Беларусы ў Гародні
Аўтар, знаўца беларускіх спраў, які піша ў "Кур'еры Віленскім" пад псеўданімам "Рэчазнаўца" у № 6 падае цікавую інфармацыю аб беларускім жыцці ў Гародні.
… Гародня ёсць другім пасля Вільні асяродкам беларускага руху… пэўны час тут існавалі: 1) Беларускі народны камітэт, 2) Беларускі клуб, і 3) Арганізаваная падчас нямецкай акупацыі сетка беларускіх школ у правінцыі з беларускай гімназіяй у Гародні (у выглядзе першых 4 класаў) на чале, але ўсе гэты інстытуцыі былі ліквідаваны.
Захавалася толькі самая старая і найлепей пастаўленая беларускай школа ў Гародні. Яна была заснавана ў канцы 1916 г. дзякуючы старанням і ахвярнасці яе кіраўніка, с. п. Аляксандра Грыкоўскага і налічвала каля 50 вучняў. Пачынаючы з 1919 г., пасля смерці Грыкоўскага, з-за непрыхільнага стаўлення да яе школьных уладаў, школа мела шмат праблем але сёння, дзякуючы энергіі і ведам свайго новага кіраўніка сп. Фядарука, школа знаходзіцца ў квітнеючым стане - налічвае 7 класаў, у якіх вучыцца каля 300 вучняў абодвага пола і працуюць 8 настаўнікаў. Заняткі ў школе адбываюцца ў дзве змены - раніцай і вечарам, прычым 3 ніжэйшыя класы падзелены на два аддзелы.
Вялікія заслугі ў развіцці школы напачатку мела настаўніца, с. п. Тэкля Станішэўская, якая памерла на сваёй пасадзе ад сухотаў.
Пры школе існуе Беларуская школьная рада.
Акрамя гэтай школы зараз у Гародні яшчэ існуе Беларускае таварыства дабрачыннасці, якое трымае Беларускі прытулак для дзяцей-сіротаў. 6 снежня 1925 г. адбыўся агульны сход гэтага Таварыства з мэтай давыбараў кіраўнічага Камітэта таварыства і Рэвізійнай камісіі. Гэта арганізацыя сёння з'яўляецца самай паважанай беларускай інстытуцыяй у Гародні і адыгрывае кіраўнічую ролю сярод беларусаў.
Грамадскае жыццё беларусаў у Гародні лепшае чым яшчэ дзе-небудзь. У 1925 г. адбылася першае за тры гады беларуская тэатральная пастаноўка. Гралася камедыя ў чатырох актах "Шчаслівы муж" пяра знанага беларускага драматурга сп. Фр. Аляхновіча. Восенню, у канцы кастрычніка меў месца беларускі "канцэрт-баль", на якім выступіў беларускі хор і струнны аркестр. Абедзве імпрэзы былі з прыхільнасцю прыняты грамадствам і мелі як мастацкі гэтак і касавы поспех.
А беларуская прэса ў Гародні замацавацца не змагла. Розныя беларускія выданні, якія там спрабавалі выходзіць, не выключаючы і паланафільскіх, у хуткім часе спынілі сваё існаванне. Самым важкім сярод выданняў было "Беларускае Слова", якое выходзіла з 1920 г. Са згодніцкіх выданняў належыць узгадваць "Сялянскую Гутарку".
У апошнія часы выданне газет абмежавана друкам рэвалюцыйна-пралетарскіх беларускіх аднадзёнак з гучнымі назвамі: "Выстрал" ці "Гудок", але і яны даўно ўжо не выходзілі.
Białorusini w Grodnie // Pregląd Wileński. 1926. № 4. S. 7.
Пераклад Леаніда Лаўрэша.