Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

Камітэт Загранічных групаў Беларускае партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў (1920-1923 гг.) 


Аўтар: Лебедзева Валянціна,
Дадана: 15-11-2017,
Крыніца: Лебедзева Валянціна. Камітэт Загранічных групаў Беларускае партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў (1920-1923 гг.) // Спадчына 1997. №4. С. 22-47.



Да часу падпісаньня Рыскае дамовы Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, нягледзячы на сваю менш чым 3-гадовую гісторыю, пасьпела набыць значны палітычны досьвед i ўплыў.

У самы напружаны пэрыяд барацьбы за дзяржаўнае вызначэньне Беларусі - на працягу 1918-1920 гг. - БПС-Р яскрава заявіла прэтэнзіі на лідэрства ў нацыянальным руху. Яна змагла стварыць паўстанцкія аддзелы супраць нямецкай акупацыі, польскай i бальшавіцкай экспансіі - "Сувязь беларускага працоўнага сялянства", якой кіраваў Паўстанцкі камітэт у Менску. Адчувальным быў уплыў партыі на маладзёвыя, настаўніцкія, каапэратыўныя арганізацыі.У сьнежні 1919 г. БПС-Р канчаткова пераняла ініцыятыву ў сацыял-дэмакратаў i сацыялістаў-фэдэралістаў, стварыўшы альтэрнатыўныя кіруючыя органы БНР - Народную Раду i Раду Народных міністраў на чале з В.Ластоўскім. Да 1920 г. партыя налічвала каля 20 тыс. сяброў, што ператварыла яе Ў самую шматлікую палітычную партыю Беларусі.

Пасьлядоўна незалежніцкія пазыцыі i абвешчаныя лёзунгі "барацьбы як з польскім, так i з маскоўска-дзянікінскім імпэрыялізмам" прывялі да таго, што ўжо зь вясны 1919 г. эсэры былі вымушаныя перайсьці на нелегальнае становішча як на польскай, так i на савецкай тэрыторыі.

Эсэры засьведчылі сябе рэальнай палітычнай сілай, што i прымусіла бальшавіцкае кіраўніцтва перайсьці ад адкрытых рэпрэсіяў да больш тонкай тактыкі нэўтралізацыі эсэраўскага ўплыву ў Беларусі. У сьнежні 1919 г. пачаўся эсэраўска-бальшавіцкі дыялёг, вынікам якога стаў ваенна-палітычны хаўрус у антыпольскай барацьбе, а таксама сумеснае абмеркаваньне плянаў дзяржаўнага ўладкаваньня Беларусі.

Эсэры разьлічвалі найперш на прызнаньне іхнай аграрнай праграмы i стварэньне кааліцыйнага бальшавіцка-эсэраўскага ўраду. Але напярэдадні падпісаньня Рыскай дамовы 860 актывістаў БПС-Р, у т.л. сябры ЦК Я.Мамонька i П.Бадунова, а таксама поўны склад Менскага камітэту былі арыштаваныя. Саюз з бальшавікамі скончыўся для эсэраў трагічна - адкрытыя рэпрэсіі спалучыліся з забаронай палітычнай дзейнасьці на тэрыторыі ССРБ.

Ba ўмовах польскае акупацыі, а пазьней Рыскае дамовы, частка партыі на чале з такімі яе лідэрамі, як Т.Грыб, В.Ластоўскі, К.Дуж-Душэўскі апынулася па-за межамі Беларусі, на захад ад новаўтворанай дзяржаўнай мяжы. Вакол гэтых дзеячоў i пачалося стварэньне новых партыйных структураў i кансалідацыя тых палітычных сілаў беларускай эміграцыі, якія імкнуліся захаваць дзяржаўна-незалежніцкую традыцыю нацыянальнага руху. Гэтая плынь дыстанцыявалася ад г.зв. "палёнафільскага" крыла на чале з А.Луцкевічам i Б.Тарашкевічам.

Першыя крокі ў стварэньні структураў БПС-Р за мяжой былі зробленыя яшчэ ўвесну 1920 г. на тэрыторыі Латвіі. Тут дзейнічала Ваенна-дыпляматычная місія БНР у Латвіі i Эстоніі. Сюды ў пачатку 1920 г., пасьля арышту ў сьнежні 1919 г. польскімі ўладамі i месячнага зьняволеньня, прыехаў прэм'ер Рады Народных міністраў В. Ластоўскі. Магчыма, менавіта ім разам з паплечнікамі па партыі, як Р.Казячы i У.Маркевіч, што таксама апынуліся ў Латвіі, былі зробленыя першыя арганізацыйныя крокі. 7 красавіка 1920 г. на імя шэфа Ваенна-дыпляматычнае місіі К.Езавітава была накіраваная заява з просьбам "зарэгістраваць беларускую партыю эсэраў, якая разварочвае сваю працу за граніцай, а таксама ў Латвіі i Эстоніі паміж толькі беларускімі грамадзянамі" [1]. Просьба зыходзіла ад Цэнтральнай Загранічнай Рады БПС-Р - верагодна, толькі што створанага кіруючага органу.

Палітычная сытуацыя вымагала актыўных i рашучых крокаў. Першай значнай акцыяй эсэраў за мяжой стаў ix чынны ўдзел у арганізацыі i правядзеньні канфэрэнцыі беларускіх сацыялістычных партыяў для аналізу ўмоваў i наступстваў заключанага 12 кастрычніка прэлімінарнага савецка-польскага міру. Ужо 21 кастрычніка прадстаўнікі БПС-Р, сацыял-дэмакратаў i сацыялістаў-фэдэралістаў сабраліся ў Рызе. Прызнаючы рознасьць сацыяльных i палітычных поглядаў, партыі выказалі адзінае стаўленьне i сумесны пратэст супраць дагавору, які "разрывае жывое цела беларускага народу... кідае яго на шлях самай упорнай барацьбы, на шлях новай вайны за незалежнасьць i непадзельнасьць сваёй Бацькаўшчыны". Ад імя беларускага нацыянальнага руху канфэрэнцыя запатрабавала:

1. перагляду прэлімінарнага міру i ўстанаўленьня дзяржаўных расейска-беларускіх i беларуска-польскіх межаў паводле этнаграфічнага прынцыпу;

2. дапушчэньня як раўнапраўнай на мірныя расейска-польскія перамовы дэлегацыі БНР як адзінага правамоцнага прадстаўніцтва беларускага народу;

3. ачышчэньня этнаграфічна беларускіх тэрыторыяў ад акупацыі ix як польскіх, так i савецкіх войскаў;

4. неўмяшальніцтва ні Расіі, ні Польшчы ва ўнутраныя беларускія справы [2].

Такім чынам быў зроблены першы крок да аб'яднаньня палітычных сілаў i выпрацоўкі агульнай плятформы ў новых умовах. У той жа час, падтрымаўшы пасьлядоўна-незалежніцкія пазыцыі, загранічная група эсэраў засьведчыла сваю самастойнасьць ад ЦК i астатняй часткі партыі, якія гэтым часам спадзяваліся захаваць саюз з бальшавікамі. Каб прадэманстраваць трываласьць сваіх партнёрскіх намераў, зьезд БПС-Р у сьнежні 1920 г. у Менску адмежаваўся ад захадаў рыскай групы i нават выключыў з партыі В.Ластоўскага, А.Вальковіча i Я.Чарапука. Відавочна, як i тлумачыла пазьней П.Бадунова, зроблена гэта было з тактычных матываў. Канфлікту паміж ЦК i загранічнай групоўкай не адбылося, а фармальная адмова ў сяброўстве ў партыі не зашкодзіла В.Ластоўскаму заставацца лідарам у яе замежных структурах.

Але разьвіць палітычную дзейнасьць у Рызе эсэрам не давялося. Польскі ўрад запатрабаваў дэпартацыі з Латвіі антыпольскіх элемэнтаў, i В.Ластоўскі тэрмінова пакінуў Рыгу.

Новым месцам збору эсэраўскага асяродку абралі сталіцу новаўтворанай Летувіскай Рэспублікі - Коўна. Тут ужо пэўны час знаходзіўся адзін з актыўных дзеячоў партыі, дзяржсакратар у раду В.Ластоўскага Кляўдуш Дуж-Душэўскі разам з некалькімі міністрамі. Менавіта сюды з Рыгі накіраваўся i сам В.Ластоўскі. Пасьля ягонага прыезду арганізацыя партыйна-палітычных сілаў актывізавалася. Найперш В.Ластоўскі выклікаў з Бэрліну А.Цьвікевіча, былога міністра юстыцыі ва ўрадзе А.Луцкевіча. А.Цьвікевіча не задавальняла прапольская арыентаіфія Найвышэйшае Рады. З эсэрамі ж яго збліжалі якраз незалежніцкія ідэалы i непрыхільнасьць да Польшчы, якую ён засьведчыў толькі што напісанай кнігай "Адраджэньне Беларусі i Польшча", дзе абгрунтоўваў згубнасьць інкарпарацыі Бел ару сі ў новую Рэч Паспалітую. У асобе А.Цьвікевіча эсэры набылі аднаго з найбольшых аўтарытэтаў нацыянальнага руху.

Нарэшце, напачатку 1921 г., пасьля 11-месячнага зьняволеньня ў польскім канцлягеры Дамбю, пераяжджае ў Коўна адзін з трох сяброў ЦК БПС-Р, бясспрэчны й ідэйны палітычны лідар партыі Т.Грыб. Зь ягоным зьяўленьнем пачаўся найбольш актыўны пэрыяд арганізацыйнага фармаваньня i дзейнасьці эсэраўскага цэнтру ў Коўне.

Летува не выпадкова стала месцам прытулку гэтых сілаў. Дзеячы беларускага руху, у т.л. i эсэраўскія, мелі даўнія сувязі зь летувіскімі палітычнымі коламі. Яшчэ ў 1915 г. узьнікла ідэя Канфэдэрацыі народаў былога Вялікага Княства Літоўскага, у лістападзе 1918 г. 6 сяброў Віленскае Беларускае рады, сярод якіх быў i В.Ластоўскі, увайшлі ў склад Летувіскай Тарыбы, а ў чэрвені 1919 г. эсэраўская фракцыя беларускага зьезду Віленшчыны i Горадзеншчыны, зрынуўшы прапольскі сцэнарый, выказалася за адраджэньне летувіска-беларускай дзяржаўнасьці. Са свайго боку, кіраўніцтва Летувы спадзявалася на падтрымку беларусаў у вырашэньні на сваю карысьць віленскага пытаньня ў супрацьстаяньні з Польшчай. З гэтых меркаваньняў летувіскі ўрад пайшоў на падтрымку беларускае палітычнае эміграцыі: 11 лістапада 1920 г. была падпісаная беларуска-летувіская дамова, якая вызначыла ўмовы знаходжаньня беларускіх арганізацыяў у Летуве. Згодна гэтаму дакумэнту, ураду БНР дазвалялася знаходзіцца i весьці дзяржаўна-палітычную дзейнасьць на тэрыторыі Летувы i давалася адначасовая фінансавая дапамога ў суме 1 млн. літаў. Беларускі бок абавязваўся весьці збройнае змаганьне i антыпольскую агітацыю на тэрыторыі Заходняй Беларусі паводле ўзгадненьня з памежнымі i палітычнымі органамі Летувы. У той жа час ён абяцаў не выказваць актыўнай варожасьці ў дачыненьні да РСФСР i БССР. Пры летувіскім урадзе было створанае Міністэрства беларускіх справаў, якое ўзначаліў былы старшыня Народнага Сакратарыяту БНР Я.Варонка.

Акрамя афіцыйна падпісанага дагавору, была вусная дамова пра будучыню Заходняй Беларуci пасьля вызваленьня яе ад польскай акупацыі. Меркавалася стварыць на этнаграфічнай беларускай тэрыторыі ў межах летувіскае дзяржавы беларускую ўладу з аб'яднаным сеймам i ўрадам i агульнай сталіцай - Вільняй. Лес Усходняй Беларусі пры гэтым не агаворваўся [3].

Найбольшае паразуменьне беларускія арганізацыі знайшлі з цэнтрысцкімі летувіскімі партыямі - хрысьціянскімі дэмакратамі, якія стаялі ля ўлады, ляўдзіньнікамі, сацыял-дэмакратамі, хрысьціянскімі народнікамі. Права-нацыяналістычная партыя пажангістаў не прызнавала беларускага пытаньня i не спачувала БНР.

Пазыцыі Летувы аказаліся прымальныя для эсэраўскай эміграцыі, хоць патрабавалі ад яе сур'ёзных кампрамісаў i палітычных саступак. Так, В.Ластоўскі, як старшыня ўраду БНР, пацьвердзіў падпісаную 12 ліпеня 1920 г. летувіска-савецкую дамову пра перадачу Летуве "расейскіх тэрыторыяў" зь Вільняй, Горадняй, Лідай, Браславам, Паставамі ды інш., населенымі месцамі аж да Валожьіна i Маладэчна, з агаворкай, што канчаткова пытаньне будзе вырашана плебісцытам. Рэакцыя аднаго зь лідараў Найвышэйшае Рады Луцкевіча была вельмі балючая: у адрас Ластоўскага было кінута абвінавачаньне ў палітычным бандытызьме. Эсэраўскае ж кіраўніцтва, відавочна, ацаніла крок свайго прэм'ера як тактычны. Ніякіх камэнтароў i ацэнак з боку БПС-Р не было зроблена. На гэты момант зацікаўленасьць у стабілізацыі ўласнага становішча i забеспячэньні магчымасьцяў палітычнай дзейнасьці выйшла на першы плян.

Эсэры прыкладалі намаганьні для згуртаваньня партыйных сілаў. У пачатку лютага 1921 г. агульным сходам сяброў партыі ў Коўне быў заснаваны Камітэт Загранічных групаў БПС-Р як агульнапартыйны кіруючы цэнтар за мяжой. Яго ўзначалілі Т.Грыб, А.Галавінскі, Я.Чарапук. Тым самым вызначылася структура эсэраўскай арганізацыі на эміграцыі. Т.Грыб узначальваў адначасова ЦК i ковенскую трупу БПСР, у якую, апроч вышэйзгаданых В.Ластоўскага, А.Цьвікевіча, К.Дуж-Душэўскага, увайшлі таксама П.Мядзёлка, А.Вальковіч, Л.Заяц ды інш. Улетку 1921 г. групу папоўніў яшчэ адзін сябра ЦК партыі Я.Мамонька, вызвалены з бальшавіцкае вязьніцы. Другая група склалася ў Рызе. Найбольш актыўную ролю ў ёй адыгрывалі Я.Чарапук, Г.Злоцкі, Р.Казячы, У.Маркевіч. На тэрыторыі Заходняе Беларусі апынуліся такія актывісты партыі, як С.Баран, М.Шыла, У.Дубіна, І.Краскоўскі, У.Міхалевіч, І.Якімовіч, Ю.Лістапад, Русак ды інш. Яны аб'ядналіся ў Віленскі камітэт на чале з А.Карабачом i горадзенскую групу, якую ўзначаліў А.Галавінскі. Акрамя асноўных групаў, Загранічны Камітэт падтрымліваў сувязі зь сябрамі i прыхільнікамі партыі ў Рэвэлі, Бэрліне, Празе, Канстантынопалі.

Важным накірункам умацаваньня сваіх пазыцыяў на эміграцыі Камітэт лічыў актыўны ўдзел у эмігранцкіх арганізацыях i грамадзкім жыцьці. Ягоныя прадстаўнікі прычыніліся да стварэньня "Беларускай грамады ў Коўне", якая гуртавала ўсіх выхадцаў зь Беларусі. Старшыня "Грамады" i міністар беларускіх справаў Я.Варонка, лідар Беларускае партыі сацыялістаў-фэдэралістаў, зблізіўся ў гэты час з эсэрамі ня толькі арганізацыйна, але i ідэёва, падтрымаўшы ацэнкі Расеі i Польшчы як двух ворагаў беларускага нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня.

У красавіку 1921 г. "Грамада" засноўвае "Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа", мэтай якога абвяшчалася "як найшырэйшая матэрыяльная i маральная дапамога ўсім беларускім грамадзянам, незалежна ад нацыянальнасьці i веры, пацярпелых ад вайны, недародаў, напасьцяў, іншым беларускім грамадзянам у палоне, турмах, эміграцыі" [4]. Зь пяці кіраўнікоў гэтай арганізацыі трое зьяўляліся прадстаўнікамі Камітэту - віцэ-старшыня А.Цьвікевіч, скарбнік - П.Мядзёлка, сакратар - А.Галавінскі. Яшчэ двое эсэраў сталі прадстаўнікамі таварыства ў Заходняй Беларусі - С.Баран на Горадзеншчыне i А.Карабач на Віленшчыне.

Значным посьпехам Камітэту стала наладжваньне дачыненьняў зь левым крылом Віленскага нацыянальнага камітэту. На кантакт з эсэрамі пайшлі Б.Тарашкевіч, П.Валошын, С.Рак-Міхайлоўскі, Ф.Ярэміч, цікавіўся ёю i Я.Станкевіч. Сустрэчы прадстаўнікоў Коўна i Вільні адбываліся на традыцыйных канфэрэнцыях сацыялістычных беларускіх партыяў у Гданьску, вынікам чаго стала дамоўленасьць пра каардынацыю дзеяньняў. Пры гэтым апазыцыйнасьць двух цэнтраў пераадоленая не была, прапановы пра арганізацыйнае збліжэньне рашуча адхіляліся абодвума бакамі [5].

Аднак асноўныя намаганьні Камітэт прыкладаў да выпрацоўкі праграмы палітычнай дзейнасьці ў новых гістарычных абставінах для Беларусі, самой партыі i нацыянальнага руху. Гэтая праблема паўстала ўжо на першым паседжаньні Камітэту 6 лютага 1921 г. Ягоная рэзалюцыя пацьвердзіла ацэнку Рыскае дамовы канфэрэнцыяй беларускіх партыяў ад 21 кастрычніка 1920 г. i вызначыла наступныя задачы БПС-Р у змаганьні за дзяржаўную незалежнасьць. Савецкая Беларусь кваліфікавалася як "абласное самакіраваньне Савецкай Расеі зь фіктыўнай незалежнасьцю". У той жа час факт абвешчаньня ССРБ ацэньваўся як сведчаньне рэалізацыі на пэўным этапе гістарычнага працэсу станаўленьня незалежнай сацыялістычнай беларускай дзяржаўнасьці. Пацьверджаньнем аб'ектыўнасьці гэтага працэсу Камітэт бачыў прыроду Слуцкага паўстаньня, якое ацэньвалася як рух у аснове сваёй стыхійны з ярка нацыянальным абліччам пад лёзунгам незалежнасьці i непадзельнасьці Беларусі, які мае глыбокія карані ў шырокіх слаях працоўнага сялянства, і, зьяўляючыся нацыянальным, мае i сацыяльнае глыбока-клясавае значаньне. Бо разам зь лёзунгам "Няхай жыве вольная Беларусь" выстаўляецца лёзунг "За зямлю, за волюі".

Рэзалюцыя заявіла аб непрызнаньні Савета Народных Камісараў, як ураду, абранага неправамоцным зьездам Саветаў пад расейска-бальшавіцкай акупацыяй Беларусі. Адзіным прадстаўніцтвам беларускага народу ва ўмовах страты ім дзяржаўнасьці прызнаваўся ўрад БНР на чале з В.Ластоўскім. Яму надавалася таксама значэньне ідэёвага цэнтру беларускага сацыяльнага i нацыянальнага руху. Была выказаная падтрымка дзейнасьці сяброў партыі ва ўрадзе.

Разглядаючы БПС-Р як частку міжнароднага сацыял-дэмакратычнага руху, рэзалюцыя паставіла пытаньне пра ўдзел у Венскім сацыялістычным кангрэсе па заснаванні IV небальшавіцкага Інтэрнацыяналу. На даручэнне Камітэту Т.Грыб накіраваў у Выканаўчы камітэт Кангрэсу заяву аб прыёме БПС-Р у склад Інтэрнацыяналу, а таксама нарыс гісторыі сацыялістычнага i нацыянальнага руху ў Беларусі [6].

Наступная нарада Камітэту ў сакавіку 1921 г. прааналізавала расклад палітычных сілаў i перспектывы нацыянальна-вызваленчай барацьбы ва ўмовах ужо падпісанай Рыскай дамовы. Яе наступствы эсэры ацанілі як пралог да новага этапу агульнанацыянальнай барацьбы за дзяржаўнасьць i дэкляравалі гатоўнасьць беларускага народу змагацца за "прыхільнасьць сабе волі, за самаазначэньне незалежнай беларускай сацыялістычнай работніцка-сялянскай рэспублікі ў этнафафічных межах". Пацьверджанне гэтай высновы нарада бачыла ў пашырэньні партызанскай барацьбы на тэрыторыі Беларусі. Эсэры зноў прадэманстравалі сваю непрымірымасьць да любых польска арыентаваных захадаў: дзейнасьць С.Булак-Балаховіча, камітэту П.Алексюка, партыі "Зялёны дуб" абвяшчалася правакацыйнай i авантурнай, накіраванай на падпарадкаваньне нацыянальнай барацьбы польскім інтарэсам. Аналягічна была кваліфікаваная i дзейнасьць Найвышэйшае Рады. Было заяўлена , што непадзельная i незалежная Беларусь можа паўстаць "толькі змаганьнем сьвядома арганізацыйных сілаў самога працоўнага народу проці ўсіх яго гістарычных ворагаў, а таксама проці розных авантурнікаў, лік каторых з кожным днём павялічваецца".

Нарада паставіла пытаньне пра неабходнасьць больш канкрэтнай i дэталёвай распрацоўкі партыйнай праграмы. Да гэтага ж, каб захаваць згуртаванасьць партыі, усе яе сябры мусяць прытрымлівацца праграмы, прынятай з'ездам БПСР у сакавіку 1920 г., якая абвесьціла неабходнасьць скліканьня Ўсебеларускага Працоўнага кангрэсу як адзінага ўладнага органу ў Беларусі. Нарада выказала пратэст супраць арыштаў сяброў БПС-Р у Менску i пастанавіла "прыняць усе крокі для аб'яднаньня ўсіх беларускіх рэвалюцыйна-сацыялістычных партыяў, а таксама i рэвалюцыйна-сацыялістычных партыяў іншых краёў для кансалідацьіі сумеснай дзейнасьці ў змаганьні за сацыялістычную рэвалюцыю" [7].

Вясной 1921 г. эсэры значна ўмацавалі свае пазыцыі на эміграцыі, наладзілі кантакты i супрацоўніцтва з уплывовымі дзеячамі беларускага руху, палітычнымі i грамадзкімі арганізацыямі.

Па-ранейшаму прэтэндуючы на лідарства БПС-Р у нацыянальна-вызваленчай барацьбе, імкнучыся згуртаваць палітычныя сілы на адзінай плятформе, Камітэт Загранічных групаў ініцыюе скліканьне агульнапалітычнай беларускай нарады. Пытаньне пра наладжваньне такога форуму дзеля высьвятленьня пазыцыяў i выпрацоўкі стратэгіі барацьбы ва ўмовах ліквідацыі БНР i адкрытай ваеннай экспансіі з боку Польшчы i Савецкае Расеі ўздымалася прадстаўнікамі розных партыяў яшчэ ў 1919 г. Але ваенныя падзеі, раскол Рады БНР, вострыя міжпартыйныя супярэчнасьці i змена міжнародных абставінаў не дазвалялі вырашыць гэтую задачу. Падпісаньне Рыскай дамовы ўсімі беларускімі партыямі ўсьведамлялася як нацыянальная трагедыя i зрабіла справу неадкладнай.

Маючы на мэце кансалідацыю палітычных сілаў, ініцыятары канфэрэнцыі намагаліся надаць ёй надпартыйны характар. Было вырашана, што БПС-Р ня будзе афішаваць сваю ролю арганізатара, а яе сябры прымуць удзел у нарадзе як грамадзкія дзеячы. 24 красавіка 1921 г., створаная для падрыхтоўкі канфэрэнцыі камісія ў складзе Т.Грыба, П.Крэчаўскага i К.Дуж-Душэўскага, абвесьціла фундацыю органа-заснавальніка - "Беларускае нацыянальнае сувязі" на чале з В.Захаркам. Пэрсанальны склад гэтага органу i зьмест ЯГО папярэдняй падрыхтоўчай работы не вядомыя. Але ж ім была выпрацаваная плятформа для падрыхтоўкі i правядзеньня канфэрэнцыі, прычым грунтавалася яна менавіта на эсэраўскіх прынцыпах:

а) недапушчэньне "ніякага прынцыповага кампрамісу з акупантамі";

б) незалежнасьць i тэрытарыяльная непадзельнасьць Беларусі;

в) падрыхтоўка, кансалідацыя i арганізацыя сілаў да беларускай рэвалюцыі [8].

Падрыхтоўчая работа вялася досыць дынамічна. За колькі месяцаў была дасягнутая згода на ўдзел у нарадзе прадстаўнікоў асноўных беларускіх палітычных плыняў i асяродкаў. Было вырашана, што "ва ўмовах суцэльнай акупацыі Беларусі" правядзеньне форуму на яе этнічнай тэрыторыі немагчымае. Месцам сустрэчы была вызначаная Прага - адзін з эўрапейскіх цэнтраў палітычнай эміграцыі з былой Расейскай імпэрыі. 8 жніўня 1921 г. "Беларуская нацыянальная сувязь" аднагалосна прыняла наступнае рашэньне: "Прымаючы пад увагу аб'яднаньне ў сучасны крытычны момант жыцьця Беларусі Беларускіх нацыянальна-вызваленчых сілаў, працуючых над адраджэньнем Бацькаўшчыны,- Рада Б.Н.С. у паседжаньні 8 жніўня ПАСТАНАВІЛА: склікаць у м. Празе, як агульнаславянскім цэнтры, адкуль Эўропе быў бы чутны голас Беларусі, нацыянальна-палітычную нараду. Агульныя мэты парады - развага над унутраным i міжнародным становішчам Беларусі. Аб скліканьні нарады шырока апавясьціць беларускае грамадзянства як на Бацькаўшчыне, так i за граніцай". А.Цьвікевічу i Т.Грыбу было даручана выпрацаваць афіцыйную адозву да ўсіх беларускіх нацыянальных арганізацыяў, партыяў i груповак як на Бацькаўшчыне, так i за граніцай, аб удзеле ў нарадзе. М.Вяршынін павінен быў зрабіць захады перад Чэхаславацкім урадам, а Рада міністраў абавязвалася выдаткаваць 50 тыс. остмарак на яе правядзеньне [9].

Напярэдадні канфэрэнцыі - 7 ліпеня, Камітэт Загранічных групаў правёў пашыраную нараду, якая дазволіла ўдакладніць тактыку партыі i яе пазыцыю на форуме. Прыехаўшы з Савецкай Беларусі Я.Мамонька пацьвердзіў рэпрэсіўнасць бальшавіцкай палітыкі супраць эсэраў i фактычна нелегальнае становішча партыі. Пад уплывам ягонага выступу частка Камітэту - А.Цьвікевіч, К.Дуж-Душэўскі i сам Я.Мамонька - прапаноўвала вярнуцца да тактыкі барацьбы на два фронты i распачаць "змаганьне да канца зь імпэрыялістычнымі замахамі расейскіх камуністаў". Ca свайго боку, прадстаўнікі Заходняй Беларусі У.Міхалевіч i Якімовіч даводзілі пра пасьпяховае разгортваньне эсэраўскай работы i вялікі ўплыў партыі, найперш на сялянаў: "Веска цалкам стаіць за намі". Узважыўшы абставіны i сілы, нарада на прапанову Т.Грыба пацьвердзіла тактыку падрыхтоўкі збройнага ўсенароднага паўстаньня толькі ў Заходняй Беларусі. Адносна ССРБ было вырашана застацца на пазыцыі "ўсестароньняй крытыкі бальшавіцкага pэжымy" але толькі да таго часу, пакуль ня зменяцца аб'ектыўныя абставіны [10].

Канфэрэнцыя начала сваю работу 26 жніўня 1921 г. у прысутнасьці 31 дэлегата. На наступны дзень прынялі ўдзел ужо 35 чалавек. Склад дэлегатаў уяўляў увесь партыйна-палітычны спектар беларускага руху - тут былі прадстаўнікі Беларускае хрысьціянскае дэмакратыі, сацыял-дэмакратаў, сацыялістаў-фэдэралістаў, арганізацыяў беларускіх уцекачоў (І.Ермачэнка), беларускіх арганізацыяў у Латвіі (К.Езавітаў). Эсэры складалі пераважную бальшыню - 16 дэлегатаў. Менавіта яны i вызначылі зьмест i напрамак работы парады, сэнс яе рэзалюцыяў.

Ва уступным слове В.Захаркі галоўная мэта канфэрэнцыі была вызначаная як неабходнасьць "цьвёрда зазначыць перад усім светам, што Беларусь павінна быць незалежнай i непадзельнай" [11].

У адпаведнасьці з гэтай задачай, асноўныя прамоўцы, большасьць зь якіх прадстаўляла БПС-Р, імкнуліся зрабіць аналіз прычынаў страты Беларусьсю незалежнасьці i тэрытарыяльнай цэласьці. Галоўная віна была ўскладзеная на агрэсіўных суседзяў - Польшчу i Савецкую Расею. Л.Заяц зрабіў адмысловую заяву з асуджэньнем Польшчы, якая, "толькі вызваліўшыся сама, начала прыгнятаць іншыя народы", i Расеі, што, абвесьціўшы свабоды, першая ж i парушыла ix. Аналізуючы прычыны i наступствы Брэсцкага міру, В.Ластоўскі ў сваім дакладзе ўсклаў віну за анэксію Беларусі ня толькі на афіцыйныя польскія колы, але i на сацыял-дэмакратаў на чале з Домбскім.

Падчас пленарнага паседжаньня Першай беларускай палітычнай канфэрэнцыі ў Празе, верасень 1921 г.

Антыпольская пазыцыя парады мела на ўвазе асуджэньне i тых палітычных сілаў беларускага руху, якія шукалі магчымасьці захаваць нацыянальныя інтарэсы ў хаўрусе з Польшчай. Найперш папрок быў адрасаваны галоўным апанэнтам эсэраў - Найвышэйшай Радзе i ўраду А.Луцкевіча. Гэта яскрава выявілася ў інцыдэнце з выступленьнем П. Алексюка. Ён, як прадстаўнік Краёвай Сувязі, паспрабаваў давесьці, што галоўная небясьпека для Беларусі - не Польшча, а Савецкая Расея, якая можа праглынуць Беларусь як народ i дзяржаву. Падтрымку дзяржаўнаму вызначэньню П.Аляксюк прапаноўваў шукаць на Захадзе - у Польшчы i Антанты, шляхам дзяржаўнага будаўніцтва бачыў не рэвалюцыю, а доўгую i руплівую працу над духоўным i палітычным адраджэньнем народу. Але прысутныя адмовіліся ад абмеркаваньня гэтай пазыцыі. А.Цьвікевіч i В.Ластоўскі рашуча адхілілі доказ Алексюка, адстойваючы "адзіна магчымы шлях незалежнай беларускай дзяржаўнасьці"- усенародную рэвалюцыю.

Нарада падтрымала выказаную ў дакладах К.Дуж-Душэўскага i Я.Мамонькі ацэнку Савецкай Беларусі як нежыцьцяздольнай дзяржаўнай фікцыі. Становішча Беларусі трактавалася як акупацыя народу i краіны, а легітымнасьць у раду ССРБ не прызнавалася.

Крытыка прагучала i ў адрас Лігі Нацыяў за вырашэньне віленскага пытаньня, калі была ўлічаная толькі фармальна-юрыдычная прыналежнасьць Вільні i праігнараваныя гісторыка-этнаграфічныя асьпекты.

Насамрэч у ацэнцы фактараў нацыянальна-дзяржаўнага вызначэньня ўсе выступоўцы заставаліся на эсэраўскіх пазыцыях "апоры на ўласныя сілы". Пад апошнім разумеўся агульнанародны рэвалюцыйны ўздым. Нарада адмежавалася i ад сумніўных хаўрусьнікаў у справе нацыянальнага змаганьня, прыняўшы спэцыяльную рэзалюцыю супраць С.Булак-Балаховіча i В.Савінкава, якая пазбаўляла ix права выступаць ад імя беларускіх інтарэсаў [12].

Рэзалюцыі нарадаў "Аб Рыскім трактаце", "Палажэньне беларускага народу пад акупацыяй", "Аб дзяржаўным будаўніцтве Беларусі" ды інш. былі вытрыманыя ў эсэраўскім духу i прынятыя аднагалосна. Прэзыдыюм канфэрэнцыі канстатаваў: "На зьезьдзе дасягнута поўная згода на глебе вынесеных рэзалюцыяў й адносна аб'яднаньня ўсіх нацыянальна-палітычных сілаў вакол Ураду Бел. Нар. Рэспублікі для дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі". Пры гэтым "Прэзыдыюм... на падставе рэзалюцыяў, выразіўшых волю ўсіх бел. партыяў i арганізацыяў абвяшчае, што адзіным правамоцным заканадаўчым органам на тэрыторыі Беларусі зьяўляецца Рада Бел. Нар. Рэсп. i яе Прэзыдыюм на чале з П.Крэчаўскім... Законна абраным Вел. урадам зьяўляецца Рада Міністраў на чале з В.Ластоўскім" [13].

БПС-Р атрымала сур'ёзную перамогу, дамогшыся прызнаньня яе праграмных прынцыпаў агульнай плятформы нацыянальнага руху, а таксама пацверджаньня легітымнасьці створаных ёю органаў дзяржаўна-палітычнага кіраўніцтва.

Зацьверджаная канфэрэнцыяй дзяржаўна-незалежніцкая стратэгія мела прынцыповае значэньне. Але ж курс на аднаўленьне дзяржаўнасьці ў форме незалежнай БНР у этнаграфічных межах, а таксама вызначаная нарадай тактыка барацьбы за гэтае аднаўленьне мала ўлічвала ўнутры- i зьнешнепалітычныя рэаліі, што склаліся пасьля Першае сусьветнае вайны, падпісаньня Рыскай дамовы i ўмацаваньня бальшавіцкае ўлады.

Рашэньні канфэрэнцыі адлюстравалі расчараваньне палітычнага руху ў пошуку міжнароднай падтрымкі справы дзяржаўнага самавызначэньня Беларусі, у прыватнасьці, спробай рэпрэзэнтаваць беларускія інтарэсы на Вэрсальскай мірнай канфэрэнцыі. Дадатковым матывам магла стаць i непрыхільнасць эсэраў да ініцыятара парыскай місіі А.Луцкевіча. Але ж ва ўмовах існаваньня ў пасьляваенным сьвеце дзьвюх канфрантацыйных дзяржаўна-палітычных сістэмаў зь ix вострай зацікаўленасьцю ва ўплыве на новаўтвораныя краіны Сярэдняй Эўропы адмаўленьне зьнешнепалітычных арыентацыяў было малапэрспэктыўным. Гэта неўзабаве прызналі i эсэры, разгарнуўшы праз В.Ластоўскага, А.Цьвікевіча, К.Дуж-Душэўскага актыўную дыпляматычную дзейнасьць у краінах Заходняй Эўропы.

Зразумелай была i антысавецкая арыентацыя канфэрэнцыі. Немагчымасьць хаўрусу з бальшавікамі была пацьверджана досьведам папярэдняга этапу нацыянальна-вызваленчага руху. Прысутны на канфэрэнцыі Я.Мамонька, адзін зь ініцыятараў бальшавіцка-эсэраўскага альянсу, пераканаўся ў гэтым на ўласным вопыце, а адзін зь лідараў БПС-Р П.Бадунова на гэты момант усё яшчэ знаходзілася ў маскоўскай вязьніцы.

Разам з тым, эсэры i тыя, хто падтрымаў ix у Празе, перабольшвалі рэвалюцыйны патэнцыял беларускага сялянства як у Заходняй, так i ў Савецкай Беларуci. Пераход да НЭПу зьбіваў напал антысавецкіх настрояў на вёсцы, а рэпрэсіі ды ізаляцыя нацыянальнага руху рабілі праблематычным захаваньне яго ўплыву на грамадзка-палітычныя працэсы. Разьлік на ўсенародны рэвалюцыйны ўздым у гэтых умовах быў утапічным.

Канфэрэнцыя ня здолела таксама стварыць трывалых перадумоваў для адзінага нацыянальнага палітычнага фронту. Выпрацаваная ёю плятформа не зьліквідавала праграмных разыходжаньняў партыяў i не магла стаць глебаю для доўгатэрміновай i ўстойлівай кансалідацыі. Прадэманстраванае ў Празе адзінства не пераадолела вострых міжпартыйных i асабістых супярэчнасьцяў. Тым больш што эсэраўскае прадстаўніцтва на нарадзе сьвядома i дэманстратыўна выступіла супраць сваіх апанэнтаў, найперш прыхільнікаў супрацоўніцтва з пэўнымі польскімі коламі. У той жа час i у самім Камітэце Загранічных групаў насьпявалі вострыя нутраныя канфлікты.

Адразу пасьля Праскае канфэрэнцыі выявіліся першыя сур'ёзныя праблемы ў эсэраўскім цэнтры на эміграцыі. З 13 па 15 кастрычніка 1921 г. прайшла чарговая пятая нарада Камітэту з удзелам прадстаўнікоў загранічных групаў.

Т.Грыб рабіў акцэнт на неабходнасьці паставіць на першы плян сацыяльную барацьбу - усюды праводзіць эсэраўскія лёзунгі, заваёўваць давер сялянства, уваходзіць ва ўсе арганізацыі i браць ініцыятыву ў свае рукі. У той жа час прадстаўнікі Заходняй Беларусі i Латвіі Я.Чарапук, М.Шыла, А.Вальковіч, В.Маслоўская, А.Карабач, А.Галавінскі даводзілі пра цяжкія i абмежаваныя ўмовьг адкрытай палітычнай працы пад Польшчаю, пра магчымасьці наладжваньня яе нярэдка толькі пад выглядам культурніцкай. Гучала крытыка ў адрас Загранічнага Камітэту за недастаткова наладжаную працу i слабую су вязь зь мясцовымі арганізацыямі. Рэзалюцыя парады пацьвердзіла ў якасьці чарговай задачы БПС-Р змаганьне за сацыяльныя i нацыянальна-дзяржаўныя інтарэсы беларускага народу i максімальнае напружаньне ўсіх палітычных сілаў у барацьбе супраць акупантаў. У кантэксьце гэтай задачы "арганізацыя i ўмацаваньне партыйных шэрагаў к моманту актыўнага i рашучага наступленьня супраць акупантаў шляхам усенароднага паўстаньня" прызнавалася слабым месцам у дзейнасьці партыі. Рэзалюцыя канстатавала адсутнасьць належнай партыйнай дысцыпліны наогул i самачынную дзейнасьць сяброў партыі, што ўваходзяць ва ўрад БНР, чым уносіцца дэзарганізацыя i неразьбярыха ў шэрагі партыі, адсутнасьць "пэўнага кірунку" ў дзейнасьці мясцовых арганізацыяў. З мэтаю выправіць сітуацыю нарада вырашыла, прызнаючы вышэйшым партыйным органам да чарговага зьезду выбраны ў сьнежні 1920 г. ЦК, надаць Камітэту Загранічных групаў правы акруговага з мэтаю згуртаваньня ўсіх партыйных сілаў, што знаходзяцца за граніцай. Для актывізацыі работы на месцах планавалася стварэньне камітэтаў Заходняй i Ўсходняй Беларусі. Для ўмацаваньня ўнутрыпартыйнай дысцыпліны ўсім сябрам партыі, а найперш сябрам у раду, пастанаўлялася ўзгадняць сваю палітычную дзейнасьць з акруговым камітэтам партыі. Няўзгодненыя выступленьні ад імя БПС-Р забараняліся. Загранічнаму Камітэту даручалася прыняць захады для выданьня агульнапартыйнага органу. У выступленьнях на нарадзе гучалі прапановы стварыць партыйны суд. Па абвінавачаньні ў правакацыйнай, кампраметуючай партыйную i нацыянальную справу дзейнасьці былі выключаныя з партыі Г.Злоцкі i Я.Ладноў' [14]

Вельмі рэзка Загранічны Камітэт адрэагаваў на ўтварэньне генэралам Жалігоўскім г. зв. "Сярэдняе Літвы". "Жалігоўшчына" ацэньвалася ім як чарговы пасьля Рыскай дамовы ўдар па беларускай дзяржаўнасьці. Рэзалюцыя ад 2 снежня 1921 г. кваліфікавала выбары ў Віленскі сейм як пралог да анэксіі Віленшчыны Польшчай. Прычыны захопніцкае палітыкі тлумачыліся клясавай, панска-шляхоцкай прыродай польскай дзяржаўнасьці, а таму далучэньне да Польшчы пагражала беларускаму насельніцтву нацыянальным, сацыяльным прыгнётам. "Бунт Жалігоўскага" эсэры разглядалі як правакацыю ў дасягненьні палітычных мэтаў, адказнасьць за яго ўскладалася на польскі генэральны штаб i палітычнае кіраўніцтва, а таксама на Лігу Нацыяў, якая ў чарговы раз прадэманстравала ўласную недзеяздольнасьць. Вырашэньне лёсу Віленшчыны, на меркаваньне Камітэту, зьявілася яскравым пацьверджаньнем згубнасьці спробаў "абаперці на Польшчу дзяржаўнае будаўніцтва Беларусі". Удзел В.Іваноўскага ў часовай урадавай камісіі "Сярэдняе Літвы" i дзейнасьць Краёвае Сувязі П.Алексюка кваліфікаваліся як здрада нацыянальна-адраджэнскаму руху. Адзіна правільнай тактыкай у гэтых умовах рэзалюцыя абвяшчала тактыку БПС-Р, накіраваную nę арганізацыю беларускага сялянства ў барацьбе з акупантамі пад лёзунгамі "Незалежнасьць i непадзельнасьць Беларусі", "Зямля i воля". Рэзалюцыя заклікала да байкоту выбараў у сейм "Сярэдняе Літвы" ўсе беларускія арганізацыі, а на выпадак яго скліканьня - да стварэньня беларускай апазыцьіі ў ім з боку Краёвае Сувязі [15].

Але ж да канца 1921 г. апагей дзейнасьці ковенскага Камітэту ўжо быў пройдзены, актыўнасьць яго паступова пачынала зьмяншацца. Прычыны тут былі ня толькі палітычныя, але i арганізацыйныя.

У хуткім часе пасьля Праскае парады частка актывістаў Камітэту пакінула Коўна. Адным зь першых ад'ехаў у Прагу для вучобы ў Карлавым унівэрсытэце Т.Грыб. Неўзабаве туды ж накіраваўся Я.Мамонька.

У чэрвені 1922 г. у Коўне абіраецца новы склад Загранічнага Камітэту пад старшынствам А.Карабача i з удзелам У.Пракулевіча i А.Галавінскага. Але фактычнае палітычнае лідарства ў эсэраўскім асяродку належала В.Ластоўскаму i А.Цьвікевічу. Пэўны час яны дзейнічалі поруч, i іхнае супрацоўніцтва прыносіла добры плён. Але ж пакрысе паміж лідарамі насьпявалі супярэчнасьці, што ўрэшце прывялі да вострага крызысу ўнутры ня толькі Камітэту, але i ўсёй эміграцыі.

Канфлікт выбухнуў пасьля Генуэскай канфэрэнцыі. Узяўшы на сябе паўнамоцтвы прадстаўніцтва беларускага эміграцыйнага ўраду, В.Ластоўскі разам з А.Цьвікевічам падалі на імя старшыні канфэрэнцыі ноту з прызнаньнем правоў

Летувы на Вільню i Віленскі край. Гэты захад выклікаў ня толькі новае вострае абурэньне палітычных апанэнтаў, але i пратэст паплечнікаў В.Ластоўскага. На гэты раз дзеяньні прэм'ера былі расцэненыя не як тактычная саступка ў беларуска-летувіскіх дачыненьнях, а як міжнародная акцыя, якая супярэчыла рашэньням Праскае канфэрэнцыі. Прэзыдыюм Народнае Рады адмежаваўся ад заявы i абвінаваціў В.Ластоўскага i А.Цьвікевіча ў самачынных ініцыятывах, ня ўзгодненых з Радай i кабінэтам міністраў. Асноўная віна была ўскладзеная на В.Ластоўскага. А.Цьвікевіч пасьпеў прызнаць сваю памылку i падтрымаў абвінавачаньні, зь нядаўняга блізкага паплечніка ён ператварыўся ў актыўнага апанэнта прэм'ера.

Абураны В.Ластоўскі падаў у адстаўку. Старшыня Прэзыдыюму Народнае Рады П.Крэчаўскі не прыняў яе ва ўмовах, калі прызначыць новага прэм'ера мог толькі Пленум Рады, правядзеньне якога было практычна немагчымае з-за раскіданасьці сяброў Рады па розных краінах. Пад пагрозай крызысу дзяржаўна-ўрадавага прадстаўніцтва ковенская эміграцыя пайшла на яго рэарганізацыю. Была створаная "Дзяржаўная калегія", якая мусіла замяніць Раду па кампэтэнцыі. Узначаліў калегію П.Крэчаўскі, што павінна было засьведчыць пераемнасьць кіруючых органаў. Але ж надалей пытаньне пра легітымнасьць Дзяржкалегіі выклікала вострую дыскусію, у тым ліку i ў эсэраўскім асяродку.

Нягледзячы на тое, што В.Ластоўскі ўвайшоў у склад Калегіі, апазыцыя ягонай дзейнасьці толькі ўзмацнялася. Да абвінавачаньняў у дыпляматычных памылках паступова дадаўся матыў незадаволенасьці агульнай лініяй паводзінаў В.Ластоўскага ў летувіска-беларускіх дачыненьнях. Акрамя палітычных, тут праявіліся i балючыя для эміграцыі фінансавыя матывы. Для летувіскіх урадавых колаў В.Ластоўскі быў найбольш аўтарытэтнай i даверанай асобай. Празь яго найчасьцей зьдзяйсьняліся афіцыйныя i неафіцыйныя кантакты зь беларускімі арганізацыямі i перадавалася фінансавая дапамога ўраду Летувы.

У часткі ўраду БНР у Коўне ўзьнікла меркаваньне пра існаваньне нэгатыўнага для беларускіх інтарэсаў "летувіскага фактару" ў палітычных паводзінах прэм'ера. Яго папракалі ў перавышэньні паўнамоцтваў, у тым ліку i пры выкарыстаньні летувіскіх субсыдыяў. Грамадзкую думку рыхтавалі да неабходнасьці замены прэм'ера на асобу больш незалежную - у дачыненьні да ўрадавых колаў Летувы.

Канфлікт паміж В.Ластоўскім i К.Дуж-Душэўскім ды іхнымі апанэнтамі на чале з А.Цьвікевічам доўжыўся амаль год. Сытуацыю расколу актыўна скарыстоўваў савецкі бок, даўно зацікаўлены ў ліквідацыі беларускага палітычнага цэнтру ў Коўне. У Савецкай Беларусі ў гэты час распачалася актыўная кампанія супраць эсэраў, накіраваная на падпарадкаваньне ix бальшавіцкай уладзе. У сувязі з гэтым была абвешчаная амністыя для кіраўнікоў i шараговых сяброў БПСР, пачаліся інтэнсіўныя пошукі кантактаў з эсэраўскімі дзеячамі на эміграцыі. У сакавіку 1923 г. у Менску адбылася сустрэча прадстаўнікоў ураду БССР зь дзеячамі сацыялістычных партыяў, у тым ліку i БПС-Р. Савецкі бок даводзіў, што В.Ластоўскі кампраметуе беларускі рух на міжнароднай арэне i адкрыта ставіў пытаньне пра ягоную адстаўку [16].

Гэтая падзея супала з чарговым напружаньнем у ковенскай групе. Кабінэт міністраў БНР не падтрымаў дамоўленасьці В.Ластоўскага ў фінансаваньні выданьня беларускіх падручнікаў i асьветных установаў Заходняе Беларусі. У чарговы раз прэм'ер быў абвінавачаны ў ігнараваньні патрэбаў i меркаваньняў ураду. Са свайго боку, урадавая камісія адмовілася прадставіць прэм'еру фінансавую справаздачу аб продажу тавараў, выдзеленых Германіяй у якасьці крэдыту БНР. Не вытрымаўшы ціску, 20 красавіка 1923 г. В.Ластоўскі падаў у адстаўку. На гэты раз яна была прынятая. На месца прэм'ера П.Крэчаўскі прызначыў А.Цьвікевіча, што было зацьверджана Дзяржаўнай Калегіяй.

Адхіленьне В.Ластоўскага ад кіраўніцтва ня толькі ня вырашыла канфлікту, але паглыбіла яго i драматызавала наступствы.

Пасля адстаўкі В.Ластоўскага адчувальная халоднасьць пачала выяўляцца ў летувіска-беларускіх дачыненьнях. Да гэтага часу зьменшылася актуальнасыдь сумеснае антыпольскае барацьбы, а ca стварэньнем Сялянска-Работніцкай Грамады i Беларускага пасольскага клюбу страчвалася пэрспэктыва пралітоўскай арыентацыі нацыянальнага беларускага руху ў Польшчы. Адчуваўся i дыпляматычны ціск на Літву з боку Саветаў. Акрамя аб'ектыўных прычынаў, падставай для ўскладненьня дачыненьняў сталі паводзіны новага прэм'ера. А.Цьвікевіч прыняў тактыку пэўнага ціску на летувіскія афіцыйныя колы, абвінавачваў ix у невыкананьні дамовы 1920 г., крытыкаваў дзейнасьць Міністэрства беларускіх справаў. Крытычную пазыцыю А.Цьвікевіча правакавалі i летувіскія правыя дзеячы, якія заяўлялі i прапагандавалі ў друку, што ніякай Бел ару сі няма, што беларусы - славянізаваныя балты. У прэм'ера складвалася меркаваньне, што ўсе без выключэньня летувіскія палітыкі глядзяць на Беларусь як на аб'ект спэкуляцыі у сваёй шахматнай гульні з Польшчаю з-за Вільні [17]. Напружанасьць узмацнілі i неасьцярожныя выказваньні А.Цьвікевіча у друку пра беларуска-летувіскія дачыненьні i палітыку дзяржаўных асобаў Летувы.

У выніку вышэйзгаданых абставінаў летам 1923 г. у рад Летувы пайшоў на дэнансацыю летувіска-беларускай дамовы 1920 г. У адказ паплечнікі А.Цьвікевіча абвесьцілі Міністэрству беларускіх справаў байкот. Лёс беларускага эмігранцкага цэнтру ў Коўне быў вырашаны - праз пэўны час П.Крэчаўскі i частка ўраду БНР мусілі шукаць новага прытулку, i ў лістападзе 1923 г. яны перабраліся ў Прагу. Камітэт Загранічных групаў у мэтах перагрупоўкі сілаў стварыў новы прадстаўнічы орган беларускага грамадзянства -"Беларускую сялянскую раду ў Літве", якая ўзяла ўдзел у выбарах у Летувіскі сейм, выставіўшы двух кандыдатаў [18].

Да канца 1923 г. Камітэт загранічных групаў значна паслаб i колькасна, i арганізацыйна. Але ж драматычныя зьмены не зрабіліся засьцярогай у далейшай дзейнасьці. Барацьба ў эсэраўскім асяродку не спынялася, наадварот, маштабы яе расьлі, а формы часам страчвалі палітычную i агульную этыку. Ba ўмовах звужэньня поля палітычнай дзейнасці ўсё больш праяўлялі сябе амбіцыі, узаемныя інтрыгі, абвінавачаньні ў няшчырасьці, папрокі за зьмену партыйна-палітычных арыентацыяў i г.д. Сярод паплечнікаў праявіла сябе тое, ад чаго ў свой час намагаўся засьцерагчы міжпартыйныя дачыненьні i нутраную барацьбу ў нацыянальным руху К.Дуж-Душэўскі. У сваім лісьце ў Віленскі беларускі камітэт яшчэ ў жніўні 1921 г., зьвяртаючыся да А.Станкевіча, А.Луцкевіча, А.Смоліча ды інш., ён заклікаў узьняцца вышэй за інтрыгі i не дазволіць выкарыстаць нутраныя супярэчнасьці нацыянальнага руху антыбеларускім сілам. У адказ К.Дуж-Душэўскі пісаў: "Не віню ў гэтым я абсалютна беларускіх дзеячоў, каторых я ведаю i каторыя мяне ведаюць, але я бачу ў гэтым рукі трэціх асоб, каторым не па сэрцы наша еднасьць i каторыя хацелі б разваліць усю беларускую працу... Можна было б напісаць цэлыя томы аб гразі i брудзе, каторым абліваюць кожнага з вас паасобку i ўсіх разам нашыя "прыяцелі" яўныя i тайныя... Мы цяпер перажываем дужа важныя момэнты, момэнты, каторыя ад нас патрэбуюць максімум салідарнасьці, максімум давер'я адзін да другога. Клічу да розуму вашага i да сэрца. Спыняйце ўсе правакацыі i памятайце, што могуць быць памылкі, бо людзі ня богі, але здрады чы злэй волі ў працы за граніцай нема..." [19].

Перасьцярога не падзейнічала, а памяркоўна-разважлівая пазыцыя ня выратавала самога К.Дуж-Душэўскага. Падчас выбараў у Летувіскі сейм 1923 г. ён заняў адмоўную пазыцыю адносна ўдзелу ў ix беларускага грамадзянства ў якасьці нацыянальнае меншасьці, тым больш у адным блоку з "рэакцыйнымі расейскімі i польскімі элемэнтамі". Адзінства поглядаў на ўдзел у выбарах ковенская група ня мела. Паводле словаў Дуж-Душэўскага, з папярэдняй узгодненасьці з А.Цьвікевічам i А.Карабачом ён пакінуў выбарчую камісію, куды быў дэлегаваны "Беларускай сялянскай грамадою ў Літве". Але ж ягоны ўчынак быў кваліфікаваны як самачынны, узмацніліся прэтэнзіі за паплечніцтва з Ластоўскім i дзейнасьць у Міністэрстве беларускіх справаў. Вынікам канфлікту была заява К.Дуж-Душэўскага пра выхад з Камітэту Загранічных групаў БПС-Р, якая 14 ліпеня 1923 г. была задаволеная. Празь месяц "агульным сходам грамадзянаў i палітычных дзеячоў беларускай калёніі ў Літве" В.Ластоўскі i К.Дуж-Душэўскі былі абвінавачаныя ў тым, што "ў стасунку да цяперашняга стану Літоўска-Беларускіх адносін сваім паводжаньнем рвуць агульны Беларускі палітычны фронт i зьяўляюцца штрэйкбрэхерамі на шкоду беларускім інтарэсам, што выражаецца, між іншым, у факце супрацоўніцтва ix з Міністэрствам беларускіх справаў, знаходзячымся пад байкотам". Сход пазбавіў нядаўніх агульнапрызнаных лідараў нацыянальнага руху права прадстаўляць беларускія інтарэсы [20].

Канфлікт у Коўне набывае агульнапартыйны характар для БПС-Р i рэзананс ва ўсім беларускім руху. На абарону В.Ластоўскага i К.Дуж-Душэўскага з усёй уласьцівай ёй энэргіяй становіцца сяброўка ІДК БПС-Р П.Бадунова (нядаўна вызваленая з бальшавіцкага астрогу.- Заўвага Рэд.). Выступаючы на Гданьскай канфэрэнцыі 1923 г., баронячы ад нападаў В.Ластоўскага i К.Дуж-Душэўскага, яна нагадала пра высокі аўтарытэт i заслугі гэтых дзеячоў перад нацыянальным рухам. Бадунова імкнулася давесьці, што адхіленьне Ластоўскага i Душэўскага паслабляе беларускі палітычны рух i ягоны аўтарытэт. Памылкай яна лічыла i разрыў беларуска-летувіскага хаўрусу, які ў цяжкіх умовах на той час мог прынесьці рэальны плён у культурніцкай беларускай дзейнасьці за мяжою [21].

Віна за падрыў супрацоўніцтва зь Летувой i раскол палітычных сілаў была ўскладзеная на А.Цьвікевіча. З гэтага моманту ён становіцца галоўнай мішэньню ўнутрыпартыйнае барацьбы. Найперш апанэнты паставілі пад сумніў легітымнасьць ураду А.Цьвікевіча. У кастрычніку 1923 г. сябры ЦК БПС-Р П.Бадунова i Я.Мамонька у сумесным звароце да П.Крэчаускага i В.Захаркі запатрабавалі спыніць дзейнасьць Кабінэту міністраў як абранага непаўнамоцна [22].

У пытаньні прызнаньня ўраду адбыўся канчатковы арганізацыйны раскол замежнага эсэраўскага асяродку. У кастрычніку 1923 г. Т.Грыб пры падтрымцы П.Бадуновай i Я.Мамонькі абвяшчае стварэньне ў Празе альтэрнатыўнага Камітэту Загранічных групаў Бюро ЦК БПС-Р як вышэйшага кіруючага агульнапартыйнага органу. 8 сьнежня Бюро выдала афіцыйнае "Паведамленьне" ад імя ўсяе партыі, у якім асудзіла дзейнасьць ковенскага Камітэту i абвесьціла незаконнымі створаныя ім палітычныя структуры - Раду БНР на чале з П.Крэчаўскім у Празе, урад А.Цьвікевіча, "Беларускую сялянскую Раду ў Літве". Паведамлялася таксама, што рашэньнем Бюро ад 17 кастрычніка Камітэт Загранічных групаў у Коўне выключаны з партыйных структураў з правам кожнага яго сябра пацьвердзіць прыналежнасьць да партыі празь Бюро ЦК [23].

Крокі праскай групы на чале з Т.Грыбам надалі новы імпульс унутрыпартыйнай барацьбе. Сход Камітэту Загранічных групаў у Коўне 8 лютага 1924 г. кваліфікаваў "Паведамленьне" як "палітычную інсінуацыю з мэтай развалу беларускае нацыянальна-дзяржаўнае працы за кардонам" i адназначна выказаўся ў падтрымку ўраду А.Цьвікевіча як адзіна законнага прадстаўніка Бел ару сі за мяжой [24]. Неўзабаве ў БССР адбылася падзея , якая паставіла пад пытаньне само існаваньне БПС-Р. У выніку моцнай ідэалягічнай апрацоўкі i палітычнага ціску сябры партыі, што заставаліся ў Савецкай Беларусі, пайшлі на скліканьне ў чэрвені 1924 г. ліквідацыйнага зьезду БПС-Р. Загранічныя групы не прызналі гэтага рашэньня, працягвалі сваё існаваньне, але магчымасьці для іхнай плённай палітычнай дзейнасьці былі абмежаваныя, шмат сілаў па-ранейшаму забірала ўнутрыпартыйная барацьба.

Сытуацыю не прамінуў скарыстаць беларускі бок,,які i сам прыклаў намаганьні да развалу эміграцыйных палітычных цэнтраў. Да гэтага часу пад яго кантролем ужо знаходзілася левае, найбольш уплывовае крыло нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі. Паводле сьведчаньня В.Ластоўскага, менавіта ў асяродку Беларускае Сялянска-Работніцкае Грамады ўпершыню ўзьнікла ідэя ліквідацыі дзяржаўных органаў БНР. Зьнясіленыя i расчараваныя ў пэрспэктыўнасьці апазыцыйнае эмігранцкае дзейнасьці, шмат хто з прадстаўнікоў эсэраўскае партыі таксама пайшоў на кантакт з эмісарамі БССР i распачаў падрыхтоўку Бэрлінскае канфэрэнцыі, якая пастанавіла спыніць дзейнасьць ураду БНР i прызнаць Менск адзіным цзнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня Беларусі. Найбольш актыўна прычыніліся да гэтае справы А.Цьвікевіч, а таксама Л.Заяц, А.Галавінскі, У.Пракулевіч ды інш. Усе яны ў хуткім часе накіраваліся на "адбудову беларускага дому" ў БССР. Іx прыклад перанялі П.Бадунова, В.Ластоўскі, І.Краскоўскі, Я.Мамонька ды шмат хто з былых эсэраў. Усіх ix, паплечнікаў i апанэнтаў, чакаў адзіны лёс - палітычныя рэпрэсіі i сталінскія канцлягеры.



[1] НАРБ, ф. 61, воп. 1, спр. 88. арк. 148.

[2] Тамсама. Ф. 459, воп. 1, спр. 3, арк. 9.

[3] Маладосць, 1993. № 8. - С. 210.

[4] ЦЦАМЛІМ, ф. 3, воп. 1, спр. 171, арк. 6.

[5] Маладосць, 1993. № 8. - С. 211.

[6] ЖАРБ, ф. 459, воп. 1,спр. 3, арк. 5-8,36-39.

[7] Тамсама. Арк. 11-12.

[8] НАРБ, ф. 62, воп. 1, спр. 110, арк. 98.

[9] Тамсама. Спр. 114, арк. 1-2.

[10] Тамсама. Ф. 459, воп. 1,спр. 3, арк. 40-46.

[11] Тамсама. Ф. 62, воп. 1,спр. 114, арк. 28-29.

[12] Тамсама. Арк. 48-51.

[13] ЦДАМЛіМ, ф. 3-е, воп. 1,спр. 171, арк. 52.

[14] НАРБ, ф. 459, воп. 1, спр. 3, арк. 58-60.

[15] Тамсама. Арк. 71-74.

[16] Я.Янушкевіч. Неадменны сакратар адраджэння.- Мн., 1995. - С. 38.

[17] Маладосць, 1993. № 1. - С. 231.

[18] ЦДАМЛіМ,ф. 3-е, воп. 1,спр. 241, арк. 41,41 адв., 42.

[19] Тамсама. Спр. 244, арк. 3-4.

[20] Тамсама. Спр. 241, арк. 102.

[21] Тамсама. Арк. 52, 52 адв.

[22] Тамсама.

[23] Тамсама. Арк. 41,41 адв., 42.

[24] Тамсама. Арк. 73.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX