Лідскія Хрулі герба "Праўдзіч" [1]
У гэтым артыкуле я паспрабую прасачыць радавод маёй жонкі Галіны са старога беларускага шляхецкага роду Хруль [2]. Шляхціч гэтага роду Лаўрын Хрулевіч ўпершыню згадваецца ў "Перапісе войска Вялікага Княства Літоўскага 1528 г." сярод щляхты "двора господарьского лидского" у шэрагу тых, хто "того ж двора бояре, которые людей не мают сами повинни головами ку службе ехати" [3]. Тое, што Лаўрын меў прозвішча "Хрулевіч", кажа аб тым, што ён быў сынам нейкага Хруля і такім чынам мы маем права лічыць род Хрулёў лідскай шляхтай з XV ст. Верагодна, што ў перапісе войска ВКЛ 1567 г. фігуруе сын Лаўрына - Валентый:
"Валентый Лавринович Хрулевич отъ Сосонок кляча, рогати" [4].
Крыштаф Хруль.
У судовай справе Лідскага гродскага суда, якая адбылася 20 кастрычніка 1690 г. згадваецца нябожчык Крыштаф Хруль і яго жонка Марыя Кучукоўская з маёнтка Падзітвянскі Пацэўскі [5]. Марыя з Кучукоўскіх, магчыма, належала да роду Кучукоў -лідскіх старостаў у XV ст. Крыштаф Хруль жыў у першай палове XVII ст., інфармацыі пра некалькі пакаленняў паміж ім і Валентыем Лаўрынавічам Хрулем з 1567 г. няма, але ён мог быць яго ўнукам ці праўнукам. Сам Крыштаф меў сына Самуэля.
Самуэль Крыштафавіч Хруль.
"Крестоприводная книга Великого Княжества Литовского 1655 г." дае нам постаці двух Хрулёў у Лідскім павеце: "Валентин Савастьянов сын Хрун" і "Самойло Хриштопов сын Хрун" [6], з якіх апошні з'яўляецца продкам маёй жонкі. Менавіта ён - "Samuel Chrul s. Krzysztofa" пачынае радавод Хрулёў, які захоўваецца ў віленскіх архівах [7] (Табліца 1).
1 ліпеня 1667 г. Самуэль Крыштафавіч Хруль (vel Хрулевіч), "у якога была першая жонка Ганна Смаляк, а зараз Зоф'я Рэксць, перадаў ¼ частку маёнтка Калясішча сыну Эліяшу Хрулевічу" [8]. З "Падымнага рэестру Виленскага ваяводства 1690 г." даведваемся, што пан Самуэль Хруль з Лідскай парафіі меў 2 дымы ў Верхняй Лідзе Чэхаўскай Срэбняў ("Wierzch Lida Czechowska Srebniów"), у гэтым жа рэестры фігуруе пан Крыштаф Хруль з Радунскай парафіі, які валодаў 1 дымам [9]. Самуэль Хруль меў сыноў Эліяша і Крыштафа.
Эліяш Самуэлевіч Хруль.
Сын Самуэля - Эліяш Хруль нейкую частку свайго маёнтка атрымаў ад бацькі яшчэ ў 1677 г. [10] 9 студзеня 1681 г. ён згадваецца ў сувязі з судовым працэсам з нейкай Завістоўскай [11]. Пасля смерці Адама Перапечы маёнтак Верхняя Ліда Чэхаўская Перапечынская дастаўся Мікалаю Колышку і яго жонцы Марыі з Перапечаў [12]. 10 лютага 1690 г. Мікалай Колышка з жонкай Марыяй Перапечай, Пётр Колышка з жонкай Кацярынай Федаровіч, а таксама Самуэль Колышка з жонкай Барбарай Федаровіч, усе разам, прадалі маёнтак Верхняя Ліда Чэхаўская Перапечынская (6,5 валокаў зямлі з рознымі сядзібамі і ўгоддзямі) Эліяшу і Яну (пэўна сын Эліяша) Хрулям за 2300 польскіх злотых. А менавіта, за 400 злотых прадалі Яну Хрулю 3,5 валокі зямлі, якія засталіся пасля смерці Адама Перапечы і раней былі ў заставе ў жонкі на той час ужо нябожчыка Крыштафа Хруля (брата Эліяша) - Крыстыны з Візгераў. Таксама прадалі 1 валоку зямлі, якая раней была ў заставе ў Эліяша Хруля. Цікава, што гэтая зямля знаходзілася "ў сценаў самога горада Ліда, з сажалкамі і пераходамі-пераездамі" праз рэчку. Таксама аддаваліся 2 сенажаці ў Баландаўшчыне, за ракой Лідзеяй з правам лоўлі рыбы і баброў. Гэтая зямля была ў заставе ў вількамірскага падстаросты Даніэля Ардынца, таму Эліяш Хруль павінен быў яшчэ выкупіць яе з заставы [13].
Верагодна, нешта пры гэтым продажы не задавальняла пакупнікоў, бо 14 жніўня 1690 г. Эліяш Хруль і яго жонка Ганна з Крымоўскіх вялі судовую спрэчку са Станіславам Колышкам. З гэтага заблытанага працэсу вядома, што Зоф'я з Гейштараў Колышка была замужам за памерлым у 1690 г. нейкім Казімірам Хрулем, які ўспадкаваў правы на фальварак Верхняя Ліда Чэхаўская. Аднак раней памерлы Адам Перапеча частку гэтай зямлі заставіў Крыштафу Хрулю (дзеду Эліяша) за 350 польскіх злотых. Пасля таго, як Крыстына - дачка Самуэля Хруля - выйшла замуж за Станіслава Болтуця, правы на заставу фальварка засталіся братам Эльяшу і Крыштафу Хрулям [14].
Аналагічны судовы працэс адбыўся 28 жніўня 1693 г. паміж Эліяшам Хрулём і Самуэлем Колышкам. Пад час яго стала вядома, што яшчэ 12 студзеня 1655 г. Колышкі прадалі 2 валокі зямлі ў маёнтку Верхняя Ліда Чэхаўская Перапечынская Крыштафу Хрулю [15]. З дакументаў 1694 г. даведваемся, што сенажаці ў Баландаўшчыне знаходзіліся ў маёнтку Курасоўшчына, якія яшчэ ў 1647 г. Теадор Навіцкі аддаў у заставу бацьку Эліяша - Самуэлю Хрулю за 12 копаў літоўскіх грошаў. А 27 кастрычніка 1694 г. Эліяш Самуэлевіч Хруль таксама за 12 копаў грошаў прадаў гэтую зямлю лідскаму крайчаму Пятру Пяткевічу [16].
У судовай справе ад 20 лютага 1691 г. узгадваецца Эліяш Хруль і яго сын Стэфан [17]. Значна пазней - 20 верасня 1804 г. - лідскі ротмістр Караль Януш Жамойцель прадставіў у судзе тастамент Эліяша Хруля, складзены ім у 1712 г. У ім Эліяш Хруль прасіў пахаваць яго ў лідскіх ксяндзоў-кармелітаў, для чаго запісаў 500 злотых і дадаткова на імшу яшчэ 5 талераў, прызначыў палову фальварка Калесішча сыну Юрыю, а другую палову - сыну Яну з быдлам і рухомасцю, папрасіў сына Юрыя зрабіць роўны падзел як рухомай, так і нерухомай маёмасці маёнтка паміж братамі, фальварак Перапечыца запісаў сынам Юзафу, Марціну і Антонію з усёй маёмасцю навечна. У гэтым жа фальварку Марціну даў пару валоў, пару кароў і цялятаў, а Антонію - пару кароў. Акрамя гэтага аблігацыйны ліст на суму 950 тынфаў, запісаны на жыдах лідскага кагалу, перадаў сынам Яну і Юзафу, а 50 талераў - Марціну і Антонію. Апошняму дастаўся яшчэ бацькоўскі кунтуш і 20 талераў. З іншых дзяцей Эліяш ўзгадаў пра ўжо памерлых сына Дамініка і дачку Дароту. Тастамент быў напісаны ў Перапечыцы 1 красавіка 1712 г. Яго падпісалі Эліяш і Юзаф Хрулі, Уладзіслаў Кулеша і Войцех Казімір Стацэвіч [18]. Як вынікае з прыведзенай вышэй інфармацыі, Эліяш Хруль меў 7 сыноў: Дамініка, Стэфана, Юрыя,Яна, Юзафа, Марціна, Антонія.
Пабочныя галіны Хрулёў.
Сын Эліяша - Ян Хруль у сваім тастаменце прасіў пахаваць яго пры касцёле ў Эйшышках, на адпраўленне імшы пасля сваёй смерці ў дзвух касцёлах запісаў 10 злотых, на званы - 1 злоты, на шпіталь - 2 злотых. Фарнаму лідскаму касцёлу на імшу даў 10 злотых, а лідскаму касцёлу кармелітаў - 15 злотых. З тастаменту даведваемся, што Ян Хруль меў доўг ад Антонія Вільканца, а па бацьку ўспадкаваў фальваркі Калясішча і Чэхаўцы. Пра сябе Ян пісаў што "ад маладых гадоў быў на службе ў розных паноў, а 21 год быў на службе у Антонія Жамойцеля" [19]. Тастамент быў напісаны 27 сакавіка 1748 г. І падпісаны Антоніем Альшэўскім і Янам Хмяльніцкім. Ян Хруль меў дзвух сыноў - Юрыя і Францішка.
У 1788 г. сыны Юрыя - Антоній і Марцін дамовіліся пра падзел на роўныя часткі маёнтка і ваколіцы Воўкавічы, "якая ім засталася пасля бацькі Юрыя Хруля" [20]. У якасці пасярэднікаў у падзеле прымалі ўдзел Яўхім Нарбут, палкоўнік гусарскай брыгады, Юзаф Наневіч, скарбнік, Юзаф Турскі, межавы рэгент і Яўхім Глушынскі, ротмістр [21]. Ці не быў бацька гісторыка Теадора Нарбута - Яўхім, жанаты на Ізабэле з Наневічаў пасярэднікам пры гэтым падзеле? Пэўна, першы падзел нечым не задаволіў братоў, таму 3 красавіка 1798 г. адбыўся перадзел бацькоўскай маёмасці:
"Пры дапамозе сяброў - падчашага Юзафа Каменскага, канюшага Вінцэнта Янкоўскага і Францішка Хмялеўскага, мы браты Антоній і Марцін, здзейснілі наступны акт падзелу ў ваколіцы Воўкавічы. ...Дом, гумно, абора, стайні, вазовня - мне Антонію па праваму боку, а па леваму боку - Марціну. Бліжні свіран і гумно мне Антонію, свіран насупраць дома - Марціну. ...Усе землі, што справа - мне Антонію, а што злева - Марціну. Дом з селянінам Паўлам Карэлай - мне Антону, а дом падданага Станіслава Сямашкі - брату Марціну. ...Сенажаці і вупраж ідуць у роўны падзел паміж намі" [22].
Далей гэтая лінія роду Хрулёў моцна разгаліноўваецца, таму траціцца магчымасць яе адсачыць.
У дадатку да гербоўніка Каcпара Нясецкага Ян Бабровіч пісаў, што менавіта Стэфан і Казімір Хрулі ад лідскай шляхты падпісалі акт канфедэрацыі ў Алькеніках у 1700 г., дадаючы, што даўнія аўтары пра іх нічога не пісалі. Не ведалі яны і іх герба [23] (Іл. 1). Аднак у якім сваяцтве быў Казімір і Стэфан з Самуэлем Хрулём, не вядома. Магчыма, Стэфан Хруль быў ідэнтычны з сынам Эліяша Самуэлевіча Стэфанам, пра якога бракуе інфармацыі.
Таксама ў дакументах ёсць шмат інфармацыі пра прадстаўнікоў роду Хрулёў на Лідчыне далёкіх ад цікавай для мяне галіны Эліяша і Юрыя Хрулёў. Напрыклад, 6 красавіка 1776 г. Юзаф Хруль, сын Андрэя прадаў за 4000 злотых лідскаму стольніку Тадэвушу Нарбуту і яго жонцы Кацярыне з Вяжэвічаў палову маёнтка Заполле, які ў свой час набыў яго дзед Крыштаф [24]. 17 красавіка 1776 г. у сувязі з продажам быў зроблены рэестр грунтоў маёнтка Заполле Юзафа Хруля з вызначэннем яго суседзяў каля дарогі на Вільню [25]. Магчыма, гэта была галіна, якая ішла ад Крыштафа Самуэлевіча Хруля.
Трэба дадаць, што у 1853 г. у Лідскім павеце жыло некалькі дзесяткаў збяднеўшых сямей Хрулёў, якія чакалі пацверджання свайго шляхецкага стану ад расейскага ўраду: 12 сямей у Калясішчах і 8 - у Чэхаўцах, а Адольф Хруль, сын Паўла - у Лідзе, дзе працаваў фурманам паштовай станцыі. У 1864 г. месцічамі Ліды былі ўжо 5 сямей [26]. На лідскіх гарадскіх могілках да нашага часу захаваліся магілы прадстаўнікоў гэтых сямей. Каля 1880 г. у горадзе Лідзе па вуліцы Віленскай з'явілася майстэрня Баляслава Хруля па вырабу помнікаў. Пасля яго смерці майстэрняй кіравала яго жонка Анэля з Малеўскіх [27].
Галіна Юрыя Эльяшавіча Хруля.
Але вернемся да тэмы, якая мяне асабіста цікаваць, а менавіта да галіны сына Эліяша - Юрыя Хруля. 5 сакавіка 1725 г. ён атрымаў судовы дэкрэт на маёнтак Ольжаў ад Якуба Хрыстафоравіча Тукалы [28]. У 1759-1760 гг. Юрый Хруль судзіўся з Эліяшам Свіневічам і Юрыем Лубянкам. Як высвятлілася 25 верасня 1754 г. гэтыя асобы забралі ў яго ва ўрочышчах Віталін і Шалецін 15 вазоў сена, а потым 8 жніўня 1757 г. моцна пабілі [29]. У 1765 г. лідскі мечнік Міхал Бранеўскі судзіўся з Францішкам Круповічам і яго жонкай Францішкай з Ёдкаў, бо яе першы муж Юрый Хруль, які памёр у 1759 г., узяў у Бранеўскага 11 чырвоных злотых для выкупу маёнтка Павейкі ў Гарадзенскім павеце, але грошай так і не вярнуў, а нашчадкі плаціць па даўгах не жадалі [30].
Вядомы толькі адзіны нашчадак Юрыя - сын Юзаф, які ў сваю чаргу меў сына Вінцэнта. У спісе лідскай шляхты за 1765 г. прысутнічаў Юзаф Хруль (верагодна, з ваколіцы Ёдкі), сярод яго суседзяў па Лідскай парафіі таксама зафіксаваны Міхал і Лявон Хрулі (з Калясішчаў), Антоній, Эліяш і Міхал Хрулі з Чэхаўцаў. Пра Вінцэнта Хруля яшчэ вядома, што ён прысутнічаў і галасаваў 25 красавіка 1797 г. на сойміку Лідскага павета [31]. Ганебную Таргавіцкую канфедэрацыю і адозву супраць Канстытуцыі 3 мая падпісалі Антоній, Марцін, Павел, Юзаф, Ігнацы і Юзаф Мацей Хрулі, але, Вінцэнта сярод іх не было [32].
Новыя расейскія ўлады адразу прызналі шляхецкі стан гэтай галіны роду Хрулёў, замацаваўшы за імі герб "Праўдзіч" (Іл. 2). З "Коннотационного реестра Виленского Дворянского Депутатского Собрания для записи утверждённых в дворянстве с 03.03.1798 г. по 20.01.1799 г." даведваемся, што Вінцэнту сыну Юзафа з маёнтка Даўгялы шляхецкае паходжанне было пацверджана прывілеем ад 3 снежня 1798 г. Другі раз шляхецтва Хрулёў было пацверджана прывілеем ад 18 снежня 1859 г. Вядома, што ў канцы XVIII ст. род страціў свой маёнтак і Вінцэнт стаў арандатарам. Але ўжо яго сын Марцін зноў становіцца ўладальнікам ладнага кавалка зямлі, бо ў "Ведомости мелкопоместных дворян Лидского уезда" за 1851 г. згадваецца Марыяна Хрулёва ва ўзросце 54 гадоў - удава Марціна, якая з сынам Марцінам мела 36 дзесяцінаў зямлі у Воўкавічах [33].
Дзед майго цесця - сын Марціна Вінцэнтавіча Хруля - Марцін (1820?-1887) ёсць у спісе лідскай шляхты 1845 г. Ён разам з жонкай Эміліяй валодаў 40 дзесяцінамі зямлі ў ваколіцах Ёдкі і Воўкавічы [34]. Акрамя яго Марцін і Марыяна мелі яшчэ аднаго сына Віктара, які ў сваю чаргу меў сына Адама. У спісе лідскай шляхты 1891 г. уладальнікам 25 дзесяцінаў зямлі ў ваколіцы Воўкавічы быў Адам Хруль (37 гадоў) з жонкай Марыянай з Даўгялаў (30 гадоў), сынам Тэафілам (7 гадоў) і трыма дочкамі. Пазначана, што гэтая сям'я стала жыла ў Пагародна. У тым жа спісе ёсць родны дзядзька майго цесця Ян Хруль, будучы войт Радуньскай гміны ў 1920-1930-х гг.
У 1896 г. дзед майго цесця Марцін Хруль выплаціў у казну 2 рублі 90 капеек як падатак "з маёнткаў асобаў польскага паходжання" са свайго даходу ў памеры 42 рублі 70 капеек, які ён меў з 42 дзесяцінаў зямлі ў Воўкавічах і Ёдках [35]. Марцін меў сыноў Юзафа (1880-1952) жанатага на Валерыі з Шмігераў і сына Яна. У Юзафа і Валерыі ў 1929 г. нарадзіўся мой цесць, таксама Юзаф Хруль (1929-2013).
У 1911 г. у Радуньскім дэканаце Віленскай дыяцэзіі адбываліся хваляванні з нагоды спробы літуанізацыі парафіі з боку часткі парафіянаў (у асноўным з Забалаці) і ксяндзоў летувіскага паходжання [36]. Тагачасная летувіская газета "Viltis" надрукавала вынікі апытанняў жыхароў Радуньскай парафіі пра родную мову. З яе даследавання вынікае, што ў ваколіцы Воўкавічы было 6 хатаў, дзе жыло 25 чалавек. Мясцовая шляхта назвала сваёй роднай мовай толькі беларускую, у адрозненні ад суседзяў, якія роднай лічылі польскую. Несумненна, што сярод гэтых беларускамоўных шляхцічаў былі лідскія Хрулі (Табліца 2).
Дадам, што гэты род працягваецца праз майго сына Вадзіма і ўнука Альгерда Лаўрэшаў.
[1] Аўтар удзячны гісторыкам Чэславу Малеўскаму (Вільня) і светлай памяці Яўгену Анішчанку (Менск), якія ласкава дазволілі карыстацца сваімі матэрыяламі. Рэдакцыя змяніла назву герба 'Праўдзіц' (якую аўтар лічыць больш дасканалай) на 'Праўдзіч', у публікацыі ў інтэрнеце пакілаем варыянт рэдакцыі.
[2] Частка генеалагічных матэрыялаў артыкула выкарыстаны аўтарам у публікацыях: Лаўрэш Л. Размова са старым шляхціцам. // Лідскі летапісец. Ліда, 2012. № 2 (58). С. 53-63. Лаўрэш Л. Размова са старым шляхціцам. // Наша слова. Мінск, 2012. № 3 (1050). С. 7. № 4 (1051). С. 7. № 5 (1052). С. 7. № 6 (1053). С. 7. № 7 (1054). С. 6
[3] Перапіс войска Вялікага Княства Літоўскага 1528 года. C. 62.
[4] РИБ. Т. 33. Стлб. 778.
[5] НГАБ. Ф. 1722. Воп. 1. Спр. 5. Арк. 21 адв.
[6] Крестоприводная книга шляхты Великого княжества Литовского 1655 г. // Памятники истории Восточной Европы. Источники XV-XVII вв. Ред. И. Граля. Сост. Е. Лыкова, М. Кулецкий. Москва, Варшава, 1999. Т.
IV. С. 66, 73.
[7] LVIA. F. 391. Ap. 1. B. 509. Rodowód szlachecki Chrulów h. Prawdzic, pow. Lidzki.
[8] НГАБ. Ф. 1767. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 262.
[9] Metryka Litewska. Rejestry Wielkiego Ksęstwa Litewskiego: województwo wileńskie 1690 r. Warszawa, 1989. S. 213, 219.
[10] LVIA. F. 391. Ap. 1. B. 509: "Rodowód szlachecki Chrulów h. Prawdzic, pow. Lidzki".
[11] НГАБ. Ф. 1767. Воп. 1. Спр. 3. С. 288.
[12] НГАБ. Ф. 1767. Воп. 1. Спр. 1. С. 262.
[13] НГАБ. Ф. 1767. Воп. 1. Спр. 7. Арк. 103.
[14] НГАБ. Ф. 1722. Воп. 1. Спр. 5. Арк. 239.
[15] НГАБ. Ф. 1722. Воп. 1. Спр. 7. Арк. 273.
[16] НГАБ. Ф. 1767. Воп. 1. Спр. 8. Арк. 435.
[17] НГАБ. Ф. 1722. Воп. 1. Спр. 8. Арк. 31.
[18] НГАБ. Ф. 1722. Воп. 1. Спр. 19. Арк. 765-766.
[19] НГАБ. Ф. 1767. Воп. 1. Спр. 36. Арк. 41.
[20] НГАБ. Ф. 1722. Воп. 1. Спр. 14. Арк. 148 адв.
[21] НГАБ. Ф. 1722. Воп. 1. Спр. 14. Арк. 148 адв.
[22] НГАБ. Ф. 1767. Воп. 1. Спр. 33. Арк. 43.
[23] Niesiecki K. Herbarz Polski. Wyd. J.N. Bobrowicz. Lipsk, 1844. T. X. Dodatek. S. 73.
[24] НГАБ. Ф. 1767. Воп. 1. Спр. 19. Арк. 32.
[25] НГАБ. Ф. 1767. Воп. 1. Спр. 19. Арк. 104.
[26] Інфармацыя Чэслава Малеўскага.
[27] Szymielewicz M. Z tamtego świata. // Ziemia Lidzka. 1937. № 11. S. 119. Інфармацыя Чэслава Малеўскага.
[28] НГАБ. Ф. 1722. Воп. 1. Спр. 48. Арк. 62.
[29] НГАБ. Ф. 1767. Воп. 1. Спр. 13. Арк. 379.
[30] НГАБ. Ф. 1767. Воп. 1. Спр. 15. Арк. 230.
[31] НГАБ. Ф. 1722. Воп. 1. Спр. 15. Арк. 546.
[32] НГАБ. Ф. 1767. Воп. 1. Спр. 28. Арк. 161-167.
[33] Інфармацыя Чэслава Малеўскага.
[34] Інфармацыя Чэслава Малеўскага.
[35] Виленские губернские ведомости. 1896. № 53.
[36] Kurjer Wileński. 1911. № 9 (129).