Вярнуцца: 2020

№ 05 (1468)


Дадана: 02-02-2020,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 5 (1468), 29 студзеня 2020 г.

26 студзеня 1990 года ў Беларусі быў адноўлены статус беларускай мовы, як дзяржаўнай

Беларуская мова - гарант нашай незалежнасці

26 студзеня 1990 г. ВС БССР 11 склікання апошнім у СССР прыняў Закон "Аб мовах у БССР" у адпаведнасці з якім пасля доўгага перапынку ад 1927 г. беларуская мова зноў стала дзяржаўнай.

Сітуацыя ў краіне на той час была вельмі складанай. Усе ВНУ рэспублікі яшчэ ў 30-х гадах ХХ ст. гвалтоўна зрабілі рускамоўнымі, пры гэтым рэпрэсавалі беларускамоўных выкладчыкаў і студэнтаў.

У 1959 г. закрылі ўсе беларускія школы ў гарадах, пакінуўшы родную мову толькі ў вясковых школах. Некаторым катэгорыям жыхароў Беларусі дазвалялі вызваляць сваіх дзяцей ад вывучэння беларускай мовы і літаратуры ў рускамоўных школах.

Асабліва пацярпелі маладыя беларускія хлопцы, з якіх літаральна выбівалі беларускую мову ў савецкім войску і міліцыі.

Тым не менш народ не хацеў паміраць і канчаткова русіфікавацца. Закон "Аб мовах" планаваў вярнуць родную мову ў штодзённы ўжытак на працягу 10 гадоў. І справа пайшла, асабліва калі Беларусь стала незалежнай краінай. У 1994-95 гг. больш за палову вучняў у першых класах вучылася па-беларуску. Беларуская мова паступова вярталася ў ВНУ, справаводства, на радыё і БТ.

Аднак майскі рэферэндум 1995 г., які праводзіўся са шматлікімі парушэннямі, спыніў гэты працэс, і абвешчанае ім двухмоўе за пару гадоў ліквідавала ўсе дасягненні, зробленыя ў моўнай сферы, а ў 1998 г. унеслі такія змены ў Закон "Аб мовах", што ён практычна перастаў дзейнічаць.

Адначасова з гэтым на палітычную сцэну выйшла дамова аб стварэнні так званай "саюзнай дзяржавы", якая прадугледжвала паступовую анексію Беларусі і ператварэнне яе ў "Северо-Западный край", дзе нічога беларускага ўжо не будзе.

Дзякуючы шматтысячным дэманстрацыям і мітынгам беларускіх патрыётаў асноўныя палажэнні, запісаныя ў "саюзнай дамове", беларуская ўлада паклала пад сукно, мяняючы пры гэтым беларускую мову і культуру на танную нафту і газ. Захаванне беларускай мовы легла на плечы грамадскасці, і яна зрабіла немагчымае, ператварыла імідж беларускай мовы з сялянскай, адсталай і калгаснай у мову гарадской эліты, інтэрнэта, камп'ютараў, Вікіпедыі, Касцёла і Уніяцкай царквы. Гэтая з'ява ў апошнія гады атрымала назву "мяккая беларусізацыя" і вельмі занепакоіла маскоўскіх імперыялістаў. Таму яны выцягнулі з пыльнай тэчкі старую "саюзную дамову" і год таму прад'явілі нам ультыматум, каб мы пагадзіліся дабраахвотна, "шасцю губернямі" стаць чарговай ахвярай "русского мира".

Лепшыя прадстаўнікі нашага народа адказалі на гэта масавымі дэманстрацыямі і мітынгамі падчас святкавання сотай і стопершай гадавіны БНР, удзелам у перапахаванні ў лістападзе мінулага года ў Вільні Кастуся Каліноўскага і пратэстамі ў Менску і іншых гарадах супраць т.зв. інтэграцыі ў снежні 2019 г.

Аднак усходняя пагроза нікуды не дзелася і "дамоклаў меч" "русского мира" як і раней вісіць над нашымі галовамі.

Суайчыннікі! Нашыя грамадзяне розных палітычных поглядаў і веравызнанняў! Калі Вы хочаце і далей жыць у незалежнай краіне і карыстацца ўсімі яе перавагамі - ужывайце беларускую мову ў сваім жыцці і зрабіце ўсё неабходнае, каб яе захаваць для нашчадкаў.

За апошнія 50 гадоў наша краіна з сялянскай дзяржавы, дзе беларусы пераважна жылі ў вёсках і менавіта там захавалі родную мову, ператварыліся ў трэцюю краіну Еўропы пасля Вялікабрытаніі і Бельгіі, дзе пераважае гарадское насельніцтва.

Упершыню за апошнія 200 год наш горад, які не гаварыў па-беларуску, бо беларусаў там было менш за палову, стаў беларускім. Асабліва гэта датычыцца нашай сталіцы, дзе ў 2-х мільёнах насельніцтва беларусы складаюць значную большасць.

Вясковае насельніцтва вельмі хутка знікае, і разам з ім знікаюць шматлікія беларускія дыялекты і носьбіты нашай мовы. Таму малыя дзеці нашах гараджанаў ужо не маюць беларускамоўных дзядуль і бабуль, не чуюць беларускіх казак, песень і калыханак.

Таму менавіта мы, асабліва жыхары Менска і вялікіх гарадоў павінны захаваць сваю мову, навучыць гаварыць на ёй нашых дзяцей і ўнукаў, бо рускамоўная школа гэтага зрабіць не ў стане.

Таму я заклікаю Вас вярнуцца да родных беларускіх каранёў і не саромецца карыстацца беларускай мовай перш-на-перш дома, а таксама ў стасунках з уладамі ўсіх узроўняў, каб яны не забываліся, у якой краіне жывуць.

Будзе паўсюль гучаць беларуская мова, і аматары аншлюсу адмовяцца ад сваіх планаў і імперскіх амбіцый.

Ганаровы старшыня ТБМ, кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў.

Рэспубліканская Рада ТБМ

26 студзеня, акурат у дзень 30-годдзя прыняцця закона "Аб мовах у БССР" 1990 года, у Менску прайшло планавае паседжанне Рады ТБМ. На Раду былі вынесены наступныя пытанні:

1. Справаздача старшыні ТБМ аб дзейнасці арганізацыі ў 2019 г.

2. Справаздачы намеснікаў старшыні ТБМ - У. Коласа, С. Судніка, А. Давідовіча, Д. Тушынскага.

3. Прыняцце плана дзейнасці ТБМ на 2020 год.

4. Аб правядзенні чарговага з'езда ТБМ.

5. Прыняццё Зварота "Беларуская мова - галоўны чыннік абароны незалежнасці краіны".

6. Аб складзе сакратарыята.

7. Рознае.

Былі заслуханы даклады старшыні ТБМ (публікуецца на ст. 2) і намеснікаў, у якіх былі прадстаўлены самыя розныя бакі дзейнасці ТБМ у 2019 годзе, а гэта і ўніверсітэт, і 30-годдзе ТБМ, і ўдзел у выбарах, і Агульнанацыянальныя дыктоўкі, і ўдзел у перапахаванні паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, і шмат чаго іншага.

Станіслаў Суднік прадставіў Радзе "Летапіс ТБМ. 2014 - 2019". У кнізе 156 старонак, на якіх у сціслай форме пададзена дзейнасць Таварыства за пяць гадоў. І ў першую чаргу ў "Летапісе" паказаны падзеі, што на працягу пяцігодкі знайшлі адлюстраванне на старонках газеты "Наша слова", якому, дарэчы, 17 скавіка гэтага года таксама спаўняецца 30 гадоў.

Быў прыняты план дзейнасці на 2020 года. Прынялі пастанову і вызначылі дату чарговага XIV з'езда ТБМ - 18 кастрычніка 2020 года.

Рада прыняла зварот "Беларуская мова - галоўны чыннік абароны незалежнасці краіны" і абмеркавала ўдзел ТБМ у Кангрэсе за незалежнасць. Рада пацвердзіла права ТБМ скарыстаць сваю квоту ў 40 чалавек, калі падрыхтоўка кангрэса будзе ісці ў нацыянальным рэчышчы і пытанні мовы будуць годна і шырока паднятыя.

Рада ТБМ разгледзела варыянты тэкстаў, якія могуць быць рэкамендаваны ТБМ для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Будуць прапанаваны тэксты, звязаныя з 75-годдзем Перамогі, са 100-годдзем Слуцкага збройнага чыну і з юбілеем У. Караткевіча. Зрэшты, кожная арганізацыя вольная зрабіць свой уласны выбар тэкста для дыктоўкі.

У чарговы раз была паднята тэма фестывалю беларускай мовы.

У сувязі з правядзенне Кангрэса за незалежнасць 15 сакавіка ў Менску, шырокага святкавання 30-годдзя (17 сакавіка) "Нашага слова" ў Менску пакуль не плануецца. Юбілей газеты ТБМ хутчэй за ўсё будзе адзначаны ў Лідзе, хаця ёсць яшчэ час, каб падумаць.

ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" ў 2020 годзе зноў чакае велізарны аб'ём працы па адстойванні асноўнага чынніка нашай незалежнасці - беларускай мовы.

Яраслаў Грынкевіч.

Справаздача старшыні ТБМ Алены Анісім на паседжанні Рады ТБМ 26 студзеня 2020 г.

У 2019 г. наша арганізацыя як і раней працавала па ўзгодненым плане.

У пачатку 2019 г. Асамблея НДА ўзнагародзіла нашу арганізацыю за распачатую ініцыятыву - заснаванне Універсітэта імя Ніла Гілевіча. Узнагароду прыняў ганаровы старшыня ТБМ, в.а. рэктара Алег Трусаў. Мерапрыемства прайшло ў студзені 2019 г.

Традыцыйныя Агульнанацыянальныя дыктоўкі, якія адбываюцца пад эгідай Міжнароднага дня роднай мовы, пашыраюць месцы свайго правядзення і прыцягваюць усё большую колькасць удзельнікаў. У сувязі з гэтым трэба адзначыць найперш нашы арганізацыі ў Лідзе, Магілёве, дзе мерапрыемствы праводзяцца пад патранатам і пры непасрэдным удзеле дзяржаўных органаў улады.

Адной з важных падзей стаў удзел старшыні ТБМ Алены Анісім і ганаровага старшыні Алега Трусава ў Вялікай размове 1 сакавіка 2019 г. Падчас гэтага мерапрыемства, калі з'явілася магчымасць звярнуцца да кіраўніка краіны, Алег Трусаў падняў пытанне пра адсутнасць беларускай мовы ў судах. На практыцы гэта прыводзіць да таго, што ўзнікае дадатковая неабходнасць для суддзяў за дзяржаўныя грошы наймаць перакладчыкаў з рускай мовы. Выказванне мела далейшыя наступствы: Алегу Трусаву прапанавалі прывесці канкрэтныя прыклады такіх сітуацый і назваць прозвішчы суддзяў. Да гэтай справы падключыліся розныя людзі, найперш нашы актывісты, такія як Генік Лойка, Валянцін Стэфановіч і інш. У выніку некалькіх сустрэч на самым высокім дзяржаўным узроўні пры Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі быў створаны экспертны савет. Кампетэнцыяй гэтага органа з'яўляецца арганізацыя і зацвярджэнне перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову. Так, з ліпеня па снежань ужо перакладзены Кодэкс аб шлюбе і сям'і, некалькі частак Грамадзянскага кодэкса, а таксама Выбарчы кодэкс. У 2020 г. гэта справа будзе працягвацца, план быў прыняты напрыканцы 2019 г.

Важным мерапрыемствам 2019 г. стала таксама святкаванне 101-й гадавіны БНР, у якім бралі ўдзел акрамя іншых нашых сяброў Алена Анісім і Алег Трусаў. У сувязі з гэтым, хочам прыгадаць, што шэраг нашых сяброў быў узнагароджаны медалём "100 год БНР" менавіта ў 2019 г.

Як вы ўсе ведаеце, у 2019 г. ТБМ сустрэла свой 30-гадовы юбілей. Многія нашы арганізацыі годна адзначылі (а некаторыя працягваюць адзначаць) гэтую дату. Так, у Менску ў чэрвені, у дзень, калі адбыўся Устаноўчы сход, мы правялі прэс-канферэнцыю. У верасні, калі наша арганізацыя была афіцыйна зарэгістравана ў сталіцы ў гатэлі "Манастырскі" прайшла вельмі грунтоўная канферэнцыя, а таксама ўрачысты прыём з нагоды юбілею. Асноўная заслуга ў правядзенні канферэнцыі належыць, безумоўна, намесніку старшыні ТБМ Дзянісу Тушынскаму, а таксама сябрам сакратарыята.

У мінулым годзе былі праведзены па паскоранай праграме выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Згодна з нашым агульным рашэннем сябры ТБМ бралі ўдзел у гэтай палітычнай кампаніі. Аднак ніводнага прадстаўніка дэмакратычнай грамадскасці на гэты раз у Палату прадстаўнікоў не прапусцілі. Так, добрасумленна сабраныя подпісы за вылучэнне старшыні ТБМ Алены Анісім былі скасаваныя, абскарджанне плёну не дало. Намеснік старшыні ТБМ Дзяніс Тушынскі, які вылучаўся ад партыі зялёных, быў зарэгістраваны і правёў сваю кампанію вельмі актыўна. Тым не менш, дэпутатам па яго акрузе стаў не народны абраннік, а чалавек ад улады.

Згадваючы пра 2019 г., варта ўспомніць пра свята беларускага пісьменства, якое адбывалася ў верасні ў Слоніме. Знакавай падзеяй на гэтым свяце стала адкрыццё помніка Льву Сапегу. Сцяг ТБМ таксама лунаў у гэты дзень у Слоніме, дзякуючы таму, што яго дэманстравалі гарадзенцы, былі таксама і нашы магілёўскія сябры.

Напрыканцы года 22 лістапада ў Вільні адбылася гістарычная падзея - перазахаванне парэшткаў удзельнікаў паўстання 1863 г. на чале з нашым нацыянальным героем Кастусём Каліноўскім. Сябра нашага сакратарыяту Алесь Лагвінец прыклаў шмат намаганняў і не толькі дапамог многім зрабіць візы ў кароткі час, але і арганізаваў транспарт, парупіўся пра начлег і забяспечыў візуальныя рэчы - сцягі і інш. Безумоўна, ён заслугоўвае вялікай падзякі і пашаны.

Па ініцыятыве Віталя Станішэўскага разам з намеснікам старшыні Дзянісам Тушынскім мы правялі маніторынг наяўнасці беларускамоўных школ і класаў, груп у садках па ўсёй Беларусі. Вынікі яшчэ чакаюць сваёй апрацоўкі. Спадзяюся, што разам з журналістамі мы падрыхтуем інфаграфіку па гэтай тэме.

Займаліся мы ў мінулым годзе і арганізацыйна-бюракратычнымі справамі. Так, мы падпісалі чарговую дамову на працяг арэнды нашага офіса па вул. Румянцава, 13. Калі ўсё будзе добра, то мы маем час да 2023 г. Галоўнае, своечасова знаходзіць грошы і аплачваць камунальныя паслугі і арэнду.

Як і раней, у нас дзейнічаюць курсы польскай, украінскай мовы. Штосераду ў нас адбываюцца паседжанні клуба Прамова. Суботу і нядзелю працуюць курсы пры Універсітэце імя Ніла Гілевіча.

Гэта толькі кароткі пералік тых мерапрыемстваў, што прайшлі ў мінулым годзе. Спадзяюся, што мяне дапоўняць сябры Рады, бо немагчыма ў адным дакладзе назваць усё, што рабілі нашы сябры па ўсіх раёнах Беларусі. Тым не менш, хацела б адзначыць актыўную дзейнасць Лідскай, Магілёўскай, Баранавіцкай, Аршанскай, Віцебскай, Менскай арганізацый. Пакуль яшчэ маем пытанні з дзейнасцю нашай арганізацыі Менскай абласной, дзе праяўляюць актыўнасць Нясвіжская і Гарадзейская арганізацыі, Слуцкая, але не відаць дзеянняў на абласным узроўні. Нас непакоіць таксама сітуацыя ў Гомельскай вобласці. Кіраўнікі арганізацыі і гарадской, і абласной мала выходзяць на сувязь. Фактычна ігнаруюць правядзенне Радаў. У сувязі з правядзеннем у 2020 г. чарговага з'езда ТБМ мы павінны будзем канкрэтна рэагаваць на гэтыя факты.

Шаноўныя сябры! Нягледзячы на ўсю складанасць, а часам і недарэчнасць сітуацыі ў нашай краіне з дзяржаўнай беларускай мовай, мы не можам упадаць у адчай. Сёння з'яўляюцца дадатковыя магчымасці для пашырэння ўжывання беларускай мовы праз новыя ІТ-тэхналогіі. Так, ёсць асобныя энтузіясты, якія гатовы часам зусім бясплатна перакладаць розныя камп'ютарныя праграмы і платформы на беларускую мову. Гэта ў сваю чаргу дасць магчымасць пашырыць беларускую мову для навучання і ў нашай краіне, і для замежнікаў. Пытанне за тым, каб пры ТБМ фармаваць каманду аднадумцаў, якія будуць працаваць у гэтай сферы.

Нас чакае як заўсёды няпросты год. Шматлікія інтэгратары з усходняга боку зусім не хаваюць сваіх намераў паглынуць Беларусь. Зразумела, што пры такім развіцці падзей нічога добрага не чакае ні беларускую мову, ні сапраўдных патрыётаў. Наша ж улада працуе зусім не на свой народ. Але мы не маем права здавацца. Нашу працу ніхто за нас не зробіць. Таму будзем гуртаваць сваіх паплечнікаў, прасоўваць свае ідэі. І на сваім чарговым з'ездзе падвядзём вынікі сваёй няспыннай мэтаскіраванай працы.

Рэспубліканская Рада ТБМ

Пастанова Рады ТБМ аб правядзенні XIV з'езда ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"

1. Чарговы з'езд ТБМ правесці 18 кастрычніка 2020 г.

2. Вылучыць рэгіянальным арганізацыям на З'езд дэлегатаў, якія стаяць на ўліку ў мясцовых органах улады па наступных квотах:

Мінская гарадская арганізацыя - 30 чалавек.

Абласныя арганізацыі - па 5 чалавек;

ад кожнай гарадской і раённай арганізацыі:

- да 50 чалавек - 1 дэлегат;

- ад 51 да 100 чалавек - 2 дэлегаты;

- ад 101 чалавека і болей - 3 дэлегаты.

3. Суполкі і арганізацыі, якія не стаяць на ўліку ў мясцовых органах улады, могуць вылучаць па адным паўнамоцным прадстаўніку з правам дарадчага голасу.

4. Сябры Рады ТБМ і рэвізійная камісія прысутнічаюць на з'ездзе ў якасці дэлегатаў аўтаматычна.

5. Пратаколы даслаць да 15 верасня.

26 студзеня 2020 г.

Зварот Рады ТБМ да грамадзян Беларусі

Беларуская мова - галоўны чыннік абароны незалежнасці краіны

Паважаныя сябры!

26 студзеня 1990 г. у Беларусі адбылася гістарычная падзея - была адноўлена дзяржаўнасць беларускай мовы. Наша мова была абвешчаная адзінай дзяржаўнай мовай і паступова пачала пашырацца ва ўсіх сферах грамадскага і палітычнага жыцця.

Мы атрымалі выдатную магчымасць не толькі захаваць сваю мову для нашчадкаў, але і зрабіць яе адной з паўнапраўных моў аб'яднанай Еўропы. На жаль, за апошнія два дзесяцігоддзі ўлада зрабіла ўсё, каб прыбраць родную мову беларусаў з экранаў тэлебачання, з заканадаўчай сферы і самае страшнае - яна выгнала мову тытульнай нацыі з садкоў і школ, не дала ёй запанаваць у вышэйшай адукацыі. Набіраюць сілу галасы розных "інтэгратараў", якім карціць пазбавіць нас незалежнасці і зноў загнаць нас у імперыю.Усё больш трывожна гучыць засцярога Францішка Багушэвіча: "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!"

Шаноўныя беларусы! Беларуская мова ёсць і будзе заўсёды дзяржаўнай. Не цурайцеся карыстацца ёю ў штодзённым жыцці. Запаўняйце на ёй афіцыйныя паперы, анкеты, іншыя дакументы. Звяртайцеся па-беларуску да дзяржаўных асобаў, ва ўстановы. Паўсюль размаўляйце па-беларуску: годна, упэўнена, ветліва. Пачувайцеся гаспадарамі на сваёй зямлі, думайце і разважайце па-гаспадарску. І нікому не давайце ўсумніцца ў тым, што на Беларусі гучала, гучыць, і будзе гучаць наша спрадвечная беларуская мова.

26 студзеня 2020 г.

Склад сакратарыята ТБМ

1. А. Анісім

2. А. Трусаў

3. С. Кручкоў

4. Э. Акулін

5. А. Давідовіч

6. Д. Тушынскі

7. Л. Мухіна

8. У. Азёма

9. У. Колас

10. А. Чэчат

ПЕРШАЯ ЛАСТАЎКА ЁСЦЬ, БУДУЦЬ І НАСТУПНЫЯ

Рэцэнзія на кнігу "Уводзіны ў філасофію. Нарысы. Тэксты"

Мінск. Выдавец Зміцер Колас, 2019 г.

Пад агульнай рэдакцыяй

Паўла Баркоўскага, дацэнта, кандыдата філасофскіх навук.

Укладанне Паўла Баркоўскага, Лявона Баршчэўскага, Анатоля Сідарэвіча.

Рэцэнзенты:

Уладзімір Конан, доктар філасофскіх навук,

Ядвіга Яскевіч, доктар філасофскіх навук,

Ігар Бабкоў, кандыдат філасофскіх навук.

Аўтары ўступных артыкулаў:

дацэнты, кандыдаты філасофскіх навук Рыгор Грудніцкі, Павел Баркоўскі.

Сучасны навукова - тэхнічны прагрэс усім сваім існаваннем не ў стане адмовіць традыцыйныя і адначасова новыя пытанні аб сутнасці быцця, у тым ліку чалавечага жыцця, аб пошуках ісціны, аб магчымасцях чалавечага пазнання. У рэчышчы філасофіі на гэтыя, ды ім падобныя пытанні, і на сённяшні дзень існуе вялікая колькасць адказаў, ці вялікая колькасць філасофій. Паводле савецкага і расійскага філосафа Тэадора Айзермана, "існаванне мноства несумяшчальных адна з другой філасофій вельмі ўскладняе адказ на пытанне "што такое філасофія? Але гэтыя абставіны сведчаць аб тым, што цяжкасцей адказу на такое пытанне тым больш, чым больш фактычных дадзеных для яго развязвання" (Ойзерман, Т.И. Метафилософия. Теория историко - философского процесса. М.: КАНОН, 2009. С. 61.)

I. Філасофія: яе сэнс, прызначэне. Пра катэгорыі філасофіі

У першым раздзеле (стар. 5 - 54) змешчаны тэксты, якія павінны дапамагчы студэнту ў раскрыцці пытання "што такое філасофія". Ва ўступе аўтары - складальнікі робяць тлумачэнні, што адказ на пытанне, што такое філасофія, палягае ў рэчышчы разумення светапогляду, які праяўляецца гістарычна і які "абумоўлены мэтамі эпохі, яе каштоўнасцямі, уласцівым ёй тыпам культуры". Азначэнне філасофіі дасягаецца праз аналіз суадносін філасофіі і міфалогіі; філасофіі і рэлігіі. Робіцца выснова: філасофія "ўзнікае як спосаб рацыянальна - крытычнага пераадолення міфа, як тэарэтычны спосаб асэнсавання свету і чалавека, незалежны ад рэлігійна - міфалагічнай фантазіі" (с. 9).

Хрэстаматыйныя тэксты першага раздзела стартуюць са спадчыны Платона (ва ўступным слове тлумачыцца прычына такога падыходу, с. 5), хоць пачынальнікам філасофіі ў еўрапейскай традыцыі лічыцца Піфагор з ягонай містыфікацыяй лікаў, якому і прыпісваецца аўтарства слова "філасофія". Затым наступае перыяд натурфіласофіі: мілецкай (іянійскай), элейскай, філасофіі атамістыкі, што і складае неразрыўны ланцуг антычнай філасофіі. У V ст. да н. э. складваецца школа сафістаў, якія ў адрозненні ад натурфілосафаў ужо мелі справу не з прыроднымі прадметамі, а толькі з чалавечымі абстракцыямі. Сафісты былі першымі платнымі настаўнікамі мудрасці, якія ўзмацнілі спеклятыўнасць (абстрактнасць) філасофіі. Пад мудрасцю сафісты разумелі не пошукі ісціны, а толькі ўменне любымі прыёмамі даказваць ці абвяргаць ісцінасць ці ілжывасць чалавечых думак. Менавіта з крытычнасці гэтых сафістычных практыкаванняў прайшоўшы праз спадчыну Сакрата / Платона, закладваліся асновы фармальнай логікі, якая строга і завершана паўстала ў філасофіі вялікага стагірыта - Арыстоцеля.

Платон / Сакрат - вяршыня у равіцці антычнай філасофіі (складальнікі і пачынаюць сваю хрэстаматыю менавіта з яго). Для таго, каб зразумець філасофію Платона неабходна спачатку ўведаць спадчыну Сакрата як ягонага настаўніка ад якога не засталося ніякай пісьмовай памяці.Сакрат узгадваецца толькі ў філасофскіх трактатах ягонага вучня - Платона, у якіх ён выступае галоўным персанажам. Сакрат прынцыпова не прызнаваў пісьма як такога: для яго слова напісанае - гэта слова мёртвае, а ісціну можна адшукваць толькі праз слова жывое, слова агучанае.

Аўтарам удалося дбайна і сцісла пераказаць дыялагічнасць філасофіі Платона/Сакрата, выкарыстоўваючы для гэтага, у прыватнасці, выбраныя дыялогі Платона ў беларускіх перакладах Яна Пятроўскага (1905 г., Слуцк - 2002 г., Гэйсэнвіль, ЗША). Ян Пятроўскі папулярызатар філасофскай спадчыны Платона і перакладчык яе са старажытнагрэцкай мовы на беларускую. Паводле Я. Пятроўскага, "пераклады, для прыкладу, дыялёгаў Плятона, нясуць з сабою слоўнік новых філязафічных тэрмінаў, выражэньняў, стылю і канцэпцыяў дагэтуль нячуваных у нас, новыя дэфініцыі. Бо і ў грунце рэчы, бяз гэтых канцэпцыяў, бяз гэтых паняцьцяў і дэфініцыяў, бяз разумных нормаў і прынцыпаў, гэтак старажытны свет, як і сучасны, не могуць абыйсьціся на шляху людзскасьці да новых гарызонтаў". Пятроўскі, Ян. Старажытная грэцкая клясыка (у межах нашае супольнасьці). Gainesville, Florida USA. 1979. с. 9.

Пераклаўшы тэкст дыялёгу "Крытон", Я. Пятроўскі адзначаў, што "ён выдаўся мне вельмі беларускім. У ім закраналіся ўсе тыя аспекты пытаньняў, якімі займаюцца ў сваім жыцьці ўсе дочкі і сыны беларускага народа". Пятроўскі, Ян. На васьмідзесятыя ўгодкі (фрагмэнты). Gainesville. Florida USA. 1985. с. 8.

Пераклады дыялогаў Платона, выкананыя Янам Пятроўскім, наступныя: "Сімпозыён Іён", "Горгіяс", "Протагорас Гіппіяс Вялікшы", "Пармэнідэс Мэнон".

Не толькі сэнс філасофіі як спецыфічнага феномена, але і большая частка яе зместу будуць недастаткова зразумелымі, калі яе выкладаць па аналогіі з прыродазнаўчымі дысцыплінамі безадносна гісторыка-нацыянальнага кантэксту і экскурсу ў гісторыю філасофіі. Што тычыцца такіх навук "без прынцыпаў" як фізіка, хімія, біялогія, то іх вельмі мала цікавяць сацыяльныя ўмовы, эканамічны стан, палітычная сістэма грамадства ў дачыненні да тых ці іншых думак, канцэпцый, адкрыццяў законаў, у якіх гэтыя навукі афармляліся. А вось з філасофіяй сітуацыя зусім іншая менавіта таму, што яна перад усім - светапогляд нейкай канкрэтнай гістарычнай эпохі і чалавека. Напрыклад, выкарыстанне закона зберажэння і ператварэння энергіі ў межах фізічнай навукі не цягне за сабою аўтаматычнага звароту да асэнсавання светапоглядных абставін, у якіх ён быў сфармуляваны. Філасофскае асэнсаванне гэтага закона патрабуе не толькі паняційнага тлумачэння, але і аналізу эвалюцыі лінгвістычнага разгляду тэрмінаў "энергія", "ператварэнне", "зберажэнне" і г.д.

У першы раздзел рэцэнзаванай кнігі "Уводзіны ў філасофію" ўключаны аўтэнтычныя тэксты з твораў 25 аўтараў самых розных філасофскіх напрамкаў, эпох, традыцый. На працягу доўгай дарогі свайго развіцця, уключаючы і сённяшні дзень, перад філасофіяй паўстае пытанне, што такое філасофія, яе функцыянальнасць у чалавечым грамадстве? Рэнэ Дэкарт, французскі філосаф, матэматык ХVII ст. у сваёй працы "Пачаткі філасофіі" адзначаў, што "Філасофія (калі ўжо яна распаўсюджваецца на ўсё даступнае чалавечаму пазнанню) адна толькі і адрознівае нас ад дзікуноў і варвараў і што грамадзянскі ды адукацыйны ўзровень кожнага народа тым вышэйшы, чым лепш у ім філасофствуюць" (с.17). Значыць, у аснове філасофіі прысутнічае мудрасць; але не любая мудрасць - філасофія. Гэта відаць на прыкладзе спадчыны антычных сямі мудрацоў у ва ўсіх іх класіфікацыях. З двух дзясяткаў старажытнагрэцкіх мудрацоў толькі адзін Фалес - прадстаўнік Мілецкай (Іянійскай) школы з'яўляецца філосафам, бо ён упершыню з пазіцый наіўнага, стыхійнага матэрыялізму сфармуляваў ідэю, што свет паступова сфармаваўся з вады, як першарэчыва кропельна - вадкаснага стану. Усе астатнія мудрацы закраналі толькі прыватныя пытанні з палітыкі, маралі, рэлігіі, права, кахання і г. д. Накшталт, выказванне мудраца-заканатворца Салона: "Ад багацця ўзнікае перанасычэнне, а ад яго пыха" - з'яўляецца мудрасцю, але не філасофскай ідэяй адносна Сусвету, прыроды і г. д.

II. З гісторыі філасофіі

Ва Уступе аўтары Павел Баркоўскі і Рыгор Грудніцкі слушна адзначаюць, што ў стаўленні да філасофскай класікі сучасная філасофія - "гэта спалучэнне самых розных школ і плыняў" і вылучаюць наступныя з іх: сацыяльна - крытычная; прагматыка - аналітычная, структуральна - постмадэрная і экзістэнцынальна - фенаменалагічная (с. 56). Уяўляецца неабходнасць пункцірна закранаць хоць бы аўтарскім тэкстам (дзеля ўсеабдымнага ўяўлення адносна ўсясветнай філасофіі), геаграфічныя арэалы ўзнікнення філасофіі: Індыя, Кітай, Грэцыя - Рым; старажытнаіндыйскую і старажытнакітайскую філасофію як трывалы складнік усясветнага досведу ў гісторыі філасофіі.

Гісторыя філасофіі - навука асобага роду, задача якой - вывучэнне падзей, якія непадуладны вонкавым назіранням. Па-гэтаму яна напрамую не даследуе праблемы прыроды, грамадства, дзяржавы, чалавека, а толькі выражаныя лагічным шляхам думкі адносна іх і шмат чаго іншага. Праз уключэнне хрэстаматыйных выбраных тэкстаў з сусветнай і айчыннай філасофскай традыцыі ў кнізе "Уводзіны ў філасофію" праводзіцца думка аб тым, што гісторыя філасофіі - гэта не храналагічная роспаведзь аб жыцці і творчасці асобных філосафаў ці прызнанне нейкага адзінамернага пазнаваўчага працэсу, а гэта складаны працэс працякання жыцця ў пэўны гістарычны час канкрэтнага народа, які і з'яўляецца суб'ектам і аб'ектам філасофскага аналізу. Паводле Г.Ф.В. Гегеля, у самой філасофіі ўтрымліваецца відавочная ўнутраная супярэчнасць, таму што па сваёй прыродзе "філасофія хоча спазнаць нязменнае, вечнае, існае самое па сабе і для сябе; яе мэта - праўда" (c. 58). Атрымліваецца, што калі філасофія ўтрымлівае сваю гісторыю, сваё мінулае, то "ў ёй нельга знайсці праўду, бо праўда не ёсць мінулым" (с. 58).

Другім важным момантам гегелеўскага разумення гісторыі філасофіі было прызнанне шматстайнасці ў існаванні мноства філасофій, якія ў аднолькавай ступені прэтэндуюць толькі на ісціннасць сваёй філасофіі.

Неабходна адзначыць, што аўтары хрэстаматыйнага дапаможніка вельмі да месца і да сённяшняга часу выкарысталі тэксты з працы Г.В.Ф. Гегеля "Лекцыі пра гісторыю філасофіі" ў перакладзе Рыгора Грудніцкага аб суадносінах самых разнастайных філасофій (у тым ліку нацыянальных) з іх напрамкамі, школамі, гістарычнымі эпохамі, традыцыямі і ўсясветнай філасофіі. З гегелеўскага разумення вынікае, што якімі б рознымі ні былі філасофіі, "яны ўсё ж маюць тое агульнае паміж сабою, што ўсе яны ёсць філасофіяй" (с. 59). Ва ўступным слове Паўла Баркоўскага адзначаецца, што "можна бясконца спрачацца, ці існуе філасофія ў нацыянальных межах або яна з'яўляецца выключна ўніверсалісцкім праектам, але нельга адмовіць тое, што тая ці іншая культура вельмі моцна ўплывала на станаўленне і фармаванне канкрэтнай філасофскай традыцыі, як тое адбылося ў Старажытнай Грэцыі ці ў Нямеччыне за новым часам (с. 6). Гегель вобразна параўновае суаднясенне ўсясветнай філасофіі і прыватных філасофій па аналогіі суднясення паняцяў садавіна, вішні, слівы, вінаград. Садавіна не існуе сама па сабе, а ўвасабляецца толькі праз вішні, слівы, вінаград; метафарычна ўсясветная філасофія ўпадабляецца садавіне, якая не здольна выяўляцца безадносна да шматстайнасці мноства філасофій.

III. Онталогія

У гэтым раздзеле слушна ўзята за аснову праца Рыгора Грудніцкага "Філасофія: вучэбна - метадычны комплекс: для студэнтаў усіх спецыяльнасцей" - Наваполацк: ПДУ, 2005. У этымалагічным падыходзе слова "онталогія" азначае ( онто - існае; логос - слова;) слова, вучэнне аб існым, вучэнне аб быцці, і ў гэтым раздзеле тлумачыцца шырокае і вузкае разуменне аб існаванні прыроды.

У шырокім сэнсе прырода - гэта ўся разнастайнасць формаў быцця, аб'ектыўная рэальнасць, матэрыя, г.зн. усё тое, што існуе па-за чалавечай свядомасцю і незалежна ад яе. У вузкім сэнсе прырода як аб'ект філасофскага пазнання - гэта сукупнасць натуральных умоў існавання чалавека і грамадства (с. 79).

У антычнасці пабудова ідэальнай дзяржавы дапускала магчымасць паралельна з гэтым развязвання шэрагу агульнафіласофскіх праблем, у якіх разглядаюцца пытанні таямнічасці і загадкавасці існавання ці неіснавання космасу, прыроды, грамадства, чалавека. Для адказаў на гэтыя ды іншыя пытанні неабходна была існаваць пэўная мадэль грамадскага парадку.

Гісторыка - філасофскі экскурс у раздзеле "Онталогія" шырока прадстаўлены тэкстамі рознай аб'ёмнасці: 23 аўтарамі - філосафамі, пачынаючы ад спадчыны антычнага Анаксагора, ахопліваючы: філасофію ранняй схаластыкі (Аўгустын); дуалізм французскага філосафа, матэматыка, механіка - Рэнэ Дэкарта; суб'ектыўны ідэалізм - шатландца Дэвіда Юма; прадстаўніка не кантынентальнай і адначасова некласічнай філасофіі, аднаго са стваральніка матэтычнай логікі, - англічаніна Бертрана Расэла; немца Марціна Гайдэгера з ягонай экзістэнцыянальнай аналітыкай у разуменні быційнасці і часу; і завяршаючы спадчынай чэшскага філосафа, праваабаронца Яна Патачкі, паслядоўніка філасофіі фенаменалогіі і вучэння аб пост - Еўропе.

Філасофская спадчына, як вышэй узгаданых філосафаў, так і астатніх прадстаўленых аўтарамі ў раздзеле "Онталогія" раскрыта паспяхова. Але адсутнасць, ці толькі нязначная фрагментарнасць спадчыны таго ці іншага філосафа выклікаюць у асобных момантах патрэбу не толькі цытавання ягоных аўтэнтычных тэкстаў, але і ўказання ягонай філасофскай "спецыялізацыі". Напрыклад, (стар. 81) спадчына Зянона прысвечана філасофскаму асэнсавання руху, ці існуе ён, ці не існуе, ці магыма фіксацыя яго? і г.д. Філасофія Зянона носіць апарыйны характар. Апорыя - гэта тупіковасць у лагічных разважаннях адносна руху і немагчымасць даказаць ці абвергнуць існаванне руху ў рэальнасці. Зянонам створана шмат апорый, якія закранаюць праблемы логікі, матэматыкі, лінгвістыкі, фізікі. Да нашага часу дайшло іх толькі некалькі, галоўнымі з якіх выступаюць: "Дыхатомія", "Ахілес і чарапаха", "Лятучая страла", "Стадый".

Ва ўсіх апорыях Зянона не адмаўляецца рэальны рух, а тлумачыцца, што пачуццёвая фіксацыя руху і лагічны аналіз яго даюць яму розныя малюнкі. Пытанне ў тым, як розумам выразіць рух. З дапамогай логікі немагчыма схапіць усе моманты "цяпер", у якіх знаходзіцца прадмет і як ён пераходзіць з аднаго моманту "цяпер" у іншае "цяпер". Раскладваючы працэс руху, розум "прыпыняе" яго, паколькі ён кожны момант "цяпер" фіксуецца ў стане "спакою". Таму розум падказвае іншую, чым пачуццёвы вопыт выснову: "рух ёсць сума спакояў", г.зн. што рух адсутнічае, ён немагчымы.

Філасофія ў Беларусі

Тысячагадовая традыцыя развіцця філасофіі не абмінала і беларускую гісторыю. Філасофія выкарыстоўвалася ў беларускіх сярэднявяковых схаластычных школах для абгрунтавання існавання Бога. Выкладалася яна ў Віленскім універсітэце (ХVI - ХIХ ст.ст.) не толькі на гуманітарыстыцы, але і на прыродазнаўчых аддзяленнях і медыцыне. Асэнсаванне тамтэйшымі навучэнцамі філасофскай праблематыкі ў пэўнай ступені спрычынілася і на ўзнікненне таемных універсітэцкіх палітычных аб'яднанняў філаматаў і філарэтаў. Гэта і запачаткавала, як адну з прычын закрыцця адзінага ўніверсітэта на тагачасных беларускіх землях у г.зв. "Паўночна - Заходнім краі" Расійскай імперыі. Універсітэцкі кшталт выкладання філасофіі з'яўляўся таксама характэрным для Полацкай езуіцкай акадэміі ( ХIХ ст.).

У савецкай Беларусі вывучэнне філасофіі адбывалася ў форме камуністычнай ідэалогіі і дэнацыяналізацыі нярускага (мясцовага) насельніцтва. Гістарычны збег палітычных, вайсковых, міжнародных абставін не дазваляў нават адукаванай частцы беларускага народа, знаёміцца з набыткамі філасофіі па-беларуску. Камуністычна - каланіяльная ідэалогія ў савецкай Беларусі засноўвалася на трывала напрацаваным падмурку расійскай імперскасці з яе ўспрыняццем усяго беларускага як толькі часткі "рускай гісторыі - тэрыторыі - народа". Выключэнне не складала і сфера філасофіі, а ў канцэнтраваным савецкім падыходзе гэта праяўлялася ў глумлівым "філасофія на беларускай мове?" І на сённяшні дзень на слыху сентэнцыі, накшталт таго, што "філасофскай лексікі па-беларуску ніколі не існавала і не існуе". На такога роду "сцвярджэнні" можна адказваць толькі рытарычна: "А ці магчыма адшукаць уласна філасофскую лексіку на рускай ці якой іншай "жывой" мове?" Арыгіналы філасофскай лексікі прысутнічаюць толькі ў "мёртвых" мовах: старажытнагрэцкай і лаціне. Усе іншыя нацыянальныя і не толькі філасофскія (інжынерная, тэхнічная, медыцынская і г.д. ) мовы, у тым ліку і сучасная грэчаская сілкуюцца выключна з лінгвістычных сховішчаў Антычнасці. Таму любая мова імкнецца ў вечнасць, і яна заўсёды прырыхтавана ўбіраць у сябе не толькі ўсё самае сучаснае, але і мінулае, што адпавядае наяўным патрэбам носьбітаў гэтай мовы. Ж-Ж Русо сцвярджаў, што ў мове ёсць магчымасць "прачытаць" гісторыю і свабоды, і рабства.

Першыя невыразныя пробліскі спробаў карэляцыі філасофіі і беларускай мовы адбываліся ў пачатку 90-х гадоў з аб'яўленнем незалежнасці Рэспублікі Беларусь. У гэты час свет пабачылі некалькі навучальных дапаможнікаў, але скарыстацца імі з мэтай выкладання філасофскіх дысцыплін па-беларуску ў выключна рускамоўным адукацыйным працэсе было складана.

У кнігу "Уводзіны ў філасофію" ўключаны тэксты блізу160 аўтараў, у тым ліку беларускіх: Акудовіч Валянцін - беларускі літаратурны крытык, эсэіст, філосаф; Бабкоў Ігар - беларускі філосаф і літаратар, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАНБ, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт; Павел Баркоўскі - дацэнт кафедры філасофіі культуры БДУ, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт. Грудніцкі Рыгор - дацэнт, кандыдат філасофскіх навук, былы загадчык кафедры філасофіі Полацкага дзяржанага ўніверсітэта; Крукоўскі Мікалай - беларускі філосаф, культуролаг і педагог, прафесар, доктар філасофскіх навук, працаваў у БДУ і БДУКіМ; Санько Сяргей - вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАНБ, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт. Сцёпін Вячаслаў - беларускі і расійскі філосаф навукі і педагог, акадэмік РАН, доктар філасофскіх навук, прафесар. Тузава Тамара - беларускі філосаф, педагог, загадчыца кафедры філасофіі і паліталогіі прыватнага Інстытута правазнаўства , г. Мінск; Фурс Уладзімір - беларускі філосаф, сацыяльны тэарэтык, доктар філасофскіх навук, прафесар. Працаваў у БДУ і Еўрапейскім гуманітарным універсітэце.

У цэлым высокая адмысловасць рэцэнзаванай кнігі прадвызначаецца двума момантамі: упершыню дапаможнік па філасофіі выйшаў па-беларуску, што вельмі важна і надзённа; шырокай рэпрэзентпатыўнасцю хрэстаматыйнай спадчыны ўсясветнай філасофіі, і гэта таксама ўпершыню ў Беларусі.

Рэцэнзент - выканавец абавязкаў загадчыка кафедры тэорыі і гісторыі культуры ПУ "Універсітэт імя Ніла Гілевіча" Анцыповіч Мікалай Васільевіч.

Пра Жылкава свята і не толькі

Нясвіжскія сябры ТБМ абмеркавалі план года

Першая "Суботняя нарада сяброў ТБМ з кіраўніцтвам раёна" адбылася за круглым сталом, за які на зварот мясцовых актывістаў запрасіў начальнік аддзела па культуры, ідэалогіі і справах моладзі Нясвіжскага райвыканкама Аляксандр Круглік.

Неабходнасць абмеркаваць бягучыя пытанні і планы на 2020 год узнікла ў тым ліку і з пэўных цяжкасцяў мінулага года: арганізацыя сутыкнулася з практыкай, калі перад актывістамі нярэдка "зачыняліся дзверы" дзяржаўных культурна-асветных устаноў і пляцовак на прапановы правесці масавыя мерапрыемствы. Як правіла, гэта былі імпрэзы, накіраваныя на пашырэнне і развіццё беларускамоўнага актывізму сярод насельніцтва. З боку адказных асоб на месцах можна было пачуць і зацікаўленне, і матывы перастрахоўкі, маўляў, патрэбны сцэнар мерапрыемства, ліст на дазвол у райвыканкам, вуснае ўзгадненне з вышэйшым кіраўніцтвам і г.д.

- Мы не ведаем, чым кіруюцца людзі на месцах, але хочам спрыяння, большай адкрытасці і даверу, бо маем шмат цікавых ініцыятыў і разлічваем на водгук у грамадстве, - выказаліся нясвіжскія актывісты.

Ішло абмеркаванне і ўзгадненне пазіцый па найбольш актуальных напрамках года: правядзенне Агульнанацыянальнай дыктоўкі і ўшанаванне 120-годзя паэта-земляка, ураджэнца нясвіжскіх Макашоў Уладзіміра Жылкі (1900 - 1933).

Быў абмеркаваны падрабязны план гэтых мерапрыемстваў, які не выклікаў спрэчак. Хутчэй наадварот, у сваім імпэце пашырыць кола ўдзельнікаў дыктоўкі, асабліва ў школах раёна, сябры ТБМ знайшлі разуменне і падтрымку.

- Мы не будзем стрымліваць і некага абавязваць, але дапамога, падказкі, як лепш зрабіць, мяркую, будуць, - сказаў Аляксандр Круглік. - Напярэдадні збяром невялікую нараду і пагаворым. Няхай пішуць, збіраюцца, выяўляюць творчасць. Хто супраць?.. А пасля і вынікі абмяркуем".

План "Года Жылкі" налічвае за пятнаццаць мерапрыемстваў. Адзін з пунктаў - выкуп захаванай хаты, у якой нарадзіўся паэт, пад будучы музей. Справа ў тым, што на працягу дзесяцігоддзяў хата з'яўляецца прыватным жыллём, мяняючы гаспадароў. Колькі месяцаў таму пачаўся збор сродкаў, каб выкупіць хату.

- Але грамадскасці пацягнуць гэта цяжка. Мы звяртаемся да ўлады зрабіць свой унёсак, - такую прапанову зрабілі ўдзельнікі "суботняй нарады".

Яшчэ адзін пункт юбілейнага плана Жылкі, які выклікаў зацікаўлены водгук бакоў, - каб 2020 год стаў першым годам традыцыйнага свята паэзіі ў Макашах. Спачатку міжраённага, а пасля і рэспубліканскага. На гэта ёсць падставы: побач працякае рака Уша, усцяж вёскі маляўнічая пойма, рэканструяваны вадзяны млын, які шмат гадоў чакае, не дачакаецца турыстаў.

Вынік "суботняй нарады", як адзначылі ўдзельнікі, - узаемаразуменне і шчырасць у намерах чуць адзін аднаго. Які будзе плён, пакажа час.

У нарадзе акрамя нясвіжскіх актывістаў браў удзел намеснік старшыні ТБМ Станіслаў Суднік.

Наталля Плакса, старшыня Нясвіжскай раённай арганізацыі ТБМ.

Новы запавет для дзяцей і моладзі

У выдавецтве "Про Хрысто" выйшла кніга "Новы Запавет для дзяцей і моладзі". У прадмове, падпісанай арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, Мітрапалітам Менска-Магілёўскім, Старшынём Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў прыватнасці гаворыцца:

"Дарагія юныя чытачы!

Вы трымаеце ў руках незвычайную кнігу - "Новы Запавет для дзяцей і моладзі". Яна прадстаўляе здзейснены Божым сынам, Езусам Хрыстом, галоўны этап гісторыі збаўлення - нашае адкупленне.

Адметнасць гэтай кнігі ў тым, што ў ёй змешчаны не толькі тэкст Добрай Навіны, якую нам пакінуў наш Збаўца, але таксама каментырыі да яе, ілюстрацыі, каляровыя карткі, дыдактычныя заданні, цікавую інфармацыю, якая знаёміць з жыццём, звычаямі, традыцыямі ў біблійныя часы, а таксама з важнымі постацямі той эпохі. У ёй вы знойдзеце парады, як жыць паводле заўсёды актуальнага і дзейснага Божага слова (пар. Гбр 4, 12). Такая структура кнігі дазваляе юным чытачам больш свядома і з разуменнем карыстацца біблійным тэкстам і паглыбляць сваю веру.

Сінод біскупаў, які быў прысвечаны моладзі і праходзіў у Ватыкане ў 2018 г., падкрэсліў асаблівае значэнне вывучэння Святога Пісання ў працэсе духоўнай фармацыі сучаснай моладзі, якая знаходзіцца пад нябачным дасюль уплывам антыхрысціянскіх сілаў...

... У сэкулярнай культуры сучаснага свету Божае слова з'яўляецца найбольш верагодным дарожным указальнікам, які выпрабаваны часам. Яно прадстаўляе пілота, лепшага за самыя дасканалыя GРS-ы, - Езуса Хрыста. Менавіта Ён не толькі паказвае бяспечны шлях нашай зямной вандроўкі, але таксама прапануе нязменныя хрысціянскія каштоўнасці і духоўна ўмацоўвае нас дзеля дасягнення яе мэты - радасці вечнага шчасця.

Кніга "Новы Запавет для дзяцей і моладзі" з'яўляецца дасканалай прыладай для евангелізацыі і катэхізацыі, дыдактычным дапаможнікам для святароў, кансэкраваных асобаў, катэхетаў, бацькоў і ўсіх тых, хто імкнецца заахвоціць дзяцей і моладзь чэпраць духоўную падтрымку і хрысціянскія каштоўнасці са скарбніцы вучэння Хрыста.

Упэўнены, што яна дапаможа маладым людзям лепш зразумець Божае слова і паспрыяе іх духоўнаму ўзрастанню, умацаванню іх веры і хрысціянскаму сведчанню..."

Наш кар.

"МОВА НАНОВА" Ў НЯСВІЖЫ

Месца і час сустрэч застанецца нязменным - абноўлены будынак плябаніі, серада, 18.00.

Папулярныя курсы ўжо двойчы ў студзені сабралі зацікаўленую грамаду. Першую сустрэчу, як і належыць, правялі самі заснавальнікі курсаў - Глеб Лабадзенка і Алеся Літвіноўская. Тэма культурна-пазнавальнай часткі - Радзівілы. Беларускі дух задаваў сваімі песнямі Андрусь Такінданг. Вітаў першых наведвальнікаў і ксёндз касцёла Божага Цела Пётр Шарко.

Наступныя заняткі ўжо рыхтвалі мясцовыя актывісты - арганіст Дзяніс Каўшар, мовазнаўца Наталля, інжынер Міхась Асмыковіч. Абраная імі Каляндарная тэма надзвычай адпавядала пачатку года і была падтрыманая гасцямі заняткаў - Валерам Дранчуком і Наталляй Плаксай, аўтарамі календара на 2020 год "Маляванкі ў Ваш дом!". Яны паказалі прысутным рэтра-спекцыю каляндарнай серыі "Маляўнічая Бацькаўшчына", пачаткам якой у 2001 годзе стаў вялікафарматны каляндар "Нясвіж. Водна-паркавы краявід". Настраёвай хваляй сустрэчы стаўся прагляд піктарыяльнай пейзажнай фатаграфіі з багатай палітры зямной красы, якая натхняе кожнага чулага душой чалавека і на творчасць, і на зберажэнне роднага краю, і на вывучэнне матчынай мовы.

Вольга Карчэўская.

Свята "МоваФэст"

Мы запрашаем вас стаць партнёрамі шматтысячнага свята "МоваФэст" з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы, які быў абвешчаны ЮНЕСКА ў 2000-м годзе і адзначаеццца штогадова 21 лютага.

Свята "МоваФэст" адбудзецца 22 лютага (субота) у Менску на тэрыторыі (агульная плошча 700 кв. м) прасторы "ОК16" на моднай вуліцы Кастрычніцкая і будзе доўжыцца з 13.00 да 22.00.

Азнаёмцеся з прэзентацыяй для партнёраў: https://www.canva.com/design/DADwayHPJ_I/Nc77EkpR0Nv QpzZ34EUpaQ/view

Для таго каб правесці свята максімальна якасна і з удзелам вялікай колькасці людзей і партнёраў, мы запускаем два спонсарскія пакеты для юрыдычных асобаў Афіцыйны партнёр і Генеральны партнёр;. Усе сабраныя сродкі пойдуць на арганізацыйныя патрэбы для правядзення самага маштабнага ў гісторыі Беларусі свята прысвечанага беларускай мове.

Пра свята "МоваФэст" і Дзень роднай мовы

Штогадовае святкаванне 21 лютага Міжнародная дня роднай мовы з кожным годам у Беларусі прыкметна набірае ўсё большыя і большыя маштабы. Калі яшчэ 7 гадоў таму ў гэты дзень актывісты праводзілі невялікія мерапрыемствы для вузкага кола беларускамоўных сяброў, то за апошнія тры гады заўважныя значныя змены.

Так, у 2019 годзе прыкметнымі былі мерапрыемствы не толькі ад грамадскага сектара, але таксама ад дзяржаўных устаноў, афіцыйных СМІ і буйнога бізнесу.

Яркія інфанагоды і запускі прадуктаў да 21 лютага ў 2019 зрабілі кампанія "Mark Formelle" з серыяй шкарпэтак з беларускай моваю, завод "Луч" з гадзіннікамі "Дж" і "Дз", А-100 з кубкамі для гарачых напояў, Міністэрства замежных спраў з віншаваннямі ад беларускіх дыпламатаў у розных краінах. А колькасць публічных святаў у розных установах і арганізацыях нашай краіны пераваліла за 2 дзесяткі.

Дадатковы эфект даў спантанны флэшмоб з паведамленнямі па-беларуску ў айчынным сегменце сацыяльных сетак вк, фэйсбук, інстаграм, што ёсць добрым прыкладам патрыятычнага віральнага кантэнту.

Фактычна, 21 лютага стаў сапраўдным Днём беларускай мовы ў Беларусі, хоць свята і міжнароднае, але такой актыўнасці мы не заўважаем ні ў адной нашай краіне-суседцы.

Таму па праву можам гаварыць пра ўнікальную з'яву і з'яўленне ў Беларусі сапраўднай народнай ініцыятывы, якую падтрымліваюць розныя грамадскія групы і бізнэс.

Мы прапануем грамадзянскай супольнасці, бізнэсу і дзяржаўным органам у 2020 годзе разам комплексна падыйсці да святкавання Дня роднай мовы і паказаць пяць сумесных дасягненняў:

- попыт на беларускую мову,

- попыт на прадукты з нацыянальным кантэкстам і зместам,

- зацікаўленасць беларусаў і якасць гэтай аўдыторыі,

- актуальнасць, перспектыўнасць і "хайповасць" тэмы (у тым ліку праз стымуляванне і садзейнічанне нараджэнню ў сацыяльных сетках віральнага патрыятычнага кантэнту на глебе любові да роднай мовы),

- медыйны эфект, стварэнне візуальных і медыйных фактараў ды інфанагодаў, якія гавораць пра з'явы, якія аб'ядноўваюць беларусаў.

Мы хочам правесці 22 лютага да Дня роднай мовы ў Менску маштабнае і ўнікальнае мерапрыемства, якое аб'яднае бізнэс, грамадскіх актывістаў, творчую інтэлігенцыю, грамадскі сектар і проста актыўных жыхароў Беларусі вакол пазітыўнага асэнсавання адной тэмы - родная беларуская мова, што з ёю і на ёй робіцца.

Гэтае мерапрыемства ўпершыню аб'яднае і пакажа разнапланавасць і разнастайнасць выкарыстання роднай мовы і яе носьбітаў, дазволіць сабраць як мага больш абсалютна розных ініцыятыў на галоўны шматтысячны івэнт.

Спадзяёмся, што нашае мерапрыемства і кампанія па яго прасоўванні дадуць моцны штуршок для правядзення сваіх святаў яшчэ ў большай колькасці пунктаў па ўсёй краіне ў лютым гэтага і наступнага года.

Да 24 студзеня мы складаем праграму мерапрыемства, збіраем партнёраў і спонсараў,фармуем агульны бюджэт свята, каб 27 студзеня запусціць медыйную кампанію па прасоўванні свята "МоваФэст" і Дня роднай мовы, як новай і папулярнай з'явы, падзеі, свята, якія аб'ядноўваюць беларусаў у імкненні папулярызаваць і пашыраць сферы выкарыстання беларускай мовы, якія паказваюць, што беларуская мова і нацыянальныя сімвалы з'яўляюцца эфектыўнымі сродкамі папулярызацыі брэндаў і стварэння пазітыўнага іміджу кампаніі.

MovaFest.

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Балады крыві і любові

Віктар Шніп

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

БАЛАДА КСЯНДЗА АДАМА СТАНКЕВІЧА (24.12.1891 - 29.12.1949)

Як канваір, мяцеліца збівае з ног

І замятае, як агонь, крывавы след.

І чорная тайга з дарогай на той свет,

Як страшны сон, які прысніцца толькі мог,

А яваю не стаць, бо ёсць над намі Бог,

Як ёсць заўжды святло ў касцёле і царкве,

Але святар ідзе - вялікі філантроп -

Па мёртвае дарозе ў свой апошні шлях,

І снег, нібыта крыж бялюткі, на плячах

Ляжыць і снег наўкол, нібы другі патоп,

Дзе белы свет з жыццём

губляецца ў снягах

І паўстае, нібыта ўдар кувадлы ў лоб,

Каб раптам не ажыў, хто жыць яшчэ хацеў

І верыў, і любіў, і спадзяваўся зноў

Вярнуцца ў родны край,

дзе светла ад дажджоў,

Як ад малітвы...

3.02.2005 г.

БАЛАДА БРАНІСЛАВА ТАРАШКЕВІЧА (8.01.1892 - 29.11.1938)

Слова да слова, як цэгла да цэглы -

Так беларускі будуецца Дом.

Колькі ў падмурак яго з нас палегла!

Колькі шчэ вечным атуліцца сном!

Заўтра й цябе расстраляюць і восень

Будзе з крывёю тваёю чарнець.

Згубіцца ў хмарах апошняя просінь,

Горка звуглее асенняя медзь.

Слова ж чужое нам родным не стане,

Як і не стане зямля нам чужой,

Дзе нарадзіліся мы і світанне

Душы напоўніла нашы слязой,

Быццам малітвай адвечнаю - Храмы,

Храмы, што будуць на нашай зямлі

Роднымі нам, не чужымі таксама

Тым, што да нас з дабрынёю прыйшлі…


Заўтра ты прыйдзеш, як заўтра, дадому

І не пазнаеш свой Дом і свой Храм.

Што ўсё не так - ты не скажаш нікому.

Што ўсё не так - нават Бог знае Сам.

Слова да слова, і сэрца да сэрца, -

І ажывае зноў мова дзядоў,

І беларусам тутэйшы завецца,

І Беларусь - як пралітая кроў

За Беларусь…

7 - 10.10.2007 г.

БАЛАДА РЫГОРА ШЫРМЫ (20.01.1892 - 23.03.1978)

"Песня родная - душа народа", -

Мовіш, і паўторыць словы Бог.

Песня светлая - калі свабода,

Песня чорная - калі астрог.

І спяваеш ты, аж неба плача

Зоркамі, што, падаючы ў ноч,

Як у душы, што святла не бачаць,

Асвятляюць, як глыбіні воч,

Нашы беларускія прасторы,

Дзе сляды ўтравелыя вайны,

Дзе ў блакітным лёне, як у моры,

Бачны астравамі валуны,

Да якіх ты хлапчуком прыходзіў,

Як да рэшткаў збуранай царквы,

Як да песень, што жылі ў народзе

І жывуць, пакуль народ жывы.

І стаіш ты перад песняй роднай

На каленях. Песня, быццам Бог,

Светлая, калі народ свабодны,

Чорная, калі жыццё - астрог.

2.10.2000 г.

БАЛАДА АНТОНА СОКАЛ-КУТЫЛОЎСКАГА (7.02.1892 - 7.03.1983)

Ты сёння - паўстанец, а заўтра - святар,

А потым ізноўку - вайна і астрог.

У Слуцку апальвае хмары пажар

І попел, як снег, у каўдобах дарог

Ляжыць і па ім аніхто не ідзе.

І толькі галодныя бальшавікі

Начамі і днямі, нібыта ваўкі,

Пужаюць, страляюць тутэйшых людзей,

Якія адвеку хацелі тут жыць

У вольнай краіне і вольнымі быць,

І Богу маліцца на мове сваёй.

З табой случакі, і для іх ты - герой,

Як кожны герой, хто за волю паўстаў

І сёння ля вогнішча ў пошуме траў

І дрэў векавых чуе песні дзядоў,

Якія сваю пралівалі тут кроў

За волю, якая ніколі сама

Не прыйдзе, а прыйдзе астрог, як зіма…


І сыдзе зіма, край пазбавіцца крат,

І вырасце новы і горад, і сад,

Дзе будзе душа твая вольная жыць

І над Беларуссю з бусламі кружыць…

12.07.2011 г.

БАЛАДА АЛЯКСАНДРА ЧАРВЯКОВА (8.03.1892 - 16.06.1937)

"Беларусь беларускаю будзе

Ці іначай не будзе зусім

Беларусі. І нашыя людзі

Не пазнікнуць у людстве чужым

З мовай роднай, якая спрадвеку

Богам дадзена тут чалавеку!" -

Ты гаворыш і многія чуюць

І наш Дом беларускі мацуюць.

Але гэтая радасць - часова,

Бо не трэба тут родная мова

У вялізнай краіне саветаў,

Дзе баяцца, як смерці, паэтаў

І таму іх знішчаюць, ссылаюць

Ды й цябе ўжо чужым называюць.

А які ты чужы Беларусі?!

Ты на роднай зямлі - гаспадар!

І ўжо плача анёлак у скрусе

У нябёсах, дзе чорна ад хмар,

Што збіраюцца па-над табою,

Над тваёй беларускай душою.

І ты сам пакідаеш жыццё,

Як пад ветрам з бярозы - лісцё,

Але голас твой чуецца людзям,

Ён не знікне, як з вогнішча дым:

"Беларусь беларускаю будзе

Ці іначай не будзе зусім…"

31.07.2008 г.

БАЛАДА ЗОСЬКІ ВЕРАС (30.09.1892 - 8.10.1991)

Зіма. "Лясная хатка". Вільня наша.

І ты нібы адна і не адна.

Самотны зойдзе госць, і ты раскажаш

Пра ўсё, і будзе з вамі давідна

Тут Беларусь, якая светла сніцца,

Якая толькі чуецца душой,

Нібы малітва, нам якой маліцца

За родны край, раздзелены зімой…

І хоць тваё канчаецца стагоддзе,

Ды не канчаецца адвечны шлях,

І мы па ім да лепшай долі дойдзем,

Яна ўжо ёсць, як сонца - у слязах.

І ты глядзіш спакойна ў нашы вочы,

І што ты бачыш там, не знаем мы.

А па двары гуляе вецер воўчы,

Вынюхваючы ворагаў зімы.

29.06.2008 г.

БАЛАДА КАНСТАНЦЫІ БУЙЛО (14.01.1893 - 4.06.1986)

Жыццё на чужыне, нібы - у палоне,

Дзе ты прывыкаеш да сонца, якое

Халодна-далёкае, як нежывое,

У воблаках, нібы ў снягах, светла тоне,

Світае, нібы ва ўспамінах Айчына,

Якую ты любіш, якой ты жывеш.


І сніцца табе каля хаты рабіна

З лістотай счарнелай, як спалены верш,

Якога душа адляцела ў нябёсы

Іскрынкай тваёй адзінокай душы.


І пройдуць дажджы, і мінуцца марозы

І будуць чарнець на магілах крыжы

Паэтаў, якіх расстралялі за тое,

Што сонца над намі ўсё ж не залатое,

А проста чырвонае, быццам бы кроў…


Пакуль ты жывеш, ты не прыдзеш дамоў

У ціхае Вішнева, дзе ўсё святое

І любае, блізкае і дарагое,

А будзеш здалёку глядзець на Айчыну

І сумныя вершы Айчыне пісаць

І плакаць ты будзеш,

як плачуць жанчыны,

Калі ўжо не могуць нічога сказаць…

25.09.2007 г.

(Працяг у наступным нумары.)

Два некралогі

Ядвігін Ш. Пасмяротныя ўспаміны

Такі псеўданім ужываў знаны беларускі паэт Антон Лявіцкі які нядаўна памёр у Вільні. Нарадзіўся ён у шляхецкім двары Карпілаўка пад Радашковічамі ў 1870 г. З маленства чуў беларускія песні і найпрыгажэйшую беларускую мову, і ўсё гэта, пэўна, было першым сейбітам яго любові да роднай зямлі, любові, якая з дзяцінства да смерці, злучала нябожчыка з радзімай і беларускім народам. Пачатковую навуку ён меў у Люцынцы, у дачкі Дуніна-Марцінкевіча, дзе неаднаразова гасцяваў яе бацька - патрыярх новай беларускай літаратуры. Сярэднюю адукацыю Ядвігін Ш. атрымаў у Менску, а потым вучыўся ў Маскоўскім універсітэце, у якім, сярод універсітэцкай моладзі тады моцна пульсавала інтэлектуальнае жыццё.

Калі толькі ў нашым краі ўпалі аковы маўчання і ў Вільні завіравала беларуская прэса ("Наша Ніва"), пасля побыту ў гэтым горадзе беларускі пісьменнік перасяляецца ў Менск і становіцца рэдактарам і кіраўніком штомесячніка "Саха", які ў асноўным быў прысвечаны справам сельскай гаспадаркі. Працуе на гэтай дзялянцы ў часы Сусветнай вайны, тады ж пачаў працаваць і ў беларускіх грамадскім арганізацыях. З-за вайны перастае выдавацца "Саха", але пісьменніцкая дзейнасць Ядвігіна Ш. не перапыняецца. У меру сваіх магчымасцей і сіл (а фінансавы стан і стан яго здароўя сталі кепскімі) ён працягвае пісаць. У гэты перыяд жыцця пісьменнік жыве ў ціхай Старажоўцы пад Менскам ці ў роднай з дзяцінства Капцёўцы.

Як беларускі пісьменнік, Ядвігін Ш. дэбютаваў у 1891 г. у Маскве, дзе выдаў пераклад кніжкі Гаршына "Сігнал". Пераклад зрабіў яшчэ студэнтам, за шмат гадоў да дазволу легальнага беларускага друку. Потым спрабаваў свае сілы ў драматургіі і стаў літаратурным кіраўніком "Нашай нівы". Выдаў шмат кніжак апавяданняў, у якіх бачна яго непасрэднае адчуванне беларускай прыроды. Аднак сіла таленту Ядвігіна Ш. найбольш выявілася ў байках. Веданне жыцця звяроў і мяккі гумар з вялікай доляй сатыры, вылучалі творчасць пісьменніка сярод іншых беларускіх байкапісцаў. Выдатна ўдалася яму байка "Рабы" - мастацкае апісанне жыцця вепрука з такой мянушкай і адначасова вострая сатыра на чалавечае хамства.

У ранейшых творах пісьменніка не раз выступаюць тыповыя для старэйшага пакалення адносіны да беларушчыны, як да мілай гаворкі, добрай толькі для напісання малых гумарыстычных апавяданняў з жыцця нашай вёскі. Але яго пазнейшыя тэксты ўжо нясуць выразныя адзнакі нацыянальных твораў. Напісаў ён таксама і "Лісты з дарогі" - першы твор такога тыпу ў прыгожым беларускім пісьменстве.

Даследчыкі беларускай літаратуры, Максім Гарэцкі і іншыя, знаходзяць у творчасці пісьменніка некаторыя рысы, якія ёсць у Леманскага з Польшчы, а таксама ў Шчадрына і Горкага з Расіі.

Усё сваё жыццё Ядвігін Ш. быў верным прыхільнікам ідэі братэрства народаў.

Край страціў вялікую і прыгожую душу.

Adam Sołoduch [Ул. Талочка]. Jadwihin Sza // Pregląd Wileński. 1922, № 11-12. S. 7-8.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

Казімір Шафнагель

Віленская прэса са значным спазненнем паведаміла пра смерць с. п. Казіміра Шафнагеля, які пасля нядоўгай хваробы развітаўся з гэтым светам 13 сакавіка 1923 г. ва ўзросце 67 гадоў. Прэса коратка паведаміла пра "ўладальніка маёнтка Кушляны, з Віл.", але гэта інфармацыя нічога не кажа пра асобу нябожчыка, пра важкую ролю, якую с. п. Шафнагель адыграў у 1917-1918 гг. у жыцці нашага краю. Таму трэба пра гэта расказаць.

Да 1917 г. К. Шафнагель быў вядомы толькі як пільны гаспадар-землеўладальнік на Ашмяншчыне і добры фінансіст. У вольны час ён (трошкі эксцэнтрычна) займаўся брыялогіей (вывучаў імхі і падобныя ім расліны). Гэтай тэме ён прысвяціў першую ў нашым краі манаграфію. Таксама пісаў артыкулы пра сельскую гаспадарку, артыкулы былі такога ўзроўню, што іх абмяркоўвала нават нямецкая прэса.

У 1917 г., калі ў канцы зімы распалася Расія, надышоў вызначальны для нашага краю час. Гісторыкі назавуць гэты год пачаткам новага жыцця. Кожная з нацыянальнасцяў нашага краю (можа быць за выняткам яўрэяў, але гэта не пэўна), пасля распаду Расіі сказала сябе: зараз ці ніколі! Гістарычны гадзіннік паказваў дванаццатую гадзіну! Зразумелі гэта і беларусы, народ які меў найменшую колькасць нацыянальных дзеячаў і быў значана аслаблены вялізнай эвакуацыяй і выездам у Расію мільёнаў чалавек, акрамя гэтага, лінія нямецкіх і рускіх акопаў аддзяліла Вільню ад Менска.

У такія надзвычай крытычныя хвіліны, разам з нешматлікімі піянерамі беларускай ідэі пачынае дзейнічаць і с. п. Казімір Шафнагель. Іншыя землеўладальнікі далучыліся да тых, з кім была колькасць і сіла. А ён, які ўсё жыццё не займаў ніякіх пасад, як сын беларускага народа, калі надышоў час заявіць пра свае правы, узяў асабісты ўдзел у беларускім нацыянальным руху. У газеце "Гоман", а потым і асобнымі брашурамі, па-беларуску і па-польску, распаўсюдзіў два адкрытыя лісты "Да нашай краёвай інтэлігенцыі". Дзейнічаў разам з інжынерам Вінцэнтам Святаполк-Мірскім, Дорай Кастравіцкай і некалькімі іншымі асобамі - гэта была беларуская шляхта, якая не зраклася свайго беларускага народа і пачала працаваць для яго.

Не будзем доўга казаць аб пасквілянтах якія ў правінцыі (у тым ліку і на Ашмяншчыне) і ў Вільні, у розных газетах пачалі ліць бруд на высокую дзейнасць нябожчыка. Аднак гэта не змяніла рашэнне Шафнагеля. Калі ён пісаў свае адкрытыя лісты, дык ведаў думкі сваіх суграмадзян і не мог спадзявацца на хуткі поспех. Ён толькі даводзіў, што хуткае спальшчэнне беларусаў праз двор і касцёл нясе ў сябе зародкі вялікіх праблем, якія, калі іх не вырашыць, праз нейкі час могуць пачаць помсціць вінаватым і невінаватым.

Як далёка быў нябожчык ад некрытычнага прыняцця рэчаў, толькі таму што яны былі беларускімі, сведчыць той факт, што калі ў палове 1918 г. пачалі браць верх радыкальныя палітычныя плыні, а лозунгі арганічнай працы знаходзіць усе меней прыхільнікаў у беларускім руху, ён, разам са Святаполк-Мірскім і кс. Ул. Талочкам адышоў ад палітыкі, але і надалей захаваў шчырую зычлівасць да ўсяго, што было і ёсць добрага і здаровага ў беларускім руху.

У канцы 1918 г., перад бальшавіцкай навалай з усходу, с. п. Шафнагель выехаў у Варшаву. Вясной 1919 г. у "Кур'еры Паранным" ён надрукаваў адкрыты ліст, у якім адзначыў, што пры ўсёй любві да беларускага народа, ніколі не адрачэцца ад польскай культуры. Адна з беларускіх газет, не надта мудра палічыла гэта за адрачэнне ад ідэалаў, якім да таго часу служыў Шафнагель. […]

Нават не беручы пад увагу чынны ўдзел яго ў беларускай справе, с. п. Шафнагель выказаў вялізную паслугу беларусам тым, што захаваў надзвычай каштоўны кнігазбор прысвечаны беларускай этнаграфіі. Зараз гэты кнігазбор з'яўляецца сапраўднай аздобай музея пры Беларускім навуковым таварыстве.

as [Ул. Талочка]. Kazimierz Szafnagel // Pregląd Wileński. 1923, № 8. S. 5-6.

Пераклад Леаніда Лаўрэша

КАБ БОЛЬШ СЛЁЗЫ НЕ ЛІЛІСЯ

У газеце "Наша ніва", 1907, № 1, 6 студзеня, быў апублікаваны навагодні верш Якуба Коласа, а праз два гады Новы, 1909 год, паэт сустракаў у Пішчалаўскім замку ў Менску.

Прайшло 113 год! Што памянялася?!

Цяпер, як і пры царскім рэжыме, Новы год у менскім астрозе сустракалі беларусы, што засяваюць "зерне праўды", а дэпутат Незалежнасці Пётра Садоўскі пакараны вялікім штрафам за "песні волі" - за песню, якую ён праспяваў 7 снежня мінулага года на плошчы Каліноўскага ў Менску дзеля таго, "каб больш слёзы не ліліся", пакараны за тое, што, па словах самога спадара Садоўскага ў судзе, "працягваў справу свайго жыцця: вітаў дзяржаўную незалежнасць 7 снежня спевамі патрыятычнай песні на словы Янкі Купалы "А ў бары-бары тры дарожанькі", якую спяваў будучы дэпутатам Вярхоўнага Савету, на плошчы Незалежнасці 25 жніўня 1991 года".

Якуб Колас

НА НОВЫ ГОД

З Новым годам,

з шчасцем новым!

Дай жа Божа, гэты год

Каб успомніў шчырым словам

Працавіты ўвесь народ!


Каб больш слёзы не ліліся,

Каб не падаў чалавек,

Каб астрогі запярліся

Ад людзей на вечны век;


Каб казалі, што хацелі,

Каб не гнулісь, як цяпер,

Каб са страхам не глядзелі

На ўрадніцкі каўнер;


Каб пабольшала нам поля,

Каб разросся вузкі луг,

Каб спявалі песні волі,

Дзержучы жалезны плуг.


Дай Бог шчасця вам і долі

Ўсім, хто слёзы праліваў,

Хто у бедным, родным полі

Зерне праўды засяваў!

Падрыхтаваў

Міхась Варанец, г. Слонім.

Людміла Ардынская

Выгнанніца

У палац зачыненыя дзверы,

Дзе ты першай

і галоўнай быць павінна.

Толькі спіс запрошаных правераць

І адсунуць ў бок, і крок твой спыняць.


Як радзіну матчыну адкінуць

І палічаць беднай, непатрэбнай.

Ды, глядзі, яшчэ й катомку здымуць,

Дзе акраец бацькавага хлеба.


Да каго ж з сваёю крыўдай пойдзеш?

Не цябе, суседку лепш прымаюць.

Да сябе мілосці ты не знойдзеш,

Не зважаюць на цябе, не паважаюць.


Не прызнаюць, толькі не заплачаш,

Пойдзеш вандраваць па Беларусі.

Дзе хаціну простую ты ўбачыш,

Стукайся, туды заўсёды пусцяць.


А ці разумеюць у палацах,

Што хаваеш скарбы ты народа -

У вёсках паміраючых і хатах?

Іх перадаюць ад роду к роду.


І беднякі ім не дадуць загінуць,

Іх у глыбінях памяці

ізноўку адшукаюць

Наверх як дыяменты ўзнімуць,

І "жабрачку" каралеваю прызнаюць.

Рэчанька

Плыла рэчанька,

плыла - зажурылася,

Хутка - хуценька цякла ды стамілася.

Беражкоў сваіх уздоўж выгінаецца,

Толькі людзі зрэдку ёй сустракаюцца.


Ваду конікі не п'юць. Мо так змучаны?

Дзеўкі песень не пяюць.

Не навучаны?

Коні поле не аруць - распраданыя.

Спеўны голас не пачуць -

перарваны ён.


Лугавіны зараслі і не косяцца,

Зазвінець каса ў расе не папросіцца.

Пад паветкаю вісіць заржавелая,

І душа ў касца баліць састарэлая.


Пазбягае малады вёскі, хутара,

Пальцы хуткія бягуць

па кампутары.

Смела сыкае тут гад, дапаўзаючы

Да жылых колісь хат,

усіх пужаючы.


Апусцела ўсё вакол, абязлюдзела,

І рака імклівы бег замарудзіла

І пачула сябе сіратліваю

Ды пабегла далей нешчасліваю.

***

Я з сялянскага роду.

Ад спрадвечных часоў

Паласой недароду

Бедны продак ішоў.


Ён ішоў з бараною

Па вясновай раллі.

Праз гады збажыною

Мае вершы ўзышлі.


Ў іх - чабору цвіценне,

Шум зялёнай сасны,

Той зямлі прыцягненне,

Дзе мае карані.


Я пішу роднай мовай,

Не пазычу чужой.

І блішчаць срэбрам словы,

Бы з крыніцы жывой.


Хай нас сёння не цэняць,

Мы прыйшлі і пяём.

Мове ўзняцца з каленяў

Дапамогу даём.


Аб пакутнай, збалелай

Кінем кліч у прастор!

Ад яе, ацалелай,

Не пачуем дакор.


І яна расквітнее

Дзіўнай фарбай сваёй!

Беларусь прасвятлее,

Загаворыць на ёй.

Сучасныя мецэнаты і жывапісцы адраджаюць гістарычныя сядзібы

У галярэі "Ракурс" Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі распачаў дзейнасць мастацкі праект "Вяртанне". На ім прадстаўлены жывапісныя палотны са збору графа Іяхіма Храптовіча і дзве кнігі з бібліятэкі Храбтовічаў і сядзібы "Шчорсы".

На адкрыцці выставачнага праекта выступіў прадпрымальнік і мецэнат Дзмітрый Антольевіч Шаўня, які паспрыяў адраджэнню сядзібы " Шчорсы", партрэтыст, сябар Беларускага саюза мастакоў, прафесар Аляксандр Ксяндзоў, а таксама куратар жывапіснага пленэру "Арт-сядзіба" навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства Галіна Флікоп-Світа. Сваімі ўражаннямі падзяліўся кінарэжысёр Уладзімір Арлоў, які здымаў фільм пра сядзібу і бібліятэку Храбтовічаў.

Жывапісец, арт-актывіст і перформер Алесь Пушкін распавёў пра свой удзел ў мастацкім праекце "Вяртанне".

- Каля пяці гадоў таму ўласнік фірмы "Анцінэя", прадпрымальнік Дзмітрый Анатольевіч Шаўня захапіўся ідэяй адраджэння шляхецкіх маёнткаў, пачаў вывучаць дакументальныя крыніцы і збіраць гістарычныя звесткі пра сядзібу Храбтовічаў. Ён выкупіў на аўкцыёне будынак бібліятэкі Храптовічаў і замовіў архітэктару Аляксею Валяеву аформіць інтэр'еры ў стылі ХVIII стагоддзя.

Храбтовічы - старажытны беларускі праваслаўны шляхецкі род, некаторыя прадстаўнікі якога, асабліва Іван Літавор Храбтовіч, у канцы XV - пачатку XVI ст. ігралі прыкметную ролю ў палітычным жыцці дзяржавы. Прадстаўнікам роду ў розных рэгіёнах ВКЛ, пераважна ў Літве ў басейне левых прытокаў верхняга і сярэдняга Нёмана, належала некалькі маёнткаў.

Сядзіба ў Шчорсах у Наваградскім раёне Гарадзенскай вобласці была радавым маёнткам роду Храптовічаў. У 1770-ых гадах па загадзе Іяхіма Храптовіча над палацавым комплексам з вялікім паркам і сажалкамі працавалі Джузепе дэ Сака, Карла Спампані і Якуб Габрыэль. У ХІХ стагоддзі сядзіба Храптовічаў была важным культурным цэнтрам. Асабліва знакамітай была бібліятэка Храбтовічаў - адна з найбуйнейшых бібліятэк на тэрыторыі Беларусі. Працаваць з кнігамі сюды прыязджалі Адам Міцкевіч, Уладыслаў Сыракомля. Ян Чачот некаторы час працаваў у ёй бібліятэкарам.

- Наша першая сустрэча з Дзмітрыем Шаўня адбылася ў 2014 годзе на Міёршчыне, - распавёў Алесь Пушкін, - калі мы, мастакі, сабраліся на пленэр на возеры Абстэрна ля вёскі Мурашкі і малявалі краявіды. Са мной працавалі Алесь Кажамяка, Аляксандр Ксяндзоў, Уладзімір Анішчанка, Зміцер Пятроўскі, Зміцер Буглак, Вера Каўзановіч, Ніна Маргаева, Алесь Марачкін, Генадзь Драздоў і іншыя мастакі з Воршы, Міёраў і Менска.

Потым мы пераехалі ў Шчорсы, дзе Дзмітрый Шаўня адрэстаўраваў альтанку і дом бібліятэкара ў комплексе графоў Храбтовічаў. Калі праца была завершана, там сабраліся мастакі і стваралі жывапісныя эцюды на працягу дзесяці дзён. Нашы карціны ўвайшлі ў новую калекцыю гаспадара. Міхал Анемпадыстаў распарацаваў аздобу парку.

Справа засталася за тым, каб напоўніць прастору легендамі і ўспамінамі, прывабіць турыстаў.

Па выніку трох пленэраў мы зрабілі выніковую выставу ў Нацыянальным гістарычным музеі ў 2019 годзе. У гэтым годзе ўладальнік адрэстаўраванага комплекса падвёў вынік сваёй мецэнацкай дзейнасці, прадставіўшы акварэльныя і жывапісныя працы ў мастацкім праекце "Вяртанне", разгорнутым у Нацыянальнай бібліятэцы.

На выставе акрамя сучасных прац прадстаўлены рэпрадукцыі галандскіх мастакоў ХVII-XVIII стагоддзя, арыгіналы якіх уваходзілі ў калекцыю прадметаў мастацтва Храбтовічаў у часы росквіту сядзібы, а зараз знаходзяцца ў Дзяржаўным музеі выяўленчых мастацтваў імя А. С. Пушкіна ў Маскве. У экспазіцыі - палотны такіх аўтараў, як Ян ван Кесэль, Сімон дэ Улігер, Саламон ван Ройсдал, Філіп Конінк і іншыя. На сёняшні дзень гістарычная спадчына Храбтовічаў узнаўляецца праз дзейнасць сядзібы "Шчорсы" і шэраг валанцёрскіх ініцыятываў.

Э. Дзвінская, фота аўтара. 1. Алесь Пушкін і Аляксей Валяеў; 2. Галіна Флікоп-Світа.

Не ад Эзопа, а ад Язэпа

У апошнія дваццаць гадоў мне давялося шмат паездзіць па абшарах Беларусі. Мець стасункі са знакамітасцямі, а яшчэ больш з простымі людзьмі. Усё што я пабачыў, пачуў, сведкам чаго мне давялося быць, выношу на суд чытача.

Што занатавана тут - адбылося на самай справе. Сістэматызаваць яго не ўяўляецца магчымым і няма сэнсу рабіць тое, бо гэта - жыццё. Жыццё, як яно ёсць.

Мне ехаць трэба

Маладэчна. Ранак. Чыгуначны вакзал. Вось-вось павінен адысці дызель на Ліду. На пероне некалькі дзесяткаў чалавек. Падыходзіць цягнік. У наш вагон сядае шэсць пасажыраў: маладая пара з маленькім дзіцём, мужчына з кабетай ды я. Нечакана да вагона падбягае старэнькая кабета не менш як сямідзесяцігадовага узросту з клункам на плячах і вялізнымі торбамі ў руках. Адразу мкне да дзвярэй, распіхае ўсіх, перапужанае дзіцё заходзіцца плачам. Мужчына пачынае сароміць жанчыну.

- Куды прэш. Хопіць месца ўсім.

Тая толькі і сказала:

- Слухаць я цябе яшчэ буду. Мне ехаць трэба.

Якое там у іх жыццё

У свой час пенсіянеры Гарадзенскай вобласці маглі вольна ехаць у Літву. І тым шмат хто карыстаўся. Гэта была магчымасць людзям мець нейкі прыбытак да сваёй жабрацкай пенсіі, толькі не ўсе тое разумелі. Тады патрапіць на цягнік, што ішоў з Ліды на Беняконі было складана. Адзін раз мне давялося быць сведкам вось такой сцэны.

Дзве кабеты - пенсіянеркі і гэткага ўзросту мужчына распачалі гутарку "за жыццё" і не дзе-небудзь, а ў Штатах. Асабліва старалася рухавая жанчына, у якой былі напакаваны тры вялізныя сумкі, і яна з вялікімі патугамі села ў вагон. Аргументы яе былі бясспрэчныя:

- Як ні кажы, а мы жывём больш-менш па-людску. І пенсію даюць у адно і тое чысло, ды, во, яшчэ паедзеш, нешта прадасі ці купіш - капейка. А то бывае ўкрадзеш - радасць. Чаго тут наракаць - можна жыць, можна. А ты паглядзі, што ў той Амэрыцы робіцца. Негры галадаюць, людзі без работы гібеюць…

Маналог доўжыўся амаль усю дарогу, урэшце мужчына, іхні спадарожнік, не выцярпеў і кажа:

- А ты была ў той Амэрыцы, бачыла, як жывуць?

Пасля такой заўвагі жанчына пачала гаварыць пагрозліва.

- Не была і не бачыла, дый не хачу бачыць, але людзі кажуць. Дый што тут гаварыць. Якое там у іх жыццё! А ты не ўмееш красці - дык маўчы.

Язэп Палубятка.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX