Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

Лідскія камуністы ў данясеннях канфідэнта Чорнага (1932-1937) 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 10-02-2022,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Лідскія камуністы ў данясеннях канфідэнта Чорнага (1932-1937) // Homo Historicus 2022. Гадавiк антрапалагiчнай гiсторыi / Пад рэд. д-ра гіст. н. А. Смаленчука. Мінск, 2022. С. 200-218.

Спампаваць




Summary

Grounded on archive documents, the article examines the activity of a Polish secret agent with the nickname Chorny («the Black») in the cell of the Communist Party of Western Belarus in the town of Lida. Reports of the Polish agent nicknamed Chorny during 1932-1937 refer to the activity of Lida Communist Party of Western Belarus and allow both to identify actual influence of the communist party on the town life and to assess the efficiency of the agent's work. Chorny enjoyed the confidence of Lida communists. Study of Chorny's reports shows that the main activity of Lida communists was to maintain the organization and to help their arrested and imprisoned members. The organisation's work was basically limited to political discussions and reading of party literature. Unfortunately, it is impossible to reveal the real name of the agent Chorny from the archive materials.


Данясенні агента польскай паліцыі па мянушцы Чорны за 1932-1937 гг. датычаць дзейнасці Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ) у г. Ліда і дазваляюць як вызначыць рэальныя ўплывы камуністаў у жыцці горада, так і даць ацэнку эфектыўнасці працы канфідэнта.

Артыкул абапіраецца на даклады канфідэнта паліцыі, вядомага пад псеўданімам Чорны. Яго асабістая справа захоўваецца ў Дзяржаўным архіве Гродзенскай вобл. На вокладцы пазначана, што агентам быў Мікалай Ляўковіч. У справе насамрэч прысутнічаюць асабістыя паперы Ляўковіча Мікалая Пятровіча, 1907 г. нар., завербаванага 27 кастрычніка 1930 г. Але атрымалася высветліць, што яшчэ ў чэрвені 1931 г. ён уцёк у СССР [1], дзе працаваў шафёрам на Ірбіцкім металургічным камбінаце ў Свярдлоўскай вобл. 12 кастрычніка 1937 г. Мікалай Ляўковіч быў арыштаваны органамі НКУС, асуджаны і расстраляны 21 лістапада 1937 г. [2]

Такім чынам, ён не мог быць канфідэнтам Чорным. Згаданая архіўная справа Чорнага пачынаецца якраз з інфармацыі пра камуніста Мікалая Ляўковіча і яго атачэнне ў Баранавіцкім пав. Відавочна, мела месца памылка кагосьці з паліцэйскіх чыноў, які далучыў уліковую картачку канфідэнта Ляўковіча пасля яго ўцёкаў у СССР да асабістай справы Чорнага. Заўважу таксама, што ў паведамленнях Чорнага маюцца вялікія пропускі, якія звычайна супадаюць з арыштамі камуністаў. Магчыма, нехта ў свой час выняў гэтыя даносы Чорнага са справы.

Лідскія камуністы ў 1932-1934 гг.

У 1931 г. камуністычная арганізацыя ў Лідзе была разгромлена ўжо ў трэці раз. Аднак камуністы здолелі аднавіць дзейнасць.

З паведамленняў Чорнага бачна, што ў 1932 г. сярод сяброў КПЗБ асаблівай актыўнасцю вылучаўся Абрам Любецкі. Сустрэчы з партыйцамі ён праводзіў падчас шпацыраў па горадзе. Таксама сустракаўся з імі ў будынку пажарнай аховы або ў сінагозе. Так, раніцай 29 лістапада 1932 г. менавіта ў сінагозе камуністычны актыў сустрэўся з Раймондам Урбановічам (акрамя Любецкага там быў яшчэ Хаім Дубчанскі і Мардух Айзікавіч). Дубчанскі назваў Урбановіча «сваім хлопцам», бо той некалі ўжо працаваў у кампартыі і паведаміў, што Урбановіч будзе патрэбны дзеля стварэння ў Лідзе «гарадскога камітэта [камуністаў - Л. Л.] хрысціян». Такі камітэт не быў створаны, але ідэя яго арганізацыі выказвалася і пазней.

Пасля таго, як сустрэча закончылася і Урбановіч сышоў, Любецкі прызнаўся Айзіковічу, што апасаецца арышту, бо яго ведае паліцыя. Каб не страціць новага для партыі чалавека, ён абяцаў скантактаваць Айзіковіча з селянінам з вёскі Бенявічы. Таксама Любецкі паведаміў, што ў рамеснай школе ў Лідзе ёсць хлопец з тых жа Бенявічаў, якога можна выкарыстаць для працы ў вёсцы [3]. Праз 5 месяцаў Чорны даведаўся, што хлопца з вёскі Бенявічы Дакудаўскай гміны завуць Аркадзь Казлоў і ён вучыцца ў 3-м класе Гандлёвай школы [4].

4 снежня 1932 г. каля 21-й гадзіны ў памяшканні пажарнай аховы па вул. Сувальскай сабраўся партыйны актыў. Камуніст Пайкоўскі выказаўся крытычна адносна Урбановіча: «Што да пытання прыняцця Урбановіча ў кампартыю, дык трэба захоўваць асцярожнасць, бо ён прафесійны жлукта, а выпіўшы, можа ўсё разбалтаць» [5].

Трэба сказаць, што ў памяшканні лідскай пажарнай аховы камуністы збіраліся рэгулярна. Сярод актывістаў КПЗБ у Лідзе было два Абрамы Гельманы. Адзін з іх знаходзіўся ў шэрагах пажарнай аховы Ліды і пасля Другой сусветнай вайны напісаў цікавыя ўспаміны пра пажарную справу ў горадзе [6]. Таксама частым месцам сустрэч камуністаў з'яўляўся гарадскі рынак. Так, 28 лістапада 1932 г. на рынку сустракаліся Мардух Айзікавіч, Хаім Дубчанскі і Хаім Каплан. Падчас сустрэчы Каплан заўважыў, што ўся праца МОПР [7] па зборы грошай спынілася, бо ў Стоўбцах арыштаваны кур'ер з СССР [8].

У канцы лістапада 1933 г. Чорны паведаміў паліцыі спіс сяброў гарадскога камітэта КПЗБ у Лідзе. У склад камітэта ўваходзілі Лейба Разенштайн, Мойша Рафэл, яго брат Бэрка (былы сакратар ячэйкі КЗМЗБ, які ў 1930 г. быў арыштаваны і асуджаны) [9]. Таксама Чорны даносіў, што ў канцы 1932 г. Хаім Каплан па партыйных справах ездзіў у Вільню [10]. Праз некалькі тыдняў канфідэнт даведаўся, што ён быў пасланы ў Вільню Любецкім па грошы для вязняў [11].

На пачатку красавіка 1933 г. канфідэнт інфармаваў, што пасля судовага прысуду па справе Абрама Гельмана (1931) сярод камуністаў горада пануе ўзаемны недавер, а з партыйнай працы застаўся толькі збор грошай на МОПР [12].

Назіранне Чорнага пацвердзілася на партыйным сходзе, які адбыўся вечарам 16 красавіка 1933 г. на кватэры ў Разенштайна. На ім Любецкі паведаміў камуністам, што да гэтага часу не мае кантактаў з кіраўніцтвам Віленскай акругі КПЗБ (далей: Акруга) і прапанаваў не рабіць ніякіх палітычных мерапрыемстваў падчас святкавання 1 Мая, бо за вывешаны транспарант ці за ўлётку трэба плаціць гадамі вязніцы. Ён таксама паведаміў, што Акруга мае непасрэдныя кантакты з камуністамі ды іх прыхільнікамі ў вёсцы, і там могуць адбыцца пэўныя палітычныя падзеі без ведама гарадскога камітэта [13] (далей: ГК).

Дзеля аднаўлення кантактаў з Вільняй 3-4 мая 1933 г. туды ездзіў Разенштайн [14]. 14 мая партыйны актыў сабраўся вечарам на рынку і канстатаваў, што пасля аднаўлення кантактаў з Акругай камуністы ў Лідзе павінны актывізаваць працу. Дзеля гэтага ў Ліду «прыязджала нейкая вельмі прыстойная студэнтка-яўрэйка. Яна жыла ва ўладальніка піўной, што на перасячэнні вул. Сувальскай і Крупаўскай, Рэцькі. Яўрэйка мела псеўданім Шкляр». Камуністы планавалі правесці шэраг акцый у Лідзе і ў павеце» [15].

Кантакты з віленскім кіраўніцтвам працягваліся. 21 мая партыйны сход адбыўся падчас шпацыру па вул. Сувальскай. Паводле Чорнага, спачатку сустрэліся Мардух Айзікавіч і Абрам Любецкі, а потым да іх далучыўся яўрэй гадоў 24-25, якога Любецкі прадставіў як партыйца з Вільні. Любецкі пад руку з госцем накіраваліся ў бок пошты. Айзікавіч ішоў за імі. Каля пошты Любецкі і партыец з Вільні развіталіся, і лідзяне пайшлі ў бок Пастаўскай вул. [16]

На вечаровым сходзе 24 мая на рынку Любецкі меў добры настрой і паведаміў калегам, што праца сапраўды значна актывізавалася. Любецкі прапанаваў Айзікавічу заняцца партыйнай тэхнікай і спытаў, ці мае Айзікавіч месца, дзе можна было б схаваць партыйную літаратуру. Чорны ў сваёй інфармацыі заўважыў, што Айзікавіч жыве ў «яўрэйскай бажніцы».

У чэрвені 1933 г. лідскія камуністы даведаліся, што ў Воранаве створаны камітэт КПЗБ, у склад якога ўваходзіць сястра Груні Троцкай. Груня ў свой час атрымала 6 гадоў вязніцы за камуністычную дзейнасць. Яна мела кантакт з Любецкім і павінна была прыехаць у Ліду [17].

Падобна, што размовы пра актывізацыю працы так і засталіся толькі размовамі. Каб нечым напоўніць свае даклады, Чорны паведамляў, што Любецкі «імкнецца знаходзіцца сярод тых жыхароў Ліды, якія лаяльна ставяцца да дзяржавы» [18]. Ён, дарэчы, быў актывістам яўрэйскага спартыўнага клуба і выкарыстоўваў выезды на спаборніцтвы для партыйнай працы. Чорны таксама інфармаваў, што на пачатку жніўня Любецкі кантактаваў са «студэнтам, які жыве ў Лідзе (прозвішча невядома, бландзін), і ўжо тыдзень працуе ў аптэцы Стукатара. Гэты студэнт у 1929 г. чытаў даклады ў яўрэйскіх прафсаюзах і належаў да камсамольцаў [19]. Праз некалькі дзён Чорны яшчэ раз паведаміў пра студэнта з аптэкі Стукатара. Гэта быў Рафал Сахін.

Наступны сход адбыўся 2 верасня 1933 г. у памяшканні пажарнай аховы. Хтосьці з прысутных прапанаваў да Міжнароднага дня моладзі падрыхтаваць рукапісныя адозвы і расклеіць іх па горадзе. Асцярожны Любецкі не пагадзіўся: «Гэта нам нічога акрамя вязніцы не дасць». Адкінуў Любецкі і прапанову знайсці сталае памяшканне для партыйнай працы. Магчыма, ён нешта ведаў пра планы паліцыі, бо нават прапанаваў камуністам на нейкі час наогул прыпыніць партыйную працу. У верасні адбылося яшчэ некалькі сходаў у цырульні Лейбы Разенштайна і ў кватэры Ёселя Бляховіча (вул. 3 Мая, 35), але пра іх вынікі канфідэнт не паведамляў, бо, пэўна, не меў інфармацыі.

З паведамленняў Чорнага даведваемся, што камуністы адчувалі небяспеку і нават адсунулі ранейшых актывістаў ад партыйнай працы. 27 студзеня 1934 г. падчас шпацыру па вул. Мілоснай прайшоў сход, на якім быў абраны новы ГК КПЗБ Ліды ў наступным складзе: Абрам Ваўкавыскі, Іцка Валоцкі, Двейра Сасноўская, Мардух Каброўскі і Цадзік Іцэксан. Функцыі гэтых новых асоб яшчэ не былі вызначаны, але кантакт з Акругай у Вільні павінен быў падтрымліваць Абрам Ваўкавыскі [20].

Далей у даносах Чорнага маецца пустка. Паведамленне № 5/1/34 паліцыя атрымала 3 лютага, а № 5/2/34 - толькі 1 сакавіка 1934 г. З даносу даведваемся, што новыя сябры ГК пачалі падазраваць у супрацы з паліцыяй Мардуха Айзікавіча, які па даручэнні Любецкага быў тэхнікам Камітэта. Падчас сустрэчы Любецкага з Айзікавічам 18 лютага 1934 г. на вул. Сувальскай Любецкі прапанаваў апошняму працаваць толькі ў МОПР, але той адмовіўся, бо лічыў неабходным «ачысціцца перад партыяй» ад падазрэнняў. Любецкі заўважыў, што на падазрэнні не трэба звяртаць увагі, а асабіста ён давярае Айзікавічу [21]. Пазней Любецкі сустрэўся з сынам вядомага лідскага друкара Шлёмам Зяльдовічам і Эльяшам Шапірам, якія былі студэнтамі Універсітэта Стэфана Баторыя. Утрох яны каля гадзіны шпацыравалі па вул. Сувальскай.

Вечарам таго ж дня Любецкі сустрэўся з Іцкам Валоцкім і працяглы час размаўляў з ім. Сустрэча адбылася на вул. Чырвонай. Гэта была вельмі кароткая (не болей за 50 м) і вузкая вуліца, дзе камуністы лічылі сябе ў поўнай бяспецы, бо візуальна кантралявалі ўсё наваколле. Тым не менш Чорны здолеў і тут прасачыць за імі.

У тым жа паведамленні ў паліцыю канфідэнт інфармаваў, што Хана-Бейля Платоўская з Васілішак паведаміла Мардуху Айзікавічу, што «калі яе яшчэ раз затрымае паліцыя, яна выдасць усіх васілішскіх камуністаў. У партыі ёй абвясцілі байкот» [22].

Наступнае паведамленне № 5/3/34 канфідэнта датавана 2 чэрвеня 1934 г. Чорны паведаміў, што актыў КПЗБ збіраўся ў лесе за вёскай Раслякі каля Ліды. Гаворка ішла пра канспірацыю. Член ГК Цадзік Іцэксан заявіў прысутным: «Мы яшчэ не пачалі партыйную працу, а паліцыя ўжо ўсё ведае». Пра крыніцу сваёй інфармацыі ён не сказаў, але паведаміў, што хутка пачнуцца арышты. Таксама запэўніў, што падчас допытаў ён нічога не скажа, не будзе канфідэнтам і папярэдзіў прысутных супраць сустрэч на вуліцы [23].

Камуністы даведаліся, што партыйныя нарады падчас шпацыраў па вуліцах не выратоўваюць іх ад паліцэйскага вока. Верагодна, мела месца нейкая ўцечка інфармацыі з боку ўлад. Даносы Чорнага друкаваліся ў некалькіх асобніках і высылаліся ў пракуратуру і ў ваяводскі следчы аддзел паліцыі.

У тым жа паведамленні № 5/3/34 Чорны інфармаваў, што ў сувязях з паліцыяй пачалі падазраваць Мардуха Каброўскага, які насамрэч не быў канфідэнтам. Пра гэта на паведамленні Чорнага напісаў начальнік лідскага следчага аддзела. Пасля гэтай сустрэчы, як паведаміў Чорны, многія выехалі з Ліды. Іцэксан выехаў у Вільню, але таксама былі чуткі, што ён перайшоў мяжу з СССР. Абрам Любецкі - у Воранава або ў Вільню. Разенштайн - у Вільню [24].

Далей зноў быў перапынак у дакладах. Наступнае паведамленне канфідэнта (№ 5/4/34) датавана 25 ліпеня 1934 г. З яго даведваемся, што Абрам Любецкі насамрэч уцёк у СССР. Сёння мы ведаем, што Абрам Любецкі (сын Гірша, 1885 г. нар.), у 1936 г. быў арыштаваны ў Растове-на-Доне за «антысавецкую агітацыю», 7 красавіка 1938 г. быў асуджаны да вышэйшай меры пакарання і расстраляны праз тыдзень [25]. Стандартны лёс усіх, хто ў той час збег на «Радзіму сусветнага пралетарыяту».

Трэба заўважыць, што папярэджаная Чорным паліцыя ў той момант не праводзіла арыштаў, і сярод актывістаў пашырылася меркаванне, што менавіта Іцэксан быў правакатарам, які разваліў усю партыйную працу. Між тым Абрам Ваўкавыскі аднавіў кантакты з Віленскай акругай КПЗБ. Аднак, як паведамляў Чорны, баяўся распачынаць партыйную працу, сцвярджаючы, што «калі Іцэксан быў правакатарам, дык зараз нікому нельга верыць» [26].

Пасля гэтага ў тэчцы канфідэнта Чорнага на працягу 1,5 гадоў адсутнічаюць даносы. Магчыма, яны былі выняты са справы.

«Лідская рэвалюцыя»

Агульнагарадскі страйк 1936 г., які гараджане называлі «рэвалюцыяй», я падрабязна апісаў у кнізе Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг. (Гродна, 2017). Данясенні канфідэнта дадаюць новую інфармацыю пра тыя падзеі.

Акцыянернае таварыства гумовай вытворчасці «Ардаль» па вул. Фабрычнай, 8 было найвялікшым прамысловым прадпрыемствам горада. Слова «ардаль» на ідыш азначае «боты, галёшы». Фабрыка «Ардаль» сапраўды вырабляла зімовы і летні гумовы абутак. Першая прадукцыя была выпушчана ў 1929 г. Акцыянерны капітал, які ў тым годзе складаў 750 тыс. злотых, у 1939 г. павялічыўся да 1 830 тыс. злотых.

У беларускай газеце «Наша воля» сітуацыя на гэтым прадпрыемстве апісвалася наступным чынам: «800 работнікаў, пераважна работніц, маладых дзяўчат. Многа малалетніх, ад 15 гадоў. Працуюць усе «на акорд» (здзельная аплата працы - Л. Л.). А 12-й гадзіне абед. Ніхто не мае часу памыць рукі, грызуць чэрствы хлеб, стоячы пры варштатах працы. Работніцы зарабляюць ад 1 зл[отага] 30 гр[ошаў] на дзень. Але варта адзначыць, што пакуль дойдзе да такой аплаты, то кожная мусіць папрацаваць 2 тыдні толькі за 30 гр. на дзень, другія два - па 50 гр., трэція - па 80 гр. Работнікі зарабляюць па 2 зл., а некаторыя па 2 зл. 50 гр. Палавіна работнікаў і работніц ужо хворыя, другая палавіна мае пачаткі хваробы. Выгляд твараў як у сухотнікаў. Да гэтага часу яны не былі арганізаваны. Фабрыкант штодня адных выкідаў на вуліцу, а другіх з яе набіраў, і за цяжкую працу плаціў колькі хацеў» [27].

Нядзіўна, што напрыканцы 1935 г. на фабрыцы выбухнуў страйк. Непасрэдныя прычыны страйку карэспандэнт віленскай газеты «Słowo», якая пільна сачыла за сітуацыяй на фабрыцы, звязаў са звальненнем 70 рабочых [28]. У адказ кіраўніцтва прафсаюза рабочых хімічнай прамысловасці 30 снежня 1935 г. вывела рабочых і работніц з фабрыкі і спыніла машыны. Усяго забастоўку абвясцілі 720 рабочых, якія патрабавалі павелічэння акордных выплат на 25 %. Адпаведна дзённыя заробкі мужчын павінны былі павялічыцца да 3 злотых, а жанчын - да 1 злотага 50 гр. [29]

Страйк стаў поўнай нечаканасцю для камуністычнага актыву. На сходзе 21 снежня 1935 г. у кватэры Ісака Нісялевіча сакратар ГК Гельман засяродзіў увагу прысутных на неабходнасці ствараць камсамольскія арганізацыі моладзі. Напрыканцы сходу прысутныя збіралі грошы на МОПР [30]. Пра страйк нават гаворкі не было.

Але менавіта падчас страйку наступіў «зорны час» лідскіх камуністаў. Ужо 3 студзеня 1936 г. на кватэры Саны Гаперштэйна адбылася «канферэнцыя» з удзелам гаспадара, Абрама Арцішэўскага і «невядомай асобы яўрэйскай нацыянальнасці, высокага росту, каля 22 гадоў, худога, у рогавых акулярах і жоўтай скураной куртцы, а таксама невядомай яўрэйкі з псеўданімам Берта». Абмяркоўваўся страйк на «Ардалі». Паводле інфармацыі Чорнага, Берта нібыта прапанавала агітаваць работнікаў за правядзенне страйку, а да штрэйкбрэхераў ужываць тэрор. Страйк яна называла «рэвалюцыяй» [31].

У канцы студзеня Чорны высветліў, што Берта таксама прыязджала ў Ліду ў апошнія дні кастрычніка 1935 г. Ён сцвярджаў, што яе сапраўднае імя Ліба Дыновіч і яна дачка Бенцяна-Янкеля, 1911 г. нар. [32]

На пачатку 1936 г. сакратар ГК Абрам Гельман атрымаў ад ЦК КПЗБ прапанову ўзначаліць страйк рабочых фабрыкі «Ардаль», а таксама інструкцыі пра тактыку страйку. Гельман афіцыйна ўвайшоў у прафесійны Саюз працоўных хімічнай вытворчасці і пачаў удзельнічаць у сходах як гэтага аб'яднання, так і Саюза саюзаў (Związek Związków Zawodowych), аб'яднання праўладных прафсаюзаў. Ён імкнуўся пашырыць і радыкалізаваць страйк. У прыватнасці Гельман прапанаваў тэрор «у адносінах да штрэйкбрэхераў». Яго выканаўцамі павінны былі стаць рабочыя-камуністы Рафал Гершман, Абрам Каплан і Лейба Левін. Чорны даведаўся, што ўсе яны жывуць у Лідзе і раней ужо былі пакараны за камуністычную дзейнасць [33].

Зборам грошай для страйкуючых рабочых займаліся Абрам Гельман, Шлёма Рыбацкі і Янкель Гярбоўскі. Каб абмеркаваць сітуацыю, увечары 5 лютага 1936 г. у памяшканні прафесійнага Саюза працоўных хімічнай вытворчасці па вул. Школьнай сабраліся сакратар ГК Абрам Гельман, Бэр Рафэл і Рубін Сталінскі. Сталінскі прапанаваў на шапірографе надрукаваць улёткі і пералічыць у іх усіх канфідэнтаў паліцыі, што будзе эфектыўнай барацьбой з правакатарамі. Гельман лічыў, што гэтага рабіць нельга, бо будзе дрэнна для іх арганізацыі [34]. 11 лютага сакратар ГК Абрам Гельман падчас размовы на вул. Сувальскай з Лейбам Левіным і Мардухам Каброўскім прапанаваў арганізаваць групы па 5-7 асоб з страйкуючай моладзі і сяброў прафсаюза з «Ардаля» і правесці з імі палітычныя заняткі [35].

16 лютага сакратар ГК вярнуўся з паездкі ў Вільню, Эйшышкі і Воранава, дзе ён вёў перамовы пра дапамогу страйкуючым рабочым. Колькі грошай прывёз Гельман з Вільні і Воранава - невядома, але ў Лідзе і Эйшышках ён сабраў 33 зл. [36]

Думаю, што памеры гэтай дапамогі і суадносіліся з рэальным уплывам камуністаў на страйк. Магчыма, адчуваючы слабасць уласных пазіцый, кіраўніцтва КПЗБ у Вільні паведаміла Гельману, што партыя змяніла тактыку і будзе рабіць націск на працу ў легальных арганізацыях, дамагацца паляпшэння эканамічных і культурных умоў жыцця рабочых. Дзеля гэтага камуністы павінны арганізоўваць страйкі і збіраць дапамогу страйкуючым. Прыехаўшы з Вільні, Гельман сабраў партыйны актыў у доме Хаіма Каплана для абмеркавання новай партыйнай тактыкі.

Між тым перамовы з адміністрацыяй «Ардаля» закончыліся нічым. Да канца лютага рабочыя гуртавалі свае сілы, а 25 лютага на агульнагарадскім мітынгу, на які сабралася каля 2 тыс. чалавек, было прынята аднагалоснае рашэнне арганізаваць у горадзе 24-гадзінны ўсеагульны страйк [37].

Камуністы здолелі актывізавацца толькі калі рабочы рух ужо пачаў заціхаць. Напрыканцы сакавіка 1936 г. Абрам Гельман прапанаваў Лейбу Левіну агітаваць рабочых «Ардаля» працягваць страйк і распачаць тэрор супраць штрэйкбрэхераў. Вырашылі, што галоўная аўдыторыя для прапаганды камуністаў - асобы, раней пакараныя за камуністычную дзейнасць, і звольненыя рабочыя [38].

Інфармацыя канфідэнта Чорнага № 5/9/36 была настолькі важнай, што ён перадаў яе паліцыі 24 сакавіка 1936 г. у 1.30 ночы. Канфідэнт паведаміў, што апоўначы ў лесе за вул. Мілоснай адбыўся камуністычны сход з удзелам Абрама Ваўкавыскага, Мардуха Каброўскага, Рафала Гершмана, Уладзіміра Мазя, Пятра Мазя і Ханана Лазоўскага. Ваўкавыскі пераконваў, што мэта страйкуючых рабочых - не дапусціць аднаўлення працы на фабрыцы «Ардаль». Нават калі дойдзе да крывавай сутычкі з паліцыяй, страйкоўцы не маюць права прайграць, - выказаў сваё меркаванне камуніст. Тое самае казалі і іншыя.

Мазь паведаміў, што са шклозавода «Нёман», які таксама страйкаваў, павінна прыехаць вялікая колькасць рабочых, з якіх будзе створана баявая група супраць штрэйкбрэхераў. З просьбай прыслаць дапамогу таксама звярнуліся ў Вільню.

Ваўкавыскі і Уладзімір Мазь падзялілі прысутных на пікеты. Так, Пётр Мазь павінен узначаліць пікет на чыгуначным пераездзе па вул. 3 Мая, Уладзімір Мазь і Ваўкавыскі - за мостам па вул. Гражыны. Гершман, Каброўскі і Лазоўскі - на Расляках і Зарэччы. Пікеты і рабочыя патрулі павінны выйсці на свае месцы ў 4.00, самае позняе ў 4.30. А 7-й гадзіне ўсе пікеты і патрулі павінны былі сабрацца каля «Ардаля» і прымусіць штрэйкбрэхераў пакінуць фабрыку. Аналагічны сход у гэты ж час адбываўся ў іншым месцы горада пры ўдзеле сакратара ГК Абрама Гельмана і Лейбы Левіна. Чорны прысутнічаў на сходзе ў лесе за вул. Мілоснай.

Паліцыя пацвердзіла, што з 4-й гадзіны раніцы па горадзе, пераважна ў рабочых раёнах, пачалі хадзіць патрулі страйкуючых рабочых. Гершмана, братоў Мазяў ды іншых а 5-й гадзіне бачылі на пікетах у вызначаных месцах. А 7-й гадзіне патрулі пачалі сцягвацца да «Ардаля», але паліцыя не дапусціла іх да фабрыкі [39].

А прэса паведаміла, што «ўчора Ліда зноў перажыла аднадзённы агульны страйк. З раніцы працу пакінулі рабочыя ўсіх прамысловых і часткова рамесных прадпрыемстваў. Агулам страйкавала каля 3 000 асоб. Горад патрулявала паліцыя. Было затрымана некалькі чалавек, але спакой нідзе не быў парушаны. […] Прычына страйку - імкненне ўладальнікаў фабрыкі «Ардаль» аднавіць працу пры дапамозе штрэйкбрэхераў (да 300 асоб) і некваліфікаваных работнікаў, прывезеных з адлеглых вёсак. Гэта выклікала вялікае азлабленне страйкоўцаў. […] У другой палове дня дэлегацыя рабочых сустрэлася з старастам і перадала свае патрабаванні. Пасля перамоў старасты з міністрам працы і сацыяльнай апекі, а таксама з міністрам унутраных спраў ён здолеў пераканаць абодва бакі канфлікту прыняць арбітраж. 26 сакавіка фабрыка «Ардаль» аднавіла вытворчасць. На працу вярнуліся 100 рабочых, якія працавалі на ёй да выбуху страйку. У наступныя дні вернуцца наступныя групы рабочых» [40]. Дырэкцыя «Ардаля» падняла заробкі і вярнула на працу раней звольненых [41].

З даносу Чорнага № 5/10/36 даведваемся, што на пачатку красавіка 1936 г. паліцыя арыштавала ўвесь ГК, а 8 красавіка Абрам Ваўкавыскі праз акно лідскай вязніцы па вул. 3 Мая выкінуў запіску. Яе падабраў Іцка Каброўскі, брат арыштаванага сябра ГК Мардуха Каброўскага. У запісцы Ваўкавыскі прасіў Хаіма Каплана і Бэра Рафэла, каб яны паразумеліся ў нейкай справе з «вядомай ім кабетай» у Вільні. Чорны лічыў, што размова ішла пра Нахану Альпяровіч, але ў якой справе, канфідэнт не ведаў [42].

У сярэдзіне красавіка Чорны паведаміў, што камуністы вырашылі ўзмацніць канспірацыю, і пераказаў паліцыі ўсе планы «канспіратараў». Таксама ён перадаў, што Шмуль-Калман Нісялевіч, пра якога раней не паведамлялася, «пачаў кантактаваць з жаўнерам 2-й ці 3-й роты Мейрам (імя невядома, кравец з Вільні, яго брат быў у вязніцы за камуністычную дзейнасць). Жаўнер выязджаў на святы ў Вільню і павінен быў кантактаваць з Наханай Альпяровіч. Пасля вяртання з Вільні ён хацеў сустрэцца з Нісялевічам, але не знайшоў таго і пайшоў у кашары. Ці меў ён у Вільні кантакт з Альпяровіч, невядома» [43].

Менавіта з Нісялевічам кантактавалі новыя партыйныя актывісты Шмуль Цыгельніцкі і Ёсель Левін, а Бэр Рафэл пазнаёміўся з Янкелем Левіным, які толькі 10 лютага перабраўся з Браслава ў Ліду і ўладкаваўся на працу ў цырульню. Сам Рафэл таксама знаходзіўся ў сталым кантакце з Нісялевічам.

16 красавіка 1936 г. канфідэнт Чорны інфармаваў паліцыю пра тое, што раней арыштаваныя члены ГК наладзілі сувязь з камуністамі на волі праз Хаіма Дубчанскага, які адбываў у лідскай вязніцы пяцігадовы тэрмін пакарання. Ён пісаў, што «падчас шпацыру Дубчанскі атрымлівае паведамленні ад сакратара ГК Гельмана і іншых, а потым падчас сустрэч пераказвае іх сваёй нявесце Цыпе Школьнікавай. Нявеста перадае інфармацыю камуністам на волі. Такім чынам Гельман ды іншыя цікавіліся ў Шмуля Цыгельніцкага працай па арганізацыі Саюза працоўных хімічнай вытворчасці. У Лідзе гэты Саюз быў арганізаваны па ініцыятыве Гельмана напярэдадні яго арышту. Потым працу па стварэнні Саюза перанялі іншыя камуністы» [44].

Нягледзячы на рэпрэсіі, ужо ў маі 1936 г. быў абраны новы склад ГК Ліда і гарадское кіраўніцтва МОПР. Працай па аднаўленні ГК заняўся Ашар Каплан. Усіх «старых» камуністаў паліцыя ведала, і таму ў ГК абралі «маладых»: Вульфа Крупскага, Генаха Барана і Ашара Каплана. Крупскаму і Барану была даручана тэхнічная праца, а Каплан заняў пасаду сакратара ГК. 27 мая ў лесе за вёскай Раслякі адбылася «канферэнцыя» камуністаў [45]. Праз месяц Чорны дадаў, што ў новы ГК таксама ўвайшоў Хаім-Неах Гульнік.

Падчас следства па справе раней арыштаванага ГК камуністы актыўна працавалі са сведкамі. Напрыклад, калі следчы з Вільні Абрамовіч выклікаў на допыт сведкаў-яўрэяў, то «новы сакратар ГК Ашар Каплан навучаў іх, як трэба адказваць, каб не абцяжарыць абвінавачаных» [46]. Таксама дзеля юрыдычнай дапамогі арыштаваным Ашар Каплан кантактаваў з Мардухаем Камянецкім, які працаваў у юрыдычнай канторы адваката Вагнера. Чорны паведамляў, што юрыдычныя парады супрацоўніка канторы Вагнера маюць вялікую карысць для камуністаў.

У чэрвені 1936 г. у Ліду прыехала інструктар акружнога камітэта КПЗБ Хана Пудзінская. Сваю працу яна пачала са збору матэрыялаў пра гвалтоўны разгон страйкоўцаў паліцыяй на шклозаводзе «Нёман» 13 чэрвеня [47]. Каб не прыцягваць да сабе ўвагі, Пудзінская шукала працу на «Ардалі». Яна ж вяла размовы з камуністамі, якія не належалі да арганізацый, г. зн. не вялі партыйнай працы. Гэтым людзям прапанавала ствараць свае ячэйкі па 5 чалавек. Падобна, што падобных камуністаў было даволі шмат.

12 ліпеня 1936 г. у лесе за вёскай Раслякі Хана Пудзінская правяла нараду з лідскім актывам КПЗБ і прапанавала стварыць піянерскую арганізацыю з вучняў лідскіх школ. У тым жа месяцы Хана Пудзінская аплаціла паездку Нісялевіча ў Беліцу, Наваградак і Дзятлава дзеля наладжвання кантактаў з тамтэйшымі камуністычнымі арганізацыямі [48]. Напрыканцы ліпеня Пудзінская прапанавала Нісялевічу і Каплану ў ноч з 1 на 2 жніўня зрабіць надпісы на сценах дамоў: «Прэч вайну, прэч фашызм». Нісялевіч адмовіўся, сказаўшы, што ніякага эфекту гэта не дасць, толькі справакуе новыя рэпрэсіі [49].

Таксама Чорны паведаміў, што на пачатку жніўня ў Лідзе быў створаны ГК камсамола Заходняй Беларусі, у які ўвайшлі сябры камуністычнага ГК Генах Баран і Хаім-Неах Гульнік, а таксама Шыман Ілютовіч і Мардух Камянецкі.

Бачна, што канфідэнт меў добрыя стасункі з Генахам Баранам, які быў для яго пастаяннай крыніцай інфармацыі. Многія даносы пачыналіся са спасылкі на Барана. Напрыклад, менавіта ад Барана канфідэнт даведаўся, што той 20 жніўня ездзіў у Вільню на канферэнцыю, у якой удзельнічалі 8 дэлегатаў з моладзевых камуністычных арганізацый розных гарадоў. Канферэнцыяй кіраваў малады яўрэй, які прыняў даклады ад дэлегатаў пра дзейнасць на месцах, а потым вучыў прысутных асновам камуністычнай дзейнасці і канспірацыі [50].

За падзеямі ў Лідзе ўважліва назірала кіраўніцтва кампартыі. Адпаведна, у горадзе працавала не толькі інструктар Віленскай акругі КПЗБ Пудзінская. 28 жніўня 1936 г. Ліду наведаў інструктар ЦК КПЗБ Якуб Казлоўскі. У змроку на вул. Мацкевіча ён сустракаўся з Іцкахам-Якубам Гросманам.

Напрыканцы жніўня паліцыя правяла ў актывістаў ператрусы з фатаграфаваннем знойдзенага. Чорны даносіў, што сябра камсамольскага ГК Хаім-Нахам Гульнік на нейкі час спыніў дзейнасць і перастаў сустракацца з аднапартыйцамі [51]. 10 верасня 1936 г. адбыўся ператрус у кватэры Ашара Каплана. Паліцыя шукала камуністычную літаратуру, а потым забрала Каплана на допыт. Ніякай літаратуры не было знойдзена, але Каплан адышоў ад палітычнай дзейнасці.

Між тым ЦК КПЗБ, не зважаючы на спад рабочага руху, даручыў лідскім камуністам арганізаваць страйк на «Ардалі». Дзеля гэтага Гельман сустракаўся з сакратаром аддзела Саюза працаўнікоў хімічнай прамысловасці ў Лідзе Беньямінам Святоем. Святой, каб не страціць давер рабочых «Ардаля», хаваў свае кантакты з камуністамі і канспірацыйна кантактаваў толькі з Гельманам. Варта адзначыць, што камуністы не карысталіся аўтарытэтам сярод рабочых і не маглі наўпрост размаўляць з імі і заклікаць да страйку. Яны рабілі гэта праз іншых асоб.

Варта адзначыць, што паводзіны польскіх улад падчас лідскіх страйкаў былі дастаткова ўзважанымі. Так, лідскі стараста Чушкевіч не стаў адназначна на бок уласнікаў прадпрыемстваў і падтрымаў патрабаванні рабочых. Адначасова з ціскам на прадпрымальнікаў улады імкнуліся адсякаць ад пратэстаў камуністаў.

Падзеі 1936 г. заставаліся ў памяці жыхароў Ліды нават праз дзесяцігоддзі. Калі на схіле савецкай эпохі, змучаная пастаянным пагаршэннем узроўню жыцця, застрайкавала ўся Беларусь, не выключаючы і Ліду, то старыя лідзяне былі схільны праводзіць паралелі са страйкам на «Ардалі».

Лідскія камуністы ў 1936-1937 гг.

Пасля страйку распачалося следства па справе камуністаў Ліды. Паліцыя шмат ведала пра іх дзейнасць, але суд патрабаваў матэрыяльныя доказы (напр., камуністычную літаратуру), а не даносы канфідэнта. Не атрымаўшы такіх доказаў, суд выпускаў лідскіх камуністаў на волю. Следства па іх справе працягвалася, але камуністы жылі ў сваіх хатах. Напрыклад, на пачатку лістапада з вязніцы выпусцілі Беньяміна Арцішэўскага, і ён перадаў актыву просьбу вязняў сабраць грошы для юрыдычнай дапамогі [52]. Чорны дакладваў, што нават пад следствам сябры ліквідаванага ГК Цыгельніцкі і Арцішэўскі кантактуюць з супрацоўнікам аддзела продажу фабрыкі «Ардаль» Неахам Эпштэйнам і распытваюць пра настроі на фабрыцы. Актыў не страчваў надзеі на чарговы страйк [53].

З інфармацыі сярэдзіны лістапада (№ 5/28/36) даведваемся, што інструктар ЦК КПЗБ Якуб Казлоўскі быў арыштаваны, але з-за недахопу ўлік вызвалены. Пасля вызвалення ён таксама далучыўся да збору грошай. Па справе прававой дапамогі для арыштаваных 14 лістапада ў Вільню ездзіў член ГК Шыман Ілютовіч, але канфідэнт не ведаў ні мэт, ні вынікаў яго паездкі [54].

Да канца 1936 г. афіцыйныя абвінавачанні атрымалі 12 чалавек разам з былым сакратаром ГК Гельманам. Камуністы спадзяваліся, што суд пачнецца на пачатку студзеня 1937 г. і пачалі прыспешваць збор грошай для юрыдычнай дапамогі.

Паліцыя ведала ад Чорнага, што з Вільні па справе дапамогі абвінавачаным прыехалі двое: «Першы - высокага росту, худы, твар доўгі, паголены, мае каля 25 гадоў, шатэн, апрануты ў шэрае восеньскае паліто, у шапцы-матацыклетцы, доўгіх нагавіцах і камашах, другі - малога росту, узрост 22-25 гадоў, брунет, доўгі паголены твар, апрануты ў брунатнае восеньскае паліто і шапку-матацыклетку». Перамовы з гасцямі вёў Абрам Гельман, сустрэчы адбываліся ў піўной Абрама Пупко па вул. Сувальскай ці на бакавых вуліцах, а вечарам 11 лістапада - у кватэры Пувіна Альшанскага па вул. Мацкевіча, 13. Пра што вяліся перамовы, канфідэнт не ведаў [55].

Напрыканцы лістапада Груня Голь-Троцкая прывезла з Вільні 180 зл. дапамогі арыштаваным [56]. У снежні Генах Баран прывёз з Эйшышак 18 зл. Усе сабраныя грошы захоўваў абвінавачаны, але вызвалены да суда Абрам Арцішэўскі. Потым іх забраў Камянецкі, які працаваў у адвакацкай канторы Вагнера.

У снежні прайшла рэарганізацыя партыйнага кіраўніцтва. 18 снежня 1936 г. лідскі актыў правёў канферэнцыю «за праваслаўнымі могілкамі». Прысутнічалі Мардух Арахоўскі, Абрам Гельман, Неах-Хаім Гульнік, Ёсель Левін, Груня Голь-Троцкая, Лейба Казарэскі і невядомыя Чорнаму яўрэй і яўрэйка. Сход працягваўся каля гадзіны. Гельман паведаміў, што яго разам з Цыгельніцкім выклікалі ў следчы аддзел, і зараз ён знаходзіцца пад сталым наглядам паліцыі. Было вырашана на пэўны час адсунуць Цыгельніцкага ад партыйнай працы. Прысутныя выказалі згоду на рэарганізацыю ГК. У выніку сакратаром стаў Мардух Арахоўскі, функцыі тэхніка пачаў выконваць Шумаль-Калман Нісялевіч, а скарбніка - Хаім Каплан.

Наступны сход, які меў характар справаздачнага, адбыўся 16 студзеня 1937 г. у кватэры Міны Левін. Чорны на ім не прысутнічаў, а пра яго ход даведаўся ад Генаха Барана. У сходзе прынялі ўдзел Мардух Арахоўскі, Шмуль Цыгельніцкі, сябры ГК КЗМ Гульнік Хаім-Неах і Генах Баран, кіраўнік лідскага МОПР Іцхак Лацкі, а таксама Фішаль Разенштайн, Давід-Мардух Берман і Ёсель Мірскі. На сходзе прысутнічаў таксама невядомы камуніст з Вільні, якога Генах Баран так апісаў Чорнаму: «Хрысціянін, каля 30 гадоў, апрануты ў паліто, у капелюшы, прыстойны, размаўляў па-беларуску […] сакратар Акругі КПЗБ з Вільні» [57]. Зразумела, што ў лідскіх камуністаў-яўрэяў роднай мовай быў ідыш, але яны добра разумелі і беларускую мову.

Падчас гэтага сходу сакратар лідскага ГК зрабіў вусную справаздачу. З яе можна было даведацца, што ў Лідзе налічвалася 80 камуністаў, іcнавалі ГК КПЗБ і ГК КЗМ, ячэйка МОПР, ячэйкі КПЗБ на «Ардалі», у ліцейні Шапіры, на шклозаводзе «Нёман». Камуністычныя фракцыі былі ў прафсаюзах работнікаў хімічнай вытворчасці, вытворцаў вопраткі і прадаўцоў гатовага адзення, а таксама ў Саюзе саюзаў. Таксама Арахоўскі казаў пра рэгулярны збор складак на карысць МОПР, прыём у партыю новых сяброў, узгадненне пазіцый з іншымі арганізацыямі, напрыклад, з Саюзам саюзаў. Напрыканцы адзначыў, што лідскай арганізацыі не хапае партыйнай літаратуры [58].

21 студзеня 1937 г. у Лідскім акруговым судзе пачаўся працэс супраць 12 чалавек, абвінавачаных у камуністычнай дзейнасці. На лаве падсудных знаходзіліся Абрахам Гельман, Абрам Ваўкавыцкі, Шалом Рыбацкі, Лейба Левін, Сана Гаперштэйн, Абрам Арцішэўскі, Мардух Каброўскі, Рафал Гершман, Канстанцін Грэбень, Арсені Пашкоўскі, Дзіна Лернэр і Вацлаў Вайтулевіч [59]. Амаль усе атрымалі вялікія тэрміны турэмнага заняволення.

Пасля абвяшчэння прысуду ўвечары 25 студзеня 1937 г. сябры ГК сабраліся на нараду. У сходзе бралі удзел Мардух Арахоўскі, Шмуль-Калман Цыгельніцкі, Абрам Гельман і член ГК КЗМ Шымон Ілютовіч. Мардух Арахоўскі заявіў, што судовы працэс і шматгадовыя прысуды яўрэям сталі вынікам даносу асуджаных разам з імі хрысціян Вацлава Вайтулевіча, Канстанціна Грэбеня і Арсеня Пашкоўскага. Грэбеня суд наогул апраўдаў, Вайтулевіч атрымаў умоўны прысуд, а Пашкоўскі - толькі два гады.

Арахоўскі падкрэсліў, што гэты суд з'яўляецца папярэджаннем для камуністаў-яўрэяў, каб у будучым яны не мелі ніякіх партыйных кантактаў з «хрысціянамі», бо апошнія маюць схільнасць да правакацый і здрады. Ён заклікаў да поўнага аддзялення ад «хрысціян» і лічыў, што тыя павінны ўтвараць асобныя арганізацыі. Зразумела, што ў дадзеным выпадку гаворка ішла не пра веравызнанне, а пра нацыянальную ці этнічную прыналежнасць. Дарэчы, канфідэнт Чорны быў «камуністам-іўдзеем» і карыстаўся поўным даверам сваіх таварышаў.

Актывісты таксама прыйшлі да высновы, што суровыя прысуды не адштурхнуць ад партыйнай працы камуністаў, але ім трэба захоўваць канспірацыю. Таксама было вырашана ў бліжэйшыя дні правесці пашыраны сход, на якім заслухаць даклады пра апошнія падзеі ў савецкай Расіі ў сувязі з працэсамі трацкістаў. Лідскія камуністы паверылі ў «бандыцкую дзейнасць» Карла Радэка і яго прыхільнікаў [60]. Сталінскае вар'яцтва захапіла і іх.

У нечым паказальны для таго часу сход камуністаў адбыўся раніцай 12 чэрвеня 1937 г. у лесе каля вёскі Малейкаўшчына. Прысутнічалі Рафэл Сахін, Абрам Каплан, Генах Баран, Шыман Ілютовіч, Лейба Казарэскі, Абрам Крупскі і Чорны. Рэгулярныя арышты партыйнага кіраўніцтва паступова ўвялі яго ў вузкае кола партыйных актывістаў.

Гэты сход сведчыць, што камуністаў хвалявалі падзеі ў СССР і знішчэнне Сталіным былых куміраў. А партыйным кіраўнікам у Лідзе трэба было кантраляваць настроі камуністаў і даводзіць ім «лінію партыі», якая ішла з Масквы. Рафэл Сахін заклікаў захоўваць спакой, бо яшчэ не было дакладнай інфармацыі аб смяротным прысудзе маршалу Тухачэўскаму. Сахін выказаў меркаванне, што насамрэч Тухачэўскі і яго калегі сасланы ў Сібір ці камандзіраваны ў Іспанію. Ён запытаў прысутных пра іх стаўленне да такіх «здраднікаў», як Тухачэўскі ды іншыя абвінавачаныя. Лейба Казарэскі адказаў, што «здраднікаў» трэба «ставіць да сценкі». Сахін заклікаў да актывізацыі дзейнасці, але без канкрэтыкі [61].

Напрыканцы сходу прыехаў на ровары рэдактар газеты «Lider Wolksblat» Разенталь. Ён прывітаўся з прысутнымі, але не выступаў і з'ехаў разам з Сахіным. Перад ад'ездам Сахін прапанаваў чытаць газету «Unser Tage», якая выходзіла ў Вільні, замест «Wilner Tage». Казарэскі паабяцаў прывесці некалькі рабочых з «Ардаля», бо праца на фабрыцы па тэхнічных прычынах спынілася на некалькі дзён. Калі ўжо разыходзіліся, Казарэскі сказаў Чорнаму, што ў Наваградскі павет прыехала некалькі камуністаў з савецкай Расіі. У інфармацыйным паведамленні паліцыі было пазначана, што Разенталь ужо год жыве ў Лідзе на кватэры Іосіфа Альбірта. Варта адзначыць, што Іосіф Мацвеевіч Альбірт - паэт і пісьменнік, які напрыканцы 1950-х гг. стаў сябрам Саюза пісьменнікаў, жыў у Маскве. У 1970 г. эміграваў у Ізраіль.

У ліпені па справах МОПР у Ліду прыязджала дзяячка з псеўданімам Хаша. Яна сустракалася з сябрам ячэйкі КПЗБ фабрыкі «Ардаль» Сарай Бацян, каб пацікавіцца справай удзельніка страйку Станіслава Кіселя і перадаць грошы, сабраныя на яго адваката. Бацян паведаміла ёй пра крызіс у Саюзе працаўнікоў хімічнай вытворчасці, бо большасць рабочых не плаціла складак. Але таксама адзначыла, што ведае 50 чалавек, якія імкнуцца захаваць Саюз. У той час Саюз выставіў новыя патрабаванні па павышэнні заробкаў і планаваў арганізаваць страйк. Бацян узгадала рабочых «Ардаля» камуніста Рудольфа Радзігу, а таксама Юдаля Сапожнікава і Нем'яхама Шварбарда. Кіраўнік лідскага следчага аддзела на палях данясення адзначыў, што інфармацыю Чорнага лічыць верагоднай, бо яна пацвярджаецца інфармацыяй канфідэнта Янкі [62]. Так у справе Чорнага першы раз прагучала мянушка іншага паліцэйскага «крата» ў шэрагах лідскай КПЗБ. Акрамя Чорнага і Янкі ў асяроддзі лідскіх камуністаў таксама дзейнічалі канфідэнты пад псеўданімамі Абрамовіч, Бужынскі і Герман.

Камуністы адчувалі ціск паліцыі, і на пачатку кастрычніка 1937 г. Херц Герцоўскі прапанаваў устрымацца ад партыйнай працы і абмежавацца зборам грошай на дапамогу арыштаваным [63].

22 кастрычніка Чорны паведаміў, што на кватэры сябра кіраўніцтва МОПР Груні Левін, (вул. Завальная, 8) сабраліся Херц Гярцоўскі, сябар ГК КЗМ Фішаль Разенштайн, сябар лідскага выканаўчага камітэта МОПР Фішаль Рыбацкі і Берка Аркаў, які прыехаў з Воранава. Абмяркоўваліся справы матэрыяльнай дапамогі арыштаваным Абраму Гельману і іншым камуністам, а таксама іх сем'ям. Аркаў запытаў у прысутных, ці вядомы ім імёны правакатараў, вінаватых у арыштах. Гярцоўскі і Левін адказалі, што правакатараў трэба шукаць сярод работнікаў «Ардаля», але канкрэтных прозвішчаў яны не ведаюць. Аркаў абвінаваціў прысутных у ігнараванні правіл канспірацыі, што прывяло да з'яўлення правакатараў. Ён адзначыў, што ў Воранаве і Эйшышках ужо некалькі гадоў не было арыштаў. Воранаўскі актывіст не здагадваўся, што паліцыя ведала камуністаў ва ўсіх мястэчках Лідчыны. Арышты не адбываліся, бо паліцыя не лічыла іх своечасовымі.

З даносу Чорнага даведваемся, што напярэдадні 7 лістапада 1937 г. у Лідзе былі арыштаваны камуністы Шапіра, Баран, Сікурць, Гаперштэйн ды іншыя. Але падчас ператрусаў у кватэрах арыштаваных не была знойдзена камуністычная літаратура, і заставалася надзея, што арыштаваных выпусцяць з вязніцы. Тым не менш сітуацыя была вельмі небяспечнай. 30 лістапада 1937 г. сакратар ГК КПЗБ Херц Гярцоўскі сам паведаміў Чорнаму, што ён мусіць адысці ад партыйнай працы. Сакратар прапанаваў канфідэнту заняцца справамі МОПР і сабраць грошы для абароны абвінавачаных. Гярцоўскі сказаў Чорнаму, што да яго звернецца асоба з паролем «Радам» і гэту асобу ён мусіць прыняць [64].

Херц Гярцоўскі сапраўды адышоў ад спраў, але працягваў рэкламаваць яўрэйскую газету, якую ў Лідзе выдаваў і рэдагаваў Альбірт. Канфідэнт паведамляў, што Альбірт ужо некалькі тыдняў кантактуе з настаўнікам 7-класнай яўрэйскай школы Цэнтральнай арганізацыі яўрэйскіх школ, якая знаходзілася пад уплывам левых яўрэйскіх партый, Сімхай Гёніхам. Гёніх разам з жонкай Цэцыліяй 21 верасня 1937 г. пераехаў у Ліду з Глыбокага. Яго жонка ўладкавалася на працу ў бюро фабрыкі «Ардаль». Паводле інфармацыі паліцыі Глыбокага, Гёніх меў стасункі з камуністамі і з-за гэтага быў звольнены з пасады настаўніка [65].

На гэтым заканчваюцца даносы Чорнага, якія захоўваюцца ў архіве. Асоба гэтага канфідэнта, як і яго далейшы лёс, пакуль застаюцца таямніцай.

Знаёмства з даносамі Чорнага дазваляе сцвярджаць, што галоўнымі справамі лідскіх камуністаў у 1930-х гг. было захаванне арганізацыі і дапамога арыштаваным і зняволеным таварышам. Практычна ўся іх дзейнасць зводзілася да размоў пра палітыку і чытання партыйнай літаратуры. Даволі шмат камуністаў не займаліся палітычнай дзейнасцю і знаходзіліся па-за арганізацыяй. Аўтарытэт камуністаў не быў высокім, бо нават факт сувязі з кампартыяй кампраметаваў прафсаюзных актывістаў перад рабочымі. Тым не менш на асобных прадпрыемствах існавалі камуністычныя арганізацыі. Па-за межамі гэтага артыкула засталося апісанне дзейнасці такой ячэйкі ў ліцейне Шапіры. Пра гэтых камуністаў паведамляў інфарматар Абрамовіч. У ячэйку ўваходзіла каля 10 рабочых (пераважна яўрэяў), а іх дзейнасць таксама зводзілася да размоў на палітычныя тэмы і збору грошай для дапамогі арыштаваным.

Вялікага ўплыву на жыццё горада камуністы не мелі і не маглі мець, бо заставаліся маргінальнай групай, сярод якой пераважалі яўрэі. У той час яны складалі каля паловы насельніцтва Ліды і жылі ва ўмовах выразнага нацыянальнага ціску. Але і сярод яўрэяў камуністы былі хутчэй маргіналамі, бо, напрыклад, на выбарах яўрэйскага самакіравання ў 1932 г. найвялікшую колькасць галасоў набраў блок «Рамеснікі», другое месца занялі «Дробныя купцы», а на трэцім месцы былі «Сіяністы» [66].

Сярод яўрэйскага насельніцтва пераважалі прагматычныя погляды на палітыку. Тым не менш незадаволенасць уладай існавала, і яна выявілася ў верасні 1939 г., калі значная частка яўрэйскага насельніцтва з энтузіязмам сустрэла прыход Чырвонай арміі. Да таго ж мясцовыя яўрэі добра ведалі пра становішча яўрэяў у Германіі і баяліся прыходу Гітлера. Калі замест немцаў у горад увайшла Чырвоная армія, яўрэі сустракалі яе кветкамі. Для іх гэта было вызваленне ад фашысцкага лагера. Лідзянка Яўгенія Ярмант успамінала: «Раніцай горад абляцела вестка, што ў Ліду ўступілі рускія войскі, і на ўскраіне горада яўрэі сустрэлі іх хлебам-соллю. Мама сцісла пракаментавала: "Яўрэі гатовы хоць чорта вітаць, абы не прыйшлі немцы"» [67].

Знойдзеныя архіўныя крыніцы дазваляюць сцвярджаць, што КПЗБ у Лідзе не цікавілі праблемы беларускай культуры і адукацыі. Чорны ў даносах толькі аднойчы паведаміў пра факт размовы па-беларуску сакратара Акругі КПЗБ з Вільні. Падчас суда пасля «Лідскай рэвалюцыі» згадвалася ліставанне камуніста Рафала Гершмана на беларускай мове [68]. З даносаў вядома, што партыйная літаратура друкавалася па-беларуску, па-польску і на мове ідыш [69]. І гэта практычна ўсё, што можна сказаць пра беларускі след у дзейнасці лідскага ГК КПЗБ. Пры гэтым Чорны старанна фіксаваў наяўнасць нацыянальнай варажнечы ў партыі «інтэрнацыяналістаў» і іх імкненне аддзяліцца ад «камуністаў-хрысціян».

Канфідэнт Чорны карыстаўся даверам лідскіх камуністаў. Ён знаходзіўся на высокіх прыступках партыйнай іерархіі. Як агент паліцыі ён працаваў даволі эфектыўна. У невялікім горадзе, дзе ўсе ведалі адзін аднаго, Чорны не грэбаваў нават вонкавым назіраннем і часам дзейнічаў як звычайны філёр. Ён удзельнічаў у камуністычных сходах у Лідзе, а пра вынікі нарад больш высокага ўзроўню, на якія сам патрапіць не мог, даведваўся ад прысутных там асоб. Меў поўны давер з боку таварышаў, якія чамусьці Чорнаму абсалютна давяралі. Вывучаючы даносы Чорнага, можна зрабіць выснову, што галоўнымі крыніцамі інфармацыі для яго з'яўляліся самі ўдзельнікі падзей. Магчыма, ён быў карэнным жыхаром Ліды і меў шмат сяброў і знаёмых. Відавочна, што гэты агент таксама меў талент камунікацыі і ўмеў выклікаць давер.

Паведамленні канфідэнта Чорнага заканчваюцца ў снежні 1937 г. Што сталася з Чорным, невядома, але я ўпэўнены, што гэты агент, калі перажыў арышты НКУС у перыяд «першых Саветаў» і Галакост у часы нямецкай акупацыі, паспяхова «працаваў» і пры наступнай уладзе.



[1] Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобл. (ДАГВ). Ф. 662, воп. 2, спр. 53, арк. 2. Донесения конфидента полиции «Черный» (Левкович Николай Петрович) о деятельности членов организации КПЗБ в городе Лида, Лидском повете и других местах, переписка по данным вопросам.

[2] База дадзеных «Ахвяры палітычнага тэрору ў СССР» Міжнароднага гісторыка-асветнага таварыства «Мемарыял». [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: https://base.memo.ru/person/show/2080220. Дата доступу: 07.07.2021.

[3] ДАГВ. Ф. 662, воп. 2, спр. 53, арк. 12.

[4] Тамсама, арк. 20 адв.

[5] Тамсама, арк. 12 адв.

[6] Лаўрэш Л., Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг. Гродна, 2017, с. 425-426; Sefer Lida. Former residents of Lida in Israel and the Committee of Lida Jews in USA. Tel-Aviv. 1970, р. 192-193.

[7] Международная организация помощи революционерам (рус.).

[8] ДАГВ. Ф. 662, воп. 2, спр. 53, арк. 13.

[9] Тамсама, арк. 18.

[10] Тамсама, арк. 14.

[11] Тамсама, арк. 16.

[12] Тамсама, арк. 21.

[13] Тамсама, арк. 22.

[14] Тамсама, арк. 22.

[15] Тамсама, арк. 24.

[16] Тамсама, арк. 25.

[17] Тамсама, арк. 26.

[18] Тамсама, арк. 28.

[19] Тамсама, арк. 29.

[20] ДАГВ. Ф. 662, воп. 2, спр. 53, арк. 36.

[21] Тамсама, арк. 37.

[22] Тамсама.

[23] Тамсама, арк. 38.

[24] Тамсама.

[25] Варта дадаць, што ён быў рэабілітаваны ў 1964 г. Гл.: База дадзеных «Ахвяры палітычнага тэрору ў СССР» Міжнароднага гісторыка-асветнага таварыства «Мемарыял». [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: https://base.memo.ru/person/show/1454229. Дата доступу: 07.07.2021.

[26] ДАГВ. Ф. 662, воп. 2, спр. 53, арк. 39.

[27] «Наша Воля». 1936, № 3(4), 4 лютага.

[28] «Słowo». 1936, Nr 60 (4267), 1 marca.

[29] «Наша воля». 1936, № 4 (5), 29 лютага.

[30] ДАГВ. Ф. 662, воп. 2, спр. 53, арк. 44.

[31] Тамсама, арк. 46.

[32] Тамсама, арк. 48 адв.

[33] Тамсама, арк. 48.

[34] Тамсама, арк. 49.

[35] Тамсама, арк. 50.

[36] Тамсама, арк. 51.

[37] «Słowo». 1936, nr 60(4267), 1 marca.

[38] ДАГВ. Ф. 662, воп. 2, спр. 53, арк. 53.

[39] Тамсама, арк. 54.

[40] «Kurjer Wileński». 1936, nr 85 (3686), 26 marca.

[41] «Słowo». 1936, nr 85 (4292), 26 marca; nr 91 (4298), 1 kwietnia.

[42] ДАГВ. Ф. 662, воп. 2, спр. 53, арк. 55.

[43] Тамсама, арк. 56.

[44] Тамсама, арк. 57.

[45] Тамсама, арк. 58.

[46] Тамсама, арк. 59.

[47] Тамсама, арк. 61.

[48] Тамсама, арк. 62.

[49] Тамсама, арк. 64.

[50] Тамсама, арк. 66.

[51] Тамсама, арк. 43.

[52] Тамсама, арк. 41.

[53] Тамсама, арк. 42.

[54] Тамсама, арк. 67.

[55] Тамсама, арк. 68.

[56] Тамсама, арк. 69.

[57] Тамсама, арк. 90.

[58] Тамсама.

[59] «Kurjer Wileński». 1937, nr 22 (3984), 23 stycznia.

[60] ДАГВ. Ф. 662, воп. 2, спр. 53, арк. 89 адв.

[61] Тамсама, арк. 75-75 адв.

[62] Тамсама, арк. 86 адв.

[63] Тамсама, арк. 76.

[64] Тамсама, арк. 80.

[65] Тамсама, арк. 81.

[66] «Kurier Nowogródzki. 1932, nr 157 (242), 5 lipca.

[67] Ярмонт Е. В тени замка Гедимина. Лида. 1995, C. 95.

[68] «Kurjer Wilenski». 1937, nr 22 (3984), 23 stycznia.

[69] ДАГВ. Ф. 662, воп. 2, спр. 53, арк. 65.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX