Папярэдняя старонка: Артыкулы

Кісялеў Г. Постаці 


Аўтар: Кісялеў Генадзь,
Дадана: 11-03-2013,
Крыніца: Кісялеў Генадзь. Постаці // Спадчына №5-1992. С. 97-103.; №6-1992. С. 88-95.



Францішак Рысінскі - паэт i памешчык

№5-1992. С. 97-103.

у 1843 г. на Віцебшчыне пабываў Рамуальд Падбярэскі, які занатаваў свае ўражанні ад творчасці папулярнага мясцовага паэта. Вось што ён сказаў: «Францішак Рысінскі, аўтар мноства напісаных з нагоды i лёгкіх вершыкаў, лёгкіх, вясёлых, дасціпных, у якіх звяртае ўвагу i міжвольна прымушве задумацца філасофская, часам знянацку кінутая думка, заснаваная на глыбокім веданні свету i людзей, выяўляе i рэдкі талент, i розум, падтрыманы навукай i роздумам». З напісанага тады артыкула Падбярэскага «Беларусь i Ян Баршчэўскі» відаць, што Рысінскі быў мясцовым памешчыкам i чыноўнікам, служыў апошнім часам старшынёй губернскай палаты цывільнага суда ў Віцебску. Падбярэскі дапускаў, што паэт паходзіў з Украіны. Наўрад ці. Хутчэй за ўсё гэта старадаўні беларускі род, прозвішча якога паходзіць ад вёскі Рысін былой Віцебскай губерні (цяпер Себежскі раён Пскоўскай вобласці; адсюль i вядомы паэт-лацініст, збіральнік прыказак XVI - XVII стст. Саламон Рысінскі). Публікуючы некаторыя вершы Рысінскага ў другім томе «Рочніка літэрацкага» (1844), Падбярэскі адзначыў, што аўтар памёр дзесятак з лішнім (кіlkunaście) гадоў назад, таму ўмоўную дату яго смерці можна вызначаць каля 1830 г. Вось у асноўным i ўсё, што было вядома пра жыццё Францішка Рысінскага. Новых біяграфічных звестак не паведамляецца i ў «ЭнцыклапедыІ літаратуры i мастацтва Беларусі», дзе пра Рысінскага ёсць невялікі артыкул У. Мархеля. У другім выпуску гісторыка-літаратурнага зборніка «Шляхам гадоў» У. Мархель надрукаваў пераклад даволі тыповага для Рысінскага верша «Роздум пасля страты закладзенага маёнтка» i дадаў ва ўступнай нататцы пра яго аўтара: «Не рабілася ніякай спробы адказаць на пытанне, а чаму ў пачатку XIX стагоддзя надзвычайную папулярнасць на Віцебшчыне мелі іранічнафіласофскія творы Францішка Рысінскага (канец XVIII ст.- не пазней 1830 г.), старшыні цывільнага суда ў Віцебску, які пісаў на польскай, беларускай і, можа, на рускай мове...» Адным словам, i ў жыцці, i ў творчасці Рысінскага шмат пытальнікаў.

Таму мне падаліся вартымі ўвагі кароткія звесткі, прыведзеныя ў справе канцылярыі Полацкага намесніцтва 1783 г. аб службе мясцовых чыноўнікаў (ЦДГА ў Мінску, ф. 2567, воп. 1, спр. 65). Згадваецца там i наш Рысінскі. Аказваецца, яму было тады 34 гады. Выходзіць, нарадзіўся ён у 1749 г. Такім чынам, перад намі чалавек, які сфармаваўся i пражыў значную частку жыцця яшчэ ў XVIII ст. Калі ўсходняя частка Беларусі была далучана да Расіі, ён увайшоў ужо ў пару маладосці. У 1778 г. утварылася Полацкае намесніцтва, узнікла мноства новых установаў, i Рысінскі атрымаў у Полацку месца засядацеля ад дваранства ў Другім дэпартаменце Верхняга земскага суда, потым быў абраны дваранскім засядацелем у Полацкі совесны суд, з 1780 г. ён надворны саветнік (гэта немалы чын). Друкаваны агульнарасійскі «Месяцеслов» на 1796 г. паведамляе, што калежскі саветнік (новая прыступка ў кар'еры) Франц Пятровіч Рысінскі быў на той час старшынёй таго самага дэпартамента Верхняга земскага суда, у якім пачынаў некалі службу засядацелем.

Як відаць, яго кар'ера складвалася даволі паспяхова. Гэтаму садзейнічала тое, што Рысінскі належаў да асяроддзя досыць багатых памешчыкаў. У той жа справе 1783 г. паведамлялася, што ў яго былі маёнткі ў Віцебскім i Полацкім наветах. На жаль, назвы ix не прыводзіЛІСЯ, называецца толькі колькасць сялянаў у валоданні памешчыка: у Віцебскім павеце прыгонных 268 душ (відаць, мужчынскага полу), у старостве (у часовым валоданні) 39, у Полацкім павеце 748 прыгонных, у Вяліжскім старостве ажно 1162 душы. У спісе памешчыкаў Віцебскага павету, апублікаваным у цікавым краязнаўчым зборніку «Віцебшчына» (т. 2, 1928), адзначана, што Франц Пятровіч Рысінскі меў маёнткі Паўцаво, Казімерава i іншыя (назвы не падаюцца), усяго 12 вёсак. У 1772 г. за ім па павеце лічылася 518 душ абодвух полаў, праз дзесяць гадоў - 540. Мабыць, ён не вылучаўся з масы памешчыкаў асаблівым лібералізмам у адносінах да сялянаў. У кожным разе ў кнізе М. Клачкова «Очерки правительственной деятельности времен Павла I» (Пг., 1916) адзначана незадавальненне сялянаў памешчыкам Беларускай губерні (утворана Ў 1797 г. з Полацкага i Магілеўскага намесніцтваў) калежскім саветнікам Рысінскім. Сяляне прыслалі нават у Пецярбург хадакоў са скаргамі на свайго памешчыка «в отягощении их несносными работами и налогами». Перад намі постаць супярэчлівая, дваістая: таленавіты вастраслоў, які дасціпна высмейваў агульначалавечыя заганы i слабасці, i сын свайго часу, які не толькі не саромеўся прыгонніцтва, але, па ўсім відаць, лічыў яго нармальнай з'явай i выціскаў з бедных паднявольных мужыкоў усё, што толькі можна.

Францішак Рысінскі пісаў пераважна на польскай мове, але ёсць падставы думаць, што ён не грэбаваў i беларускай. Вядома, што яго творчасцю цікавіўся ксёндз-місіянер i вялікі кнігалюб Антон Карніловіч (1805-1856). У свой час Адам Мальдзіс прывёў наступны цікавы для нас фрагмент з артыкула пра Карніловіча ў «Польскім біяграфічным слоўніку»: А. Карніловіч «цікавіўся таксама беларускай паэзіяй, асабліва паэтам Францішкам Русінскім [!], вершы якога збіраў i меркаваў выдаць». Як бачым, наш Рысінскі, магчыма, праз памылку друку, трансфармаваўся тут у Русінскага. Не выключена, што мы ўвогуле маем справу з крыху перайначанымі звесткамі, якія ідуць яшчэ ад Падбярэскага, але, хто ведае, можа, рэдакцыя «Слоўніка» мела i якія дадатковыя матэрыялы.

У. Мархель звязвае з Ф. Рысінскім аўтарства вядомых макаранічных беларуска-польскіх мініятур «Плач пакінутага каханай» і «За пенкнай паненкай аж душа сумуе...». Сваіх аргументаў даследчык не раскрывае. Хутчэй за ўсё гэта чыста інтуітыўнае меркаванне. Між тым пытанне мае сваю цікавую гісторыю, адносна паходжання гэтых твораў выказваліся самыя розныя погляды. Як вядома, яны апублікаваны А. Рыпінскім паўтара стагоддзя назад у кнізе «Беларусь» (1840). У «Хрэстаматыі беларускай літаратуры XIX стагоддзя» (1971) яны падаюцца як уласныя творы А. Рыпінскага. Праўда, у другім выданні хрэстаматыі (1988) у каментарыях з'явілася істотная агаворка ca спасылкай на адзін з артыкулаў Р. Зямкевіча, што «Плач пакінутага каханай», магчыма, належыць Яну Аношку, а «За пенкнай паненкай...» напісана невядомым аўтарам з Дзісеншчыны не пазней 1820 г.

Нядаўна ў другім выпуску зборніка «Шляхам гадоў» Я. Янушкевіч апублікаваў варыянт «Плачу...» пад назвай «Канкурэнцыя пэўнага гайдука да прачкі». Верш выяўлены даследчыкам у рукапісным зборніку XVIII ст., які захоўваецца ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве. Гэтая знаходка яшчэ раз даводзіць, што аўтарам верша не мог быць Аляксандр Рыпінскі. Не мог па ўзросце, бо нарадзіўся ў 1811 г., калі верш ужо добра ведалі ва ўсіх кутках Беларусі. Што да аўтарства Францішка Рысінскага (храналагічна цалкам магчымага) i меркаванняў Зямкевіча, то тут патрэбныя дадатковыя карпатлівыя росшукі.

Падзорная труба Эміліі Плятар

Нашы даследчыкі (А. Мальдзіс, Г. Каханоўскі) пісалі пра беларускую фалькларыстку, легендарную гераіню паўстання 1831 г. Эмілію Плятар (1806- 1831), пра яе незвычайны, яскравы лёс.

Паходзіла яна са старадаўняга графскага роду, які меў маёнткі і сваяцкія сувязі на сумежжы Беларусі, Латвіі i Літвы. На тагачасных картах гэта Віцебская і Віленская губерні. Паводле ўспамінаў віцябляніна М. Маркса, у другой палове 20-х гг. Эмілія не адзін раз прыязджала ў Віцебск, бывала ў ix доме, сябравала з ягонай маці. Марксы былі вельмі сціплымі, небагатымі гараджанамі. I для магнацкай дачкі сяброўства з Марксамі вельмі паказальная рыса. Эмілія наогул вылучалася выключным нарадалюбствам. Смела спускалася з наканаваных ёй самім паходжаннем арыстакратычных нябёсаў на грэшную зямлю горкіх рэаліяў. М. Маркс, які сам надзвычай цікавіўся беларускай культурай, ставіў Эмілію Плятар у першы рад культурных дзеячоў на занядбанай ніве нашага народу, лічыў яе як бы прадвесніцай беларускага Адраджэння XIX ст. У сваіх успамінах ён з пашанай i здзіўленнем раздумваў пра таямнічую духоўную повязь, якая ўзнікла раптам паміж спадчынніцай пыхлівых арыстакратаў i гаротным народам. Самым верным компасам для Эміліі было яе чуйнае сэрца. Дык вось сведчанне-роздум Маркса (прыводжу дакладны пераклад паводле першакрыніцы): «Першая яна, - бадай, я не памыляюся, - з запалам, уласцівым чулым i высакародным сэрцам, аддалася душою беларускаму люду, вывучала яго бяду i спачувала ёй, стараючыся па магчымасці аблегчыць яе; збірала i спявала яго песні, шчодра плаціла за ix дастаўку i спрабавала пяро ў ix наследаванні. На фартэп'яна яна ўмела найвыразней перадаць i зухаватасць, i тугу народных матываў, i нават тэмбр сапрана-жалейкі i баса-дуды». Віртуозна валодала Эмілія жанрам галашэнняў, захаплялася беларускай харэаграфіяй, па-майстэрску танцавала народныя танцы, надзвычай любіла «Лепятуху». Асабліва цікавае для нас паведамленне пра тое, што Эмілія сама спрабавала пісаць па-беларуску (не толькі збірала народныя творы, але «спрабавала пяро ў ix наследаванні»). Выходзіць, гэта ці не першая наша паэтка. Гэтым ды i ўсім сваім энергічным характарам i тэмпераментам яна надзвычай нагадвае Цётку - Алаізу Пашкевіч. Як i Цётка, Эмілія Плятар не стаяла ў баку ад вызваленчага руху. Наадварот - смела ішла насустрач жыццёвым i палітычным бурам. Калі пачалося паўстанне 1831 г., адважная дзяўчына кінула ўсё - багацце, прывольнае жыццё, хуценька арганізавала паўстанцкі атрад у паўночна-ўсходняй Літве, сумежнай з Беларуссю, удзельнічала ў многіх бітвах.

Ігнат Дамейка, паўстанец, знакаміты філамат, сябра Міцкевіча i Чачота, убачыў яе ўпершыню, калі яна са сваім атрадам далучылася ў Троцкім павеце да корпуса генерала Хлапоўскага. Як, мабыць, i іншым, незвычайная дзяўчына-паўстанка добра ўрэзалася яму ў памяць. Вось яго апісанне: «Плятаранцы можна было даць не болей 24 гадоў. Невялічкая ростам, бледная, не прыгажуня, але з акруглым, прыемным, сімпатычным тварам, блакітнымі вачыма, стройнага, хоць i не моцнага складу. Была паважная, хутчэй суровая, чым свойская ў абыходжанні, малагаваркая i поглядам нібыта патрабавала да сябе належных адносін i прыстойнасці. Дый ніхто ў лагеры не дазволіў у яе прысутнасці кінуць якое недарэчнае слова, жарт або паграшыць у ветлівым абыходжанні. На ёй быў шарачковы сурдут з чырвоным каўняром, а каля шыі карункавы каўнерык, што вельмі ёй пасавала. Невялікі мужчынскі ківер на галаве, валасы падрэзаны, шырокія да зямлі шаравары, на поясе кінжал i невялікая шабля, сярэбраныя шпоры на боціках. Сціплая, без усякай ненатуральнай прэтэнзіі, зграбна трымалася на кані...»

Ішла вайна, i ў Эміліі, як бачым, з'явіліся новыя рысы стрыманасці, яна ўжо не кідалася, як колісь, танцаваць «Лепятуху». Яе прызналі. Нечуваная рэч - маладая жанчына была афіцыйна пастаўлена над бывалымі салдатамі, прызначана ганаровым камандзірвм 1-й роты 25-га лінейнага палка паўстанцкай арміі, атрымала званне капітана. На жаль, яе яскравае жыццё вельмі рана абарвалася. Знясіленая няспыннымі паходамі, нялёгкімі i для мужчын, яна цяжка захварэла i памерла ў снежні 1831 г., як бы сімвалізуючы сваёй смерцю i канец усяму паўстанню. Яе імя ўвайшло ў легенды, па свежых слядах яна апетая ў вядомым вершы А. Міцкевіча «Смерць палкоўніка» (як бачым, узнёслы паэт ад душы павысіў яе рангам), у шматлікіх творах іншых польскіх пісьменнікаў. У яе гонар названа адна з цэнтральных вуліц Варшавы.

Першую паэтку-гераіню ўспомніла-заўважыла сучасная беларуская муза (праз вякі-дзесяцігоддзі адбылася нібы зваротная сувязь). Свой верш Эміліі прысвяціла наша паэтка Валянціна Аколава. Вобраз Плятар збліжаецца тут з гераічным вобразам Каліноўскага:

Паўстанка піша вершы пры свячы:
У плачах-галашэннях боль народа.
О, як табе, сястра, дапамагчы,
Калі ты з веку Каліноўскіх родам?
Паўстанка піша вершы пры свячы.
Спіць маладзік на хвалях сініх Нёмна.
I Беларусь прыгонная ўначы
У белай світцы шлях праходзіць цёмны.

У эпіграфе сумна-інтрыгуючая інфармацыя: «...Ад яе твораў, на жаль, да нашчадкаў дайшлі толькі радкі...» У часопісным варыянце нават удакладнялася - «два радкі». Гэтыя радкі, паводле тых жа ўспамінаў М. Маркса, прывёў у свой час А. Мальдзіс у кнізе «Таямніцы старажытных сховішчаў».

А ці ўсё намі зроблена, каб адшукаць рукапісную спадчыну паэткі-змагаркі, дакументальна прасачыць лёс яе рукапісаў i кніг? Законнае пытанне.

Так або інакш мяне не маглі не зацікавіць архіўныя дакументы аб ёй, што трапляюцца час ад часу ў мінскім гістарычным архіве.

У 1833 г. разбітыя паўстанцы, як вядома, зрабілі спробу вярнуцца з-за мяжы ў Польшчу, Літву, на Беларусь, каб зноўку ўзняць сцяг паўстання супраць царызму (успомнім знакамітыя справы Заліўскага, Валовіча, жыццёвыя перыпетыі нашага земляка скульптара Генрыха Дмахоўскага). Тады ў перапісцы прадстаўнікоў царскай адміністрацыі зноў мільганула імя нашай гераіні (бо не ўсе ведалі яшчэ толкам пра яе лёс, улады па-ранейшаму лічылі яе небяспечнай). У жніўні таго ж 1833 г. віленскі генерал-губернатар князь Далгарукаў паведаміў свайму калегу ў Віцебску князю Хаванскаму чутку, нібыта Эмілія Плятар, жывая i здаровенькая, тайна прывезена з-за мяжы ў маёнтак графа Плятара на Ковеншчыне - Талюны. Казалі, што прывёз яе ў сваім экіпажы хітрамудры графскі ўпраўляючы дваранін Мінхгаўзен. Нягледзячы на пэўную літаратурнасць прозвішча, высветлілася, што такі ўпраўляючы сапраўды ёсць, але прывёз ён усяго толькi зямлячку Эміліі, юную дачку нейкага двараніна Нямчынскага з Дынабургскага павету. Адносна ж лесу нашай гераіні той жа Далгарукаў паведаміў сабраныя звесткі, што да ўзяцця Варшавы (8.9.1831) яна знаходзілася ў раёне Сейненскага абвода (акругі) «в разных местах у помещиков под названием Щавинской и потом в деревне Юстиново у г. Абломовича, будучи больна, объявила перед кончиною настоящее имя и умерла» (ф. 1297, воп. 1, спр. 6873).

Перапіска аб ёй вялася віцебскімі ўстановамі i пасля не адзін дзесятак гадоў, бо царскія ўлады старанна расшуквалі яе маёмасць для канфіскацыі i перадачы ў казну. Гартаем справу Віцебскага губернскага праўлення 1849-1850 гг. «О уроженцах здешней губернии, прикосновенных к б. Польскому мятежу» (ф. 1416, воп. 1, спр. 821). На адпаведнае запытанне шэфа жандараў з Пецярбурга адзін з чыноўнікаў-столаначальнікаў губернскага праўлення паведаміў:

«Из имеющихся в 3 столе 1 отделения дел видно, что из уроженцев Витебской губернии оказались прикосновенными к бывшему Польскому Мятежу следующие лица: дочь графа Ксаверия Платера девица Эмилия Платер, унтер-офицер Александр Зброжко, граф Людвиг Платер и помещик Казимир Корсак, из коих лиц Эмилия Платер (умершая) за участие в мятеже по постановлению Виленского губернского правления, состоявшемуся в 24 день октября 1835 года, утвержденному виленским военным губернатором генерал-адъютантом князем Долгоруким, причислена ко второму разряду государственных преступников, а принадлежащие ей всякого рода имения и денежные капиталы конфисковать в казну, о которых производится в настоящее время в правлении переписка, самого же наказания для девицы Платер не определено, ибо до вынесения о ней приговора умерла...»

Справа «Об имуществе мятежницы помещицы Емилии Платер и о притязании на него Дионисия Молля, дяди мятежницы, в пользу его детей» (воп. 2, спр. 8983) цягнулася з 1839 да 1849 г.

З яе дакументаў даведваемся, што Эміліна маці Ганна паходзіла ca знатнага роду Моляў, памерла яшчэ напярэдадні паўстання. Бацька Ксавэры Плятар памёр у 1840-х гг. Бацькі увесь час паміж сабой не ладзілі i жылі асобна. Гэта давала Эміліі пэўную свабоду. Блізкімі для Эміліі людзьмі, калі браць прынамсі чыста сваяцкія адносіны, быў дзядзька Дыянізі Моль, уладальнік маёнткаў Падгур'е i Літоўнікі ў Дынабургскім павеце Віцебскай губерні i Імброды ў Новааляксандраўскім павеце Ковенскай (да 1843 г. Віленскай) губерні, а таксама ўладальніца маёнтка Антузава ў тым жа Новааляксандраўскім павеце графіня Плятар.

Маёмасныя справы вельмі заблытаныя. З дакументаў можна зразумець, што частка Літоўнікаў - праз маці - лічылася Эмілінай спадчынай, i на гэтую долю прэтэндавала казна. Да таго ж дзядзька Дыянізі ўзяў на захаванне частку асабістай маёмасці бунтаркі-пляменніцы. Асабліва нас цікавяць цяпер кнігі i рукапісы, што належалі Эміліі, усе тыя рэчы, якія дапамагаюць узнавіць духоўнае аблічча гераіні. У справе гаворыцца: «...помянутой мятежнице Эмилии Платер принадлежала значительная движимость и библиотека, которая оценена в 2009 р. 91 к. ас[сигнациями] и по описи отдана в сохранение 8 октября 1833 года под расписку Дионисию Моллю, который обязался на всякое востребование доставить таковые вещи в целости, а в противном случае вознаградить за убыток из собственного имущества».

Віцебская казённая палата прасіла губернскае праўленне, каб «вещи и книги мятежницы Платер, находящиеся у Молля... первые распорядилось продать, а деньги обратить в казну, а последние передать училищному ведомству».

Апрача таго, свае ўласныя росшукі, як сапраўдны шпік-дэтэктыў, вёў бацька, які склаў рэестр рэчаў Эміліі, пакінутых ёю ў розных месцах перад тым, як пайсці ў паўстанне. У прыватнасці, у Антузаве Новааляксандраўскага павету павінны былі захоўвацца алмазныя завушніцы маці Эміліі - бацькаў падарунак да вяселля ў 1804 г. коштам 180 залатых чырвонцаў. Тамсама ж, лічыў Ксавэры Плятар, трэба шукаць i набытае адначасова серабро да туалету - люстэрка, «секретер с чернильницей, песочником и подсвечником». Уладальніца маёнтка сцвярджала, што ўсё гэта ў свой час было схавана пад вадой у мясцовым возеры і пасля не знойдзена. У Антузаве захоўваўся таксама партрэт Эмілінай маці Ганны. I яшчэ, што асабліва цікава для нас: «Большое количество книг и музыческих нот важных, драгоценных...»

У імбродах, паводле гэтага рэестра, знаходзіўся «магониевый флигель» (раяль чырвоиага дрэва) i багатая нотная калекцыя Эміліі: «Самоважнейшие музычные бумаги к игранию, равно пению, из коих я ничего не принял, а на 33-й странице описи показано под заглавием Итог к игранию и пению нот а) Книг переплетенных № 3: выскоблено сколько. b) Писанных тетрадей 9. с) Печатных таковых: выскоблено сколько, d) Нот на 4 и 3 руки 60. е) Аккомпанементов к тому 5 штук, а всего 81 штука. Следовательно оказывается, что переплетенных книг и печатных было 7, под заглавием же Итог - нот к пению 30 штук». Трэба думаць, што сярод гэтых матэрыялаў былі i беларускія музычныя запісы.

Цытуем далей скрупулёзны бацькаў рэестр:

«В местечке Краславке Витебской губернии на квартире у дворянки Марии Молль:

Портрет дочери моей Емилии масляною краскою выписан и при том, вероятно, множество других предметов, мне неизвестных.

В городе Динабурге у состоящего в тамошней городской полиции канцеляристы Августина Богдановского. Находится у него неизвестно по какому поводу:

1-е. Новое женское седло и к тому принадлежащая старая попона с вышитым на оной гербом фамилии Платеров.

2-е. Большая подзорная с желтой меди труба».

Падзорная труба, сядло... Здаецца, не самыя жаночыя предметы... Мы нібыта вяртаемся ў той час, калі свавольніца Эмілія нястомна i мэтанакіравана рыхтавала сябе да подзвігаў у гонар свабоды i айчыны.

З дакументаў відаць, што дзяўчына адправілася ў паўстанне, начала свой нялёгкі шлях паўстанкі вясной 1831 г. Перад гэтым яна даволі доўга знаходзілася ў двары Дусятах непадалёк ад Антузава i Імбродаў. Бацька лічыў, што там таксама захоўваюцца яе рэчы.

Праўда, людзі, на якіх указваў Ксавэры Плятар, як маглі, адгаворваліся, выкручваліся. Прычыны маглі быць самыя розныя: хто не сімпатызаваў бацьку i яго вышуковым захадам, а хто (на жаль, бывае на свеце i такое) не супраць быў пагрэць рукі каля чужой бяды. Ужо ўспомнены дынабургскі канцылярыст Адольф (так!) Багданоўскі, напрыклад, рашуча заявіў, што ніякіх рэчаў Эміліі Плятар у яго няма i ніколі не было «да и самую мятежницу Платер от роду моей жизни не видал и с нею никакого сношения не имел». Партрэт Эміліі з Краслаўкі нібыта быў адасланы бацьку ў 1839 г.

Частка рэчаў, мяркуючы па дакументах, была рэалізавана ў інтарэсах казны. Напрыклад, «панталион» (фартэпіяна) з Імбродаў у 1840 г. прададзены з публічных торгаў памешчыку Бутлеру за 40 рублёў 74 ½ капеек серабром, грошы адасланыя ў казну. Карэту i сані, якія аставаліся ў бацькі, прадалі ў Дынабурзе ўсяго за 11 рублёў 39 капеек.

Пралятаў год за годам. Справа то зусім замірала, то атрымлівала новыя імпульсы. У 1858 годзе перапіска ажывілася зноў (спр. 11.186) - сенат крыху знізіў суму, якую належала спагнаць з Моля за маёмасць Эміліі Плятар...

Праз старыя дакументы мы дакранаемся да вытокаў нашай літаратуры i фалькларыстыкі.

Іван Манкевіч - першы перакладчык Крылова

Вельмі карысна даследчыку знаёміцца з разнастайнымі даведнікамі, якія выпускаюцца раз-пораз навуковымі бібліятэкамі i архівамі. Часам гэта ратапрынтавыя выданні з вельмі абмежаваным тыражом.

Не так даўно супрацоўнікі рукапіснага аддзела Публічнай бібліятэкі імя Салтыкова-Шчадрына ў Ленінградзе (сёння Санкт-Пецярбург) выдалі анатаваны каталог «Апісанне архіва Літаратурнага фонду». Галоўная яго частка - паказальнік асоб, што ў розныя часы звярталіся ў Літфонд па дапамогу. Праглядаючы яго, знайшоў такія радкі: «Монкевич Иван Осипович, переводчик басни Крылова «Демьянова уха» на белорусский язык». Далей ішла спасылка на адпаведныя старонкі журнала паседжанняў камітэта Літфонду 1859-1864 гг. Манкевіч?.. Гэта ж зусім новае імя забытага беларускага пісьменніка-перакладчыка, сучасніка В. Дуніна-Марцінкевіча i загадкавага «Тараса на Парнасе». Вядома, што Крылова на беларускую мову перакладалі ў канцы мінулага стагоддзя А. Абуховіч, Ф. Багушэвіч, услед за ІМІ М. Косіч. I вось аказваецца, што пераклады рабіліся значна райей. Захацелася пайсці па гэтым следзе.

Найперш два словы пра сам Літфонд. Яго мэты раскрывае поўная назва - «Таварыства для дапамогі бедным літаратарам i вучоным». Утварылася гэтая культурна-дабрачынная арганізацыя Ў 1859 г. па ініцыятыве перадавой грамадскасці. Вядомы фотаздымак гэтага часу, на ім - першы камітэт Літфонду. У цэнтры - у залатых эпалетах - сядзіць старшыня, бравы генерал Ягор Пятровіч Кавалеўскі, брат тагачаснага міністра народнай асветы. Пазнаём каларытную масіўную постаць Тургенева, за ім - гэтым разам нейкі не надта прыкметны Чарнышэўскі. Злева ў профіль - рукі за спінай - стаіць наш зямляк з Віцебска, уплывовы крытык Сцяпан Сямёнавіч Дудышкін, справа прыладзіўся сакратар камітэта гісторык літаратуры Аляксей Дзмітрыевіч Галахаў. I яшчэ многія іншыя вядомыя тагачасныя літаратары i грамадскія дзеячы.

Па нашай просьбе Публічная бібліятэка прыслала фотакопію старонак з архіва Літфонду, дзе размова ідзе пра Манкевіча. Тэкст вельмі кароткі. 23 снежня 1860 г. камітэт разгледзеў:

«Письмо к А. Д. Галахову от Ивана Осиповича Монкевича (в Старом Быхове, Могилевской губернии) с приложением перевода басни Крылова «Демьянова уха» на белорусское наречие. Г. Монкевич просит выслать ему 25 рублей на напечатание этого перевода».

За земляка мог бы заступіцца, падтрымаць Дудышкін, але як там было ў сапраўднасці, мы не ведаем (працэс абгаварэння не фіксаваўся). Вынікі ж аказаліся для Манкевіча неспрыяльныя. Пастанавілі:

«Отказать на основании того, что средства Общества не дозволяют ему приступить к изданию сочинений».

Само пісьмо Манкевіча i тэкст перакладу пакуль што не выяўлены.

Мы паспрабавалі ўстанавіць асобу перакладчыка Івана Восіпавіча Манкевіча, які жыў у 1860 г. у Старым Быхаве (так называўся некалі сённяшні Быхаў). Не вельмі гэта проста. Спачатку высветлілася толькі, што Манкевічы даволі пашыранае шляхецкае прозвішча на Магілёўшчыне, у тым ліку ў былым Быхаўскім павеце. У «Памятной книжке Могилевской губернии» на 1863 г. ёсць два Манкевічы, абодва з Быхаўшчыны. Штабс-капітан Канстанцін Пятровіч Манкевіч лічыўся засядацелем ад дваранства ў Быхаўскім павятовым судзе, Манкевіч Аўгуст Фаміч - калежскі рэгістратар - быў дэпутатам ад быхаўскага дваранства ў губернскай дэпутацкай зборні. З архіўных спраў мінскага гістарычнага архіва даведваемся, што згаданы Канстанцін Манкевіч разам з братам Аляксандрам валодаў паблізу Быхава адносна невялікім маёнткам Камарычы, закладзеным у Пецярбургскай «сохранной казне». Аўгуст Фаміч Манкевіч быў, відаць, багацейшы, меў маёнткі ў Быхаўскім i Чэрыкаўскім паветах. У 1863 г. падазраваўся ў сувязях з паўстанцамі мясцовага атрада Анцыпы, знаходзіўся пад арыштам, праўда, у даволі лагодных умовах - ва ўласнай кватэры ў Магіяёве. Падчас вобыску ў яго маёнтку Закупленне (паблізу ад Чачэвічаў) знайшлі шмат замежных бесцэнзурных кніг, «вершы i гімны бунтоўнага зместу» (ні саміх твораў, ні ix спісаў няма). Беларускі пісьменнік-перакладчык Іван Восіпавіч Манкевіч мог быць нейкім бедным сваяком уладальнікаў Камарычаў i Закуплення.

Гісторык Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі Сяргей Цытовіч у сваім вядомым грунтоўным даследаванні «1863 год у Горы-Горках» (1929) называў яшчэ аднаго ўдзельніка паўстання 1863 г. Манкевіча - нават з ліку кіраўнікоў. Працытуем працу вучонага: «Папярэдняй падрыхтоўкай i арганізацыяй магілёўскіх паўстанцаў, якія далучыліся да паўстання ў Горках, ведалі: член Магілёўскага камітэта М. Аскерка (доктар, пасля расстраляны), сакратар Магілёўскай крымінальнай палаты Галіноўскі i Манкевіч. Апошні, паходзячы з Рагачоўскага павету Магілеўскай губерні, у 1861 годзе пачаў службу ў Вільні ў кнігарні Аргельбранта, а потым служыў у рэдакцыі «Виленского вестника». У пачатку паўстання 1863 года ён прыбыў у Магілеў, дзе 2 мая арыштаваны як агент Цэнтральнага Камітэта. У паследку Манкевіч на судзе адважна бараніў ідэі паўстання». Звесткі, як бачым, вельмі цікавыя. Вось толькі Цытовіч, на вялікі жаль, не называв імя гэтага Манкевіча. Спасылаецца ён на дакументы былога Магілёўскага гістарычнага архіва, якія хутчэй за ўсё не захаваліся. Некаторыя дэталі - служба ў кнігарні i рэдакцыі газеты Кіркора - наводзяць на думку, што гэта якраз мог быць наш перакладчык.

Яшчэ больш упэўніўся я ў гэтым, звярнуўшыся ў тэматычны каталог архіва. Аказалася, архівісты зафіксавалі ў сваёй картатэцы ўдзельніка паўстання 1863 года Івана Іосіфавіча Манкевіча. Гэтае прозвішча трапіла ў даведачную картатэку з вельмі цікавага дакумента - спісу магілеўскіх палітычных вязняў перыяду паўстання. Назва ў яго доўгая: «Список всем вообще политическим преступникам, доставленным из разных мест и содержащимся под арестом в казармах Могилевского батальона внутренней стражи, богоугодных заведениях и тюремном замке от 14 июня 1863 года». Cпіс у свой час быў размножаны царскімі ўладамі друкарскім спосабам i разасланы ўсім «зацікаўленым установам», у першую чаргу шматлікім мясцовым следчым камісіям, якія вышуквалі паўстанцаў. Усяго ў ім 454 асобы. У канцы, пад № 419 i 424, значацца вязні турэмнага замка Іван Іосіфавіч Манкевіч i Юльян Аўгусцінавіч Галіноўскі - трэба думаць, тыя самыя, пра якіх пісаў наш гісторык С. Цытовіч. Такім чынам, імя i імя па бацьку Манкевіча-перакладчыка i Манкевіча-паўстанца супадаюць. У спісе сказана, што ён дваранін Мінскай губерні, маёнтка не мае.

Справаводства Менскай дваранскай дэпутацкай зборні, якое не раз мяне выручала ў біяграфічных пошуках, на гзты раз надзей не апраўдала. Я прагледзеў ажнЬ шэсць спраў пра Манкевічаў герба «Ліс» i «Любіч», але Івана Восіпавіча (Іосіфавіча) з патрзбнымі тэрытарыяльна-храналагічнымі каардынатамі не знайшоў (відаць, не ўсе справы да нас дайшлі). Хаця пераканаўся, што прадстаўнікі разгалінаванага роду Манкевічаў у роўнай ступені жылі як у Менскай, так i ў Магілеўскай губерні, у тым ліку ў Быхаўскім i Рагачоўскім паветах (на Рагачоўшчыне была нават цэлая шляхецкая ваколіца Церцеж, населеная Манкевічамі). У адной са спраў мільгануў Восіп Васілевіч Манкевіч, які мог быць бацькам нашаму перакладчыку. Той Восіп Васілевіч быў родам з Рагачова (прынамсі там хрышчоны), дробны канцылярыст са значным жыццёвым вопытам (працаваў i на Украіне), у 1828 г. пайшоў у адстаўку, часова жыў у маёнтку Хатоўня Быхаўскага павету, у 1831 г. - акурат у Старым Быхаве...

Адным словам, ужо цяпер, бадай, можна сказаць, што пералік беларускіх літаратараў - удзельнікаў паўстання Кастуся Каліноўскага - папоўніўся новым імем - Іван Манкевіч.

Язэп Каралькевіч - «адзін з харашэйшых сыноў Беларусі...»

№6-1992. С. 88-95

Пасля смерці Сыракомлі ягоная сям'я засталася зусім без сродкаў. Было вырашана ёй дапамагчы, звярнуцца з адпаведным заклікам да публікі або, як цяпер кажуць, грамадскасці. Узначалілі гэту справу Якуб Гейштар i наш зямляк Аляксандр Аскерка, абодва вядомыя сваім удзелам у паўстанні 1863 г., дзеячы партыі «белых», палітычныя апаненты Кастуся Каліноўскага. Некалі ў багатым рукапісным аддзеле Публічнай бібліятэкі імя Салтыкова-Шчадрына ў Ленінградзе мне давялося бачыць пісьмо з Маладзечна ад 14 кастрычніка 1862 г. Аўтограф на паштовай паперы па-польску. Нейкі доктар Юзаф Каралькевіч паведамляў пра высылку грошай, сабраных «з маладзечанскай аколіцы на карысць астаўшайся сям'і святой памяці Людвіка Кандратовіча». Усяго было паслана 32 рублі. Невялікія, здаецца, грошы, але важылі яны шмат. «Высланая сума, - пісаў Каралькевіч, - гэта грош удовін, грош убогі, грош беднай дзятвы нашых школ, якая з радасцю нясе лепту паводле магчымасці кожнага, настаўнікаў i толькі некалькіх іншых прыхаджан, з даверам мне аддадзены».

Каралькевіч надоўга захаваў сваю прыхільнасць да памяці паэта. Гэтае ж прозвішча знаходзім у спісе падпісчыкаў 10-томніка Сыракомлі, выдадзенага ў 1871-1872 гг. В. Каратынскім «на карысць удавы i сірот» паэта. Словам, выданне ў пэўным сэнсе таксама было дабрачыннай акцыяй.

Хто ж гэты доктар, аматар літаратуры, сардэчны i спагадлівы чалавек?

З няясным адчуваннем нечага значнага, адметнага я ўзяў гэтага Каралькевіча на заметку, але доўгі час пра яго больш нічога не мог даведацца, пакуль не надыбаў у «Нашай Ніве» за 1912 г. на вялікі, прачулы, хоць i крыху спознены некралог.

«У першых днях мая 1910 года памёр у Валаміне пад Варшавай адзін з лепшых сыноў зямлі нашай - доктар Язэп Каралькевіч», - пісаў аўтар некралога ці, можна сказаць, успаміну, нехта В. Віславух, які, відаць, блізка ведаў нябожчыка. Аказалася, Каралькевіч быў даволі рэдкім для XIX ст. прыкладам інтэлігента - выхадца з народных нізоў, якому ўдалося атрымаць адукацыю. Зноў цытуем: «...радзіўся ў 1835 гаду ў Барысаўскім павеце Менск[ай] губ[ерні] недалёка ад Зембіна. Бацька яго служыў тады Ў дварэ Манюшкаў [відаць, сваякі кампазітара. - Г. К.], i там, у нізкай сялянскай хаце, ён першы раз пабачыў свет i ў першы раз пачуў родную беларускую мову. Там ён правёў дзіцячыя свае гады, бегаючы па зялёных лугах i палёх, i там навучыўся кахаць гэту бедную, а так дарагую зямлю, каторай да магілы забыць не мог. Яшчэ маладым хлопцам праяўляў ён вялікую ахвоту да навукі. Бацька яго сабраў апошнія грошы, крыху памог пан са двара i паслалі малога Язэпа ў Менск на новае жыццё i барацьбу». Вось толькі некаторыя этапы, вехі гэтага неардынарнага жыцця. Скончыў з залатым медалём Менскую гімназію, дзе, як вядома, атрымалі адукацыю i многія іншыя выдатныя дзеячы культуры, навукі, грамадскага руху (мемарыяльная дошка на колішнім будынку гімназіі на плошчы Свабоды называв толькі некаторыя славутыя імёны). Паступіў у Харкаўскі універсітэт на медыцыну - «З думкаю служыць усяму чалавечаству, а болей усяго сваім братом-беларусам». Пасля заканчэння ў 1857 г. універсітэта атрымаў месца настаўніка i лекара ў Маладзечне, дзе працаваў да 1863 г. «Замешаны ў паўстанне, быў праз паліцыю адвезен у Вілейку, дзе доўгі час сядзеў над ключом». «Здолеўшы апраўдацца», паехаў у Харкаў, дзе паступіў у хірургічную клініку прафесара Грубэ i там дактарызаваўся. Нераўнуючы як Францішак Багушэвіч, таксама пасля паўстання знайшоў выратоўчы прытулак на Украіне. Трыццаць доўгіх гадоў пасля харкаўскай клінікі Каралькевіч працаваў доктарам у Новачаркаску, на зямлі данскіх казакоў, але ўвесь час сумаваў па роднай Беларусі i стараўся дапамагчы яе народу. Ён помніў свой нялёгкі шлях у навуку. «Сваім коштам вучыў ён 16 бедных маладых людзей - беларусаў, з каторых двое цяпер прафесарамі універсітэту, колькі лекарамі, адвакатамі i т. д.» Ужо за адно гэта Каралькевіч заслугоўвае нашай удзячнай памяці.

На шасцідзесятым годзе жыцця наш гуманіст-філантроп пайшоў на пенсію, марачы набыць які кавалак зямлі на БеларусІ. Але каталікам купляць там зямлю пасля паўстання 1863 г. было забаронена і давялося пасяліцца над Варшавай (ці ж не іронія гэта лёсу?). I вось падыходзім ужо да завяршэння каларытнага i годнага жыцця, да заключных радкоў некралога. Да канца дзён сваіх служыў Каралькевіч людзям: «Дарма лячыў, вучыў гаспадарцы, шырыў граматнасць, знаёміў людзей з гігіенай, этыкай і т. д.; дзе мог i колькі мог памагаў грашыма. Аб усіх думаў, апрача сябе. Хадзіў заўсёды бедна адзеты, часта адказываў сабе ў самых патрэбнейшых рэчах, думаючы, што другія i таго не маюць. Хай жа беларусы згадаюць калі-небудзь аднаго з лепшых...

братоў сваіх, аднаго з харашэйшых дзяцей зямлі Беларускай».

Згадваецца гэтае імя ў грунтоўнай кнізе В. Грыцкевіча «С факелом Гиппократа. Из истории белорусской медицины» (1987). Гісторык спасылаецца на артыкул «Удзел лекараў у арганізацыі i ўладах паўстання 1863 года», надрукаваны ў польскім спецыяльным часопісе «Вядомосьці лекарске» (1963). Між іншым, там падаецца крыху іншая дата смерці Каралькевіча - 1909 г.

Карцела знайсці канкрэтныя матэрыялы пра ўдзел Каралькевіча ў паўстанні. У каментарах да ўспамінаў Я. Гейштара (1913) гаворыцца: згодна з інфармацыяй, дадзенай рэдакцыі Зоф'яй Кавалеўскай [апублікавала шмат цікавых матэрыялаў з гісторыі Менска i паўстання 1863 г. на Беларусі] i яе мужам Эўгеніушам Кавалеўскім, аўтарам каштоўных «Успамінаў з мінулага» (Вільня, 1907), паўстанцкім начальнікам Вілейскага павету быў Людвік Кавалеўскі (бацька Эўгеніуша), ягоным памочнікам Канстанцін Гукала, камісарам - Зыгмунт Палітоўскі, настаўнік матэматыкі ў пяцікласнай прагімназіі ў Маладзечне, памочнікам камісара мясцовы памешчык Ігнат КуроўскІ, потым яшчэ дабавіліся памочнікі: Смагаржэўскі, настаўнік прагімназіі ў Маладзечне, i доктар Юзаф Каралькевіч. Начальнік паўстанцкіх узброеных сілаў павету спачатку Ян Козел, пасля ягоны брат Вінцэнт. Апрача нашага Каралькевіча тут названы многія вядомыя людзі: Ян Козел - адзін з пачынальнікаў арганізацыі «чырвоных» у Менску, паплечнік Каліноўскага па Літоўскім камітэце; ягоны брат Вінцэнт - па-геройску загінуў у 1863 г. у жорсткім баі пад Уладыкамі; Куроўскім належала вёска Свечкі каля Краснага, дзе ў 1863 г. быў разбіты атрад ветэрана вызваленчага руху Бакшанскага.

Удалося адшукаць у Вільні i малавядомыя ў нас мемуары Э. Кавалеўскага «Успаміны з мінулага. Да гісторыі паўстання 1863 года на Літве», якія друкаваліся ў 1907 г. у «Дзенніку віленьскім» і выйшлі асобным адбіткам. Там безліч цікавай інфармацыі. На старонцы 12-й чытаем; «Камісарам Ашмянскага павета стаў нябожчык ужо доктар Віткоўскі, а Вілейскага - настаўнік матэматыкі ў маладзечанскіх школах Палітоўскі, чалавек вялікай энергіі i моцы духу, да таго ж вельмі мілы i сімпатычны.

Адразу ж яму быў прызначаны памочнік у асобе святой памяці Ігната Куроўскага, потым дабавілі яшчэ двух таварышаў, настаўнікаў той жа школы ў Маладзечне - Смагаржэўскага i доктара Юзафа К.» Гэты Юзаф К. (успаміны пісаліся яшчэ пры жыцці Каралькевіча i маглі яму пашкодзіць) мільгануў яшчэ раз у мемуарах Кавалеўскага на старонцы 18. Высвятляецца, Каралькевіч дапамагаў ратаваць ад небяспекі самога Яна Козела, паплечніка Кастуся Каліноўскага. Вось гэты тэкст: «Быў ужо люты [1863 года.- Г. К.], калі, вяртаючыся з адной паездкі, я знайшоў у майго бацькі вельМІ змрочнага i засмучанага Яна Козела. Аказалася, што ўлады ўжо напалі на след ягонай дзейнасці, i, хаця нічога дагэтуль не раскрылі, мусіў ён дзеля асцярожнасці знікнуць з іхніх вачэй на нейкі час. Камітэт [Каліноўскага.- Г. К.] высылаў яго ў Царства [Польскае.- Г. К.] у дзеючыя партыі, куды кружнымі дарогамі, праз Налібакі i Наваградак, перавозіў яго доктар Юзаф К.»

I гэты пошук, які пачаўся з напісанага некалі, вельмі даўно, у Маладзечне ліста пра дапамогу сям'і Сыракомлі, вывеў нас на цікавыя эпізоды паўстання Кастуся Каліноўскага.

Чужбінскі - Чубінскі

у Віленскім гістарычным архіве, сярод матэрыялаў генерал-губернатарскай канцылярыі, зацікавіла папка 1869 г. пад такім загалоўкам: «О литераторе Чужбинском, собиравшем в Кобринском уездзе местные народные песни» (ф. 378, Паліт. аддз., спр. 273). Пра што там гаворка?

Справа пачынаецца ўстрывожаным сакрэтным лістом з Пецярбурга ад 6 лістапада. Шэф жандараў граф Шувалаў паведамляў віленскаму генерал-губернатару, які кіраваў тады чатырма беларуска-літоўскімі губернямі - Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай i Менскай, невядома якім шляхам атрыманыя ў III аддзяленні (нехта данёс?) звесткі з Беларусі. А менавіта, «что 12 октября прибыл из Брестского уезда на почтовую станцию Мокраны Кобринского уезда литератор Чужбинский, который на другой день, пригласив чрез мокранского волостного старшину несколько крестьян и крестьянок из села Мокраны, расспрашивал их об употребляемых ими на свадьбах и при погребении обрядах и просил пропеть несколько местных песен; затем, записав все это, выехал из Мокран».

Словам, размова ішла пра самае звычайнае збіранне фальклорных матэрыялаў. Занятак у палітычных адносінах, здаецца, досыць нявінны. Чаму ж так занепакоілася ІІІ аддзяленне? Пра гэта даведваемся з другой часткі дакумента: «Имея ввиду, что в 1860 году, когда сделалось известно, что в некоторых местностях являлись в селах разного звания лица под предлогом собирания сведений о быте крестьян и разговорами возбуждали вредные толки - состоялось особое по сему предмету Высочайшее повеление (объявленное в циркуляре Министерства внутренних дел 4-го января того года № 3), на основании которого право собирания означенных сведений предоставлено только ученым обществам, частным же лицам сие воспрещено, я считаю долгом о вышеизложенном случае сообщить Вашему превосходительству в том предположении, что Вы, милостивый государь, изволите, может быть, признать за нужное сделать распоряжение о наблюдении за неуклонным исполнением означенного Высочайшего повеления».

На пісьме рэзалюцыя алоўкам: «Полит. отд. [мелася на ўвазе Палітычнае аддзяленне генерал-губернатарскай канцылярыі.- Г. К.]. Сообщить циркулярно всем гг. губернаторам к неуклонному исполнению, предложив сделать распоряжение о недопущении г-на Чyжбинского к собиранию сведений, и если где-либо он окажется, то наблюсти за немедленным выездом его из края. 7/ХІ».

17 лістапада 1869 г. з Вільні быў адпраўлены адпаведны сакрэтны цыркуляр усім чатыром падначаленым губернатарам. Дакумент, гэта відаць ca справы, рэдагаваўся. Чыноўнікі генерал-губернатарскага ўпраўлення вырашылі пахваліцца сваёй дасведчанасцю, далучанасцю да культуры. Да прозвішча Чужбінскі ў другім, канчатковым варыянце зроблена рэмарка ў дужках: «Настоящая фамилия Афанасьев». Заключная частка ўзмоцнена: «...сделать распоряжение о недопущении как в настоящее время Чужбинского, так и на будущее подобных частных путешественников к собиранию таковых сведений, и если бы они такому распоряжению не подчинялись, то наблюдать за немедленным выездом их из края; и меня о том уведомлять».

Вось у такіх, мякка кажучы, своеасаблівых умовах працавалі ў тыя часы збіральнікі народнай мудрасці. Гэтая перапіска, апрача ўсяго іншага, цікавая яшчэ кур'ёзнай памылкай. Улады думалі, што на Беларусі з'явіўся добра вядомы тады рускі i ўкраінскі пісьменнік i этнограф Аляксандр Сцяпанавіч Афанасьеў-Чужбінскі (1817-1875), які жыў у тыя часы ў Пецярбурзе, актыўна займаючыся журналістыкай. У сапраўднасці ж у дакументах гаворка ідзе пра ягонага маладзейшага сучасніка ўкраінскага i рускага этнографа i фалькларыста Паўла Платонавіча Чубінскага (1839-1884). Чубінскі яшчэ не паспеў праславіцца, таму i зблыталі яго з шырокавядомым Афанасьевым, які меў блізкі псеўданім. Вядома, што якраз у 1869-1870 гг. Павел Чубінскі зрабіў этнаграфічную экспедыцыю на Украіну, Беларусь i Малдавію, у прыватнасці, аб'ездзіў Мазырскі, Пінскі, Кобрынскі, Слонімскі, Брэсцкі паветы. У «Працах этнаграфічна-статыстычнай экспедыцыі ў Заходне-Рускі край» (тт. 1-7, 1872-1879) ён змясціў каштоўныя фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы з Менскай i Гродзенскай губерняў - песні, казкі, апісанні вяселля. Запісы Чубінскага высока ацэньваюцца даследчыкамі беларускай этнаграфіі i фальклору. На ix думку, апублікаваныя Чубінскім творы маюць асабліва важнае значэнне для параўнальнага вывучэння паэтычнай творчасці беларускага i ўкраінскага народаў.

Слядамі Шэмета-Палачанскага

Раздумваю над лёсам беларускага паэта XIX ст. Яна Шэмета-Палачанскага, шукаю звесткі пра яго. Якая трагічная выпала яму доля! Творы не захаваліся, прынамсі, дагэтуль не адшуканыя, амаль не дайшло да нас i біяграфічных звестак. Яшчэ Вацлаў Ластоўскі ў артыкуле «Памажыця!» («Наша Ніва», 1913, № 37) звяртаўся да беларускай грамадскасці з просьбай прыслаць жыццяпіс i рукапісы Шэмета-Палачанскага. Па звестках Ластоўскага, паэт «жыў каля Даўгінава, пісаў многа вершаў па-беларуску, яму прыпісваюць верш «Панскае ігрышча». У сапраўднасці, як мяркуюць сучасныя даследчыкі, аўтар «Панскага ігрышча» хутчэй за ўсё Ф. Тапчэўскі. Паводле паведамлення газеты Ластоўскага «Роман» (1916, № 12), Шэмету-Палачанскаму належалі беларускія паэмы «Даўгінаўскі пагром», «Вяселле ў Беляка», «Барысаў камень», вершы «Да братоў у пакоях», «За чаркай», «На дзяды», «Думы ў полі» i інш. Як бачым, гэта быў вельмі пладавіты літаратар. Частка ягоных рукапісаў нібыта захоўвалася тады ў дачкі паэта ў Цюмені. Характэрна, што Ластоўскі ведаў дакладныя даты жыцця Шэмета-Палачанскага, нават дні i месяцы: 20 чэрвеня 1826 г. - 9 жніўня 1905 г. Не іначай, падобныя звесткі былі атрыманы ад блізкіх асобаў. Відаць, яны ж падалі i назовы твораў.

Шэметам-Палачанскім цікаваліся таксама Р. Зямкевіч i Я. Карскі. Апошні ў сваіх «Беларусах» (1922), на падставе звестак Зямкевіча, называў творы Шэмета-Палачанскага «Пагром у Даўгінаве» (той жа «Даўгінаўскі пагром») i «Ашмянская рэзь».

У 1968 г. Адам Мальдзіс спрабаваў адшукаць сляды ягоных рукапісаў праз цюменскую абласную газету, але мясцовыя краязнаўцы адказалі, што прамыя нашчадкі нашага земляка памерлі некалькі гадоў назад, а далёкія сваякі нічога канкрэтнага пра паэта i рукапісы не ведаюць. У беларускіх энцыклапедыях выказвалася меркаванне, што паэт быў родам з былога фальварка Палачаны (колішні Вілейскі павет, цяпер Маладзечанскі раён). Другая частка прозвішча выглядала, такім чынам, як псеўданім, утвораны ад назову роднага паселішча ці мясцовасці. Янка Саламевіч прыводзіць нямала падобных псеўданімаў: Алесь Случанскі-С. Ліхадзіеўскі, С. Койданаўскі-С. Шушкевіч i г. д. Або нядаўна («ЛіМ», 8.11.1991 г.) адкрыты яшчэ адзін псеўданім Алеся Гаруна - А. Новадворскі (паэт быў родам з Новага Двара пад Мінскам). Словам, i спалучэнне Ян Шэмет-Палачанскі магло азначаць: Ян Шэмет з Палачанаў.

Так інтуітыўна думалася i мне, пакуль не сустрэў у Мінскім гістарычным архіве справу аб дваранскім паходжанні Шэметаў-Палачанскіх (ф. 319, воп. 2, спр. 3512 а). Не адзін раз перагарнуў у роздуме гэты важкі, салідны том. Аказалася, быў цэлы такі шляхецкі род гербу Лебедзь (гэтым жа гербам, як вядома, карыстаўся i род Марцінкевічаў, які даў беларускай літаратуры двух пісьменнікаў - Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, нашага класіка, i Гераніма Марцінкевіча, аўтара п'есы «Адвячорак. Аказія пры Фалковічах»). Як сведчаць дакумвнты, у XVIII ст. Шэмвты-Палачанскія сапраўды валодалі ллаёнткам Палачаны, які адносіўся, аднак, не да Вілейскага, а да Ашмянскага павету (цяпер у Маладзечанскім раёне, на мяжы з Валожынскім). Але маёнтак быў даўно страчаны, пра яго напамінае толькі гучнае прозвішча. Напярэдадні XIX ст. гэта была ўжо дробная чыншавая шляхта, якая сваей зямлі не мела. Шматлікія Шэметы-Палачанскія жылі на чыншавым праве ў шляхецкіх засценках на памешчыцкай зямлі. Галоўнае ix гняздо было вакол мястэчка Іжа на мяжы Свянцянскага i Вілейскага паветаў, а некаторыя жылі і каля Даўгінава, хрысцілі там сваіх дзяцей. Царскія ўлады грзбліва «спіхвалі» гэтую шляхецкую галоту ў аднадворцы, а то і ў сялянаў, I толькі ў 1862 г. Палачанскім удалося канчаткова зацвердзіцца дваранамі. Адшукаць сярод іx Яна (Івана) Шэмета-Палачанскага, які б нарадзіўся дакладна 20 чэрвеня 1826 г. (Імя па бацьку, на жаль, невядомае), не ўдалося. Няма такога. Увогуле ніхто, хто нарадзіўся б у гэты год, у «густанаселеных» радаводных схемах не значыцца. Так што адносна дакладнасці даты можна сумнявацца. Нічога дзіўнага ў гэтым няма. Да прыкладу, доўгі час лічылася, што Дунін-Марцінкевіч нарадзіўся ў 1807 г., нават сваякі так меркавалі, цяпер устаноўлена, што ён на год маладзейшы.

Бліжэй за ўсё да шуканай даты Іван МІхайлавіч Шэмет-Палачанскі, хрышчоны ў Іжанскай уніяцкай царкве. Ен нарадзіўся 24 чэрвеня 1827 г. у засценку Утак (Уткі) Свянцянскага павету (відаць, гэта цяпер Вілейскі раён). У 1855 г. жыў у засценку РуднікІ Ашмянскага павету (недзе на Валожыншчыне), прымаў дзейсны ўдзел у збіранні доказаў пра дваранскае паходжанне роду, напісаў адпаведнае вельмі аргументаванае прашэнне Ў Менскую дваранскую дэпутацкую зборню.

Быў і яшчэ адзін Іван Міхайлавіч Шэмет-Палачанскі, стрыечны дзядзька першага, але па гадах амаль яму равеснік. Ен нарадзіўся 14 лютага 1823 г. у засценку Грэлікі (або Грылікі), недзе зусім па суседстве з Уткамі, хрышчоны ў той жа Іжанскай уніяцкай царкве. Сям'я была вялікая, i сыны вымушаны былі самі шукаць сабе дарогу. Брат Антон (1799 г. нараджэння) прыбіўся ажно да нясвіжскіх манахаў-бернардынцаў (пад імем

Францішка). Малодшы Іван таксама вырваўся ca звыклага жыццёвага кола шляхціцаў-земляробаў. У 1841 г., здароўем не зломак, ледзь дасягнуўшы паўналецця, паступіў на вайсковую службу ў Алексапольскі егерскі полк. Як сказана ў дакументах - «з аднадворцаў Менскай губерні» (у дваранстве род яшчэ не быў зацверджаны). Неўзабаве стаў фельдфебелем, нейкім чынам (відаць, быў чалавекам талковым, кампанейскім) увайшоў у поўны давер да начальства. Полк з вайсковай метадычнасцю пачаў бамбардзіраваць Менскую зборню пісьмамі - хутчэй афармляйце дваранскія дакументы, без гэтага нельга надаць афіцэрскае званне. Справа разбухала ад патрабавальных вайсковых запытаў (пры выпадку падключалі нават камандзіра дывізіі). Па заўвагах на лістах з палка можам меркаваць пра баявы шлях нашага бойкага фельдфебеля, пра МЯСЦІНЫ, дзе ён служыў: 1849 г.- «аўстрыйскія ўладанні», «на маршы ў Галіцыі», Венгрыя (тады Расія, як вядома, ратавала Еўропу ад паўстанняў); 1850 г.- «лагер пры горадзе Варшаве», крэпасць Бабруйск, Гомель; 1852 г.- Кіеў; 1854 г.- «прыдунайскія княствы»; 1855 г.- «пазіцыя ля Мекензевай гары Таўрычаскай губерні». Гэта ўжо подступы да Севастопаля. Крымская вайна ўзмацніла патрэбу ў афіцэрскіх кадрах. I наш Шэмет-ПалачанскІ надзеў прапарШЧЫЦКІЯ пагоны, так сказаць, авансам, нават без пацверджання дваранскіх правоў. У 1858 г. палкавая канцылярыя піша з Казельска (Калужская губерня). Нарэшце ў 1862 г. сам «уволенный за ранами из Алексопольского пехотного полка подпоручик Иван Михайлов Шемиот Полочанский» звяртаецца ў дваранскую зборню ўжо ca Смаргоняў: род толькі што нарэшце быў зацверджаны ў дваранстве, i адстаўны ваяка, удзельнік гераічнай абароны Севастопаля, хоча мець адпаведнае пасведчанне.

Больш ні пра першага, ні пра другога Івана Міхайлавіча, ні пра іx прамых нашчадкаў згадак у радаводнай справе, на жаль, няма. Нейкі «дваранін Іван Міхайлавіч Шэмет-Палачанскі» мільгануў толькі як кум у адной з хросных метрык Шэметаў-Палачанскіх 1881 г. па Узлянскай царкве Вілейскага павету. Які з Іванаў Міхайлавічаў маецца тут на ўвазе, цяжка сказаць - мабыць, першы, таму што другога хутчэй назвалі б «адстаўны падпаручнік». Але катэгарычна сцвярджаць нічога нельга. Няясна да канца - хто з ix быў паэтам: першы больш падыходзіць па даце нараджэння, у другога імпануе біяграфія, багаты жыццёвы вопыт. Доўгая разлука з родным краем магла абвастрыць у ім сыноўе пачуццё да радзімы. Так было, напрыклад, з Вікенціем Равінскім, верагодным аўтарам «Энеіды навыварат».

Між іншым, як відаць са справы, родны пляменнік нашага севастопальскага героя Іосіф Ануфрыевіч жыў у 1889 г. ва ўрочышчы Агаротніца Даўгінаўскай воласці. Праз пляменніка Даўгінаўшчына была, трэба думаць, блізкая i адстаўному вайскоўцу Івану Міхайлавічу. Другі пляменнік Андрэй-Пётр (сын старэйшага брата Міхала-Фелікса) за ўдзел у паўстанні 1863 г. быў сасланы ў Сібір i ў канцы мінулага стагоддзя жыў у горадзе Тара Табольскай губерні, адкуль вёў актыўную перапіску з Менскай зборняй, просячы прылічыць да дваранства сваіх сыноў, народжаных у Сібіры. Ен пусціў моцныя карані ў тых краях, быў членам Тарскай гарадской управы i іншых мясцовых установаў. З ягонай дапамогаю маглі перабрацца ў Сібір i іншыя атожылкі роду Шэметаў-Палачанскіх, у тым ліку дачка паэта.

У заключэнне некалькі словаў пра творчасць Шэмета-Палачанскага. Паспрабуем акрэсліць яе хаця б тэматычна. У аснову «Ашмянскай рэзі», несумненна, пакладзены гістарычны выпадак, які меў месца падчас паўстання 1831 г. на Беларусі; 11 красавіка 1831 г. царскія карнікі жорстка расправіліся з паўстанцамі, а заадно і з жыхарамі Ашмянаў. Падзея гэта адлюстраваная i ў літаратуры. Ей прысвечаны, напрыклад, верш польскага паэта К. Гарчынскага, які так i называецца «Rzeź oszmiańska». Згадваецца «ашмянская рэзь» i ва ўспамінах філамата Ігната Дамейкі. Для Шэмета-Палачанскага, які нарадзіўся ў 20-х гг., гэта ўжо гісторыя. Ен апісаў падзеі ў Ашмянах 1831 г., мабыць, па расказах відаводчцаў. Цікавасць да гістарычнай тэматыкі i пэўная адукаванасць відаць i ў назве ягонага верша «Барысаў камень». Тут адгукаецца зусім ужо далёкая мінуўшчына, часы летапісных «палачанаў» (як бачым, нават у прозвішчы Палачанскіх чуецца сівая беларуская гісторыя).

А пра што «Даўгінаўскі пагром» або «Пагром у Даўгінаве»? У гутарцы з А. Мальдзісам мы адназначна вырашылі, што размова ідзе пра нейкае антысеміцкае выступление, якія нярэдка бывалі ў Расійскай імперыі ў канцы мінулага - пачатку нашага стагоддзя. Толькі як даведацца, калі гэта канкрэтна было? Аказваецца - вельмі проста. Выходзіла да рэвалюцыі ў Пецярбурзе такая «Еврейская энциклопедия. Свод знаний о еврействе и его культуре в прошлом и настоящем». У сёмым томе на літару «Д» нататка:

«Долгинов - мест. Вилейск. уезд. Вил. губ. В 1847 г. «Долгин. еврейск. общество» составляли 1.194 души; в 1897 г. жит. 3.551, из коих евр. 2.559. В 1886 г. здесь произошли антиеврейские беспорядки».

Такім чынам, верш «Даўгінаўскі пагром» напісаны на актуальную мясцовую тэму не раней 1886 г., калі паэт быў ужо ў вельмі сталым узросце. I тут адчуваецца пэўны гістарызм, імкненне зафіксаваць, захаваць для сучаснікаў i нашчадкаў канкрэтную рэальную падзею.

Альберт Паўловіч - служачы чыгункі

Асабістая справа паэта-нашаніўца Альберта Паўловіча ў архіве Лібава-Роменскай чыгункі (ЦДГА ў Мінску, ф. 2414, воп. 1, спр. 42). На чатырох старонках запоўненага друкаванага бланка ў кароткай форме змясцілася ўся ягоная службовая кар'ера за дваццаць з нечым гадоў, адлюстраваліся некаторыя важныя бакі сямейнага жыцця.

Першая старонка - «Прыёмны ліст» - эканомна аб'ядноўвае заяву аб прыняцці на службу i асноўныя анкетныя звесткі. 13 ліпеня 1894 г. дваранін Альберт-Іосіф Францавіч Паўловіч афармляецца на чыгунку канторшчыкам галоўнай бухгалтэрыі. Гэта першая ягоная служба, яму ўсяго 18 гадоў, каталік (пра гэта сведчыць i набор імёнаў), скончыў Менскае гарадское чатырохкласнае вучылішча. Вялікая, не тое што ў нашы часы, сям'я: бацька, маці, тры сястры, два браты.

Вось гэтая сям'я, якая ледзь-ледзь зводзіла канцы з канцамі, i падвяла хлопца, закрыла яму дарогі. Ен быў надзвычай здольны, выдатна маляваў i ўжо была дамоўленасць з вельмі прэстыжным Строганаўскім вучылішчам, што возьмуць туды на казённы кошт. Але давялося пайсці на службу, каб дапамагаць сям'і. Усё гэта засталося за рамкамі асабістай справы, як i тая акалічнасць, што Альбертаў бацька быў таксама чыгуначнікам, так што выбар юнака (а хутчэй усёй сям'і) як бы загадзя прадвызначаўся.

I вось хлопец зрабіўся маленькай шрубкай агромністай адладжанай машыны, каля якой кармілася мноства людзей, а на чале яе недзе недасяжна высока-высока стаяў пан «Начальнік Дарогі». Дарэчы, у гэты самы час ва ўпраўленні Лібава-Роменскай чыгункі, праўда, у іншым структурным падраздзяленні - у службе цягі, працаваў другі беларускі паэт, адзін з пачынальнікаў нацыянальнай літаратуры XIX ст. Янка Лучына, у жыцці - інжынер-пуцеец Іван Люцыянавіч Неслухоўскі, не надта здаровы чалавек, які пры хадзьбе карыстаўся кіямі. Паўловіч мусіў яго хаця б здалёку ведаць, па-каляжанску ўдзельнічаць у ягоным пахаванні ў 1897 г.

Але вернемся да асабістай справы. На другой i трэцяй старонках - фармулярны спіс, які зафіксаваў усе змены-перамены па службе за два дзесяцігоддзі. Паціху, але няўхільна Паўловіч пасоўваўся наверх. Чатыры гады быў простым канторшчыкам, праўда, аклад за гэты час вырас з 240 да 480 рублёў у год. Далей рахункавод з акладам 540, а потым 960 рублёў. У 1911 г. зрабіўся старшым рахункаводам. Гэта па тым часе даволі вялікая пасада з гадавым акладам 1200 рублёў (столькі, як мы бачылі, атрымлівалі ажно пяцёра маладых канторшчыкаў-пачаткоўцаў). І нарэшце з наступнага года ён справавод галоўнай бухгалтэрыі з акладам 1500 рублёў. Службовыя поспехі Паўловіча былі адзначаны таксама сярэбраным медалём на станіславаўскай стужцы i ордэнам святога Станіслава, якім узнагароджваліся за выслугу гадоў цывільныя чыноўнікі. З фармулярнага спісу са здзіўленнем даведваемся, што Паўловіч усяго толькі тройчы за ўвесь гэты час быў у адпачынку. У куточку алоўкам пазначана, як змянялася ягонае сямейнае становішча, як хутка расла ягоная сям'я (і ў гэтым сэнсе Паўловіч не ганіў сямейных традыцый). Усё ішло сваім парадкам.

Шлюб - 8/1 1898 г. [успамінаецца - у 1923 г. на сярэбраным вяселлі Паўловічаў быў Купала з жонкай, падарыў сярэбраныя чаркі, якія цяпер можна бачыць у Купалавым музеі].

Уладзя - 24/Х 1898 г. [дачка Уладзіслава].

Сева - 23/VI 1900 г. [сын Севярын].

Муся - 13/V 1906 г. [дачка Тамара, аўтар цікавых успамінаў пра бацьку i Купалу].

Яня - 2/1II 1908 г. [любіміца Купалы, які прысвяціў ёй верш «Для Янінкі»].

Кася - 24/ХІІ 1907 г. [неяк потым не ўспамінаецца].

Абмінаем ардынарныя вынікі ўрачэбнага агляду 1898 г. (4-я старонка). Зазначым толькі, што ў справе акуратна фіксаваўся кожны зварот да доктара (відаць, чыгуначнага) - яе вялікасць Дарога пільна (i, вядома ж, небескарысліва) сачыла за здароўем сваіх людзей. У справе ёсць яшчэ некалькі ўласнаручных прашэнняў (дакладных запісак), якія паказваюць, як цяжка нашаму паэту даводзілася працаваць, як умела Дарога выціскаць сілы ca сваіх работнікаў. Некаторыя аўтографы Паўловіча, дарэчы, могуць служыць узорам каліграфіі. Тут рэалізоўваліся, знаходзілі выйсце немалыя мастацкія здольнасці. У гэтых адносінах ён мог бы смела спаборнічаць з другім выдатным беларускім дзеячом Браніславам Эпімахам-Шыпілам, які любоўна, літарка за літаркай, як той Багдановічавы перапісчык, заносіў на паперу недрукаваныя творы роднай літаратуры, нястомна папаўняючы сваю неацэнную «Беларускую хрэстаматыю». Гэта ўспомнілася мне, калі гартаў справу Паўловіча. Ну i, зразумела, бачыцца цяжкая чыноўніцкая праца, кожны дзень з ранку да вечара адно i тое ж. Узяць хаця б дакладную запіску ад 24 ліпеня 1906 г.:

«Начиная с 10 ноября 1905 г., когда мне приходилось выполнять некоторые поручения б. Начальника дороги С. В. Мошкова, касающиеся составления сметы на 1906 г., вплоть до настоящего времени я занимался работаю по смете, одновременно в урочные часы занятий исполняя свою текущую работу и подготовляя материал для заключения годового отчета, т. к. моя работа никому не была поручена. Почти беспрестанная, напряженная и постоянно спешная работа, в продолжение почти 8 месяцев, сильно изнурила меня, и я чувствую крайнее преутомление. Ввиду вышеизложенного, имею честь покорнейше просить ваше высокородие не отказать в исходатайствовании пред г. Начальником дороги мне месячного отпуска с сохранением содержания, присовокупляя при этом, что я служу на дороге ровно 12 лет и за все это время (месячным) отпуском воспользовался только один раз в 1903 году.

Счетовод А. Павлович» Або яшчэ - 1908 г.: «В течение целого ряда лет, начиная с 1899 г., и по настоящее время я выполняю все работы по делопроизводству г. Члена Совета от М[инистepcт]вa Финансов инженера Датиева (переписка и ведение корреспонденции); при этом во избежание ущерба моим прямым служебным обязанностям эти работы приходится исполнять исключительно в неурочное время».

I яшчэ, i яшчэ. Міжволі пытаешся ў самога сябе: адкуль браліся ў яго сілы, як выкройваў ён час на працу душы, на творчасць, на вершы, мастацтва?..

А вось i новае. Пачалася вайна. Менск зрабіўся прыфрантавым горадам. У снежні 1915 г. справавод А. Ф. Паўловіч (почырк ужо не такі каліграфічны, хоць i выпрацаваны, па-свойму прыгожы) просіць дзесяцідзённы водпуск «для свидания с семьею, эвакуированною в г. Тамбов с 30 августа с. г.». Успамінаецца з гэтай нагоды, што тады ж, у жніўні 1915 г., эвакуявалася i Вільня, падаўся ў сумную дарогу Янка Купала, у сувязі з чым перастала выходзіць «Наша Ніва». Нейкі час у вайну Паўловіч, апрача асноўнай працы на чыгунцы, загадваў яшчэ канцылярый асобаўпаўнаважанага Расійскага таварыства Чырвонага Крыжа (тады, як грыбы пасля спорага дожджыку, раслі ўсялякія напаўвайсковыя грамадскія арганізацыі, камітэты, саюзы)...

I яшчэ, хоць непасрэдна да Паўловіча гэта ўжо не мае адносінаў, уразіў надпіс архівіста 20-х гадоў у канцы строгай, стэрыльна аднастайнай, што да мовы, папкі. Па-беларуску:

«Усяго ў гэтай справе пранумераваных шэстнадцаць лістоў. Алесь Шаподскі [?]. 24 чэрвеня 1923 , г. Менск».

Арфаграфія нявытрыманая, беларусізацыя яшчэ толькі пачыналася.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX