Вярнуцца: 2020

№ 22 (1485)


Дадана: 27-05-2020,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 22 (1485), 27 траўня 2020 г.

ЖЫЛКАВА ВЯСНА

27 траўня - 120 гадоў ад дня нараджэння паэта Уладзіміра Жылкі. Ураджэнец Макашоў, ён пражыў на Нясвіжчыне чатырнаццаць ранніх гадоў. А гэта нямала, амаль палова кароткага жыцця - час станаўлення асобы, фарміравання эстэтычнага густу, подступы да літаратурнай творчасці. Макашоўскія ваколіцы, берагі наўздзіў маляўнічай тут Ушы, родныя паэта, кнігі, якія заўзята чытаў, выхоўвалі песняра красы, чалавека, які насуперак "неспрыяльнаму злому ветру" спавядаў прыгажосць як уратавальную сілу той злавеснай эпохі.

Гэты свет ён пакінуў у няпоўныя 33, у першы дзень вясны, у ссылцы, далёка ад Беларусі, у заволжскім горадзе Уржуме.

Сярод значных літаратурных асоб, якіх дала Беларусі Нясвіжчына, забытае на дзесяцігоддзі і вернутае дзесь пад стагадовы юбілей імя Уладзіміра Жылкі, вартае самага пачэснага стаўлення. Сённяшнія даследчыкі здабыткаў беларускай літаратуры з вышыні нашых дзён выказваюць цалкам верагоднае: каб шчадрэйшы лёс ды іншыя гістарычныя абставіны выдаліся паэту, беларусы значна раней маглі б мець першага літаратурнага Нобеля.

БЭЛЬКА З ДОМА ЖЫЛКІ

Хаце паэта болей за 120. На вуліцы, што вядзе сюды, на пагорак, ад Ушы і млына-вадзяка, яна пазначана нумарам 5. У 1900 годзе, калі нарадзіўся паэт, гэта была не прыватная ўласнасць Жылкаў, а службовае жыллё. Макашовец па прозвішчы Абрамовіч, што служыў у польскай жандармерыі ў Варшаве і меў у вёсцы дзве хаты, здаваў адну ў арэнду дзяржаве. Хата, як казалі ў народзе, была ў два канцы. У адным адкрылі манапольку, у другім жыў з сям'ёй сядзелец той манаполькі Адам Жылка. Ці не пра яе і напіша пазней паэт:

Мне хата з нізкаю страхой

Была мілей за ўсе палацы

І над пакоямі пакой…

Калі патрапляю сюды, заўсёды шукаю зачэпак мінулага, узіраюся ў старадаўняе, ацалелае, не сцёртае часам, што памятае ціхмянага хлопчыка Валодзю, які любіў чытаць кніжкі і мала цікавіўся дзіцячымі гульнямі. Чатырнаццацігадовым, разам з сям'ёй ён назаўсёды пакіне свет свайго дзяцінства і падасца ў свет іншы - шырокі, ды суровы.

За сто гадоў неаднойчы змяняліся гаспадары гэтай хаты. І кожныя імкнуліся нешта перарабіць-перайначыць на свой густ і патрэбу. Вось і нядаўнія - працавітая і гаспадарлівая пара, Наталля і Уладзімір Савінавы - таксама паклапаціліся пра вонкавы і ўнутраны выгляд свайго жылля. З ахвотай і гонарам паказвалі сядзібу, двор, агарод, свае пераробкі, каб асучасніць і падмацаваць старую будову. А мне карцела паглядзець на адпаліраваную дотыкам рук старасвецкую клямку ў дзвярах, сцяну ў каморы ды… бэльку з сучком. Падаваўся той сучок вокам мінуўшчыны, вокам, што як некалі, так і цяпер, не міргаючы, глядзіць на кожнага, хто заходзіць сюды. Глядзіць ці то з цікаўнасцю, ці то са спадзяваннем, ці то з дакорам.

СУЧАСНІК ПАЭТА

На рубяжы стагоддзяў падчас школьнай літаратурнай экспедыцыі ў Макашы я, дый мае вучні, падумвалі, а то і прамаўлялі, што Жылка, пры лепшых, больш спрыяльных абставінах, мог бы дажыць да нашых дзён. Наводзіла на такія думкі-высновы знаёмства з сучаснікам паэта, карэнным макашоўцам Іванам Ільічом Абрамовічам (1902-2005 гг.), узрост якога падбіраўся тады пад сотню гадоў. Разважлівы дзядок, што жыў на ўскрайку вёскі, не быў асабліва гаваркім, але ў сваіх успамінах і сведчаннях імкнуўся быць гранічна праўдзівым, дакладным (мо таму, што ўпершыню наведалася да яго такая вялікая грамада, робіцца гукавы запіс). Іван Ільіч стаўся тады для нас сапраўдным адкрыццём. Малодшы за Уладзіміра Жылку толькі на два гады, ён у вучобе ішоў за ім: вучыўся спачатку ў царкоўна-прыходскай школе ў Гарадзеі, пасля, як і Жылка, у гарадскім вучылішчы ў Міры. Бацькі, як казаў, заўсёды ставілі яму Валодзю ў прыклад. Зрэдчас той дапамагаў яму ў вучобе.

Сем'і Жылкаў і Абрамовічаў сябравалі, збіраліся разам на святы. Бацька Івана быў хрышчоным бацькам Уладзіміра (хрысцілі яго ў Ішкальдзі; на той час старажытны храм быў праваслаўнай царквой). Нагодай для прыязных стасункаў паміж сем'ямі з'яўлялася тое, што роднай вёскай для маці Уладзіміра Жылкі і маці Івана Абрамовіча было недалёкае ад Макашоў Падлессе. З характарыстык Івана Ільіча, бацька паэта запомніўся яму вясёлым чалавекам, заўсёды рухавым, энергічным, гаваркім, а маці - вельмі прыгожай, далікатнага абыходжання жанчынай, з мяккім голасам. "Ці складаў Валодзя вершы? - задаваўся пытаннем Іван Ільіч. - Мо і складаў, але я пра тое не ведаў".

Пасля 1914 г. Іван Абрамовіч з Уладзімірам Жылкам больш не сустракаўся, толькі зрэдчас сякія-такія чуткі пра яго заляталі ў Макашы.

РАМАНЕЙКІ

Макашэвіч. Такі псеўданім, з некальмі варыянтамі яго падачы, быў у Жылкі. У гэтым несумненны знак увагі паэта да той зямлі, дзе ён пабачыў свет, дзе "ўчуў пад спелы жыта шум дзівосных сіл жывыя токі".

Але праз чатырнаццаць гадоў жыцця ў Макашах і пазней, калі захварэў, мела яго душа яшчэ адзін вабны куток-прытулак - Падлессе. Вёска непадалёк ад Макашоў (цяпер Стаўпецкі раён) - радзіма маці, Таццяны Ануфрыеўны з роду Раманейкаў. Праўда, Уладзімір Мікалаевіч Раманейка, пляменнік паэта, з якім мне давялося ў свой час сустракацца і гутарыць, удакладняў, што дзед Ануфры жыў не ў самой вёсцы, а на паўночны ўсход ад яе, на хутары.

Тут, у дзеда, любіў летаваць Уладзімір - слухаў быліцы "аб даўнім і сівым, пра войны, панства, войтаў, русалак і начніц…", браў урокі сялянскага жыцця, вучыўся касіць, баранаваць, спазнаваў адвечную радасць працы на зямлі. Па словах Уладзіміра Мікалаевіча, знакаміты санет "Меч" мае хутарское "паходжанне". Бо сапраўды быў выпадак, калі Уладзімір выараў з зямлі рэшткі ці то старадаўняй шаблі, ці то мяча. Зразумела, што для хлопчыка-падлетка гэта было запамінальнае здарэнне. Пазней, у 1924 годзе, яно ўсплыве ў памяці і стане вобразнай асновай для напісання аднаго з самых вядомых і глыбока патрыятычных вершаў.

Памёр дзед Ануфры ў 1926 годзе. Патрыярх роду Раманейкаў, чалавек, якога так любіў і шанаваў Уладзімір Жылка, пахаваны на гарадзейскіх могілках. Знакаміты ўнук толькі на 7 гадоў перажыў свайго дзеда. Абмінула паэта і апошняе чалавечае шчасце - быць пахаваным на роднай зямлі. Чужыя людзі паклалі яго ў чужы дол.

Дачка паэта Наталля Лазарава да апошніх дзён не губляла стасункаў з нашчадкамі роду Раманейкаў, разам з дзядзькам Барысам збірала па сціплых людскіх успамінах бацькаў лёс, пісала лісты ў Гарадзею, дасылала кнігі паэзіі. Сяброўскія стасункі мела з Маргарытай Рулёвай, пляменніцай бацькі. Звязвала гэтых жанчын не толькі блізкае сваяцтва, але і прафесійнае вызначэнне - настаўніцтва. Тут, у Гарадзеі, дасёння захоўваюцца паштоўкі і лісты ад Наталлі Лазаравай, фотаздымкі з сямейнага архіва. Захоўваю і я для будучага музея зборнік Жылкі, які ў 1985 годзе даслала яна Уладзіміру Раманейку з надпісам: "Уладзіміру на памяць - вершы твайго дзядзькі У. Жылкі, які вельмі паважаў матчыну радню - Раманейкаў".

100 ДУБОЎ ДЛЯ ЖЫЛКІ

Не задалася юбілейная вясна Жылкі. Нялюдскія хваробы-навалы як праз жыццё паэта, так і сёлета перашкаджаюць, не даюць магчымасці сабрацца шырокім беларускім светам, каб ушанаваць нацыянальна-адраджэнцкую паэзію і ўзорны еўрапейскі талент нашага земляка.

Як прадчуваючы гэта, яшчэ мінулай вясной зацікаўленая грамадскасць Нясвіжчыны зладзіла акцыю "100 дубоў для Жылкі". Спачатку ў Гарадзеі, на беразе Ушы, а праз некалькі дзён у Макашах саджалі дужыя і даўгавечныя дрэвы, нібыта спраўджвалі тастамант макашоўскага шукальніка красы, пекнаты, хараства. З-за спякоты-сухмені не ўсе з тых маладых саджанцаў прыжыліся. Ды будзем верыць ў новыя свежыя вёсны, саджаць дрэвы, учытвацца ў Жылкавы палімпсесты, вандраваць па яго дарогах і, дай Бог, даедзем-дойдзем да яго далёкай магілы, а тут, у Нясвіжы ці Гарадзеі, пабачым вуліцу яго імя ды парупімся пра музейную экспазіцыю. Паэт зрабіў, што мог, цяпер - нам старацца.

Наталля Плакса, Нясвіж. Подпісы да фота: 1 Уладзімір Жылка (1900-1933 гг.). 2 Сучаснік паэта Іван Абрамовіч. 1996 г. 3. Уладзімір Раманейка на магіле дзеда Ануфрыя. 2005 г. 4. На памяць ад дачкі паэта.

Гістарычныя сюжэты сілкуюць дух

І ў трывожныя часы ні на хвіліну не спыняецца стваральны працэс у беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі. Сваімі перажываннямі і творчымі планамі падзяліліся вядомы празаік лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Генрых Далідовіч і мастак Мікола Купава.

- Увесь свет занепакоены нечаканай пагрозай, - рэагуе спадар Генрых. - Хаця, з аднаго боку, многія кажуць, што мы перажывалі і не такое, але варта засцерагчыся, паберагчы адзін аднаго. Каб не трапіць у вір небяспекі і не прынесці шкоды іншым людзям, мы з жонкай з сакавіка жывём на лецішчы на станцыі Зялёнае. Мне падабаецца працаваць на зямлі, і гэта прыносіць мне супакой.

Апошнім часам я працаваў над працягам рамана "Кліч роднага звона". У кнізе распавядалася пра першыя самастойныя крокі і ўзвышэнне Наваградка як горада, княства i цэнтра будучай дзяржавы ў далёкім XIII стагоддзі. Гісторыя Беларусі - арыенцір маёй творчасці.

У свой аповед я наўмысна не ўключыў момант каранацыі Міндоўга, бо на той час, калі пісаўся раман ў 1996 годзе, я не меў дастаткова дакументаў і звестак. Потым, адшукаўшы неабходныя крыніцы і кнігі, я апісаў гэты гістарычны момант, як па дабраславенні Папы Рымскага Інакенція Міндоўг і яго жонка Марта 6 ліпеня 1253 года сталі каралём і каралевай Літвы.

Атрымалася, з аднаго боку, быццам бы частка рамана, а з другога - самастойны твор пад назвай "Каранацыя", які выйшаў у 2-ім нумары часопіса "Дзеяслоў". Ва ўступе да твора я напісаў, як натхніў мяне Мікола Ермаловіч заняцца гістарычнай тэматыкай, і чаму я распрацоўваў тэму, якую закраналі гісторыкі Мікалай Карамзін і Сяргей Салаўёў.

Некаторыя дакументы я знайшоў у Польшчы. Там жывуць мае родныя - 88-гадовая сястра бацькі і 10 стрыечных братоў і сясцёр. Гэта людзі нашага Налібоцкага краю, выхадцы з вёскі Янковічы, якія перасяліліся ў Польшчу. Нас у сям'і было шасцёра дзяцей, мае браты і сёстры дагэтуль жывуць у Стаўпецкім раёне.

Пра творчыя задачы распавёў вядомы мастак і графік Мікола Купава.

- Сёлета ў лістападзе спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Да гэтай даты будзе падрыхтавана мастацкая выстава, якая пройдзе спачатку восенню ў Менску, потым - у Оршы.

Мастацкай імпрэзай будзе адзначана святкаванне 400-годдзя прыняцца Магдэбурскага права Оршай. 13 снежня 1620 года Орша атрымала права на самакіраванне і герб - срэбраны крыж і паўмесяц пад ім.

У наступным годзе для нас будуць важнымі даты 100-годдзя з дня народзінаў Міколы Ермаловіча (1921), які стаў пачынальнікам новай плыні ў гістарыяграфіі і 400 гадоў перамогі пад Хацінам (1621) у Малдавіі ў час вайны Рэчы Паспалітай і Турцыі.

У верасні - кастрычніку 1621 года войскі Рэчы Паспалітай пад камандаваннем Яна Хадкевіча і кантынгента ўкраінскага казацтва пад камандаваннем Пятра Сагайдачнага змагаліся з турэцка-татарскім войскам. Перамога Рэчы Паспалітай мела вялікае міжнароднае значэнне. Гэтая бітва прымусіла Турцыю адмовіцца ад планаў заваявання Еўропы.

Таму мастакі рэагуюць на важныя даты нашай гісторыі арганізацыяй выстаў і новымі творамі.

Гутарыла Эла Дзвінская.

90 гадоў з дня нараджэння Івана Цішчанкі

Цішчанка Іван Кірылавіч нарадзіўся 22.05.1930 г. у в. Улукі, Слаўгарадскага раёна, Магілёўскай вобласці. Беларускі фалькларыст, літаратуразнавец. Кандыдат філалагічных навук (1969), прафесар (1994).

Да вайны І. Цішчанка скончыў 3 класы Улуцкай пачатковай школы. У гады вайны за дапамогу партызанам быў схоплены карнікамі, цудам выратаваўся ад расстрэлу.

Пасля вайны вучыўся ў Слаўгарадскай СШ. У 1956 г. скончыў філалагічны факультэт БДУ і выкладае мову і літаратуру ў Менскім тэхнікуме харчовай прамысловасці (1956-1957). З моманту заснавання Інстытута мастацтва, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі (1957) працуе ў ім малодшым, а з 1971 г. старшым навуковым супрацоўнікам. З 1992 г. - дацэнт, загадчык кафедры фальклору Беларускага ўніверсітэта культуры. У 1968 г. паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю.

Штогод прымаў удзел у фальклорных экспедыцыях па зборы вуснай народнай паэзіі, удзельнічаў у падрыхтоўцы першага навуковага выдання "Беларускі эпас". Ім запісаны сотні твораў розных фальклорных жанраў.

Упершыню ў друку І. Цішчанка выступіў з фельетонам "Маўклівая размова" ў Слаўгарадскай раённай газеце "Ленінскае слова" ў 1951 г. Пад псеўданімамі І. Улукскі і Ц. Цагельны выступаў у раённым друку з крытычнымі допісамі і фельетонамі. Першыя яго публікацыі па пытаннях фалькларыстыкі і гісторыі літаратуры ў рэспубліканскай перыёдыцы датуюцца 1956 г. Даследуе праблемы гісторыі беларускай фалькларыстыкі, жанры фальклору, міфалогію. З 1965 г. удзельнічае у падрыхтоўцы шматтомнага акадэмічнага збору беларускага фальклору.

Выдаў манаграфіі "Беларуская частушка. Пытанні генезісу жанру", "Жыццё песні", "Да народных вытокаў". У серыі БНТ падрыхтаваў тамы "Жартоўныя песні" (адбор, сістэматызацыя тэкстаў, уступы артыкул, каментарыі), "Песні пра каханне", "Сямейна-бытавыя песні", "Прыпеўкі", "Сацыяльна-бытавыя песні" (разам з В. Скіданам). Адзін са складальнікаў зборнікаў "Беларускія частушкі", "Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны", "Паэзія змагання", сааўтар манаграфіі "Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць", "Беларуская фалькларыстыка". Адзін з аўтараў падручнікаў, дапаможнікаў, хрэстаматый і праграм па фальклоры для студэнтаў ВНУ рэспублікі. Аўтар літаратуразнаўчых і крытычных артыкулаў аб творчасці Л. Талстога, М. Горкага, А. Міцкевіча, А. Багдановіча, Т. Шаўчэнкі і інш., аб беларуска-руска-ўкраінскіх сувязях, рэцэнзій на творы сучасных беларускіх пісьменнікаў. Займаўся даследваннем аўтарства ананімнай гутаркі "Во цяпер які люд стаў". Яго пяру належыць апавяданне "Склезень" (Маладосць. 1988, № 4). Напісаў сцэнарыі дакументальных фільмаў "Бывайце здаровы" (1981, пра А. Русака), "Песня на ўсё жыццё" (1986, пра Р. Шырму, суаўтар А. Ліс), "Вяртанне Міхася Забэйды" (1990, суаўтар П. Марчук).

Выступаў з навуковымі дакладамі на розных міжнародных кангрэсах. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1986 за ўдзел у падрыхтоўцы шматтомнага выдання "Беларуская народная творчасць"). Узнагароджаны Ганаровымі граматамі, медалём. Памёр 22.02.2001 г.

Вікіпедыя.

Лявон Баршчэўскі: "Без беларускамоўнага ВНУ школа і мова застануцца ў прыгнечаным стане"

19 траўня 1929 года ў Вільні адбыўся нелегальны з'езд Таварыства беларускай школы. Амаль праз стагоддзе Таварыства працягвае сваю дзейнасць у спецыфічных умовах сучаснай Беларусі. Пра далейшы шлях Таварыства беларускай школы і сучасную школу Беларусі Радыё Рацыя пагутарыла з філолагам, перакладчыкам, грамадскім дзеячам Лявонам Баршчэўскім.

РР:

- Якое становішча Таварыства беларускай школы зараз і куды яно рухаецца ў сваім развіцці?

Лявон Баршчэўскі:

- Рэч у тым, што Таварыства беларускай школы адроджана, і яго ідэя саспела яшчэ ў той кароткі час дэмакратызацыі. Але, на жаль, калі прыйшлі да ажыццяўлення, у адрозненні ад Таварыства беларускай мовы, якое было раней, адраджалі яго пасля 1994 года, і магчымасць дзейнасці стала мізэрнай. Калі б удалося яго адрадзіць у 1992 годзе, яно сыграла б куды большую ролю. Фактычна Таварыства беларускай школы было адроджанае пад кіраўніцтвам Генадзя Пятроўскага, былога намесніка міністра адукацыі, удзельнічалі і дырэктары, прымалі ўдзел яшчэ ў першым паседжанні. Але яго рэальная дзейнасць пачалася ў той час, калі ўсё беларускае душылася, калі беларуская школа знішчалася. Таварыству заставалася толькі весці маніторынг пра тое, колькі знішчылі за чарговы год школ, прапаноўваць нейкія альтэрнатыўныя канцэпцыі і праграмы, нават падручнікі. Але гэтая ўлада ніколі не ўступала ў ніякі дыялог з Таварыствам беларускай школы. Насуперак Канстытуцыі, насуперак законам, калі грамадскасць удзельнічае ў фарміраванні адукацыйнай палітыкі, улады ігнаравалі на 100 працэнтаў. І на сёння фактычна ніводная прапанова непасрэдна ад Таварыства беларускай школы не была прынятая ўладамі. Бывала, што праз нейкіх пасярэднікаў, выходзілі на нейкіх чыноўнікаў, а яны ўносілі ад свайго імя нейкія прапановы, гэта дзесьці магло прайсці. Але, на жаль, улада цалкам ігнаруе трэці сектар. Ну для вас гэта не навіна.

РР:

- Ці можна сказаць, што паміж Таварыствам беларускай школы і ўладамі існуе хаця б мінімальны дыялог?

Лявон Баршчэўскі:

- Фактычна яго няма. Бываюць асобныя чыноўнікі, удзельнічаюць у дыскусіях, напрыклад, нядаўна быў "круглы стол", прысвечаны сусветнаму маніторынгу ведаў, ТБШ арганізавала "круглы стол", прыйшло некалькі шараговых чыноўнікаў, у тым ліку з міністэрства адукацыі, нават выступалі, але фактычна на неафіцыйнай аснове, ніякіх абавязкаў на сябе яны не маглі ўзяць, не таго ўзроўню. Яны паслухалі, паскардзіліся. На чалавечым узроўні кантакт ёсць з некім, але вось на афіцыйным яго няма. Міністэрства адукацыі робіць выгляд, што Таварыства беларускай школы не існуе.

РР:

- Ці ёсць месца для беларускай мовы ў сучаснай адукацыі?

Лявон Баршчэўскі:

- Няма ўніверсітэтаў, якія працуюць на беларускай мове. Цяпер жа сітуацыя іншая, не 60-ыя і 70-ыя гады, калі 15% школьнікаў ішлі вучыцца ва ўніверсітэты, астатнія ішлі працаваць, у тэхнікумы, вучэльні прафесійныя. Цяпер у нас 80% ідзе ў ВНУ. Калі ў ВНУ няма адукацыі на беларускай мове, які сэнс бацькам дбаць пра тое, каб яны ў школе вучыліся на беларускай мове. Я ў курсе, як б'ецца ўжо тры гады ініцыятыўная група па стварэнні ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча. Да гэтай пары не вырашана пытанне, каб арганізаваць вучэбную дзейнасць, дазволу яны не маюць. Яны зарэгістраваны як юрыдычная асоба, праводзяць нейкія спадарожныя мерапрыемствы, але на вучэбную дзейнасць ліцэнзіі ім не выдаюць. Шукаюць розных зачэпак. Маўляў, гэтая спецыяльнасць Беларусі не патрэбная. Дык гэта не ваша праблема. Гэта ж прыватная навучальная ўстанова. Яна вызначае, што трэба. А з міністэрства кажуць, гэтая спецыяльнасць не патрэбная, значыць вы не маеце права яе адкрываць. Вось на такім узроўні адбываецца дыялог.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці вучнёўскай моладзі

(Працяг. Пач. у папяр. нумарах.)

Аналізуючы вынікі даследавання сярод студэнтаў, можна зрабіць наступныя высновы:

1. Большасць студэнтаў добра ведае, згодна з адказамі, гісторыю Расіі (82%), Беларусі (68,6%), Польшчы (44%), Англіі (38,6%) Францыі (38,3%), Нямеччыны (36,8%), ЗША (36,1%), Украіны (31,8%), Літвы (26%).

2. 45,9% рэспандэнтаў лічыць, што гісторыя Кіеўскай Русі з'яўляецца пачаткам гісторыі Беларусі, 40,4% - што "не". Прычым "так" адказалі 44,7% беларусаў і 64,2% рускіх.

3. Большасць апытаных студэнтаў сцвярджае, што як Крэўская унія (41,9%), так і Люблінская (42,2%) аказалі пазітыўны ўплыў на развіццё гісторыі Беларусі.

4. 56,9% студэнтаў лічаць, што падзелы Рэчы Паспалітай аказалі негатыўны ўплыў на развіццё гісторыі Беларусі, а 26,4% - што пазітыўны. Прычым, прыкметна, што рускія болей пазітыўна ацанілі гэтую з'яву, чым беларусы.

5. Далучэнне зямель Беларусі да царскай Расіі, на думку 52,1% беларусаў і 76,5% рускіх, прыспешыла эканамічнае і культурнае развіццё Беларусі.

6. 44,7% беларусаў і 53,9% рускіх лічаць, што далучэнне зямель Беларусі да СССР таксама прыспешыла яе эканамічнае і культурнае развіццё.

7. Распад Савецкага Саюза 47,7% рэспандэнтаў, сярод якіх 48,9% беларусаў і 57,1% рускіх, ацанілі як негатыўную з'яву, а 30,7% - як пазітыўную.

8. Вялікую Кастрычніцкую рэвалюцыю 53,4% студэнтаў ацанілі як з'яву, якая негатыўна ўплывае на гісторыю Беларусі, а 21,7% - пазітыўна.

9. Дзейнасць Беларускага Народнага Фронту 57,5% беларусаў і 32,7% рускіх ацанілі пазітыўна, а 18,3% беларусаў і 38,5% рускіх - негатыўна.

10. 77,6% рэспандэнтаў лічаць, што праваслаўная царква спрыяла развіццю культуры і навукі на тэрыторыі Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны ў ХVII стагоддзі. Другія ж цэрквы (рыма-каталіцкая, грэка-каталіцкая, пратэстанцкая) былі ацэнены намнога ніжэй, нават ніжэй, чым у выкладчыкаў. Параўнаем: выкладчыкі (78,6% - рыма-каталіцкая, 82,1% - грэка-каталіцкая; пратэстанцкая - 75%; студэнты (48%, 43%, 43,7% адпаведна).

11. 77,6% студэнтаў сцвярджаюць, што ў гісторыі Беларусі ёсць многа агульнага з заходне-еўрапейскай культурай, а 64,6% - што і з візантыйска-ўсходняй.

Такім чынам, падводзячы вынікі даследавання сярод выкладчыкаў і студэнтаў, можна зрабіць агульныя высновы:

1. Непаслядоўнасць і супярэчлівасць у адказах рэспандэнтаў звязаны, на нашу думку, у першую чаргу з той неразбярыхай і хаосам, якія пануюць сёння ў беларускай гістарычнай навуцы. Таму ў цяперашні час адной з галоўных задач з'яўляецца стварэнне нацыянальнай канцэпцыі гісторыі Беларусі.

2. Большасць рэспандэнтаў лічыць, што добра ведае гісторыю Беларусі. Але ж, на наш погляд, не могуць быць добрымі веды гісторыі Беларусі без такіх жа ведаў гісторыі Літвы і Польшчы.

3. Амаль ва ўсіх універсітэтах першыя курсы прадэманстравалі лепшыя веды гісторыі Беларусі, чым пятыя курсы.

4. На характар і змест адказаў рэспандэнтаў, на нашу думку, уздзейнічалі наступныя абставіны: месца правядзення даследавання, пачуццё патрыятызму, выкладчыцкі склад. Так, адказы гомельскіх студэнтаў маюць расейска-савецкую арыентацыю, гродзенскіх - слаба прыкметную польскую. Пачуццё патрыятызму праявілася ў рэспандэнтаў у тым, якую краіну яны лічаць сваёй: ці Беларусь, ці Расію, ці былы СССР. I, урэшце, памылковыя, супярэчлівыя адказы студэнтаў часцей за ўсё супадалі з такімі ж адказамі выкладчыкаў. I гэта зразумела. Як выкладчыкі, так і студэнты працавалі па адных падручніках расейска-савецкай арыентацыі. Па-гэтаму сёння як мага хутчэй трэба забяспечыць сярэднюю і вышэйшую школы новымі падручнікамі па гісторыі Беяарусі. Менавіта падручнікамі М. Ермаловіча, У. Ігнатоўскага, В. Ластоўскага.

5. Самымі знакамітымі асобамі ў гісторыі Беларусі пераважная большасць рэспандэнтаў назвала: Ф. Скарыну, Е. Полацкую, К. Каліноўскага, Вітаўта.

6. Вельмі важнымі для гісторыі свету былі і ёсць, на думку большасці рэспандэнтаў, наступныя з'явы: дзейнасць вялікіх людзей, рэлігіі, развіццё школ, барацьба за правы чалавека, рэвалюцыі, з'яўленне нацыянальных дзяржаў.

Будучыню яшчэ адной нацыянальнай дзяржавы - Рэспублікі Беларусь рэспандэнты бачаць такой: 65,3% студэнтаў і 78,6% выкладчыкаў лічаць, што лепшай формай дзяржаўнасці і ўлады для Беларусі з'яўляецца дэмакратычная, шматпартыйная сістэма з моцным парламентам.

18,4% студэнтаў і 14,3% выкладчыкаў сцвярджаюць, што нашай рэспубліцы патрэбны моцны антыкамуністычны ўрад на чале з прэзідэнтам. Па якому з гэтых шляхоў пойдзе наша дзяржава, які шлях выбера беларускі народ, пакажа жыццё. Будзем спадзявацца, што выбар гэты будзе правільным, з улікам інтарэсаў кожнага грамадзяніна.

Л I ТАРАТУРА:

1. М. Ермаловіч. Старажытная Беларусь. - Мінск, "Мастацкая літаратура", 1990.

2. У. Ігнатоўскі. Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX стагоддзяў. - Менск, 1925.

3. У. Ігнатоўскі. Кароткі нарыс гісторыі Бедарусі. - Мінск, "Беларусь", 1992.

4. Каханоўскі А.Г., Каханоўскі Г.А. Руплівец нашай старасветчыны. - Мінск, 1991.

5. В. Ластоўскі. Кароткая гісторыя Беларусі. - Мінск, "Універсітэцкае", 1992.

6. 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. - Мн.; рэдакцыя газеты "Звязда", 1993 г.

7. К.Тарасов. Память о легендах: Белорусской старины голоса и лица. - Мн., "Полымя", 1984 г.

АНАЛІТЫЧНАЯ ЗАПІСКА ПА ТЭМЕ "ФАРМІРАВАННЕ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ САМАСВЯДОМАСЦІ ВУЧНЁЎСКАЙ МОЛАДЗІ"

Заказчык: Камісія па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.

Выканаўца: навукова-даследчы калектыў кафедры сацыялогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Адказны выканаўца тэмы:

вядучы навуковы супрацоўнік К. Лапіч.

Навуковы кіраўнік тэмы:

прафесар Г. Давідзюк.

Мінск, 1994.

З М Е С Т

УСТУ П.

§ 1. Нацыянальная самасвядомасць студэнтаў-філолагаў. (Вынікі даследавання ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.)

§ 2. Нацыянальна-культурнае адрадаэнне і студэнцкая моладзь. (Вынікі даследавання ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце.)

ЗАКЛЮЧЭННЕ.

Аўтарскі калектыў:

§ 1. Давідзюк Г.П.

§ 2. Лапіч К.Г. (уступ, заключэнне).

УСТУП

Сёння, калі Рэспубліка Беларусь набыла незалежнасць і суверэнітэт, калі беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай, вялікае значэнне для нацыянальна-культурнага адраджэння мае працэс развіцця і ўмацавання нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, асабліва ў моладзі.

Нацыянальная самасвядомасць, яе фарміраванне і развіццё адносяцца да самых складаных праблем грамадскай свядомасці наогул. Як грамадская свядомасць з'яўляецца адлюстраваннем грамадскай рэчаіснасці, так і нацыянальная самасвядомасць выражае ўсведамленне этнасам самаго сябе і свайго этнічнага асяроддзя.

Нацыянальная самасвядомасць фарміруецца на двух узроўнях: тэарэтычным (навуковым) і штодзённым (масавым). Штодзённая (масавая) нацыянальная самасвядомасць - гэта этнічння стэрэатыпы, прымітыўныя ўяўленні і домыслы.

Навуковая (тэарэтычная) нацыянальная самасвядомасць - гэта, у асноўным, нацыянальная ідэалогія, навуковыя канцэпцыі, праграмы палітычных партый.

Калі ўзровень масавай самасвядомасці ўзнікае натуральна, пад уздзеяннем аб'ектыўнай рэчаіснасці, то навуковая (тэарэтычная) самасвядомасць фарміруецца пад уплывам асноўных яе носьбітаў: мастацкай інтэлігенцыі, навуковай інтэлігенцыі, выкладчыкаў ВНУ і настаўнікаў сярэдніх школ, ВТУ. I па-гэтаму ў фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці бадай што самую галоўную ролю адыгрывае сярэдняя і вышэйшая школа. Вучэбна-выхаваўчы працэс з'яўляецца вядучым фактарам не толькі ў фарміраванні светапогляду грамадзянскай свядомасці моладзі, але і ў фарміраванні яе нацыянальнай самасвядомасці. I неабходныя сродкі ў школы для гэтага ёсць; лекцыі, семінарскія і практычныя заняткі дапамагаюць усвядоміць неабходнасць ведання беларускай мовы, нацыянальнай гісторыі і культуры і неабходнасць карыстання гэтымі ведамі ў жыцці.

Сістэма вышэйшай філалагічнай адукацыі прадугледжвае засваенне студэнтамі комплексу ведаў па тэорыі, гісторыі і метадалогіі лінгвістыкі. Аднак сёння, вырашаючы задачы нацыянальнага адраджэння, вышэйшая школа павінна рыхтаваць будучых педагогаў - філолагаў з высокім узроўнем нацыянальнай самасвядомасці, нацыянальнай годнасці, якія будуць ведаць і шанаваць духоўную спадчыну і змогуць развіць пачуццё любові да роднага краю, беларускай мовы, народных традыцый у сваіх выхаванцаў.

Вызначэнню асноўных сродкаў і метадаў фарміравання нацыянальнай самасвядомасці студэнтаў-філолагаў, яе ўзроўню і было прысвечана сацыялагічнае даследаванне, якое праводзілася ў лютым - сакавіку 1994 года ў Беларускім дзяржаўным універсітэце і Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце.

Усяго было ахоплена анкетным апытаннем 465 чалавек. Сярод якіх у БДУ: 147 чал. (беларускае аддзяленне), 129 (рускае аддзяленне); БДПУ - 82 чал. (факультэт беларускай філалогіі і культуры), 107 чал. (факультэт рускай філалогіі).

У асноўным, анкетным апытаннем былі ахоплены студэнты 1- 4 курсаў БДУ і 1- 3 курсаў БДПУ. Прынялі ўдзел у даследаванні на беларускім аддзяленні БДУ 88,4% беларусаў, 4,8% - палякаў, 2,8% - расіян:

на рускім аддзяленні - 62,8% - беларусаў, 24,0% - расіян, 3,1% - украінцаў, 3,1% - палякаў.

На беларускім аддзяденні БДПУ ўдзельнічалі ў даследаванні 90,2% - беларусаў, 2,4% - украінцаў, 2,4% - палякаў;

на рускім аддзяленні: 75,7% беларусаў, 17,8% - расіян, 2,8% - палякаў, 1,9% - украінцаў.

У ходзе даследавання была прыменена многаэтапная 25% квотная выбарка. Акрамя анкетнага апытання былі выкарыстаны і такія сацыялагічныя метады, як аналіз дакументаў, нестандартызаванае інтэрв'ю.

§ 1. Нацыянальная самасвядомасць студэнтаў-філолагаў (вынікі даследавання ў Беларускім дзяржаўным універсітэце)

Аналіз матэрыялаў сацыялагічнага даследавання, праведзенага ў студзені-лютым 1994 года на філалагічным факультэце БДУ, пацвердзіў высновы сацыялагічных даследаванняў студэнцкай модадзі, праведзеных у 1992-1993 гг. на гістарычных факультэтах БДУ, Гомельскага і Гродзенскага ўніверсітэтаў, што нацыянальнае адраджэнне беларускай мовы і культуры ў ВНУ рэспублікі ідзе дрэнна. Беларускія ВНУ не павышаюць нацыянальную самасвядомасць студэнтаў, а яна паніжаецца ад першага да апошняга курса.

Як дарослыя расіяне, так і моладзь расійская, навучаючыся ў ВНУ Беларусі, выступаюць супраць беларускай мовы, патрабуюць увядзення ў Беларусі дзяржаўнага двухмоўя. Як дарослыя беларусы, так і студэнцкая моладзь, лічаць, што беларускія ўлады (Вярхоўны Савет, Урад і мясцовыя савецкія органы) не спрыяюць нацыянальнаму адраджэнню, асабліва адраджэнню беларускай мовы. Студэнты першага курса лепш ведаюць беларускую культуру, мову, гісторыю, чым студэнты ІV курса.

Сацыялагічныя даследаванні ўскрылі вельмі небяспечную тэндэнцыю ў навучальным працэсе. Усё тое, што дасягаецца ў сярэдняй школе па павышэнні ведаў беларускай мовы ў вучняў, у ВНУ знішчаецца. Чытаныя лекцыі, праводзімыя заняткі па ўсіх дысцыплінах на расейскай мове "робяць" сваю справу. Студэнты паступова, ад курса да курса, губяць веды па беларускай мове, паколькі няма патрэбнасці ёю карыстацца на працягу пяці гадоў вучобы.

(Працяг у наст. нумары.)

Як вы мову назавяце…

Для ўступлення ў NАТО і ЕС македонцам давялося перайменаваць краіну. Аднак гэтага аказалася мала - цяпер прапануюць перайменаваць і мову.

Натуральна, усе памятаюць нядаўнюю спрэчку паміж Афінамі і Скоп'е наконт таго, як павінна называцца былая югаслаўская рэспубліка Македонія. Пратэстуючы супраць спробаў паўночных суседзяў прыватызаваць міф пра Аляксандра Македонскага, грэкі амаль 30 гадоў тармазілі ўсе спробы Скоп'е на шляху ў NАТО і ЕС. Кампраміс быў дасягнуты толькі ў мінулым годзе, калі македонцы пагадзіліся называць свой край "Паўночнай Македоніяй".

Пасля краіну ледзь не адразу, у сакавіку гэтага года, запісалі ў Паўночна-Атлантычны альянс. А вось далучыцца да ЕС на такой рэактыўнай хуткасці ў Паўночнай Македоніі дакладна не атрымаецца. Як толькі Брусель пагадзіўся пачаць кансультацыі наконт перспектываў уступлення краіны ў саюз, з'явілася новая сур'ёзная перашкода. Суседняя Балгарыя прыстрашыла заблакаваць перамовы ў выпадку невыканання Скоп'е шэрагу сваіх патрабаванняў.

Пакет патрабаванняў утрымлівае шмат цікавых пунктаў. Напрыклад, у Сафіі заклікаюць Скоп'е прызнаць, што ў Балгарыі няма македонскай этнічнай меншасці. Але самы арыгінальны пункт тычыцца моўнага пытання. Балгарскі ўрад вымагае паўночных македонцаў называць сваю мову "балгарскай". Паводле словаў дырэктара балгарскага МЗС Кацярыны Захарыевай, "македонская мова - заходне-балгарскі дыялект з дамешкам сербскай".

Увогуле, тэорыя пра тое, што македонцы - гэта балгары, папулярная ў Балгарыі. Лічыцца, што "не балгарамі" македонцаў зрабілі ўлады сацыялістычнай Югаславіі для дасягнення дзвюх стратэгічных мэтаў. Па-першае, трэба было неяк легітымізаваць тэрытарыяльныя апетыты на поўначы Грэцыі, асабліва адносна партовага горада Салонікі. Па-другое, балгарская ідэнтычнасць мясцовых жыхароў не выключала сцэнару паўстання руху за выхад з Югаславіі і аб'яднання з Балгарыяй. У рамках стварэння нацыі македонцаў на базе дыялекту балгарскай быў створаны і такі атрыбут, як македонская мова.

Версія не паўстала на голым месцы. У гэтым балканскім рэгіёне гістарычна дзейнічалі балгарскія палітычныя рухі. Аднак так ці інакш, толькі 3 працэнты насельніцтва Паўночнай Македоніі (паводле апошняга перапісу) адносяць сябе да балгар. Зрэшты, у часы Ціта такіх увогуле практычна не было.

Старыя комплексы Сафіі, магчыма, зноў пачалі выяўляцца праз нядаўні інцыдэнт у сумеснай балгарска-македонскай камісіі па гістарычных і адукацыйных пытаннях. Яе дзейнасць была прыпыненая македонскім бокам у снежні 2019 года. Усё з-за розных падыходаў наконт мясцовага народнага героя Гоца Дэльчава, які змагаўся супраць Асманскай імперыі. Для македонцаў Гоца Дэльчаў быў македонцам, а для балгараў - адназначна балгарынам. У выніку Сафія, выставіўшы ўмовы Скоп'е наконт мовы, адпомсціла македонскаму боку.

У любым выпадку, кіруючы ў Паўночнай Македоніі ўрад сацыял-дэмакратаў не пагадзіўся на выкананне такіх умоваў. Нават дабіцца згоды на новую назву краіны ўдалося з вялікімі цяжкасцямі. Каб супакоіць аматараў назвы "Македонія", у тэксце дамовы з Грэцыяй ім асобным параграфам гарантавалі захаванне "македонскай ідэнтычнасці і мовы". Таму тон рэакцыі Скоп'е быў прадказальны.

5 траўня міністр замежных спраў Македоніі Нікола Дзімітраў заявіў пра "немагчымасць наладзіць сяброўства, калі хтосьці аспрэчвае асобу суседа". Акрамя таго, палітык нагадаў, што існаванне македонскай мовы афіцыйна прызнана Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый. "Мы не можам весці перамовы на гэты конт", - рэзюмаваў Дзімітраў.

У прынцыпе, сітуацыйным выйсцем можа быць аднаўленне дзейнасці працы згаданай вышэй камісіі. "Калі камісія па змяшанай гісторыі да чэрвеня не пачне працаваць, а ўлады Скоп'е працягнуць фальсіфікаваць гісторыю, Балгарыя накладзе вета на пачатак перамоваў ЕС з краінай", - пагражае Андрэй Ковачаў, які прадстаўляе ў Еўрапарламенце кіруючую ў Балгарыі партыю ГЕРБ.

Між тым, у Скоп'е спадзяюцца на Брусель, дзе наўрад ці зразумеюць забабоны балгар. Тым больш, што іх патрабаванні выклікалі сярод македонцаў еўрафобскія настроі. "Калі коштам уступлення ў ЕС будзе адмова ад нашай мовы, Еўрасаюз нам не патрэбны", - кажа адзін з мясцовых палітыкаў. З улікам таго, што Балгарыя раней прагаласавала за пачатак перамоваў з Паўночнай Македоніяй, юрыдычна пераглядзець сваю пазіцыю яна ўжо не ў стане. Таму можна прагназаваць, што балгары ў выніку ўстрымаюцца ад ідэі ветаваць перамовы ЕС і Паўночнай Македоніі.

Іншае пытанне, чаго тыя перамовы будуць вартыя з улікам актуальных падзей? Яшчэ да старту пандэміі хапала скептычных каментараў наконт пражэкту пашырэння ЕС на тых жа Балканах. Цяпер жа абвешчаны раней графік уключэння ў Еўрасаюз Сербіі да 2025-га ўвогуле выглядае валюнтарызмам. Што ўжо казаць пра шанцы Паўночнай Македоніі і Албаніі, якую ЕС таксама паклікаў на перамовы наконт далучэння.

Асабліва шмат праблем, напэўна, будзе з Албаніяй, за якой замацаваўся вобраз крымінальнай краіны. Аргументуючы запрашэнне Албаніі да перамоваў, афіцыйны Брусель пафасна заявіў пра эпахальныя антыкарупцыйныя рэформы ў краіне і дасягнутыя высокія стандарты дэмакратыі. Нідэрландскае выданне De Telegraaf адрэагавала на гэта злым артыкулам з кідкім загалоўкам: "Хопіць нам хлусіць!".

Алег Новікаў. "Новы час".

Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!

Як відно з папярэдняга артыкула на Паўночную Македонію ажыццяўляецца ціск, каб яны адмовіліся не ад мовы, а ад назвы сваёй мовы і прызналі, што іхняя мова - гэта не мова, а дыялект балгарскай. І двухмільённы македонскі народ гатовы адмовіцца нават ад ЕС, але не гатовы паступіцца ў моўным пытанні. Паводле перапісу толькі 3% жыхароў Македоніі запісаліся балгарамі.

Наш усходні сусед разглядае нашу мову як дыялект рускай. Што праўда, звык-лы расеец не разумее гэты "дыялект" абсалютна, але ўпарта паўтарае імперскія мантры. А што беларусы?

У нас ідзе падпіска на 2-е паўгоддзе. У траўні "Наша слова" выпісвала аж 555 чалавек, што складае 8% ад усіх сяброў ТБМ, не ад насельніцтва, а ад сяброў арганізацыі, якая змагаецца за мову. Наклад газеты 1500 асобнікаў. Скажыце, якое прадпрыемства вытрымае, калі будзе прадаваць толькі трэць сваёй прадукцыі?

Сёння ў каталогу падпіскі "Наша слова" знаходзіцца на ст. 60.

Кошт падпіскі:

на месяц - 2,65 руб.

на 3 месяцы - 7,95 руб.

на 6 месяцаў - 15,90 руб.

Грошы абсалютна пад'ёмныя. І сёння кожны сябар ТБМ можа падпісацца сам, падпісаць сябра і сябра сябра. Можа, але мы - не македонцы, нам не баліць і не муляе, нам прывычна: "А можа так і трэба?"

Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў чэрвені

Абакановіч Віталь Феліксавіч Абужынская Ганна Аляксанд. Ажар Таццяна Мікалаеўна Акудовіч Валянцін Васільевіч Алейнікава Антаніна Андрыян. Алексін Самуіл Арцёмавіч Алёшка Вячаслаў Часлававіч Аляхновіч Леанід Адамавіч Аляхновіч Ніна Паўлаўна Анапрыенка Юры Анацка Яўген Анташкевіч Канстанцін Андр. Арэхаў Аляксандр Сяргеевіч Асаёнак Алена Міхайлаўна Асмыковіч Міхась Мікалаевіч Аўраменка Васіль Аляксеевіч Афанасьева Раіса Іванаўна Баеў Дзмітры Уладзіміравіч Баеў Павел Віктаравіч Базык Вольга Барнюк Аляксей Сяргеевіч Барцэвіч Іван Васільевіч Барысава Сафія Міхайлаўна Белавусава Валянціна Валянц. Бельская Ірына Казіміраўна Бельскі Аляксей Паўлавіч Бігель Дзмітры Анатольевіч Бондараў Сяргей Яўгенавіч Бруевіч Вольга Аляксандр. Бузо Марат Антонавіч Булавінская Марыя Бурачонак Аляксандр Вячасл. Бушкова Таццяна Яўгенаўна Бычэнка Алена Аляксандраўна Бязмацерных Дар'я Аляксанд. Бязмен Васіль Канстанцінавіч Бяласін Яўген Аляксандравіч Вайтовіч Сяргей Уладзіміравіч Валабуеў Аляксей Вітальевіч Валошчык Лідзія Рыгораўна Валынец Таццяна Сяргееўна Варонік Святлана Аркадзеўна Васілевіч Наталля Мікалаеўна Васілеўскі Пётр Пятровіч Васільева Анастасія Вячаслав. Вернікоўская Аксана Фёдар. Гайдук Ігар Віктаравіч Гайдук Ірына Эдуардаўна Галіч Аляксей Эдуардавіч Галушко Вера Віктараўна Гараніна Ганна Гаўрылькова Таццяна Уладз. Гашко Ірына Аляксееўна Герасімюк Ілья Мікалаевіч Глушко Адам Аляксеевіч Глушко Аляксей Віктаравіч Грыбоўскі Васіль Аляксандр. Грыгор'ева Ірына Людвігаўна Грышко Людміла Гудкова Дар'я Уладзіміраўна Гуркова Алена Валер'еўна Давыдчук Сяржук Данільчык Зінаіда Пятроўна Дземідовіч Ганна Дзічкоўская Настасся Дзячэнка Алег Віктаравіч Драбышэўская Марына Вікт. Дробыш Вадзім Міхайлавіч Дрожжына Ала Леанідаўна Дубінін Андрэй Барысавіч Дубовік Вячаслаў Юр'евіч Дуброўскі Валер Леанідавіч Жалдака Васіль Станіслававіч Жамойда Алена Жарнасек Вітаўт Жарнасек Міхась Васільевіч Ждановіч Таццяна Міхайлаўна Жук Ігар Васільевіч Жук Яўген Віктаравіч Заблоцкая Алена Аляксандр. Завадская Алена Аляксандр. Запалянская Вольга Васіл. Золаў Юры Георгіевіч Зуёнак Васіль Васільевіч Зяльвовіч Павел Іванавіч Іваноў Сяргей Ігнатовіч Марыя Іосіфаўна Ігнатовіч Яўген Барысавіч Ільіна Анастасія Аляксандр. Ішуціна Таццяна Вікенцьеўна Кавалёва Кацярына Кавалеўская Наталля Леанід. Кавалеўская Стэфанія Сярг. Калета Радаслаў Кальчугін Віктар Канкоўская Святлана Капціловіч Іван Карашчанка Ігар Віктаравіч Карповіч Аліна Аляксандр. Каўко Зміцер Кашуба Мікалай Ануфрыевіч Кісель Сяргей Леанідавіч Кісляк Васіль Сяргеевіч Кляпкоў Дзмітры Кобрусеў Дзяніс Аляксандр. Колас Мікалай Мікалаевіч Комар Юры Мікалаевіч Конік Юлія Андрэеўна Косава Ганна Валер'еўна Кочман Тарэса Красоціна Тамара Іванаўна Краўчук Дзмітры Аляксандр. Краўчук Ірына Крол Аляксандр Уладзіміравіч Крываротаў Міхаіл Юр'евіч Кудрашова Лілея Кузікевіч Алена Кукуць Алена Аляксандраўна Кукуць Уладзімір Часлававіч Куляшоў Дзмітры Віктаравіч Куніцкая Ганна Уладзіміраўна Курдо Павел Аляксандравіч Курловіч Ганна Аляксандр. Курчэўскі Іван Люцыянавіч Кутас Святлана Кухарчык Людміла Лабаты Алег Анатольевіч Ласкутнікаў Павел Сяргеевіч Лаўрыновіч Алесь Сяргеевіч Лендзянкоў Ігар Ліціна Фларыда Вакілаўна Лойка Святаслаў Робертавіч Лыскавец Ігар Лясько Аляксандр Аляксанд. Майсяёнак Андрэй Георгіевіч Макарэвіч Іна Макарэвіч Марына Уладзім. Макрыцкі Яраслаў Янавіч Максімава Наталля Малашчанка Аляксей Юр'евіч Малочка Аляксандр Віктар. Маневіч Аляксей Мароз Кацярына Мікалаеўна Мароз Уладзімір Вікенцьевіч Марозава Людміла Уладзімір. Мархотка Леанід Андрэевіч Махлай Кастусь Мацюшэнка Ніна Мікалаеўна Машкала Іосіф Мельнічук Сяргей Міхайлоўская Данута Канст. Міхальчук Вераніка Пятроўна Міхноўская Наталля Вячасл. Мішчанкоў Уладзімір Алякс. Мысліцкая Галіна Якаўлеўна Насановіч Ларыса Уладзімір. Нікантаў Мікалай Яўгенавіч Нішчык Алесь Уладзіміравіч Носаў Андрэй Падгал Марыюш Уладзімір. Палухін Уладзімір Мікалаевіч Пальчэўскі Віталь Юр'евіч Палянскі Алег Алегавіч Палянскі Андрэй Валер'евіч Панкевіч Юлія Аляксандраўна Парчынскі Яўген Паршанкоў Аляксандр Андр. Патапава Дзіяна Сяргееўна Паўловіч Анатоль Паўловіч Валянціна Іванаўна Паўловіч Карына Георгіеўна Петракова Антаніна Алегаўна Пінчук Аляксандра Анатол. Праневіч Кацярына Генадзеўна Пукель Алена Адамаўна Пятровіч Ігар Канстанцінавіч Рабчэня Таццяна Васільеўна Рагойша Дамініка Пятроўна Радзюк Валянціна Радэнка Кацярына Уладзімір. Раеўскі Аляксандр Развянкоў Яўген Аляксандр. Разжалавец Сяргей Разумава Галіна Уладзіміраўна Рак Вольга Рыгораўна Раманава Ганна Аляксееўна Раманішка Вікторыя Уладзіл. Ролік Міхаіл Міхайлавіч Рудак Настасся Юр'еўна Русін Алег Дзмітрыевіч Русць Максім Часлававіч Рэўтовіч Кірыла Васільевіч Савіч Сяржук Саевіч Павел Вячаслававіч Сазонаў Уладзіслаў Алякс. Сакава Ніна Леанідаўна Сакалова Ніна Сакун Алена Васільеўна Салаўёва Людміла Мікалаеўна Салаш Сяргей Салоха Надзея Самстыка Сяргей Алегавіч Самусевіч Уладзімір Алякс. Саўка Юстына Свізуноў Вячаслаў Свірко Наталля Сівіцкая Наталля Віктараўна Сігаеў Аляксей Уладзіміравіч Сідляр Андрэй Сіліч Аляксандр Анатольевіч Сільнова Ніна Сіманаў Канстанцін Яўгенавіч Сінкевіч Ірына Тадэвушаўна Сітнікава Ядвіга Леанардаўна Славута Ніна Солтан Наталля Антонаўна Спасюк Рыгор Віктаравіч Станько Галіна Старавойтава Надзея Студзінская Інэса Анатольеўна Сухарэбскі Вячаслаў Іванавіч Сцяпура Дзяніс Уладзіміравіч Сямашка Ала Уладзіміраўна Сяменас Генадзь Мар'янавіч Сянкевіч Святлана Анатол. Сяргеева Ірына Аляксандр. Таўгень Людвіка Траццяк Дзмітры Вітальевіч Трухан Людміла Туровіч Ірына Уладзіміраўна Уласевіч Таццяна Леанідаўна Урбан Аляксандр Фадзееў Яўген Мікалаевіч Фаміна Ірына Міхайлаўна Філічонак Ларыса Антонаўна Фурс Юры Антонавіч Хаванскі Павел Міхайлавіч Хадзінскі Павел Сяргеевіч Ханеева Таццяна Яўгенаўна Харужая Вера Харэвіч Васіль Віктаравіч Хашылёва Таццяна Аляксанд. Хвацік Іван Міхайлавіч Хевук Ігар Цімафеева Ядвіга В. Цімошак Зінаіда Вячаславаўна Ціханаў Аляксандр Валер'евіч Ціхановіч Вольга Віктараўна Цішчанка Віялета Цюленеў Аляксандр Аляксан. Чабатарэўскі Барыс Дзмітр. Чавусаў Юры Віктаравіч Чагаева Ірына Вільданаўна Чарановіч Ніна Мікалаеўна Чаркасава Галіна Ільінічна Чарнуха Сяргей Анатольевіч Чашчына Вольга Мікалаеўна Шабетнік Алег Васільевіч Шандроха Нона Эдмундаўна Шарман Аліна Шарыпкін Рыгор Леанідавіч Шарэшык Ясенія Віктараўна Шаўкун Васіль Шаўцоў Генадзь Уладзіміравіч Шахлевіч Юлія Віктараўна Шпілеўскі Вячаслаў Віктар. Шубіна Дар'я Алегаўна Шчарбачэня Вячаслаў Сярг. Шыпіла Уладзімір Аляксандр. Юркевіч Сяргей Іванавіч Юшкевіч Андрэй Андрэевіч Якаўлеў Юры Генадзевіч Янукевіч Аляксей Антонавіч Яскевіч Алесь Юр'евіч Яшкіна Надзея Алегаўна

Германія зацікаўлена ў незалежнай, моцнай і квітнеючай Беларусі

Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Германіі ў Беларусі Манфрэд ХУТАРЭР адказаў на пытанні галоўнага рэдактара газеты "Народная Воля" Іосіфа СЯРЭДЗІЧА.

- Спадар Амбасадар, паколькі ў гэтыя дні ўсе вакол толькі і гавораць, што пра каронавірус, то не магу не спытаць пра Ваша самаадчуванне і самаадчуванне супрацоўнікаў Вашага дыпкорпуса ў Беларусі.

- Дзякуй богу, пакуль усе супрацоўнікі пасольства здаровыя. На дадзены момант гэта самае галоўнае. Вядома, у сувязі з рызыкай заражэння нам прыйшлося некалькі скараціць колькасць персаналу, які працуе ў офісе. Многія калегі працуюць дыстанцыйна, з дому. Нягледзячы на няпростую сітуацыю, настрой ва ўсіх даволі пазітыўны. Мы імкнёмся адначасова клапаціцца пра абарону здароўя і пра функцыянаванне пасольства.

Паколькі на сённяшні дзень крызіс вакол каронавіруса з'яўляецца дамінантнай тэмай, то ў сувязі з гэтым хацелася б сказаць пару слоў. Для Германіі, як і для многіх краін свету, пандэмія каронавіруса ўяўляе сабою велізарны выклік. Гаворка ідзе пра тое, каб абараніць здароўе насельніцтва і адначасова захаваць грамадзянскія свабоды і эканамічны росквіт. І тут кожная краіна павінна знайсці свой шлях барацьбы з вірусам. Адзінай мадэлі для ўсіх не існуе. Аднак, як мне здаецца, важна давяраць СААЗ і выконваць яе рэкамендацыі.

Не думаю, што гэта пандэмія вызначыць эпахальны паварот, але яна пацягне за сабой сур'ёзныя наступствы ў сферы міжнародных адносін і глабальнай эканомікі. Існуе небяспека таго, што разрыў паміж паўночным і паўднёвым паўшар'ямі стане яшчэ глыбейшым. Адначасова ўзнікае рызыка, што з прычыны пандэміі канкурэнцыя паміж буйнымі дзяржавамі - ЗША, Расіяй і Кітаем - абвострыцца яшчэ мацней. Гэта, у прыватнасці, асабліва датычыцца адносін паміж ЗША і Кітаем. Мы, вядома ж, не можам быць зацікаўлены ў такім развіцці падзей. Нам неабходна ўнесці свой унёсак у зняцце абвастрэння гэтых супярэчнасцяў.

Думаю, што пандэмія падала нам і некаторыя важныя ўрокі. Беспрэцэндэнтным чынам была прадэманстравана ўразлівасць ланцужкоў паставак у глабальным працэсе стварэння дададзенага кошту. Перад ЕС, такім чынам, устае задача вярнуць вытворчасць у жыццёва важных, ключавых абласцях (такіх як медыцына) назад ў Еўропу. Адначасова варта зыходзіць з таго, што ў адносінах да адпаведных грамадскіх тавараў (грамадскіх выгод) нельга кіравацца выключна логікай дасягнення прыбытку і яго максімальнага павелічэння.

Яшчэ адзін урок складаецца ў тым, што нам, у Еўропе, неабходна ўмацоўваць цэнтральную ролю дзяржаў у прафілактыцы захворванняў і абароне здароўя насельніцтва.

Падчас эпідэміі атыповай пнеўманіі ў 2003 годзе я быў дыпламатам у Пекіне. Выдатна памятаю кітайскую прыказку "З добрага можа вырасці дрэннае, а з дрэннага - добрае". І сапраўды, за гэтым крызісам крыюцца і шанцы. У сэнсе: я ўпэўнены ў тым, што цяперашні крызіс, якім бы хваравітым ён ні з'яўляўся, можа зрабіць нас мацней пры ўмове, што зараз мы будзем супрацоўнічаць яшчэ цясней, чым раней. Так, напрыклад, гісторыя ЕС паказала, што Еўрасаюз станавіўся мацней пасля кожнага крызісу. Новыя ўстановы і механізмы ствараліся менавіта пасля крызісных перыядаў.

Пандэмія з'яўляецца сігналам да дзеяння для міжнароднага супрацоўніцтва. Толькі разам мы зможам перамагчы пандэмію. Тут дэвізам павінна стаць не "ўлада над іншымі", а "ўлада разам з іншымі". Салідарнасць і ўзаемадапамога асабліва важныя - у рамках асобных дзяржаў, у ЕС, у стаўленні суседніх з ЕС дзяржаў, у прыватнасці Беларусі, і ва ўсім свеце.

- Ну а калі Вы, спадар Амбасадар, і ўсе супрацоўнікі дыпкорпуса ў добрым здароўі, то, мяркую, і працуецца ў нашай краіне плённа. Ці ёсць нейкія праблемы?

- Усе супрацоўнікі пасольства з задавальненнем працуюць у Беларусі і лічаць прывілеем працаваць на паглыбленне германа-беларускіх адносін. Гэта нескладана дзякуючы адкрытасці, сардэчнасці і прыязнасці беларусаў.

- Да прыезду ў Менск Вам прыйшлося папрацаваць дыпламатам у такіх буйных краінах, як Расія, Кітай, ЗША, Польшча. Прызначэнне ў Беларусь было для Вас нечаканасцю ці амбасадары не выбіраюць краіну знаходжання? І наогул - значнасць місіі змяняецца ў залежнасці ад месца службы?

- Прызначэнне Надзвычайным і Паўнамоцным Амбасадарам Германіі ў Беларусі не стала для мяне неспадзеўкай. Мы з жонкай сапраўды хацелі атрымаць прызначэнне сюды, бо нам падабаецца жыць у славянскай культурнай прасторы. Размешчаная ў самым сэрцы Еўропы, па суседстве з ЕС, паміж Усходам і Захадам, Беларусь з'яўляецца вельмі важнай краінай для Германіі. Перакананы, што са сваёй гісторыяй, культурай і ментальнасцю Беларусь можа быць вельмі моцным мостам паміж Усходам і Захадам.

- На Ваш погляд, цяперашнія вынікі двухбаковых адносін Германіі і Беларусі ўражваюць?

- За апошнія гады германа-беларускія адносіны развіваліся адназначна станоўча, і гэта закранула ўсе сферы ўзаемадзеяння: палітычную, культурную і вобласці ўзаемадзеяння грамадзянскіх супольнасцяў нашых краін. Неабходна захаваць і паглыбіць гэтую дынаміку. Менавіта ў гэтым складаецца, я лічу, мая першачарговая роля як амбасадара. У тым, што датычыцца глыбейшага разумення Беларусі, то ў нас у Германіі, ды і ва ўсім ЕС, ёсць жаданне і неабходнасць нагнаць упушчанае. Беларусы значна больш ведаюць пра немцаў, чым немцы - пра беларусаў. У Германіі і ў ЕС яшчэ занадта мала заўважаюць дынаміку развіцця эканомікі і грамадства ў Беларусі.

Таму я надзвычай рады, што падчас візіту міністра замежных спраў Уладзіміра Макея ў Германію ў кастрычніку 2019 года было прынята рашэнне працягваць стратэгічнае развіццё нашых адносін. Для гэтай мэты мы стварылі стратэгічную кансультатыўную групу, якая сёлета будзе сустракацца напераменку ў Берліне і ў Менску з мэтай распрацаваць стратэгічныя праекты ў палітычнай, эканамічнай і культурнай абласцях. Вядома, мы таксама будзем абмяркоўваць і тыя тэмы, па якіх у нас часам рознае разуменне, як, напрыклад, грамадзянскія правы і правы чалавека. Я рады, што адкрыты дыялог на гэтыя тэмы з беларускім бокам магчымы.

- Якія рэзервы варта задзейнічаць абедзвюм дзяржавам, каб замежнагандлёвыя адносіны прынеслі больш дывідэндаў?

- Беларусь павінна стаць яшчэ больш вядомай у Германіі як інвестыцыйная пляцоўка з вялікай колькасцю пераваг. Дарэчы, магчыма, у выніку пандэміі вырасце гатоўнасць нямецкіх прадпрымальнікаў больш інвеставаць у краіны, размешчаныя ў непасрэднай блізкасці да ЕС, каб вытворчыя ланцужкі заставаліся геаграфічна бліжэй да Германіі.

Акрамя таго, важна спрасціць для беларускіх прадпрыемстваў выхад на нямецкі рынак. Я бачу вялікі патэнцыял для больш інтэнсіўнага супрацоўніцтва ў многіх сферах: напрыклад, у вобласці інфармацыйных тэхналогій. Так, скажам, мы маглі б мацней развіваць супрацоўніцтва і наладжванне сувязяў паміж нямецкімі стартапамі і беларускімі IT-кампаніямі. У Германіі назіраецца вялікая неабходнасць у дыгіталізацыі, і беларускія фірмы маглі б у гэтым дапамагчы. Але і ў вобласці энергетыкі, у стварэнні эканомікі замкнёнага цыклу ў адпаведнасці з прынцыпамі ўстойлівага развіцця і ў галінах навукі і тэхнікі існуе шмат магчымасцяў. На мой погляд, адмысловую ўвагу пры гэтым неабходна надаваць падтрымцы малога і сярэдняга бізнесу. У гэтым у Германіі багаты досвед, якім мы можам падзяліцца.

Словам, Германія зацікаўлена ў незалежнай, моцнай і квітнеючай Беларусі.

- Ці ёсць перадумовы для абмену ў найбліжэйшай перспектыве афіцыйнымі візітамі Канцлера Германіі і Прэзідэнта Беларусі?

- Германія зацікаўлена ў далейшым развіцці палітычнага дыялогу з Беларуссю на ўсіх узроўнях. Стратэгічная кансультатыўная група экспертаў унясе свае прапановы па гэтым пытанні. Важнай падзеяй стаў візіт у Беларусь Прэзідэнта Федэратыўнай Рэспублікі Германіі Франка-Вальтара Штайнмайера ў чэрвені 2018 года, які спрыяў узнікненню многіх ініцыятыў для далейшага развіцця двухбаковых адносін. Так, напрыклад, былі дасягнуты дамоўленасці з Прэзідэнтам Лукашэнкам пра стварэнне двухбаковай камісіі гісторыкаў і захаванні Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна. Таксама ўжо згаданы візіт міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея ў Берлін стаў важным стымулам для далейшага развіцця супрацоўніцтва. Я настроены аптымістычна і лічу магчымым стварэнне ўмоў для далейшых сустрэч на найвышэйшым узроўні.

- Умацаванню сувязяў паміж краінамі спрыяюць і "Тыдні Германіі ў Беларусі". Не маглі б Вы сцісла пракаментаваць іх значнасць?

- "Тыдні Германіі ў Беларусі" - штогадовая кульмінацыя нашых рознабаковых культурных сувязяў. Гэта мноства культурных сустрэч, якія праходзяць не толькі ў Менску, але і ў іншых рэгіёнах Беларусі. Я вельмі рады, што 10 сакавіка бягучага года ў Палацы мастацтва ў Менску адкрылася выдатная выстава пра гісторыю нямецкага мастацтва пачынальна з 1949 года, якую арганізаваў Інстытут імя Гётэ ў супрацоўніцтве з Інстытутам сувязяў з замежнымі краінамі (IFA). Адкрыццё гэтай выставы выклікала неверагодны рэзананс. Нажаль, з-за пандэміі каронавіруса нам прыйшлося адмяніць усе астатнія запланаваныя мерапрыемствы. Але я ўпэўнены, што мы нагонім упушчанае, калі з'явіцца такая магчымасць.

- Выбачайце, але не магу не закрануць тэму, якая, мабыць, аднолькава хвалюючая і ў некаторай ступені балючая і для нас, беларусаў, і для вас, немцаў, - гэта вяртанне да той вайны, калі нашы краіны апынуліся па розныя бакі. Мінула 75 гадоў. Здабываючы ўрокі з той страшнай трагедыі, якімі прынцыпамі, на Ваш погляд, павінны кіравацца цяперашнія пакаленні людзей, каб на планеце былі мір і спакой?

- Беларусь асабліва моцна пацярпела ў развязанай Германіяй захопніцкай вайне на знішчэнне супраць Савецкага Саюза. Злачынствы, здзейсненыя ў адносінах да насельніцтва Беларусі ў перыяд нацысцкай акупацыі, ніколі не павінны быць забыты. Германія безумоўна прызнае сваю гістарычную адказнасць за ўсё гэта. Гэтыя цёмныя старонкі - частка нашай гісторыі, гэтак жа, як яе светлыя старонкі. Нельга пераставаць памятаць пра гэта. Толькі тыя, хто сумленны з сабой і гатовы ўсвядоміць сваё мінулае, змогуць разам па-новаму будаваць будучыню. Гэта асабліва датычыцца маладога пакалення. Менавіта таму настолькі важна існаванне такіх арганізацый, як Гістарычная майстэрня ў Менску, у якіх ахвяры і сведкі злачынстваў нацыянал-сацыялізму распавядаюць моладзі пра тое, што ім прыйшлося перажыць. Нядаўна па даручэнні Прэзідэнта Германіі Франка-Вальтара Штайнмайера на прыёме ў рэзідэнцыі я ўручыў сямі такім сведкам ордэн "За заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германіі". Гэта жудасная трагедыя павінна першым чынам навучыць нас рашуча выступаць супраць любых праяў расізму і дыскрымінацыі іншадумцаў. У міжнароднай палітыцы на першым месцы заўсёды павінны стаяць дыялог і дыпламатыя. Пагроза ўжывання гвалту ці яго ўжыванне ніколі не павінны станавіцца сродкам дасягнення мэт на міжнароднай арэне.

- А зараз, з Вашага дазволу, я задам некалькі пытанняў іншага парадку. У Надзвычайнага і Паўнамоцнага Амбасадара шмат функцый, але адна з іх - як мага бліжэй знаёміцца з сітуацыяй у краіне знаходжання, пры гэтым не толькі наносячы візіты высокім службовым асобам, але і выкарыстоўваючы наведванне рэгіёнаў, асобных прадпрыемстваў. Якія Вашы агульныя ўражанні пра Беларусь, яе людзей?

- За 28 гадоў службы ў Федэральным міністэрстве замежных спраў Германіі я папрацаваў у многіх краінах. Як вы ўжо заўважылі, сярод іх былі Расія, Кітай, ЗША і Польшча. Нідзе яшчэ я не сустракаў людзей з такой шчырай зычлівасцю і адкрытасцю, як у Беларусі. У беларусаў сапраўды адмысловы характар. Людзі, якіх мы сустракаем, уражваюць нас сваёй дабрынёй і людскасцю, гасціннасцю і здольнасцю суперажываць у спалучэнні з высокім узроўнем адукацыі і практычнасцю.

- Як адаптоўвалася ў Беларусі Ваша сям'я? Цікаўныя чытачы "Народнай Волі" хацелі б ведаць, хто Ваша жонка па прафесіі, калі Вы з ёй пазнаёміліся, ці не сумуе яна ў Менску. Наколькі мне вядома, разам з Вамі тут і 11-гадовы сын. Дзе ён працягвае вучобу, чым захапляецца?..

- Мая сям'я вельмі добра пачуваецца ў Менску. Для маёй жонкі як славіста і гісторыка, які спецыялізуецца на Усходняй Еўропе, гэта таксама падхадзяшчае месца. Менавіта штодзённыя сустрэчы з самымі рознымі людзьмі дазваляюць нам адчуць, што нам тут радыя. Дарэчы, я пазнаёміўся са сваёй жонкай у 1999 годзе ў Германіі на рускім спектаклі - адаптацыі "Мёртвых душ" Гогаля. Мой сын вучыцца ў міжнароднай школе і вельмі любіць спорт. Тут, у Менску, у яго выдатныя ўмовы для спартовых заняткаў.

- І традыцыйнае пытанне: праца працай, але здараецца ж і вольны час, які можна выкарыстоўваць і для хобі, і для чаго-небудзь іншага…

- Нажаль, на хобі застаецца не вельмі шмат часу, але мне падабаецца ездзіць на ровары па Менску і наваколлях і заходзіць у кнігарні. Мая жарсць - гістарычная і палітычная літаратура. Я вырашыў, што, калі скончу працу ў Федэральным міністэрстве замежных спраў, сам вазьмуся за пяро.

- Вашы, спадар Амбасадар, пажаданні чытачам …

- Жадаю ўсім добрага здароўя і такога жыцця, каб была магчымасць рэалізоўваць усе свае планы.

- Дзякуй за інтэрв'ю! І вам моцнага здароўя і поспехаў у працы на дыпламатычнай ніве!

Газета "Народная Воля" № 40 (4498).

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Балады крыві і любові

Віктар Шніп

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

БАЛАДА АЛЕГА ЛОЙКІ (1.05.1931 - 19.11.2008)

На Слонім выпаў снег, нібыта попел белы

Ад тых мастоў, якімі не вярнуцца ў свет

Табе ўжо болей, у якім самотна апусцела

Твая зямля, бо ты пайшоў, бо ты - паэт,

Якому Беларусь магілай вечнай стане,

Як стала многім, хто яе любіў, як ты,

Сваёй любоўю прыбліжаючы світанне

Людзям, якія ўслед за імі з цемнаты

Ішлі, дарогу пазначаючы крыжамі,

Сваёй крывёй,

што ў век не змыецца з зямлі…


І прыдзе вучань твой, і ён пацір з слязамі

Пралье ў сваю душу, каб мы віно пілі

І славілі цябе і першы снег халодны

У рукі бралі, быццам попел ад мастоў,

Якія ты прайшоў, пакінуўшы самотны

І беларускі крыж між тысячы крыжоў…

19.11.2008 г.

БАЛАДА ГАЯ ДЭ ПІКАРДА (20.07.1931 - 21.04.2007)

Туманны Лондан,

як каменны човен шэры,

Плыве праз акіян і праз вякі плыве.

І нехта ў сонцы бачыць залатыя дзверы,

А ты - крыжы, што на касцёле і царкве

У Беларусі, для якой ты станеш родным

Праз мову і праз музыку дарог.

Калі ў людзей ёсць Бог -

тады народ свабодны,

Калі народ свабодны - ёсць у сэрцах Бог.

І ты пра Беларусь расказваеш ангельцам

І беларусам адкрываеш Беларусь,

Якая ў нашых продкаў начавала ў сэрцах,

Чакаючы стагоддзямі сваю зару,

З якой узыдзе нашай Беларусі сонца,

Дзе будзе крыж касцельны

і - царкоўны крыж,

Як два анёльскія крылы, якім бясконца

Над намі быць.

І ты, замоўкшы, не маўчыш

У сэрцах тых,

што разбураюць сёння сцены

Паміж народамі, дзе ты не быў чужым.

І ты ў касцёл святых Сымона і Алены

Прыйшоў і прахам назаўжды

застаўся ў ім,

Каб Беларусь была, нібыта човен белы,

Які праз мора траў і праз вякі плыве,

Дзе нехта ў сонцы бачыць

да багаццяў дзверы,

А ты - крыжы, што на касцёле і царкве.

18.11.2008 г.

БАЛАДА НІЛА ГІЛЕВІЧА (30.09.1931 - 29.03.2016)

Ты з кватэры глядзіш праз вакно,

нібы з неба,

Аб якое разбіўся матыль адзінокі,

Бо да сонца хацеў, што схавалі аблокі,

З якіх сыплецца дождж,

як асенняе срэбра.

Ты не ўспеў матылю даць жаданую волю

І цяпер ты ў журбе, як апошні ваяр.

Завяршаецца дзень, бы стухае пажар,

Што ў табе не стухаў і не стухне ніколі,

Як не знікне любоў у тых словах, якія

Ты сказаў і пачулі іх зоры і край,

Дзе яшчэ цячэ Гайна, дзе кветкавы рай

І дзе людзі, як вершы твае трапяткія,

Самавіта жывуць і жыць будуць бясконца,

Бо дажджы і снягі прамінуцца, і сонца

Зноў асвеціць зямлю, дзе бярозы шумяць,

Дзе крыніцы бруяцца і дзе сенажаць

Затапіла смуга, праз якую ідзеш

І Купалу з сабой, як прарока, вядзеш

У Краіну, якую ствараў і любіў,

За якую сябе па крывінцы губіў,

Сэрцам верыў,

што мы пройдзем выбраны шлях

Не на мокрых каленях, на моцных нагах,

Як ішлі нашы продкі, каб ішлі гэтак мы,

Не баяліся век ні сумы, ні турмы.

Ты глядзіш праз вакно,

як праз вечнасць глядзіш,

З неба сыплецца дождж адзінокі, як крыж,

І ляціць матылёк, як святая душа,

За якую маліўся ты ў думках спярша,

А пасля ў сваіх вершах, што сталі табою

І навек застануцца тваёю душою,

Каб ішоў ты па роднай Лагойскай зямлі

І ў слядах тваіх кветкі, як зоры, цвілі.

Ты глядзіш праз вакно,

як праз роднае неба,

Аб якое разбіўся матыль адзінокі,

Бо да сонца хацеў, што схавалі аблокі,

З якіх сыплецца дождж,

як вясенняе срэбра…

30 - 31.03.2016 г.

БАЛАДА АНАТОЛЯ АНІКЕЙЧЫКА (11.07.1932 - 3.02.1989)

У камянях, у бронзе, у граніце

Ты пакідаеш цеплыню душы,

Як летам неба васількамі ў жыце

Пасеена, дзе быць маглі крыжы,

Бо ў кожным полі беларусаў косці,

Нібыта нашай волі карані,

Былі і ёсць чужыя для кагосьці,

Для нас жа родныя, як і агні

Кастроў паўстанцкіх, ля якіх сагрэцца

І ты ў завейны час таксама б мог…

Баліць твая душа, згарае сэрца,

Бо колькі шчэ нязведаных дарог

На Беларусі, нібы на Галгофе нашай,

Дзе ў кожнага ёсць выбар, кім тут быць.

"Я - беларус!" - ты перад Богам кажаш,

Сказаўшы гэта, застаешся жыць

У камянях, у бронзе, у граніце,

Дзе цеплыня жыве тваёй душы,

Як летам неба васількамі ў жыце

Квітнеецца, дзе быць маглі крыжы…

18.12.2008 г.

БАЛАДА ВЯЧАСЛАВА АДАМЧЫКА (1.11.1933 - 5.08.2001)

…А Бацькаўшчына родная, як кроў,

Што праз бінты, як межы, праступае,

І пры чужых чужою не бывае

Зямля, дзе ты свой шлях і крыж знайшоў,

Дзе кожны крок твой, як да Бога крык,

Што мы жывём і будзем жыць у свеце,

Дзе нашы хаты, замкі, Храмы й вецер

Таксама наш, бо ён да нас прывык

І для яго цяпер няма мяжы,

І камень, што нязрушаны, не зрушыць

Ніхто, бо гэты камень з нашых душаў,

Ён Беларуссю нашаю ляжыць

Сярод Еўропы, у якой твой крыж

У травах не губляецца, світае,

Бо наша Бацькаўшчына - нам святая

І ты ў яе душы, як зніч, гарыш…

26.06.2008 г.

БАЛАДА АЛЕНЫ ЛОСЬ (22.11.1933 - 14.07.2013)

Тваё сэрца належала Вільні старой,

Дзе з'явілася ў свет у начны лістапад,

Каб пайсці ў Беларусь,

што была прад табой,

Нібы мроя, з якой не вярнуцца назад,

У якой у блакіце і золаце дня

Ёсць паэзія, быццам жывая вада,

І паэты - твая спаконвеку радня,

І там вецер не дзьме, там іграе дуда.


Ты на кветкі глядзела, што ў лузе цвілі,

Так глядзела, нібы прамывала душу,

Каб у ёй толькі добрыя фарбы былі,

Каб вясёлка ўсплывала,

як ветразь, з дажджу,

І знікала журба, як туман над вадой,

Каб свяціліся ў возера хвалі і дно.

Тваё сэрца належала Вільні старой,

А цяпер Беларусі належыць яно.

20-21.01.2019 г.

БАЛАДА АРСЕНЯ ЛІСА (4.02.1934 - 28.05.2018)

Жыццё пражыўшы, парабіўшы справы,

Вяртаешся да прадзедаў зямлі,

Не просячы ні золата, ні славы.

Галоўнае - сябры ў цябе былі

І ёсць, і ты іх шчыра шанаваў.

І ўжо сцяжынай, што бяжыць праз жыта,

Язэп, Мікола, Пётра, Браніслаў

З табой ідуць, бо ты вярнуў з нябыту

Імёны іх, і ты ім братам стаў.

Жаўрук над вамі плача і спявае,

І чуецца з Залесся паланэз.

Там сам Агінскі паланэз іграе

Для земляка, аж замірае лес,

Што ты заўсёды сніў, і смела крочыў

Праз лес, нібыта праз айчынны лёс.

І хоць навечна зажмурыў ты вочы

Ты бачыш родны край, дзе сам Хрыстос

Калісь было ў Гародні прызямліўся.

Навек застаўся Тут, не на гады,

Каб кожны з нас не толькі век маліўся,

А жыў для Беларусі, як і ты.

30.05.2018 г.

(Працяг у наступным нумары.)

Давайце дзяліцца радасцю!

Ад біблейскіх часін найважнейшым у жыцці кожнага чалавека было і застаецца тое, каб блізкія людзі дзяліліся з ім не толькі хлебам, а і небам… Аб тым, што натхняе на творчасць Таццяну Беланогую, Алеся Камоцкага, Кастуся Герашчанку, Андруся Такінданга, Таццяну Матафонаву і Алесю Сівохіну; ад чаго мацней б'ецца сэрца Кацярыны Ваданосавай, Насты Кудасавай, Валярыны Куставай, Людмілы Шчэрбы і Аксаны Данільчык; што з'яўляецца галоўным у жыцці Алеся Бяляцкага, Паўла Падкарытава, Алега Трусава, Глеба Лабадзенкі і Васіля Дранько-Майсюка; якія Музы насяляюць творчыя майстэрні Рыгора Сітніцы, Алеся Квяткоўскага і Эдварда Галустава; з чаго пачынаюцца песні гуртоў Naviband і "Тутэйшыя"; дзеля чаго жылі і тварылі Леанід Дайнека і Ніл Гілевіч - новая кніга Эдуарда Акуліна "Падзяліцца поўняй". Дзеля таго, каб кніга як мага хутчэй пабачыла свет, усе ахвочыя могуць падпісацца на яе набыццё… Інтрыгоўная па змесце і непаўторная па форме кніга гутарак з велізарнай колькасцю ўнікальных фотаздымкаў, якая нараджалася на старонках часопіса "Верасень" цягам апошніх 10 гадоў, можа стаць вашай літаральна праз 10 дзён... Вас чакае 280 старонак якаснага, захапляльнага чытва! Ілюстрацыі да вокладкі і тытулу кнігі выканаў выбітны віцебскі мастак Эдвард Галустаў. Ідэю вокладкі ўвасобіла таленавітая дызайнерка Яўгіння Багдановіч. Спяшайцеся не спазніцца! Паспейце падпісацца! Спонсарскія прапановы чакаюцца і вітаюцца!

Па пытаннях падпіскі на кнігу звяртайцеся (тэлефануйце або пішыце ў прыват) непасрэдна да Эдурда Акуліна. 8-025-60-60-891 (А-1).

Падарунак баявому сябру

Драўляная тумбачка, падораная Таўлаем на вяселле былому партызану, праз 75 год стала эксклюзіўным экспанатам для дома паэта ў Лідзе.

У свой юбілейны год (у верасні споўніцца 10 гадоў з дня адкрыцця) аб'ект ДУ "Лідскі гісторыка-мастацкі музей" Дом Валянціна Таўлая працягвае папаўняцца новымі экспанатамі, звязанымі з жыццём паэта-змагара, у гонар якога названы. Вось і нядаўна навуковаму супрацоўніку музея Алесю Хітруну патэлефанаваў жыхар Гародні Мікалай Мікалаевіч Грабёнкін і паведаміў, што мае многа рэчаў, якія засталіся ў яго ад бацькі - удзельніка партызанскага руху на Наваградчыне Мікалая Іванавіча Грабёнкіна, сябра Валянціна Таўлая, і гэтыя рэчы ён гатовы падарыць Дому Таўлая ў Лідзе. І днямі Дом-музей папоўніўся прадметамі, фотаздымкамі, дакументамі, газетнымі матэрыяламі, якія маюць дачыненне да перадваеннага, ваеннага і пасляваеннага часу. Усё гэта прывезла ў Ліду сям'я дачкі Мікалая Мікалаевіча - Алены Парэцкай.

І тут варта сказаць некалькі слоў пра яе дзядулю - Мікалая Іванавіча Грабёнкіна. Ён з'яўляўся партызанам атрада імя Катоўскага. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў змаганні з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, быў узнагароджаны медалямі "За адвагу", "Партызану Айчыннай вайны" І ступені, ордэнам Чырвонай Зоркі. Баявое сяброўства паміж Мікалаем Грабёнкіным і Валянцінам Таўлаем, якое пачалося ў гады вайны, працягнулася і пасля вызвалення Беларусі.

Сын Мікалая Іванавіча, Мікалай Мікалаевіч, скончыў журфак БДУ, з 1982 года служыў у міліцыі - інструктарам аддзела палітычна-выхаваўчай работы ўпраўлення ўнутраных спраў Гарадзенскага аблвыканкама па сувязях са сродкамі масавай інфармацыі, пісаў сцэнарыі для тэле- і радыё-перадач аб міліцыі, рыхтаваў для абласных і рэспубліканскіх друкаваных выданняў публікацыі прававога і прафілактычнага характару. Маёр міліцыі ў адстаўцы, аўтар серыі нарысаў па гісторыі міліцыі Гарадзеншчыны, удзельнічаў у падрыхтоўцы кнігі "Міліцыя Гродзенскай вобласці" (2016).

Сувязь з Домам Валянціна Таўлая Мікалай Грабёнкін-сын падтрымлівае з 2014 года, калі да 100-годдзя з дня нараджэння Валянціна Таўлая ён падарыў Дому-музею сцізорык, якім карыстаўся Мікалай Грабёнкін-бацька. Гэты сцізорык у канцы вайны падарыў Мікалаю Іванавічу, камандзіру групы асобага прызначэння "Буравеснік" партызанскага атрада імя Катоўскага, на памяць баявы сябар Валянцін Таўлай з наступнымі словамі: "Гэта недарагі падарунак. Вазьмі яго. Калі захочаш завастрыць аловак - дастань яго і ўспомні Таўлая".

На гэты раз Мікалай Мікалаевіч перадаў шмат рэчаў, якія засталіся ад бацькі. Некаторыя з іх маюць цікавую гісторыю, звязаную з асобамі Валянціна Таўлая, Лідзіі Таўлай (жонкі паэта), Мікалая Іванавіча Грабёнкіна.

Што менавіта было перададзена? Прыложкавая тумбачка (падарунак ад Валянціна Таўлая на вяселле Грабёнкіна-старэйшага), сталёвая лінейка, якой карысталіся Лідзія Таўлай і, магчыма, Валянцін Таўлай, партызанскае пасведчанне Грабёнкіна-старэйшага, тагачасныя карты і планы заходняй часткі Беларусі, даведкі, фотаздымкі, кнігі з дарчымі надпісамі ад Лідзіі Таўлай і Ніны Тарас, газеты і выразкі з газет, фрагмент пачка ад абутку гумовай фабрыкі "Ардаль" (верагодна, галёшы ў такім пачку атрымаў пясняр Беларусі Янка Купала падчас прыезду ў Ліду ў сакавіку 1940 года) і інш.

- Валянцін Таўлай быў адным з гасцей на вяселлі Грабёнкіных у лістападзе 1945 года, - расказвае (са слоў Мікалая Мікалаевіча) Алесь Хітрун гісторыю перададзенай у дом Таўлая прыложкавай тумбачкі. - За тыдзень да вяселля Таўлай прыязджаў па вузкакалейцы з Наваградка, дзе працаваў адказным сакратаром у раённай газеце, у Любчу і зрабіў у мясцовага сталяра заказ на выраб тумбачкі. Гэтая тумбачка стала падарункам маладым у дзень вяселля. Па словах самаго Валянціна Таўлая, ён аказаў ім такім чынам пасільную дапамогу ў стварэнні хатняй утульнасці.

Цікавая гісторыя і ў сталёвай лінейкі, якой карысталіся газетчыкі пры складанні макетаў газетных палос. Як расказаў Алесь Хітрун, гэтую лінейку ўдава паэта Лідзія Таўлай падарыла ў 1974 годзе Мікалаю Грабёнкіну-малодшаму, калі той скончыў першы курс журфака БДУ і быў накіраваны на практыку ў рэдакцыю наваградскай раённай газеты. Тады, як успамінаў Мікалай Мікалаевіч, Лідзія Сяргееўна прызналася, што гэтая лінейка захоўваецца ў іх сям'і даўно, што, магчыма, карыстаўся ёю і Валянцін Таўлай, калі працаваў адказным сакратаром у наваградскай раённай газеце, і пажадала маладому студэнту добра валодаць навыкамі афармлення газетных нумароў.

Звяртаюць на сябе ўвагу сярод новых экспанатаў і вышываная карціна-пано (работа маці Мікалая Мікалаевіча - Марыі Кузьмінаўны), наручны гадзіннік і папка, якія насіў Грабёнкін-старэйшы, раздрукоўкі да кнігі "Лёсы абаронцаў Навагрудчыны", якая з-за адсутнасці сродкаў так і не была выдадзена, запрашальныя білеты на літаратурныя вечарыны, прысвечаныя юбілейным датам з дня нараджэння Валянціна Таўлая, і многае іншае.

Усе гэтыя рэчы занялі пачэснае месца ў мемарыяльным пакоі Валянціна Таўлая. Яны прыадкрываюць яшчэ адну старонку біяграфіі паэта-змагара - яго сяброўства з партызанам Мікалаем Іванавічам Грабёнкіным, чые сын і ўнучка захавалі памяць аб гэтым сяброўстве і для лідзян.

Наш кар.

Водны турызм на хвалях Моўчадзі

Вясна - пара вялікіх святаў. Вялікдзень, 1 Мая, Дзень Вялікай Перамогі. У гэтым годзе ён юбілейны: 75 гадоў мінула, як свет перамог нацызм. Звыш 50 мільёнаў жыхароў планеты сталі ахвярамі Другой сусветнай вайны. Найбольшую ахвяру на алтар перамогі выпала пакласці Беларусі. Загінуў кожны трэці грамадзянін краіны. Трагічны лёс фактычна закрануў кожную сям'ю, кожны населены пункт, а сотні іх былі цалкам спалены разам з усімі жыхарамі. Літасці не мелі ні дзеці, ні дарослыя, ні мужчыны, ні жанчыны, ні старыя, ні калекі. Каб наша родная Беларусь больш ніколі не зведала жахаў вайны, каб заўчасная смерць, гора, пакуты не паўтарыліся, трэба слухаць і чытаць успаміны людзей, якія ўдзельнічалі ў ёй, а гэта найперш пісьменнікі-франтавікі Васіль Быкаў, Янка Брыль, Уладзімір Калеснік, Алесь Адамовіч, Юрый Бондараў, Канстанцін Сіманаў і дзясяткі іншых, пераглядваць ваенныя кінастужкі, наведваць мясціны малых і вялікіх бітваў, пабываць у лясах, дзе дыслакаваліся партызаны, шукаць праўдзівую інфармацыю ў архівах і музеях, хоць раз у год класці кветкі да абеліскаў, помнікаў і магіл змагароў і ахвяр той вайны.

Гэты юбілей Вялікай Перамогі Беларусь рыхтавалася адзначыць годна і шырока, з размахам, але пандэмія, нібы новая вайна, уварвалася ў гэтае святкаванне. Таму мы, група дзятлаўскіх аматараў падарожжаў, вырашылі прысвяціць гэтай даце, а таксама і Дню фізкультурніка водны паход на байдарках па нашай прыгажуні-рацэ Моўчадзі ад старажытнага мястэчка Дварэц да знакамітага санаторыя Радон. Падумалі і пра асноўныя правілы перасцярогі, у першую чаргу ад каранавіруса. У байдарках было па два чалавекі на адлегласці як мінімуім два метры адзін ад аднаго, а дыстанцыя паміж лодкамі на вадзе - 15-20 метраў. Кожны ўдзельнік быў забяспечаны выратавальнай камізэлькай і маскай (імі карысталіся толькі пры выхадзе на бераг), асабістым посудам, сродкамі гігіены.

Загадзя запланавалі падчас сплаву наведаць магілы ахвяраў Халакосту каля вёскі Коцькі і магілу ваяроў у Наваельні. У склад каманды ўзялі школьнікаў 5-8 класаў, якія разам з бацькамі і дзядамі падчас вандроўкі не толькі пераадольвалі водныя перашкоды ў выглядзе карчоў, паваленых бабрамі дрэў, рэшткаў грэбляў старых млыноў, сваяў мастоў, кладак, але і ўскладалі палявыя веснавыя кветкі, стаялі, схіліўшы галовы, аддаючы даніну павагі загінулым, замучаным, расстраляным ці закатаваным.

Асабліва ўразіў усіх мемарыял каля вёскі Коцькі. Тут за пару сотняў метраў ад правага берага, акурат насупраць кладкі цераз раку, на ўскрайку лесу пакоіцца звыш 10 тысяч чалавек рознага ўзросту і полу яўрэйскай нацыянальнасці, дастаўленых сюды з Наваградка, Баранавічаў, Любчы, Карэлічаў, Міра, Гарадзеі, Снова, Новай Мышы, Івацэвічаў і іншых мясцін. На працягу некалькіх тыдняў іх расстрэльвалі, а целы пакавалі, нібы сілас, у даўжэзныя глыбокія траншэі, загадзя выкапаныя жыхарамі Коцькаў і навакольных вёсак. Пасля таго, як трупы былі закапаны, па словах сведкаў, зямля яшчэ некалькі дзён "уздрыгвала".

Падчас хвіліны маўчання, якая прыкметна зацягнулася, усе прысутныя задумаліся пра лёс бязвінна загінулых тут, пра сваіх дзядоў і прадзедаў, пра ўсіх тых, хто стаў ахвярай ці па-геройску загінуў у баях, адстойваючы свабоду Айчыны.

Прадаўжаючы сплаў амаль да самой Наваельні, дзеці задавалі пытанні накшталт: за што? чаму менавіта тут іх расстралялі? Праз паўзу рабілі вывад: каб гэтага больш ніколі не паўтарылася. Ці не найлепшае грамадзянска-патрыятычнае выхаванне?

Такім разважанням садзейнічала і натхняла наваколле. Ап'яняючы водар беласнежных, нявестаў-прыгажунь чаромхаў, спевы і шчэбет сотняў дробных птушак, занятых вясновымі клопатамі, светла-ружовая квецень яблынь-дзічак, жоўты, часта суцэльны дыван, сатканы дзьмухаўцамі, сакавітая зеляніна маладой прыбярэжнай расліннасці і лістоты дрэў міжволі стваралі спрыяльную атмасферу для паглыблення ў разважанні пра сэнс жыцця, пра вечнае. У адным месцы ўнучка папрасіла "пасушыць вёслы" і ўключыла дыктафон, пасля з асалодай сама і ўсе разам некалькі разоў слухалі непаўторную птушыную сімфонію.

Гэты паход для дзіцячай паловы ўдзельнікаў стаў у дадатак да ўсяго і шматгадзіннай практычнай работай па замацаванні ведаў, атрыманых па многіх школьных прадметах. Юныя падарожнікі на свае вочы ўбачылі, што такое даліна ракі, яе карэнны бераг, русла, хуткасць плыні, воднасць, прыток, водасховішча, ГЭС, вадзяны млын, бачылі дзясяткі відаў раслін, птушак і звяроў (праўда, назваць змаглі зусім няшмат), а такія словы і іх сэнс, як "вайна, Халакост, брацкія магілы, абеліскі" запомняцца на ўсё жыццё, але самае галоўнае - з'явіцца жаданне жыць і рабіць усё, каб вайны больш ніколі не было.

Паглыбіўшыся ў разважанні, непрыкметна наблізіліся да Наваельні і апынуліся на ціхай вадзе вадасховішча Новаельненскай ГЭС. Тут нас гасцінна вітала пара белых лебедзяў, што плылі непадалёку паралельным курсам, падлятаючы на сотню метраў наперад увесь час да самага будынка ГЭС.

За левабярэжнай вёскай Навасёлкі прыпыніліся на перакус. Пройдзена палова запланаванага шляху. Я пачаў задумвацца, як правесці "абрад" пасвячэння ў турысты-воднікі, бо ў складзе групы была пара навічкоў. Звычайна ў канцы паходу іх знянацку абліваюць вадой. А тут, падсілкаваўшыся і трошкі асмялеўшы, яны вырваліся наперад і на адным з крутых паваротаў перавярнуліся. У воднікаў гэта называецца "аверкіль". Абрад хрышчэння адбыўся сам сабой. А выратавальныя камірэлькі, які павінны быць у кожнага падарожніка на вадзе і якія не ўсе з ахвотай апраналі, зрабілі сваю справу. Моўчадзь у гэтым месцы аказалася даволі глыбокай, а вада "мокрай" і не вельмі цёплай. Дапамагалі навічкам стаць на кіль, перапрануцца і хутка закончыць маршрут. На прыгожым абрывістым беразе ракі ў хваёвым бары побач з санаторыямі ўсіх чакаў святочны стол з гарачай гарбатай і кавай, варанай бульбай і смажанымі каўбаскамі. Некалькі гадзін "бурна" падводзілі вынікі дня, дзяліліся ўражаннямі, меркаваннямі, далейшымі планамі. Тут жа нарадзілася ідэя стварыць турысцкі клуб на грамадскіх пачатках, прыдумаць яму назву, распрацаваць маршруты па рэках нашага раёна (а гэта, акрамя Маўчадкі, Шчара і Нёман) і весці іх прапаганду, тым больш што для гэтага з'явіліся пэўныя ўмовы: дзятлаўскі раённы фізкультурна-спартыўны клуб набыў пяць пластыкавых турысцкіх байдарак, які за невялікую плату будуць здавацца напракат. Плануецца на рэках у межах раёна абсталяваць навесамі, месцамі для вогнішчаў, прычаламі на некалькі стаянак на самых маляўнічых берагах, падрыхтаваць падрабязныя апісанні маршрутаў, цікавых экскурсійных аб'ектаў на іх, рэкамендацыі, дзе можна папоўніць запасы харчавання і як зняцца з паходу пры непрадказальных абставінах.

Водна-турыстычны сезон у Дзятлаве адкрыты. Запрашаем усіх аматараў актыўнага адпачынку далучыцца да нас. Стаж водных паходаў у мяне набліжаецца да 50 гадоў. У актыве падарожжы па рэках Карэліі і Карпатаў, Каўказа і Кольскага паўвострава, Саянаў і Алтая, Далёкага Усходу і Паміра, і, канешне ж, роднай Беларусі. Без перабольшвання скажу, што прыгажэйшай за Моўчадзь, магчыма, і няма. Безліч на яе берагах і цікавых турысту аб'ектаў: старажытныя гарадзішчы і курганы, прыгожыя каталіцкія і праваслаўныя храмы, рэшткі вадзянога млына, дзе паўстанцы Каліноўскага хавалі зброю, дзве дзейныя ГЭС, музей "Дзеці ліхалецця" ў Новаельненскай школе, вядомыя санаторыі Радон і Альфа-Радон. Тут можна ўбачыць баброў, андатраў, белых і чорных буслоў, лебядзяў і чапляў, драпежных і сотні дробных пеўчых птушак, у тым ліку і зімародка. Калі падчас сплаву весці сябе ціха, то на прыбярэжных лугах позірк не раз натрапіць на прыгажунь - дзікіх козаў. Зрэдку можна застаць на вадапоі лася ці аленя. Моўчадзь і яе прытокі Ятранка, Паніква, Промша - звыклае месца для такіх прадстаўнікоў Чырвонай Кнігі, як стронга і харыюс (па-мясцоваму мірон).

Сардэчна запрашаем на рэкі Дзятлаўскага раёна прыхільнікаў воднага турызму нашай краіны, у першую чаргу з бліжэйшых гарадоў: Слоніма, Наваградка, Ліды, Баранавічаў.

Даведкі па тэлефонах: 80156362195; +375445927175. Пытаць Васіленка Вольгу.

Валерый Петрыкевіч, краянавец, турыст-воднік,старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі ТБМ.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX