Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

Цярністы шлях беларускай школы у Польшчы 


Дадана: 29-01-2022,
Крыніца: Цярністы шлях беларускай школы у Польшчы // Сялянская Ніва № 3, 24 студзеня 1926.; № 4, 31 студзеня 1926.; Сялянская Ніва № 5, 7 лютага 1926.; № 6, 14 лютага 1926.



Прапазыцыя паслоў Беларускага Клюбу ў справе прасьледаваньня праз польскі ўрад беларускага школьніцтва і нарушэньня праз гэта Трактату падпісанага ў Вэрсалі ў 1919 г. між Саюзнымі Дзяржавамі і Польшчай, а так-жа арт. VII Мірнага Дагавору між Польшчай і Расеяй, падпісанага ў Рызе 18-га сакавіка 1921 года.

I.

У зьвязку з паўстаньнем Польскае дзяржавы, Польшча забавязалася падпарадкаваць сваё дзяржаўнае будаўніцтва да прынцыпаў вольнасьці і справядлівасьці, а такжа даць поўную гваранцыю свабоды ўсім жыхаром тэрыторый, якія да яе прылучаюцца.

Забавязаньні Полыпчы адносна да нацыянальных меншасьцяў абняты міжнароднай умовай у Трактаце між Саюзнымі Дзяржавамі і Польшчай, падпісаным у Вэрсалі 28 чэрвеня 1919 г.

Арт. 8 гэтага Трактату гавора: "Польскія грамадзяне, належачыя да этнічных меншасьцяў, рэлігійных або языковых, будуць карыстацца з такога самага трактаваньня, з такіх самых уставовых гваранцыяў, як і іншыя польскія грамадзяне. Гэта знача, - будуць мець роўныя правы да закладаньня, кіраваньня і кантраляваньня ўласным коштам інстытуцыяў дабрадзейных, рэлігійных, або грамадзкіх, школ і іншых узгадавальных устаноў, а так-жа права свабоднага ўжываньня ў іх уласнае мовы і свабоднага выкананьня сваей релігіі.

Арт. 9. У местах і акругах, заселеных праз значную частку грамадзянамі, ужываючымі іншую мову ад польскай, Польскі ўрад у справах публічнага навучаньня дасьць адпаведныя палёгкі, каб запэўніць у пачаткавых школах навучаньне дзяцей такіх грамадзян у іх ўласнай мове. Гэта не перашкодзе Ураду Польскаму завясьці ў гэтых школах навучаньне польскае мовы, як абавязковай.

У местах, заселеных праз значную частку польскіх грамадзян, належачых да меншасьцяў этнічных, рэлігійных, або языковых, меншасьцям гэтым будзе запэўнены справядлівы ўдзел у карыстаньні, а так-жа празначэньні сум, якія бюджэт дзяржаўны, гарадзкі, або іншы вызначае з грамадзкіх грошы на мэты ўзгадаваньня, рэлігійныя, або дабрадзейныя!...

Арт. 1 раздзелу I гавора:

"Польшч забавязуецца, што пастановы, зьмешчаныя ў арт. 2 да 8 гэтага раздзелу, будуць прызнаныя за права аснаўныя, што ніякая ўстава, ніякае распараджэньне, ніякая дзеяльнасьць ураду ня будзе мець супроць іх моцы.

Далей, 12 арт. таго-ж раздзелу:

"Польшч згаджаецца, каб пастановы папярэдніх артыкулаў, калі датычаць асоб, належачых да меншасьцяў расовых, рэлігійных, або языковых, былі абавязуючыя ў міжнародным значэньні і адданы пад гваранцыю Саюзу Народаў. Ня могуць быць яны зьменены бяз згоды большасьці Рады Саюзу Народаў".

Апроч абавязкаў выплываючых з Вэрсальскага Трактату, Польшч падпісала забавязаньве адносна да народнасьці беларускай, украінскай і расейскай у Рыжскім Трактаце.

У арт. VII гэтага трактату знаходзім, што Полыпч гварантуе асобам народнасьці беларускай, украінскай і расейскай усе правы, запэўняючыя свабоднае разьвіцьцё культуры, языка, а так-жа выпаўненьне рэлігійных абрадаў.

Канстытуцыя Рэчыпаспалітай Польскай так-жа гварантуе правы грамадзянам непалякам.

Гэтак прадстаўляецца праўнае палажэньне нацыянальных меншасьцяў у Польшчы, фактычнае-ж палажэньне знаходзіцца ў абсалютнай супярэчнасьці з міжнароднымі трактатамі.

II.

Польскі ўрад усімі сіламі прыступіў да прасьледаваньня і нішчэньня беларускага школьніцтва і беларускае культуры. Палітыка ўраду напраўлена да спалянізаваньня земляў беларускіх і знаходзіцца ў поўнай супярэчнасьці з арт. 9 Вэрсальскага Трактату, бо беларускі народ ад вякоў засяляе свае абшары і становіць там пераважаючую большасьць; працэнт беларускае люднасьці ў некатарых акругах даходзе да 90%. Агулам у Польшчы пасьля Рыжскага Трактату знаходзіцца каля 2 ½ міл. беларускае люднасьці, засяляючай густой масай т. зв. "Kresy Wschodnie".

Люднасьць гэтая - пазбаўленая школы ў роднай мове, бо школьныя ўлады ня толькі не пазваляюць адчыніць новую школу, (прыватную ці публічную), але зачыняюць усе дасюль істнуючыя пачатковыя школы.

Пры абняцьці ўлады праз Польшчу ва землях беларускіх было 400 пачаткавых црыватных і публічных школ. З усіх гэтых школ у 1922 г. засталося толькі 47, у 1924-25 г. і гэты астатак беларускіх школ быў зьліквідаваны.

У зьвязку з ліквідацыяй беларускіх школ, беларускае вучыцельства мусіла застацца зусім без працы.

Частку-ж беларускіх вучыцялёў, у ліку 240 асоб, улада школьная ў 1922 г. прымусова памясьціла на курсах у Кракаве з тэй мэтай, каб па сканчэньні гэтых курсаў яны пачалі працаваць не ў беларускай, а польскай школе. I сапраўды, кажды вучыцель атрымаў прыдзел у школе польскай і то на землях этнаграфічна-польскіх, тыя-ж вучыцялі, што дамагаліся школы беларускай у сваім краі, былі зусім звольнены са службы. Пры такіх адносінах ураду да беларускага школьніцтва не маглі далей істнаваць і беларускія вучыцельскія сэмінарыі, якія Польскія ўлады зачынілі: адну ў Сьвіслачы, Ваўкавыскага пав., а другую ў Барунах, Ашмянскага пав.

А. Публічнае школьніцтва.

Прычынай да ліквідацыі беларускіх школ была быццам адсутнасьць адпаведвае школьнае ўставы, датычачай школ ня польскіх. У ліпні 1924 г. Польскі Урад уносе ў Сойм праект уставы для школьніцтва няпольскага, Сойм з нябывалым пасьпехам (было гэта перад сэсіяй Лігі Народаў) гэтую уставу прыняў 31 ліпня 1924 г.

I толькі паўгода спусьціўшы, за гэты час мін. Скшынскі ўжо ўсьпеў у Жэнэве паказаць Зах. Дзярж. "толеранцыйнасьць" Польскага Ураду да нацыявальных меншасьцяў у форме прынятых языковых уставаў), Урад выдаў распараджэньне выканаўчае 31.VII.1924 г. Распараджэньне ўраду, у агалошанай рэдакцыі, можа толькі сьведчыць аб тым, што Урад стараецца зрабіць немагчымым выкананьне гэтае ўставы і зусім ня мае на мэце разьвіцьця беларускага школьніцтва.

Гэтае распараджэньне прадбача складаньне дэклярацыяў паасобных бацькоў, хочучых навучаньня ў беларускай мове; дэклярацыі гэтыя мусяць быць пасьведчаныя праз дзяржаўныя ўстановы. Такі парадак зусім не стасуецца да школ польскіх.

Некаторыя дзяржаўныя ўстановы зусім адказваюцца сьцьвярджаць подпісы, а некатарыя вымагаюць спэцыальнае аплаты за сьцьверджаньне.

Нават дэяржаўныя ўлады ўрадава выступаюць проці беларускага школьніцтва. Кіраўнік аддзелу школ пачаткавых Віленскага Школьнага Кураторыума прачытаў рэфэрат у Вільні, заклікаючы польскае грамадзянства да змаганьня з беларускім школьніцтвам. Далей, пісар Вішнеўскае гміны, Валожынскага пав. (швагра старасты), на "poufnej" нарадзе солтысаў-каталікоў, прызываў іх падаваць больш палякаў, каб у іх гміне не магла паўстаць ні адна беларуская школа.

Наканец, успомненае распараджэньне прадбача складаньне дэклярацыяў на беларускія школы на год перад адкрыцьцем школы; трэба іх складаць да 31-га сьнежня папярэдняга году, тады як жаданьне польскай школы здавальвяецца ў тым-жа годзе.

Паміма спаўненьня ўсіх фармальнасьцяў праз насяленьне, жадаючае беларускае школы, школьныя інспэктары не абавяэаны даць люднасьці школу ў іх роднай мове, бо міністэрыяльнае распараджэньне дае ім неагранічанае, пад гэтым наглядам, права, прызнае ім права заквэстыянаваць усё, каб недапусьціць да паўстаньня беларускае школы.

Ня гледзячы на тое, што Соймавая Устава выразна запэўняе навучаньне дзяцей у роднай мове, распараджэньне выканаўчае касуе гэтае права, даючы магчымасьць самаволі школьных інспэктароў, якія варожа адносяцца да беларусаў і беларускага школьніцтва.

Не гаворачы ўжо аб зачыненых праз польскую ўладу да 400 беларускіх пачаткавых школ і 2 вучыцельскіх сэмінарый да 1923 г., трэба сказаць, што з пачаткам школьнага 1924-25 г. школьныя інспэктары пастараліся зьліквідаваць апошнія, істнуючыя яшчэ 29 беларускіх школ. Ліквідацыя гэтая рабілася або перарывам навучаньня ў беларускай мове, або пераводам вучыцялёў у польскія школы. Для прыкладу падаем некалькі фактаў ператвараньня беларускіх школ на польскія: у вёсцы Ялажыцы, у в. Кавалі, Сьвянцянскага пав., у вёсцы Сычэвіцы, у в. Раеўшына, Вялейскага пав.

Сялянская Ніва № 4, 31 студзеня 1926.

Ад часу ўваходу ў жыцьцё ўставы языковай пагоршыла палажэньне ня толькі беларускага публічнага пачатковага школьніцтва, яле і беларускіх прыватных сярэдніх школ. Мін. Вызн. Рэліг. і Асьветы Публічнае выдаў загад 23.ІV.1925 г. L. 4022/22-II-D., на моцы якога навука гісторыі і географіі агульнай у сярэдніх школах з няпольскім языком выкладовым павінна адбывацца ў мове польскай. Трэба адзначыць, што апроч гісторыі і географіі агульнай, дасюль выкладаюцца ў гэтых гімназіях у польскай мове гісторыя і географія Польшчы, польская мова, польская літэратура з навукай аб сучаснай Польшчы. Агулам у тыдзень гімназіі маюць 44 гадзіны лекцыяў з польскай мовай. Уводжаньне ж яшчэ гісторыі і географіі агульнай у мове польскай давядзе да таго, што беларускія гімназіі будуць мець больш прадметаў у мове польскай, як у беларукай.

Не згаджаючыся зусім на ўводжаньне ў жыцьцё ўспомненага загаду Мін. Асьв., пасольскія клюбы: Клюб Беларускі, Нямецкі, Кола Жыдоўскае, Беларуск. "Грамада", Клюб Украінскі 11 лістапада г. г. унясьлі ў Сойм супольную адпаведна ўматываваную прапазыцыю аб скасаваньні распараджэньня Мін. Асьветы з 23.ІV.1925 г. № 4022/25. II-Д.

Цьверджаньне, што ўрад, выдаючы распараджэньне выканаўчае да ўставы, меў ва мэці не дапусьціць да паўстаньня ні аднэй беларускае школы, цалком спраўдзілася. Для прыкладу падаём некалькі фактаў, датычачых увядзеньня ў жыцьцё названае ўставы.

1. У справе сьцьверджаньня дэклярацыяў школьных падаём зьмест просьбы прысланай у Беларускі Клюб праз бацькоў, маючых дзяцей у школьным веку. Просьба гэтая была далучана ў Інтэрпэляцыі Белар. Клюбу 27 сакавіка 1925 г. № 215:

"Мы ніжэйпадпісаныя жыхары вёскі Стары Свержэнь і м-ка Новы Свержэнь, Стаўпэцкага пав. гэтым паведамляем, што інтэрпэляцыю № 192 атрымалі, але дзякуючы ей справа не зьмянілася.

Па атрыманьні інтэрпэлядыі і ўзяўшы Дзен. Уст. № 3-25 г., мы пайшлі да войта і, на моцы адпаведнае ўставы і распараджэньня, дамагаліся сьцьверджаньня нашых подпісаў на дэклярацыях аб ператварэньні польскіх школ на беларускія. Войт, не зьвяртаючы жаднае ўвагі на гэты Дзеннік Устаў, заявіў, што стараста яму прыказаў не сьцьвярджаць подпісаў на школьных дэклярацыях, а адсылаць да натарыўса. Таго-ж дня 13.ІІІ.1925 г. з Дзеннікам Устаў №3 мы зьвярнуліся ў стараства. Самога старасты ня было і нас прыняў заступнік, які сказаў, што ён гэты дзеннік так-жа атрымаў і зараз-жа перашле войту нашае гміны загад аб сьцьверджаньні подпісаў.

16.ІІІ.1925 г. мы ўзноў зьвярнуліся да войта ў гэтай справе. Войт сказаў, што стараста паўторна, асабіста забараніў яму сьцьвярджаць подпісы, але дзякуючы нашым безперарыўным дамаганьням, войт абяцаў заўтра г. ё. 17.III.1925 г. яшчэ раз зьвярнуцца да старасты і даць аканчальны адказ. Калі мы ў гэты дзень вечарам яшчэ раз пашлі да войта па аканчальны адказ, ён сказаў, што распараджэньне ад старасты ўжо атрымаў і з заўтрашняга дня пачне сьцьвярджаць подпісы.

Калі-ж мы 18.ІІІ.1925 г. прынясьлі дэклярацыі, гэты самы войт п. Аброцкі заявіў, што сягоньня ён быў узноў пакліканы праз старасту, які сказаў, што подпісы могуць быць сьцьверджаны толькі пры выпаўненьні гэтакіх варункаў: каб на кожнае дзіцё пры дэклярацыі была мэтрыка і за кожны подпіс браць 1 злоты.

Прымаючы пад увагу вышэй паданае і маючы дужа кароткі тэрмін для складаньня дэклярацыяў у інспэктарат школьны і відзячы, што тутэйшыя ўлады, як войт і стараста сьвядома паступаюць так, каб адцягаваць справу да гэтага тэрміну, просім Бел. Пас. Клюб аб інтэрвэнцыю перад вышэйшаю ўладай з мэтай прадаўжэньня тэрміну для складаньня дэклярацыяў школьных і змушэньня ўлады да выкананьня школьнае ўставы і распараджэньня ў справе сьцьвярджэньня подпісаў на дэклярацыях школьных бязплатна, або выдэлегаваць на мейсца пасла для адпаведнае інтэрвэнцыі, у праціўным жа разе, паміма надмерных стараньняў мясцовае люднасьці мы ня будзем мець ніводнае беларускае школы ў Стаўпэцкім павеце.

Адначасна дадаём, што Базыля Шчорса і Мікалая ІІІкутко, грамадзян Новы Свержэнь, якія дамагаліся прад старастам і войтам сьцьверджаньня школьных дэклярацыяў - зачынае праследаваць паліцыя. У Б. Шчорса трэбуюць вайсковае кніжкі, ня гледзячы на тое, што ён мае 50 гадоў і ня ёсьць у веку здатным для войска. Сышчыкі пытаюць суседзяў, ці ня мае Шчорс аружжа, амуніцыі ваеннай, бомбаў і г. д.

Пры гэтым перасылаем 57 школьных дэклярацыяў на 96 дзяцей, якія ня былі сьцьверджаныя і якія, дзеля новых вымаганьняў войта сьцьвярдзіць ня ўдасца, бо многа ёсьць дзяцей, якія радзіліся на чужыне і дзеля гэтага ня маюць мэтрыкаў".

2. У сакавіку месяцы 1925 г., сяляне вёскі Задвор'е, гм. Казлоўшчыва, Слонімскага павету, ня раз зьвярталіся да войта гміны аб сьцьвэрджаньні школьных дэклярацыяў у справе беларускае школы. Войт гміны адмовіўся сьцьвярджаць подпісы, а ў сьлед за тым паліцыя арыштавала солтыса вёскі Задвор'е В. Сіняка за ўдзел у працы над адкрыцьцем беларускае школы.

3. Жыхары вёскі Барадзенічы, гм. Ёды, Дісенскага павету, у сваім часе, міма перашкод са стараны школьнае ўлады і адміністрацыі, падалі інспэктару школьнаму ў Глыбокім дэклярацыі школьныя аб зьмене істнуючай польскай школы на беларускую. Аднак дасюль школы беларускае няма, а насяленьне пад прымусам кар грашовых змушапа пасылаць сваіх дзяцей у польскую школу.

4. 13 сакавіка 1925 г. жыхары вёскі Пяскі тэй-жа гміны, Косаўскага павету падалі інспэктару школьнаму падпісаных і сьцьверджаных 65 дэклярацыяў школьных аб уводзе беларускае выкладовае мовы ў істнуючай у вёсцы школе. 25 сакавіка ўсе дэклярацыі апынуліся ў вучыцеля польскага ў в. Пяскі, які ўзяўся, па даручэньні інспэктара, за работу нягодную дзяржаўнага ўрадоўца. Вучыцель гэты, Міхал Мандзюха, пазывае да сябе бацькоў, якія дамагаюцца беларускае школы і змушае іх падпісваць дэклярацыі на польскую школу. Прымус гэты праяўляе ён у тым, што страшыць сялян турмой, а прысутны пры гэтым, узброены паліцыянт сьпісвае пратаколы на сялян, якія адказваюцца падпісваць дэклярацыі ня згодныя з іх волею і жаданьнямі. Паліцыянт падпісваў дэклярацыі за непісьменных, ня лічачыся зусім з іх волею.

5. Школьныя інспэктары ўсімі сіламі стараюцца не дапусьціць да паўстаньня беларускае школы. Спосабы гэтыя да таго недапушчальныя, што могуць быць караныя на падставе кадэксу карнага, а гэта: ашуканства і прымус. Вот-жа школьныя інспэктары змушаюць браць назад школьныя дэкларацыі на беларускую школу, а там, дзе прымус не памагае, ўлада школьная стасуе ашуканства. На довад гэтага ніжэй падаём зьмест просьбы ськіраванай да інспэктара школьнага Пружанскага павету: "Мы жыхары вёскі Расахі, гм. Маскоўскай, Пружанскага павету Міхал Панасэвіч, Ахрэм Клюкач, Даніла Варыцкі, Алекс Яроміх, якія падалі пану праз паўнамоцнікаў Яна Панасэвіча і Язэпа Клюкача дэклярацыі з жаданьнем навучаньня дзяцей нашых у роднай беларускай мове, 12-га траўня, у вёсцы Расахі, пад прымусам п. інспэктара мы падпісалі нейкую дэклярацыю ў справе школы. Гэтым заяўляем пану, што адказваемся ад гэтых подпісаў і просім пакінуць у сіле перш паданыя дэклярацыі з жаданьнем навучаньня дзяцей нашых у беларускай мове. 26 траўня 1925 г."

Падобныя факты есьць агульным зьявішчам і ў сваім часе Беларускі Пасольскі Клюб складаў адпаведныя інтэрпэляцыі.

У справе падобных надужыцьцяў школьных Бел. Пас. Клюб у часе ад 28 лістапада 1924 г. да 20 кастрычніка 1925 г. злажыў п. Прэзэсу Рады Міністраў і Мін. Выз. Рэл. і Асьв. Публ. 49 інтэрпэляцыяў, на якія дасюль або жаднага ня было адказу, або ўрад даваў нездаваляючыя адказы - адказы ня згодныя з праўдай.

Паміма ўсіх перашкодаў і прасьледаваньня праз паліцыю акцыі складаньня школьных дэклярацыяў, бацькі дзяцей у школьным веку, па выпаўненьні ўсіх вымаганых фармальнасьцяў злажылі школьным уладам 412 камплектаў школьных дэклярацыяў, гэта знача на 412 беларускіх школаў на 1925-26 школьны год.

Знача, маем языковую школьную ўставу, маем выканаўчы загад да гэтае ўставы, маем выпаўненыя ўсе фармальнасьці на 412 беларускіх школ, а ці адчынена хоць адна беларуская школа? Не, ні адна беларуская пачаткавая школа не паўстала дзякуючы "дабрадзейству" уставадаўства польскага і "добрым намярэньням" школьнае ўлады, не паўстала так-жа ні адна ўтраквістычная (двуязычная) школа. Мала таго, паднятая праз беларусаў, на падставе языковае ўставы акцыя школьная безцэрамонна нішчыцца праз паліцыю і ўладу школьную, арыштовываючы беларускіх вучыцялёў і паўнамоцнікаў дэклярантаў. Факты гэтых надужыцьцяў былі ўжо паданыя ў адпаведных інтэрпэляцыях.

Сялянская Ніва № 5, 7 лютага 1926.

В. Прыватнае школьніцтва.

Не гаворачы ўжо нічога аб урадовых пачатковых беларускіх школах, якія ўрад, на моцы языковае ўставы 31.VII.1925 г., мусіў ужо ў гэтым годзе адчыніць у ліку каля 412, бо насяленьне злажыла на іх вымаганыя дэклярацыі школьныя, - школьныя ўлады, улады паліцэйскія нішчаць у зародку ўсякія спробы адчыніць беларускую прыватную школу, утрымовываную прыватнымі коштамі бяз ніякае дапамогі з боку ўлады.

Яшчэ залетась Т-ва Беларускае школы ў Радашкавічах падало прашэньне Школьнаму Інспэктару ў Слоніме аб дазволе адчыніць 9 прыватных беларускіх школаў.

Першыя 8 гэтых прашэньняў высланы ў лістападзе 1924 г. Многа прайшло часу ад гэтае даты, пачаўся школьны год, але ніякага адказу ад школьнае ўлады не атрымана. Затое адміністрацыя і паліцыя, да якой, рэч зрааумелая, не зьвярталіся ў справе беларускага школьніцтва, дала адказ, але дужа сумны. Паліцыя арыштавала беларускіх вучыцеляк - Надзею Капітанчык - са школы ў вёсцы Пруды і Мар'ю Белаусаву - са школы ў вёсцы Лядзіны за непашанаваньне прыказаў паліцыі і падбураньня насяленьня да жаданьня беларускае школы. Справы іншых вучыцялёў з вёсак: Савічы, М.-Угрын, Чэмяры, Сеткаўшчына, Рудаўка, Задвор'е праз Слонімскага старасту былі перасланыя да Міравога судзьдзі ў Дэрэчыне з жаданьнем пакараньня іх. Міравы судзьдзя засудзіў каждага з вучыцялёў і асоб, якія дамагаліся беларускае школы на штраф 55 зл. з заменай на арышт.

Сёлета ў ліпні, жніўні і верасьні Т-ва Беларускае школа ў Радашкавічах падало новыя прашэньні школьнаму інспэктару ў Слоніме аб дазволе адчыніць прыватныя беларускія школы ў вёсках: Чэмяры, Савічы, Пруды, Лядзіны, М.-Угрынь, Сеткаўшчына, Рудаўка, Задвор'е, Грыбова, Хвіневічы, Сліжа-Пясковая, Скіпаравічы і Азарычы, а так-жа інспэктару школьнаму ў Валожыне на школу ў вёсцы Запрудзе.

На гэтыя просьбы Беластоцкке Кураторыум не пафатыгавалася даць адказу, лёс-жа вышэйнаданых школ і іх вучыцялёў быў гэткі:

1) Школа ў весцы Чэмяры, Чэмярскае гміны: Прашэньне аб дазволе зложана 24 лістапада № 110 у 1924 годзе; патрэбныя даныя і дакумэнты залучаны, вучыцелем, маючым кваліфікафыі, быў Максім Бурсэвіч. Вучняў больш 50. Вучэньне пачалося 25.ХІ.24 г. Не даючы канцэсіі, а так-жа ніякага адказу, інспэктар і староства пры помачы паліцыі школу гэту зачыняюць, дзяцей разганяюць, а вучыцеля арыштовываюць і праз некалькі дзён трымаюць у турме. Пасьля абвінавачываюць з арт. 138 і 290 К. К. Суд у Слоніме засудзіў яго на тыдзень турмы і 5 зл. штрафу. Школа зачынена 19.11.1925 г.

2) Прыватная школа ў вёсцы Савічы, Дэрэчынскае гміны. Прашэньне на канцэсію падана 12 сьнежня 1924 г. № 112, патрэбныя даныя і дакумэнты залучаны, вучыцелем, маючым кваліфікацыі, быў Ян Дожын. Вучняў да 45. Навука распачалася 20.Х.24 г. I гэта школа зачынена праз уладу ў сакавіку 1925 г.

3) Школа ў вёсцы Пруды, гм. Дэрэўня: Прашэньне на канцэсію падана 12 студня 1924 г. № 115, усе даныя і дакуманты залучаны, вучыцелькай, маючай кваліфікацыі, была Надзея Капітанчык; вучняў 48. Навука распачалася ў лістападзе 1924 г. Школа, бяз даньня адказу на прашэньне, зачынена 13.11.1925 г. Вучыцельку стараста пасадзіў у турму ў Слоніме, дзе прасядзела 7 дней да суду - ат 13 да 20 лютага. Суд у Слоніме 25 лютага засудзіў яе ня кару 113 злотых.

4) Школа ў вёсцы Малы-Угрынь, Дэрэчынскае гміны: Прашэньне на канцэсію падана 17.1.1925 г. № 2, усе даныя і дакумэнты далучаны, вучыцелем быў Кузьма Ломшык; вучняў 45. Вучэньне вялося ад 10.ХІ.1924 г. праз 3 месяцы. Зачынена школа 15 студня 1926 г. Вучыцеля суд у Дэрэчыне эасудзіў на кару 55 зл. і 10 дзён турмы. Апроч яго пацягнулі да адказнасьці судовай і паўнамоцніка тэй вёскі за гэтую школу Данілу Дожына, - і яго засудзілі на такую-самую кару, а так жа і другога паўнамоцніка школьнага гэтай вёскі Захара Пачобута - па 25 зл. і тыдзень турмы. Зложана апэляцыя ў акружны суд.

5) Школа ў вёсцы Лядзіны, гм. Роготна: Прашэньне на канцэсію з патрэбнымі залучнікамі падана 30.1.1925 г. № 5; вучыцелькай была асоба маючая кваліфікацыі Мар'я Белаусава, вучняў 55. Вучэньне вялося ад 10.ХІ.1924 г., а ў запраўднасьці ад 25.Х.1924 г., праз 4 месяцы. Замкнута школа праз паліцыю 24.11. 1925 г. Вучыцельку абвінавацілі ў процідзяржаўнай агітацыі і пратрымалі ў турме 7 месяцаў, ад лютага да верасьня 1926 г., а акружны суд у Слоніме засудзіў ва 20 зл. кары. Апрача яе засудзіў яшчэ сялян гэтае вёскі: Ант. Марчука на 15 зл., Андрэя Зэгаліка на 15 зл., Антаніну Курман на 15 зл., Аўдоцю Юргель і Н. Лабор на 15 зл. і Тамаша Курман на 30 зл. Знача: вучыцелька за навучаньне дзяцей беларускіх пазбаўлена вольнасьці праз 7 месяцаў (і 20 зл. кары), а бацькі дзяцей за тое, што хацелі мець школу ў роднай мове, пакараны штрафам. Дзе-ж мера, мэта і сэнс кары за навуку? Праўда, гэтак-жа і расейскі царат паступаў. Вучыцелька вышла з васторгу фізычна хворая.

6) Школа ў вёсцы Статкоўшчыва, гм. Роготна: Прашэньне на канцэсію з залучнікамі падана 4.II.1925 г. № 118. Вучыцелем быў Канстанты Касьцюшка; вучняў больш як 42. Школа істнавала са два тыдні. Зачынена праз паліцыю. Вучыцель сядзеў праз 5 дзён, а надалей адданы пад надзор паліцыі. Усе кніжкі і газэты беларускія ад яго забралі. Суд у Здзенцёле, Слонімскага пав. 2.IV.1925 г. засудзіў яго 8 арт. 290 К. К. На 100 зл. кары, або 1 месяц вастрогу. Апрача яго, гаспадара, дзе зьмяшчалася школа, Рамана Трахімовіча, засудзілі на такую самую кару. Зложана апэляцыя ў Гарадзенскі Акр. Суд.

7) Школа ў вёсцы Рудаўка, Міжэвіцкае гміны: Прашэньне на канцэсію падана 9.ІІ.1925 г. № 11 з усімі залучнікамі. Вучыцелькай была выкваліфікаваная ў сваей прафэсыі Сьцепаніда Таўлай, якая скончыла так-жа і курсы ў Кракаве і ёсьць вучыцелькай з доўгай практыкай, аднак школа праістнавала ня доўга, змушаная была зачыніцца, з прычыны пагрозаў з боку ўлады, ня даўшай канцэсыі. Вучняў было 48.

8) Школа ў весцы Задвор'е, гм. Казлоўшчына: Прашэньне на канцэсію падана 9.II.1925 г. № 12 з усімі залучнікамі. Вучыцелем быў Александар Тарасюк, маючы кваліфікацыі добрага народнага пэдагога. Школа істнавала ад 27.1. да 20.11.1925 г. Вучняў было 36. Школу гэтую паліцыя зачыніла і за вучыцеля сьпісала пратакол. Солтыса гэтай вёскі Базыля Сіняка за паддзержку гэтае школы, пасадзілі ў вастрог і будзець яго судзіць Суд Акружны ў Горадні в арт. 639 ч. II К. К. за тое, што не данёс уладзе аб гэтай школе.

9) Школа ў вёсцы Грабове, гм. Дэрэчын: Прашэньне на канцэсію з залучнікамі было падана 23 ліпня 1925 г. Вучыцелем быў Стафан Боцько. Вучняў 47. Істнавала коратка; так-сама была зачынена.

10) Школа ў вёсцы Хіневічы, Папаўскае гміны: Прашэньне на канцэсію падана 23.VII.1925 г. №40/Р. Вучыцелькай была Вера Котрач, маючая кваліфікацыі. Вучняў было 52. Вучэньне распачалося ў сьнежні 1924 г. Школа істнавала праз 4 блізка месяцы. Паліцыя яе зачыніла 12.III. Бо ў гэтым дню суд ў Здзенцёле, Слонімскага пав. вучыцельку засудзіў з арт. 290 К. К. на 50 зл. кары з заменай на 2 тыдні арышту і 5 зл. судовае аплаты. Вучыцелька будучы ў вастрозе, падупала на здароўі, а пасьля сусім захварэла і ляжала праз некалькі тыдняў, так што тэрмін апэляцыі спушчаны і ўжо мусіць, або плаціць кару - а яна бедная, або сядзець у вастрозе праз 2 тыдні і заплаціць кошты судовыя, і ўсё гэта за навуку ў беларускай школе.

11) Школа ў вёсцы Азарычы, гм. Дэрэўня: Прашэньне на канцэсію падана 23.VІІ.1925 г. № 41/Р. Вучыцелькай была выкваліфікаваная Мар'я Шундрык. Вучняў было больш 40. Школа зачынена 12.III; б. г. Лёс вучыцелькі такі-самы. Была арыштавана, сядзела праз некалькі дзён у вастрозе, пасьля ўзята пад надзор паліцыі, дзеля чаго змушана прыходзіць праз дзень на пастарунак за 2 км. Суд так-сама пакараў яе на 55 зл.

12) Школа ў вёсцы Скіпаравічы, Казлоўскае гм.: Прашэньне ва канцэсію падана 23.VII.1925 г. Вучыцелем быў Ян Гародка. Вучняў было 45. Школа істнавала ня доўга, бо была зачынена праз уладу.

13) Школа ў вёсцы Сліжы-Пясковыя, Курыловіцкае гм. Прашэньне на канцэсію падана 23.УІІ.1925 г. № 43/Р. Вучыцелем быў Сэрафім Татарын. Школа зачынена праз уладу.

Трэба адзначыць, што дасюль абсалютна ніякага адказу аб канцэсіях для гэтых прыватных школаў не дае ані кураторыум, ані інспэктар школьны, як-бы знарок, адцягваючы і чакаючы, каб школьны год ізноў так-сабе прайшоў і дзеці ня вучыліся ў беларускай школе, а бацькі былі штрафаванымі за непасыланьне дзяцей у школу наагул.

Такі стан рэчаў ня раз змушаў старшыню нашага Т-ва сэн. Уласава да інтэрвэнцыі, але гэта нічога не памагала. Быў ён у п. Куратара Беластоцкага Школьнага Вокругу і стуль прывёз дужа характэрную заяву заступніка куратара (сам куратар тады быў выехаўшы), што Кураторыум нічога зусім ня ведала, што дзеілася з нашымі прыватнымі школамі і вучыцелямі ў Слонімскім павеце і, што, якобы, дзеля гэтага Міністар выслаў сцэцыяьнага ўрадніка, які меў абсьледаваць усё гэта на мейсцы і што ў будучым Кураторыум ня будзе рабіць перашкодаў ў выдаваньні канцэсыяў на беларускія прыватныя школы і г. д. А тым часам школьны год мінае і час уцякае.

Т-ва Бел. Школы ў Радашкавічах падало так-жа 14 верасьвя б. г. № 45 самому пану міністру асьветы, гэтак сама Беластоцкаму куратару жалабы ва гэтыя ўсе зьдзекі над беларускім школьніцтвам, на ўсялякія перашкоды, стаўленыя з боку адміністрацыі і ніжніх чыноўнікаў усялякім асьветным пачынаньням і арганізацыі беларускага школьніцтва - узноў маўчаньне - хай сабе школьны год уцякае.

Дык-жа гэтыя яскравыя факты прасьледаваньня беларускага школьніцтва, яўна і востра пярэчаць заяве Мін. Асьветы ў адказ на інтэрпэляцыю беларускага пасла Рагулі 27 лютага 1925 г. № 1283 (O. Prez.), якая кажа, што прасьледаваньня беларускага школьніцтва няма, што ня было здарэньня, каб Кураторыум адказала канцэсіі на школу з беларускай мовай, што ніякія беларускія арганізацыі не стараліся дасюль аб адчыненьні гэткіх школаў і што дзеля гэтага няма патрэбы да рэвізіі палітыкі нацыянальнага ўціску, бо сапраўды ўціску такога няма, а тым больш палітыкі ідучай у гэтым кірунку. Гэты адказ падпісаў кіраўнік міністэрства I. Завадзкі.

Сялянская Ніва № 6, 14 лютага 1926.

Дзеля большага забразаваньня становішча беларускага школьніцтва ніжэй падаём 2 пісьмы беларускіх вучыцялёў:

1) "... Чаму нічога ня чутна аб беларускай школе - ані ўрадовай, ані прыватнай? Сялянскія дзеці бегаюць па вуліцы вёскі цяпер зімой бяз ніякага занятку. Вы ня можаце сабе падумаць, сколькі маю жалю ў сэрцы; дзіўлюся гледзячы на тоўпы сялянскіх дзяцей, якія трацяць дарма свае залатыя гады, ня могучы нават пачуць добрага слоўца і пераняць яд кагось добрыя прыклады... Народны жаль, жаль за Бацькаўшчыну не пакідае мяне ні па адзін дзень, будучага пры плугу, пры цапе... Ці я сьню? Часам я бываю як няпрытомны ад гэтага прыгнятаючага сну. Чаму гэта так ёсьць? Ці доўга гэтак будзе? Няўжо ж мы гэткія, што пасьля гэтай вялікай вайны, якая абяцала новую эпоху, новае жыцьцё, лепшую будучыню для ўсіх народаў на сьвеце, наш народ -найчысьцейшую галіну славянскага племені, трэба было кінуць на некалькі гадоў у цемру, у якой мы цяпер апынуліся? Перад вайной прымушалі нас вучыцца ў расейскай мове, а цяпер я польскай мовай трывае гэткі самы прымус, але цяпер... дзеля зьдзекаў над роднай нашай мовай, дзеля зняваг, крыўд і прасьледу ніхто аб мове польскай і думаць са спакоем ня можа, бо яе не разумее, баіцца, бо польская мова для нас такая не ласкавая, крыўдзячая, срогая, страшная, што дзеці нашыя баяцца польскае мовы, як агню. Польскае мовы народ наш цяпер ужо ня любіць, бо мова польская ня ёсьць матка родная, а горшая, як злая і крыўдзячая мачыха. Навукі няма. Вёска жаласна стогне, хочучы мець школу ў матчынай роднай мове. Вёска хоча навукі і свабоднага разьвіцьця розуму, але наложаны вялікія путы... Ня раз падумаю: няўжо-ж там на вярху вы нічога ня можаце памагчы гэтай справе? Вінаваціў-бы нашых паслоў і сэнатараў. Яны там, у Варшаве. Ад іх там не далёка ўсялякія міністэрствы, разныя пасольскія клюбы. Ім дарма можа ехаць цягнікамі. Чаму часьцей не паехаць да куратара ў Беласток, ці да школьнага інспэктара ў Слоніме, Навагрудку і г. д.?... Або нават часьцей схадзіць і да міністра асьветы ў Варшаве. Чаму яны іх не націскаюць? Чаму яны не энэргічна паступаюць? Бо час уцякае! Тут справа нацыі нашай! Тут справа народу беларускага! Сумна мне дужа і вельмі шкадую, што народ наш цяпер ня можа яшчэ выдаць народнага багатыра!... Такі не пабаяўся-б і сьмерці нават, а ня толькі вастрогу! Але што-ж? Кожны цяпер аб сабе думае, а што яму там да школ беларускіх. Што там каму да мас народных, якія гніюць у балоце, холадзе і ў беднаце, якія енчаць у цемры... Але! Вінаваціў-бы паслоў, вінаваціў-бы сэнатараў, але што-ж? Віджу і чую, што і яны нічога ня могуць зрабіць, паміма стараньняў, паміма забегаў - гэта переходзе граніцы іх мажлівасьці. Кучы цэлыя клюбавых інтэрпэляцыяў у Сойме без адказу, а што ж гаварыць нам аб нейкіх там нашых просьбах, аб канцэсыях на нашыя школы, аб нашых дэклярацыях на школы у роднай мове... У міністэрстве, у кураторыум, у школьных інспэктаратах пануе адносна нас грабавая ціш - глуха і цёмна... Што гэта будзе, што гэта будзе?... Але досьць аб гэтым, мне цяжка на сэрцы, цяжка на душы. Яны ў мяне даўно збалелыя ад крыўды і няпраўды людзкой...

Чалавек маладым раз толькі бывае. Прапусьці дзень - ужо відаць, ужо можна пазнаць. А вы, людзі, бачыце: што ўжо 7-8 гадоў, як народ наш мучаецца бяз школ, бег навукі, нават нашых прыватных школ не даюць! Працэнт няграматных і анальфабэтаў павялічваецца масова... Дык зважайце, глядзіце і крычэце, а як трэба, дык і плачце - можа хто пашкадуе... Шкадую моцна, што часу ня маю, мушу вазіць гной на поле, а не магу заняцца дзіцячымі душамі... Гэта ня ганьба, што вучыцель змушаны цяжка працаваць каля зямелькі, каля гаспадарства, але шкода, што раблю не адпаведную сабе працу. Я, як чалавек, будучы дужа блізкі вёскі. скажу, што ў школах пачатковых у нас на Беларусі пад Польшчай праз 5-6 гадоў вучацца толькі 2%, а ў сярэдніх школах можа 0,1 %. Вот вам і навука, вот вам і адукацыя. Дык ці-ж ня плакаць і ня крычэць?... Брацьця, бачыце, як мне, пішучаму гэты ліст, сэрца кроўю і слязамі абліваецца з жалю, бачучы так цяжкую крыўду нашага народу... Як нейкі меч Дэмаклеса вісіць усьцяж над нашымі галавамі..."

2) "Ці ведаеце, братцы вы мае, што мы з дня на дзень чакаем, што вот, вот прыдуць і забяруць у вастрог... за школу беларускую, хаця-б прыватную, нашымі ўласнымі срэдствамі трыманую. А ці ж ёсьць за што? Чаму-ж нам гэтак доўга не даюць канцэсіі ня школу? Чаму зусім не адказываць на прашэньні нашыя аб канцэсіі? Хіба тады будзем мець спакой на душы людзкой, як ужо сядзем у вастрог, бо чуем, што горш ужо за тое, што ёсьць, быць ня можа, а жыць заўсёды пад пагрозай далёка горш, як у вастрозе...

Але нічога! Мы не баёмся! Мы рады, што зьяўляемся нявіннымі ахвярамі, і што церпім за свой народ, на сваю школу! Мы рады, што прыходзіцца цярпець дарма, нявінна! У вастрог пойдзем не адны мы, але з намі пойдзе Эвангэльле Хрыста і... разам з намі будуць артыкулы сьвята ўхваленыя 17 марца 1921 г. Польскае Канстытуцыі, як: арт. 95, 96, 97, 98, 99, 100, 102, 104, 105, 108, 109, 110, 111, 112, 113, 114, 115, 116, 117, 121, 124 і 126, у якіх і для беларускага народу загварантаваны ўсялякія грамадзянскія правы нароўні са ўсімі грамадзянамі Рэчыпаспалітай Польскай! Дык хай сядзем у вастрог! Бо пад гэткім цяжарам, пад якім мы тут у Заходняй Беларусі жывём, ніякай працы асьветнай, этычнай і маральна-рэлігійнай нават нельга вясьці, бо тут усё, але ўсё бяз вынятку падцягваюць пад камунізм. Пад гэты паравік усё і ўсіх нас падводзяць і прасьледуюць, хаця там ня будзе нават і падабенства, як неба да зямлі. Усё прымаецца за камунізм, што ня робіцца пад музыку розных адміністратараў...

Ці вы паверыце, брацьця мае, што мы да таго прыгнечаныя, так прыбітыя, што рука дрыжыць і ападае ў пісаньні, сэрцы нашыя плачуць і крывёй абліваюцца... Але што раз, то больш і больш людзей, якія нас разумеюць!...

Дык зважайце, браты вы мае! Націскайце, рушайце прашэньнямі, пасылайце - куды толькі здумаеце, не шкадуйце часу на пісаньне, мацней, мацней стукайце, стукайце кулакамі, ня слухаюць - нагамі, ня слухаюць-бярэце мазьніцы ў рукі; яшчэ мала - тапор; сьпяць цьвёрда - бразгайце ў вокны, клічце на помач - крычэце ў ва ўсё горла, крычэце так, каб увесь сьвет пачуў, што народ ваш беларускі гіне, што яго пхаюць і кідаюць у пропасьць цемры і анальфабэтызму!...

1-га лістапада 1925 г."

III.

Вышэй абрысаваны стан беларускага школьніцтва ясна сьведчыць аб тым, што ўрад польскі плянова вядзе палітыку полёнізацыйную на беларускіх землях, прасьледываючы беларускае школьніцтва, і праз гэта парушае міжнародныя дагаворы, як: арт. 2-9 дагавору між Саюзнымі Дзяржавамі а Польшчай, падпісанага ў Вэрсалю 28 чэрвеня 1919 г. і арт. VII Мірнага Дагавору між Польшчай а Расеяй і Украінай падпісанага ў Рызе 18 сакавіка 1921 г.

Апрача гэтага урад польскі зусім не спаўняе ўласнага праекту ўставы языковай школьнай 31 ліпня 1924 г. у маштабе беларускага школьніцтва публічнага, не дапушчаючы да паўстаньня ані беларускае публічнае школы, ані гэтак званай утраквістычнае.

У арт. 9 Дагавору Вэрсальскага Польшч нават забавязалася ў справах публічнага навучаньня даваць адпаведныя палёгкі, каб запэўніць у пачаткавых школах нацыянальных меншасьцяў навуку дзецям у іх уласнай мове. "У местах і акругах заселеных праз значную частку грамадзян польскіх належачых да меншасьцяў этнічных, рэлігійных, або языковых, меншасьцям гэтым будзе загварантаваны справядлівы ўдзел у карыстаньні, а так-жа ў празначэньні сум, якія бюджэты месныя, або іншыя прызнаюць з фундушаў публічных на ўзгадавальныя мэты, рэлігійныя, або дабрадзейныя".

Гэтак кажа Вэрсальскі Дагавор.

А ці Польшч хаця-б адзін грош асыгнавала ў бюджэце дзяржаўным, або самаўрадавым (на беларускіх землях) на беларускае школьніцтва? Не, мы ня маем у дзяржаўных бюджэтах ні аднае пазыцыі на беларускую школу.

Бюджэты самаўрадавыя ў акругах (паветах) беларускіх то-ж не даюць крэдытаў ва беларускія школы, бо бюджэты гэтыя ўкладае ўрадовец польскі - стараста. Знача, замест помачы, апекі над беларускім школьніцтвам, маем толькі прасьледаваньне яго, нішчэньне беларускіх школ і нацыянальны уціск.

Дзеля гэтага ніжэй падпісаныя прапануюць Высокаму Сойму ўхваліць:

Зважыўшы, што стан беларускага школьніцтва ў межах Польшчы, не зважаючы на міжнародныя трактаты, Канстытуцыю і Уставу з 31.VІІ.1924 г., знаходзіцца ў дужа цяжкім стане, што люднасьць беларуская ў Польшчы ня мае ані ўрадавых, ані прыватных беларускіх пачаткавых школаў, што адкрыцьце пачаткавае прыватнае беларускае школы бязцэрэмонна нішчыцца праз уладу школьную і паліцэйскую, Сойм прызывае Урад:

1) да спыненьня палітыкі ўціску нацыянальнага беларусаў і прасьледаваньня беларускага школьніцтва;

2) да адкрыцьця 412 пачаткавых публічных беларускіх школаў, на якія зложаны дэкларацыі школьныя;

3) да неперашкаджаньня бацькам да складаньня ў далейшым дэклярацыяў на беларускія школы, а так-жа адкрыцьце, або ператварэньне жаданых школ на школы беларускія;

4) неперашкаджаньне ў адчыненьні прыватных беларускіх школаў;

5) да адкрыцьця ўсіх зачыненых праз уладу прыватных беларускіх школаў;

6) да перастаньня ўжываць рэпрэсыяў да беларускіх вучыцялёў і скасаваньня спраў судовых проці іх-жа і проці поўнамоцнікаў дэклярантаў;

7) да адкрыцьця на беларускіх землях адпаведнай колькасьці вучыцельскіх сэмінарыяў для вучыцялёў беларусаў;

8) да ўводу ў бюджэты дзяржаўныя і самаўрадавыя адпаведных пазыцыяў крэдытовых на сярэдняе беларускае школьніцтва.

Варшава, 29 сьнежня 1925 г.

Падпісалі: Ф. Ярэміч, В. Рагуля, кс. А. Станкевіч, Тымошчук, Братунь, Чучмай, С. Подгорскі, Наўман, кс. Клінке, Граебэ, Д-р Розмарын, Чэльгэр, Д-р Зоммэрштайн, Холяк, Э. Цэрбэ, Б. Козубскі, С. Макоўка, Фарбштайн П. Мятла, П. Валошын, С. Козіцкі, Рак-Міхайлоўскі, Прыступа, Пашчук, Войтюк, П. Васыньчук Назарук, Д-р Вінзэгер, Хруцкі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX