Папярэдняя старонка: Артыкулы

Яўстах Тышкевіч, яго калекцыя і яго музей 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 13-12-2023,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Яўстах Тышкевіч, яго калекцыя і яго музей // Наша слова.pdf № 49 (101), 6 снежня 2023.; № 50 (102), 13 снежня 2023.

Спампаваць




Яўстах Тышкевіч - адзін з нашых першых археолагаў, адзін з тых, хто стварыў у нас археалогію як навуку.

Граф Яўстах Тышкевіч герба Леліва нарадзіўся 6 красавіка 1814 г. у Лагойску Мінскай губерні Барысаўскага павета, у спадчынным маёнтку Тышкевічаў. Бацькі Яўстаха: Пій Тышкевіч і Аўгуста з роду графаў Плятэраў. Лагойская галіна роду Тышкевічаў была менш вядомай, чым галіна Тышкевічаў з Біржаў, але не менш багатай і ўплывовай у краі.

Шмат часу сям'я праводзіла ў Вільні. Тут Яўстах пачаў сваю адукацыю, закончыў яе у 1831 г. у мінскай гімназіі, дзе Тышкевічу прывіў захапленне археалогіяй прафесар Казімір Асмольскі.

У 1831-1835 гг. Яўстах Тышкевіч жыў у Маскве. Менавіта падчас знаходжання тут, ён упершыню пазнаёміўся з архіўнымі матэрыяламі і станам археалагічных даследаванняў. Пазней даследчык часта бываў у Расіі і пісаў гістарычныя артыкулы на рускай мове для «Тыгодніка Пецярбургскага».

Граф Яўстах Тышкевіч у 1854 г.

Пасля вяртання на радзіму Тышкевіч зацікавіўся курганамі. Са слоў самога графа, гэта адбылося ў 1837 г., калі сябар яго бацькі Анджэй Качынскі звярнуў увагу на паганскія могілкі, размешчаныя на суседняй зямлі Дамініка Паўлікоўскага. Паўлікоўскі дазволіў Тышкевічу праводзіць раскопкі на сваёй землі і гэтак Тышкевіч пачаў сваё першае самастойнае даследаванне. Ён сутыкнуўся з многімі забабонамі і неразуменнем. Сяляне былі ў жаху ад раскопвання магілаў, а мясцовая шляхта кпіла з яго дзівацтваў.

У 1840 г. граф стаў ганаровым куратарам школ Барысаўскага павета а з 1844 г. - маршалкам таго ж павета і куратарам Мінскай гімназіі, якую ён сам некалі скончыў. Яўстах Тышкевіч цікавіўся асветай, разумеў яе праблемы і сам імкнуўся весці культурна-асветніцкую работу. Аб гэтым можа сведчыць той факт, што ў Барысаве Тышкевіч падарыў школьнай управе ўласны дом, дзе была створана пачатковая школа і тут ён на свае сродкі ўтрымліваў двух настаўнікаў.

Займаючыся пытаннямі асветы ў сваім павеце, Тышкевіч таксама праводзіў археалагічныя і гістарычныя даследаванні. У перыяд з 1840 па 1850 гг. было апублікавана дзевяць яго нарысаў і артыкулаў. У 1842 г. выйшла праца Тышкевіча «Погляд на крыніцы айчыннай археалогіі, гэта значыць апісанне некаторых помнікаў старажытнасці, выяўленых у заходніх губернях Расійскай імперыі». «Край, у якім мы жывем, амаль у кожным месцы захоўвае цікавыя помнікі, якія могуць служыць прадметам гэтай навукі (археалогіі)» [1], - піша аўтар ва ўступе да гэтай працы, жадаючы заахвоціць людзей да вывучэння гісторыі сваёй краіны. У 1843 г. пасля паездкі ў Швецыю і Данію Тышкевічам быў створаны план стварэння музея ў Вільні. На жаль, доўгі час рэалізаваць план было немагчыма бо ўрад не дапускаў стварэння культурніцкіх арганізацый.

Грамадскія настроі ў нашым краі тады адпавядалі цяжкай маральна-псіхалагічнай сітуацыі створанай паразай паўстання 1831 г. Ва ўсіх няшчасцях грамадства пачало вінаваціць Карону - паўстанне пачала Польшча, а найбольш пацярпела Літва. Грамадства ў Літве аддзялілася ад Кароны і пачаў абвяшчацца лозунг самадастатковасці гістарычнай Літвы і арганічнай працы толькі ў межах яе тэрыторыі, ішоў пошук кампрамісу з Расіяй. Уся інтэлектуальная эліта паддалася гэтым павевам. І такім чынам выратоўвалася тое з культурнай спадчыны, што яшчэ можна было выратаваць. Такія ж настроі меў і Яўстах Тышкевіч, ягоная лаяльнасць уладам потым нават высмейвалася. Аднак для жыхароў тагачаснай Літвы такі падыход здаваўся адзіна разумным выйсцем для захавання рэшткаў сваёй культуры.

Таму ўлічваючы абставіны, стварэнне музея было адкладзена на бліжэйшыя гады. Тым часам Тышкевіч рупліва збіраў старыя дакументы і іншыя памяткі мінулага. Сябраваў з Адамам Кіркорам, разам з якім вёў археалагічныя раскопкі. Кіркор быў аўтарам шматлікіх прац, у тым ліку і даведніка пра Вільню (1862 г.), у якім потым падрабязна апісаў Віленскі музей старажытнасцей. А на пачатку 1853 г. Кіркор адкрыў у Вільні рэшткі невядомага замка, потым ў жніўні 1853 г. разам з Тышкевічам пачаў пошукі руін палаца Хадкевічаў на левым беразе Віліі, насупраць Бяльмонта.

Думаю, у гэтым месцы пасуе расказаць пра калекцыю Яўстаха Тышкевіча якая склалася ў яго да адкрыцця музея. Калекцыю апісаў паэт Уладзіслаў Сыракомля ў чатырох нумарах "Газеты Варшаўскай" за 1854 г. На пачатку, я думаў зрабіць толькі пераклад артыкула Сыракомлі, але ўбачыўшы, што, як і належыць, Сыракомля больш паэт, чым даследчык і яго тэкст змяшчае шмат эмацыйнай і паэтычнай але ў навуковым сэнсе састарэлай інфармацыі, я вырашыў абмежавацца толькі перакладам апісанняў калекцый графа Яўстаха Тышкевіча. З перакладу Сыракомлі і з'явіўся гэты артыкул.

Уладзіслаў Сыракомля лічыў, што сярод збораў і калекцый старажытнасцяў Вільні, у той час першае месца належыць калекцыі графа Яўстаха Тышкевіча, які тады стала жыў у гэтым горадзе. Тышкевіч - паважаны сваімі сучаснікамі аўтар навуковых прац [2], член шэрагу еўрапейскіх навуковых таварыстваў, сабраў для навукі каштоўнейшы збор помнікаў гісторыі. "Важна тое, што кожнае папаўненне яго калекцыі ўзбагачае навуку, бо шаноўны граф паведамляе пра кожную знаходку, дае парады кожнаму даследчыку і нават неспецыялісту, уводзячы іх у свае любімыя археалагічныя таямніцы. Ён першым пачаў археалагічныя раскопкі ва ўлонні літоўскай зямлі, ён раскапаў некалькі сотняў таямнічых курганоў і знайшоў у іх іржавае жалеза, старую медзь і камяні без формы і назвы, ён загадаў ім прамаўляць для нас выразным голасам як прабацькі прамаўляюць да праўнукаў", - пісаў Уладзіслаў Сыракомля.

Паэт, які выступаў у газеце як журналіст, для артыкула карыстаўся апублікаванымі даследаваннямі і вусным тлумачэннем графа Тышкевіча і апісаў калекцыю графа абапіраючыся на тэксты і аповяды даследчыка.

У першай частцы артыкула гаворка ішла пра артэфакты са шкла, каменя і гліны.

"Спачатку давайце з глыбокай пашанай паглядзім на гэтыя маленькія шкляныя шарыкі дыяметрам у 2 цалі, якія маюць у сябе нейкую празрыстую вадкасць. Па балцкі яна мае назву assaruwe, па нашаму слязніца [3]. Гэта помнікі чуласці даўніх часоў, яскравыя доказы маральнай блізкасці жыхароў нашай халоднай поўначы з сынамі старажытнага Рыму. Нам, людзям, якіх пестуе цывілізацыя, выглядае варварскім звычаем захоўваць у магіле нябожчыка выплаканыя па ім слёзы, але гэты звычай выразна адлюстроўвае той час і ўяўленні людзей, якія гэтыя слёзы пралілі. Жорсткае ваеннае грамадства было далёкім ад сентыментальнай пяшчоты, яно чуралася слёз на тварах сыноў вайны і цяжкай працы а іх зачарсцвелае сэрца саромелася любых добрых пачуццяў. Але ў іх жалезных сэрцах меўся запас сапраўднай, сямейнай чуласці, і калі на вачах усё ж з'яўляліся слёзы, дык нашы продкі адчувалі, кожную кроплю гэтай слязы як святую, лічылі, што яе трэба зберагчы і як нешта каштоўнае перадаць з сабой у вечны шлях таму, з кім на заўсёды развіталіся. Дзікія людзі! Хто ім сказаў, што падобны дар можа падсалодзіць вечнасць разлукі з памерлым? Ідалапаклонства! Хто мог прасвятліць іх і растлумачыць, што Айцец нябесны сам залічыць кожную слязу любові, сяброўства і спагады? Але суровае літоўскае сэрца і мяккая славянская душа наўпрост самі казалі ім пра гэта. [… ] Дзве слязніцы гр. Тышкевіча запячатаны невядомым сёння спосабам, адна з іх пустая а другая да паловы запоўнена вадкасцю. Ці сапраўды яна ўтрымлівае ў сябе слёзы?", - вось так, згадваючы старажытных рымлян, ад якіх па легендзе вяла свой род мясцовая шляхта, пачынае Сыракомля апісанне калекцыі Яўстаха Тышкевіча.

Па-сапраўднаму цікавымі артэфактамі мінуўшчыны Сыракомля лічыў белыя, сапфіравыя, жоўтыя і чырвоныя шкляныя і каралавыя пацеркі, у вялікай колькасці знойдзеныя ў курганах з жаночымі пахаваннямі ў ваколіцах Мінска, Вільні і Бабруйска. Звычайна, пацеркі нанізваліся не на шаўковую або ільняную ніць, а на стужку з драўнянага валакна, якое пад назвай лыка ці рагожы можа выкарыстоўвацца і да сёння. Гэта дробязь наводзіла паэта на цікавыя думкі: "Па-першае, пацеркі трэба аднесці да вельмі даўніх часоў, калі вырошчванне ільну ў нас яшчэ не было распаўсюджана, калі нашы дзяўчаты не мелі кроснаў і не выраблялі тонкіх нітак, па-другое, гэта паказвае, што нават у варварскія часы тутэйшыя людзі мелі стасункі з замежнымі краінамі, бо сакрэтам вырабу такіх пацерак здаўна валодала Венецыя. Нарэшце, гэтая вартая ўвагі дробязь красамоўна сведчыць, што яшчэ стагоддзі таму, нашы красуні-прабабулі любілі ўпрыгожвацца" [4]. Ад сябе яшчэ дадам, што і нашы прадзеды гэтак кахалі сваіх жанчын, што плацілі шалёныя грошы ці ўносілі нейкую натуральную плату за тое, каб іх жанчыны мелі ўпрыгожванні з далёкай часткі Еўропы.


У другой частцы артыкула Уладзіслаў Сыракомля расказвае пра помнікі з каменя ў калекцыі Тышкевіча: "Пачынаючы з самых старажытных, звернем увагу на молаты, наканечнікі коп'яў і стрэл, булавы і іншае. Граф Тышкевіч мае цэлую шафу з скандынаўскай зброяй і для параўнання, вялікую колькасць мясцовых артэфактаў, знойдзеных у Літве і Беларусі. Яны дзіўна падобны, але скандынаўскія адрозніваюцца лепшым аздабленнем і элегантнасцю выканання. Пакінем вучоным рабіць выснову ці можна лічыць роднаснымі старажытную Літву і зямлю Одына. […] Граф Тышкевіч мае вялікую калекцыю каменных сякер розных памераў, формаў і аздабленняў. Адны павінны былі асаджвацца ў дрэва, іншыя маюць па-майстэрку выразаныя адтуліны, у якія ўстаўляецца ручка. Калекцыя графа ўключае ў сябе таксама і незакончаную каменную зброю і прылады для яе вырабу. Гэта дало магчымасць зразумець сакрэты вырабу такой зброі".

У калекцыі меліся тры велізарныя каменныя шары ідэальна круглай формы, знойдзеныя ў равах старых літоўскіх замкаў. Да часу, калі пачаў ужывацца порах, такія шары кідалі са сцен на ворагаў. Паэт не мог не заўважыць: "Якімі моцнымі былі рукі, якія апрацавалі камень у дасканалы шар і якімі цвёрдымі павінны былі быць чарапы захопнікаў, на якія падаў такі цяжар".

Шар з віленскага верхняга замка меў дыяметр у тры фута, такі ж самы, знойдзены ў Старых Троках - да чатырох футаў. Шар з руін Мінскага замка меў каля палову чвэрці фута.

Наступны цікавы артэфакт, "помнік глыбокай старажытнасці з рысамі хрысціянства, магчыма, крывавага апостальства Тэўтонскага ордэна ў Літве. У Вількамірскім павеце, на беразе ракі Святой, пасля абвалу пясчанай гары знойдзены выцесаны кавалак пясчаніку са слюдой, даўжынёй у некалькі дзесяткаў цалей, на якім няўмела выразаны крыж з постаццю Збаўцы, каля крыжа маюцца лацінскія літары J.N.R.J. На адваротным баку - не ўздоўж а ўпоперак - нязграбна выразана арка а ў ёй капліца з дзвярыма і двума вокнамі. Над аркай, па вуглах, выразаны галавы крылатых анёлаў, а збоку - фігура падобная на сірэну. Лацінскія літары кажуць пра каталіцкае паходжанне гэтай рэчы а прымітывізм выканання - пра яе старажытнасць. Месца знаходкі наводзіць на думку, што рэч належала да рыштунку крыжацкай капліцы бо вядома, што крыжакі былі пад Вількамірам у 1391 і 1435 гг.", - паведамляў Сыракомля.

У літоўскіх курганах граф Тышкевіч знайшоў гаршчкі з попелам: "Старажытны помнік мастацтва - гаршчок вышынёй каля паўтара фута які мае форму ўрны з падоўжаным горлышкам. Ён паходзіць з Гродна, з сцяны старой Каложскай царквы, якая абвалілася ў Нёман. Такія гаршчкі знаходзіліся ў сцяне і іх горлышкі выхадзілі ўнутр храма. Міхал Балінскі лічыў што такія гаршчкі ўстаўляліся ў сцяну для аблягчэння ўсёй канструкцыі храма".

Сыракомля піша, што граф Тышкевіч дэталёва вывучыў царкву пасля абвалу сцяны і вывучыў іх канструкцыю, ён даведаўся, што вонкавыя сцены царквы будаўнікі зрабілі тоўстымі, потым меўся вузкі шчыліна-калідорчык, які аддзяляў вонкавую сцяну ад унутранай мураванай сцяны царквы. Тышкевіч меркаваў, што калі горлышкі гаршчкоў выходзяць унутр і не залітыя вапнай, дык гэта сведчаць пра чыста акустычную мэту з'яўлення другой, унутранай сцяны, "так было зроблена, каб словы пабожнай песні ці божага слова моцна і ўрачыста гучалі пад скляпеннямі храма".

"З новых часоў паходзіць і заслугоўвае згадвання чырвоная цэгла з кута дома ў Коўні. Яна менш за фут у даўжыню і каля 2 футаў у шырыню. Зверху і знізу цэгла мае адбіткі дубовага лісця, а пасярэдзіне, у медальёне - бюст прыгожай жанчыны ў профіль. На галаве ў жанчыны маецца галаўны ўбор, які ў XV-м і на пачатку XVI-га ст. насілі як мужчыны гэтак і жанчыны. Такі ж самы мы бачым на партрэце Эразма Ратэрдамскага і Яна Дантышка. На жанчыне апранута кашуля пад шыю з шырокім адваротам каля ліфа, на шыі пяць нітак камянёў або пацерак, на адной з якіх вісіць медальён. Падобны жа медальён на ланцужку вісіць і на шыі. Усе гэта, дазваляе аднесці цэглу да XVI-га ст.", - паведамляе Сыракомля.

Таксама ў калекцыі графа меліся помнікі старажытнага рыбалоўства ў Літве - гліняныя шары, накшталт вялікіх пацерак, якімі абцяжарвалі рыбалоўныя сеткі [5].


"Гістарычныя знаходкі, якія рыдлёўка вынесла са змроку магілы на гістарычнае святло, з'яўляюцца не менш каштоўнымі ці цікавымі чым рэчы з каменя ці гліны. Паглядзім на гэтыя іржавыя і вышчарбленыя артэфакты старога побыту і адразу звернем увагу на рэчы, звязаныя з вайной - даспехі, зброю і мужчынскае адзенне", - пачынаў Уладзіслаў Сыракомля наступную частку свайго артыкула пра калекцыю графа Тышкевіча: "Паглядзім на гэтыя два бляшаныя, напалову іржавыя і пацёртыя, як быццам капялюшы з завостраным канцом - гэта сярэднія жалезныя часткі шчытоў якія прыбіваліся на вялікі драўляны шчыт ці на тоўстую скуру зубра або буйвала. Гэты шчыт не быў такім элегантным як шчыт Ахіла, апісаны ў Іліядзе, але добра закрываў грудзі і рукі байцоў".

У зборы Тышкевіча не было панцыра, але меліся бронзавыя паясы на якіх ваяры насілі малыя ці вялікая выгнутыя нажы. Меліся таксама і баявыя сякеры, "накшталт знойдзеных каля Вільні", яны былі двух тыпаў - ці вельмі доўгія, якія пачыналіся з вузкага як шпага ляза, ці іншыя, падвойныя, якія знаходзілі ў ваколіцах Мінска і Барысава.

Меліся ўзоры доўгіх коп'яў, дзід і жалезных стрэл рознай форма, загартаванасці і спосабаў вырабу. Па меркаванню Сыракомлі, найбольш цікавым быў меч, знойдзены ў Навагрудку на гары Міндоўга.

Таксама калекцыя ўключала ў сябе татарскія наканечнікі стрэл з курганоў, бронзавы пярсцёнак і жазло ў відзе скіпетра, упрыгожаны срэбрам з тых жа татарскіх магіл а таксама жалезны бярдыш, металічны крыж і медны герб (леў) "з так званага шведскага кургана".

На узбраенні мясцовых ваяроў былі і вялікія бляшаныя трубы, паэт-журналіст аглядаў у калекцыі такі цікавы, на палову патрэсканы ад іржы, асобнік.

"Упрыгожванні, знойдзеныя ў жаночых курганах вызначаюцца пэўнай раскошай і майстэрствам. Галавы літоўскіх жанчын нярэдка аздабляў тоўсты шнур зплецены з срэбнага дроту, такі быў выкапаны пад Слуцкам. Або іх косы перавязваліся простым бронзавым дротам. На шыях ў іх вісела шмат невялікіх ланцужкоў, часцей за ўсё, з шклянымі пацеркамі, якімі часам трымаліся валасы, пра што сведчаць прымацаваныя да іх шпількі. Даўжыня такіх ланцужкоў часам дасягала трох локцяў. Часам такія ланцужкі і металічныя пляцёнкі ўпрыгожваліся металічнымі квадратамі і рознымі колкамі, а спражка, якая іх замацоўвала, выгіналася з тонкага дроту. Маленькія рукі дачок Літвы былі ўпрыгожаны своеасаблівымі бранзалетамі, сплеценымі з срэбнага і бронзавага дроту. На пальцах яны насілі бліскучыя бронзавыя пярсцёнкі з фігурнымі вочкамі", - пісаў Сыракомля.

Нумізматычная калекцыя графа мела больш за 2000 розных манет, сярод якіх былі рэдкасці, раней невядомыя нумізматыцы [6].


У калекцыі Тышкевіча меліся і сапраўдныя шэдэўры выяўленчага мастацтва : "Перш за ўсё варта згадаць барэльеф жонкі Яна Сабескага з белага мармуру. Далей ідзе бюст Станіслава Аўгуста з парцэляны, працы невядомага мастака і цэлая серыя бюстаў, выкананых прафесарам скульптуры Віленскага ўніверсітэта Ельскім. З цікавасцю разглядаю чатыры пасмяротныя маскі Пятра І, Карла XII а таксама Аляксандра І і Напалеона. Таксама тут маецца маска з магілы Яна Караля Хадкевіча і пасмяротная маска Францішка Смуглевіча. Ёсць бюсты: канцлера Храптовіча, падканцлера Плятэра, гісторыка Адама Нарушэвіча, прафесараў Анджэя Снядэцкага і Яна Франка, прафесара жывапісу Рустэма, барэльеф Тарвальдсэна з абпаленай гліны, мадэль для помніка Вітаўту працы ўжо узгаданага Ельскага, якім летась ушанавалі прах вялікага князя ў віленскай катэдры".

Цікавымі помнікамі ў калекцыі таксама былі надмагіллі жонкі канцлера ВКЛ Льва Сапегі Дароты з Фірлеяў. Надмагілле ўяўляла сабой фігуру жанчыны з чырвонага мармуру ў натуральную велічыню, з малітоўнікам ў руцэ і гадзіннікам на шыі - паэт-журналіст меланхалічна заўважыў, што "час і наша звыклае ігнараванне каштоўнасцяў культуры некалькі папсавалі гэты помнік". Таксама меўся адліты з жалеза барэльеф з выявай міністра князя Любецкага.

З партрэтаў вядомых гістарычных асоб, намаляваных на палатне, у калекцыі былі наступныя: партрэт Кацярыны Ягелонкі і шведскай прынцэсы Цэцыліі - нарачонай Яна Тэнчынскага (копіі, прывезеныя Тышкевічам з Швецыі), партрэт шведскага караля Яна ІІІ - бацькі Жыгімонта ІІІ і яшчэ адзін жаночы партрэт выкананы Далабелям па загаду караля Жыгімонта на медзі, партрэт Станіслава Ляшчынскага ўжо як князя Латарынгіі і яго дачкі, каралевы Марыі Ляшчынскай - жонкі Людовіка XV, невялікі партрэт Стэфана Чарнецкага, копія з карціны вядомага мастака Яна Марачынскага, партрэт апошняга польскага пасла ў Лондане Францішка Букаты, партрэты гетмана Касакоўскага і кароннага падстолія Валіцкага (пэндзля Лямпі), партрэты канцлера Яўхіма Храптовіча і кс.-прымаса Міхала Панятоўскага, партрэт грэка-каталіцкага мітрапаліта Булгака і некалькі выяваў Станіслава Панятоўскага ў розных позах. Меліся партрэты вядомага драматурга Ўршулі Радзівіл з Вішнявецкіх - маці князя Караля і віленскага кашталяна князя Мацея Радзівіла, а таксама партрэт самога князя Караля "Пане каханку" і неразлучных з ім надворнага нясвіжскага прамоўцы ксяндза Катэмбрыка а таксама расстралянага ў Мінску Міхала Валадковіча (з гэтага партрэта была зроблена літаграфія для выдання "Літоўскіх малюнкаў" Ходзькі). Таксама меліся 13 партрэтаў знакамітых сваякоў калекцыянера, у тым ліку і польнага гетмана ВКЛ Людвіга Тышкевіча.

Збор карцін дапаўнялі віды Лідскага і Мірскага замкаў мастака П. Русецкага і від замка ў Луцку.

У Тышкевіча меліся дзесяткі гравюрных дошак і калекцыя гравюр у колькасці 1500 адбіткаў [7].

* * *

У 1853 г. граф Тышкевіч накіраваў цару статут будучай Археалагічнай камісіі. 20 красавіка 1855 г. Аляксандр II зацвердзіў яго і даў дазвол на стварэнне Музея старажытнасцей. Тышкевіч першым зрабіў ахвяраванні для музея, а таксама стаў старшынёй новастворанай Археалагічнай камісіі. Першапачатковая калекцыя музея складалася з каля 6 000 прадметаў, перададзеных Тышкевічам з яго асабістай калекцыі - больш за палову з іх складалі кнігі, іншыя - манеты, медалі, партрэты, гравюры і гістарычныя артэфакты. Нягледзячы на ​​тое, што Камісія называлася «археалагічнай», яна займалася не толькі археалогіяй, яе дзейнасць распаўсюджвалася і на іншыя галіны навукі, гэта было своеасаблівае таварыства сяброў навукі. Гэта Камісія была адзіным навуковым таварыствам у тагачаснай краі.

У галоўнай зале Музея старажытнасцей, Тышкевіч сядзіць злева.

Справа ў тым, што пасля 1855 г. адбылася змена палітыкі ўрада. Некаторым паўстанцам было дазволена вярнуцца ў краіну, у школах было ўведзена дазіраванае выкладанне польскай мовы. У Вільню прыбыў генерал-губернатар Уладзімір Назімаў які імкнуўся падтрымліваць добрыя адносіны з мясцовымі шляхецкімі родамі, у тым ліку і з Тышкевічамі. Наступіла часовая «адліга», выкліканая лаяльнымі да ўладаў настроямі ў Літве.

Музей старажытнасцей павінен быў утрымлівацца часткова за кошт дзяржаўных субсідый, часткова за кошт уласных сродкаў мясцовай шляхты. Нягледзячы на ​​ўяўную самастойнасць музея і Археалагічнай камісіі, іх дзейнасць у асноўным залежала ад добрай волі генерал-губернатара, які пры неабходнасці мог накласці вета на некаторыя яе рашэнні ці нават цалкам паралізаваць яе працу.

Камісію падтрымлівала ўся інтэлектуальная эліта, якая паходзіла з гістарычнай Літвы, з ёй супрацоўнічалі такія вядомыя асобы, як: Юзаф Ігнацы Крашэўскі, Тэадор Нарбут, Віктар Каліноўскі, Адам Завадзкі, Ян Казімір Вільчынскі, біскуп Мацей Казімір Валанчэўскі, Уладзіслаў Сыракомля і іншыя.

Для размяшчэння музея прызначалася зала грамадскіх пасяджэнняў былога Віленскага універсітэта. Больш за паўгода пайшло на рамонт памяшканняў і афармленне экспазіцый. Генерал-губернатар дазволіў камісіі забраць кнігі з манастырскіх бібліятэк, і такім чынам яны на некаторы час былі выратаваны ад знішчэння (гэтак было выратавана каля 7 000 кніг). Сам Тышкевіч ахвяраваў на бібліятэку каля 3 000 тамоў. Потым яму ўдалося вярнуць нават некаторыя кніг, раней вывезеныя ў Пецярбург. Менавіта такім чынам у Вільню вярнулася частка бібліятэк Залускіх і Радзівілаў (пра што гл. ніжэй у дакладзе Тышкевіча).

11 студзеня 1856 г. адбылося першае пасяджэнне Археалагічнай камісіі, на якім прысутныя вызначылі асноўныя накірункі далейшай работы. Акрамя збору артэфактаў для музея, камісія займалася выдавецкай дзейнасцю і перакладам старадаўніх дакументаў, напісаных на татарскай, стараяўрэйскай, старабеларускай, лацінскай і летувіскай мовах.

Адкрыццё Музея старажытнасцей адбылося 17 красавіка 1856 г., у дзень нараджэння імператара Аляксандра II. На адкрыццё было запрошана каля 300 чалавек. З гэтай нагоды Людвіг Кандратовіч напісаў верш, асобнікі якога былі раздадзены прысутным [8].

У 1860 г. і сам цар Аляксандр II наведаў ужо дзеючы ў той час у Вільні Музей старажытнасцей. У музеі стаяў дубовы стол, за якім Стэфан Баторый падпісаў акт аб заснаванні ўніверсітэта. На пытанне цара аб значэнні гэтага экспаната Тышкевіч дыпламатычна адказаў: «Гэта стол, за якім Стэфан Баторый сваім подпісам міласціва дазволіў пабудову будынкаў, у якіх мы цяпер знаходзімся» (музей размяшчаўся ў былым памяшканні універсітэта) [9]. Наўпрост нагадаць пра былы ўніверсітэт было небяспечна.

Музей павінен быў працаваць два дні на тыдзень (серада і нядзеля). Хутка ён набыў папулярнасць і цікавасць насельніцтва. У 1856 г. яго наведалі каля 4 000 чалавек, а ў 1857 г. - 12 000 чалавек. У 1862 г. музей наведалі 10 360 чалавек, што не было зніжэннем колькасці наведвальнікаў, бо з 1860 г. музей працаваў толькі адзін дзень у тыдзень, у нядзелю. Затое вучні мелі сюды бясплатны ўваход у любы дзень. Хутка расла і колькасць калекцый. З усёй Літвы ў Музей старажытнасцяў прысылалі падарункі. Толькі ў 1857 г. 156 чалавек перадалі ў дар музею 3 113 розных сувеніраў. У 1866 г., калі былі ліквідаваны навуковыя зборы Археалагічнай камісіі, у музею налічвалася ўжо 66 663 экспанатаў.

На працягу ўсяго перыяду працы Камісіі граф Тышкевіч заставаўся яе рухавіком - ён не шкадаваў ні здароўя, ні сродкаў для свайго тварэння. Дзякуючы яму музей папоўніўся батанічным раздзелам - падчас знаходжання ў Берліне граф набыў там калекцыю грыбоў. Варта адзначыць, што большую частку выданняў Камісіі Тышкевіч фінансаваў сам.

Безумоўна заслугоўвае згадвання выдавецкая дзейнасць Археалагічнай камісіі, якая пачала публікацыю матэрыялаў па гісторыі Літвы. Дзякуючы таму, што ў музей часта перадаваліся цэлыя сямейныя архівы, Камісія атрымлівала вельмі цікавыя гістарычныя матэрыялы. Напрыклад на падставе Дзярэчынскага архіва Сапегаў Камісія падрыхтавала перапіску Льва Сапегі. На жаль, у сувязі з выбухам паўстання 1863 г. перапіска не была апублікаваная.

Менш слаўным выданнем Камісіі стаў альбом «В память пребывания яснейшего императора Александра II в Вильне 6 и 7 сентября 1858 года». Гэты альбом выйшаў па ініцыятыве Адама Кіркора. Надрукавана было толькі 100 асобнікаў, але ўсё роўна альбом выклікаў вялікае абурэнне. Жонка паўстанца Зігмунда Серакоўскага Апалонія, пісала, што "Пад уздзеяннем абуджанай веры ў высакароднасць і справядлівасць Аляксандра II, захацелі ... выдаць шыкоўны альбом на памяць пра яго знаходжанне [у Вільні ]. Адынец зусім страціў галаву, ствараючы свой "Ойча наш", у якім называе цара спадчыннікам Ягелонаў! ...". У «Віленскі альбом» увайшлі спрэс панегірычныя тэксты. Мясцовае грамадства было ў шоку [10].

Тым не менш карысная праца Камісіі працягвалася.

20 красавіка 1862 г. газета "Віленскі веснік" (адначасова газета мела яшчэ і назву "Кур'ер Віленскі") надрукавала цікавую справаздачу пра пасяджэнне Камісіі, якую я з невялікімі скаротамі з задавальненнем падаю:

"14 красавіка адбылося чарговае пасяджэнне Археалагічнай камісіі пад старшынствам старшыні, графа Яўстафія Тышкевіча, які пасля сваёй двухмесячнай адсутнасці пачаў сход і прамовіў да сабраных:

Панове! Праз некалькі дзён споўніцца сем гадоў існавання нашага навуковага таварыства. Мы дасягнулі сваёй мэты. Ніхто з нас не мог адразу прадбачыць памеры таго, што мы змаглі зрабіць, і кожны, гледзячы на ​​перашкоды і амаль непераадольныя цяжкасці, меў рацыю сумнявацца ў поспеху. Аднак з ласкі Божай усё сталася па-іншаму і ў гэты момант, пачынаючы чарговую штомесячную сустрэчу, я не магу не выказаць сардэчнай удзячнасці жыхарам усёй губерні і горада, асабліва нашым калегам за ўдзел і дапамогу ў навуковай дзейнасці Камісіі і звязанага з ёй музея ...

Я таксама хацеў бы выказаць публічную падзяку свайму намесніку, прэлату Баўкевічу, які рупліва вёў справу і старшынстваваў на нашых сустрэчах.

Вярнуўшыся са сталіцы, я павінен даць вам справаздачу аб сваёй дзейнасці, якая заўсёды была накіравана на карысць нашай установы. ...

Маючы гонар быць ганаровым членам Імператарскай Акадэміі Навук і Імператарскай Публічнай Бібліятэкі ў Пецярбургу, я лічыў сваім свяшчэнным абавязкам атрымаць з гэтага і нейкую навуковую карысць для асветы ў нашай радзіме. Убачыўшы, што навуковыя багацці ў сталіцы больш не надта патрэбныя і дакументы друкуюцца ў кнігазборах імперыі, я, як член гэтых інстытуцый, пайшоў да ўлад з просьбай, каб мы мелі гэтыя дакументы ў Вільні. У выніку Акадэмія Навук прапанавала нам усе свае выданні з часу свайго заснавання а таксама дублікаты, якія акадэмік Кунік лічыць магчымым перадаць нам.

Гэта вялікая і амаль што беспрэцэдэнтная раней ахвяра, бо толькі каталог гэтых выданняў складаецца з трох даволі вялікіх тамоў, выдадзеных на розных мовах. Гэтыя кнігі, паводле атрыманых мной звестак, ужо едуць у Вільню. Маю гонар у будучым прадставіць вам справаздачу аб іх атрыманні і аб сапраўднасці дублікатаў, якія будуць складацца ў значнай ступені з кніг Нясвіжскай бібліятэкі. Што да дублікатаў з Імператарскай публічнай бібліятэкі, краевугольным каменем якой з'яўлялася бібліятэка Залускіх, дык большасць з іх былі мною прагледжаны на месцы. Сапраўднай бібліяграфічнай рэдкасцю з'яўляюцца творы з друкарняў, якія даўно не існуюць у нашым краі. Вельмі шмат твораў пазначаныя рукой свайго заснавальніка (Залускага - Л. Л.) , які атрымаў неўміручую славу, гэтым жа почыркам напісаны і заўвагі на палях. Першая падрыхтаваная да адпраўкі партыя складаецца з тысячы кніг тэалагічнага і філалагічнага зместу. Другая частка будзе адпраўленая з Санкт-Пецярбурга ў гэтым месяцы, гэтак жа будзе і далей. На дадзены момант немагчыма падлічыць колькасць спраў і тамоў, але для нашага края гэта будзе вялікі навуковы скарб. Я шчаслівы, што, маючы навуковыя годнасці, змог выкарыстоўваць іх на карысць адукацыі ў Літве, якая так доўга была пазбаўлена ўсялякай навуковай дапамогі.

Важным набыткам для нас з'яўляюцца копіі рукапісаў з Імператарскай бібліятэкі, якія верна захоўвае вядомы сваёй добрасумленнай працай Віктар Каліноўскі. Гэтыя рукапісы былі скапіяваныя і падрабязны змест іх выглядае наступным чынам:

1) Лісты віленскага біскупа Бенедыкта Войны да Радзівілаў, кракаўскага біскупа Ежы і Троцкага ваяводы Мікалая Крыштафа, перапісаныя з копій архіва Радзівілаў, якія адносяцца да 1595-1607 гг.

2) Лісты Януша Радзівіла да бацькі і паноў Пятра і Пакоша з 1596 па 1603 гг., па копіях з архіва Радзівілаў.

3) Лісты кракаўскага біскупа Марціна Шышкоўскага да Радзівілаў: ваяводы трокскага Мікалая Крыштафа, гетмана ВКЛ Крыштафа, і падчашага ВКЛ Януша, з 1593 па 1625 г., скапіявана з копій з архіва Радзівілаў.

4) Звесткі пра рукапіс пад назвай «Польская гісторыя, г.зн. найбольш значныя справы з часоў міжкаралеўя пасля смерці караля Аўгуста III і ад пачатку панавання п. Станіслава Аўгуста і інш.», з 1763 г. у 8 тамах.

5) Апісанне рукапісу «Дыяруш 1736 г.».

6) Апісанне і змест рукапісу пад назвай «Жыццё Сапегаў і лісты ад манархаў, князёў і розных уладароў да іх, напісаныя пад загалоўкам "Moribus antiquis res stat Romana virisque"» (лац.: "У норавах продкаў моц і магутнасць рэспублікі рымлян" - Л. Л.).

7) Лісты і інструкцыі ў колькасці 32 асобніка, якія датычаць ЯВ Ягамосці пана Любамірскага, маршалка і польнага кароннага гетмана, які ў 1665 г. падняў рокаш, скапіраваны ў Лейпцыгу ў 1738 г. (з падабенствам).

8) Апісанне рукапісу пад назвай «Акты генеральнай кароннай канфедэрацыі ў ВКЛ з далучанымі станамі пад патранатам ЯВ Ягамосці пана Міхала Яна, графа Паца, старасты Зялоўскага і інш., з 27 кастрычніка 1769 г. па 18 красавіка 1772 г.». Гэты рукапіс знаходзіцца ў бібліятэцы генеральнага штаба і на 256 старонках змяшчае ўсе ўніверсалы і справы Барскай канфедэрацыі.

9) Змест рукапісу пад назвай «Люстэрка элекцыі караля» у 1668-1670 гг. (Міхала Вішнявецкага).

10) Апісанне рукапісу, які змяшчае, між іншым, цікавыя лісты, напісаныя каралём Янам III з-пад Вены.

11) Гісторыя Лжэдзмітрыя, копія з рукапісу Імператарскай публічнай бібліятэкі.

12) Дыяруш сейма 1605 г. з рукапісу Анджэя Лісецкага, які знаходзіцца ў Імператарскай публічнай бібліятэцы. Гэты рукапіс змяшчае больш за 5 000 старонак і ўтрымлівае важнейшыя матэрыялы пра рокаш Зебжыдоўскага і падрабязнасці пра Лжэдзмітрыя з 1605 па 1614 гг.

13) Змест рукапісу пад назвай «Апісанне Турэцкай імперыі» (з бібліятэкі Залускіх).

14) Апісанне рукапісу, які змяшчае важныя матэрыялы: а) з часоў першага Дзмітрыя Самазванца, б) Дыярыуш Смаленскага паходу, в) Дыярыуш Хоцімскай выправы Якуба Сабескага (у бібліятэцы генеральнага штаба).

15) Апісанне рукапісу (у публічнай бібліятэцы) пад назвай «Уласны ключ да ўсіх дамоў літоўскіх і некаторых рускіх князёў у нашых летапісах, пададзены па сапраўдным летапісам» (з бібліятэкі Юзафа і Аляксандра, князёў Сапегаў).

16) Апісанне рукапісу (у Імпер. бібл.) пад назвай «Жыццё англійскай каралевы Клементыны» з рэляцыі кс. Ігнацыя Лукаша Альшоўскага.

17) Апісанне рукапісу пад назвай «Сеймавыя ведамасці і іншае рознае, сабранае ў 1789 г.» (з Імпер. Публ. бібл.).

18) Змест лістоў, якія змяшчаюцца ў рукапісе пад назвай «Розныя маніфесты, мемарандумы, інструкцыі для паслоў, копіі лістоў і некаторыя арыгіналы з уласнаручнымі подпісамі і інш.», з 1740-1790 гг. (у Імпер. Публ. бібл.). Матэрыялы для гісторыі надзвычай важныя.

19) Апісанне рукапісу: «Меркаванні арцыбіскупаў, біскупаў, ваявод, кашталянаў і інш., 1758 г.» (у Імпер. Публ. бібл.).

20) Апісанне рукапісу: «Збор публічных пісем з 1753 па 1769 гг. (у Імпер. Публ. бібл.).

21) Змест пісем, якія змяшчаюцца ў рукапісе: «Збор публічных пісем з 1753 да 1769 гг.» (матэрыялы да Барскай канфедэрацыі і першага падзелу).

22) Апісанне тэкстаў, з рукапісу пад назвай «Калекцыя публічных лістоў і розных трансакцый з 1770 па 1773 г.» (у Імпер. Публ. бібл.)

23) Паведамленне і змест рукапісу пад назвай «Перапіска пана Бенуа ў 1742 г.» і карэспандэнцыя Лапускага з таго ж года.

24) Апісанне «Дзённікі ардынарнага варшаўскага сейму, пад звязам канфедэрацыі абодвух народаў, з 1788 г.».

25) Змест пісем, якія змяшчаюцца ў рукапісе «Цікавыя пісьма з пачатку праўлення найяснейшага Станіслава Аўгуста, караля польскага, вялікага князя літоўскага».

26) Рэестр пісем у рукапісе пад назвай «Гісторыя Барскай канфедэрацыі».

27) Рукапісы, якія змяшчаюць розныя важныя матэрыялы, якія адносяцца да гісторыі Польшчы і Літвы з 1560 г. да 1625 г. На пачатку - копія прывілея паноў літоўскіх на унію 1569 г., 1 ліпеня.

Маю гонар перадаць гэтыя зборы ў бібліятэку нашага Таварыства і прашу шаноўнага калегу Маўрыцыя Круповіча ўключыць іх у агульны каталог рукапісаў нашага кнігазбору. [...]

Панове! Я не ведаю, якая будучыня чакае гэтыя калекцыі, якія так шчодра ўзбагачаюць наш народ, бо ніхто не можа ведаць ці здагадвацца пра місію, якую ўсклаў на іх Провід. Але хачу прамовіць упрагнёнае намі слова універсітэт, які Бог можа даць для шчасця некалькіх мільёнаў чалавек і які знойдзе ўжо падрыхтаваную навуковую базу, якую, у іншым выпадку, прыйшлося б доўга чакаць. Што да мяне, дык я шчаслівы, што паміраючы, буду з радасцю ўспамінаць, як з вашай дапамогай, паважаныя калегі, пераадольваючы ўсе нягоды, якія сустракаліся ў развіцці адукацыі, мы змаглі захаваць у Літве гэтую іскру полымя, якая будзе вечна злучаць наша мінулае і нашу будучыню. [...]" [11].

Магіла Яўстаха Тышкевіча могілках Росы.

А ў № 49 за 1862 г. тая сама газета "Віленскі веснік" пісала: "Помнік Барбары Радзівілаўне. Кароль Жыгімонт Аўгуст пахаваў рэшткі сваёй жонкі Барбары Радзівілаўны ў Віленскай катэдры. У сувязі са шматвяковымі зменамі, якія перажыў гэты першы каталіцкі касцёл у Літве, магіла Барбары знікла сярод шматлікіх руйнаванняў, праз якія ён прайшоў, так што захавалася толькі памяць аб месцы, дзе быў пахаваны яе прах. Але вобраз гэтай цудоўнай гістарычнай асобы, гісторыкі і паэты ўзнялі сваімі натхнёнымі словамі ў самыя вышыні. Як Вітаўт быў і будзе на ўсе часы прыкладам адвагі і мужчынскай славы ў Літве, гэтак і Барбара Радзівілаўна застанецца прыкладам найвышэйшых прыкмет жаночай прыгажосці і годнасці [12]. Калі сціплая мармуровая дошка ў 1853 годзе, на месцы дзе была магілы Вітаўта [13], захоўвае памяць пра вялікага дзяржаўнага дзеяча Літвы, таго ж самага вымагае і пачуццё ўдзячнасці да апошняга з дынастыі Ягайлы, каб найкаштоўнейшы скарб яго душы - каханне да Барбары, было захавана для нашчадкаў. Віленскае археалагічнае таварыства, мэтай якога з'яўляецца захаванне краёвай спадчыны ад вынішчэння і перадача яе наступным пакаленням, пастанавіла ўшанаваць помнікам месца апошняга спачыну астанкаў адной з літоўскіх жанчын, вялікай княгіні нашага народа.

Сродкаў Таварыства не хопіць на годную рэалізацыяй, якая патрабуе значных выдаткаў. Таварыства будзе разглядаць магчымасць даверыць гэту працы скульптару Генрыку Дмахоўскаму, бо мы упэўнены, што гэты майстар, які мае шляхетнае сэрца і любоў да Літвы, зможа натхнёна ажывіць халодны мармур. Але выдаткі на выкананне работ, якія адпавядаюць памерам аб'екта і дасканаласці храма, будуць, напэўна, немалыя і, па ўсёй верагоднасці, складуць каля 10 тысяч рублёў срэбрам.

Таму Таварыства звяртаецца да шчодрасці нашых суайчыннікаў і суайчынніц, да уласцівай для нас любові да нашай гісторыі, каб яны праз добраахвотныя ўнёскі здзейснілі пабудову магілы Барбары ў віленскай катэдры.

Няхай кожны, хто лічыць гэтае пачынанне абавязковым для выказвання пашаны, паспяшаецца паслаць свой дар шаноўнаму пробашчу віленскай катэдры ЯВ кс.-прэлату Юзафу Баўкевічу" [14].

Дадам, што яшчэ раней па ініцыятыве Тышкевіча ў катэдральнай капліцы св. Казіміры быў пастаўлены помнік Уладзіславу IV.

Як бачым вялікай і прыгожай марай Тышкевіча было адраджэнне Віленскага універсітэта. Ён збіраў экспанаты для музея, камплектаваў бібліятэку і хацеў захаваць навуковыя дасягненні мінулых пакаленняў. Гэтая мары не спраўдзілася і ўся праца Тышкевіча па камплектаванні збораў неўзабаве была цалкам знішчана

* * *

У студзені 1863 г. выбухнула паўстанне ў Польшчы, да якога неўзабаве далучылася і Літва. Няма падрабязных звестак пра ўдзел Тышкевіча ў паўстанні. Можна толькі меркаваць, што як заўзяты прыхільнік лаяльнасці да Расіі ён баяўся і прадбачыў яго наступствы як для края, гэтак і для свайго музея.

У маі 1863 г. цар прызначыў М. Мураўёва генерал-губернатарам. Пасля яго прыезду ў Вільню рэпрэсіі закранулі і Віленскі музей старажытнасцей. У 1863 г. музей часова, а ў 1865 г. канчаткова быў зачынены. Не дапамаглі ні звароты вернападданых, ні заступніцтва перад імператарам высокіх саноўнікаў.

У пачатку 1865 г. Мураўёў склікаў пры музеі агульны сход членаў Археалагічнага таварыства. Тышкевіч як старшыня адкрыў паседжанне і даў слова Аркадзію Сталыпіну (бацьку будучага прэм'ер-міністра), які прысутнічаў тут ад імя Мураўёва. Сталыпін выступіў з прамовай аб будучыні музея. Ён даказваў карэнную рускасць мінулага паўночна-заходняга края і асабліва горада Вільні. Краевугольным каменем гэтай ідэі, для яго стаў шлюб князя Альгерда з рускай цвярской княжной. Дарэчы, сёння вядома, што факт гэтага шлюба не цалкам пацвярждаецца гістарычнай навукай. Але пэрлінай невуцтва, паводле ўспамінаў Г. Корвін-Мілеўскага, стала наступнае выказванне Сталыпіна: «У той час у Вільні ўжо друкаваліся рускія кнігі». Пэўна ён меў на ўвазе беларускае кнігадрукаванне, але і яно пачалося толькі больш чым праз 150 гадоў [15]. Напрыканцы Сталыпін заявіў, што віленскі музей павінен збіраць толькі тыя экспанаты, якія пацвярджаюць рускі характар ​​нашага края. З гэтай мэтай музей пераходзіў ў падпарадкаванне віленскага генерал-губернатара, які ў далейшым і вырашаў яго лёс.

Пасля выступлення Сталыпіна, Тышкевіч спытаў, ці не жадае хто-небудзь з прысутных выступіць. Адказам было аглушальнае маўчанне і таму старшыня абвясціў закрыццё сустрэчы.

Для агляду Музея і вырашэння іх далейшага лёсу па загаду Мураўёва была створана спецыяльная камісія, у якую ўвайшоў і Яўстах Тышкевіч. Тышкевіч сваім удзелам у працы камісіі хацеў выратаваць хаця б частку экспанатаў а і можа нейкім чынам паўплываць на рашэнне Мураўёва.

Па просьбе камітэта Тышкевіч прадставіў усе каталогі і запіскі, якія тычацца музея. Акрамя таго, ён і камісія павінны былі па чарзе праглядзець усе экспанаты. Усе прадметы які не адпавядалі сказанаму Сталыпіным, прызначаліся для вывазу. Часам, каб абараніць асобныя рэчы, Тышкевіч казаў пра іх несапраўднасць або недакладнасць каталога.

Аднак хутка стала вядома, што прадстаўленыя каталогі музея не поўныя. Потым былі знойдзеныя званыя «сакрэтныя зборы музея». Там захоўваўся зборнік універсалаў, выдадзеных у гонар паўстанняў і зборнік адозваў да войскаў. Гэтыя дакументы раней не выстаўляліся на ўсеагульны агляд.

Бачачы сумны лёс свайго Музея, Тышкевіч нарэшце вырашыў зрабіць больш рашучы крок. 8 красавіка 1865 г. ён выказаў пратэст супраць такога абыходжання з калекцыямі і запатрабаваў перагляду ўсіх прадметаў, а таксама адмовіўся ад далейшага ўдзелу ў працы Камісіі. «... Што можа быць асаблівага ў капелюшы і галаве Каспара Бекеша, знакамітага правадыра з Трансільваніі, які быў военачальнікам Баторыя, ці паўплывае вываз яго капелюша з музея на забыццё яго імя, калі яго імя мае гара у Вільні, дзе ён пахаваны, калі гэтае імя можна сустрэць на ўсіх мовах у гісторыі іншых краін?..» - пісаў Яўстах Тышкевіч. Ён таксама заявіў, што мэтай стварэння музея было прадставіць гісторыю нашага края і некаторыя моманты з гэтай гісторыі нельга выкрасліць і таму ў музеі знаходзяцца экспанаты, цікавыя розным народам.

У далейшай працы камісіі Тышкевіч не ўдзельнічаў. Усе адабраныя камісіяй калекцыі былі вывезены ў Расію. Тое ж адбылося і з больш каштоўнымі кнігамі з бібліятэкі. Рэшткі кніг былі падзелены па губернскіх бібліятэках.

У 1867 г. Мураўёў загадаў адкрыць у Вільні публічную бібліятэку, у якую было перададзена тое, што засталося са збораў Археалагічнай камісіі. Замест Археаграфічнай камісіі была створана Віленская археаграфічная камісія якая толькі друкавала выбраныя дакументы.

Пасля закрыцця Музея старажытнасцей Тышкевіч адыходзіць у цень. Шмат часу ён праводзіць у Біржах. Спрабуе супрацоўнічаць з Археаграфічнай камісіяй, але адносіны не наладжваюцца і нарэшце граф засяроджваецца на навуковых даследаваннях і новых публікацыях. Таксама Тышкевіч вырашыў заняцца гісторыяй уласнага роду і гісторыяй яго маёнткаў. Напісаў ён і дзве працы пра Біржы.

Перад смерцю Тышкевіч вярнуўся ў Вільню, дзе і памёр 27 жніўня 1873 г. Пахаваны на могілках Росы каля Уладзіслава Сыракомлі, яго магіла захавалася дагэтуль.



[1] Tyszkiewicz E., Rzut oka na źródła archeologii krajowej, czyli opisanie niektórych zabytków starożytności odkrytych w zachodnich guberniach Cesarstwa Rosyjskiego, Wilno 1842, S. 5.

[2] Гл: Rzut oka na źródła archeologii krajowej, czyli opisanie niektórych zabytków starożytności odkrytych w zachodnich guberniach Cesarstwa Rosyjskiego (1842), Listy o Szwecji, t. 1-2 (1846), Opisanie powiatu borysowskiego" (1847), Badania archeologiczne nad zabytkami przedmiotów sztuk i rzemiosł w dawnej Litwie i Rusi Litewskiej (1850), Źródła do dziejów Kurlandii i Semigalii… (1870).

[3] Слязніца (слязнік) - посуд, які ставілі памерламу ў магілу і ў які быццам бы збіраліся слёзы родных, што плачуць па нябожчыку.

[4] Wł. Syrokomla. Listy o zbiorach archeologicznych w Wilnie, Zbiór Eustachego gr. Tyszkiewicza. Oddiał zabytków ze szkła, kamienia i gliny // Gazeta Warszawska. 1854. № 29. S. 4.

[5] Wł. Syrokomla. Listy o zbiorach archeologicznych w Wilnie, Zbiór Eustachego gr. Tyszkiewicza. Oddiał zabytków ze szkła, kamienia i gliny // Gazeta Warszawska. 1854. № 30. S. 4.

[6] Wł. Syrokomla. Zbiór Eustachego gr. Tyszkiewicza. Wykopaliska z metalu // Gazeta Warszawska. 1854. № 116. S. 3-4.

[7] Wł. Syrokomla. Zbiór Eustachego gr. Tyszkiewicza. Przedmioty rzeźby i malarstwa // Gazeta Warszawska. 1854. № 152. S. 4.

[8] Pamiętniki Komisji Archeologicznej Wileńskiej, Wilno 1856 , cz I, s. 20.

[9] Dobaczewska W. Dzieje kultury wileńskiej między dwoma powstaniami. Wilno, 1937. S.13.

[10] Адынец А. Э. Успаміны пра мінулае. Мінск, 2020. С. 18.

[11] Kurier Wileński. 1862. № 31. S. 248.

[12] Пра магілу каралевы Барбары гл: Лаўрэш Леанід. Знаходка пахавання вялікага князя ВКЛ і караля Аляксандра і вялікіх княгінь і каралеў Лізаветы і Барбары ў 1931 г. // Наша слова.pdf № 28 (80), 12 ліпеня 2023.

[13] Магіла Вітаўта і яго жонкі гэтак і не была знойдзена. Гл: Артыкулы пра пошукі магілы Вітаўта // Наша слова.pdf № 50, 14 снежня 2022.

[14] Kurier Wileński. 1862. № 49. S. 395.

[15] Korwin-Milewski H. Siedemdziesiąt lat wspomnień. Poznań 1930. S. 53.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX