Ад перакладчыка: пад псеўданімам "K. Smreczyński" у польскай віленскай прэсе 1920-30 гг. пісаў беларускі дзеяч Макар Касцевіч (Краўцоў) [1]. Цікава, што ў друкаваным ніжэй артыкуле Касцевіч два разы згадвае і сам сябе.
"Народ паэтаў" - так назваў беларусаў Янка Купала ў адным са сваіх вершаў.
І гэта не толькі паэтычная гіпербала паэта, а тэза, заснаваная на рэчаіснасці. Дастаткова бегла зірнуць на сучасную творчасць беларусаў (артыкул напісаны ў 1931 г. - Л. Л.), каб пераканацца ў яе слушнасці. Беларускі раман знаходзіцца яшчэ ў зачаткавым стане, драматычная творчасць робіць першыя крокі, і толькі паэзія квітнее ўсё прыгажэй!
На змену старой гвардыі "нашаніўцаў" (названых гэтак з-за газеты "Наша Ніва"), частка якіх ужо зышла з гэтага свету (М. Багдановіч, Алесь Гарун), а іншыя задыхаюцца ў атручанай атмасферы чырвонага Менска (Купала, Колас, Бядуля), мы бачым, як на нашых вачах расце мноства новых імён і новых талентаў. Гэты працэс можна назіраць як у Польшчы, гэтак і за яе межамі.
Пакінем покуль што знаёмства з песнярамі Савецкай Беларусі і зірнём на паэтычную творчасць віленскіх беларусаў апошняга дзесяцігоддзя. Для польскай публікі яна амаль што такая ж экзатычная, як скажам, японская ці кітайская, аднак вартая таго, каб з ёй пазнаёміцца бліжэй.
Пачнём са старэйшых сярод маладых, гэта Гальяш Леўчык, Л. Радзевіч, К. Сваяк.
Гальяш Леўчык
Першым будзе Леўчык, які яшчэ перад вайной (Першай сусветнай - Л. Л.) выдаў кнігу сваіх вершаў пад сціплай назвай "Чыжык беларускі". Прачытаўшы кнігу, чытач прыходзіць да пераканання, што сціпласць аўтара, якая схавалася за арніталагічныя формы, цалкам апраўданая, бо ў вершах і сапраўды не так шмат вобразнасці ці арыгінальнасці.
Апошнім часам, сп. Леўчык зацікавіўся метадызмам і ў 1930 г., з дапамогай амерыканскіх метадыстаў выдаў самавіты зборнік рэлігійных песень гэтай канфесіі ў беларускім перакладзе. Гэта зборнік мае назву "Божая ліра" і надрукаваны ў двух варыянтах: большым, з нотамі (204 стар.) і меншым, у якім маюцца толькі тэксты (186 стар.).
Л. Радзевіч
Куды цікавейшай асобай з'яўляецца другі са згаданых паэтаў - Л. Радзевіч, які некалькі гадоў таму з'ехаў у Менск. Яго першы паэтычны дэбют - маленечкі, але вельмі каштоўны зборнік паэзіі пад назвай "Беларусь", выдадзены ў 1922 г. у Вільні. Вяртанне да традыцыі і высакароднасці пераплятаюцца тут з рэвалюцыйнымі ноткамі і яркім сацыяльным радыкалізмам. Таксама гэтаму зборніку вершаў характэрны гарачы беларускі патрыятызм.
У вершах гэтага зборніка лёгка заўважыць уплыў паэтычнай творчасці рускіх мадэрністаў, а таксама рускіх паэтаў рэвалюцыйнай эпохі. Кожны з вершаў і кожная рэфлексія ў прозе, надрукаваныя ў зборніку "Беларусь", напісаныя як быццам крывёю сэрца, перапоўнены пачуццямі і шчырым пафасам. Дык, не дзіва, што пачуцці аўтара пераканаўча даносяцца да чытача, робячы так, што гэтыя кароткія, часам мудрагелістыя вершы не магчыма чытаць без глыбокага ўзрушэння.
Вось, для узору, некалькі строф з верша Радзевіча, змешчаных у згаданым вышэй зборніку (тут і далей, у польскай газеце беларускія вершы падаюцца лацінкай без перакладу - Л. Л.).
О, безпатольная, белачыстая,
З ворагамі нерашучая,
Да цябе, зямелька камяністая,
Прыпаду ад болі пякучае!
- кажа ў роспачы аўтар, думаючы пра сваю няшчасную Беларусь.
Якой непасрэднасцю і шчырасцю пачуццяў б'е з амаль што кожнага слова гэтых строф! Які пераканаўчы патрыятычны боль аўтара з-за нядолі сваёй Айчыны! Якая напоўненасць высакароднымі пачуццямі!
Акрамя паэзіі, Радзевіч таксама спрабуе свае сілы ў драматычнай творчасці, ён напісаў некалькі, зусім нядрэнных, а часам выбітных і арыгінальных п'ес і сцэнічных мініяцюр. У гэтых творах Радзевіча больш пераважаюць уплывы заходняй драматургіі.
К. Сваяк
Даволі незвычайным з'яўляецца і вобраз трэцяга з пералічаных вышэй беларускіх песняроў - К. Сваяка.
Сваяк - псеўданім памерлага некалькі гадоў таму ад сухотаў Стаповіча, брата былога беларускага пасла ў Сойм А. Стаповіча. Беларускі ксёндз памёр у маладым узросце, і чароўныя сады паэзіі і прыгажосці былі тым месцам, куды ён уцякаў ад смерці, якая ўсё больш настойліва зазірала яму ў вочы, у сваіх паэтычных творах ён шукаў суцяшэння і забыцця.
Вынікам гэтых пошукаў паратунку і адначасова люстэркам яго пачуццяў, настрояў і інтарэсаў, з'яўляецца зборнік паэзіі Сваяка "Мая Ліра", выдадзены ў Вільні ў 1925 г. Ён змяшчае рэлігійную паэзію, патрыятычныя і любоўныя вершы, паэтычныя рэфлексіі і вершы рознага зместу. "Мая Ліра" надрукаваная лацінкай, што з'яўляецца рэдкасцю ў наш час.
Узровень асобных твораў у зборніку нераўнамерная, ёсць тут і сапраўдныя пэрлы (асабліва лірыка), але ёсць і няўдалыя вершы, якія дзівяць сваім брутальным рэалізмам, ці неўласцівай для паэзіі тэрміналогіяй. Не ўдалося аўтару пазбегнуць і некаторых тэматычных паўтораў (напрыклад, у патрыятычных вершах).
Каштоўнасцю творчасці Сваяка, з'яўляецца яго рэлігійная паэзія, якая дастаткова шырока прадстаўленая ў зборніку (перайманні псалмоў і інш.). Такі від творчасці - рэдкасць у беларускай літаратуры.
Акрамя нечаканага эратычнага элемента ў творчасці святара, таксама ў пэўнай ступені нечаканасцю, з'яўляюцца такія з'явы, як перапляценне хрысціянскага светапогляду аўтара з паганскімі вераваннямі славян і летувісаў а таксама калі-некалі адчувальныя ноткі сацыяльнага радыкалізму! Нарэшце, заслугоўваюць увагі маніфеставаныя Сваяком у сваёй творчасці ўплывы польскай літаратуры, якія бачны, нават у слоўніку аўтара.
С. Станкевіч
Акрамя трох аўтараў, з якімі мы толькі што пазнаёміліся, да старэйшых прадстаўнікоў малодшага пакалення трэба аднесці і Станіслава Станкевіча, аўтара двух зборнікаў паэзіі: "Смех не грэх!" (1926 г.), "З майго ваконца" (1928 г.).
Хаця аўтар прафесійны знаўца кніг, пры гэтым шмат гадоў пражыў у горадзе і толькі зрэдку выязджаў на вёску, аднак ён захаваў у непарушнасці сваю сялянскую псіхалогію і з гэтай пазіцыі рэагуе на ўсе праявы знешняга свету. Вершы Станкевіча прамалінейныя і немудрагелістыя. Ён ужывае самыя паспалітыя формы верша, самыя простыя выразы і тэмы, словам, ён вось такі, вясковы "пачцівы чалавек". Хаця яго вершы не маюць вялікіх літаратурных вартасцей, аднак яны не пазбаўлены пэўнай рацыі жыцця і неабходны простым людзям як духоўная ежа, якая кранае цікавыя для іх тэмы і падаецца ў зразумелых і даступных для іх формах.
Ці можа нешта больш адпавядаць псіхіцы беларускага селяніна, чым такія радкі:
Калі пройдзе зіма?
Усё чакае наш брат,
Бо ў нас хлеба няма,
Ужо ад самых Каляд!
Ні адной пыліны!
Сталі пусткі кругом,
І Бог знае, як мы,
Ужо зіму пражывём! ..
Паэзію аналагічную па якасці, рэпрэзентуюць таксама і гумарыстычныя творы Станкевіча, якім цалкам прысвечаны яго зборнік "Смех і грэх".
Н. Арсеннева
Шэраг маладых паэтаў для нас, пачынае Наталля Арсеннева - дачка расійскага губернатара - жонка польскага афіцэра - таленавітая беларуская паэтка. Сапраўды, нязвыклае супадзенне дэталей біяграфіі.
Тонкі лірык і здольны перакладчык, Арсеннева займае на беларускім віленскім Парнасе адно з галоўных месцаў. Зборнік яе сучаснай паэзіі выйшаў у 1927 г. пад назвай "Пад сінім небам", ён налічае 141 старонку.
Ільвіная доля гэтых вершаў - лірыка, але ёсць там і больш маштабныя творы. Асаблівасцю кнігі з'яўляецца тэматыка, заснаваная на сусвеце народнай міфалогіі і пераймання славянскіх былін (паэма "Лебядзінае возера").
Да адмоўных рысаў аўтаркі можна аднесці празмерныя памеры твораў і лёгкасць вершавання, дзякуючы чаму ў яе зборнік патрапіў шэраг адносна нядрэнных але ўсё ж сярэдніх твораў. Безумоўна, лепшая селекцыя вершаў і сцісканне зместу некаторых з іх, палепшыла б гэтую кнігу.
Яшчэ адной заганай паэзіі Арсенневай, якая па-троху будзе знікаць - не надта правільная беларуская мова яе твораў з вялікай колькасцю русізмаў. […]
Папярэдніцамі Арсенневай-паэткі ў беларускай літаратуры, былі рэвалюцыйная паэтка "Цётка" (Пашкевіч-Кайрыс) і песнярка кахання Канстанцыя Буйло.
Дадам, што Арсеннева, падобна, ужо пераклала на беларускую мову міцкевічавы "Дзяды" (акрамя 3-й часткі), аднак, акрамя невялікага фрагменту (сцэна ў капліцы), гэта яе праца яшчэ не была надрукавана ў "Студэнцкай Думцы".
Пяройдзем да іншых маладых беларускіх паэтаў: Жылкі, Грышкевіча, Васілька, Бартуля, Ільяшэвіча і Машары. Большасць з іх - студэнты-беларусы, а некаторыя (Грышкевіч, Бартуль, Ільяшэвіч) пачалі пісаць яшчэ на гімназічнай лаве.
У. Жылка
Вядучае месца сярод маладых паэтаў і, наогул, на беларускім Парнасе, займае Уладзімір Жылка - тонкі лірык, духоўны спадкаемца пачынальніка беларускай лірыкі, аўтара "Вянка" Максіма Багдановіча.
Беларускі студэнт Жылка даўно жыве па-за межамі Вільні, шмат гадоў у Празе, а апошні час у Менску. Ён - аўтар дзвюх кніг паэзіі.
У першай кнізе "Уяўленне" (1923 г.), прысвечанай Л. Радзевічу, пад уплывам творчасці якога ў той час знаходзіўся Жылка, выразна бачна аўтарская нерашучасць і пошукі найбольш прыдатнай паэтычнай формы. Ён па-нявольніцку пераймае стыль і форму рэвалюцыйных рускіх паэтаў і пры гэтым карыстаецца ўласцівымі для іх трывіальнымі і ардынарнымі тэрмінамі.
Аднак цалкам па-іншаму выглядае наступны, большы за папярэдні, зборнік паэзіі Жылкі "На ростані", выдадзены ў Вільні ў 1924 г. У ім Жылка ўжо выразна абраў шлях, па якім ён пойдзе, шлях вялікіх сімвалістаў-мадэрністаў на чале з Блокам.
Зборнік "На ростані" налічвае толькі 46 старонак, але ў ім амаль што няма слабых, пасрэдных вершаў! У гэтай кніжцы мы сустракаем шэраг цудоўных дробязяў, настрой кнігі вызначаюцца выключнай мастацкасцю ў якой пераважае тонкая меланхолія змешаная з містыцызмам. […]
Адмыслова трэба вылучыць выключна прыгожы і моцны перш Жылкі, прысвечаны Вільні, які быў надрукаваны ў "Студэнцкай Думцы" і ў "Досвітках".
О, Вільня, крывіцкая Мэкка!
О, места - ўсё цуд, хараство!
Дзяржаўная думнасць павекаў,
Узнята рашуча брыво!
Абліччам пад ветры і буры
Туды - у разлогі палёў.
Дзе гоняў рунелыя суры,
Ўзіраешся поўная сноў.
......
Ф. Грышкевіч, А. Бартуль, Х. Ільяшэвіч, Машара
Пяройдзем да астатніх паэтаў, якіх мы ўжо ўзгадалі вышэй.
Гэтая моладзь яшчэ шукае свой голас. Узровень іх паэзіі вельмі няроўны - разам з вартаснымі вершамі бачым няўмелых першынцаў, якія патрапілі ў зборнікі "каб больш было" ці з сантыменту да "грашкоў" сваёй паэтычнай маладосці. Аднак спатыкаем у гэтых зборніках і вялікае багацце паэтычных, у тым ліку і самых новых, форм, што сведчыць пра значную начытанасць маладых паэтаў.
Таксама звяртае ўвагу іх інтэлігентны, "гарадскі" падыход да паэтычных тэм, пры тым, што раней у беларускай паэзіі пераважна дамінаваў вясковы светапогляд з ўласцівымі яму прымітывізмам і трывіяльнасцю, грубасцю і плыткай сентыментальнасцю.
Найбольш багата ў творчасці ўсіх гэтых паэтаў прадстаўлены наступныя тэмы: патрыятызм, каханне, прырода, лірыка. Таксама ў некаторых з іх дадаюцца гістарычныя, рэлігійныя, вясковыя ці пралетарскія матывы (апафеоз фізічнай працы), а таксама народнай міфалогіі, паэтычная проза і дробныя пераклады.
Гэта:
1) Францішак Грышкевіч (між іншым, католік), выпускнік Віленскай беларускай гімназіі, зараз ужо некалькі гадоў студыюе ў Празе, аўтар кнігі "Веснавыя мелодыі", у якой рэлігійныя і нацыянальныя матывы прысутнічаюць побач з яскрава-пралетарскімі. Першыя - уплыў бацькаўскай хаты і памяць дзіцячых гадоў, другія - вынік адукацыі і атачэння ў больш познім узросце.
2) Васілёк (Касцевіч, брат аднаго з беларускіх дзеячаў у Вільні), аўтар зборніка "Шум баравы" (1929 г., 124 старонкі).
3) Аўген Бартуль, студэнт Віленскага ўніверсітэта. Прыехаў да нас з Латвіі і яшчэ там, сярод гімназічнай моладзі адрозніваўся сваімі паэтычнымі талентамі. Першая кніга яго паэзіі, якая складаецца з раней надрукаваных у віленскіх беларускіх газетах і часопісах вершаў, ужо гатовая да друку. Сярод яго твораў бачым больш доўгія рэчы, як напрыклад сімвалічная драматычная байка "Князёўна", легенда пра слыннага разбойніка Машэку, ці пераклад "Свіцязі" Адама Міцкевіча (гл. месячнік "Беларуская культура" № 1, 2, 3 за 1927 г.)
4) Хвёдар Ільяшэвіч - вучань беларускай гімназіі ў Вільні, у быў уцягнуты ў антыдзяржаўную працу і таму пэўны час сядзеў у Лукішках. Выдаў кнігу паэзіі "Весна-песні" (1929 г., Вільня). Ён - выбітнейшы паэт і ў пэўнай ступені яго творчасць падобная на творчасць Жылкі.
5) Машара, аўтар паэтычнай кнігі "Малюнкі" (1928 г. Вільня).
Цікавай адметнасцю творчасці гэтых людзей з'яўляецца спроба ўнесці ў панурую і да гэтага часу песімістычна-журботную беларускую паэзію тон радасці, аптымізму, веры ва ўласныя сілы і лепшую будучыню свайго народа. Аднак, паспалітаму чалавеку невядомы гэты мажорны тон. Ёсць у ім нейкая фальшывая нота, нейкая штучнасць!
У. Дубоўка
Нарэшце, згадаем яшчэ аднаго паэта, даволі слаба звязанага з творчасцю віленскіх беларусаў. Гэта студэнт У. Дубоўка, які жыве ў Савецкай Беларусі. Калі бальшавікі не пажадалі надрукаваць у Менску яго лірычны зборнік "Строма", бо творы не мелі "класавага зместу", ён даслаў рукапіс у Вільню, дзе кніга і была выдадзена ў 1923 г.
Другая кніга паэзіі Дубоўкі "Трысцё" выйшла праз некалькі гадоў у Менску.
Гэтаму маладому чалавеку ўласцівы, у тым ліку, і своеасаблівы паэтычны стыль, і вельмі арыгінальны аўтарскі слоўнік. Гэта моўная арыгінальнасць прасоўвае яго так далёка, што некаторыя яго вершы ўспрымаюцца амаль што як галаваломкі, над якімі трэба добра падумаць, каб зразумець, што ён хоча сказаць. […]
Большасць твораў, пра якія мы гаворым, не дачакалі выдання кнігамі і друкаваліся ў віленскіх беларускіх газетах і часопісах, а часткова ў Латвіі і Празе.
Як мы заўважылі, паэзія віленскіх беларусаў пераважана развіваецца ў лірычнай плашчыні. Творы эпічнага характару сустракаюцца рэдка, у гэтым напрамку больш зроблена ў Менску (вялікая сялянская эпапея Я. Коласа "Новая Зямля").
Тут варта яшчэ падкрэсліць, што за выняткам чатырох першых старэйшых паэтаў, астатнія - праваслаўнага веравызнання і большасць з іх піша кірыліцай.
Некаторыя кнігі, выдадзеныя ў апошні час, звяртаюць на сябе ўвагу сваім аздабленнем і мастацкім афармленнем вокладкі.
Пераклады
Пры канцы некалькі слоў пра паэтычныя пераклады на беларускую мову з замежных моў, пра што немагчыма не сказаць, бо ў Вільні ўжо маюцца каштоўныя даробкі. Напрыклад:
1) Краўцоў Макар (псеўданім) пераклаў дзве паэмы Лермантава: "Дэман" (выдадзены ў 1926 г.) і "Мцыры" (у 1924 г.).
2) Б. Друцкі: Байкі Крылова (першая кніга ў 1926, другая ў 1928 г.).
3) І. Гудок: паэма "Дванаццаць" А. Блока (1926 г.).
4) С. Пяюн нарэшце пераклаў з рускай "Цудоўную ноч" - сцэнічную байку ў 3-х актах Салаўёвай-Allegro (Паліксена Салаўёва (Allegro) - дачка гісторыка Сяргея Салаўёва і сястра філосафа Уладзіміра Салаўёва, паэтка, перакладчыца, выдавец. - Л. Л.).
Заканчваючы наш кароткі нарыс пра беларускую паэзію ў Вільні, хацелася б яшчэ адзначыць, што апрача пералічаных намі аўтараў, на алтар беларускай паэзіі ў Вільні складае гетакомбы, легіён іншых, таксама нядрэнных ці яшчэ толькі пачынаючых паэтаў, якія засыпаюць сваімі, калі-некалі і вартымі творамі, рэдакцыі беларускіх часопісаў і газет.
K. Smreczyński [Макар Касцевіч (Краўцоў)]. Twórczość poetycka Białorusinów // Słowo. 1931. № 220.
Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.
[1] Гл. біяграфію Макара Касцевіча (Краўцова), напісаную вядомым беларускім гісторыкам Алесем Горным і надрукаваную ў зборніку твораў гэтага аўтара: Макар Краўцоў (Касцевіч) / уклад. Л. Юрэвіч. Мінск, 2021. С. 203.