1 лістапада [1927 г.] стараннем Таварыства беларускай школы ў зале віленскай гімназіі адбылося святкаванне гадавіны заснавання першай беларускай гімназіі ў Слуцку. У выніку прымусовай адсутнасці шэрагу выбітных дзеячаў беларускага грамадства, як напрыклад дырэктара Р. Астроўскага (заснавальніка гэтай гімназіі ў Слуцку), А. Луцкевіча, Бр. Тарашкевіча і іншых (яны знаходзіліся ў польскай турме - Л. Л.), а таксама з-за адлучэння ці самаадлучэння ад справы прадстаўнікоў беларускіх сіл, якія групуюцца вакол "Беларускай Крыніцы" і "Сялянскай Нівы", не кажучы ўжо пра тых, хто прадстаўляе паланафілаў - святкаванне было не лепшым чынам арганізавана і выглядала бледна. Але падчас святкаванне можна было пачуць і ўбачыць шмат сімпатычных момантаў ці акцэнтаў і ўсіх ўражвала густоўная дэкарацыя подыюма вялікай срэбнай Пагоняй.
Гледзячы на гэты адвечны сімвал свабоды, цэласнасці і незалежнасці нашага краю, мімаволі забывалася, што агромністую колькасць беларусаў зараз прывучаюць да іншых сімвалаў і ідэалаў. І сапраўды ў Менску беларускія мова і асвета цешацца значна большай, чым у нас, свабодай і распаўсюджаннем (яшчэ не пачаўся тэрор супраць беларускай культуры - Л. Л.), але ніхто тым пралетарскім масам, пра якія столькі гаворыцца і пішацца, і развіццё якіх абавязкова адаб'ецца на будучыню беларускага народа, не кажа аб гістарычных традыцыях ВКЛ, аб старажытных рыцарах, якія змагаліся і паміралі пад знакам Пагоні, аб даўніх сенатарах і вяльможах, якія складалі мудрыя Статуты і жылі дзеля магутнасці і росквіту сваёй Бацькаўшчыны.
Добра, што не згаснуў цалкам культ гісторыі і для беларускай моладзі герб Пагоня з'яўляецца родным і зразумелым.
А калі я чую з эстрады словы беларускага паэта:
"Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах,
Успомню Вострую Браму святую
І ваякаў на грозных канях.
У белай пене праносяцца коні, -
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць:
Старадаўняй літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць!"
- у сэрцы я адразу адчуваю палёгку і веру ў будучыню.
Бо толькі пад знакам Пагоні можа наступіць тое паразуменне і яднанне, якога мы прагнем, яднанне зараз чужых і нават варожых паміж сабой краёвых сіл: польскіх, беларускіх і літоўскіх. Покуль у сэрцах грамадзян нашага краю жыве Пагоня, дагэтуль існуе надзея, што гэты сімвал супольнай гісторыі злучыць нас зноў, але ўжо на новых падставах.
Пра гэта ў глыбіні душы марыць не адзін тутэйшы шляхетнейшы і разумнейшы летувіс, беларус і паляк, але ўсе неяк ён не можа пра гэта смела і прыгожа заявіць. Аднаго стрымлівае боязь перад магчымай перспектывай, другому перашкаджае класавая ідэалогія, трэці стаіць на грунце адмовы ад незалежнасці першага і другога і веры ва ўласныя сілы. […]
[Рэдакцыйны артыкул] Pod znakiem Pogoni // Pregląd Wileński. 1927. № 18. S. 1–2.
Пераклад Леаніда Лаўрэша.