У 805 г. Карл Вялікі заснаваў горад Магдэбург. Феадальнае гарадское права гэтага нямецкага горада атрымала назву Магдэбургскае права.
Магдэбургскае права было юрыдычным замацаваннем поспехаў гараджанаў у барацьбе з феадаламі за самастойнасць, надавала гораду права на самакіраванне i ўласны суд, права зямельнай уласнасці i вызваленне ад значнай часткі феадальных павіннасцяў. Шмат гарадоў усходняй Германіі (Гале, Дрэздэн i інш.), Усходняй Прусіі, Сілезіі, Чэхіі, Венгрыі, Польшчы, Беларусі, Літвы, Галіччыны перанялі Магдэбургскае права, дзе яго часам называлі нямецкім правам.
Яно мела ўніверсальны характар, г.зн. трактавала розныя віды праўных дачыненняў: дзейнасць гарадской улады, судоў, ix кампетэнцыю i парадак судовай практыкі, пытанні зямельнай уласнасці "ў межах горада", парушэнні валодання, закон рухомай маёмасці, вызначала пакаранні за розныя віды злачынстваў i г. д. Асаблівае месца займалі нормы, якія рэгулявалі гандаль i рамёствы, дзейнасць цэхаў i купецкіх гільдыяў, сістэму падаткаабкладання.
Магдэбургскае права склалася ў XIII ст. з розных крыніцаў. Гэта "Саксонскае Люстра", пастановы суду шафэнаў (суддзяў) Магдэбурга, прывілеі, дадзеныя архібіскупам Віхманам гарадскому патрыцыяту ў 1188 г. ды іншыя крыніцы. Сярод запісаў Магдэбургскага права найбольш вядомыя "Саксонская Гарадская Мяжа" i "Права, дадзенае шафэнамі г. Гёрліцу ў 1304 годзе", якія багата выкарыстоўвалі "Саксонскае Люстра" як праўную крыніцу.
Запісвалася феадальнае права з ініцыятывы царквы, а пазней i свецкіх уладаў. Першы тэматычны зборнік, у асноўным звычаёвых нормаў царкоўнага права з каментарамі, склаў каля 1140-г. у горадзе Балонні манах Грыцыян. "Дэкрэт Грыцыяна" паклаў пачатак сярэднявечнаму еўрапейскаму правазнаўству i зрабіў прыкметны ўплыў на развіццё права.
Каралі, князі i святарства пачалі даручаць укладанне праўных зборнікаў адукаваным i дасведчаным людзям, знаўцам права. Адным з ix быў аўтар "Саксонскага Люстра" Айке фон Рэнкаў. Звестак пра ягонае жыццё захавалася вельмі мала. Але дакладна можна сказаць, што Айке фон Рэнкаў чытаў i пісаў па-нямецку, валодаў лацінай, добра ведаў Біблію, быў знаёмы з кананічным правам i свецкімі законамі, царкоўнай i свецкай гісторыяй. Апроч таго, меў юрыдычны досвед i быў прызнаным правазнаўцам. На працягу 24 гадоў ён часта бываў у таварыстве ці атачэнні ўплывовых i вяльможных асобаў i сведчыў іхныя праўныя акты. Доўгі час Айке фон Рэнкаў быў на службе ў графа Хоера фон Фалькенштэйна. На ягоны загад Айке i запісаў "Саксонскае Люстра". Адбылося гэта паміж 1220 i 1235 гг. у замку Фалькенштэйн.
Яшчэ адзін збор - "Саксонская Гарадская Мяжа"- быў запісаны, верагодна, у 60-я гг. XIII ст. Да нас дайшло толькі выданне XV ст. "Гарадская Мяжа" была ўкладзеная ў форме навукі шафэнам i ратманам, як належыць судзіць, а гараджанам, як яны "павінны шукаць сваё права".
"Права, дадзенае шафэнамі г. Гёрліцу ў 1304 годзе", уяўляе сабой адзін з найбольш значных помнікаў Магдэбургскага права. Пастановы "Гёрліцкага права" вельмі разнастайныя. Тут мы знаходзім пастановы з "Саксонскага Люстра" пра структуру суду, судовую практыку, пра розныя ВІДЫ злачынстваў i пакаранняў, пастановы скіраваныя на ахову ўласніка i ўласнасці, якая часткова губляла феадальныя рысы i набывала больш выразныя характарыстыкі буржуазнай уласнасці; "Гёрліцкае права" трактавала маёмасныя, шлюбныя, сямейныя i спадчынныя дачыненні, якія фіксавалі залежнае i нераўнапраўнае становішча жанчын.
Асабліва цікавае для нас пытанне аб пашырэнні "Саксонскага Люстра" на Цэнтральную i Усходнюю Еўропу, дзе яно прыкметна паўплывала на мясцовае права. Напрыклад, у Польшчы з XIII ст. падобнасць шэрагу асноўных сацыяльна-эканамічных i палітычных умоваў феадалізму (у прыватнасці, узмацненне каланізацыі вялікіх незанятых земляў польскімі, нямецкімі i часткова фламандскімі сялянамі, а пасля i развіццё гарадоў) садзейнічала частковаму пранікненню нямецкага права, заснаванага ў значнай меры на "Саксонскім Люстры".
Гэтак, у сілезскім горадзе Брэслаў (цяперашні Ўроцлаў) з'яўляецца мясцовая апрацоўка "Саксонскага Люстра" ў форме "Брэслаўскага зямельнага права". Магдэбургскае гарадское права знаходзіць тут увасабленне ў выглядзе "Магдэбургска-Брэслаўскага сістэматычнага права шафэна". Брэслаў i Ноймаркт пашыраюць Магдэбургскае права далей у форме праўных паведамленняў. Да сярэдзіны XIV ст. Магдэбургскае i Брэслаўскае права атрымалі такія гарады, як Лігніц (1266 г.), Рацібор (1299), Швайдніц (1363), Намслаў (каля 1359) i Гайнаў (1333). Ноймаркцкае права ўжывалася ў гарадах Фіехаў (1214), Лёйбус (1249), Брыг, Трэбніц (1250).
"Ноймаркцкая праўная кніга" i "Лёвэнбэргская праўная кніга", створаныя ў пачатку XIV ст., уяўляюць сабой рэгіянальныя трактоўкі "Саксонскага Люстра". Пазней "Саксонскае Люстра" паўплывала на кнігу Нікалаўса Вурмана "Лігніцкі праўны зборнік" i "Глаўэрскую праўную кнігу". Апісанае там права - галоўнае палажэнне для многіх паселішчаў у Сілезіі.
Ад Сілезіі "Саксонскае Люстра" i Магдэбургскае гарадское права былі перанятыя Польшчай. У 1257 г. Магдэбургска-Брэслаўскае права атрымаў горад Кракаў. Адсюль "Саксонскае Люстра" i Магдэбургскае права пашыраюцца далей ва ўсходнім кірунку на Чырвоную Русь i паўночней - на Вялікую Польшчу. У Малой Польшчы i Галіччыне нямецкае права дзейнічала ў 650 паселеных пунктах, а ў Вялікай Польшчы ім карысталіся каля 150 гарад оў i сёлаў.
У ордэнскіх уладаннях прывілей на гарадское самакіраванне быў нададзены гарадам Торн (1231 г.) i Кульм (1232 г.). З Кульма Магдэбургскае гарадское права пашыраецца далей, у Мазовію. У Прыбалтыцы "Саксонскае Люстра" робіць праўны ўплыў на гарады Рыгу i Рэвель. Сфера дзеяння "Саксонскага Люстра" тут дакументуецца "Ліфляндскім Люстрам".
Шмат гарадоў Багеміі i Маравіі, размешчаных на поўначы гэтых абшараў, таксама мелі прывілеі на Магдэбургскае права. Яшчэ ў XIII ст. першым у Багеміі гэтае права атрымаў горад Ляйтмерыц (Літамерж). Сярод гарадоў Маравіі з Саксонска-Магдэбургскім правам асаблівую ролю адыгрываў Альмюц (Оламаўц). Прывілей 1352 г. абавязаў гарады Маравіі вырашаць праўныя пытанні ў Альмюцы. Амаль да гусіцкіх войнаў Магдэбургскім правам была надзеленая i Прага.
Найранняя згадка пра нямецкае права ў Славакіі знаходзіцца ў "Ціпсэр Вількюр" 1370 г. Адна з крыніцаў гэтай кнігі - "Саксонскае Люстра". У Вентрыі "Люстра" - крыніца для стварэння "Офэнэрскага гарадскога права".
Вяршыняй уплыву "Саксонскага Люстра" варта лічыць, верагодна, XVI ст., кал i сама гэтая назва ўжывалася ў пераносным сэнсе, азначаючы непарушны закон, які карыстаўся найвышэйшай сілай. Больш за тое, гэтым тэрмінам пачалі часам называць законы старажытных эпох. Гэтак Марцін Лютэр, пераклаўшы Біблію на нямецкую мову, пісаў: "Язычнікі не абавязаны павінавацца Майсею. Майсей пісаў Саксонскае Люстра толькі для гэбраяў".
Якія ж асноўныя ідэі змешчаныя ў "Саксонскім Люстры"? Найперш - прынцыповая адмова ўсялякай няволі, барацьба супраць клерыкалізму, усталяванне свецкай дзяржаўнай улады. Дзяржава, кароль (імператар) i вяльможы мусяць ліквідаваць раздробленасць i аб'яднаць Германію, спыніць міжусобіцы, клапаціцца пра дабрабыт народу i цвёрда выконваць усе патрабаванні права. Ba ўзаемадачыненнях людзей не толькі крэўных адно аднаму, але i феадалаў аднаго рангу ці сялянаў, манарха i яго падданых, уладара i васала, пана i селяніна i г.д. павінна цараваць справядлівасць, улучаючы нават абарону працоўным правам аплаты ягонай працы, дакладнае нармаванне i абмежаванне феадальных павіннасцяў i г.д. Кожны павінен мець права супраціўляцца несправядлівасцям i правапарушэнням аж да ўзброенай барацьбы супраць манарха, вяльможы, пана i Г.Д., якія парушаюць свой абавязак.
Не дзіва, што дэмакратычныя i рэвалюцыйныя рухі, напрыклад, падчас сялянскай вайны XVI ст. у Германіі i пазней, ідэалагічна абапіраліся на гэтыя ідэі "Саксонскага Люстра". Цікавыя ў "Саксонскім Люстры" палажэнні пра рэгуляванне маёмасных, сямейных, спадчынных ды іншых дачыненняў: судовая ці іншая абарона годнасці жанчыны, правоў жонкі, удавы, дзяцей; раўнапраўе славянаў i немцаў (сялянаў); правы падсуднага, які не размаўляў па-нямецку, на дапамогу перакладніка ў судзе; зазначаецца тэндэнцыя абмяжоўваць катаванні. Выклікаюць цікавасць правілы рацыянальнай гаспадарчай дзейнасці i яе аховы, якія тычацца земляробства, жывёлагадоўлі, будаўніцтва, здабычы карысных выкапняў, водакарыстання, дарог i дарожнага руху, выкарыстання прыродных багаццяў, запаведнікаў i г. д. Але, безумоўна, найбольш актуальна гучыць у "Саксонскім Люстры" заклік да ўсеагульнага міру, які адкрывае шлях да дабрыбыту народаў, справядлівасці i свабоды.
* * *
Праўная сістэма Вялікага Княства Літоўскага сталася вынікам сінтэзу праўных сістэмаў Беларусі, Літвы i Украіны, нормаў старажытнарускага права, праўных нормаў асобных княстваў. Безумоўна, яна складалася ва ўзаемасувязі з царкоўным правам - візантыйскім i рыма-каталіцкім - i правам суседніх дзяржаваў. Але пераважную частку земскага права, як лічыць Язэп Юхо, склалі нормы, выпрацаваныя заканадаўчай практыкай XV-XVI стст. пад уплывам эканамічных умоваў жыцця i барацьбы магнацкіх груповак.
У XIV-XVI стст. гарадам Вялікага Княства Літоўскага, Рускага i Жамойцкага вьщаваліся граматы (прывілеі), якія выводзілі гарады з-пад улады органаў мясцовай тэрытарыяльнай адміністрацыі i стваралі гарадскія органы на ўзор нямецкіх гарадоў, паводле Магдэбургскага права. Правадачыненні мяшчанаў між сабой, з іншымі пластамі насельніцтва i дзяржавай рэгуляваліся мясцовым звычаёвым правам, граматамі на Магдэбургскае права i праўнымі нормамі, змешчанымі ў іншых граматах, соймавых уставах i статутах, а таксама ў статутах цэхаў i брацтваў. Найстаражытныя нормы гарадскога права беларускіх гарадоў змешчаныя ў дамовах Полацка i Віцебска з Рыгай i земскіх прывілёях.
Вылучэнне гарадоў у самастойныя адміністрацыйныя адзінкі было зроблена спецыяльнымі прывілеямі, выдадзенымі гарадам: Вільні - у 1387 г., Берасцю - у 1390 г., Горадні - 1391 i 1496 гг., Слуцку - 1441 г., Полацку - 1498 г., Менску - 1499 г., Наваградку - 1511г., Слоніму 1531 г., Магілёву - 1577 г., Мазыру - 1577 г., Пінску 1581 г., Нясвіжу - 1586 г., Віцебску - 1597 г.
Паводле граматаў на Магдэбургскае (па-старабеларуску Майдэборскае, Майтборскае) права, мяшчане вызваляліся ад шэрагу феадальных павіннасцяў, якія раней неслі разам з сялянамі дадзенай зямлі ці воласці. Алроч таго, у гэтых граматах былі агульныя, характэрныя для гараджанаў некаторых гарадоў праўныя нормы.
Амаль кожны прывілей на Магдэбургскае права пачынаўся словамі:
"...Тым падданым места нашага... права Нямецкае, каторае майдэборскім названа ёсьць, даем i сім лістом нашым пазваляем на вечныя часы... Вызваляем тэж тых падданых нашых... ад праў земскіх Вялікага Княства Літоўскага i ад звычаяў паспалітых, каторыя права майдэборскага звыклі затрудніваці". "Тых мяшчан i ўсё паспольства, ужо ад тых часоў, выймуем... ад усіх судоў i моцы ваявод, стараст, намесьнікаў, судзей, такжа князей i баяр i ўсіх ураднікаў нашых Вялікага Княства Літоўскага... але есьлі зь ніх хто каму будзець чым вінават, маець ім справядлівасьць стаціся войтам ix i бурмістры i радцамі".
Вывучэнне грамат, выдадзеных гарадам на Магдэбургскае права, сведчыць аб увядзенні нямецкага права, але ў ix няма ніводнай нормы гэтага права, не пазначаецца, якімі нямецкімі кодэксамі або зборнікамі трэба карыстацца. Няма ў граматах нормаў крымінальнага, сялянскага, грамадзянскага, зямельнага права ды інш., адпаведна з якімі складваліся праўныя дачыненні ў гарадах i якімі кіраваліся ў сваёй дзейнасці гарадскія органы.
Гэта дазваляе зрабіць выснову, што сапраўднае нямецкае права ў гарадах Вялікага Княства Літоўскага ў XVI ст. насельніцтву не было вядомае i амаль не ўжывалася. Таму з невялікай агаворкай, лічыць Я.Юхо, варта згадзіцца з У. Антановічам, які пісаў, што ''Магдэбургскае права - у значэнні кодэксу законапалажэнняў - застаецца ў гарадах мёртваю літараю" i сам збор як саксонскіх законаў увогуле, гэтак i гарадскога Магдэбургскага кодэксу ў прыватнасці, гараджанам не былі вядомыя. Сапраўды, у гарадах Беларусі рэдка карысталіся "Саксонскім Люстрам", "Гарадскою Мяжою", хаця гэтыя зборнікі нямецкага права складалі аснову Магдэбургскага права.
Але варта мець на ўвазе, што, пачынаючы з другой палевы XVI ст., у гарадскіх магістратах Беларусі карысталіся працамі Барталамея Граіцкага, выдадзенымі ў Кракаве ў 1558-1567 гг., i Паўла Шчэрбіча, выдадзенымі ў Львове ў 1581 г. У гэтых працах на польскай мове выкладалася практыка ўжывання нормаў нямецкага права з улікам польскага гарадскога звычаёвага i пісанага права.
I ўсё ж кнігі Граіцкага i Шчэрбіча не сталіся грунтам, на якім сфармаваліся б правасвядомасць i правадачыненні насельніцтва беларускіх гарадоў, паколькі тут было добра вядомае сваё права, выкладзенае ў пісаных актах i мясцовых праўных звычаях. У асобных выпадках гэтыя кнігі выкарыстоўваліся як дапаможная крыніца дзейнага права, але толькі тады, калі іхныя палажэнні не супярэчылі нормам мясцовага права i правасвядомасці мясцовых вяльможаў. Меў рацыю С.Бяршадскі, які пісаў: "А паколькі сапраўдныя палажэнні Магдэбургскага права ў Літве не толькі ў XV ст., але нават i ў XVI ст. былі дрэнна вядомыя, дык суд паводле Магдэбургскага права быў, літаральна кажучы, судом паводле звычаевага права".
Раннія крыніцы нямецкага права, як "Саксонскае Люстра" i "Гарадская Мяжа", не выдаваліся па-беларуску. Выдадзеныя ж у Польшчы у 1535 г. Яспэрам на лацінскай мове, яны не маглі атрымаць распаўсюджання ў Вялікім Княстве Літоўскім i не трапілі ў Статут 1529 г. Не маглі апынуцца ў ім i нормы "Караліны", уведзеныя ў дзеянне ў Германіі ў 1532 г., i творы Граіцкага i Шчэрбіча. Разам з тым, усё гэта не выключае магчымасці выкарыстання ў праве Вялікага Княства Літоўскага навуковых дасягненняў i тэарэтычных абагульненняў права іншых дзяржаваў.
На падсхаве мясцовага права ладзіліся ўсе гаспадарча-эканамічныя i маёмасныя дачыненні, якія рэгуляваліся нормамі мясцовага пісьмовага i звычаёвага грамадзянскага, шлюбна-сямейнага i спадчыннага права.
Як слушна адзначыў З.Капыскі, гарадское самакіраванне i правы гараджанаў ва ўсходнееўрапейскіх гарадах склаліся яшчэ да з'яўлення Магдэбургскага права. "Калі магдэбургскія патрыцыі толькі збіраліся выкройваць з феадальнага права - "Саксонскага Люстра" - юрыдычнае адзенне свайму гораду, на берагах Заходняй Дзвіны i Дняпра - у Полацку i Кіеве даўно ўжо шумела старажытнарускае веча, правілі гарадамі "мужы, старшыны, тысяцкія, сотнікі, дзесятнікі", - пісаў Капыскі ў кнізе "Социально-политическое развитие городов Белоруссии в XVI - первой половине XVII в.".
У XVI-XVII стст. у гарадах Беларусі i Літвы не адбылося значных зменаў эканамічных дачыненняў. Таму i права заставалася ранейшым. Запазычанні з нямецкага (Магдэбургскага) права тычыліся пераважна адміністрацыйных дачыненняў i часткова крымінальна-працэсуальных нормаў, прыстасаваных да мясцовых умоваў i правасвядомасці гараджанаў.
З ХШ да канца XIV ст. нямецкае права пашырылася на некаторыя польскія абшары. У асобных з ix нямецкае права было першапачатна правам каланіяльным, пазней яно пашыралася шляхам засваення нямецкага права польскімі сёламі i і гарадамі.
Дараванне права з'яўлялася знакам асаблівай міласці ўладара. Дзеля яго ўвядзення патрабавалася грамата ці асобная на кожнае паселішча, ці агульная на цэлае выменне. Пазней землеўласнікі атрымалі ад князёў магчымасць уводзіць нямецкае права ў сёлах. Калі ж нямецкае права зрабілася звычайным у Польшчы, астатнія землеўласнікі i самі каралі сталі ўводзіць яго ў сваіх сёлах ужо без усялякай граматы праз эканамічныя пастановы. Так што назва "нямецкае права" сустракаецца ў актах толькі да другой паловы XVI ст., а пазней яно ўжо губляе сваё спецыяльнае імя, памяць аб ягоным паходжанні сціраецца. Права гэтае робіцца айчынным польскім правам. 3 гэтага часу па ўсёй Польшчы мы назіраем яго асноўныя прыкметы (інстытут солтыства, валочная гаспадарка з яе наступствамі i г.д.).
Што да Беларусі, дык нам невядомыя граматы на нямецкае права ў сёлах. Між тым існуе мноства пастановаў (над рознымі назвамі), праз якія землеўласнікі ўводзілі ў сваіх уладаннях парадкі нямецкага права. Узор гэтых парадкаў бачылі ў Польшчы, дзе яны зрабіліся да такой ступені звычайнымі i пашыранымі, што не патрабавалі спецыяльнага імя для свайго азначэння. У Вялікім Княстве Літоўскім дзеянне нямецкага права пачынаецца пасля Крэўскае ўніі з Польшчай 1385 г.
Гісторыя Саксонска-Магдэбургскага права на Украіне мае два перыяды: першы з XIV ст. па 1654 год i другі - з 1654 па 1834 г. Веды аб праве гарадоў на самакіраванне былі прынесеныя на Украіну нямецкімі перасяленцамі, якія ў XIII ст. з'явіліся ў Львове, Луцку i Уладзіміры. У Львове нямецкія гандляры стварылі сваё аб'яднанне i выбралі свайго старшыню - войта. Яму належала функцыя суду над гараджанамі з удзелам шафэнаў (суддзяў). Пазней была створаная рада. Гэтае гарадское аб'яднанне польскі кароль Казімір Вялікі надзяліў у 1356 г. прывілеем - гэта была першая грамата на Магдэбургскае права на ўкраінскіх землях. Надалей прывілеі на самакіраванне атрымалі Уладзімір (канец XV ст.), Кіеў (паміж 1494 i 1497 гг.), Луцк (1432), Дубна (1498), Роўна (канец XV ст.), Ляўкоў (1503), Перамышль (канец XV ст.), Квасаў (1513), Ковель (1518), Вышва (1548), Алыка (1564) i іншыя гарады. З 1444 г. у Львове знаходзіўся Вярхоўны суд для ўсіх гарадоў i сёлаў з Магдэбургскім правам у Галіччыне i на Падоллі. Пасля 1654 г., у сувязі з адыходам Левабярэжнай Украіны да Маскоўскай дзяржавы, тут узнікае збор гетмана Скарападскага, які аб'ядноўваў Статут Вялікага Княства Літоўскага, а таксама перакладзены на ўкраінскую мову зборнік права Граіцкага. Збор быў завершаны да 1721 г., аз 1730 г. уведзены для ўжывання ў судах. Але расейскімі ўладамі зацверджання яго не адбылося. Гэты зборнік пазней атрымаў назву "Право Малороссийское с книг "Статута", "Саксонского" и "Порядка" выписаное". У першай палове XVIII ст. узнікаюць іншыя зборнікі на грунце кніг Магдэбургскага права. Гэтак, паміж 1732 i 1735 гг. з'яўляецца кніга "Зерцало саксов" i "Право саксонское и магдебургское". Яна перадае змест "Саксонскага Люстра" адпаведна варыянту Нікалаўса Яскіра, змяшчае Магдэбургскае грамадзянскае права i права Кульмскае. Гэты збор правоў выкарыстоўваўся ў XIX ст. украінскімі судамі.
Можна назваць такі зборнік, як "Книга - порядок прав гражданских", якая мае мноства ўкраінскіх крыніц Магдэбургскага права. У 1734 г. выходзіць яшчэ адзін зборнік "Право, по которому судится малороссийский народ", крыніцамі якога былі Статут, традыцыйныя кнігі Магдэбургскага права, "Порядок" Барталамея Граіцкага, Хелмінскае права Кушэвіча, "Саксонскае Люстра". Апошнім звяном у гэтым ланцугу быу зборнік Маларасейскіх правоў ("Собрание Малороссийских прав") 1807 г. які, апроч шматлікіх вытрымак 3 Хелмінскага i Магдэбургскага права, меў 457 спасылак на "Саксонскае Люстра".
Юрыдычны аб'ём нямецкага права не абмяжоўваецца перабудовай гарадоў; яно паўплывала на сацыяльны побыт Польшчы, Беларусі, Літвы, Украіны, паслабіла княжацкую ўладу, пазбавіўшы яе значнай часткі фінансавых правоў i зацвердзіла пазычаныя з прыватнага права погляды на судовую адміністрацыйную ўладу, рашуча змяніла побыт вясковага насельніцтва, яго асабістыя i маёмасныя правы, стварыла новае паняцце пра горад i гарадскі стан.