Наваградская гара выразна бачна кожнаму, хто набліжаецца да горада: на 320 метраў узнімаецца яна над роўніцай мора і з'яўляецца адной з найвышэйшых гор на тэрыторыі сучаснай Беларускай ССР.
Паўночны, абрывісты схіл Наваградскай гары ў свой час выдатна адпавядаў абарончым мэтам, што і было выкарыстана пры пабудове Замка. Стромкі схіл рабіў замак непрыступным з поўначы, a з супрацьлеглага боку падножжа гары было перакапанае глыбокімі равамі і ўмацаванае валамі і агароджамі. Адзінае, што захавалася на замчышчы да нашых дзён - вядомыя па шматлікіх фотаздымках цёмна-чырвоныя руіны вежаў; ды добра, што хоць тое захавалася ад «замку на плячах Наваградскай гары», ці, паводле іншага Міцкевічавага вызначэння, ад «замку сталічнага Наваградак».
Менавіта выгляд гэтых руін сілкаваў паэтычную фантазію Адама Міцкевіча, калі пісаў ён сваю «Гражыну». I нездарма ў аўтарскіх заўвагах да паэмы, прысвечаных Наваградку і Замкавай гары, Міцкевіч пісаў: «Руіны замку і дагэтуль можна бачыць».
Наваградак - Новогрудок - Nowogrodek. Наваградак поруч з Полацкам, Туравам, Горадняй і Берасцем - адзін з найстарэйшых гарадоў Белай, ці, кажучы больш дакладна, Чорнай Русі; места, гістарычны пачатак якога губляецца ў змроку стагоддзяў. Некаторыя рускія летапісцы прыпісвалі факт заснавання горада Яраславу Мудраму, іншыя лічылі заснавальнікам Наваградка сына Уладзіміра Манамаха Яраполка.
Пры Міндоўгу Наваградак развіваўся ўжо як вялікакняжацкая сталіца. У гэты час Наваградскі замак перажывае некалькі нападаў з боку крыжакоў і татараў, але паспяхова бароніцца ад захопнікаў. Прыняўшы ў 1252 годзе з рук крыжакоў хрышчэнне ў рымска-каталіцкую веру, Міндоўг карануецца ў наваградскім замку на караля, прычым у акце каранацыі бярэ ўдзел і легат папы Інакенція IV. Каранацыя была надзвычай пышнаю, прысутнічалі на ёй біскупы, магістры ды іншыя крыжацкія дастойнікі. Неўзабаве, аднак, Міндоўг парывае з хрысціянствам. Пры карэліцкім гасцінцы, адразу за Наваградкам, ёсць пагорак, які здавён называюць Міндоўгавай гарой і дзе Міндоўг нібыта пахаваны.
Наступным князем наваградскім стаў сын Міндоўга Войшалк. Ен таксама прыняў хрышчэнне, аднак не каталіцкае, a праваслаўнае і, - рэч для гісторыкаў неверагодная,- прыбраўшыся ў манаскія строі, сышоў у манастыр. Тым, хто цікавіцца гісторыяй, раім прачытаць грунтоўны матэрыял аб Войшалку на старонках «Богословскмх Трудов» (т. 24) аўтарства Дзмітрыя Агіцкага.
Крыжакі між тым не спынялі рабіць падкопы і нападаць на княства, але Наваградак даваў таму рашучы адпор.
У 1314 годзе крыжакі паляць замак, a ў 1391 годзе крыжацкі магістр Конрад Валенрод нішчыць яго ўдругарадзь. І, урэшце, пасля смерці Гедыміна Наваградак пераходзіць ва ўладанне вялікага князя Вітаўта.
Усё сведчыць за тое, што менавіта з будаўнічай дзейнасцю Вітаўта і трэба звязваць архітэктуру рэшткаў замка і наогул ягоны кшталт і выгляд, які выявіўся ў выніку доследна-кансервацыйных работ на Замкавай гары ў сярэдзіне дваццатых гадоў. Работы тыя праводзіліся адначасна з насыпам мемарыяльнага Міцкевічавага кургана і былі фінансаваныя тагачаснай польскай Акруговай дырэкцыяй грамадскіх работ. Падчас кансервацыі рэшткі вежаў былі ўмацаваныя падпорамі (на жаль, сёння падпораў тых ужо няма і ёсць пагроза абвалу вежаў! Сігналізуем аб гэтым тым, хто займаецца аховай помнікаў).
Як засведчылі раскопкі, замкавы комплекс месціўся на чатырох пагорках, якія былі аддзелены адно ад другога глыбокімі равамі. Сам замак на вышыню 3-4 метраў быў збудаваны з каменю, a верхнюю частку меў цагляную. Камунікацыйныя зносіны паміж асобнымі часткамі комплексу ажыццяўляліся 3 дапамогаю развадных мастоў. Падобна на тое, што мелася толькі адна ўваходная вежа, a атачаў комплекс вастракол, які стаяў на краі абрывістай стромы.
На нутраной сцяне сярэдняй вежы захавалася спічастая ніша глыбінёй да 1,8 метра. Паводле легенды, пад гэтай нішай знаходзіўся падземны ход, які злучаў замак з Мірам ці нават з Нясвіжам, але раскопкі мясцовасці на глыбіню звыш 7 метраў паказалі, што лёху там не было.
Збудаваная з палёвага каменю ўваходная вежа была арганічна звязана з абарончым мурам і мела пераходную пройму шырынёй 160 см. Да проймы вялі цагляныя прыступкі, якія ў сваю чаргу трымаліся на каменным падмурку і якія меліся як ад боку дзядзінца, так і ад боку горада. Леваруч ад брамы, на вышыні чалавечага росту, захавалася таксама адтуліна ад кансольнай бэлькі. На тых бэльках некалі трымалася галерэя, да якой 3 зямлі вялі драўляныя ўсходкі.
Трэцяя, Кутняя вежа, была самай магутнай. Мела яна квадратны падмурак памерам 14х14 м і першай знікла з твару зямлі, абрынуўшыся ў выніку асядання грунту. Нарэшце, існавала яшчэ адна, чацвёртая вежа, якая стаяла на ўсходнім схіле гары, па-за межамі абарончых муроў, і прызначалася для аховы замкавага калодзежу. Лучыў яе з асноўнымі ўмацаваннямі каменны мур, у тоўшчы якога знаходзіўся адмысловы праход для вады.
Усяго, як сцвярджаюць даследчыкі, у замку было сем вежаў. Важнае значэнне ў абарончым комплексе замка адводзілася таксама і крапасным мурам. Муры мелі адпаведную вышыню і таўшчыню і з'яўляліся надзейнаю аховай разлеглага і ў гаспадарчым плане цалкам самазабяспечанага дзядзінца.
Цікавае адкрыццё чакала археолагаў-даследчыкаў наваградскай гары, пасля таго, як яны знялі на тэрыторыі дзядзінца слой друзу. Быў зняты друз уздоўж абарончага мура на глыбіню да 2 метраў, a таксама на глыбіню да 1,5 метра на тым месцы, дзе да 1850 года стаяў збудаваны ў XVII стагоддзі каталіцкі касцёл. Падчас тых раскопак былі выяўлены рэшткі нейкай пабудовы. Як высветлілася, гэта быў падмурак праваслаўнай цэркаўкі.
У 1973-1974 гг. рэшткі той царквы былі паўторна закансерваваныя калектывам ленінградскіх археолагаў пад кіраўніцтвам М. В. Малеўскай. Збудаваная ў першай палове XIV стагоддзя цэркаўка мела ў плане форму крыжа памерамі 12,2х13 м з адной апсідай і невялічкім, на захад скіраваным бабінцам. У другой палове XIV стагоддзя бажніца перабудоўвалася. Скляпенні ейныя былі ўмацаваныя чатырма слупамі; з паўночна-заходняга боку быў прыбудаваны алтар, a падлога была выкладзена цэглай. Магчыма, што бакавыя нефы і апсіда царквы мелі рабрыстыя скляпенні. Што ж тычыцца разбуранага ў 1850 годзе касцёла, ён стаяў на падмурку згаданай праваслаўнай царквы. Збудаваны ён быў у стылі барока, праўдападобна напрыканцы XVII стагоддзя. Апрача таго, раскопкі савецкіх археолагаў выявілі на тэрыторыі замкавага дзядзінца рэшткі гаспадарчых пабудоў, a таксама падмурак цікавай, квадратнай у плане, пабудовы, з цэнтральным слупам і нутранымі перагародкамі. Зацікаўленых у больш падрабязнай інфармацыі адсылаем да «Памятников монументального зодчества Белоруссии» А. А. Трусава (Мінск, 1988).
Цэркаўка XIV стагоддзя, рэшткі якой былі выяўлены на замкавым дзядзінцы, цікавая перш ад усяго тым, што яна - і аб тым сведчаць летапісныя крыніцы - была сведкаю векапомных гістарычных падзеяў.
Менавіта ў гэтай царкве па загадзе вялікага князя Вітаўта сабраўся ў 1415 годзе сабор праваслаўных епіскапаў, на якім быў абраны мітрапалітам Кіеўскім Рыгор Цамблак і тым самым быў пакладзены канец зверхніцтву маскоўскага мітрапаліта над Заходнярускаю царквою. Гэта дзякуючы яму, новаабранаму мітрапаліту, у Наваградку паўстаюць цэрквы ўсходняга абраду, пра якія ідзе гаворка ў грамаце караля Жыгімонта III. I менавіта ў гэтай, найперш праваслаўнай, a ў пазнейшых часах уніяцкай царкве, знаходзілася ікона Божай Маці, якую, насуперак некаторым аўтарытэтным думкам, дазволім сабе з'ыдэнтыфікаваць з той Маці Божай, да якой звяртаўся Паэт ва ўступе да «Пана Тадэвуша»: «Паненка... што горад замкавы бароніш Навагрудзкі з верным ягоным людам!» [1]
Праўда, мне тут могуць запярэчыць. Бо, па-першае, у XVIII стагоддзі, у часы дзяцінства Міцкевіча ў Наваградку мелася некалькі абразоў Маці Божай, якія былі акружаны ўсенародным шанаваннем. Асабліва шанаваўся абраз, які месціўся ў касцёле езуіцкім (далей будзем называць яго абразам езуіцка-наваградскім). Абраз той меў гучную славу з нагоды цудаў, якія каля яго адбываліся, і быў услаўлены ў шматлікіх хваласпевах, a таксама ў шматлікіх іканаграфічных копіях. Адзін з тых хваласпеваў выйшаў у Вільні ў 1673 годзе пад назваю «Новая абарона бядотнай айчыне 3 неба дадзеная ў абразе Цудадзейным Багародзіцы Панны Марыі з касцёла Наваградскага». Яшчэ адзін хваласпеў пабачыў свет у Вільні ў 1684 годзе і меў наступную назву: «Effigies miraculosae imaginis Deiparae Virginis, quae apud Patres Societatis lesu religiose colitur Novogrodeci».
I па-другое, сумлеў можа выклікаць і той факт, што калі смяротна хворага хлопчыка Адама прынеслі да Божай Маці, пасля чаго ён цудоўна ачуняў ад хваробы, замак даўно ўжо ляжаў у руінах, спалены ў 1710 годзе шведамі і вядома ж, даўно ўжо не існавала замкавай царквы, у якой знаходзілася цудадзейная ікона.
I сапраўды, нельга адмаўляць таго факту, што езуіцка-наваградская ікона існавала, як і таго, што яна карысталася ў вернікаў вялікай пашанотай, але бясспрэчны і той факт, што аўтар «Пана Тадэвуша» меў на ўвазе зусім не гэты абраз і не з ім звязваў сваё цудоўнае вяртанне да жыцця. Аргументам тут можа служыць аўтарская прыпіска да паэмы, у якой Паэт выразна назваў Маці Божую «Замкавай», што здымае ўсялякія сумлевы, бо абраз езуіцка-наваградскі да замку не меў аніякага дачынення. Ізноў жа зацікаўленых адсылаем да артыкула, які напісаў у «Наваградчыне Міцкевічаўскай» Вацлаў Баравы, палемізуючы з тэзаю кс. Вацлава Капуцына («Аб цудатворным абразе Маці Божай у Наваградку» у зборніку «Мемарыяльная кніга ва ўшанаванне сотых угодкаў ад дня нараджэння Адама Міцкевіча». Варшава, 1989 г.)
Адказваючы на другое пытанне, спяшаемся сцвердзіць, што хаця ў часіны, аб якіх ідзе гаворка, цэркаўкі на замку і не было, сама святая ікона на той час знаходзілася ва ўніяцкай бажніцы, a ў 1839 годзе была перанесена ў праваслаўную Барысаглебскую царкву і не страціла ў вачах вернікаў тоеснасці са старажытнай замкавай іконай Багародзіцы.
Аб тых душэўных прасвятленнях, якія зведалі вернікі, молячыся на ікону, апавядаецца і ў выдадзенай у 1817 годзе віленскімі Базыльянамі кантычцы: «Хваласпеў найсвяцейшай Панне Марыі, цудамі слыннай у абразе Наваградскім пад аховаю кс. Базыльянаў вякуючай».
Хваласпеў той занадта доўгі, каб яго цытаваць, аднак маем прапанаваць вашай увазе хоць невялічкі ўрывак (цытуем па кнізе кс. М. С. «Уніяцкая Божая Маці на чале Пана Тадэвуша», Львоў, 1898).
Найсвяцейшая Панна Навагрддская Дзева (...)
Славішся дабрадзействамі сваімі
Нікому не адмаўляеш у паратунку
He адмаўляй жа і нам у сваёй абароне
Калі ў замку тваім шукаем схову
З Цябе як з крыніцы дабрадзейства здароўе
чэрпае хворы (...)
Кожны, хто верыць, пры
Тваім абразе
Мае ўцеху...
Пішучы пра славуты абраз, цяжка не пагадзіцца з кс. М. С., асноўны вывад якога ў дадзеным пытанні наступны: «Цудоўная ікона, якая пакінула ў душы Паэта такі яскравы і непазбыўны ўспамін, знаходзілася не ў Вітаўтавай фары, і не ў касцёле айцоў Дамініканаў, і ні ў якім іншым лацінскім храме; месцілася яна ў царкве, якая напачатку была праваслаўнай, a пазней уніяцкай». I цалкам пераканаўча гучаць наступныя словы кс. М. С.: «Не вытрымлівае таксама крытыкі версія, згодна з якой абраз быў перанесены з замка да айцоў Езуітаў, a пазней да фары, і перш за ўсё таму, што паміж дзвюма канфесіямі, нават пасля іх аб'яднання, захоўваліся значныя адрозненні, і ніколі б уніяты лацінянам свайго слыннага абразу не аддалі 6, і да таго ж вершы з кантычак выразна паведамлялі: «Маці Божая, што была калісьці на замку, пад аховаю айцоў Базыльянаў заставалася ў іхняй царкве св. Барыса і Глеба».
Ці ёсць сёння ў Наваградку Барысаглебская царква і ці знайшлося ў ёй месца для ўвекавечанай Міцкевічам іконы Багародзіцы? Так, будынак царквы існуе, але ад 50-х гадоў гэта ўжо не царква, a гарадскі архіў. Што ж тычыцца іконы, дык яе там не было ўжо ў дваццатыя гады. У 1915 годзе, пад час адступлення расейскага войска, яна была вывезена ў глыб Расеі і далейшы яе лёс невядомы.
Дадамо таксама, што векапомная ікона была намаляваная на палатне, a не на дрэве. I калі даваць веры надпісу на царкоўна-славянскай мове, які быў зроблены ў больш познія часіны, абраз неаднойчы бласлаўляў войска на палёвых набажэнствах, a калі ў замку надарыўся пажар, быў перанесены ў царкву Барыса і Глеба «пресвитером церкви Пречистой Богородицы» Паўлам Крысковічам.
I хаця храм Барыса і Глеба - святых братоў, якія цаною ўласных жыццяў засведчылі сваю адданасць хрысціянскаму ідэалу, ужо даўно не служыць вернікам (адзіная дзейная царква св. Міколы месціцца ў колішнім касцёле францішканаў), ён і надалей прыцягвае ўвагу як гістарычны помнік. У сваім першапачатковым выглядзе царква была збудаваная князямі Астрожскімі на пачатку XVI стагоддзя. У XVII стагоддзі, стаўшы уніяцкай бажніцай, яна была перабудаваная і набыла гатычнае аблічча.
У 60-я гады падмурак царквы быў даследаваны археолагамі. Як высветлілася ў выніку раскопак, збудаваная ў XVI стагоддзі царква паўстала на месцы старажытнага храма, патронамі якой таксама былі святыя браты Барыс і Глеб. Сцены той старажытнай царквы былі складзены з плінфы і вапняковых квадратаў. 3 усходняга і заходняга боку да царквы былі прыбудаваныя бабінцы, a сярэдні і паўночны нефы мелі прыбудовы ў выглядзе галерэй і былі выкладзены маёлікавымі пліткамі. Час пабудовы старажытнай царквы можна акрэсліць другой паловай XII стагоддзя, г. зн. тым часам, калі «сталічны Наваградак» яшчэ быў пад уладаю ўдзельных рускіх князёў і не ўваходзіў у склад Вялікага княства Літоўскага.
Калі казаць пра наваградскія касцёлы, дык трэба адзначыць, што найбольш адчувальныя разбурэнні пад час антырэлігійнай кампаніі 50-х гадоў зведаў дамініканскі касцёл св. Міхала Арханёла на Рынку. Менавіта ў гэтым касцёле месцілася перанесеная пазней у музей памяткавая дошка з бронзавым бюстам Паэта, якая была ўсталяваная там у 1898 годзе дачкой паэта Марыяй Гурэцкай. Адзначым таксама, што побач 3 касцёлам Міхала Арханёла, у мурах кляштара, знаходзілася дамініканская школа-сямігодка, якую наведваў Міцкевіч.
На шчасце, не сталася ахвяраю ваяўнічага атэізму Вітаўтавая Фара і, кажучы словамі Міцкевіча, «вернаму люду» - жменьцы наваградскіх каталікоў служыць яна і да сёння. Носячы гістарычнае найменне Вітаўтавай Фары, касцёл Прэабражэння Гасподняга стаіць ля падножжа Наваградскай гары. Быў ён у свой час часткаю фартыфікацыйнай сістэмы, цэнтрам якой з'яўляўся замак. Гэта тут сямідзесяцігадовы Ягайла ажаніўся 7 лютага 1422 года з дачкой князя гальшанскага Зоф'яй, заснавальніцай дынастыі Ягелонаў. I па загаду Боскай волі, як аб тым напісана на памятнай дошцы ўласна тут, 12 лютага 1799 года, быў ахрышчаны Адам Бернард Міцкевіч, сын Мікалая і Барбары з Маеўскіх. Ахрысціў яго ксёндз Антоні Постлет, a хроснымі бацькамі былі Бернард Абуховіч і Анэля Узлоўская.
Рупескам вернікаў быў уратаваны таксама езуіцка-наваградскі абраз Маці Божай, які захоўваецца зараз у бакавой капліцы Вітаўтавай Фары. Адзначаючы гістарычную вартасць гэтай іконы, мусім аднак яшчэ раз сцвердзіць, што яе нельга атаесамляць са старажытнаю замкаваю іконай Багародзіцы, да якой звяртаўся ў сваіх паэтычных радках Адам Міцкевіч. У той жа час было 6 заўчасна сцвярджаць, што абраз гэты згубіўся назаўсёды - хто ведае, мо ён яшчэ і адшукаецца ў якім-небудзь схове...
Напрыканцы артыкула хацелася б падзяліцца сваёю радасцю ад убачанага ў Наваградку. Маю на ўвазе распачатыя работы па рэстаўрацыі касцёла св. Міхала, a таксама аднаўленчыя работы ў доме-музеі Паэта, якія вядуцца польскім «Будімэксам» па пагадненню з Міністэрствам культуры БССР і Беларускім фондам культуры. У выніку гэтых работ дом і акаляючы яго падворак будуць выглядаць так, як яны выглядалі пры жыцці Паэта.
Пераклад з польскай В. МУДРОВА
[1] Пераклад Бр. Тарашкевіча.