Папярэдняя старонка: Артыкулы

Журналістыка Лявона Савёнка 


Аўтар: Савёнак Лявон,
Дадана: 19-06-2017,
Крыніца: Журналістыка Лявона Савёнка // Спадчына 1997. №5. С. 72-89.



Пасьля разгрому Грамады ў 1927-1929 гг. ды барацьбы з нацдэмаўшчынай у 1930-1931 гг. новым этапам вынішчэньня беларускага народу стаўся разгром, што увайшоў у гісторыю як "Справа Беларускага Нацыянальнага Цэнтру".

10 жнівеня 1933 г. былі арыштаваныя былыя беларускія дэпутаты у польскі Сойм, а першага верасьня пачаліся масавыя арышты: толькі за адну ноч схапілі больш за 90 асобаў. Бралі ня толькі у Менску, але й у Маскве, на Каўказе, на Ўрале. Да 1 лістапада па справе БНЦ было арыштавана 9700 асобаў. 15 студзеня 1934 г. Калегія ГПУ вынесла прысуд: зьняволеньне у лягерах ад 3 да 10 гадоў. Падрабязнасьці пра той суд ды наагул ход самой справы добра адбіты у артыкуле "Крыжоваю дарогаю", зьмешчаным у газэце "Беларус" ад 1 жнівеня 1954 г. Артыкул падпісаны Лявонам Крывічаніным - псэўданім Лявона Савёнка, адной з ахвяр працэсу БНЦ.

Мабыць, калі ня гэтым разам, дык іншым Л.Савёнак абавязкова трапіў-бы у кіпцюры ГПУ, якое даўно мела свае віды на аўтара кніжкі фэльетонаў "Чырвоная іголка". Аўтар яе схаваўся за імем Свэна, але гэта падманула хіба бібліятэкараў, якія занеслі кніжку ў замежны, швэдзкі аддзел. Дакладней, толькі пачалі каталагізаваць, але пільныя супрацоўнікі хутка агледзеліся, кнігу забаранілі i зьнішчылі бадай што ўвесь наклад. Захаваліся лічаныя асобнікі. I так сталася, што творчасьць беларускага пісьменьніка, а потым эмігранта Лявона Савёнка засталася па-за ўвагай грамадзкасьці i літаратурнай крытыкі. Ды што творы, калі нават ягонае жыцьцё нам ведама толькі з нэкралёгу, напісанага Антонам Шукелойцям, а таксама з даведніка "Беларускія пісьменьнікі"- у сутнасьці, пераказу таго-ж нэкралёгу.

Таму i ўзьнікла неабходнасьць зьвярнуцца да cnaдара Антона Шукелойця, аднаго са старэйшых беларускіх дзеячоў на эміграцыі, з просьбай прыгадаць тыя часы, расказаць пра чалавека, журналіста, пісьменьніка Лявона Савёнка. (Запіс успамінаў друкуецца замест пасьляслоўя.)

Успаміны Антона Шукелойця дазваляюць пашырыць нашыя веды пра пісьменьніка i журналіста Лявона Caвёнка, фэльетоны якога i сёньня, амаль празь 70 гадоў, на вялікі жаль, ня страцілі актуальнасьці i вастрыні.



Леанід СВЭН

БЕЛАРУСІЗАЦЫЯ ПАД №

РЭЖЫМ У БЕЛАРУСІЗАЦЫІ

Увогуле, беларусізацыя ідзе некаторым крокам. Але ў некаторых установах яна ідзе яўна не па НОТу. Адзін з кіраўнікоў гэтых некаторых устаноў казаў мне на пытаньне беларусізацыі:

"Мова - не волк, в лес не убежит; с ней и подождать можно".

Ну i "ждут". Некаторыя з гэтых некаторых устаноў прапускалі на тры тэрміны так званага "канчатковага пераходу".

"Ждут...".

А тут пішуць:

- Грошы дарма трацяцца: курсы адчыняюць, а ix не наведваюць! Не гавораць на мове абслугоўваемага грамадзянства! Больш увагі! I наогул, пішуць: трэба падцягнуцца.

З тэй прычыны, што цяпер, можна сказаць, зарэжымілі кругом, ня лішняе будзе, па-нашаму, увесьці рэжым эканоміі i ў справах беларусізацыі. Навошта сродкі марна гінуць?

Калі згадзіцца з гэтым, дык тут у першую чаргу патрэбен плян. Плян - i больш нічога.

Падагуліўшы працу па правядзеньні беларусізацыі за ранейшыя часы, я на грунце практыкі мінулага i апрацаваў прыблізна схематычны плян найскарэйшага i найтаньнейшага правядзеньня беларусізацыі. Гэты плян павінен быць на бліжэйшыя гады настольнай кнігай для кіраўнікоў гэтых некаторых устаноў, якія кульгаюць у беларусізацыі...

Па майму пляну .ўмацаваньне беларусізацыі пачынаецца так. Бярэцца чысты ліст паперы, i на ім кіраўнік установы піша цыркуляр або загад, у якім паведамляе сваіх падначаленых аб беларусізацыі.

Цыркуляр можна пісаць так:

"Для скорейшего проведения белоруссизации в N учреждении довожу до сведения и неуклонного исполнения всех служащих, что с сей минуты предлагается в обязательном порядке постепенно переходить в канцеляриях на белорусский язык с тем, чтобы к осени текущего года окончательно перейти на бел. язык".

Калі цыркуляр пішацца ўвосень, дык тады трэба пісаць "с весны будущего года", калі зімой, дык "с лета будущего года" i г. д. Канчаць цыркуляр можна так: "мелкая переписка, написанная на русском языке, ни мной, ни моим помощником подписываться не будет".

Але гэта, як хто хоча.

У в а г а: У гэтым пункце кіраўнік установы можа спаткаць значныя перашкоды, Можа стацца, што машыністка не захоча беларусізавацца, i справа праваліцца ў самым сваім зародку. У такіх выпадках, як верны сродак, раіцца індывідуальны падыход да машыністкі.

Далей. Напісаны такім манерам цыркуляр можна вывесіць на сьцяну ў калідоры ўстановы, а то можна адразу аддаць у папку, якая спэцыяльна адводзіцца пад справу "Беларусізацыя" за № такім-та.

Гэтымі двума мерапрыемствамі фактычна i закладваецца фундамэнт беларусізацыі. Цяпер застаецца толькі, як кажуць, "вглубь" i "вширь". Для гэтага падшукваецца які-небудзь чалавек, ведаючы беларускую мову, які i залічваецца ва ўстанову на пасаду беларуса. Гэты чалавек i будзе паглыбляць беларусізацыю, ведучы "мелкую переписку с тем, чтобы с осени окончательно перейти..." i г. д.

У в а г а: Кіраўнікі ўстаноў i наогул асобы, якія стаяць на 17-разраднай тарыфнай драбіне вышэй 14-ай ступені, на курсы хадзіць не павінны ні ў якім разе. Гэта для аўтарытэтнасьці, бо несьвядомыя падначаленыя могуць кпіць: "Тоже начальники, и тоже неграмотные".

Той, хто хоча праявіць найбольшы імпэт у справе беларусізацыі, можа пару вывесак зрабіць на беларускай мове. Вывескі трэба пісаць як мага больш няграматна, каб незразумела было. Гэта ізноў-жа для аўтарытэтнасьці ўстановы. Раз незразумела, то няйначай - нешта важнае.

Цяпер застаецца, можна сказаць, дробязь: гэта - падзяліцца з шырокімі коламі сваёй радасьцю, сваімі дасягненьнямі. Тут ізноў трэба падшукаць чалавека, паінфармаваць яго аб сваіх дасягненьнях i асьцярожна намякнуць яму, што вось ня шкодзіла-б i ў газэту прапусьціць аб гэтым.

Інфармацыю трэба прапусьціць пад якім-небудзь хлёсткім загалоўкам, накшталт такога: "Мы доўга цярпелі"... або "Перашагнулі даваенную норму!". Пасьля загалоўка трэба зрабіць кароткі агляд ходу працы па беларусізацыі Ў сваёй установе i тады пісаць:

"Беларусізацыя ідзе ў нас шпаркім крокам i ня сёньня дык заўтра перашагне 100 прац. Дасягненьні аграмадныя. Сялянства на ўсе 100 прац. гаворыць на беларускай мове. Яшчэ напор - i... хто наступны?".

Пасьля ўсяго гэтага кіраўнік установы спакойна ідзе піць каву i чакаць праверкі ведаў па беларускай мове. Калі праверачная камісія знойдзе чаму-небудзь што-небудзь ня так, дык тады плян пачынаецца нанава з самага пачатку.

Галоўнае - у роспач не ўпадаць, не аддавацца "грусти и печали". Бадзёрасьць патрэбна i выдзержка. Я ведаў аднаго дзядзьку, які ўсё лета ваду ў ступе тоўк,- лёд, бачыце, хацеў зрабіць. Праўда, ён, бядак, так i памёр, не дачакаўшыся лёду (а вада ўсё-ткі сама замерзла, як прыйшла зіма), але да канца дзён сваіх быў вытрыманым i бадзёрым.

Вось такімі i павінны быць кіраўнікі гэтых некаторых устаноў, кульгаючых у беларусізацыі.

Аптымізм i бадзёрасьць,- тады мой плян будзе яўна карысным.

P.S. Па апошніх вестках, мой плян распрацоўваецца i, па чутках, будзе прыняты.

"РАССУЖДЕНИЯ О БЕЛОРУССИЗАЦИИ"

(З запісной кніжкі "спэца")

Я - спэц невялічкі, усяго на 175 руб., але, з боскай дапамогай, другія i гэтага ня маюць. Вось чаму я ня скарджуся на свой лес. Жыву сабе i жыву.

Я, можа, быў-бы i зусім задаволены, каб не адна буйная няпрыемнасьць.

Няпрыемнасьць гэта, інакш кажучы, штодзённая прыкрасьць, якая пільнуе кожны твой крок i атручвае кароткія хвіліны адпачынку, ёсьць так званая беларусізацыя, "т.е. изучение белорусского языка".

Я - абураны. Я - злы. Я гатоў крычаць. Але я толькі шапчу, шапчу i то ў сваёй кампаніі, на вуха "свайму" шапчу: "китайский язык... белоруссизация... ги... ги... и зачем она?". Шапчу, а ўголас не магу сказаць. О, мерзасьць! О жалкая трусасьць...

...Сёньня ў нас аднаму зрабілі выгавар, а другога звольнілі за нежаданьне вучыць мову...

Вучыць... Што гэта за вучэньне?

Помню, - я малы вучыўся. Ня ведаеш, бывала, лекцыі - табе вушы надзяруць або на калені на гарох паставяць, а то i зусім без абеду пакінуць. Во, гэта лінія, хоць i жорсткая крыху, але вучыліся. А цяпер што? Hi без абеду нікога не пакідаюць, i пэнсію ўсім спраўна даюць. На мой погляд, гэта гвалт. Навошта таміць чалавека? Навошта мэнчыць яго вучобай пяць гадоў? Ежалі трэба вучыцца, то трэба гэту вучобу праводзіць з рэвалюцыйнай цьвёрдасьцю, без паблажак, тым пача ў адносінах да "великовозрастных".

...Безабразія. Зьдзек. Паход супроць спэцаў. Так, паход. Інакш я не магу назваць таго, аб чым расказаў мне калега, прыехаўшы з правінцыі. Вось што ён апавядаў.

"Быў у нас экзамен па беларускай мове (гэта у Чавусах). Прыехаў прадстаўнік акруговай нацыянальнай камісіі, паглядзеў, пакруціў носам, панюхаў i знайшоў, што у нас "Русью пахнет": установы прапускалі свае "канчатковыя тэрміны" i не беларусізаваліся.

Потым нас сабралі на экзамен. Першага, канешна, старшыню выклікалі.

Ну, як Вы наконт мовы? - пытаюць.

А старшыня у нас хлапец сьмелы, адчаяны.

Ніяк, кажа, нуль стаўце.

Праўда, нуля яму не паставілі, сорамна было, едзініцу ўпісалі.

За старшынёй пайшоў яго намесьнік. Той пачаў нешта пыкаць наконт таго, што часу няма, што перагружаны i г. д. Яму таксама едзініцу ўпісалі. Тое самае было зь лясьнічым, страхагентам i зь іншымі адказнымі. Усё гэта, разумеецца, нармальна. Але вось слухай, што далей было. Слухай i абурайся. Пасьля праверкі адбылося пасяджэньне прэзыдыюму РВК. I што-ж ты думаеш? На прэзыдыюме пастанавілі: "страхагента зьняць з пасады за няведаньне белмовы, а лясьнічаму за гэта самае зрабілі выгавар".

А старшыні што? - пытаюся я.

А старшыні - нічога.

Як так - нічога? Чаму яго з пасады не зьнялі?

Чудак, - кажа мой калега, - ён-жа начальнік, сам зьнімае.

Ну?

Ды як-жа ён сам сябе зьніме?

А друпя, вышэйшыя?

А тыя таксама ня ведаюць.

А яшчэ вышэйшыя?

Таксама.

Я змоўк. Змоўк i мой правінцыяльны калега. Мы апусьціоі галовы i думалі: "чаму так пабудаваны сьвет, што начальству можна, а спэцу нельга, i чаму начальства змушае спэцаў рабіць тое, чаго само ня хоча..."

...Малайцы наркамземаўскія спэцы. Героі! Сёньня ў "Вэнгржэцкага" выпівалі. Колькі сьмеху было, калі пасьля другой чаркі перайшлі да абгаварэньня пытаньня дню: гэтай самай беларусізацыі. Сьмяяліся, аж жываты балелі. Адзін расказаў, як ён ужыў у нейкай адносіне адно беларускае слова i так лоўка, што ніхто ня мог разабраць адносіны. Другі хваліўся, што ён разлажыў на лапаткі аднаго беларускага шавіністага. З аднаго лёзунгу ўзяў такое беларускае слова, што той ніяк ня мог растлумачыць.

- Вось вам, кажа, беларуская мова, самі не разумеете.

А трэці, што быў у зялёнай шапцы са значком у ваколышку (відаць, лесавод), дык проста - Аляксандар Македонскі. Той сьмела, перад усёй кампаніяй заявіў: "А я так совсем отказался изучать эту мову".

Мы вушам сваім ня верылі. У лесавода i такая сьмеласьць. Мы з радасьцю прынялі гэту заяву i з энтузіязмам канстатавалі, што "не перавяліся яшчэ багатыры на сьвятой Русі"...

...Цыркулююць чуткі, што летам канчаюцца ўсе тэрміны беларусізацыі. Гэта, канешне, усе адны пустыя гутаркі. Але чорт яго ведае - часам гавораць, гавораць i нагавораць. Пагэтаму я сёньня ўзяўся за "Савецкую Беларусь" i чытаў яе ў парадку беларусізацыі цэлую гадзіну. Думаў, што галава разбаліцца, аж нічога. Наадварот, нават настрой узьняўся. Справа ў тым, што я вычытаў прыемныя навіны аб выніках экзамену па беларусізацыі Менскіх акруговых аддзелаў.

Красата, а ня вынікі. i ўсё нашы спэцы. Ніводзін ня хоча беларусізавацца. Усе працуюць на "общепонятном". Стойкія рабяты, люблю за гэта. А што наконт канчатковай беларусізацыі летам, дык зноў-жа абсурд. У Менскіх акруговых установах добра ведаюць беларускую мову толькі 4 прац. усіх работнікаў.

Гэта - за пяць гадоў беларусізацыі. Калі ў такой прагрэсіі будзе ісьці далей, дык усе 100 прац. будуць ведаць беларускую мову праз 125 гадоў. Во! А кажуць - летам канчаткова. Запужваюць, а нам ня страшна, патаму мы лічбамі апэрыруем...

...Сёньня гаварыў я з адным беларускім шавіністым. Стаіць, бядак, на рагу Ленінскай i Савецкай i плюецца.

З выпадку чаго плюяцеся? - пытаюся па-беларуску.

Чытайце, - кажа, - лёзунг.

Чытаю: "Больш актыўнасьці ў абгаварэньні працы свай час савету".

Хэ, хэ, - кажу,- па-беларуску-ж...

Па-беларуску... (Тут шавіністы моцна вылаяўся). За гэткае "па-беларуску" вешаць трэба.

Шавіністы патрос кулаком некуды ў паветра i пайшоў сьпяваючы: "сьмяюцца над намі"...

А я стаяў i сьмяяўся... Весела i сьмешна, калі беларускі шавіністы злуецца...

ТАВАРЫШ МЫТНІЦА

Такога "таварыша" шукала слуцкая пошта. Атрымала яна аднойчы пакет. Пакет як пакет. Самы звычайны. А на ім адрас: "Слуцак, Мытніца".

Доўга сапелі над пакетам паштавікі.

Што за трасца такая, Мытніца? Хто ведае Мытніцу? Ведаючых на пошце не знайшлося.

Куды-ж паслаць, урэшце, пакет? Рашылі перадаць пакет паштальёну:

Ён "соприкасается с массами", далжон ведаць. "Соприкасающийся с массами" таксама доўгі час круціў пакет у руках, узіраўся на яго, як на новыя вароты, i нарэшце сьцяміў:

Мытніца? - няйначай нехта прыезджы, бо дасюль такога ня чуваць было ў Слуцку.

I пайшоў па гораду шукаць прыежджага тав. Мытніцу. Абегаў горад, апытаў усіх слуцкіх старажылаў пра таварыша Мытніцу, - няма такога, дый годзе. Як у ваду кануў чалавек.

А мусіць быць, трасца на яго, - навошта-ж тады-б пісалі: "Слуцак, Мытніца"?

У першы дзень не знайшоў. На другі дзень ужо сёмы пот мяняў паштальён, шукаючы тав. Мытніцу, калі, на шчасьце, адзін добры чалавек параіў:

Наежджы, кажаш? Дык пры, брат, па ўстановах. Наежджыя - яны больш па ўстановах.

Пайшоў i па ўстановах. У адну сунуўся - няма Мытніцы, у другую - i ня было ніколі такога. I толькі ў трэцяй дабіўся толку.

Мытніца? Гэта-ж тое самае, што таможня,- растлумачылі. - Нясі ў таможню...

Разінуў рот паштавік ад зьдзіўленьня: шукаў чалавека, а знайшоў установу. Сплюнуў i вылаяўся:

Нясі, каб цябе зямля не насіла. Другі дзень ужо нясу i ніяк не данясу.

Хто вінаваты ў гэтым? Ня мытніца, разумеецца. Вінавата тут тое, што слуцкія паштавікі лічылі сябе загранічнымі.

Калі адчынілі на пошце курсы беларусазнаўства, то некаторыя ўзьнялі бузу:

Нашто нам беларуская мова, якая карысьць,- галаву забіваць толькі.

Больш салідныя экзэмпляры, зубры, так сказаць, канцылярскія, прабавалі i канкрэтна паставіць пытаньне адносна карысьці:

Раней нам давалі прыбавачку за вывучэньне якой-небудзь чужаземнай мовы. А цяпер дадуць ці не?

Напісалі яны аб гэтай прыбавачцы i заяву ў адпаведнае месца. I калі давалі на подпіс служачым, дык толькі стораж адмовіўся:

Я, кажа, i так граматны. А прыбаўкі вам усё роўна не дадуць.

Чаму не дадуць?

Ды не дадуць,- кажа.- Лепш i не таргуйцеся, бо ні капейкі не дадуць.

А раней давалi.

Ну, раней, можа, i давалi, а цяпер у Беларуci, кажуць, беларуская мова ўжо не чужаземная, i курс у гэтым пытаньні цьвёрды: "за чыім сталом сядзіш, таму i песьні пей".

А калі вам гэта не па носе, дык у вас ёсьць два выхады: ці вы асіліце бел ару скую мову, ці яна вас асіліць.

Не паслухаліся паштавікі стоража i заяву падалі.

Кажуць, што ім чамусь адмавілі ў прыбавачцы за вывучэньне беларускай мовы. Рэзалюцыя на заяве ясна гаварыла: "Отказать".

А шкада. Няхай-бы трохі людзі падвучыліся. I лісты, можа-б, хутчэй прыходзілі, мытніцу ведалі-б, ды наогул, можа-б трохі паразумнелі.

ТРАГЕДЫЯ ЧЫНОЎНІЦКАЙ ДУШЫ

За Грыгорыем Якавічам яго саслужыўцы пачалі прыкмячаць штось нясуразнае. Быў чалавек як чалавек i рантам - задумаўся. Прыйдзе ў аддзел, нават ня скажа звычайнага "здравствуйте" i сядзе моўчкі за стол. Адложа на шчотах костачку - i задумаецца, адложа другую - i падапрэ галаву рукой...

Нешта са Шпакам дзеецца,- шапталіся па куткох служачыя.

Няйначай, як растраціў,- казалі адны.

Не, факт, што закахаўся,- рашылі машыністкі.

Госпо... граждане,- тлумачыў стары чыноўнік,- гэта ўсё ад беларусізацыі!..

Нават старажыха i тая заўважыла штось ненармальнае:

Зьвіхнуліся наш Грыгоры Якавіч, - казала яна кур'еру. - То-та бацька, айцец благачынны, сьлёзак пральле.

Рашылі служачыя па-прыяцельску выпытаць у Грыгорыя Якавіча, што за навала такая навісла на яго сьветлай душы:

Ды вы адкрыйцеся, Грыгоры Якавіч, што вас мучае.

Але Грыгоры Якавіч не хацеў "адкрыцца":

Так, - кажа, - жывот нешта сапсуўся... Мусіць, ад ватрушак, што ўчора нанач зьеў.

А вы-б рыцыны выпілі з паўшклянкі - памагае, - раіў бухгалтар.

Самае лепшае, вы клізмачку пастаўце, абавязкова клізмачку, - угаворваў стары чыноўнік...

Так цягнулася тыдні два. Нарэшце Грыгоры Якавіч "адкрыўся" свайму найлепшаму прыяцелю i аднадумцу Акакію Павуку, таксама духоўнага званьня. Здарылася гэта зусім выпадкова. Грыгоры Шпак i Акакі Павук ішлі каля Спаса-Ефрасініеўскага сабору i толькі хацелі перажагнацца на сьвяты храм, аж тут з-за вугла - тыц нейкі беларус.

Цьфу, душу тваю ў ад, - вьілаяўся Шпак - i тут "яны". Перажагнацца спакойна не дадуць... Не, так далей ня можна. Іx штодня плодзіцца у сё больш i больш, а мы маучым...

Даволі! - урачыста выкрыкнуу Шпак i так моцна стукнуу нагой па таламу сьнегу, што аж брызгі паляцелі. - Я павяду!.. Я буду прадаужаць!..

І Грыгоры Якавіч Шпак, служачы акрфінаддзелу, стаў прадаўжаць вялікую справу, начатую Пшчолкам, справу вызваленьня праваслаўнай Полацкай Русі ад беларускага іга.

Марозная раніца. Сьнег назойліва скуліць пад палазамі i сваім скрыпам наганяе на сэрца нуду. У санях двое. Сьпераду, уціснуўшыся ў салому, скорчыўшыся ад холаду, прытуліўся возчык Сымон... Ззаду, на сядзеньні, схаваўшы галаву ў каўнер заячай шубы, асеў Грыгоры Якавіч, тав. Шпак.

Тав. Шпак едзе ў м. Вулу па службовай камандыроўцы i зараз абдумвае плян свайго выступленьня перад вульскімі масамі з мэтаю растлумачэньня ім сутнасьці беларускай мовы.

"Мова дрэнь, канешне, - думае Шпак, - але як аб гэтым сказаць. Сказаць, што яе няма, - ужо старо. Пшчолка аб гэтым сказаў, ды цяпер ніхто i не паверыць, сказаць, што "дубовый язык", - таксама ўжо гаварылі, "китайский язык"- таксама не адзін казаў. Што-ж бы такое надумаць?". Тав. Шпак думаў...

Між тым конь, перад выездам падкормлены аўсом, у гэтым месцы думак Шпака памахаў хвастом i...

Вось i "яны" так «а нас,- заварушылася ў галаве Шпака, - бяз сораму... Стой! Ёсьць! - выкрыкнуў раптам Шпак i аж падскочыў у санях. - Ёсьць! Ёсьць!.. Лашалўіны, конскага роду.

Фурман спалохаўся, стрымаў каня i рыхтаваўся ўжо выскачыць з саней.

- Ну, чаго стаў? - спахваціўся Шпак.- Паганяй жывотнае.

Конь крануўся, а тав. Шпак разьвіваў далей раптоўна ўскочыўшую ў яго галаву думку. "Так, так... конскага роду, лашадзіны язык... Так.,.".

Вульскі Нардом з выпадку прыезду прадстаўніка акруговага цэнтру быў перапоўнены да адказу. Усіх цікавіла, што скажа цэнтральная асоба.

Сход адчыніўся хутка. Насьпех пагаварылі аб тым, аб другім, i ўрэшце на сцэну выйшаў тав. Шпак. Зал я заціхла. Шпак паправіў каўнер пінжака, выцер хустачкай нос i пачаў "лекцыю".

- Грамадзяне! Нам трэба вырашыць, што такое беларуская мова наогул i адкуль яна пайшла як такавая. Гэта, грамадзяне, разумець трэба. Нельга так браць з наскоку: "мова", "язык". А што такое мова, адкуль яна пайшла, з каго? Вось аб чым гаварыць трэба. Напрыклад, беларусы. Вы думаеце, якога яны роду, адкуль яны пайшлі, ад Авеля? Не, мыляецеся, я, прадстаўнік з цэнтру, гавару вам: беларусы - конскага роду.

Грамадзяне пераглянуліся, некаторыя хіхікнулі, але слухалі далей: як-ніяк прадстаўнік з цэнтру.

А што знача конскага роду? - пытаўся Шпак.- А тое i знача, што i язык у ix лашадзіны.

Тут нехта з кута запусьціў у прамоўцу гнілым яблыкам, а на задніх лаўках хтось заіржаў: "І-го-го-го...".

Вось чуеце?..

Грамадзяне трохі здрэйфілі, а некаторыя да дзьвярэй паціснулі.

Так, грамадзяне, лашадзіны язык, ён-жа паходзе...

І-го-го-го, І-го-го-го, - разам зь некалькіх куткоў перапынілі прамоўцу, i ў яго пасыпаўся град агрызкаў, а нехта шмаргануў старой калёшай. У залі стала весела.

Бі яго, - крыкнуў хтось з грамады.

А тав. Шпак нічога ня чуў. Узбударажаны, чырвоны ад злосьці, ён, сьціснуўшы кулак, крычаў:

Лошадиный, лошадиный, несознательные лошади...

Грамада прыціхла. Неяк разам усе заўважылі, што, чалавек гавора ня ўсур'ёз i, разам з тым, з сур'ёзным відам...

Бедны, - дагадалася ўрэшце цётка Марцэля, - гэтаж ён звар'яцеў, а мы сьмяёмся.

- Я гэта яшчэ у дарозе заўважыў, - заявіў возчык Сбімон, - але не хацеў казаць, думаў, што на яго так сабе часам находзе.

Усім зрабілася нялоўка. Грамадзяне пачалі моўчкі разыходзіцца, а два крэпкія хлапцы трымалі Шпака за рукі, каб ён у прыпадку хваробы не пакалечыў сябе.

Зноў скрыпеў сьнег пад палазамі. Возчык Сымон вёз у горад тав. Шпака.

Грыгоры Якавіч прыціснуўся ў задку саней, панура схіліў галаву i мармытаў пасінеўшымі вуснамі: "Не зразумелі, не зразумелі - лошадзі, а я спадзяваўся... У-у-у лошадзі!"- крыкнуў ён са злосьці.

Возчык Сымон, як заўважыў, што яго яздок звар'яцеў на "конскім языку", стараўся папасьці хвораму ў тон i супакойваў.

А вы, таварыш начальнік, пачнеце з другога канца. Конь, вядома, жывёліна, у яе ёсьць i галава, i хвост. Вось з галавы ня выйшла, дык вы з хваста папрабуйце, можа што i выйдзе...

У горадзе вестка аб вар'яцтве Шпака маланкай абляцела ўсіх савслужачых. У акрфінаддзеле саслужыўцы зноў шкадавалі Грыгорыя Якавіча:

Бедны, яшчэ думаў к Вялікадню штаны новыя сшыць... Пашый цяпер...

I з чаго-б такое найшло на чалавека,- дзівіліся рахункаводы.

Гэта ў ix ад прыроды, - тлумачыла старажыха.

Вось яна, беларусізацыя, дзе сказваецца, - шаптаў стары чыноўнік.

Ва ўсім горадзе толькі адзін чалавек ведаў аб сапраўдным становішчы рэчаў. Гэты чалавек - Акакі Павук. Але ён маўчаў. I ў апошнія часы, кажуць, стаў i ён задумвацца... I хто знае, можа праз некаторы час i ён выступіць на зьмену Шпака за "великое дело вызволения Полоцкой Руси".

Хто ведае? Бо Полацкая душа багата пацёмкамі.

1927 год.


Успамінае Антон Шукелойць

Лявон Савёнак праходзіў па справе г. зв. Беларускага Нацыянальнага Цэнтру, працэс якога быў у 1933 г. А я з Заходняй Беларусі, значыць, бальшавікі прыйшлі да нас у 1939 г. Я працаваў у школьніцтве настаўнікам, арганізоўваў школы, школьным інспэктарам закончыў сваю кар'еру да 1941 г. I пра Савёнка да вайны я нічога ня ведаў.

Я пазнаёміўся зь Лявонам Савёнкам, прыйшоўшы ў Менск i добра адпачыўшы пасьля пабояў у турме. Гэта быў 1941 г., думаю, кастрычнік месяц.

Я прыйшоў ва Ўправу гораду, каб сустрэцца зь Вітаўтам Тумашам, старшынём Управы. Тумаш - мой калега па Віленскім унівэрсытэце. Ён быў вельмі заняты i адправіў мяне да Антона Адамовіча, які ў той час загадваў жыльлёвым аддзелам. Тагачасная Ўправа складалася зь людзей, якія першыя прыйшлі, каб упарадкаваць горад. Адным зь ix быў i Адамовіч. Хаця ён i пісьменьнік i журналіст, але ня было іншага кандыдата на загадчыка жыльлёвым аддзелам, i Тумаш прызначыў яго на гэтую пасаду. Але гэта было ўжо тады, калі Адамовіч меў намер увесь свой час аддаць журналістыцы - рэгулярна выпускаць менскую газэту.

Тумаш завёў мяне да Адамовіча, пазнаёміў. Адамовіч у час гутаркі запрасіў мяне застацца на параду беларускага актыву, якая мелася адбыцца ў ягоным пакоі. Ён сказаў, што трэба разгледзець сытуацыю, якая стварылася пры нямецкай акупацыі, i падумаць, што маем рабіць далей.

Я застаўся, пакуль ён канчаў сваю работу. Памяшканьне ягонай канцылярыі было даволі вялікае. Пачалі зьбірацца людзі на параду. Прыйшоў Усевалад Родзька, які i быў ініцыятарам гэтае парады, потым падышлі Лявоп Савёнак, Алесь Матусэвіч, Алесь Сянькевіч, Уладзімер Гуцька... Дарэчы, там быў яшчэ Іван Касяк - з такіх, больш ведамых... Словам, сабралася чалавек, можа, з дваццаць.

Вось там я i пазнаёміўся зь Лявонам Савёнкам. Як ён выглядаў? Моцна сіваваты, меў даўгаватыя валасы, такія характэрныя, як казалі, даўней эсэры насілі. Бадзёры, вясёлы.

Аб гэтай нарадзе я ўжо многа разоў гаварыў. Нарада была нелегальная. Ужо ішлі нямецкія пагромы. I мы прыпялі некалькі пастаноў: беларусізацыю ўстановаў гораду, школьніцтва, тэатру, адміністрацыі, цэркваў. I галоўнае было пастаноўленьне - арганізаваць Беларускую Незалежніцкую Партыю. Так што гэтая нарада i была пачаткам Беларускай Незалежніцкай Партыі, а першы сход яе адбыўся ў канцы 1942 г. у памяшканьні Юльяна Саковіча. Саковіч быў начальнікам паліцыі, але ў гэтым самым руху Беларускай Незалежніцкай Партыі быў ад самага пачатку i зьяўляўся адным зь яе ініцыятараў. Таксама, як Міхась Вітушка i Д.Касмовіч.

Тумаша на нарадзе ня было. Але ён аб ёй ведаў, таму што, калі нарада скончылася, ня помню хто сказаў:

- Цяпер, хлопцы, ідзем да Тумаша на абед. Вы ўсе запрошаныя.

I мы пайшлі. Тумаш, Вітушка i Касмовіч жылі тады ў адным доме - генэрала Паўлава, камандуючага Беларускай ваеннай акругі, якога потым бальшавікі расстралялі за нядбаласьць: ён "не дагледзеў" напад немцаў на Савецкі Саюз. Былі расстраляныя ён i ягоныя заступнікі, здаецца, цзлы штаб.

Пры абедзе нас было чалавек таксама, можа, дваццаць. Я там найбліжэй пазнаў Савёнка. Ён быў найболыцактыўны, падрабязна расказваў аб працэсе Беларускага Нацыянальнага Цэнтру i дэманстраваў кнігу, вынесеную з КГБ (тады НКВД), кнігу абвінавачаньняў, ці прысудаў Беларускаму Нацыянальнаму Цэнтру (БНЦ). Мы ўсе трымалі яе ў руках, разглядалі, гарталі старонкі.

Матар'ялы пра БНЦ былі знойдзеныя ў сховішчах Менскага ГПУ - каля 500 балонак - пад загалоўкам "Совершенно секретно. Обвинительное заключение по делу Белорусского Национального Центра". Гэта быў машынапіс, прыблізна фармату канцылярыйнай паперы, добра пераплецены, - у КГБ, ці НКВД, стараліся трымаць архівы ў парадку. Потым гэтая кніга прапала. Яна была перададзеная Р. Астроўскаму. Астроўскі быццам-бы даў яе свайму зяцю, доктару Мінкевічу, а той ці не забыўся вывезьці яе з Баранавічаў.

У кнізе пералічаныя ўсе ці, можа, калі ня ўсе, то бальшыня пакараных дзеячоў Беларускага Нацыянальнага Цэнтру. У асноўным, гэта дзеячы Заходняй Беларусі: С.Рак-Міхайлоўскі, П.Мятла i іншыя. Пасьля да працэсу былі далучаныя i ўсходнебеларускія дзеячы. Дарэчы, Савёнак быў у ліку тых падсудных (ix нямнога, некалькі асобаў), што ня прызналі абвінавачаньня. Астатнія - прызналіся, хаця такога Беларускага Нацыянальнага Цэнтру ў сапраўднасьці не існавала. Гэта была справа, поўнасьцю сфабрыкаваная Масквой. Чарговая, як i "Саюз Вызваленьня Беларусі" ў часы нацдэмаўшчыны, у 1930 г.

Пазьней многа гаварылася пра гэтую кнігу, па-рознаму называлі i па-рознаму тлумачылі яе зьнікненьне. Думаю, што артыкул Савёнка - найлепшая публікацыя пра Беларускі Нацыянальны Цэнтр i пра матар'ялы працэсу.

На прыгаданым абедзе многа было гаворкі i пра літаратуру, пра лёс пісьменьнікаў. Савёнак з гумарам расказваў свае фэльетоны, успамінаў пра лягернае жыцьцё.

Ён быў адным з тых вязьняў, што цяжка сядзеў. Тым, каго пасьля турмы адпраўлялі на пасяленьне, было лягчэй. А Савёнак адбываў пакараньне ў лягерах працы. Спачатку ён, здаецца, быў у Комі на л ясных работах. Потым, праўда, яго перавезьлі ў такое месца, дзе было значна лепей. Ён казаў, што там ім давалі зацірку, жытнюю зацірку, i яны ад той заціркі пасьля такога голаду, які раней мелі, паразьядаліся, казаў, о-о-о!

Некаторы час у Менску мы жылі з Савёнкам у адным раёне. I таму я зь ім часта ішоў дахаты, часта сустракаўся. Гэты раён недалёка ад Акадэміі навук, так званы Пушкінскі Пасёлак. Там былі ДОМІКІ для працаўнікоў друку. У адным з такіх домікаў я жыў 3 Алесем Матусэвічам, а ў другім такім-жа, толькі на другой вуліцы, жылі Савёнкі...

Набліжаліся Дзяды. Я за час, што жыў у Менску, аблазіў усе могілкі. Знайшоў i магілу Сьцяпана Булата. На Вайсковых могілках пахаваны Эдуард Самуйлёнак. Ягоная магіла недалёка ад царквы. Зь ім такое было няшчасьце: яго пахавалі ў добрым касьцюме, а магілу раскапалі, касьцюм забралі. I магіла ягоная была, як кратом нарытая, - неўпарадкаваная. I яшчэ адна магіла была - ці не Алеся Чарвякова? На гэтых магілах ня было ніякіх знакаў. А ў мяне ў музэі ляжалі дубовыя дылёўкі. i працаваў у музэі сталяр, які рамантаваў пабітыя ў час бамбёжкі вокны, наводзіў парадкі, бо музэй часта рабавалі i заўсёды дзьверы былі паламаныя. Карацей, у штаце музэю быў сталяр.

У мяне ўзьнікла думка паставіць крыжы на тых магілах. Алеж то ўсё былі камуністы. Савёнак кажа:

- Няважна, што камуністы. Па-першае, гэта хрышчоныя людзі; а па-другое, - беларускія патрыёты. У тых умовах, у якіх яны жылі, яны, магчыма, не маглі інакш сябе паказаць. Стаў крыжы.

I я паставіў крыжы...

Пасьля вайны мы спатыкаліся з Савёнкам на розных сходах, скажам, у час аднаўленьня Рады БНР. Ён быў радным з самага пачатку. Так што, калі я, напрыклад, прыехаў на той сход аднаўленьня дзейнасьці Рады БНР са свайго лягеру (які быў недалёка ад Аўсбургу, у зусім іншай частцы Баварыі) у Рэгенсбург, то якраз затрымаўся ў Савёнкаў. Савёнак быў першым рэдактарам "Бацькаўшчыны" ў Нямеччыне, у Остэргофэне.

У ЗША Савёнак рэдагаваў газэту "Беларус" ад самага пачатку, але я прыехаў у ЗША значна пазьней i мала што ведаю пра гэты час.

Лявон Савёнак - вельмі сьціплы чалавек, бясхітрасны, можна сказаць, просталінейны. Ня любіў улазіць у такія сытуацыі, дзе мог паказаць сябе. Таму аб ім так мала засталося зьвестак, нягледзячы на тое, што гэта быў моцны духовы чалавек, вельмі моцны.

Я-б не сказаў, што Савёнак быў актыўны тут, на эміграцыі. У яго няма такога багатага ліставаньня, як, напрыклад, у Юркі Віцьбіча. Да таго-ж у Нью-Ёрку ён ня так доўга й быў. Жылі яны спачатку ў такім літоўска-польскім раёне. I там ні ён, ні ягоная жонка асаблівай дзейнасьці не праяўлялі. У хуткім часе Савёнкі выехал i зь Нью-Ёрку, купілі малую фермачку курыную, i там ён ужо заставаўся. Аж да сьмерці. Зь людзьмі ён сустракаўся толькі ў час сьвяткаваньняў. Ці калі мы прыяжджалі да яго ў госьці. Раз на год я заўсёды езьдзіў да ix летам. Мне нават цяжка сказаць, з кім ён кантактаваў.

Як фэльетаніста Савёнка вельмі высока цанілі. Ягоным "Дзёньнікам", што ішоў у падвалах "Менскай газэты", зачытываліся. I на эміграцыі ён пісаў фэльетоны, апублікаваў некалькі артыкулаў. Дарэчы, i ў Менску ён ня толькі фэльетоны пісаў, у яго былі вельмі добрыя артыкулы на эканамічныя тэмы. Ясна, пад рознымі псэўданімамі ўсе. Пра ягоную даваенную кнігу, думаю, ня было шырока ведама. Ён у вогуле не належаў ні да "Маладняка", ні да "Ўзвышша". Ну, а ў пісьменьніцкім гурце ён быў. Гэта група, у якой быў Міхась Чарот, ягоны зямляк з Глыбоччыны, дарэчы. Яны разам вучыліся i былі ў вельмі блізкіх дачыненьнях.

Мне цяжка сказаць, чаму Савёнак не надрукаваў на эміграцыі кнігі, хаця так многа напісаў. Думаю, проста праз сваю сьціпласьць. Ён, як журналіст, вельмі моцны. Мне ведамы, напрыклад, такі факт. Сымон Кабыш (Кандыбовіч) быў загадчыкам галоўнай гандлёвай арганізацыі на тэрыторыі Беларусі. Адзін раз яму спатрэбіўся артыкул на эканамічную тэму. Ён кажа: "Знаеце што, хлопцы, сьвіньню вам цэлую дам за добры артыкул". (Гэта перад калядамі было ці што.) Тады сабралася рэдакцыя: сьвіньня - гэта-ж вялікая справа ў час вайны, i сталі рашаць, хто напіша артыкул. Даручылі Савёнку. Газэты зьмяшчалі ягоныя артыкулы на эканамічныя тэмы на першай старонцы. Так што Савёнак, як журналіст, вельмі таленавіты. I ня толькі фэльетаніст. Фэльетоны - гэта між іншым.

Савёнак, дарэчы, выратаваў Антона Адамовіча ў час вайны. Там, у рэдакцыі, быў такі звычай: а 12-й недзе гадзіне ўсе ішлі на абед у сталоўку. Яна была на вуліцы, якая па-старому называлася Камсамольская, а падчас акупацыі яе былі назвалі вуліцай Алеся Гаруна. Абед звычайна быў просты: зацірка, крупнік, яшчэ там нешта.

Я часта заходзіў у рэдакцыю. Аднойчы Савёнак падышоў да Адамовічавага стала папрасіць пяро. Адамовіч адчыніў шуфляду, глядзіць: там ляжыць бомба, міна. I па-расейску напісана: "Не трогать!". Адамовіч, як пабачыў, крыкнуў: "Уцякайце!". Мы ўсе выбеглі. Прыйшоў паліцыянт зь мясцовай паліцыі. Чорны, так званы. Ён узяў гэтую міну выносіць, вынес яе з будынку, i перад будынкам яна разарвалася. У руках паліцыянта. I яго разарвала. Паліцыянт той быў фольксдойч, менскі немец. Пасьля гэтага выпадку немцы загадалі Адамовічу неадкладна выехаць у Бэрлін. I ён на другі ці на трэці дзень выехаў. Хто міну падлажыў? Нічога няведама. Ці гэта была бальшавіцкая работа, ці нямецкая... Адамовіч ня быў карысны ні для адных, ні для другіх.

Прадмова, публікацыя тэкстаў i запіс успамінаў Лявона ЮРЭВІЧА.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX