Папярэдняя старонка: Артыкулы

Падагра і геніяльнасць. Спроба дыягназу хваробы Скарыны прафесарам Сарокам 


Аўтар: Оліна Эла,
Дадана: 31-01-2024,
Крыніца: Оліна Эла. Падагра і геніяльнасць. Спроба дыягназу Скарыны прафесарам Сарокам // Наша слова.pdf № 3 (107), 17 студзеня 2024.



Падагра і геніяльнасць. Спроба дыягназу волата Рэнесансу праз 500 гадоў

Доктар медыцынскіх наук, прафесар 2-ой кафедры ўнутраных захворванняў БДМУ Мікалай Фёдаравіч Сарока, кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра рэўматалогіі шмат гадоў прысвяціў дапамозе пацыентам з захворваннямі суставаў.

М. Ф. Сарока з'яўляецца адным з вядучых спецыялістам у галіне тэрапіі і рэўматалогіі, вядомым вучоным у галіне клінічнай медыцыны. Ён ўнёс значны ўклад у распрацоўку новых метадаў дыягностыкі і лячэння захворванняў унутраных органаў.

Мікалай Фёдаравіч нарадзіўся ў вёсцы Асіннікі Камянецкага раёна Берасцейскай вобласці ў 1949 годзе. Ён скончыў сярэднюю школу з залатым медалём і Менскі медыцынскі інстытут з чырвоным дыпломам у 1972 годзе. На працягу дваццаці гадоў ён загадваў 2-й кафедрай унутраных захворванняў БДМУ, быў асістэнтам і дацэнтам кафедры, падрыхтаваў 24 кандыдатаў і 3 дактароў медыцынскіх навук. З 1987 па 1991 гг. Мікалай Фёдаравіч Сарока працаваў дэканам лячэбнага факультэту МДМІ.

Асноўныя навуковыя кірункі работы М. Ф. Сарокі маюць як фундаментальны так і прыкладны характар, у асноўным у галіне рэўматалогіі і фактараў рызыкі, імуналагічныя працэсы, клінічныя праявы, дыягностыка і спосабы лячэння рэўматычныя захворванняў. Ім сфармуляваная арыгінальная канцэпцыя біяхімічнай гетэрагеннасці рэўматоіднага артрыту.

Паглыбленная цікавасць да рэўматалогіі прывяла яго да сенсацыйнага адкрыцця ў скарыназнаўстве: ён абгрунтаваў гіпотэзу пра тое, што Волат Еўрапейскага Рэнесансу, беларускі першадрукар, доктар медыцыны, арыгінальны мастак і мысляр Францішак Скарына мог пакутаваць на падагру. Летам гэтага года ў выдавецтве "Тэхналогія" пабачыла свет кніга прафесара Н.Ф. Сарокі "На што хварэў Францыск Скарына. Спроба дыягназу праз 500 гадоў", якая выклікала вялікую цікавасць у шырокай аўдыторыі: медыкаў, філолагаў, тэолагаў, студэнтаў. Кнігу запатрабавалі ў свае фонды акадэмічныя колы Чэхіі, Польшчы, Літвы.

Упершыню ў гісторыі навуковец у галіне медыцыны звярнуў увагу на важную дэталь на партрэце асветніка і першадрукара: на павялічаны ў памерах вялікі палец на назе, абгорнуты мантыяй, і выказаў гіпотэзу пра хваробу, на якую мог пакутаваць геніяльны перакладчык Бібліі.

-У 1992 годзе, калі я абараніў доктарскую дысертацыю ў Маскве, мой калега Віталь Кошалеў падараваў мне факсімільнае ўзнаўленне Бібліі Францыска Скарыны з дарчым надпісам. Маю цікавасць да славутага асветніка прыцягвалі ў 2012 годзе юбілей 500-годдзя атрымання Ф. Скарынам дыплома доктара медыцыны ў Падуі і 500-годдзе пачатку выдання Бібліі Ф.Скарыны ў 2017 годзе. Не прэтэндуючы на бясспрэчнасць, я захацеў падзяліцца здагадкай пра магчымую хваробу першадрукара.

Калі я чытаў лекцыі сваім студэнтам пра падагру, то ў якасці ілюстратыўнага матэрыяла выкарыстоўваў карціны англійскіх жывапісцаў ХVIII стагоддзя. На іх было бачна, як для аблягчэння пакутаў хворых на падагру выкарыстоўвалі спецыяльныя падстаўкі для ног. Падобная падстаўка для ног ёсць і на патрэце Францішка Скарыны, вялікі палец на назе павялічаны і абгорнуты мантыяй.

- Мікалай Фёдаравіч, а якія аргументы Вы выказалі на карысць Вашай гіпотэзы?

- Першы: гэта тое, што Скарыну сапраўды можна лічыць геніям. Ён быў чалавекам рознабакова таленавітым, валодаў незвычайнай працаздольнасцю энцыклапедычнымі ведамі, жаданнем несці асвету суайчыннікам. Сёння, больш як праз 500 гадоў пасля выхаду яго кніг, яго памятаюць, яго кнігі шануюць у Чэхіі, Літве, і ў іншых далёкіх і суседніх краінах. У кожным разе геній - гэта перш за ўсё экстрэмальнае напружанне індывідуальных талентаў, гэта найвялікшая праца, разлічаная на стагоддзі, часам насуперак непрызнанню, абыякавасці, пагардзе, галечы. Усе гэтыя характарыстыкі ў поўнай меры адносяцца да Скарыны.

- У чым праяўляецца падагра?

- Падагра (у перакладзе з грэчаскай мовы - "нага ў пастцы") вядомая ў медыцыне ўжо некалькі тысяч гадоў як хвароба парушанага абмену рэчываў. На падагру "забыцца" немагчыма: клінічная карціна яе вельмі выразная: несцярпімыя пакуты,звязаныя з прыступамі болю у суставах ног. Цяжка знайсці захворванне, якое мае гэтулькі вобразных найменняў і яскравых эпітэтаў: "каралева хвароб", "немач арыстакратаў"," хвароба геніяў", "панская хвароба", " кропля атруты" ды іншыя. Яна выклікае моцныя болі і ацёкі суставаў, асабліва часта - вялікіх пальцаў ступакоў. Падагра, як правіла, сустракаецца пасля 30-40 гадоў. Гэта пераважна "мужчынская хвароба": мужчыны хварэюць на падагру 9-10 разоў часцей за жанчын.

- Ці сапраўды ёсць сувязь паміж геніяльнасцю і падаграй?

- Падагрычная стымуляцыя мозгу - гэта адзін з механізмаў, якія могуць падвышаць дзейнасць яго да ўзроўню таленавітасці або геніальнасці. На пачатку мінулага стагоддзя Гэўлак Эліс у сваёй амаль 400-старонкавай манаграфіі адзначаў адметную з'яву: высокую частату распаўсюджвання сярод выдатных англічанаў захворвання суставаў-падагры. Ён дакладна апісаў асаблівасці геніяў-падагрыкаў, адзначыўшы іх незвычайную мэтанакіраванасць, энергічнасць, невычэрпную ўпартасць, працаздольнасць, настойлівасць у пераадоленні перашкод. Версію, чаму сярод геніяў сустракаюцца падагрыкі, выказаў у 1955 годзе Эган Ораван. Ён выявіў, што мачавая кіслата, падвышаная канцэнтрацыя якой выклікае падагру, вельмі падобная структурна да кафеіну і тэабраміну - вядомых стымулятараў разумовай актыўнасці. Неардынарнасць асобы Скарыны праявілася ўжо ў маладыя гады. Пацверджаннем служыць бліскучая здача іспытаў на годнасць доктара медыцыны ў Падуанскім ўніверсітэце ў Італіі, самым аўтарытэтным у тагачаснай Еўропе.

- Якія прыклады такога спалучэння захворвання і геніяльнасці ёсць у апісаныя ў літаратуры?

- Як вядома, на падагру хварэлі Аляксандр Македонскі, Пталамей, Гай Юлій Цэзар, Ота Бімарк, Хрыстафор Калумб, Галілеа Галілей, Людвіг ван Бетховен, Фрэнсіс Бэкан, Готфрыд Ляйбніц, Робэрт Бойль,Чарльз Дарвін, Мікелянджэла, Агюст Рэнур, Джордж Байран, Ёган Вольфганг Гётэ, Іван Тургенеў, Анарэ Бальзак, Леў Ландаў і шмат іншых прадстаўнікоў навукі і мастацтва. Сярод геніяльных або блізкіх да геніяльнасці людзей на падагру хварэюць 15-25%, а сярод геніяў-тытанаў амаль 50%! Да групы геніяў-падагрыкаў, як нам здаецца можна аднесці і Францыска Скарыну.

Другім аргументам можа паслужыць вывучэнне партрэта першадрукара і асветніка. Чаму ён пакінуў на партрэце забінтаваны палец правай нагі, абгорнуты мантыяй. Магчыма, доктар медыцыны Францішак Скарына ўпершыню прапанаваў выкарыстоўваць адмысловую падстаўку для палягчэння пакутаў хворых на падагру. З увагі на яго інтэлектуальны ўзровень і бліскучую кваліфікацыю гэтае дапушчэнне цалкам імавернае. Пазней такія прылады рэкамендавалі пацыентам-падагрыкам у розных еўрапейскіх краінах. Выкарыстоўваліся і іншыя канструкцыі, якія добра відаць на карціне мастака Джы Ханта (1827г.).

Ёсць на партрэце ўказанне на апітэрапію ў вобразе руплівай пчалы. Апітэрапія была шырока распаўсюджана ў свеце з антычных часоў, гэты метад апісвалі Гіпакрат і Гален, лекавыя ўласцівасці прадуктаў пчалярства адзначаліся ў Бібліі і Каране. Гіпакрат першым сістэматызаваў інфармацыю пра захворванні суставаў і даказаў эфектыўнасць іх лячэння ўджальваннем пчоламі.

Аргумент трэці: што прымусіла доктара медыцыны і кнігавыдаўца ператварыцца ў садоўніка ў караля Фердынанда 1 Аўгуста? Тагачасныя лекары былі добрымі батанікамі, ведалі лекавыя ўласцівасці раслін і расліннай ежы. Магчыма, менавіта хвароба не дазволіла Скарыну працаваць з ранейшай інтэнсіўнасцю, і ён абраў больш спакойнае, мернае жыццё, працу на свежым паветры. Але гэта было прэстыжна, бо ён працаваў у караля!

- Мікалай Фёдаравіч, як перадаюцца медыцынскія традыцыі і веды ў Вашай сям'і?

- Мой дзед Карп, які жыў у Белавежскай пушчы, быў народным лекарам, ён лячыў розныя захворванні, у тым ліку сухоты, выпісваў кнігі з С. Пецярбурга. Людзі давярылі яму і ішлі да яго па парады, але мы не сустрэліся з ім на зямлі, на жаль, ён памёр у 1945 годзе, а я нарадзіўся ў 1949-тым. Мая жонка - педыятр, старэйшая дачка - акушэр-гінеколаг, таксама працавала ў сферы фармакалогіі.

- У Вас вялікі досвед працы ў галіне клінічнай медыцыны, Вы абменьваецеся сваім досведам з замежнымі калегамі.

- Так, штогод я бяру ўдзел у Кангрэсах Еўрапейскага таварыства рэўматолагаў EULAR (The European Alliance of Associations for Rheumatology), два тыдні стажыраваўся ў Гановеры, сачу за публікацыямі ў галіне рэўматалогіі.

- Наколькі я ведаю, некалькі разоў Вы адпраўляліся да калегаў у Лацінскую Амерыку?

- Так, я двойчы пабываў у Эквадоры. Мой былы студэнт Клаўдыё Галарса, які вучыўся ў БДМУ, стаў вядомым у Эквадоры рэўматолагам і запрасіў мяне ў госці ў 2012 годзе. Ён працуе ў прыватнай клініцы, яго жонка Марыя, якая родам з Шаркаўшчыны, таксама лекар.

- А ці часта сёння людзі хварэюць на падагру?

- Так, гэтае захворванне стала больш распаўсюджаным, сярод захворванняў суставаў гэта захворванне займае другое месца пасля артрыту. Парушэнне абмена рэчываў прыводзіць да павышэння ўзроўню мачавой кіслаты, якая адкладаецца ў тканках і суставах. Падагра пашкоджвае суставы ( гэта праяўляецца моцным болем і парушэннем іх функцыі). Сёння мы паспяхова лечым гэтае захворванне.

Гутарыла Эла Оліна, фота аўтара.

На здымках: 1. Прафесар Мікалай Фёдаравіч Сарока (фота аўтара). 2. Кніга прафесара Сарокі. 3. Партрэт Францыска Скарыны з Бібліі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX