Аўтабіяграфія напісаная ў 1944 годзе ў Бэрліне. Рукапіс захоўваецца ў архіве БІНіМа (Нью-Ёрк).
Нарадзіўся 5(17) лістапада 1893 году ў крэпасьці Дзьвінск.
Бацька − Барыс Анупрэевіч, афіцэр Расейскае арміі, родам зь сялян, Полацкага павету, беларус, праваслаўны.
Маці − Стэфаніда Данілаўна з дому Брадоўскіх-Брадвінскіх, праваслаўная, беларуска, зь сямейкі чыгуначніка з Полаччыны.
21 жніўня 1902 г. паступіў у Дзьвінскае 2-ое гарадзкое вучылішча з 6-ці гадовым навучаньнем.
9 чэрвеня 1908 г. скончыў гэтае вучылішча.
15 жніўня 1908 г. паступіў на агульна-асьветныя курсы пры прагімназіі Кацярыны Сьмірновай.
25 чэрвеня закончыў гэтыя курсы.
У верасьні 1910 г. экзаменаваўся ў Грыве-Зэмгальскай і вытрымаў іспыты на вучыцеля пачатковых школ.
1 сакавіка 1911 г. прызначаны вучыцелем у Ліксненскае пачатковае з 5-ці гадовым курсам навучаньня вучылішча.
15 жніўня 1913 г. паступіў у Віцебскі вучыцельскі інстытут і пакінуў працу ў Ліксненскай школе.
1 верасьня 1913 г. паступіў вольным слухачом на Віцебскае Аддзяленьне Маскоўскага Археалягічнага Інстытуту, дзе слухаў курс адначасна з слуханьнем курсу ў Віцебскім Вучыцельскім Інстытуце.
23 студзеня 1916 г. скончыў курс Віцебскага Вучыцельскага Інстытуту.
1 лютага 1916 г. залічаны ў Паўлаўскае Вайсковае Вучылішча ў Петраградзе.
28 красавіка ўзьведзены ў чын малодшага партупей-юнкера.
5 траўня 1916 г. − у старшага партупей-юнкера.
12 траўня 1916 г. − у фэльдфэбэля.
Па сканчэньні паскоранага 4-х месячнага курсу вайсковага часу
Найвысачэйшым загадам у першы дзень чэрвеня 1916 г. узьведзены ў чын прапаршчыка з залічэньнем па армейскай пяхоце.
1.06.1916 г. згодна з тэлеграмай Галоўнага Ўпраўленьня Вайсковых навучальных устаноў ад 31 траўня 1916 г. № 43199 прыкамандзіраваны да Паўлаўскага Вайскавага Вучылішча малодшым афіцэрам у 5-ю часовую роту.
1.02.1917 г. Найвысачэйшым Загадам на грунце загаду В. В. 1914 г. узьведзены ў чын падпаручніка, са старшынствам ад 1 лютага 1916 г.
22 красавіка 1917 г., згодна собскага жаданьня, адкамандзіраваны з Вучылішча на фронт у распараджэньне камандзіра 151-га пяхотнага Пяцігорскага палка, куды й накіраваўся. Падставай было прадпісаньне начальніка Мабілізацыйнага Аддзелу Галоўнага Ўпраўленьня Генэральнага Штаба ад 31 сакавіка за № 18839.
25.04.1917 г. прыбыў і залічаны ў сьпісак 151-га пяхотнага палка й прызначаны малодшым афіцэрам у 1-ю роту.
21 траўня 1917 г. прызначаны часова камандуючым 1-й ротай.
7 ліпня 1917 г. прызначаны часова выконваючым абавязкі палкавога ад'ютанта.
9 ліпня 1917 г. прыняў становішча.
23 ліпня 1917 г. зацьверджаны на становішчы палкавога ад'ютанта.
Кантужаны разрывам артылерыйскага снараду на масьце праз р. Дзьвіну у м. Пагулянцы пад Дзьвінскам, але астаўся ў страі 23 ліпня 1917 г.
25 жніўня 1917 г. прадстаўлены да ўзнагароды ордэнам сьв. Станіслава 3-е ступені зь мячамі й кукардай.
10 кастрычніка 1917 г. прызначаны часова камандуючым маршавым батальёнам палка, з астаўленьнем на становішчы палкавога ад'ютанта.
Загадам па арміі і флёту ад 12 кастрычніка 1917 г. узьведзены ў чын паручніка са старшынствам ад 25 чэрвеня 1917 г.
25 кастрычніка 1917 г. прадстаўлены да падвышэньня ў штабс-капітаны.
14 лістапада 1917 г. ад афіцэраў і жаўнераў 151 пяхотнага Пяцігорскага палка дэлегаваны на зьезд вайсковых беларусаў Паўночнага фронту, які адбыўся ў Віцебску 15-22 лістапада 1917 г.
Зьездам выбраны таварышам старшыні зьезду 15.11.1917 г. Тым-жа зьездам выбраны сябрам Беларускае Вайсковае Цэнтральнае Рады 20.11.1917 г.
Прыбыў у Беларускую Вайсковую Цэнтральную Раду й прызначаны заступнікам кіраўніка беларускіх вайсковых фармаваньняў 30.11.1917 г.
Выбраны заступнікам старшыні Беларускай Вайсковай Цэнтральнай Рады 4.12.1917 г.
Дэлегаваны на Першы Ўсебеларускі Кангрэс у Менску 5.12.1917 г.
Выбраны кіраўніком Аддзелу Фармаваньняў Беларускай Вайсковай Цэнтральнай Рады 22.12.1917 г.
Арыштаваны Камісіяй па барацьбе з контррэвалюцыяй і пасаджаны на вайсковую гаўптвахту ў Менску на Шырокай вуліцы, № 21 − 15.01.1918 г.
Уцёк з гаўптвахты, зьявіўся ў Беларускую Вайсковую Цэнтральную Раду й зарганізаваў захоп улады ад бальшавікоў 19.02.1918 г.
Прызначаны загадам Беларускай Вайсковай Цэнтральнай Рады й Рады Ўсебеларускага Кангрэсу беларускім камэндантам гор. Менску 15 лютага 1918 г.
Выканаўчым камітэтам Рады 1-га Ўсебеларускага Кангрэсу выбраны Народным сакратаром і Асобаўпаўнаважаным Вайсковых Спраў Беларускае Народнае Рэспублікі 20.02.1918 г.
Выбраны заступнікам старшыні Народнага Сакратарыяту БНР 20.02.1918 г.
21.02.1918 г. пастановаю Народнага сакратарыяту Беларусі зацьверджана падвышэньне ў штабс-капітаны, згодна прадстаўленьня ад 25.10.1917 г.
За выслугу чарговых чатырох месяцаў у абставінах бязупыннага змаганьня з бальшавікамі пастановаю Народнага Сакратарыяту Беларусі ад 21.02.1918 г. узьведзены ў чын капітана.
За падрыхтоўку арганізацыі беларускіх вайсковых фармаваньняў усіх франтоў і за кіраваньне Аддзелам Фармаваньняў Беларускай Вайсковай Цэнтральнай рады пастановай Народнага Сакратарыяту Беларусі ад 21.02.1918 г. узьведзены ў чын падпалкоўніка.
За арганізацыю захопу ўлады ў Менску і ўмелае кіраваньне беларускай камэндатурай пастановай Народнага Сакратарыяту Беларусі ад 21.02.1918 г. узьведзены ў чын палкоўніка.
Разам з усім Выканаўчым Камітэтам Рады 1-га Ўсебеларускага Кангрэсу ўвайшоў у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі 19.03.1918 г.
Выбраны сакратаром Рады БНР 20.03.1918 г.
Захварэў ад ператамленьня й пакладзены ў шпіталь 5.04.1918 г.
Прыбыў з шпіталю 24.04.1918 г.
Камандзіраваны на вывед і для патаёмнае прапаганды ў захоплены праз бальшавікоў Віцебск 10.05.1918 г.
Прыбыў з камандзіроўкі 25.06.1918 г.
Загадам Народнага Сакратарыяту БНР за ўдала выкананы вывед і выкананьне іншых даручэньняў у Віцебску ўзнагароджаны залатым персьценем з гербам Пагоні й гербам Народнага Сакратарыяту БНР для нашэньня на левай руцэ 30.06.1918 г.
Разам з усім складам 1-га Народнага Сакратарыяту Беларусі выйшаў 23.08.1918 г. у дымісію.
Прызначаны інспэктарам беларускіх вучыцельскіх курсаў 15.08.1918 г. Прызначаны кіраўніком Вайсковага Аддзелу Народнага Сакратарыяту БНР 2-га складу з астаўленьнем на становішчы інспэктара вучыцельскіх курсаў 30.09.1918 г.
Эвакуяваны ў Вільню 7.12.1918 г.
Прыбыў у Вільню й прызначаны беларускім вайсковым прадстаўніком ды начальнікам павету й гораду ў Беластоку 8.12.1918 г.
Прыбыў у Беласток і прыступіў да працы 10.12.1918 г.
Пераведзены на становішча начальніка Плянтава-Шчучынскага павету 10.01.1919 г.
Па справах службовых камандзіраваны ў Коўна 20.01.1919 г.
Вярнуўся з камандзіроўкі 28.01.1919 г.
Па даручэньню вайсковых уладаў разам з двума веставымі накіраваўся конна ў глыбокую вайсковую разьведку ў тыл бальшавіцкага фронту праз Васілішкі й Радунь пад Ліду 20.02.1919 г.
Прыбыў з разьведкі з ваеннымі весткамі 25.02.1919 г.
Загадам ураду БНР за разьведку й за дастаўленьне з маёнтку генэрала-ад-інфантэрыі Кандратовіча ягоных ордэнаў узнагароджаны белым эмалева-залатым афіцэрскім Крыжам Пагоні 4-ае ступені 1.03.1919 г.
Загадам вайсковага міністра Літоўскай рэспублікі ад 15.03.1919 году прызначаны камандзірам Горадзенскага Беларускага пяхотнага палка 15.03.1919 г.
Здаў кіраваньне паветам і прыняў Горадзенскі Беларускі пяхотны полк 28.03.1919 г.
Прызначаны як беларускі вайсковы прадстаўнік у склад беларуска-літоўскай Дыпляматычнай Місіі для перагавораў з палякамі ды выехаў у Варшаву 16.04.1919 г.
Прыбыў разам з беларуска-літоўскай місіяй з Варшавы ў Коўна 26.05.1919 г.
Атрымаў падзяку Ўраду БНР за напісаньне й надрукаваньне сваёй прапагандовай кнігі "Беларусы й палякі", у якой заклікаў да змаганьня супраць палякаў ды за незалежнасьць Беларусі 20.08.1919 г.
Згодна собскага жаданьня здаў становішча камандзіра Горадзенскага Беларускага Пяхотнага палка й выехаў у камандзіроўку ў Бэрлін 25.08.1919 г.
Пастановай габінэту міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі прызначаны шэфам Беларускай Вайскова-дыпляматычнай Місіі ў Латвіі і Эстоніі 29.08.1919 г.
Прыбыў у Рыгу і акрэдытаваны ўрадам Латвійскай рэспублікі як шэф Беларускай Вайскова-дыпляматычнай Місіі 15.09.1919 г.
Выехаў у Рэвель для прадстаўленьня ўраду Эстонскае рэспублікі і акрэдытаваньня пры ім 1.10.1919 г.
Прыбыў у Рэвель і акрэдытаваны як шэф Беларускай Вайскова-дыпляматычнай Місіі Беларускай Народнай Рэспублікі пры ўрадзе Эстонскае рэспублікі 3.10.1919 г.
Лёгка ранены ў твар асколкам артылерыйскага снараду на Тэатральным пляцу ў Рызе ў першы дзень нападу Бэрмондта на Рыгу і астаўся ў страі 9.10.1919 г.
Выехаў у Юр'еў для ўдзелу ў канфэрэнцыі Балтыцкіх Дзяржаваў 10.10.1919 г.
Прыступіў да перагавораў з генэралам Станіславам Булак-Булаховічам аб арганізацыі Асобнае Беларускае Дывізіі ў Балтыцы 20.10.1919 г.
Выехаў у Гельсінгфорс для прадстаўленьня прэзыдэнту і ўраду Фінляндзкае рэспублікі 23.10.1919 г.
Пасьля прыйма прэзыдэнтам і ўрадам Фінляндзкае рэспублікі арганізаваў консульства ў Гельсінгфорсе й выехаў назад у Рэвель 28.10.1919 г.
Закончыў перагаворы й заклаў Асобную Беларускую Дывізію БНР у Балтыцы пад камандаваньнем генэрала Булак-Булаховіча 14.11.1919 г.
Распачаў перагаворы з урадам Эстонскай рэспублікі аб часовым перабываньні Асобнае Беларускае Дывізіі на тэрыторыі Эстоніі і аб прыдзяленьні ёй асобнага кавалку фронту супраць бальшавікоў у раёне Пячораў ды Ізборску 15.11.1919 г.
Падпісаў умовы з урадам Эстоніі аб часовым перабываньні Асобнае Беларускае Дывізіі ў Эстоніі ды аб залічэньні ў грашовую пазыку ўраду БНР усіх выдаткаў на ўтрыманьне Асобнае Дывізіі БНР, якія будзе мець эстонскі ўрад, − 18.11.1919 г.
Вярнуўся ў Рыгу й распачаў перагаворы з урадам Латвійскай рэспублікі аб прыдзяленьні для Асобнае Беларускае Дывізіі Булак-Булаховіча базы на тэрыторыі Латвіі ў гор. Марыенбурзе і ягоным раёне 25.11.1919 г.
Выехаў на інспэкцыю фронту Асобнае Беларускае Дывізіі 5.12.1919 г.
Вярнуўся ў Рыгу 15.12.1919 г.
Дэкрэтам надзвычайнага ўпаўнаважанага пасла БНР у Балтыцы інж. Душэўскага ад 19.12.1919 г. узьведзены ў чын генэрал-маёра.
Загадам міністра Народнай Абароны БНР ад 8.01.1920 г. за № 8 пацьверджана пастанова аб узьвядзеньні ў чын генэрал-маёра.
Пастановай Рады Народных міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі ад 17.5.1920 г. пацьверджана пастанова аб узьвядзеньні ў чын генэрал-маёра.
Згодна собскае просьбы атрымаў згоду ўраду БНР часова падпісвацца й надалей старой рангай палкоўніка, пакуль сам буду лічыць гэта патрэбным з тых ці іншых палітычных меркаваньняў 17.05.1920 г.
З прычыны падпісаньня Латвійскім урадам умовы супакою з РСФСР далейшае існаваньне Вайскова-Дыпляматычнай Місіі БНР у Латвіі і Эстоніі сталася немагчымым. Дзеля гэтага зьліквідаваў Місію ды здаў архіў ураду БНР у Коўна 1.11.1920 г.
Вярнуўся ў Латвію й заняўся арганізацыяй беларускай нацыянальнай меншасьці 25.03.1921 г.
Зарганізаваў у Дзьвінску Беларускае Культурна-асьветнае таварыства "Бацькаўшчына" 25.03.1921 г.
Зарганізаваў беларускія летнія вучыцельскія курсы ў Дзьвінску 25.05.1921 г.
Зарганізаваў першых 16 беларускіх школаў у Латвіі 15.08.1921 г.
З дазволу ўраду БНР прыняў латвійскае грамадзянства 30.11.1921 г.
Зарганізаваў сталыя беларускія вучыцельскія курсы ў Дзьвінску 1.12.1921 г.
Прызначаны інспэктарам беларускіх школаў у Латвіі 1.01.1922 г.
Прызначаны дырэктарам Люцынскае беларускае гімназіі 1.04.1923 г.
Арыштаваны латвійскім урадам 25.05.1924 г. за беларускую нацыянальную працу.
Пастановай латгальскага акруговага суда ў Латвіі апраўданы й звольнены з вастрогу 25.04.1925 г.
10.06.1925 г. зарганізаваў у Рызе беларускую газэту "Голас Беларуса" й часапіс "Беларуская школа ў Латвіі", якія баранілі беларускія нацыянальныя інтарэсы да 1934 г., пакуль не былі зачынены латвійскім урадам.
Прызначаны выкладчыкам мэтодыкі беларускае мовы й гісторыі на беларускіх вучыцельскіх курсах у Рызе 1.01.1926 г.
Прызначаны выкладчыкам Рыскае беларускае гімназіі 15.09.1931 г.
У часе Ўльманісаўскага перавароту ў Латвіі арыштаваны ўрадам Ульманіса за нацыянальную беларускую працу 15.05.1934 г.
Без суда й сьледзтва звольнены з вастрогу 20.08.1934 г.
Выехаў на працу ў Лібаўскі раён, дзе будаваў рыбныя сажалкі, займаўся гадаваньнем карпаў і супрацоўнічаў у беларускай нацыянальнай прэсе 1.10.1934 г.
Вярнуўся ў Рыгу, дзе прыняў удзел у стварэньні Беларускага Таварыства ў Латвіі ды аднаўленьні беларускіх школаў. Адначасна пачаў супрацоўнічаць у бэрлінскай газэце "Раніца" ў 1939 г.
Прызначаны кіраўніком адноўленае беларускае вячэрняе школы ў Чырвонай Дзьвіне ў Рызе 1.08.1940 г.
Зарганізаваў Беларускі Нацыянальны Камітэт і Беларускае Аб'яднаньне ў Латвіі 15.07.1941 г.
Зьездам Беларускага Аб'яднаньня 22.06.1944 г. дэлегаваны на 2-гі Ўсебеларускі Кангрэс у Менску.
Прыбыў у Менск 26.06.1944 г. і пакліканы спадаром Прэзыдэнтам БЦР у склад сяброў Беларускае Цэнтральнае Рады.
Другім Усебеларускім Кангрэсам выбраны на старшыню Рэдакцыйнай Камісіі 27.06.1944 г.
Прыбыў у Бэрлін 6.08.1944 г. і прыступіў да працы ў БЦР.
Пастановай БЦР і спадара Прэзыдэнта прызначаны выконваючым абавязкі 2-га віцэпрэзыдэнта на час водпуску сп. Сабалеўскага 20.08.1944 г.
Загадам Прэзыдэнта БЦР прызначаны кіраўніком Галоўнага Кіраўніцтва Вайсковых Спраў БЦР 15.10.1944 г.
10.01.1945 году пастановай Прэзыдэнта БЦР сьцьверджана й прызнана ранга генэрал-маёра, нададзеная ўрадам БНР у 1919 годзе.