...

7.08.2006 г.

БАЛАДА АЛЯКСАНДРА УЛАСАВА (16.08.1874--11.03.1941)

Ужо далёка Менск, далёка Вільня,

А сонца ўсё няма і ўсё няма,

І быць не можа сонца, бо зіма

Па-над тваёй дарогаю магільнай

Аблокі прымарозіла да зорак

І замяла каля дарог крыжы.

Старыя вулкі Вільні - гэта ўчора,

Учора - гэта радасць на душы

З таго, што на адной канапе сесці

Нам, беларусам, не хапае месц.

Учора - гэта менскія прадмесці,

Газеты і часопісы, дзе змест

Наш беларускі і адвечна горкі,

І родны, як Вілейскія пагоркі,

Дзе вырас ты, каб Беларусь была,

Як сонца ёсць па-над тваёй душою…


А сёння снег, як попел ад святла,

Ляжыць наўкол спакойна прад табою,

Бо што яму, што любіш ты Айчыну

І што яе бяда - твая бяда.

Жыццё людское - вечнасці хвіліна,

Дзе кроў твая жывая - не вада,

Што размывае родныя прасторы

І новых дзён святую чысціню,

Дзе знікне ўсё, як у бязмежным моры,

Але не знікнуць Божаму агню

І Беларусі, да якой мы дойдзем

Няхай хоць і праз цэлае стагоддзе.

Цябе ж вязуць, а сонца ўсё няма,

І быць не можа сонца, бо зіма

І Менск далёка, і далёка Вільня,

І зоркі над дарогаю магільнай,

Нібы вуголле, дзе была турма…

24.10.2007 г.

БАЛАДА МАРЦІНА КУХТЫ (1875-1956)

У Вільню, як у Рым, усе сцяжыны.

І ты прыйшоў сюды не каву піць

І рукі цалаваць старым жанчынам,

Каб потым толькі грошы іх любіць.

І Вільня для цябе, як цэнтр Сусвету,

Дзе кожнаму ў Еўропу ёсць вакно,

Дзе вершы геніяльныя паэты

Ствараюць, нібы ткуць з агню руно,

Якое цэніш ты, як вернасць цэніш,

Бо ты не проста віленскі друкар,

Які прыгожыць словамі паперу,

А вечнасць ёй даеш, здзяйсненне мар

Даеш паэту, што ля сіняй бухты

Напіша з думкамі аб родным краю:

"Я не самотны, я кнігу маю

З друкарні пана Марціна Кухты".

І ты, выходзячы з друкарні ў Вільню,

Глядзіш на зоры, да якіх ляцім.

І спраў хапае для цябе шчэ пільных,

Бо ты прыйшоў у Вільню, як у Рым.

10.03.2015 г.

БАЛАДА ЦЁТКІ (15.07.1876-17.02.1916)

Ратуючы людзей, сябе не ўратавала

Ад тыфусу, нібы ад чорнага агню…

Да хаты сцежкі злая ноч пазамятала,

І небакрай замецены, што нават дню

Ніяк не выкаціць з-за гаю сонца-кола,

Каб растапіць

хоць на паўдня журбу ў людзей,

Што цешацца яшчэ надзеяй кволай,

Што ачуняеш ты і стане жыць святлей

У родным краі, што даўно аб волі марыць

І чуе скрыпкі беларускай вольны спеў,

Дзе свеціцца лучынкай

маладзік з-за хмары

І вецер адзінокі снег страсае з дрэў

Ля хаты, у якой ты сёння паміраеш

І нараджаешся…

Як з кокана матыль ляціць, -

Душой у неба беларускае ўзлятаеш

І крыжам застаешся ў Беларусі жыць…

30.09.2008 г.

БАЛАДА ВАСІЛЯ ЗАХАРКІ (1.04.1877-14.03.1943)

Стварыць дзяржаву і не ў ёй пражыць -

Такі ўжо лёс, і гэты лёс не чорны.

А за вакном у Празе снег імжыць,

І гэты снег - нібыта попел зорны

З нябёс, якія па-над той зямлёй,

Якая засталася ў далячыні,

Але якой павек не стаць чужой,

Бо гэтая зямля тваёй Айчыны,

Што стане белым Храмам для Еўропы,

Як сотня год пакутна праміне

І зарастуць, як трэшчыны ў сцяне,

Чарнюткія крывавыя акопы…

І ты задумна праз вакно глядзіш

На Прагу, дзе мяцеліца шугае.

Гародня, Зэльва, Полацак, Нясвіж

І Беларусь уся, уся святая

Праз снег перад табою праплывае

І не знікае, бо твая яна,

Як плачу беларускага сцяна.

11.09.2008 г.

(Працяг у наступным нумары.)

ЦІ БЫЎ РАСПРАЦОЎШЧЫКАМ СТАТУТА ВКЛ 1529 ГОДА ДВОЙЧЫ ДОКТАР НАВУК ФРАНЦЫСК СКАРЫНА?

Леанід Драздоў

(З серыі "Невядомыя юрысты Беларусі")

На тэрыторыі нашай краіны Першы Літоўскі статут пачаў прымяняцца 29 верасня 1529 года. У гэтым годзе споўнілася 490 гадоў з дня ўвядзення яго ў дзеянне.

Стваральнікі Статута 1529 года

Работа па падрыхтоўцы першага Статута 1529 года вялася на працягу некалькіх гадоў у першай чвэрці XVI стагоддзя. Першы варыянт праекта Статута быў падрыхтаваны ў 1522 годзе, але не быў зацверджаны, праца над ім працягвалася яшчэ на працягу 7 гадоў.

Статут складала камісія пад кіраўніцтвам канцлера ВКЛ Альбрэхта Гаштольда (пасаду канцлера ён заняў ў 1522 годзе). Па-за усялякіх сумневаў, у яго падрыхтоўцы прымалі ўдзел і супрацоўнікі вялікакняскай канцылярыі. Гэта былі іх непасрэдныя службовыя абавязкі. Іншых асоб, якія займаліся падрыхтоўкай Статута, устанавіць з абсалютнай дакладнасцю сёння немагчыма.

У некаторых публікацыях стваральнікам Статута 1529 года называюць віленскага біскупа Яна, пазашлюбнага сына караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога. Таксама сярод распрацоўшчыкаў Статута 1529 года называюць сакратара гэтага біскупа - Францыска Скарыну. Адразу абмовімся, па часе і месцы дзеяння такая здагадка цалкам дапушчальная. Францыск Скарына прыбыў у Вільню з Прагі ў 1521 годзе. Да гэтага часу яму было 52 гады, а біскупу Яну з роду Ягелонаў было прыкладна 22 гады, і ён кіраваў Віленскай епархіяй з 20-гадовага ўзросту. Рымскі папа Леў Х задаволіў гэты капрыз ў дачыненні да сына польскага караля (у той час студэнта Балонскага ўніверсітэта). Пры гэтым усю паўнату духоўнай улады Ян атрымаў толькі праз 7 гадоў, прыняўшы духоўны сан.

Ці быў Францыск Скарына спецыяльна запрошаны біскупам Янам, ці ён пазней звярнуў увагу на інтэлектуала з Полацка з дзвюмя доктарскімі ступенямі - гэта ў дакладнасці таксама не вядома. Дакладна вядома, што Францыск Скарына працаваў у біскупа Яна ў якасці сакратара (гэтыя звесткі пацвярджаюцца дакументамі).

Тым не менш знакаміты гісторык права - прафесар БДУ, доктар юрыдычных навук Язэп Юхо ў свой час выказаў здагадку, што ў падрыхтоўцы Статута 1529 году ўдзельнічаў Францыск Скарына.

На наш погляд, пакуль гэта толькі здагадка, і не больш. Францыск Скарына - першы ў беларускай гісторыі двойчы доктар навук. Знакаміты палачанін меў некалькі навуковых ступеняў: доктар навук вольных (Кракаўскі ўніверсітэт, Польшча) і доктар медыцыны (Падуанскі ўніверсітэт, Італія). На наяўнасць гэтых вучоных ступеняў у Скарыны паказваюць дакументы Падуанскага ўніверсітэта, а таксама каралеўскія, вялікакняскія і епіскапскія граматы. Калі прытрымлівацца версіі Язэпа Юхо, Скарына меў таксама ступень доктара права. Але гэта ніяк не пацвярджаецца дакументальна. Калі б Скарына меў яшчэ і такую навуковую ступень, ён, па-за ўсялякіх сумневаў, не стаў бы яе хаваць і прад'явіў б адпаведныя дакументы ў Падуі.

Пры гэтым таксама нічога не вядома адносна таго, ці вывучаў Скарына правазнаўства і ці заканчваў юрыдычны факультэт якога-небудзь універсітэта. Ставіць знак роўнасці паміж паняццямі "доктар навук вольных" і "доктар права", на наш погляд, не зусім карэктна. Беларускаму паняццю "навукі вольныя" на рускай мове адпавядае паняцце "сем вольных навук" ("семь свободных искусств"). У курс "вольных навук" уваходзілі наступныя прадметы: граматыка, логіка, рыторыка, арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка.

У сярэднявечных універсітэтах "навукі вольныя" складалі першую ступень вышэйшай адукацыі і выкладаліся на ніжэйшым, падрыхтоўчым факультэце - факультэце вольных навук. На гэтым факультэце выкладалі таксама філасофію і некаторыя іншыя навукі. Таму мы робім выснову, што пры ўсёй павазе да асобы Скарыны ўсё ж такі ён не быў правазнаўцам.

Таксама вядома, што ўрад ВКЛ разглядаў пытанне аб друкаванні Статута 1529 года. У прыватнасці, гэтую тэму неаднаразова ўздымалі на соймах (у 1544 годзе ў Берасці, у 1547 і 1551 гадах у Вільні). Аднак ужо ў 1535 годзе Францыск Скарына назаўсёды пакінуў нашу краіну і трывала абгрунтаваўся ў Празе. Яго выдавецкая дзейнасць у Вільні адносіцца да больш ранняга перыяду (1522 - 1525 гады). Такім чынам, Францыск Скарына не быў задзейнічаны на выданні Статута 1529 года і як першадрукар. Нягледзячы на імклівае развіццё кнігадрукавання ў той час, гэты асноўны прававы дакумент ВКЛ у XVI стагоддзі не публікаваўся, а перапісваўся ад рукі.

Тым не менш Язэп Юхо меркаваў, што Францыск Скарына ў дадзеным выпадку выступаў ці мог выступаць як адзін з аўтараў і рэдактараў тэксту Статута. Гэтая выснова грунтуецца на той падставе, што ў адрозненне ад усіх іншых феадальных судзебнікаў эпохі сярэднявечча Першы Літоўскі статут характарызуецца не толькі сваім вялікім аб'ёмам, але і значнай дасканаласцю прававой думкі. Акрамя таго, Язэп Юхо паказвае, што думкі, выказаныя Францыскам Скарынам у прадмовах і каментарах да яго перакладу Бібліі, вельмі падобныя да тых ідэй, якія адлюстраваны ў Статуце 1529 года.

Язэп Юхо таксама падкрэсліваў, што з работ, апублікаваных Францыскам Скарынам, вынікае, што ён добра ведаў мясцовыя звычаі і права, гісторыю рымскага права і права некаторых іншых краін. Супаставіўшы некаторыя нормы Статута 1529 г. з прававымі поглядамі Скарыны, ён зрабіў выснову, што мноства ідэй, выказаных беларускім першадрукаром, былі практычна рэалізаваны ў гэтым Статуце.

Так у прыватнасці, Францыск Скарына лічыў найлепшай формай дзяржаўнага кіравання манархію пры шырокім удзеле народа. Ён пісаў: "права земскае, еже единый каждый народ с своими старейшинами, ухвалили суть водле, яко же ся им налепей видело быти".

Выказаная Францыскам Скарынам думка аб вяршэнстве народа, народным суверэнітэце выразна бачная ў яго словах пра тое, што "справа всякого собрания людского и всякого града, еже верою, соединением ласки и згодою посполитое, доброе помножено бывает". Тым самым, Францыск Скарына сцвярджаў, што толькі дзяржава або горад (места), у якім грамадзяне жывуць у згодзе і клапоцяцца аб агульных інтарэсах будуць квітнець.

Абвяшчаючы новыя ідэі аб заканадаўстве, ён лічыў неабходным, каб новы закон быў "почтивый, справедливый, можный, потребный, пожиточный подле прирождения, подлуг обычаев земли, часу и месту пригожий, явный не имея в собе закрытости, не к пожитку единого человека, но к посполитому доброму написаный".

Настойваючы на прынцыпе карыснасці законаў для насельніцтва і адпаведнасці мясцовых звычаяў, часу і месцу, Скарына адпрэчваў прэтэнзіі духавенства на распаўсюд нормаў рымскага ці візантыйскага права альбо чужых мясцоваму насельніцтву норм права суседніх дзяржаў. Якраз ідэі пра прыярытэт мясцовага права, а таксама аб адзінстве права для ўсіх людзей атрымалі адлюстраванне ў Статуце 1529 года.

Значную цікавасць, на думку Язэпа Юхо, таксама ўяўляюць погляды Скарыны на класіфікацыю права. Скарына лічыў, што права варта падзяляць на натуральнае і пісанае.

Згодна са Скарынам, натуральнае права ўласціва кожнаму чалавеку ў роўнай ступені, і кожны ім надзелены па-за залежнасцю ад класавай ці саслоўнай прыналежнасці. "Закон прироженый в том наиболее соблюдаем бываеть: то чинити иным всем, что самому любо ест от иных всех, и того не чинити иным, чего сам не хощеши от иных имети… сей закон прироженый написан ест в серци одиного кажного человека… А тако прежде всех законов и прав писаных закон прироженый всем людям от господа бога дан ест". У цытаце, выдзеленай тлустым курсівам, лёгка адгадваецца адна з біблейскіх запаведзяў "як хочаце, каб рабілі вам людзі, тое самае рабіце і вы ў дачыненні да іх".

Пісанае права Скарына падпадзяляў на божае, царкоўнае і земскае. Божае і царкоўнае права ён ставіў на другое месца пасля прыроджанага (натуральнага). "Закон же написанный или от бога ест данный, яко суть книги Моисеевы и светое евангелие, или от людей установленный, яко суть правила светых отец, на сборах прописаные".

У сваю чаргу земскае права ён падпадзяляў у залежнасці ад грамадскіх адносін на:

паспалітае, якое ўключае ў сябе нормы грамадзянскага і сямейнага права "яко мужа и жены почтивое случение, детей пильное выхование, близко живущих схождение, речи позыченое навращение, насилию силою отопрение, ровная свобода всем, общее мнение всех";

міжнароднае, якое Скарына называў "языческое, от многих убо языков ухвалено ест";

дзяржаўнае і крымінальнае ён называў "царскае";

" Рицерское або ваеннае, еже на вайне соблюдаемо бываеть";

местьское (гарадское);

марское і купецкае (гандлёвае) права.

(Заканчэнне ў наст. нумары.)

Сустрэча праз пятнаццаць гадоў

27 лістапада пасля ўрокаў у актавай зале СШ № 3 г. Дзятлава сабралася больш за сотню вучняў старэйшых класаў на запланаванае супрацоўнікамі школьнай бібліятэкі сумесна з настаўнікамі беларускай мовы мерапрыемства, прысвечанае 80-годдзю ўтварэння Дзятлаўскага раёна і Году малой радзімы.

Пачалі яго вядоўцы Іван Губко і Дар'я Абражэй. Затым пасля песні "Зямля мая", спетай Алісай Харэвіч, вучні па-майстэрску, нібы на конкурсе, дэкламавалі вершы беларускіх класікаў.

Хутка Людміла Казіміраўна Грынчук прадставіла прысутным спецыяльна запрошаных на гэта мерапрыемства гасцей: галоўнага рэдактара літаратурна-мастацкага часопіса "Верасень", паэта і барда Эдуарда Акуліна і знакамітага пісьменніка, паэта, аўтара тэкстаў многіх папулярных песень Леаніда Дранько-Майсюка.

Ён і пачаў сваё дваццаціхвіліннае выступленне-дыялог. З першых слоў зачараваў школьнікаў дасканалай, мілагучнай беларускай мовай. Дзяўчынак называў прыгажунямі, а да юнакоў звяртаўся не інакш, як рыцары ці разумнікі, настаўляючы паводзіць сябе ў паўсядзённым жыцці адпаведна. Даступна і цікава распавёў пра шлях у паэзію, успомніў і прачытаў свой першы кароценькі верш, які яшчэ вучнем 4 класа прысвяціў сваёй аднакласніцы Ларысе.

Нагадаў пра супрацоўніцтва з народным артыстам Беларусі спеваком Анатолем Ярмоленкам, у рэпертуары якога шмат песень на словы выступоўцы. Па просьбе кагосьці з вучняў атрыстычна прадэкламаваў словы "Полькі беларускай", што стала адной з любімых песень Ярмоленкі.

Вучні слухалі б і слухалі яшчэ, бо пявучая родная мова з вуснаў сапраўднага класіка зацікавіла, заваражыла слухачоў, але сваёй чаргі чакаў Э. Акулін.

Ён з настальгіяй успомніў свой першы прыезд у Дзятлава ў гэтую школу 15 гадоў таму назад. Адзначыў, што наш горад за гэты час стаў больш прывабным і прыгажэйшым, а вось аўдыторыя быццам бы і не змянілася. Тыя ж жыццярадасныя юныя хлопцы і дзяўчаты (твар у школы малады заўсёды).

Распавядаючы пра часопіс "Верасень", засяродзіў увагу на тым, што першыя чатыры літары ў яго назве ўтвараюць слова "вера", што выданне было заснавана Таварыствам беларускай мовы (ТБМ) у 2009 годзе і сёлета ў часопіса дзесяцігадовы юбілей, але галоўны радактар верыць, што будуць і больш значныя юбілеі.

На старонках "Верасня" друкуюцца творы як сталых майстроў слова, так і тых, хто робіць першыя крокі ў паэзіі ці прозе. На ўсю старонку змяшчаюцца фотаздымкі аўтараў і кароткая аўтабіяграфічная інфармацыя. Далей Эдуард Акулін паказаў некалькі нумароў гэтага выдання, дэманструючы фотаздымкі аўтараў і выказаў спадзяванне, што ў чарговых нумарах будуць надрукаваны і творы вучняў СШ № 3 г. Дзятлава.

Пасля гэтага, узяўшы ў рукі гітару, Акулін заваражыў прысутных сваім мяккім лірычным голасам. Вучні слухалі з зачараваннем, пляскалі ў далоні, а прыпеў песні "Дзяўчына ў белым паліто" гучна падпявала ўся зала.

Напрыканцы гасцям уручылі сувеніры, выказалі словы падзякі і прасілі прыязджаць часцей. Літаратары падарылі для школьнай бібліятэкі некалькі нумароў "Верасня" ды прыспешылі ў раённую бібліятэку.

Здавён паэты знаходзяцца ў атмасферы таямнічасці, бо яны ўмеюць прымусіць словы скласціся ў сугучныя выразы, умеюць прыгожа выказваць запаветныя жаданні, лічацца чарадзеямі ці нават прарокамі. І хоць сёння тэлевізар, мабільнік, інтэрнэт перавярнулі свет, прафесія паэта, асабліва таленавітага, і надалей захоўвае арэол загадкавасці. На гэта ёсць прычыны, адна з іх найважнейшая: занятку гэтаму нельга навучыць нават таго, хто вельмі моцна хоча гэтага. Трэба мець талент.

Магчыма, таму ў раённай бібліятэцы гасцей з Менска чакалі з нецярпеннем людзі старэйшага, паважанага ўзросту, сябры паэтычнай суполкі "Пралескі", аматары паэзіі і дзесяцікласнікі гарадской гімназіі. Усяго сабралася звыш 40 чалавек.

Пасля прадстаўлення гасцей слова атрымаў Леанід Дранько-Майсюк, цікавы аповед якога пра шлях у паэзію з адступленнямі пра незабыўныя жыццёвыя сітуацыі, часам анекдатычныя, адразу ж захапіў увагу аўдыторыі.

Паўгадзінная прамова падмацоўвалася аўтарскімі вершамі і, здаецца, магла б доўжыцца не адну гадзіну, але, як і на папярэдняй сустрэчы, трэба было даць магчымасць паспяваць і нешта сказаць другому госцю.

Эдуард Акулін спачатку, канешне ж, як галоўны рэдактар, прарэкламаваў "Верасень", а затым, адчуваючы, чаго прагне аўдыторыя, гледзячы на гітару, узяў яе і стаў радаваць прысутных аўтарскімі песнямі. Закончыў свой міні-канцэрт, як і ў СШ № 3, сваёй любімай - "Дзяўчына ў белым паліто".

Людзі з вялікім жыццёвым вопытам нібы на міг вярнуліся ў сваю маладосць, ахвотна ўсе разам спявалі прыпеў. Па настроі прысутных адчувалася, што яны гатовы быць тут яшчэ з гадзіну, але гасцям трэба было вяртацца ў сталіцу. Было зададзена некалькі пытанняў, а пасля адказу на іх літаратары атрымалі невялікія сувеніры, папоўнілі раённую бібліятэку двума нумарамі "Верасня" і пачалі рыхтавацца да ад'езду.

Людзі разыходзіліся па хатах задаволеныя. Некаторыя дзякавалі гасцям і арганізатарам асабіста ды прасілі не забываць іх, запрашаць на такія сустрэчы ў наступны раз.

У адной дзятлаўчанкі ўнукі жывуць і вучацца ў Менску. Беларускую мову ў іх выкладае сын Леаніда Дранько-Майсюка Васіль. Праз бацьку перадала яму вялікую падзяку і сувенір, бо яе ўнукі вельмі любяць родную мову і свайго настаўніка.

Валерый Петрыкевіч, старшыня Дзятлаўскай раённай філіі ТБМ. Фота Радыё Рацыя.

Не ад Эзопа, а ад Язэпа

ВЫКАЗВАННІ

Нашыя жанчыны не заўжды знаходзяць нас.

Менш сплануеш, больш выканаеш.

Усё у мяне сур'ёзна, толькі ўсе кажуць, што несур'ёзная я.

Дзеці кветкі жыцця. Узышлі. Аддай расаду бабулі.

Жыццё і каханне розныя рэчы. Шчаслівыя тыя, хто кахае па жыцці.

У кожнага нешта ёсць: у каго каханне, у каго грошы, а ў іншых надзея на тое і другое.

Сапраўдны мужчына з бярвенняў робіць дамы, а не Бураціна.

Выпадковае каханне, што марская хваля паўднёвага мора, апякла гарачым, і як халодная паўночная адкацілася назад.

Усе жанчыны хварэюць на грошы, але тая хвароба ў іх невылечная.

Усе мужчыны лічаць жанчын дурніцамі. Жанчыны наадварот. Але ёсць адна акалічнасць. Калі сустракаюцца сяброўкі, то адна з іх заўжды кажа: "Ой, якая я дурная!"

Кахаць - пакуты, блізкасць мець - задавальненне. Дык што лепш?

Дзіўныя гэтыя істоты мужчына і жанчына. Мужчыны пра ўсіх жынчын кажуць абразліва, а адной нясуць кветкі. Жанчыны не менш таго кажуць пра мужчын, але некаму прызначаюць нават патаемнае спатканне.

Жаночы мардабой - прызнанне ў каханні ці недастатковасці яго з боку мужчыны.

Каханне ніколі не прадаецца і не купляецца, але патрабуе выдаткаў.

Як-небудзь да смерці дажывём.

Схуднеў ад дурнога кахання да непазнання судмедэкспертам.

У жанчыны спажывецкія адносіны да мужчыны ва ўсім.

Язэп ПАЛУБЯТКА.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX