Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

Пра вяртанне ў 1938 г. парэшткаў караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага з Ленінграда 


Аўтар: Мацкевіч Юзаф,
Дадана: 04-07-2023,
Крыніца: Мацкевіч Юзаф пра вяртанне ў 1938 г. парэшткаў караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага з Ленінграда // Наша слова.pdf № 27 (79), 5 ліпеня 2023.

Спампаваць




Ціхае вяртанне парэшткаў караля Станіслава Аўгуста ў родны край. Варшава

У выніку прыязнай дамовы з савецкім урадам у справе рэпатрыяцыі парэшткаў караля Станіслава Аўгуста, некалькі дзён таму яны былі перавезены з Ленінграда ў наш край. Труна з парэшткамі караля будзе спачываць у тым месцы, дзе ён нарадзіўся, у гістарычным касцёле ў Воўчыне (Воўчын, мястэчка на рацэ Пульва ў Палескім ваяводстве Берасцейскага павета).

Slowo. 1938. № 206.


Нечакана і ціха з Ленінграда ў Польшчу прывезлі парэшткі апошняга караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Сенсацыяй ёсць факт, што парэшткі караля прывезлі нібыта 2 тыдні таму, але пра гэта да сёння нічога не было вядома. Здзіўленне стала яшчэ большым, калі некалькі тыдняў таму разышліся весткі пра намер прывезці труну з каралеўскімі парэшткамі, а пасля з'явілася аспрэчванне гэтай інфармацыі, было заяўлена, што парэшткі караля застануцца ў касцёле св. Кацярыны ў Ленінградзе. Аднак хутка пасля гэтай заявы труна была перададзена Польшчы.

Улады Стаўпецкага павета не ведалі, не рыхтаваліся і не мелі ніякага загаду. Таму былі вымушаны па тэлефоне звярнуцца да кіраўніцтва Наваградскага ваяводства з пытаннем, што рабіць з транспартам з Ленінграда. Наваградак у сваю чаргу запытаў Варшаву, і цэнтральныя ўлады загадалі перавезці парэшткі караля ў Берасце, адкуль яны мелі быць перададзены ў сямейны маёнтак Панятоўскіх Воўчын, што за 20 км ад Берасця. Таксама і без усялякіх цырымоній адбудзецца і пахаванне труны караля ў крыпце нядаўна адноўленага касцёла ў Воўчыне.

А зараз раскажам, як адбылося вяртанне труны.

На станцыю Стоўбцы з Саветаў прыйшоў запламбаваны таварны вагон са скрыняй, у якой месцілася дубовая і цынкавая труна з парэшткамі Станіслава Аўгуста. Савецкія ўлады даставілі труну з каралеўскімі парэшткамі на памежную станцыю Стоўбцы і звярнуліся да мясцовых польскіх уладаў, каб тыя прынялі труну. Савецкія чыгуначнікі перадалі вагон польскім чыгуначнікам з кароткім суправажальным лістом, у якім пра груз было толькі пазначана, што гэта "парэшткі".

Парэшткі караля ў напаўразбураным і абрабаваным касцёле св. Кацярыны знаходзіліся ў страшэннай бядзе. Некалі забальзамаваны труп цалкам спарахнеў, бо рукі грабежнікаў у дні рэвалюцыі адчынялі вечка труны ў пошуках каштоўнасцяў. Тады з падгалоўя труны забралі срэбную, масіўную і добра пазалочаную карону, але неўзабаве зладзеяў знайшла і "абясшкодзіла" "чрезвычайка", пасля чаго карону зноў паклалі ў разбітую труну.

Толькі пазней некалькі чалавек, якім удалося патрапіць у крыпту пад касцёлам св. Кацярыны, трошкі ўпарадкавалі труну. Яны казалі, што цела і косці цалкам спарахнелі, а найлепей захаваліся толькі каралеўскія кармазынаваыя шаты, а таксама кутая са срэбра і пазалочаная карона каля галавы. Каля труны стаялі дзве невялікія бляшанкі - у адной было сэрца, а ў другой вантробы караля, выдаленыя падчас бальзамавання.

У сутарэннях таго ж касцёла знаходзілася малая труна з парэшткамі караля Станіслава Ляшчынскага, якая тады ж была перавезеная ў Польшчу. Яе патаемна забраў і вывез былы кусташ Пецярбургскага Эрмітажа с. п. Мікалай Пятроўскі, але вывезці вялікую труну з парэшткамі Станіслава Аўгуста ў той час было немагчыма.

Slowo. 1938. № 208.

Чыноўнік забараняе маліцца за караля, ці Таямніца 14-й ліпеньскай ночы ў Воўчыне

Юзаф Мацкевіч

"Справа караля"

На гэты раз я фатальна спазніўся. Усе газеты ўжо шырока напісалі пра месца, дзе пахавана цела апошняга караля Станіслава Аўгуста. Гэтым скарысталіся нешматлікія таксісты ў Берасці, бо сюды ехалі карэспандэнты з варшаўскай, познаньскай і кракаўскай прэсы. Колькі іх было ў суботу, нядзелю! … А я прыехаў толькі ў панядзелак. Ксёндз Чышэвіч кажа, што я ўжо пяты. "Што ж зробіш", - кажу я і хутка выціраю пот.

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

І ўсё ж я бяру таксоўку і еду. У твар дзьме пякучы вецер. Такі не асвяжае і не прастуджвае. Ён толькі абдае цяплом. У цеплыні ледзь хістаюцца каласы ячменю і аўсу. Ляжаць скошаныя снапы жыта. Застыгла трава. Жанчыны прыкладаюць да вачэй руку з сярпом. Мужчыны выпростваюць шыі і глядзяць на аўтамабіль. Коні лянуюцца яго баяцца.

- Спадар, пэўна па справе караля? - перарывае манатоннасць летняга поўдня голас шафёра. Прыемная гэта "таямніца", усе пра яе ведаюць.

Праз 206 гадоў

Спякотны поўдзень. Калі матор на хвіліну перастае гусці, гудуць казуркі. Лета ў самым разгары, усё, як на курорце, заліта сонцам.

Мармуровая пліта ў касцёле, размешчаная некалі ў падлозе храма над крыптай. Эпітафія на латыні, высечаная на пліце, аўтарам якой быў імператар Павел, абвяшчае: 'Станіслаў Аўгуст, Кароль Польшчы, Вялікі Князь Літоўскі - красамоўны прыклад зменлівасці фартуны, да прыхільнасці якой ён ставіўся разумна, няўдачы пераносіў мужна. Памёр у Пецярбургу 1 лютага 1798 г. ва ўзросце 66 гадоў. Самадзержац Павел I, Імператар Усяе Русі, сябру і госцю ўсклаў'.

- Лета, ляціць, лячу, гады … Колькі ж гадоў мінула з дня нараджэння апошняга караля? … Дзвесце шэсць. Навокал пасевы пшаніцы. Ці шмат што змянілася за гэты час? Аўтамабіль, вядома ж, але што яшчэ? Можа толькі тут было больш лесу.

За Высокім Літоўскім шырокі тракт з глыбокімі каляінамі ў пяску. Ля сажалкі мыюць агуркі, а ў млыне мелюць муку, і сяляне ляніва сядзяць, закалыханыя грукатам млына.

Старая каплічка на раздарожжы памятае нябожчыка-караля ... Воўчын.

У гэты час вёска цалкам зялёная. Бялеюць толькі часткі хатак, абмытыя дажджом ужо пасля загаду сп. прэм'ера. У колеры толькі кветкі мальваў, півонь і сланечнікі перад нешматлікімі дамамі, якія стаяць купамі. Над дарогай на Воўчын навісаюць вялізныя дрэвы, як раней яны навісалі над карэтамі з гербамі. Я раптоўна выязджаю на пераважна зарослы травой малы пляцык, і ў вочы кідаецца чароўны від:

Барока сярод каштанаў

Касцёл. Не буду паўтараць, хто яго будаваў, што гэта аналаг рымскай Санта-Марыі-Маджорэ [1], што барока, што … і г. д. пра гэта ўжо пісалі амаль што ўсе выданні, запазычыўшы інфармацыю з "Геаграфічнага слоўніка" [2], як, напрыклад, учора "Варшаўскі Кур'ер". Касцёл, аднак, пакідае цудоўнае і ў той жа час дваістае ўражанне. Не ведаю, што больш кідаецца ў вочы ў гэтай вытанчанай барочнай ратондзе: яе найпрыгажэйшая архітэктура ці яе сучасная жахлівая занядбанасць.

Вакол касцёла высокі мур, а дакладней яго руіны. Брамы, з якіх дзве перароблены і адна дабудавана рускімі, якія ў 1866 г. забралі касцёл пад царкву. У гэтай апошняй ляжыць смецце, паламаныя жэрдкі, усялякае лам'ё, тынк, друз. Цэгла выпадае з мура на траву, якая яе сарамліва хавае. Касцёл атачаюць прыгожыя каштаны. Яны настолькі старыя, што разламалі мур яшчэ ў 1821 г. Але іх лісце дзіўным чынам гарманіруе з касцельнымі сценамі і барочнымі карнізамі, а сонца ходзіць вакол ратонды і адкідвае тонкія цені гэтага лісця. І калі пачынае хавацца, асвятляе толькі сярэднюю вежачку з нерухомымі тарчамі гадзіннікаў і лікамі чатырох евангелістаў.

Сапраўды не ведаю, ці выпадае лічыць гэты касцёл проста творам мастацтва ці сапраўдным мастацкім шэдэўрам.

Сучасная трагедыя касцёла і караля

Аднак, пакуль гэта сведчыць толькі пра набалелае і красамоўна пра наша да яго стаўленне.

Вось так, спадарства! У нашай вёсцы, дзе па загадзе прэм'ера эстэтызаваць Польшчу фарбуюць вапнай круглае бярвенне хат, дзе вапнай мажуць жэрдкі загарадзяў і нішчаць жывыя платы, дзе ад "эстэтычнага" выгляду згінаецца нават лісце лапухоў, і кроплямі вапны плачуць дзікія ружы пры плоце - стаіць касцёл бацькі караля, запэцканы плямамі ад дажджу, з патрапанымі карнізамі і пабітай тынкоўкай. Свеціць голымі цаглінамі, паламанымі вугламі. Яго ўсходняя сцяна пасля бітвы паміж войскамі дзяржаў, якія ў свой час падзялілі наш край, пабітая кулямі карабінаў і кулямётаў, і кулі ў ёй сядзяць, як брыдкае рабацінне. Касцёл амаль што ў руінах … і адначасова пад абаронай дзяржаўнага кансерватара.

Нехта з гэтых чыноўнікаў настолькі не меў розуму, што прапанаваў высечы каштаны, якія праламалі мур яшчэ ў 1821 г. Але цёмныя, брудныя, неахайныя тутэйшыя людзі, якія не ўжываюць мыла, не дапусцілі гэтага варварства.

А зараз апошняга з нашых манархаў, апошняга караля і вялікага князя, караля-эстэта, караля-мецэната, караля-мастака, патаемна, пад аховай паліцыі, уначы прывезлі ў гэтую вёску, у гэтыя руіны і дзяржаўны кансерватар забараніў ксяндзу публічна маліцца да Пана Бога за яго душу.

- Што гэта?! Чаму гэта?! - Пытаюцца ў мяне чытачы, якія тут пабывалі, але я не магу адказаць на пытанне, "чаму так было" і таму хаця б паспрабую расказаць, "як гэта было".

Цішыня і нэндза атачаюць парэшткі

Спачатку я пайшоў па слядах журналістаў, але гэта нічога не дало, бо я сустрэў цішыню, якой я тут пасля нядаўняга розгаласу не надта і чакаў. У гэты гарачы поўдзень спалі нават дрэвы. Я ўвайшоў у касцельны двор па сакавітай траве праз руіны старой Месца ў крыпце касцёла св. Кацярыны, дзе да 1938 года знаходзіўся склеп Станіслава Аўгуста Панятоўскага. брамы. Касцёл стаяў таямнічы і зачынены. У каштанах спявала івалга, а на траве ляжаў рабочы, які правай рукой нацягваў, як ветразь, грубую кашулю на грудзях, а левай шукаў у ёй вошы. З-за прыроджанай ляноты ён не хацеў устаць, каб лацвей лавіць вошы ці пагаварыць са мной. Я паціснуў плячыма - за дзесяць крокаў ад яго, за сцяной касцёла, ляжыць кароль - і пайшоў далей. Побач знаходзіліся дзве магілы з каменным надмагіллем:

"Священник Киприян Иванович Павлович, умерший 4 августа 1886 г. и жена его Фёкла Васильевна."

Я зірнуў на разбураныя вайной сцены і праз галоўны ўваход, яшчэ ў цяні каштанаў, выйшаў за агароджу шукаць пробашча.

Праз дзірку ад ключа

Са мной адбылося тое самае, што і з іншымі: знаёмства з сімпатычным пробашчам, які разводзіць рукамі і хаваецца за таямніцай. Вырваць з яго словы пра гэтую цікавую справу немагчыма. Ён паказаў мне архіў і шмат дакументаў часоў Паўла І. Каралеўская метрыка. Ён адчыніў касцёл і паказаў яго знутры. Няпраўда, аднак, тое, што пісаў "Варшаўскі кур'ер", быццам пробашч мае ключы ад капліцы, дзе знаходзяцца каралеўскія парэшткі. Гэты ключ (адзіны) знаходзіцца ў будынку ваяводства ў Берасці.

Зазірнуў я і ў цяпер знакамітую замочную шчыліну.

Нарэшце, я паспрабаваў спытаць ў шаноўнага ксяндза, што ён сам думае аб прычынах гэтай незвычайнай таямніцы? Спачатку ён проста развёў рукамі …

- Хіба … насамрэч, ніхто не ведае, чаму. Можа, нашы ўлады баяцца наплыву цікаўных, якім не хочуць паказваць сумны стан касцёла, руіны, дзе ляжыць кароль … Перш, чым іх адрамантуюць …

Я пачаў шукаць. Шукаць у Берасці ў самых розных сферах: і духоўных, і свецкіх. Часам чалавека можна сустрэць, калі зойдзеш на вакзал або на пошту … І калі параўнаць розныя пагалоскі і размовы з тым, што я чуў на месцы, у Воўчыне, - варушацца валасы на галаве.

Якая сучасная камедыя del arte (камедыя масак - Л. Л.) над парэшткамі караля - аматара мастацтва!

Таварны вагон у Берасці

"Таямніца" з'явілася раней - 9 ліпеня на вакзал у Берэсці прыбыў звычайны таварны вагон. Быў запламбаваны. Аднак, адкуль стала вядома, што ў ім? Што менавіта труна з парэшткамі караля Станіслава? Справа ў тым, што ўжо тады шапталіся пра пячатку "польскага консула ў Ленінградзе" на труне …

Вагон на рэйках стаіць 4 дні. 10-га ў Воўчыне з'яўляецца незвычайная каманда: кіраўнік ваяводскага будаўнічага аддзела ў Берасці інжынер Папескі з рабочымі. Ва ўсіх іх таямнічыя міны.

Жалезабетон і жалезныя краты

На ўваходзе ў воўчынскі касцёл кідаюцца ў вочы дзве капліцы (хутчэй, рызаліты - Л. Л.) - справа і злева. Яны ідэнтычныя - тры метры ў шырыню і даўжыню. З кожнай з іх наверх вядуць вітыя лесвіцы, да так званай ложы, у якіх калісьці слухалі набажэнства дастойнікі. Левая крыпта называлася каралеўскай, і ложа над ёй таксама каралеўская. У яе спяшаецца сп. інжынер. Замураваць дзверы наверх, у ложу! Але чым … жалезабетонам! Назаўсёды, каб ніхто ў жыцці і ніякая сіла не магла туды ўвайсці.

Потым павярхоўны рамонт і ўнутранае абнаўленне. Нашто ўзмацняць скляпенне крыпты пад капліцай? Менавіта ў сярэдзіне падлогі маецца шырокі праём, які вядзе ў падземную крыпту, яго па-хуткаму прыкрылі дошкамі. Ніхто не ведае, навошта гэта робіцца. Нібыта, ніхто.

Потым прывозяць жалезныя краты. Моцных дзвярных замкоў недастаткова. Краты патрэбны, каб ізаляваць ад нефа касцёла. Потым дзверы зачыняюцца і …

Праца вядзецца ліхаманкава, і праз 4 дні ўсё гатова.

Труна важыць 600 кілаграмаў

Вечар 14 ліпеня, перад заходам сонца. На Берэсцейскі вакзал прыязджае грузавік Дырэкцыі пошты. Быў яшчэ і лімузін. Шэсць ахоўнікаў Дырэкцыі пошты ўвайшлі ў вагон. Там стаіць вялікая дубовая скрыня ў форме труны. Абвязана шнурамі і мае 2 пячаткі. У гэтай вонкавай труне знаходзяцца яшчэ дзве труны, адна з іх металічная. Агульная вага 600 кг. Акрамя вялікай труны, ёсць малая, але таксама дубовая скрыня круглай формы. Невядома, ці гэта урна з сэрцам, ці з вантробамі, ці ў яе адразу ўпакаваны дзве урны, бо ў касцёле св. Кацярыны былі дзве.

Першым - паштовы грузавік

Пунктуальна, а 9-й гадзіне вечара 14 ліпеня, гэты дзіўны кандукт выпраўляецца ў дарогу. Паперадзе едзе паштовы грузавік, а за ім ваяводскі лімузін.

Надыходзіць ноч.

За паўгадзіны да поўначы аўтамабілі, крадучыся, пад'ехалі да касцёла ў Воўчыне. Але не з фронту. Яны заязджаюць убок паміж сцяной касцёла і агароджай плябаніі, некалі палацавым паркам. Пад покрывам каштанаў і клёнаў, якія былі пасаджаны рукамі французскага садоўніка, пад полагам лісця - зусім цёмна і ціха.

Крымінальная дапамога

Прысутнічаюць ксёндз-пробашч, войт, кансерватар з Любліна, інжынер Папескі і рознае спадарства, пра якое немагчыма даведацца з-за высокага рангу. Аднак, калі б мне сказалі, што ваявода меў чорную маску на твары, а дзяржаўны кансерватар апрануў чорнае даміно, а ў руцэ трымаў шпагу, я б зусім не здзівіўся. Цырымонія перанясення парэшткаў апошняга караля часткова была сярэдневечнай таямніцай, а часткова горкім гратэскам. А на вежы вухалі совы і выклікалі дрыжыкі ў прысутных.

Ніякай паліцыі! Каб не звярнуць увагу. Ад плошчы перад галоўным уваходам у касцёл стаялі толькі два "ціхары" з берасцейскай крымінальнай паліцыі.

Ганаровая варта каралеўскіх парэшткаў!

Труну перацягнулі цераз мур

Цяпер наступіла чарга цягнуць труну. 600 кілаграмаў. Кожны з 6 паштовых ахоўнікаў меў па 100 на плечы. Аказваецца, труна з-за сваіх памераў не можа ўвайсці праз вузкую браму. Тады яе цягнуць цераз верх мура. Адзін са спадарства падскочыў на дапамогу ахоўнікам.

Калі труну ўнеслі ў капліцу, аказалася, што першапачатковы план пакінуць яе ў падземнай крыпце не можа быць здзейснены. Праз дзірку ў падлозе яна не праходзіць. Таму ўніз апусцілі толькі урну з сэрцам, а труна засталася наверсе - у тым жа выглядзе, у якім была дагэтага: абвязаная шнурамі і апячатаная. Потым замкнулі краты, потым дзверы і забралі ключ.

Узыходзіць сонца. Яны яшчэ ў касцёле. Толькі каля 5-й раніцы схавалі труну Станіслава Аўгуста, і абодва аўтамабілі паехалі. На рынкавай плошчы Высокага Літоўскага паліцыянт выцягваецца перад лімузінам, як перад самім каралём.

Канец.

Байка і рэчаіснасць

Менш за ўсіх пра падзеі ведаюць ваколічныя сяляне, яны спрацаваныя, і ў галаве ў іх толькі грошы. Ах, золата. Быць багатым, як кароль! Байка. Яны толькі шэпчуцца паміж сабой, што ў Воўчынскі касцёл прывезлі і схавалі залатую булаву і вялікую карону з чыстага золата. Таму жалезабетон, таму ўначы, таму і таямніца - каб ніхто не скраў.

Але пра караля ўжо ведае ўся Рэч Паспалітая. Але я ўсё ж не ўпэўнены - ці так адбываліся падзеі, бо як я ўжо напісаў вышэй, кс.-пробашч Чышэвіч не пажадаў расказаць што-небудзь, але вось гэта я пачуў ад пэўнага чалавека, якому ён неабачліва даверыўся, што была гэткая размова:

- Ці магу я адслужыць набажэнства за душу манарха Станіслава Аўгуста? - спытаў ксёндз.

- Ні ў якім разе! - адказаў чыноўнік.

Што гэта ўсё можа значыць, пытаюцца людзі адзін у аднаго? І ніхто не ведае прычыны несамавітай таямніцы. Магчыма, нехта, хто быў яе першапачатковым ініцыятарам, нарэшце загаворыць? Бо нейкая нясмачная і незразумелая гэта гісторыя.

J. M. [Józef Mackiewicz] Urzędnik zabrania modłów za Króla, czyli tajemnica 14-tej nocy lipcowej w Wołczynie // Słowo. 1938. № 211.

Столь можа абрынуцца на саркафаг! Воўчын

На жаль, сёння да любой справы трэба падыходзіць з разуменнем, што нам пагражае вайна. І мы павінны ўвесь час нагадваць сабе, што ўсё, што мае нейкае дачыненне да нашай боегатоўнасці, павінна рабіцца без усялякіх абмеркаванняў. […]

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Воўчын) у 1930-я гады.

Аднак, на жаль, пэўныя людзі, адказныя за ўнутраныя дробязныя праблемы, спрабуюць выкарыстаць напружанне сучаснага моманту, каб схавацца ад усякай крытыкі і кантролю з боку грамадства. […] Што ж, мы хацелі б папярэдзіць гэтых спадароў, што кожны дзень і пры любой сітуацыі ў свеце мы сутыкаемся з пытаннямі першачарговага і другаснага значэння, і таму газета будзе пісаць пра памылкі.

І ў ніжэйпрыведзеным артыкуле ёсць нешта не палітычнае і не стратэгічнае, бо размова пойдзе пра хібы ў культуры, якія павінны хваляваць кожнага грамадзяніна, размова пойдзе пра парэшткі апошняга караля нашай Найяснейшай Рэчы Паспалітай. […]

Памятаем, што вакол гэтага дзіўнага пахавання і выбару месца для вечнага спачыну каралеўскага праху, адбывалася сапраўдная бура і разам з ёй гарачая, але і прафесійная палеміка. Газета "Ведамасці Літэрацкія" на сваіх старонках друкавала вельмі цікавую анкету-апытанне, у якой узяло ўдзел шмат людзей з літаратурных і мастацкіх колаў. Апытанне цягнулася доўгі час. Калі-нікалі, яно запаўняла літаральна ўсе газетныя калонкі. Людзі пісалі, пісалі, пісалі … пакуль раптам не спыніліся. Наколькі я ведаю, гэтая ж газета, якая паставіла фундаментальнае пытанне: "Дзе маюць быць пахаваны парэшткі караля", не зрабіла падсумавання вынікаў анкетыапытання. Эксперты выказваліся на карысць Варшавы, значна большая частка на карысць Вавеля ў Кракаве і менш за ўсё на карысць Воўчына.

Потым усё сціхла, і парэшткі Станіслава Аўгуста паля вяртання засталіся ў Воўчыне. Думкі так званых кампетэнтных у гэтай тэме асобаў не ўдастоіліся, як гэта часта бывае, ніякай увагі. Грамадская думка была папросту праігнаравана.

Але зараз не тое нас хвалюе, не тое, што мы ў "Слове" галасавалі "за Вавель", за іншае месца вечнага спачыну нашага апошняга караля. Мы прапускаем гэтую эстэтычна-культурна-гістарычную спрэчку. Кароль павінен застацца ў Воўчыне? Хай будзе ў Воўчыне, але хай толькі не будзе, як ёсць зараз: наш апошні кароль, добры ці дрэнны, рэліквія ці толькі помнік гісторыі, патаемна прывезены і патаемна пахаваны, на працягу года спачывае на сметніку, у які ператварыўся адзін з самых прыгожых помнікаў касцельнай архітэктуры, ён пагражае нам абрушэннем і знішчэннем таго, што калісьці было нашым: Rex i Magnus Dux.

Думаю, што ў гэтым выяўляюцца ўжо адносіны не да асобы караля, але проста да ўласнай гісторыі. […]

Год таму, калі я быў у Воўчыне, я напісаў: [далей ідзе вялікі кавалак тэксту з вышэй перакладзенага артыкула з апісаннем стану касцёла - Л. Л.]

Мінуў год. Мы былі супраць таго, каб парэшткі караля заставаліся ў Воўчыне. Мы лічылі Вавель больш адпаведным месцам. Але нават і падумаць не маглі пра тое, што тыя, хто вырашыў пакінуць парэшткі ў Воўчыне, не могуць нават паклапаціцца пра звычайную кансервацыю! Для нашчадкаў.

Мінуў год. Касцёл у Воўчыне знаходзіцца ў небяспечным стане. Тынкоўка звонку гнілая, арнаментыка калон запэцканая зацёкамі і адвальваецца. Цэгла над падмуркамі пашкоджана да такой ступені, што, калі не паклапаціцца пра знешнюю тынкоўку, касцёл можа абваліцца.

Дах воўчынскага касцёла пакрыты цынкавай бляхай, непрыдатнай да гэтай мэты. Яна занадта тонкая і трэснула ў выніку атмасфернага ўздзеяння - калі не будзе неадкладнай рэстаўрацыі, дык тынкоўка столі, пакладзеная ў 1937 г., зруйнуецца.

Аднак найбольш небяспечнай з'яўляецца самая прыгожая частка касцёла - купал. Ён не адрамантаваны, ужо падвергнуўся частковаму разбурэнню і занадта слабы. Купал храма крыху нахіліўся ўбок, у паўднёва-заходні бок. Усходняя ад Вялікага алтара сцяна мае расколіну, якую добра відаць вышэй і ніжэй ад круглага акна.

Закрыццё касцёла было б вялікай крыўдай для тутэйшай каталіцкай парафіі. Абрушэнне касцёла было б непапраўнай шкодай для ўсяго культурнага свету.

Але людзі, якія пішуць і штодзень выказваюць сваю любоў да культуры, ужо забыліся пра Воўчын. І толькі бедная парафія, якая налічвае 450 душ, падала заяву ў Міністэрства веравызнанняў і асветы. Заява засталася без адказу. Таму была пададзеная заява палескаму ваяводзе. Адказу няма. Ваяводскаму кансерватару. Адказу няма.

Труна стаіць у крыпце, яе было бачна праз замочную шчыліну. Зараз павук сплёў там сваё павуцінне. Ключ знаходзіцца ў блізкай, але невядомай нам кішэні.

Нядаўна кс.-пробашч Чышэўскі асабіста ездзіў да начальніка ваяводскага будаўнічага аддзела інж. Сакалоўскага. Атрымаў лаканічны адказ: "Няма грошай".

Вядома, што грошы сёння патрэбныя на рэчы ў 100 разоў больш важныя - на абарону. Але, па-праўдзе, і АЗОН-у на каўбаскі для партыі.

Але тым не менш, мы павінны іх знайсці, знайсці хоць колькі-небудзь. Ні ў якім разе не для пабудовы ў дадзены момант каралеўскага маўзалея. Нават не для рэканструкцыі прыгожага касцёла. А толькі для захавання яго для нашчадкаў разам з саркафагам і парэшткамі апошняга Караля і Вялікага Князя.

J. M. [Józef Mackiewicz] A strop runąć może na sarkofag! // Słowo. 1939. № 182.


Пра лёс парэшткаў караля Станіслава Аўгуста праз 50 гадоў пасля падзей, апісаных у артыкулах Юзафа Мацкевіча, можна даведацца ў наступным грунтоўным артыкуле: Краўцэвіч Алесь. Апошні прытулак апошняга караля Рэчы Паспалітай // Спадчына. 1994. № 6. С. 88-91.

Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.



[1] Здаецца, у гэтым Юзаф Мацкевіч памыляецца, бо Санта-Марыя-Маджорэ (італ.: Basilica di S.Maria Maggiore) - адна з чатырох галоўных базілік Рыма, мае зусім іншы выгляд. - Л. Л.

[2] Wołczyn // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VIII. Warszawa, 1887. S. 865-867. - Л. Л.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX