Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

Беларусы 


Аўтар: Краўцоў Макар,
Дадана: 29-11-2023,
Крыніца: Краўцоў Макар. Беларусы // Наша слова.pdf № 46 (98), 15 лістапада 2023.; № 47 (99), 22 лістапада 2023.; № 48 (100), 29 лістапада 2023.

Спампаваць




Ад перакладчыка: з 27 траўня 1924 г. (з № 119) і да 4 студзеня 1925 г., з вялікімі перапынкамі паміж раздзеламі, Макар Касцевіч пад псеўданімам К. Смрэчынскі надрукаваў на польскай мове сваю працу "Беларусы" ў віленскай газеце "Слова". Першыя чатыры часткі яго працы, у якіх аповед пра беларусаў пачынаецца з тлумачэння самога слова "Беларусь" і з часоў нашай старажытнай гісторыі, былі карыснымі для польскага чытача 1920-х гг., але зараз не ўяўляюць навуковай цікавасці. Цікавымі для нас з'яўляюцца меркаванні аўтара пра гістарычна блізкія для яго падзеі, і пра падзеі, сведкам ці ўдзельнікам якіх ён быў асабіста. Я пачаў свой пераклад з пятага раздзела працы Краўцоўва (з № 242).


V. XIX ст., час адраджэння

Беларускае адраджэнне пачынаецца з канца XVIII ст.

VI. Нарэшце, наступае 1905 г.

VII. Перыяд нямецкай акупацыі

VIII. Перыяд нямецкай акупацыі (працяг)

IX. "Нямецка -расійскі" перыяд, 1917 г.

X. "Нямецка-расійскі" перыяд, 1918 г.

XI. 6-ты перыяд, "польска-расійскі" (1919 - …)

Часы Цывільнага ўрада ўсходніх зямель

XII. Перыяд Сярэдняй Літвы

Выбары 1922 г. ў Сойм

XIV. Апошнія гады (1922-24)

Спіс галоўных беларускіх інстытуцый ў Вільні


V. XIX ст., час адраджэння

[…]

Да галоўных падзей, якія адбываліся ў той час на Беларусі, перад усім трэба аднесці скасаванне царкоўнай Уніі ў 1839 г. (з гэтага часу былі забаронены казанні і набажэнствы па-беларуску) і знішчэнне паншчыны ў 1861 г.

Калі казаць пра культурныя ўплывы на беларускі народ, дык і ў "расійскія" часы, як і раней, дамінавалі польскія ўплывы. Асаблівы пашырылася пальшчызна ў часы Аляксандра І. Трэба заўважыць, што гэта паланізацыя беларусаў не была накінутая гвалтам, а праходзіла добраахвотна, пад уздзеяннем высокай польскай культуры і агульнай нянавісці да Масквы.

Аднак, пасля 1863 г., у выніку жахлівага ўціску ўсяго польскага і гвалтоўнай русіфікатарскай палітыкі, маскалі здолелі дасягнуць пэўных поспехаў. А менавіта, пад іх уплыў пачало падпадаць беларускае праваслаўнае насельніцтва (былыя ўніяты), якое пераважала на ўсходзе Беларусі.

Такім чынам, каталіцкі элемент, які панаваў у заходняй частцы, у выніку гэтай палітыкі, пачаў яшчэ мацней прыцягвацца да Польшчы. У выніку адбыўся падзел беларускага народа.

Беларускі селянін, засцянковы шляхціц, а таксама дробны месціч і рабочы ў горадзе, г. зн. той элемент насельніцтва, які да гэтага часу пераважна карыстаўся роднай беларускай мовай, усё часцей вызначаў сваю нацыянальную прыналежнасць паводле веравызнання, зыходзячы з лапідарнай формулы: "Хто католік, той паляк, хто праваслаўны, той рускі".

Гэта становішча працягвалася да 1905 г., калі, карыстаючыся атрыманымі свабодамі, наперад выступіла група людзей, сэрца якіх балела за справу нацыянальнага адраджэння беларусаў і пачалося змаганне з несвядомасцю і невуцтвам беларускага народа. Дык на хвіліну прыгледзімся да прычын, якія выклікалі гэту з'яву, на ідэйныя перадумовы і тыя ўплывы, якія штурхалі да адраджэнскай працы.

Беларускае адраджэнне пачынаецца з канца XVIII ст.

Паўстала яно, дзякуючы, перад усім рамантызму. Рамантызм, з яго цікавасцю да народнай творчасці і культам гісторыі, значна паспрыяў узнікненню адраджэнцкіх рухаў сярод паднявольных народаў.

Доўгі час, да 1906 г., беларускі адраджэнцкі рух не меў нацыянальных памкненняў і выяўляўся толькі ў літаратурных творах народнага характару і ў этнаграфічнай працы. Такім чынам, гэта быў несвядомы ў палітычным і сацыяльным сэнсе рух.

Пачатак літаратурнай творчасці быў пакладзены двума творамі невядомых аўтараў - сатырычнымі паэмамі: "Энеіда навыварат" і "Тарас на Парнасе". Паэмы карысталіся вялікім поспехам і падштурхнулі развіццё творчасці на беларускай мове.

Першымі да літаратурнай творчасці звярнуліся адукаваныя класы. Перад усім - гэта была спаланізаваная беларуская шляхта Заходняй Беларусі і толькі значна пазней (і ў нязначнай колькасці), зрусіфікаваная інтэлігенцыя Усходняй Беларусі.

Цягам усяго XIX стагоддзя беларуская літаратурная творчасць (а такім чынам і ўвесь адраджэнцкі рух, сімвалам якога яна была), нясе выразныя адзнакі каталіцтва і заходняй культуры, паланафільства і антымаскоўшчыны. Непадзельна пануе лацінскі алфавіт, галоўныя асобу руху - католікі, выхаваныя на еўрапейскай культуры і арыентаваныя на захад, у першую чаргу на Польшчу. Увогуле, трэба адзначыць, што найбольш моцныя галовы і самыя светлыя розумы беларускага адраджэння дае Заходняя Беларусь. Менавіта адсюль паходзяць амаль што ўсе выбітныя паэты, празаікі, палітычныя і грамадскія дзеячы і г. д.

Такая перавага каталіцкага элементу над праваслаўным, першынства Заходняй Беларусі ў беларускім адраджэнцкім руху, была зусім не выпадковай з'явай. Наадварот, гэта непасрэдна і паслядоўна вынікала з факту працяглага існавання Беларусі з Польшчай, пад час якога, паступова, мясцовы каталіцкі элемент, які раней быў рэкрутаваны з русінскіх баяраў, дзякуючы перавазе еўрапейскай культуры, прынятай разам з каталіцызмам, пачаў дамінаваць у беларускім культурным жыцці. Гэты элемент дамінуе ў Заходняй Беларусі, бо яна больш падуладная культурнаму ўплыву Еўропы. Адсюль яе культурная перавага над Усходняй Беларуссю, якая ў большай ступені зведала візантыйскія контруплывы.

Толькі на пачатку XX ст., з 1906 г. разам з лацінскім алфавітам у нас з'яўляецца і рускі алфавіт, г. зн. "гражданка" (кірыліца - Л. Л.), прыстасоўваючыся да патрэб беларускай мовы. Аднак да апошніх гадоў яна знаходзілася ў падпарадкаваным становішчы.


Вернемся на імгненне да вытокаў руху і хаця б коратка зіркнем на некаторых найбольш значных творцаў і іх справы.

У першай палове XIX ст., пасля двух вышэйзгаданых ананімных беларускіх твораў, першымі на сцэне з'яўляюцца: 1) Ян Баршчэўскі, 2) Аляксандр Рыпінскі, 3) Ян Чачот.

Першы з іх, галоўным чынам, зрабіў унёсак у беларускі рух сваім зборнікам беларускага фальклору "Шляхціц Завальня, ці Беларусь у фантастычных апавяданнях", напісаным на польскай мове, другі адзначыўся сваім лекцыямі, пазней апублікаванымі таксама па-польску пад назвай "Беларусь" і арыгінальнай баладай "Нячысцік", напісанай на беларускай мове. Трэці вядомы як этнограф, збіральнік беларускіх народных песень і аўтар стылізаваных вершаў, у якіх па-майстэрску пераймае ўзоры народнай творчасці.

Згаданыя вышэй аўтары складаюць у беларускай літаратуры так званую "старэйшую" групу "шляхецкіх рамантыкаў".

Да "малодшай" групы рамантыкаў належаць: 1) Дунін-Марцінкевіч, аўтар шматлікіх беларускіх паэм (найлепшая - "Гапон") і некалькіх камедый, а таксама перакладчык на беларускую мову "Пана Тадэвуша" (таксама перакладаў яе і Ельскі), 2) Вінцэнт Каратынскі, аўтар некалькіх вершаў на беларускай мове, 3) А. Вярыга-Дарэўскі - этнограф і перакладчык на беларускую мову "Конрада Валенрода". ( N.B. Большасць згаданых перакладаў з Міцкевіча загінула). З аўтараў усходняй культуры, варта ўспомніць этнографа-белетрыста П. Шпілеўскага, які пісаў па-руску. Яго галоўным творам ёсць цікавая кніга "Падарожжа па Палессі і Беларускім краі". Гэта ўсе больш-менш выбітныя аўтары часоў "несвядомага адраджэння" (1800-1880). Самай галоўнай асобай сярод іх ёсць Вінцэнт Дунін-Марціневіч (1807-1884) - бацька новай (адроджанай) беларускай літаратуры і беларускага тэатра, бо ў Менску ён арганізаваў тэатральную трупу і, між іншым, па ўласнай задуме, паставіў (з асабістым удзелам) беларускую народную оперу пад назвай "Сялянка" з музыкай С. Манюшкі, якая страчана. Аднак забарона беларускіх спектакляў (услед за забаронай друку ў 1865 г.) хутка спыніла гэты працэс. У канцы XIX ст. беларускі рух, дагэтуль несвядомы, набывае некаторыя рысы свядомага.

Да напоўсвядомых пісьменнікаў таго перыяду (1880-1905) трэба аднесці народнікаў. Гэта паэты: 1) Фр. Багушэвіч, 2) Я. Няслухоўскі, 3) А. Пшолка, выхаваны ў рускай культуры аўтар.

Найбольш значным сярод іх з'яўляецца Фр. Багушэвіч (1800-1900), здольны лірык і непераўзыдзены знаўца душы беларускага селяніна. Таму не дзіва, што яго творы "Смык беларускі" і "Дудка беларуская" з'яўляюцца аднымі з самых папулярных у беларускім народзе і маюць ужо 6-е, а то і 7-е выданне!

Багушэвіч і Марцінкевіч - галоўныя слупы беларускага адраджэння.

VI. Нарэшце, наступае 1905 г.

Вялікі рэвалюцыйны выбух у Расіі меў наступствы і ў Беларусі. Ён стаў пераломным момантам у беларускім адраджэнні, бо заканчваецца перыяд несвядомай працы і пачынаецца мэтанакіраванае і свядомае беларускае нацыянальнае адраджэнне. Ствараюцца палітычныя партыі, друкуюцца беларускія кнігі, выдаюцца часопісы і газеты.

Беларускі рух, які дагэтуль замыкаўся ў вузкіх рамках літаратурнай народнай па ўзроўні творчасці, і ахопліваў толькі невялікую групу асоб, цяпер выходзіць у шырокія народныя колы і становіцца шматбаковым, фарміруе сацыяльныя і палітычныя мэты і стварае праграму нацыянальнай працы.

Беларуская літаратура ўзбагачаецца як якасна, так і колькасна, з'яўляецца шэраг таленавітых аўтараў і ў той жа час, ва ўмовах значнага прытоку народнай інтэлігенцыі, літаратура змяняецца якасна.

Гэта змена лініі папярэдняга развіцця беларускага руху, найбольш яскрава бачна ў тым, як фармулюецца сацыяльнае пытанне. А менавіта, калі папярэднія аўтары, пераважна выхадцы з шляхты, прыміральна ставіліся да пытанняў сацыяльных узаемаадносін паміж селянінам і панам, а яшчэ больш ранейшыя рамантыкі - проста ідылічна, дык новае пакаленне дзеячаў і пісьменнікаў, як "дэмакратычны элемент" (у шырокім сэнсе гэтага слова) у сваёй пераважанай большасці, радыкальна-класава падыходзіць да справы.

Што яшчэ горш, у некаторых аўтараў бачна нават несімпатычнае першынства класавай ідэалогіі над нацыянальнай, перавага касмапалітычных каштоўнасцяў над патрыятычнымі. А самае горшае ў тым, што гэты радыкалізм не абмяжоўваецца толькі літаратурай, ён пранікае амаль што ва ўсе сферы нацыянальнага жыцця беларусаў.

Гэта адна з трох негатыўных з'яў, якія пастаянна можна назіраць у жыцці заняпалых (і адраджаючыхся) народаў, народаў, страціўшых на шляхах гісторыі свае вышэйшыя вартасці і сваю нацыянальную інтэлігенцыю. Гэтымі адмоўнымі з'явамі з'яўляюцца: 1) культурнае ўбоства, 2) брак інтэлігенцыі, і 3) радыкалізм у палітычным і грамадскім жыцці.

Беларусы - якраз такі ідэальны ўзор ультрадэмакратычнай нацыі.

Беларускі радыкалізм мы сустракаем толькі пасля 1905 г. і толькі таму, што менавіта ў той час народны элемент набыў свой голас і пачаў браць удзел у грамадскім жыцці, бо праз усё XIX ст., як вядома, беларускі рух быў прадстаўлены толькі шляхтай. Але пяройдзем да іншага.

Важнейшым мамантам у гэты перыяд свядомага беларускага адраджэння, з'яўляецца выхад у Вільні 14 верасня 1906 г. першага нумара штотыднёвіка "Наша Доля". Гэта першая легальная беларуская газета (нелегальныя выдаваліся і раней, пачынаючы з 1863-64 гг.). Арганізатарам і выдаўцом газеты быў с. п. Іван Луцкевіч - духоўны правадыр беларускага народа, выдатны грамадскі дзеяч, рэвалюцыянер і археолаг. Пасля смерці ў 1919 г. яго месца заняў Антон Луцкевіч.

Аднак не гэтае выданне адыграла вялікую ролю ў гісторыі беларускага адраджэння. За яго яскрава-радыкальны і апазіцыйны кірунак, а таксама за падбухторванне насельніцтва, пасля шэрагу канфіскацый (з 6 нумароў 5 было канфіскавана!), праз некалькі месяцаў выданне было забароненае.

Яшчэ да канчатковага закрыцця "Нашай Долі", яго змяніла другое беларускае перыядычнае выданне "Наша Ніва". Першы нумар гэтай газеты выйшаў 23 лістапада 1906 г., а друкавалася яна ажно да прыходу немцаў (1915 г.). Першым рэдактарам гэтага выдання быў заслужаны беларускі дзеяч А. Уласаў (зараз сенатар). "Наша Ніва" - дыхтоўная газета вялікага фармату, часам нават з ілюстрацыямі, усебакова асвятляла беларускае жыццё і ўсе праявы нацыянальнага руху. Менавіта на яе старонках ствараліся палітычныя праграмы, з'яўляліся новыя літаратурныя і публіцыстычныя таленты, развівалася і ўдасканальвалася беларуская мова.

"Наша Ніва" была сапраўдным духоўным правадніком свайго народа і вакол яе канцэнтравалася ўсё лепшае, здаровае і па-сапраўднаму творчае ў беларускім руху, з'яўляліся лідары і стваралася шырокая беларуская грамадскасць. Некалькі тысяч падпісчыкаў і сотні карэспандэнцый з вёскі якія былі надрукаваны ў гэтым выданні, сведчылі, што адраджэнцкі рух нарэшце пранік у народныя масы.

З-за таго, што канстытуцыйныя свабоды дазвалялі весці культурна-асветніцкую працу ў народзе, была звернута ўвага на справу нацыянальнай свядомасці праваслаўных беларусаў і зроблена спроба абудзіць Усходнюю Беларусь ад рускай летаргіі. Дзеля гэтага кнігі пачалі друкаваць не толькі лацінкай, але і кірыліцай. Такім жа чынам пачалі выдавацца і некаторыя беларускія газеты, у тым ліку і "Наша Ніва". У сувязі са значнымі выдаткамі, выкліканымі друкам на двух алфавітах, рэдакцыя запусцілі анкету з апытаннем: які алфавіт больш пажаданы для чытачоў. Большасць чытачоў выбрала кірыліцу, і толькі на ёй з 1913 г. і пачала друкавацца "Наша Ніва".

Наколькі вялікай была роля выдання, між іншым кажа і тое, што ўвесь перыяд свядомага беларускага нацыянальнага адраджэння (з 1905 г.) носіць назву "нашаніўскага" і шэраг таленавітых сучасных аўтараў, якія ўсе без вынятку былі супрацоўнікамі гэтай газеты, у беларускай літаратуры вядомы пад назвай "нашаніўцаў".

"Нашаніўцы" падзяляліся на больш старэйшых, якія часткова сфармаваліся яшчэ ў канцы XIX ст. (напоўсвядомы перыяд) і, адначасова, мелі пэўную роднасць як з першым пакаленнем пісьменнікаў-народнікаў, гэтак і з маладымі, літаратурная творчасць якіх больш-менш пачынаецца ў "нашаніўскія" часы.

Да першых (старэйшых) належаць: 1) Каганец (паэт), 2) Цётка (рэвалюцыйная паэтка), 3) Ядвігін Ш. (навеліст) і 4) А. Паўловіч (паэт).

З іх, заслугоўвае ўвагі таленавіты навеліст Ядвігін Ш. (1870-1922) - першы выдатны беларускі празаік. Пасля Марцінкевіча і Багушэвіча гэта трэцяя па значнасці асоба ў беларускай літаратуры.

Пераходзячы да маладзейшых "нашаніўцаў", пераважна рэкрутаваных з новай народнай інтэлігенцыі, трэба адзначыць, што, нягледзячы на радыкальную ідэалогію, сярод іх маецца шэраг першакласных беларускіх аўтараў, якія стварылі багатую і каларытную літаратуру і ўнеслі ў яе сваё, асаблівае нацыянальнае і сацыяльнае гучанне.

Гэта: 1) Якуб Колас (паэт і празаік), 2) Янка Купала (вядучы паэт і драматург), 3) Максім Багдановіч (выдатны паэт чыстай прыгажосці і мастацтва дзеля мастацтва), 4) Змітрок Бядуля (паэт і празаік), 5) Алесь Гарун (паэт і празаік).

Трошкі апярэдзім храналагічную хаду падзей і згадаем яшчэ некалькі выдатных асоб найноўшай беларускай літаратуры. Бо справа ў тым, што мы не хацелі б вяртацца да гэтай сферы, якая не з'яўляецца нашай тэмай і таму, варта было б мімаходзь згадаць галоўнае. Бо кажучы пра нацыянальным адраджэнні беларусаў, нельга абмінуць літаратуру, якая на працягу ўсяго XIX ст. была адзінай праявай гэтага руху. Такім чынам, вось яшчэ значныя аўтары: 1) Цішка Гарты (празаік і паэт працы і барацьбы), 2) Канстанцыя Буйло (паэтка кахання), 3) Наталля Арсеннева (паэтка-імпрэсіяністка і перакладчыца "Дзядоў"), 4) Францішак Аляхновіч (найлепшы беларускі драматург), 5) Уласт (навеліст і публіцыст), 6) Галубок (навеліст і драматург), 7) Максім Гарэцкі (празаік і гісторык літаратуры). Сярод публіцыстаў вылучаецца яшчэ Антон Навіна (А. Луцкевіч) які з'яўляецца яшчэ і літаратурным крытыкам.

Жадаю не перагружаць чытача імёнамі, і таму мы ўстрымаемся ад згадкі прадстаўнікоў самай маладой генерацыі ў беларускай літаратуры, сярод якой ужо ёсць і выдатныя аўтары.

Нарэшце, давайце паглядзім на яшчэ адну важную сферу беларускага жыцця - палітыку, якая таксама пачынае развівацца ў гэты перыяд. Фактычны пачатак беларускаму палітычнаму жыццю ў 1903 г. паклаў Іван Луцкевіч праз стварэнне канспіратыўнай арганізацыі пад назвай "Беларуская рэвалюцыйная грамада", якая ў той час яшчэ не мела якой небудзь палітычнай і грамадскай праграмы. З надыходам рэвалюцыі 1905 г. яна ператвараецца ў "Беларускую Сацыялістычную Грамаду" з сацыялістычнай праграмай. Органам беларускіх сацыялістаў была вышэйзгаданая газета "Наша Доля".

Аднак ва ўмовах разгрому ўрадам сацыялістычных арганізацый, які неўзабаве адбыўся, рух з аднаго боку, быў адкінуты ў канспірацыю, а з другога, з-за таго, што ён ахапіў ужо больш умераныя і ўраўнаважаныя элементы беларускага грамадства, ствараецца дзве палітычныя партыі: нацыянальна-дэмакратычная, органам якой была вышэйзгаданая "Наша Ніва" і хрысціянска-дэмакратычная з газетай "Беларусь", якая друкавалася лацінкай.

Як у адным са сваіх тагачасных артыкулаў прызнаваўся выдатны беларускі дзеяч і публіцыст сп. А. Луцкевіч, нацыянальна-дэмакратычны накірунак быў больш моцным і меў большую колькасць прыхільнікаў. Яго падтрымлівалі сяляне і ўніверсітэцкая моладзь а таксама большасць інтэлігенцыі. Нацыянальна-дэмакратычны рух у той час дабудоўваў сваю ідэалогію, якая пашыралася праз газету "Наша Ніва" і ўсе іншыя беларускія выданні, якія тады паўсталі. Гэты былі: сялянскі і сельскагаспадарчы штомесячнік "Саха", ілюстраваны штоквартальнік для інтэлігенцыі "Маладая Беларусь", які друкаваўся амаль што раскошна і быў прысвечаны навуцы, мастацтву, літаратуры і сацыяльным праблемам, а таксама выданні для дзяцей "Лучынка" і студэнцкі орган "Раніца".

Нельга абысці ўвагай яшчэ адну важную сферу беларускага жыцця - тэатр. Беларускі тэатр, пасля таго як Марцінкевіч у сярэдзіне XIX ст. (1855 г.) паспрабаваў яго арганізаваць, надоўга знікае, і толькі пасля рэвалюцыі 1905 г. і зняцця забароны на друк пачалі арганізоўвацца (з 1910 г.) шматлікія самадзейныя музычна-драматычныя гурткі, хоры і г. д., і не толькі ў самой Беларусі, але і за яе межамі - у Варшаве і Пецярбургу, дзе ставіліся беларускія спектаклі канцэрты.

У 1911 г. быў створаны першы беларускі вандроўны тэатр, які аб'ехаў 15 гарадоў. Першы беларускі выступ у Вільні адбыўся 12 лютага.

Гэтак у агульных рысах выглядаў беларускі рух да 1914 г., калі з выбухам Сусветнай вайны і прыходам немцаў, заканчваецца "рускі" перыяд у гісторыі беларускага народа.

VII. Перыяд нямецкай акупацыі

5-ты перыяд беларускай гісторыі, перыяд нямецкай акупацыі, можна назваць "нямецка-рускім", бо частка Беларусі была акупаваная Германіяй, а астатняя частка заставалася пад Расіяй. Гэта самы кароткі перыяд з усіх раней намі згаданых, бо доўжыўся ён ўсяго некалькі гадоў, з канца 1915 г. да канца 1918 г.


Паглядзім спачатку на беларускае жыццё на беларускіх землях, якія заставаліся пад уладай Расіі, а менавіта на Меншчыну, Магілёўшчыну і Віцебшчыну - Усходнюю Беларусь. Тут да самага выбуху расійскай рэвалюцыі ў 1917 г. заставалася нязменнай уведзеная царскім урадам з пачаткам вайны жорсткая ваенна-палітычнай сістэма. Асабліва балючым для Беларусі было тое, што праз яе праходзіла лінія фронту.

Ні пра якую грамадскую працу, акрамя дапамогі ўцекачам, не магло ісці і гаворкі. На ўсёй згаданай тэрыторыі за той час не было надрукавана аніводнай беларускай кнігі, аніводнага часопіса. І толькі ў Пецярбургу, у канцы 1916 г., незадоўга да рэвалюцыі, пачалі выходзіць два тыднёвікі "Светач" (лацінскай) і "Дзянніца" (кірыліцай). Аднак, як сцвярджае ў адным з сваіх артыкулаў Норвін (?, можа А. Навіна - Л. Л.), яны таксама не мелі магчымасці належным чынам асвятліць тыя думкі і справы, якія хвалявалі ў той час беларускае грамадства, бо жорсткасць расійскай цэнзуры даходзіла да таго, што яна забараняла ўжываць у артыкулах слова "Беларусь", загадваючы замяніць яго словамі "наш край" і г. д.


А зараз, паглядзім на беларускае жыццё пад нямецкім панаваннем, справа пойдзе пра Гарадзеншчыну (нагадаю, што тэрыторыя сучаснай Берасцейскай вобласці была часткай Гарадзенскай і Менскай губерняў Расіі - Л. Л.) і Віленшчыну - ці Заходнюю Беларусь.

Хоць з-за блакады Германіі саюзнікамі, эканамічныя ўмовы тут былі значна горшымі, чым у Расіі, з боку гледжання палітыкі, пасля злому першага ільду ў адносінах, беларусы дасягнулі значных поспехаў. І гэта, нягледзячы на першапачатковую залежнасць ад мясцовых палякаў, якая між іншым выразілася ў тым, што граф Пфайль (Pfeil), камандзір нямецкіх акупацыйных аддзелаў, якія занялі Вільню, загадаў расклеіць па вуліцах горада адозвы да гараджан, у якіх называў Вільню "пэрлай Польскай кароны", і нягледзячы на тое, што ў неўзабаве, немцы пачалі падобныя палітычныя гульні з летувісамі.

Аднак, хутка недаверлівыя адносіны немцаў да беларусаў прынцыпова змяніліся да лепшага. Гэтыя змены пачаліся на пачатку 1916 г. з загаду фельдмаршала Гіндэнбурга аб школах. Фельдмаршал загадаў каб беларуская мова, як мова цалкам адрозная ад рускай, мела ўсе правы нараўне з іншымі мовамі краю.

У лютым 1916 г. пачала выходзіць беларуская газета "Гоман". Увесь час яна друкавалася лацінкай і кірыліцай. "Гоман" выходзіў два разы на тыдзень (N.B. першая легальная беларуская газета "Наша Доля" выходзіла двума алфавітамі раз на тыдзень, другая, "Наша Ніва" - на пачатку двума алфавітамі а потым толькі кірыліцый, спачатку раз, а потым два разы на тыдзень). Газету падпісваў рэдактара Ю. Салавей (J. Solowiej). Выданне субсідзіравалася і ў значнай ступні на пачатку нават інспіравалася акупацыйнымі ўладамі. Тым не менш, трэба прызнаць, што гэта была самавітая і добра рэдагаваная газета вялікага фармату, якая пісала на разнастайныя а не толькі грамадска-палітычныя тэмы і мела вялікія культурныя і літаратурныя раздзелы, доўгі час заставалася адзіным беларускім выданнем на ўсёй акупаванай тэрыторыі.

Праз некалькі месяцаў было вырашана ўсе загады ў акупацыйнай зоне друкаваць таксама і па-беларуску, на роўных правах з іншымі мовамі краю. Такім чынам, адбылося важнае для беларусаў прызнанне сваёй мовы як сродку зносін улады з насельніцтвам.

Існае і сёння "Беларускае таварыства дапамогі ахвярам вайны", пачало працу яшчэ пад Расіяй, а пад немцамі пашырыла сваю дзейнасць, і немцы трактавалі яго як нацыянальнае прадстаўніцтва ўсіх беларусаў.

У той час паўстаюць ці паспяхова развіваюцца і іншыя беларускія грамадскія арганізацыі. Адраджаецца і беларускі выдавецкі рух, які замёр з пачаткам вайны. Друкуюцца творы мастацкай літаратуры, падручнікі, календары і г. д.

Асоба трэба адзначыць выданне календароў, бо яны адыгралі і працягваюць адыгрываюць значную ролю ў справе нацыянальнага выхавання беларускага селяніна. Трэба памятаць, што для многіх сялян такі кніжны каляндар - адзіная чытанка на ўвесь год. Таму не дзіва, што беларускія адраджэнцы шмат часу аддавалі складанню вынаходліва падрыхтаваных календароў, гэтага сялянскага Vademecum (лац. "Vade mecum" - "Ідзі са мной", кішэнны даведнік. - Л. Л.), у якім селянін знойдзе ўсё, што яму трэба, дзе замест уласна календара, ёсць статыстычны раздзел, юрыдычныя і эканамічныя парады і пры канцы - разнастайны літаратурны раздзел. Гэты апошні, звычайна пачынаўся нарысам пра беларускае адраджэнне і гісторыю, потым ішло некалькі артыкулаў, прысвечаных грамадска-культурным пытанням, за імі друкаваліся апавяданні і вершы.

Пачынаючы з 1910 г., календары выходзілі кожны год лацінкай і кірыліцай. На пачатку іх выдавала "Наша Ніва", а потым розныя людзі ці ўстановы.

Аднак галоўным момантам беларускага культурнага жыцця гэтага перыяду, несумненна з'яўляецца арганізацыя беларускай асветы, гэтага галоўнага нацыянальнага элементу.

Першыя спробы арганізаваць беларускую асвету зрабіў вядомы беларускі паэт Якуб Колас (К. Міцкевіч), які па прафесіі быў народным настаўнікам. Каб заснаваць тайныя беларускія школы, ён згуртаваў вакол сябе кола маладых беларускіх настаўнікаў [1]. Аднак, гэта "змова" была хутка выкрыта, а ініцыятар пакараны.

Пасля няўдалай спробы справа на нейкі час была пакінута і яе рэальнае ажыццяўленне прыпадае толькі на перыяд нямецкай акупацыі, калі беларускім школьніцтвам занялося "Беларускае таварыства дапамогі ахвярам вайны", якое перад усім, апекавалася беднай беларускай дзятвой. Ужо ў канцы 1915 г., неўзабаве пасля прыходу немцаў, 18 лістапада адкрылася першая беларуская школа ў якой вучылася 36 чалавек. Каб ліквідаваць недахоп настаўнікаў, амаль што адначасова са школай, у Вільні былі арганізаваныя першыя беларускія бясплатныя настаўніцкія курсы.

Важным момантам у гісторыі беларускай адукацыі з'яўляецца адкрыццё восенню 1916 г. дзяржаўнай беларускай настаўніцкай семінарыі ў Свіслачы на Гарадзеншчыне. Курс навучання ў семінарыі працягваўся 3 месяца, для практычных заняткаў слухачоў пры семінарыі існавала ўзорная школа. Гэтак працягвалася да 1918 г.

Па меры павелічэння колькасці беларускіх настаўнікаў развіццё адукацыі ішло ўсё хутчэй і хутчэй. Да канца 1916 г. беларуская пачатковая школа была забяспечана дастатковай колькасцю падручнікаў, якія складаліся як з новых, гэтак і са старых, даваенных выданняў.

У 1917 г. колькасць школ значна павялічылася, і стварылася дастаткова густая школьная сетка. Агульная колькасць беларускіх школ на Віленшчыне і Гарадзеншчыне ў гэтым годзе дасягнула 153. А ў канцы 1917 г. ствараецца першая беларуская гімназія.


Але покуль пакінем сферу адукацыі прыгледзімся да таго, як развівалася ў той час беларускае палітычнае жыццё...

VIII. Перыяд нямецкай акупацыі (працяг)

Перш, чым пачаць размову пра палітычную дзейнасць беларусаў у гэты перыяд, трэба сказаць некалькі слоў пра развіццё беларускай палітычнай ідэалогіі. Яе пачатак сягае ў часы, якія непасрэдна папярэднічалі рускай рэвалюцыі. У той час лідары беларусаў, як і іншых прыгнечаных "инородцев", у якасці нацыянальнай ідэі вылучалі вельмі сціплыя патрабаванні, а менавіта: юрыдычнае забеспячэнне нацыянальных правоў, і толькі найбольш радыкальныя палітыкі дамагаліся аўтаноміі з краёвымі парламентамі, якія б вырашалі свае лакальныя справы. Уласна такія патрабаванні ў 1903 г. высунула "Беларуская рэвалюцыйная грамада".

Аднак хутка, у сувязі з узрастаючай свядомасцю нашага народа, аўтанамісцкай праграмы стала недастаткова, і яе месца займае ідэя перабудовы расійскай дзяржавы на федэратыўных умовах. Як бачым, усе гэтыя канцэпцыі не выходзяць за межы расійскай дзяржаўнасці - настолькі вялікай была вера ў моц імперскага калоса!

Аднак паўставалі і больш шырокія праекты. А менавіта, "Беларуская сацыялістычная грамада" высунула лозунг дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі ў федэрацыі з суседзямі, а неабавязкова з Расіяй. Прычым, з суседзяў у разлік браліся толькі летувісы, украінцы і латышы. Польшчы, як і Расіі, баяліся з-за яе культурнай перавагі. Сярод палітычных канцэпцый таго часу цікавыя наступныя праекты: адраджэнне ВКЛ як летувіска-беларускай федэрацыі, а пасля заняпаду рэвалюцыі 1905 г. - праект агульнага летувіска-беларуска-ўкраінскага злучэння.

Вялікая ўвага надавалася і культурнаму збліжэнню двух народаў: беларускага і ўкраінскага. Перыяд з 1905 па 1914 гг. прайшоў у паглыбленні ідэі федэрацыі вольнай Беларусі з вольнымі суседзямі, аднак рэзкага разрыву з Расіяй не адбылося, рабіліся спробы схіліць маскоўскае грамадства да ідэі федэрацыі.

Разгарнулася еўрапейская вайна. Неўзабаве сярод беларусаў з'явіліся два кірункі грамадскай думкі. Адны лічылі, што правільным з'яўляецца аб'яднанне ўсіх іншапляменнікаў для абароны Расіі, якая пасля перамогі адплаціць за лаяльнасць федэрацыяй. Іншыя, абапіраючыся на веданне гісторыі, сцвярджалі адваротнае, што ў выпадку перамогі Расіі, нацыянальны прыгнёт у ёй толькі ўзмоцніцца і таму трэба жадаць яе паразы, бо толькі параза можа прымусіць рускі ўрад пайсці на саступкі ці нават прымусіць народныя масы Расіі пачаць рэвалюцыю, якая стане выратаваннем для прыгнечаных народаў.

Аднак, на практыцы абодва бакі звычайна займалі нейтральную пазіцыю. Ва ўсялякім разе, ніхто не мог свабодна каментаваць гэтае пытанне ў прэсе з-за жорсткай ваеннай цэнзуры. Таму ад бяздзейнасці да актыўнага стану беларусы пераходзяць толькі пасля адыходу рускіх войскаў з Заходняй Беларусі (верасень 1915 г.).

Праўда, пасля адыходу расейцаў, з-за вывазу ў Расію чыноўнікаў, настаўнікаў, духавенства і г. д., на ўсім акупаваным абшары засталася толькі жменька беларускай інтэлігенцыі, а з іх толькі 3 - 4 беларускія дзеячы, якім аднак патрафіла прыцягнуць да працы на беларускай ніве шмат новых асоб і такім чынам пашырыць свае шэрагі.

Зважаючы на ўціск, што рабіла Расія ва Усходняй Беларусі, якая засталася пад яе кантролем, і на прыязныя адносіны немцаў да беларускага пытання, адбыўся карэнны паварот у адносінах да Масквы. Арыентацыя на Маскву канчаткова закончылася, і замест яе з'явілася ідэя поўнай незалежнасці сваёй краіны. Вера ў магчымасць рэалізацыі такога плана ўзмацнілася пасля заявы нямецкага канцлера Бэтмана-Гольвега аб тым, што "вызваленыя ад Расіі землі, больш не трапяць пад яе ярмо".

Ужо ў канцы 1915 г. (падобна, з ініцыятывы беларусаў), у Вільні створана "Канфедэрацыя Вялікага Княства Літоўскага", у якую ўвайшлі прадстаўнікі ўсіх чатырох народаў краю: палякі (відочна, прадстаўлены пэўнай, невялікай палітычнай групай), беларусы, летувісы і яўрэі.

У снежні 1915 г. Часовая рада Канфедэрацыі выдае "Універсал" на чатырох мовах, які заклікае далучыцца да Канфедэрацыі, а ў лютым 1916 г. - зварот, у якім падрабязна каментуюцца прынцыпы, на якіх гэтая Канфедэрацыя мае быць створаная.

Паколькі ў справе Канфедэрацыі наступіла частковае летувіска-беларускае паразуменне і ўзгадненне рознанакіраваных інтарэсаў абодвух народаў, дык стала нельга абмінуць вельмі цікавыя моманты, якія датычаць іх ўзаемаадносін у эпоху свядомага адраджэння.

У 1905 г. спрэчным пытаннем для шырокіх інтэлігентных колаў абодвух народаў і перш за ўсё дзеячаў гэтых народаў, было пытанне пабудовы сваёй дзяржаўнасці. А менавіта, галоўным было пытанне, ці можна па прыкладу мінулага зноў пабудаваць агульную летувіска-беларускую дзяржаву, ці трэба стварыць два дзяржаўныя арганізмы.

Летувісы абралі другі варыянт, бо баяліся, што ў выпадку адзінай дзяржавы, яны ва ўсіх адносінах будуць перасілены беларусамі, летувісы добра памяталі, як гэта насамрэч адбывалася ў ВКЛ. У гістарычнай Літве панаваў зрутэнізаваны ліцвін, культура беларуская панавала, і стыхійная рутэнізацыя пагражала летувіскаму элементу цалкавітым знішчэннем малой летувіскай нацыі, ад чаго яе ўратавала пазнейшая паланізацыя.

Аднак у 1911 г. узнікла новая прынцыповая цяжкасць, а менавіта, што ў выпадку размежавання дзвюх дзяржаў па этнічным прынцыпе, які з'яўляўся адзіна правільным, былая сталіца гістарычнай Літвы Вільня, заставалася за Беларуссю, бо летувісы жывуць, як найбліжэй, за 20 - 60 км на паўднёвы захад ад сталіцы, адкуль і пачынаецца летувіскі арэал. Таму не дзіва, што ўжо ў 1905 г. на "Летувіскім нацыянальным сейме", які праходзіў у Вільні, летувісы прадбачылі вялікія цяжкасці з атрыманнем Вільні, і таму ў склад этнаграфічнай Летувы, апрача Ковеншчыны і Сувалак, яны дзіўным чынам уключылі Віленшчыну і Гарадзеншчыну!

І тым не менш, летувісы выказаліся за канфедэрацыю і адраджэнне супольнага ВКЛ.

Да гэтага іх падштурхнула тая акалічнасць, што хоць адозва аб канфедэрацыі прадугледжвала аб'яднанне ўсіх беларускіх зямель ў будучай агульнай дзяржаве, але рэальна яна абмяжоўвалася толькі тым, што заваявалі немцы, і такім чынам будучая перавага беларусаў скасоўвалася.

А беларусаў да гэтай супольнай працы, перш за ўсё, прымушала немажлівасць весці самастойную палітыку сіламі невялікай групы свядомых беларусаў, якія засталіся на месцы, а не былі дэпартаваны ў Расію пры адступленні рускай арміі. Аднак, нягледзячы на гэта, беларусы і самі рабілі неабходныя палітычныя крокі. Перад усім, да такіх крокаў можна аднесці першы ўдзел беларусаў у міжнародным форуме праз дэкларацыю, дасланую 28 красавіка 1916 г. "Беларускім віленскім нацыянальным камітэтам" на "Кангрэс народаў Расіі", які праходзіў у Стакгольме. У сваёй дэкларацыі Беларускі камітэта пераказаў усе крыўды ад Расіі, якія адчулі беларусы за 120 гадоў, і ў канцы дакумента нарэшце абвясціў, што "беларускі народ чакае свайго вызвалення ад расійскай няволі".

Канец 1916 г. быў адзначаны ўсталяваннем прынцыпаў, на якіх павінна грунтавацца агульная летувіска-беларуская дзяржаўнасць.

Аднак, на пачатку 1917 г. летувіская палітыка адносна беларусаў перажывае рэзкі злом, які быў выкліканы канкрэтнымі прапановамі, якія летувісы атрымалі з Берліна. Немцы, з аднаго боку не жадалі занадта раздражняць усё яшчэ моцную Расію празмерным фарсаваннем беларускага элементу, большасць якога заставалася па другі бок фронту, з другога боку немцы лічылі нежаданым для сябе настойваць на стварэнні абвешчанай імі польскай дзяржавы шляхам далучэння да яе летувіскіх і беларускіх тэрыторый, і таму ў выніку, немцы вырашылі абаперціся на тэрыторыі нашага краю на летувіскі элемент і стварыць з іх Вялікую Летуву.

Летувісы, натуральна, пагадзіліся на такія спакуслівыя прапановы і разарвалі адносіны з беларусамі, таксама адмежаваліся яны ад палякаў і яўрэяў. Вынікам гэтага нямецка-летувсікага пагаднення сталася стварэнне ў Вільні Літоўскай дзяржаўнай рады, т. з. Тарыбы, як суверэннага органа створанай немцамі Летувіскай дзяржавы.

З-за таго, што ап'янелыя ад трыумфу летувісы абяцалі беларусам толькі 1 ці 2 месцы ў Тарыбе, беларусы адкінулі падобныя прапановы і занялі выразна апазіцыйную пазіцыю да "пануючай" нацыянальнасці.


Першыя весткі пра шырокую культурна-гістарычную працу, якую праводзілі беларусы па другі бок лініі фронту пасля лютаўскай рэвалюцыі, дайшлі ў Вільню толькі ў жніўні 1917 г. З-за дбайнага закрыцця немцамі лініі фронту, у мясцовым беларускім грамадстве наступіў ідэйны раскол: частка па-ранейшаму выступала за супольную з летувісамі дзяржаву, іншыя адмовіліся ад гэтай ідэі. Нарэшце, на пачатку 1918 г. (25-27 студзеня), нягледзячы на перашкоды з боку летувісаў і немцаў, беларусы змаглі перамагчы міжпартыйныя спрэчкі і на беларускай канферэнцыі ў Вільні аднагалосна прыняць кампрамісную ўхвалу аб палітычным становішчы.

Гэта ўхвала ў сваёй галоўнай частцы патрабавала, каб "беларуска-летувіскія тэрыторыі ўтварылі незалежную, суверэнную, дэмакратычную дзяржаву, якая б складалася з двух галоўных і аўтаномных нацыянальных тэрыторый: беларускай і летувіскай ў сціслым звязе з незалежнай Курляндыяй" пры ўмове выканання гэтых планаў праз заканадаўчы сойм у Вільні. Таксама ўхвала заклікала беларусаў па другі бок лініі фронту, падтрымаць гэтыя патрабаванні і адначасова зазначыла, што не прызнае ні пастаноў Тарыбы, ні яе паўнамоцтваў.

Гэтая незалежная канферэнцыя была апошнім палітычным актам беларусаў у межах першай нямецкай акупацыі, і перш, чым закончыць расказваць пра яе, вернемся ва Усходнюю Беларусь у перыяд ад выбуху расійскай рэвалюцыі 1917 г. і да прыходу туды немцаў у 1918 г. (так званая другая нямецкая акупацыя).

IX. "Нямецка -расійскі" перыяд, 1917 г.

З пачаткам у 1917 г. лютаўскай рэвалюцыі ў Расіі, неўзабаве беларускі рух дасягае значнай моцы і стыхійна распаўсюджваецца па ўсёй Усходняй Беларусі.

Дэпартаваная царскімі ўладамі ў глыб дзяржавы беларуская інтэлігенцыя імкнулася трымацца як мага бліжэй да пакінутых мясцін, і таму большая частка яе з выбухам рэвалюцыі аказалася сканцэнтравана ва Усходняй Беларусі. Гэтая акалічнасць была вельмі пазітыўнай для беларусаў, бо ў значнай ступені паспрыяла актывізацыі нацыянальнага руху.

Паўстаюць новыя беларускія інстытуцыі і выданні. Па ўсёй краіне і нават на чужыне, у Расіі, адбываюцца шматлікія і разнастайныя беларускія з'езды, канферэнцыі, мітынгі і г. д. Сярод гэтых мерапрыемстваў найперш трэба назваць 1-шы Агульнабеларускі нацыянальны з'езд, які адбыўся ў Менску хутка пасля рэвалюцыі (23 сакавіка), і на які з'ехаліся прадстаўнікі беларускіх арганізацый і грамадскія дзеячы. З'езд абраў з сябе Нацыянальны камітэт у складзе 18 чалавек. Старшынём камітэта абралі Р. Скірмунта, намеснікам старшыні Аляксюка (адвакат).

Пастановы з'езда, якія потым пастаянна паўтараліся іншымі беларускімі з'ездамі, былі даволі сціплымі (нацыянальна-тэрытарыяльная аўтаномія Беларусі ў федэратыўнай дэмакратычнай Расійскай рэспубліцы, беларуская асвета і інш.). Аднак, нягледзячы на гэта, расійскі Часовы ўрад непрыхільна паставіўся да дэлегацыі, накіраванай з'ездам, і намаганні дэлегацыі ў Пецярбургу засталіся безвыніковымі. Далейшыя стасункі з Часовым урадам, а потым з бальшавіцкім Саветам народных камісараў, канчаткова падарвалі веру беларускага грамадства ў расійскую дэмакратыю, якая ў той час кіравала дзяржавай - стала цалкам зразумела, што і палітычныя дзеячы, і ўсё расійскае грамадства прасякнута "единонеделимством", з-за якога справядлівае развязванне нацыянальнага пытання ў Расіі сустракае пераважна патаемны супраціў усіх пластоў расійскага грамадства (піша пра гэта выбітны беларускі публіцыст А. Цвікевіч ў сваёй працы "Беларусь").

Цалкам страціўшы веру ў справядлівае вырашэнне нацыянальнага пытання ў Расіі праз яе урад і грамадства, беларускія дзеячы прыйшлі да пераканання, што рэалізацыя беларускіх нацыянальных ідэалаў можа адбыцца і будзе мець поспех толькі тады, калі за беларускай нацыянальнай справай будзе стаяць увесь беларускі народ.

У гэтым накірунку адразу ж пачалася інтэнсіўная праца.

Сярод іншага, у траўні больш за 100 беларускіх ксяндзоў на сваім з'ездзе ў Менску стварылі саюз ксяндзоў-беларусаў.

Хутка пасля гэтага, у чэрвені, беларускае праваслаўнае духавенства на сваім з'ездзе ў Маскве, на якім прысутнічала каля 700 чалавек, прыняло пастановы ў беларускім нацыянальным духу і заклала свой звяз.

Не засталіся абыякавымі да беларускай справы і вайскоўцы, тым больш, што значная частка фронту праходзіла па беларускім землям. Такім чынам, паралельна з арганізацыяй цывільнай часткі грамадства і шматлікімі агульна-беларускімі і краёвымі (губернскімі) партыйнымі і сялянскімі з'ездамі, пачалося фармаванне беларускіх армейскіх рад. Гэтая праца не была спынена і пасля адмовы Керанскага ад ідэі стварэння беларускіх нацыянальных частак.

Ужо пасля бальшавіцкага перавароту ў прыфрантавых мястэчках адбыліся шматлікія беларускія вайсковыя з'езды, а ў Менску была створаная Беларуская вайсковая рада і нягледзячы на пярэчанні бальшавікоў, сфармаваны першы беларускі полк пяхоты. Падобныя спробы па стварэнні беларускіх вайсковых адзінак рабіліся і ў іншых мясцінах.

Нават абшарнікі, не выключаючы і ўладальнікаў вялікай зямельнай маёмасці, прынялі ўдзел у беларускай справе. Згадаем толькі сп.сп. Рамана Скірмунта, кн. Магдалену Радзівіл, А. Бонч-Асмалоўскага, Вайніловіча. Некаторыя з іх ахвяравалі на беларускую справу вялікія сумы грошаў.

З дзейных у той час беларускіх партый, апрача старой "Беларускай сацыялістычнай грамады", заслугоўвае ўвагі новапаўстаўлая "Беларуская народная грамада", якая мела значную колькасць чальцоў і аб'ядноўвала вакол сябе беларускія памяркоўныя элементы, пераважна інтэлігенцыю. У палітыцы гэтая партыя прытрымлівалася федэралісцкіх пазіцый, а ў сацыяльных адносінах была зусім не радыкальнай.

У галіне культурнай працы трэба адзначыць стварэнне першых беларускіх гімназій ў Слуцку і Будславе, а таксама стварэнне "Беларускага драматычнага таварыства" ў Менску пад кіраўніцтвам Фальскага, выступы таварыства ў розных беларускіх гарадах карысталіся вялікай папулярнасцю.

Вяртаючыся да палітыкі, згадаю яшчэ пра вельмі важны з'езд беларускіх арганізацый і партый, які праходзіў у Менску 8 - 10 ліпеня 1917 г. Гэты з'езд пацвердзіў пастановы ранейшага з'езда і вылучыў з сябе Цэнтральную беларускую раду, якая змяніла ранейшы камітэт, а таксама канстатаваў высокі ўзровень беларуска-яўрэйскіх адносін і стварыў беларуска-яўрэйскі блок.

Кульмінацыяй беларускага нацыянальнага жыцця ў 1917 г. стаў Усебеларускі з'езд у Менску, які працаваў з 18 па 30 снежня і быў разагнаны бальшавікамі ваеннай сілай. Трэнне паміж беларусамі і бальшавікамі, якія лічылі любы нацыянальны рух у межах Расіі "буржуазнай" акцыяй, з'явіліся з самага пачатку, і таму не дзіва, што гэты апошні гвалт стаў прычынай канчатковага разрыву з бальшавікамі і банкруцтвам канцэпцыі федэралізму.

Аднак разагнаны з'езд здолеў абраць свой выканаўчы орган - Раду усебеларускага з'езда, якой было наканавана адыграць вырашальную ролю ў беларускім палітычным жыцці.

Гэтымі падзеямі ў жыцці Усходняй Беларусі завяршаецца 1917 г., у якім здарылася вялікая колькасць хаатычных рэвалюцыйных падзей і які ўражвае вялікай колькасцю беларускіх імправізацый.

X. "Нямецка-расійскі" перыяд, 1918 г.

У параўнанні з 1917 г., наступны 1918 г. у беларускім жыцці вызначаецца большай ураўнаважанасцю і паглыбленнем беларускасці. Гэта яшчэ і пераломны год у якім беларускае палітычнае і нацыянальнае дзеянне дасягае сваіх вяршынь.

Узнікаюць новыя беларускія інстытуцыі і беларускія друкі розных кірункаў. Праўда, гэтыя інстытуцыі (як і тыя, што ўзніклі раней), звычайна доўга не існуюць. Выданні жывуць жыццём матылькоў, моцна залежных ад зменлівага палітычнага надвор'я. Сярод друкаў пераважаюць перыёдыкі, а штодзённыя выданні замяняюцца газетамі, якія ў асноўным выходзяць 2 - 3 разы на тыдзень (такое становішча працягваецца і па сёння), але гэта не мяняе справы, бо замест зачыненых (ці забароненых) газет і інстытуцый, паўстаюць новыя, і яны працягваюць справу сваіх папярэднікаў на ніве адраджэння.

Але пяройдзем да падзей.

Рада 1-га Усебеларускага з'езда ў Менску, якая дзейнічала, нягледзячы на перашкоды з боку бальшавікоў, на пачатку 1918 г. папоўніла свой склад за кошт кааптацыі чальцоў Беларускай вайсковай рады і іншых арганізацый, а таксама шляхам дапушчэння ў свой склад прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў і такім чынам ператварылася ў заканадаўчую ўстанову накшталт прадпарламента пад назвай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі вылучыла з сябе выканаўчы орган - Народны Сакратарыят, які раней называўся Выканаўчым камітэтам. Гэты сакратарыят адпавядаў Радзе Міністраў і складаўся з Сакратарыятаў (Міністэрстваў) на чале якіх стаялі сакратары (міністры).

На чале Сакратарыяту ў яго першым складзе, на пасадзе адпаведнай прэм'ер-міністру, стаяў былы старшыня Рады З'езда, вядомы беларускі дзеяч Язэп Варонка.

У канцы года, калі на чале Сакратарыяту (ужо ў іншым складзе) стаў Антон Луцкевіч, Сакратарыят быў пераназваны ў Раду народных міністраў з міністрамі і міністэрствамі. Гэта беларускі ўрад А. Луцкевіча.

Але вернемся да падзей пачатку года.

9 лютага 1918 г. падпісана дамова паміж Германіяй і створанай ёй Украінай, па гэтай дамове немцы перадалі Украіне Палессе.

Тым часам германскія войскі, карыстаючыся рэвалюцыйным хаосам у Расіі, пачынаюць прасоўвацца на ўсход і хутка займаюць Меншчыну таксама часткі Віцебшчыны і Магілёўшчыны.

Арганізацыя беларускай улады і пачатак яе дзейнасці супадае з адыходам бальшавіцкіх войскаў перад набліжэннем немцаў. Да прыходу немцаў і стварэння акупацыйных уладаў Беларускі Народны Сакратарыят непадзельна выконвае свае функцыі.

28 лютага 1918 г. немцы займаюць Менск. Аднак ні Рада БНР, ні Сакратарыят не распускаюцца і працягваюць дзейнасць у межах сваіх магчымасцяў.

Наступае кульмінацыйная кропка беларускага адраджэнцкага руху.

Рада БНР, узмоцненая дэлегацыяй Беларускага камітэта з Вільні, на пасяджэнні 24 - 25 сакавіка 1918 г., пасля дванаццацігадзінных дэбатаў, з надзвычайным энтузіязмам радных-беларусаў, вырашыла, што: Рада БНР прадстаўляе ўсю Беларусь як Усходнюю, гэтак і Заходнюю і прыняла пастанову: "Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвяшчае Беларусь Незалежнай і Вольнай дзяржавай…".

Гэтая пастанова выклікала зыход з Рады русафільскіх элементаў, якія ўсё яшчэ жадалі федэрацыі з Расіяй.

Каб выканаць рэзалюцыю, на наступны дзень (25 сакавіка) быў выдадзены маніфест Рады БНР, так званая "Устаўная грамата", якая тлумачыла насельніцтву сэнс прынятай пастановы, падкрэслівала адмену ўсіх старых дзяржаўных саюзаў, рабіла крокі да аб'яднання з Заходняй Беларуссю, перададзенай Летуве, канчаткова пацвярджала ўсе правы і грамадзянскія вольнасці, абвешчаныя Устаўной граматай ад 9 сакавіка 1918 г.

З далейшых падзей варта згадаць:

- Першую сустрэчу прадстаўнікоў Украінскай і Беларускай Народных рэспублік па вызначэнні мяжы паміж дзвюма краінамі, якая адбылася 9 красавіка 1918 г.

- Пачатак намаганняў перад нямецкім урадам аб прызнанні незалежнай Беларускай Рэспублікі ў еднасці з Заходняй Беларуссю, шляхам падачы 25 красавіка адпаведнага мемарыяла ў рукі нямецкага пасла пры ўкраінскім урадзе.

- Прызнанне 28 красавіка герба Пагоня з надпісам вакол яго "Беларуская Народная Рэспубліка" за дзяржаўную пячатку БНР (у той жа дзень Народны Сакратарыят даручае праф. Доўнар-Запольскаму арганізаваць Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у Менску).

- 14 траўня падае ў адстаўку першы склад Народнага Сакратарыята, і абіраецца новы (другога складу).

- 1 чэрвеня ў Менску адкрылася Беларуская дзяржаўная кансерваторыя.

Аднак беларускае нацыянальнае жыццё спыняецца ў канцы года з-за адступлення немцаў з Беларусі ў сувязі з капітуляцыяй на заходнім фронце і рэвалюцыяй у Германіі.

На пачатку снежня 1918 г. немцы пакідаюць Менск, а ў канцы таго ж года і Вільню. Рада народных міністраў на чале з А. Луцкевічам, з-за набліжэння бальшавікоў, пакідае Менск і праз Вільню - Гародню выязджае за мяжу. Сам Луцкевіч едзе ў Парыж для арганізацыі захадаў у беларускай справе на канферэнцыі ў Вярсалі. Так заканчваецца 1918 г., а з ім і "нямецка-расійскі" перыяд беларускай гісторыі, які абдымае часы Першай сусветнай вайны і расійскай рэвалюцыі, і які, нягледзячы на ягоную непрацягласць, з'яўляецца самым інтэнсіўным і цікавым у беларускай гісторыі.

XI. 6-ты перыяд, "польска-расійскі" (1919 - …)

Гэты хуткацечны перыяд можна падзяліць на наступныя закончаныя падперыяды:

1) Цывільны ўрад усходніх зямель (Z.C.Z.W. Zarzаd Cywilny Ziem Wschodnich). 1919 - 20 гг.,

2) Часы "Сярэдняй Літвы", 1920-22 гг. і

3) Часы выбараў у агульнадзяржаўны Сойм у канцы 1922 г.

Нельга тут абмінуць найважнейшыя падзеі апошніх гадоў беларускага жыцця ў Польшчы (1923-24), потым у Савецкай Беларусі і, нарэшце, беларускага жыцця па-за межамі, у Летуве, Латвіі, Чэхаславакіі, Расіі і Амерыцы.

Часы Цывільнага ўрада ўсходніх зямель

Гэты перыяд пачынаецца з кароткачасовага ўварвання бальшавікоў на беларускія тэрыторыі, пакінутыя немцамі ў канцы 1918 г.

Бальшавікі да таго часу ўжо навучыліся лічыцца з нацыянальнымі рухамі і ўжылі ў дачыненні да беларусаў зусім іншую, чым раней, тактыку. А менавіта, жадаючы схіліць іх на свой бок, яны 1 студзеня 1919 г. у Менску абвясцілі Савецкую рэспубліку, кіраваную з РСФСР і стварылі Беларускі Савецкі ўрад. Аднак Савецкая Беларусь праіснавала нядоўга - неўзабаве ўсходнія губерні (Віцебшчына, Магілёўшчына і інш.) былі адрэзаны ад яе і далучаны да Расіі, а з яе заходніх тэрыторый (Меншчына, Віленшчына і Гарадзеншчына), аб'яднаных з этнаграфічнай Летувай, была створаная Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная рэспубліка са сталіцай у Вільні, ці ў скароце "ЛітБел". Існаванне Літбел таксама было не доўгім і закончылася з прыходам польскага войска.

Гэтыя войскі, на чале з Ю. Пілсудскім на Вялікдзень ўзялі Вільню, а 8 ліпеня 1919 г. занялі Менск, пасля чаго працягнулі рухацца на ўсход і дайшлі да Полацка і Барысава. Каб кіраваць занятымі тэрыторыямі, неўзабаве была створаная Цывільная ўправа ўсходніх краёў на чале з генеральным камісарам ўсходніх тэрыторый сп. Асмалоўскім.

"Гэта быў час - пісала беларуская апазіцыйная газета (Наша Будучыня, № 3), - калі сярод свядомых слаёў беларускага грамадства існавала аднадушная думка: у барацьбе за ідэалы сваёй нацыі трэба абаперціся на Польшчу, на чале якой стаіць Юзаф Пілсудскі". (N. B. Дарэчы, гэтыя ідэалы былі зрэдукаваныя да федэрацыі Беларусі і Польшчы ці нават толькі да аўтаноміі). На жаль дзякуючы нашай нерашучай і няўстойлівай палітыцы ў дачыненні да беларусаў з яе незлічонымі памылкамі, гэтая аднадушнасць доўжылася нядоўга, і хутка ўсе, арыентаваныя на Польшчу і Пілсудскага беларусы, канчаткова ідэйна збанкрутавалі.

Пасля заняцца польскімі войскамі Вільні, Пілсудскі выдаў адозву "да жыхароў былога ВКЛ", надрукаваную на чатырох мовах, якая потым таксама распаўсюджвалася і ў Менску. На беларускай мове была выдадзена і першая пракламацыя да жыхароў горада Менска камандуючага польскага фронту генерала Шаптыцкага. Гэты дробны ўчынак зрабіў менскіх беларусаў яшчэ большымі прыхільнікамі Польшчы.

Неўзабаве ў Менск прыбыў і сам Пілсудскі, дзе пачаў рабіць перад рознымі беларускімі дэлегацыямі новыя шырокія аб'явы і абяцанні ў беларускай справе.

Рада БНР на чале са сп. Серадой зноў збіраецца ў Менску, куды з-за мяжы хутка прыязджае Беларуская Рада народных міністраў, прычым, прэм'ер Рады міністраў А. Луцкевіч пасля прыезду з Парыжа часова інтэрнаваны ў Варшаве.

Нагадаем, што ў выканаўчым органе Рады Рэспублікі - Народным Сакратарыяце, на працягу 1918 г. асабовы склад некалькі разоў мяняўся. На чале 1-га кабінета стаяў Я. Варонка, 2-га - Р. Скірумунт, 3-га - Я. Серада і нарэшце, у кастрычніку таго ж года, быў створаны ўрад сп. А. Луцкевіча, пры якім ён быў пераназваны з Сакратарыята ў Раду міністраў. Хутка пачынаюцца першыя польскія рэпрэсіі супраць беларусаў Вільні і Гародні (арышты і канфіскацыі газет, закрыццё школ і ўстаноў), і польска-беларуская стасункі пачынаюць пагаршацца. У Менску пачынае хадзіць пагалоска пра роспуск Рады БНР генеральным камісарам Цывільнага ўрада ўсходніх зямель. Але Рада распусцілася сама па сябе.

А менавіта, у канцы 1919 г., у снежні, з-за асабістых адносін і ідэалагічных праблем унутры Рады адбываліся спрэчкі, якія вялі да расколу. З аднаго боку, былы прыхільнік ідэі федэрацыі з Польшчай Вацлаў Ластоўскі прагне звольніць А. Луцкевіча і прапанаваць на пасаду прэм'ера сваю кандыдатуру, з другога боку, левае крыло Рады (да якога належаў і Ластоўскі), у якое ўваходзіла значная колькасць эсэраў і групы сацыялістаў-федэралістаў (разам каля 40 чалавек, уся Рада складалася са 100 сяброў), вырашае адмовіцца да польскай арыентацыі і шукаць іншыя шляхі ажыццяўлення нацыянальных ідэалаў.

У крытычная дні 18 снежня, адначасова, але ў розных памяшканнях, адбываліся пасяджэнні абедзвюх частак Рады (левай і правацэнтрысцкай). Перамовы, якія ішлі падчас пасяджэнняў не прынеслі плёну, і адбыўся фармальны раскол, вынікам якога сталі адразу два беларускія ўрады. Адбылося так, што пасля спынення перамоваў, левае крыло Рады выбірае свой прэзідыум Рады на чале з Крэчаўскім і прызначае прэм'ер-міністрам Ластоўскага, які зараз жа стварае свой беларускі антыпольскі ўрад, пасля чаго яго арыштоўваюць, але праз месяц вызваляюць, і ў студзені 1920 г. Ластоўскі з прыхільнікамі ўцякае ў Коўню.

У той жа дзень 13 снежня, на пасяджэнні правага крыла Рады, па ініцыятыве А. Луцкевіча, замест Рады БНР была створана дырэкторыя з 5 асоб на чале са сп. Серадой, якая атрымала назву Найвышэйшая Рада БНР, а сам Луцкевіч, як і раней, працягваў выконваць абавязкі прэм'ер-міністра. Ён вядзе перамовы з прэзідэнтам Скульскім.

22 кастрычніка 1919 г. з'яўляецца дэкрэт Пілсудскага, які дазваляе фармаваць беларускія вайсковыя адзінкі. У Менску створана Беларуская вайсковая камісія, пры якой пачынаюць працаваць вайсковыя курсы для падрыхтоўкі камандзіраў будучага беларускага войска. Курсы выпускаюць некалькі дзясяткаў унтар-афіцэраў і каля 200 кадравых афіцэраў. Таксама былі зроблены (што-праўда слабыя) пераклады вайсковых статутаў на беларускую мову.

Летам 1920 г. па беларускім землям пракаціўся, бальшавіцкі наступ на захад, а потым хаатычнае адступленне на ўсход. Толькі з наступленнем Чырвонай Арміі стала магчымай вярбоўка добраахвотнікаў у беларускія вайсковыя аддзелы. Аднак рэкруцкая агітацыя сярод вясковай моладзі амаль што не прынесла жаданых вынікаў. Беларуская вайсковая камісія, адступаючы ад бальшавікоў разам з польскім войскам, прыбыла ў Лодзь і стварыла там беларускі батальён, які пасля заканчэння польска-бальшавіцкай вайны і заключэння Рыжскага міру, быў расфармаваны вясной 1921 г.

У сувязі з Рыжскім мірам адбылося ідэалагічнае банкруцтва прапольскай Найвышэйшай Рады, якая самараспускаецца разам са сваім выканаўчым органам. Першым ад сваёй пасады адмаўляецца Луцкевіч. Так перастае існаваць беларускі ўрад Луцкевіча.


З культурнай працы ў гэты перыяд заслугоўвае ўвагі развіццё беларускага сярэдняга школьніцтва, што найбольш выразна выявілася ў заснаванні ў 1919 г. новых беларускіх гімназій ў Вільні і Менску.

XII. Перыяд Сярэдняй Літвы

У часы Сярэдняй Літвы пры Дэпартаменце асветы існаваў Беларускі аддзел, які ўзначальваў Б. Тарашкевіч (зараз - пасол у Сойм), у дапамогу ён меў рэферэнта Я. Станкевіча, гэты аддзел разам з настаўніцтвам на працягу 2,5 месяцаў (ад паловы лістапада 1920 г. да лютага 1921 г.) на тэрыторыі Сярэдняй Літвы адчыніў 186 беларускіх пачатковых школ. Больш за тое, узімку таго ж года ў Барунах была арганізавана Беларуская настаўніцкая семінарыя. Яе дырэктарам стаў Рак-Міхайлоўскі (зараз - пасол у Сойм).

Як мы ўжо казалі, у часы першай нямецкай акупацыі 1915-17 гг. на Віленшчыне і Гарадзеншчыне было створана больш за 150 беларускіх пачатковых школ і 2 настаўніцкія семінарыі ў Вільні і Свіслачы (семінарыя ў Свіслачы, перастала працаваць пасля адыходу немцаў). У 1918-20 гг. (разам з Сярэдняй Літвой) было створана больш за 200 пачатковых школ і згаданая ўжо семінарыя ў Барунах. Такім чынам можна казаць пра існаванне ў розныя часы 350 беларускіх школ. Аднак варта адзначыць, што адначасова такой колькасці школ ніколі не існавала.

Сярэдняя адукацыя была і з'яўляецца сёння прыватнай справай, якая паказала сваю значную устойлівасць. З 1917 г. бесперапынна ствараліся беларускія гімназіі. Так у 1917 г. - гімназія ў Будславе і Слуцку, у 1919 г. - у Вільні і Менску.

У 1922 г. у межах Польшчы існавалі ўжо 5 беларускіх гімназій, а менавіта ў Вільні, Радашковічах, Гарадку (Вілейскага павета) - выключна беларускія, у Наваградку і Нясвіжы змешаныя беларуска-расійскія. Што да лёсаў вышэйзгаданых гімназій, дык Менская і Слуцкая засталіся па-за абшарам Польшчы, а гімназія ў Будславе была зачынена ў 1919 г. Акрамя таго, беларускія гімназіі некаторы час існавалі ў Гародні і Пінску. У 1923 г. зачынены беларускія гімназіі ў Нясвіжы і Гарадку.

Але з надыходам 1924/25 вучэбнага года, беларусы кампенсавалі страты праз адкрыццё новых гімназій у Клецку і Глыбокім. На дадзены момант дзейнічаюць 4 беларускія гімназіі (адна з іх у Наваградку - змешаная, 4 малодшых класа беларускія, вышэйшыя - расійскія).

Варта адзначыць, што ў 1920-21 гг. мела месца спроба стварэння беларускай кафедры ў Віленскім універсітэце. Але кафедру заняў праф. Масоніўс, які выкладаў па-польску.

Вяртаючыся да падзей таго часу, трэба згадаць выбары ў Віленскі сойм у канцы 1921 г., а менавіта беларускую згодніцкую групу Алексюка, якая адмыслова, да выбараў выдавала беларускія газеты, але ў выніку атрымала на выбарах поўнае фіяска.

На пачатку 1921 г. беларускі аддзел пры Дэпартаменце асветы быў зрэдукаваны да 1 рэферэнта, якім стаў Тарашкевіч, а 1 студзеня 1922 г. была скасавана і гэтая пасада рэферэнта.

Выбары 1922 г. ў Сойм

Галоўнай падзеяй беларускага жыцця ў 1922 г. і прынцыповым момантам усяго адраджэнцкага руху з'яўляецца выхад беларусаў на шлях парламентарызму, дзякуючы абранню сваіх прадстаўнікоў у Сойм і Сенат падчас выбараў 5 і 12 лістапада. Насуперак чаканню, беларусам удалося прасунуць ажно 14 сваіх кандыдатаў (11 паслоў і 3 сенатары). На жаль, склад паслоў і сенатараў, у значнай ступені, не можна лічыць добрым. Што тычыцца сенатараў, дык А. Назароўскі і У. Багдановіч да апошняга часу лічыліся "рускімі людзьмі" і, напэўна, не адносілі сябе да беларускай мінуўшчыны і культуры. Што да беларускіх паслоў, дык іх можна падзяліць на некалькі катэгорый. Да найбольш выбітных адносяцца Бр. Тарашкевіч, Ад. Станкевіч і Сым. Рак-Міхайлоўскі, далей ідуць Аўсянік, Кахановіч, Баранаў (ці Баран) і Ярэміч, усе яны даўнія беларускія дзеячы. Але як тут аказаліся сп. кшалту Мётлы і Якавюка, якія, можа, толькі крыху дакрануліся да беларускай справы і да апошняга часу былі вядомы як "рускія людзі" без усяго беларускага. Пра сп. Рагулю і двух неабраных кандыдатаў Каліноўскага і Сабалеўскага, наогул ніхто нічога не ведае (у любым выпадку, на выбарах асоб у кандыдаты не бракавала).

Сп. Сабалеўскі (меркаваны 12-ты беларускі пасол) не прайшоў пры канчатковым размеркаванні мандатаў, а Каліноўскі не зацверджаны Праверачнай камісіяй Сойма з-за адсутнасці грамадзянства і быў заменены сп. Валошыным. Абранне сп. Рагулі старшынём Беларускага соймавага клуба, замест Тарашкевіча, які дагэтуль займаў гэтую пасаду, можна патлумачыць толькі неабходнасцю падкрэсліць узмацненне беларускай апазіцыі да ўрада, для гэтага і мог спатрэбіцца русафіл і радыкал сп. Рагуля. Па-праўдзе і сп. Тарашкевіч не з'яўляецца кансерватарам, аднак ён выхаваны на польскай культуры і лічыцца паланафілам, і таму, у выніку, стаў не адпавядаць гэтай пасадзе. Гэтак яго хацелі "пакараць" за ўдзел у Польска-беларускім таварыстве ў Вільні, адным з ініцыятараў якога Тарашкевіч з'яўляўся. Таварыства павінна было служыць мэтам ўзаемнага збліжэння і супрацоўніцтва польскіх і беларускіх згуртаванняў у галіне навукі, культуры, гісторыі, літаратуры і мастацтва і г. д., аднак распалася летам 1924 г. яшчэ да ўстаноўчага сходу.

Некалькі беларускіх паслоў праз пэўны час апынуліся па-за Соймам: Баранаў у вязніцы, Якавюк збег у Летуву (з-за беластоцкага судовага працэсу). Іх мандаты покуль не запоўнены з-за працяглай спрэчкі з беларускімі яўрэямі наконт пераемнікаў. Усе згаданыя паслы і беларускія сенатары, выйшлі са спісу № 16 (Блок меншасцяў). Большасць з іх прадстаўляюць радыкальныя палітычныя накірункі. А беларусы-згоднікі ("Зелёнадубцы-балахоўцы", "Алексюкоўцы", "беларускія беспартыйныя актывісты") зноў атрымалі паразу на выбарах.


З беларускага культурнага жыцця ў гэтым годзе, варта згадаць беларускую прэсу. Што праўда, у Вільні выходзілі толькі дзве газеты (не лічачы выбарных эфемерыд) і тыя не сістэматычна і з перарывамі, але беларуская моладзь выдае (на жаль, яшчэ не працяглы час) ажно 4 выданні. Студэнты-беларусы Універсітэта Стэфана Баторыя (Віленскага - Л. Л.) рэдагуюць штомесячнік "Наш Шлях", школьная моладзь старэйшых класаў беларускіх гімназій - штомесячнік "Маладое жыццё", дзеці малодшых гімназічных класаў і беларускага прытулку, на шапірографе друкуюць сваё выданне "Усход" і "Зорка".

XIV. Апошнія гады (1922-24)

Найбольш вядомай падзеяй у беларускім жыцці ў 1923 г. з'яўляецца беластоцкі працэс, ці "справа 45" беларусаў, абвінавачаных у арганізацыі беларускага паўстання на Гарадзеншчыне. Спачатку, па гэтай справе былі арыштаваны каля 200 чалавек, але большасць з іх праз некаторы час адпусцілі. Галоўнымі абвінавачанымі былі беларуская настаўніца Вера Маслоўская і два беларускія паслы ў Сойм: Баран і Якавюк. Астатнія (42 асобы) - гэта сяляне і жменька беларускай інтэлігенцыі.

Згодна з прысудам Якавюк быў апраўданы, а Баран і Маслоўская атрымалі па 6 гадоў вязніцы. Працэс адбываўся вясной 1923 г.

З праяў беларускага культурнага жыцця апошніх гадоў варта зноў згадаць беларускую прэсу. З 1923 г. у Вільні пастаянна выходзяць два беларускія перыядычныя выданні - лацінкай і кірыліцай. "Крыніца" выдаецца лацінкай і на сённяшні дзень з'яўляецца самай старой беларускай газетай, бо выдаецца ўжо 8 гадоў (з 1917 г. у Пецярбургу і з 1918 г. у Менску, потым і па сённяшні дзень - у Вільні).

Гэты беларускі народны штотыднёвік прайшоў цікавую эвалюцыю ад каталіцкага народнага выдання да радыкальнай сялянскай газеты з антыдзяржаўным напрамкам. Некаторы час газету рэдагаваў кс. А. Станкевіч, зараз яе рэдагуе студэнт універсітэта Б. Туронак.

У 1922 г. заснавана выданне "Наша Будучыня", якое друкуецца кірыліцай. З моманту заснавання, з-за бальшавіцкай арыентацыі газета неаднаразова канфіскавалася і зачынялася, аднак заўсёды адраджалася пад новай назвай. У сваёй апошняй рэінкарнацыі мае назву "Сялянская праўда". Была зачынена ў палове снежня 1924 г., і яе чарговы рэдактар А. Войцік арыштаваны. Аднак, без сумнення, газета хутка выйдзе пад новай назвай. Гэтае выданне ў першую чаргу разлічана на народ і мае класавы характар, але з прычыны немагчымасці выдання адмысловай газеты для інтэлігенцыі "Сялянская праўда" рэдагуецца як газета для інтэлігенцыі. Уласна, народнай у гэтым выданні, па сутнасці, з'яўляецца толькі рубрыка карэспандэнцый з вёскі. Газета выходзіць тры разы на тыдзень і трэба прызнаць, што паводле свайго зместу і па якасці рэдагавання, яна нічым не саступае аналагічным польскім выданням.

У 1924 г. значна актывізуецца беларускі выдавецкі рух, аб чым перш за ўсё сведчыць той факт, што ў першай палове 1924 г. было выдадзена больш кніг, чым за ўвесь 1923 г.

У канцы 1924 г. ажыла і беларуская журналістыка. Студэнты-беларусы, пасля перарыву, выкліканага матэрыяльнымі цяжкасцямі ў акадэмічны 1923-24 гг., аднавілі выданне свайго штомесячнага часопіса "Студэнцкая думка", які друкуецца на кірыліцы. Рэдактар А. Зянюк. №1 гэтага старанна зробленага часопіса, які выйшаў нядаўна, мае цікавы і разнастайны змест. Перад святам Божага нараджэння, таксама мелася выйсці бадай што першае беларускае гумарыстычнае выданне "Авадзень".

Апошняй падзеяй беларускага жыцця ў Польшчы, ёсць новая спроба польска-беларускага ўрэгулявання, зробленая старшынём "Беларускага грамадзянскага сабрання" С. Валейшам. Гэтак зараз называецца "Беларускі клуб" у Вільні, закладзены яшчэ перад вайной. Летам 1924 г. ён аддзяляецца ад "Беларускага нацыянальнага камітэта" ў Вільні, які арыентуецца на Савецкую Беларусь (на жаль такая арыентацыя дамінуе з часоў Рыжскай дамовы і яшчэ больш узмацнілася пасля пашырэння межаў Савецкай Беларусі) і пачынае тры разы на тыдзень выдаваць газету "Грамадскі Голас" з памяркоўнай пазіцыяй і арыентацыяй на Польшчу, газету падпісвае Я. Салавей.

Увосень таго жа года ў Вільні была скліканая нібыта беларуская канферэнцыя, якая выбрала новае беларускае прадстаўніцтва, так званую "Беларускую часовую раду" на чале з сп.сп. Паўлюкевічам, Більдзюкевічам і іншымі, Рада гэта месціцца ў адным з віленскіх гатэляў. Уся гэта акцыя, якую з польскага пункту гледжання трэба было б толькі ўхваліць, магла б даць для нас нейкі карысны плён, але перашкодай гэтаму сталася ненайлепшая асабістая рэпутацыя дзеячаў гэтага кола.

Што тычыцца газеты, якую яны выдаюць, дык газета выглядае бляклай і бясколернай, яна да нудоты корміць сваіх чытачоў перакладамі з польскай прэсы, што не дзіўна, калі ўлічваць, што сапраўдны рэдактар "Грамадскага голасу" М. Касцевіч (аўтар артыкула крытыкуе сам сябе. - Л. Л.) тры чвэрці выдання запаўняе саматугам.

Апошнія крокі Рады - заснаванне новага "Таварыства беларускай школы" пад назвай "Прасвета" і скліканне школьнай камісіяй Рады з'езду беларускага настаўніцтва (16 і 17 снежня 1920 г. у Вільні). Між іншым, гэты з'езд абраў М. Касцевіча старшынём "Прасветы". Выдадзены Радай і некалькі беларускіх кніг.

З нядаўніх урадавых дзеянняў, варта згадаць прынятыя Соймам напрыканцы лета 1924 г. "Моўныя акты" для Усходніх Крэсаў, якімі як бы заканчваецца беларуская гісторыя ў 1924 г.

К. Смрэчыньскі.

Спіс галоўных беларускіх інстытуцый ў Вільні

Шмат гадоў на чале беларускага руху ў Польшчы стаіць "Беларускі нацыянальны камітэт". Гэта галоўнае нацыянальнае прадстаўніцтва беларусаў у Польшчы, якое мае сваёй мэтай абарону беларускага насельніцтва ў межах Рэчы Паспалітай.

Камітэт складаецца з прадстаўнікоў усіх беларускіх арганізацый і партый, падобныя ж камітэты пэўны час існавалі ў Гародні і Варшаве.

Далей, трэба згадаць наступныя арганізацыі:

1. "Беларускае выдавецкае таварыства", закладзенае яшчэ да вайны ў 1913 г. адначасова з адзінай ў Вільні беларускай кнігарняй (вул. Завальная, 7).

2. "Беларускае навуковае таварыства, адчыненае 25 студзеня 1918 г. разам з Музеем і Навуковай бібліятэкай пры ім (зборы І. Луцкевіча). Старшынём таварыства ёсць сп. А. Луцкевіч, з-за адсутнасці памяшкання музей не чынны.

3. "Таварыства беларускай школы" (яе польскі аналаг - "Macierz szkolna"). У склад Таварыства ўваходзіць "Цэнтральная беларуская школьная рада", якая паўстала праз выбары. Таварыства распачало сваю працу восенню 1921 г.

4. "Беларускі студэнцкі саюз", паўстаў восенню 1921 г.

5. "Беларуская драматычная майстроўня", закладзена ў 1923 г. Гэта галоўная тэатральная ініцыятыва накіраваная па падтрымку беларускага тэатру на абшары Заходняй Беларусі. Майстроўня ў 1924 г. дала шэраг драматургічных пастаноў.

6. "Беларускае таварыства дапамогі ахвярам вайны", закладзена ў 1915 г,, пры ім існуе дзіцячы прытулак і школьны інтэрнат. У мірны час яно пераназвана ў "Беларускае дабрадзейнае таварыства".

7. "Гурток беларускіх кабет".


K. Smreczynski [Макар Касцевіч (Краўцоў)]. Bialorusini // Slowo. 1924. № 119.; № 125.; № 140.; № 158.; № 242.; № 243.; № 278.; № 287.; № 296.; № 297.; 1925. № 1.; № 2.; № 3.

Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.



[1] Аналіз карэспандэнцый "Нашай Нівы" паказвае, што толькі ў 1908 г. і толькі на Лідчыне ўлады не запачаткавалі, а закрылі шэсць саматужных беларускіх школ. Гл: Лаўрэш Леанід. 100 гадоў першай беларускай школе на Лідчыне // Лідскі летапісец № 4 (72)-2015. С. 7-9. - Л. Л.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX