Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

Беларусы ў Вільні, іх арганізацыі, партыі і прэса 


Аўтар: Краўцоў Макар,
Дадана: 31-07-2024,
Крыніца: Краўцоў Макар. Беларусы ў Вільні, іх арганізацыі, партыі і прэса // Наша слова.pdf № 31 (135), 31 ліпеня 2024.

Спампаваць




Жыццё беларусаў у Польшчы, якое пульсавала ў часы першых выбараў 1922 г. у Сойм і Сенат, значна сцішылася пасля распаду камуністычнай «Грамады» ў 1927 г. і дарэшты скурчылася пасля пройгрышу беларусамі выбараў 1930 г.

З таго часу ў беларускім руху ў Польшчы і асабліва ў Вільні, як месцы, адкуль кіруецца гэты рух, пачалася стагнацыя і змярцвенне.

Сучасны стан беларускай справы ў Вільні за апошнія гады змяніўся нязначна і коратка прадстаўлены гэтак:

1) Т-ва беларускай школы (старшыня Стэцкевіч); 2) Т-ва беларускай асветы (старшыня Кароль) ; 3) Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры; 4) Беларуская гімназія (філіял гімназіі імя Славацкага); 5) Польска-беларуская двухмоўная агульнаадукацыйная школа ў Новым свеце (раён Вільні - Л. Л.); 6) Беларускае навуковае таварыства (старшыня А. Луцкевіч); 8) Звяз студэнтаў-беларусаў УСБ (Віленскі ўніверсітэт імя Баторыя - Л. Л.); 9) Беларусазнаўчае таварыства пры УСБ; 10) Беларускае таварыства імя Фр. Скарыны якое было заснавана замест распушчанай студэнцкай карпарацыі «Скарынія»; 11) Беларускае выдавецкае таварыства; 12) Беларускае хрысціянскае выдавецтва; 13) Беларуская друкарня імя Фр. Скарыны; 14) Тры беларускія кнігарні; 15) Беларускі кааператыўны банк па вуліцы Каралеўскай; 16) Беларускае таварыства дабрачыннасці; 17) Таварыства беларускіх пчаляроў «Пчала»; 18) Звяз настаўнікаў-беларусаў; 19) Звяз жанчын-беларусак; 20) Беларускія скаўты пры беларускай гімназіі, і нарэшце, 21) Беларускі нацыянальны камітэт, які аднак, ужо працяглы час не прадстаўляе беларусаў у Польшчы.

З моманту ліквідацыі камуністычнай «Грамады» і яе спадкаемцы, выразна камуністычнага «Змагання», самай уплывовай і буйной беларускай партыяй у Польшчы застаецца Беларуская хрысціянская дэмакратыя, якая ў сваіх шэрагах мае не толькі католікаў, але таксама і частку праваслаўных беларусаў. Зараз гэта адзіная беларуская партыя ў Польшчы, калі не лічыць нелегальнай КПЗБ, бо верны саюзнік хрысціянскіх дэмакратаў - Сялянскі звяз, пасля выбараў 1930 г. цалкам знік як і яго газета «Сялянская Ніва».

Акрамя вышэй пералічаных, на беларускім палітычным гарызонце мы бачым толькі: 1) Унутрана раздробленых і аслабленых беларускіх паланафілаў, 2) Калі брыць пад увагу славуты беларускі сацыяльны радыкалізм, дык яшчэ больш экзатычную фашысцкаю групку пад пампезнай назвай Беларуская нацыянал-сацыялістычная партыя!

Беларуская прэса прадстаўлена ў Вільні наступнымі выданнямі: 1) «Беларуская Крыніца» - орган хрысціянскай дэмакратыі. Апошнім часам друкуецца двума беларускімі алфавітамі. Гэта старэйшае беларускае выданне ў Польшчы, якое выходзіць ўжо шмат гадоў. Сучасны рэдактар - Ян Пазняк; 2) «Родны Край» - орган беларускай паланафільскай групы, выходзіць некалькі гадоў, друкуецца кірыліцай; 3) «Новы Шлях» - орган «беларускіх нацыянал-сацыялістаў», гэта выданне выдаецца ўжо некалькі гадоў і ў беларускім руху з'яўляецца своеасаблівай газетай. У лютым гэтага года (1935 г. - Л. Л.) беларускія радыкальныя колы спрабавалі аднавіць сваё выданне, аднак чырвоны «Крыгалом» пацярпеў крах з першага нумара - ён быў імгненна канфіскаваны, і справа на гэтым закончылася.

Усе вышэйпералічаныя выданні, па сваім характары адпавядаюць нашым палітычным штодзённікам (маецца на ўвазе польскім - Л. Л.), аднак з-за слабасці беларускага грамадскага жыцця і абмежаванасці сродкаў, выходзяць толькі раз на тыдзень, а часам і радзей!

Толькі падчас перадвыбарчай агітацыі яны пачынаюць выходзіць па два, а то і па тры разы на тыдзень, бо дэпутацкі мандат - смачная рэч і дзеля яго варта трошкі патрэсці кішэню - а можа нешта і атрымаецца!

Пяройдзем да рэлігійных часопісаў. Сярод іх на першым месцы знаходзіцца: 1) «Хрысціянская думка» - беларускі штомесячны рэлігійны часопіс, які некалькі гадоў рэдагаваў кс. Адам Станкевіч, друкаваўся лацінкай; 2) «Светач Беларусі» - некалькі гадоў выдаецца Т. Вернікоўскім як орган праваслаўных беларусаў. Друкуецца кірыліцай, выходзіць нерэгулярна, з перапынкамі; 3) «Да злучэння» - беларускі уніяцкі штомесячнік, 4 гады выдаецца ў Вільні пад рэдакцыяй а. А. Неманцэвіча накладам Місіі айцоў езуітаў усходняга абраду ў Альбяртыне. Трэба адзначыць, што да апошняга часу таксама выдавалі свой часопіс для беларускага насельніцтва метадысты.

Сярод літаратурна-навуковых выданняў, покуль што бачым толькі штоквартальнік «Калоссе», які друкуецца на кірыліцы. Яго папярэднікам быў «Нёман».

Прафесійных часопісаў мала: 1) «Беларуская борць» - штомесячнік пчаляроў; 2) «Самапомач» - беларускі кааператыўны штомесячнік.

Перастаў выходзіць фінансаваны праз «Грамаду» сялянскі штомесячнік «Саха». Па той жа прычыне не выходзіць і гумарыстычны двухтыднёвік «Маланка».

Напрыканцы пра беларускія маладзёвыя выданні: 1) «Студэнцкая думка» - шматгадовы орган студэнтаў-беларусаў у УСБ. Лічыцца штомесячнікам, але выходзіць нерэгулярна; 2) «Шлях моладзі» - штомесячнік пад рэдакцыяй М. Пяцюкевіча; 3) «Золак» - літаратура-навуковы штомесячнік які выдаюць радыкальныя беларускія студэнцкія колы, і 4) «Пралескі» - штомесячнік для дзяцей, друкуецца лацінкай пад рэдакцыяй пані Войцік. Выдавец кс. Глякоўскі.

Каб мець правільнае ўяўленне пра беларускае жыццё ў Вільні, да вышэйпрыведзеных звестак трэба дадаць яшчэ некалькі каментароў.

Мяркуючы па ўсяму, шматлікія беларускія ўстановы ў Вільні, ці прынамсі, палова з іх, існуюць толькі на паперы і не выяўляюць ніякай дзейнасці. У старшынях гэтых інстытуцый мы бачым, пераважна адных і тых жа асоб. Газеты характарызуюцца недаўгавечнасцю. Літаратурна-навуковыя часопісы звычайна завяршаюць сваё існаванне пасля выдання двух нумароў, а штоквартальнікі - аднаго. У апошнія гады ў Вільні амаль што не было нават самадзейных беларускіх спектакляў.

Беларуская вёска загразла ў матэрыяльных праблемах і, нягледзячы на адчайныя намаганні жменькі беларускіх інтэлігентаў у Вільні, наогул мала цікавіцца беларускім рухам.


K. Smreczyński [Макар Касцевіч (Краўцоў)]. Białorusini w Wilnie. Ich organizaje, stronnictwa i prasa // Słowo. 1935. № 74.

Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX