Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

Працэс Сялянска-Работніцкае Грамады 


Дадана: 27-10-2016,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Калаж заходнябеларускай прэсы

Склаў Леанід Лаўрэш



Змест

Арышты паслоў. Зламаньне канстытуцыі.

Агульная інфармацыя.

Першы дзень працэсу.

Другі і трэці дні працэсу.

Чацьверты дзень працэсу - 27 лютага.

5-ты дзень працэсу.

6-ты дзень працэсу, 29 лютага.

Агульнае ўражэньне з салі суда.

7-мы дзень працэсу.

8-мы дзень працэсу.

9-ты дзень працэсу.

10-ты дзень працэсу.

11-ты, 12-ты, 13-ты і 14-ты дні працэсу.

15-ты дзень працэсу.

16-ты дзень працэсу 23.ІІІ.1928.

17-ты дзень працэсу.

18-ты дзень працэсу з дня 26.ІІІ.1928.

19-ты дзень працэсу з дня 28.III.1928.

20-ты дзень працэсу 28.III.1928 г.

21-шы дзень працэсу. 29.III.1928 г.

22-гі дзень працэсу.

23-ці дзень працэсу Грамады 31.ІІІ.1928 г.

24-ты і 25-ты дзень працэсу.

26-ты дзень працэсу Грамады.

27-мы дзень працэсу Грамады 10.ІV.1928 г.

28-мы дзень працэсу Грамады ІІ.ІV.1928 г.

29-ты дзень працэсу Грамады 12.IV.28 г.

30-ты дзень працэсу Грамады 13.IV.1928 г.

31-шы дзень працэсу Грамады 14.IV.1928 г.

32-гі дзень працэсу.

33-ці дзень працэсу Грамады 15.IV.1928 г.

34-ты дзень працэсу Грамады 17.III.1928 г.

35-ты дзень працэсу Грамады 18.IV.1928 г.

36-ты дзень працэсу Грамады 20.IV.1928 г.

37-мы дзень працэсу Грамады. 21.IV.1928 г.

38-мы дзень працэсу Грамады. 22.IV.1928 г.

39-ты дзень працэсу Грамады.

40-вы дзень працэсу Грамады.

41-шы, 42-гі і 43-ці дзень працэсу Грамады.

44-ты дзень працэсу Грамады.

45-ты дзень працэсу Грамады.

46-ты дзень працэсу Грамады.

47-мы дзень працэсу Грамады. 7.V.1928 г.

48-мы дзень працэсу Грамады.

Апошнія дні.

Прыгавар у справе Грамады.

Дадаткі




Арышты паслоў. Зламаньне канстытуцыі.


Сялянская Ніва №6(57), 19 студзеня 1927.

У начы з пятніцы на суботу, 14-15 студня с. г. на ўсіх абшарах Заходняе Беларусі польснія ўлады правялі арышты павадыроў Беларускай Работніцка-Сялянскай Грамады і асоб вінавачаных у камунізме.

У самай Віленшчыне зроблена шмат рэвізыяў і арыштавана каля 200 асоб.

Між іншым паліцыя арыштавала паслоў: Тарашкевіча, Рак-Міхайлоўскага і Валошына.

Апрача Віленскага ваяводства рэвізіі і арышты адбыліся у Наваградзкім, Палескім, Беластоцкім і іншых ваяводствах.

Арышты ў Вільні і паветах Зах. Беларусі. У Вільні арыштавана 11 сяброў і супрацоўнікаў цэнтральнага сэкрэтарыяту Грамады; у Бельскім пав. 22 асобы; Сакольскім - 5; Ваўкавыску - 3; Горадні - 12; Беластоку - 5; Берасьцейскім - 6; Дзісненскім - 6; Наваградзкім - 10; Слонімскім - 11.

Рэвізія ў цэнтральным Сэкрэтарыяце. А гадзіне 3 у начы паліцыя ўвайшла ў кватэру цэнтральнага сэкрэтарыяту, арыштоўваючы на месцы прысутных супрацоўнікаў і сяброў Грамады. Правяла рэвізію дакумэнтаў і забрала іх як матэр'ял для абвінавачаньня. Па сканфіскаваньню ўсялякіх дакумэнтаў паліцыя апячатала кватэру "Грамады".

Арышты сяброў Грамады і інш. Адначасна адбывалася рэвізыя ў паслоў і беларускіх дзеячоў Грамады. Рэвізыя адбылася таксама ў Беларускім Банку. Паслоў арыштавалі пры такіх абставінах: пас. Тарашкевіча паліцыя знайшла ў Калёніі (пад Вільняй) у доме Астроўскага. Пры арышце, як пішуць польскія газэты, у Тарашкевіча знойдзена вялікая сума ў далярах і інструкцыя, як тварыць арганізацыі камуністычнай партыі. Пас. Валошына арыштавалі ў кватэры, а п. Рак-Міхайлоўскага на вакзале, у часе калі меўся садзіцца на цягнік. Сярод дзеячаў Грамады ў Вільні арыштавалі: гр. Астроўскага, Каўша, Шнаркевіча, Назарука, Мэнке, Марцінчыка, Навакоўскага і Бурсэвіча М., апрача таго Алейнічука з ляв. ППС, Вагнэра і Краўца, вінавачаных у прыналежнасьці да камуністычнай партыі З. Беларусі.

Рэвізыя ў Беларускім Банку. Адначасна дэлегат Міністэрства Скарбу пры помачы паліцыі зрабіў рэвізыю ў Беларускім Коопэратыўным Банку.

Рэвізыя ў прафэсіянальных саюзах. Апрача таго адбылася рэвізыя ў гэтакіх прафэсіянальных саюзах: мэталёвым, будаўляным, табачным і скурным.


Ліквідацыя Грамады.

Урадавае паведамленьне.

У сувязі са зробленым арыштаваньнем 3-х паслоў і іншых, урад выдаў наступнае паведамленьне: Вядомыя арганізацыі, якія працуюць ужо доўгі час на абшары Польскай Дзяржавы, выяўляюць работу, на якую выдаткі зусім відавочна пераходзяць магчымасьць пакрываць з уласных даходаў тых арганізацыяў. Гойнае аплачаваньне інструктараў, агітатараў, агентаў; выдаваньне цэлага сьцягу брашураў, адозваў і лістоў дарма рассыланых, урэшце перакідаваньне вялізарнымі грашовымі сумамі, дзеленымі ў форме беззваротных пазык з мэтай зьяднаньня сабе прыхільнікаў сьведчыць бяссумлеву аб тым, што работу гэтых арганізацыяў аплачываюць чужыя
дзейнікі.

На чале гэтых арганізацыяў сталі некаторыя паслы ў Сойм, якія тымі грашмі, паходзячымі з чужых крыніц, шырокай жменяй распараджаліся.

Урад такой работы, скіраванай на шкоду Польскай Дзяржавы і роўнай здрадзе стану, ня можа далей таляраваць (зносіць). Ня можа ён і ня хоча дапушчацьца пашырэньня сярод супакойнай люднасьці замуту і бяскарнага тварэньня праступных плянаў выкліку, з падвучаньня і па загаду чужых дзейнікаў, якіх-небудзь забурэньняў у Дзяржаве. Дзеля гэтага засталіся арыштаванымі паслы: Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Валошын і агітатары, якія стаялі на чале арганізацыяў аплачываных з чужых грошаў. Перасьцерагаецца, што прыналежнасьць да гэтых арганізацыяў, на чале якіх стаялі арыштаваныя паслы, будзе прасьледавацца са ўсей строгасьцю як за работу на шкоду Дзяржавы.

Вільня, 15 студня 1927 г.


Ліст Маршалка Сойму Ратая.

Судовыя ўлады паведамілі маршалка Сойму аб арыштаваньні паслоў.

Маршалак у папалуднявых гадзінах выслаў да міністра справядлівасьці наступны ліст: «Даведаўся я прыватна, што сягоньня ў ночы былі арыштаваныя ў Вільні па загаду тамашняга пракурора паслы: Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі і Валошын. Прашу пана міністра аб паведамленьню мяне, ці гэтае вестка згаджаецца з праўдай, а калі так, дык на якой падставе і з якіх повадаў зроблена арышты?»

Да 10-ай гадз. 15-га студня мін. Мэйштовіч не пасылаў яшчэ адказу п. Ратаю.

Як вядома арт. 21 констытуцыі, ст. 4 гучыць як наступае: У прыпадку залаўленьня пасла па гарачай справе праступства, калі-б яго затрыманьне неабходным было дзеля забесьпячэньня меры справядлівасьці, ці дзеля перашкоды наступстваў праступку, судовыя ўлады маюць абавязак, беспярэчна заведаміць аб тым маршалка Сойму дзеля атрыманьня пазваленьня Сойму па арыштаваньне і карнае сьледства. На жаданьне маршалка прытрыманыя мусіць быць звольнены.


Паясьненьне міністра Мэйштовіча.

15 г. студня каля гадз. 19 мін 30 па палудні да маршалка Сойму прыбыў міністар справядлівасьці Мэйштовіч і даючы вусныя інфармацыі (паясьненьня) ў сувязі з лістом маршалка падаў на рукі апошняга гэткае пісьмо:

«У вадказ на пісьмо з 15 г. студня маю гонар паведаміць маршалка, што, паводле тэлефонічнай справаздачы, па загаду падпракурора пры Апэляцыйным Судзе ў Вільні, у сягоняшнім дню былі затрыманы паслы Сойму Тарашкевіч Браніслаў, Валошын Паўлюк і Рак-Міхайлоўскі Сымон па факце выконваньня праступнай работы, скіраванай проці бясьпечнасьці і цэласьці дзяржавы, а ўпраўлянай і ведзенай праз чужыя дзейнікі за грошы, што ішлі з-заграніцы. Прытрыманьне гэтае было неабходным дзеля забяспечэньня меры справядлівасьці, а таксама каб пашкодзіць наступствам праступку. Прапазыцыі аб выдачы праз Сойм судом вышэй названых паслоў з шырокімі матывамі буду мець гонар пераслаць маршалку ў найбліжэйшым часе. У часіне атрыманьня ліста маршалка, прыступіў я да перадачы ў яго рукі павядамленьня, якога вымагае арт. 21 канстытуцыйнай уставы.

Падпісаў Мэйштовіч, Міністар Справядл.


Тэлеграма пасла Ярэміча.

ПРАТЭСТ.

Як толькі стала ведама аб арышце паслоў, Старшыня Беларускага Пасольскага Клюбу, пасол Ф. Ярэміч выслаў Маршалку Сойму тэлеграму такога зьместу:

"У начы 14-15 студзеня арыштавалі і пасадзілі ў вастрог на Лукішках паслоў: Валошына, Тарашкевіча і Рак-Міхайлоўскага.

Ад імя Беларускага Клюбу горача пратэстую і ветліва прашу Пана Маршалка аб інтэрвэнцыі з мэтай звальненьня паслоў, арыштаваных бяз выданьня Сойму.

ЯРЭМІЧ, Старшыня Беларускага Клюбу.


Інтэрвэнцыя.

пасл. Ярэміча і сэн. Багдановіча.

У сувязі з масовымі арыштамі ў Заходняй Беларусі пасол Ф. Ярэміч і сэнатар В. Багдановіч дня 17 студзеня рабілі інтэрвэнцыю ў Віленскіх уладаў.


Тэлеграмы у Бел. Пасольскі Клюб.

У Беларускі Пасольскі Клюб надыходзяць тэлеграмы аб арыштах у Заходняй Беларусі. Родныя арыштаваных дамагаюцца інтэрвэнцыі ў цэнтральных уладаў.


"Сперва успокоеніе ..."

Перад намі жудасны абраз! Польскі ўрад рашуча выступіў проці беларускае партыі, арыштоўваючы яе галоўных павадыроў і аддаючы іх пад суд!

Алярмы аб акцыі "Грамады" ўжо некалькі месяцаў непакоілі Палякаў.

Узрост беларускай сьвядомасьці і беларускага руху стаў страшным і для ўраду. Урад шукаў спосабаў рэагаваньня на магутнасьць беларускае ідэі.

Усе польскія ўрады ўвесь час шукалі прычын, каб узяцца за Беларусаў. Дэфэнзыва працавала гадамі і знайшла выхад. Першай мэтай яе працы было: разьбіць адзіны беларускі нацыянальны фронт. Разьдзел Бел. Пасольск. Клюбу быў вынікам гэтае працы. Правадыры "Грамады" былі ўвесь час над уплывам правакатараў. Гэтыя павадыры з аднаго боку выракліся незалежнасьці і пачалі чарніць у сваёй прэсе незалежніцкія беларускія партыі, з другога - ішлі на працу правакацыйную.

Як польскай, так і маскоўскай дэфэнзыве патрэбна разьбіваць беларускі нацыянальны рух. Апошнія нячуваныя ў цывілізаваным сьвеце арышты ёсьць доказам, што дэфэнзыва пажала добры ўражай.

Калі-б гэта была ня праўда, то тады-б разам з арыштам павадыроў Грамады былі-б арыштаваны павадыры іншых польскіх партыяў, якія ішлі разам з Грамадой і павадыр адной, быць можа, і кіраваў усей акцыяй Грамады. Вось гэты факт відавочна гавора аб тым, чаму польскія ўлады пазвалялі арганізавацца "Грамадзе".

Але як выглядае перад усім сьветам польскі ўрад? Ці-ж можна садзіць у вастрог сяброў партыі, якая дагэтуль была легальная? Дзе-ж констытуцыя, дзе-ж пасольская незачэпнасьць (нетыкальнасьць,)? Дзе-ж рэалізацыя польскіх лозунгаў аб вольнасьці? Дзе-ж правы для Беларусаў, дзе-ж зямля для беларускіх сялян, дзе-ж беларуская школа?

Усё гэта ляжыць нейдзе ў камісіі экспэртаў у справе нацыянальных меншасьцяў. Затое пракуроры і паліцыя працуе. Міністар Мэйштовіч пераходзе у гісторыю беларускага адраджэньня. Ужо другі раз падняў руку на Беларусаў. Яшчэ Беларусы не забыліся аб працэсе 33-х. Тады таксама ў ночы арыштавалі 57 Беларусаў і Літвіноў, грамадзян "Сярэдняе Літвы", бяз суда і сьледзтва выкінулі 33 арыштаваных праз граніцу ў Літву. Цяпер, якраз праз 5 гадоў па загаду міністра-юрыста "ад кавалерыі" арыштавалі масу Беларусаў і пасадзілі іх у вастрог. Усё гэта робіцца сталыпінскімі мэтодамі: "сперва успокоеніе, потом реформы".

Гэтак "успокоеніе" ужо далося ў знакі, ніводзен Беларус ня мае ніякай гарантыі бяспечнасьці перад рэпрэсіямі з боку ураду. А рэформы? "Рэформы" ужо пачаліся так-сама.

У тую самую ноч, калі арыштоўвалі Беларусаў, др. Паўлюкевіч разам з некаторымі прадстаўнікамі польскага грамадзянства і амаль што ня ўсей польскай прэсы наладзілі банкет, - ліліся салодкія прамовы выключна ў польскай мове. Урад думае, што такімі банкетамі і канцэсіямі на "спэлюнку" (дом ігры) можна разьвязаць беларускае пытаньне? Польскі ўрад, што ідзе на гэтую работу, ёсьць ведама, пажнець і вынікі яе, пэўне-ж ня вельмі пажаданыя.

Усе здаровае, шчырае, сьведамае беларускае грамадзянства цяпер, больш як калі, павінна зразумець, што прышоў час перастаць займацца рожнай "брадней", прышоў час супольнай барацьбы з нашымі ворагамі.

Нашыя ворагі, польская і маскоўская дэфэнзыва, ўжо цяпер трыўмфуюць з прычыны дакананых арыштаў. Беларуская нацыянальная ідэя пахіснулася сярод часткі Беларусаў, якія паслухалі падшэптаў дэфэнзывы і распачалі барацьбу з незалежнымі беларускімі кірункамі. Рэзультаты гэтага хістаньня вельмі цяжка будзе нам ператрываць, але мы павінны і далей ня сходзіць з свайго, раней узятага, шляху - нацыянальнага адраджэньня беларускага народу. Толькі праз гэтае нацыянальнае адраджэньне можам дабіцца свайго ідэалу і ўсіх правоў. Але ў гэтай цяжкай нашай працы сярод нас не павінна быць здраднікаў, толькі самі, бяз помачы адных і другіх чужынцаў.


Агульная інфармацыя

Воля Працы, №4, 22 сакавіка 1928.

Працэс пачаўся 23-м лютага. Пасьля шасьці дзён судовае расправы быў зроблены ад 1 да 12 сакавіка, на час выбараў у Сойм і Сэнат, перарыў. Ад 12 г. м. працэс адбываецца далей. Пратрывае ён, як падаюць віленскія газэты, каля двух месяцаў, г. зн. больш менш да траўня месяца. Па незалежных ад нас прычынах мы да гэтага часу не маглі даць патрэбнае справаздачы аб ходзе працэсу. Цяпер падаем коратка аб мінулых днёх працэсу, а далей пастараемся даваць справаздачу аб ходзе працэсу нармальна.

Як адбываецца працэс. Суд агаласіў, што працэс будзе адбывацца пры адчыненых дзьвярох, за выняткам надзвычайных выпадкаў, калі суд будзе вясьціся пры зачыненых дзьвярох. I праўда, у залі суда сядзяць прадстаўнікі прэсы і радня абвінавачаных паслоў, пару канфідэнтаў паліцыі, некалькі лаў зусім пустых. Каб папасьць на суд - трэба мець спэцыяльны білет-пропуск, інакш у залю ня пускаюць стаячыя каля дзьвярэй са штыкамі паліцыянты. Спробы-ж дастаць білет-пропуск на суд канчаюцца няўдачна, кажуць, што няма вольных месц.

Склад суда. Суд складаецца з наступных асоб: старшыня суда А. Овсянко, судзьдзі А. Ёдзевіч, А. Борэйка і запасны Бжозовскі; пракуроры: падпракуроры Калапскі, і Раўзэ; сакратары: апліканты Коркуць і Одынец.

Абарона: адвакаты - Ян Бабянскі, Дурач, Эттынгер, Сьмяровскі і Гонігвіль з Варшавы і мясцовыя адвакаты: Абрамовіч, праф. Пятрусэвіч, Кшмжановскі, Сенкевічанка, Залкінд, Матыяш, Прайс, Раманкевіч і апліканты: Варашынскі, Марцінеўскі і Сольц.

Прэса: прадстаўнік "Тасса" (радавае агенства) - Кавальскі, «Известия» -Братін, Нью-Іорскага (амэрык.) "Forwerts'y" - Вайнрайх, прадстаўнікі польскай варшаўскай і віленскай прэсы і прадстаўнікі беларускай і жыдоўскай мясцовай прэсы. Кідаецца ў вочы адсутнасьць менскае беларускае прэсы. Няўжо-ж Менск гэтым працэсам ня цікавіцца?


Першы дзень працэсу.

Воля Працы, №4, 22 сакавіка 1928.

23 лютага прысьвечаны пераклічцы падсудных і сьведкаў і прысягае апошніх. З 56 падсудных 55 беларусаў і 1 паляк. Большасьць з іх - праваслаўная, частка каталікоў і бязьверных і адзін магаметанін. Некалькі асоб падсудных з вышэйшай адукацыяй, больш з сярэдняй, і абсалютная большасьць сяляне, з пачатковай адукацыяй. Магамэтанін таксама называе сябе беларусам, што вельмі дзівіць суд. Усе падсудныя адказваюць пабеларуску і навет паляк Навакоўскі, што зноўжа вельмі дзівіць суд.

Склад падсудных: б. пасол Браніслаў Тарашкевіч, б. пасол Сымон Рак-Міхайлоўскі, б. пасол Павал Валошын, б. пасол Пётра Мятла, б. дырэктар Беларускай Гімназіі ў Вільні Радаслаў Астроўскі, Максім Бурсэвіч, Фабіян Акінчыц, Язэп Шнаркевіч - усе гэтыя абвінавачваюцца па 102 арт. часьць ІІ, 51 і 110 К. К.

Антон Луцкевіч, Аляксандар Коўш (сьвяшч.), Уладыслаў Навакоўскі, Аляксандар Міськевіч (Мір), Ян Кузьміч (Навагр. пав.), Клаўдзія Гоцько (Карэліцк. вол., Навагр. пав.), Мікалай Якімовіч (Горадня) Вінцук Шушкевіч (Горадня), Язэп Баліцкі (Горадня), Уладзімір Паддубік (Горадня), Павал Драгун (Горадз. пав.), Міхась Каўжак і Ян Кож (Пруж. пав.), Язэп Пашанчук (Пруж. пав.), Уладзімір Гмыр (Пруж. пав.), Васіль Шкодзіч (Ваўкав. пав.), Сьцяпан Шчыглінскі (Ваўкав. пав.), Уладзімір Харкевіч (Ваўкав. пав.), Сьцяпан Янкоўскі (Ваўкав. пав.). Аляксандар Патоцкі (Ваўкав. пав.), Ян Гелда (Сакольскі пав.), Аляксандар Зданюк (Сакольскі пав.), Павал Беламужы (Сакольскі пав.), Марцін Козіч (Сакольскі пав.), Сымон Саванец (Слонімскі пав.), Павал Якубчык і Сяргей Саванец (Слонімс. пав.), Міхал Якімовіч і Ігнась Шацько (Слонімс. пав.), Аляксандар Марчык (Словімс. пав.) Антон Сакалоўскі (Глыбокае), Міхал Нікіфароўскі (Дзіс. пав.), Кастусь Лабунька (Дзіс. пав.), Сьцяпан Сшоцік (Дзіс. пав.), Кастусь Шапіла (Дзіс. пав.), Міхал Шавель (Дзіс. пав), Тодар Варанкевіч і Ян Варанкевіч (Дзіс. пав.), Анатоль Даніловіч (Дзіс. пав.), Аляксандар Антановіч (Вялейск. пав.), Вінцук Салыга (Лідзкі пав.), Вінцук Крупіца і Ігнась Мармыш (Лідзкі пав.). Усе гэтыя абвінавачваюцца па 102 арт. ч. ІІ К. К.

Сьцяпан Куліна-Куліноўскі (Малад. пав.) абвінавачваецца па 102 арт. ч. ІІ і ІІІ уст. I Кар. Код.

Сьцяпан Казачонак (Дзіс. пав.), Міхал Кавалёў, Ніканор Кавалевіч і Марк Карніловіч (Дзіс. пав.) абвінавачваюцца па 102 арт. ч. II і 49, 51, 499, ч. I уст. ІV К. К. і 51, 455 уст. 12 К. К. і на арт. 207, 208 і 523 U. P. K.

Сьведкаў паклікана 660. Большаcьць іх, больш за 400 паклікана а боку суда Вялікая лічба з іх паліцыянты і канфідэнты, а таксама шмат урадоўцаў. Частка пакліканых сьведак з беларускага грамадзянства з Вільні і з вёскі. Беларусы пры пераклічцы і між сабой гавораць пабеларуску.

З 660 пакліканых сьведкаў 70 не зьявілася. Аказалася, што на заяву абароны аб пакліканьні цэлага шэрагу сьведкаў з боку абвінавачаных суд адказаў адмоўна Дзеля гэтага абарона просіць паклікаць паданых ёю сьведкаў з боку абвінавачаных і, пакуль ня будуць пакліканы, адлажыць працес. Тады старшыня суда абяцае пазваць усіх сьведкаў бегам працэсу - працэс-жа прадаўжаць.

Прысяга сьведкаў ідзе партыямі па 50 асоб. Тут зноў сьведкі-беларусы дамагаюцца прысягі пабеларуску. Суд гэта пазваляе. Але тут у вельмі прыкрае становішча трапляе сьвяшчэн., які сіліцца чытаць прысягу папольску, пабеларуску, але як у першым, так і ў другім выпадку, гаворыць невядома якой расейска-польска-беларускай мовай. Старшыня суда падказывае яму пабеларуску, але таксама ня надта ўдала, бо ўсё-ж прысягаючыя ня могуць паўтараць за ім не правідлова выказаныя беларускія словы, а гавораць пабеларуску.

Складаньне прысягі сьведкамі цягнецца аж да 12 гадз. ночы. На гэтым канчаецца першы дзень працэсу.


Сялянская Ніва, №19(166), 25 лютага 1928.

Першы дзень.

(...)

На салі - радня абвінавачаных, між іншымі жонкі: Астроўскага, Рак-Міхайлоўскага, Тарашкевіча, Каўша і Луцкевіча.

Старшыня Суду азнаёміў, што працэс будзе разглядацца пры адчыненых дзьверах і толькі ў выпадках датычачых дзяржаўных тайнаў - дзьверы для публікі будуць зачынены.

Спраўджаньне фармуляраў абвінавачаных пачалося ад б. пасла, праф. Тарашкевіча. Па спраўджаньні выясьняецца, што большасьць абвінавачаных - дробныя земляробы, толькі некалькі асобаў маюць вышэйшую або сярэднюю адукацыю. Між абвінавачаных - 1 паляк (Навакоўскі) і 1 татарын (Міськевіч). Рэшта - ад крыві і косьці Беларусы. Большасьць - праваслаўныя, зусім мала каталікоў, 1 магамэтанін (Міськевіч) 1 мэтадысты (Бурсэвіч). Прызналіся "bezwyznaniowcami" (ня прыналежнымі ні да якае існуючае веры): былыя паслы Тарашкевіч і Валошын, а такжа гр. гр. Луцкевіч і Козіч.

Усе абвінавачаныя Суду свабодна і жыва адказваюць пабеларуску, нават паляк Навакоўскі і татарын Міськевіч.

Пры спраўджаньні сьведкаў выясьнілася: з пазваных пракуратураю 421, ня прыехала 88. З наданых прозьвішчаў 242 сьведкаў з боку абвінавачаных прыехала на першы дзень працэсу 43. Між прозьвішчамі сьведкаў з боку абвінавачаных чутны былі такія прозьвішчы: Тугут, Хаміньскі, Касмоўская, Абрамовіч, Заштовт (для Тарашкевіча); Уласаў (для Міхайлоўскага); Бартэль і 8 прафэсараў (для Астроўскага); духоўныя асобы: Самойлаў, Беляеў, Марозаў, Васілеўскі і гр. Багдановіч (для Каўша);
Мін. Васілеўскі, Тугут, Макоўскі, Сумарок, кс. Талочка, адв. Юндзіл, д-р. Чарноўскі, д-р Выгодзкі, Янкоўскі (для Луцкевіча).

Пракуратура дамагаецца адчытаньня паказаньняў тых сьведкаў, каторы, па важных прычынах ня прыехалі на працэс.

Абарона-ж (першым выступіў праф. Петрусэвіч), просіць аб адкладзе справы, бо шмат сьведкаў, паказаньні якіх маюць важнае значэньне ў гэтым працэсе, не зьявілася.

Пасьля перарыву Суд пастанаўляе працэс прадаўжаць, сьведкам - паслаць паўторныя павесткі.

Сьведкі прыводзяцца да прысягі групамі па 50 асобаў, пры чым "bezwyznaniowcy" асьвядчаюць Старшыні Суду, што будуць гаварыць праўду. Пасьля прысягі кожнаму сьведку вызначаецца дзень, на каторы ён павінен зьявіцца ў Суд для паказаньняў.

На гэтым закончаны першы дзень працэсу.


Другі і трэці дні працэсу.

Сялянская Ніва, №20(167), 29 лютага 1928.

Акт абвінавачаньня. На другі дзень працэсу чытаўся акт абвінавачаньня. У часе чытаньня старшыня суду два разы выдаляў публіку з залі. Гэта было зьвязяна з чытаньнем тых часткаў акту абвінавачаньня, у якіх гаварылася аб вельмі інтымных адносінах "Грамады" з суседнімі дзяржавамі. Рэшта чыталася пры адчыненых дзьверах. Вось скарочаны зьмест акту абвінавачаньня.

Ад чэрвеня 1926 году на абшары паўночна-ўсходніх ваяводзтваў пачалі зьяўляцца весткі аб небывалых да гэтага часу высілках арганізаваньня сялянскіх масаў зусім новаю партыяй - Беларускаю Сялянска-Работніцкаю Грамадою. "Грамада" стварылася ў выніку разлому Соймавага Беларускага Пасольскага Клюбу. Кіраўнічыя сілы гэтага адлому знаходзіліся ў руках 5-ці паслоў: Тарашкевіча, Рак-Міхайлоўскага, Мятлы, Валошына і Сабалеўскага, пад дыктоўку Маскоўскага "Комінтэрну". Духовым правадыром гэтай камуністычнай экспозытуры быў пасол Тарашкевіч.

Лёзунгам гэтай арганізацыі былі: "актывізацыя масаў - зямля для сялянства бяз выкупу; зьмяншэньне, ці абсалютнае скасаваньне падаткаў; пашырэньне нянавісьці да палякаў; работніцка-сялянскі ўрад; адарваньне ад Польшчы" і г. д. На адбытых у Маскве "IV канфэрэнцыі камуністычнай партыі Польшчы" і "III канфэрэнцыі камуністычнае партыі Заходняе Беларусі" даюць падрабязны плян дзейнасьці. Па атрыманьні згоды на плян ад кіраўнікоў - прыступлена да працы, і 1 чэрвеня 1926 г. Соймавы Клюб паведамляе Камісара Ўраду на м. Вільні аб адчыненьні ў Вільні "Цэнтральнага Сэкрэтарыяту" "Грамады". Для ўсіленьня арганізацыі ўзьнікае "Сель-Роб" на Валыні з пасламі Казіцкім, Чучмаём, Макаўкаю і інш. У Вільні Вацлаў Алейнічак закладвае "ППС-лявіцу".

Арганізацыйна "Грамада" была збудавана так: ніжэйшаю адзінкаю быў гурток, які складаўся з сяброў, мужаў даверу і мясцовага камітэту. Гурткі былі падпарадкаваны павятовым камітэтам, гэтыя Цэнтральнаму Сэкрэтарыяту, над якім стаяў Цэнтральны Камітэт, а далей Агульны Зьезд. Арганізацыйныя ўлады выбіраліся сябрамі, у запраўднасьці-ж яны вызначаліся з камуністых.

Кідаючы аграмадныя грашовыя сумы на прапаганду, правадыры асягнулі пастаўленую мэту: масавасьць грамадзкага руху. 10 сьнежня 1927 году у 27 ўсходніх паветах "Грамада" лічыла 1586 гурткоў пры 26.558 сяброх. У склад яе ўваходзілі нават расейцы і жыды. Рабіліся стараньні вытвараць адшчапенцаў "мэтадыстаў і баптыстаў" і ўцягнуць іх у "Грамаду". Некаторыя з кіраўнікоў "Грамады" памагалі ім грашыма, тлумачылі рэлігійныя пісьмы і г.д.

З арганізацыйным узростам "Грам." і непамерна хуткім павялічэньнем яе сяброў, павялічваецца праступнасьць, ці то агульная, пераважна на грунце апору ўладам, ці на грунце антыдзяржаўнай агітацыі, кальпартажу нялегальнай літэратуры і яе раснаўсюджваньня.

Многа гавораць і грашовыя адносіны "Грамады". Першыя банковыя апэрацыі "Беларускага Каапэратыўнага Банку" распачаліся ў канцы 1925 году укладамі Валошына (100 даляраў), Тарашкевіча (211 даляраў) і ў гэтым-жа дню выдана пажычак на 400 даляраў. Банк гэты меў кантакт з "Транзытным Бакам" у Рызе, на паведамленьні якога за кароткі час выплаціў розным асобам 10.985 даляраў. У Банку правадыры "Грамады" ўкладалі свае ашчаднасьці. У часе зачыненьня Банку яны складалі: Валошына 450 даляраў і 21 злотых; Тарашкевіча 312 дал. і 5 злотых; Астроўскага 598 дал. і 6451 зл.; Веры Тарашкевіч 507 дал. і 136 зл.; Мятлы 774 дал. і 73 зл.; Міхайлоўскага 939 дал. і 2450 зл.; Антаніны Астроўскай 30 дал і 3450 зл.; Сабалеўскага 979 злотых і г. д.


Трэці дзень працэсу. (25 лютага). Далейшы працяг акту абвінавачаньня.

"Грамада" сыстэматычна імкнулася да апанаваньня ўсіх беларускіх культурна-прасьветных установаў. Сябры "Грамады" уваходзілі ў "Таварыства Беларускае Школы", "Беларускае Выдавецкае Таварыства", "Беларускае Навуковае Таварыства", "Беларускае Таварыства Помачы Ахвярам Вайны", мелі ўплыў на "Студэнцкі Саюз" і "Віленскую Беларускую Гімназію".

"Грамада" не пакінула і войска. Пры помачы "Комсомола" вяла ажыўленую агітацыю у вайсковых часьцях і зьбірала розныя вайсковыя дадзеныя. Маладыя рэкруты атрымлівалі інструкцыі ў каторых, між іншым, гаварылася: "Не дзеля таго ідзеш у войска, каб служыць пузатым генэралам і афіцэрам, але-ж дзеля таго, каб навучыцца метка страляць, калі трэ' будзе, у капіталістых і буржуяў".

У гэтых пачынаньнях памагае беларуская прэса, каторая бясплатна рассылала свае газэты падпішчыкам. Спэцыяльныя карэспандэнцыі чэрняць "Палякаў, якія не ўважаюць нас за людзей, але за быдло", нападаюць на суды, на ксяндзоў, "якія зьдзіраюць з людзей скуру за хрэст і бароняць паноў", на школьных інспэктараў, на асаднікаў. "Грамада" разьвівае цэлую "вывратовую" сыстэму. Вядзе агітацыю проціў камасацыі. Заклікае да тэрору проціў школаў і байкоту іх, заклікае не плаціць падаткі, зьбірае подпісы пад дамаганьням амністыі для палітвязьняў. Усёю гэтаю акцыяй кіруе "Міжнародны Сэкрэтарыят" у Варшаве, у склад якога увайходзяць такія партыі: "Незалежная Сялянская Партыя" (N.Р.Ch.), "Грамада", "Воля Народу", "Хлопскі Саюз" і "ППС-лявіца", а так-жа прадстаўнікі "Незалежнай Сацыялістычнай Партыі Працы" і "Паалей Сыёну".

Пад дыхтоўку сэкрэтарыяту рабіліся мітынгі і дэманстрацыі. Сьведкаю гэтага была Вільня 8, 11 і 14 сьнежня 1926 году. Апошняя - у часе побыту ў Лукіскім вастрозе ангельскага камуністычнага пасла Шэфэрда з тлумачом Штэрліхам.

У цеснай сувязі з гэтаю галінаю працы "Грамады" быў МОПР (Міжнародная Арганізацыя Помачы Рэвалюцыянэрам), які дастарчаў грошы на патрэбы вязьняў і аплату адвакатаў. Рэвізія ў адваката Родзевіча дала матэрыялы, згодна якіх мелася быць арганізавана "Агульнае бюро абароны" з асобаю таксаю для абаронцаў.

Не прапускаліся аказіі і да маніфэстацыяў з прычыны розных камуністычных угодкаў і сьвяткаваньняў. Аднэю з такіх маніфэстацыяў была ў Косаўскім павеце 7 лістапада 1926 году, калі адбыўся паход з пяяньнем: "Сьмела таварышчы ў ногу" і "Уставай пракляцьцям закляймены". Паход гэты закончыўся мітынгам, на якім дайшло да сутычкі з паліцыяй.

Балей за ўсё "Грамада" заклікала да апору ўладзе. Напр., на абшары аднаго ваяводзтва зусім такі ў кароткім часе ўзбуджана балей 100 судовых справаў 257 грамадаўцам за апор уладзе. Апор гэты пераходзіў у забойствы агентаў паліцыі, а ў Косаве 3 лютага 1927 году закончыўся крываваю сутычкаю з паліцыяй, прычым было забітых 6 асобаў.

Гэта, можна сказаць, агульная характарыстыка дзейнасьці "Грамады".

У далейшым працягу "Акт абвінавачаньня" дае характарыстыку важнейшых асобаў гэтага працэсу і разважае "вывратовую" дзейнасьць "Грамады" на абшарах паветаў: Стаўпэцкага, Наваградзкага, Пружанскага, Ваўкавыскага і Сакольскага.

На гэтым закончыўся трэці дзень працэсу.


Чацьверты дзень працэсу - 27 лютага.

Сялянская Ніва, №22(169), 7 сакавіка 1928.

Далейшы працяг акту абвінавачаньня і выясьненьні абвінавачаных.

Канчатковая часьць акту абвінавачаньня, якая чыталася ў чацьверты дзень працэсу, агаворвала акцыю "Грамады" на абшарах паветаў: Слонімскага, Дзісьненскага, Вялейскага і Лідзкага, справу Куліны-Куліноўскага, абвінавачанага ў шпіёнстве і справу забойства Івашкевіча, канфідэнта палітычнай паліцыі.

У агульных вывадах пракуратура абвінавачвае:

1) усіх 56 абвінавачаных у тым, што ў часе ад 1920 году да паловы студзеня 1927 году бралі ўдзел у змове пад назовам "Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада", маючы на мэце даканаць замах на дзяржаўны лад Польшчы, так-жа на цэласьць яе тэрыторыі шляхам увядзеньня дыктатуры пралетарыяту, савецкага ладу і адарваньня ад Польшчы, пры помачы ўваружанага паўстаньня, паўночна-ўсходніх ваяводзтваў і далучэньня іх да Савецкай Расеі, пры чым для зьдзейсьненьня гэтай мэты мелі склады аружжа;

2) Апрача гэтага, пракуратура вінаваціць Тарашкевіча, Рак-Міхайлоўскага, Валошына, Мятлу, Астроўскага, Бурсэвіча, Акінчыца і Шваркевіча ў тым, што ў працягу 1925, 1926 і студзеня 1927 г., будучы польскімі грамадзянамі, далі забавязаньне савецкаму ўраду аказаць праз сябе і ўсіх учасьнікаў вышэй апісанай змовы збройнай помачы ўва ўсіх яе ваенных чынах проці Польшчы, на выпадак вайны паміж гэтымі дзяржавамі;

3) Куліна-Куліноўскага ў шпіёнскай акцыі, які нібы-та даваў інфармацыі савецкай камэндатуры ў Слабодцы аб лічэбным стане і разьмяшчэньні атрадаў польскага войска і пастарункаў паліцыі на савецкай граніцы;

4) С. Казачонка, М. Кавалёва, Н. Кавалевіча і М. Карніловіча пракурат. вінаваціць у забойстве канфідэнта палітычнай паліцыі - Івашкевіча.

Ніхто з абвінавачаных да віны, якую ім закідваў акт абвінавачаньня, ня прызналіся.

Старшыня Суду Аўсянка перад тым, як даць слова абвінавачаным для выясьненьняў, зьвярнуў увагу абвінавачаных, каб яны адказвалі папольску дзеля таго, што некаторыя адвакаты не разумеюць пабеларуску.

Першым даў выясьненьне Тарашкевіч і зазначыў, што ён, у выніку розных прычынаў, будзе гаварыць пабеларуску, хоць і можа папольску. Тарашкевіч у сваім выясьненьні зазначыў, што "Грамада" была праўнаю арганізацыяю, дзейнасьць яе месьцілася ў рамках Канстытуцыі і мела мэтаю падняцьце культуры і дабрабыту беларускіх масаў, і што дзяржаўнае жыцьцё Польшчы змушае тварыць партыі, без каторых няма магчымасьці працаваць.

Рак-Міхайлоўскі абураецца проціў назову адносна яго ў акце абвінавачаньня "абрусіцель". Зазначае, што ён зьяўляецца тварцом беларускага школьнага руху, а не абрусіцелем.

Мятла і Валошын дадуць выясьненьні пасьля.

Астроўскі цьвердзіць, што на спэкуляцыі ў часе нямецкай акупацыі не збагаціўся.

Акінчыц цьвердзіць, што сядзіць у вастрозе другі год нявінна.

Шнаркевіч - працаваў на культурна-прасьветнай ніве.

Коўш (схаваў крыж пад адзеньне) - палітыкаю не займаўся і вёў гаспадарчую працу, за што ня можа быць караны.

Луцкевіч - яго прозьвішча зьвязана з беларускім рухам, якога ён быў піанэрам 26 гадоў таму назад. Меў выбітныя становішчы, як у Беларускім Урадзе і ў Міжнароднай Канфэрэнцыі ў Парыжу. Сядзеў у расейскіх вастрогах. Не кандыдаваў у Сойм у 1922 годзе па слабасьці здароўя. Ад 1923 году адыходзіць ад грамадзка-палітычнай працы і аддаецца працы публіцыстычнай. "Грамадою" не кіраваў. За чужыя плечы не хаваўся.

Клаўдзя Гоцко - адзіная кабета ў гэтым працэсе - была сэкрэтаркаю аднаго з камітэтаў "Грамады", але не агітавала за зачыненьне польскіх школаў.

Якімовіч - вёў культурна-прасьветную працу, каб дапамагчы зьніштожыць антаганізмы, якія дзеляць польскі і беларускі народы.

Баліцкі - іронізуе і гавора, што Беларусаў падводзяць пад бальшавікоў, можа дзеля таго, што абодва словы пачынаюцца з аднэй літары.

Калпак - у "Грамадзе" камуністычнай работы ня было.

Патоцкі - ніколі не хваліў савецкіх парадкаў, будучы-ж у крытычным матэрыяльным палажэньні стараўся залажыць школу, каб астацца ёй вучыцелем.

Якубчык - ніколі не належаў да К.П.З.Б.

Суўкіля просіць звольніць яго з вастрогу, бо ён- 100% інвалід.

Варанковічы цьвердзяць, што ніколі не належалі да "Грамады".

Даніловіч vel Кулага просіць вычыркнуць яго псэўданім.

Каліна-Каліноўскі запярэчвае закіды акту абвінавачаньня аб шпіёнстве.

Карніловіч расказвае аб забойстве Івашкевіча, з якога вынікае, што Івашкевіч у часе п'янства сам перавярнуўся на падлогу і разьбіў сабе голаву.

Іншыя абвінавачаныя будуць даваць выясьненьні пры дапросе сьведкаў.

На гэтым закончыўся чацьвёрты дзень працэсу.


5-ты дзень працэсу.

Воля Працы, №4, 22 сакавіка 1928.

Другі, трэці і чацьвёрты дні прысьвечаны чытаньню акту абвінавачаньня. ... пяройдзем да пятага дня працэсу, у які пачынаецца дапрос сьведкаў.

Першым сьведкам якога дапытываюць, зьяўляецца М. Ясінскі, б. начальнік акруговага сьледчага ўраду ў Беластоку. Пасля прысягі сьведка кажа, што пасьля ліквідацыі КПЗБ у Беластоку быў камандыраваны ў турму, дзе сядзеў Гурын, арыштаваны пры ліквідацыі КПЗБ Гурын захацеў пагаварыць з афіцэрам паліцыі. За гэта ўзяўся сьведка Ясінскі. Гаварыў ён з ім у працягу 3 месяцаў. На аснове гэтых гутарак сьведка кажа, што Камінтэрн пастанавіў арганізаваць КПЗБ і выкарыстаць нац. меншасьці ў Польшчы дзеля сусветнай рэвалюцыі. Дзеля гэтага было пастаноўлена стварыць Беларускую Сялянска Работніцкую Грамаду, N.P.Ch. і лявіцу P.P.S. У 1925 г. адбылаcя канфэрэнцыя ў Гданску, на якой быў Тарашкевіч. У кантакце з камуністамі, кажа Ясінскі, былі Рак-Міхайлоўскі, Валошын і Мятла, а Астроўскі быў кур'ерам. Так у кантакце з КПЗБ вялася ўся праца Грамады. У такім духу гаворыць сьведка Ясінскі ўвесь час, апіраючыся на тое, што сказаў яму Гурын, і на тое, што ён высачыў пры помачы тайнай паліцыі. Калі-ж абарона (адв. Сьмяроўскі, Дурач) дамагаюцца канкрэтных дадзеных у справе лучнасьці Грамады і КПЗБ - сьведка Ясінскі адказаць затрудняецца.

Далей дае паказаньні сьведка Патрэба, аўтар ліста да свайго брата, што жыве ў Савецкім Саюзе. У лісьце ён гаворыць аб былым тэроры ў Польшчы і просіць прыслаць 500 зл. на аплату адміністрацыйнай кары. Як высьвятляе пракурор Калапскі, сьведка Патрэба сядзіць у турме і мае справу па 102 арт. К. К., што сьведка на паказаньні ў сьледчага судзьдзі сцьвердзіў кантакт Грамады з КПЗБ.

Дук Антон усе паказаньні супраць Нікіфароўскага апірае не на тым што сам чуў, а кажа, што казалі Шульгі аб Нікіфароўскім.

Асьпірант паліцыі Васілеўскі гаворыць аб пашырэньні Грамады ў Віленшчыне. Свьвярджае кантакт Грамады з лявіцай ППС. На прэсу выдана 190 000 зл. Кіраваў прэсай Луцкевіч пад наглядам Гурына і Лагіновіча. Аднэй з пляцовак, падпіраючай Грамаду быў і мэтодызм. "На Маланку" даваў грошы Інбелкульт у Менску. Дзеля змучанасьці сьведкі - суд адкладвае справу да чароднага дня.


Сялянская Ніва, №23(170), 14 сакавіка 1928.

Пяты дзень працэсу - 28 лютага. Дапрос пракурорскіх сьведкаў.

Перад распачацьцем паседжаньня Суд абвесьціў рэзалюцыю адносна прыняцьця дадатковых сьведкаў, аб чым старалася абарона. Суд пастанавіў паклікаць толькі тых сьведкаў, паказаньні якіх маюць істотнае значэньне для справы, між інш. Тугута і Касмоўскую. Пачынаецца дапрос сьведкаў. Першым дае паказаньні былы начальнік Акружнага Сьледчага Ураду ў Беластоку.

Ясінскі Мар'ян. Ён гавора, што пасьля арыштаваньня Ц.К.К. у Беластоку, стварылася новая "пяцёрка" ў Вільні з Тарашкевіча, Цьветкова, Каплана, Бабровіча і Марцінчыка. У гэтым часе быў арыштаваны Міхал Гурын, каторы пажадаў даць рэваляцыйныя інфармацыі. Пракуратура паслала ў вастрог яго, Ясінскага, катораму Гурын выясьніў:

Пасьля II зьезду камуністычнае партыі ў Маскве пастаноўлена выкарыстаць нацыянальныя меншасьці ў Польшчы для масавай працы. Бачачы, што сялянства неахвотва адносіцца да канспірацыйнай працы, пастаноўлена стварыць легальныя партыі, як: NPCh, Б.С.Р.Г. і РРS-лявіца, у каторых кіраўніцтва занялі-б людзі верныя Комінтэрну. На канфэрэнцыі ў Данцыгу высунута Тарашкевіча, Рак-Міхайлоўскага, Мятлу і Валошына для працы ў "Грамадзе", якія забавязаліся вясьці працу згодна інструкцыяў з Масквы і не перашкаджаць NPCh. Астроўскі быў лучнікам з "Крэстінтэрнам" і атрымліваў для Банку грошы ад Баліна ці Ульянава. Валошын быў кіраўніком дзейнасьці МОПР-у.

Характарызуючы асобных дзеячоў Ясінскі адзначыў, што на мітынгах Валошын гаварыў падбураючыя мовы проціў ураду Пілсудзкага. "Права трэба браць самым, а не чакаць" - заклікаў Валошын. У Лунне пад уплывам агітацыі пробавана разаружаць паліцыю. У гэтай працы бралі ўдзел: Міхайлоўскі, Рагуля, Балін і Сабалеўскі. Тарашкевіч кіраваў усім рухам.

Прак. Раўзэ. - У якім характары ўвайшоў Тарашкевіч у К.П.З.Б.?

Ясінскі. - Як давераная асоба Камінтэрну.

Адв. Сьмяроўскі. - Гэтыя весткі атрымаў сьведка ад Гурына, ці сам здабыў?

Ясінскі. - Гурын іх даў, а я потым спраўдзіў праз сваіх людзей.

Адв. Эттынгер пытае, што было прычынаю рэваляцыйных паказаньняў Гурына.

Ясінскі. - Прысланы Камінтэрнам, як душа ўсёй працы, Гурын разачараваўся, пазнаўшы бліжэй адносіны.

Адв. Абрамовіч. - Ці была арганічная сувязь між NPCh і "Грамадою"?

Ясінскі. - Але. На канфэрэнцыі ў Вільні Тарашкевіч рабіў закіды Рагулі, што ён вельмі выразна вядзе камуністычную працу.

Абвінавачаныя Тарашкевіч, Астроўскі і Рак-Міхайлоўскі даюць некалькі пытаньняў, у адказе на якія Ясінскі кінуў у бок лаваў абвінавачаных: "Гурын мне казаў, што да Стаўпецкага нападу Камінтэрн прылажыў руку".

Па чарзе дае паказаньні сьведка.

Патрэба. Падцьвярджае, што пісаў пісьмо свайму брату ў СССР, у якім гаварыў аб "белым тэроры" ў Польшчы, дзякуючы якому на яго наложана адміністрацыйная кара ў 500 зл. за ўдзел у нелягальным сабраньні. Патрэба просіць брата прыслаць гэтую суму грошай і зварочваецца да "ўсіх таварышоў СССР", якія павінны памагчы, каб "ня згінуў у фашыстоўскім вастрозе".

У бегу паказавьняў Патрэбы прак. Калапскі заявіў, што Патрэба ўжо мае справу па 102 арт. К. К.

Наступны сьведка Дук паказаў, што чуў як Нікіфароўскі заклікаў уступаць у "Грамаду", пры гэтым гаварыў, што злучэньне з Савецкаю Беларусьсю будзе карысным для ўсіх. Брацьця Шульгі насілі ў СССР нейкія пачкі.

Васілеўскі, аьспірант палітычнай паліцыі, падцьвярджае агулам паказаньні Ясінскага. Падрабязна гаворыць аб узьнікнавеньні "Грамады" на абшарах Вільні і яе дзейнасьці. Сцьвярджае кантакт "Грамады" з ППС-лявіца, на чале якой стаялі камуністыя. Лучнікам тут быў Акінчыц. Васілеўскі сцьвярджае, што "Грамада" зьвярнула вялікую ўвагу на пашырэньне прэсы. На гэтую мэту выдана, па яго аблічэньнях, 190 тысяч злотых. Прэсаю кіраваў Луцкевіч, над якім чуваў цэнзар ад Камінтэрну. Першым цэнзарам быў Лагіновіч, потым: Гурын, Бабровіч, Цьветкоў. Агульнае кіраўніцтва прэсаю было ў руках "калегіі" - Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі і Луцкевіч. У Віленскай Беларускай Гімназіі зарганізавалася камуністычная "ячэйка" пад апекаю Астроўскага. Для Беларускага Банку субсыдыі давалі Саветы.

Далейшы працяг паказаньняў Васілеўскага адлож. па 6-ты дзень працэсу.


6-ты дзень працэсу, 29 лютага.

Воля Працы, №4, 22 сакавіка 1928.

Працяг паказаньняў асьпіранта Васілеўскага, дапаўняе ўжо сказаныя на пярэдадні паказаньніі і гаворыць аб маніфестацыях камсамольцаў і грамадаўцаў у Вільні. На пытаньне адв. Гонігвіля, адкуль мае інфармацыі аб даных 15 і 30 тысяч даляраў ка Беларускі Банк у Вільні, кажа, што ад Гурына і ад А.К. К.П.З.Б. у Вільні. Тарашкевіч: ці можна дапусьціць, каб такая паважная ўстанова, як Інбелкульт у Менску, была выдаўцом гумарыстачнай "Маланкі"?

Сьв. - калі ходзіць аб стварэньні фэрмэнту ў Польшчы дык так.

Луцкевіч: Мяне вы лічыця за ідэёвага павадыра Грамады?

Сьв. бязумоўна так.

Луцкевіч: Дык не К.П.З.Б. а я кіраваў Грамадой?

Сьв. Я гэта не кажу. Ведаю, што пан меў вялікія ўплывы на напрамак Грамады і не хацеў гэтага выкарыстаць. Сьв. цьвердзіў, што ўсе Беларускія ўстановы былі апанаваны Грамадой. Але, ня могучы вывязацца з усіх пытаньняў абароны на гэту тэму, кажа, што ня ходзіць толькі аб урады ўстаноў, а што і сябрамі ўстаноў былі Грамадаўцы.

Сьв. Глушын. Адбывае 3 гадовую кару. Адмаўляецца ад таго, што, як сказана ў Акце абвінавачаньня, гаварыў з Мятлой, які даручыў яму правясьці эвідэнцыю аружжа. Адмаўляецца ад таго, што быццам Мятла гаварыў яму аб паўстаньні і ад таго, што пры разглядзе на судзе ягонай справы падаваўся за конфідэнта паліцыі.

Абарона ўнясла прапазіцыю, каб адбыўшуюся справу Глушына залучыць да справы. Суд прапазіцыю адкінуў, на аснове таго, што цяперашні Старшыня Суда быў старшынёй і на працэсе Глушына.

Далей дае паказаньні, як сьв., кіраўнік экспозытуры II аддз. гэнеральнага штабу маёр Мэар. Абвяшчаецца перарыў на час выбараў да 12 марца.


Сялянская Ніва, №23(170), 14 сакавіка 1928.

Шосты дзень працэсу - 29 лютага. Шосты дзень працэсу пачаўся з таго, што старшыня Суду паказаў сьведку Патрэбе пісьмо, пісанае ім свайму брату ў СССР. Патрэба прызнаў гэтае пісьмо.

Дапрашываецца далей сьведка Васілеўскі, каторы выясьняе, што Акінчыц быў арыштаваны ня ў часе ліквідацыі "Грамады" а ў сьнежані 1926 г., калі ён браў удзел у дэманстрацыях, арганізаваных "Грамадою" і Камсамолам.

На пытаньні прак. Калапскага сьведка адказвае, што выдаўцом "Маланкі" быў Беларускі Інстытут Культуры ў Менску, грамадоўскаю-ж работаю ў унівэрсытэце Стэфана Баторага кіравалі М. Шавялянка і В. Макоўскі. У далейшым працягу сваіх паказаньняў Васілеўскі гаворыць аб руху мэтадыстых у Вільні. Мэтадыстыя памагалі Беларускай Гімназіі ў Вільні і давалі субсыдыі гімназіі ў Радашкавічах. Луцкевіч, Астроўскі і Коўш згадзіліся зрабіць пераклад бібліі на беларускую мову. Адказваючы на пытаньні пракурора Раўзэ, сьведка выясьняе, што Коўш згадзіўся тлумачыць біблію жаданьнем заработку, бо дзеля гэтага-ж ён быў і бугальтарам у Банку; Коўш купіў сабе дом за 760 даляраў і ўлажыў у рамонт яго 260 даляраў; Коўш мае справу ў Горадзенскім Акружным Судзе за падбураньне жыхарства.

Коўш пытаецца: Якая розьніца паміж бібліяй, прызначанай для праваслаўнага, католіка і мэтадыстага?

Старшыня Суду адхіляе гэтае пытаньне.

Адв. Гонігвіль пытае ў сьведкі: Адкуль сьведка ведаў аб кантакце Акінчыца з кіраўніком ППС-лявіцы Алейнічаком?

Васілеўскі адказвае: Над імі цягнулася абсэрвацыя праз цэлыя 24 гадз.

Адв. Гонігвіль. - Адкуль вы маеце інфармацыі аб субсыдыях К.П.З.Б. для Банку?

Васілеускі. - Аб гэтым казаў мне Гурын, апрача гэтага я меў канфідэндыйныя дадзеныя з АК-КПЗБ у Вільні.

Адв. Гонігвіль. - Дык вы мелі свайго чалавека ў АК-КПЗБ?

Васілеўскі. - На гэтае пытаньне не адкажу.

Гонігвіль просіць запратаколіць пытаньне і адказ.

Прак. Раўзэ. - Што вы ведаеце аб дзейнасьці Луцкевіча ў часе нямецкай акупацыі?

Васілеўскі. - Падтрымліваў ён кантакт з вывядоўчым аддзелам нямецкага генеральнага штабу.

Луцкевіч. - Адкуль ведама, што я быў у кантакце з контр-разьведкаю нямецкага генеральнага штабу?

Васілеўскі. - Гэта рэчы агульна ведамыя, а ў "Дзярж. Архіве" ёсьць дакуманты, што вы бралі ад Немцаў грошы.

Уводзіцца чарговы сьведка Францішак Глушын, які ўжо асуджаны на 3 гады цяжкага вастрогу па 129 арт. К. К. На сьледзтве Глушын паказаў, што Мятла даручыў яму зарганізаваць склад аружжа; на сваім судзе паказаў, што ён - канфідэнт паліцыі. Цяпер-жа ад усяго гэтага адмаўляецца.

Старшыня Суду падцьвярджае паказаньні Глушына, на яго асабістым судовым працэсе. Глушын будзе сканфрантованы з камісарам Кубарскім і паліцыянтам Здановічам. Сьведку выводзяць.

Наступным дапрашваўся пры зачыненых дзьвярох маёр Мэйер, кіраўнік экспазытуры II аддзелу генеральнага штабу.


Агульнае ўражэньне з салі суда.

Грамадзянін №2, 25 сакавіка 1928.

Працэс над "Грамадоўцамі" ідзе далей і канца быццам ня відаць.

Даволі вялікая саля паседжаньняў амаль што пустуе. Апрача 50 абвінавачаных, 13 іхніх абаронцаў, дый прадстаўнікоў прэсы толькі жонкі падсудных дый іхнія крэўныя сядзяць па мейсцах для публікі.

Уваход у салю па асобным білетам, якія спраўджаюцца пры ўваходзе паліцыяй.

За вялікім судзейскім сталом, які стаіць ўпоперак ўсёй салі, сядзяць 5 судзьдзяў, 2 пракуроры і 2 сэкрэтары. Правы бок салі, дзе сядзяць падсудныя, акружаны паліцыяй. Сярод падсудных - асобы рознага веку, больш веку сярэдняга. Ёсьць паміж імі і адна кабета. Галоўныя абвінавачаныя сядзяць на ўзвышшу: першым Тарашкевіч, пасьля Рак-Міхайлоўскі, Валошын, Мятла і Астроўскі. Рэшта падсудных сядзяць ніжэй іх на звычайных лаўках. Кідаецца ў вочы фігура сьвяшч. Каўша - ў расе з крыжам і Акінчыца у цёмных вакулярах. Усе падсудныя, хоць і відаць на іхніх тварах перазмарэньне, але выглядаюць ня надта кепска. Праўда ня голяныя і блядыя, але-ж больш гадавы вастрожны ражым мусіць налажыць сваю адзнаку. Адзіная сярод іх кабета выглядае нават добра. Антон Луцкевіч гэтак сама выглядае ня кепска. Гарэй ад іншых выглядаюць Астроўскі і Валошын.

Абаронцы на вышыне свайго фаху. Ніводны сьведка абвінавачання галаслоўем не адрабляецца і пасьля крыжавых запытаньняў абронцаў выходзіць як з лазьні, клянучы напэўна сябе, што сунуўся у гэтую справу.

За рэпорцёрскім сталом ад беларусаў відаць заўсёды прадстаўнікоў ад "грамадоўскай" газэты і эсэра Мамоньку. Часам сядзяць прадстаўнікі ад "Сялянскай Нівы" і "Грамадзяніна".

Кожны дзень працэс пачынаецца ад 9 раніцы да 9 вечара, з перарывам на абед.

Падсудныя абедаюць тамака, ў памяшканьні Суда.

Настрой ў іх супакойны. На судзе трымаюцца аольна і рэчова бароняць сябе. Некатарыя бароняцца ў польскай мове.

Г. К.


7-мы дзень працэсу.

Воля Працы, №5, 28 сакавіка 1928.

Пасьля адзінаццаці дзён перарыву на час выбараў у Сойм і Сэнат працэс узноўлены 12 сакавіка, ад 12 гадз. Старшыня суда абвясьціў, што пратакол прабегу суда да перарыву блізкі да канца, і што хутка староны змогуць пазнаёміцца з ім. Пратакол займае 56 старонак друку.

Пакуль пачаць дапытваць пакліканага на гэты дзень сьведку Д. Пятроўскага, старшыня прапануе дапрасіць сьв. Я. Бушмана, які толькі-што вышаў з турмы, дзе адбываў адміністрацыйную кару за стараньні перайсьці граніцу, за ўдзел у нелегальным сходзе, за ўхіленьне ад вайсковай службы; Сьв. Быў сэкратаром гуртка Грамады ў Стаўпецкім павеце. Калі яго затрымалі на граніцы, знайшлі пры ім сяброўскі білет Грамады і больш ніякіх дакументаў пры ім ня было.

Судзьдзя Борэйка: А ці сьведка ў часе пераходу граніцы меў польскі пашпарт?

Сьв. ня меў бо забралі яго бальшавікі, калі быў на савецкім баку ў 1925 г. больш нічога важнага сьведка ў справу ня ўносіць.

Далей ідзе дапрос сьв. Домініка Пятроўскага, кіраўніка аддзелу бясьпечнасьці ваяводзкага ўраду. Гаворыць ён аб камуністычным руху, да якога адносіць і "Грамаду". Успамінае пастановы III Зьезду ПКП (Польскай Камуністычнай Партыі), што адносяцца да арганізацыі вызвольнага руху сярод беларусаў. Рух гэты меў прыгатаваць сялянства да камуністычнага ладу. Зьезд П.К.П., праклямуючы адарваньне тэрыторыяў, прызнаў за патрэбнае ўтварыць партызанку. Даказвае, што "Грамада" зусім не хацела апекавацца беларускім нацыянальным рухам і кіраўнікі "Грамады" ня цікавіліся беларускасьцяй яе. Сьв. бярэцца далей аналізаваць праграму "Грамады". Супроць гэтага выступае абарона.

Адв. Сьмяроўскі: Сьведка гаворыць, як экспэрт, а не як сьведка. Абарона сама патрапіць аналізаваць праграму "Грамады" і бяз сьведкі.

Суд радзіцца ў гэтай справе, пасьля чаго старш. прапануе сьв. гаварыць далей.

Далей сьв. цьвердзіць, што праграма "Грамады" на першы плян выстаўляе сацыяльныя мамэнты. Абяцанка аб тым, што праца "Грамады" будзе вясьціся ў рамках канстытуцыі - ня была датрымоўвана, бо пры працы было шмат адміністрацыйных караў. Падкрэсьлівае сьв. і міжнародны характар "Грамады", бо жыды бралі ўдзел у дэманстрацыях, ладжаных Грамадой, як напр. у часе дэманстрацыі ў салі "Helios" п. Тарашкевічу рабілі авацыю. Кажа, што шмат выдатных сяброў КПЗБ былі ў Грамадзе, што выступленьне Грамады 14 сьнежня перад Лукішкамі мела вялікае значэньне для Камінтэрну, бо савецкія газэты пісалі аб гэтым. У такім духу сьв. далей гаворыць аб шкоднасьці "Грамады".

Пераходзячы да абгаварваньня працы Грамады ў войску, сьв. просіць суд, каб зрабіць загад, каб суд адбываўся пры зачыненых дзьвярох. Суд просьбу прыймае паўгадзіны часу справа вядзецца пры зачыненых дзьвярох, пасьля чаго абвяшчаецца перарыў на абед. Пасьля абеду суд ішоў пры зачыненых дзьзярох.


8-мы дзень працэсу.

Воля Працы, №5, 28 сакавіка 1928.

Дзень гэты быў прысьвечаны дапросу сьведкаў. 6 з іх адказываюць з вастрогу, бо сядзяць як абвінавачаныя па 102 арт. К. К.

Не зьявіліся сьв адв. Андрэеў, (прабывае ў Луцку на судзе) і Вільчынскі.

Уваходзіць сьв. Бах, рефэрэнт Мініс. Унутраных Спраў па справах "вывротовага руху". Паказаньні яго апіраюцца на вестках высланых з паадзінокіх ваяводзтваў у Міністэрства, тым больш, што сьв. ня робіць уражаньне чалавека беглага ў справах, а навет робіць уражаньне чалавека мала інтэлігентнага. Гаворыць аб сутычнасьці Грамады з КПЗБ.

Сьв. Бандровіч Макар адзін з арыштаваных за належаньне да КПЗБ (Камуністычнай Партыі Заходняй Беларусі). Запярэчвае ён перадусім, што належыў да КПЗБ, кажучы, што належаў толькі да "Грамады". Нязгоднасьць цяперашніх паказаньняў з паказаньнямі ў сьледчага судзьдзі, калі сьв. прызнаўся, што быў сябрам ячэйкі КПЗБ у Сініцы, высьвятляе тым, што тады яго біла паліцыя, дык, каб уратаваць сябе ад далейшых пабояў, змушаны быў прызнацца да таго, што яму падказвалі.

На пытаньне судзьдзі Барэйкі, чаму ўступіў у "Грамаду", адказвае, што ўсе ўступалі ў "Грамаду" дык і ён уступіў, тым больш, што "Грамада" была левай партыяй, партыяй працоўнага люду.

Сьв Гедройць, б. войт Забрэскай вол., Валожынскага пав. кажа аб тым, што ўплывы "Грамады" спрычыняліся да ненармальнай аплаты падаткаў.

Адв. Бабянскі. А ці з рацыі гэтага ня было якіх забурэньняў?

Сьв. не.

Старшыня суда. Ці ня было забурэньняў у часе прымусовага сьцягваньня падаткаў?

Сьв. Адпор быў роблены майму заступніку. Справа гэта ўжо ў судзе. Штось падобнае было і з сэквастратарам.

Судзьдзя Едзэвіч. Ці падаткі былі тады надта высокія?

Сьв. Не. Людзі прапівалі грошы, а падаткаў плаціць не хацелі.

Адв. Этынгер. Ці сьведка сам ня меў нядоімкі?

Старшыня. На гэта пытаньне сьведка можа не адказываць. Сьведка з гэтага і карыстае.

Пракурор Калапскі. Што пан чуў аб прыгатаваньні да паўстаньня?

Сьв. Казалі людзі, што можа быць дрэнна. Марыя Гаскевічанка (кандыдатка сьпіску №37 у 62 вокр.) цешылася, што Грамаду зьліквідавалі, казала, што калі б не зьліквідавалі, дык вясной было-б праліцьцё крыві.

Сьв. Хлябовіч - войт Валожынскай вол. гаворыць аб проціпадаткавай агітацыі. Спатыкаўся у воласьці з такімі адказамі: "што ты цяпер возьмеш, калі ўжо прыехаў беларускі сэквэстратар". Далей гаворыць сьведка аб беларускай прэсе, пасыланай на вёску бясплатна.

Абв. Рак-Міхайлоўскі: Якія часопісі прысылаліся, грамадаўскія ці розныя.

Сьв. розныя і ўсе дарма.

Далей сьв. Вінцэнт Кіслы, абвінавачаны за належаньне да КПЗБ. Як і Бандровіч, адмаўляецца ад сваіх паказаньняў у сьледчага судзьдзі, бо даў іх пад націскам паліцыі. Суд сцьвярджае разьбежнасьць у паказаньнях ранейшых і цяперашніх. Адмаўляецца ад таго, што належыў да КПЗБ і сцьвярджае, што належыў да "Грамады".

Старшыня. Чаму належыў да "Грамады"?

Сьв. жыцьцё змусіла. Толькі "Грамада" бараніла нашы інтарэсы.

Старшыня. А КПЗБ?

Сьв. Ня ведаю.

Сьв. Вінцэнт Казакевіч так сама абвінавачаны ў тым, што належыць да КПЗБ. Ад закідаў гэтых адмаўляецца і, як папярэднія два кажа, што ў сьледчага судзьдзі даў паказаньні, што належыў да КПЗБ толькі таму, што пры "баданьнях" паліцыя біла. Тая самая гісторыя паўтараецца пры паказаньнях сьв. В. Шаўлюка, Пётры Шаўлюка, Тодара Высоцкага і Мацея Залеўскага. Усе яны абвінавачваюцца ў тым, што належалі да КПЗБ і усе цяпер адмаўляюцца ад гэтага і ад сваіх паказаньняў у сьледчага судзьдзі, сцьвярджаючы, што паліцыя іх біла, чаму яны і змушаны былі даць такія паказаньні. Адзін з іх навет (ня помню толькі каторы) зрабіў як бы рэчовы доказ сваіх паказаньняў: выняў хустачку з кішэні, харкануў кроўю і сказаў, што гэта насьледкі баданьняў і турмы, што ён сухотнік і што праз некалькі месяцаў яго ня стане, а таму ня мае чаго больш баяцца.

Сьв. Пшэзьдзецкі кам. пастарунку ў Валожыне. Гаворыць аб акцыі "Грамады" і КПЗБ і аб награмаджэньні аружжа.

Адв. Гонігвіль. Колькі аружжа знойдзена ў Грамадаўцаў?

Сьв. не памятаю.

Адв. Гонігніль. Якое аружжа знойдзена: рэвольвэры ... стрэльбы ... бомбы ... а можа і гарматы?

Старшыня - каліласка такіх пытаньняў не задавайце, гэта ж не балаган.

Адв. Гонігвіль тлумачыцца.

Адв. Сьмяроўскі. Скуль пан ведае што знойдзены пулямёт належыў да "Грамады"?

Сьв. Гэтага я ня цьверджу.

Сьв Сьлізь кажа, што быў на канфэрэнцыі КПЗБ у Маладэчне. Там чуў, што Тарашкевіча называлі нацыянальным камуністам. Кажа, што часьць грошаў, сабраных на палітычных вязьняў, пераказаў КПЗБ.

Адв. Сьмяроўскі. Чым пан займаешся?

Сьведка, маю краму.

Адв. Сьмяроўскі. Маеце справу?

Сьв. за рабунковы напад сядзеў ад 16/V/1923 г. да 18/V/1925 г.

Адв. Сьмяроўскі. А ў справе прыналежнасьці да КПЗБ справы ня маеце, бо прызналіся-ж вы, што належалі да КПЗБ, сьведка выкручваецца. Урэшце выясьняецца, што сьв. быў канфідэнтам паліцыі.

Пасьля адчытаньня паказаньняў адсутнага сьв. Вільчынскага - камэнданта паліцыі Валожынскага пав. паседжаньне на гэты дзень зачыняецца.


9-ты дзень працэсу.

Воля Працы, №5, 28 сакавіка 1928.

Дзень гэты пачынаецца дапросам віленскіх адвакатаў: Чэрніхава, Міцкевіча і Родзевіча, як сьведкаў. Адвакаты гэтыя ў свой час баранілі беларусаў у палітычных працэсах. Ходзіць аб тое, каб устанавіць, ці была ў гэтых адвакатаў спэцыяльная канфэрэнцыя, маючая на мэце ўстанавіць таксу за абарону абвінавачаных і арганізаваць абарону лепш, пад кіраўніцтвам адв. Родзевіча, які меў назначаць іншых адвакатаў дзеля абароны ўсіх спраў "Грамады" і Грамадоўцаў. Перад дапросам успомненых сьведкаў варшаўскія адвакаты, уваходзячыя ў склад абароны падсудных, дэманстратыўна пакідаюць салю суда.

З паказаньняў сьв. адв. Чэрніхова высьвятляецца, што на канфэрэнцыі ён ня быў, але ведаў аб існаваньні таксы. Адв. Міцкевіч кажа, што быў на канфэрэнцыі ў адв. Родзевіча, здаецца, што была ўстаноўлена такса ганарараў, здаецца, што была падзелена праца між адвакатамі тэрыторыяльна. Прапазіцыя аб канфэрэнцыі выйшла здаецца ад б.п. Сабалеўскага.

Сьв. сэнатар Багдановіч займае шмат часу, гаворыць аб расколе Белар. Пасольск. Клюбу, з якога і паўстала "Грамада". Раскол стаўся па аснове рознага разуменьня справы працы Пасольскага Клюбу.

Грамадаўскія паслы лічылі незадавальняючай працу на соймавым груньце і дамагаліся працы па-за Соймам. Жалезны капітал клюбу пасьля разлому быў падзелены прапарцыянальна. У справе Беларуск. Банку ў Вільні, кажа, што складкі сяброў былі ў суме 50 зл. Даход меў банк асабліва з транзакцыяў пераказаў з Рыгі. Да гэтага часу справы банку стаялі дрэнна. Коўш камуністым быць ня мог. Знаў яго, як чалавека энэргічнага і практычнага.

Прак. Раўзэ. Тварцамі банку былі і Ярэміч і Кс. Станкевіч, чаму яны пазьней выступілі?

Сьв. Паўсталі непаразуменьні, абв. Астроўскі як больш энэргічны застаўся.

Сьв. адв. Родзевіч гаворыць, што была ўмова аб абароне з Сабалеўскім, але спэцыяльнай канцэлярыі дзеля абароны Грамадаўцаў ня было.

Сьв. Блізьнянскі (жыд) б. вучань Белар. Гімн. пасьля працаўнік Цэнтр. Сэкр. Грамады. Вышаўшы з Гімназіі чытаў беларускія кніжкі і вельмі зацікавіўся беларускім рухам, чытаў усе белар. газеты Урэшце прышоў да перакананьня, што толькі "Грамада" ёсьць ідэёвай партыяй. Астальныя беларускія партыі кіруюцца кар'ерызмам.

Паказаньні сьв. сьв. Карпа, Э. Залкінда, В. Грыца і інш. нічога цікавага ня прыносяць.


10-ты дзень працэсу.

Воля Працы, №5, 28 сакавіка 1928.

Першым даваў сваю справаздачу ў гэты дзень працэсу Александровіч, заступнік Камісара Ураду на м. Вільня. У даволі доўгай прамове схарактэрызаваў ён дзейнасьць "Грамады", кладучы націск на прававую старану (быў у той час рэфэрэнтам прэсавага аддзелу г. ё. цэнзарам), адчытываючы амаль-што ўсе артыкулы сканфіскаваных газэтаў. як: "Нашай Справы", "Нашага Голасу", "Нашай Долі" і г. д.; пры гэтым зазначыў, што некаторыя з рэдактароў былі амаль-што анальфабэтамі. Калі пры гэтым Рак-Міхайлоўскі запытаўся яго, на якой падставе, ці з якіх даных называе сьведка рэдактараў анальфабэтамі, ён адказаў: "подпіс рабіў такое ўражаньне". Падсудны Рак-Міхайлоўскі выясьняе, што ўсе вымененыя праз сьведку рэдактары, былі сярэдняй адукацыі, як Шыла, Касяк, які ў цяперашнія часы мае права быць навет вучыцелем гімназіі. (Вось і падпішыся ты дзе небудзь нявыразна, або мей благі характар! - Рэд.).

Сьведка I. Ліндэ, падае, што ён зьяўляецца работнікам на шклянай гуце, у якой працавала 300 чалавек, з якіх 70 проц. было беларусаў, што большая палова ўсіх работнікаў належала да "Грамады". Сам ён паляк і запісаўся туды "дабравольна, праз нікога не намаўляны". Што тры разы атрымаў ён ад свайго гуртка газэты, але бачыў падчас сходкі, як зьбіраліся грошы ў шапку, за якія, выясьняе падсудны Акінчыц, і былі высыланыя газэты. На сходцы, на якой ён быў, прамаўлялі Мятла і Тарашкевіч. Ён зразумеў з прамовы, што хадзіла аб школьніцтва і беларускую "народовосьць".

"Найцікавейшым" можа будзе "зазнане" Студніцкага, дырэктара мясцовага архіву ў Вільні. Найбольш у яго зазначылася пэўная тэндэнцыйнасьць, пэўнае ўкрытае жала, скіраванае проці беларускага руху, а найбольш да асобаў Яна (які ўжо памер) і Антона Луцкевічаў, з якім (Антонам) лучылі яго калісьці прыязныя адносіны. (Прыяцелем быў яго тады, як знаходзіліся ў аднолькавых варунках: калі большая частка Польшчы, а таксама і Беларусі былі пад ярмом расейскага царату; цяпер, калі варункі зьмяніліся... зьмяніліся і адносіны, бо супольная ідэя калісь застала зрэалівавана адносна аднэй стараны - Рэд.). Абкідываючы брудам Луцкевіча, называе яго найцямнейшым індувідуумам, (не заўсёды праўдзівай бывае прыказка: "ляжачага ня б'юць"), і нічога дзіўнага, што гэта выклікае агульны пратэст абаронцаў (адвакатаў), а адвакат Гонігвіль у абурэньні выклікнуў: "to - bezczelność".

Сьведка закідае Луцкевічу, што ён падчас нямецкай акупацыі працаваў за грошы нямецкага генеральнага штабу, выдаючы сьпярша лацінкай, а пасьля кірыліцай ("бо мы беларусы, а не белаляхі, сказаў мне тады Луцкевіч" - словы сьведкі) беларускую часопісь "Гоман", маючы дырэктывы, што да кірунку гэтае газеты, ад гэтага ж штабу.

Адв. Сьмяроўскі: ці ведаець сьведка, як гісторык, газету "Godzina Polska", якая выходзіла ў Варшаве за нямецкія грошы, званая папулярна "гадзіна" і ці не фігуравала ў ёй прозьвішча "Студніцкі".

Сьведка ня ведае, за чые грошы гэтая часопісь выходзіла, а што да прозьвішча "Студніцкі", выяўляе, што гэта быў яго брат.

Адв. Сьмяроўскі: "ці закідвалі брату сьведкі тое, што закідвае цяпер сьведка Луцкевічу" - старшыня суда Аўсянка ўхіляе гэтае пытаньне.

Падсуд. Луцкевіч складае пасьля выясьненьне, што паперу і фарбы давала ім (Ластоўскаму, Яну і Антону Луцкевічам) за грошы нямецкая Preszestelle; праз паўгодзьдзе немцы дазволілі выдаваць "Гоман" кірыліцай (адначасна выдавалася газета і лацінікай; карэктарам пры лацініцы быў сьпярша Аляхновіч, а пасьля Я Станкевіч, на якога карэктара немцы давалі 75 мар.; іншыя выдаткі былі пакрываны, дзякуючы дапамозе беларускага грамадзянства).

Сьведкі Аврэйцэвіч і Стэповіч, працаўнікі друкарні ім. Фр. Скарыны паказваюць якія газэты і брашуры ў гэтай друкарні друкаваліся, колькі вынасіў поўны наклад 1 000 экз.; пры гэтым Стэповіч зазначае, што найчасьцей замаўляў Бурсэвіч, які і аплачваў рахункі і што часта былі залегласьці з выплатай грошаў.

Сведкі: Дойліда і Шыла (былы рэдактар), прыслалі ў пісьме свае паказаньні. Апошні зазначае, што Луцкевіч падаваў у газэту толькі навуковыя артыкулы.

Сьведку Грышкевіча закідае пракуратар пытаньнямі, на якія ён адказвае, што як ён быў студэнтам у Празе (Чэхія), прыяжджаў туды Тарашкевіч, але паміж студэнтамі не выступаў, ня быў на ніводным студэнцкім сходзе; ён-жа (Грышкевіч) бачыўся з ім зусім прыватна.

Сьведка Лапінская, адміністратарша друкарні "Pax" падае, што поўны наклад на 2 000 экзэмпляраў газэты «Narodny Zwon» каштаваў ня больш 160 злотых.

Сьведка д-р Дварчанін Ігнат. На запытаньне судзьдзі "што пан ведае ў гэтай справе", адказаў: "ведаю, што дзеецца крыўда, дзеля таго, што сядзяць тутака тыя людзі..." за што старшыня заклікае яго да парадку.

Судзьдзі: "пан цяпер ёсьць паслом, з якой лісты?" З лісты № 39 у Наваградчыне. Ці гэта ліста грамадаўская? Гэта сьпісак: "Змаганьне за інтарэсы сялян і работнікаў".

Далей гаворыць што ён вучыўся ў Унівэрсытэце ў Празе Чэскай, дзе ўваходзіў у лік студэнтаў-беларусаў, яна налічыла 110 сяброў. Па прыезьдзе з Прагі ў Вільню ўступіў у "Грамаду", бо бачыў на чале яе людзей, "якія былі сапраўднымі павадырамі беларускага руху", якіх ведаў раней і верыў ім. Уступіў у "Грамаду" і таму яшчэ, што сюды, як да лэгальнае партыі, належаў амаль ня ўвесь беларускі народ і што ідэалёгія "Грамады" ня была ў супярэчнасьці з яго ўласнымі грамадзкімі пераконаньнямі.

На запытаньні судзьдзі, ці ведаў у Празе студ. Цьвяткова, Бабровіча і Макоўскага - сьведка адказвае, што ведаў добра. Цьвяткоў належаў зразу да Беларуск. Студэнцкага Саюзу, потым перайшоў у Расейокі Камітэт. У Вільні бачыўся толькі з Макоўскім.

Падсуд. Рак-Міхайлоўскі пытае сьведку, калі жыў (Дварчанін) у яго, то якой мовай гаварыла яго сям'я і ці меў ён асабістага сэкрэтара, на што Дварчанін адказвае: толькі беларускай, а сэкрэтара ніякага ня было.

Сьв. Камэрмахэр, кіраўнік друкарні Клецкіна і I. Левін - уласьнік друкарні (Нямецкая вул., 22). Апошні зазнае, што тут друкаваліся ад пачатку існаваньня "Грамады" газэты, прамовы паслаў і адзін раз партыйныя білеты. Пры гэтым кошты за 1 000 экз. газэты вынасілі 140 зл., далейшыя 1 000, толькі 20 зл. (папера і клішэ даваліся заказчыкамі). У 1926 г. друкаваліся 1 000 экз. газэты, пасьля 2 000 - 2 500.

Сьв. Кузьма Крук, радны места Вільні, былы скарбнік цэнтральнага гуртка "Грамады". За пасаду грошы не атрымоўваў, а працаваў ганарова. У справе выбараў да мястовай Рады прызнаецца, што яго запрасілі жыдоўскія і некаторыя работніцкія арганізацыі прыняць удзел у выбарчай акцыі, на што ён згадзіўся і быў сэкрэтаром Агульнага Камітэту; рэпрэзэнтаваў агул Беларусаў, якія ішлі на выбары пад адным сьцягам; пры гэтым тлумачыць нязгоднасьць паміж паказаньнямі ў судзьдзі сьледчага і тут.

Сьв Лукашэвіч сэкрэтар Віленскае Беларускае Гімназіі, былы сябра Нагляднае Рады Беларускага Банку гаворыць аб гімназіі, рэмонтах, якія там адбываліся, хто калі быў дырэктарам, што гімназія ўтрымоўвалася (і ўтрымоўваецца) з вучнёўскіх аплатаў, з субвэнцый Т-ва Беларуск. Школы і ахвяраў. Будучы сябрам Нагляднае Рады Банку ад яго залажэньня, падае, што фундацыйным падставовым капіталам Банку былі ўклады паслоў. Галоўнымі дахадовымі пазыцыямі Банку былі транзакцыі пераказавыя з Банкам у Рызе. Пазычкі мог атрымоўваць той, хто выказаўся маемасьцю (пасьведчаньнем). Высокасьць пазычак даходзіла да 30 дал., пры гэтым часта былі такія моманты, калі ў Банку адчуваўся брак грошаў.

Аб Астроўскім гаворыць, як аб чалавеку багатым і што ён ад 1924 г. быў дырэктарам Белар. Гімназіі ў Вільні. Сям'я яго жыла ў Радашкавічах да 1926 г., куды ён езьдзіў падчас вакацыяў; у 1926 г. перанясьліся яны ў калёнію калеёвую (вярсты 2 ад Вільні).

Сьв. Маразовіч, выдавец "Маланкі", у некалькіх словах, гаворыць ён аб "Маланцы": што выходзіла эгзэмпляраў ад 1 500 да 3 000, і што кошты аднаго выданьня былі ад 400 да 450 зл.; ганарары за аўтарства былі вельмі малыя. На пытаньне адв. Эгтінгера, ці добра цяпер расходзіцца "Маланка", дастае адказ: "нішто, расходзіцца добра, зыск заўсёды ёсьць, бо інакш не магла-б існаваць". Аб падсуд. Астроўскім гаворыць, што яму вельмі падабалася "Маланка" і што ён (Астроўскі) напісаў нават калісь сатыру "Банк у Маскве". У справе гэтае сатыры падсудны Астроўскі дае выясьненьне.

Сьв інж. Нэканда-Трэпка, вучыцель Віл. Белар. Гімназіі і польскай тэхнічнай школы, быў дырэкт. Віл. Бел. Гімназіі ад 1922 г. да 1924 г. Характэрызуе ён братоў Луцкевічаў, як ідэйных працаўнікоў на полі Беларускага Адраджэнскага руху. Жылі яны ў нэндзы і ў нэндзы памер брат падсуднага Антона, Ян Луцкевіч, хоць меў свой уласны музэй вялікай вартасьці. Гэтыя людзі стаялі высока, што да маральнасьці: былі чыстымі і шчырымі. На груньце беларускага руху зьяўляюцца яны вельмі заслужонымі, бо яшчэ ў 1900 г. у Маскве побач з іншымі прычыніліся яны да стварэньня "Беларускай Сацыялістычнай Грамады", адзінай з першых арганізацыяў, якая адкрыта стала на груньце беларускім. Праз увесь час, аж да 1926 году вёў падсуд. Антон Луцкевіч культурна-асьветную працу і не належаў да ніводнай з партыйных арганізацыяў.

Сьв. Рэшатаў (наборшчык у друкарні Левіна, Нямецкая вул., 22) належаў да "Грамады". За яго працу ў друкарні выплачвала заўсёды адміністрацыя тэй газеты, што друкавалася ў друкарні. Друкавала там свае друкі і "Грамада", якая ня вельмі рэгулярна выплачвала яму, а таксама і яго калегам за працу, ня гледзячы на тое, што ў тыя часы ён атрымоўваў многа менш, чымся ў гэтым годзе, так што яны некалькі разоў дамагаліся, каб павялічыць ім стаўку.

Сьв. Іван Савіцкі, вучыцель Віл. Белар. Гімнаіі, старшыня Белар. Камітэту, сьведчыць, што "Белар. Т-ва помачы ахвярам вайны" атрымала з Менску ад Чырвонага Крыжа" ў 1926-1927 г. сьпярша 4 000 зл., а пасьля 15 000 зл. Да "Грамады" не належаў.

Сьв. Войцікова Людв., адміністратарка часопісі "Наша Справа", пэнсія месячная яе выносіла 100 зл. На пытаньне падсуд. Рак-Міхайлоўскага, колькі была ў другой палове 1926 г. падпісчыкаў на гэту газэту, падае, што было 8 000.

Сьв. Войцік Антон гаворыць пра кражу, якая адбылася ў рэдакцыі пры Віленскай вул. 12, пам. 6, у якой мае падазрэньне на Закрэўскага, экспэдытара гэтай жа рэдакцыі. Наагул характэрызуе яго, як ня вельмі пэўнага чалавека, у якога: "крадуць кажух, - калі купляе вясеньняе пальто, крадуць пальто, калі купляе вясной гумовы плашч".

На гэтым закончыўся 10-ты дзень працэсу.


11-ты, 12-ты, 13-ты і 14-ты дні працэсу.

Сялянская Ніва, №25(172), 28 лютага 1928.

Адзінаццаты дзень працэсу - 16 сакавіка. Адзінаццаты дзень працэсу можна назваць днём абвінавачаньня Мятлы, бо пераважная большасьць сьведкаў "даказвала" яго віну.

Сьведка Галіцкі гавора, што ў ваколіцах Крулеўшчыны чуў аб агітацыйнай працы "Грамады". Мятла на мітынгах запаведываў адарваньне беларускіх абшараў ад Польшчы, зазначаючы, што вясною 1927 году будзе паўстаньне.

Адв. Абрамовіч. Ці чулі вы, як гэта Мятла гаварыў?

Галіцкі адказвае: Не, гэтак людзі казалі.

Сьведка Якімовіч, з аднэй вёскі з Мятлою, гавора, што ў Мятлы было некалькі асобаў, але аб чым была гутарка, ня ведае. На сьледзтве-ж Якімовіч абцяжваў Мятлу сваімі паказаньнямі.

Прак. Калапскі пытае: Чаму вы тады гаварылі іначай?

Якімовіч адказвае: Бо гэтак гаварыць мне казалі ў паліцыі.

Кап. Міхальскі - дае паказаньні пры зачыненых дзьверах.

Паліцыянт Савіч - канфіскаваў 4000 брашураў "Таварышы работнікі і сяляне" ў памешканьні пры Віленскай в. 12.

Скулацкі - ведае, што Мятла вазіў адозвы ў Дзісну і даваў пропускі ў С.С.С.Р.

Прак. Калапскі. - У першым сьледзтве вы казалі аб "вырэзваньні паноў".

Скулацкі. - Гэтак мне загадаў сказаць камандант Майхроўскі.

Адв. Абрамовіч. - Ці ня былі вы канфідэнтам?

Скулацкі. - Не, але агульна мяне лічылі канфідэнтам.

Падкамісар Шышкевіч - даказваў лучнасьць Акінчыца з Пархімовічам з Міра і забойства канфідэнта Гладкага з сям'ёю сябрамі "Грамады" - Трошкаю і брацьцямі Будзейка.

Суд пастанавіў дапрасіць Пархімовіча, які адбывае кару ў Наваградзкім вастрозе.

Навакоўскі, кіраўнік сьледчай экспазытуры ў Вільні, падцьвердзіў агулам паказаньні асьпіранта Васілеўскага. Абшырна гаварыў аб транспартах літэратуры, якую Акінчыц высылаў у вайсковыя аддзелы м. Вільні і аб тым, што Акінчыц стала паразумяваўся з ППС-лявіцаю, цераз Аляйнічака, сябры КПЗБ. На падцьверджаньне лучнасьці "Грамады" з КПЗБ Навакоўскі паказаў суду плякат, які быў вывешаны ў дзень распачацьця працэсу. Напісы на гэтым плякаце гучэлі: "Прэч з судом над грамадоўцамі, жадаем звальненьня арыштаваных паслоў". Коўш быў савецкім эмісарам.

Адв. Мацьяш, - Адкуль вы ведаеце, што Коўш быў эмісарам?

Навакоўскі. - Мне казалі канфідэнты.


Дванаццаты і трынаццаты дзень працэсу - 17 і 20 сакавіка. Дванаццаты дзень працэсу быў пасьвечаны дапросу адв. Андрэева і заступніка начальніка бясьпечнасьці пры ваяводзкім урадзе, Ракоўскага. Паказаньні адв. Андрэева датыкаліся справы бюро для абароны грамадоўцаў і нічога новага не дадалі. Ракоўскі дапрашываўся пры зачыненых дзьверах.

Падкамісар паліцыі Барташэвіч сваімі паказаньнямі, у якіх была мова аб прыгатаваньнях "Грамады" да захопу ўлады шляхам паўстаньня і перавароту, распачаў трынаццаты дзень працэсу.

Камісар Ашмянскага пав. Матулевіч гаварыў аб пабыце беларускіх паслоў на абшары Ашмянскага пав., а потым, у выніку пытаньняў абвінавачаных, адмаўляецца ад гэтага.

Вялейскі войт Карэвіч паказаў, што на ўзьнікнавеньні гурткоў "пасыпаліся" дэклярацыі на беларускія школы.

З адчытаных паказаньняў Дубоўскай і падпалкоўніка ген. штабу Флёрка вынікае, што сяброўскія білеты "Грамады" былі "легітымацыямі" на пераход савецкай граніцы.

Радашкаўскі войт Дварэцкі гаварыў аб труднасьцях зьбіраньня падаткаў.

Сэкрэтар сьледчых справаў Маладэчанскага пав. Гродзкі заўважыў шмат камуністых паміж гурткоў "Грамады", многія з іх працавалі ў шпіёнстве. Многа гаварыў аб дзейнасьці "Грамады" на абшарах Вялейскага і Маладэчанскага паветаў, дзе павадырскую ролю адыгрывалі Рак-Міхайлоўскі і Мятла.

Капуцкая падцьвердзіла, што Капуцкі і Буцько, абвінавачаныя па 102 арт. К. К., былі звольнены з вастрогу пад каўцыю па 2000 злотых, якія грошы даў Цэнтр. Сэкрэтарыят "Грамады".

Паліцыянт Гібш сцьвярджае кантакт "Грамады" з СССР і камунізмам.

Пшадоўнік сьледчага ўраду Лукоўскі прывёў факт істнаваньня беларускага каманданта ў вёсцы Гірд'я, якім аказаўся Сьвечка. Пры рэвізіі ў Моніка ён спаткаўся з чынным апорам.

Малютка, селянін з аднэй вёскі з Рак-Міхайлоўскім, гавора, што на адным з сабраньняў "грамады" чуў заклік да ўваружнага паўстаньня.

Пашкевіч падцьвердзіў кантакт Мятлы з камуністымі.

Апошні сьведка наручнік Герцог даваў паказаньні пры зачыненых дзьверах і гэтых зачыніў трынаццаты дзень працэсу.


Чатырнаццаты дзень прац. - 21 сакавіка. Дзень распачалі прыведзеныя з вастрогу і таксама абвінавачаныя па 102 арт. К. К. сьведкі: Шакуль, Трус, Рыжы, Сабілт, Ліс і Магільніцкі. Усе яны адмовіліся ад сваіх першых паказаньняў у сьледчага судзьдзі і паліцыі, калі сцьвярджалі сваю прыналежнасьць да КПЗБ. Першыя свае паказаньні тлумачаць біцьцём у паліцыі ў часе сьледзтва.

Камандант паліцыі Браслаўскага п. Кубарскі гаварыў, што значная часьць арганізацыйных сабраньняў гурткоў адбывалася нялегальным шляхам, што грамадоўская прэса ўзбудзіла варожыя адносіны да польскасьці і што Мятла меў кантакт з элемэнтамі, варожымі польскай дзяржаўнасьці. На пытаньне адв. Гонігвіля Кубарскі адказаў, што Глушын быў канфідэнтам паліцыі.

Глушын, які дапросе 29.II. пярэчыў, што быў канфідэнтам Кубарскага, цяпер сцьвердзіў гэта і сказаў, што на першым дапросе паказваў няпраўду, бо баяўся помсты з боку палітычных вязьняў. У Цэнтральным Сэкр. "Грамады" яго, Глушына, павучалі быць асьцярожным і вясьці грамадоўскую працу канспірацыйна, пры чым зьвярталі ўвагу на зьбіраньне аружжа і на гатоўнасьць да паўстаньня. Калі Глушын на жаданьне суда паказваў на пляне Сэкр. "Грамады" пакой, дзе гутарыў з Мятлой, апошні асьведчыў, што "гэты пакой на такія размовы ня ўжываўся". Гэты зварот прак. Калапскі папрасіў упісаць у пратакол.

Здановіч - падцьвердзіў паказаньні Глушына.

Вывядоўца Буцкі - пры рэвізіі ў Кісіна знайшоў каля 3 кілё выбуховага матэрыялу і 10 запальнікаў да гранатаў.

Дамарацкі - быў у "Грамадзе", але, пераканаўшыся аб камуністычных настроях у ёй, выйшаў.

Жалевіч - ад 1921 году быў у ячэйцы КПЗБ разам з Шульжыцкім.


15-ты дзень працэсу.

Голас Працы №1, 14 красавіка 1928.

Першымі даюць свае паказанні сьведкі: Амельяновіч, Бочковскі, Кірэй, Кейзік, М. Астроўская, якія ня ўносяць нічога новага да справы.

Сьв. Шчурэвскі, кам. пал. з Слабодкі, быў пры рэвізіі ў п. Валошына, якая адбылася ў Саколцы ў памяшканьні Бочковскага, гдзе пасол затрымліваўся. Успамінае пра авантуру, якая мела месца падчас пав. зьезду "Грамады", на якім былі паслы Тарашкевіч і Валошын. На пытаньні абароны нічога канкрэтнага сказаць ня можа, мае слабую памяць, навет ня можа сказаць, калі была зьліквідавана "Грамада".

Сьв. Белянскі, пал., быў на мітынгу ў Кляшчэлях, па якім прамаўляў пас. Валошын. Прысутных было 300 асоб. Кажа, што пасол казаў аб сацыяльнай рэвалюцыі, аб урадзе Пілсудскага, які душыць беларускі народны рух, называў ксяндзоў і папоў паліцыянтамі. Аб "Грамадзе", як партыі, казаў, што дамагаецца яна наданьня зямлі сялянам, асьветы ў роднай мове. Аб адарваньні Зах. Беларусі ад Польшчы нічога не казаў.

Абарона задае пытаньні, ці Валошын паведаміў улады аб мітынгу, ці гэта быў мітынг пасольскі, ці чуў яшчэ хто яго прамову? Сьведка нічога не памятае.

Падсуд. Валошын: ці сьведка не памятае, як я ў 12 гадз. паведаміў пана, што будзе справаздаўчы мітынг? Сьв. Не, памятаю толькі, што пан прышоў на пастарунак і шумна захоўваўся.

Старшыня суду Аўсянка: сьв. казаў у сьледчага судзьдзі, што Валошын паведаміў пану аб мітынгу.

Сьв. Боровскі, ст. пшод. апісвае мітынг пас. Валошына ў Гарадку, які адбыўся ў кастрычніку 1926 г. і на якім было прысутных каля 400 асоб. У прамове сваей Валошын называў польскую канстытуцыю правам белага тэрору, а дзяржаўны лад Польшчы - будынкам на курыных ножках. Пракурораў і судзьдзяў называў катамі, якія мыюць свае рукі ў беларускай крыві. Прыпомніў факт, калі адзін пракурор сфальшаваў дату, каб закуць аднаго вязьня-беларуса.

Сьв. Лапата войт - паказвае, што ў сувязі з узростам Грамады залягалі падаткі. Успамінае, што на вясну 1927 г. мела быць паўстаньне і што ўжо былі вызначаны беларускія ўлады, як напр. на ягонае месца нейкі Мацкевіч. Але ніякіх непарадкаў, як актыўныя выступленьні, у яго воласьці ня было.

Адв. Гонігвіль: ад каго пан чуў, што Мацкевіч быў выбраны войтам і што будзе паўстаньне?

Сьв. Чуў, цікавіўся.

Сьв. Мінковскі, канфідэнт Бельскага пав., доўга затрымліваецца над працай "Грамады" і КПЗБ. Кажа, што на абшары Белавежскай пушчы было 15 гурткоў і адна камуністычная ячэйка, якую арганізавалі Вашкевіч і Пісарэўскі - грамадаўцы. На адным з паседжаньняў ячэйкі праектавалася забойства ген. Ст. Балаховіча. Выканаць яго меўся пачаткова бандыт Бойка, а пасьля грамадаўцы Паўла і Антон Шпаковічы. Першы пад імём Рамановіча быў выключаны а ліку сяброў "Грамады", але толькі фікцыйна, каб яго ўчынак ня кінуў плямы на ўсю арганізацыю "Грамады". Забойца меўся зьявіцца ў Цэнтральны Сэкрэтарыят у Вільні, дзе атрымаў-бы 300 зл. за сваю работу. Усе перагаворы за пасярадніцтвам Вашкевіча вёў Бурсэвіч.

Пасьля пытаньняў абароны выясьняецца, што ўсе гэтыя весткі паходзяць ад Вашкевіча, які і цяпер знаходзіцца на волі, ў той час, калі яго супрацоўнікі арыштаваны. Сьведка ня можа вытлумачыць таксама, чаму Шпакевіч і Рамановіч маюць адзначаць адну і тую самую асобу.

Адв. Гонігвіль просіць суд запатрабаваць а Беластоцкага Акружнога Суду акты справы Шпаковічаў, якія датычацца арганізацыі забойства ген. Балаховіча. Суд згаджаецца.

Сьв. Нэстэровіч і Рускі нічога новага да справы ня ўносяць.

Сьв. Пожэра, канфідэнт Бельскага пав., бадаў у сваім часе Унушынскага, які быў на зьезьдзе, скліканым б. пас. Валошыным у Бельску. Зьезд не адбыўся і Валошын арганізаваў толькі канфэрэнцыю мужоў даверра. Раздаваў ім бібулу. Па выхадзе з памешканьня, дзе адбываўся сход, Унушынскага арыштавалі. Пры ліквідацыі Грамады зроблена 106 рэвізіяў і ў 15 выпадках знойдзена камуністычная літэратура, якая паходзіла ад паслоў Валошына і Мятлы. Пасьля пытаньняў абароны выясьняецца, што сьведка ня памятае зьместу адозваў, што Унушынскі быў арыштаваны не па выхадзе з памешканьня, я пасьля.

Падсуд. Мятла заяўляе, што апрача зьезду ў Ст. Беразове ён ніколі ня быў у Бельскім павеце.

Сьв. Погожэцкі, канфідэнт, бадаў сяброў Грамады ў Беластоку. Кажа агульнікова аб разьвіцьці "Грамады", паўтараючы больш-менш тое, што і ўсе канфідэнты.

Сьв. Полеўчак. пшод. кажа аб зьезьдзе ў Ст.-Бяразове, які адбыўся ў сьнежні 1925 г. На зьезьдзе былі прысутнымі б. паслы Валошын і Мятла. Упушчалі некаторых асоб, якія ня мелі сяброўскіх білетаў. Авантура паўстала ўнутры памешканьня. Мятла страляў.

Падсуд. Тарашкевіч - хто мог быць прысутным на зьезьдзе?

Сьв. - хто меў білеты.

Падсуд. Мятла - ці сьведка быў прысутным на зьезьдзе?

Сьв. - быў.

Мятла - ці сьведка не памятае, як звонку пачалі кідаць каменьні і ламаць дзьверы?

Сьведка замінаецца... і кажа, што ламалі і звонку. Мятла - асьвядчаю Суду, што сьведка гавора няпраўду.

Сьв. Шунайла і Семашка не дадаюць нічога новага.

Сьв. Жукевіч - быў пры рэвізыі ў б. пасла Валошына, якая адбылася ў кватэры пасла ў Саколцы падчас ліквідацыі Грамады. Забралі валізу і на пастарунку ў прысутнасьці камэнданта адамкнулі. Знайшлі 42 камуністычныя адозвы ў некалькіх мовах. У сувязі з гэтым суд пастанаўляе адчытаць пратакол рэвізыі.

Адв. Гонігвіль проці адчытаньня, тлумачучыся тым, што паліцыя бяз судзьдзі сьледчага ня мела права рабіць рэвізыі, а тым больш у памяшканьні пасла, які ў той час карыстаўся з нятыкальнасьці. Па нарадзе суд адчытвае пратакол.

Валошын асьвядчае, што яму быў чытаны іншы пратакол, у якім была мова аб двух знойдзеных у валізе рэвальверах, аб якіх цяпер не ўспамінаецца - дзе ж той пратакол?

Сьв. Унушынскі, б. старшыня гуртка ў в. Касьцяжцы. Прыяжджаў на зьезд скліканы Валошыным у Бельску. Ад Валошына атрымаў дзьве газэты і тры "Маланкі", у якіх паліцыя пры рэвізыі знайшла камуністычныя адозвы. Прызнаецца, што падчас баданьня ў паліцыі яго білі.

Пасьля пытаньняў абароны выясьняецца, што не мундуровы паліцыянт выняў у яга перад рэвізіяй літэратуру, атрыманую ад Валошына, прачытаў, улажыў ізноў яму ў кішэнь і пасьля казаў рабіць рэвізыю.

Сьв. Самойла працаваў ад 1922 г. у беларускіх часопісях. Нехта зьмяняў зьмест яго артыкулаў. Жаліўся аб гэтым Луцкевічу, які, аднак, ня будучы рэдактарам, нічога парадзіць ня мог. Аб Луцкевічу кажа, што ён і цяпер трымаецца сваіх даўнейшых поглядаў, якія меў, будучы сябром Беларускае Сацыял. Грамады. Ня раз пісаў спраставаньні, што да Бел. Сял.-Раб. Грамады не належыць, што наагул палітыкай ад 1922 г. не займаецца дзеля прычын ідэолёгічных і слабага здароўя.


16-ты дзень працэсу 23.ІІІ.1928.

Голас Працы №1, 14 красавіка 1928.

Сьв. Барысэвіч К. запісаўся ў "Грамаду" ў верасьні 1926 г. Быў выбраны старшмнёй пав. гуртка ў Стоўпцах. Рэкамэндаваў Акінчыц. На павятовым зьезьдзе былі прысутнымі Мятла, Сабалеўскі і Акінчыц. Апошні выясьніў, што "Грамада" не дамагаецца адарваньня Зах. Беларусі ад Польшчы і далучэньня да Усходняй. Большая частка сяброўскіх складак адсылалася заўсёды ў Вільню ў Цэнтральны Сэкрэтарыят. Сябрам ураду павятовага гуртка належалася месячная пэнсія, але выплачвалася вельмі неакуратна і з Цэнт. Сэкр. ён, як старшыня. атрымаў толькі адзін раз 190 зл. Да гуртка належалі аднолькава маладыя і старыя. Складкі былі розныя: ад 1 і да 8 зл.

Сьв. Бушневіч - заст. кам. пав. у Наваградку, апісвае маніфэстацыю ў Карэлічах (6.ХІ.1926 г.). У сувязі з ёй былі арыштаваны Гоцько Клаўдыя, Кузьміч, Трусэвіч, Шэўка, Лазарэвіч і іншыя, усе - сябры Грамады. Гоцька і Кузьміч былі хутка звольнены.

Сьв. Янкоўскі Янка, паходзіць з Дамбровы Гурнічай, вызваленец, уступіў у "Грамаду" у 1926 г. і быў аж да ліквідацыі. Кажа аб нейкай паперы з Цэнтр. Сэкр., якой усе сябры "Грамады" заклікаліся да баявой гатоўнасьці, "Грамада" ўзбраялася. Сам быў пры хаваньні аружжа ў Ярэмічах (12 карабінаў, некалькі рэвальвэраў). Пераканаўшыся ў тым, што "Грамада" была партыяй антыдзяржаўнай, пачаў безінтэрасоўна мальдаваць паліцыі. Паведаміў ёй і аб схаваньні аружжа, якога, аднак, не знайшлі. Што з гэтым аружжам сталася далей, сьведка ня цікавіўся.

Адв. Сьмяроўскі: пан працаваў ідэёва, будучы польскім патрыётам і ня цікавіўся, дзе падзелася схаванае аружжа? Сьведка не адказвае. Па некалькіх пытаньнях абароны, сьведка раптам пераскочыў на нядаўняе забойства Гурына і пачаў даводзіць, што Гурын быў забіты тым самым аружжам, якое было схавана ў Ярэмічах. Даведаўся-ж аб гэтым ад фурмана, які, перавозячы ноччу нейкую пачку з аружжам, палічыў праз дзюркі колькі і якое было аружжа і прызнаў, што гэта было ярэмічаўскае аружжа... Нейкім дзівам узяў адтуль рэвальвэр забойца Гурына.

Старш. Суду ва просьбу абар. Гонігвіля сцьвярджае, што сьведка ў судзьдзі сьледчага не ўспамінаў аб ніякай паперы з Цэнт. Сэкр. і паказаў, што пры закапваньні аружжа ёя прысутным ня быў, а даведаўся ад іншых.

Сьв. Крыт Алякс. быў сэкратаром павятовага гуртка ў Несьвіжы. Інструкцыі і праграмы атрымоўваў з Цэнт. Сэкрэт. Ніякай лучнасьці з камуністамі ня было, б. пасол Сабалеўскі казаў нішчыць усё, што паходзіла ад камуністаў.

Адв. Мацьяш: ці заклікала Грамада да адарваньня ад Польшчы?

Сьв. Ніколі.

Сьв. Крэмэс, канф. на падставе выведаў кажа, што абв. Кузьміч Янка, старш. пав. кам. у Наваградку, вёў акцыю аб адарваньні Зах. Беларусі ад Польшчы. У судзьдзі сьледчага казаў, што Кузьміч утрымліваў стасункі з камуністамі за пасярэдніцтвам нейкага Краўца, які часта пераходзіў граніцу. Цяпер ад гэтага адмаўляецца, бо, як выясьнілася, сам Краўца не бадаў, а ведае аб пераходзе ім граніцы ад іншых канфідэнтаў. Абв. Кузьміч асьвядчае, што ніякіх стасункаў а Краўцом ня меў.

Канфідэнты Падніцкі і Міляк нічога канкрэтнага да справы ня уносяць.

Сьв. Высоцкі, грамадавец, атрымаў у канцылярыі павятовага камітэту "Грамады" ў Стоўпцах літаратуру, паміж якой аказаліся, пры рэвізыі, дзьве камуністычныя адозвы ў польскай мове. Па пытаньнях абароны выясьняецца, што сьведка сам узяў гэтую літэратуру а канцылярыі, якая ніколі не замыкалася, дзеля чаго камуністычныя адозвы лёгка маглі быць падкінуты.

Сьв. Васількоўскі - сцьвярджае, што Міськевіч належаў да камуністычнай партыі, а па паўстаньню "Грамады" арганізоўваў гурткі, будучы адначасна асабістым сэкратаром былога пасла Сабалеўскага. Сваё падозраньне аб належнасьці Міськевіча да камуністычнай партыі апірае на тым, што быццам Міськевіч быў у блізкіх адносінах з камуністам Парфімовічам, засуджаным за сваю камуністычную дзеяльнасьць. Па пытаньнях абароны выясьняецца, што Міськевіч у справе Парфімовіча як абвінавачаны не фігураваў і што яго зараз-жа звольніў з арышту прак. Калапскі, як зусім ня віноўнага.

Сьв. Суднік - войт Мірскае воласьці апірае свае паказаньні аб шкадлівай дзейнасьці Міськевіча на інфармацыях, якія яму давала паліцыя. Аб тым, каб Грамада намаўляла не плаціць падаткаў ня чуў ніколі, а тым больш аб адарваньні ад Польшчы.


17-ты дзень працэсу.

Голас Працы №1, 14 красавіка 1928.

Адв. Дурач просіць Суд паклікаць сьведкаў, якія не зьявіліся на гэты дзень, а паказаньні якіх могуць мець вялікую вагу.

Сьв. Паўловіч Марыя працавала ў 1926-27 г. у Белар. Банку. Бугальтарам быў Коўш, які прыходзіў у Банк штодзень. Р. Астраўскі, дырэктар Банку, працаваў звычайна ў Банку ад 1-3 гада. Аперацыі праводзілі супольна дырэктар, бугальтэр і касір; ніхто з іх самастойна не мог правесьці ані аднэй апэрацыі. Ніякіх вымаганьняў што да палітычнай арыентацыі сяброў ня было. Духоўныя асобы таксама былі сябрамі Банку і некаторыя мелі значныя ўклады, як напр. Васілеўскі. Даходы Банку былі вельмі малыя і не пазвалялі навет акуратна выплачываць пэнсію служачым, якая ў дадатку была зусім нязначная (ад 55 і да 100 зл. ў месяц). Справаздачы пасылаліся да Ізбы Скарбовай. Часта адбываліся рэвізіі. Усялякія пастановы зацьвярджаў агульны сход сяброў. Многа іх было выключана, бо ня ўносілі грошы. Вялікіх сум ня ўплывала. Сябрамі Банку зьяўляліся б. пас. Рагуля і сэн. Назарэўскі.

Адчытваюцца паказаньні сьв. Буські Арк. і Кузьміча. Першы кажа што да БСР "Грамады" сяброў прынімалі вельмі асьцярожна, каб не дапусьціць камуністаў. Другі ў сьледавацеля сцьвярджае, што яго ў паліцыі білі да няпрытомнасьці, што яго паказаньні дзеля гэтага ня згодны з праўдай.

Сьв. Цясельскі Улад. пал. гавора, што аб. Кузьміч закладаў гурткі, скардзіўся на вялікія падаткі, якія, па яго словах, трэба было-б перанесьці на паноў. Часта зьвяртаўся да знаёмых палякоў з пытаньнем, "чаго вы тут сядзіце, гэта-ж ня ваш край".

Сьв. Ян Ціхан ведае абв. Гоцьку Кляўдыю, як дзеячку з БСРГ. Ня чуў аднак-жа, каб яна калі агітавала за няплату падаткаў.

Сьв. Дэмбінскі Ян, пал. кажа аб жыўнасьці, якую зьбіралі пад кіраўніцтвам абв. Кузьміча для палітычных вязьняў. Пры рэвізіі ў Кузьміча знайшоў адозвы, пісаныя ім, з якіх, пасьля адчытаньня Судом, вынікае, што Кузьміч заклікаў сяброў "Грамады" Наваградз. пав. памагчы арыштаваным грамадзістам Навагр. і Стаўпецкага пав.

Сьв. Фэцак Балес., асаднік, сцьвярджае, што "Грамада" высоўвала антыпанствовыя лозунгі, намаўляла народ непаслухацца польскіх уладаў. Спаткаўся з дзеяльнасьцю абв. Гоцькі Клаўдыі і Кузьміча. Аб маніфэстацыі ў Карэлічях, якая адбылася 8.ХІ.26 г., ведае ад аднаго сябры "Грамады", які, будучы пьяным, пашоў на гэтую маніфэстацыю. Прозьвішча яго сказаць ня можае, бо гэта быў канфідэнт.

Сьв. Гішчук Яээп, пал. кажа аб сабраньні гуртка, на якім прамаўляў абв. Кузьміч. У канцы прапяялі бел. народны гімн і разыйшліся спакойна.

Сьв. Красінскі Ст. гм. сэкр. кажа, што абв. Гоцька Кляўдыя агітавала, каб не плацілі падаткаў, лаяла ўрадоўцаў, дамагалася белар. школы, хаця ў Карэлічах і была ўтраквістычная. Ведае аб гэтым ад свайго пам. Ціхана. Старшыя Суду адчытывае паказаньне Ціхана і сцьвярджае, што Ціхан сьведцы нічога не казаў.

Абв. Гоцька Кл. сцьвярджае, што ў 1926 г. ніякай школы польск. - бел., аб якой казаў сьведка, ня было і што яна дамагалася як раз утраквістычнай.

Сьв. Крэт, пал. кажа аб "судах трох", якія быццам меўся арганізаваць Цэнтр. Сэкрэтарыят Грамады. Ведамасьці аб гэтым мае ад канфідэнтаў. На пытаньне адв. Гонігвіля, ці "Суд трох" распачаў сваю двейнасьць, адказвае, што так, але, хто быў суджаны, ня ведае.

Сьв. Кузбэк, аф. вывяд. К. О. П., Акінчыц, Падліпская, Станкевіч Едв., Троска Ап. нічога новага да справы ня ўносяць.

Сьв. Пашковскі Анупрэй ня ведае, ці абв. Кузьміч вучыўся ў Камуністычнай школе, ці сам вучыў на камуністычнай тэрыторыі.

Сьв. Слома, асаднік, 6.XI.26 г. чуў сьпеў інтэрнацыяналу каля Карэліч. На маніфэстацыі ў Карэлічах (8.XI.26 г.), бачыў два чырвоныя сьцягі з надпісамі, якіх якіх не памятае.


18-ты дзень працэсу з дня 26.ІІІ.1928.

Голас Працы №1, 14 красавіка 1928.

Сьв. Якубоўскі Яз. асьпірант на абшары м. Горадні меў дачыненьне з "Грамадой" 3 разы:

1) быў на справаздаўчым мітынгу, які адбыўся ў Алякшыцах (каля Горадні), на якім было каля 5 000 людзей. Мітынг адбыўся пад адкрытым небам. Прамаўляў пасол Валошын, як гаворыць сьведка, вельмі востра, называючы паліцыянтаў "pachołkami Piłsudskiego" і падбураў людзей, якія пачалі ўзбраяцца ў палкі і каменьні, пабілі паліцыянта Кутыбу і другога, прыпёршы да муру, патурбавалі. (Мітынг быў у дзень кірмашны);

2) Быў зьезд у Горадні, на якім былі Тарашкевіч, Валошын, Якімовіч і якіх 300 грамадоўцаў. Падышоў да яго (сьведкі) Якімовіч, а пасьля Тарашкевіч і сказалі, каб ён апусьціў са сваім паліцыянтам сходку. Якімовіч крытыкаваў Урад і вельмі няпрыхільна гаварыў "пад маім адрасам". На сходцы мелі грамадоўцы сваю міліцыю, пазнаць можна іх было па нашыўках на рукавох з ініцыяламі.

Адв. Залкінд. Ці сьведка чуў калі, як Якімовіч крытыкаваў Урад?

Сьв. На ўласныя вушы ня чуў.

3) Падчас ліквідацыі "Грамады" была рэвізія ў Ламашэвічанкі і Пісаранкі, у якіх у памяшканьні знайшоў ён паквітаваньні. Гэтая Ламашэвічанка атрымоўвала ад Валошына грошы (ўсяго каля 2 000 зл.), за якія купляла жыўнасьць для палітычных вязьняў у горадзенскім вастрозе. Было іх ад 190-215 ч.

Сьв Ольчук, канфідэнт, гаворыць аб 2-х сходках, якія адбыліся ў 1926 г. пры Мастовай вул. 2, на якіх былі пераважна сяляне, некалькі жыдоў, кабет і работнікаў. Зазначае, што на гэтай сходцы быў толькі адзін карэспандэнт а часоп. "Moment".

Якімовіч заяўляе, што, апрача гэтага карэспандэнта, былі яшчэ і другія і выменьвае іх прозьвішчы. Затым сьведка нічога новага ня ўносіць.

Сьв. Кухарскі Ант., паліцыянт, хацеў разагнаць маніфэстацыю, якая адбылася 7.ХІ.26 г. у Сьвентаволі. Паход гэты складаўся пераважна з грамадоўцаў. Нясьлі чырвоны сьцяг, на якім, па словах сьведкі, быў нарысаваны серп і малаток і напісана: "няхай жыве камуністычная партыя". Удзел бралі пераважна мясцовыя; памятае сьведка толькі Ушылу Ф., Чуйку, Корасевіча, Гарбовіча Сым. Калі ён (сьв.) хацеў разагнаць маніфэстантаў, Ушыла кракнуў на яго: "забіць яго, гада!"

Адв. Сьмяроўскі: Ці 7.ХІ. - якоесь сьвята камуністычнай моладзі? - сьведка ня можа даць на гэта адказу.

Сьв. Лінкевіч Е., канфідэнт з Саколкі, гаворыць, што ведае Якімовіча ўжо з 6 гадоў. Сьпярша быў Якім. эсэрам, пасьля перакінуўся да Ластоўскага, у 1924 г. працаваў у кампартыі і ў 1924 г. быў арыштаваны за прыналежнасьць да КПЗБ, якая была зьліквідавана ў 1925 г.

Адв. Сьмяроўскі: скуль сьведка ведае, што Якімовіч належаў да КПЗБ? - Часткава ад канфідэнтаў і ўласных абсэрвацый.

Далей гаворыць сьведка, што Расіньскі і Руды карэспандавалі з Бурсэвічам у справе "Грамады", і што жонка Рудога прыяжджала ў Вільню ў Цэнтр. Сэкр. Бурсэвіч асьвядчае, што прозьвішча Расіньскі і Руды яму ня ведамы. Некаторыя інфармацыі апірае сьведка на Гурыне, з якім ён быццам бачыўся ў Горадні перад яго забойствам. Гаворыць яшчэ, што Якімовіч быў карэспандэнтам часопісі: "Большевик" і "Чырвоны Сьцяг".

Сьв. Ліханевіч, канфідэнт, гаворыць аб мітынгу, які адбыўся ў Алякшыцах, скліканым праз Валошына ў лютым 1926 г. Гэта быў сьвяточны дзень і людзей сабралася многа (каля 5 000 чал.). Валошын быццам ня меў дазволу ад староства на гэты мітынг, але ўзьлез на калёсы і зачаў крычаць, каб каля яго грамадзіліся людзі. Крычаў, каб людзі не баяліся паліцыянтаў, называючы іх пахолкамі Пілсудскага.

Сьв. Меў тады толькі 8 паліцыянтаў, але не хацеў гэтага мітынгу разганяць, "бо было многа кабет і дзяцей, дзеля чаго не хацеў праліваць нявінную кроў". Гаворыць далей сьв. аб Якімовічу, які належаў да сэцэсыі КПЗБ і браў актыўны ўдзел падчас выбараў у Горадні да касы хворых і аб антыдзяржаўнай адозьве (ў 1926 г.)

Прак. Калапскі: хто быў рэдактарам адозвы?

Сьв. - Лунеўскі, сябра акружн. камітэту.

Адв. Гонігвіль: ці даведка выключае, што адзін а трох: Пачабут, Кулакоўскі, Баліцкі мог напісаць адозву?

Сьв: - адозва была напісана Лунеўскім; напісана была фахова і праўніча.

Адв. Гонігвіль: ці сьв. ведае, якую маюць гэтыя тры асобы адукацыю і чым займаюцца? Сьв. - ня ведаю (?!).

Адв. Гонігвіль просіць суд запратаколіць многа супярэчнасьцяў паміж паказаньнямі сьведкі ў сьл. судзьдзі а цяперашнімі: 1) У судзьдзі сьледчага сьв. не ўспамінаў аб Лунеўскім, 2) аб сэцэсыі Якімовіча гаварыў сьв. у судзьдзі сьл., што была ў канцы 26 ці ў пачатку 1927 г., а цяпер гаворыць, што ў лютым 1926 г., 3) што сьведка не памятае, у якім часе атрымоўваў ад канфідэнтаў ведамасьці, 4) у судз. сьл. зазнаў, што Якімовіч ня быў скампрамітаваны палітычна і г.д.

Сьведка гаворыць далей аб артыкуле, напісаным у "Чырвоным Сьцягу", дзе гаварылася аб разьвіцьці "Грамады" і "piętnowanie" гэтай арганізацыі за тое, што прыймаюць несьвядомых людзей.

Адв. Петрусэвіч: ці гэта была крытыка "Грамады", ці інструкцыя, якой гэта арганізацыя павінна трымацца - сьведка не знаходзіць адказу.

Сьведку задае Шушкевіч (абвін.) некалькі запытаньняў у беларускай мове, на што сьведка адказаў, што пабеларуску не разумее.

Адв. Гонігвіль: сьведка не разумее пабеларуску?

Старш. суда Аўсянка: - гэта не адносіцца да справы.

Адв. Гонігвіль. Адносіцца: Бо калі сьведка не разумее пабеларуску, то як ён мог чытаць "Чырвонм сьцяг"?

Адв. Гонігвіль. Якой сьв. адукацыі?

Старшыня ўхіляе пытаньне.

Адв. Сьмяроўскі на падставе 702 арт. просіць суд гэтае пытаньне ня ўхіляць, дзеля таго што перад гэтым дазволіў такое самае пытаньне паставіць Навакоўскаму, а з другога боку абарона хоча мець пэрспэктыву на прышласьць, што гэтае пытаньне, як пытаньне легальнае, будуць магчы задаваць прышлым сьведкам, і што ў суд ня будзе ставіць труднасьцяў.

Старшыня суду на падс. 611 арт. ухіліў ізноў гэтае пытаньне.

Валошын выясьняе, што паказаньні сьв. Ліханевіча непраўдзівыя, дзеля таго, што на мітынг у Алякшыцах ён меў дазвол за 8 дзён ад староства. У апошнім дню прышла са староства другая паперка, дзе ізноў не дазвалялася на мітынг. Ея (Вал.) хацеў толькі людзям прачытаць гэтыя дзьве паперкі, але гэты самы Ліханевіч з паліцыянтамі яму не дазволіў і сам некуды ўцек. Валошын прачытаў людзям толькі гэтыя паперкі, затым нічога ня было.

Сьв. Ламашэвічанка Надзея складае свае паказаньні ў беларускай чыстай і пекнай мове; належала да "Грамады". Атрымоўвала ад Валошына грошы на жыўнасьць для палітычных вязьняў у Горадні.

Адв. Этінгэр: ці пані рабіла гэта патаемна?

Сьв. Не! Мела дазвол ад пракуратуры і ніколі не прыпушчала, што даваньне жыўнасьці вязьням ёсьць праступствам! Займалася яна гэтым якіх 3 месяцы. Валошын гаварыў ёй памагаць усім палітычным вязьням. На каждага выпадала ў нядзелю якіх 2-3 зл., а часамі і нічога. Вязьняў было якіх 100. Сьпіс (лічбу) вязняў даваў ёй заўсёды інспэктар вастрогу і радзіў ёй купляць правізію ў турэмным склепе.

Сьв. Мукасей Сьц. быў старшын. гуртка і зьбіраў на паліт. вязьняў ахвяры. Быў ён на зьезьдзе ў Горадні, дзе меў прамову Тарашкевіч, але аб злучэньні Зах. Бел. з Усходняй не гаварыў, крытыкаваў толькі некаторыя партыі.

Прак. Калапскі: ці пісалі Вы пісьмо ў Расею, што ў Польшчы дрэнна?

Сьв. - так, пісаў!

Адв. Гонігвіль. Хто вам казаў зьбіраць грошы на паліт. вязьняў? - Сьв. Зьбіраў я сам, бо вычытаў у белар. газеце, што там былі паквітаваньні з атрыманых грошаў. Сабраў 6 зл. і адаслаў у павят. камітэт.

Сьв. Ольчык, канфідэнт, нічога новага ў справу ня ўносіць.

Сьв. Сарыпэк Фр., паліцыянт, гаворыць аб падсудным Драгуну, у якога пры вобыску была знойдзена стрэльба пістонаўка, 490 патронаў пад печкай. На другі дзень Драгун зьявіўся на пастарунак, дзе яго арыштавалі. Апрача гэтага, была знойдзена пры вобыску кніжка пратаколаў, якую паказваюць падсуднаму. Драгун гаворыць, што гэта тая самая кніжка. Знойдзена была яшчэ паперка, на якой было напісана: "сяляне і работнікі ўсіх краёў злучайцеся! Няхай жыве сялянска-работніцкі ўрад" - да яе Драгун не прызнаецца. Падсудны выясьняе, што патроны гэтыя засталіся пасьля бальшавіцкага наступу, з якіх ён даставаў порах і страляў са стрэльбы.

Сьв. Пісаранка Зоф. пазнаёмілася з Валошыным у Горадні, які запрапанаваў ёй, каб яна насіла паліт. вязьням (усім) жыўнасьць. Пасьля яе заступіла Ламашэвічанка. Інспэктар вастрогу Ласкі парадзіў ёй, каб яна купляла правіант лепей у вастрожным склепе, чымся ў жыдоўскім. У тыдзень на вязьня выпадала якіх 2.50 зл. На ўсіх вязьняў у тыдзень выпадала ад 200 да 220 зл.

Сьв. Спляўка Марыя, канфідэнтка не зьявілася, а прыслала свае паказаньні ў пісьме, якое суд адчытаў. Гаворыць аб Станкевічу Уладз., які меўся быць лучнікам паміж Саветамі і КПЗБ, і прывозіў з Сав. камуністычную літаратуру.

Сьв. Шока Густ. канфідэнт і Пятровіч Міхал нічога ў справу ня ўносяць.

Сьв. Валь Альфонс, канфідэнт, у студзені 1927 г. у Акр. Упр. Т-ва Бел. Школы ў Горадні пры вул. Гарохавай у 23 гадз. рабіў рэвізію, дзе застаў 6 асоб: Баліцкага, Паддубіка, Ламашэвічанку і другіх. Пры рэвіэіі ніякіх кампрамітуючых матэрыялаў ня было знойдзена.

Паказаньні іншых сьведак няцікавыя, дзеля чаго іх і не падаём.


19-ты дзень працэсу з дня 28.III.1928.

Голас Працы №1, 14 красавіка 1928.

Сьв. Грын Тод. гаворыць аб сходцы, якая адбылася ў вёсцы Таполе. Слаба ён арыентуецца ў справе і нічога канкрэтнага сказаць ня можа.

Сьв. Кішнель Ал. на суд ня ставіўся, бо сядзіць у вастрозе з арт. 102, дзеля чаго прыслаў свае паказаньне ў пісьме. Належаў ён да КПЗБ, але ў Грамаду ня ўступіў. Марцінчыка ня ведае і навет не карэспандаваў з ім.

Сьв. Даяброўсаі, камэнд. паліцыі ў Горадні. У горадзенскім вокрузе было каля 10 000 асоб, якія належалі да Грамады, і былі, па яго словах, адначасна сябрамі КПЗБ, або яе сымпатыкамі. У Скідлю адбыўся ў 1926 г. мітынг, на якім прамаўлялі - "умяркована" Тарашкевіч і "востра" Валошын, які быццам закончыў сваю прамову словамі: "...У народзе сіла, у руках Ваш быт! Калі не даюць - бярэце самі!" Далей гаворыць сьведка аб Якімовічу, Паддубіку, Баліцкім і што Паддубік атрымоўваў кам. літэратуру.

Адв. Гонігвіль: сьведка сказаў, што Паддубік кальпартаваў літаратуру, калі гэта было?

Сьв. Добра ня памятаю.

Адв. Гонігвіль. Колькі было людзей, якія належалі адначасова да КПЗБ і "Грамады"?

Сьв. Добра ня памятаю, засуджаных здаецца 3-4.

Падсуд. Шушкевіч: "сьведка сказаў, што я быццам сьведку гаварыў, што атрымоўваў 200 ад. і што сьведка мяне дапрашваў. Асьвядчаю, што гэтага чалавека я бачу ўсяго першы раз і што, будучы старшынёй, атрымоўваў толькі 90 зл".

Сьв. Костшэба Сьцяп. (паліцыянт) і Мацееўскі Мар. (канфідэнт) ня ўросяць у справу нічога новага.

Сьв. Нэстэровіч Чэслаў, канфідэнт, гаворыць аб аружжы, якое мелася паходзіць ад Шушкевіча і прыходзіла да Сіцькі, Лукасевіча, Лукасіка і Міськевіча, якія быццам яму аб гэтым гаварылі. Зазналі яны яму аб гэтым аружжы, але... не знайшоў ён (сьведка) гэтых карабінаў.

Адв. Гонігвіль сцьвярджае супярэчнасьць паміж паказаньнямі ў судзьдзі сьдедчага і цяперашнімі, бо ўпярод гаварыў аб 9-12 карабінаў і 6 рэвальвэрах, а цяпер 6 караб. і 12 рэвальв.

Адв Гонігвіль. Сіцько сказаў сьведку аб карабінах і рэвальвэрах, што іх мае, а дзе ў яго схаваны яны - ці сказаў?

Сьв. Не сказаў. Аружжа меўся прывозіць крывы жыд Левін.

Сьв. Жэвускі (паліцыянт) гаворыць аб мітынгу, на якім меў прамову Валошын. Гаварыў ён быццам, што бюджэт у Польшчы вельмі вялікі, ба ўтрымліваецца многа войска і паліцыянтаў, якія "толькі цягаюцца па вёсках, стукаюць шаблямі па вуглах і тынках, чакаючы, каб выскачылі сабакі, за якіх пасьля маглі-б пісаць пратаколы".

Сьв. Сташыньскі Яз., функц. паліцыі палітычнай у Горадні, гаворыць, што Валошын у сваёй прамове быццам намаўляў людзей на адным з мітынгаў не плаціць падаткаў, бо "за гэтыя грошы купляюць кайданы для нашых сялян". Характэрызуючы дзейнасьць "Грамады" і галоўных правадыроў яе, зазначыў, што ён мае даныя з апошніх вывядаў, што напад на Гурына, які быў у Горадне ў 1926 годзе быў прыгатаваны быццам Шушкевічам і Паддубікам, апошні нібы часткова яго выканаў. Пры апошніх словах сьведкі падсуд. Паддубік голасна в месца крыкнуў: "ён ілжэць! Ізноў паліцэйская правакацыя!" Старшыня Суду прыказваў яго вывесьці.

Адв. Сьмяроўскі. Сьведкі не павінны даваць зазнаньняў а цяперашніх, з апошніх, часоў, дзеля таго, што гэта ёсьць рэчы зусім новыя, якія будуць запратакаляваны і будуць абцяжаць ня толькі палажэньне Шушкевіча і Паддубіка, але наагул усю справу. Дзеля таго, што мы ня можам даць контрдовадаў, бо сьведка апіраецца на канфідэнтах, якіх не падае прозьвішчаў, прашу суд выэлімінаваць гэтыя зазнаньні, бо сытуацыя зьмяшчае супярэчнасьць, якая ня можа быць дапушчанай. Пасьля выступаюць проціў таго, каб сьведка гаварыў у гэтай справе, адв. Гонігвіль і Петрусэвіч. Судзьдзі некалькі мінут нараджаюцца, па чым не дазваляюць сьведку гаварыць у гэтай справе. Далей гаворыць сьведка, што актыўны ўдзел бралі грамадоўцы пры выбарах у Касу Хворых, Раду Мейскую ў Горадні.

Сьв. Станевіч Валер., вельмі тупая адзінка, нападае на Паддубіка. Гаворыць, што ён шчыры "patrjota polak", але з яго мовы адносіцца ўражаньне, што многа яму трэба яшчэ папрацаваць над сабой, каб навучыцца хоць прыблізна гутарыць папольску.

Сьв. Жмоілік Каст. быў скарбнікам пав. кам. у Горадні 2 месяцы, за якія да яго ўплыло многа грошаў, "бо сябры ўносілі акуратна складкі". "Выдаткі былі на 1) беларускі сьцяг, 2) купляньне кніжак і г. д., так-што грошаў хапала і навет частку адсылаў да Цэнтралі". Пэнсіі за сваю працу не атрымоўваў, а служыў ганарова.


20-ты дзень працэсу 28.III.1928 г.

Голас Працы №3, 21 красавіка 1928.

Сьв. Барушка Сьцапан чуў ад нейкага Макарэвіча, што ў прыпадку ліквідацыі "Грамады" наступіць праца нелегальная. Быў сябрам КПЗБ і ніякай розьніцы паміж "Грамадой" а КПЗБ ня бачыць: абедзьве імкнуліся да рэвалюцыі. Грошы для "Грамады" атрымоўваліся з Расеі. Па пытаньнях абароны выясьняяецца, што "Грамада" не прыняла яго ў лік сваіх сяброў дзеля таго, што ён належаў да камуністычнай партыі.

Далей ідзе адчытаньне паказаньняў сьв. Чарноцкага, які цьвердзіць, што погляды Астроўскага вельмі збліжаюцца да камуністычных. Засобы да жыцьця атрымліваў з нейкіх цёмных крыніц. У сувязі з гэтым паказаньнем адв. праф. Пятрусевіч складае Суду цэлы рад довадаў, датычных асобы абв. Астроўскага і адымаючых усякую вагу паказаньня сьв. Чарноцкага.

Грабоўскі Язэп, пал., кажа, што абв. Гмыр Уладзімер хадзіў па вёсках і намаўляў людзей, каб запісваліся ў "Грамаду", якая вяла працу амаль-што камуністычную. На нейкім сабраньні старшыня Гуртка пхнуў прысутнага паліцыянта і сказаў яму "здымі шапку". Зьбіраліся складкі на М.А.П.В.П., як ньпр. у вёсцы Сачыпах. Абарона выясьняе, задаючы рад пытаньняў сьведцы, што грошы зьбіраліся яе на М.А.П.В.П. (гэтае арганізацыі сьведка навет і не разумее), а яа арыштаваных сяброў гуртка - Скрабута і Хвядчэню - якія былі ў дадатку крэўнымі абв. Гмыра, і якім гэтыя грошы бэзпасярэдна былі пасланы.

Сьв. Ярош рабіў рэвізію ў абв. Ката Янкі і знайшоў чатыры адозвы камун., якія абв. Кот падняў на дарозе.

Эмігрант Картуша кажа, што грамадаўцы ня пушчалі яго на драм. рэпэтыцыі і сабраньні гурткоў, бо ня меў запросін. Сьв. Невэнглоускі кажа аб сабраньні ў вёсцы Аранчыцах, на якім прамаўляў абв. Патапчук. У гэтай прамове Патапчук казаў аб тым, што ў Польшчы замнога войска і паліцыі: няма бел. школаў, падпальваў слухачоў, каб ня слухалі валасных уладаў і часта зьвяртаўся да паліцыі з запытаньнямі, чаму яна перасьледуе "Грамаду", легальную партыю. Некаторыя сябры Грамады прызнаваліся, што Цэнтр. Сэкр. "Грамады" быццам атрымліваў грошы на арганізацыю з Расеі. Абв. Бурсэвіч прыслаў Патапчуку пісьмо, у якім казалася аб помачы з боку бальшавіцкага ГПУ.

Абв. Патапчук асьвядчае, што ніякага пісьма ад Бурсэвіча ён не атрымаў і што паказаньне сьведкі ёсьць ня праўдай.

Сьв. Жыткевіч і Скуркоўевіч кам. пал. У Валажанах нічога новага да справы ня ўносяць.

Сьв. Замковіч М. быў на сабраньні ў Аранжыцах, на якім прамаўляў абв. Патапчук. Аб тым, што ня трэба слухаць валасных уладаў і аб паўстаньні Патапчук нічога не казаў.


Сялянская Ніва №27(174), 25 красавіка 1928 г.

20-ты працэсу, 29 сакавіка. Дваццаты дзень быў прысьвечаны дзейнасьці "Грамады" ў Пружанскім павеце.

Пшад. Бэднарскі гаварыў аб дзейнасьці Патапчука, які на адным з мітынгаў меў прамову антыдзяржаўнага зьместу.

Пшад. Вржэсьня паўтарыў паказаньні Бэднарскага і дабавіў, што гаёвы Грошэк данёс яму, што ў лесе бачыў 4 уваружаных людзей. Будучы прыпадкам у памешканьні пастарунку Грошэк убачыў Патапчука і пазнаў у ім адну з тых 4 асобаў, якая пагражала яму.

Барушка, асуджаны за прыналежнасьць да КПЗБ, паказаў, што большасьць грамадоўцаў належала да КПЗБ.

Адчытана паказаньне адсутнага Чарноцкага, чыгуначнага інжынера. Чарноцкі добра знае сям'ю Астроўскіх. Р. Астроўскі - дробны земянін быў у ўнівэрсытэце, з якога аднак быў змушаны выйсьці. Пасьля вайны кіруе маёнткам Сьвянціцкага, але і тут жылося блага. Паправа быту Астроўскага заўважаецца ад распачацьця прац у Польска-Амэрыканскім Камітэце Помачы Дзецям. У гэтым-жа часе Астроўскі пачынае вясьці палітычную працу і жыве звыш свайго стану.

Праф. Петрусэвіч, абаронца Астроўскага, аказаў суду дакуманты, якія пярэчаць некаторым пунктам гэтага абвінавачаньня. Дакуманты суд далучыў да справы.

Паліц. Грабоўскі сьцвярджае, што пры рэвізіі ў Гурына знайшоў квітанцыі, выданыя МОПР-ам і што на адным з сабраньняў быў пабіты паліцыянт за тое, што ня зьняў шапкі падчас пяяньня беларускага нац. гімну.

Ярош - пры рэвізіі у Ката знайшоў чатыры адозвы КПЗБ.

Паліц. Невэнглоўскі ведае выпадак, калі, грамадоўцы хацелі пабіць солтыса за лёяльнасьць да ўраду. Сябры "Грамады" дзяліліся на пэўных, гатовых на ўсё, і няпэўных.

Паказаньні: Ягадзінскага і Люстыбэра ня цікавы.


21-шы дзень працэсу. 29.III.1928 г.

Голас Працы №3, 21 красавіка 1928.

Сьв. Дзялак Т. у траўні 1926 г. даведаўся аб нейкай тайнай арганізацыі на абшары Ваўкавыскага пав. Абв. Шкодзіч быццам меў упаважненьне закладаць гурткі. У сваіх прамовах Шкодзіч казаў аб стварэньні незалежнай Беларусі, аб патрэбе для белар. народу школ у роднай мове. З 12 гурткоў на абшары Падароскае вол., Ваўкав. пав. найнебесьпячнейшым быў гурток у в. Галышках, які дамагаўся адарваньня ад Польшчы.

Адв. Дурач: скуль пан мае гэтыя ведамасьці?

Сьв. - ад мяйсцовае люднасьці, прозьвішч ня памятаю.

Падчас рзвізіяў аружжа нідзе ня знойдзена. З бел. газэтаў, апрача грамадоўскіх, атрымоўваліся такжа "Бел. Крыніца" і "Сялянская Ніва".

Сьв. Мікуловіч знае Патоцкага ад малых гадоў, калі ён вучыўся ў Расеі і па сканчэньню школы застаўся вучыцелем. Ад мясцовае люднасьці чуў, што Патоцкі на сабраньнях гуртка казаў аб незалежнай Беларусі, аб сялянска-работн. урадзе, які ўтворыць большасьць народу, аб белар. школах. Другі ж абв. Шкодзіч - імкнуўся да зьдзяйсьненьня гэтых мэтаў шляхам паўстаньня. Дзеля арганізацыі паўстаньня часта езьдзіў у Вільню, у Цэнтр. Сэкр.

Абв. Шкодзіч свае паездкі ў Вільню тлумачыць тым, што ён адвозіў брата ў гімназію і ня раз падвозіў яму харчоў.

Сьв. Дробнін Антоні - кажа аб Шчыглінскім, як аб дужа актыўным дзеячу Грамады, які закладаў гурткі і ўтрымліваў нелегальна ў сваёй вёсцы бел. школу, за што быў пакараны 7 днямі арышту.

Абв. Шчыглінскі выясьняе справу са школай гэтак: 60 сялян іх вёскі напісалі просьбу да школьнага інспэктара аб адчыненьні бел. школы і выпаўнілі ўсе фармальнасьці. Інспэктар сказаў, што, пакуль адчыніцца ўрадавая бел. школа, можна вучыць прыватна і забраў з вёскі польскую вучыцельку. Шчыглінскі вучыў якраз адзін тыдзень і быў пакараны за нелегальнае арганізаваньне школы.

Сьв. Валынчык ня чуў, каб Патоцкі калі небудзь казаў аб адарваньні ад Польшчы.

Сьз. Рачка сел. в. Крапкі кажа, што ў іх вёсцы яшчэ перад паўстаньнем гуртка сяляне выпісвалі белар. газэты. З газэт даведаліся, што можна легальна арганізавацца і залажыць гурток. Калі сабралася 8 чалавек, зрабілі арганізацыйную сходку і выбралі камітэт. Праца была слабая, бо стараста ня дазваляў на сабраньні. Сяляне іх вёскі добра ведаюць абв. Бурсэвіча, як добрага арганізатара. "Грамада" ня спрыяла камуністам, бо ў склад яе ўваходзілі ўласьнікі зямлі, дробныя і сяряднія, якія імкнуліся да зьдзяйсьненьня сваіх мэтаў шляхам легальнай працы.

Сьв. Карчмарак, пал., кажа, што абв. Патоцкі быццам прызнаўся яму ў-ва ўсіх сваіх плянах, ня будучы навет з ім добра знаёмым. Патоцкі хваліў савецкія ўлады, ганіў Польшчу і казаў аб незалежнай Беларусі. Абв. Патоцкі асьвядчае, што ён нічога паліцыянту не казаў, а толькі на яго запытаньне, як ён разумее арт. 2 праграмы "Грамады", дзе ёсьць мова аб сялянска-раб. урадзе, адказаў, што гэты ўрад выбярэцца большасьцю народу і што ба ня будзе такім, як ў Савецкай Беларусі.

Сьв. Лях, грамадзіст, кажа, што 50 проц. іх сяброўскіх складак заўсёды пасылаліся ў Цэнт. Сэкр. Грамады. Аб ніякай лучнасьці "Грамады" з камуністамі ніколі ня чуў. Ідэалам "Грамады" быда незалежная Беларусь.

Сьв. паліцыянты Марко, Макараў, Ваўкоўскі - нічога новага ня ўносяць і паўтараюць тое самае аб абв. Патоцкім, Янкоўскім і Шкодзічу, што ўжо казалі папярэднія сьведкі.

Сьв. Пабудзень і Мірко знаюць добра абв. Шкодзіча, які заўсёды падкрэсьліваў, што "Грамада" ёсьць арганізацыяй легальнай і легальным шляхам ідзе да зьдзейсненьня сваіх мэтаў. Ад колькасьці сяброў "Грамады" будзе залежаць колькасьць паслоў белар. у Сойме.

Сьв. Мінкоўскі, канфідэнт, даведаўся ў траўні 1926 г., што КПЗБ закідвала ўсе дарогі ў Ваўкавыскім павеце адозвамі. Па ліквідацыі КПЗБ сябры яе пайшлі ў "Грамаду". Не памятае добра, ці быў пры баданьні Патоцкага, хоць у судзьдзі сьледчага казаў, што быў.

Абв. Патоцкі асьведчыў, што сьведка ня быў пры баданьні прысутным і што яго бадаў іншы вывядоўца, які сам напісаў пажаданы для сябе пратакол і казаў Патоцкаму падпісаць. Калі ж Патоцкі адмовіўся, канфідэнт ударыў яго ў твар. Будучы паважна хворым, Патоцкі рашыў падпісаць, затое ў судзьдзі сьледчага прызнаць ўсю праўду, што і зрабіў.

Сьв. Паўлоўскі Янка кажа, што Патоцкі зьбіраў подпісі на бел. школу і казаў, што ў Расеі лягчэй знайсьці працу. Аб далучэньні Зах. Бел. да Расеі нічога не казаў. Быў чалавекам асьцярожныя і ў ніякія-б размовы з незнаёмым паліцыянтам не ўдаваўся-б.

Судзьдзя Едзевіч: якой народнасьці сьведка?

Сьв. - польскае.

На жаданьне пракурора Раўзэ Патоцкі асьвядчае, што ён рабіў у Расеі ў 1919 і 1920 гадах, быў вучыцелем у Саратаўскай губэрніі, куды выехаў па сканчэньні школы. Па некаторым часе пакінуў працу вучыцельскую, бо яму не плацілі пэнсіі. Быў за гэта арыштаваны і звольнены толькі дзякуючы інтэрванцыі вучыцельскага саюзу.


Сялянская Ніва №27(174), 25 красавіка 1928 г.

Дваццаць першага дня працэсу выступаюць ужо "дробныя" сьведкі проціў "дробных" дзеячоў "Грамады". Большасьць з гэтых сьведкаў часта ня помніць, што паказваў у сьледавацеля і суд часта напамінае іх першыя паказаньні.

Сьведкі: Анджэйковіч, Чыжун, Карчмарак і Курэньчык гаворыць аб Патоцкім, як аб камуністым. Патоцкі хоць безработны, але добра жыў, а бацька яго хацеў купіць зямлі.

Адв. Дурач пытае Курэньчыка - якой вы нацыянальнасьці?

Курэньчык: Цяпер хіба паляк, даўней быў беларусам. Гэты адказ выклікае агульны сьмех.

Клячко лічыць Бурсэвіча пачцівым чалавекам і просіць суд, каб ён судзіў справядліва.

Пабудзей чуў, як Шкодзіча называлі "бальшавік" прычыны-ж гэтага ня можа вытлумачыць.

Адв. Дурач. Як завуць вас на вёсцы?

Пабудзей. Мяне завуць Канцавік.Мая хата з краю, дык гэтак і завуць.

Камандант Вадкоўскі пры рэвізіі у Янкоўокага знайшоў камуністычную літэратуру і "Чырвоны сьцяг".

Паказаньні Драбнюка, Міркі, Міхальчыка і іншых ня ўносяць цікавейшых мамэнтаў.


22-гі дзень працэсу.

Сялянская Ніва №27(174), 25 красавіка 1928 г.

Дваццаць другі дзень працэсу пачаўся ад паказаньняў камісара Ясінскага аб дэманстрацыі 3 лютага 1927 году ў Косаве, якая, па думцы сьведкі, была зарганізавана "Грамадою" а мэтаю пробы рэвалюцыйных сіл.

Кіраўнік сьледчае экспазытуры ў Пінску Будзінскі гаворыць, што Польска-Амэрыканскае Т-ва Помачы Дзецям вяло акцыю беларускіх школ. У Піншчыне грамадоўцы супрацоўнічалі з камуністымі. Калі западозрылі Іголку ў кантакце а уладамі бясьпечнасьці, яго, на падставе партыйнага суда, забілі.

Паліцыянт Сікорскі, - будучы раз на вечарыне, чуў размову Шкодзіча і Шчыглінскага аб паўстаньні, якое аднак-жа пастановаю цэнтралі "Грамады" было адложана.

З пытаньняў абароны выясьняецца, што Сікорскі па паходжаньню - ўкраінскі жыд, прыняў праваслаў'е, потым каталіцтва і цяпер лічыць сябе Палякам.

Адв. Дурач пытаецца: - Як маглі мець людзі давер да чалавека, які тры разы мяняў перакананьні і працаваў за грошы?

Пытаньне гэтае выклікае інцыдэнт. Старшыня адкідае яго, а прак. Калапскі просіць запратаколіць.

Паказаньні другіх сьведкаў ня цікакавы.


23-ці дзень працэсу Грамады 31.ІІІ.1928 г.

Голас Працы №3, 21 красавіка 1928.

Сьв. Баран Лявон, належаў да "Грамады", запісаўся дабравольна, ніхто не нагаварываў. Урад гуртка зьбіраў сяброўскія складкі, з якіх частка адсылалася ў Цэнт. Сэкр. Быў на павятовым зьезьдзе ў Саколцы, які быў разагнаны. Гурткі не раскідвалі камуністычных адозваў, ніколі ня змушалі каго небудзь сілай запісвацца ў Грамаду.

Падсуд. Тарашкевіч: можа сьведка раскажа, як адбыўся павятовы зьезд у Саколцы?

Сьв. Зьезд быў адчынены б. паслом Валошыным. Прысутным быў і пас. Тарашкевіч. Паліцыя кантралявала довады асабістыя і пасьля ля пачала ламаць дзьзеры.

Тарашкевіч - а якіх дакумэнтаў вымагала паліцыя апрача довадаў? Можа сяброўскіх легітымацый?

Старш Суда Аўсянка: ня можна падсказываць адказаў, сьведка забыўся. Тарашкевіч, пан пракурор неаднакратна падказываў адказы... Ст. адбірае ад Тарашкевіча голас.

Сьв. Вышэцкі, пал. кожа аб дзеяльнасьці Янкі Гелды, Беламыжага і Алякс. Зданюка. Гелда нагаварываў сялян да помачы палітычным вязьням, два апошнія казалі аб патрэбе стварэньня беларускага войска ў Польшчы. Аб адарваньні ад Польшчы і аб раскідваньні камуністычных праклямацыяў, сьведка нічога ня чуў.

Сьв. Аронік, гаёвы, ведае Гелду ад 1920 году; абодва служылі ў надлясьніцтве. У 1922 г. Гелда страціў пасаду, бо агітаваў за сьпісак беларускі (№ 16) падчас выбараў у папярэдні Сойм. Падсуд. Гелда выясьняе, што ён заўседы захоўваўся да польскай дзяржавы лаяльна, ня вёў ніякай антыдзяржаўнае працы і з пасады ня быў звольнены за агітацыю, як гавора сьведка, а перанёсься сам, на іншую.

Сьв. Орлянчык, пал. чуў, што Гелда нагаварваў людаасьць, каб дамагалася белар. школаў. Апрача гэтага, Гелда казаў аб беларускім урадзе і аб патрэбе зьменшаньня падаткаў.

Сьв. Кэндзерскі - пал. кажа, што Гелда заклікаў люднасьць да арганізацыі, дзякуючы якой у прышлы Сойм можна будзе правесьці больш беларускіх паслоў, якія будуць змагацца за лепшую будучыню свайго народу. Апрача гэтага, дамагаўся беларускіх школаў і адабраньня зямлі ад паноў і ксяндзоў.

Сьв. Кашэўскі, пал. кажа тое самае аб падсуд. Козічу, які прамаўляў на сабраньні ў вёсцы Рагачах.

Сьв. Кунцэвіч П. належаў да "Грамады", гурток у іх вёсцы нічога не рабіў, бо ўсе чакалі павятовага зьезду "Грамады", які адбыўся ў Саколцы і на якім сьведкай быў прысутны. Выпісваў беларускія газэты, за якія акуратна плаціў грошы. У судзьдзі сьледчага сказаў, што не плаціў, бо быў настрашаны кам. пастар. у Новым Дварэ Працэвічам, які, апрача гэтага, у часе ліквідацыі "Грамады" парваў у яго хаце беларускі календар, і абарваў са сьцен белар. газэты, якімі была выклеяна хата.

Тарашкевіч: можа сьведка раскажа, як адбыўся зьезд у Саколцы?

Сьв. Зьезд адчыніў Валошын, апрача яго быў прысутным і Тарашкевіч. Паліцыя кантралявала пашпарты і сяброўскія білеты. Унутры было ціха і спакойна. Дзьверы пачалі ламаць звонку. Пасол Тарашкевіч зьвярнуўся да прысутнага кам. пал. і прасіў яго інтэрвэнцыі. Камэндант адказаў, што гэта не яго справа...

Сьв. Працэвіч Я., кам. пастар. у Новым Дварэ пярэчыць таму, што ён абрываў бел. газэты са сьцен у хаце Кунцэвіча. Яму здаецца, бо добра не памятае, што гэта зрабіў у яго прысутнасьці, або сам Кунцэвіч, або яго жонка. Кароткія наказаньні сьведак Крыштафовіча, Лявіцкага, Пігэля, Смокіша датычуць асоб абв. Зданюка, Веламыжага і нічога канкрэтнага да справы ня ўносяць.

Сьв. Ментусь - пал., быў прысутны на мітынгу пасла Валошына ў Ячне, на якім Валошын сказаў, што польскі ўрад робіць камуністымі ўсіх, хто мае пустыя жываты.

Сьв. Г. Залеўскі - пал. быў пры рэвізіі ў Валошына і бадаў старшыню пав. кам. Грамады ў Саколцы, Альшэўскага, які сказаў, што інструкцыі ў справе закладаньня гурткоў атрымліваў ад Валошына і Цэнтр. Сэкр. Быў прысутным пры адчыненьні валізы, забранай з памяшканьня Валошына, але не памятае, ці сьведкі пры гэтым былі спачатку, ці іх паклікалі, пазьней, як ужо ўсё было зроблена.

Сьв. Жукевіч Язэп, канфідэнт, сачыў Валошына і быў на мітынгах, скліканых апошнім у Ячне і Саколцы. Зьезд у Саколцы 21-ХІ. 26 г. разагнала вясковая люднасьць, якая пачала ламацца ў дзьверы... На мітынгах Валошына акружала "bojóka", у склад якой уваходзіла каля 5 чалавек, з якіх некаторыя мелі ляскі (палкі)! ... Бадаў Гелду, які прызнаўся, што заданьнем "Грамады" было згарнуць у гуртках як найбольш сьвядомых беларусаў, каб пасьля можна было лягчэй дабіцца зьдзейсьненьня найпрымітыўневшых жаданьняў беларускага народу шляхам барацьбы ў Сойме.

Тарашкевіч: дзе сьведка быў падчас зьезду?

Сьв. - на другой старане вуліцы, напроці шопы, у якой адбываўся зьезд.

Тарашкевіч: ці была паліцыя і як яна рэагавала на ламаньне дзьвярэй?

Сьв - паліцыя была, але яка не рабіла нічога...

Сьв. Аношва - сакратар гуртка, старшынёю якога быў Гелда. Апошні аб адарваньні ад Польшчы ніколі нічога не казаў. Сябры выпісывалі газэты і сабралі на арыштаванага жыхара іх вёскі Амрочыка, які так-сама быў сябрам гуртка - 2 зл. 50 гр. Упярод ня ведаў, а цяпер ведае, што "Грамада" была партыяй камуністычнай.

Адв. Дурач: скуль сьведка гэта ведае?

Сьв. - паліцыя так кажа.

Сьв. Галаўчынскі, пал., служыць у павеце Сакольскім ад жніўня 1926 г. Гурткі арганізаваў там Гелда, які атрымліваў інструкцыі ад Валошына. Люднасьць запісвалася ахвотна, бо мэты былі добрыя. Гелда імкнуўся да стварэньня Незалежнай Беларусі, да апанаваньня праз беларусаў самаўрадаў і да падзелу зямлі паміж малазямельнымі і бэззямельнымі. Зданюк Ал. быў старшынёю ў Астраву і казаў больш-менш тое самае, што і Гелда. Абв. Козіч часта выяжджаў да Горадні і належаў да КПЗБ. Далей кажа аб мітынгу ў Саколцы, на якім прамаўляў Валошын. Зьмест прамовы такі: у Польшчы многа паліцыі і войска, суды несправядлівыя, судзьдзі - каты. I гэты сьведка таксама бачыў каля Валошына "bojókę" якая складалася з пяці асоб, маючых ляскі...

Абв. Козіч асьвядчае Суду, што пратакол, які з яго сьпісалі ў паліцыі - фальшывы, бо ён быў змушаны да падпісаньня. У сваім часе ён падаў аб гэтым заяву да Пракурора Акружнага Суда ў Беластоку.

Абарона сцьвярджае цэлы шэраг нязгоднасьцяў паміж паказваньнем сьведкі ў судзьдзі сьледчага і цяперашнім, якія датычуцца найгалоўнейшых закідаў, робленых ім абв. Гелдзе, Козічу, Зданюку...

Тарашкевіч: колькі разоў Валошын быў у Саколцы?

Сьведка ня ведае.

Тарашкевіч: асьвядчаю Суду, што ў Саколцы быў толькі павят. зьезд гурткоў. Тыя сьведкі, якія называлі гэты зьезд мітынгам, сьвядома ілгалі.


24-ты і 25-ты дзень працэсу

Сялянская Ніва №27(174), 25 красавіка 1928 г.

У дваццаць чацьвёртым дні працэсу першым дапрашываецца Мароз, прыведзены з вастрогу, дзе адбывае кару 4 гадоў катаргі за прыналежнасьць да КПЗБ. Галоўны доказ яго быў аб тым, што Саванец пагаварваў яго ўступіць у "Грамаду", тлумачачы, што комфракцыя дала дырэктывы выкарыстаць легальныя партыі для сваіх мэтаў. Мароз на гэта
не згадзіўся і запісаўся ў ППС.

Бурдзецкі паказаў, што Бурсэвіч і Саванец раскідалі камуністычную літэратуру, на зьвернутую Бурсэвічу ўвагу, апошні адказаў: "Не перастану працаваць, хоць-бы мне скавалі рукі".

Быўшы слонімскі стараста Пшэцішэўскі гаворыць, што пры ліквідацыі КПЗБ у Наваградзкім ваяводзтве, сябры гэтая арганізацыі масава сталі пранікаць у Т-ва Беларускай Школы, камітэты ППС і арганізацыі Паўлюкевіча. Па ўзьнікнавеньні-ж "Грамады" ўвесь гэты элемэнт перайшоў да яе. З гэтым мамэнтам і пачалася антыпадатковая акцыя, прыгатаваньні да паўстаньня і г.д., аб чым ужо ня раз гаварылі папярэднія сьведкі.

Паказаньні другіх сьведкаў шаблонныя і тэндэнцыйныя.

У дваццаць пятым дні працэсу давалі паказаньні між іншым сьведкі: Грыбкоўскі, былы ўрадовец Гутоўскі, Якімчык, камандант Коржон, пшадоўнік Король, пшадоўнік Мянінкі, паліцыянт Лункевіч, паліцыянт Жэвускі, Соніцкі, Бяліцні, Камароўскі і шмат другіх. Сьведкі гэтыя, пераважна са Слонімскага павету, даказвалі віну Якубчыка, Бурсэвіча, Сіняка і Ефімовіча. Паказаньці іх можна зьвясьці да наступнага: усе абвінавачаныя, на каторых яны сьведчаць, сябры КПЗБ і "Грамады", вялі антыдзяржаўную, антыпадатковую, антышкольную і паўстанчаскую агітацыі, распаўсюджвалі камуністычную літэратуру, рабілі нелегальныя сабраньні і г. д.

Дваццаць шостага дня працэсу пры зачыненых дзьверах, калі нават радня абвінавачаных змушана была выйсьці з залі суда, дапрашваўся Бабіч. Пры зачыненых дзьверах дапрашываўся і пшадоўнік Скірмунт. Паказаньні Масьлянкі, Рачкоўскага, Шульгі, Федаровіча, Філютоўскага, Войтава, Ігнацёнка, Закшэўскага і другіх мала цікавыя.

5 красавіка, г. з. на дваццаць сёмы дзень працэсу, лавы абвінавачаных занялі толькі чатыры асобы: Астроўскі, Коўга, Шнаркевіч і Сакалоўскі. Перамена гэтая вынікла таму, што суд апрацаваў пытаньні рэчазнаўцам - бугальтарам, якія ў гэты час разглядалі банкавыя кнігі Беларускага каапэратыўнага Банку, галоўнымі тэхнічнымі дзеячамі якога і былі вышэўспомненыя абвінавачаныя.


26-ты дзень працэсу Грамады.

Голас Працы №4, 25 красавіка 1928.

Суд паставіў дапрасіць найважнейшага з боку пракуратуры сьведку Бабіча пры зачыненых дзьвярох. Навет найбліжэй шыя прадстаўнікі сем'яў абвінавачаных ня былі дапушчаны.

Сьв. Масьлянка, пал. а Глыбокага, кажа яб Антону Сакалоўскім, Стоціку і Нікіфароўскім. Сакалоўскі быў кіраўніком філіі Белар. Банку ў Глыбокім. У дню, у якім быў адчынены гэты аддзел, Сакалоўскі атрымаў 300 даляраў і тысячу польскіх злотых, з якімі і распачаў дзеяльнасьць філіі.

Прак. Калапскі - хто прыяжджаў на адчыненьне філіі?

Сьв. - пасол Мятла і дырэктар цэнтралі Астроўскі.

Стоцік, старшыня павятовага камітэту, уступіў да "Грамады" быццам з намовы Мятлы. Нікіфароўскі прадаваў газэты "Наша Праўда" і "Наша Справа" і падчас сваёй прамовы зазначыў, што хутка ўжо выганяць абшарнікаў.

Па ліквідацыі Грамады прыехаў ў Глыбокае інструктар Кіган і склікаў нейкую канфэрэнцыю, якая б арганізавала пратэст з прычыны арыштаваньня паслоў. Учасьнікамі яе былі Скурка і Жукоўскі, скарбнік павятовага камітэту. Першы арыштаваны.

Сьв. Рачкоўскі быў сакратаром гуртка. Уцягнуў яго ў "Грамаду" быццам абвінавачаны Лабунька.

Сьв. Фэдаровіч, асаднік, сцьвярджае, што абв. Нікіфароўскі, які да часу ўступленьня у "Грамаду" жыў небагата, пасьля вёў жыцьцё заможнага селяніна. На рынку меўся асьцерагаць сялян, каб ня куплялі зямлі, бо мала - і беззямельныя хутка яе атрымаюць.

Сьв. Філютоўскі, пал., кажа, што сябры КПЗБ уступалі ў Грамаду. Нікіфароўскі, прамаўляючы на сабраньні, рэкамэндаваў асьцярожнасьць у дзеяльнасьці гурткоў.

Адв. Сьмяроўскі: Нікіфароўскі пры пану рэкамэндаваў асьцярожнасьць?

Сьв. - Так. Адв. Сьмяроўскі: не баяліся ж яны?..

Сьв. - Не! Іх было 258 чалавек, а я адзін. Ды й мне сказалі, каб я наагул на сабраньні не паказываўся.

Сьв Войтаў кажа, што Нікіфароўскі падкрэсьліваў, што трэба заўсёды паказываць на карысьць сваіх, навет пад прысягай.

Сьв. Ігнацёнак - Каз. Шульга быў савецкім агентам, насіў заграніцу матэрыялы, сабраныя праз жабрака Грыневіча. У апошнія часы перад ліквідацыяй "Грамады" паразумяваўся з Нікіфароўскім і вербаваў сяброў да "Грамады".

Сьв. Закрэўскі - экспэдытар газэт, выхадзіўшых на Віленскай вул. 12, ведае, што нейкі час Мятла быў выдаўцом і што Рак-Міхайлоўскі прыходзіў у рэдакцыю і ад часу да часу зьмяшчаў свае артыкулы.

Прак Калапскі: хто кіраваў рэдакцыяй?

Сьв. - Луцкевіч, я насіў да яго карэспандэнцыю, якую перад гэтым чытаў сакратар.

Адв. Петрусэвіч - ці чуў пан аб тым, што Луцкевіч бараніўся ад закідаў, быццам бы належаць да Грамады? Сьв. Гэтага ня ведаю, ня ведаю, навет, ці ён быў у Грамадзе, бо на сабраньнях ў Цэнтральным Сэкр. ніколі яго ня бачыў.

Адв Петрусэвіч: ці на газетах было зазначана, што яны зьяўляюцца органам Грамады?

Сьв. Не.

Адв. Петрусэвіч: ці гэта праўда, што ў пана ў Глыбокім было сабраньне, на якім былі прысутнымі Нікіфароўскі, Сакалоўскі і іншыя і дзе абгаварваўся плян камуністычнае працы?

Сьв. Не, не, першы раз аб гэтым чую. Сакалоўскі, якога я добра ведаю, ня быў камуністым. Браў ён часта ўдзел ў аматарскіх спэктаклях і з гэтага поваду быў часта на рэпэтыцыях.

Адв. Петрусэвіч: што пан можа сказаць Суду аб абв. Стоціку.

Сьв. Стоцік вучыўся ў дух. сэмінарыі, а пасьля памагаў бацьку ў гандлю.

На пытаньне абв. Рак-Міхайлоўскага сьведка выясьняе, што Р.-Міх. ніколі ня браў ніякага ўдзелу ў сабраньнях, якія адбываліся ў памешканьні сьведкі, бо ніколі ніякіх сабраньняў ня было. Па гэтым выясьняе, што некалькі асоб з рэдакцыйнага пэрсаналю газэтаў, лічаных за грамадаўскія, не належала да "Грамады".


27-мы дзень працэсу Грамады 10.ІV.1928 г.

Голас Працы №4, 25 красавіка 1928.

У гэтым дню "высьвятлілася" дзейнасьць "Грамады" на тэрыторыі Дзісенскага павету. Паказаньні сьведкаў датычуцца абв. Шмарылы, Шэвеля, Варанковічаў Янкі і Тодора, Лабунькі Кастуся і Ант. Даніловічанкі. Дзеяльнасьць іх лучыцца з дзеяльнасьцю Нікіфароўскага і б. паслы Мятлы.

Сьв. Авэрыянаў не зьявіўся ў Суд, дзеля чаго адчытваюцца яго паказанні, дадзеныя сьледчаму судзьдзі. З іх відаць, што абв. Лабунька вербаваў людзей для пераношаньня карэспандэнцыі за граніцу. Насіў яе, напр., нейкі Геранік Васіль. Пацьвярджае гэта і сьв. Геранік Янка, родны брат яго.

Сьв. Андзэлеўка - арганізаваў некалькі гурткоў, на запытаньне пракурора Каланскага - ці вядома яму, што Грамада імкнулася да адарваньня Заходняе Беларусі ад Польшчы, адказывае - чытаў аб гэтым у польскай прэсе.

Сьв. Буш, войт Парафіянаўскае гм., кажа аб дрэнных рэзультатах антыпадаткавае агітацыі "Грамады", і аб масавым надсыланьні літаратуры.

Сьв. Белінскі - канфідэнт пав. дзісенскага, кажа аб сабраньнях каньспірацыйных, арганізаваных праз абв. Даніловічанку, на якіх абгаварывана справа арганізацыі тэрорыстычных баёвак. На гэтых сабраньнях былі прысутнымі і абв. Шэвель, Смакіла, Варажковіч. Сьведка сцьвярджае, што забойства канф. Івашкевіча было вынікам партыйнага Суду.

Адв. Сенкевічанка - ці паву не вядома, што Івашкевіча падазравалі ў працы на дзьве стараны?

Сьв. - не. Калі яго забілі, дык ня мог працаваць на дзьве стараны. Апрача гэтага, Саветы вызначылі нагароду за яго галаву.

Адв. Сенкевічанка - а дзеля гэтага можа забойцы хацелі толькі здабыць нагароду?

Сьв. - ня ведаю.

Адв. Гонігвіль - скуль пан мае пэўнасьць, што Івашкевіч быў забіты за адкрыццё шпіёнскае шайкі?

Сьв. - меў аб гэтым ведамасьці ад канфідэнтаў ды і кам. пал. можа аб гэтым пасьведчыць.

Адв. Раманкевіч - ці баёўкі, аб якіх пан успамінаў, былі ўведзены ў жыцьці?

Сьв. - гэтага я ня сцьвердзіў.

Сьведкі Баеровіч, Кучэўскі, Весялоў, войты гмінаў, кажуць аб выніках антыпадаткавай акцыі "Грамада".

Сьв. Саўка і Дземянчонак пацьвярджаюць, што ўлады бальшавіцкія не прымалі тых, якія не мелі грамадаўскае легітымацыі.

Сьв. Крукоўскі - кажа аб антыпанствовых выступленьнях абв. Козіча, які заклікаў да нелегальных сабраньняў, на якіх абгаварываўся плян паўстаньня.

Сьв. П. Даніловіч і Нішэня былі на сабраньні ў в. Тарчунах, на якім была абгаварывана справа "bojówek". Абв. Шэвэль, Варанкевічы і Даніловіч-Куляга былі на ім прысутнымі.

Сьв. Кішэня паведаміў аб гэтым сабраньні паліцыю. Даніловіч, па яго словах, казаў, што з усімі канфідэнтамі трэба паступаць так, як з Івашкевічам (забіваць).


28-мы дзень працэсу Грамады ІІ.ІV.1928 г.

Голас Працы №4, 25 красавіка 1928.

Першага ў гэтым дню дапытваюцца сьв. Скальскага, пал. Дзісьненскага павету. Кажа тое самае, што ўжо казалі папярэднія сьведкі аб забойстве канфідэнта пал. Івашкевіча. На ўсходніх землях у 1926 - 1927 г. распачалі сваю дзеяльнасьць тры штабы, кіруючыя антыдзяржаўнай акцыяй: Беларускі Банк, Т-ва Белар. Школы і "Грамада". Ні чале гэтых штабаў сталі адны і тыя самыя асобы-камуністы. Пад уплывам агітацыі гурткоў люднасьць варожа ; адносіліся да камасацыі (падзел па хутары).

Абарона і абвінавачаныя задаюць цэлы шэраг пытаньняў. Адв. Крыжаноўскі - хто належаў да ўраду Т-ва Белар. Школы ў Глыбокім?

Сьв. - Мятла, Вера Дрозд і Скурка.

Крыжаноўскі: а хто быў старшынёю філіі Белар. Банку ў Глыбокім?

Сьв. - Сакалоўскі, але над ім была Рада Надзорчая.

Крыжаноўскі: што банк рабіў з даўжнікамі?

Сьв. - ня ведаю.

Праф. Пятрусэвіч: сьведка ня чуў, што каморнік прадаваў маёмасьць даўжнікоў і што перарыў у экзэкуцыі быў выкліканы толькі тым, што ўсе кнігі былі ў судзьдзі сьледчага?

Сьв. - ня чуў.

Адв. Гонігвіль: што лучыла Івашкевіча з Юдзеякам (Івашкевіч у дзень забойства спаў у хаце Юдзенка)? Можа Юдзенак быў канфідэнтам паліцыі?

Сьв. - я аб гэтым ня ведаю.

Абв. Астроўскі - ці былі агульныя паседжаньні ўсіх сяброў філіі Белар. Банку ў Глыбокім?

Сьв. - было адно.

Абв. Мятла - ці быў Старас. Паведамлены аб складзе гурткоў?

Сьв. - часткова быў.

Адв. Абрамовіч: ад каго сьведка даведаўся аб сходзе ў дню 29./ХІІ.1926 г. у Друі на якім быў Мятла?

Сьв. - ад Ласёнка, канфідэнта пал.

Адв. Прайс - сьведка казаў аб трох штабах, якія склаліся з тых самых асобаў. Чым сьведка тлумачыць гэтакую неасьцярожнасьць кіраўнікоў? Бо хіба-ж кожнаму ясна, што ў прыпадку ліквідацыі аднаго са штабаў - зьліквідаваліся-б і гэтым самым і два пазастаўшыяся?

Сьв. -ня ведаю.

Сьв. Антаневіч - ведае абв. Антановіча Алякс., які баў у Расеі аж да 1922 года. У Польшчу вярнуўся нелегальна. На сходах гуртка у в. Княгініне казаў аб арганізацыі Беларусі. Іншы сябра "Грамады" - Надбярэцкі нагаварваў сьведку, каб запісаўся ў "Грамаду".

Пракур. Калапскі - ці ня мелі вы спораў з грамадаўцамі?

Сьв. - меў, грамадаўцы падазравалі мяне, што я канфідэнт. Шэўчык меўся навет выдаць на мяне вырак сьмерці. Грошы на арганізацыі прыходзілі з Расеі.

Адв. Сьмяроўскі - скуль пан ведае аб грашох з Расеі, аб праектаваным забойстве пана і г. д.?

Сьв. - я даў слова не казаць, хто гэта мне гаварыў.

Адв. Сьмяроўскі: а пан жа прысягаў сказаць усё?

Сьв. - Ніколі гэтага не скажу.

Абв. Антановіч - сьведка казаў, што я быў да 1922 г. у Расеі, а ці не адбіралі вы ў мяне беспадстаўна ў 1920 г. пры бальшавіках зямлі, як ад гандляра, не працоўнага элемэнта? Сьведка прызнаецца, што адбіралі.

Сьв. Маліноўскі, канфідэнт, кажа аб Антановічу і нічога новага да справы ня ўносіць.

Сьв. Высоцкі Каз. абшарнік, кажа аб Антановічу, які быў актыўным грамадзістам. Сьведка няраз зьвяртаўся да Антановіча, каб ён сваю працу пакінуў і гразіў, што ў праціўным выпадку ён зробіць ўсё, што можа, каб Антановіча пасадзіць у турму.

Адв. Сьмяроўскі - ну і што ж зрабіу пан, што мог?

Сьв. - зрабіў.

Адв. Сьмяроўскі, - а што сьведка зрабіў?

Сьв. - гэтага ніколі не скажу.

Адв. Сьмяроўсхі - дык вольна мне дадумвацца, хто пан такі?

Сьв. - не адказвае.

Сьв. Коўшыц Сымон - быў войтам у Лябёдзкай гм. і заўважыў труднасьці пры спаганяньні падаткаў. Вінцук Салыга належаў да "Грамады" і арганізаваў гурткі на абшары гміны. У воласьць прыходзіла многа белар. газэтаў, але яны, на падставе распараджэньня старасты, зьніштажаліся.

Сьмяроўскі - усе беларускія газэты нішчыліся? Сьведка спахватываецца і кажа, што распараджэньне датычылася толькі газэтаў сканфіскаваных.

Сьв. Боровіч, пал. у кастрычніку зьявіўся да сьведкі нейкі чалавек, які цьвердзіў, што на адным сходзе гуртка ў Княгініне Антановіч казаў аб злучаньні ўсіх беларусаў і аб падатках, як і аб тым, што "Грамада" атрымлівае грошы ад Расеі. Дысцыпліна сярод грамадаўцаў была вельмі моцная.

Антановіч: ці чулі, як на ўсіх сходах казаў, што праца Грамады ёсьць легальнай?

Сьв. - Так.

Сьв. Толстыко Міхал - сам паведаміў паліцыю аб сходзе ў в. Жарах, на якім Антановіч казаў аб неплачэньні падаткаў. Прысутных па гэтым сходзе было каля 50 асоб.

Адв. Сьмяроўскі - ці сьведка ведае каго з тых, хто быў на гэтым сходзе?

Сьв. - не.

Адв. Сьмяроўскі - а дзе сьведка жыве?

Сьв. у в. Церашках, 9 вёрст ад Княгініна.

Сьв. Пугала кам. пал. Вялейскага пав. Вучань Белар. Гімназіі Хоўчык арганізаваў гурткі. На павятовым зьезьдзе ў Вялейцы, на якім быў прысутным і пасол Тарашкевіч, старшынёю пав. камітэту быў выбраны Антановіч. Заўважыў, што да Грамады ішлі і камуністы. У лютым 1927 г. атрымаў вядомасьць, што нейкая асоба прынесла з заграніцы 2.000 даляраў, з якіх Антановіч атрымаў 50, а рэшту павятовы камітэт Грамады.

Адв. Эттінгэр - на якую акцыю былі асыгнаваны гэтыя 2.000 дал. - на палітычную ці на шпіёнскую?

Сьв. - ня ведаю.

Адв. Сьмяроўскі - дзе знаходзіцца тая асоба, якая дала пану інфармацыі аб 2.000 даляраў?

Сьв. - На вольнасьці. З гэтае прычыны адв. Сьмяроўокі просіць Суд паклікаць гэтую асобу ў характары сьведкі. Суд адмаўляе, матывуючы сваю адмову тым, што гэта асоба ёсьць западозраная ў шпіёнстве і да выясьненьня пазастане на вольнасьці,

Адв. Сьмяроўскі пратэстуе проці гэтак далёка ідучага агранічэньня правоў абароны; тут у Судзе ёсьць канкрэтнае абвінавачаньне Антановіча ў атрыманьні грошы з заграніцы, там-жа, на вольнасьці, знаходзіцца асоба, якая можа высьветліць гэтую справу і якая ня можа быць паклікана на Суд дзеля таго толькі, што ў прышласьці можа быць арыштавана.

Свьведка сцьвярджае далей, што сябры "Грамады" плацілі даволі значныя сяброўскія складкі (ад 5-10 зл.). Здараліся выпадкі, што паасобныя сябры ўносілі і па 100 зл.

Абв. Акінчыц: ці ўдалося сцьвярдзіць, што гурткі ўтрымлівалі адносіны з бальшавіцкімі ўладамі?

Сьв. - Канкрэтнага нічога ня ведаю.

Акінчыц просіць Суд сцьвярдзіць, паказаньне сьведкі ў судзьдзі сьледчага, дзе ён выразна казаў, што бальшавікі выкідывалі грамадоўцаў ізноў да Польшчы.

Акінчыц - ці ўдалося пану выкрыць істнаваньне "bojówek" і аружжа ў грамадаўцаў?

Сьв - не.

Тарашкевіч: скуль сьведка ведае, што я быў на пав. зьезьдзе ў Вялейцы?

Сьведка - я гэтага ня ведаю.

Абв. Тарашкевіч просіць Суд зьвярнуць увагу на паказаньні такіх сьведак, якія аб фактах, ня меўшых ніколі месца, кажуць пэўна, што яны былі.

Сьв. Шадзінскі Ян - пал. быў на сабраньні ў в. Ліпках, на якім прамаўляў Антановіч. Ён каваў толькі аб белар. школах, асадніках, вялікіх падатках і патрэбе легальнае барацьбы за лепшую долю.

Сьв. Яцэвіч быў на сабраньні ў в. Гасьцілаўцах, на якім абв. Салыга чытаў праграму "Грамады". Была мова і аб мэтах, але сьведка не зразумеў, што гэта мае азначаць. Апрача гэтага, Салыга казаў аб патрэбе бел. школаў, падкрэсьліваючы адначасна, што ён не працуе за бальшавіцкія грошы, а толькі за свае.

Абв. Салыга, ці казаў я, што мы з камуністамі ня маем нічога супольнага, што трэба ісьці легальным шляхам, што трэба складаць дэклярацыі на бел. школу?

Сьв. Аб гэтым казаў. На сабраньні быў прысутны паліцыянт. Тое самае пацьвярджае і сьведка Субач.

Паказаньні сьведкаў Фэргэля Стан. і Мазуркевіча, пал. - ня цікавы.


29-ты дзень працэсу Грамады 12.IV.28 г.

Голас Працы №4, 25 красавіка 1928.

Сьв. Білевіч - Антановіч стараўся закладаць гурткі ва абшары Даўгінаўскае вол., але гэта яму не ўдавалася. Пад уплывам
агітацыі з Крывіцкае вл. перасталі ўплываць падаткі. З агітацыяй аб паўстаньні не спатыкаўся.

Адчытываюцца паказаньні сьведкаў Пацыны і Рудзя Васіля, з якіх першы восеньню 1926 г. бачаў Салыгу каля царквы сярод 10 асоб, прамаўляючага да іх, другі кажа аб Куліне-Куліноўскім, што ён імкнуўся да адарваньня Зах. Беларусі ад Польшчы і далучэньня да Усходняе.

Сьв. Грабоўскі Ян - паруч., чуў аб прыгатаўленьнях да паўстаньня ад падуладнага афіцэра. Мятла быў на сябраньні ў Чарапах, дзе сказаў, што гадзіны паўстаньня дакладна азначыць ня можна. Грамадаўцы "шпегавалі" і пад уплывам іх агітацыі павялічілася дэзэрцыя. На адным сабраньні апрацаваны плян, як апанаваць стражніцу...

Адв. Дурач: ці сьведка можа сцьвердзіць, што ўсе, якія шпіёнілі, належылі да "Грамады"?

Сьв.: гэтага сцьвердзіць не магу.

Дурач: а ці дэзэртыравалі толькі беларусы?

Сьв. Не, палякі таксама, але беларусы больш.

Абв. Мятла - калі я быў у Чарапах?

Сьв. Ня ведаю.

Мятла: асьвядчаю, што ў гэтай вёсцы я ні разу ня быў.

Сьв. Тамашэвіч Вац. пал., быў на сабраньні гуртка ў Гасьцілоўцах, на якім Салыга казаў аб беларускіх школах, аб арганізацыі і аб нейкіх межах; успамінаў і аб самастойнай Беларускай Дзяржаве.

Ясюкевіч, солтыс, быў таксама на сабраньні ў Гасьцілоцах. Чуў, як Салыга казаў аб межах. яле не зразумеў гэтага; аб Незалежнай Беларусі Салыга нічога не казаў.

Сьв. Падліпны - пал. кажа, што Салыга скончыў камуністычную школу, але ня ведае, дзе і калі. Абарона ўстанаўляе, што Салыга скончыў 6 месячную тэхнічную школу ў Расеі.

Сьв. Каштан Янка быў на сабраньні ў Гасьцілоўцах. Салыга казаў аб бел. школах.

Салыга: а ці казаў я, што, калі мы скасуем межн на палях і пяройдзем на хутары, дык будзем лепей жыць?

Сьв. - Так. гэта казаў.

Сьв. Матэрка, канфідэнт - сачыў грамадаўцаў на абшвры Лябядзкае вол. Аб Салызе ведае, што ён ангажаваў сяброў да "Грамады". Настрой у воласьці быў няпрыхільны да Польшчы.

Адв. Эттінгар: у чым вяяўлялася гэтая няпрыхільнасьць?

Сьв.-ня ведае.

На пытаньні прак. Калапскага сьведка адказвае, што камуністы - Руды Сымон і Мацюк былі ў урадзе гуртка ў в. Малышох.

Абв. Салыга: асьвядчаю Высокаму Суду, што Мацюк і Руды сябрамі Грамады ня былі і што ў Малышох ніякага гуртка ня было.

Сьв. МахэцкІ. пал., кажа, што ў сувязі з арганізацыяй у 1926 г. "kółek PPS" Салыга, ня пытаньне сьведкі, што ён аб гэтым думае, адказаў: усё гэта глупотва, лепей узяць у рукі карабін. Салыга мянаваўся старастам. Дамагаўся беларускіх школаў, мець іх было вельмі многа.

Тарашкевіч: колькі беларускіх школаў ёсьць у панскім павеце? Сьведка не адказвае. Тарашкевіч паўтарае ізноў тое самае пытаньне па-беларуску.

Сьведка: nie rozumiem.

Тарашкевіч: як жа пан, не разумеючы беларускае мовы, можа казаць што гаварыў Салыга?

Сьведка - Trochę rozumiem.

На пастаўленае ізноў Тарашкевічам тое самае пытаньне папольску сьведка маўчыць.

Тарашкевіч: калі-ж мы скончым гэтую камэдыю?

Старшыня Суда: "milcheć, wyprowadzić gp do więzienia".

Тарашкевіч забірае свае нататкі і выходзе, тлумачучы, адначасна, што ён сказаў гэта адносна сьведкі, а ня Суда.. Па выхадзе Тарашкевіча ўстае абв. Бурсэвіч і просіць вывесьці і яго. Падчас задаваньня абаронай пытаньняў сьведцы, усе падсудныя ўстаюць са сваіх месц. На загад старшыні Суда "siadać" - ніхто не садзіцца.

Старшыня перарывае паседжаньне. Камэндант варты зрабіу трывогу. З бакавых дзьвярэй улятае многа ўзброеных паліцыянтаў, якія акружаюць абвінавачаных і выдаляюць публіку з салі. Трывожны настрой панаваў у працягу ўсяго перарыву, які цягнуўся добрых паўтары гадзіны.

Абаронцы выбралі з пасярод сябе дэлегацыю ў складзе праф. Пятрусэвіча, адв. сэн. Крыжаноўскага і адв. Гонігвіля, якая канфэравала пачарадзе з Судом і абвінавачанымі. Памалу інцындэнт ліквідуецца і пасяджаньне Суда аднаўляецца ізноў, прыблізна каля гадз. 4.

На лаўках абвінав. ня відаць Тарашкевіча і Бурсэвіча. Праф. Пятрусэвіч ад імя абароны просіць Суд спыніць сяньняшняе паседжаньне дзеля агульнага змучаньня. Адв. Гонігвіль, апрача гэтага, просіць Суд паклікаць на наступны дзень абв. Тарашкевіча і Бурсэвіча. Суд згаджаецца.


30-ты дзень працэсу Грамады 13.IV.1928 г.

Голас Працы №4, 25 красавіка 1928.

Сьв. Сасноўсні пал. канфідэнт Лідзкага павету. На пав. сьезьдзе гурткоў пав. старшынёю выбраны быў Салыга, які імкнуўся да адарваньня Зах. Беларусі ад Польшчы, а Усходняе ад Расеі і стварэньня з іх Незалежнае Дзяржавы Беларускае. Некаторыя сябры "Грамады" вялі камуністычную дзеяльнасьць і былі за гэта арыштаваны, як напрыклад Мацюк Сымон, Пракаповіч і іншыя. Па ліквідацыі выясьнілася, што Цэнтральны Сэкр. Грамады меўся ўзяць у свае рукі кіраўніцтва бел. рэвал. Рухам. Выясьнілася гэта са знойдзенага лісту да Цэнтр. Сэкр. падпісанага лічбай, якраз адпавядаючай нумару сяброўскае легітымацыі абв. Крупіцы, які быў старшынёю гуртка. Чуў аб маючым быць на вясну паўстаньні і аб 30.000 войска, якое дапаможа паўстанцам. Абарона выясьняе, што ліст аб якім сьведка гаворыць, змяшчаў толькі пратэст проціў арыштаваньня паслоў Мятлы і Валошына.

Адв. Бабянскі - ці і каталікі належалі да "Грамады"?

Сьв. - так.

Рак-Міхайлоўскі - скуль сьведка ведае аб паўстаньні і аб 30.000 войска?

Сьв - "prowaddziłem badania" і больш нічога не дадае.

Сьв. Шаўлюк пал., кажа аб Шымковічу, які арганізаваў сабраньні ў Ліпеішках і меўся быць старастам. Гурток у гэтай вёсцы залажыў Рак-Міхайлоўскі.

Абв. Рак-Mix. - калі быў арганізаваны гурток у вёсцы Ліпнішках?

Сьв. - 16.IV.26 г.

Рак-Mix. - асьвядчае, што гурток у Ліпнішках быў з'арганізаваны без яго i што ён прыяжджаў у гэтую вёску ўжо падчас існаваньня там гуртка.

Сьв. Сальмонскі В., пал., з гм. Радашкоўскае. Чуў аб тым, што грамадаўцы дамагаліся падзелу зямлі, зьбіралі грошы на палітычных вязьняў, трэбавалі белар. школаў. Сябры Грамады ахвотна, прыймаліся заграніцай. Меў ведамасьці аб тым, што Р. Астроўскі, будучы ўлетку 1925 г. у Уласава, спатыкаўся там часта з жыхаром в. Чарамісаў, Віткоўскім, бальшавіцкім шпіёнам. Спатканьні адбываліся ў кустах, каля афіцыны, у якой затрымліваўся Астроўскі. Віткоўскі быццам даручыў тут Астроўскаму грошы на віленскую гімназію i камуністычную агітацыю. Сябры Грамады атрымлівалі газэты бясплатна.

Адв. Эттінтэр - ці сьведка сам бачыў, як Астроўскі атрымліваў грошы ад Віткоўскага?

Сьв. - не, бачылі іншыя, але я пазнаў Віткоўскага па апісах.

Абв. Астроўскі - ці сьведка таксама казаў i ў судзьдзі сьледчага?

Сьв. - не. Астроўскі - a матэрыялы проці мяне ўжо меў?

Сьв. - меў...

Вытлумачыць аднак-жа, чаму казаў інакш ня можа.

Абв. Рак-Міхайлоўскі - сьведка казаў, што газэты атрымліваліся бясплатна. A ці ведама сьведцы, што некаторыя сябры акуратна плацілі за газэту? (пры гэтым падае прозьвішчы многіх сяброў з Радашкоўскае гм. плаціўшых акуратна грошы за падпіску).

Сьв. - не, ня ведаю...

Адв. Эттінгэр - ці абітурыенты беларускіх гімназіяў мелі даступ на віленскі ўнівэрсытэт?

Сьв.-ня ведаю.

Абв. Акінчыц просіць Суд прыняць 150 зл. на накліканьне вельмі важнага для яго сьведкі Гірша.

Сьв. Масюлевіч Я., паруч, паказвае пры зачыненых дзьвярох.

Сьв. Ціхоцкі, пал. - Грамада заклікала да закладаньня гурткоў, "масова" ўсувала солтысаў i вучыцялёў, імкнулася да злучэньня з Усходняй Беларусьсю. "Масова" распаўсюджывалася падбураючая да адарваньня ад абшарнікаў зямлі літэратура. "Масова" палілі стадолы. Сябры камуністычнае партыі належалі да кіраўнікоў. Абв. Куліна-Кулікоўскі ўстанавіў сувязь з Расеяй, але пры дапросе да гэтага ня прызнаўся. Сябра "Грамады" Ігнатовіч Барыс меўся быць маладэчанскім старастай. Абітурыентам белар. гімназіяў былі выдаваны, апрача дакуманту аб сканчэньні гімназіі, - пропускі заграніцу. Бальшавікі прыймалі толькі тых, якія гэтакія пропускі мелі; тых-жа, якія ня мелі, выкідывалі ізноў у Польшчу, як напрыклад нейкую Смалонскую Марыю. Выдачэй пропускаў займаўся Астроўскі разам з цяперашнім паслом Гаўрылікам. 19.ІХ.26 г. адбыўся пав. зьезд гурткоў у Маладэчне, на якім была абгаварывана арганізацыя "bojówek" i заклікана люднасьць да ўступленьня ў "Грамаду". Ігнатовіч атрымаў пазычку з Бел. Банку ў высокасьці 180 даляраў. Рэвізія ў белар. гімназіі ў Радашкавічах нічога не дала, знойдзена толькі многа грамадаўсхае літэратуры. Менск быў базай для прышлага паўстаньня.

Абарона засыпае сьведку пытаньнямі, па якіх выясьняецца, што анічога "масовага" нідзе ня было. Толькі ў адным выпадку люднасьць зьвярнулася да інспэктара, каб звольніў неадпаведную вучыцельку, ды ў іншай зноў вёсцы выбрана новага солтыса. Пры рэвізіі ў бел. гімназіі ў Радашковічах знойдзена ў бібліятэцы "Прамовы паслоў" і "Нашу Справу".

Адв. Эттінгэр: скуль пан ведае, што Астроўскі выдаваў прапускі ў Менск?

Сьв. - ведаю гэта ад быўш. вучня Талстова (у наступных справаздачах выясьніцца, што такога вучня ніколі ня было), які сядзеў за некалькі дзён перад адасланьнем яго з Расеі з нейкім Янчуковічам, б. вучнем бел. гімназіі, які хутка быў звольнены, дзякуючы таму, што меў гэтакі пропуск.

Адв. Эттінгэр - зачым-жа быў выдаваны гэтакі кампрамітуючы дакуманг, калі можна было даць добрую апінію проста на цэнзурцы вучнёўскай? Як пан гэта выясьняе?

Сьведка - замінаецца.

Старшыня Суду Аўсянка - ўхіляю гэта пытаньне.

Адв. Эттінгэр - прашу Суд запратакалаваць мае пытаньне.

Рак-Міхайлоўскі: сьведка казаў, што камуністы займалі важныя становішчы ў "Грамадзе". Можа сьведка вылічыць некалькі прозьвішчаў гэных камуністаў?

Сьв. Ігнатовіч. Пятровіч.

Рак-Міхайлоўскі - a ці ведама сьведку, што ён цяпер выбраны войтам i што стараста яго зацьвярдзіў?

Сьв. - вядома...

Далей сьведка кажа, што ў Паставах на мітынгу, скліканым Тарашкевічам, была вынесена гэткая рэзалюцыя ў форме пытаньняў: "Ці хочаце служыць у войску? не; ці хочаце плаціць падаткі? не; ці хочаце скасаваць паліцыю? хочам. Гэткае сфармуляваньне рэзалюцыі вельмі зьдзіўляе усіх, асабліва абарону i выклікае асьвядчэньне Тарашкевіча, што на мітынгу гаварылася толькі аб зьмяншэньні войска, паліцыі i падаткаў, адпаведная ж рэзалюцыя надрукавана ў газэтах i зьмест яе можна лёгка спраўдзіць...

Сьв. Лукоўскі Ян, пал. кажа аб забойстве Івашкевіча, якое адбылося ў хаце Юдзенка, старшыні валаснога гуртка. Прычынай забойства было тое, што Івашкевіч выкрыў шпіёнскую шайку на карысьць бальшавікоў, правадыром якой быў нейкі Селянік. Забойства выканалі Юдзёнак i два Карніловічы - Янка i Дзям'ян, якія ўсе тры ўцяклі ў Paceю. Хадзілі пагалоскі, што бальшавікі абяцалі за забойотва Івашкевіча 3 - 4 тысячы рублёў.

Адв. Эттінгэр: ці Юдзёнак не працаваў у характары канфідэнта?

Сьведка ня памятае.

Адв. Эттінгэр просіць Суд сцьвярдзіць, што сьведка ў судзьдзі сьледчага казаў аб Юдзенку, як аб пэўным канфідэньце, які ўдаючы чыстага камуніста здраджаў адначасна камуністычны рух. Сьведка спраўдзіў гэта ў камэндзе паліцыі сам асабіста.

Дзеля гэтых прычын адв Эттінгер просіць Суд паклікаць паўторна сьв. Скальскага, які-б мог гэта сцьвердзіць. Суд не згаджаецца.

Далей ідзе цэлы рад сьведкаў у справе забойства канфідэнта Івашкевіча ў в. Сьцежцы. Усе яны як адзін, сцьвярджаюць, што забілі яго Юдзёнак i Карніловічы Янка i Дзям'ян, якія зараз-жа ўцяклі ў Расею.


31-шы дзень працэсу Грамады 14.IV.1928 г.

Голас Працы №5, 28 красавіка 1928.

Першыя сьведкі ў гэтым дні высьвятляюць у далейшым працягу справу забойства канфідэнта паліцыі Івашкевіча.

Сьведка Руцька Арына кажа аб папойцы, якая мела мейсца ў яе хаце за два дні да забойства Івашкевіча. На гэтай папойцы былі прысутнымі Казачонак Пётра, Карніловіч Марка, Кавалевіч, Юдзёнак i Івашкевіч. Усе пілі i закусвалі. Па папойцы Казачонак пачаў цалавацца з Івашкевічам. Адносіын паміж усімі былі вельмі добрыя. Калі ўжо усе былі вельмі п'яныя, яна, як гаспадыня, адправіла ix усіх па хатах.

Адв. Эттінгэр: - ці вас ня білі падчас баданьня ў паліцыі?

Сьв. - не, але толькі страшылі кіём.

Адв. Эттінгэр: ці чулі вы. што Івашкевіча меліся адаслаць у мяшку загранцу?

Сьв. - не, ня чула.

Сьв. Руцька Мікола - 10 год хлопец, сын Арыны, паказвае тое самае, што i матка.

Адв. Дурач - да якой школы ходзіш хлапчук - польскае ці беларускае?

Сьв. - польскае.

Сьв. Далідовіч Янка застаў труп Івашкевіча ў хаце Юдзёнка, ляжачы каля парога. Забіў яго Юдзёнак.

Сьв. Гарадзёнак Аўсей - даведаўся ад сваёй дачкі, што Юдзёнак i Дзям'ян Карніловіч хацелі пабіць Івашкевіча, якога ён кахаў, як роднага сына. Забойства зрабіў Юдазёнак дзеля таго, што Івашкевіч, будучы канфідэнтам паліцыі, перашкаджаў яму арганізаваць гурткі. Сцьвярджае, што абв. Казачонак Сьцяпан i Кавалевічы ніякага ўчасьця ў забойстве ня бралі.

Сьв. Гмырак Палагея пацьвярджае так-сама, што Івашкевіча забіў Юдзёнак. Нічога ня чула аб тым, што Івашкевіча меліся вывязьці ў мяшку заграніцу. Суд сцьвярджае супярэчнасьць паміж паказаньнямі сьведкі цяперашнімі i ў судзьдзі сьледчага, дзе яна казала, што чула аб "worku", сьведцы паказваецца яе ўласнаручная подпісь на пратаколе, зробленым у судзьдзі сьледчага. Выясьняецца, аднак-жа, што сьведка зусім ня пісьменная.

Сьв. Івашкевіч Пр. - матка забітага, ня ведае. хто забіў яе сына. Па забойстве даведалася ад нейкага Кухальскага, што забітага меліся вывязьці ў мяшку заграніцу.

Сьв. Івашкевіч Антон, брат, дадае, што абвінавачаныя ў забойстве Казачонак i Кавалевічы, разам з Юдзенкам пушчалі пагалоскі аб забойстве яшчэ за нейкі час перад 16 i 17.X.26 г. (дзень забойства Івашкевіча). Ад нейкага Лябецкага чуў, што брата забілі не чатыры, a дванаццаць асоб.

Адв. Эттінгэр сцьвярджае, што ў судзьдзі сьледчага сьведка гэтага не казаў i ніякіх прозьвішчаў не падаваў.

Сьв. Юдзёнак Алена кажа, што Івашкевіча забілі яе брат j Карніловічы Янка i Дзям'ян, якія ўсе тры ўцяклі ў Расею.

Адв. Гонігвіль, ці былы пасол Мятла прыяжджаў калі да брата пані?

Сьв. - гэтае прозьвішча я першы раз чую. Устаўшага са свайго места абв. Пасла Мятлу сьведка таксама відзіць першы раз.

Абв. Казачонак Пётра - кажа аб выпіўцы, якая адбылася ў хаце Арыны Руцькі. Абв. Казачонак абвязаў Івашкевічу невялікую раву, якую ён зрабіў сабе паваліўшыся п'яны на падлогу. Усе пяялі беларускія песьні.

Далей адчытваецца паказаньне сьведкі Людвіка Юхаевіча, які, седзючы ў ГПУ ў і Полацку, чуў як дапытвалі ўцёкшых з Польшчы Юдзенка i двох Карніловічаў. Усе трыі прызналіся, што забілі "сышчыка" i дзеля гэтага не маглі астацца ў Польшчы.

Сьведкі Лаўрыновічы Кузьма i Васіль, Малашонак і Міхальскі пацьвярджаюць паказаньні папярэдніх сьведкаў. Сьведка Лябецкі Антон чуў, але не ад грамадаўцаў, што Івашкевіча быццам меліся вывязьці заграніцу ў мяшку.

Ha гэтым канчаюцца сьведкі ў справе забойства канф. паліцыі Івашкевіча.

Сьв. Гэппэль канф. 3.ХІІ.1926 г. адбылася канфэрэнцыя ў Глыбокім, у якой прыймалі учасьце б. паслы Рак-Міхайлоўскі i Мятла. Быў і Лысёнак з Друі, канфідэнт, ад якога сьведка мае гэтыя інфармацыі. На канфэрэнцыі Мятла падчыркнуў, што мэтай "Грамады" ёсьць арганізацыя люднасьці i было абгаварваньне і залажэньне філіі Белар. Бааку ў Глыбокім. У студзені на абшары Докшыцкае воласьці выкрылі шпіёнскую арганізацыю Сяляніна. Падчас ліквідацыі "Грамады" знайшоў матар'ялы, кампрамітуючыя абв. Кавалёва. На абшары Тумілавіцкае вол. арганізаваў гурткі Юдзёнак, які ўтрымліваў кантакт з Расеяй, носячы лісты ад б. пасла Мятлы. Мятла быў адначасова ініцыятарам "bojówek", якія складаліся з камуністаў. Лік сяброў "bojówki" быў, праўда, не вялікі, ад 3 i да 7 чалавек. Сьведка лічыць Мятлу маральным выканаўцам забойства Івашкевіча. Меліся забіць i самаго сьведку. Сачыў Салагуба, вучня Віл. Бел. Гімназіі, якога арыштаваў, знайшоўшы ў яго кампрамітуючыя адозвы. На працэсе Салагуба б. пас. Тарашкевіч выступаў, як сьведка "odwodowy" (са стараны абвінавачанага). Сочачы за разьвіцьцём "Грамады" на абшары Маладэчанскага павету, пераканаўся, што галоўнымі арганізатарамі гурткоў тут былі камуністы. Ведае навет, што Цэнт. Сэкр. камуністычнае партыі ў Варшаве заклікаў усіх камуністаў да ўступленьня ў Грамаду. Другі вучань - Сідарковіч, - з'арганізаваў гурток у вёсцы Сяліцах у жніўні 1926 г. i на сабраньнях заклікаў сялян да арганізацыі i байкоту польскіх ўладаў. Меў інфармацыі i аб "akcji podpaleniowej", але ня сцьвердзіў, якое ўчасьце прыймалі тут сябры "Грамады". Усюды прысылалася шмат беларускіх газэтаў, ня раз ў адну воласьць па 300-500 экзэмпляраў. На адным сходзе хтосьці крыкнуў - "прэч з паліцыяй"! Грамадаўцы займаліся i шпіёнствам.

Адв. Гонігвіль: скуль сьведка ведае, што Мятла арганізаваў "bojówki"?

Сьв. - ад Івашкевіча.

Адв. Гонігвіль: колькі асоб было арыштавана за шпіёнства i колькі з пасярод ix аказалася грамадаўцаў?

Сьв. - я арыштаваў чалавек трыццаць, але колькі там было сяброў "Грамады" - ня ведаю. Выясьняецца, што галоўныя арышты за шпіёнства адбыліся яшчэ перад паўстаньнем "Грамады".

Абв. Тарашкевіч асьвядчае, што ў справе вуч. Салагуба ён выступаў у характары сьведкі, як дырэктар гімназіі, вучнем якое быў Салагуб, a не як абаронца, ніякіх спэцыяльных паказаньняў у гэтай справе ён не даваў.

Пa пытаньнях адв. Эттінгэра выясьняецца, што гурткі нічога супольнага з выкрытай шпіёнскай акцыяй ня мелі, бо Івашкевіч, ад якога паходзяць ўсе гэтыя інфармацыі, адкрыўшы шпіёнскую шайку, існаваўшую задоўга да паўстаньня "Грамады", i сьледаючы пасьля грамадаўцаў, нічога не заўважыў.

Адв. Гонігвіль просіць Суд сцьвярдзіць, што сьведка ў судзьдзі сьледчага нічога не падаваў з таго, што падае цяпер.

Сьв. Вінцук Дродз - б. пал., дапрашваў нейкага Ігната Залеўку, які казаў яму, што, арганізуючы гурткі, ён адначасна зьяўляецца i канфідэнтам паліцыі. Пасьля ж ліквідацыі прызнаўся, што арганізоўваў гурткі толькі па загаду паслоў. Мэтай "Грамады" было адарваньне Зах. Беларусі i далучэньне да Расеі. Партыйны білет быў адначасна пропускам ў Расеію. З заграніцы прыносіліся грошы, якія прыймаў Бел. Банк у Глыбокім. Грошы гэтыя дзяліліся паміж старшынямі гурткоў. Аднак не падаў прозьвішча таго, хто прыносіў грошы з Paceі. Сьведка таксама не сцьвярдзіў, ці ён ёсьць канф.

Цьвяткоў Пётра - вязень пал., прыехаў з Прагі Чэскае у 1926 г. З Тарашкевічам i наагул з Грамадой ня меў ніякае сувязі. Цяпер адказвае за сваю камуністычную дзеяльнасьць. Абарона задае пытаньні аб палажэньні беларускіх матурыстаў заграніцай, аб прычынах, якія змушаюць ix пакідаць сваю Бацькаўшчыну i шукаць вышэйшае асьветы заграніцаю.

Сьведка задавальняюча адказывае на ўсе пытаньні, змушаны паўтараць тое, што ўжо даўно ведама кожнаму беларусу.

Абв. Тарашкевіч выясьняе, што ён запраўды з Цьвятковым не спатыкаўся. Прыпамінае аднак-жа факт, што Цьвяткоў заходзіў да яго ў Варшаве і, не знайшоўшы пасла дома, пакінуў сваю картку. Гэта Тарашкевіч i меў на ўвазе, кажучы ў судзьдзі сьледчага, што ён спатыкаўся з Цьвятковым.

Сьведкі Аляйнічак i Штром - пал. вязьні, высьвятляюць паўстаньне лісты № 6 падчас выбараў да Віленскае мяйсцовае рады. Пачаткава ўсе прафэсыянальныя саюзы меліся выставіць адну лісту. Але дзьля таго, што не дайшлі да паразуменьня, культурна-асьвятовая камісія ўлажыла свой сьпісак.

Пар. Валігурскі сьведчыць пры зачыненых дзьвярох.

Кс. Хмялёў - пазнаеміўся з Астроўскім у Пінску ў 1919 г. у польска-амэрыканскім камітэце помачы галодным дзецям. У той час усе былі галодныя i аб ніякай палітыцы ня было мовы. Ад часу да часу прыяжджалі амэрыканскія кантралёры, як напрыклад Томсон, якія вельмі захопліваліся дзеяльнасьцю Астроўскага. Да польскага грамадзянства адносіны Астроўскага былі вельмі добрыя.

Сьв. д-р Бартэль знае Астроўскага з часоў польска-амэрыканскага камітэту, як добрага, сумленнага i чэснага працаўніка. Стан матэрыяльны ўсіх працаўнікоў камітэту быў вельмі добры, бо паборы былі высокія. Апрача гэтага, выплачваліся i дыеты.

Сьв. Ольга Гольдвайн - знае Астроўскага ад 1920 году, бальшавікі лічылі яго "буржуем".

Сьв. Абрамовіч Зыгм. - б. вуч. сэмін. дух. знае Астроўскага ад 1911 г. Ен быў закладчыкам белар. гімназіі ў Слуцку, у якую ўлажыў многа сваіх грошаў. Перад прыездам бальшавікоў уцёк да гэн. Дэнікіна, дзе быў афіцэрам. Жонка яго, каб ратавацца ад перасьледаваньняў, разьвялася са сваім мужам. Адносна палітычных пытаньняў Астроўскі казаў, што ў "Грамаду" ўлезла многа не беларусаў, што каб адносіны польскага ўраду да беларусаў былі лепшымі, то i беларусы былі б больш лёяльнымі. Сьведка лічыць Астроўскага беларускім нацыяналістым.

Сьв. Якобіні, з боку абв. Рака-Міхайлоўскага, знае яго як ідэйнага беларуса і добрага працаўніка - вучыцеля. Р.-Міх. арганізаваў Цэнтр. Школьную Раду, выражаў неаднакратна сваю поўную прыхільнасьць да польскага ўраду, уцякаў ад бальшавікоў, бо яны прасьледавалі яго за беларускую нацыянальную дзеяльнасьць. Ад супрацоўніцтва з палякаыі ніколі не адмаўляўся, доказам чаго зьяўляецца яго праца ў культурна-асьветнай сэкцыі Ваеннае Рады, створанай Пілсудскім. Міхайлоўскі ў гэты час перакладаў вайсковыя статуты на беларускую мову. Належаў да бел. с-д., якія вельмі прыхільна адносіліся да Польшчы.

Сьв Копц Каз. з боку абвінавач. Стоціка, як тэхнік мейскі, кватэраваў у Стоцікаў. Бацьха яго займаецца гандлем, хлопец яму памагаў. У доме Стоцікаў ніколі ня было ніякіх сабраньняў. Стоцік - скромны хлапец i ніколі ня быў кануністым.

Сьв. Каз Дзевятоўскі - таксама з боку абв. Стоціка, сцьвярджае, што абвінавачаны ніколі ня мог належаць да камуністычнае партыі. Стоцік вучыўся ў прав. духоўнай сэмінарыі. Сьведка вельмі зьдзівіўся, калі пачуў аб арышце Стоціка.

Сьв. Яноўскі Яз. - знае Стоціка і Сакалоўскага, як людзей рэлігійных. На сабраньні ў каапэратыве (ў Глыбокім 1.I.27 г.) ніякіх прановаў ня было. Скурка прачытаў толькі статут каапэратывы. Бел. Банк у Глыбокім даваў пазыкі i не грамадаўцам, як напр. Пашковічу i Г. Карзэвічавай.

Абв. Мягла - ці сьведка належаў да Т-ва Бел. Школы i ці плацілі складкі?

Сьв. - Так. Складкі зьбіраліся на будову бел. гімназіі ў Глыбокім. Запамога прыйшла i ад беларускіх эмігрантаў з Амэрыкі. Таргавалі дом пад бел. школу ў Дразда, але польскія ўлады прызналі яго за нягодны пад школу. Абв. Мятла - a што цяпер у ім знаходзіцца?

Сьв. - польская шкода.

Абв Мятла - a ці сьведка знае Пётру Гайна?

Сьв. - знаю, бо быў паданы кандыдатам на бел. вучыцеля, але інспэктар не зацьвердзіў дзеля недахвату кваліфікацыі.

Абв. Мятла - a цяпер дзе ён?

Сьв. - польскім вучыцелем.

Сьв Стэмпэль, пал. - рабіў рэвізію ў памяшканьні Астроўскага, дзе начаваў і Тарашкевіч (14 - 15.I.1927 г.). Знайшоў сьпіскі гурткоў, якія (сьпіскі) у яго прысутнасьці падпісаў Астроўскі дзеля таго, каб паліцыя не магла нічога дапісаць. Не памятае добра, ці пратакол рэвізіі быў напісаны ў памяшканьні Астроўскага, ці пасьля.

Далей дапытваюць сьведак з боку абв. Каўша i Бурсэвна. Коўш - чалавек рэлігійны, пагляды яго - антыкамуністычныя. Бурсэвіч - быў вучыцелям у Расеі. Каб адчыніць бел. школу, зьбіраў дэклярацыі, езьдзіў да інспэктара i далей. Агітацыі ніякае ня вёў i ніхто да яго ў в. Чамяры на аўтамабілю не прыяжджаў.


32-гі дзень працэсу

Сялянская Ніва №28(175), 5 траўня 1928.

Пачатак 32-га дня працэсу так-жа быў прысьвечаны забойству

Івашкевіча. Справа гэтая закончылася нарэшце адчытаньнем пратаколу аглядзінаў трупа. Экспэрт д-р Благашэўскі на падставе яго выказаў думку, што забойцаў Івашкевіча было некалькі чалавек.

Дапрашываліся так-жа прывезеныя з вастрогу: Цьвяткоў, Штрумпф, Алейнічак і Войтка, пасьля чаго адв. Петрусэвіч прасіў суд далучыць да актаў справы № 31 "Беларускага Дня", у якім забіты Гурын друкаваў свае ўспаміны аб Луцкевічу. Закончыўся дзень адчытаньнем пры зачыненых дзьверах паказаньняў Гурына.


33-ці дзень працэсу Грамады 15.IV.1928 г.

Голас Працы №6, 1 траўня 1928.

У далейшым цягу выступаюць сьведкі з боку абвінавачаных.

Сьв. Касмоўская, пасол на Сойм ад Вызваленьня, знае Тарашкевіча ад 1916 году. Цікавілася i часта гутарыла з Тарашкевічам аб беларускім руху. Абсэрвавала Тарашкевіча у Сойме ад яго першае прамовы. Рух беларускі з пачатку ішоў у згодзе з левымі польскімі партыямі, a сам Тарашкевіч імкнуўся да зьдзяйсьненьня справядлівых жаданьняў беларускага народу ў рамах польскае дзяржаўнасьці. Становішча Бел. Клубу
адносна зямельнае рэформы было такое-ж, як і "Wyzwolenia", за выняткам квэстыі асадніцтва. Пасьля таго, як Тарашкевіч згубіў надзею ў польскія ўрады, ён крыху зьмяніў сваю арыентацыю.

Судзьдзя Едзевіч: якія былі палітычныя жаданьні белар. пасольскага Клюбу?

Сьв. - Аб незалежнай Беларусі ніколі гутарыць ня прыходзілася, затое часта гаварылася аб культуральным разьвіцьці беларусаў, аб палепшаньні ix долі ў рамах польскае дзяржаўнасьці.

Адв. Смяроўскі - якія былі адносіны Бел. Пасольс. Клюбу да камуністычнае партыі?

Сьв. - Гэткія-ж, як i іншых левых польскіх партыяў.

Адв. Сьмяроўскі - якія былі адносіны польскіх правых партыяў да Бел. Пас. Клюбу?

Сьв. - варожыя i варожыя адразу. Усе прамовы Тарашкевіча ў Сойме - гэта скаргі на тое, што прадстаўнікі польскага народу ня хочуць зразумець справядлівых жаданьняў беларускага народу.

Адв. Пятрусэвіч: ці пані знала Луцкевіча?

Сьв. - знаю яго ад 1905 г., калі ён быў сябрам Бнл. Сацыялістычнае Грамады. Гэтая партыя нічым ня розьнілася ад Р.Р.S. Беларускі Музэй, заложаны Янам Луцкевічам, быў у значнай меры створаны пры дапамозе палякаў.

Адв. Сьмяроўскі - якое становішча адносна зямельнае рэформы займаюць іншыя беларускія партыі?

Сьв. - такое самае, як i "Грамада". Усе яны дамагаюцца скасаваньня асадніцтва. "Wyzwolenie" часта падпісвала інтэрпэляцыі Бел. Пасольскага Клюбу.

Адв. Бабянскі: - якое ўражаньне рабіў Тарашкевіч на паню, як палітычны дзеяч?

Сьв. - заўсёды лічыла i лічу Тарашкевіча за бел. патрыёта, ідэёўца чысьцейшае вады, які імкнуўся да палепшаньня долі свайго народу. Аб ніякай кар'еры ня можа быць мовы, бо Тарашкевіч часта наражаўся на небясьпекі. Тарашкевіч быў заўсёды беларусам заходняе культуры. Абмануўшыся ў сваіх надзеях жа польскія ўрады, не апускае рук, прыступае да арганізацыі масаў, каб шляхам самапомачы зьдейсьніць тое, чаго ня далі беларускаму народу польскія ўрады. Тарашкевіч, як i іншыя беларускія паслы, цяпер абвінавачаныя - гэта людзі заходняе культуры; ўсе яны ніколі не працавалі для асабістае карысьці.

Сьв. Др. Станкевіч Янка - пасол на Сойм, знае Луцкевіча ад 1909-10 г, як дзеяча на нацыянальным бел. груньце. З камуністамі ён ня меў нічога супольнага.

Адв. Пятрусэвіч - колькі выходзіць беларускіх часопісяў у Вільні?

Сьв - калі лічыць i палёнафільскія, выходзячыя натуральна за польскія грошы, дык лік іx даходзе да 13-15. Перад ліквідацыяй "Грамады" было ix менш. Усе беларускія партыі стаяць на груньце назалежнасьці Беларусі.

Адв. Пятрусэвіч: - ці Луцкевіч займаўся палітыкай?

Сьв. - у апошнія гады - не; працаваў толькі на ніве культурнага адраджэньня народу.

Далейшы працяг гэтага дня падамо ў наступным нумары.


Голас Працы №7, 5 траўня 1928.

Далейшы працяг 33-га дня працэсу Грамады.

Сьв. Тугутт - б. віцэ прэм'ер, - пазнаў Тарашкевіча ў 1922 г. Агульную ўвагу Тарашкевіч зьвярнуў на сябе сваей першай соймавай прамовай, у якой падкрэсьліў, што ён зьяўляецца беларусам і што імквецца да злучэньня падзеленае Беларусі ў адно цэлае. Прышлая палітычная будова Беларусі мелася адбыцца ў рамах польскае дзяржаўнасьці. Сьведка добра памятае i другую прамову Тарашкевіча, скіраваную проціў прапазыкі эндэка Гломбінскага, якая мелася пазбавіць меншасьці права галасаваць у справе некаторых важных актаў публічных. Прамова Тарашкевіча, ў параўнаньні з прамовамі некаторых польскіх паслоў, навет з "Вызваленьня" была вельмі лагодная. Тарашкевіч часта зьвяртаўся да сьведкі, за часоў Вітаса, з просьбамі аб інгэрэнцыі ў розных важных справах. Інгэрэнцыі ня мелі ніякага выніку. У пэрыядзе языковых законаў сьведцы прыходзілася гутарыць на гатую тэму з Тарашкевічам, які падчыркнуў, што, хаця языковыя законы паводле яго перакананьня i ня будуць, ніколі зьдзейсьнены ў жыцьці, але яны зьяўляюцца ўсё-ж такі "progresem" (поступам). Спадзяючыся ўвесь час, што Польшча зразумее справядлівыя жаданьні беларускага народу, Тарашкевіч горка жаліўся пасьля. у 1925-1926 г., калі пераканаўся, што ўсе польскія ўрады на нішто пазытыўнае адносна беларусаў здабыцца ня могуць. Больш-менш у гэтым-жа часе разыходзяцца шляхі "Вызваленьня"' i Беларускага Пасольскага Клюбу; Тарашкевіч істотна быў у правох, кажучы, што языковыя законы нічога не дадуць; бо ўскорасьці, не адчыніўшы ані воднае беларускае ўрадавае школы, польскі ўрад пазачыняў усе існаваўшыя.

Адв. Бабянскі - якое ўражаньне рабіў на пана б. пас. Тарашкевіч?

Сьведка - б. пасол Тарашкевіч заўсёды кіраваўся ў сваей працы ідзевымі i шляхотнымі пабудкамі. Тарашкевіч - гэта беларускі патрыёт чысьцейшае вады. Тарашкевіч працаваў толькі дзеля свайго народу; уласная карысьць i кар'ера для яго не існавалі.

Старш. Суду Аўсянка - пан казаў, што ўсе белар. школы былі пазачыняны. Можа былі дзеля гэтага праўныя падставы?

Сьведка - не, праўных падстаў ня было. Гэта была проста сьвядомая і абдуманая акцыя. Праўда, для публікі гэты факт тлумачыўся тым, што беларускае вучыцельства быццам ня мае кваліфікацыяў...

Старш. Суду Аўсянка. - Калі белар. школы былі зачынены, дык, значыцца яны i адчыняліся?

Сьведка - не, гэтыя ўсе школы былі адчынены падчас нямецкае акупацыі.

Пракур Раўзэ - пан казаў, што дарогі "Вызваленьня" i Беларуск. Пасольск. Клюбу разыйшліся. Як гэта трэба разумеці?

Сьведка - з пачатку Беларускі Пасольскі Клюб і польскія левыя партыі ішлі больш-менш адной дарогай. Помню навет факт, калі беларускія паслы, яшчэ ня згубіўшы надзеі ў Польшчу, падтрымалі ўрад ген. Сікорскага. Але хутка прышлося ім расчаравацца, у выніку чаго Белар Пасольскі Клюб значна пахіліўся ўлева. Мушу аднак жа сцьвердзіць, што ані Тарашкевіч ані наагул усе паслы з Белар. Пасольскага Клюбу ніякае акцыі антыдзяржаўнае не вялі. У ix яшчэ ня выгасла зусім вера ў Польшчу.

Адв. праф. Пятрусэвіч - ці пан знае абв. Луцкевіча?

Сьведка. - Луцкевіча я пазнаў у тым-жа часе, калі і Тарашкевіча. Бліжэйшых адносінаў з ім ня меў. Памятую аднак жа факт, якт сьведчыць аб Луцкевічу, як аб палітыку, які не адмаўляўся ад супрацоўніцтва з палякамі: калі быў заложаны Інстытут Усходніх Земляў i Луцкевічу было запрапанавана супрацоўніцтва ў ім, то ён не адмовіўся.

Сьв. Юндзілл - праф. Віленскага Унівэр., знае Луцкевічаў, як арганізатараў белар. музэю. Асабліва адзначыўся Янка Луцкевіч. Усе, што ён сабраў, было вынікам яго асабістае працы, было яго ўласнасьцьцю, якую ён аддаў на публічнае карыстаньне. Абодва браты жылі вельмі скромна, навет у нэндзы.

Адв. Гонігвіль - якія адносіны былі паміж беларусамі i палякамі падчас нямецкае акупацыі?

Сьв. - адносіны ня былі зусім добрыя, але варожых актаў ня было.

Сьв. Выгодзкі - пасол на Сойм, знае Луцкевіча ад 20 гадоў. Яшчэ за царату ўсе меншасьці стварылі адналітую арганізацыю, у склад якой ўваходзілі i браты Луцкевічы. Сьведка памятае ix, як беларускіх нацыяналістаў, дбаючых перадусім аб падняцьце культуры свайго народу. За ўвесь гэты час сьведка не спасьцярог ані яднаго факту, які б сьведчыў аб тым, што Луцкевічы імкнуцца да асабістае карысьці. Больш-менш каля 1922 году Ан. Луцкевіч зусім адыйшоў ад палітыкі, аддаўшыся выключна працы культуральнай. He кандыдаваў навет у выбарах у Сойм 1922 г., хоць ведаў, што напэўна прайшоў бы.

Рак-Міхайлоўскі - ці пан пасол не памятуе, які ўдзел прыймаў я ў арганізацыі паходу да Лукішак у 1926 г.?

Сьведка - памятуе. Палітычныя вязьні аб'явілі галадоўку, прычынаў якой ня ведаю, бо ўжо забыўся. Я i б. пас. Рак-Міхайлоўскі выступілі тут толькі, як пасярэднікі, з мэтай спыніць гэтую галадоўку.


Сялянская Ніва №28(175), 5 траўня 1928.

Дапрос сьведкаў з боку абвінавачаных.

(Трыццаць трэці дзень працэсу 16 сакавіка).

Толькі з 33-га дня гэтага вялікага працэсу пачынаецца дапрос сьведкаў з боку абвінавачаных.

Пасланка ад "Вызваленьня" Касмоўская, між іншым гаворыць, што першае выступленьне Тарашкевіча ў Сойме, па экспзэ прэм'ера Сікорскага, сьведчыла аб лёяльных адносінах да польскай дзяржаўнасьці і аб шчырым імкненьні да супрацоўніцтва дэмакрацыі абодвых народаў. У прамове чулася чаканьне зьдзейсьненьня "віленскай адозвы" галоўнага павадыра і абяцанак папярэдніх урадаў. З часам, вынікам нездаваленьня культурна-нацыянальных патрэбаў Беларускага Народу, выступленьні Тарашкевіча ў Сойме мелі што-раз больш разачараваньня. Адносіны польскай правіцы былі вельмі варожыя. Тарашкевіча лічу беларускім патрыётам, які імкнецца да направы долі свайго народу. Сябе-ж Тарашкевіч лічыў Беларусам, выгадаваным у польскай культ.

Былы міністар Тугут зазначае, што ў 1922 годзе Беларусы радаваліся са здабыцьця Палякамі незалежнасьці. Правадыры Беларусаў былі пэўнымі, што ў польскай дзяржаве будуць магчы вясьці культурна-нацыянальную працу.

Далей гаворыць, пас. Гломбінскі. Цьвердзіў, што прадстаўнікі Беларусаў не павінны браць удзелу ў дзяржаўных актах, на што Тарашкевіч адказаў, што ўсе пытаньні, якія парушаюцца ў Сойме маюць характар дзяржаўных актаў і ён, як прадстаўнік беларускага Народу, мае абавязак учасьця ў гэтых актах. Расчараваньне Тарашкевіча вынікла з незаспаканьня урадам інтэрвэнцыі яго ў справе скасаваньня 4 пасадаў вучыцяляў у Віленскай Беларускай Гімназіі. Пры апрацоўваньні языковых уставаў Тарашкевіч ня верыў, каб яны прынясьлі якую-колечы радыкальную зьмену. У часе 1924-1926 гадоў у Беларускім Народзе зазначылася горыч і жаль вынікам асобных польскіх палітычных пачынаньняў. Тарашкевіч быў ідэйным чалавекам. На падставе языковых уставаў беларускія школы скарэй былі зачынены чым адчынены, бо з ліку адчыненых пры нямецкай акупацыі 200 беларускіх школ асталося каля 20. Беларускаму вучыцельству адмаўляна ў кваліфікацыях. Ніводзін з учасьнікаў курсаў для беларускіх вучыцяляў у Кракаве ня быў вызначаны вучыцелем у беларускай школе. З размоваў з міністрамі і сам, як віцэ-міністар, Тугут сцьвердзіў, што была пляновая і сьведамая акцыя ў нішчэньні беларускага школьніцтва польскім урадам.

А. Луцкевіч ня ўнікаў супрацоўніцтва з Палякамі. Беларускі Пасольскі Клюб спачатку ішоў з польскаю дэмакрацыяй. Пазьней, дзякуючы незрэалізаваньню беларускіх дамаганьняў, да якіх урад не шкадаваў абяцанак, радыкальны кірунак узяў верх. Бунтарскай акцыі ні Тарашкевіч ні клюб не вялі. Пастанова аб залажэньні беларускай вучыцельскай сэмінарыі ня была выканана.

Праф. Юндзіл гаворыць аб братох Луцкевічах, як працаўнікох на культурнай ніве.

Пасол Выгодзкі падчырківае, што абодва Луцкевічы былі нацыяналістымі. Беларуская школа, мова, лемантар - гэта галіны іх дзейнасьці. Луцкевічы ня былі кар'ерыстымі, бо часта ня мелі чым плаціць за абед. А. Луцкевіч пасьвяціў сябе культурнай працы і барацьбе за нацыянальныя правы.

Ксёндз Мілёх і д-р Бартэль гавораць аб Астроўскім, як аб чалавеку добрай апінніі.

Абрамовіч З. характэрызуе Астроўскага, як беларускага нацыяналістага і падчырківае, што Астроўскі скардзіўся яму на тое, што ў "Грамаду" ўвайшоў небеларускі элемэнт.

Пасол Я. Станкевіч у сваім паказаньні падчырківае, што А. Луцкевіч зьяўляецца піанэрам і кіраўніком нацыянальнага беларускага руху.


34-ты дзень працэсу Грамады 17.III.1928 г.

Голас Працы №7, 5 траўня 1928.

У гэтым дню даюць паказаньні сьведкі са стараны абв. Лабунькі, Варанковіча, Карніловіча i Кавалёнка.

Сьв. Кузьміч - кажа, што Лабунька нікога ніколі ў Расею не выпраўляўся. Усе падаткі абвінавачаны плаціў акуратна і ніякае проціў падатковае агітацыі ня вёў. У ix воласьці сам войт прысвайваў сабе заплачаныя падаткі, a пасьля спаганяў другі раз. За гэта яго засудзілі навет на 400 зл.

Сьв. Юхневіч - з боку абв. Г. Антановіча. Абвінавачаны не належаў навет да "Грамады", куды яго ня прывялі, лічучы за панскага канфідэнта, бо ён працаваў у маёнтку.

Сьведкі Карніловіч, Целік, Паўлаўскі, Юзэнка, Петрашонак з боку абв. Карніловіча i Кавалёнка сьведчаць, што абвінавачаныя ў дню забойства канф. Івашкевіча знаходзіліся дома i нікуды не адлучаліся. Паказаньні іншых сьведак, кароткія i асьвятляючыя тыя-ж самыя факты, ня цікавы i не надаюцца да справаздачы.


35-ты дзень працэсу Грамады 18.IV.1928 г.

Голас Працы №9, 12 траўня 1928.

У далейшым цягу выступаюць сьведкі са стараны абвінавачаных Рак-Міхайлоўскага, Мятлы, Астроўскага i Луцкевіча.

Сьв. А. Тамашэўская з боку абв. Шнаркевіча бачыла яго ад рана i да вечара заўсёды ў кавцылярыі за працай (Вялікая вул.Цэнтр. Сэкр. Гр.). Сабраньняў у яго ніколі ня было.

Сьв. А. Ходзька - служачая Р.-Міхайлоўскага сцьвярджае, што пасол у часе сваёй хваробы ў сакавіку 1926 г. нікуды не выяжджаў са сваёй кватэры ў Вільні (Вастрабрамская, 7). Таксама i да хворага, апрача мацеры з вёскі ніхто не прыяжджаў. Р.-Міхайлоўскі жыў вельмі скромна i ніколі не пазваляў сабе непатрэбных грошавых выдаткаў.

Сьв. Я. Капуста сял. Язьненскае вол. прыходзіў у дню 29.XII.26 г. да Мятлы, які ў той час знаходзіўся дома, у в. Кухнінцы і нідзе не выяжджаў. Іншыя сябры аднасілі Мятле ў гэты дзень сяброўскія складкі. Ніякіх прамоваў Мятла ня меў. Сьведка таксама ня чуў, каб з білетам Грамады прыймалі заграніцай.

Абв. Мятла - ці сьведка выпісваў газэту і ці плаціў за яе грошы?

Сьв. - выпісваў i плаціў.

Сьв. Ганебны - з боку абв. Мятлы прыяжджаў да яго таксама 29.XII з в. Касабук: i купіў у б. пасла белар. каляндар. Мятла казаў, што можна дамагацца беларускае школы, але дзеля гэтага трэба сабраць адпаведны лік падпісаў, якія мусяць быць пасьведчаны войтам. Ніякіх гутарак аб тым, каб не плаціць падаткаў, ня было; ня было таксама апору проці камасацыі (пераходу на хутары).

Сьв. Краська А. - з боку абв. Мятлы, таксама, як i папярэднія сьведкі, прыяжджаў да пасла ў дню 29.XII.26 г. Купіў каляндар i прасіў выясьненьня, як трэба складаць дэклярацыі на бел. школу. На хутары сяляне ішлі і ідуць ахвотна. Сябры гурткоў плацілі па 1 злотаму ў месяц.

Сьв. Маслоўскі Я. - з в. Плігавак, прыяжджаў да Мятлы на чацьверты дзень Каляд i даручыў яму ў гэты-ж дзень 18 зл., сабраных сялянамі на будоўлю беларускае гімназіі ў Глыбокім. Гурток у ix вёсцы выпісваў газэту, за якую акуратна плаціў падпісныя грошы. Падчас ліквідацыі камэндант пал. забраў разам з іншымі паперамі i сабраныя складкі, дзеля чаго выйшла затрыманьне з высылкай грошаў ў рэдакцыю.

Прак. Раўзэ - ці казаў Мятла, што сяброўская легітымацыя зьяўляецца адначасна i пропускам у Расею?

Сьв. - не, не казаў.

Мятла - a што я казаў па поваду ўцечкі ў Расею аднаго селяніна, які пабаяўся месячнага арышту ў Польшчы?

Сьв. - вы казалі, што ён дрэнна зрабіў, што ўцёк.

Сьв. Самайловіч, ксёндз, знае абв. Каўша ад пачатку 1920 г" калі абодвы былі ў Майкопе. Коўш ніколі ня быў ані камісарам, ані камуністым. Быў нават за нешта, арыштававы бальшавікамі і прасядзеў у турме два месяцы. Выехаў з Расеі дзеля таго, што яму не падабаўся бальшавіцкі рэжым.

Хамінскі. - б. пасол на Сойм, ад Вызваленьня - сьведка з боку абв. Тарашкевіча. Запазнаўся з ім 20 гадоў назад, калі абодвы былі вучнямі аднае гімназіі. З палітычнай дзеяльнасцю Тарашкевіча спаткаўся ў часе, як тварыўся ўрад "Litwy Środkowej" (гэн. Жэлігоўскага). Сьведка называе гэты час шчасьлівым, бо тады яшчэ ўсе меншасьці арыентаваліся ва Польшчу i спадзяваліся што Польшча здаволіць ix мінімальныя жаданьні. На гэтым-жа груньце стаяў i абв. пасол Тарашкевіч, які таксама імкнуўся да палепшаньня долі свайго народу ў рамах польскае дзяржаўнасьці. Тарашкевіч у той час асабліва інтарасаваўся белар. школьніцтвам. Добрыя адносіны паміж нац. меншасьцямі i польскімі левымі партыямі не сапсаваліся навет i ў 1922 г., падчас выбараў у Сойм. У першай-жа сваей соймавай прамове Тарашкевіч падкрэсьліў, што Бел. Пас. Клюб прадстаўляець у Сойме беларускі народ у Польшчы. Праграмы Бел. Пас. Клюбу i "Вызваленьня" амаль што ня розьніліся. За найгалаўнейшую розьніцу сьведка лічыць тое, што Бел. Пас. Клюб стаяў на груньце народным, Вызваленьне-ж - клясовым. Спачатку, пакуль яшчэ беларускіе паслы ня страцілі веры ў Польшчу, яны ўсе стаялі па груньце глыбока дзяржаўным. Сьведчыць аб гэтым некалькі фактаў як напр. - той, што Бел. Пас. Клюб падтрымаў урад Сікорскага, які многа чаго абяцаў беларусам. Сталася, аднак-жа, усё наадварот i дзеля таго, што польскія ўрады абяцалі многа, але не датрымалі нічога, Тарашкевіч, як i ўсе іншыя беларускія паслы, што раз то больш губляў надзею ў польскія вярхі. Ніколі ня зрываючы з польскай дзяржаўнасьцю, Тарашкевіч, па страце надзеі, атрымаць штось зьверху пачаў імкнуцца, у рамах гэтае-ж дзяржаўнасьці, шляхам арганізацыі, шляхам самапомачы, дабіцца зьдзейсьненьня жаданьняў беларускага народу. Дзеля гэтае мэты i была аснована ўлетку 1926 г. палітычная партыя - "Грамада", першым заданьнем якой было дабіцца беларускіх школаў, якія польскі ўрад зусім дашчэнты зьнішчыў. Абсалютнае няверы ў польскія ўрады ўсё-ж такі і ў часе існаваньня "Грамады" ня было. Відаць гэта з прамоваў Тарашкевіча ў Сойме, якія мелі ўсьцяж характар даволі лагодны.

Адв. Бабянскі - якое ўражаньне рабіў Тарашкевіч, як чалавек і палітык?

Сьв. - Тарашкевіч ніколі не працаваў для ўласнае карысьці. Ён перадусім беларускі патрыёт і ідзёвец бязумоўна чысты.

Адв. Гонігвіль - калі зьявіліся чуткі аб ліквідацыі Грамады?

Сьв, - ў верасьні 1926 г. Памятую, Тарашкевіч, больш-менш у гэтым часе бараніў з соймавай трыбуны сваю арганізацыю ад несправядлівых закідаў, робленых ёй польскай прэсай.

Прак. Раўзэ - як пагадзіць імкненьне Бел. Пас. Клюбу адначасова да поўнае незалежнасьці і аўтаноміі ў рамах польскае дзяржаўнасьці?

Сьв. - я лічу, што кожны чэсны беларус, які хоча, каб яму падавалі руку, павінен жывіць у сваёй душы думку аб незалежнай Беларусі. Усе беларускія палітычныя партыі за выняткам хіба што аднаго Паўлюкевіча, стаяць на гэтым становішчы. Думка аб незалежнай Беларусі - гэта лятуценьне, ідэал кожнага чэснага беларуса ў сучасных абставінах. Не пакідаючы гэтае думкі, кожны белар. палітык, прытарноўваючыся да канкрэтных абставінаў, можа, зразумела, дамагацца аўтаноміі для часткі сваёй бацькаўшчыны, знаходзячайся напр. пад Польшчай.

Адв. Пятрусэвіч - ці пан знае абв. Луцкевіча?

Сьв. - Так, знаю яго як культурнага дзеяча на ніве беларускага адраджэньня.

Адв. Пятрусэвіч: якія адносіны былі паміж Луцкевічам, a нямецкімі акупантамі?

Сьв. - Луцкевіч выдаваў за нямецкія грошы бел. газэту "Homan", як гэта з рэштай рабілі i палякі ў той час. Ня будучы бязумоўна ніколі нямецкім агэнтам, імкнуўся да зьдзейсьненьня за нямецкія грошы народных мэтаў.

Сьв. Скірмунт Р. - б. старшыня міністраў Бел. Народнае Рэспублікі знае абв. Аўстроўскага ад 1916 г. Астроўскі ў 1917 г. быў камісарам тымчасовага ўраду Керэнскага. Пасьля кастрычнікавай рэвалюцыі ўцёк да Дзянікіна. Быў чалавекам заможным i ніякіх сымпатыяў да камуністаў ня меў.

Сьведкі Піліхоўскі, Уладзіміраў. Зеванчык і Навіцкі знаюць абв. Стоціка i Сакалоўскага, як парадачных i рэлігійных людзей. У доме Сакалоўскага часта адбываліся тэатральныя рэпэтыцыі, якімі кіраваў Удадзіміраў, (сьведкі абвінавачаньня закідываюць, што ў Сакалоўскага адбываліся нелегальныя сабраньні).

Сьв. Скурна Васіль - пал. вязень, быў кіраўніком каапэратыву "Сноп" ў Глыбокім. На ўрачыстасьці каапэратыву (6.VI.26 г.) Стоцік ніякае прамовы ня меў.

Абв. Мятла, ці сьведцы ведама чаму, Віленскае Кураторыум не пазволіла адчыніць белар. школу ў Глыбокім?

Сьв. - Таму, што была польская.

Сьв. Краўчонак Тодар - знае абв. Шэвеля i ніколі ня бачыў у яго ніякага аружжа. Шэвель быў солтысам "obwodowym", казаў, што падаткі плаціць трэба. Аб ніякай рэвалюцыі нічога не казаў.

Сьв. Шяацюк - сцьвярджае, што абв. Патоцкі ні на якім сабраньні нічога "wywrotowego" не казаў.

Сьв. Мяленя Мін. - з боку абв. Кузьміча сцьвярджае, што паміж Кузьмічом a абшарнікам Пашкоўскім i асаднікам Фэцькам (сьведкамі з боку абвінавачаньня) была судовая справа. Абодва гразілі Кузьмічу, што запакуюць яго на 10 гадоў у турму, калі ён рашыцца з імі судзіцца.

Адв. Дурач - просіць Суд паклікаць сьведак з боку абв. Кляўдыі Гоцко, якія маюць сцьвярдзіць, што абв. К. Гоцко ня прыймала ўчасьця ў маніфэстацыі 6.X.26 г. ў Карэлічах (у чым яе галоўным чынам абвіняюць). Сьведак гэтых Суд, дзеля прычын формальных, не паклікаў зусім. Адв. Дурач пазываецца на вырак Найвышэйшага Суду ў Варшаве i на ўсе эўрапэйскія законы, якія падкрэсьліваюць, што прычыны фармальныя мусяць уступіць там, дзе ходзіць аб найважнейшай квэстыі для абвінавачанага.

Суд параджаецца i па нарадзе адкідае просьбу адв. Дурача.

Сьв. паны Мысьлівец, Касьценчык i Ігнатовіч - з боку абвінав. Нікіфароўскага, Каўша i Сакалоўскага сцьвярлжаюць, што яны былі людзьмі рэлігійнымі i парадачнымі. Нікіфароўскі быў навет перасьледаваны праз бальшавікоў, дзеля таго, што будучы афіцэрам, не пайшоў ва бальшавіцкую службу.

Сьв. Сьвяневіч Ст., асыст. Віл. Унів., сьведка з боку абв. А. Луцкевіча. Знае Луцкевіча, як белар. культурна-нацыянальнага дзеяча, які імкнуўся да паразуменьня з Польшчай. Сьведка памятуе, як Луцкевіч адраджываў беларускім матурыстам ехаць у Менск, a лепш ў Прагу.

Адв. Эттінгэр - ці сьведка чуў аб існаваньні Бел. Сац. Грамады 1905 г.?

Сьв. - Чуў.

Эттінгэр - ці Бел. Сял. Раб. Грамада не зьяўлялася далейшым працягам Бел. Сацыял. Грамады?

Старшыня Суду Аўсянка - сьведка ня ёсьць экспэртам, адхіляю гэтае пытаньне.

Адв. Эгтінгзр - у гэтакіх абставінах я не магу ставіць пытаньняў. Прашу толькі запратакалаваць мае адхіленае пытаньне.

Адв. праф. Пятрусэвіч - ці сьведка знае Астроўскага?

Сьв. - знаю. У прыватных гутарках Астроўскі казаў, што, хоць бы i не зьяўляецца сымпатыкам "Грамады", але лічыць, што гэткая арганізацыя, як "Грамада", вельмі патрэбна для доказу паляком, што народ беларускі існуе.

Пракур. Раўзэ - ці пан чуў якую характарыстыку аб Луцкевічу выдаў Чарвякаў (Стар. Нар. Каміс. Бел. Сац. Сав. Рэспубл.).

Сьв. - Не.

Пракур. Раўзэ - a аб супольнай працы Луцкевіча, Астроўскага і Уласава, пад загалоўкам "Белы тэрор ў Польшчы" - выданнай ў Менску?

Сьв. - He.

Абв. Луцкевіч асьвядчаю Суду, што аб гэтай працы я чую сяньня першы раз ад пана пракурора.

Сьв. Выслаух Сэв, - асыст. Віл. Унів., пазнаёміўся з Луцкевічам яшчэ перад вайной. Увесь час Луцкевіч займаўся культуральнай працай. Да Грамады не належаў. Ніколі не адмаўляўся ад супрацоўніцтва з польскай дэмакратыяй. Сьведчыць аб гэтым хоць бы той факт, што калі ўжо іншыя беларускія дзеячы згубілі веру ў польскія ўрады, Луцкевіч не адмовіўся ўступіць у Т-ва "Пагоня" i супрацоўнічаў з Палякамі ў галіне пазнаньня роднага краю.

Адв. Пятрусэвіч - ці пан знае Астроўскага?

Сьв. - знаю. Падчас апошніх выбараў прозьвішча Астроўскага фігуравала ў сьпіску №41, які стаяў на груньце выразна народна-беларускім у рамах польскае дзяржаўнасьці.

Сьв Уладз. Гатмэ - баптыста нацьвярджае, што Луцкевіч пераклаў на беларускую мову тры эвангэліі.

Сьв. Чатырка. вуч. бел. гімназіі ў Наваградку, звае Астроўскага, як старшыню Т-ва Бел. Школы. Т-ва імкнулася да працы культуральна-асьвятовае. Абв. Шваркевіч так-сама займаўся працай выключна культурнай.

Абв. Акінчыц - сьведка быў на зьездзе, скліканым Паўлюкевічам у 1926 г. Можа сьведка выясьніць, чаму перарваліся абрады камісіі палітычнае?

Сьв. - абрады скончыліся нічым таму, што зьявіўся п'яны Падбярэскі i пачаў калатню з Шышкавым. Рэзалюцыі навет ня былі дзеля гэтае прычыны прыняты ў камісіі. (Акінчыц абвіняецца, быццам перашкодзіў прыняцьцю гэтае рэзалюцыі).

Сьв. Капэль - пацьвярджае, што ў жніўні 1925 г. Астроўскі нікуды не выяжджаў з Вільні дзеля таго, што мусіў даглядаць за рамонтам, які адбываўся ў той час у памяшканьні гімназіі.

Сьв. Міхалевіч Алякс. - вучыц. бел. гімназіі ў Вільні, пацьвярджае тое самае. Па-за гэтым дадае, што Астроўскі вельмі клапаціўся аб добрае выхаваньне вучнёўскае моладзі. Перакананьняў камуністычных ніколі ня меў.

Сьв. Якубёнак - дыр. бел. гімн. ў Клецку, знае абв. Шнаркевіча ад 1922 г, які выключна аддаваўся працы асьвятовай. Шнаркевіч выехаў з Расеі дзеля таго, што ня вытрымаў тамашняга рэжыму. Добра характарызуе распачлівы стан беларускіх гімназіяў у Клецку i Нясьвежы ў пачатку ix існаваньня пад Польшчай. Вучыцялі спалі ў клясах на саломе i самі замяталі клясы. Ня было ані часу, ані настрою вясьці якія небудзь палітычныя размовы.

Адв. Пятрусэвіч - як абходзілі бел. гімназіі польскія нар. сьвяты?

Сьв. - Дзеля гэтага выбіраўся спэцыяльны камітэт, які i займаўся гэтай справай, падгатаўляючы малебны i г. д.

Сьв. А. Баран - з боку абв. Р.-Міхайлоўскага. Належаў да гуртка ў в. Максімаўцы i быў на сабраньні ў верасьні 1926 г. Прысутных было 19 асоб. Рак-Міхайлоўскі чытаў праграму Бел. Сял. Раб. Грамады. Ніякае кабеты на сабраньні ня было. Малютка так-сама ня быў, бо яго ў гурток ня прынялі дзеля таго, што ён нап'ецца гарэлкі, выйме рэвальвэр i крычыць: "moj rząd" (Малютка - сьведка з боку пракуратуры). Усе сябры плацілі складкі, частка якіх адсылалася ў Цэнтр. Сэкр. ў Вільню. Гурток выпісваў бел. газэты.

Сьв. Mix. Баран - пацьвярджае тое самае, што казаў папярэдні сьведка i на пытаньні абароны, адказвае. што вёска Максімаўка акуратна плаціла падаткі i што ніякіх фразаў, як "біць паноў", "рабіце паўстаньне, a аружжа будзе" - ён ад Рак-Міхайлоўскага ня чуў.

Сьв. Гаўрылік, пасол на Сойм, знае Бурсэвіча, які быў вучыцелем у прыватнай бел. школе у Чамярах. Прапанавалі яму польскую школу, але ён адмовіўся. Перад паўстаньнем "Грамады" Бурсэвіч быў місіянэрам-мэтадыстым. Школа, у якой вучыў Бурсэвіч, утрымлівалася з помачы сялян i запамог Т-ва Бел. Школы.

Адв. Прайс - ці сьведцы вядомы гэткія прозьвішчы, як Шарамэт, Шайга, Талстоў.

Сьв. - Шарамет Шайга былі вучнямі Радашкаўскае гімназіі, але з 6 кл. былі выгнаны. Трэцяе-ж прозьвішча мне зусім не вядома. (Рэд. - гэта тыя "матурысты", якія быццам з пропускам ад Астроўскага перайшлі заграніцу).


Голас Працы №10, 16 траўня 1928.

Далейшы працяг 35-га дня працэсу Грамады. Сьв. Валынец Фл. - пасол на Сойм сьведка з боку абв. Рак-Міхайлоўскага. Быў на павятовым зьезьдзе Грамады ў Вялейцы, на якім прамаўлялі б. пасол Рак-Міхайлоўскі i Мятла. Рак-Міхайлоўскі падаў справаздачу з працы беларускіх паслоў у Сойме, Мятла-ж прачытаў статут i праграму Грамады. Больш паслы нічога не казалі. Сьведка ведае абв. Антановіча i сцьвярджае, што ніякіх гранатаў яму ніколі не даручаў i навет ня быў у памешканьні Антановіча. Сьведка сам да "Грамады" належаў, але мужам даверра ня быў; меў толькі ўпаважненьне закладаць гурткі Т-ва Бел. Школы. Увесь час ад 1922-1927 г. нідзе ня выяжджаў з Вялейкі. Падчас выбараў у цяперашні Сойм скрываўся дома, бо баяўся, што яго, як кандыдата на пасла, маглі заарыштаваць, як гэта i зрабілася з іншымі белар. пасламі.

Абвін. Рак-Міхаілоўсмі - як вялася акцыя за беларускую школу?

Сьв. - складаліся дэклярацыі з падрабязным выпаўненьнем усялякіх фармальнасьцяў. У аднэй Вялейцы зложана многа дэклярацыяў, але школы не атрымалі. Адчынена затое некалькі школаў утраквістычных, у якіх вучыцялі-палякі навет ня ведаюць самі беларускае мовы.

Больш сьведак у гэтым дню няма. Дзеля гэтага адчытываюцца паказаньні сьведак з боку пракуратуры, якія ў Суд не зьявіліся з "важных" прычынаў, і далучаюцца розныя дакумэнты да актаў справы.

З адчытанага паказаньня сьв. Сабалеўскага Ю., б. пасла на Сойм, належаўшага да "Грамады" i не арыштаванага - вынікае, што ён уступіў у "Грамаду" толькі дзеля таго, што паслы, стварыўшыя яе, гутарылі з сабой па-расейску. Аб лучнасьці БСРГ з камуністычнай партыяй нічога ня чуў, але сцьвярджае блізкія адносіны паміж "Грамадой" i N.P.Cb. (нар. сял. партыя). "Грамада" памагала палітычным вязьням. Ведае, што ў беларускіх газэтах працавалі Луцкевіч i Самойла. Сам, як пасол, плаціў штомесячна складку ў высокасьці 110 злотых.

З адчытанага казаньня сьведкі Пянткоўскага (ад пракуратуры) вынікае, што сяляне, ад часу паўстаньня "Грамады", пазычалі дзе толькі што маглі, бо ведалі, што аддаць ня прыдзецца. Ня ведае ад каго, але сьведка чуў, што мае прыбыць транспарт аружжа з Расеі. Чуў таксама і аб паўстаньні з паказаньняў сьведак жонкі асадніка Кірылава Адэлі i асадніка Сабатоўскага даведваемся, што сьведкі не вядома ад каго чулі аб прыгатаваньнях гуртка ў в. Калінцы да выразаньня асаднікаў.

Сьв. Чарноцкі Язэп - у сваім паказаньні сцьвярджае, што бацька Астроўскага меў 40 дзес. зямлі ў Слуцкім павеце. Палажэньне матар'яльнае сям'і было слабае, але паправілася, як толькі Астроўскі паступіў на службу ў поль. амэр. камітэт помачы дзецям. Усе гэтыя факты пераканалі сьведку, што Астроўскі зьяўляецца камуністам!..

Сьв. Біндзюль Іг. - касір Бел. Банку ў Вільні. Заняткі ў Банку пачыналіся a гадз. 10. Астроўскі, дырэктар Банку, прыходзіў заўсёды ў Банк a гадз. 1-ай, бо меў заняткі ў гімназіі.

Адв. Пятрусэвіч - чаму Астроўскі выставіў вэксэль на 48 дал.?

Сьв. Справа з гэтым вэксэлям прадстаўляецца гэтак. У канцы 1926 г.р я, як касір, не запратаставаў двух вэксэлёў на суму 48 дал. Астроўскі сказаў мне, што я буду за гэта адпавядаць, але, каб пазбавіць мяне прыкрасьці, выдаў сам вэксаль на 48 зл. З тых двух асоб, вэксэляў, якіх я не запрэтаставаў, адна ўжо зьвярнула сваю належнасьць, я што датычыцца другой, то справа знаходзіцца ў судзе.

Адв. Пятрусэвіч. - Калі было найбольш грашовых пераказаў з Расеі?

Сьв. - найбольш у 1927 г.

Адв. Пятрусэвіч - ці была агнятрывалая каса ў Банку?

Сьв, - была.

Адв. Пятрус. - Каму Банк выдаваў пазычкі?

Сьв. - сябрам Банку. якія прадстаўлялі пасьведчаныя войтам дакумэнты, што пазычку могуць зьвярнуць. Няпраўдай ёсьць, быццам Банк пазычаў толькі сябрам "Грамады". Банк выключаў з ліку сваіх сяброў, якія неакуратна плацілі сяброўскія ўзносы.

Адв. Пятрусэвіч. Чаму, апрача друкаваных, былі i лінаваныя кнігі?

Сьв. - бо гэта было многа дзешавей.

Адв. Пятрусэвіч. - Які ўплыў на інтарэсы Банку мела прэсыя ўладаў?

Сьв. Зразумела, што інтарэсы пад уплывам прэсыі пагоршыліся, яле Банк ўсё-ж такі функцыянаў i функцыянуе, ня гледзячы на ненармальныя абставіны. Гэта сьведчыць аб жывучасьці і патрэбе Банку ў сучасны мамэнт для беларускага народу.

Сьв. Сакалова - вучыц. Бел. гімн. ў Вільні. Астроўскі выходзіў з гімназіі ў Банк a гадз. 1, бо да гэтага часу меў лекцыі.

Адв. Пятрус, - ці сьведцы вядома, што Астроўскі замяніў словы бел. нар. гімну "зладзеяў забіць" ва "навуку здабыць"?

Сьв. - Так. Астроўскі наагул клапаціўся аб рэлігійным выхаваньні маладзёжы. Пад яго кіраўніцтвам арганізоўваліся такжа розныя карысныя для вучняў гурткі, як напр. гістарычны, матэматычны і г. д. Клапаціўся таксама i аб наданьні правоў белар. гімназіі, матывуючы сваю просьбу тым, што бел. абітурыенты ня маюць дзе падзецца, як толькі скончаць гімназію, бо дзьверы польскіх унівэрсытэтаў для ix зачынены.

Сьв Уласаў - б. сэнатар, сьв. з боку абв. Тарашкевіча. Тарашкевіч імкнуўся да палепшання долі бел. народу у рамах польскае Рэчыпаспалітае. Быў чалавекам заможным i мог мець ашчаднасьці.

Адв. Гонігвіль. - Колькі школаў бел. (прыватных) было ў Польшчы?

Сьв. - ад часу нямецкае акупацыі асталося 67 бел. школаў. Усе яны былі пазачыняны польскімі ўладамі. Цяпер Т-ва ІІІколы ўтрымлівае бел. гімназіі. Польскія ўлады не адчынілі ніводнай бел. школы, хаця дэклярацый было зложана жа 412 школ.
Не далі таксама ніякіх правоў беларускім гімназіям, абітурыенты якія мусяць здабываць вышэйшую адукацыю заграніцай, дзе іx прыймаюць. Многа іx для бел. руху зусім прападае.

Адв. Гонігвіль - ці сьведка знае абв. Рак-Міхаілоўскага?

Сьв. - памятую яго яшчэ калі ёня быў пастушком. Рак-Міхайл. ад маладых гадоў цікавіўся белар. рухам і прыймаў у ім учасьце.


36-ты дзень працэсу Грамады 20.IV.1928 г.

Голас Працы №10, 16 траўня 1928.

Сьв. Гаршковіч X. - жыў недалёка ад парафіі Каўша. Ведае яго як парадачнага чалавека.

Адчытваюцца далей паказаньні сьведак, якія у сваім часе не зьявіліся на суд з розных прычын. Гэтак сьв. Мадзалеўскія Антон i Баляслаў кажуць, што абв. Козіч намаўляў ix запісацца ў Грамаду i што палякі ня маюць ніякага права да беларускае зямлі. Лаяў прэзыдэнта Рэчыпаспалітае.

Сьв. Каспэрскі - канфідэнт Глыбокага, бачыў, стаючы за плотам, як у памяшканьні Сакалоўскага ў Глыбокім адбываліся нейкія сходы. Аб чык там гаварылася - сьведка ня ведае, бо прысутным ня быў.

Сьв. Бежунскі з пав. Ваўкавыскага ведае абв. Патоцкага. Патоцкі меў перакананьні камуністычныя i меў уплыў толькі на жыхароў сваёй вёскі. Намаўляў запісвацца ў "Грамаду".

Сьв. Грудзінскі - з в. Студзенікі, Ваўкавыскага пав. Вучань белар. гімназіі Магільніцкі арганізаваў гурток "Грамады" ў ix вёсцы. Ані абв. Шкодзіч, ані Шчыглінскі не зьяўляюцца камуністымі. Гэта яны самі-ж адзін раз падкрэсьлівалі. Мятла казаў, што дэманстрацыі ўстраіваць можна, але ня можна прылучацца да іншых зьвязкаў палітычных. Валошын таксама падкрэсьляў, што "Грамада" зьяўляецца арганізацыяй легальнай i што, калі хто хоча ўступіць у яе, мусіць выпісацца з іншых партый. Складкі сябры ўносілі рэгулярна.

Па вычарпаньні сьведак Суд црыступае да адчытаньня пратаколаў рэвізыяў. Першым адчытваецца пратакол рэвізіі ў Валошына, якая адбылася ў ночы з 14 ва 15.I.27 году ў памяшчэньні Цэнтр. Сэкрэт. Грамады ў Вільні (Вялікая вуліца), дзе пасол затрымліваўся. Г. зв. "pokój Wołoszyna" зусім ня быў асабіста яго пакоем. Там затрымліваліся i іншыя паслы з Бел. С. Р. Грамады (Сабалеўскі). Знаходзіліся тут аднолькава, як рэчы б. пасла Валошына, так і Сабалеўскага і Цэнтр. Сэкр. Грамады. Дзеля таго, што сьледчы судзьдзя палічыў усе гэтыя рэчы, як належачыя да Валошына, апошні адмовіўся падпісаць пратакол рэвізіі. Абв. Валошын i Бурсэвіч па запытаньні старшыні Суду Аўсянкі разьбіраюць, што да каго належыць. Паміж іншым знойдзена: 1) брашура - "Komuny rolne Wiślaka", 2) Два лісты ў расейскай мове аб палітычных працэсах у Польшчы, 3) Ліст вязьняў палітычных аб катаваньнях, 4) Пратакол зьезду ў Косаве, на якім Р.-Міхайлоўскі даў справаздачу аб дзеяльнасьці паслоў Бел. Сял.-Раб. Грамады.

Абаронца абв. Каўша, адвакат Крыжанoўскі, просіць Суд далучыць да актаў справы некалькі дакумэнтаў. Суд некаторыя далучае.

Адв. праф. Пятрусэвіч складае Суду: 1) копію мэмарыялу да Міністра Асьветы у справе наданьня правоў беларускім гімназіям, высланага Астроўскім i 2) некалькі пазваленьняў старасты ў Глыбокім, выданых абв. Стоціку на наладжаньне спэктакляў. Суд далучае копію мэморыялу, a пазваленьне адкідвае.

Абв. Анінчыц - просіць Суд паклікаць яшчэ раз сьведкаў Баярскага i Латышонка, якія ня ставіліся ў сваім часе, a паказаньні якіх маюць вялікую вагу дзеля таго, што яны кажуць аб арганізацыі "bojówek" і аб сяброўскай легітымацыі "Грамады", як аб пропуску ў Расею. Суд прызнаючы ix нестаўленьне за ўсправядлівёнае, пастанаўляе, аднак-жа, паклікаць ix яшчэ раз.


37-мы дзень працэсу Грамады. 21.IV.1928 г.

Голас Працы №10, 16 траўня 1928.

На апошнім пасяджаньні Суду (20.IV.) закончыўся дапрос сьведкаў. Некалькі з ix (з боку абароны) не зьявілася. He зьявіўся i пасол Ярэміч з прычыны сьмерці сына.

Суд на нарадзе пастанавіў дапытваць тых сьведкаў, якія зьявяцца перад зачыненьнем судовага праводу.

У дню 21.IV. Суд разглядаў рэчавыя даводы, датычучыя абв. Тарашкевіча. Тарашкевіч выясьняе, што некаторыя камуністычныя выданні ён атрымаў ад аднаго з паслоў камуністычнае фракцыі. Адначасна абв. просіць Суд адчытаць адзін з яго артыкулаў пад загалоўкам "Заданьні Грамады". Суд пастанавіў адчытаць гэты артыкул, з якога вынікае, што першым заданьнем кожнага грамадзіста зьяўлялася праца над асьведамленьнем народным. Да вельмі важных пытаньняў залічае Тарашкевіч школьніцтва i наагул квэстыі культуральна-асьвятовыя.

Суд адчытвае далей тытулы прац савецкіх, знойдзеных пры рэвізіі, паміж якімі многа прац навуковых Бел. Дзяржаўнага Унівэрсытэту ў Менску. Над разгледжываньнем гэтых дакумантаў прайшоў увесь дзень.


38-мы дзень працэсу Грамады. 22.IV.1928 г.

Голас Працы №10, 16 траўня 1928.

Суд у далейшым цягу адчытвае пратаколы рэвізіі i акты агляду рачовых даводаў. Паміж іншым адчытваецца пратакол рэвізі, зробленай у пакоі № 26, займаным пачаткова Бел. Пасольскім Клюбам, a пасьля Бел. Сял. Раб. Грамадой.

Абв. Р.-Міхайлоўскі выясьняе, што гэты пакой быў фактычна займаны й паслом Сабалеўскім i рэчы, якія там звойдзены - яго ўласнасьць. Адносна некаторых часопісяў, як напр. "Karpacka prawda", Р.-Міхайлоўскі кажа, што яны надсылаліся сябрам Бел. Пасольскага Клюбу. Далей Р.-Міхайлоўскі кaжа, што рэчаў, якіх няма цяпер паміж довадамі рэчавымі, a аб якіх пратакол кажа, што яны зьвернены абвінавачанаму за паквітаваньнем - ён не атрымаў i ніякага паквітаваньня не даваў. Старшыня Суду Аўсянка выясьняе, што рэчы гэтыя могуць знаходзіцца ў дэпазыце турмы.


39-ты дзень працэсу Грамады.

Голас Працы №11, 19 траўня 1928.

39 дзень працэсу Грамады распачаўся с адчытаньня ўкраінскай брашуры, звойдзенай пры рэвізыі ў Цэнтр. Сэкрэт. Грамады. Пасьля Суд прыступіў да адчытаньня статуту i праграмы "Грамады".

Абв. Астроўскі просіць спраўдзіць, ці запраўды ён падпісаў дэклярацыю № 50.000.

Абв. Р.-Міхайлоўскаму - Старшыня Суду зазначае, што дакумэнтаў, аб якіх ён казаў некалькі дзён назад, у дэпазыце турмы няма.

Абв. Р.-Міхайлоўскі просіць спраўдзіць, каму яны даручаны. Пасьля Суд адчытвае пратакол агляду з паседжаньняў гурткоў на абшары чатырох ваяводзтваў.

Судзьдзя Барэйка - можа Тарашкевіч выясьніць, ці зацьвярджэньне статуту "Грамады" Радай Грамады ёсьць фікцыяй, ці фактам, a так жа - чым тлумачыцца дата ўхваленьня статуту 12.V.1926 г.

Абв. Тарашкевіч - так, гэта была фікцыя, якая паўстала таму, што статут Грамады быў узараваны на статуце "N.Р.Ch.". Што-ж датычыцца даты 12.V.1926 г., то ня ёсьць выключанай рэчай у сувязі яе ж маёвымі выпадкамі.

Адв. Гонігвіль просіць далучыць да актаў справы праграму Р.Р.S.

Прак. Раўзэ - ня бачу ніякае сувязі паміж справай Грамады і праграмай PPS i дзеля гэтага прапаную проціў далучэньня праграмы Р.Р.S.

Адв. Гонігвіль - я таксама ня бачу ніякае сувязі паміж "Крестінтэрнам" i "Грамадой" але яе прапанаваў проціў далучэньня статуту яго да актаў нашае справы.

Старш. Суду Аўсянка - аб "Krestinterne" i "Kominternie" ёсьць мова на пачатку акту абвінавачаньня.

Адв. Гонігвіль. Так, але на жаль ані Суд, ані абарона ня мелі ўплыву на фармуляваньне гэтага акту.

Старшыня Суду просіць выясьніць, якая сувязь заходзіцца паміж "Грамадой" i праграмай Р.Р.S., бо можа - таксама паўстаць квэстыя далучэньня праграмы "Пяста".

Адв. Гонігвіль - каб я меў пад рукамі праграму "Пяста" і мог знайсьці аналёгіі з праграмай "Грамады", то таксама прасіў-бы Суд далучыць да справы i гэту праграму. Калі ж ходзіць аб праграму Р.Р.S, то абарона хоча высьвятліць аналёгіі паміж праграмамі PPS i "Грамады".

Суд пастанавіў праграму PPS далучыць да актаў справы.

Пасьля гэтага, Суд у далейшым цягу адчытвае пратакол агляду статуту N.Р.Chł. i іншых даводаў рэчовых, знойдзеных ў Цэнтр. Сакр. Грамады ў Вільні, як напр. лісты Сэкрэтарыяту да сяброў "Грамады" i г. д.

Судзьдзя Барэйка зьвяртаецца да абв. Бурсэвіча: Макоўскі пісаў, што карэспандэнцыя была аддана да рэдакцыйнай калегіі. Што значыць - "рэдакцыйная калегія"?

Абв. Бурсэвіч - Пад словам "рэдакцыйная калегія" разумелася адасланьне карэспандэнцыі да рэдакцыі на імя сэкрэтара радакцыі Войціка.

Прак. Раўза - ці Ільяшэвіч быў сябрам "Грамады"?

Абв. Бурсэвіч - працаваў у "Грамадзе".


40-вы дзень працэсу Грамады.

Голас Працы №11, 19 траўня 1928.

Перад распачацьцем справаздачы экспэртаў аб дзеяльнасьці Бел. Банку старшыня Суду Аўсянка задае некалькі пытаньняў абвінавачаным.

Чаму абв. Валошын у дню 1.I.27 г. меў у Бел. Банку 307 дал., як уклад тэрміновы i 21 зл. і 145 дал. на бягучым рахунку.

Абв. Валошын - я аддаваў усе грошы на ўклад тэрміновы і не магу выясьніць, чаму частка іx знайшлася на бягучым рахунку.

На гэтае ж пытаньне абв. Тарашкевіч і Рак-Міхайлоўскі выясьняюць, што ўклады тэрміновыя давалі значна большыя працэнты, чым уклады на бягучы рахунак. Аднак-жа дзеля таго, што ім хацелася, каб новаствораная беларуская гаспадарчая інстытуцыя разьвівалася лепей, яны ўкладалі частку грошай на бягучы рахунак, хоць за гэта атрымлівалі значна меншыя працэнты.

Па гэтых выясьненьнях распачалі сваю справаздачу экспэрты. Нa першае пытаньне, пастаўленае Судом - калі распачаў сваю дзеяльнасьць Бел. Каапар-Банк - адказана: дзеяльнасьць праўная распачалася 14.II.25 г., a практычная 9.XI.25 г. Старшыня Суду задае другое пытаньне: ці лік i род ведзеных кніг суадказваюць агульным аснаваням кніг бугальтэрыі?

Адказ: суадказваюць.

Экспэрт Гэнаськовяк сцьвярджае, што на падставе прагледжаных кніг у saldo ня была зацягнута пазіцыя 111 дал. Гэтая справа выклікае жывую дыскусыю i рад пытаньняў з боку пракурора i абароны, скіраваных да экспэрта. Другі экспэрт Ботта асьвядчае, што хаця бугальтэрыя Банку была ведзена паводле перастарэлай сыстэмы расейскага казначэйства, аднак-жа ўсе кнігі i бугальтэрыя былі ведзены дакладна.

Абв. Коўш, ва пытаньне. што ён ведае аб пазіцыі 111 дал., адказвае, што пазіцыя гэтая была зацягнута ў першай частцы кнігі, якая знаходзіцца ці ў "Urzędzie Skarbowym", ці ў Банку.

На далейшыя пытаньні Суду экспэрты адказваюць, што яны ня выкрылі ніякіх надужыцьцяў, ніякіх фікцыйных уплываў i запісяў. Адносна асабістых рахункаў Астроўскага i Каўша экспэрты сцьвярджаюць, што яны ня былі фікцыйнымі. Толькі нязначныя дробныя недакладнасьці і то натуры тэхнічнае ўдалося сцьвярдзіца ў цэнтралі і ў аддзелі Банку ў Глыбокім.

Рэасумуючы выясьненьні экспэртаў эксп. Ботта канчае гэтак: У згодзе са сваім сумленьнем i з пачуцьцём усяе адказнасьці сцьвярджаю, што я не знайшоў ніякіх надужыцьцяў у Белар. Банку.


41-шы, 42-гі і 43-ці дзень працэсу Грамады.

Голас Працы №12, 23 траўня 1928.

У далейшым цягу адбываецца экспэртыза бугальтэрыйных кніг Бел. Каапэр. Банку.

Прак. Раўзэ - ці істотна трэба было, каб пазаставаліся рэзэрвы ў Банку ў высокасьці 40 прац.?

Эксп. Ракоўскі - у 1925-26 г. г. дзеля спадку валюты вымагалася 40 прац. рэзэрвы. Бел. Банк гадавой рэзэрвы ня меў.

Эксп. Ботта - я ня ведаю і не спатыкаўся з такімі пастановамі, якія-б вымагалі 40 прац. рэзэрвы.

Абар. Пятрусэвіч і Крыжаноўскі - можа п. Ракоўскі падасьць уставы, якія-б вымагалі захаваньня 40 прац. рэзэрвы?

Эксп. Ракоўокі адказвае, што гэта быў толькі звычай ва абшары Віленскага Рэвізыйнага Саюзу.

Адв. Пятрусэвіч - ці ня шкодзіла Белар.Банку тое, што ён ня трымаўся гэтага звы чаю?

Ракоўскі - не, наадварот, гэта памагае Банку разьвівацца.

Прак. Раўзэ - ці быў такі дзень, калі б Saldo выносіло 800 дал.?

Ракоўскі - мне здаецца, што найбольшая сума выносіла 500 дал.

Адв. Крыжаноўскі - ці была тэндэнцыя да ўкрываньня якіх небудзь сум?

Экспэрт - Не.

Адв. Пятрусэвіч - кнігі для вэксаляў ня было, але, ці можна даведацца з іншых кніг аб апэрацыях з вэксалямі?

Ракоўскі - але, апэрацыі можна лёгка ўстанавіць.

Эксп. Ботта дадае, што да тых апэрацыяў, якія вёў Бел. Банк, навет з фармальнага пункту гледжаньня не патрэбна была спэцыяльная гандлёвая кніга.

Судзьдзя Барэйка просіць абв. Астроўскага выясьніць гісторыю паўстаньня Банку.

Астроўскі ў доўгай прамове вычэрпываюча і рачова выясьняе, як паўстаў Банк. Учасьце ў яго арганізацыі прыймаў і пас. Ярэміч. Просіць Суд праглядзець кнігі, якія знаходзяцца ў "Ізбе скарбовай".

Адв. Крыжаноўскі таксама просіць Суд праглядзець гэтыя кнігі. Суд на нарадзе пастанаўляе аддаліць просьбу адв. Крыжаноўскага, матывуючы тым, што выясьненьні экспэртаў і абвінавачаных квэстыю Банку добра выясьнілі.

Адв. Пятрусэвіч просіць Суд далучыць да актаў справы лісты Пігулеўскага, б. дыр. бел. гімн. у Дзьвінску, у якіх ён інфармуе аб спосабе паразуменьня з Транзытным Банкам у Рызе. Лісты гэтыя паказваюць, што ініцыятыва паходзіла ад Пігулеўскага. Цяпер Пігулеўскі ёсьць урадоўцам латвійскага міністэрства.

Адв. Крыжаноўскі просіць аб далучэньні касавых рахункаў Банку за 1925, 1926 і 1927 г. г. Суд, паміма апазіцыі пракурора, пастанавіў гэтыя дакумэнты да справы далучыць. На гэтым кончылася экспэртыза Банку.

Экспэртыза аружжа. У прысутнасьці экспэрта капіт. 3 п. а. ц. Валовіча Суд прыступае да экспэртызы аружжа. Экспэртыза гэта будзіць агульнае заінтарасаваньне. Усе спадзяваліся вялікай колькасьці аружжа, бо "гатовілася ж паўстаньне на вясну 1927 г.". Таксама ў часе праводу многа якіх сьведак казала аб складах аружжа. Усіх, аднак-жа, спаткала расчараваньне.

У першую чаргу аглядаецца місьліўская стрэльба, рог з порахам, шрот, і набоі карабіновыя. Экспэрт, на запытаньні Суду, выясьняе, што аднарурка ёсьць перастарэлага тыпу, няздольная да ўжытку і, што датычыцца набояў, дык яны могуць паходзіць з 1920 г.

Старш. Суда Аўсянка - ці ня трэба было шмараваць алівай набояў, каб яны лепей захаваліся?

Экспэрт - шмараваньне алівай зьяўляецца цяпер непрапісовым перахоўваньнем.

Старшыня Суду - скуль паходзяць францускія набоі?

Экспэрт - карабіны францускія мелі ў 1920 г. наша армія.

Далей аглядаецца аружжа, знойдзенае ў часе ліквідацыі КПЗБ у Целеханах. Агулам знойдзена 9 карабінаў у некалькіх асоб, з гэтых 4 зусім няздатныя да страляньня, 5 менш-больш здатнейшыя, але трэба і гэтыя добра абчысьціць і нашмараваць, каб можна было з іх страляць. Адзін карабін зроблены ў 1920 г. тыпу расейскага, а рэшта ўсе ў 1915 і пазьнейшых гадох. Амуніцыя паходзіла з 1916 г.


44-ты дзень працэсу Грамады.

Голас Працы №12, 23 траўня 1928.

У далейшым цягу адчытваліся акты. Са сьведак паклікана вязьня В. Фрышмана. У яго знайшлі ў часе рэвізіі рукапісь абв. Акінчыца, які паводле зданьня абвінавачанага быў прызначаны для рэдакцыі "Нашае Справы". У гэтым артыкуле выясьнялася, як трэба пісаць карэспандэнцыі з вёскі.

Сьв. Фрышман запярэчыў, каб ў яго, калі-небудзь знаходзіўся гэтакі рукапіс Акінчыца. Гэта тым больш зьяўляецца загадкай, калі прыпомніць. што ў 1926 г. у рэдакцыі "Нашае Справы" (Віленская 12-6) была зроблена крадзежа. Адчытваюцца паказаньні сьведкаў Баярскага, Выганоўскае, Даёна, Канчарука, якіх няпрыбыцьце на суд прызнана за ўсправядлівёнае.

Сьв. Выганоўская паказвае, што ў яе была куплена жыўнасьць для палітычных вязьняў, прабываючых у гарадзенскім вастрозе.

Сьв. Баярскі быў старшынёю гуртка і канфідэнтам паліцыі. Яго доўгае паказаньне нічога новага да справы ня ўносіць. Паміж іншым сьведка гаворыць, што хтосьці з сяброў вясковага гуртка быў вызначаны камандуючым усей артылерыяй на час паўстаньня, што ў Ваўкавыскім павеце прыгатоўлена 60 тысячаў карабінаў і г. д. Аб адным з беларусаў, навет не належаўшым да "Грамады", сьведка гавора так: "Беларус з перакананьня, а значыцца праціўнік Польшчы наагул".

Экспэрт капітан Бургарт з II Адвз. Ген. Штабу паказвае пры зачыненых дзьвярох.

Ад імя абароны забірае голас адв. Гонігпіль і просіць Суд адчытаць урадавыя нататкі сьледчага судзьдзі адносна да паказаньняў сьведкі Вышынскага Вацлава. Просьбу сваю адв. Гонігвіль матывуе так: для Суда важнай акалічнасьцю зьяўляецца ня толькі тое, што сьведка гавора, але і кім сьведка ёсьць. Вось-жа ў працэсе, які некалькі дзён назад адбыўся ў Варшаўскім Акружным Судзе, на лаве абвінавачаных заселі зачыншчыкі ня выкананага падкопу. Паміж імі знаходзіўся В. Вышынскі, ён-жа Закжэўскі, за якім былі разасланы гончыя лісты. Абарона пераконана, што В. Вышынскі ў гэнай справе і сьведка ў працэсе "Грамады" - адна і тая самая асоба.

Прак. Калапскі апануе проці ідэнтыфікаваньню Вышынскіх, але ня мае нічога проціў адчытаньня нататак. Суд адчытвае тры нататкі. З першае відаць, што баданьне было перарвана дзеля познае пары, з другой - баданьне перарвалася дзеля таго, што Вышынскі выехаў з Беластоку, з трэцяе - баданьне не магло адбыцца, бо Вышынскі выехаў з Беластоку і невядома дзе знаходзіцца. Нататкі адносяцца да 1- 5.VII.26. Па адчытаньню нататак адв. Гонігвіль асьвядчае, што зьмест гэтых нататак тым больш пераконвае абарону ў ідэтычнасьці асобаў Вышынскіх, што 29.II.26 г. быў выкрыты падкоп і ў першых днях ліпня былі разасланыя лісты. Просіць такжа Суд зьвярнуць увагу на тое, што гончыя лісты былі высланы за В. Вышынскім vel Закжэўскім (Газэта Сьледчая № 1045, паз. 18). Век і рысапіс паказваюць, што гэта адна і тая самая асоба.

Суд прыстае на прапазыку абароны і ў далейшым цягу адчытвае дакумэнты. Адчытваюцца карэспандэнцыі, набраныя на пошце да сэкрэтарыяту і да рэдакцыі. Большасьць лістаў да рэдакцыі - гэта паведамленьні аб высылцы грошы, або просьбы аб разлажэньню на раты падпісной платы.


45-ты дзень працэсу Грамады.

Голас Працы №12, 23 траўня 1928.

Суд канчае разглядаць рэчавыя довады. Судзьдзі і пракуроры задаюць рад пытаньняў абвінавачаным, датычаных некаторых дробных квэстыяў. Абвінавачаныя выясьняюць. У ліку прысутнай публікі знаходзіліся на салі Суду паслы з камуністычнай фракцыі: Варскі, Бітнэр, Росяк, Гаўрон 1 Валіцкі а украінскага "Сельробу" - лявіцы.

Па загаду перарыву пас. Варскі крыкеуў па адрасу абвінавачаных: "Ад імя работніцкае Варшавы - чэсьць абвінавачаным Грамады". Ад імя Лодзі тое самае сказаў Бітнер. Ад імя ўкраінскага люду прывітаў пас. Валіцкі. Старшыня Суду загадаў выдаліць з Суду дэманстрацыйных паслоў.

Абв. Бурсэвіч, Акінчыц гавораць, адказываючы на пытаньні пракурора, што аніякімі грашмі ад "Kominternu" не распараджаліся і ніколі ня былі каранымі за камуністычную дзеяльнасьць.

Старшыня Суду абвяшчае, што судовае сьледзтва кончана і Суд прыступае да выслуханьня прамоваў старон: пракуратуры і абароны. Старшыня Суду зьвярнуў увагу, што прамовы будуць адбывацца пры адчыненых дзьвярох, за выняткам квэстыі канфэрэнцыі ў Гданску. Кожная старана, як толькі захоча гаварыць аб ёй, мусіць папярэдзіць Суд, каб Старшыня мог зачыніць дзьверы. Хто не падпарадкаваецца яго загаду, той будзе пазбаўлены слова.


46-ты дзень працэсу Грамады.

Голас Працы №12, 23 траўня 1928.

У суботу скончыўся судовы правод.Старшыня Суду заяўляе, што прамовы старон будуць адбывацца пры адчыненых дзьвярох, за выняткам мамэнту гданскае канфэрэнцыі.

Голас забірае прак. Раўзэ.

Прамова пракурора Раўзэ. Высокі Суд! У змаганьні, якое адбываецца на бел.-літ. землях не вядома, хто паканае, ці дзікі Усход, ці культуральны Захад. Высокія судзьдзі, вы судзіце сёньня тых палітычных дзеячоў, якія кіраваліся на Усход. Людзі, седзячыя на лаве абвінавачаньня, абвінавачваюцца ў зарганізаваньні сьпіску з мэтай выкліканьня аружнага паўстаньня. Людзі гэтыя забавязаліся перад суседняй дзяржавай, каб атрымаць яе помач.

Расейская рэвалюцыя выказала супярэчнасьць інтарэсаў места і вёскі. Выказала, што пралетарыят места ня зможа перабудаваць грамадзкага ўстрою бяз помачы вёскі. Згэтуль ідзе высілак, каб узгодніць працу места з вёскай. У 1923 г. паўстае "Krestintern" - сялянская міжнародная арганізацыя. Адсюль, як сцьвердзілі сьведкі Бабіч і Гурын, бярэ свой пачатак дзеяльнасьць "Грамады" і N.Р.Chł. V камуністычны інтэрнацыянал кажа зьвяртаць пільную увагу на нарадавасьцёвыя пытаньні. Рэзультатам гэтага змаганьня - злучэньне белар. земляў з Радавай Расеяй. Гэткае становішча занялі кіраўнікі Грамады. Сцьвердзілі гэта сьведкі Бабіч і Гурын.

Далей пракурор абгаварвае даволі падрабязна квэстыі, зьвязаныя з існаваньнем ураду Ластоўскага і пераходзе да праскае канфэрэнцыі, якая адбылася ў 1921 г. У канфэрэнцыі гэтай прыймаў учасьце і абв. Тарашкевіч. Прызнала яна Урад Ластоўскага за рэпрэзэнтанта белар. народа. Грамада - гэта высілак да стварэньня адналітае палітычнае лініі. Удаецца гэта вельмі лёгка. Адбываецца канфэрэнцыя ў Бэрліне з учасьцем прадстаўнікоў Мінска, Прагі, Бэрліна, Польшчы пад старшынствам Ульянава. Наступствам было абвяшчэньне праз Радавую Беларусь амнэстыі для ўсіх беларускіх дзеячоў.

Усход паканаў, а народ беларускі, паводле майго зданьня быў праданы. Мусіў толькі наступіць апошні акт, каб запанаваў шатан: трэба было парваць з краем, культура якога падбіла (заваявала) сэрца маладога барбара Тарашкевіча.

Грошы і перадусім грошы адыгрываюць тут вялікую ролю. Дзеля гэтага "Wielki mistrz" (Рады) арганізавалі помач у форме Белар. Банку. Ведаем. што квота 15 тыс. даляраў была абяцана. Ведаем, хто бярэ ўчасьце у гданьскай канфэрэнцыі. На чале Банку стаяць філёлаг, тэолёг і матэматык. Усунулі "бацьку" Банку Ярэміча, бо гэта - палітычны вораг.

Пракурор абгаварвае далей апэрацыі Банку і магчымасьць перасыланьня ў канвэртах з карэспандэнцыяй чэкаў на пэўныя сумы, прадназначаныя на акцыю Грамады. Пракурор даходзіць да вываду, што сума укладаў раўняецца суме 15 тыс. даляраў, атрыманай у Гданьску. Калі абарона будзе казаць, што ў Банк укладана і выбірана грошы, то я скажу, што гэтага ня ведаю. Я толькі ведаю, а сказаў гэта Гурын, што ў Банк уплыло 15 тыс. даляраў. Абгаварваўчы дзеяльнасьць Банку, пракурор прыходзе да вываду, што Банк гэты не паўстаў з ашчаднасьці.

На чале Банку стаіць выбітная індывідуальнасьць (асабістасьць) - філёлаг, матэматык і сталяр (Астроўскі сам працаваў, як сталяр пры рамонце лавак у Белар. Гімназіі). Зьяўляецца ён (Астроўскі) адначасна арганіватарам Т-ва Белар. Школы - другой лініі акопаў.

Шнаркевіч Язэп кажа, што ён зьяўляецца праціўнікам палітычнае працы, а толькі прызнае працу культурна-асьветную. Але Гурын кажа, што Шнаркевіч прыймае ўчасьце ў канфэрэнцыі гданьскай і што зьяўляецца сябрам КПЗБ.

Трэці сябра ўраду Банку - Коўш зьяўляецца ксяндзом новае даты. Подпісь гэтага ксяндза знаходзім побач з подпісямі камуністычных паслоў на лісьце з жаданьнем амнэстыі.

* * *

Голас Працы №7, 5 траўня 1928.

Перарыў у працэсе "Грамады". Як падаюць газэты, працэс Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады ўжо прыходзіць да канца. Старшыня Суду п. Аўсянка выехаў да Варшавы i працэс нанова распачаўся толькі ўчора (4 траўня). Факт перарыву сам па сабе, бязумоўна, нічога не гаворыць, але вось чаго паехаў да Варшавы п. Аўсянка - гэта вялікая загадка.

Гавораць, што працэс ня даў канкрэтных довадаў для абвіненьня, гавораць... шмат чаго гавораць. Мы можам думаць, што п. Аўсянка, як заўсёды, стаіць на пункце гледжаньня незалежнасьці судовай улады. Што іншыя думаюць i гавораць - нам да гэтага "дзела няма".


47-мы дзень працэсу Грамады. 7.V.1928 г.

Голас Працы №13, 26 траўня 1928.

У далейшым працягу сваей прамовы пракурор Раўзэ прыступае да ўласьцівае ролі павадыроў Грамады. Быўшыя бел. паслы лічылі Сойм за трыбуну, э якой маглі прамаўляць беспасярэдня да народу. Гэтак Тарашкевіч 16.ХІ.26 г. кажа, што беларускі народ зразумеў імозарычнасьць парлямантарызму і "гатовіцца да паўстаньня". Аб урадзе Пілсудскага кажа, што ён зьяўляецца толькі марыянэткай у руках Англіі проціў Радаў. Валошын называе Мін. Справядлівасьці мініст. неоправядлівасьці і вастрогаў, судзьдзяў-жа - глумай царскае Расеі, якія маюць рукі, апырсканыя крывёю. Рак-Міхайлоўскі зазначае, што тактыкі навучыліся ад польскіх рэвалюцыяністаў. Па-за Соймам тыяж паслы заклікаюць люднасьць не плаціць падаткаў, браць усё самім, не чакаючы, пакуль дадуць. У Паставах на мітынгу Тарашкевіч сказаў, зьвяртаючыся да паліцыянта, "льецца кроў пад ботам Пілсудскага, але заўтра паліецца ваша". Праграму "Грамады" прадыктаваў "Wielki mistrz" у 1920 г., і толькі дзеля сьмеху дадаў арт. 51, у якім гаворыцца "ўсяго гэтага мы хочам дамагацца легальна". Арганізатары "Грамады" на груньце легальнае працы стварылі "śpisek", ца які даўся злавіцца цёмны народ беларускі. Не адзін за гэта пайшоў у вастрог. Далей пракурор абгаварвае ролю ў "Грамадзе" дзеячоў расейскае рэвалюцыі, як Акінчыца і Бурсэвіча. Абодвы яны лічылі сябе расейцамі, а Акінчыц быў старшынёю Ц.I.К. у Ноўгарадзе. Ці-ж можна казаць, што "Грамада" імкнулася да пашырэньня народнае сведамасьці, калі на чале яе стаялі расейцы, татары, жыды? - пытаецца пракурор.

Дзеяльнасьць "Грамады" праяўлялася і ў МОПР (Міжнар. Арг. Помачы Рэвал). Кіравалі ёй Валошын і Астроўскі, штабам быў Цэнтр. Сэкрэтар. Грамады. Грошы на помач вязьням палітычным ішлі вялікія і расходы на гэтую мэту не маглі быць пакрыты з дыет пасольскіх.

Адносна рэлігіі Грамада заняла адразу варожае становішча. Грамадавец Шынкевіч, вучань Астроўскага. зазначае, што "датуль будзе вясьці камуністычную працу, пакуль абраз Маткі Боскае Вострабрамскае ня будзе спалены". "Маланка" высьмявае сьв. Камунію. Абв. Валошын на мітынгу ў Кляшчэлях крычыць: "Прэч з ксяндзамі! Няма розьніцы паміж ксяндзом і паліцыянтам"!... Згодна з атрыманымі інструкцыямі, "Грамада" выступала варожа проціў камасацыі і падаткаў. Войты ня ведалі, што рабіць. Спакойныя сяляне зьвярталі ўвагу ва агітацыю: "Да чаго яна давядзе"?

Пасол Мятла захопліваецца тым, што бачыў ў Расеі. За прыкладам паслоў, гурток у Чорнай Руце пастанаўляе выслаць у Расею Кузьміча і Шарка дзеля навязаньня лучнасьці. Калі ўжо "Грамада" арганізавалася, праваднікі яе, ведаючы, што рэвалюцыю робіць натоўп, пастанаўляюць выкарыстаць яго. Робяць гэта ў Вільні і на паветах. У Вільні маем дэманстрацыю ў студзеню 1926 г., на правінцыі - у Косаве.

На грамадаўскую прэсу Рады давалі вялікія сумы, бо разумелі яе значэньне. Прэсай кіраваў Луцкевіч. У прэсе падкрэсьлівалася, што "Грамада" імкнецца да такога вырашэньня беларускага пытаньня, як гэта зроблена ў Радавай Расеі. Факт, што грошы на прэсу давалі Рады, пацьвярджае Гурын. Абв. Рак-Міхайлоўскі стараўся пераканаць, што выдаткі на прэсу пакрываліся даходамі. Але трэба верыць Гурыну.

Адносна Луцкевіча пракурор кажа, што ён кіраваў прэсай грамадаўскай. Пацьвярджаюць гэта сьведкі.

Луцкевіч - асабістасьць вельмі цікавая: ад паляка, шляхціца і да беларуса - палякажэрцы. Быў платным агентам нямецкім, пасьля-ж - платным агентам бальшавіцкім.

У канцы сваёй прамовы пракурор стараецца даказаць, што Луцкевіч праз увесь час прыймаў учасьце ў палітычным жыцьці.

Аб канфэрэнцыі ў Гданьску пракурор Раўзэ кажа пры зачыненых дзьвярох.


48-мы дзень працэсу Грамады.

Голас Працы №13, 26 траўня 1928.

У далейшым працягу прамаўляе прак. Раўза. Тактыка "Грамады", кажа ён, была знамянітая. Дэмагогія пацягнула шыбкае разьвіцьцё "Грамады". Усюды і ўсьцяж выступае квэстыя зямельная. Зямлю атрымаюць тыя, якія ўступяць у "Грамаду". Нідзе няма мовы аб незалежнасьці Беларусі. Паступ "Грамады" пацягнуў за сабой узрост крымінальных праступкаў наагул. На абшары толькі аднаго
віленскага ваяводзтва было 1000 адміністрацыйных спраў.

Білі паліцыянтаў, выганялі іх, а яны не рэагавалі... бо нехацелі спляміць мундзіра(?!). Губляецца паняцьце, што можна і чаго ня можна. I нічога дзіўнага, што ўсе грамадзкія арганізацыі, пав. соймікі зьвяртаюцца да цэнтральных уладаў з мэмарыяламі аб патрэбе ліквідацыі "Грамады". Мне здаецца, што ня можна казаць, быццам з 14/15.I.27 г. зроблена гвалт. Гэта быў акт самаабароны са стараны дзяржавы.

Далей пракурор стараецца даказаць, што Тарашкевіч не зьўляецца ідэёўцам, але чалавекам кар'еры. Ен перакідваўся з аднаго абозу ў другі. Пачаткава быў паляком, пасля зрабіўся беларусам.

Кончыў сваю прамову прак. Раўзэ гэткімі славамі: "Адвечная трагэдыя Польшчы паўтараецца. Яшчэ не скадыфікаваў вялікі Карсыканец (Наполеон) здабычы рэвалюцыі, а ўжо ліквідавалі Польшчу перакупленыя праз пасланніцтва расейскае, паслы Рэчыпаспалітае. Высокі Суд відзіць цяпер бледны абраз Польшчы, на які гатовы кінуцца са штылетамі людзі. Я пазнаю іх - гэга абвінавачаныя. Трэба гэтую небясьпеку прыкрыць, як гэта зрабілі Грэкі з пекнымі статуямі сваіх багоў.

Пракурор дамагаецца ўкараньня абвінавачаных паводле 102 арт. ч. 2 К.К.


Мова пракурора Калапскага. Высокі Суд! Заданьнем маім зьяўляецца прадставіць антыдзяржаўную акцыю "Грамады" на абшары 4 ваяводзтваў. Паўстае пытаньне - чаму гэтая акцыя, пачатая легальнай "Грамадой", знайшла спачуваньне пасярод люднасьці і ў працягу кароткага часу лічыла аж 87 тыс. сваіх сяброў. Крыніцай гэтага зьяўляецца бальшавіцкая інвазыя 1920 г., калі люднасьці былі прышчэплены бальшавіцкія гаслы. Не здарма адзін выбітны камуніст сказаў: "Можа мы і адойдзем, але так трахнем, што Эўропа затрашчыць". Часы Гонты і Жалязьняка вяртаюцца, Паўтараюцца напады на двары, цягнікі і мястэчкі. Калі абарона граніц перайшла да КОР, то здавалася, што можна будзе адпачыць і пачаць рэалізаваць трактаты і ўставы, датычучыя нар. меншасьцяў у Польшчы. Але гэта ня сталася, бо перашкодзіла дзеяльнасьць "Грамады".

Далей прак. Капапскі прыступае да характарыстыкі дзеяльнасьці Грамады ў паасобных паветах.

Пав. Наваградзкі. Было тут 228 гурткоў і 5623 сяброў. Спатыкаюся тут з дзеяльнасьцю Кляўдыі Гоцькі і Янкі Кузьміча. Абое - сябры КПЗБ, арганізуюць дэманстрацыі камуністычныя і г. д.

Пав. Стаўпецкі. Тут Галоўным арганізатарам гурткоў быў Міськевіч, падазраваны ў належнасьці да КПЗБ.

Пав. Вялейскі. На абшары гэтага павету галоўным дзеячам быў абв. Антановіч, сэкр. пав. кам. "Грамады". ІІашыраў ён антыдзяржаўныя гаслы і падбураў да паўстаньня.

Пав. Дзісенскі. Тут акцыя Грамады распачалася найраней. Было тут 159 гурткоў, лічыўшых 10286 сяброў. Абв. Сакалоўскі, звычайны сябра "Грамады", займае паважнае становішча дырэктара аддзелу банку ў Глыбокім. Абв. Стоцік быў сэкр. пав. Камітэту "Грамады" і казаў на сабраньні, быццам Мятла будзе прышлым ваяводай, Нікіфароўскі-ж - старастай Дзісенскім. У Стоціка знойдзена пры рэвізіі дзьве адозвы з жаданьнем амністыі. Абв. Нікіфараўскі намаўляе да складаньня жалабаў на паліцыю, польскіх вучыцяляў і кажа, што білет "Грамады" зьяўляецца пропускам у Расею. Быў ён ня толькі сябрам "Грамады", але і КПЗБ. Абв. Лабунька арганізаваў 20 гурткоў. Намаўляў асадніка Паўлюця, каб ён уцягаваў да працы у "Грамадзе" афіцэраў КОР-ы. Пры арыштаваньні гаварыў да паліцыянтаў: "А мы вас усе-раўно пераможам".

Пав. Слонімскі. Лічыў 167 гурткоў і 4754 сяброў. Абв. Саванец арганізуе нелегальныя сабраньні ў лесе і кажа на іх аб зброі.

Пав. Горадзенскі. Тут было 220 гурткоў і 5519 сяброў. Абв. Якімовіч быў ініцыятарам высланьня лісту прывітальнага да б. пасла Барана. Абв. Паддубік зьбірае складкі на вязьняў палітычных. У абв. Драгуна знойдзена стральба.

Пав. Сакольскі. Лічыў 18 гурткоў і 300 сяброў. Найбольш актыўнымі дзеячамі зьяўляліся тут абв. Гелда, Зданюк, Беламызы і Козіч.

Пав. Пружансхі. На абшары яго вялі сваю дзеяльнасьць абв. Калпак, Гмыр і Патапчук. Віна іх палягае на тым, што зьбіралі ахвяры ва палітычных вязьняў.

На абшары пав. Лідзкага і Ваўкавыскага вялі дзеяльнасьць абв. Салыга, Крупіца, Мармыш, Шкодзіч і Патоцкі. Выхвалялі яны лад Сав. Расеі і казалі аб паўстаньні вясной 1927 г.


Апошнія дні.

Голас Працы №14, 30 траўня 1928.

У апошнія дні закончылі свае прамовы пракуроры і старшыня Суду ўдзяліў голасу абароне. Першым забірае слова адв. Сьмяроўскі.

Прамова адв. Сьмяроўскага. Высокі Суд! Канчаем тут вялікі, можа, навет, найвялікшы палітычны працэс, які перажыла Непадлеглая Польшча. Усе мы выканалі калясальную працу і вось ўжо збліжаемся да разьвязкі. Нас усіх агортвае ўзварушаньне, бо прыгавар, датычучы 56 асоб, грамадзян нашага краю і бацькаўшчыны, мае задэцыдаваць аб іх лёсе, шчасьці або няшчасьці. I вось вы, паны судзьдзі, пачулі з вуснаў пракурора ўнёсак, каб гэтых грамадзян пазбавіць асабістага і сямейнага жыцьця гэтага, паводле зданьня пракурорскага ўраду дамагаецца ад вас, высокія судзьдзі, Польшча, дамагаецца дзеля таго, што кахае сваіх грамадзян. Гэтымі грознымі словамі скончыў сваю прамову пракурорскі ўрад.

Калі мы цяпер кінем вокам назад на ўсе разважаньні пракурораў, калі затрымаемся над усімі тымі аргумантамі, якімі пракуроры хацелі пакіраваць нашым сумленьнем, то паўстане страшнае і балючае пытаньне - у чым абвінавачваюць гэтых 56 чалавек? У гэтым працэсе, якому павінна прыглядацца ўся Польшча. Якому прыглядаецца ўся Эўропа, ды цэлы сьвет, мы не атрымалі ад пракурораў падставовага адказу на пытаньне - у чым абвіняюць? А дзеля гэтага сталася рэч нязвычайная: акт абвінавачаньня перачыркнуты, хаця ў справе нічога не зьмянілася. Канцэпцыя акту абвінавачаньня заменена іншай, нічога супольнага з нашай справай ня маючай. Гэта, высокія судзьдзі, не драбязга, гэта - катастрофа пракурорскага ураду.

На лаве абвінавачаных засела палітычная арганізацыя "Грамада", якую з тых ці другіх прычынаў было пастаноўлена пасадзіць на гэтую лаву. А пракуроры нам кажуць - мы не абвіняем за прыналежнасьць да "Грамады", але за арганізацыю "śpisku" (загавору) ў "Грамадзе". Калі-ж мы агранічымся навет і гэтым "śpiskiem", то і тут мы ад пракурораў не атрымліваем ніякіх адказаў на пытаньні, што гэта быў за "śpisek", якая была яго структура, сувязі арганічныя? I чаму адразу не абвінялі паасобных сяброў "Грамады" ў прыналежнасьці да КІІЗБ - трудна даць адказ... І дзеля гэтага пракуроры раз абвіняюць "Грамаду", другі ж раз паасобных яе сяброў у прыналежнасьці да КПЗБ. Учынку, як бачым, пракурорскі ўрад не спрацызаваў. Няма дзеля гэтага такога сумленьня праўнага, якое-б згадзілася на падобную кваліфікацыю.

Трэба разгледзіць ўсе магчымыя канцэпцыі і выбраць з іх такую, якая заспакоіла-б ваша судзейскае і праўнае сумленьне.

"Грамада", як "зборны" абвінавачаны. Гэта - першая канцэпцыя. Але-ж, высокія судзьдзі, - Бел. Сял.-Раб. Грамада ёсьць арганізацыяй легальнай, знаходзячайся пад ахранай уставаў Рэчыпаспалітае. Пан пракурор уважае, што так могуць разважаць толькі абаламучаныя масы, бо яны не разумеюць, што легалізацыя палягае на зацьверджанні праз улады. Гэтае розьніцы не разумеюць аўтары акту абвівавачаньня. Хутчэй - самі пракуроры абаламучаны. Рэчай вядомай ёсьць, што ад палітычных партыў не вымагаецца легалізацыі іх праграмаў. I дзеля гэтага - нашто-ж рабіць дар Данаеў і, апіраючыся на тым, што ніякая партыя не патрабуе легалізацыі, у пэўнай хвілі, выгоднай ці невыгоднай, лічыць за нелегальную і цягнуць да адказнасці. Сёньня партыі легалізуюцца сваёй працай, ведзенай пад кантролем ўраду.

Бяз сумліву, сяньня камуністычная партыя зьяўляецца нелегальнай. Але цэлы рад арганізацыяў вядзе яўную і легальную працу і праз сваю пэўнасьць, ёсьць легалізаваны. У гэтых варунках арганізацыя "Грамада" была пад апекай уладаў Рэчыпаспалітае.

Масы агарнула перакананьне, што арганізацыя працуе ў praworząnej дзяржаве, і будзе ахраняна ўставамі, Калі на абшары арганізацыі былі гэткія ці іншыя праступкі, то яны маглі быць заўсёды пакараны, але ня цэлая арганізацыя. Можа гэтых праступкаў была так многа, што трэба было "Грамаду" разьвязаць? Але тут гэтага няма. Тут "Грамада" актам волі з арганізацыі легальнай сталася нелегальнай. Паны судзьдзі, арганізацыя мае сваю праграму. А ў гэткай масавай арганізацыі праграма зьяўляецца Канонам, эвангэліей, якая ідзе з цэнтра ў мора, вырабляе душы, фармуе іх. Праграма - гэта прыцягваючая сіла, сьцяг, пад якім ідзе арганізацыя, варунак яе існаваньня. I сказаць, што Грамада мела дзьве праграмы - адну для ўлады, а другую для сябе - ня можна. Сказаць, што было два абліччы перад 87 тысячамі людзей - гэта бязмысьліца. Падвойная палітыка ў масавай арганізацыі - гэта недахоп лёгікі. Цьвярдзіць, што калі навет на абшары 87-тысячнае арганізацыі некалькі сотняў і імкнецца да выкліканьня паўстаньня, - да гэтага імкнецца ўся Грамада - няпраўда, бязмысьліца.

Паны судзьдзі, які можа быць адказ на гэту першую канцэпцыю? Адказ далі самі пракуроры, адступаючы ад яе, дзеля чаго яна замянілася ў грузы. А за гэтым - ня можа быць мовы аб кары за прыналежнасьць да "Грамады", як легальнае арганізацыі, згодна з арт. 1. К. К.

Трэба было перавярнуць акт абвінавачаньня ўверх нагамі. Я ведаю, што пракурор паклікаецца на арт. 753, але ён тут няможа мець месца. На помач абвінавачаным прыходзіць тут іншая канцэпцыя: што ёсьць дазволена. ня можа быць адначасна не дазволеным. Мусіць быць дзеля гэтага зьліквідавана ўся справа. Але я прыймаю вызаў паноў пракурораў і прыступаю да абгаварэньня новых канцэпцый.

Самадзельны "śpisek" на абшары Грамады. Прыступаю цяпер да аналізы "śpisku". I тут пракурор ня даў канструкцыйнага абраза. Можна толькі дадумвацца, што "śpiskiem" кіравалі тыя самыя асобы, што і Грамадой. Але-ж гэта справы ня вычэрпвае. "Śpisek" - гэта ж арганізацыя, якая імкнецца да гвалтоўных чынаў; мусіць мець у сваім распаражэньні тое, што прадбачыць арт. 102 - склады аружжа. Ці сцьверджана, што склады аружжа былі?

Пазволю сабе спытацца вас, высокія судзьдзі, ці тое, што ёсьць у акце абвінавачаньня і чаго шукалі праз увесь год - ці гэта можна кваліфікаваць, як склады аружжа? Гэтых некалькі зьнішчаных карабінаў - гэтага-ж замала, як на склады аружжа. Прашу пашукаць такога праўніка, які-б згадзіўся на канцэпцыю складаў аружжа.

А што-ж кажуць сьведкі ай складах аружжа?

Першы сьведка Ясінскі асьвядчае, што складаў аружжа не спаткаў. Мэйер, экспэрт, сцьвярджае, што 1926 год быў найменш адпаведным годам для паўстаньня. Яшчэ у 1925 г. магла быць мова аб адзысканьні Незалежнае Беларусі шляхам паўстаньня. Ад часу-ж прыняцьця аховы пагранічча праз КОР ня можа быць месца для гэтых лятуценьняў. Як сьведка, Мэйер кажа, што ў арганізацыі галоўную ролю адгрывала - б аружжа, здабытае шляхам разбраеньня паліцыі і войска. Агульныя паказазаньні сцьвярджаюць, што аружжа ня было, тое-ж самае гавораць і паасобныя сьведкі; як напр. паліцыянты Бучало, Пшэзьдзецкі, Каварскі і інш., якія спэцыяльна сачылі за гэтым і нічога не знайшлі. Гэтае аружжа ёсьць так няўхватнае...

Калі мы жадаем у імя "Miłującej Polski" кваліфікацый з арт. 102, дык мусім даказаць факт існаваньня тых рэчаў ўжо ня ў імя міласьці да Польшчы, але ў імя элемэнтарных падставаў справядлівасьці. Гэтага-ж даказаць не удалося і дзеля гэтага я цьвярджу, паны судзьдзі, што квіліфікацыя з арт. 102 пярэчыць усім фактам.

Сабатаж падаткаў, камасацыі, дэзэрцыя з войска і шпіёнства. Пераходжу да квэстыі неплачэньня падаткаў. Люднасьць зацягвала падаткі. Былі прыпадкі апору. Але-ж якое гэта мае значэньне для кваліфікацыі "śpisku"? Можа гэта падпадаць пад арт. 129, 125, але ніколі пад 102. Зацягваньне падаткаў гэта навет чыннасьць легальная. Платнік мае права не плаціць аж да хвілі, калі ня прыедзе экзэкутар. Тое самае і з камасацыяй. Па паўстаньню "Грамады" быццам перарвалася камасацыя. Але ж, паны судзьдзі, мы ведаем са справаздачаў мін. Станевіча, што якраз наадварот камасацыя грунтаў у 1926 г. дасягае свайго максымума.

Затрымаймася яшчэ над арганізацыяй "śpisku". Ці былі высыланы праз "Грамаду" акульнікі, заклікаючыя да дэзэрцыі? Гэтага ня сцьверджана. Ды і наагул, калі зачапіць справу дэзэрцыі, дык тут навет некаторыя сьведкі з боку абвінавачаньня цьвердзяць, што "Грамада" забараняла дэзэрцыі; напр. сьведка Валігурокі. Што ж датычыцца шпіёнства, дык на 87 тысяч сяброў Грамады было можа некалькі асоб, якія гэтым займаліся. Але-ж, ці палітычная арганізацыя спраўджае маральныя кваліфікацыі сваіх сяброў? Зразумелая рэч, што да "Грамады" ня прыймалі праз балятыроўку, як да клюбу. А дзеля таго, што мела месца некалькі выпадкаў шпіёнства, дык цьвярдзяць, што ўся "Грамада" гэтым займалася?

Лятуценьні аб непадлегласьці Беларусі. А затым мы бачым, што няма ніякіх канкрэтных повадаў для кваліфікацыі "śpisku". Аружжа няма, факт шпіёнства, напады адпадаюць і пракурор навет зрокся абвінавачваць з гэтага боку. А можа довадамі зьяўляецца тое, што дамагаліся амныстыі, ці тое, што пяялі народны беларускі гімн, ці можа ўрэшце лятуценьні аб незалежнасьці Беларусі? Але ж, павы судзьдзі, сьвядомасьць народная беларуская існуе, мы зьяўляемся сьведкамі прабуджэньня яе з доўгага сну, гэтае сьведамасьці - ніхто гэтага не затрэць. Змаганьне з ёй, апрача страт, нічога вам не прынясе. I мы ўсё перад 30 гадамі лятуцелі аб паўстаньню і жылі гэтымі лятуценьнямі. Тут таксама 87 тысячам людзеў здаецца, што могуць здабыць Незалежнасьць. Але гэта ў сучасны мамэнт толькі лятуценьні і я вам, паны судзьдзі, зусім ляяльна пастаўлю пытаньне - ці вы верыце ў тое, што на вясну 1927 г. магло выбухнуць паўстаньне? Я цьвярджу, што не.

Высокія Судзьдзі! Тарашкевіч у сваёй апошняй прамовай ў Сойме, у студзеню 1926 г. наваліваецца на тых, якія хочуць справакаваць паўстаньне, бо ведае, што ў моры пралітае крыві можна ўтапіць ідэю Незалежнае Беларусі.

"Грамада", як экспазытура Kominternu. Гэта трэцяя канцэпцыя. Заходзіць пытаньне - якой арганізацыяй была "Грамада"? "Грамада" была арганізацыяй палітычна-грамадзкай і нацыянальва-радыкальнай. Можа нам гэта не падабацца, але мы, як судзьдзі, як праўнікі, ня можам разглядаць справы ў гэткі спосаб. Есьць многа сутычнасьцяў у праграме Грамады і камун. партыі, але гэтых арганізацыяў ня можна ідэнтыфікаваць. Сьведка Ракоўскі казаў, што праграмы былі падобныя, але аб розьніцы дэцыдуе тактыка. А тактыка Грамады была зусім іншая - яўная, лозунгі легальныя. Ідэя беларуская становіцца сілай, з якой Польшча павінна лічыцца. У гэтым няма нічога карыгоднага. Компартыя імкнулася разьвіць свае ўплывы ў "Грамадзе". Але гэта самае яна робіць і ў іншых партыях. Згары можам сказаць, што гэтыя высілкі былі толькі на пэрыфэрыях, але ня ў цэнтры. Можна была зьліквідаваць гэтыя ўплывы, але гэтага ня зроблена. Чаму гэтак сталася? Ці ня дзеля таго, што адносна гэтых людзей ня можна было даказаць іх прыналежнасьці да КПЗБ? I ўсюды, дзе гэтае сувязі ня ўстаноўлена, там пацягнута да адказнасьці за прыналежнасьць да Грамады. Гэта не зьяўляецца судовым вырашэньнем справы.

Адналітасьць ідэолёгіі "Грамады" і Кам. партыі ня можа ўтрымацца з пункту гледжаньня пракурора. Усюды камуністы падтрымліваюць пачуцьце абасобленасьці і змагаюцца з ідэнтыфікацыяй. З свайго боку "Грамада" усувала тых сяброў, адосна якіх было сцьверджана, што належаць да іншых партый, ня выключаючы і камуністычнае. Што-ж датычыцца акцыі ўнутранай, то гэта - квэстыя палітыкі. Мы бачылі навет, што ў пэўных хвілях і нарадовая дэмакрацыя (эндэкі) не змагалася з камуністамі, калі гэта з палітычных поглядаў было выгадна. Гэтак было пры апошніх выбарах у Сойм.

І гэта - трэцяя канцэпцыя - распадаецца, як і дзьве папярэднія.

Што-ж астаецца? Грамада - гэта легальная арганізацыя. Ніякага "śpisku", залежнага ад кам. партыі, ня было. Пазастаецца толькі праступак, прадугледжаны 110 арт. К. К.

Беларуская прэса. Адным з довадаў, сцьвярджаючых сувязь Грамады з кам. партыяй, мела быць разьвіцьцё прэсы. Пан Васілеўскі казаў, што на прэсу было выдана 190 тыс. злотых. Але Васілеўокі не прадставіў ніякіх дакумэнтаў? Затое абв. Рак-Міхайлоўскі прадставіў падрабязна апрацаваную справаздачу, з якой відаць, што на прэсу было выдана 87 тыс. 554 зл. Гэта расцярушвае квэстыю субсыды зусім. Адначасна Рак-Міхайлоўскі на падставе кніг і паказаньняў сьведак аблічыў даходы за ўвесь гэты час, якія выносілі 69 тыс. зл. Дэфіцыт 17 тыс. зл. мог быць пакрыты з фундушаў пасольскіх, складак, прадажы друкаў і г. д. Прашу прадставіць рахункі, дакумэнты і тады будзем палемізаваць.

А цяпер справа подкупу паслоў праз "Вялікага Містра".

Гданьская канфэрэнцыя і Гурын. Там, дзе хочацца перачыркнуць усю культурную здабычу чалавека, апошліць і пакрыць ганьбай яго жыцьцё, там трэба абапёрціся на доказах. I вось, зьяўляецца Гурын. Хачу даказаць, што тое, што казаў Гурын, было няпраўдай, бо праўдай быць не магло. Крыніца веды - Гурын - адзін толькі ведае аб канфэрэнцыі гданьскай. На пытаньне першае вагі - ці можна яму верыць - адказваю, што гэта такі сьведка, якому, хочучы астацца ў згодзе са сваім сумленьнем, верыць ня можна. Я не хачу тут займацца спрэчкай адносна асобы канфідэнта, але фатамі даказаць - кім быў Гурын. Ад 19.1.1925 года Гурын перастае быць у кантакце з камуністычнай партыяй, сам кажа, што згубіў з ёй сувязь. Ен-жа быў прадажнікам, рэнэгатам ад хвілі, як зрабіўся канфідэнтам паліцыі. I нічога ведаць ня мог. Скуль-жа ён, Гурын, рэнэгат, прадаўшык, выкінуты па-за абруб партыйнага жыцьця, мог ведаць аб спробах подкупу Тарашкевіча, аб складзе камуністычнае фракцыі ў "Грамадзе", аб тым, што Тарашкевіч быў у Гданску? Гэта, паны судзьдзі, толькі звычайная хлестакоўшчына і нічога больш.

А на пытаньне судзьдзі сьледчага, скуль пан гэта ведае, адказвае: ведаю гэта ад Тарашкевіча. Гэта адказ дзіўны. Ці ж Тарашкевіч ёсьць такім лёгкамысным, што ня вкдае, кім зьяўляецца Гурын у жыцці? Урэшце Гурын кажа, што ведае аб гэтым ад асобы, прозьвішча якой сказаць ня можа. Тыповы выкрут канфідэнта. А тут яшчэ гразяць даўгія гады вастрогу. Усё яго паказаньне - гэта інсынуацыя і лганьне. На гэтым можна з Гурыным скончыць - абвінавачаньне з арт. 110 адпадае разам з ім. Трэба жалець, што ён ня мог прыбыць на суд - бо спаткаў бы яго лёс Бабіча.

Іншыя сьведкі абвінавачаньня. Бабіч - гэта сьведка, які нічога не памятае. Мы стараліся звэрыфікаваць падаваныя праз яго факты, але ён нічога не памятаў. Не памятаў, як выглядаюць Мінскія Лашыцы, скуль уваходзіў у Крэмль, дзе жыў у Гданьску і Бэрліне. Гэта выяўленае лганьнё абурала нас усіх. Яго паказаньні пры стычнасьці з рэчавістасьцю рассыпаюцца, і на іх ня можна будаваць абвіненьня з арт. 102 Ч. II, і арт. 110 К. К.

Астаецца Кузьма ў расказе Капнэра. Але ў яго пісьмах ёсьць столькі глупстваў, што трудна ў гэта верыць. Трудна верыць, каб грошы на дывэрсыйныя банды атрымлівана праз Бел. Пас. Клюб, каб кс. Станкевіч быў пачтальёнам і даваў грошы Сымону Рудому, грошы ад "Вялікага Містра".

Гэта - доказы кантакту бел. паслоў з "Вялікім Містрам". Натарычныя ілгуны ня могуць быць філярамі абвіненьня і навет калі дадаць "Miłosć Polski". Ясна, што акт волі можа запоўніць вастрогі, але прыгавор ёсьць рэзультатам справядлівасьці, дзівам, што творыць справядлівасьць, але ня актам волі.

Р.-Міхайлоўскі і Тарашкевіч. Што датычыцца Рак-Міхайлоўскага, то яго інтэрвэнцыя ў справе канфіскату беларускае прэсы ня можа быць праступкам. Яго ўдзел у дэманстрацыі і яго інтэрвэнцыя ў гэтай справе ў прак. Штэймана, каб спыніць няшчасьце, якім зьяўляецца галадоўка, гэта становішча ляяльнага і мудрага грамадзяніна. Што гэтыя закіды маюць супольнага са сьпіскам, з 102 арт.? Ня толькі сьведкі з беларускага грамадзянства, але і з польскага схарактэрызавалі Р.-Міхайлоўскага, як чалавека, які імкнуўся да паразуменьня з Польшчай, палёнафіла. Гэта чалавек, які, калі для Польшчы ўжо згублены, дык трэба вельмі і вельмі жалець.

Што да Тарашкевіча, дык пяройдзем адразу да тых цяжкіх закідаў, як прадажнасьць, і кар'ерызм палітычны. Ці ж гэта кар'ера, што сядзіць у ваотрозе? Ці можа кар'еру яму хоча зрабіць пракурор, жадаючы даўгіх гадоў вастрогу? I чаму пракурор назваў яго "barbarzyńcem"? Ці можа таму, што да апошняга верша ператлумачыў на беларускую мову, седзючы ў турме, Іліяду? Ці можа таму, што прысваівае беларускай культуры "Пана Тадэўша"? Ці можа дзеля таго, што хоча ўвесьці лацінскую абацэду?

Чаму-ж затым пракурор назваў яго гэтак? Можа дзеля таго, што шукаў супольных шляхаў з Польшчай, што заўсёды кіраваўся на Захад? I ці ж ня было ніякіх шляхоў да паразуменьня, апрача вастрогу і працэсу? Ці не павінен тут прыйсьці акт вялікае палітыкі, вялікае творчасьці?

Успомніце, паны судзьдзі, што тут казалі Тугут, Касмоўская, Хамінскі. Свае вялікія сілы Тарашкевіч мог прынесьці Польшчы не як ахвяру, даніну, не як карны падданы, але на падставе раўнаважнае замены. Ня мог гэтага зрабіць, бо спатыкала яго з польскага боку дэмагогія, шавіністычная ненавісьць, трактаваньне, як грамадзяніна другой катэгорыі.

Роля мая скончана. Разумею, што пэўнасьцю ня вычарпана. Можна ліквідаваць сваіх палітычных праціўнікаў, калі дзяржаўныя інтарэсы гэтага вымагаюць, але ня можна ліквідаваць іх з помачу Суда бо тады, паны судзьдзі, акт справядлівасьці робіцца проста загадам ураду.


Прамова адв. праф. Пятрусэвіча. Паны судзьдзі! 10 сакавіка 1864 г. вось тут, на гэтым пляцу, перад гэтым-жа будынкам, у якім цяпер адбываецца працэс Бел. Сял.-Раб. Грамады, зьгінулі мучанікі "за нашу і вашу вольнасьць". На гэтым пляцу зьгінуў Кастусь Каліноўскі, першы выдавец беларускае часопісі пад наз. "Мужыцкая Праўда". Каліноўскі пакінуў па сабе тастамэнт, у якім заклікае беларускі народ да злучэння свайго лёсу з паўстаньнем, асьцерагаючы адначасова перад найстрашнейшым ворагам - Масквой.

Але паўстанне было ўтоплена ў моры крыві. Тыя, што змагаліся "за нашу і вашу вольнасьць" - знайшліся ў вастрогах і тайгах Сыбіры. А іхняе прышлае пакаленьне зьмяніла лозунг "за нашу і вашу вольнасьць" на іншы - лозунг працы арганічнае. Бо гэтага вымагала хвіля.

Я цьвярджу, паны судзьдзі, што каб навет зусім ня было беларускага руху, дык і то трэба было-б яго выклікаць. Але гэты рух нарадзіўся сам і першымі піянэрамі яго была польская шляхта. Ці гэта будзе Рыпінскі, ці Чачот, ці Дунін-Марцінкевіч - усе яны былі прадстаўнікамі гэтага маладога руху і разумелі, што пачуцьцё народнае асаблівасьці трэба абудзіць, бо на народзе беларускім усё больш і больш выігрывала Масква.

Паны судзьдзі, пакуль будзе існаваць Польшча, датуль будзе і змаганьне паміж Варшавай і Масквой. I мы не павінны забывацца, што паміж Масквой і Варшавай ляжыць вялізарная раўніна, заселеная беларускім народам.

Бяз сумліву, паканае той, хто будзе мець за сабой беларускі народ. А ціж беларускі народ варожа спатыкаў польскія войскі? Не, спатыкаў іх з хлебам і сольлю.

Беларускія дзеячы таксама орыентаваліся на Польшчу. Луцкевіч едзе да Парыжу.

Былі ўсе варункі, каб паканаў Рым, а не Візантыя. Але што Польшча зрабіла ў гэтайбалючай справе? Нічога. Я не зьяўляюся максымалістам і мне сёньня выдаецца гасла "за нашу і вашу вольнасьць" максымальным. Але я цьвярджу, што пакуль Польшча існуе, яна мусіць мець "Крэсы", бо гэта - квэстыя яе існаваньня. I канстытуцыя - гэта ня кусок паперы. У ёй ёсьць арт. 109 і 110. Калі народ беларускі хоча мець свае школы, дык трэба іх яму даць. Трэба памятаць, што ў гэтай мове быў пісаны Літоўскі Статут, гэта вялікая кадыфікацыя, хаця прадстаўніка гэтага народу пракурор назваў "barbarzyńcą". Тварэньне масавых працэсаў добрых рэзультатаў не дае.

П. пракурор, кажучы аб словах Пэтронія да Вініцыя (раман Сянкевіча "Quo Vadis") "ты шчасьлівы", забыўся дадаць, што ён таму чуўся шчасьлівым, што зьяўляецца рымскім паўнапраўным грамадзянінам. А як-жаж чуецца той, хто гэтага аб сабе сказаць ня можа; той, над кім была распачата апека дакучлівая і неразумная. Гэтая апека зьяўляецца мамэнтам, які найбольш зашкодзіў і папсуў адносіны паміж польскай дзяржаўнасьцю і беларускім народам. Квэстыя беларуская ўсьцяж стаіць у-ва ўсей сваей велічыне. Аб павазе яе сьведчыць хоць-бы лічба 200 тысяч (?) галасоў, адданых на беларускія сьпіскі падчас апошніх выбараў у Сойм. з гэтым трэба лічыцца.

Далей праф. Пятрусэвіч у глыбокіх і навуковых вывадах, апіраючыся на Кодэксах іншых дзяржаў і на праўна-судовай практыцы, адкідае магчымасьць абвінавачаньня ў гэтай справе па 102 арт. К. К.

П. пракурор, - кажа праф. Пятрусэвіч, чытаючы. "Quo Vadis", не зразумеў добра яе зьместу, бо інакш пераканаўся-б, што права дамаганьня амнэстыі ёсьць правам абсалютным. Ці-ж сам Пэтроні ня змушае Нэрона, каб даў амнэстыю? А калі ходзіць аб помач вязьням, дык ці-ж Пэтроні пакідае Лігію без апекі?

Абарона і палітычныя працэсы. Я вельмі дзякую п. пракурору, што не падаў прозьвішча адваката, які прыходзіў з помачу палітычным вязьням. Адв. Родзевіч цешыцца такой павагай, што гэта-б яму шкоды не прынясло. Ен можа толькі гардзіцца, што выступаў у палітычных працэсах па просьбе беларускіх паслоў. Ці п. пракурор можа цьвярдзіць, што ніхто з гэтага працэсу ня выйдзе жывым? Калі не, дык мы тут зьяўляемся патрэбнымі. Калі да лекара ў хвілі небясьпекі прыходзіць хворы - ці лекар можа адмовіцца ад помачы яму? Зусім непатрэбна дзеля гэтага знайшоўся ў акце абвінавачаньня параграф аб амнэстыі. Усе мы добра ведаем, чым была шлісэльбурская турма. У ёй хавалі людзей. Там ня было прозьвішчаў, а толькі нумары. I вось кн. Дундукова пасьвядчае ўсё свае жыцьцё, каб ратаваць людзей, якія туды папаліся. I ёй трэба дзякаваць, што тут у Вільні мы маем прафэсара на U.S.В. [1], які, хоць прасядзеў 20 гадоў у гэтым вастрозе, усё ж такі быў ратаваны для жыцьця і навукі.

Абв. Астроўскі і Бел. Банк. Праф. Пятрусэвіч характэрызуе панярэднюю дзеяльнасьць Астроўскага і абгаварвае паказаньне сьведак, датычучыя Астроўскага. Пасьля пераходзе да Бел. Банку.

Кожная арганізацыя - кажа праф. Пятрусэвіч - ці то нарадовая, ці грамадзкая, палітычная імкнецца да стварэньня асяродка гаспадарчага жыцьця. Нічога дзіўнага, калі і беларускае грамадзянства імкнулася да стварэньня свайго Банку. А што імкнулася, сьведчыць тое, што помач сваю ураду Сікорскага паставіла ў залежнасьць ад выданьня канцэсіі на банк. Калі ж канцэсіі не атрымала, дык залажыла свой Банк каапэратыўны. Усяго Банк выдаў 500 пазычак. I гэта называецца подкупам усей беларускае люднасьці! Гэта ёсьць непатрэбная апека над кожным пачынаньнем беларускага грамадзянства. Была тут вельмі цікавая экспэртыза Банку, зробленая пракурорам Раўзэ, які прыйшоў да вываду, што банкавая сумы - гэта тая сума, якая была атрымана ў Гданьску. Гэта вельмі дзіўная бугальтэрыя. Прак. Раўзэ казаў, што Коўш быў дрэнным бугальтэрам, бо яму перашкаджала тэолёгія. Я ня ведаю, што перашкаджала прак. Раўзэ зрабіцца добрым бугальтэрам, бо ён ёсьць дрэнным. Ня можна рэчаў, ня маючых супольнае меры, дадаваць, як напр. золата да людзей і пробаў да дзерава. Экспэрты сцьвердзілі, што ніякіх фікцыйных запісяў ня было, а пракурор гэтаму ня верыць. Абвіненьне, што Банк паўстаў, каб падкупляць беларускую люднасьць, беспаваротна разьвальваецца. Пасьля праф. Пятрусэвіч абгаварвае справу кантакту з Банкам ў Рызе і зьбівае закіды, быццам вучні белар. гімназіі з віны Астроўскага вялі дэструкцыйную працу.

Квэстыю учасьця абв. Астроўскага ў гданьскай канфэрэнцыі праф. Пятрусэвіч абгаварвае пры зачыненых дзьвярох. Паны судзьдзі, - кажа праф. Пятрусэвіч па абвешчаньні яўнасьці - прыступаю да закідаў, пастаўленых абв. Шнаркевічу, Сакалоўскаму, Стоціку. Калі адкінуць паказаньве Бабіча, дык проці іх няма ніякіх закідаў.

Кім ёсьць Бабіч. Асобу Бабіча добра ахарактарызаваў мой калега Сьмяроўскі. Бабіч, паны судзьдзі, - гэта натарычны ілгун. Ён ілжэ і ломіць прысягу на кожным шагу. Яго ўчасьце а курсах дывэрсантаў у Лошыцы, учасьце ў кангрэсе Камінтэрну, у канфэрэнцыях польскае і белар. кам. партыі - гэта адзін бесперарыўны ланцуг маны. I я гэта з пачуцьцём адказнасьці падаю пракурорскаму ўраду. Бабіч выстунае ў цэлым радзе працэсаў, але на Суд не зьяўляецца. Ён кажа аб сабе, што зьяўляецца будаўнічым - хіба што ў тым сэньсе, што будуе масавыя працэсы. Адносна да абв. Шнаркевіча, Сакалоўскага і Стоціка няма ня толькі доказаў віны, але навет падазрэньняў.

Абв. Луцкевіч. Мая роля зьяўляецца тут і лёгкай і труднай. Не прадстаўлена проціў яго ніякіх закідаў. Ен быў усім у руху беларускім. Калі-б навет быў радактарам і часопісі канфіскаваны за яго артыкулы, дык і тады яго можна б было абвіняць толькі па 129 арт., але ніколі па 102 К. К. Луцкевіч да "Грамады" не належаў і пратэставаў проціў ідэнтыфікацыі яго асобы з Грамадой. Закідваецца яму ідэёвае кіраўніцтва, але тварцы ідэёвых рухаў, не бяручыя ўчасьця ў практычнай дзеяльнасьці, ня могуць быць пацягнуты да адказнасьці. Ці Леў Толстой, карыфэй анархізму, адказваў за свае ідэі? Луцкевіч, як неналежачы да "Грамады", ня можа за яе дзеяльнасьць панасіць ніякае адказнасьці.

Луцкевіч ад 1922 г. зыходзіць з палітычнае арэны, бо хварэе на сухоты. Ён нездабываў сабе засобаў гандлем старасьвецкімі рэчамі. Пракурор казаў аб Луцкевічу, што ён зьяўляецца палякажэрцам, камуністым і г.д. Скуль пан пракурор узяў гэтыя дэфініцыі? Усё гэта паходзіць з палемічнага артыкулу новае фармацыі беларуса - Рагулі, але пан пракурор не дачытаў гэтага артыкула да канца, бо заканчэньне было гэткае: "Пане Луцкевіч, за тваю дзеяльнасьць Польшча паставіць табе памятнік, а народ белар. уб'ець кол у магілу". Гурын сцьвярджае, што сфэры камуністычныя адносіліся да Луцкевіча заўсёды варожа і хацелі яго пазбыцца.

Можа ён і зьяўляецца Макіявэльлем, можа навет бел. Бісмаркам, але за мыслі скрытыя ня можна судзіць. Калі аднаго разу рабілі рэвізію на граніцы ў валізцы Гэйнэ, дык ён сьмяяўся пасьля, што шукалі забароненых мысьляў, якіх ён мае поўную галаву, у валізцы. Або ізноў гэткія закіды, як што у Луцкевіча знойдзена дзьве кніжкі, выданыя ў Сав. Расеі? Ці гэта праступак? Або ізноў гісторыя з эвангеліяй пабеларуску? Гэта-ж сапраўды жарт, які павінен знайсьціся ў "Cyruliku" або "Маланцы". Панф судзьдзі, хачу падзяліцца з вамі ўвагамі, якія мне насунуў пераклад праз праф. Глэзэра кн. "Працэс Ісуса Хрыста". Мы прывыклі лічыць расьпяцьце Хрыста за морд. I вось дзіва! Працэс адбыўся пры спаўненьні ўсіх фармальнасьцей жыдоўскага права. Аднакжа ўся гісторыя, уся людзкасьць не сумляваецца, што зроблена вялікая памылка, што ўкрыжавана Бога.

У гэтых матэрыялах, якія сабраў цяперашні працэс, прышлы гісторык ня знойдзе праўды, - бо яе тут няма.


Прыгавар у справе Грамады

Голас Працы №13, 26 траўня 1928.

Працэс Грамады кончаны. 22 траўня г.г. у 12 гадзіне дня, у салі Акружнога Суда ў Вільні быў адчытаны прыгавар суда над "Грамадой".

Яшчэ зрана судовы будынак і калідоры былі абстаўлены лічбова павялічанай паліцыяй. Судовыя кулуары напаўняюцца публікай. Настрой падвышавы. Усе дэбатуюць, (прадугадваюць) аб прыгаворы.

Пропускі ў салю Суда пераглядаюцца вельмі ўважна. 12 я гадзіна. Публіка ўпускаецца ў салю Суда, якая запаўняецца ёю аж да цеснаты.

Паўгадзіны наперад былі ўведзены падсудныя. Твары іх зьдзержаныя, зьлёгка толькі прабівае праз іх знэнваваньне. Былы пасол Мятла і Клаўдзія Гоцька - у беларускай нацыянальнай вопратцы.

У 12 і 30 мінут раздаецца званок. Уваходзіць суд у асобах старшыні Аўсянкі і судзьдзяў Ёдзевіча, Барэйкі і Бжозоўскага. Некалькі мінут пануе поўная цішыня.

Старшыня Аўсянка чытае прыгавор, сілай каторага на моцы арт. 102. II час. К. К. засуджаны за "з'арганізаваньне сьпіску" пад назовам "Беларуская Сялянска - Работніцкая Грамада" на 12 гадоў цяжкага вастрогу былыя паслы: Браніслаў Тарашкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Павал Валошын і Пётра Мятла;

На 8 гадоў цяжкага вастрогу: Максім Бурсэвіч, былы сакратар Цэнтральнага Сакратарыяту "Грамады" і Фабіян Акінчыц, б. юрысконсульт "Грамады";

На 6 гадоў цямкага вастрогу: Кузьміч (з Наваградчыны), Якімовіч, Шушкевіч, Паддубік (з Горадні), Гелда (з Саколішчыны), Саванец (з Слонімшчыны), Куліна-Куліноўскі (з Маладэчна);

На 5 гадоў цяжкага вастрогу: Патапчук (з Пружаншчыны), Сіняк, Якубчык, Якімовіч і Шацько (з Слонімшчыны), Драгун (з Горадзеншчыны), Козіч (з Сакольшчыны), Лабунька (з Дзісьненшчыны) і Антановіч (з Вялейшчыны);

Ка 4 гады цяжкага вастрогу: Клаўдзія Гоцька (з Наваградчыны), Я. Баліцкі (з Горадзеншчыны), Каўпак і Кот (з Пружаншчыны), Салыга (з Лідчыны), Шчыглінскі (з Ваўкавышчыны), Нікіфароўскі і Даніловіч (з Дзісьненшчыны) і Беламызы і Зданюк (з Сакольшчыны);

На 3 гады цяжнага вастрогу: Патоцкі, Харкевіч і Янкоўскі (з Ваўкавышчыны) і Марчык (з Слонімшчыны).

Унявіняны наступныя асобы: Антон Луцкевіч - старш. Нав. Т-ва, Р. Астроўскі -былы дырэктар белар. гімназіі ў Вільні і Банку. Шаркевіч, сэкрэтар Гал. Управы Т-ва Бел. Шк. Коўш (сьвяшчэньнік), Навакоўскі, Міськевіч, Гурын (?), два Варанковічы, Кавалёў, Казачонак, Кавалевіч, Карніловіч, Сакалоўскі, Стоцік, Смакіла, Шавель, Крупіца і Мармыш. У ліку апраўданых знаходзяцца 4 абвінавачваныя, западозраныя ў забойстве канфідэнта Івашкевіча.

Абвіненьне з 110 арт. аб забавязаньні суседняй дзяржаве - суд адкінуў.

Судовыя кошты, згодна з прыгаворам, маюць сумесна заплаціць засуджаныя.

Засуджаныя прынялі прыгавор з поўным стаіцызмам (мужна, спакойна). З няменьшай годнасьцю прынялі яго і іх сем'і.

Праз хвілю цішыні старшыня пытаецца пракуратара аб яго ўнёску ў справе "środka zapobiegawczego", пасьля чаго дае распараджэньне "bezwzględnego" арэшту для засуджаных. Адначасна паведамляе, што апраўданыя будуць вечарам выпушчаны з вастрогу на волю.

Суд выходзіць. У гэты момант сярод цесна напаўняючай судовую салю публікі раздаюцца галасныя вокрыкі на чэсьць засуджаных. Няхай жывуць павадыры белар. народу і інш. Засуджаныя запяялі "Ад веку мы спалі". Усе прысутныя, як беларуская публіка, так і ўрадоўцы, паліцыянты і навет шпікі паўставалі; цывільная публіка - з пашаны і спачуцьця; урадоўцы ад уражаньня дэмастрацыі засуджаных і спачуцьця публікі, выявіўшайся ў кіданьні кветак на засуджаных. Адначасна на галовы засуджаных пасыпаліся белыя і чырвоныя кветкі, як падае прэса - кідае іх публічнасьць і, найбольш, прысутныя беларускія паслы д-р Дварчанін і Валынец. Паліцыя пачынае "ўсоўваць" публіку - перш-на-перш арыштоўвае грам. Сіняўскага, былога вучыцеля I Беларускай Гімназіі ў Вільні за кіданьне кветак. Пры арышце грам. Сіняўскага некалькі разоў ударыў прысутны там агэнт тайнай паліцыі. Паслоў, д-ра Дварчаніна і Валынца паліцыя таксама "выкідае" з салі. Калі ў пярэдняй пас. Дварчанін хацеў зрабіць інтэрвэнцыю ў справе арыштаваньня грам. Сіняўскага, гэты паліцыянт заступіў яму дарогу. Пасол запытаў яго, на чый прыказ ён гэта робіць, дык паліцыянт кінуўся да яго з насаджаным на стрэльбу штыхом. Нейкі "начальнік" прыказаў вывесьці пасла. Пасьля гэтага, настаўляючы штык, паліцыянт (№1279) пхнуў пасла на сходы і пасол удзяржаўся толькі дзякуючы таму, што ўхапіўся рукою за наручу сходаў.

Тымчасаы паліцыя акружыла моцным кардонам засуджаных, якія ў далейшым цягу пяюць "Ад Веку мы спалі".

Саля пусьцее. Абвінавачаных, абсаджаных моцна паліцыяй, па чародзе перавозяць аўтамабілем і закрытай карэтай ў вастрог.

Абвінавачаныя, якіх вязьлі на аўтамабілі, махаюць хустачкамі і кветкамі сабраўшайся на тратуарах публіцы.

Апраўданых выпусьцілі на волю вечарам.


Вываз засуджаных "грамадоўцаў" з Вільні. Праз некалькі гадзін пасьля прыгавору ўсіх засуджаных грамадоўцаў перавязьлі партыямі, пад моцнай ахранай на вакзал, дзе ад Тарговай вул. чакалі на іх два спэцыяльна адстаўленыя на гэта вагоны.

Адзін з вагонаў, у якім зьмясьцілі 21 засуджаных, між імі б. пасда Валошына, Акінчыца і Клаўдзію Гоцьку, прычапілі да цягніка, ідучага ў Варшаву праз Ліду. Другі вагон, месьцячы 16 вязьняў, а сярод іх б. паслоў Тарашкевіча, Рак-Міхайлоўскага, Мятлу і Бурсэвіча, прычапілі да цягніка, які йдзе ў Варшаву праз Горадню.

Каманду над гэтымі вагонамі маюць спэцыяльна вызначаныя для гэтага афіцэры паліцыі.

Газэты (Słowo № 116, і K.Wil. №115) падаюць, што іх перш памесьцяць у Сьвятакрыжскім вастрозе, а потым разьмесьцяць ў вастрогах па розных гарадох.


Дадаткі

Беларускі дзень №25, 7 верасня 1927 г.

Ліст у рэдакцыю.

Паважаны Пане Рэдактар!

Прашу не адмовіць надрукаваць у паважанай, рэдагаванай праз Вас газэце ніжэйпададзенае:

Ужо даўно да мяне даходзяць чуткі, што гэтак званныя б. грамадаўцы закідваюць мне розныя абвінавачаньні чыста маральнага характару. I вось цяпер у зьвязку з тым, што ў № 43 газэты "Наша Праўда" ад 31 жніўня г. г. у зацемцы "Клюб беларускай інтэлігэнцыі" упамінаецца мае імя, як "галоўнага сьведкі абвінавачаньня у справе грамадаўскіх паслоў", - маю гонар заявіць, што у сучасны момант апрацоўваю і у хуткім часе падам да публічнага ведама праз друк падрабязны адказ на ўсе тыя закіды, якія робяцца мне з боку "Грамады".

Па высьвятленьні ўсяе мае асабістае справы гатоў стаць перад грамадзкім судом з умоваю, што судзьямі будуць людзі бязстаронныя, прыхільнікі ідэі незалежнасьці Беларусі, ў ліку якіх павінна быць ня менш палавіны беларусаў, карыстаючыхся агульным давер'ем і пашанаю і што суд гэты адбудзецца ў любым пункце зямное кулі, апрача СССР.

З другога боку, апрача суда нада мною, буду дабівацца так сама грамадзкага суда над некаторымі цэнтральнымі фігурамі "Грамады", проціў якіх маю цяжкія закіды здрады Беларускаму Народу і антымаральных паступкаў у адносінах да іначай, як яны думаючых беларусаў.

З пашанаю М. Гурын.

Вільня, 7-Х. 1927.


Беларускі дзень №33, 5 лістапада 1927 г.

ПІСЬМО У РЭДАКЦЫЮ.

У № 9 "Нашае Працы" ад 29.Х.1927 г. у артыкуле: "Беларуская Радыкальная Народная Партыя", у канцы яго было выдрукавана: "над усім зорка блішчалі вочы вядомага правакатара Гурына". У зьвязку з гэтымі словамі, якія абражаюць мяне, як чалавека, абражаюць зусім безпадстаўна, заяўляю, што перадаю справу ў польскі суд. Адначасна з гэтым, прашу шаноўнага рэдактара ў мэтах высьвятленьня сутнасьці рэчы, надрукаваць ніжэйнаступнае:

Пэўныя палітычныя колы, моцна зьвязаныя і запрадаўшыя сваё сумленьне і свае перакананьні за чырвонцы, ніяк ня могуць дараваць мне таго, што ў свой час, яшчэ ў канцы 1924 г. я адмовіўся выконваць іх загады, кінуў ім у твар гэтыя чырвонцы і парваў з імі, лічачы іх найбольш шкоднымі ворагамі беларускага народу. Не зьвяртаючы увагі на "прыказы" пакінуць край, пагарджаючы іх пагрозамі, я застаўся ў Вільні, каб распачаць барацьбу з магільшчыкамі беларускае незалежніцкае ідэі. Я змагаўся з імі, як умеў і як мог, бо бачыў, што маскоўская агентура зьяўляецца галоўным дэморалізатарам беларускага нацыянальнага руху, які яна хоча раскалоць і разьбіць на нічога нязначачыя групкі.

Нажаль, чырвонцы і даляры аказаліся мацнейшымі - і свой першы бой з падпольнымі маскоўскімі агентамі я праграў.

За мною ў падпольлі, калі я стаў на чале гэнага руху, пайшла толькі невялічкая групка беларусаў, ды і тая хісталася і ня вытрымлівала інтрыгаў і пагрозаў з бальшавіцкага боку. Ня маючы сілаў змагарніцкіх. частка маіх аднадумцаў злажыла аружжа. Констатую, што першая спроба ў 1925 г. пакіраваць беларускі рэвалюцыйны рух на незалежніцкую дарогу і проціў маскоўскага імпэрыялізму і дэспотыі не ўдалася, і ў гэтым вінаваты былі ня столькі памылкі нашае невялікае групы, сколькі об'ектыўныя абставіны.

Урэшце, па даносу камуністаў з Беластоку я быў арыштованы і пасаджаны ў беластоцкую турму. Мае ворагі, з якімі я змагаўся, хацелі б, каб я засьпяваў ім дыфірамбы. Трудна, на гэта я пайсьці ня мог, бо гэта было-б і проціў майго сумленьня і проціў маіх перакананьняў і сьведчыла-б аб адсутнасьці мужнасьці і адвагі.

Але, ня гледзячы на тое, што я быў арыштованы па даносу камуністаў (чл. Ц.К. К.П.З.Б. Богдака і іншых), якія далі польскай палітычнай паліцыі матар'ялы да раскансьпіраваньня мае асобы, маё захаваньне падчас сьледзтва, як у паліцыі, так і ў судзе, не выклікала за сабою а ніводнага арышту, чаго далёка не магу сказаць аб камуністых, якія сыпалі і сваіх і чужых, і направа, і налева. Толькі на шостым месяцы майго сядзеньня ў турме, калі дзякуючы розным праўдзівым правакатарам, якімі так багата КПЗБ, быў вылаўлены амаль ня ўвесь ЦК КПЗБ на чале в Артурам і Мэртэнсам, з якімі больш году ня меў нічога супольнага - і ў консьпірацыйныя сакрэты якіх ня мог быць утаямнічаны, - пазволіў я сабе разьвязаць язык і паставіць справу маю перад судом так, як яна ёсьць у сапраўднасьці. Я заявіў, што даўно парваў а маскоўскаю агентураю, змагаўся з ёю дзесяць месяцаў у падпольлі, як са шкоднаю зьяваю, адным словам, закамунікаваў суду тое, што лічыў патрэбным і падпісаў аб гэтым заяву на імя беластоцкага пракурора. Урэшце, пасьля маёвага перавароту, 8 чэрвеня я быў звольнены з прэвэнцыйнага арышту. Спробу камуністых зрабіць з мяне нейкага правакатара лічу проста сьмешнаю, бо ніколі ня быў ім і ў сваім жыцьці ніводнага дня не працаваў на два бакі, хоць і перажыў здраду адносна свае асобы з боку камуністаў і з боку аднаго вельмі вядомага беларуса, які расьцілаючыся перада мною ў сымпатыях, хацеў ашуканчым спосабам выдаць мяне ў ГПУ.

Я рваў з камуністамі - гэта так! Можа спачатку і не здаваў сабе добра справы, што моцна рву - і нарэшце парваў. I гэта я рабіў зусім шчыра, не хаваючыся ад іх і ні ад каго, хто мяне знаець. Тарашкевічу аб гэтым больш вядома, чымся іншым, бо перад самым зрывам, у сьнежні 1924 году, прапанаваў яму заснаваць у Польшчы шчырую, легальную радыкальную беларускую групу, у якую выказаў сваю згоду ўступіць - групу, якая б ня мела нічога супольнага з Масквою і камунізмам, групу чыста нацыянальную.

Але як-бы там ні было, я парваў з камуністамі ў канцы 1924 году - і гэта ашарашыла і іх і менскіх беларусаў. Толькі праз два месяцы на III зьезьдзе КПП, куды я не паехаў, хоць мяне і клікалі, я быў выключаны са сьпіску агентаў Комінтэрну і адначасна з гэтым ня толькі ў менскіх газэтах, але і ў "Правде", пачалася проціў мяне і іншых кампанія - і нават здаецца была выдана спэцыяльная адозва Выканаўчага Камітэту гэтага Камінтэрну да рабочых і сялян Заходняе Беларусі, заклікаючая іх ня слухаць "самазванцаў" і "раскольнікаў".

Далей "Грамада", фальшывая, двулічная "Грамада", ярым праціўнікам якое я быў, бо лічыў, што гэтая "Грамада" зьяўляецца масавай правакацыяй з мэтаю запакаваць нашымі сялянамі польскія турмы.

Ці-ж не спраўдзіліся мае прароцтвы? Трудна. Выкліканы, як адзін са сьведкаў у справе "Грамады" і гэтак знанае "Незалежнае Хлопскае Партыі" Ваявудзкага, дыфірамбаў ёй я таксама сьпяваць ня мог. Як ні шкадаваў я асабіста некаторых асоб з "Грамады", як напрыклад Мятлы, Рак-Міхайлоўскага і іншых, як ні балела сэрца, - аднак мусіў мець цывільную адвагу высказаць свой пагляд на сутнасьць "грамадаўшчыны", якую лічу шкоднаю перад усім для адраджэньня Беларусі. Ні ад каго гэтага ня крыў і ня крыю.

I я пытаюся ў маіх "пракурораў" з б. "Грамады", ці ёсьць правакацыяй тое, што чалавек, праціўнік арганізацыі з самага пачатку, чалавек, які сядзеў у турме, калі "Грамада" закладалася, чалавек, які ня быў ні на адным паседжаньні ня толькі ЦК "Грамады", але і самага апошняга вясковага гуртка, чалавек, які ніразу і ніколі ня прыкідваўся яе прыхільнікам, а наадварот - перасьцерагаў, ці маець хто права сказаць, што гэты чалавек правакатар, калі ён адкрыта, як у друку, так сама і перад судом выказвае свой пагляд. Маеце права назваць мяне сваім ворагам, нават ворагам у квадраце, якога трэба, з вашага пункту гледжаньня, забіць, зьніштожыць. Калі ласка, кажу я вам, - я ваш вораг! Прызнаюся ў гэтым ня толькі перад вамі, ступіўшымі на гіблы шлях, але і перад усім грамадзянствам. Вораг ваш таму, што вы пусьцілі ў свае рады розных прахадзімцаў і палітычных спэкулянтаў, вораг таму ваш, што на кожным кроку вы фальшывілі і ашуквалі народ, вораг ваш таму, што вы здрадзілі незалежніцкую ідэю беларускага руху і танна, вельмі танна прадалі яе на дзевятым годзе праслаўляемай вамі бальшавіцкай дэспотыі, дзе беларускі селянін ня маець ніякіх палітычных правоў і згодна прызнаньню самога Чарвякова носіць боты толькі ў вялікае сьвята.

Сьляпыя! - вы хочаце зрабіць сьляпцом і беларускі народ.

Не багослаўляць ён будзе вас, а праклінаць, бо вы кінулі яго ў прорву няшчасьцяў і сьлёз матчыных - заместа таго, каб пякіраваць на шлях адраджэньня і працы. На кожным кроку ляпечаце вы аб тым, што народ наш дзеліцца на варожыя клясы і павінен грызьціся паміж сабою, гаворыце, што хочаце злучыць Беларусь, а займаецеся тым, што ўсё і ўсюды беларускае дзеліце.

Так, вораг я ваш, але хацеў-бы, як беларус, ад усяе мае душы і гарачага сэрца, каб усе вы зразумелі, што ідзеце вы ня шляхам жыцьця, а шляхам сьмерці і не ў краіну сьветлае яснае будучыны, а ў краіну сьмерці вядзеце беларускі народ.

Іншыя газэты прашу перадрукаваць.

Вільня, 3.ХІ.27. М. Гурын.


Беларускі дзень №11(51), 25 сакавіка 1928 г.

Забойства М. Гурына.

У пятніцу 16 сакавіка, каля 11 гадзіны ўночы ў кавярні Тамашэвіча ў Вільні на Ягелонскай вул. ад кулі забойцы згінуў беларус, б. супрацоўнік "Беларускага Дня" Міхал Гурын.

Гэта ўжо другі раз стралялі да Гурына, першы замах улетку 1927 г., які меў месца ў Горадне, свае мэты не асягнуў - Гурын вылячыўся ад ран і пражыў яшчэ 1½ года.

З сумам і ў цяжкім настроі пішам гэтыя радкі. Як-бы не глядзець на асобу і дзейнасьць забітага, да якой-бы орыентацыі не належаць - адно мусіць прызнаць кожны беларус, што нейкія цёмныя сілы зацягнулі свае сеці над нашым жыцьцём, атруцілі яго бег і руйнуюць усе праявы асабістага, грамадзкага, культурнага і палітычнага беларускага жыцьця, марнуюць тое невялічкае нашае багацьце, якое маем, з радоў сьвядомых грамадзян, культурных работнікаў, вырываюць людзей і кідаюць іх у ахвяру таму чорнаму злому і антыграмадзкаму богу, які выслаў на нашую зямлю гэтыя цёмныя сілы.

Міхал Гурын - гэта такая ахвяра беларускага руху. Яшчэ не пара даць об'ектыўную ацэнку ягонае дзейнасьці, яшчэ занадта востра адчуваюцца галасы проці гэтае дзейнасьці і за яе прамаўляючыя, яшчэ чутны гук стрэлаў забойцы Гурына і сьвежая магільная зямля, дзе знайшла спакой гэтая ахвяра беларускага руху.

Адно можна сказаць - ува усіх беларусаў павінна заварушыцца сумленьне і вырваць з душы й сэрца крык протэсту і роспачы проціў тых цёмных сілаў, якія ўлажылі аружжа ў рукі забойцы, папхнулі яго да расправы з чужым, мо' нязнаным для яго чалавекам, вырваўшы з ягонага сэрца ўсё людзкое, вырвалі і самога забойцу з радоў жыцьцёвага, штодзённага змаганьня за праўду і долю шляхамі людзкое барацьбы, а ня зьверскае расправы.

Мы ня ведаем, ці забойца ёсьць беларусам, калі-ж так, то вывад з трагічнага морду яшчэ цяжэй, яшчэ сільней кладзе жах і сум на душу кожнага беларуса.

Міхал Гурын паявіўся ў радох беларускіх працаўнікоў пасьля вайны. Быў сябрам Камуністычнае Партыі і рэдактарам "Савецкай Беларусі" і, здольны публіцыстык відаць карыстаўся, поўным давер'ем камуністычных вярхоў, і яго як камуністага беларуса партыя выслала на нелегальную работу ў Заходнюю Беларусь.

Тут ён зьяўляўся відным працаўніком III інтэрнацыяналу, належаў да Цэнтральнага Камітэту КПЗБ і блізка быў знаёмы з мэтодамі працы камуністых на беларускіх землях. Але адно трэба сьцьвярдзіць, што Гурын быў заўсёды беларусам. Гэтая беларуская нацыянальная сьвядомасьць пакіравала ім, калі ў 1924 г. ён з другімі сябрамі падпольнае нелегальнае арганізацыі парывае з загадамі маскоўскага камуністычнага цэнтру і ўтварае групу сэцэсыяністых у радах КПЗБ. У свой час беларуская прэса прывітала сэцэсію ў КПЗБ, як пашырэньне беларускага нацыянальнага фронту. Сэцэсыяністыя з КПЗБ выхадам з яе запратэставалі проціў антыбеларускага характару дзейнасьці правадыроў камуністычнае нелегальнае работы на беларускіх землях. Гэты паступак Гурына сьведчыць аб яго адвазе і шчырасьці беларускага самасазнаньня. Ужо талы ён добра ведаў, што III-ці інтэрнацыянал, проціў загадаў якога выступіў Гурын, будзе старацца зьнішчыць яго. Мы ведаем, што менскія беларусы моральна і матар'яльна падтрымалі Гурына, як сэцэсыяністага, няздольныя там у Радавай Беларусі на гэткі крок. Аднак сэцэсія КПЗБ, пакіненая без дапамогі, не магла ўстаяць проціў націску справа і зьлева. Гурын апынуўся ў турме. I там той працэс, які пачаўся яшчэ задоўга перад арыштам, разьвіўся ў душы Гурына да канца. Ён ясна здаў сабе справу, што камуністычная. інтэрнацыянальная работа на беларускіх землях нішчыць малады і чысты беларускі рух у варунках палітычнага жыцьця пад Польшчай. Гэта было найглыбейшым перакананьнем Гурына.

Вышаўшы з турмы, Гурын шукае шляхоў як-бы зьвязаць беларускую работу з легальным дэмакратычным рухам у Польшчы. Ён носіцца з проектамі арганізацыі беларускае соцыялістычнае партыі, зьвязанае таварыскімі адносінамі з Польскай Соцыялістычнай партыяй. На шляху да гэтага творыць разам з беларускай групай эсэраў соцыялістычную групу. Пасьля паўстаньня "Беларускага Дня", супрацоўнічае ў ім аж да пачатку працэсу "Грамады". У сувязі з паказаньнем сьведкі Ясінскага, які выставіў Гурына ў ролі інфарматара аб дзейнасьці "Грамады" задоўга да яе ліквідацыі, сам Гурын адыходзіць ад супрацоўніцтва ў "Бел. Дні".

Урэшце, 16 сакавіка падае ад кулі забойцы. Забойства аплятае цэлая сець загадкаў і легэндаў. Сьледзтва і суд выясьняць праўдзівае падложжа забойства.

Адно пэўнае, што забіты Гурын унёс у магілу выясьненьне свайго ўдзелу ў раскансьпіраваньні "Грамады", бо толькі ў красавіку меў стануць перад людзкім судом. Лёс яго паклікаў хутчэй перад вочы Найвышэйшага Суда.

А так сама пэўна тое, што тая цёмная сіла, якая пакіравала рукой забойцы, не пазволіла Гурыну выясьніць сваіх адносін да працэсу "Грамады" і да пасаджаных на лаве абвінавачаньня.

Відаць, гэтая сіла баялася выяўленьня праўды, у сьвятле якой мо' развеяўся-б орэоль камуністычных дабрадзействаў для беларускага народу.

Гэтая-ж цёмная сіла абцяжыла палажэньне падсудных, а ёй толькі аб тое і ходзіць, каб мець магчымасьць крычаць аб "тэроры" ў Польшчы.

* * *

Шмат якія газэты зьвязваюць забойства М. Гурына з працэсам Грамады. Паміж іншымі, "Kurjer Wileński" з дня 21 сакавіка піша: "У працэсе "Грамады" Гурын меў быць дапрошаны ў красавіку. Яго паказаньні, надта абвінавачваючыя грамадаўцаў, маюць вялікае значэньне для справы, дзеля гэтага, людзі, каторыя жадалі апраўданьня грамадаўцаў, былі вельмі зацікаўлены ў тым, каб ня даць Гурыну магчымасьці паказваць перад судом".

Згаджаючыся з тым, што забойства Гурына знаходзіцца ў арганічнай сувязі з працэсам Грамады, лічым адначасна вялікай памылкай пагляд, быццам забойца быў аружжам у руках людзей, каторыя рупіліся аб апраўданьні падсудных ў справе Грамады, альбо аб стварэньні варункаў для магчыма лёгкага прыгавару.

Нам невядома, якія паказаньні даваў на сьледзтве нябожчык М. Гурын. Але калі праўда тое, што ён зьяўляецца галоўным сьведкай пракуратуры ў гэтай справе, то паказаньні яго недзе запісаны чорным на белым і факт забойства яго ня толькі гэных паказаньняў яго ня выкрэсьлівае, але наадварот - можа надаць ім павагу амаль ня бясспрэчнай праўды. I калі паказаньні яго сапраўды зьяўляюцца гэтак цяжкімі для падсудных, то ўзмацаваньне іх не магло ляжаць у інтарэсах абароны. Якая цёмная сіла кіравала рукою забойцы - сьледзтва павінна выявіць; адно толькі можна цяпер сказаць напэўна, што забойства М. Гурына не магло мець на мэце стварэньня варункаў для апраўданьня падсудных у справе Грамады.



[1] Універсітэт Стэфана Баторыя ў Вільне - Л.Л.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX