Папярэдняя старонка: Напалеон Орда

Творчы геній Напалеона Орды 


Аўтар: Вітаўт Чаропка,
Дадана: 27-07-2009,
Крыніца: Беларускі Гістарычны Часопіс №2 2007 г.



Прырода шчодра адарыла Напалеона Орду талентамі, і толькі абставіны не далі на поўніцу раскрыць іх. У ім дзіўным чынам спалучаліся мастацкія і музычныя эдольнасці, дзелавітасць і рамантызм. Калі б Напалеон Орда прысвяціў сябе служэнню аднаму са сваіх дараванняў, то, магчыма, дасягнуў бы большых поспехаў, мог стаць вялікім кампазітарам ці мастаком. Сваёй рознабаковасцю і універсальнасцю ён быў падобны на тытанаў эпохі Адраджэння. а для беларускай культуры XIX ст. ён і сапраўды стаў тытанам.
Нарадзіўся Напалеон Орда 11 лютага 1807 г. у маёнтку Варацэвічы Кобрынскага павета. Яго бацька, МІхал Орда, быў інжынерам-фартыфікатарам, маршалкам шляхты Кобрынскага павета, а маці, Юзэфа - дачкой пінскага суддзі і мечніка Матэвуша Бутрымовіча. Род Ордаў герба "Астоя" меў татарскае паходжанне. Сямейнае паданне выводзіла яго ад Чынгісхана. Далёкі продак Напалеона ў канцы XIV ст. быў запрошаны на службу з Залатой Арды вялікім князем літоўскім Вітаўтам і застаўся ў Беларусі. Аселі Орды на Піншчыне. Першым вядомым у гісторыі прадстаўніком гэтага роду быў пінскі баярын Васко Ордзініч, праваслаўны па веравызнанню, якому вялікі князь літоўскі Казімір надаў маёнткі Матыеўшчыну і Патараўшчыну. Ад яго пайшла лінія "белых Ордаў" (да якой належалі продкі Напалеона), а ад яго брата Юхна — "чорных". Орды верай і праўдай служылі сваёй новай Айчыне. Адзін з іх, харунжы пінскі Васіль Орда (памёр у 1667 г.) праславіўся ваеннымі подзвігамі. Яго ўзгадваў у сваім гербоўніку Альберт Віюк-Каяловіч. Ён адзначыў, што "слаўны адвагай жаўнер у розныхэкспедыцыях, асабліва супраць казакоў". У XVIII ст. Орды лічыліся даволі заможнай шляхтай. Толькі ў Пінскім павеце ім належала 15 маёнткаў. Тое, што гэты род быў шырока вядомы ў Рэчы Паспалітай, сведчыць і папулярная прымаўка: "Со krzacek to Korsaczek, co gruncik – to Skirmuncik, co morda – to Orda". Але больш за іншых праславіў свой род Напалеон Орда, якога бацька назваў у гонар французскага імператара. Міхал Орда меў каля 400 сялян, так што дабрабыт у сям'і быў. Напалеон атрымаў добрую хатнюю адукацыю. Першыя ўрокі ігры на фартэпіяна яму давала маці — таленавітая піяністка. Калі ёй было дзевяць год, у 1784 г. у доме Бутрымовічаў у Пінску гасцяваў апошні кароль Рэчы Паспалітай СтаніслаўАўгуст Панятоўскі, які быў зачараваны ігрой таленавітай дзяўчынкі на клавікордзе. Любоў да музыкі маці перадала і сыну.
У 1823 г Орда закончыў Свіслацкую гімназію і паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага універсітэта. Напалеон падзяліў лёс многіх юнакоў-патрыётаў з беларускай шляхты, якія ненавідзелі царызм. Рамантычныя і высакародныя, яны гатовы былі ахвяраваць сабой дзеля вызвалення Радзімы. Напалеон Орда ўступіў у тайнае студэнцкае таварыства "Заране". У 1827 г. яно было выкрыта і Орду кінулі за турэмныя краты. Следства вялося больш за год. Просьбы маці Напалеона ўзяць сына на парукі цэсарэвіч Канстанцін Паўлавіч, намеснік Царства Польскага, пакінуў"без действуя", патлумачыў, што яе просьбы "не могут быть принимаемы во уважение", і загадаў гродзенскаму губернатару спагнаць з яе грошы за выкарыстаную ім для адказу паперу. Тым не менш Напалеона выпусцілі з турмы, але, як гаворыцца, выкінулі з жыцця, паставіўшы кляймо "палітычна нядобранадзейны". Орда вярнуўся ў родны дом. Можна было змірыцца з лёсам і займацца асабістымі справамі, але гэта было не для дзейснага чалавека. Напалеон паступіў жаўнерам на службу ў конную гвардыю Літоўскага корпуса расійскай арміі. Калі ў 1830 г. пачалося паўстанне ў Царстве Польскім, Орда з энтузіязмам падтрымаў паўстанне і прылюдна прачытаў прысвечаны яму верш "Літвін да палякаў". Дарэчы, Орда, як і большасць беларускай шляхты, лічыў сябе ліцвінам — так называлі тады беларусаў Гродзенскай, Віленскай і Мінскай губерняў.
Орда атрымаў чын падпаручніка і быў залічаны ў Галоўны штаб паўстанцкіх войск у Варшаве ад'ютантам генералаў Жанецкага і Рамановіча. За мужнасць у баях з расійскім войскам пад Коцкам яго ўзнагародзілі крыжам "Virtuti Militari" ("Ваенная доблесць") і надалі чын капітана. 21 кастрычніка 1831 г. следчая камісія аднесла яго да "злачынцаў 2 разраду", а такіх чакала сібірская катарга. Пасля падаўлення паўстання ў 1831 г. Орда выехаў за мяжу, жыў у Аўстрыі, Швейцарыі, Італіі. Ён быў пазбаўлены і правоў на родавы маёнтак, які пакінулі ў пажыццёвае валоданне яго маці. Як і сотні яго землякоў, доўгія гады Орда быў вымушаны жыць удалечыні ад Радзімы. Добра гэта ці кепска? Адказаць цяжка, але ясна, што як творца Орда сфарміраваўся ў эміграцыі. Лёс эмігранта — гэта вымушанае прыстасаванне да новых абставін і ўмоў. Веданне замежных моў аблегчыла становішча Орды. Але адсутнасць сродкаў вымушала шукаць выйсце са складаных жыццёвых абставін. 3 расійскім пашпартам на прозвішча Завадскага, слугі свайго сябра Цітуса Плонскага, ён у верасні 1833 г. прыязджае ў Парыж. Паліцыя падазрона аднеслася да "эмігранта з Расіі" і нават пачала сачыць за ім. Дапамаглі яму эмігранты-землякі, браты Юліян і Віктар Віславух, якія пазнаёмілі яго з графам Людвікам Плятэрам. Той, маючы добрыя адносіны з міністрам унутраных спраў Францыі і прэфектам паліцыі Парыжа, уладкаваў справу. Орду не выслалі ў правінцыю, далі "ліст адкрытага прабывання" (своеасаблівы від на жыхарства) і як эмігранту прызначылі штомесячную дапамогу і дазволілі жыць у Парыжы. Гэта развейвала адзіноту і сум. "Я ведаў, што знайду там (у Парыжы — В.Ч.) шмат маіх знаёмых і сяброў і што яны заўсёды дапамогуць або зробяць прыяцельскую паслугу", — адзначыў Орда ва ўспамінах, якія пазней пісаў для сына Вітальда.
3 1833 па 1856 г. Напалеон Орда жыве ў Парыжы. Матэрыяльная нястача, жыццёвая неўладкаванасць, туга па Радзіме праследавалі яго, і толькі творчасць выратоўвала. У гэты час адбывалася своеасаблівая раздвоенасць творчай асобы. Орду чаруе музыка і вабіць жывапіс. Ён бярэ ўрокі малявання ў вядомага французскага мастака П'ера Жырара — майстра архітэктурнага пейзажа. Адначасова ўдасканальвае сваю ігру на фартэпіяна. Значна паўплываў на Напалеона Орду Фрыдэрык Шапэн, з якім ён пазнаёміўся ў Парыжы. Шапэн убачыў выдатныя музычныя здольнасці і кампазітарскі дар Напалеона і згадзіўся быць яго настаўнікам музыкі. Славуты музыкант любіў іграць з ім на фартэпіяна ў чатыры рукі. Вучань не перасягнуў настаўніка ў майстэрстве, але Шапэн высока ацэньваў яго здольнасці, і паміж імі ўсталяваліся добрыя адносіны. Шапэн з сяброўскай пяшчотай звяртаўся да яго: "Жыццё маё!" або "Мой любы!" і падпісваўся "Твой стары сябар Шапэн", любіў выконваць яго фартэпіянныя творы. У знак пашаны Орда прысвяціў Шапэну адзін з лепшых сваіх твораў — паланез № 12. Напалеон часта бываў у доме Шапэна, дзе адпачываў душой. Мілыя гукі фартэпіяна, сустрэчы з цікавымі людзьмі. Ферэнц Ліст, якога ён сустрэў у доме Шапэна, ацаніў яго талент імправізацыі і параіў сур'ёзна заняцца кампазіцыяй. Парада прыйшлася дарэчы, Орда захапіўся напісаннем музыкі папулярных і модных паланезаў, мазурак, вальсаў, полек, накцюрнаў, серэнад, песень. Творчасць Орды высока ацэньвалі Фрыдэрык Шапэн, Ферэнц Ліст, Джаакіна Расіні і Гаэтана Даніцэці, аднак яна не прынесла яму славы кампазітара і дабрабыту. Затое педагагічная дзейнасць давала які-ніякі, а прыбытак. Як адзначалі сучаснікі, "пад кіраўніцтвам Шапэна Орда дасягнуў такой высокай ступені фартэпіяннага майстэрства, што карыстаўся ў Парыжы папулярнасцю як выдатны педагог".
Аднак Орда імкнуўся да новых вяршынь. У 1838 г. ён выдае "Альбом твораў польскіх кампазітараў", у які ўключыў некаторыя свае фартэпіянныя мініяцюры. Асаблівага прыбытку музычныя творы не прынеслі, але затое імя Напалеона Орды зрабілася вядомым не толькі сярод аматараў музыкі, але і сярод прафесіяналаў.
У 1843 г. Ордзе прапанавалі стаць дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы, і ён з радасцю прыняў прапанову. З'явілася пастаянная работа ў самы патрэбны момант, бо незадоўга да гэтага ён ажаніўся з францужанкай Ірэн Багле. Цяпертрэба было клапаціцца пра сям'ю. На жаль, праз некаторы час тэатр быў закрыты, і Напалеон Орда пачынае займацца жывапісам.
Яшчэ з юнацкіх гадоў маляванне было для Напалеона захапленнем. У падарожжах па Еўропе Орда алоўкам маляваў відарысы прыкметных і славутых мясцін, выдатных архітэктурных помнікаў. Орда з надзвычайнай дакладнасцю дэтальна пераносіў на паперу помнікі архітэктуры. Маляваў проста, у класічным стылі. Сябрам падабаліся гэтыя малюнкі. 3 планшэтам, алоўкам і фарбамі ён падарожнічаў па Англіі, Шатландыі, Галандыі, Партугаліі, Іспаніі, Алжыры, Скандынавіі. Усяго здзейсніў 13 падарожжаў. Прыгажосць чужых краёў захапляла Напалеона Орду, маляванне давала пэўны дабрабыт, але настальгія па радзіме з кожным годам расла. Напалеон сніў родныя мясціны, бацькоўскія Варацэвічы. I, здавалася, што ён ніколі ўжо не ўбачыць іх, не ўбачыць маці і родных. Сапраўды, у Парыжы ён атрымаў прызнанне і жыў бязбедна, меў шчаслівую сям'ю. "У Францыі мы былі шчаслівей за іншых, таму што, прынамсі, знаходзіліся паміж людзьмі, якія нам спрыялі, і ўрад не адмаўляўся падтрымліваць нас", — адзначаў Орда ва ўспамінах. Чаго яшчэ не хапала? Радзімы! І як толькі ў 1856 г. царскім указам была абвешчана амністыя паўстанцам, Орда вырашыў вярнуцца на Радзіму. Яго не спыніла нават вымушаная разлука з жонкай і сынам Вітальдам, якія не рашыліся ехаць у глухое Палессе і засталіся ў Францыі.
Орда вярнуўся ў Беларусь і пасяліўся ў родных Варацэвічах. Сустрэча з Радзімай і радавала Напалеона, і засмучала. Знаёмыя краявіды абуджалі ўспаміны дзяцінства аб шчаслівых днях, пражытых у бацькоўскім доме, а смутак прыносіла бедната народа, паяромленага сацыяльным прыгнётам і не менш жорсткім нацыянальным. Ды і ў самога Напалеона ўзніклі няпростыя праблемы. На родныя Варацэвічы паклала сваю руку царская ўлада, помсцячы яму за ўдзел у паўстанні. Маці Юзэфа як магла абараняла родавае гняздо, і пакуль Напалеон быў за мяжой, яе не чапалі. Але калі ён вярнуўся, сітуацыя змянілася. Не дапамаглі ні амністыя, ні заступніцтва павятовага прадвадзіцеля дваранства, які ў сваім хадайніцтве за Ордаў адзначаў: "Что ж касается поведения и благонадежности сей помещицы и сына ея Напалеона, последний, знакомый мне еще с молодых лет, поведения очень хорошего и совершенно благонадежен. Г-жа же Юзефина Орда по высокому воспитанию и врожденным чувствам нежности, кротости и тихости нрава, будучи всегда примерною матерью, достойною госпожою и истинною христианкой сими отличающими ее нравственными качествами приобрела всеобщее почитание". Але заступніцтва не дапамагло Напалеону Ордзе.
Пасля смерці Юзэфы ў 1859 г. маёнтак перайшоў у дзяржаўны скарб. Напалеон быў пазбаўлены спадчыны і свайго дома. Як кампенсацыю ён атрымаў 5 790 рублёў 50 капеек серабром. Гэтай сумы хапіла, каб узяць у арэнду тры фермы, якія былі створаны ў маёнтку. Орда перабудаваў іх, купіў новыя сельскагаспадарчыя машыны, былі выкапаны каналы для асушэння балот. Увогуле яго гаспадарчыя планы і пачынанні былі вялікія. У гаспадарцы налічвалася больш за тысячу галоў жывёлы, утым ліку і іспанскія авечкі.
Магчыма, каб нішто не перашкодзіла, гаспадарка б развівалася і быў бы прыбытак. Як бы тады склаўся лёс Напалеона Орды? Магчыма, сытае жыццё памешчыка як тая палеская багна, паглынула б творцу. Гісторыя ведае падобныя прыклады. Орда ў гэты час адышоў ад творчай працы і актыўна займаўся гаспадаркай. Трэба было пасылаць грошы жонцы і дапамагаць сыну Вітальду, які служыў у французскай арміі. Тым не менш Напалеон не забывае пра мастацтва, музіцыруе і малюе для душы, для свайго задавальнення выступае з канцэртамі, Так бы і працягвалася яго жыццё, але гісторыя зноў унесла змены ў лёс цэлага краю.
У 1861 г. было адменена прыгоннае права, а ў 1863 г. у Польшчы ўспыхнула паўстанне, якое ахапіла і Беларусь. На Палессі дзейнічаў паўстанцкі атрад на чале з Рамуальдам Траўгутам, будучым дыктатарам паўстання. У гэты час Орда жыў у Гародні. Прамых сведчанняў пра яго ўдзел у паўстанні няма. Аднак былы паўстанец не мог быць абыякавым да барацьбы за свабоду роднага краю, калі іншыя пралівалі за яе кроў і ахвяравалі жыццём. Царскія ўлады не без падстаў падазравалі Напалеона Орду ў падтрымцы паўстанцаў. Супраць яго пачалося следства і высветлілася, што Орда адаслаў некаторых сваіх дваровых людзей у паўстанцкі атрад. Пры вобыску ў доме Орды знайшлі некалькі патрыятычных вершаў, яго пераклад верша французскай паэтэсы Луізы Калет "Абуджэнне Польшчы", змест якога быў сугучны з думкамі і пачуццямі Напалеона. У вершы набатным звонам гучаў заклік да "пакутніцкага народа" змагацца за свабоду, "якую хочуць знішчыць", супраць "каралёў-катаў" і "трайной тыраніі". Гэтага хапіла для таго, каб у 1866 г. Орду арыштавалі і зняволілі ў адным з пакояў Кобрынскага шпіталя. Год следчыя вялі справу. Да абвінавачванняў дадалі і тое, што яго сын Вітальд служыць у французскай арміі. Абвінавачванне бязглуздае, калі ўлічыць, што Вітальд быў грамадзянінам Францыі. У гэты цяжкі момант жонка Напалеона Ірэн пісала віленскаму генерал-губернатару графу Эдуарду Баранаву прашэнне аб вызваленні мужа. Яна паведамляла, што іх сын Вітальд як грамадзянін Францыі не прысягаў Расіі, а таму служыць у французскай арміі. У справу ўмяшаўся нават пасол Францыі ў Расіі. І гэта дапамагло. Прысуд на першы погляд мог падасца мяккім: Орду высылалі ўглыб Расіі. Але гэта быў маральны ўдар — яго зноў пазбаўлялі Радзімы, крыніцы натхнення. У 1867 г. Орду выпусцілі з турмы па амністыі пад падпіску, што да заканчэння следства ён будзе жыць у маёнтку Моладава ў сям'і сястры Гартэнзіі Скірмунт. Тут ён знайшоў адпачынак для сваёй змучанай душы. Зноў змог займацца любімым жывапісам і музыкай.
Аднак выпрабаванні для Напалеона Орды не скончыліся. Яго выбілі з прывычнай каляіны жыцця, пакінулі без сродкаў для існавання. Трэба было шукаць выйсце. Дапамог яго талент музыканта і мастака. Дзякуй богу, што ўлада бяссільная адабраць у творцы божы дар. Напалеон Орда шмат малюе, знаходзіць суцяшэнне ў мастацтве. Гэты перыяд вызначаецца эксперыментамі Орды ў пошуку сродкаў мастацкай выразнасці — ён выкарыстоўвае акварэль, аловак, гуаш, сепію. Малюнкі яго носяць у асноўным дакументальны характар. Орда ўдасканальваў свае мастацкія прыёмы і неўзабаве навучыўся ствараць перспектыву не толькі лініямі, але і фарбамі. Ён часта малюе аб'екты з розных кропак агляду, імкнучыся стварыць выразную кампазіцыю і панараму. Паказальнымі ў гэтых адносінах з'яўляюцца архітэктурныя пейзажы Гродна (больш за 30 відарысаў). Можна сцвярджаць, што ў гэты час Орда выпрацаваў свой адметны стыль — просты і выразны. Ён не перагружае кампазіцыю лішнімі дэталямі, сярод якіх губляўся б сам намаляваны аб'ект.
Нечакана Орда атрымаў запрашэнне ад генерала Адама Ржавускага вучыць яго сына музыцы і маляванню. Орда пасяліўся ў Чуднаве, маёнтку Ржавускіх на Валыні. Сям'я Ржавускіх славілася сваёй любоўю да мастацтва. У іх доме напрыканцы 1840-х гг. жыў вядомы беларускі і польскі пісьменнік Ян Баршчэўскі, аўтар вядомага твора "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях". Дачка генерала была жонкай славутага французскага пісьменніка Анарэ дэ Бальзака. Атмасфера пакланення музам, якая панавала ў доме Ржавускіх, спрыяла росквіту талентаў Напалеона Орды. Ён з натхненнем малюе мясціны Валыні. Магчыма, тады і нарадзілася ў яго ідэя стварыць мастацкую энцыклапедыю гістарычных мясцін сваёй радзімы, увекавечыць алоўкам "старыя руіны замкаў і выдатныя рэзідэнцыі, што сведчаць аб прыгажосці і цывілізацыі краю". Задума вялікая! Не кожны на яе адважыцца. І да Орды беларускія мастакі(М.Кулеша, Ю.Пешкаіінш.)звярталіся да жанру архітэктурнага пейзажа, але эпізадычна. 3 юнацкім запалам Напалеон бярэцца за ажыццяўленне сваёй вялікай задумы. Духоўную падтрымку яму аказаў вядомы польскі пісьменнік і гісторык, яго зямляк Юзаф Ігнацы Крашэўскі. Пра сваю працу Орда пісаў у 1876 г. ІгнатуДамейку: "3 1856 г. знаходжуся ў краі, і, як ведаеш, быў мастаком-аматарам. Пасля вяртання мне ў галаву прыйшла шчаслівая думка наведаць нашу правінцыю, так дарагую нашаму сэрцу, аднак так мала знаёмую суайчыннікам. Падарожнічаючы з алоўкам у руцэ, намаляваў рэшткі нашага мінулага і цывілізацыі. Зрабіў каля 1000 малюнкаў і пачаў выдаваць альбом, які, дзякуй богу, у мяне добра ідзе. Працу сваю не закончыў і, нягледзячы на свае 70 гадоў, яшчэ хачу наведаць Віленскую, Гродзенскую, Мінскую і Магілёўскую губерні". Напалеон Орда і не падазраваў, што маляванне "рэштак нашага мінулага" стане не проста захапленнем, а сэнсам яго жыцця, увасабленнем творчых памкненняў, векавечным помнікам яму як патрыёту і грамадзяніну.
Больш за дваццаць гадоў, да самай сваёй смерці, Напалеон Орда прысвяціў ажыццяўленню сваёй задумы. Ён аб'ездзіў Гродзенскую, Мінскую, Віцебскую, Віленскую, Кіеўскую, Падольскую, Ковенскую, Ліфляндскую, Магілёўскую губерні, Познаньшчыну, Падляшша, Мазовію і Прусію. Пабываў у больш за 580 населеных пунктах: гарадах, мястэчках, вёсках. У падарожжа ён накіроўваўся летам, а зіму праводзіў у Пінску, разамз сям'ёй сястры Гартэнзіі ў палацы Бутрымовічаў. Орда намаляваў больш за тысячу відарысаў гарадоў, мястэчак, архітэктурных помнікаў. Звычайна ён маляваўалоўкам на невялікім па фармаце (даўжынёй не больш за 30 см) лісце, а пасля расфарбоўваў малюнак акварэллю.
Такі пратакольна сухі жанр, як архітэктурна-ландшафтны пейзаж, ён зрабіў сапраўдным мастацтвам. Многія яго творы маюць філасофскі характар, дзе руіны замкаў — гэта сімвалы часу, а самі замкі — сімвалы слаўнага мінулага роднага краю. Крохкія людскія постаці на іх фоне толькі падкрэсліваюць вядомае біблейскае сцвярджэнне пра людскую мітусню. Увогуле ўспрыняць малюнкі і пейзажы Орды абыякава можа толькі чалавек, які не ведае гісторыі тых мясцін або помнікаў, якія на іх адлюстраваны. Дасведчаны глядач адразу ўзгадае слаўныя падзеі, што тут адбываліся, або знакамітых людзей, якія тут жылі. Орда дэталёва і скрупулёзна перадаў выявы помнікаў дойлідства, палацаў, замкаў, храмаў, тым самымуслаўляючыстваральнуюпрацучалавека, яго творчы геній. Сваімі малюнкамі Орда не проста засведчыў любоў да роднага краю, ён ганарыўся яго багатай культурай і гісторыяй.
Жоўты колер, які Орда выкарыстоўвае для фона, стварае асаблівы элегічны настрой настальгіі па мінулым.
На многіх малюнках Орды прысутнічае сюжэт дарогі. Дарога вядзе да дома, да храма, а то і ў нязведаны свет. Жыццё Напалеона Орды было звязана з дарогай, з падарожжам — гэта і блуканне па пуцявінах чужых краёў, вяртанне на радзіму, прыход да святыняў мінулага і зноў падарожжы ў невядомую будучыню. Сімвал дарогі — гэта сімвал жыцця Напалеона Орды, вандроўнага мастака паміж мінулым і сённяшнім.
На малюнках Напалеона Орды ажывае гістарычна-паэтычны вобраз Беларусі, Літвы, Украіны, Польшчы, якія некалі складалі адну дзяржаву — Рэч Паспалітую. Не толькі дзяржаўныя межы, але і агульная гісторыя аб'ядноўвала гэтыя краі. Многія мясціны, архітэктурныя і гістарычныя помнікі аднолькава дарагія сэрцу беларуса і літоўца, паляка і ўкраінца як святыні іх агульнай гісторыі і культуры. Сваім талентам мастака Орда увекавечыў гэтыя памяткі мінулага. Руіны некалі магутных замкаў нагадваюць на малюнках Орды міфічных волатаў, што выстаялі ў змаганні з ворагам, ацалелі ў віхуры часу і будуць яшчэ доўга напамінаць аб вяках мінулых. Уладкаваныя гаспадарлівымі рукамі маёнткі, шляхецкія сядзібы, палацы магнатаў выглядаюць маляўнічымі, нібыта яны знаходзяцца ў казачнай краіне. Орда як бы наўмысна не бачыў гаротнага становішча простага народа, убогасці вёсак і мястэчак, ствараў вобраз не сучаснай яму Беларусі, а той ідэальнай, якую ён бачыў у сваіх марах.
Вялікая каштоўнасць малюнкаў 0рды і ў тым, што на іх захаваліся відарысы тых архітэктурных помнікаў, якія не ацалелі да нашага часу або былі перабудаваны. Дзякуючы малюнкам Орды мы маем магчымасць убачыць страчаную архітэктурную спадчыну Беларусі. Хоць бы, напрыклад, выгляд родавага гнязда Ордаў Варацэвічаў, якое было разбурана падчас Першай сусветнай вайны. Многія малюнкі Орды, пераведзеныя ў літаграфіі, друкаваліся ў папулярных польскіх часопісах "Tygodnik illustrowany" і "Klosy". Іх папулярнасць і вызначыла стварэнне спецыяльных рубрык "3 альбома Напалеона Орды" ("Tygodnik illustrowany "), "3 папкі Напалеона Орды" ("Klosy"), што спрыяла шырокай вядомасці іх аўтара. Магчыма, апошняя акалічнасць падштурхнула Орду да выпуску літаграфій асобным альбомам. У 1873 г. у Варшаве выйшаў "Альбом гістарычных відаў Польшчы" ("Albom Widokow Historycznych Polski"). Літаграфіі падрыхтаваў мастак Алаіз Місяровіч у літаграфічным кабінеце Максіміліяна Фаянса, а выданне іх Орда ажыццявіў за свой кошт. На вокладку ён змясціў літаграфію з відарысам родных Варацэвічаў і сентыментальны надпіс: "Уласнасць роду Ордаў на працягу 300 гадоў да 1831 г. — незабыўная і дарагая для аўтара Радзіма". Вяртанне да малой радзімы стала для яго вяртаннем да Айчыны, якую ён адкрываў і захоўваў у сваіх творах для нашчадкаў.
Альбом выйшаў значным накладам (1 000 экз.) і карыстаўся добрым попытам. Поспех акрыліў мастака. На атрыманыя грошы ён выдаў наступны выпуск альбома, а ўсяго Напалеон Орда паспеў выдаць восем выпускаў, у якіх было змешчана 260 літаграфій паводле яго малюнкаў. На іх Орда паказаў славутыя мясціны і помнікі Беларусі, Літвы, Украіны і Полынчы, руіны замкаўу Навагрудку, Крэве, Лідзе, Пінску, Коўна, Троках, Вільні, сядзібныя дамы праслаўленыхдзеячаў культуры: у Убелі, дзе нарадзіўся кампазітар Станіслаў Манюшка; у Завоссі, на радзіме Адама Міцкевіча, дом яго бацькоў у Навагрудку; Смольгаве — радзіме Уладзіслава Сыракомлі; Скоках — радзіме Юліяна Нямцэвіча; Шаўрах — маёнтак вядомага гісторыка Тэадора Нарбута і іншыя.
Літаграфіі і малюнкі Орда суправаджаў сваімі кароткімі тлумачальнымі подпісамі (звычайна ён рабіў іх на адвароце планшэта). Напрыклад, подпіс да малюнка "Магіла Томаша Зана ў Смалянах": "Мілы Богу і людзям Томаш Зан, якога памяць благаславенна. Пражыў 60 год, памёр 7 ліпеня 1855 у Кахачыне. Томаш Зан нарадзіўся ў 1795 у Сулішчах, уваскрашаў у моладзі віленскай любоў да навукі і цнот грамадзянскіх". Орда выдатна ведаў гісторыю роднага краю і сваёй творчасцю прапагандаваў яе, пашыраў веды пра мінулае радзімы. Ды яшчэ аддаў даніну пашаны сябрам маладосці Томашу Зану, Яну Чачоту, Адаму Міцкевічу, Ігнату Дамейку і іншым, намаляваўшы мясціны, звязаныя з іх жыццём. Ведаў, што для наступных пакаленняў іх час і жыццё таксама стануць гісторыяй. Можна сказаць, што 8 выпускаў альбома Орды сталі своеасаблівымі даведнікамі па гістарычных мясцінах былой Рэчы Паспалітай. Чытач, перагортваючы іх старонкі, мог падарожнічаць па Беларусі, бачыць яе выдатныя мясціны і памяткі гісторыі. "Гэтыя краявіды — адзіны такога роду збор. Не ведаю чалавека, які б адважыўся на нешта падобнае. Мы атрымалі асалоду, разглядаючы іх, згадваючы родныя мясціны. Дзякуй вам за гэтую цудоўную працу. Калі альбом яшчэ папоўніцца, як вы абяцаеце, то будзе шчасліва завершана вялікая справа, якая многіх спакушала, але якую ніхто не мог выканаць", — гэтак высока адзываўся аб творчасці Орды славуты польскі пісьменнік Юзаф Ігнацы Крашэўскі. Не забываўся Орда і пра музыку. Па-ранейшаму з ахвотай музіцыраваў. Свой багаты вопыт педагога ён выкарыстаў у падручніку "Граматыка музыкі", які быў выдадзены ў 1873 г. у Варшаве. Вялікі маэстра Станіслаў Манюшка не без захаплення адазваўся пра кнігу: "3 задавальненнем чытаў работу пра гармонію, пераказ якой мне здаецца найбольш поўным і даступным разуменню". Ён быў крануты прысвячэннем Орды: "Збянтэжаны дабрынёй Орды, які прысвяціў мне такую годную кнігу". Такім прызнаннем ганарыўся б любы музыкант. I педагогі ацанілі працу Орды, прызнаўшы яе надзвычай карыснай для навучэнцаў: "3 яе дапамогай напэўна не адзін з іх у музыцы выйдзе ў людзі". Ды і кампазітарская слава магла цешыць Орду, бо яго творы (14 паланезаў і некалькі песень былі выдадзены асобным зборнікам у 1882 г. у Варшаве) выконваліся лепшымі ў Польшчы аркестрамі Ражальскага і Левандоўскага, "што прыносіла вялікае задавальненне паважанаму ветэрану, які ахвотна спяшаўся ў тэатр або прыдворны сад кожны раз, калі даведваўся, што пачуе свае творы", — успамінаў паэт Адам Плуг.
Апошнія гады Напалеон Орда жыў у Пінску. Галоўным яго клопатам была падрыхтоўка да друку IX і Х выпускаў альбома літаграфій. У 1880 г. Орду прымаюць у Варшаўскае таварыства заахвочвання прыгожага мастацтва. Ён актыўна ўдзельнічае ў культурным жыцці краю: становіцца адным з заснавальнікаў Мінскага музычнага таварыства, стварае фонд для падтрымкі здольных вучняў рэальнай школы ў Пінску, у які ўнёс 2 тыс. рублёў. Колькі б ён змог яшчэ зрабіць, калі б жыццёвыя нягоды не адбіралі сілы і час. Тым не менш як творца Напалеон Орда адбыўся, бо зробленае ім узбагаціла беларускую і польскую культуры, стала набыткам еўрапейскай культурнай спадчыны. Яму пашчасціла ў жыцці на сяброўства з выдатнымі людзьмі, бо ён і сам быў такі.
Памёр Напалеон Орда 26 красавіка 1883 г. у Варшаве, куды прыехаў на лячэнне. Адам Плуг пісаў у некралогу: "Высакародная асоба, чалавек, жыццё якога было чыстым, як сляза, як шабля воіна, а найперш — горача любячы Айчыну сын". Такім ён застаўся ў памяці людзей. Згодна завяшчанню Напалеона Орду пахавалі на могілках у Янаве (цяпер Іванава Брэсцкай вобласці), побач з магілай маці. Мастацкія творы Орды — 971 малюнкаў і акварэляў яго пляменніца Канстанцыя Скірмунт у 1886 г. перадала ў Нацыянальны музей у Кракаве, дзе яны захоўваюцца і цяпер. Час і бурлівыя падзеі XX ст. зруйнавалі магілу Напалеона Орды. Яго творчая спадчына, калі і не была цалкам забытая, то і не выкарыстоўвалася як след. Толькі апошнім часам да яе, як і да асобы самога Напалеона Орды, у Беларусі адрадзілася цікавасць. У друку з'явіліся навуковыя і папулярныя нарысы пра яго жыццё і творчасць. Загучалі на канцэртных сцэнах яго музычныя творы. У 1997 г. у Іванаве адкрыты помнік Напалеону Ордзе. У 2001 г. быў выдадзены альбом літаграфій "Беларусь у малюнках Напалеона Орды. Другая палова XIX стагоддзя". Але, канечне, лепшым помнікам мастаку сталі яго творы, у якіх праслаўлены творчы геній чалавека. Некалі бацькі далі яму імя ў гонар імператара Францыі Напалеона, веручы, што ён стане змагаром за родны край. Але ён выбраў іншае поледзейнасці — творчае і праславіў сваёй нястомнай працай родную Беларусь!
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX