Рыжскі мір 1921 года перарэзаў Беларусь на дзве часткі Савецкапольскай мяжой. З 1919 г. бальшавізаваныя Саветы Віцебскай, Смаленскай i Магілёўскай губерняў абвясцілі аб сваім уваходжанні ў склад РСФСР. Як гэта рабілася ў першых дзвюх губернях, мы не прасачылі, але ў апошняй сітуацыя склалася наступным чынам, думаецца, вельмі характэрным для таго часу. У Наркамаце зямельных спраў РСФСР пры эканамічна-прававым аддзеле 25 лютага 1919 г. сабралася міжведамасная парада, дзе сярод трох пытанняў за нумарам першым стаяла пытанне аб Гомельшчыне. На ім прысутнічалі прадстаўнікі ўраду Украіны Іваноў i Мальцаў, упаўнаважаны СНК (РСФСР - А. Ц.) па справах Беларусі i Літвы Гопнер, прадстаўнікі Магілёўскага рэўкама Гіндзін i Кацаф, Магілёўскага губвыканкама - Індэнбаўм, ад Наркамата ўнутраных спраў - Спаскі i ад НКЗС - прафесар Неміроўскі i Круцікаў. Апошні быў сакратаром, а шаноўны прафесар - старшынёй парады. Зазірнем у пратакол:
«СЛУХАЛІ: Аб вылучэнні Голлельскай губерпі.
ПАСТАНАВІЛІ: Нарада адпагалосна прызнала неабходнасць перанесці губернскі цэнтр з Магілёва ў Гомель.
Ca складу Магілёўскай губерні - паветы Быхаўскі, Магілёўскі, Чавускі, Рагачоўскі, Чэрыкаўскі i часткі Горацкага i Клімавіцкага.
Са складу Мінскай губерні - Рэчыцкі.
Са складу Чарнігаўскай губерні - Суражскі i Навазыбкаўскі - умоўна Лапінскі i Старадубскі - да высвятлення пытання аб вылучэнні Бранскай губерні (умоўна). Прынята аднагалосна. Гомельская губерня мусіць увайсці ў склад Вялікарасеі».
Пэўна, з той жа лёгкасцю былі вырашаны i пытанні аб прыналежнасці да РСФСР Віцебшчыны i Смаленшчыны. Навошта гэта рабілася? Знадворным рухавіком было тое, што польскія войскі паспяхова прасоўваліся па тэрыторыі Беларусі, вымушаючы Чырвоную Армію да адступлення. Пілсудскі, з палітычных меркаванняў, зрабіў у гэты перыяд стаўку на Беларусь, як на край, што калісь уваходзіў у склад Рэчы Паспалітай. (Дарэчы, падобную сітуацыю мы можам назіраць i сёння, калі штучна даводзіцца тоеснасць: Старажытная Русь - Кіеўская Русь - Расея - Расейская імперыя - СССР - Расея.)
Каб зменшыць рэгіён магчымых тэрытарыяльных прэтэнзій Польшчы, тое, што знаходзілася пад кантролем Чырвонай Арміі, было тэрмінова i нават загадзя «аб'яўлена» Расеяй. Прыхаваная прычына - нежаданне ўлічваць звычаі, нацыянальныя інтарэсы ў святле ўяўнага набліжэння перамогі пралетарскай рэвалюцыі i стварэння сусветнага Саюзу Сацыялістычных Рэспублік.
У выніку Рыжскага міру за Савецкай Беларуссю была пакінута тэрыторыя ў складзе шасці паветаў былой Мінскай губерні з агульнай плошчай 52,4 тыс. кв. км i насельніцтвам, паводле дадзеных перапісу 1920 г., 1 353 078 чалавек. Пасля стабілізацыі лініі фронту ў канцы таго ж 1920 года ва Урад ССРБ паступіла заява аб жаданні далучыцца да Беларусі з боку Крупскай воласці.
Тая ж думка была выказана i ў хадайніцтве (7.ХІІ.1920 г.) валаснога з'езду Бобрскай воласці Сенненскага павета. Супраць выступіў Сенненскі выканкам, які матываваў свой пратэст тым, што Бобр - самы буйны фабрычна-заводскі цэнтр павета. На пагаджальнай камісіі было вырашана хадайніцтва задаволіць, але некаторыя прадпрыемствы вывезці ў іншыя воласці Віцебскай губерні РСФСР. Быццам бы гэтыя прадпрыемствы не былі створаны працаю мясцовых жыхароў, а былі завезены аднекуль з Расіі. Такая практыка, паміж іншым, назіраецца i ў пазнейшых падзеях.
Толькі ў 1921 г. пачынаецца юрыдычнае прызнанне БССР, калі 16 студзеня, амаль праз паўгода пасля падпісання дагавору з Літвой, быў падпісаны дагавор паміж РСФСР i нашай рэспублікай. 3 боку Расіі яго падпісаў намеснік народнага камісара па замежных справах Л. Карахан, з боку Беларускай рэспублікі намеснік старшыні ЦВК i СНК Беларусі i народны камісар па ваенных справах Я. Адамовіч. Якія захады рабіў Беларускі ўрад дзеля вяртання сваіх законных тэрыторыяў прасачыць па дакументах не ўдалося. Але яны, бясспрэчна, былі, бо не была вынішчана нацыянальная самасвядомасць большасці членаў першага беларускага бальшавіцкага ўраду.
Яшчэ не былі сцерты з памяці абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі ў межах этнаграфічнай Беларусі, ды i дэкларацыя бальшавікоў, прынятая імі ў піку нацыянальнаму ўраду, ад 1 студзеня 1919 г. аб стварэнні Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі. Апошняя тады ўключала ў сябе амаль усю тую ж тэрыторыю, што i БНР, за выключэннем Вільні, таму што там быў створаны альтэрнатыўны Ковенскаму буржуазнаму прабальшавіцкі ўрад Міцкявічуса-Капсукаса.
У 1924 годзе урад СССР наважыўся, нарэшце, на дэманстрацыю павагі да нацыянальных правоў беларусаў. Рабілася гэта з розных падстаў: з жадання насаліць замежным апанентам, пад уціскам патрабаванняў народных масаў, а таксама з захаду беларускага ўраду. У лютым i сакавіку былі прынятыя рашэнні аб перадачы частак Гомельскай, Віцебскай i Смаленскай губерняў Беларусі. Варта адзначыць тут такі аспект: нягледзячы на інструкцыю УЦВК i СНК, якая прадугледжвала передачу тэрыторыяў у іншыя адміністрацыйныя адзінкі толькі восенню, для Беларускай рэспублікі гэта было зроблена вясной. Дзеля чаго? Дзеля таго, каб вясенняй навіной прымусіць людзей забыцца аб іншай значнай падзеі ў жыцці народа - аб сакавіку 1918 г., аб нараджэнні БНР, звярнуць увагу на «дабрыню» новай улады.
Пастанова была падпісана Старшынёй ЦВК СССР Н. Нарыманавым i сакратаром ЦВК СССР А. Енукідзе аб далучэнні да БССР Віцебскай i часткі Смаленскай губерняў. Аднак з боку «старэйшага брата» i «добрага суседа» адразу ж былі выстаўлены прэтэнзіі на тры паўночна-ўсходнія беларускія паветы Віцебскай губерні - Вяліжскі, Невельскі i Себежскі. Хоць беларускае насельніцтва тут складала большасць, але гэты факт аніяк не браўся пад увагу. Старшыня ЦВК Беларусі А. Р. Чарвякоў засведчыў: «...Што тычыцца далучэння да Беларусі Віцебскай губерні, дык у час ІІ з'езда Саветаў (СССР) беларуская дэлегацыя атрымала паведамленне ад віцебскіх таварышаў аб тым, што пленум Віцебскага губвыканкама на першым сваім пасяджэнні пастанавіў дамагацца перад ЦВК РСФСР уваходжання Віцебскай губерні ў склад Беларускай рэспублікі, абгрунтоўваючы гэта культурным, эканамічным i адміністрацыйным адзінствам усяго раёна. Гэтая заява Віцебскай губерні была падтрымана Беларуссю таму, што апошняя i раней не пярэчыла супраць уключэння гэтых трох паветаў у склад Беларускай рэспублікі. Адпаведная калектыўная заява за подпісамі ўсіх дэлегатаў была перададзена спачатку для разгляду ў партыйным парадку. Гэтае ж пытанне паступіла на вырашэнне Камісіі Прэзідыума Саюзнага ЦВК. Да гэтага часу яно яшчэ не вырашана, але з прыватных размоў, якія мне давялося весці з таварышамі Калініным i Енукідзе, стала зразумелым, што ці наўрад гэтае пытанне будзе вырашана ў пазітыўным сэнсе, таму што некаторыя члены Саюзнага Прэзідыума i Прэзідыума ЦВК РСФСР ставяцца адмоўна да пытання аб перадачы гэтых трох паветаў Беларусі... Што ж тычыцца перадачы Беларусі часткі Смаленскай губерні, дык першапачаткова таварышы з Смаленска заявілі пратэст на рашэнне камісіі ЦБК, патрабуючы, каб Мсціслаўскі павет быў цалкам пакінуты ў складзе Смаленскай губерні».
Нагадаем, што Мсціслаўскі павет разам з Горацкім быў далучаны да гэтае губерні адпаведна з пастановай НКУС РСФСР ад 11 ліпеня 1919 г., калі Менск - сталіца Савецкай Беларусі - быў акупіраваны польскім войскам. Такім чынам урад РСФСР не пакінуў фактычна ўраду Літбела магчымасці для эвакуацыі органаў улады на сваю тэрыторыю, на ўсход. Смаленск прыняў ЦК КП(б) Літбела, адкуль апошні кіраваў камуністычным падполлем.
Як бачым, за перыяд з 1919 да 1924 г. смаленскія губернскія ўлады вельмі звыкліся з Мсціслаўскім паветам, ігнаруючы тое, што ў час абвяшчэння БССР 1.01.1919 г. уся Смаленская губерня, за выключэннем чатырох усходніх паветаў, лічылася «неад'емнай часткай БССР».
Пасля пастановы Прэзідыума Усерасейскага Цэнтральнага Выканаўчага камітэта i пачалося «перацягванне каната» паміж БССР з аднаго боку i губкамамі Смаленска i Пскова - з другога. Але сілы былі няроўныя - з аднаго боку Беларусь, этнаграфічныя, гістарычныя i эканамічныя абгрунтаванні, з другога - моцная падтрымка ўрадаў РСФСР i СССР. Пратэсты i патрабаванні, адрасаваныя ЦБК СССР аб вяртанні Беларусі Бяліжскага, Невельскага i Себежскага паветаў не задавальняліся. Нягледзячы нават на тое, што на пасяджэнні пагаджальнай камісіі 3 красавіка 1924 г. старшыня Вяліжскага павятова-гарадскога выканаўчага камітэта Селязнёў заявіў, што «ўсе канферэнцыі па Бяліжскаму павету прайшлі пад сцягам неабходнасці далучэння да Беларускай рэспублікі». Цікава адзначыць, што пасля гэтага выступления прозвішча Селязнёва знікае з наступных пратаколаў пасяджэнняў камісіі.
Пскоўскі губкам матываваў неабходнасць уключэння гэтых трох паветаў у склад РСФСР адміністрацыйна-гаспадарчым адзінствам i нават тым, што гэта «вельмі неабходна з мэтай адзінага кіраўніцтва справай аховы граніцы па ўсёй лініі мяжы з Латвіяй, каб найбольш поўна забяспечыць інтарэсы пагранічнай службы, барацьбы 3 кантрабандай i г. д.», на што беларускі прадстаўнік адзначыў, што ахова дзяржаўнай мяжы ёсць прэрагатыва СССР, а не губеранскіх уладаў. Але як ні змагаліся прадстаўнікі Беларусі, урад СССР адхіліў іхнія законныя патрабаванні.
Такім чынам, склалася, што з былой Віцебскай губерні тры паветы - Люцынскі, Рэжыцкі i Дзвінскі, населеныя беларусамі, былі перададзены РСФСР у 1921 г. буржуазнай Латвіі за пасрэдніцтва ў заключэнні Рыжскага мірнага дагавору, а яшчэ тры - Бяліжскі, Невельскі i Себежскі - апынуліся ў складзе Пскоўскай губерні РСФСР. Толькі некаторыя паўднёвыя воласці былі вернуты Беларусі. Пратакол № 2 пасяджэння пагаджальнай камісіі ад 3 красавіка 1924 года сведчыць аб некаторых дэталях гэтага працэсу. Прадстаўнік Беларусі Шкубер заяўляў: «...этнаграфічны прызнак патрабуе далучэння амаль усяго Бяліжскага павета Беларусі, але гэта не ўваходзіць у кампетэнцыю камісіі, яна можа ўносіць толькі прыватныя накірункі, таму камісія лічыць, што ва ўсялякім выпадку паўднёвыя воласці мусяць адыйсці да Беларусі, а паўночныя - да Пскоўскай губерні, нягледзячы на перавагу ў паўночнай частцы беларускага насельніцтва... Клясціцкая воласць - складаецца на 72 працэнты з беларусаў».
Адпаведна са згаданай Пастановай Прэзідыума Усерасійскага ЦВК ад 3 сакавіка 1924 г. са складу Смаленскай губерні вылучаўся Горацкі i палова Мсціслаўскага паветаў, а з Гомельскай губерні Магілёўскі, Рагачоўскі, Быхаўскі, Клімавіцкі, Чавускі паветы i сем валасцей Рэчыцкага павета поўнасцю i заходнія часткі яшчэ трох валасцей.
Увогуле ад Гомельскай губерні пераходзіла ў склад БССР 53 працэнты тэрыторыяў i 41 працэнт насельніцтва. Паколькі аспрэчваць гэтыя тэрытарыяльныя «страты» з боку Гомельскага губвыканкама не было аніякіх падставаў, апошні ўзброіўся іншай тактыкай. А. Р. Чарвякоў на пасяджэнні Саўнаркама БССР з нагоды стварэння Прыёмнай камісіі гаварыў: «У нас ёсць звесткі... што са Шклоўскай фабрыкі Гомельскі губсаўнаргас вывозіць усю маёмасць... Гомлес абірае ўсе райаддзяленні паветаў, вывозячы адтуль сыравіну i абсталяванне... Гомельскі губеранскі кааператыў абабраў да апошняй магчымасці павятовыя кааператывы; у Магілёве, напрыклад, былі засяроджаны ўсе дзіцячыя дамы Гомельскай губерні i Магілёў, такім чынам, з'яўляецца цэнтрам дзіцячых прытулкаў з моманту пачатку размоў аб перадачы, i губкам не мае сродкаў на ix утрыманне».
Далей Чарвякоў прапануе камісіі: «Палявому Саўнаркаму Беларусі - выдзеліць 25 тыс. рублёў золатам, таму што яна сустрэнецца 3 незвычайнай галотай». Так i было. Вось, напрыклад, што тэлеграфаваў Старшыня камісіі Я. Адамовіч Чарвякову: «...Грошы патраЦІЛІ так: 4 тыс. далі для завода, таму што рабочыя не атрымлівалі заработнай платы тры месяцы... 12 тыс. руб. далі Магілёўскаму УВК, таму што ў ix гэты пераходны момант (рвачэскі з боку Гомельскага Губвыканкама) быў цяжкі».
Стан гаспадаркі быў проста жахлівы. I не толькі ў Гомельскай губерні. У Горацкім павеце, які адыходзіў да БССР, Смаленскім губсельтрэстам у 1923 годзе была так выбрана прадукцыя саўгасаў, што на пасяўную кампанію 1924 г. не хапіла насення. Саўгасы Юльянава, Трылесіна i Сметанка былі зліквідаваныя, уся прадукцыя i лепшы інвентар вывезены ў Смаленскую губерню. Тое ж, хоць, можа, i не ў такой ступені, зведалі іншыя саўгасы. Гэта вымусіла прыпыніць збор сельгаспадаткаў па саўгасах Горацкага павету, тым больш, што некаторыя з ix ужо па тры месяцы не выдавал! рабочым заработную плату. Прыкладна так дзейнічалі i гомельскія ўлады - перапынялі крэдытаванне тых рэгіёнаў, якія мусілі адыйсці да БССР. Увогуле, як засведчана ў даведцы (люты - сакавік 1924 г.) камісіі СНК Беларусі па прыёму частак Смаленскай i Гомельскай губерняў: «Мясцовыя бюджэты далучаных да БССР раёнаў Гомельскай i Смаленскай губерняў «переобременены» i не маюць падтрымкі з губернскіх i дзяржаўных сродкаў. Заработная плата... выплочваецца ў гэтых раёнах у памеры ніжэй ставак, існуючых у БССР: па Гомельскай губ.- 3 руб. 50 коп., па Смаленскай - 4 руб. для I разраду, тады як у БССР яна роўная 7 руб.».
Варта адзначыць, што ў гэты перыяд сярэдняя заработная плата рабочага па Саюзе была 17,17 таварнага (залатога) рубля, па Беларусі 20,43 таварнага рубля, гэта значыць на 19 працэнтаў вышэй. Адзначым, што ў другой палове 20-х гадоў БССР знаходзілася на 3-м месцы ў СССР па росце прадукцыйнасці працы, але на 13-м месцы па росце заработнай платы. Колькасць беспрацоўных у Менску ў 1923- 24 гг. складала 7,1 працэнта, у Маскве i Петраградзе - 10- 11 працэнтаў.
Беларусь вымушана была аплаціць усе «даўгі». Напрыклад, як акрэслена ў пратаколе ад 26 красавіка 1927 г. аб канчатковых разліках у сувязі з перадачай Вяліжскага, Себежскага i Невельскага паветаў Пскоўскай губерні, ад Віцебскай фармацэўтычнай управы спагнана 915 р. 85 коп., а з былой Віцебскай губернскай зямельнай управы спагнана 6 584 р. 39 кап. Гэта ў той час, калі Віцебская губерня за 1923-1924 гады дала ў агульныя рэсурсы РСФСР чыстага даходу 1 943 685 руб., а была прынята Беларуссю, як аб гэтым сведчыць Акт здачы - прыёму Віцебскай губерні, падпісаны Прышчэпавым i Адамовічам, з дэфіцытам бюджэту ў 477 059 рублёў.
Адразу пасля ўз'яднання намнаркамфіна СССР Любімаў, не зважаючы на тое, што Беларусі вярталі яе тэрыторыю з бюджэтным дэфіцытам, запатрабаваў, каб узбуйненая Беларусь павялічыла ўдвая працэнт удзелу ў выдатковым бюджэце СССР.
Нягледзячы на ўсе гэтыя сквапніцкія захады, народ з радасцю ўспрымаў перамены ў сваім жыцці, выяўляў вялікую зацікаўленасць у маючым адбыцца Надзвычайным Усебеларускім XI з'ездзе Саветаў. Беларусы тых зямель, якія засталіся на ўсход ад беларускай мяжы, звярталіся ў ЦВК Беларусі з прашэннямі аб уключэнні ix у склад БССР. Так, сяляне Шышкоўскага раёна Бахоцкай воласці 7 кастрычніка 1924 г. склалі «настоящий приговор... для выражения нашего искреннего желания о присоединении к Белорусской Советской Республике и для исходатайствования удовлетворения нашего желания ввиду того, главнылл образом, что мы не желаем отстать от своей национальности и своего коренного белорусского языка». Аналагічнае прашэнне складзена i сялянамі вёскі Перасядзенне Аслянскай воласці Мсціслаўскага павету, якое было прынята 73 гаспадаркамі з 95 маючых права голасу.
Прыкладна тыя ж думкі гучаць i ў прыгаворах грамадзян вёсак Вялікі Рай, Малы Рай i Свірыдаўкі Бахоцкай воласці. Яны пісалі: «...Собравшись сего числа (1924 г. марта 30 дня) на общий сход и обсудив вопрос о присоединении нас к Великоруссии, решили: ввиду того, что мы искони принадлежали к нации белоруссов, каковыми были наши прадеды, отцы и дети... Узнав, что наши деревни отходят к Смоленскому уезду, следовательно к Великороссии, в нас пробудились национальные чувства - жажда присоединения к родному краю, в котором мы родились и желаем умереть, защищая национальное право». Падобныя шчырыя лісты-«прйговоры» прыйшлі ў ЦВК нашай рэспублікі ад жыхароў вёскі Мілют Мсціслаўскага павета, вёсак Варкавіна, Безюкі Бахоцкай воласці, Бялінішча Хіславіцкай воласці Рослаўскага павета.
У пратаколе ад 24 лютага 1924 г. пагаджальнай камісіі СНК Беларусі i Смаленскага губвыканкама па прыёме - перадачы Горацкага i часткі Мсціслаўскага паветаў згадваюцца Соінская i Надзейкаўская воласці. Супраць уключэння ix у межы БССР пратэстуюць Смаленскія губеранскія ўлады, а прадстаўнікі Беларусі настойваюць на паўторным разглядзе праблемы. Наступны дакумент, які тычыцца гэтага ж пытання, датуецца 12 сакавіка таго ж года - гэта выпіс з пратаколу пазачарговага з'езду райсаветаў i ўпаўнаважаных вёсак Надзейкаўскай воласці Мсціслаўскага павета. На гэтым з'ездзе абмяркоўвалася пытанне аб уз'яднанні з Беларуссю. У дакладзе Кавалёва з вёскі Ціхіля гаварылася аб тым, што «...БССР есть член СССР, хотя таковая и автономна, но под протекторатом СССР...» Пасля пастанавілі абраць двух прадстаўнікоў - Ц. Шураўко i М. Кузамкіна - у якасці ўпаўнаважаных дзеля ўзбуджэння хадайніцтва перад ЦВК Беларусі аб далучэнні Надзейкаўскай воласці да БССР. Удакладнім, што зараз яна ў Рослаўскім раёне Смаленскай вобласці РСФСР. Тыя ж думкі выказаны i ў пастанове прэзідыума Хіславіцкага валаснога выканкама былога Мсціслаўскага павета: «Зная тяготение населения Хиславичской, Пирятичской и Ослянской волостей о присоединении обратно к Мстиславскому уезду - Белоруссии... ходатайствовать перед ЦИК Белоруссии от имени населения... о присоединении означенных волостей к Белоруссии. Присовокупляем, что крестьяне на своих собраниях поднимают вопрос об обязательном присоединении к Белоруссии и выражают негодование в связи с присоединением их к Великороссии».
Застаецца канстатаваць, што толькі палова былой Аслянскай воласці сёння знаходзіцца ў межах нашай рэспублікі. Астатнія ж вёскі знаходзяцца ў межах Смаленскай вобласці РСФСР. Іхняе імкненне i жаданне не было ўбачана i пачута, як i захады тагачаснага Беларускага ўраду. Наадварот, гэта выклікала занепакоенасць у Маскве. Ды i было чаго непакоіцца - стварыўшы прэцэдэнт з выкананнем прыгавораў беларускіх сялян, можна было прыйсці да непажаданага росту БССР, рэальнага аб'яднання ўсяго беларускага народа над адзіным дахам. Пры гэтым аб'яднаўчая ініцыятыва зыходзіла ад простага народу, а не ад кіруючай партыі. Відаць, былі зроблены адпаведныя захады, каб прыпыніць стыхійны працэс народнага волевыяўлення, бо 11 красавіка 1924 г. на пасяджэнні ЦБК БССР, на якім прысутнічалі Чарвякоў, Асаткін, Багуцкі, Адамовіч, Гетнер, Сташэўскі i Нодэль, а таксама запрошаныя члены камісіі па прыёме тэрыторыяў Чарнушэвіч i Шкубер, было прынята рашэнне: «Всякого рода ходатайства сельсоветов, волисполкомов и др. учреждений и организаций о присоединении к Белоруссии, не рассматривая, направлять в ЦИК СССР». Такое спрэчнае рашэнне i непаслядоўнасць дзеянняў ураду БССР можна растлумачыць незадаволенасцю i занепакоенасцю Масквы рухам, які выходзіў з-пад кантролю.
Канчатковае фармаванне паўднёва-ўсходняй мяжы нашай рэспубЛІКІ адбылося пасля пастановы Прэзідыума ЦВК РСФСР ад 6 снежня 1926 г. аб зліквідаванні Гомельскай губерні i перадачы ў склад БССР Гомельскага i Рэчыцкага паветаў. Адпаведна 8 снежня таго ж года была прынята пастанова ЦВК БССР аб далучэнні да Беларусі названых раёнаў. Зноў не абышлося без рабаўніцтва. На час перадачы Гомельскага павету (IV квартал 1926 г.) толькі папяровая фабрыка ў Добрушы мела непакрыты касавы дэфіцыт у 300 тыс. рублёў, запалкавыя фабрыкі далучанай тэрыторыі мелі дэфіцыт у 820 тыс. рублёў, а Палесдрук, дзе працавала 400 чалавек, з-за недахопу сродкаў быў вымушаны звольніць 142 чалавекі.
Вывозіліся не толькі матэрыяльныя сродкі, фінансы, але i культурныя каштоўнасці. Адпаведна з пратаколам пагаджальнай камісіі ад 28 студзеня 1927 г. «Гомельскі педагагічны музей вырашана зберагчы без драблення i... цалкам перадаць яго новаўтворанай Бранскай губерні». Увогуле прадстаўнікі РСФСР на пасяджэнні парытэтнай камісіі (17 студзеня 1927 г.) запатрабавалі правесці мяжу паміж Бранскай губерняй i нашай рэспублікай па рацэ Сож. Праўда, гэтая ІДЭЯ пасля пратэсту БССР была адхілена. Чаму ўзнікла пытанне аб мяжы па рацэ Сож? Таму што на левабярэжжы знаходзіцца Добрушскі папяровы камбінат, на які паквапіліся прадстаўнікі новаўтворанай Бранскай губерні. На пасяджэнні парытэтнай падкамісіі яшчэ 26 снежня 1926 г. прадстаўнік РСФСР Гадзееў заявіў: «Мы маем даручэнне паставіць на абмеркаванне... пытанне аб Добрушскім раёне; да нас паступіла хадайніцтва Бранскага выканкома аб адпаведнай змене межаў БССР». (Заўважым, што хадайнічала не насельніцтва Добрушскага раёна, а кіраўніцтва Бранскага выканкама! - А. Ц.). Бранскія ўлады ўдала выкарысталі момант заяўлення прэтэнзіі. Справа ў тым, што днём раней прадстаўнікі Беларусі зрабілі карту размежавання адпаведна з Пастановай УЦВК аб далучэнні Гомельскага i Рэчыцкага паветаў да Беларусі. Пераканаўшыся, што беларусы дакладна выконваюць прадпісанні Масквы i не прэтэндуюць на «залішнія» тэрыторыі, аб чым сведчыла прадстаўленая расейскаму боку парытэтнай камісіяй карта, Бранскі выканкам пайшоў у наступ.
Прадстаўнік Беларусі Калінін, каб паменшыць бранскія апетыты, выказаўся канкрэтна: «Калі дэлегацыя (РСФСР - А. Ц.) будзе ставіць пытанне такім чынам, мы ca свайго боку паставім шэраг пытанняў аб змене межаў у адносінах далучэння да БССР раёнаў з беларускім насельніцтвам, якое знаходзіцца ў межах РСФСР. Але мы лічымся з пастановай вышэйшых савецкіх органаў i не вылучаем зараз гэтых пытанняў, але толькі калі дэлегацыя РСФСР у сваю чаргу зноў не вылучыць пытанне аб Добрушскім раёне». Прадстаўнік Расіі Райхман пачаў «замазваць» узніклую спрэчку: «Стоит ли сейчас спорить, какое преимущественно население в Добрушском районе, белорусское или русское... Заявление о Добруше мы сделали только для того, чтобы вы знали, что с этим вопросом вы можете столкнуться и в будущем, с другой - нам надо было выполнить данное нам поручение».
Кропку ў гэтых дэбатах паставіў Хацкевіч, які заявіў, што калі расейская частка падкамісіі пры подпісу акта зробіць агаворку аб тым, што яна будзе ўздымаць пытанне ў Маскве аб далучэнні Добрушскага раёна да РСФСР, дык беларускі бок вылучыць контрпрэтэнзію на частку тэрыторыі РСФСР - па нацыянальных i эканамічных матывах.
На ўздым гаспадаркі i кампенсаванне страт на ўз'яднаных тэрыторыях па просьбе ўраду Беларусі Наркамфін СССР вылучыў з рэзервнага фонду 500 тыс. руб. Крыху пазней ён жа звінаваціў Наркамфін БССР у нерацыянальнай траце грошай, i толькі пасля таго, як Старшыня Саўнаркама БССР Карклін прадставіў рахункі, якія сведчылі, што на фінансаванне народнай гаспадаркі Гомельшчыны было выдаткавана 1 480 тыс. рублёў, абвінавачанні былі зняты.
Узбуйненне 1927 года было апошняю зменай усходніх межаў БССР.