Ціха і спакойна прайшло сто гадоў з дня яго нараджэння [1].
Тое, што ён нарадзіўся ў Вільні, не згадваецца нават у даведніку прафесара Клоса (Przewodnik. гл. раздзел пад назвай "Некаторыя прыватныя дамы", с. 212-218).
На шчасце п. Вацлаў Гілберт Студніцкі, па падказках Кіркора, які добра ведаў Клячко, высветліў, у якой вуглавой камяніцы на збегу вуліцы Нямецкай і былой Першай Ятковай (зараз вуліца Юльяна Клячко) ён нарадзіўся [2].
Клячко і Антакольскі нарадзіліся ў суседніх дамах, Антакольскі - у камяніцы па вуліцы Віленскай, 39. Абодва гэтыя дамы ззаду нават прылягаюць адзін да аднаго ...
*
Узімку 1841 года Стэфан Вітвіцкі пісаў з Парыжа Багдану Залескаму, які тады жыў у Фантэнбло: "У Вільні з'явіўся нейкі новы паэт. Яго завуць Клячко... Мае сапраўдны талент, ён малады хлопец, відаць, толькі падлетак. Яго вельмі хваляць у "Tygodniku Petersburgskim" і ў нейкай чэшскай штодзённай газеце, у якой і Адам Міцкевіч прачытаў пра яго. Весткі пра гэтага маладога віленскага паэта дайшлі да Парыжа, дзе ў той час канцэнтравалася ўся наша паэзія, на чале з Міцкевічам, Красінскім і Славацкім, і будучага аўтара "Фларэнтыйскіх вечароў" і Юльяна ІІ-га палічылі вундэркіндам. Не дзіўна, бо ўжо ў 1839 годзе ў Вільні з'явіўся верш, напісаны трынаццацігадовым дзіцем, пад назвай "Мая першая ахвяра", надрукаваны у друкарні Манеса Рома брашурай.
Тады былі іншыя часы, чым сёння!
Верш, адзіны верш, падпісаны цалкам невядомым імем, прыцягнуў столькі ўвагі, што Гіпаліт Скімбаровіч не вагаючыся надрукаваў яго прама ў варшаўскай ранішняй газеце ("Gazecie Porannej"), а ксёндз Юцэвіч (Людвік з Покева) са Свянцян, дзе тады знаходзіўся, пальнуў пра яго вострую рэпліку ў "Tygodniku Petersburgskim", якую перадрукаваў не толькі "Kurjer Warszawski" і "Przyjaciel Ludu", але і "Rozmaitości Lwowskie".
Выдатны пачатак!
Паслухаем, што напісаў ксёндз Юцэвіч (выдавец віленскай "Linksminy") у "Tygodniku Petersburgskim" 11 кастрычніка 1839 года:
"Некалькі месяцаў таму, знаходзячыся ў Вільні, я даведаўся пра незвычайнага трынаццацігадовага паэта. Менавіта тады ва ўсіх салонах горада абмяркоўваўся толькі малы Клячко". Адны здзіўляліся паэтычнаму таленту "цудоўнага дзіця", іншыя падазравалі, што гэта нейкі падман. Кс. Юцэвіч пайшоў паглядзець на яго сваімі вачамі. "Прыйшоўшы ў дом Клячкоў, размешчаны на вуліцы Нямецкай [3] , першай асобай, якую я ўбачыў, была Клячкава, маці паэта. Калі я раскрыў ёй мэту свайго візіту, яна радасна прыняла мяне, правяла ў вытанчана абстаўленую гасцёўню і адразу ж паслала па сына, які працаваў у сваім пакоі. Чакаючы яго прыходу, я завёў размову з маці. Я знайшоў яе вельмі разумнай, з выхаваннем і спосабам мыслення, значна вышэйшым за звычайны... Потым увайшоў малы Клячко. Гэта прыгожае, маленькае, слабое дзіця з вельмі далікатнымі рысамі твару". Кс. Юцэвіч далей адзначае, сярод іншага: "Ён чыста і правільна размаўляе па-польску, валодае незвычайнымі ведамі ў польскай і французскай літаратуры, ведае на памяць амаль усе найпрыгажэйшыя ўрыўкі нашых паэтаў і мяркуе аб літаратурных творах як сталы чалавек. Веды трынаццацігадовага дзіцяці фенаменальныя!".
Аднак Клячко не вырас, так бы мовіць, у прафесійнага паэта. Напісаўшы вельмі прыгожую элегію "Ізраільцянін на руінах Палесціны", ён змоўк у 1841 годзе, а скончыўшы хатнюю адукацыю ў Вільні, адправіўся ў Кёнігсберг, дзе паступіў на філасофскі факультэт тамтэйшага ўніверсітэта.
У 1847 годзе выдатна здаў экзамены, атрымаў дыплом доктара філасофіі і, каб працягнуць адукацыю, адправіўся ў Гайдэльберг. Слухаў лекцыі знакамітага каментатара Шэкспіра Гервінуса. Пачаў пісаць артыкулы для "Deutsche Zeitung", якую выдавалі гайдэльбергскія прафесары. Валодаючы вялікім пісьменніцкім талентам, Клячко інфармаваў замежныя краіны пра Літву і адносіны, якія склаліся ў Расіі.
У 1848 годзе ў Познані ўспыхнула рэвалюцыя. Клячко пакінуў Гайдэльберг і кінуўся ў Берлін, далучыўся да так званага Акадэмічнага легіёна і паспяшаўся ў Познань. Там ён адразу ж звязаўся з такімі вядомымі мясцовымі дзеячамі, як Ян і Станіслаў Казмяны, генерал Хлапоўскі, Каэтан Мараўскі, Аўгуст Цяшкоўскі і Лібельт.
Аднак неўзабаве Клячко вярнуўся ў Берлін і (у 1849 годзе) выдаў брашуру, падпісаную літарамі І. К., пад назвай "Нямецкі гегемон". "Такую прыгажосць пяра, - казаў пра гэтую брашуру Станіслаў Тарноўскі, - такога тэмпераменту, такой сілы і накіраванасці, такой сталёвай іроніі ніколі не было ні ў аднаго паляка, які пісаў пра палітыку. Такога пісьменніка, такога стыліста, як Клячко, нялёгка знайсці і ў сусветнай літаратуры".
Нямецкія ўлады высачылі аўтара брашуры, і Клячку было загадана неадкладна пакінуць Берлін.
Ён адправіўся ў Парыж.
*
Там зблізіўся з Міцкевічам, а праз яго - з усёй польскай эміграцыяй. Наведваў многія арыстакратычныя дамы, у першую чаргу дамы княгіні Марцаліны Чартарыскай. Гэтыя першыя гады знаходжання Клячко ў Парыжы былі адзначаны інтэнсіўным вывучэннем французскай мовы, якой ён неўзабаве пачаў выдатна валодаць, а таксама і нямецкай мовы. Ён пачаў пісаць для "Revue Contemporaine", для "Revue de Paris". Дастаткова ўзгадаць яго літаратурнае даследаванне "La Crimеe poеtique", апублікаванае ў Тарноўскага ў 1855 г. у часопісе "Revue Contemporaine" - адзін з яго найпрыгажэйшых твораў, з калі-небудзь апублікаваных [4].
Пачалася так званая Крымская кампанія, або Усходняя вайна, якая выклікала вялікі ажыятаж сярод нашых парыжскіх эмігрантаў. Уладзіслаў Замойскі, Калінка, разам іншымі, у тым ліку і Міцкевічам, накіроўваюцца на Басфор, у Канстанцінопаль... Міцкевіч не вяртаецца з гэтай экспедыцыі. А Калінка вяртаецца ў Парыж, каб разам з Клячко выдаваць " Wiadomości Polskie", у якой гэты апошні трымае скіпетр лідара літаратурнай крытыкі. На старонках гэтага выдання Клячко, як нехта выказаўся, давёў свой стыль да незвычайнай прыгажосці, нікім непераўзыдзенай у нашым краі. У тым, што напісаў тады Клячко, жыве веліч, прыгажосць і мастацкая дасканаласць...
Але журналісцкая дзейнасць Клячко скончылася менавіта на яго шырокім супрацоўніцтве ў гэтым выданні, якое перастала выходзіць у 1861 годзе. З гэтага моманту Клячко пачаў пісаць амаль што выключна па-французску, але заўсёды ў духу самага чыстага і глыбокага, ранейшага патрыятызму.
Адразу пасля смерці Міцкевіча ён і Яўстах Янушкевіч пачалі публікаваць поўны збор твораў аўтара "Пана Тадэвуша". Клячко прачытаў серыю лекцый пра Міцкевіча ў "Коле навуковых таварыстваў", якія мелі надзвычайны поспех. Ужо вельмі хворы Зыгмунт Красінскі, блізкі сябар Клячко, наведваў гэтыя лекцыі.
У канцы 1861 года ён атрымаў пасаду ў самым паважаным на той час не толькі ў Францыі, але, бадай, ва ўсёй Еўропе часопісе "Revue des Deux Mondes" і апублікаваў даследаванне пад назвай "Le poеte anonyme de la Pologne". Даследаванне адразу ж было апублікавана ў студзеньскім нумары часопіса "Revue" і падпісана поўным імем - Юльян Клячко. Яно адразу ж прыцягнула ўвагу французскіх літаратурных колаў. Гэта быў не толькі самы лепшы, з калі-небудзь быў напісаных аналізаў літаратурнай дзейнасці Красінскага, але ён быў напісаны такім чынам, што аўтар адразу ж стаў адным з першых французскіх пісьменнікаў.
Вядома ж, "Revue des Deux Mondes" адчыніла свае дзверы Клячко.
А гэта былі часы, калі ў нашым краі разгортвалася вечнапамятная трагедыя апошняга паўстання, а ў Парыжы, у будынку Польскай бібліятэкі на Арлеанскай набярэжнай, засядала палітычнае бюро. І ў гэтым бюро, побач з Калінкай, Уладзіславам графам Замойскім і Уладзіславам князем Чартарыскім, галоўным рухавіком быў Клячко. У тым самым шматкватэрным доме, дзе знаходзілася Польская бібліятэка, ён займаў два невялікія пакоі на чацвёртым паверсе.
Палітычнае бюро, як вядома, не толькі інфармавала, але і натхняла французскую прэсу, імкнучыся праз яе сфармаваць грамадскую думку і накіраваць палітычныя колы ў бок нашай справы. У гэтай працы, Клячко, магчыма быў найбольш актыўным з-за сваіх сувязяў у парыжскай прэсе і з-за сваёй выключнай здольнасці пісаць па-французску. Асаблівую каштоўнасць для Бюро і Клячко меў пастаянны і цесны кантакт з самай чытэльнай і ўплывовай штодзённай газетай таго часу - "Journal des Debats". Там нават з'яўляліся камюніке і пракламацыі Польскага камітэта ў выгнанні. На яе старонках вельмі інфармаваныя публіцысты, такія як Сен-Марк Жырардэн, Прэво Парадоль і Анры дэ Мазад, выказвалі сваё меркаванне пра польскія справы і падзеі ў Польшчы. Клячко даваў ім непасрэдныя рэкамендацыі. Або пісаў сам.
Міністр замежных спраў граф Ф. Валеўскі, уражаны бліскучым пісьменніцкім талентам і палітычным інтэлектам, хацеў завербаваць яго ў свой урад. Граф прапанаваў Клячко пасаду асабістага сакратара міністра. Клячко адмовіўся, нягледзячы на прывабнасць гэтай прапановы, якая адкрывала яму шырокія кар'ерныя перспектывы. Ён не мог прыняць умову, што на пасадзе сакратара міністра замежных спраў, яму нельга будзе займацца нацыянальнымі справамі. Таму вялікі пісьменнік працягваў пакутаваць на сваім чацвёртым паверсе, абедаў за адзін франк - і пісаў.
Ён напісаў артыкул для Revue des Deux Mondes пра Руфіна Пятроўскага, сасланага ў Сібір, а затым трактат пра імкненні Германіі да аб'яднання. Ён працягваў пісаць пра "новую эру ў Берліне", бо заўважыў рост цікавасці ў Францыі да палітычных падзей у Германіі. Вылучаўся тут Бісмарк.
З-за дыпламатычнай місіі ў Лондан, Клячко часова адрываецца ад пяра. У Лондане вядзе перамовы з Палмерстанам адносна ўмяшання Англіі на карысць Польшчы. Клячко звярнуў увагу "старога Пэма" (як яго тады называлі) на небяспеку, якая пагражала з боку Расіі ўладанням Вялікабрытаніі ў Індыі, і старэйшына англійскай дыпламатыі адказаў яму: "Памятай, малады чалавек, што табе кажа стары Пэм. Англіі не толькі няма чаго баяцца Расіі ў Сярэдняй Азіі і Індыі, але Расія ніколі не зможа заваяваць нават Каўказ".
Клячко значна дакладней ацэньваў палітычную сітуацыю.
Падчас размоў Клячко з Пальмерстанам, апошні вымавіў словы, якія пазней часта паўтараліся: "Il faut que la plaie saigne!" ("Рана павінна бесперапынна крывавіць"). Гэта было найбольш дакладнае вызначэнне англійскай палітыкі - не бачыць уласнай зацікаўленасці ў аднаўленні Польшчы.
Паўстанне закончваецца. Бісмарк вядзе сваю першую пераможную вайну і анексуе Шлезвіг і Гальштэйн. Ваенная моц Прусіі рэзка ўзрастае. З гэтых падзей пачынаецца вялікі пераварот у Еўропе. Чулы розум Клячко паглынуты гэтымі пытаннямі. Публіцыст і літаратар ператвараецца ў палітычнага пісьменніка. У верасні 1864 года ў Revue des Deux Mondes з'явілася першая серыя знакамітых "Эцюдаў пра сучасную дыпламатыю" Клячко - выдатных даследаванняў сучаснай яму дыпламатыі, у якіх, вядома ж, шырока разглядалася так званае "польскае пытанне". Паводле слоў Сарэля, гэта найбольш выдатныя дыпламатычныя даследаванні, напісаныя па-французску ў XIX стагоддзі. З непараўнальным майстэрствам Клячко "выкрыў у іх - перад Седанам! - усё махлярства палітыкі Бісмарка, яго сістэму, заснаваную на прынцыпе сілы над законам". Ён звярнуў увагу на небяспеку, якая пагражала з боку Прусіі манархіі Габсбургаў.
Відавочна, выдатныя, шырока чытэльныя ў палітычных колах даследаванні Клячко былі надзвычай... нязручнымі для Бісмарка. Яны псавалі яго працу.
Неўзабаве стала зразумела, наколькі меў рацыю Клячко, наколькі бліскуча ён пранік у гульню і намеры пазнейшага жалезнага канцлера. Прадказанне Клячко з травеньскага нумара "Revue" спраўдзілася ўжо ў ліпені таго ж 1866 года. Аўстрыя, пераможаная Прусіяй, была выключана з Германскай імперыі, каб Габсбургі не перашкаджалі спробам Гогенцолернаў атрымаць імператарскую карону. Восенню 1867 года ў "Revue" з'явіўся знакаміты артыкул Клячко пра славянскі кангрэс у Маскве. Як і раней пра аб'яднанне Германіі пад эгідай Прусіі і Бісмарка, цяпер ён бліскуча апісаў панславянскія тэндэнцыі ў Расіі. Бліскучасць розуму, досціп, глыбокая іронія - усё гэта стала проста ашаламляльным. Увесь цывілізаваны свет чытаў і захапляўся ім. Лёгка ўявіць сабе лютасць рускіх панславістаў, такіх як Каткоў... Клячко надрукаваў нарыс у "Revue" і ў кнізе "Les Preliminaires de Sadowa". Выкрыўшы планы Бісмарка, ён прадэманстраваў, наколькі памылковай была палітыка Францыі, якая спрыяла ўздыму Прусіі і дапускала разгром Аўстрыі.
У той момант, калі Другая імперыя знаходзілася на піку сваёй магутнасці і ўплыву, калі Напалеон III дыктаваў законы Еўропе, Клячко завяршыў сваё цудоўнае даследаванне змрочным прароцтвам: "Проста паглядзіце, як Прусія Бісмарка павернецца да Францыі і раздушыць яе гэтак жа, як яна раздушыла Аўстрыю".
Яго высновы спадабаліся аўстрыйскаму канцлеру і міністру замежных спраў графу Бэйсту. Ён жадаў мець Клячко побач з сабой дарадцам. Граф Бэйст неадкладна (у канцы 1869 г.) выклікаў яго ў Міністэрства замежных спраў у Вене і прызначыў на пасаду.
У сакавіку 1870 г. Багдан Залескі пісаў Ленартовічу: "Здаецца, Клячко ад'ехаў у Вену ў добрым настроі, ён упэўнены, што зможа працаваць на карысць касцёла і Польшчы".
*
Падымем заслону.
Прадстаўляю тэкст доктара Майера Балабана, аднаго з найлепшых экспертаў па польска-яўрэйскіх адносінах як у сучаснасці, так і ў мінулым. Вось што доктар Балабан напісаў у варшаўскім "Naszym Kurjerze" ад 16 кастрычніка 1921 года адносна рэлігійных перакананняў Юльяна-Юдэлі Клячко.
З цытаванага вышэй урыўка з ліста Ленартовіча відаць, што Клячко не толькі цалкам падтрымліваў каталіцкую веру, але і, паехаўшы ў Вену, спадзяваўся знайсці там шмат магчымасцяў служыць справе касцёла. Як так? Доктар Балабан адказвае на гэтае пытанне наступнымі словамі:
"Чаму Юльян Клячко не ахрысціўся, пры тым, што прытрымліваўся адпаведных перакананняў і не меў ніякай сувязі з іўдаізмам? Чаму ён не зрабіў так, як многія, як Гейнэ, Бёрнэ і іншыя? Сакрэт гэтай загадкі хаваецца ў адносінах Клячка з бацькам, якога ён любіў больш за ўсіх, і які быў верным і набожным яўрэем.
А Цві Гірш Клячко з бацькоўскай любоўю здалёк сачыў за сваім сынам, яго кар'ерай і ўздымам да славы. Але, відаць, да Нямецкай вуліцы ў Літоўскім Іерусаліме дайшлі чуткі, што Юдэль меў зносіны выключна з католікамі, з дваранствам, што яго ідэалы не былі яўрэйскімі ідэаламі, і што - барані Божа - ён парве, ці, магчыма, ужо парваў, з былым яўрэйствам.
Швагер Клячко, багаты банкір Грунберг, якраз перабіраўся ў Парыж, і яго папрасілі паклапаціцца пра маладога доктара, каб вярнуць яго на шлях веры. Грунберг, чалавек еўрапейскай элегантнасці, у 1849 годзе знайшоў свайго пляменніка ў Парыжы, неаднаразова запрашаў жыць у свой палац і вёў з ім доўгія дыскусіі аб палітычных і рэлігійных перакананнях. Клячко ў той час жыў у вельмі дрэнных умовах, і дапамога дзядзькі была б яму карыснай, але ён занадта далёка адышоў ад сямейнага кола, а дзядзька, які падтрымліваў яго бацьку, маці і хацеў падтрымліваць яго, быў занадта яўрэем і мог толькі адхіліць яго ад свайго шляху".
Ліста Клячко да Яна Казмяна мы ведаем, што ён адказаў дзядзьку Грунбергу прыкладна наступнае: "Дарагі дзядзька! Я бясконца ўдзячны вам за ўсё, што вы зрабілі для мяне, але... маё рэлігійнае і палітычнае жыццё належыць выключна мне. Таму папярэджваю вас, што калі вы будзеце і далей мець жаданне даглядаць за мной... я неадкладна пакіну Парыж, і вы ніколі не даведаецеся, дзе я".
Дзядзька Грунберг сціснуў яго за плечы. Ён быў расчулены. Ён выпаліў, што бачыць перад сабой... вар'ята, але, не жадаючы выглядаць нецярпімым, перастаў дакучаць Клячко і падрабязна ўсё расказаў бацьку. Пасля гэтага пачалася працяглая перапіска паміж Вільняй і Парыжам, паміж бацькам і сынам. Падрабязнасці гэтай перапіскі нам невядомыя.
Дастаткова сказаць, што ў канцы студзеня 1856 года Клячко паведамляе Казмяну, што яго бацька памёр: "Знікла прычына, якая дагэтуль аддзяляла мяне ад веры, а не ад яе вызнання. Пакуль мой бацька быў жывы, я быў звязаны клятвай... Я ўсё раскажу маці. Можа, добры і міласэрны Бог дасць мне калі-небудзь прывесці яе сюды, можа, Ён дасць мне таксама шанец упэўніць яе ў Праўдзе!... Але чакаць гэтага немагчыма. Я хацеў бы як мага хутчэй памірыцца з Богам і ачысціць сваё сумленне". Але Клячко хваляваўся, каб яго далучэнне да Хрыстовай веры не атрымала публічнасці; каб яго маці не даведалася... каб - як піша Клячко - "я з уласнага збаўлення не выкаваў меч для сваёй маці".
Ён прасіў даслаць яму ксяндза "доктара сумлення, простага духам, поўнага спачування і прабачэння". Казьмян не ведаў такога святара ў Францыі. Ён парэкамендаваў айца Лігур'яна ў Бруселі. Клячко паехаў туды і быў ахрышчаны 26 красавіка 1856 года - амаль роўна 70 гадоў таму.
Аднак яго працягвалі мучыць духоўныя пакуты за маці. Бо яна занадта балюча адчувае " адступніцтва сына... Што з ёй адбываецца ў Вільні!...".
Гэтыя сумневы і трывогі захоўваліся яшчэ і праз 12 гадоў потым, калі ён убачыў сваю маці ў Берліне, якая прыехала туды на аперацыю. Ён зразумеў, як дарэмна спадзяваўся, што калі-небудзь наверне маці ў каталіцкую веру. Таму ён не сказаў ёй, што быў ахрышчаны. Было відавочна, што яго маці не перажыве гэтага. Яна пакутавала ад раку, і ён не меў права сказаць ёй праўду.
Пасля аперацыі пацыентка вярнулася ў Вільню, але толькі для таго, каб там памерці. На старых яўрэйскіх могілках у Вільні, за ракой Віліяй, каля магілы вялікага Гаона, ляжаць парэшткі Цві Герша Клячко і яго жонкі, а іх сын і гонар, доктар Юльян Клячко, пахаваны на каталіцкіх могілках у Кракаве, далёка ад магілы Майсея Ісерлеса і іншых вялікіх дзеячаў яўрэйскай грамады.
Але вернемся да дарадцы ў Вене, якому канцлер граф Бэйст, калі яго спытаў, для якой працы ён прызначаны, адказаў: "Я адчуваю патрэбу пагаварыць з вамі".
Гэтыя размовы паміж аўтарам "Les Preliminaires de Sadowa" і аўстрыйскім канцлерам былі вельмі нязручнымі для Бісмарка, і доказы таго, што ён іх баяўся, мы знойдзем, напрыклад, у "Мемуарах" Буша, даўняга сакратара "жалезнага канцлера".
Бісмарк баяўся нястомнага "агітатара", які бачыў яго планы, баяўся непасрэднага ўплыву Клячка на Бэйста, баяўся палітычнай мудрасці Клячко і зрыву яго далёкасяжных сувязяў у французскай дыпламатыі.
У лістах і нататках Бісмарка, як піша Ф. Хоэсік, апублікаваных пасля яго смерці, ёсць шмат красамоўных слядоў страху і нянавісці, якімі жалезны канцлер шанаваў аўтара "Les Preliminaires de Sadowa". Здаецца, няма ніякіх сумневаў, што гэты інстынктыўны страх перад бліскучым чалавекам, які прадбачыў справы прускага канцлера, уплываў на помслівую палітыку Бісмарка ў дачыненні да палякаў. Помслівасць і ўпартасць былі, як вядома, характэрнымі рысамі духоўнай арганізацыі Бісмарка.
Клячко быў абраны дэпутатам Галіцкага сойма ў Львове ад курыі буйнейшых землеўладанняў - вядома, дзякуючы яго блізкім адносінам з сем'ямі Вадзіцкіх, Тарноўскіх, Стадніцкіх і Патоцкіх. Настае франка-нямецкая вайна. Клячко выступіў з цудоўнай прамовай на Львоўскім сойме, надзвычай смелай, калі ўлічваць блізкія адносіны паміж Аўстрыяй і Германіяй. Ён параіў сойму ў сваім звароце да імператара выказаць нашы сімпатыі і пачуцці... да Францыі. Гэта не было задаволена, нягледзячы на велізарнае ўражанне, якое зрабіла прамова. Сам князь Адам Сапега лічыў, што сойм Галіцыі не павінен умешвацца ў "чужыя", г.зн. у агульнадзяржаўныя справы. Бо гэта не дапаможа! Сілы і розуму так мала ў Аўстрыі, і таму нельга падманваць сябе, што прамова можа мець які-небудзь эфект [5]. Можна толькі ўявіць сабе шум, які падняла венская прэса. Прусафілы на Дунаі не маглі зразумець, што венскі гофрат (дарадца) мог выступіць у сойме Львова з апалогіяй Францыі! Як ён смее самастойна праводзіць франкафільскую палітыку!
Бэйст спалохаўся. Клячко прадбачыў наступствы, якія лагічна выцякалі з яго прамовы, і падаў канцлеру заяву аб адстаўцы. Са свайго боку, Бісмарк паскардзіўся нават імператару Францу Іосіфу.
У першыя дні студзеня 1871 Аўстрыя даведалася аб узвядзенні на трон Германскай імперыі Вільгельма Гогенцолерна Прускага.
У тым жа годзе і месяцы аўстрыйская і венгерская дэлегацыі правялі сумесную сустрэчу ў Пешце. Адбылася сур'ёзная дыскусія аб знешняй палітыцы Аўстра-Венгрыі. Ад імя польскіх дэлегатаў выступіў Юльян Клячко. Ён адзначыў, што з хвіліны, калі Францыя была пераможана, паралізавана і выключана з "еўрапейскага канцэрту", клопату пра малых і слабых больш няма, і Аўстрыя можа лічыцца толькі з дзвюма магутнымі дзяржавамі: Германіяй і Расіяй. І зноў ён раскрыў планы Бісмарка, які ўжо імкнуўся да саюзу з Расіяй... за спіной Аўстрыі - "найдаражэйшага нямецкага саюзніка", а фактычна супраць гэтага самага саюза. У той знакамітай прамове Клячко прадказаў, што Аўстрыі адгэтуль давядзецца ўтрымліваць супраць Германіі моцнае, вялікае і баяздольнае войска. А пра Расію ён выразна сказаў, што, заключыўшы саюз з немцамі, няцяжка прадбачыць, што яна неўзабаве з усёй сваёй сілай будзе ціснуць на "шалі славянскіх народаў супраць саюзніка, на якога яна раней дарэмна разлічвала". Ужо тады, 18 студзеня 1871 года, Клячко выразна прадказаў неабходнасць збліжэння Францыі з Расіяй, саюз паміж Францыяй і Расіяй. "Францыя, - сказаў ён, - зноў паўстане і пачне граць іншую ролю ў гісторыі, і тады саюз паміж Францыяй і Расіяй здаецца мне непазбежным. З дапамогай Расіі яна верне страчаныя правінцыі". І таму пасля перамогі над Францыяй Еўропе пагражае няўмольны мілітарызм.
Яго прамова стала падзеяй дня не толькі ў Аўстрыі і Клячко больш не мог заставацца ў Вене. Акрамя таго, яго вялікі сябар граф Бойст больш не быў канцлерам, а Альфрэд граф Патоцкі больш не ўзначальваў кабінет міністраў. Клячко вярнуўся ў Парыж. Ненадоўга заехаў у Вену, каб стаць сведкам таго, як Бісмарк перахітрыў Аўстрыю падчас з'езда трох імператараў, і, збянтэжаны актыўнай палітыкай перад абліччам заняпаду Францыі і бяссілля Аўстрыі, ён вырашыў схавацца пад крылом мастацтва. На працягу больш доўгага перыяду ён паслядоўна праводзіў час у Рыме і Фларэнцыі. Цалкам адышоў ад палітычнага жыцця, перастаў быць дэпутатам Галіцыйскага і Венскага соймаў. Вярнуўшыся ў Парыж у 1874 годзе, ён пачаў працаваць над кнігай "Deux Chanceliers" ("Два канцлера"). Спачатку яна быў апублікавана ў дзясятку нумароў "Revue des Deux Mondes", а ў 1876 годзе ш выглядзе кнігі.
Гэта знакамітая кніга мела некалькі выданняў і была перакладзена на замежныя мовы, У ёй Клячко паказаў, што Еўропа выглядала б зусім інакш у 1875 годзе (пяцьдзесят гадоў таму), калі б канцлер князь Горчакоў б давяраў не занадта Бісмарку. Бісмарк, хітра выдаючы сябе за яго "вучня", скарыстаўся даверам свайго "настаўніка" на шкоду Расіі, Аўстрыі, Францыі і на карысць Германіі. Гарчакоў дазволіў Бісмарку ганебна перахітрыць сябе, дазволіў сябе выкарыстаць...
Кніга Клячко, паклала канец сяброўству і даверу паміж двума канцлерамі, пасеяла паміж імі разлад і тым самым аказала значны ўплыў на ход еўрапейскай палітыкі, напрыклад, на ход Берлінскага кангрэсу 1878 года, падчас якога вялася ціхая, але жорсткая вайна паміж Гарчаковым і Бісмаркам, якія глыбока варагавалі адзін з адным.
Але сам Клячко, усё больш расчароўваўся ў палітыцы, бачыў банкруцтва сваіх палітычных ідэалаў і, азлоблены, рабіў усё больш частыя і даўжэйшыя паездкі ў Італію, дзе знаёміўся з шэдэўрамі мастацтва. Вынікам гэтага адыходу ад палітыкі стаў шэдэўр Клячко "Фларэнтыйскія вечары", увянчаны Французскай акадэміяй. Пра гэтую кнігу Ст. Тарноўскі заявіў, што "з таго часу, як у Польшчы з'явілася пісьменнасць, ніколі яшчэ паляк не пісаў так пра замежную літаратуру і мастацтва. Не было нічога падобнага "Фларэнтыйскім вечарам" па сваёй вазе, навуковасці, праніклівасці думкі, вытанчанасці крытычнага і мастацкага пачуцця, і, нарэшце, бездакорнай прапорцыі і стылю".
Даўні сябар граф Людвік Вадзіцкі, каб дапамагчы Клячко фінансава, увёў яго ў праўленне Lаnderbank, заснаванага ў 1880 годзе ў аўстрыйскай сталіцы. Пасяліўшыся назаўсёды ў Вене, Клячко меў дастаткова часу, каб напісаць сваю другую буйную працу, якая не мела нічога агульнага з палітыкай, працу, заснаваную на жыцці і дзейнасці Папы Юльяна II на фоне яго эпохі. З'явілася адна з найпрыгажэйшых кніг, калі-небудзь напісаных пра мастацтва эпохі Адраджэння ў Італіі, магчыма, нават і самая прыгожая...
*
Я спыняюся. Не трэба было мне браць пяро газетчыка, каб напісаць пра такую постаць, як Клячко, постаць, якая патрабуе падрабязнага апісання на новых біяграфічных і крытычных крыніцах з больш дробнымі дэталямі.
Я толькі хацеў нагадаць вам. Нагадаць вам пра самы высакародны гонар Вільні.
Прайшло ўсяго дваццаць з нечым гадоў з моманту смерці Юльяна Клячко, і хто памятае пра яго сёння сярод маладзейшага пакалення?
Гэты родны сын Вільні асляпіў французаў сваім майстэрскім валоданнем іх уласнай літаратурнай мовай. Чалавек, які, як палітычны пісьменнік, дасягнуў большага, чым многія міністры з самымі вядомымі імёнамі, які стаіць у першых шэрагах патрыётаў - ці варты ён удзячнай памяці ўсіх вільнян! Хіба не варты ён памятнай дошкі на сцяне дома, дзе нарадзіўся, і нават сціплага бюста дзе-небудзь у маляўнічым кутку былога Батанічнага саду або ў парку паміж саборам і Замкавай гарой?
Францыя ўшанавала і прызнала Клячко; яму быў прысвоены тытул члена Акадэміі маральных і палітычных навук, яму была нададзена званне камандора Ганаровага легіёна; Кракаў, тагачасная сталіца пасляпадзельнай Польшчы, з вялікай урачыстасцю адзначыў 50-годдзе яго доктарскага дыплома і сямідзесяцігоддзе з дня нараджэння. Кёнігсберг узнагародзіў яго дыпломам доктара ўніверсітэта. А Вільня?
Ад перакладчыка.
Габрыеля Пузыня пісала: "У тую ж зіму мы пазнаёміліся з потым вядомым у Парыжы Юльянам Клячко, бацькі якога мелі ў той час краму тканін на Нямецкай вуліцы ў Вільні. Вось даслоўны ўрывак з майго дзённіка з запісам пра гэтую сустрэчу: "Учора ў нас было некалькі дам і разам з імі малы ізраэліт, які з запалам чытаў верш Байрана "Бывай здаровы, край любімы" і "Оду да караля" Красіцкага. Яго, сына купца Клячкі, прывёў пан Букша. Маці супраць волі мужа выхоўвае сына з думкай, што ён калі-небудзь стане хрысціянінам і паэтам. Сын адгукаецца на намаганні маці і прадаў свой залаты гадзіннік, каб мець уласнае фартэпіяна, бо мае здольнасць і цягу да музыкі. Таксама ён вельмі прагне слухаць нашых прапаведнікаў і прызнаецца, што не разумее Талмуда і нудзіцца ў школе. Усе вочы, слых і ўвага былі звернуты на малога дэкламатара які чытаў вершы, пры гэтым яго вялікія, чорныя і выразныя вочы ззялі. Потым спяваў нейкія бясконцыя строфы пра мяцёлкі з "Селяніна-мільянера" (меладрама Фердынанда Раймунда у трох актах, 1826 г. - Л. Л.), каб спыніць яго, нас папрасілі заспяваць. У гонар будучага хрысціяніна мы выбралі "Гімн Найсвяцейшай Панне". Хлопчык ніколі не чуў нічога больш лепшага і выглядаў узрушаным. А сыходзячы, падзякаваў пану Букшу за такі прыемны вечар.
Праз некалькі дзён пан Букша прынёс нам ад свайго пратэжэ яго вершы, надрукаваныя на польскай і на ідыш, а таксама ліст, напісаны пасля таго, як яго няўмольны бацька, забараніў іграць на фартэпіяна. Падзякаваўшы пану Букшу за яго старанні і заступніцтва, бедны хлопчык закончыў свой ліст словамі з "Валенрода": "Цудоўна спаў, але дрэнна я прачнуўся".
Cz. Jankowski . Juljan Klaczko // Słowo. 1926. № 87; № 88; № 89.
Пераклад Лаўрэша Леаніда.
[1] Аўтар "Двух канцлераў" і "Фларэнтыйскіх вечароў" нарадзіўся 5 лістапада 1825 года.
[2] Габрыэля Пузыня пісала: "У тую ж зіму мы пазнаёміліся з потым вядомым у Парыжы Юльянам Клячко, бацькі якога мелі ў той час краму тканін на Нямецкай вуліцы ў Вільні. Вось даслоўны ўрывак з майго дзённіка з запісам пра гэтую сустрэчу: "Учора ў нас было некалькі дам і разам з імі малы ізраэліт, які з запалам чытаў верш Байрана "Бывай здаровы, край любімы" і "Оду да караля" Красіцкага. Яго, сына купца Клячкі, прывёў пан Букша. Маці супраць волі мужа выхоўвае сына з думкай, што ён калі-небудзь стане хрысціянінам і паэтам. Сын адгукаецца на намаганні маці і прадаў свой залаты гадзіннік, каб мець уласнае фартэпіяна, бо мае здольнасць і цягу да музыкі. Таксама ён вельмі прагне слухаць нашых прапаведнікаў і прызнаецца, што не разумее Талмуда і нудзіцца ў школе. Усе вочы, слых і ўвага былі звернуты на малога дэкламатара які чытаў вершы, пры гэтым яго вялікія, чорныя і выразныя вочы ззялі. Потым спяваў нейкія бясконцыя строфы пра мяцёлкі з "Селяніна-мільянера" (меладрама Фердынанда Раймунда у трох актах, 1826 г. - Л. Л.), каб спыніць яго, нас папрасілі заспяваць. У гонар будучага хрысціяніна мы выбралі "Гімн Найсвяцейшай Панне". Хлопчык ніколі не чуў нічога больш лепшага і выглядаў узрушаным. А сыходзячы, падзякаваў пану Букшу за такі прыемны вечар. Праз некалькі дзён пан Букша прынёс нам ад свайго пратэжэ яго вершы, надрукаваныя на польскай і на ідыш, а таксама ліст, напісаны пасля таго, як яго няўмольны бацька, забараніў іграць на фартэпіяна. Падзякаваўшы пану Букшу за яго старанні і заступніцтва, бедны хлопчык закончыў свой ліст словамі з "Валенрода": "Цудоўна спаў, але дрэнна я прачнуўся"
[3] Нязначнасць будынка хай нікога не падманвае. Сям'я Клячкоў жыла ў Вільні з незапамятных часоў і да нядаўняга часу належала да ізраэліцкага патрыцыяту ў нашым горадзе.
[4] Ферд. Хоэсік даў шырокі і цікавы аналіз твораў Клячко ў сваёй кнізе: Юльян Клячко. Нарыс жыцця і працы". Кракаў, 1904.
[5] F. Hoesick: "Juljan Klaczko, str. 170.
Герб горада Ліды, наданы 17 верасня 1590 г.
