Папярэдняя старонка: Артыкулы

Грыцкевіч А. Гісторыя геапалітыкі Беларусі 


Аўтар: Грыцкевіч Анатоль,
Дадана: 12-07-2006,
Крыніца: Спадчына № 1,3,4 - 1994 г..



I. ГЕАПАЛІТЫКА ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА У XIII--XVI стст.

Першыя фэадальныя дзяржавы беларусаў ад самага пачатку мусілі весьці самастойную палітычную лінію ў дачыненьнях між сабой і суседзямі, блізкімі і больш далёкімі, такімі як Візантыя. Асабліва актыўную палітыку ў XI--XII стст. праводзіла Полацкае княства, Самая моцная беларуская дзяржава ў той час. Зьнешняяпалітыка Полацка была перадусім накіраваная на адстойваньне незалежнасьці ў барацьбе з Кіеўскім княствам, а таксама на ўрэгуляваньне адносінаў з Ноўгарадам і суседзямі, у тым ліку зь літоўскімі, латгальскімі, ліўскімі і эсцкімі плямёнамі ў Прыбалтыцы. Латгалы і лівы ўвайшлі ў дзяржаўныя дачыненьні з Полацкім княствам, сталіся ягонымі васаламі. На тэрыторыі латгалаў былі ўтвораныя васальныя княствы Герцыке і Кукенойс з князямі полацкае дынастыі Ізяславічаў.

Напачатку XIII ст. Полацкае княства вымушана было распачаць барацьбу зь нямецкімі рыцарамі Ордэну мечаносцаў (Братоў Хрыстовага ваярства), які ў 1237 г. быў пераўтвораны ў Лівонскі ордэн у складзе Тэўтонскага. Першыя дзяржавы беларусаў, як і іншыя тагачасныя эўрапейскія дзяржавы, часам вялі мірную палітыку, а часам ваявалі. Але ўсё ж гаварыць пра геапалітычныя дачыненьні беларускіх княстваў у гэты пэрыяд зарана. Іхная палітыка была абмежаваная рамкамі ўсходнеславянскага рэгіёну і толькі пачала выходзіць за ягоныя межы. Тым ня менш, зыходзячы з геаграфічнага становішча беларускіх дзяржаваў, вызначыліся кірункі актыўнасьці: дачыненьні з Кіеўскай Русьсю, з Прыбалтыкай, зь Візантыяй і нямецкімі ордэнамі.

ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ЛІТОЎСКАЕ -- ЗЬБІРАЛЬНІК УСХОДНЕСЛАВЯНСКІХ ЗЕМЛЯЎ

Новыя абставіны склаліся ў сярэдзіне XIII ст., калі ўтварылася Беларуска-Літоўскае гаспадарства з сталіцай у Наваградку. Ад самага пачатку існаваньня нашай гістарычнай дзяржавы яе ўладарамі, пачынаючы ад Міндоўга, і кіруючымі коламі праводзіцца актыўная зьнешняяпалітыка на некалькіх кірунках. Калі беларускія землі аб'ядналіся ў адной дзяржаве, ва Ўсходняй Эўропе склалася новая геапалітычная сытуацыя.

Да 80-х гг. XIV ст. скончыўся працэс уключэньня асноўных беларускіх земляў у склад Вялікага Княства Літоўскага і Рускага (як яно называлася да сярэдзіны XV ст., калі дадалося і «Жамойцкага», бо жамойцкая зямля ўвайшла ў склад дзяржавы на правох аўтаноміі). У 1358 г. была далучаная Мсьціслаўская зямля, у 60-я гг., пасьля перамогі беларускага войска пад Сінімі Водамі,-- Кіеўская зямля, а разам зь ёю Мазырская і Брагінская воласьці, каля 1358 г.--Бранскае княства, у 60--70-х гг. XIV ст.--Чарнігава-Северскія землі. Урэшце, у 1395 г. падпарадкавалася Смаленскае княства, якое ў 1404 г. канчаткова ўвайшло ў склад Беларуска-Літоўскага гаспадарства.

Увесь гэты час--ад сярэдзіны XIII да канца XIV ст.--ішоў ня толькі працэс аб'яднаньня беларускіх земляў у адной дзяржаве, але і адбывалася ўмацаваньне ейных рубяжоў, заключаліся саюзы зь іншымі дзяржавамі, вяліся войны.

Адным з галоўных кірункаў зьнешняе палітыкі Вялікага Княства Літоўскага быў усходні. УХІУ ст., як ужо нагадвалася, галоўнаю мэтай яго сталася аб'яднаньне беларускіх земляў у адной нацыянальнай дзяржаве. А затым -- вызваленьне земляў Русі з-пад татарскае няволі ды ўключэньне іх у склад новай дзяржавы з сталіцаю ў Вільні. На працягу XIV ст. Вільня была цэнтрам аб'яднаньня ўсіх усходнеславянскіх земляў. Пры гэтым яна мела супернікам спачатку Галіцка-Валынскую Русь (але нядоўга), а потым -- Маскоўскае вялікае княства, якое пачало ўзмацняцца.

У XIV ст. ідзе палітычная барацьба за прамежкавыя княствы--Кіеў, Цьвер, Ноўгарад, Пскоў. У другой палове стагодзьдзя пачынаецца вайсковае змаганьне Вільні і Масквы за землі Русі. Ноўгарад, Пскоў і Цьверскае вялікае княства шукалі падтрымкі супраць Масквы ў вялікіх князёў літоўскіх.

Да гэтага часу адносяцца тры паходы вялікага князя Альгерда на Маскву. У 1368 г. ён заключыў саюз зь цьверскім князем Міхаілам Аляксандравічам і двойчы (1368 і 1370 гг.) падыходзіў да Маскоўскага Крамля (горад быў узяты). Толькі каменныя муры Крамля, пабудаваныя ў 1367 г., выратавалі маскоўскага князя. У Хроніцы Быхаўца гаворыцца: «I на самую Пасху раніцаю рана князь вялікі (Дзьмітры Іванавіч.--А. Г.) з баярамі і князямі ішоў з ютрані з царквы, а князь вялікі Альгерд з усімі сваімі сіламі, распусьціўшы сьцягі свае, паказаўся на Паклоннай гары.

І пабачыўшы гэта, вялікі князь Маскоўскі моцна спужаўся і жахнуўся, убачыўшы вялікага князя Альгерда зь ягонаю вялікаю сілаю, які прыйшоў да яго такім магутным. I, ня маючы сілаў даць яму адпор, паслаў да яго паслоў, просячы яго аб міры і абяцаючы даць яму вялікія падарункі, просячы яго, каб яго з вотчыны яго Масквы ня выгнаў... І князь вялікі Альгерд пашкадаваў яго... і не здабываў яго з Масквы, і заключыў зь ім мір».

У 1372 г., пасьля новага паходу Альгерда на Маскву, каля Любуцка быў заключаны канчатковы мір з маскоўскім вялікім князем.

Становішча на ўсхбдзе пагоршылася для Беларуска-Літоўскай дзяржавы пасьля сьмерці Альгерда ў 1377 г. і барацьбы за ўладу паміж Ягайлам і Кейстутам. Пасьля перамогі маскоўскага князя Дзьмітрыя Іванавіча ў 1380 г. на Куліковым полі над татарамі ў Маскву выехаў праваслаўны мітрапаліт літоўскі Кіпрыян, што паўплывала на настрой часткі насельніцтва дзяржавы. Спроба вялікага князя Ягайлы заключыць саюз з Масквой супраць татараў і крыжакоў (план жаніцьбы яго з дачкою Дзьмітрыя Данскога) скончылася няўдачай, бо літоўскія князі і баяры Беларусі лічылі, што больш страцяць, чым атрымаюць ад ваенна-палітычнага саюзу з Масковіяй, якая выкарыстае яго, каб павялічыць сваю тэрыторыю і на ўсходзе і на захадзе (таксама і за кошт саюзьніка), ужыўшы пры гэтым беларуска-літоўскія палкі.

Менавіта таму і быў тады прыняты план саюзу з Польшчай, найперш супраць крыжакоў. Гэта было аформлена Крэўскай вуніяй 1385 г., шлюбам Ягайлы з польскай каралевай Ядзьвігай і каранаваньнем яго на караля Польшчы.

УСХОДНЯЯ ПАЛІТЫКА ВІТАЎТА

Але барацьба за гегемонію ў рускіх землях паміж вялікімі княствамі Літоўскім і Маскоўскім працягвалася. У канцы XIV-- першай палове XV ст. усходняяпалітыка Беларуска-Літоўскай дзяржавы, акрамя ціску на Маскоўскае княства, прадугледжвала пашырэньне ўплыву на іншыя княствы Русі, у тым ліку на Разанскае і Цьверскае вялікія княствы, бо яны займалі важнае стратэгічнае становішча ў дачыненьні да Маскоўскага княства, Залатой Арды, Ноўгарада й Пскова.

Зь сярэдзіны 20-х гг. XV ст. Вітаўт узнавіў актыўную палітыку на ўсходзе, спрабуючы падпарадкаваць Ноўгарад і Пскоў. Адначасова вялася палітыка, каб далучыць да саюзу зь Вільняй іншыя рускія княствы. У 1427 г. адбылася вялікая вайсковая экспэдыцыя Вітаўта ў Суздальскую зямлю. У выніку гэтага паходу княствы Разанскае, Пераяслаўскае, Пронскае, Навасільскае, Адоеўскае і Варатынскае прызналі зьверхняе апекаваньне з боку Вітаўта. Так, вялікі князь разанскі Іван Фёдаравіч даў Вітаўту грамату на вернасьць і падданства ды заверыў яе прысягаю, што як «господину господарю» свайму абяцае дапамогу супраць кожнага праціўніка, у тым ліку і супраць Масквы. У 1427 г. вялікі князь цьверскі Барыс Аляксандравіч заключыў дамову аб сяброўстве і ўзаемнай дапамозе зь Вітаўтам, «з своим господином з дедом, з великим князем Витовтом, Литовским и многих Русских земель господарем».

Дачыненьні Вітаўта з Масквою мелі зьменны характар. Яшчэ ў 1391 г. Вітаўт выдаў сваю адзіную дачку замуж за маскоўскага князя Васіля І Дзьмітравіча. Аднак працягваліся і вайсковыя канфлікты. Тым ня менш Васіль І Маскоўскі зьвяртаўся да Вітаўта: «Господин великий князь Витовт. Ты мне как отец...» У сваёй духоўнай грамаце (тастаманце) 1423 г. вялікі князь Васіль I, які памёр у 1425 г., даручыў Вітаўту ўзяць пад сваю апеку ўнука--малалетняга князя Васіля II і Маскоўскую дзяржаву. Тады ж у Смаленску адбылася сустрэча Вітаўта зь вялікаю княгіняю маскоўскаю Соф'яй Вітаўтаўнай, сваім унукам Васілём і маскоўскім мітрапалітам Фоціем, якія прадстаўлялі інтарэсы Васіля I. Яшчэ пры жыцьці свайго зяця Вітаўт Вялікі праз паслоў патрабаваў ад Ноўгарада і Пскова, каб прызналі яго сваім гасударам і давалі выхад (г. зн. дань), гаворачы: «Вы даяцё выхад зяцю майму Васілю Маскоўскаму, які зьяўляецца маім васалам, а мне, уроджанаму гаспадару, даваць ня хочаце». Пасьля гэтага Вітаўт пайшоў паходам на Наўгародзкую зямлю. Такім чынам, у першай трэці XV ст. рускія княствы знаходзіліся ў палітычнай залежнасьці ад Беларуска-Літоўскай дзяржавы.

Але посьпех на Ўсходзе быў часовы. Палітычныя падзеі пасьля сьмерці Вітаўта і фэадальная вайна паміж Жыгімонтам Кейстутавічам і Сьвідрыгайлам рэзка зьнізілі ўплыў Беларуска-Літоўскага гаспадарства ў рускіх землях. У 1449 г. Казімір Ягайлавіч і Васіль II заключылі дамову аб сяброўстве і ненападзе. Абодва князі абавязаліся не прэтэндаваць на тэрыторыі кожнай зь дзьвюх дзяржаваў. Прадугледжваўся падзел сфэраў уплыву. У зону ўплыву Вялікага Княства Літоўскага ўваходзілі Цьвер і Вярхоўскія княствы, а ў сфэру ўплыву Масквы -- Ноўгарад, Пскоў, Разань. Праўда, дамова не вытрымлівалася, хаця і вайны між абедзьвюма дзяржавамі не было. Сярэдзіна XV ст. сталася пэўным рубяжом у дачыненьнях Вільні ды Масквы. Дагэтуль існавала адносная раўнавага між двума цэнтрамі аб'яднаньня Русі.

ДАЧЫНЕНЬНІ 3 ОРДЭНАМ

Другім важным кірункам у міжнародных адносінах Беларуска-Літоўскага гаспадарства быў паўночна-заходні. Адносіны з крыжакамі -- гэта пастаянная барацьба з Тэўтонскім ордэнам, які рабіў напады на землі жамойтаў, літоўцаў, яцьвягаў і пагражаў заваёваю земляў Беларусі. Рыцары Лівонскага ордэну рэгулярна нападалі з поўначы.

Другая палова XIII -- першая палова XV ст. для Вялікага Княства Літоўскага --пэрыяд выпрабаваньняў, калі паўстала пытаньне пра далейшае існаваньне беларускага і літоўскага народаў.

Ня ўвесь час ішлі войны. Яны спыняліся мірнымі дамовамі. Некаторыя літоўскія князі заключалі нават часовыя пагадненьні з крыжакамі, прычым абодва бакі намагаліся выкарыстаць гэтыя саюзы з найбольшаю карысьцю для сябе.

Барацьба супраць ордэнскіх рыцараў, пачынаючы з другой паловы XIV ст., усё часьцей вялася сумесна з Польшчай, якая таксама знаходзілася ў небясьпечным становішчы. Гэта спрыяла аб'яднаньню дзьвюх дзяржаваў у вайскова-палітычным саюзе і амаль поўнаму спыненьню вайсковых канфліктаў між імі на Валыні, Падляшшы, нападаў на Мазовію. Лягічным вынікам было заключэньне Крэўскае вуніі 1386 г. паміж Польшчай і Вялікім Княствам Літоўскім і Рускім, зацьверджанай на зьезьдзе фэадалаў абодвух бакоў у Любліне 2 лютага 1386 г.

У выніку барацьбы групоўкі, якую ўзначальваў гарадзенскі князь Вітаўт Кейстутавіч і якая стаяла за незалежнасьць Беларуска-Літоўскае дзяржавы, у 1392 г. Вітаўт стаўся кіраўніком Вялікага Княства Літоўскага, а празь некаторы час і фармальна вялікім князем літоўскім і рускім.

Палітыка Вітаўта ў дачыненьні да Тэўтонскага ордэну была неадназначная. Так, каб узмацніць незалежніцкую ў адносінах да караля Ўладзіслава Ягайлы пазыцыю, Вітаўт у 1398 г. заключыў пагадненьне з крыжакамі, аддаючы ім частку Жмудзі. У 1399 г. у вялікую выправу супраць татараў на поўдзень разам з войскам Беларуска-Літоўскае дзяржавы рушылі таксама аддзелы крыжакоў ды былі разьбітыя на рацэ Ворскле разам з усім войскам Вітаўта.

Торуньскі мір 1411 г., які закончыў «вялікую вайну» 1409--1411 гг. Польшчы і Вялікага Княства, з аднаго боку, і Ордэну, з другога, быў толькі перадышкаю. І хаця агрэсія Тэўтонскага ордэну была спыненая, а Жамойць пажыцьцёва перададзеная Вітаўту, але вайна з рыцарамі працягвалася. Толькі ў 1422 г. урэшце Жамойць была канчаткова вызваленая ад нямецкага прыгнёту. Аднак Клайпедзкая зямля (Мэмэль) і Малая Літва (усходняячастка ордэнскай Прусіі) засталіся ў нямецкіх рыцараў. Практычна ў другой чвэрці XV ст. Вялікае Княства Літоўскае, спыніўшы разам з Польшчай нямецкую агрэсію, ужо не вяло антыордэнскай палітыкі.

Больш таго, ордэнскія войскі ўдзельнічалі ў фэадальнай грамадзянскай вайне 30-х гг. XV ст. у Беларуска-Літоўскай дзяржаве. Паколькі Сьвідрыгайла вёў барацьбу супраць вуніі Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай за незалежнасьць адзінай Беларуска-Літоўскай дзяржавы, дык Тэўтонскі ордэн дапамагаў яму ў змаганьні супраць Жыгімонта Кейстутавіча, прыхільніка Польшчы, сваімі войскамі, найперш лівонскімі аддзеламі. Асноўныя сілы ордэну былі занятыя адпорам польскаму войску, што ўварвалася ў Прусію, а ў сьнежні 1433 г. Тэўтонскі ордэн падпісаў з Польшчаю замірэньне, згаджаючыся ад гэтага часу трымацца нэўтралітэту ў грамадзянскай вайне ў Вялікім Княстве Літоўскім. Але ў бітве пад Вількамірам 1 верасьня 1435 г. на баку Сьвідрыгайлы эноў удзельнічалі лівонскія рыцары, якія амаль усе паляглі на полі бою разам з сваім магістрам Керскорфам.

Так працягвалася да заключэньня «вечнага міру» Тэўтонскага ордэну з Польшчай 31 сьнежня 1435 г.

Дачыненьні Княства да Польшчы таксама зьмяніліся ў другой чвэрці XV ст. Намагаючыся канчаткова пазбыцца васальных адносінаў да польскага караля, Вітаўт і фэадалы Беларуска-Літоўскае дзяржавы зрабілі спробу абвясьціць яе каралеўствам, г. зн. цалкам роўнай Польшчы. Аднак процідзеянне польскіх фэадалаў і сьмерць Вітаўта ў 1430 г. перашкодзілі гэтаму намеру.

АРДА І КРЫМ

Яшчэ адным кірункам палітыкі Вялікага Княства Літоўскага і Рускага быў паўднёвы, галоўным чынам, адносіны з татарамі. Пасьля вызваленьня ўкраінскіх земляў беларускім войскам з-пад панаваньня татараў (1362 г.) асноўнаю мэтаю на гэтым кірунку быў адпор нападам ардынскіх ханаў. Прадугледжавалася таксама пасоўваньне на поўдзень, у Дзікае Поле. Вялікія князі літоўскія намагаліся выкарыстаць татараў дзеля далучэньня рускіх земляў да сваёй дзяржавы. Яны выстаўлялі сваіх прэтэндэнтаў на сталец у Залатой Ардзе і ў Крыме.

Калі хан Тахтамыш (які ў 1382 г. узяў, разрабаваў і спаліў Маскву разам з Крамлём) быў выгнаны ў 1398 г. з Сарая, сваёй сталіцы, то знайшоў сховішча ў Вітаўта ў Кіеве. У бітве з татарамі на Ворскле 12 жніўня 1399 г., якая скончылася разгромам войска Вітаўта, удзельнічалі і татары Тахтамыша. Выратавалася толькі невялікая частка войска, Вітаўт, ягоны брат Жыгімонт, Сьвідрыгайла, Тахтамыш і ордэнскі комтур Маркварт фон Зальцбах.

Параза на Ворскле прыпыніла на доўгі час актыўную палітыку Вітаўта на паўднёвым захадзе. Літоўскія войскі за Дон ужо не заходзілі. Але ў Дзікім Полі, на бязьлюдных прасторах Паўночнага Прычарнамор'я калянізацыйная палітыка працягвалася. На пачатку XV ст. да Беларуска-Літоўскай дзяржавы далучылася тэрыторыя на поўдзень ад Падоліі і Кіеўскай зямлі -- паміж Днястром і Дняпром.

У 1410--1411 гг, на беразе Чорнага мора былі пабудаваныя фартэцыя і рынак. Беларуска-Літоўская дзяржава на пэўны час сталася дзяржавай «ад мора і да мора». Выхад да Чорнага мора даў магчымасьць вялікаму князю літоўскаму ўстанавіць трывалыя сувязі з Малдовай.

Зноў актывізавалася палітыка ў дачыненні да Залатой Арды. Вітаўт выкарыстаў татарскае войска Джалал-ад-дзіна, старэйшага сына Тахтамыша, у бітве пры Грунвальдзе, а потым даў яму сваё дапаможнае войска, і Джалал-ад-дзін заняў золатаардынскі сталец пад пратэктаратам Вітаўта.

У 1423 г. хан Улуг-Мухамэд быў разьбіты сваім ворагам Барак-ханам і ўцёк да Вітаўта. Зьявіўся ён у Вільні ў канцы 1424 г., атрымаў ад Вітаўта дапамогу і згуртаваў свае сілы. У 1426 г. Улуг-Мухамэду ўдалося адваяваць у Барак-хана Сарай і ўзнавіць сваё панаваньне ў Ардзе. Пры падтрымцы Вітаўта Ўлуг-Мухамэд у 1428 г. пашырыў сваю ўладу на Крым. Такая палітыка Вітаўта аслабляла Залатую Арду, якая ўжо занепадала. Вялікі князь літоўскі і рускі такім чынам прадухіляў напады татараў на ўкраінскія і свае самыя ўсходнія землі.

Пасьля сьмерці Вітаўта і на паўднёвым кірунку дыпляматычныя справы Вялікага Княства Літоўскага пагоршыліся. У грамадзянскай вайне 30-х гг. XV ст. татарскія аддзелы выкарыстоўвалі і Сьвідрыгайла, і Жыгімонт Кейстутавіч. Але ў асноўным хан Саід-Ахмэд дапамагаў Сьвідрыгайлу. У канцы 30-х і ў 40-я гг.XV ст. гэты хан ужо выступаў на баку Жыгімонта Кейстутавіча, а пасьля ягонага забойства стаяў за Жыгімонтавага сына Міхайлушку супраць вялікага князя Казіміра Ягайлавіча.

У процівагу Саіду-Ахмэду Казімір і памы-рада вылучалі аднаго з нашчадкаў Чынгіс-хана. У 1449 г. у Кіеве на гіарадзе прадстаўнікоў Казіміра з крымскімі татарскімі мурзамі было зацьверджана пагадненьне аб прыняцьці ў Крыме за хама Хаджы-Гірэя, родапачынальніка крымска-татарскае дынастыі. Так Казімір стварыў на паўднёвай мяжы Беларуска-Літоўскага гаспадарства татарскі ўлус з сваім ханам, Казіміравым стаўленікам. ён аслабіў Залатую Арду і накіраваў крымскіх татараў супраць Маскоўскага вялікага княства. Аднак празь некаторы час Крымскае ханства ператварылася з саюзьніка ў ворага. 3 гледзішча пэрспэктывы дапамога крымскім татарам у стварэньні сваёй дзяржавы была стратэгічнаю памылкаю вялікіх князёў літоўскіх.

РОСТ УСХОДНЯЕ ПАГРОЗЫ

Наступны пэрыяд у гісторыі геапалітыкі незалежнай Беларуска-Літоўскай дзяржавы -- гэта другая палова XV--першая палова XVI ст. Ягоныя асноўныя рысы -- абарона палітычных пазыцыяў і страта часткі тэрыторыяў на Ўсходзе на карысьць Маскоўскае дзяржавы, з аднаго боку, і больш шырокі выхад на Захад, на эўрапейскую арэну, з другога.

Асноўныя кірункі зьнешнепалітычнай дзейнасьці Вялікага Княства Літоўскага засталіся ранейшыя. Але адбыліся і зьмены. Была зьнятая пагроза заваёвы літоўскіх і беларускіх з^емляў нямецкімі рыцарамі. Замест дробных рускіх княстваў, што вялі палітыку паасобку, паўстае Маскоўская дзяржава, якая будавала ўжо цэнтралізаваны апарат улады. На руінах Залатой Арды ўтварылася агрэсіўнае Крымскае ханства. У гэты пэрыяд Беларуска-Літоўская дзяржава змушаная была значна больш займацца ўсходняю палітыкай, чым заходняю.

Жыгімонт ІІІ Ваза

Адносіны з Польшчай заставаліся саюзнымі. Амаль увесь час вялікі князь літоўскі выбіраўся і каралём польскім (за выключэньнем пэрыяду 1492--1501 гг., калі манархі былі розныя). Але інтарэсы абедзьвюх дзяржаваў не супадалі і часам дыпляматыя Вялікага ^няства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага мела канфлікты з польскай дыпляматыяй (з-за Валыні, у дачыненьні да крымскіх татараў, да Тэўтонскага ордэну).

Адносіны Вільні з Масквою ў другой палове XV ст. сталіся напружанымі з-за Ноўгарада і Пскова, куды вялікі князь Казімір на просьбы наўгародцаў і пскавічоў ставіў князёў. Масква глядзела на гэта вельмі непрыхільна. Пагроза для Ноўгарада Вялікага страціць самастойнасьць і цалкам падпарадкавацца маскоўскаму вялікаму князю ўзмацняла ў наўгародзкіх баяраў імкненьне да саюзу зь Беларуска-Літоўскаю дзяржаваю. Дзяржаўны лад яе, з палітычнымі і імунітэтнымі правамі фэадалаў, больш адпавядаў дзяржаўнаму ладу Наўгародзкай фэадальнай рэспублікі, чым маскоўская ўлада, заснаваная на цэнтралізацыі і самаўладзьдзі вялікага князя. Да таго ж Казімір падтрымліваў баярскае кіраваньне ў Ноўгарадзе і абмяжоўваўся меншымі патрабаваньнямі, чым маскоўскі вялікі князь, які лічыў, што Ноўгарад -- гэта ягоная «вотчына». У Ноўгарадзе між баярства існавала моцная групоўка незалежнікаў. (так званая «літоўская партыя») на чале з удавою пасадніка Марфай Барэцкай і ейнымі сынамі. «Літоўская партыя» выступала супраць «маскоўскай партыі», што імкнулася падпарадкавацца Маскве, бо была зьвязаная зь ёю эканамічнымі інтарэсамі або стаяла ў апазыцыі незалежнікам. Кіроўная баярская групоўка абапіралася на пэўныя колы пасадзкага насельніцтва, якія таксама намагаліся захаваць незалежнасьць Ноўгарада. Баярская групоўка на чале з Марфай Барэцкай заявіла на вечы: «Не хотим за великого князя Московского, ни зватися отчиною его; вольные есьмы люди Великий Новгород, а Московскнй князь великий многие обиды и неправду над нам чинит; но хотим за короля Польского и великого князя Литовского Казимира».

У лістападзе 1470 г. Ноўгарад запрасіў у якасьці князя-кармленшчыка (а практычна намесьніка Казіміра) слуцкага князя Міхаіла Алелькавіча, павадыра апазыцыі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Але гэты князь ня здолеў аб'яднаць розныя групоўкі, ня меў падтрымкі з боку Казіміра і мусіў зьехаць з Ноўгарада ў сакавіку 1471 г. Тым ня менш у красавіку 1471 г. пасольства Ноўгарада ў Вільні падпісала дамову («даканчальную» грамату), паводле якой вызначаліся правы намесьніка Казіміра ў Ноўгарадзе і самога вялікага князя, які быў абавязаны абараняць Ноўгарад ад Масквы. Аднак правы вялікага князя літоўскага былі моцна абмежаваныя, а абавязкі наўгародцаў перад вялікім князем -- сьціплыя. Наўгародзкія баяры хацелі танна купіць ягоную вайсковую дапамогу.

Вялікі князь Казімір і паны-рада не пасьпелі дапамагчы Ноўгараду. Казімір да таго быў заняты вугорскімі і чэскімі справамі ў інтарэсах сваёй дынастыі (сын Казіміра -- Уладзіслаў стаўся каралём Чэхіі і рыхтаваўся на караля Вугоршчыны). Ды і апазыцыя праваслаўных князёў (ці, як іх тады называлі, «рускіх князёў») перашкаджала ўсходняй палітыцы Казіміра Ягайлавіча. Таму паход войска вялікага князя маскоўскага Івана 111 на Ноўгарад у ліпені 1471 г. скончыўся хуткаю перамогаю. Кіраўнікоў антымаскоўскай баярскай групоўкі пакаралі'сьмерцю, а Ноўгараду забаранілі мець зносіны зь Вялікім Княствам Літоўскім. Паўторны паход Івана III у 1478 г. зьліквідаваў незалежнасьць Гаспадзіна Вялікага Ноўгарада. Так быў страчаны саюзьнік і фарпост Беларуска-Літоўскага гаспадарства, дзяржава, якая пашыралася да Ўралу і Паўночнага Ледавітага акіяну.

Праўда, у 1479 г. Казімір спрабаваў патаемна дамовіцца з братамі Івана III --удзельнымі князямі вугліцкім Андрэем і валакаламскім Барысам, якія прасілі дапамогі супраць івана III. Была зробленая спроба аднавіць наўгародзкі ўдзел, але няўдала. Свае сем'і браты Івана III адправілі ў Віцебск. Канфлікт скончыўся пагадненьнем паміж маскоўскімі братамі падчас паходу хана Ахмэда на Русь у 1480 г., ягонага адступленьня і ліквідацыі тым самым мангола-татарскага прыгнёту Русі.

Вялікае Княства Літоўскае ня выкарыстала гэтай сытуацыі з-за «змовы рускіх князёў» (усе яны былі праваслаўныя князі літоўскага паходжаньня). У 1485 г. яно страціла яшчэ аднаго саюзьніка -- Масква далучыла да сваёй тэрыторыі Цьверскае вялікае княства.

У 1480 г. крымскі хан Мэнглі-Гірэй заключыў саюз зь Іванам III супраць Вялікага Княства Літоўскага, і ад гэтага часу крымскія татары пачалі рэгулярныя, амаль штогадовыя наезды на Ўкраіну і Паўднёвую Польшчу, даходзячы часам да Беларусі (асабліва напачатку XVI ст.).

Ад канца XV ст. ідзе сэрыя войнаў паміж Маскоўскай дзяржавай і Беларуска-Літоўскім гаспадарствам, пачынаючы ад гэтак званай памежнай вайны 1487--1494 гг. і да вайны 1534--1537 гг., з пастаяннымі стратамі тэрыторыі на карысьць Масковіі. Нават шлюб вялікага князя Аляксандра Казіміравіча з дачкою Івана III Аленаю ў 1495 г. не зьмяніў сытуацыі. Тым больш што зяць прызнаў тытул цесьця -- «вялікі князь усяе Русі».

ПАЎДНЕВАЯ І ЭУРАПЕЙСКАЯ СТРАТЭГІЯ

Дыпляматыя Вялікага Княства Літоўскага ў часе войнаў з Масквою ў першайпалове XVI ст. перадусім намагалася забясьпечыць спакой на паўднёвых тэрыторыях дзяржавы, наладзіць добрыя адносіны з Турцыяй і ейным васалам --Крымам. Нягледзячы на пераважна мірныя дачыненьні, напады з абодвух бакоў працягваліся.

Бітва пад Неўлем (1563 г.).

Падчас апошняга пэрыяду маскоўска-літоўскай вайны 1512--1522 гг. крымскія татары нападалі на Ўкраіну і Польшчу. У 1521 г. каля 5 тысячаў перакопскіх татараў захапілі і спалілі Мазыр, рабавалі і зьнішчалі насельніцтва паміж Слуцкам і Пінскам ды спакойна вярнуліся назад у Крым.

Але былі і пагадненьні з крымскімі татарамі. У тым жа 1521 г. сам хан Мухамэд-Гірэй выступіў з асноўнаю вайсковаю сілаю супраць Масквы. У крымскім войску быў і беларускі палкаводзец, стараста чаркаскі і канеўскі Астафі Дашковіч з сваімі казакамі. Крымскае войска дайшло да самых муроў Масквы, разрабавала глыбінныя раёны Масковіі і вярнулася ў Крым.

А потым, вясной 1524 г., экспэдыцыя князя К. Астроскага з коньніцай і А. Дашковіча на лодках па Дняпры напала на турэцкую цьвярдыню Ачакаў. Буйную перамогу над турэцка-татарскім войскам беларуска-літоўскае войска атрымала ў 1527 г. у бітве на Ўкраіне, на Альшаніцы, за 40 міляў ад Кіева. Камандавалі войскам вялікі гетман, князь Канстанцін Астроскі, слуцкі князь Юры Сямёнавіч Алелькавіч, гарадзенскі стараста Юры Мікалаевіч Радзівіл ды Астафі Дашковіч.

У 1532 г. быў заключаны мір Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага з Турцыяй і Крымам. Нападаў крымскіх татараў паменшала. На гэта паўплывала і тое, што ў 1534 г. на Ўкраіне пабудавалі каля двух дзясяткаў цьвярдыняў, а памежныя мястэчкі ўмацавалі. У 40-х гг. XVI ст. стаў прыкметны паварот у зьнешне-палітычным курсе караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога: пачалі ўзмацняцца ягоныя сувязі з Турцыяй і Крымам. Жыгімонт накіроўваў напады крымскіх татараў на Расейскую дзяржаву. Гэтым дасягалася падвойная мэта -- аслабляўся моцны праціўнік на ўсходзе, а крымскія татары спынялі напады на Вялікае Княства Літоўскае.

Такім чынам, у войнах першай паловы XVI ст. Расейская дзяржава заваявала значную частку ўсходніх земляў Беларуска-Літоўскага гаспадарства. Да сярэдзіны XVI ст. зьверхнікі нашае дзяржавы сутыкнуліся з прэтэнзіямі Івана IV на беларускія і ўкраінскія землі. Паўставала пагроза існаваньню дзяржавы. Пастаянная барацьба з Масковіяй, лёгіка падзеяў вялі Беларуска-Літоўскую дзяржаву да шчыльнейшага саюзу з Польшчай, скіроўвалі да пашырэньня сувязяў з заходне-эўрапейскімі краінамі. Лівонская вайна і далейшыя міжнародныя акцыі Вялікага Княства Літоўскага былі выкліканыя і адносінамі з Расеяй. Больш цеснаму дзяржаўнаму саюзу з Польшчай спрыяла таксама супольная барацьба супраць турэцка-татарскай пагрозы з поўдня, заснаваная на агульнай зьнешняй палітыцы ў XVI ст., і вайсковая дапамога Польшчы ў войнах супраць Маскоўскай дзяржавы.

У першай палове XVI ст. Вялікае Княства Літоўскае зноў шырока прадстаўпена на міжнароднай арэне Эўропы, як у часы Вітаўта, калі ў 1429 г. да яго на зьезд у Луцк зьехаліся германскі імпэратар Сыгізмунд Люксэмбурскі, польскі кароль Уладзіслаў Ягайла, вялікі князь маскоўскі Васіль II ды іншыя кіраўнікі цзяржаваў. Так, пасьля перамогі над маскоўскімі войскамі 8 верасьня 1514 г. эялікі князь Жыгімонт Казіміравіч (потым -- Жыгімонт Стары) перадаваў у падарунак эўрапейскім манархам расейскіх дваранаў-ваеннапалонных. Герман:кі імпэратар Максымілян І Габсбург вярнуў некалькі палонных Расеі.

Сьведчаньнем удзелу Вялікага Княства Літоўскага ў эўрапейскай палітыцы быў Венскі кангрэс 1515 г. Тады ў Вене адбылася сустрэча імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі Максыміляна I, караля Вугоршчыны і Чэхіі Ўладзіслава II Ягайлавіча і ягонага роднага брата--караля Польшчы і вялікага князя літоў:кага Жыгімонта. Імпэратар, які яшчэ ў 1514 г. намагаўся заключыць саюз з Масквой, пасьля бітвы пад Воршай зьмяніў плян. Кожны з манархаў дабіваўся сваёй мэты. Імпэратар Максымілян імкнуўся стварыць антытурэцкую кааліцыю, бо туркі прасоўваліся на Балканах усё бліжэй да імпэрыі і да аўстрыйскіх уладаньняў імпэратара. Ён таксама хацеў пашырыць уплыў Габсбургаў на Чэхію і Вугоршчыну шляхам дынастычных шлюбаў. Уладзіслаў II шукаў у імпэратара апоры супраць пагрозы турэцкага нашэсьця і сялянскіх рухаў. Жыгімонт Казіміравіч намагаўся прадухіліць пагрозу вайсковага нападу на Польшчу (а такім чынам і на Беларуска-Літоўскую дзяржаву) з боку імпэратара падчас маскоўска-літоўскае вайны 1512--1522 гг., а таксама зьліквідаваць патранат імпэратара над Тэўтонскім ордэнам. Папярэдне браты Ўладзіслаў і Жыгімонт Казіміравічы сустрэліся ў канцы сакавіка 1515 г. у Браціславе, а таксама правялі папярэднія перамовы з прадстаўніком імпэратара кардыналам Маціясам Лянгам. У Вене імпэратар адмовіўся ад патранату над Тэўтонскім ордэнам, які застаўся васалам польскага караля. Максымілян Габсбург таксама даў згоду на сваё пасярэдніцтваў перамовах зь вялікім князем маскоўскім Васілём III пра спыненьне маскоўска-літоўскай вайны. Сапраўды, празь некаторы час у Маскву было накіравана імпэрскае пасольства на чале з баронам Сыгізмундам Гербэрштэйнам. Жыгімонт і Ўладзіслаў Ягайлавічы абяцалі ўступіць у антытурэцкую кааліцыю, якую павінен быў узначаліць папа Лявон X. Прынятыя пагадненьні здымалі напружанасьць паміж дзяржавамі і прадугледжвалі дружалюбныя дачыненьні Сьвятой Рымскай імпэрыі ды Польшчы й Беларуска-Літоўскай дзяржавы. Яны спрыялі далейшаму разьвіцьцю сувязяў паміж краінамі Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы.


II. ГЕАПАЛІТЫКА БЕЛАРУСКА-ЛІТОЎСКАЙ ДЗЯРЖАВЫ У XVI--XVIII СТАГОДЗЬДЗЯХ

ФЭДЭРАЦЫЯ 3 ПОЛЬШЧАЙ

У 1569 г. Польскае каралеўства і Вялікае Княства Літоўскае ўтварылі фэдэратыўную дзяржаву -- Рэч Паспалітую. Ейнае ўтварэньне было вынікам доўгага (ад канца XIV ст.) пэрыяду дзяржаўных зьвязаў (вуніяў) дзьвюх дзяржаваў, заснаваных спачатку на агульнай пагрозе з боку Тэўтонскага ордэну, а потым на супольных інтарэсах у Прыбалтыцы і, урэшце, на новай пагрозе з боку Маскоўскай дзяржавы, якая ў XV--XVI стст. узмацнілася. Пры гэтым дзяржаўныя вуніі падмацавалі дынастычнаю, а дакладней, пэрсанальнаю вуніяй: вялікімі князямі літоўскімі й рускімі ды адначасова польскімі каралямі амаль увесь час у другой палове XV--XVI стст. (да 1572 г.) былі адны і тыя ж асобы з дынастыі Ягелонаў (Ягайлавічаў).

Пэўным чыньнікам збліжэньня абедзьвюх дзяржаваў была і рыма-каталіцкая царква, паноўная ў Польшчы, вельмі значная для ўнутрыпалітычных дачыненьняў Беларуска-Літоўскай дзяржавы да сярэдзіны XVI ст., г. зн. да пашырэньня Рэфармацыі ў нашай краіне.

Рыма-каталіцкая царква ў Беларусі адміністрацыйна ўваходзіла ў склад Віленскай эпархіі (біскупства). Толькі Берасьцейская зямля была ўключаная ў склад Луцкай. У сваю чаргу, каталіцкія біскупствы на тэрыторыі Беларуска-Літоўскай дзяржавы падначальваліся прымасу Польшчы, арцыбіскупу гнезьненскаму. У геапалітычным пляне гэтая царква спрыяла шчыльнейшым сувязям Беларуска-Літоўскай дзяржавы з эўрапейскімі краінамі і ў пэўным сэнсе ўсё болей збліжала зьнешнюю палітыку Польшчы й Вялікага Княства.

3 другога боку, усё больш небясьпечная для Вялікага Княства Літоўскага палітыка ўсходняга суседа, пастаянны націск зь ягонага боку, сэрыя войнаў канца XV--першай паловы XVI ст. з амаль няспыннаю заваёвай усходніх тэрыторыяў Беларуска-Літоўскай дзяржавы -- усё гэта скіроўвала зьнешнепалітычныя інтарэсы Польшчы на Ўсход. У маскоўска-літоўскіх войнах ад пачатку XVI ст. прымаюць удзел і польскія збройныя сілы, так што гэтыя войны ў пэўнай меры становяцца і войнамі Польскай дзяржавы.

Яшчэ адзін фактар палітычнага збліжэньня Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы -- гэта паўднёвы кірунак, дзе ў канцы XV--XVI стст. ішла безупынная барацьба з набегамі крымскіх татараў і з Турэцкай імпэрыяй, васалам якой з 1475 г. было Крымскае ханства. На паўднёвым кірунку зьнешняяпалітыка Вялікага Княства Літоўскага каардынавалася са зьнешняю палітыкай Польшчы ад пачатку XVI ст.

Галоўным жа чыньнікам аб'яднаньня Польшчы й Беларуска-Літоўскай дзяржавы сталася Лівонска-Полацкая вайна, што доўжылася ў Княстве 24 гады (ад 1558 да 1582 г.).

Шляхта зь беларускіх і ўкраінскіх паветаў пасьля паходу 1562 г. перад роспускам шляхоцкага (паспалітага рушаньня) у вайсковым стане каля Віцебска 13 верасьня 1562 г. накіравала вялікаму князю Жыгімонту Аўгусту ў Вільню акт з просьбай заключыць вунію з Польшчай, каб мець агульныя з польскаю шляхтаю соймы, разам выбіраць караля (і адначасова вялікага князя) і, галоўнае,-- карыстацца аднолькавымі правамі ды разам абараняцца ад ворагаў. Удзельнікі гэтага палявога сойму пад Віцебскам паслалі акт і да адсутных у стане, асабліва да жамойцкай шляхты, каб яны далучыліся да яго.

Супраць вуніі з Польшчай выступіла частка паноў-рады на чале зь Мікалаем Янавічам Радзівілам, віленскім ваяводам, канцлерам і маршалкам земскім. Такім чынам, беларуская і ўкраінская шляхта была за вунію, а магнаты -- супраць фэдэрацыі, за захаваньне цалкам незалежнай дзяржавы. Некалькі гадоў барацьбы, абмеркаваньне пытаньня на розных соймах урэшце прывялі да абвешчаньня ў Любліне дзяржаўнай вуніі ды стварэньня фэдэрацыі -- Рэчы Паспалітае.

Падчас паседжаньняў сойму ўкраінскія ваяводзтвы й Падляшша, на жаданьне тамтэйшае шляхты, увайшлі ў склад Польшчы. Украінская шляхта ратавалася ў Польшчы ня гэтулькі ад маскоўскай, колькі ад турэцка-татарскай пагрозы. Толькі шляхта Мазырскага павету Кіеўскага ваяводзтва не захацела далучацца да Польшчы й засталася ў Беларуска-Літоўскім гаспадарстве, а Мазырскі павет з таго часу ўвайшоў у склад Менскага ваяводзтва.

Акт Люблінскай вуніі прынялі 1 ліпеня 1569 г. Кароль падпісаў яго 4 ліпеня. 11 жніўня абвесьцілі дадатковы акт («зацьверджаньне вуніі»), паводле якога вызначаўся склад сэнату й парадак месцаў у ім, Абедзьве дзяржавы, якія ўвайшлі ў склад Рэчы Паспалітай, захавалі асобную дзяржаўную адміністрацыю (з асобнымі кіроўнымі пасадамі), войскі, скарб і права біць аднолькавую манэту, адміністрацыйны й судовы апарат, свае законы, сваю мытную сыстэму і, натуральна, свае дзяржаўныя гербы ды сьцягі. Калі да Люблінскай вуніі польскім аддзелам падчас вайны трэба было плаціць грошы зь літоўскага скарбу, дык пасьля яе гэтыя войскі на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ваявалі ўжо за свой кошт. Сойм Рэчы Паспалітай прымаў асобныя законы для абедзьвюх частак фэдэрацыі. Агульных законаў не было. Захоўваліся і свае дзяржаўныя мовы: у Польшчы -- лацінская, Беларуска-Літоўскай дзяржаве -- беларуская.

Асобным актам 3 жніўня герцагства Курляндыя было абвешчана васалам Польшчы й Вялікага Княства Літоўскага. Ліфляндыя (Інфлянты) сталася іхным агульным валоданьнем (кандамініум). Цяпер Беларуска-Літоўская дзяржава мела агульную з Польшчай зьнешнюю палітыку. У сувязі з гэтым наша краіна пашырае свае геапалітычныя інтарэсы, больш актыўна выходзіць у Заходнюю Эўропу, уключаецца ў дыпляматыю балтыйскіх і нямецкіх дзяржаваў. Разам з тым для яе па-ранейшаму важнымі застаюцца ўсходні і паўднёвы кірункі зьнешняй палітыкі. І ўсё ж трэба зазначыць, што зьнешняяпалітыка вялася цяпер з Варшавы, у значнай меры з улікам польскіх інтарэсаў.

ПОСЬПЕХІ І НЯЎДАЧЫ ЎСХОДНЯЙ ПАЛІТЫКІ

Увесь пэрыяд XVI-- XVIII стст. зь зьнешнепалітычнага гледзішча можна падзяліць на два этапы: другая палова XVI --сярэдзіна XVII ст. і другая палова XVII--XVIII стст. Іхны рубеж--гэта вайна 1654--1667 гг. паміж Расеяй і Рэччу Паспалітаю.

Да сярэдзіны XVII ст. усходняяпалітыка Рэчы Паспалітай вызначалася настойлівымі спробамі ня толькі захаваць бясьпеку іхных межаў, але й аднавіць тэрытарыяльныя страты, якія панесла раней Беларуска-Літоўскае гаспадарства ў войнах з Масковіяй.

Гэта нашай фэдэратыўнай дзяржаве ўдалося. Усходняя палітыка Рэчы Паспалітай была таксама шчыльна зьвязаная зь яе прыбалтыйскаю палітыкай.

Пасьля Лівонска-Полацкай вайны да канца XVI ст. пэўны час захоўваліся мірныя дачыненьні з Маскоўскаю дзяржаваю. Тым ня менш яшчэ кароль Стэфан Баторы зьбіраўся пачаць новую вайну з Масквою, вярнуць Смаленск і Северскую зямлю. Аднак зьдзейсьніць свой плян не пасьпеў, бо памёр у Горадні ў сьнежні 1586 г.

На выбарчым сойме 1587 г. каралём польскім і вялікім князем Літоўскім быў абраны 20-гадовы спадкаемны прынц Швэцыі Жыгімонт Ваза, плямень нік апошняга Ягайлавіча -- Жыгімонта Аўгуста, ультракатолік.

Пасьля сьмерці бацькі ў 1592 г. ён стаўся і каралём Швэцыі. У 1599 г. швэдзкія дваране-пратэстанты на сойме дэтранізавалі Жыгімонта, а ў 1604 г. абвесьцілі ягонага дзядзьку каралём Карлам IX. Цяпер Жыгімонт Ваза рабіў намаганьні, каб вярнуць сабе швэдзкую карону. У 1600 г. ён пачаў вайну з Швэцыяй, якая доўжылася -- пераважна ў Латвіі ды Эстоніі--да 1611 г. У вайну была ўцягнутая і Беларуска-Літоўская дзяржава, яе войска, якое на чале з гетманам вялікім Янам Каралем Хадкевічам здабыло бліскучую перамогу над швэдзкім - 27 верасьня 1605 г. ля Кірхгольма (Саласьпілса), за 15 км ад Рыгі. Аднак выкарыстаць перамогу Жыгімонт ня здолеў. Вайсковыя дзеяньні ў гэтым раёне сьціхлі.

Новы паварот ва ўсходняй палітыцы адбываецца на рубяжы XVI і XVII стст. Пасольства на чале зь Левам Сапегам, адпраўленае ў 1600 г. у Маскву, прапанавала расейскаму ўраду цара Барыса Гадун Стафан Баторыова заключыць «вечны мір» і шчыльны саюз паміж Рэччу Паспалітай і Расеяй на аснове палітычнай вуніі, з супольнаю зьнешняю палітыкай і шырокімі сувязямі паміж людзьмі, нават з правам узаемна выслужваць вотчыны й маёнткі ў кожнай зь дзяржаваў, з дазволам узаемна пашыраць каталіцкую і праваслаўную канфэсіі, з агульным вайсковым флётам, з правам спадчыннасьці тронаў, зь вяртаньнем Смаленска, Северскай зямлі і трох цьвердзяў, што належалі Полацку, Вялікаму Княству Літоўскаму. Гэты плян стаўся праграмаю паступовага аб'яднаньня славянскіх дзяржаваў пад эгідаю Варшавы й Вільні. Маскоўскі цар адхіліў прапанову.

Пасьля гэтага кароль Жыгімонт і група магнатаў ды шляхты прапанавалі далучыць Маскоўскае царства да Рэчы Паспалітай як трэцяга ўдзельніка фэдэрацыі, побач з Польшчаю і Беларуска-Літоўскаю дзяржаваю. У крайнім выпадку яны згаджаліся на зьвяз з Масквою, але з царом, які быў бы абавязаны ім тронам, або з каралевічам польскім у якасьці цара.

Беларускія магнаты й шляхта пераважна падтрымалі кандыдатаў на маскоўскі трон Ілжэдзімітрыя І ды Ілжэдзімітрыя II, выхадца зь Беларусі (ці то з Магілева, ці то са Шклова). Урэшце, у 1609 г., Жыгімонт распачаў вайну з Маскоўскаю дзяржаваю, бо цар Васіль Шуйскі запрасіў у Расею для барацьбы з тушынцамі, прыхільнікамі Ілжэдзімітрыя ІІ, швэдзкі корпус Я. Дэлягардзі. Гэта быў акт супраць Жыгімонта Вазы, які ўперад меў тытул і караля Швэцыі.

Дэтранізаваны сваім дзядзькам Карлам IX і лютаранскім дваранствам, ён працягваў барацьбу за швэдзкі пасад. Вайна прывяла да заваёвы Смаленска й Северскай зямлі ды часовага абвешчаньня (1610--1612 гг.) Жыгімонтавага сына каралевіча Ўладзіслава маскоўскім царом. Яму прысягнулі ўрад у Маскве («сямібаяршчына»), жыхары Масквы ды іншых гарадоў. Аднак беларуска-польскі гарнізон у Маскве стаяў толькі два гады, і ў 1612 г. Маскву заняло другое апалчэньне на чале з К. Мініным і князем Дз. Пажарскім. Спроба польска-беларускага войска каралевіча Ўладзіслава на чале з гетманам Янам Каралем Хадкевічам разам з украінскім казацкім войскам атамана Пятра Канашэвіча Сагайдачнага заняць Маскву ў 1617--1618 гг. скончылася няўдачай. 11 сьнежня 1618 г. было заключана Дзявулінскае замірэньне на 14 з паловай гадоў. Да ВКЛ адыходзілі адвечныя беларускія землі Смаленшчыны (апроч Вязьмы) з гарадамі Белая, Дарагабуж, Сярпейск, Рослаў, Старадуб і Трубчэўск, а да Польшчы -- Чарнігава-Северская зямля. Каралевіч Уладзіслаў захаваў тытул «цара маскоўскага і ўсяе Русі», але ж і Міхаіл Раманаў застаўся на троне.

ІНШЫЯ КІРУНКІ ЗЬНЕШНЯЕ ПАЛІТЫКІ ДА СЯРЭДЗІНЫ XVII СТ.

Прычыны няўдалых паходаў на Расею -- ня толькі ў нягнуткай палітыцы да Масквы, але і заўсёдная занятасьць на поўдні краю -- дачыненьні з Аўстрыяй, Малдовай, Крымам. Жыгімонт Ваза дзеля свайго ўльтракаталіцызму падтрымліваў германскага імпэратара ў яго барацьбе супраць Чэхіі й Трансыльваніі.

Якраз у першым пэрыядзе Трыццацігадовай вайны ў Эўропе (1618--1648 гг.) адбывалася чэскае паўстаньне супраць Габзбургаў, імпэратараў Германіі і ўладароў Аўстрыі. Жыгімонт Ваза падтрымаў імпэратара, хаця гэта не адпавядала стратэгічным інтарэсам дзяржавы. Варожае стаўленьне да князя Трансыльваніі Габрыеля Баторага (Габара Батары) прывяло да пагаршэнньня дачыненьняў з Турцыяй. Паколькі Габрыель Баторы меў падтрымку турэцкага султана, то на Ўкраіну і паўднёвыя ваяводзтвы Польшчы пачалі нападаць крымскія татары. Урэшце пачалася вайна з Турцыяй. У 1620 г. у бітве ля Цацоры (цяпер Тутора ў Румыніі, недалёка ад Ясаў) польскае войска разьбілі туркі. Наступным годам пад Хоцімам (цяпер Чарнавіцкая вобласьць Украіны) адбыўся рэванш. Тут дзейнічалі польскія, беларуска-літоўскія войскі і ўкраінскія казакі пад агульнаю камандаю гетмана Яна Караля Хадкевіча. Але і гэтую перамогу кароль Жыгімонт таксама ня выкарыстаў -- дзеля сваёй нерашучасьці.

У 1621--1629 гг. адбылася чарговая вайна паміж Рэччу Паспалітай і Швэцыяй. Ваенныя дзеяньні ішлі ў Прыбалтыцы -- на тэрыторыі Ліфляндыі, Курляндыі й Прусіі. У іх брала ўдзел і беларуска-літоўскае войска з гетманам польным літоўскім Крыштафам Радзівілам. У 1622 г. яно адбіла ў швэдаў Мітаву (цяпер Ёлгава). Швэдзкі кароль Густаў II Адольф у 1625 г. нават захапіў цьвердзь Біржы, а потым і Літву. Белару Бітва пад Кірхгольмам..ска-літоўскае войска ўзначаліў гетман вялікі літоўскі Леў Сапега.

17 студзеня 1626 г. ля Вальмойзы (паміж Мітавай і Кокенгаўзэнам) Станіслаў Сапега, гетманаў сын, прайграў бітву каралю Густаву Адольфу. У 1627 г. было заключана замірэньне, а 26 верасьня 1629 г. і мір у Альтмарку. Тэрыторыя Ліфляндыі з Рыгай адышла да Швэцыі. У Рэчы Паспалітай засталася Латгалія (Інфлянты) і васальная Курляндыя.

Кароль Жыгімонт памёр у 1632 г. Пры канцы жыцьця ён быў вымушаны прызнаць няўдачу сваіх плянаў. Палітыка Жыгімонта шмат у чым вызначыла далейшы заняпад дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай, ейныя паразы ў войнах сярэдзіны XVII ст. і зьмяншэньне вагі ў эўрапейскім палітычным жыцьці. Лёс фэдэрацыі падзяляла і Беларусь. Новым каралём польскім і вялікім князем літоўскім быў абраны старэйшы Жыгімонтаў сын Уладзіслаў, якога нават у Польшчы называлі паводле старажытнага беларускага звычаю Ўладзіславам Зыгмунтавічам. Пачатак ягонага кіраваньня быў незайздросны. Карыстаючыся міжкаралеўем, цар Міхаіл Раманаў распачаў у 1632 г. вайну, каб вярнуць Смаленск, абложаны расейскім войскам. У жніўні 1633 г. да горада падышоў са сваім войскам кароль. Беларуска-літоўскае й польскае войска ды ўкраінскія казакі абкружылі маскоўцаў. Тыя капітулявалі. Але Рэч Паспалітая не магла выкарыстаць перамогі з-за напружанасьці і пагрозы вайны з Турцыяй. У чэрвені 1634 г. быў падпісаны Палянаўскі мір. Ён зацьвердзіў умовы Дзявулінскага замірэньня, замацаваўшы Смаленшчыну ў складзе Беларуска-Літоўскай дзяржавы. Аднак Уладзіслаў мусіў адмовіцца ад тытулу расейскага цара і вярнуць Расеі арыгінал крыжацалавальнай граматы 1610 г. маскоўскіх баяраў аб ягоным абраньні царом «усяе Расеі». А Расея адмовілася ад тэрытарыяльных прэтэнзіяў на Лівонію (Інфлянты). Гэты мір быў названы «вечным мірам», бо паслы абодвух бакоў урачыста абяцалі, што больш ніколі іхныя дзяржавы ня будуць ваяваць адна супраць аднае.

Але «вечны» мір цягнуўся толькі 20 гадоў.

АСЛАБЛЕНЬНЕ ДЗЯРЖАВЫ

Пераломным момантам у гісторыі Рэчы Паспалітай сталіся казацкія войны. Нутраны чыньнік палітычнага жыцьця Рэчы Паспалітай ператварыўся ў вонкавы. На ўсходніх землях Украіны ў выніку вызваленчай вайны запароскага казацкага войска на чале з гетманам Багданам-Зіновіем Хмяльніцкім, а таксама сялянаў і гараджанаў утварылася ўкраінская дзяржава з гетманскаю ўладаю і радаю казацкае старшыны на чале. Беларуска-Літоўскае гаспадарства, якое па-ранейшаму кіравалася магнатамі й шляхтаю, варожа паставілася да навастворанай дзяржавы, якая прэтэндавала на землі Беларусі. У 1648--1649 гг. Багдан Хмяльніцкі безупынна скіроўваў на Беларусь казацкія аддзелы, каб узьнімаць тут антыфэадальныя сялянскія паўстаньні,-- зьдзяйсьняў свайго роду «экспарт рэвалюцыі».

У сваю чаргу беларуска-літоўскае шляхоцкае войска на чале з гетманам польным Янушам Радзівілам толькі пасьля падаўленьня казацка-сялянскіх паўстаньняў на поўдні Беларусі змагло ўрэшце ў 1651 г. нанесьці ўдар украінскаму казацтву і заняць Кіеў, чаго, дарэчы, так і ня здолелі зрабіць каронныя (г. зн. польскія) войскі.

У вайне 1654--1667 гг., што распачала супраць Рэчы Паспалітай Расея, гетманская Ўкраіна выступіла хаўрусьніцай апошняй. За дзьве ваенныя кампаніі 1654 і 1655 гг. расейскія войскі і ўкраінскія казакі захапілі большую частку Беларусі, за выняткам Берасьцейскага павету, часткі Наваградзкага, Віленскага й Троцкага ваяводзтваў і гарадоўцьвердзяў Слуцка й Быхава. Занятыя былі Вільня, Трокі й Коўна. Гэтая тэрыторыя была далучана да Расеі, адкуль кіравалася новаўтвораным там Прыказам Вялікага Княства Літоўскага.

Вялікі гетман Вялікага Княства Літоўскага Януш Радзівіл

Цар маскоўскі і «ўсяе Русі» Аляксей Міхайлавіч абвесьціў сябе вялікім князем Белае Русі і Літоўскім. Толькі ў самых заходніх раёнах Беларусі шляхоцкае войска пад камандаю гетмана П. Сапегі працягвала барацьбу з расейскім войскам. У лістападзе 1656 г. паміж Расеяй і Рэччу Паспалітай было заключана замірэньне.

У 1655 г. Швэцыя напала на Рэч Паспалітую. За тры месяцы яна заняла амаль усю тэрыторыю Польшчы, апроч яе ўсходніх раёнаў. Швэдзкая армія зь Ліфляндыі на чале з Габрыелем-Магнусам Дэлягардзі заняла Дынабург (Даўгаўпілс) і Жамойць. Гетман вялікі літоўскі Януш Радзівіл, слуцкі князь Багуслаў Радзівіл і прадстаўнікі часткі літоўскай і беларускай шляхты, пераважна кальвінісцкага веравызнаньня, 20 кастрычніка 1655 г. падпісалі ў радзівілаўскім горадзе Кейданах акт дзяржаўнай вуніі Вялікага Княства Літоўскага з Швэцыяй. Швэдзкі кароль (лютаранін) Карл Х Густаў абвяшчаўся вялікім князем літоўскім. Акт вуніі падпісалі 1135 чалавек. Аднак дзеяньне Кейданскае дамовы 1655 г. пашыралася толькі на акупаваную швэдамі тэрыторыю, дый кароль Швэцыі на гэтую дамову не зважаў. Я. Радзівіл і ягоныя прыхільнікі адступілі ў Падляшша, дзе Радзівіл неўзабаве памёр. Практычна дзяржаўная вунія з Швэцыяй не атрымалася. Вясной 1656 г. шляхта паўстала й выцесьніла зь Літвы швэдзкія гарнізоны. Тое ж самае адбылося ў Польшчы, толькі барацьба там зацягнулася да 1660 г.

Расея, у сваю чаргу, у 1656 г. пачала вайну з Швэцыяй за Прыбалтыку, але, нічога не дабіўшыся, заключыла ў 1658 г. замірэньне, а праз 3 гады мір. Зьмянілася становішча на Ўкраіне й Беларусі. Украінскія казакі ў Беларусі мелі канфлікт з расейскімі ваяводамі. Казацкая старшына намагалася далучыць Беларусь да Ўкраіны. Але расейскі ўрад не пагадзіўся на іхныя прэтэнзіі. Тады ў верасьні 1658 г. гетман Украіны Іван Выгоўскі і ўкраінская старшына адмовіліся ад зьвязу з Расеяй і заключылі дамову з Рэччу Паспалітаю аб уваходжаньні Ўсходняй Украіны (Княства Рускага) у склад Рэчы Паспалітай як трэцяга складніка фэдэрацыі. Цяпер украінскія казакі ваявалі і ў Беларусі разам з польска-беларускімі аддзеламі супраць расейскіх войскаў. Праўда, у кастрычніку 1659 г. новы гетман Украіны Юры Хмяльніцкі зноў падпісаў дамову аб уваходжаньні аўтаномнай Усходняй Украіны ў склад Расеі. Пасьля гэтага ўкраінскія казакі былі выведзеныя з тэрыторыі Беларусі. Такім чынам, аб'яднаньня Беларусі, або ейнай прыдняпроўскай часткі й Палесься, з Украінаю не адбылося.

Беларуска-літоўскія і польскія войскі (таксама дзякуючы паўстаньням жыхароў Магілева ды іншых гарадоў) выгналі расейцаў зь Беларусі. У студзені 1667 г. вайна, у выніку якой загінуў кожны другі беларус, скончылася Андрусаўскім замірэньнем. Хоць Беларусь вызвалілася з-пад акупацыі, але Смаленскае ваяводзтва засталося пад Расеяй, таксама як і Левабярэжная Ўкраіна.

Да канца XVII ст. войнаў з Расеяй не было. Нягледзячы на часовую перамогу, яна не змагла ўтрымаць землі Беларусі. Рэч Паспалітая здолела адрадзіцца й даць адпор ажно тром заваёўнікам -- Расеі, Швэцыі й Трансыльваніі. Расея ж мусіла перайсьці да мірных дачыненьняў з Рэччу Паспалітаю і нават да вайсковага зьвязу зь ёю супраць Крымскага ханства й Турцыі, пагроза якой для краінаў Усходняй Эўропы зноў павялічылася. Рэч Паспалітая ня мела сілы, каб ваяваць супраць Расеі. Яна зьмірылася з стратаю Смаленскага ваяводзтва, Кіева й Левабярэжнай Украіны. У траўні 1686 г. была падпісаная дамова аб «вечным міры» паміж Расеяй і Рэччу Паспалітай. Гэтая дамова давала расейскаму цару магчымасьць умешвацца ў нутраныя справы Рэчы Паспалітай. Таму сойм не зацьвердзіў яе. Гэта зрабіла толькі канфэдэрацыя прыхільнікаў Пятра 1 у 1710 г., падчас Паўночнай вайны. У 9-м артыкуле дамовы 1686 г. гаварылася, што кароль цэрквам, манастыром і брацтвам «Грэка-Расейскай веры і ўсім тым людзям, якія ў Каруне Польскай і ў Вялікім Княстве Літоўскім у той жа еры застаюцца, ніякага ўціску і да веры рымскай і да вуніі прымусу рабіць ня будзе...» Хоць у дакуманце не абмаўлялася права цара ўмешвацца ў нутраныя справы Рэчы Паспалітай, аднак царызм надалей выкарыстоўваў сэнс памянёнага артыкула для сваіх мэтаў.

У XVIII ст. на тэрыторыі Беларусі (а практычна і ўсёй Рэчы Паспалітай) існавала толькі адна праваслаўная эпархія -- Беларуская (або Магілеўска-Мсьціслаўская), з цэнтрам у Магілеве. 3 1718 г. значная частка праваслаўных Беларусі падпарадкоўвалася непасрэдна Кіеўскай мітраполіі (цэнтар якой быў у Расейскай імпэрыі). Граматы пра назначэньне біскупаў выдаваў кароль, але фактычна назначэньне адбывалася ў Расеі. Так, у 1755 г. беларускім біскупам стаўся Георгі Каніскі (з дваранаў Чарнігаўскай губэрні), якога прыслалі з Расеі ў Магілеў. Паводле трактату пра «вечны мір» 1686 г., праваслаўных біскупаў у Рэчы Паспалітай фармальна прызначаў мітрапаліт кіеўскі, падпарадкаваны сіноду Рускай праваслаўнай царквы ў Расеі, расейскі падданы.

Апошняя трэць XVII ст. праходзіла пад знакам барацьбы з Турцыяй і Крымам. У 1672--1676 гг. Польшча вяла абарончую вайну з Турцыяй у зьвязе з Аўстрыяй, Вэнэцыяй і Расеяй. Беларуска-літоўскае войска ўдзельнічала ў гэтай вайне, у тым ліку ў пераможнай бітве пад Хоцінам у 1673 г. Там дзейнічалі дзьве калёны пяхоты і коньніцы войска пад камандаю гетмана вялікага літоўскага Міхала Казіміра Паца і гетмана польнага Міхала Радзівіла. Удзельнічала Беларуска-Літоўскае гаспадарства і ў наступнай вайне Рэчы Паспалітай з Турцыяй 1683--1699 гг. (з тымі ж саюзьнікамі). Туркі ў 1683 г. аблажылі сталіцу Аўстрыі Вену. Навісла пагроза далейшага турэцкага наступу ў цэнтар Эўропы. На дапамогу Аўстрыі выступілі польскае й беларуска-літоўскае войскі. Польскае пайшло да Вены, дзе злучылася з аўстрыйскімі й нямецкімі сіламі. Беларуска-літоўскае рушыла ў Славаччыну (тады ў складзе Вугоршчыны) вызваляць гарады ад аблогі. Але частка нашага войска была і пад Венаю.

Больш як 300 гадоў таму, 12 верасьня 1683 г., у бітве пад Венай саюзныя войскі Кароны й Княства, аўстрыйскія й нямецкія пад камандаю караля польскага й вялікага князя літоўскага Яна Сабескага разьбілі туркаў. На правым крыле войска Рэчы Паспалітай дзейнічалі цяжкая коньніца маршалка надворнага літоўскага Юзафа Слушкі й брыгада пяхоты віленскага кашталяна Эрнэста Дэнгофа. Польшча ў выніку гэтай вайны вярнула сабе Падолію, страчаную яшчэ ў 1672 г. на карысьць Турцыі. Пасьля апошняй вайны 1683--1699 гг. турэцкая пагроза для Рэчы Паспалітай была практычна зьліквідаваная, бо Аўстрыя прасунулася далёка на Балканы, далучыўшы да сябе Вугоршчыну, Трансыльванію й значную частку Сэрбіі. Турцыя адступіла ад межаў Польшчы.

РАСЕЙСКАЯ ЭКСПАНСІЯ

У XVIII ст. Рэч Паспалітая становіцца ня гэтулькі суб'ектам геапалітычных дачыненьняў у Эўропе, колькі аб'ектам. На ейнае зьнешнепалітычнае становішча ўсё больш уплываюць суседнія моцныя манархіі з абсалютысцкім рэжымам --Расея, Прусія й Аўстрыя. Пры слабой дэцэнтралізаванай уладзе ў Рэчы Паспалітай, барацьбе розных магнацкіх груповак за ўладу, іхнай арыентацыі на замежныя ўрады склалася вельмі небясьпечная для незалежнасьці дзяржавы сытуацыя. Трэба дадаць, што кандыдатуры выбарных каралёў перад іхным абраньнем таксама падтрымлівалі іншаземныя двары, і пасьля абраньня каралі праводзілі палітыку, спрыяльную адпаведным чужым дварам. Фактычна ўжо ў канцы XVIII ст. магнацкая групоўка расейскай арыентацыі гатовая была здаць ня толькі тэрыторыю, але й незалежнасьць сваёй дзяржавы расейскаму царызму.

Асабліва ўзмацніўся палітычны ўплыў Расеі падчас цараваньня Пятра I, які выкарыстаў Паўночную вайну 1700--1721 гг., каб весьці ваенныя дзеяньні супраць Швэцыі на зямлі Рэчы Паспалітай і найперш Беларус», а не на сваёй тэрыторыі.

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі

Наша краіна такім чынам сталася стратэгічным перадпольлем Расеі, дзе можна было весьці баі, рабуючы пры гэтым мясцовае насельніцтва. Калі Пётр 1 аднавіў у 1709 г. на польскім і літоўскім стальцы свайго саюзьніка Аўгуста Моцнага, ён фактычна ўжо кіраваў Рэччу Паспалітай. 3 часоў Пятра І расейскія арміі амаль безупынна знаходзіліся ў Рэчы Паспалітай, звычайна без усялякага дазволу яе кіраўніцтва. Расея ва ўсіх сваіх войнах з Швэцыяй, Францыяй (гэта падчас вайны за польскую спадчыну 1733--1735 гг.), Прусіяй і Турцыяй разглядала тэрыторыю суседняй дзяржавы як сваю перавалачную базу. На працягу ўсяго XVIII ст. царскія дыпляматы безупынна ўмешваюцца ў нутраныя справы нашае дзяржавы.

У 1717 г., калі ў Рэчы Паспалітай стаялі 60 тысячаў расейскіх штыхоў, адбыўся «Нямы сойм» («нямы» -- бо бяз спрэчак і абмеркаваньняў). Ён на прапанову дыпляматаў Пятра І абмежаваў уладу гетманаў, скараціў польскую армію да 18, а беларуска-літоўскую -- да 6 тысячаў чалавек. Пад націскам Пятра I, які жадаў умацаваць уладу свайго саюзьніка Аўгуста II, на сойме 1717 г. былі абмежаваныя палітычныя правы некаталіцкай, у тым ліку і праваслаўнай шляхты (гэтак званых дысыдэнтаў), а ў 1733 г. і скасаваныя -- некаталіцкай шляхце не дазвалялася займаць дзяржаўныя пасады, выбіраць дэпутатаў у сойм і ўдзельнічаць у працы Галоўнага Літоўскага трыбуналу. Але, калі гэта было на карысьць Расеі, Кацярына II у 1766 г., наадварот, патрабавала зраўнаць правы каталіцкай і некаталіцкай шляхты. «Вечны мір» 1686 г. (дарэчы, зацьверджаны соймам генэральнай канфэдэрацыі, саюзьнікамі расейскага цара, толькі ў 1710 г. пад націскам Пятра I) дазваляў цару апекавацца праваслаўнымі жыхарамі Беларусі, Украіны, Літвы й Польшчы. Спасылаючыся на гэта, Кацярына выступіла ў ролі заступніцы ня толькі праваслаўных, але й пратэстантаў (на што ня мела аніякіх правоў). У 1767 г. царскі ўрад арганізаваў дзьве шляхоцкія канфэдэрацыі (узброеныя часовыя палітычныя зьвязы шляхты): у Торуні -- польскіх лютаранаў і кальвіністаў, а ў Слуцку -- кальвіністаў, лютаранаў і праваслаўных Вялікага Княства Літоўскага, якія патрабавалі зраўнаньня правоў з каталіцкаю шляхтаю. Пад актамі гэтых канфэдэрацыяў толькі 573 подпісы, прычым расьпісваліся і за адсутных. Тым ня менш Кацярына II абвесьціла, што абараняе Інтарэсы шостай часткі насельніцтва Рэчы Паспалітай, і падтрымала абедзьве канфэдэрацыі. Між тым, паводле падлікаў гісторыка Т. Корзана, у 1771 г. у Рэчы Паспалітай праваслаўныя складалі 5 % ад усяго насельніцтва дзяржавы. У Рэч Паспалітую былі зноў уведзеныя расейскія войскі, якія разам з канфэдэратамі пайшлі на Варшаву й дамагліся ад сойму зраўнаньня дысыдэнцкае шляхты ў правох з каталіцкаю, а да таго ж -- зацьверджаньня анархічнага дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітае (1768 г.). Гэта было галоўнаю мэтаю, дзеля якой выкарыстоўвалі дысыдэнцкую шляхту.

Бесцырымонна ўводзіліся расейскія войскі на тэрыторыю Беларусі, каб вярнуць у Расею тых, хто ўцёк ад жорсткага прыгону і рэпрэсіяў супраць старавераў-раскольнікаў, якія даўно ўжо пасяліліся ў слабодах Веткі ды ейных ваколіцах. У красавіку 1735 г. пяць расейскіх палкоў на чале з палкоўнікам Я. Сыціным «вывелі» зь Веткі й суседніх слабодаў 13294 жыхароў, а ўсе будынкі, з манастырскімі ўлучна, былі спаленыя. Паколькі ўцёкі на Беларусь з Расеі працягваліся, дык на загад Кацярыны II генэрал-маёр Маслаў з двума палкамі зноў зрабіў налёт на Ветку («другая веткаўская выгонка») і вывеў у Расею новых пасяленцаў -- да 20 тысячаў душ, якія былі высланыя ў Сібір. Адначасова расейскі ўрад рыхтаваў далучэньне часткі тэрыторыі Беларусі да Расейскай імпэрыі. Неўзабаве пасьля ўступленьня на трон Кацярына II у рэскрыпце расейскаму пасланьніку ў Варшаве Кейзерлінгу (8 лютага 1763 г.) у сувязі з чуткамі пра хваробу і магчымую сьмерць караля Аўгуста III пастанавіла выбраць караля, цалкам ёй падпарадкаванага. Царыца загадала патрабаваць ад кандыдата ў каралі за ейную падтрымку перадачы Расеі часткі тэрыторыі Рэчы Паспалітай, выдачы «многіх тысячаў сялянаў-уцекачоў, гарантыі рэлігійнае свабоды праваслаўным «абывацелям».

6 кастрычніка 1763 г., наступным днём па сьмерці караля Аўгуста III, на нарадзе ў Кацярыны і І гэтыя патрабаваньні былі пацьверджаныя. Праект па тэрытарыяльным пытаньні вызначаў абшары, якія мелі адысьці да Расеі. Прапанаваная дзяржаўная мяжа цалкам супадала з будучаю мяжою паміж Расеяй і Рэччу Паспалітай пасьля першага разбору 1772 г. Гэтыя патрабаваньні былі прад'яўленыя ад імя царыцы ў канцы 1763 г. кандыдату ў каралі Станіславу Аўгусту Панятоўскаму. Такім чынам, у 1763 г. Кацярына II першая паставіла пытаньне пра далучэньне часткі тэрыторыі Рэчы Паспалітай да Расеі. Пры гэтым царызм выступаў супраць падзелаў Рэчы Паспалітай зь іншымі дзяржавамі, бо лічыў, што лепш мець слабога і цалкам залежнага ад сябе суседа на сваёй заходняй мяжы.

Кацярына II нават патрабавала, каб расейскія войскі на Беларусі, Украіне й Польшчы ўтрымліваліся за кошт скарбу Рэчы Паспалітай; імпэратрыца прымусіла сойм прыняць дамову аб карды нальных правох (1768 г.), якая захавала анархічны дзяржаўны лад. У адказ на адкрытае ўмяшаньне Расеі ў Рэчы Паспалітай пачаўся вызвольны рух. У лютым 1768 г. у Бары (на Ўкраіне) утварылася шляхоцкая канфэдэрацыя на чале зь Юзафам Пуласкім. У Беларусі таксама ўзьнік канфэдэрацкі рух. Пачалася барацьба з расейскімі войскамі, якія акупавалі краіну.

У Беларусі да Барскай канфэдэрацыі далучылася частка шляхты зь Берасьцейскага й Мсьціслаўскага ваяводзтваў, Ашмянскага, Ваўкавыскага, Аршанскага й Браслаўскага паветаў. У кастрычніку 1768 г. расейскія войскі разьбілі канфэдэратаў пад Дзярэчынам і занялі Нясьвіскую й Слуцкую фартэцыі. У 1769 г. аддзел берасьцейскіх канфэдэратаў на чале з Пуласкім здабыў перамогі ў баёх пад Бераставіцай, Слонімам, Мышшу. Найбольшы размах канфэдэрацкі рух у Беларусі дасягнуў у 1770--1771 гг. Ад чэрвеня 1770 г. аддзел Сымона Касакоўскага, які складаўся пераважна з дробнай шляхты, дзейнічаў у раёне Мядзела, Радашкавічаў, Менска. Зноў узьнялася шляхта ў Ашмянскім і Браслаўскім паветах, Полацкім і Мсьціслаўскім ваяводзтвах. Неўзабаве аддзел Касакоўскага, які папаўняўся сялянамі й іншым нешляхоцкім элемэнтам пацярпеў паразу пад Наваградкам. У верасьні 1771 г. на бок канфэдэратаў перайшоў гетман вялікі літоўскі Міхал Казімер Агінскі, але ягоны 3-тысячны аддзел быў разьбіты А. Суворавым пад Стваловічамі. У 1772 г. канфэдэрацкі рух быў задушаны.

РАЗБОРЫ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ. СТРАТА НЕЗАЛЕЖНАСЦІ

Разгром барскіх канфэдэратаў у Польшчы супаў з пачаткам першага разбору Рэчы Паспалітай. Яшчэ ўлетку 1771 г. пачаліся перамовы пра яе падзел паміж Прусіяй і Расеяй, зьвязанымі вайсковапалітычным саюзам. Кароль Прусіі Фрыдрых ІІ дамагаўся атрымаць частку польскай тэрыторыі, каб злучыць Усходнюю Прусію зь іншымі ягонымі ўладаньнямі. Аднак бяз згоды Расеі гэта было немагчыма. У сувязі са складанымі для Расеі абставінамі ў часе расейска-турэцкай вайны 1768--1774 гг., расейскі ўрад згадзіўся прыняць прапанову Фрыдрыха 11 пра падзел Рэчы Паспалітай. Пазьней да іх далучылася Аўстрыя.

5 жніўня (25 ліпеня) 1772 г. у Пецярбурзе паміж гэтымі краінамі была падпісаная канвэнцыя. Расея далучыла да сваёй тэрыторыі Інфлянцкае ваяводзтва, большую частку Полацкага, амаль усё Віцебскае, усё Мсьціслаўскае і ўсходнюю частку Рэчыцкага павету Менскага ваяводзтва. Кацярына аддала Аўстрыі паўднёвую частку Польшчы й Заходнюю Ўкраіну. Прусія атрымала паморскія землі Польшчы.

Тадэвуш Рэйтан, пасол ад Наваградчыны апошні сойм

Пасьля першага разбору Рэчы Паспалітай на яе тэрыторыі не засталося праваслаўных эпархіяў. Георгі Каніскі і расейскі пасланьнік у Варшаве Штакельбэрг запрапанавалі прызначыць для ўсіх праваслаўных у дзяржаве асобнага біскупа, які жыў бы ў Слуцку і быў бы таксама архімандрытам Слуцкага Траецкага (Трайчанскага) манастыра. Кацярына II згадзілася, і ў чэрвені 1785 г. у Кіеве ў сан біскупа пераяслаўскага (з рэзыдэнцыяй у Слуцку), вікарыя мітрапаліта кіеўскага, быў пасьвячоны Віктар Садкоўскі, расейскі падданы, выхаванец Кіеўскай духоўнай акадэміі, ад 1738 г. архімандрыт Трайчанскага манастыра, а да таго сьвятар царквы пры расейскім пасольстве ў Варшаве, падпарадкаваны сыноду Рускай праваслаўнай царквы.

У канцы 80 -- пачатку 90-х гадоў XVIII ст. у Рэчы Паспалітай адбываліся прагрэсіўныя зьмены. Ішлі рэформы, мацаваліся і павялічваліся польская і беларуска-літоўская арміі, была прынятая канстытуцыя 1791 г., якая стварыла больш спрыяльныя ўмовы для разьвіцьця капіталістычных дачыненьняў. Варожа настроеная да рэформаў і ўмацаваньня незалежнасьці групоўка магнатаў і шляхты дзеля захаваньня прывілеяванага становішча вырашыла зьвярнуцца па дапамогу да Кацярыны II. Пад наглядам царыцы ўклалі акт канфэдэрацыі. Да ўсходніх рубяжоў Беларусі і Ўкраіны падцягнуліся расейскія войскі, якія на загад Кацярыны перайшлі мяжу. Акт канфэдэрацыі быў падпісаны ў памежным мястэчку Таргавіца (на Ўкраіне) 14 траўня 1792 г. Прусія ўвяла свае войскі ў Польшчу. Вайна цягнулася да канца ліпеня. Літоўскае войска адступіла за Буг. Да канфэдэрацыі далучыўся кароль.

Улады Таргавіцкай канфэдэрацыі скасавалі рэформы. У Пецярбурзе 23 (12) студзеня 1793 г. Расея й Прусія падпісалі канвэнцыю пра другі разбор Рэчы Паспалітай. Паводле канвэнцыі Расея ў залік выдаткаў на «падтрыманьне парадку» у Рэчы Паспалітай (а фактычна за акупацыю краіны) забірала сабе цэнтральную частку Беларусі з гарадамі Менск, Барысаў, Слуцак, Пінск, Бабруйск і Мазыр, а таксама большую частку Правабярэжнай Украіны.

А Прусія атрымала заходнюю частку Польшчы. Горадзенскі сойм 1793 г. маўкліва зацьвердзіў захоп Расеяй беларускіх ды ўкраінскіх земляў і пад націскам царскага пасла, у акружэньні салдатаў расейскага войска, згадзіўся на перадачу Прусіі заходніх польскіх земляў.

Нацыянальна-вызвольны рух у Польшчы, Літве й Беларусі, паўстаньне 1794 г. пад кіраўніцтвам Т. Касьцюшкі, задушанае расейскімі й прускімі войскамі, выклікалі трывогу Кацярыны II, прускага караля і аўстрыйскага імпэратара. Яны вельмі баяліся ўплыву рэвалюцыйнай Францыі на ўсходзе Эўропы. Таму ва ўмовах расейска-прускай акупацыі праведзены трэці разбор Рэчы Паспалітай. 24 (13) кастрычніка 1795 г. зноў у Пецярбурзе, зноў пад асабістым наглядам Кацярыны II паміж Расеяй, Прусіяй і Аўстрыяй была падпісаная канвэнцыя. Расея забірала сабе Курляндыю, Літву (без Занямоньня), Заходнюю Беларусь (безь Беласточчыны) і Валынь. Аўстрыя атрымала Малую Польшчу зь Люблінам, Сандамірам, Кракавам і Міньскам-Мазавецкім. Прусія -- Варшаву, большую частку Мазовіі, Беласточчыну й літоўскае Занямоньне. Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі 25 лістапада 1795 г. зрокся трону на карысьць Кацярыны II.

На гэтым гісторыя незалежнай Рэчы Паспалітай скончылася. Тым самым была зьліквідаваная і незалежная Беларуска-Літоўская дзяржава. Амаль уся (акрамя Беласточчыны) тэрыторыя Беларусі была гвалтоўна ўлучаная ў склад Расейскай імпэрыі. Падчас напалеонаўскіх войнаў, паводле Тыльзыцкае мірнае дамовы 1807 г. паміж Расеяй і Францыяй, Беластоцкая акруга перадавалася Расеі. Такім чынам, праз 12 гадоў усе беларускія землі апынуліся пад уладаю расейскага царызму.

Пачалася новая эпоха ў гісторыі Беларусі, у гісторыі беларускага народу. Эпоха гвалтоўнай русыфікацыі, пазбаўленьня й выкараненьня нацыянальнай адметнасьці ды гістарычнай памяці, але і эпоха нацыянальна-вызвольнага руху, паўстаньняў, а потым -- і Адраджэньня.


III. ГЕАПАЛІТЫЧНАЕ СТАНОВІШЧА БЕЛАРУСІ Ў XIX--XX стст.

БЕЛАРУСЬ -- СТРАТЭГІЧНАЕ ПЕРАДПОЛЬЛЕ РАСЕЙСКАЙ ІМПЭРЫІ

Захоп Расейскаю імпэрыяй амаль усяе тэрыторыі Беларусі ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793 і 1795 гг.) і далучэньне да Расеі ў 1807 г. Беласточчыны паводле француска-расейскага Тыльзыцкага міру стварылі новую геапалітычную сытуацыю. Цяпер Беларуска-Літоўскае гаспадарства ў складзе Рэчы Паспалітай страціла незалежнасьць, і Беларусь сталася памежным краем магутнай тады Расейскай дзяржавы. Такім чынам, Беларусь становіцца аб'ектам (а не суб'ектам) міжнароднай палітыкі і цалкам выкарыстоўваецца расейскім царызмам у ягонай эўрапейскай палітыцы.

Тэрыторыя Беларусі ад канца XVIII ст. стаецца стратэгічным пляцдармам для войнаў у Эўропе, месцам сталага разьмяшчэньня вялікіх кантынгентаў расейскай арміі і адначасова перадпольлем на выпадак наступальнай вайны з боку праціўніка, каб затрымаць тут варожую для Расеі армію і пазьбегнуць матэрыяльных і людзкіх стратаў на тэрыторыі Расеі. У сувязі з гэтым на Беларусі ў XIX ст. будуюцца моцныя Берасьцейская й Бабруйская фартэцыі ды іншыя фартыфікацыйныя ўмацаваньні.

Адначасова выкарыстоўваюцца і людзкія рэсурсы Беларусі. Тутэйшае сялянства дагэтуль ня ведала вайсковай службы, бо ў беларуска-літоўскім войску не служыла. Расейскі ўрад адразу пачаў праводзіць у Беларусі рэкруцкія наборы сялянаў у армію з доўгатэрміновай (да 25 гадоў) салдацкай службай. Беларускую шляхту набіралі ў юнкеры і афіцэры расейскага войска. Яны служылі імпэратару і фактычна выконвалі ролю ляндскнэхтаў у імпэрыі заваёўнікаў. Такім чынам, беларусы ўдзельнічалі ў войнах, змагаючыся дзеля чужых інтарэсаў і мэтаў. Пасьля захопу Беларусь сталася крыніцай узбагачэньня ўладароў Расеі за кошт падаткаў з насельніцтва і выкарыстаньня ейнай эканомікі, але перадусім была вельмі важным стратэгічным аб'ектам, што прыкрываў кірункі на абедзьве сталіцы Расеі --Санкт-Пецярбург і Маскву.

Гэтае становішча Беларусі царызм падмацаваў нутраной палітыкай, узяўшы курс у першыя дзесяцігодзьдзі свайго панаваньня на падтрымку тутэйшых памешчыкаў, дагэтуль амаль цалкам апалячаных. Каб захаваць у краі спакой, на іх распаўсюдзілі правы і прывілеі расейскага дваранства з усімі наступствамі.

Былі захаваныя ранейшыя навучальныя ўстановы на чале зь Віленскім унівэрсытэтам (з польскай мовай навучаньня ў іх). Захавалася таксама справаводзтва на польскай мове ва ўрадавых установах, і толькі некаторыя дакуманты, якія падпісвалі губэрнатары ды іншыя вышэйшыя чыноўнікі, прыежджыя з Расеі, ды справаздачы, што ішлі ў Пецярбург, пісаліся па-расейску.

1812 г. на некалькі месяцаў зьмяніў сытуацыю. Падчас француска-расейскай вайны тэрыторыю Беларусі (за выняткам паўднёвай часткі) у другой палове 1812 г. занялі войскі «Вялікай арміі» імпэратара Напалеона I. Дэкрэтам Напалеона ад 1 ліпеня 1812 г. было ўзноўлена Вялікае Княства Літоўскае ў складзе Віленскага, Менскага, Горадзенскага дэпартамэнтаў (губэрняў), а «ўласна беларускія» губэрні --Віцебская і Магілеўская -- атрымалі сваё асобнае кіраваньне кожная. Гэтыя губэрні не далучылі да Вялікага Княства Літоўскага, каб падчас эвэнтуальных мірных перамоваў з расейскім імпэратарам Аляксандрам І іх можна было б саступіць Расеі ўзамен за прызнаньне ёю Вялікага Княства Літоўскага.

Урадавыя і мясцовыя органы былі складзены з тутэйшых памешчыкаў. Ураду Вялікага Княства Літоўскага ў Вільні, урадавым камісіям у Віцебску і Магілеве, мясцовым органам кіраваньня пастанаўлялася набіраць дабрахвотнікаў у польскія злучэньні Напалеонавай арміі, ставіць коней для кавалерыі й абозаў, зьбіраць прадукты й фураж для францускай арміі. Сытуацыя давала магчымасьць аднавіць Беларуска-Літоўскую дзяржаву. Але Напалеон ня выкарыстаў гэтага, а таксама не дазволіў Вялікім Княствам Варшаўскаму і Літоўскаму зноў аб'яднацца ў Рэч Паспалітую. Рэальнай улады мясцовае насельніцтва ня мела. Таму бальшыня тутэйшых памешчыкаў і шляхты не падтрымала Напалеона. Не падтрымалі і сяляне. Шанц адрадзіць Беларускую дзяржаву быў страчаны. Перамога Расейскай імпэрыі ў гэтай вайне перакрэсьліла ўсе пляны стварэньня самастойнага ці ў фэдэрацыі з Польшчай Вялікага Княства Літоўскага. Беларусь па-ранейшаму засталася падзеленай на губэрні пад кантролем расейскага ўраду.

Пасьля перамогі Расеі ў вайне з Францыяй і далучэньня да Расеі паводле пастановы Венскага кангрэсу ў 1815 г. большай часткі Польшчы (Каралеўства Польскага) на правох аўтаноміі перадавыя рубяжы былі перанесеныя на мяжу з Прусіяй і Аўстрыяй -- у раёны Каліша, Чанстаховы і Сандаміра, але для імпэрскага ўраду Расеі тэрыторыя Беларусі ня страціла свайго стратэгічнага значэньня. Яна і ў XIX -- пачатку XX ст. заставалася блізкім перадпольлем, дзе пастаянна знаходзілася вялікая колькасьць расейскіх войскаў.

ДЗЯРЖАЎНЫЯ ПРАЕКТЫ XIX СТ.

Цяпер, калі Расейская імпэрыя тут замацавалася, былі адкінутыя спробы лібэралізацыі рэжыму, флірту з тутэйшаю шляхтаю й магнатамі. Пасьля задушэньня паўстаньняў 1831 г. і асабліва 1863 г. пачалася палітыка жорсткай русыфікацыі нашай краіны. Яшчэ раней, у 1811 г., цар Аляксандар І адхіліў праект вядомага палітычнага дзеяча канца XVIII -- першай чвэрці XIX ст. Міхала Клеафаса Агінскага (вядомы цяпер больш як кампазытар і аўтар палянэзу «Разьвітаньне з Радзімай»). Агінскі дарэмна спрабаваў пераканаць імпэратара ўзнавіць на тэрыторыі Беларусі, Літвы й Правабярэжнай Украіны былую Беларуска-Літоўскую дзяржаву з адным з братоў імпэратара на чале. Ён прапанаваў плян утварэньня такой дзяржавы з урадам з тутэйшых ураджэнцаў. Аляксандар І у 1813 г. адхіліў таксама праект князя Адама Юрыя Чартарыскага аб'яднаць Польшчу і Вялікае Княства Літоўскае на чале з братам Аляксандра I. Імпэратар заявіў А. Чартарыскаму, што расейцы «ніколі не дапусьцілі б, каб Літва (г. зн. Беларусь.-- А. Г.), Валынь і Падолія зноў адышлі да Польшчы». Такім чынам, Расея разглядала Беларусь як сваю неад'емную здабычу.

У гэтым сэнсе яшчэ далей пайшлі дзекабрысты. Кіраўнік «Паўднёвага таварыства» П. Песьцель распрацаваў асноўныя палажэньні грамадзкага й дзяржаўнага ладу Расеі ў праграмным дакуманце «Руская праўда», зацьверджаным «Паўднёвым таварыствам». Ен быў ворагам фэдэратыўнага ладу і выступаў за адзіную ды непадзельную Расею. 4-ы разьдзел «Рускай праўды» так і завецца: «Расея ёсьць Дзяржава Адзіная і Непадзельная». Як вядома, лёзунг «Единая и неделимая Россия» шырока выкарыстоўваўся падчас грамадзянскай вайны расейскімі белагвардзейцамі, якія былі супраць самастойных нацыянальных дзяржаўных утварэньняў на тэрыторыі былой Расейскай імпэрыі.

Песьцель пералічваў народы і краіны, далучаныя да Расеі, і сярод іх згадаў Беларусь. Згадвае ён і беларусаў (як частку расейскага народу), што насяляюць Віцебскую і Магілеўскую губэрні. Але не гаворыць пра беларусаў у іншых губэрнях, бо гэтыя губэрні меркавалася, паводле пагадненьня з польскім Патрыятычным таварыствам, пасьля супольнай перамогі над царызмам перадаць у склад Польшчы. Песьцель адмаўляў ім у праве на самастойнасьць, бо беларусы «з-за слабасьці сваёй ніколі ня могуць складаць асобных Дзяржаваў, а з-за гэтага ўсе яны... павінны адмовіцца ад права асобнай Народнасьці».

16-ы разьдзел «Рускай праўды» меў праграмны загаловак «Усе плямёны павінны зьлітымі быць у адзін Народ». У гэтыт разьдзеле ставіцца задача: «...У адну агульную масу зьліць так, каб масельнікі цэлай прасторы Расейскай Дзяржавы ўсе былі Рускія». Дзеля гэтага трэба, каб «на цэлай прасторы Расекскай Дзяржавы панавала адзіная толькі мова расейская: усе зносіны тым самыім надзвычайным чынам палягчэюць)», Песьцель таксама прапанаваў скасаваць заканадаўчым шляхам назвы нерасейскіх народаў і ўсіх назваць рускімі. Расейска-польская мяжа паводле «Рускай праўды»... «павінна ісьці ад Палангена (Палангі) самаю простаю рысаю на Дынабург (Дзьвінск або Даўгаўпілс). Ад Дынабурга Дзьвіною да Полацка. Ад Полацка па рацэ Ўшачы да Бярэзіны. Адсюль лініяй Бярэзінскаю ў кірунку да Прыпяці. Потым балотамі Прыпяцкімі ў кірунку да горада Астрога Валынскай губэрні. Ад Астрога да Карпацкіх гор». Такім чынам, уся Горадзенская й Віленская губэрні ды большая частка Менскай адыходзілі б да Польшчы. У Менскай губэрні ад Барысава мяжа йшла проста на поўдзень, па Птычы, пакідаючы ў Польшчы Ігумен і Слуцак. П. Песьцель ды іншыя дзекабрысты дзялілі зямлю Беларусі з польскімі шляхоцкімі рэвалюцыянэрамі, не пытаючыся, натуральна, беларускага народу.

Паўстаньні беларускай шляхты разам з польскай і літоўскай у 1831 і 1863 гг. не зьмянілі геапалітычнага становішча Беларусі. Паўстанцкія ўлады бачылі ў будучыні Беларусь і Літву адзіным дзяржаўным утварэньнем з Польшчай, з цэнтрам у Варшаве, але з пэўнаю палітычнаю аўтаноміяй ці ў палітычным саюзе з Польшчай, як гэта прапаноўваў урад Вінцэнта Канстанціна Каліноўскага. Мяжою будучай вызваленай ад царызму дзяржавы паўстанцы лічылі мяжу Рэчы Паспалітай з Расеяй перад першым падзелам 1772 г. Значыцца, у XIX ст. польскія, літоўскія і беларускія шляхоцкія патрыёты мелі альтэрнатыўны ў параўнаньні з расейскаю палітыкай дзяржаўны падыход да будучага ўзноўленага гаспадарства, дзе прадугледжвалася пэўная адасобленасьць Беларуска-Літоўскага краю.

Паўстаньне 1831 г. у Беларусі, узьнятае сьледам за паўстаньнем у Польшчы (лістапад 1830 г.), прыцягнула ўвагу дыпляматыі эўрапейскіх дзяржаваў. Англія, Францыя, Прусія і Аўстрыя кожная пасвойму паставіліся да паўстаньня, якое лічылі «агульнапольскім». Справа паўстанцаў у міжнародных дачыненьнях аслаблялася тым, што Польшча была аўтаномным каралеўствам, а Беларусь і Літва лічыліся «рускімі губэрнямі» і ў дыпляматычны разьлік увогуле ня браліся. Эўропа не цікавілася іхным лёсам. Паўстанцкі сойм у Польшчы 25 студзеня 1831 г. дэтранізаваў імпэратара Мікалая І як караля Польшчы і з гледзішча эўрапейскай дыпляматыі страціў легітымнасьць, хаця сам Мікалай І безупынна парушаў канстытуцыю 1815 г. і паступова ліквідаваў незалежнасьць Польшчы. Англія пасьля дэтранізацыі Мікалая І наагул спыніла кантакты з дыпляматычнай місіяй паўстанцаў. Аўстрыя й Прусія занялі варожую пазыцыю да паўстаньня, бо баяліся страціць свае тэрытарыяльныя захопы ў Польшчы й Заходняй Украіне. У Францыі за некалькі месяцаў да паўстаньня адбылася рэвалюцыя, рэжым Бурбонаў быў заменены лібэральным урадам караля Люі-Філіпа з малодшай, Арлеанскай галіны каралеўскай дынастыі, і гэтая краіна сама толькі выходзіла зь ізаляцыі. Такім чынам, паўстанцы і Польшчы, і -- найперш -- Беларусі былі кінутыя на волю лёсу. Паўстаньне скончылася паразаю.

Аналягічная сытуацыя паўтарылася ў 1863 г. Зноў на паўстаньне ў Беларусі эўрапейская дыпляматыя не зважала: ейная ўвага была прыцягнутая да паўстаньня ў Польшчы. Але пасьля паразы Расеі ў Крымскай вайне 1853 -- 1856 гг. Англія, Францыя і Аўстрыя выкарысталі слабасьць імпэрыі ды паспрабавалі кожная па-рознаму займець з паўстаньня карысьць. Меркавалася разгледзець на міжнародным кангрэсе пытаньне аб паўстаньні і запатрабаваць ад Расеі ўзнавіць канстытуцыю Польшчы 1815 г., а таксама аднавіць Рэч Паспалітую ў межах да 1772 г. Асабліва актыўна падтрымліваў гэтую ідэю францускі імпэратар Напалеон III. Аднак рознагалосьсі ў патрабаваньнях і зьмена сытуацыі (расейскія войскі ўжо душылі паўстаньне) дазволілі расейскай дыпляматыі адбіць націск эўрапейскіх дзяржаваў.

ПЕРШАЯ СУСЬВЕТНАЯ ВАЙНА І НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ БЕЛАРУСІ

Геапалітычнае становішча Беларусі не зьмянілася да пачатку XX ст. Новая сытуацыя для нашай краіны склалася падчас першай сусьветнай вайны. Ваенныя дзеяньні на фронце паміж германскімі й расейскімі войскамі ў 1914 г. адбываліся на тэрыторыі Польшчы. Улетку 1915 г. фронт пачаў набліжацца да Беларусі.

Германскае камандаваньне зьбіралася абкружыць групоўку расейскіх войскаў у Польшчы і такім чынам пераможна скончыць вайну. Аднак расейскае камандаваньне пастанавіла вывесьці свае войскі з аблогі і выраўнаць лінію фронту ад Нарава да Берасьця й Ковеля. Асноўнаю задачаю Заходняга фронту расейскай арміі было замацавацца ў раёнах Горадні, Беластока і да Берасьця, а таксама прыкрываць шляхі на Беларусь. Аднак на пачатку верасьня 1915 г. германскія войскі перайшлі ў наступ, прарвалі лінію на стыку Паўночнага і Заходняга франтоў і ўдарылі на Сьвянцяны (Сьвянцянскі прарыў), куды кінулі стратэгічную коньніцу, У выніку далейшага германскага наступу і адступленьня расейскіх арміяў апошнія ў кастрычніку 1915 г. замацаваліся на лініі Дзьвінск -- Вялейка -- Баранавічы -- Пінск і далей на Валыні. Гэтая лінія фронту заставалася амаль нязьменная да лютага 1918 г., падзяліўшы Беларусь на зону, акупаваную германскімі войскамі, і на ўсходнюю частку, якая сталася бліжэйшаю і далейшаю прыфрантавою паласою расейскіх арміяў. Тым самым тэрыторыя Беларусі зноўтакі адыгрывала ролю стратэгічнага перадпольля для расейскіх губэрняў імпэрыі.

У адрозьненьне ад расейскай прыфрантавой зоны зь яе ваенна-паліцэйскім рэжымам, у нямецкай зоне акупацыі была дазволеная дзейнасьць нацыянальных грамадзкіх арганізацыяў, у тым ліку беларускіх, што паўплывала на далейшае разьвіцьцё беларускага адраджэнцкага руху. Нямеччына, зыходзячы ня толькі з задачаў сваёй усходняй палітыкі падтрымкі нацыянальных рухаў пад нямецкім кантролем, але і з мэтаю аслабіць праціўніка, абмежавана падтрымала і беларускі нацыянальны рух. не даючы яму ані тэрытарыяльнага самакіраваньня, ані якіх-небудзь палітычных абяцанак.

Становішча зьмянілася ў выніку падпісаньня Берасьцейскае мірнае дамовы 3 сакавнка 1918 г. Не зважаючы на спробы Беларускага нацыянальнага сакратарыяту ўзяць удзел у берасьцейскіх мірных перамовінах, абодва бакі -- і расейскі, і германа-аўстрыйскі з саюзьнікамі -- не прызналі за прадстаўнікамі беларускага народу права на самавызначэньне і не прынялі беларускую дэлегацыю.

Паводле ўмоваў Берасьцейскага мірнага пагадненьня, Расея адмаўлялася ад вярхоўнай улады над тэрыторыямі на захад ад абумоўленай лініі (артыкул 3). У дамове пісалася: «Расея адмаўляецца ад усялякага ўмяшаньня ў нутраныя справы гэтых абшараў. Германія і Аўстра-Вугоршчына маюць намер вызначыць наступны лёс гэтых абшараў пасьля кансультацыі зь іхным насельніцтвам». Новая расейская мяжа ішла па Дзьвіне да Дру», пакідаючы з расейскага боку Друю" Браслаў, Відзы, Паставы, Ашмяны, Дзевянішкі, потым па Нёмане на захад ад Наваградка, на захад ад Слоніма, Ружанаў, Пружанаў і на поўнач ад Берасьця, дзе мяжа абрывалася, бо далей ішла ўжо тэрыторыя Ўкраінскай Народнай Рэспублікі. Усталёўвалася таксама ўсходняямяжа Эстляндыі й Ліфляндыі. Такім чынам, самую заходнюю частку Беларусі зь Вільняй, Горадняй, Лідай, Ваўкавыскам і Беластокам Расея аддала Германіі і Аўстра-Вугоршчыне для далейшага вызначэньня ейнай дзяржаўнай прыналежнасьці. Значная ж частка тэрыторыі Беларусі была захопленая нямецкімі войскамі падчас наступу з 18 лютага 1918 г. і да падпісаньня дамовы. Яна сталася зонаю часовай нямецкай акупацыі да заключэньня ўсеагульнага міру (г. зн. да сканчэньня сусьветнай вайны) і канчатковай расейскай дэмабілізацыі (артыкул 4-ы).

На акупаваных землях знаходзіліся Полацак, Ворша, Магілеў, Гомель. І толькі ў расейска-германскай дадатковай дамове ад 27 жніўня 1918 г. гаварылася, што «Германія ачысьціць яшчэ да заключэньня ўсеагульнага міру занятую на ўсход ад Бярэзіны тэрыторыю паралельна наяўным складкам, якія Расея мае плаціць паводле артыкула 2-га расейска-германскага фінансавага пагадненьня», г. зн. з пачатку выплаты Германіі 6 мільярдаў марак рэпарацыяў. Нямецкія войскі пачалі адступаць у кастрычніку 1918 г. ад Магілева і Воршы.

Аднак у Нямеччыне адбылася Лістападаўская рэвалюцыя 1918 г., і Ленін, скарыстаўшы гэта, правёў пастанову УЦВК (ВЦМК) аб ануляваньні БрэстЛітоўскае дамовы. Такім спосабам узнавілася расейская юрысдыкцыя над аддадзенымі Нямеччыне тэрыторыямі. Расейскі савецкі ўрад не прызнаў Беларускае Народнае Рэспублікі і па-ранейшаму ўважаў гэтыя землі за свае.

Утварэньне БССР на тэрыторыі Заходняй Камуны на зьезьдзе Кампартыі Беларусі было вымушаным крокам. 3 аднаго боку, з 25 сакавіка 1918 г. існавала Беларуская Народная Рэспубліка; з другога -- беларусы-камуністы, што знаходзіліся на тэрыторыі Расеі, патрабавалі стварэньня Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі накшталт іншых нацыянальных савецкіх рэспублік, у тым ліку і ў Балтыйска-Чарнаморскім рэгіёне. І зьезд КП(б)Б вызначыў тэрыторыю навастворанай БССР у межах Менскай, Магілеўскай і Горадзенскай губэрняў, большай часткі Віцебскай губэрні (бяз трох латгальскіх паветаў), Смаленскай губэрні (без чатырох усходніх паветаў), частку Нова-Аляксандраўскага павету Ковенскай губэрні, а таксама Вялейскі, частку Сьвянцянскага і Ашмянскага паветаў Віленскай губэрні і чатыры паветы Чарнігаўскай: Сураскі, Мглінскі, Старадубскі й Навазыбкаўскі.

Гэтая савецкая рэспубліка праіснавала ў сваіх вялікіх межах, улучна са Смаленскаю й часткаю Чарнігаўскай губэрняў, толькі два тыдні.

16 студзеня 1919 г. ЦК РКП(б) на чале зь Леніным прыняў рашэньне вылучыць са складу БССР тэрыторыю Смаленскай, Віцебскай і Магілеўскай губэрняў, пакінуўшы толькі дзьве -- Менскую і Горадзенскую. Цэнтральнае Бюро Кампартыі (бальшавікоў) Беларусі 22 студзеня дало згоду на зьмену мяжы з РСФСР. 3 лютага 1919 г. усходнія тэрыторыі -- Віцебская, Магілеўская і Смаленская губэрні -- адным росчыркам пяра былі забраныя ў склад РСФСР, а 28 лютага 1919 г. астатняятэрыторыя БССР сумесным рашэньнем ЦВК Літвы й Беларусі аб'ядноўвалася з маленькаю тэрыторыяй Літоўскай ССР; утварылася новая марыянэткавая дзяржава -- Літоўска-Беларуская ССР (ЛітБел), у складзе якой быў толькі самы ўсходні акрайчык літоўскай тэрыторыі, г. зн. той, дзе стаялі аддзелы Чырвонай Арміі. Амаль уся Літва была пад юрысдыкцыяй дэмакратычнага ўраду незалежнай Літвы.

Абвешчаньне савецкіх нацыянальных рэспублік праходзіла без усялякіх кансультацыяў з насельніцтвам і было чыста фармальным актам. Абвешчаньне БССР адбылося наагул на партыйным зьезьдзе адной толькі партыі -- бальшавіцкай, а не на зьезьдзе Саветаў. Такім чынам, нават фармальнасьць не захоўвалася. Гэтая рэспубліка стваралася як буфэрная, каб пазьбегнуць непасрэдных канфліктаў паміж РСФСР і ўзноўленаю Польшчай.

Такім жа чынам, імгненна, як узьнікалі, гэтак і ліквідоўваліся нацыянальныя савецкія рэспублікі -- рашэньнем Леніна, ЦК РКП(б) і ўраду РСФСР, якія ён узначальваў. Незаўважна перастала існаваць і ЛітБел, калі падчас савецка - польскай вайны 1919--1920 гг. Бела русь захапілі польскія войскі, якія ў жніўні 1919 г. занялі прастору да Бярэзіны. Літоўскія войскі акупавалі паўночны захад гэтай тэрыторыі. Апарат ураду ЛітБел быў ліквідаваны бальшавіцкімі ўладамі, а сама рэспубліка скасаваная безь якога-небудзь заканадаўчага акту. ЦК Кампартыі Літвы і Беларусі сваёй назвы не зьмяніў і пераехаў у Смаленск. Яму было даручана празь Бюро нелегальнай работы пры ЦК кіраваць на тэрыторыі Беларусі барацьбою чырвоных (камуністычных) партызанаў супраць польскіх уладаў і войскаў. І ЛітБел таксама стваралася як буфэрная рэспубліка паміж РСФСР і Польшчай; калі ж яна адыграла сваю ролю, была ліквідаваная кіраўніцтвам кампартыі і ўраду РСФСР.

У 1919--1920 гг. нашая краіна заставалася аб'ектам геапалітыкі суседніх (і ня толькі суседніх) дзяржаваў. Урад РСФСР пасьля ліквідацыі ЛітБел лічыў тэрыторыю Беларусі расейскаю. Пра гэта сьведчаць шматлікія штампы й пячаткі рэўкамаў на дакумантах, падрыхтаваныя ў штабе Заходняга фронту ў Смаленску. Рэўкамы былі часоваю савецкаю ўладаю пасьля заняцьця Беларусі. Яны прызначаліся камандаваньнем Чырвонай арміі. Усе штампы й пячаткі мелі надпісы, напрыклад, «Борисовский ревком Минской губернии РСФСР» ці «Новогрудский ревком Минской губернии РСФСР» і г. д. Урад Леніна лічыў тэрыторыю Беларусі расейскаю (пра БССР ужо забыліся) падчас мірных перамовінаў з урадам Літоўскай рэспублікі ў Коўне. Каб перацягнуць Літву і яе дзьве дывізіі на свой бок ды скіраваць супраць Польшчы, урад РСФСР 12 ліпеня 1920 г. падпісаў у Маскве мірную дамову зь Літвой, аддаючы ёй значную частку беларускіх земляў. Так, у 2-м артыкуле дамовы вызначалася «дзяржаўная мяжа паміж Расеяй і Літвой», што ішла на поўдзень ад Аўгустова, у 30 км ад Горадні (якая перадавалася Літве), потым Нёманам да Дзяляцічаў (на поўнач ад Наваградка й Любчы), потым на Валожын, які разам з Маладэчнам заставаўся на расейскім баку(прычым мяжа йшла па ўскраінных вуліцах Маладэчна), і далей на поўнач. Вялейка, Новы Мядзел, Шаркаўшчына й Друя заставаліся на расейскім баку. Менавіта гэтую расейска-літоўскую мяжу паказваюць апошнімі гадамі на шматлікіх мапах у Літве.

Генэрал Люцыян Жалігоўскі.

Гэтаксама без удзелу ўраду зноў створанай 31 ліпеня 1920 г. БССР на мірных перамовінах у Рызе ў 1920--1921 гг. была ўсталяваная дзяржаўная мяжа паміж Польшчай і БССР. Хоць А. Чарвякоў і прысутнічаў у Рызе як экспэрт расейскай дэлегацыі (і, такім чынам, не прадстаўляў БССР), але да 19 лістапада кіраўнік савецкай дэлегацыі Іофэ не дапускаў яго да ўдзелу ў перамовінах. Пад папярэднюю расейска-ўкраінска-польскаю дамоваю 12 кастрычніка 1920 г. стаяць подпісы чатырох членаў савецкай дэлегацыі: А. Іофэ, С. Кірава, Дз. Мануільскага і Л. Абаленскага. Пад мірнаю дамоваю 18 сакавіка 1921 г. паміж Расеяй і Ўкраінай, з аднаго боку, і Польшчай -- з другога, што вызначыла канчатковую дзяржаўную мяжу Польшчы з БССР і ЎССР,-- подпісы пяці сяброў савецкай расейска - ўкраінскай дэлегацыі -- А. Іофэ, Я. Ганецкага, Э. Квірынга, Ю. Кацюбінскага і Л. Абаленскага. Праўда, у ёй гаворыцца, што ўрад РСФСР упаўнаважыў дэлегацыю падпісаць дамову за сябе і за ўрад БССР.

Падчас папярэдніх мірных перамовінаў у кастрычніку 1920 г. польская дэлегацыя прапанавала савецкай вывесьці польскія і расейскія войскі з тэрыторыі Беларусі (улучна са Смаленшчынай) і правесьці там плебісцыт для самавызначэньня Беларусі, аднак савецкая дэлегацыя адмовілася і згадзілася на альтэрнатыўны варыянт падзелу гэтага краю па ўказаньні ЦК РКП(б). Расея не хацела страціць выгадны пляцдарм. Пры гэтым лёс Беларусі вырашаўся нават без удзелу мясцовых бальшавікоў.

Перад падпісаньнем дамовы аб замірэньні і папярэдніх умовах міру ў кастрычніку 1920 г. савецкі ўрад, працягваючы мірныя перамовы, лічыў, што можа саступіць Польшчы і тую маленькую прастору БССР, якая яшчэ захоўвалася прыкладна ў межах шасьці паветаў былой Менскай губэрні. Дырэктываю ЦК РКП(б) Іофэ быў падрыхтаваны згадзіцца на самыя цяжкія ўмовы і падпісаць мір, чаго б гэта ні каштавала. Ён заявіў А. Чарвякову, што мір заключае Расея з Польшчай, а не Беларусь. Гэта была адназначная і цынічная заява, але Чарвякоў змаўчаў.

Пасьля падпісаньня прэлімінарнай дамовы пра варункі міру ўрад РСФСР улічваў магчымасьць перадачы тэрыторыі БССР у склад Польшчы пры заключэньні канчатковага міру. Таму, па-першае, 3 лістапада 1920 г. народны камісар замежных справаў Г. Чычэрын прапанаваў Палітбюро ЦК РКП(б) пабудаваць дачыненьні паміж БССР і РСФСР так, каб падпарадкаваць БССР расейскаму ўраду: «г. зн. пакідаючы Беларускую Рэспубліку па-за РСФСР, але фактычна аб'ядноўваючы цэлы шэраг галінаў дзяржаўнасьці...». Тым самым БССР пазбаўлялася сувэрэнітэту і ў значнай ступені кіравалася ўрадам РСФСР. Па-другое, народны камісарыят замежных справаў РСФСР 6 лістапада 1920 г. накіраваў сакратару ЦК РКП(б) М. Красьцінскаму новую запіску, у якой лічыў «нежаданым далучэньне да Беларусі якіх бы ні было частак Віцебскай або Магілеўскай губэрняў. Мы яшчэ ня ведаем, празь якія тэрыторыі можа прайсьці лёс Беларусі, і павялічыць загадзя тую тэрыторыю, якая праз гэтыя пэрыпэтыі будзе праходзіць, было б вельмі неасьцярожна». І толькі ў 1924 і 1926 гг. усходнія раёны цяперашняй Беларусі -- Віцебская, Гомельская і невялічкая частка Смаленскай губэрні -- былі далучаныя да БССР як свайго роду плата за ўступленьне Беларускай ССР у СССР.

Перш дзяржаўная мяжа БССР і Польшчы была ўсталяваная 12 кастрычніка 1920 г. паводле дамовы аб замірэньні і прэлімінарных умовах міру паміж РСФСР і УССР, з аднаго боку, і Польшчай -- з другога. У артыкуле 1-м гэтага дакуманта вызначалася ўсходняямяжа Польшчы з Украінай і Беларусяй прыкладна па лініі, што потым існавала як мяжа да 1939 г. У 2-м артыкуле мірнае дамовы паміж Расеяй і Ўкраінай, з аднаго боку, і Польшчай -- з другога, падпісанай у Рызе 18 сакавіка 1921 г., дзяржаўная мяжа замацоўвалася канчаткова. РСФСР і УССР перадавалі Польшчы дадатковыя тэрыторыі Беларусі: паміж Ланьню і Случчу на поўдзень ад Вызны й Старобіна, а таксама Радашкавічы. І зноў у складзе савецкай дэлегацыі не было прадстаўніка БССР. Тэрыторыя Беларусі падзялялася на дзьве часткі Расеяй і Польшчай. Для Расеі захавалася стратэгічная прастора, якая паранейшаму прыкрывала кірунак на Маскву. Для Польшчы тэрыторыя Заходняй Беларусі сталася часткаю прыфрантавой (з бальшавізмам) зоны, часткай «санітарнага кардону».

Такая сытуацыя адноснай раўнавагі існавала каля 20 гадоў. Аднак Савецкі Саюз, утвораны ў 1922 г., амаль на той жа тэрыторыі, што і Расейская імпэрыя, паўтараючы яе, не зьбіраўся прымірыцца зь існым становішчам. Спачатку для імпэрскай экспансіі выкарыстоўваўся лёзунг сусьветнай рэвалюцыі. Калі спроба Камінтэрну падняць такую рэвалюцыю ў Эўропе ў 1923 г. (Нямеччына, Баўгарыя) не ўдалася, кіраўніцтва СССР вяртаецца да іншай тактыкі: пры вонкавым захаваньні мірных дачыненьняў з эўрапейскімі краінамі зрабіць усё, каб вярнуць сабе перадавыя рубяжы ва Ўсходняй Эўропе, захопленыя царызмам у XVIII ст. (Прыбалтыка, Заходняя Беларусь) і напачатку XIX ст. (Фінляндыя, Польшча, Басарабія).

Падпісаўшы мірную дамову з Польшчай у 1921 г., Савецкая Расея, а потым Савецкі Саюз пачаў рыхтаваць ды інсьпіраваць паўстанцкі рух на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1921-- 1922 гг. І хаця значная частка партызанскіх аддзелаў стваралася беларускімі эсэрамі, паступова кампартыя Заходняй Беларусі, якая накіроўвалася зь Менска й Масквы, у 1924--1925 гг. апанавала кіраўніцтва партызанскім рухам. У БССР ствараліся й перакідваліся празь мяжу партызанскія аддзелы, якія ў Заходняй Беларусі абрасталі мясцовымі сіламі -- ішоў экспарт рэвалюцыі. Кіраўнікамі партызанскіх аддзелаў і групаў сталі чэкісты С. Ваўпшасаў, В. Корж, К. Арлоўскі, А. Рабцэвіч, К. Такушэвіч ды іншыя. Мэтаю партызанскага руху было самавызначэньне Заходняй Беларусі і яе далучэньне да БССР. Аднак насельніцтва, перадусім сялянства, не падтрымала руху, і да канца 1925 г. ён быў падаўлены. Спроба СССР заняць гэтую тэрыторыю пад выглядам узьяднаньня беларускага народу не ўдалася.

БЕЛАРУСЬ У САВЕЦКАНЯМЕЦКІХ ДАЧЫНЕНЬНЯХ

Уся гэтая палітыка вялася пры прапагандысцкай крытыцы Вэрсальскае сыстэмы мірных дамоваў, што склалася пасьля першай сусьветнай вайны. Пры гэтым СССР спрабаваў зрабіць саюзьнікам Нямеччыну, якая прайграла вайну і была пакрыўджаная ўмовамі Вэрсалю, у тым ліку і ў тэрытарыяльным пытаньні. Пачаткам расейска-нямецкага саюзу сталася дамова ў Рапала ў 1922 г. і патаемнае вайсковае супрацоўніцтва СССР ды Нямеччыны. Райхсвэр атрымаў магчымасьць адчыніць на тэрыторыі СССР танкавую (у Казані), вайскова-паветраную (у Ліпецку) і вайскова-хімічную (у Саратаве) школы, абыходзячы тым самым артыкулы Вэрсальскага міру.

Прыход Гітлера да ўлады ў Нямеччыне 30 студзеня 1933 г. зьмяніў добрыя савецка-нямецкія дачыненьні, і яны пачалі пагаршацца. Яшчэ да гэтага, каб умацаваць сваё становішча на заходніх межах, СССР падпісаў сэрыю дамоваў аб ненападзе зь Фінляндыяй, Эстоніяй, Латвіяй і прадоўжыў у 1931 і 1934 гг. савецка-літоўскую дамову 1926 г. аб ненападзе і нэўтралітэце. У апошняй дамове гаварылася, што СССР па-ранейшаму прызнае расейска-літоўскую мяжу 1920 г., г. зн. у склад Літвы мела ўваходзіць тэрыторыя паўночна-заходняй Беларусі (хаця фактычна яна была ў складзе Польшчы). СССР тым самым прызнаваў сувэрэннай літоўскай тэрыторыю з гарадамі Вільня, Горадня, Ліда, Браслаў, Паставы ды інш. Усе дамовы аб ненападзе, заключаныя савецкім урадам з суседнімі ўсходнеэўрапейскімі дзяржавамі, мелі агульныя рысы; галоўным было захаваньне прынцыпаў непарушнасьці межаў.

25 ліпеня 1932 г. у Маскве была падпісаная савецка-польская дамова аб ненападзе, тэрмін якой 5 траўня 1934 г. прадоўжылі да 31 сьнежня 1945 г. Тэрытарыяльныя пытаньні на перамовінах нават і не ўзьнімаліся. Дзяржаўная мяжа паміж СССР і Польшчай, якая была вызначана Рыскаю мірнаю дамоваю 1921 г. і якая падзяліла Беларусь і Ўкраіну, заставалася нязьменнаю. У 1934--1936 гг. пазначылася альтэрнатыва савецка-германскаму пакту 1939 г.: заключэньне пагадненьня паміж -СССР і заходнімі дэмакратычнымі краінамі для супраціву фашыстоўскай агрэсіі. Але гэтая ідэя не ажыцьцявілася. Англія й Францыя ня вельмі ахвотна йшлі на саюз з СССР, бо ня верылі Сталіну, які ў 1936--1939 гг., падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі, ня толькі праводзіў палітыку падтрымкі іспанскіх рэспубліканцаў, але й спрабаваў пашырыць ваенна-палітычны ўплыў СССР у Іспаніі, а значыць, і ў Заходняй Эўропе, узмацніць пазыцыі Кампартыі Іспаніі ва ўрадзе і на месцах. Усё гэта паказвала, што чакае кожную краіну, куды ўступяць войскі Чырвонай арміі. Эўрапейскія дэмакратычныя дзяржавы баяліся іхнага прыходу. Да гэтага трэба дадаць, што масавыя рэпрэсіі, якія асабліва шырока разгарнуў у СССР камуністычны рэжым у 1937-- 1938 гг., выклікалі ў эўрапейскіх краінах I яшчэ большы недавер да савецкага ўраду, ягонай палітыкі ды прапановаў. Магчымыя ваенныя саюзьнікі ў эвэнтуальнай вайне супраць гітлераўскай Германіі лічыліся і з тым, што рэпрэсіі значна аслабілі Чырвоную армію.

Тымчасам, ад самага прыходу Гітлера да ўлады, Сталін захоўваў патаемную сувязь паміж Масквой і Бэрлінам. У сьнежні 1933 г. на зьезьдзе Саветаў кіраўнік ураду В. Молатаў і наркам замежных справаў М. Літвінаў заклікалі (у тым і Гітлера) паляпшаць савецка-нямецкія дачыненьні. Аднак Гітлер ігнараваў і гэтыя і пазьнейшыя заклікі. Адначасова Сталін вёў зандаж настрояў кіраўніцтва Англіі й Францыі.

Калі ў канцы 1938 г. кіраўнічыя колы фашыстоўскай Германіі пачалі дыпляматычны наступ на Польшчу, стварыўшы данцыгаўскі крызыс і рыхтуючыся да вайны, урад СССР у сакавіку 1939 г. пачаў у Маскве перамовіны з прадстаўнікамі ўрадаў Англіі й Францыі пра заключэньне дамовы аб узаемнай дапамозе. Пры гэтым Англія й Францыя былі зьвязаныя ўзаемнымі абавязкамі з Польшчай і муселі абвясьціць вайну Германіі, калі тая нападзе на Польшчу.

Падчас маскоўскіх перамовінаў дэлегацыя СССР прапанавала, акрамя заключэньня трохбаковага пакту аб узаемнай дапамозе, аказаць ваенную дапамогу ўсім усходне-эўрапейскім краінам, якія мяжуюць з СССР ад Балтыйскага да Чорнага мора. Такая меркаваная савецкая дапамога была б зьвязаная з парушэньнем межаў Польшчы й прыбалтыйскіх краінаў, прадстаўнікі якіх на перамовіны не запрашаліся. Але думка пра ўвод вайсковых аддзелаў Чырвонай арміі на тэрыторыю сумежных краінаў,у тым і ў Заходнюю Беларусь, усё больш авалодвала Сталіным і Молатавым, які, акрамя пасады кіраўніка савецкага ўраду, з 3 траўня 1939 г. заняў пасаду наркама замежных справаў.

11 траўня 1939 г. Польшча адмовілася ад заключэньня пакту пра ўзаемную дапамогу з СССР. Польскі ўрад добра ўяўляў, што абмежаваны кантынгент войскаў Чырвонай арміі, уведзены на тэрыторыю Польшчы, хутка ператворыцца ў неабмежаваны, што, пабудаваўшы тут вайсковыя базы, аэрадромы, склады, аддзелы Чырвонай арміі замацюуцца на гэтай тэрыторыі, а пасьля СССР, знайшоўшы зручную прычыну, зьменіць на сваю карысьць усходнюю мяжу Польшчы ды наагул памяняе яе дзяржаўны лад, аказваючы польскаму народу «брацкую дапамогу», як гэта потым, у 1940 г., адбылося ў краінах Прыбалтыкі. У Польшчы ж добра памяталі абвешчаньне ў 1920 г. у Беластоку Польскай Савецкай Рэспублікі, калі Чырвоная армія ўступіла на гэтую тэрыторыю.

Падчас перамовінаў ваенных місіяў Англіі, Францыі і СССР у Маскве маршал К. Варашылаў, які ўзначальваў савецкую ваенную місію, 14 жніўня 1939 г. паставіў для заключэньня дамовы пра ўзаемную дапамогу і ваеннай канвэнцыі пра ўзаемадзеяньне папярэднюю ўмову -- прапусьціць савецкія войскі «праз польскую тэрыторыю, празь Віленскі калідор і Галіцыю ды праз румынскую тэрыторыю», нават калі Польшча й Румынія дапамогі ў СССР не папросяць. Савецкая ваенная дэлегацыя прапанавала ўрадам Англіі й Францыі паўплываць на ўрады Польшчы й Румыніі ў гэтым пытаньні.

Польскі ўрад і асноўная маса насельніцтва не ўспрымалі сталінскага сацыялізму, ня верылі Сталіну й камуністычнаму рэжыму. Таму польскі міністар замежных справаў Ю. Бэк 20 жніўня 1939 г. адмовіўся ад пропуску аддзелаў Чырвонай арміі ў Памор'е, на Сувальшчыну і ва ўсходнюю Малапольшчу. Спроба заняць тэрыторыю Заходняй Беларусі й часткі Польшчы не ўдалася. Але Польшча не адмаўлялася ад уваходу Чырвонай арміі падчас вайны. Наступным днём, 21 жніўня, К. Варашылаў падчас паседжаньня ваенных місіяў на прапанову ангельскай і францускай дэлегацыяў перанесьці паседжаньне на 3--4 дні заявіў, што трэба адкласьці перамовіны на даўжэйшы тэрмін. Перамовіны былі сарваныя, паколькі ваенныя місіі больш не зьбіраліся. Сталін і савецкі ўрад фактычна палохалі германскаю пагрозаю Англію й Францыю ды спрабавалі дамагчыся іхнае згоды на далучэньне да СССР часткі тэрыторыі Польшчы ў абмен на ваенную дапамогу.

У той жа час Сталін і Молатаў ужо разьлічвалі дамагчыся сваіх імпэрыялістычных мэтаў з дапамогаю перамовінаў з Германій, нягледзячы на шэраг саступак, якія ўжо зрабілі дэлегацыі Англіі й Францыі.

Яшчэ ў сакавіку 1939 г. Сталін у спавешчаньні на XVIII зьезьдзе партыі двойчы заявіў, што СССР стаіць за ўмацаваньне дзелавых сувязяў з усімі краінамі. Гэты заклік да супрацоўніцтва Гітлер зразумеў. На пачатку 1939 г. пачаўся абмен думкамі наконт гандлёвае дамовы. У жніўні 1939 г. савецка-германскія кантакты ўрэшце прывялі да прапановы германскага боку заключыць пакт аб ненападзе і ўлічыць усе інтарэсы СССР у пытаньні аб Прыбалтыцы й Польшчы, пра што заявіў 3 жніўня Молатаву германскі пасол у Маскве граф Ф. фон Шуленбург. Найперш вырашаўся лёс Заходняй Беларусі.

14 жніўня 1939 г. германскі міністар замежных справаў ё. фон Рыбэнтроп даручыў Шуленбургу паўтарыць Молатаву германскія прапановы ды папрасіць аўдыенцыі ў Сталіна. Наступіў пэрыяд інтэнсыўных папярэдніх перамовінаў паміж Масквой і Бэрлінам. Гітлер сьпяшаўся заключыць дамову аб ненападзе з СССР, каб хутчэй пачаць вайну супраць Польшчы. Сталін жа сьпяшаўся выкарыстаць сытуацыю, каб захапіць новыя тэрыторыі ва Ўсходняй Эўропе.

17 жніўня Молатаў ад імя Сталіна і савецкага ўраду даў згоду на падпісаньне гандлёвае дамовы, а потым і пакту аб ненападзе. Прапаноўваўся і спэцыяльны пратакол да пакту па палітычных пытаньнях. 19 жніўня Шуленбургу перадалі савецкі праект дамовы аб ненападзе з дадаткам спэцыяльнага пратаколу па зьнешнепалітычных пытаньнях. Праўда, савецкі бок не канкрэтызаваў сваіх экспансіянісцкіх тэрытарыяльных памкненьняў. 20 жніўня Гітлер даў згоду на гэтыя ўмовы.

23 жніўня 1939 г. у Маскве Молатаў «Рыбэнтроп у прысутнасьці Сталіна падпісалі дамову аб ненападзе паміж Германіяй і Савецкім Саюзам. Да яе быў прыкладзены дадатковы сакрэтны пратакол, таксама падпісаны Молатавым і Рыбэнтропам. Гэтым пратаколам абедзьве таталітарныя імпэрыі падзялілі між сабой краіны Усходняй Эўропы, запісаўшы іх у «сфэры ўплыву Германіі й СССР» ды вызначыўшы іхны лёс. Паводле тэксту пратаколу, Літва пачаткова была ўключаная ў сфэру ўплыву Германіі, а Вільня прызнаная Літве. Заходняя Беларусь і частка Польшчы на ўсход ад Віслы ўвайшлі ў сфэру ўплыву СССР. Так дзьве імпэрыялістычныя дзяржавы вызначылі лёс мільёнаў людзей. Сталін дамогся ўрэшце ўсёй тэрыторыі Беларусі як стратэгічнага пляцдарму для наступальнай вайны ў Эўропе і адначасова абарончага перадпольля, якое прыкрывала б наступ з Эўропы на Маскву.

ДРУГАЯ СУСЬВЕТНАЯ ВАЙНА

17 верасьня 1939 г. на досьвітку Чырвоная армія перайшла савецка-польскую мяжу і пачала прасоўвацца да папярэдне абумоўленай з Гітлерам лініі. 19 верасьня з Масквы ў Бэрлін перадалі, што Сталін, які спачатку быў згодны зь існаваньнем польскай дзяржавы, прапаноўваў увогуле яе ліквідаваць і пачаць пра гэта перамовіны.

Дзяржаўная прыналежнасьць Заходняй Беларусі цяпер ужо вырашалася Сталіным. Пры гэтым ён не выключаў магчымасьці далучэньня Вільні й Віленскага краю да Беларускай ССР. Так, у 20-х днях верасьня 1939 г., пасьля таго як Вільня была занятая Чырвонай арміяй, савецкі прадстаўнік у гарадзкой управе загадаў працаўнікам складаць сьпісы выбаршчыкаў на беларускай мове для маючых адбыцца выбараў у Народны сход Заходняй Беларусі. І такія сьпісы па-беларуску складаліся. Але ў сярэдзіне першай дэкады кастрычніка 1939 г. (гэтым часам у Маскве вяліся перамовіны паміж урадамі СССР і Літоўскай рэспублікі пра падпісаньне савецка-літоўскага пакту аб узаемнай дапамозе) прыйшоў загад складаньне сьпісаў спыніць. Савецка-літоўская дамова была падпісаная 10 кастрычніка 1939 г. СССР аддаваў Вільню й Віленскі край Літве, а за гэта ўводзіў на тэрыторыю Літвы свае войскі. Так Вільня стала разьменнаю манэтаю ў сталінскай міжнароднай палітыцы Савецкага Саюзу.

25 верасьня 1939 г. Сталін прапанаваў Гітлеру абмен -- Літву аддаць СССР, а Люблінскае й частку Варшаўскага ваяводзтва з «порцыі» СССР перадаць Германіі. Гітлер згадзіўся, і 28 верасьня ў Маскве была падпісаная германа-савецкая дамова пра сяброўства й мяжу паміж СССР і Нямеччынай, у якой усталёўвалася новая дзяржаўная мяжа. У 3-м артыкуле дакуманта адзначалася, што ўрад СССР праводзіць неабходнае дзяржаўнае пераўтварэньне тэрыторыі на ўсход ад лініі мяжы. У сакрэтным дадатковым пратаколе была запісаная дамоўленасьць паміж Германіяй і СССР пра абмен Літвы на ўсходнія тэрыторыі Польшчы. Такім чынам, СССР цяпер афіцыйна атрымаў права праводзіць выбары ў народныя сходы Заходняй Беларусі й Заходняй Украіны і далучыць гэтыя тэрыторыі да СССР, што і адбылося ў канцы кастрычніка -- першай палове лістапада 1939 г. ЗаходняяБеларусь (разам зь Беласточчынай) увайшла ў склад БССР. Вільня й Віленскі край былі перададзеныя Літве ў кастрычніку 1939 г. з тым, каб улетку 1940 г. далучыць і гэтую дзяржаву да СССР. А галоўнае -- Чырвоная армія без вайны прасунулася далёка на Захад.

Падчас уключэньня Літвы ў склад СССР на сэсіі Вярхоўнага Савету СССР на пачатку жніўня 1940 г. першы сакратар ЦК КПБ П. Панамарэнка абвесьціў аб перадачы Літве тэрыторыі большай часткі Сьвянцянскага і Гадуцішкаўскага раёнаў Вялейскай вобласьці.

Аднак на працягу другой сусьветнай вайны геапалітычнае становішча Беларусі зьмянілася. Пасьля нападу фашыстоўскай Германіі на СССР і акупацыі нямецкімі войскамі ўлетку 1941 г. тэрыторыі Беларусі Гітлер дзяліў ужо сам, без свайго контрагента па ранейшых перамовінах. Гітлер нават не прыняў патаемнай прапановы Сталіна падчас вайны, перададзенай праз Бэрыю ды ягоную службу, заключыць новы Берасьцейскі мір зь перадачай у распараджэньне Германіі Прыбалтыкі, Беларусі, Украіны і Малдовы.

Заходшя раёны Беларусі -- Беластоцкая вобласьць з Горадняй, Мастамі, Ваўкавыскам і Сьвіслаччу, паўночна-заходнія раёны Берасьцейскай вобласьці з Пружанамі, Камянцом і Высокім былі далучаныя да Ўсходняй Прусіі (Беластоцкая акруга). Беларускае Палесьсе зь Берасьцем, Бярозай, Пінскам, Туравам, Мазыром і Гомлем уключылі ў райхскамісарыят Украіну. Паўночна-заходнія раёны Вялейскай вобласьці з Ашмянамі, Смаргонямі, Відзамі далучылі да генэральнай акругі Літвы. Віцебская, Магілеўская, большая частка Гомельскай вобласьці і ўсходнія раёны Менскай (з Чэрвенем, Пухавічамі, Старымі Дарогамі й Любаньню) засталіся ў зоне армейскага тылу групы арміяў «Цэнтар». І толькі Баранавіцкая, Вялейская, Менская (без усходніх раёнаў), паўночныя раёны Берасьцейскай і Пінскай абласьцей увайшлі ў склад генэральнай акругі Беларусі. Гэтыя землі (чвэрць тэрыторыі БССР) былі ўключаныя ў склад райхскамісарыяту Остлянд з цэнтрам у Рызе і падзеленыя на дзесяць акругаў. На тэрыторыі генэральнай акругі Беларусі акупанты паступова дазвалялі дзейнасьць беларускіх нацыянальных арганізацыяў. Аднак пра дзяржаўнасьць Беларусі размовы не было: нямецкія фашысты не плянавалі стварэньня беларускае нацыянальнае дзяржавы.

ПАСЬЛЯ ВАЙНЫ

Пасьля выгнаньня фашыстоўскіх акупантаў у выніку Беларускай апэрацыі чатырох франтоў у чэрвені -- ліпені 1944 г. тэрыторыя Беларускай ССР скарацілася: Сталін безь ніякага юрыдычнага акту перадаў Беласточчыну ў падпарадкаваньне Польскаму камітэту нацыянальнага вызваленьня, альтэрнатыўнаму польскаму ўраду пад кантролем камуністаў і Масквы, улада якога ўсталёўвалася на польскіх тэрыторыях, занятых Чырвонай арміяй. Гэтым разам частка беларускіх земляў была перададзеная Польшчы. У каторы раз тэрыторыяй Беларусі вольна распараджаліся чужыя гаспадары.

Некалькі дзесяцігодзьдзяў БССР у геапалітычным пляне выконвала для СССР тую ж самую ролю, якая была вызначана ёй царскім урадам Расеі. Яна заставалася пляцдармам для ўварваньня ў Эўропу (праўда, пляцдармам другога рубяжу пасьля ГДР і Польшчы) ды перадпольлем для абароны Масквы й цэнтральных раёнаў Расеі. Толькі пасьля другой сусьветнай вайны беларускі рубеж абароны стаўся ядравым. На гэтай тэрыторыі павінны былі запускацца ядравыя ракеты ў бок праціўнікаў СССР або, наадварот, праціўнікі СССР мелі зьнішчаць разьмешчаныя тут савецкія ракеты разам з усім, што ёсьць на гэтай зямлі. Нават і пасьля абвешчаньня незалежнасьці Беларусі й ліквідацыі СССР нашая тэрыторыя і яе насельніцтва застаюцца закладнікамі ядравай стратэгіі расейскіх генэралаў, якія не жадаюць пераносіць рубеж абароны на Смаленшчыну. Таму на сувэрэнітэт і нэўтралітэт Беларусі з боку расейскіх шавіністычных колаў і вайсковага кіраўніцтва вядуцца палітычныя прапагандавыя наступы. Дзеля гэтага ў Беларусі актывізуюцца здрадніцкія сілы, калябаранцкія элемэнты, дзеля гэтага не выводзяцца расейскія войскі, прапануюцца вайскова-палітычныя саюзы, фэдэрацыя ці хаця б канфэдэрацыя з Расеяй або нават рэанімаваньне Савецкага Саюзу. Па-ранейшаму Беларусь і яе народ застаюцца мішэньню першага ўдару ў выпадку ядравага канфлікту. Такім чынам, лёс Беларусі па-ранейшаму шмат у чым залежыць ад тых, хто знаходзіцца ў Крамлі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX