Школьны кураторыюм яшчэ ў траўні гэтага года прапанаваў бацькоўскаму камітэту Беларускай гімназіі ў Вільні перарабіць гімназію ў беларускі філіял гімназіі імя Славацкага. Бацькоўскі камітэт адказаў катэгарычнай і аднагалоснай адмовай.
Пасля доўгіх нарадаў бацькоўскага камітэта было вырашаны ісці іншым шляхам. Уладам на зацвярджэнне прапанавалі новага дырэктара ў асобе былога сенатара В. Багдановіча, склалі спіс новых настаўнікаў і зрабілі высілкі для збору сродкаў, найперш праз ахвяраванні.
Такім чынам новы навучальны год беларуская гімназія павінна была сустрэць як прыватная з цалкам новым складам настаўнікаў. Школьныя ўлады аднак не пагадзіліся з гэтым праектам. Вучні вярнуліся ў школу, новага дырэктара не зацвердзілі, і выкладаць працягваў стары персанал настаўнікаў, якія адразу запатрабавалі ад бацькоўскага камітэта грошы, недаплачаныя ім за летні перыяд. Праўдападобна, што магчымая страта будынка з-за фінансавых цяжкасцяў прымусіла частку бацькоў 7 верасня склікаць сход і абраць новы склад бацькоўскага камітэта, які на гэты раз складаўся са згоднікаў, якія пагадзіліся з прапановамі кураторыюма. Таму беларуская гімназія з 15 верасня сталася філіялам польскай гімназіі імя Славацкага.
Аднак члены папярэдняга прэзідыюма бацькоўскага камітэта, правамоцнага да наступных выбараў, прызналі новы сход неправамоцным і адмянілі яго вырак, пра што паведамілі ўладам. З гэтага вынікала, што кураторыюм не меў права прымаць гімназію з рук неправамоцнага бацькоўскага камітэта. Аднак, калі дапусціць, што вырак новага камітэта быў папярэдне ўзгоднены, а можа і інспіраваны ўладамі, дык старому камітэту будзе цяжка абараніць свае правы, бо справа далучэння беларускай гімназіі на правах філіяла ўжо лічыцца вырашанай, а ўсе пратэсты бессэнсоўнымі.
Трэба адзначыць, што лёс беларускай гімназіі ў Вільні падзяляе і беларуская гімназія ў Наваградку, якая таксама пераробленая ў філію мясцовай польскай гімназіі.
Сітуацыя, якая ўтварылася з беларускай сярэдняй адукацыяй, была апісана ў ружовых колерах на старонках "Кур'ера Віленскага" (ад 18.09.1932 г.) Аўтар артыкула, сп. Тэсціс падае шэраг фактаў, якія варта памятаць хоць бы для таго, каб мець магчымасць пераказаць іх праз нейкі час, калі яны перастануць быць … фактамі. Вось яны ў скароце:
1) З 15 верасня ў Вільні функцыянуе "Беларускі філіял дзяржаўнай гімназіі імя Славацкага". 2) Выкладанне вядзецца на беларускай мове. Польская мова выкладаецца ў такіх жа самых аб'ёмах, як і ў іншых няпольскіх гімназіях. 3) Гімназія застаецца ў тым самым памяшканні. 4) Папярэдне дзяржаўная дапамога выражалася ў выдзяленні 7 (у апошні год 5) настаўніцкіх ставак. У гэтым годзе дзяржава ўзяла на сябе ўсе 9 ставак і пакрывае ўсе іншыя выдаткі. 5) "Беларускі філіял дзяржаўнай гімназіі імя Славацкага" мае свайго кіраўніка - беларуса і сваю педагагічную раду. Дырэктар гімназіі імя Славацкага мае права браць удзел у пасяджэннях беларускай педагагічнай рады, а супольныя праблемы абедзве педагагічныя рады вырашаюць разам. 6) Кіраўнік беларускага філіяла атрымлівае грошы ад Міністэрства працы на ўтрыманне бурсы.
Інфармацыю "Кур'ера Віленскага" пацвердзіла кіраўніцтва беларускай філіі, было даведзена, што сур'ёзных змен у складзе педагагічнага персаналу не будзе, і змены не плануюцца, таксама больш не пагражае высяленне гімназіі з свайго памяшкання. Што датычыць бурсы - яна зараз мае 75 месцаў, і дзявочая яе частка будзе павялічана да 18 месцаў.
Калі казаць пра ўмяшальніцтва дырэктара гімназіі імя Славацкага ў справы беларускага філіяла, дык, здаецца, што сітуацыя для беларусаў змянілася на лепшае. Аднак ёсць тут адно "але", якое сп. Тэсціс называе скептычнымі стогнамі. Аўтар звяртае ўвагу на школьны статут, які не прадугледжвае дзяржаўных гімназій з няпольскай мовай выкладання. Але той жа статут не прадугледжвае няпольскіх філіялаў пры польскіх гімназіях. Ён лічыць, што не трэба глядзець на права ў часы, калі не дужа цырымоняцца з літарай закона. […]
Аl. S. [Стаповіч Альбін] Przymusowy konkubinat // Pregląd Wileński. 1932. № 16. S. 4–6.
Пераклад Леаніда Лаўрэша.