Вядомы ў свой час на Беларусі род Храптовічаў адносіцца да самых старажытных i ўплывовых на нашых землях.
Першым з гэтага роду ў гістарычных крыніцах упамінаецца Якаў Храптовіч, які жыў у пачатку XV ст.
Найбольш значным прадстаўніком быў граф Іаахім Літавор Храптовіч, які нарадзіўся ў 1729 г. Грунтоўную адукацыю ён атрымаў у Вільні i Берліне, вёў актыўную палітычную дзейнасць, быў апошнім канцлерам Вялікага Княства Літоўскага, праславіўся як заўзяты бібліяфіл. Менавіта ён у сваім радавым маёнтку Шчорсы заснаваў бібліятэку, якая стала значнай культурнай з'явай на Беларусі.
Бібліятэка Храптовічаў збіралася на працягу другой паловы XVIII і першай паловы XIX ст. Іаахім Літавор Храптовіч прывозіў кнігі з падарожжаў па Францыі, Германіі, Галандыі, Польшчы, Літвы, Беларусі. Так, вялікую частку заходнееўрапейскіх старадрукаў Храптовіч набыў з багацейшай бібліятэкі Іосіфа Імперыялі ў Рыме, пасля смерці якога ў 1737 г. бібліятэка паводле завяшчання стала прыватнасцю дзяржавы i паступіла ў продаж. Рэдкія кнігі з гэтай бібліятэкі сталі пачаткам каштоўнай калекцыі еўрапейскіх выданняў XVI - XVII стст. у зборы Храптовіча.
Другой крыніцай набытку старадрукаў стаў збор вядомага ў XVIII ст. польскага дзяржаўнага i рэлігійнага дзеяча, заснавальніка Варшаўскай публічнай бібліятэкі епіскаіа Іосіфа Залускага. У 1768 г., калі па загаду расійскага ўраду Залускі быў сасланы ў Калугу, а яго каштоўная бібліятэка засталася ў Варшаве пад апекай бібліятэкара Яноцкага, які з-за хваробы не вельмі турбаваўся аб захаванні кнігазбору. Асобныя рэдкія выданні трапілі на рынак, а пасля да I. Храптовіча. Набываў ён кнігі i з бібліятэк каталіцкіх манастыроў, якія пасля падзелу Польшчы новыя ўлады ліквідавалі.
Да сваіх апошніх дзён Храптовіч папаўняў бібліятэку кнігамі i рукапісамі. Пасля яго смерці збор перайшоў да сына Адама Храптовіча, які, як чалавек высокаадукаваны (ён вучыўся ў Францыі), цікавіўся бібліятэкай, працягваў папаўняць яе новымі выданнямі i старадрукамі. Пасля смерці Адама Храптовіча бібліятэку атрымаў у спадчыну яго пляменнік Міхаіл Храптовіч, рускі дыпламат у Неапалі, Бруселі, Лондане, а потым - сын сястры Міхаіл Апалінарыевіч Храптовіч-Буцянёў. Апошні са сваім братам, уладальнікам маёнтка Шчорсы Канстанцінам Апалінарыевічам, у 90-я гады XIX ст. упарадкавалі бібліятэку, а вядомы пецярбургскі вучоны С. Л. Пташыцкі склаў i ў 1909 г. выдаў каталог «Щорсовская библиотека графа Литавора Хрептовича: Краткие сведения о собрании рукописей».
Багатая бібліятэка ў Шчорсах прыцягвала сюды вядомых людзей. Ёю карысталіся I. Лелявель, А. Міцкевіч, У. Сыракомля, прафесар Віленскага універсітэта Ю. Ярашэвіч i іншыя; бібліятэкарам працаваў Я. Чачот.
Апошні ўладальнік Шчорсаў К. А. Храптовіч-Буцянёў перадаў у 1913 г. кнігазбор на дэпазіт (часовае захаванне) у бібліятэку Кіеўскага універсітэта імя св. Уладзіміра, дзе ім мог карыстацца шырокі вучоны свет, але з умовай, што з адкрыццём універсітэта на радзіме бібліятэка будзе вернута.
Далейшы лёс універсітэта імя св. Уладзіміра i яго бібліятэкі быў няпросты. Калі ў 1915 г. Кіеву пагражала акупацыя, універсітэцкія зборы (разам з каталогамі i інвентарнымі кнігамі) эвакуіравалі ў Саратаў, адкуль яны вярнуліся ў Кіеў у 1916 г. Магчыма, што ў Саратаў трапіла i бібліятэка Храптовічаў.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі на базе універсітэта імя св. Уладзіміра былі заснаваны Кіеўскі медыцынскі інстытут i Кіеўскі інстытут народнай адукацыі. Збор Храптовічаў некаторы час захоўваўся ў інстытуце народнай адукацыі ў нераспакаваных скрынях. А ў 1927 г., згодна з пастановай калегіі Народнага камісарыята асветы Украіны ад 2 жніўня 1926 г. Фундаментальную бібліятэку імя св. Уладзіміра з фондам 500 тыс. тамоў (у яе ліку - калекцыя са Шчорсаў) перадалі Усенароднай бібліятэцы Украіны пры Украінскай Акадэміі навук, дзе яна захоўваецца i дагэтуль.
Калі ў снежні 1924 г. Народны камісарыят асветы БССР звярнуўся да Народнага камісарыята асветы УССР 3 просьбай вярнуць бібліятэку Храптовічаў на Беларусь, Прэзідыум Наркамасветы УССР адказаў станоўча, але па нейкіх прычынах у той час гэта не здзейснілася. Аб звароце бібліятэкі прыняў рэзалюцыю I з'езд даследчыкаў беларускай археалогіі i археаграфіі. Але i гэта не было выканана.
Апошнім часам камісія «Вяртанне» Беларускага фонду культуры спрабуе вярнуць каштоўны кнігазбор у рэспубліку.
У 1989 г. у першым нумары бюлетэня «Помнікі гісторыі i культуры Беларусі» была змешчана падборка архіўных дакументаў пад агульнай назвай «Калі будзе вернута бібліятэка?».
Аўтары гэтых радкоў былі камандзіраваны Беларускім фондам культуры ў Кіеў у Цэнтральную навуковую бібліятэку АН УССР, каб высветліць сучасны стан кнігазбору Храптовічаў.
Пасля наведвання ЦНБ АН УССР хацелася б зрабіць некалькі агульных заўваг.
Па-першае, трэба адзначыць, што дырэкцыя i супрацоўнікі бібліятэкі зрабілі ўсё, каб мы атрымалі неабходную інфармацыю i непасрэдна азнаёміліся з калекцыяй.
Па-другое, увесь час збор Храптовічаў, як i іншыя каштоўныя фонды, быў пад увагай калектыву акадэмічнай бібліятэкі i яму забяспечваліся неабходныя ўмовы захавання. Дастаткова нагадаць, што збор Храптовічаў разам з фондам акадэмічнай бібліятэкі ў 1941 г. быў эвакуіраваны другі раз (месцам захавання была Уфа), i адтуль вернуты ў Кіеў у 1944 г.
На сённяшні дзень у філіяле Цэнтральнай навуковай бібліятэкі АН УССР, у палляшканні былой Кіева-Магілянскай духоўнай акадэміі на Падоле, захоўваецца асноўная частка кнігазбору Храптовічаў. Згодна з гістарычнымі звесткамі, бібліятэка налічвала больш за 10 000 асобнікаў (па другіх крыніцах нават да 20 тыс.), а ў Кіеў было перададзена прыкладна 7000 асобнікаў (каля 4 тыс. назваў). Кнігі, што засталіся ў Шчорсах, паводле адных звестак былі знішчаны ў час 1-й сусветнай вайны, паводле другіх - вывезены ў Маскву. У 1985 г. разам з іншымі калекцыямі збор Храптовічаў заінвентарызавалі, у выніку чаго было ўлічана толькі 2005 асобнікаў (апроч рукапіснай часткі, пра яе гаворка асобная). Значная колькасць кніг на працягу часу была згублена. Магчыма, нейкая ix частка разышлася па фондах бібліятэкі Кіеўскага універсітэта імя Шаўчэнкі, Рэспубліканскай гістарычнай бібліятэкі. Відаць, кнігі з калекцыі Храптовічаў таксама трэба пашукаць у Саратаве i Уфе, куды зборы вывозілі ў ваенныя часы.
Разам з кнігамі захоўваецца рукапісны алфавітны каталог з падрабязным апісаннем кожнай кнігі, што сведчыць пра глыбокае веданне аўтарам апісання сучаснай яму кнігазнаўчай літаратуры i кніжнай справы. Можна меркаваць, што ім мог быць Н. Эрнст, памочнік бібліятэкара бібліятэкі універсітэта імя св. Уладзіміра, які сачыў за перадачай бібліятэкі ў Кіеў, ці пецярбургскі вучоны С. Л. Пташыцкі. Унізе на картках, відаць, пазней быў зроблены надпіс алоўкам па-польску: Adam Chrapt. Мяркуючы па цісненні ў верхнім левым ражку картак, яны зроблены з паперы Добрушскай папяровай фабрыкі князя Паскевіча.
У аддзеле рукапісаў ЦНБ АН УССР захоўваюцца таксама два рукапісныя каталогі, складзеныя яшчэ пры жыцці заснавальніка бібліятэкі i з яго заўвагамі. Адзін з ix мае назву «Bibliotheca Veterum» («Бібліятэка старажытных») i змяшчае бібліяграфічнае апісанне твораў старагрэцкіх i старарымскіх аўтараў на лацінскай мове ў храналагічна-алфавітным парадку. Другі, сістэматычны каталог, пад назвай «Zebranie Biblioteki Polskiej» («Збор польскай бібліятэкі») змяшчае апісанне польскіх кніг па 18 раздзелах i рукапісаў. Гэтыя каталогі маюць дапаможныя аўтарскія паказальнікі з аўтографамі I. Храптовіча, датаваныя 1812 г. Адзін 3 вопісаў гэтага кнігазбору (1787 г.) захоўваецца ў Маскве, у аддзеле рукапісаў былой Дзяржаўнай бібліятэкі СССР.
Умоўна збор кніг можна падзяліць на дзве часткі: польскія выданні XVI-XIX стст. i заходнееўрапейскія выданні XV-XVIII стст.
Польская частка складаецца з твораў арыгінальнай i перакладной літаратуры: гістарычныя зборнікі хронік польскіх летапісцаў, гістарычныя, філасофскія, публіцыстычныя творы ў выданнях XVIII ст., першыя польскія кнігі свецкага характеру XVI-пач. XVII ст., у ліку якіх выданні з Варшавы, Кракава, Торуні, Львова i г. д. Сярод найбольш рэдкіх - першыя выданні Мікалая Рэя, Яна Каханоўскага, працы Б. Папроцкага, Гваньіні, М. Кромера. Есць віленскія выданні XVI ст. з друкарняў Яна Карцана, Даніэля Лянчыцкага, значная колькасць кніг, надрукаваных у Вільні ў XVIII-пачатку XIX ст., у тым ліку дысертацыі. Сустракаюцца гродзенскія выданні XVIII ст., полацкія пачатку XIX ст., выдатна захаваўся экземпляр кнігі «Monarchia Turecka (Stuck, 1678) з гравюрамі Максіма Вашчанкі.
Сярод заходнееўрапейскіх кніг - творы антычных аўтараў, старажытнагрэцкіх гісторыкаў, філосафаў, паэзія, драматургія, проза, аратарскае мастацтва, багаслоўская літаратура, літаратура па гісторыі i геаграфіі асобных краін, класічная французская літаратура i г. д. Сярод ix - 3 інкунабулы (кнігі, выдадзеныя да 1500 г., уключаны ў друкаваны каталог калекцыі), палеатыпы (выданні 1501-1550 гг.), кнігі XV- XVIII стст., з друкарняў Венецыі, Базеля, Лейпцыга; выданні знакамітых друкароў Плантэнаў, Фрабэнаў.
Амаль на ўсіх кнігах ёсць экслібрысы. Асобныя з ix - ярлыкі з тэкстам двух відаў: адзін, напэўна, зроблены ў 1772-1792 гг., калі Іаахім Храптовіч быў падканцлерам Вялікага Княства Літоўскага; другі, упрыгожаны віньеткай, відаць, адносіцца да 1793-1795 гг., калі ён быў ужо канцлерам. Частка экслібрысаў - гэта адбітак штэмпеля чорнага і чырвонага колераў.
Што да рукапіснай калекцыі Храптовічаў, якую апісаў С. Пташыцкі, то яна захоўваецца асобным зборам у аддзеле рукапісаў. Са 129 рукапісаў, улічаных у друкаваным каталозе, да нашага часу дайшлі 113. Яшчэ ў 1937 г. рукапісы былі даследаваны, апрацаваны 1 прадстаўлены чытачам. Сярод ix - чатырохтомны рукапіс Браніцкага (XVIII ст.), «Прамовы Яна Храптовіча Навагрудскага кашталяна...» (XVIII ст.), сеймавыя i сеймікавыя акты, дзённік С. Маскевіча 1594 г. (які быў выдадзены Нямцэвічам i Устралавым), Біблія на латыні, пісаная на пергамене ў XV ст., спіс другога Статута Вялікага Княства Літоўскага, гісторыя роду Храптовічаў, якую склаў сам Іаахім Храптовіч, і інш.
На жаль, страчаны каштоўныя зборнікі XVII-XVIII стст., у якіх былі лісты Хмяльніцкага, дзённік прыезду Марыны Мнішак, які вёў яе спадарожнік Дземантоўскі (друкаваўся Тургеневым у другім томе «Актов исторических»), адзін з тамоў польскай метрыкі.
Вядома, што ў Шчорсах акрамя рукапіснага збору існаваў архіў. Пасля Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі архіў Храптовічаў быў «нацыяналізаваны» i ў 1925 г. перададзены Дзяржаўнай Публічнай бібліятэцы імя М. Я. Салтыкова-Шчадрына ў Ленінградзе. Мы маем права сёння паставіць пытанне, чаму менавіта туды пайшоў каштоўны збор, калі яшчэ ў 1922 г. была ўтворана Дзяржаўная бібліятэка БССР i працаваў ужо Інстытут беларускай культуры? Па звестках, атрыманых у супрацоўнікаў ДПБ, архіву ў фондзе ДПБ няма.
У час гутарак з членамі калектыву акадэмічнай бібліятэкі i прадстаўнікамі дырэкцыі з украінскага боку было пацверджана наша права ставіць сёння пытанне аб вяртанні бібліятэкі Храптовічаў, але яны да гэтага адносяцца негатыўна, бо лічаць, што захаванне збору на працягу амаль стагоддзя дае маральнае i этычнае права лічыць гэты збор уласнасцю ўкраінскага народу.
Улічваючы гэта, мы разам з дырэкцыяй пачалі распрацоўваць праграмы далейшага захавання калекцыі i інфармавання пра яе беларускай грамадскасці.
Па-першае: украінскія ўстановы культуры павінны спрабаваць адшукаць страчаную частку калекцыі i аб'яднаць з асноўным зборам.
Па-другое: для беларускіх бібліятэк, у прыватнасці, для Дзяржаўнай бібліятэкі Беларусі i Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа Акадэміі навук, зрабіць па камплекту мікракопій (мікрафільмаў) рукапіснага збору.
Па-трэцяе: распачаць работу над праграмай па бібліяграфічнай рэканструкцыі бібліятэкі Храптовічаў, якая можа ўключаць: рэпрынтныя выданні захаваных вопісаў, друкаваны ілюстраваны каталог захаванай часткі кнігазбору, манаграфію па гісторыі бібліятэкі Храптовічаў.
Над выкананнем гэтай праграмы маглі б працаваць ужо названыя бібліятэкі Беларусі, Беларускі фонд культуры, установы культуры Украіны i Масквы.