Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

Віленская газета 'Слова' пра вяртанне Францішка Аляхновіча, верасень 1933 г. 


Аўтар: Мацкевіч Юзаф, Мацкевіч Станіслаў,
Дадана: 24-05-2023,
Крыніца: Мацкевіч Юзаф, Мацкевіч Станіслаў. Віленская газета 'Слова' пра вяртанне Францішка Аляхновіча, верасень 1933 г. // Наша слова.pdf № 20 (72), 17 траўня 2023; № 21 (73), 24 траўня 2023.

Спампаваць




Ад міража культурнай працы ў Менску да Салавецкага і Карэла-мурманскага папраўча-працоўнага лагера

Юзаф Мацкевіч

6-га верасня 1933 года, паміж станцыямі Негарэлае і Стоўбцы, адбыўся абмен вязняў паміж Польшчай і СССР. З польскай вязніцы быў выпушчаны грамадовец Браніслаў Тарашкевіч, а з салавецкай катаргі звольнены для абмену знаны беларускі дзеяч, паэт і літаратар Францішак Аляхновіч.


Гэта страшны кавалак жыцця Францішка Аляхновіча, пра які ён зараз спакойна распавядае з урачыстым выразам твара, з высілкамі прыпамінаючы некаторыя імёны. Голас яго гучыць роўна, ён коратка і выразна фармулюе свае ўспаміны пра сямігадовыя пакуты. Няма пафасу ў гэтай аповесці пра страчаныя ў катаржным жыцці ілюзіі.

Гэтак і ёсць. 6 верасня адбыўся абмен, 7 верасня ён быў у роднай Вільні. Тарашкевіча бачыў на мяжы. Сказалі адзін аднаму па некалькі вітальных слоў.

Мары пра беларускі тэатр

- У Савецкую Расію - распавядае нам сп. Аляхновіч, - выехаў у верасні 1926 года, з польскім замежным пашпартам і савецкай візай. Хацеў убачыць сваякоў, блізкіх, родных. Прыехаў у Менск. Здавалася мне … здавалася, што знайду там вялікія магчымасці для культурнай працы. Больш за ўсё мяне цікавіў тэатр. У Савецкай Беларусі ёсць тры дзяржаўныя, добра аплочваныя, тэатры. Адзін у Менску, адзін у Віцебску і адзін раз'язны. Вырашыў застацца і шукаць месца кіраўніка літаратурнай часткі ў адным з гэтых тэатраў. Менавіта ў гэты час павінна было адбыцца адкрыццё тэатра ў Менску.

Францішк Аляхновіч у 1929 г.

- Ці дазваляюць умовы ў дзяржаўным, бальшавіцкім тэатры працаваць у ім беларускаму паэту і літаратару?

- Так. Ставяцца, пераважна, арыгінальныя творы маладых беларускіх аўтараў. Відочна, аўтары мусілі быць прасякнутыя рэвалюцыйным духам, згодна з партыйнай ідэалогіяй. Аднак яны ў кожным выпадку выказалі свае вялікія веды ў тэатральнай тэхніцы і сцэне. Іх творы мелі поспех сярод менскага грамадства. У Віцебску пераважна ставіліся класічныя п'есы ў вельмі добрай пераробцы і перакладзе. Гралі Шэкспіра, "Вяселле Фігара" Бамаршэ, "Эраса і Псіхею" Жулаўскага. Натуральна, я працаваў бы з думкай пра будучыню. За падбор твораў адказвае дырэкцыя тэатраў. Аўтары, рэкрутаваныя з маладой генерацыі беларускай інтэлігенцыі, выхаванай пры камуністычным рэжыме, добра ведалі яго патрабаванні. Аднак мы верылі ў эвалюцыю беларускага руху. Але не будзем кранаць палітычныя тэмы.

"Участие в организации действующей в направлении помощи международной буржуазии"

- Гэтак гучаў акт абвінавачвання, які я атрымаў праз няпоўныя шэсць тыдняў свайго побыту ў Менску. - Вяртаўся з Віцебска. У вагон увайшлі функцыянеры ГПУ і арыштавалі мяне. Адвезлі ў Менск і пасадзілі ў ппадвале ГПУ па вуліцы Савецкай, ранейшай Захар'еўскай. Тое абвінавачванне, якое я падаў вышэй, атрымаў толькі праз два тыдні. Мяне палічылі членам Беларускай Рады ў Вільні, чаму, відавочна, я не мог пярэчыць і пра што беларускія ўлады ведалі і раней, калі выдавалі мне візу.

- Доўга трымалі ў Менску?

- Сядзеў без перапынку ў тых перапоўненых падвалах да ліпеня. Потым у Менску пабудавалі новую вязніцу, вядомаю пад назвай "Амерыканка". Чаму так называецца - не ведаю. Можа таму, што пабудавана на ўзор амерыканкай вязніцы? Гэты будынак мае выгляд круглай вежы. Крымінальнікаў трымалі ў старой, даваеннай, турме. А я сядзеў у падвалах. Са мной сядзелі беларускія сяляне, сядзелі вяскоўцы з памежжа, абвінавачаныя ў шпіянажы на карысць Польшчы, сядзелі людзі, якія чакалі судовай расправы, сядзелі хабарнікі, была група беларускіх студэнтаў, абвінавачаных у "контррэвалюцыі". Бачыў у тых падвалах шмат беларускай моладзі, якая ў пошуках лепшай долі і палітычных умоў збегла з Польшчы. Усе сядзелі і чакалі завочнага выраку ГПУ.

Такі вырак даецца на падставе меркавання следчага, і яго немагчыма абскардзіць. Свайго я дачакаўся ў ліпені 1927 г. - атрымаў ссылку на 10 гадоў на Салавецкія выспы.

Мях і "дрын"

Першае - гэта выспа, другое - сістэма, якая там панавала. - Аляхновіч расказаў, як яго этапам прывезлі на бераг Белага мора. Покуль цягнік давалокся да далёкай Поўначы, ужо пачалася зіма. Патрапіць на Салавецкія выспы не было ніякай магчымасці. Навігацыя спынілася. Яго прывезлі на станцыю Сарокі, а адтуль пагналі пешкам 80 кіламетраў на выспу Мях. Ляжыць яна на адлегласці 10 км ад берага, і гэта малая адлегласць, пакрытая трывалым ільдом.

- Па льду, - кажа, - дайшлі да выспы, месца ссылкі. Знаходзілася там 400 вязняў, пераважна крымінальнікі. Каля адной чацвёртай складалі палітычныя, "каэры" ці так званыя "контррэвалюцыянеры". Жылі ў бараках.

Сп. Аляхновіч раптоўна замаўкае і пра нешта думае.

- Там было вельмі цяжка? - пытаюся ціха.

- О, так. Для чалавека, які не прызвычаіўся да фізічнай працы, умовы былі не да вытрымання. Нас будзілі а 3-й гадзіне ночы. У 3 з паловай - праверка і раздача прыладаў: піл, сякер. А гадзіне 4-й выхад на працу ў лес. Ісці трэба было 10 кіламетраў, вяртацца таксама 10. Працаваць цяжка. А трэба вам ведаць, што панаваў там прынцып "дрына", так завуць кій. Білі часта, не толькі за правіны але і за невыкананне нормы працы. Натуральна, той хто неяк атрымаў пратэкцыю ці нечым спадабаўся ахоўнікам, унікаў кары. Я, напрыклад, падараваў люльку. Меў добрую англійскую люльку. Падараваў яе ахоўнікам… Былі розныя кары. Распраналі да бялізны і нейкі час трэба было прастаяць на марозе.

- Гэта страшна.

- Так.

- Як кармілі?

- Нядрэнна. Гэта значыць … зараз пану раскажу. У тыя часы, 1927-28 гады, нам давалі есці два разы ў дзень. На раніцы - сняданак: густы суп з гароху ці сачавіцы, часам - густая грачаная каша з маслам ці густы суп з макаронамі. Абед атрымлівалі ўвечары. Зноў міску густога супу, а ў ім кавалачак салёнага мяса. Хлеб мелі ў дастатковай колькасці, нешта каля 1 кілаграма на асобу. - Так, кармілі нядрэнна. - Пачухаў твар рукой. - Цяжка, было вытрымаць.

30 траўня 1928 года, з першым параходам, адвезлі на Салаўкі.

Змякчэнне "дрына", санацыя і голад

- Свой побыт у ссылцы падзяліў на дзве часткі: панаванне "дрына" ці кія, які прайшоў для мяне нядрэнна і другая частка - спыненне фізічных здзекаў, паляпшэнне санітарнага стану і ў той жа час галодныя порцыі для вязняў.

У 1930 годзе тое што робіцца на Салаўках, відавочна, стала вядома ў Маскве. Было вельмі дрэнна там у нас, у бараках. Прыехала адмысловая камісія, якая разглядала сітуацыю на месцы. Шмат хто з адміністрацыі сам пайшоў у ссылку, многіх расстралялі. Начальнік лагера Зарын атрымаў 10 гадоў катаргі, іншы вышэйшы чын Мардвінаў, таксама атрымаў 10 гадоў за сувязь з шайкай зладзеяў на выспе і г. д. Раскажу, чаму так адбылося:

Тыф на гноі пакінутых стайняў

- Калі прыехаў на Салаўкі, там было вельмі шмат вязняў, нешта каля 22 тысяч. Увесь час прывозілі новых і новых. Недзе было ўсіх размясціць. Часткова вязні жылі ў былых кляштарных келлях, часткова ў цэрквах ці спецыяльна пабудаваных бараках. Не было больш месца. Зноў-прыбылых сялілі ў пакінутых стайнях, проста на гноі, у вільгаці, у страшных умовах. Людзі былі пакрытыя казуркамі. Паўсюдна клапы і вошы. Восенню 1929 года выбухнула страшная эпідэмія плямістага тыфу. Капалі вялікія долы для сотняў нябожчыкаў, звозілі туды памерлых, а калі роў запаўняўся, прысыпалі і капалі новы.

- Шмат памерла?

- Трошкі меней за палову. Нешта, каля 5 ці 6 тысяч. Адміністрацыя змагалася з эпідэміяй даступнымі для яе сродкамі. Гэта значыць - аглядала інфіцыраваныя баракі, не дазваляла камунікаваць і г. д. Відочна, шпіталі не маглі ўмясціць нават нязначную колькасць хворых. І калі прыехала камісія, яна даведалася, што эпідэмія выбухнула праз тых, каго пасялілі ў стайні.

- Потым стала лепей?

- Не было потым такога прасунутага фізічнага здзеку, і санітарныя ўмовы трошкі палепшыліся.

- А здзекі маральныя?

У адказ, Аляхновіч шырока і дакладна апавядае пра Салаўкі.

"Слон", "Сікмітл", "Слаг"

- Такую эвалюцыю скаротаў назвы перажылі лагеры ссыльных на далёкай поўначы Расіі. Першая назва: "Салавецкія лагеры асобага прызначэння", потым "Салавецкія і Карэла-мурманскія папраўча-працоўныя лагеры". У канцы: "Салавецкія лагеры". Гэтыя лагера знаходзяцца не толькі на Салавецкіх выспах, але і ўся поўнач Расіі заселеная ссыльнымі. Суседнія выспы і суседнія землі, вялікія, непраходныя лясы і паўсюдна пасёлкі вязняў. Разбэшчанасць, голад, хваробы і пакутніцтва. Народы ў вязніцы. Там ёсць усе: рускія, беларусы, палякі, украінцы, якуты, чувашы, народы Каўказа, чарамісы, туркмены і г. д. і г. д., летувісы, эстонцы, немцы, фіны. Ёсць там навукоўцы, акцёры, музыкі, мастакі, літаратары, юрысты, былыя вайскоўцы, інжынеры, рабочыя, сяляне -шмат сялян. Гэтых найбольш. Найбольш "кулакоў", а сярод іх найбольш украінцаў.

Салавецкія выспы - гэта сусвет сам у сабе. Сусвет, які не толькі маральна але і гаспадарча адарваны ад глобуса. І разнастайнасць прафесій вязняў добра спрыяе сістэме такога кшталту. Салаўкі маюць свае прамысловыя прадпрыемствы, свае аграрныя арганізацыі, свае фабрыкі, млыны, ганчарні, тартакі, тэатры, бібліятэкі, маюць усё - усё, акрамя свабоды.

Новы ссыльны атрымлівае анкету, пасля чаго так званыя "дарадчыкі" пасяляюць яго ў бараку па яго прафесіі. Я асабіста - кажа Аляхновіч - быў лесарубам, вартаўніком, акцёрам, канцылярыстам, суфлёрам, мастаком - гэта на працягу сямі гадоў.

Сны пра ўцёкі

- Такія сны сняць пэўна ўсе. Уцячы з Салавецкіх выспаў немагчыма. З мацерыка значна прасцей. Аднак з тысяч і тысяч вязняў, толькі адзінкам, пры незвычайна спрыяльных абставінах, уцёкі могуць удасца. Найперш трэба мець грошы і вопратку. Ісці дарогай немагчыма. Дарог мала і заўсёды на іх сустрэнеш жыхароў краю, якія выдаюць уцекачоў ў рукі аховы, бо за кожнага выдадзенага вязня, карэл атрымлівае 2 пуды белай мукі. - Прабачце, атрымліваў калісьці раней, яшчэ у часы "Нэпа". Зараз два пуды белай мукі каштуюць вялікіх грошай і, пэўна, улады ўжо не могуць такім чынам узнагароджваць тубыльцаў. Уцёкі напралом праз лясы? Не ведаю, асабіста мне гэта здаецца немагчымым. Летам перашкаджаюць балоты, зімой снег. Відочна, людзі даведзеныя да апошняй мяжы роспачы, могуць пайсці на ўсё. Чуў, што ў 28 годзе былі расстраляны 70 чалавек, якія планавалі бунт і захоп аднаго з караблёў на выспе. Ведаю, што іх расстралялі, але ці сапраўды яны планавалі паўстанне - цвердзіць гэта з пэўнасцю не магу. - Усе ж найбольшая праблема, гэта вопратка. Яна старая і робіць ўражанне лахманоў. Маючы пратэкцыю, можа апрануцца лепш, амаль што ў новае. Але гэта рэдка каму ўдаецца. Калі прыехаў, выдалі мне валёнкі, ватныя порткі і ватнік.

Памада для губ і алоўкі да броваў

- Трэба ведаць ўсе выпрабаванні, усю разбэшчанасць, дэмаралізацыю і голад, каб цалкам зразумець крыніцы шырокай прастытуцыі на Салаўках. Колькасць жанчын на Салаўках складае ад 17 да 20 %. Ёсць паміж іх старыя, сівыя, гарбатыя, знішчаныя фізічна. Гэтым можна верыць, яны самыя сумленныя. Астатніх хутка разбэшчваюць.

Жанчыны і мужчыны жывуць асобна. Аднак спатыкаюцца падчас працы, у канцылярыі і г. д. Жанчыны мыюць і прыбіраюць установы, у якіх працуюць мужчыны. Усе блізкія адносіны сурова караюцца, тым не менш прастытуцыя шырыцца да пагражальных памераў.

- Пан кажа прастытуцыя?

- Так, у асноўным толькі за грошы. Да гэтага прымушаюць умовы і, галоўнае, - голад. Гэта цалкам агульная з'ява з якой эфектыўна змагацца не магчыма. Чуў, што 80% жанчын на Салаўках хварэюць на венерычныя хваробы. Там ёсць кааператывы, у якіх можна набыць пэўную, абмежаваную колькасць тавараў. Напрыклад, цукру, гарбату, селядцы. Але самым вялікім попытам карыстаецца памада для губ, паста да зубоў, алоўкі для броваў. Купляюць гэта жанчыны, каб … лепш сілкавацца.

- А ці бываюць выпадкі, калі ссылаюць сужэнцаў?

- Натуральна, нават часта. Аднак сужэнцтва гэтае, у лагеры звычайна трымаецца толькі на пачатку, а потым, сужэнцы расходзяцца. Інакш быць не можа. Маральнай гніллю прасякнуты кожны кавалак выспы, кожная пядзя зямлі. Нэндза і роспач кіруюць там.

Не ямы, а скрыні для нябожчыкаў

- Выбачайце, але вы казалі, што можаце падзяліць сваё знаходжанне ў лагеры на дзве часткі, што зараз ёсць лепш чым раней.

- Зараз смяротнасць больш-менш нармальная. З-за клімату і дрэннага сілкавання вязні паміраюць ад цынгі, туберкулёзу - у асноўным маладыя, потым ад чыроў, якія пакрываюць усё чалавечае цела. Зараз ёсць так: штодзень а 5-й гадзіне са шпіталя выязджае адмысловая скрыня, у якой ляжыць 8 ці 10 нябожчыкаў. Каля скрыні крочаць санітары ў белых халатах і чорных, гумовых рукавіцах. Змесціва скрыні выкідваюць у яму, яму закапваюць, і скрыня вяртаецца на месца.

- Вось так …

- Тым часам сілкаванне станавілася штораз горшым. Чаму? Думаю таму, што ўжо і на мацерыку няма ежы. У апошні час, на раніцы, на сняданак нам давалі трошкі салёнага супу, прыгатаванага на салёнай рыбе з цалкам небачным дамешкам кашы проса. Пад вечар зноў суп і адна салёная рыба на дваіх. Тым, хто цяжка працуе выдавалі 800 грамаў хлеба, тым, хто на больш лёкай працы, - 550, канцылярыстам - 400, інвалідам - 300. Трошкі цукру раз на паўмесяца. Колькасці паўмесячнай порцыі цукру хапала, каб засаладзіць дзве шклянкі гарбаты. Гэта ўсё. Сілкаванне паступова пагаршалася з 1930-га года. Новапрыбылыя казалі мне, што ў СССР пануе голад, асабліва на Украіне.

- А рэпрэсіі, пераслед?

"ІСА"

- Яны вельмі цяжкія, як вытрымаць. Існуе такая інстытуцыя з назвай "ІСА" - інспекцыйна-следчы аддзел. У яго руках усе шпегаўскія ніці і кіраванне цэлай правакатарска-выведкавай сістэмай. На Салаўках, наогул, няма вольных людзей. Нават адміністрацыя, нават узброеная ахова - людзі, якія афіцыйна вольныя, але сасланыя сюды за нейкія правіны. І каменданты, і большасць аховы рэкрутуюцца з вязняў. Гэтыя найгоршыя. Яны паказваюць уладзе сваю руплівасць, у кожнай келлі, бараку, пакоі - усюды ёсць шпегі. Яны сочаць за думкамі вязняў, даюць ім характарыстыкі і даносяць пра кожны учынак. Жывеш увесь час ў страсе і самакантролі.

- Як там крадуць!

- Бадай, самай вялікай пошасцю Салаўкоў ёсць крадзяжы. Крадуць усе і ўсё. Крадуць з келлі, з баракаў, з кішэняў, нападаюць увечары і ў белы дзень, на дарозе, на сходах канцылярыі, на полі, у лесе. Нападаюць па некалькі чалавек, адбіраюць атрыманую пасылку і бяскарна зносяць яе, затрымліваюць, рабуюць. Эканамічныя ўмовы тамтэйшага жыцця стварылі гэтую сітуацыю, Адміністрацыя не ў стане гэтаму перашкаджаць, тым больш, што яна знаходзіцца ў сціслай сувязі са зладзеямі, якія дзеляцца крадзеным і таму застаюцца непакаранымі. Вязень ні гадзіну не можа быць спакойным, ні хвіліну. У кожны момант на яго можа напасці рабаўнік і ўсё адабраць.

На Салаўках багатая бібліятэка

Сп. Аляхновіч расказвае, што на Салаўках існуе вялікая і добра дагледжаная бібліятэка, якая складаецца як з белетрыстыкі гэтак і з навуковых кніг.

- Ці існуе практычнае магчымасць карыстацца гэтай бібліятэкай у тамтэйшых умовах, сярод цяжкай фізічнай працы, нэндзы, холаду і голаду? - пытаю.

- Мяркуйце самі, на чытанне заўсёды знойдзецца час, асабліва для людзей, для якіх чытанне кніг ёсць адзіным магчымым адпачынкам. Мы мелі кнігі розных галін ведаў. Былі рускія, французскія, нямецкія і нават італьянскія кнігі, былі кнігі на скандынаўскіх мовах. Акрамя таго мы мелі тэатр.

- Тэатр таксама …

- Казаў ужо, якая вялікая колькасць людзей розных прафесій знаходзілася ў Салавецкай ссылцы. У 1927-28 гадах быў сапраўдны росквіт тэатра на Салаўках. Сярод вязняў меўся шэраг выбітных акцёраў, спевакоў, музыкантаў. Мы стварылі першакласную трупу. Наш тэатр быў сапраўднай з'явай. У ім працавалі спецыялісты: дэкаратары, грымёры, электратэхнікі, цырульнікі, інжынеры. Колькі іх там ёсць, мой Божа! Гралі як мужчыны, гэтак і жанчыны. Давалі чатыры прадстаўленні штотыдзень. Два платныя і два бясплатныя па жаданні адміністрацыі лагера. На бясплатных прадстаўленнях мужчыны і жанчыны сядзелі ў зале паасобку. Але на платных кожны мог выкупіць сабе білет на месца, якое яму падабаецца. Таму платныя прадстаўлення мелі вялікі попыт, бо кожны хацеў мець каля сябе выбранніка свайго сэрца. Тэатральныя прадстаўленні часта мелі характар зборных ранішнікаў, што было б немагчыма ў нармальных умовах.

Вегеракша - Дарога чараўніц

- Верасень 1932 года яшчэ застаў мяне на Салаўках. Але ў гэтым месяцы я дабіўся пераводу ў горад Кемь, які знаходзіцца на мацерыку, за некалькі кіламетраў ад Белага мора. Каля горада ляжыць вялікі лагер для вязняў, аточаны калючым дротам - т. зв. Вегеракша, што па-карэльску "Дарога чараўніц". У лагеры каля 3000 вязняў. Там таксама існаваў лагерны тэатр, які абслугоўваў нават вольных жыхароў горада. Граў у тамтэйшых клубах, публічных залах і г. д. Таму я прасіў пераводу.

Праз няпоўны год, раптоўна, 13 ліпеня 1933 г. мяне выклікалі ў канцылярыю і загадкава загадалі хутка рыхтавацца да дарогі, пасля чаго пасялілі ў ізалятары. У ізалятары сядзелі людзі, які зрабілі вялікае парушэнне ці злачынства. Назаўтра пасадзілі на цягнік і выслалі ў Маскву.

З Бутырак на волю

- Патрапіў у вядомую Бутырскую турму. Нічога не ведаючы, сядзеў там да 4 верасня. Калі праз 7 тыдняў мне выдалі чыстую бялізну, павялі ў лазню і пагалілі - з'явілася надзея, што ў маім лёсе нешта можа змяніцца да лепшага. І ў той жа дзень стала вядома, што мяне абмяняюць. Аўтамабілем быў адвезены ў цэнтральны будынак ГПУ па вуліцы Лубянка, 2, дзе мяне прадставілі прадстаўніку польскага пасольства ў Маскве. Ён пацвердзіў інфармацыю пра абмен і засведчыў, што заўтра я ўжо буду ў Польшчы.

7 верасня ў адкрытым аўто разам з афіцэрам і жаўнерам, па вуліцах Масквы быў адвезены на вакзал і ў адмысловым вагоне даехаў да польскай мяжы. 6-га адбыўся абмен, 7-га быў у Вільні.

Аляхновіч цяжка і глыбока ўздыхнуў, як быццам стомлены сваім аповедам.

* * *

- Ці можаце вы мне сказаць пра свой сучасны погляд на беларускі рух у межах СССР?

- Цяжка мне пра гэта казаць. Думаю, што ў Саветах наступае павольнае, але сістэматычнае ліквідацыя гэтага руху. Сам быў сведкам гэтага і адчуў гэта на сабе. У Менску працягваюцца арышты беларускай інтэлігенцыі. У 1931 г. там адбылася вялікая "чыстка", зараз яна зноў паўтараецца. Цяжка мне пра гэта казаць. Сем гадоў быў адарваны ад жыцця, жыў у голадзе, эпідэміях, хваробах, пакутах і іншых атрыбутах катаргі. Здаецца мне, аднак, што няма ніякай будучыні ў беларускага руху пры сістэме, якая пануе ў Расіі.

- Ці можна вас спытаць пра вашы планы на бліжэйшую будучыню?

- Буду працаваць на беларускім культурным полі: літаратурным, публіцыстычным, буду засцерагаць ад зману "сацыялістычнага будаўніцтва" асоб, якія цягнуцца туды з надзеяй знайсці сваю бацькаўшчыну, гэтак, як тыя беларускія сяляне, якіх бачыў на катаргах Расіі, як тыя віленскія рабочыя, якіх бачыў у Бутырскай турме. Не ўспамінаюць яны добрым словам людзей, якія іх намовілі і з'агітавалі да гэтага. Лічу сваім абавязкам засцерагаць шырокія масы ад пераходу савецкай мяжы, дзе яны знойдуць голад і вязніцу.


a. ż. [Józef Mackiewicz] Ad mirażau kulturnaj pracy u Miensku po “Sołowieckiej i koreło-murmanskije isprawitelno trudowyje łagery” // Słowo. 1933. Nr. 264.

Спадарожнік, які вярнуўся

Станіслаў Мацкевіч

Беларускі драматург сп. Францішак Аляхновіч пэўны час быў чынны ў беларускіх арганізацыях, варожых да бальшавізму. У 1927 г. выехаў у Менск з польскім пашпартам і савецкай візай. Аднак працаваў у Беларускай рэспубліцы на волі толькі шэсць тыдняў, пасля чаго яму прапанавалі прыняць грамадзянства БССР. Аляхновіч склаў паданне і да вялікага здзіўлення, з бліскавічнай хуткасцю, ужо на трэці дзень атрымаў грамадзянства, хоць звычайна гэта працэдура патрабуе некалькі месяцаў. Аднак ужо праз чатыры дні Аляхновіч быў арыштаваны, дапытаны следчым-"уполномоченным" і выракам калегіі ГПУ у Маскве, атрымаў 10 гадоў Салаўкоў. Савецкія журналісты, якія абураюцца з нагоды камедыі суда ў Лейпцыгу [1], забываюць, што ў іх у 99% выпадкаў адбываюцца такія самыя судовыя камедыі. Вырак завочны, вырак без адзінага слухання. Аляхновіч не зрабіў нічога антысавецкага на савецкай тэрыторыі, яго катарга была карай за тое, што дазваляў сабе ў папярэднія гады і на нашай тэрыторыі.

Францішк Аляхновіч у 1933 г.

Польскі ўрад выдаў Саветам былога пасла Тарашкевіча, такога блізкага сэрцам некаторым з нашых дзеячаў. У нас Тарашкевіч пратэставаў, патрабаваў, дэманстраваў характар. У Саветах, пэўна, паедзе ў такія ж самыя ці іншыя Салаўкі і там ужо не будзе паказваць характар. Там такога няма. Да пратэстаў здольны людзі раздражнёныя, да пратэстаў не здольны людзі ў тым краі, у якім нават мозг закаваны ў каваныя абцугі. Але ж дасціпна гэта было - выдаць Тарашкевіча, а ўзяць іншага беларуса, калісьці такога ж спадарожніка бальшавікоў Аляхновіча. Зараз Аляхновіч мае толькі нянавісць да бальшавікоў. Але якую страшнаю нянавісць. Горла ў яго трасецца, калі кажа пра камуністычныя ідэалы.

Учора (29 верасня 1933 г.) сп. Аляхновіч выступаў у кватэры сп. Нагурскага у Клубе Валацугаў. Казаў тое самае, паўтараў тыя самыя факты і высновы, якія распавёў раней нашаму рэдакцыйнаму калегу ў артыкуле "Ад міража культурнай працы ў Менску …", надрукаванага ў нашай газеце ў сераду (гл. мінулы нумар газеты - Л. Л.) Аднак дадаў некалькі яскравых момантаў, і я хацеў бы расказаць, якім убачыў яго падчас выступу.

Сп. Аляхновіч - паэт. Гэткім людзям хірамантка глядзіць на далонь і кажа: "Спадар мае два жыцці". Таму апавядаючы пра сваё сямігадовае жыццё на Салаўках, Аляхновіч расказаў, што людзі пасля працы марылі, марылі пра розныя рэчы, марылі, што вызваляцца з вязніцы, з Саветаў і якім колерам шпалераў тады будуць абклейваць сваю кватэру. Аляхновіч трошкі стылізаваў сваё апавяданне пра катаргу. Быў гэта яго першы пасля шмат гадоў выступ як літаратара. Часамі гэта, магчыма, псавала непасрэднае ўражанне, бо ён ўжываў літаратурныя выразы "спачынак", "каменны сон", "пэўным цудоўным ранкам", але немагчыма гэта было забараніць паэту, бо Дастаеўскі таксама стылізаваў сабе свае "Запіскі з мёртвага дома". Пра паўночнае неба Аляхновіч казаў, што яно як быццам "бруднай анучай працёртае". Але не гледзячы на гэтыя літаратурную вобразнасць, выступаў чалавек страшна знявераны, чалавек выняты са смярдзючай магілы, дзе ляжаў, ведаючы, што хутка здохне. І таму нешта закрычала ў Аляхновічы, калі ён казаў: "Хвіля, калі даведаўся, што мяне абмяняюць, што паеду ў Польшчу, была такой шчаслівай, што для таго, каб яе адчуць, варта было вытрымаць сем гадоў катаргі".

Гэта казаў змучаны чалавек, які з цяжкасцю збіраў свае думкі. Чалавек са зняверанай душой, сапсутымі нервамі і здароўем.

Некалькі жудасных падрабязнасцей. Расстрэл на мове вязняў мае назву "атрымаць 3 залатнікі". Нашым чытачам з Галіцыі, спяшаюся растлумачыць, што "залатнік" - гэта мера вагі, столькі важыць куля з нагана - рэвальвера, які да гэтага часу ўжываецца ў Расіі. Падчас допытаў ужываецца сістэма, якая мае назву "канвеер", гэта значыць забараняецца спаць. Каля вязня лупяць у які-небудзь звонкі метал, піхаюць яго, каб ён не спаў некалькі дзён. "Як быццам жалезная шапка нацягваецца на мозг", - кажа Аляхновіч. Усміхаўся ад гэтых выразаў. Некалі сам быў у бессані і потым таксама расказваў пра "жалезную шапку".

- У 1927 г., - апавядае Аляхновіч, - Салавецкія лагеры запоўніліся масамі народу, узятага цэлымі тысячамі без усякай прычыны. Гэты быў вынік замаху Каверды [2]. Потым гэтыя людзі на катаргах і ў вязніцах гэтак і называліся "войкаўцы". Было вядома, што ў вязніцу яны патрапілі без усялякай віны, толькі за тое, што ў Варшаве быў забіты чалавек, які ў свой час браў удзел у забойстве непаўнагадовых дзяцей.

Нехта са слухачоў задаў пытанне, ці мелі вязні-крымінальнікі нейкі шацунак да палітычных вязняў. Аляхновіч растлумачыў, што крымінальнікі лічацца "социально-близким элементом" і адміністрацыя заўсёды ставіцца да іх добра. Яны лічацца турэмнымі арыстакратамі, а да палітычных не адчуваюць нічога, акрамя пагарды. Зрэшты, крымінальнікі - адзіныя людзі ў Расіі, якія маюць замілаванне да свабоды.

У 1927 г., распавядаў Аляхновіч, у паўночных канцэнтрацыйных лагерах паўстала масавая форма пратэсту. Палягала яна ў тым, што людзі, прызначаныя на працу ў заснежаных лясах, ударам сякеры адсякалі сабе чатыры пальцы левай рукі і такім чынам рабілі сябе інвалідамі. Гэта мела масавы характар.

Слухачы Аляхновіча, не знаёмыя з жыццём у Саветах, пачалі задаваць яму наіўныя пытанні: "Чаму сякерай сабе па пальцам, чаму такі бунт нявольнікаў, чаму сякерай ды не ў лоб ахоўніка?". Аляхновіч, які за часы сваіх тулянняў па вязніцах і катаргах не сустрэў ніводнага сапраўднага контррэвалюцыянера, ніводнаго рэальнага сябра падпольнай арганізацыі супраць савецкай улады, растлумачыў, што сярод усіх 12 000 вязняў на Салаўках, не спаткаў ніводнаго чалавека, які б выказваў нейкія палітычныя перакананні, не спаткаў нікога, хто быў бы здольны да якога-небудзь учынку, учынку, які б указваў, што ў ім яшчэ жыве адчуванне асабістай годнасці. Аляхновіч распавёў нам таксама, што калі яму сказалі, што паедзе дадому і яго сэрца загрукала ад радасці, дык тады адзін з чыноўнікаў ГПУ, які пазнаёміў яго з гэтай навіной, сказаў: "Я вельмі шкадую, што вы не зможаце ўзяць удзел у сацыялістычным будаўніцтве". А на станцыі Коласава, за метр да свабоды, ГПУ-шнік, даведаўшыся, у якіх лагерах быў Аляхновіч, сказаў, што ён у свой час быў вельмі задаволены з жыцця ў лагеры.

Грамадства, якое жыве на тэрыторыі сацыялістычных рэспублік, гэта грамадства з псіхалогіяй хворага, пабітага сабакі ў язвах.

Cat. [Stanisław Cat-Mackiewicz] Poputczik, który powrócił // Słowo Nr. 267.

Яшчэ адна размова з Аляхновічам

Станіслаў Мацкевіч

Прызнаюся, што з пэўнай разгубленасцю звярнуўся да сп. Аляхновіча з просьбай аб яшчэ адной размове. Ён ужо удзяліў шмат часу майму брату, потым выступаў у клубе Валацугаў і павінен выступіць на Літаратурнай серадзе. Баюся, што гэтыя размовы яго мучаць, спусташаюць і больш перашкаджаюць, чым дапамагаюць яму ўпарадкаваць свае думкі. Але не кожны дзень чалавек вяртаецца пасля сямігадовага побыту на Салаўках, і журналісцкі інстынкт перамагае далікатнасць.

Аляхновіч вельмі змучаны але вельмі ласкавы. Атрымаў зараз малую пасаду ў магістраце - будзе працаваць кантралёрам электрычных лічыльнікаў. Яму гэта падабаецца больш, чым праца ў канцылярыі, якая, пасля такога нервовага вычэрпвання, мучыла б яго. Думае пачаць пісаць успаміны і выдаць іх адразу на некалькіх мовах, потым заняцца беларускім тэатрам, жадае вярнуцца да свайго жыцця, жыцця, якое раней было яго жыццём - зноў стаць драматургам. Паказвае мне арыштанцкую куртку, смярдзіць яна нечым накшталт дзёгцю. У дзяржаве Саветаў адна з'ява не дае нам забыць, што мы ў сацыялістычным раі - гэта пахі.

Размаўляем пра літаратуру:

- Прызнаюся вам, - кажа Аляхновіч, - што не чытаў, што пазбягаў кніжак савецкай літаратуры. Чытаў толькі так званых класікаў, старых аўтараў, якія засталіся ў савецкіх бібліятэках. Дарэчы, усе так рабілі. Нават камуністы лепш чытаюць класікаў, магчыма, гэтак жадаюць аддаліцца ад савецкай рэальнасці.

Але я прыйшоў да Аляхновіча з цалкам адмысловымі мэтамі, хачу з ім размаўляць не пра ўсё, а толькі пра адно. Мае пытанні маюць быць трошкі з Дастаеўскага. Успамінаў ён сваіх папярэдніх выступах пра страшную дэмаралізацыю вязняў. Адмыслова ён казаў пра дэмаралізацыю інтэлігентаў. Гэта дэмаралізацыі ішла павольней ці хутчэй, чым у "народа богоносца", ці ў звычайным жыцці хутка можна адрозніць інтэлігента ад неінтэлігента?

- Калі казаць пра знешні выгляд, - адказвае Аляхновіч, дык усе аднолькава няголеныя і апранутыя ў лахманы. Але інтэлігенты адразу пазнаюцца па выразу твару, па гуках мовы. Гэтай розніцы савецкі ўрад знішчыць не змог. Калі казаць пра дэмаралізацыю, дык калі вязні, станавіліся на чале сваіх таварышаў і пачыналі самі іх прыгнятаць, яны атрымлівалі вялікую адказнасць перад адміністрацыяй. Адказвалі за матэрыялы, за прадукцыю, мусілі прымаць удзел у "сацыялістычным спаборніцтве". Гэтая адказнасць нараджала ў іх цвёрдасць і часам звярыны нораў у дачыненні да вязняў.

Слухаючы тое, што кажа Аляхновіч, думаю: як жыццё на катарзе падобна на жыццё ў Саветах наогул. У нас жыццё на волі і ў вязніцы - гэта два розныя полюсы. Там гэтая розніца значна меншая.

Спыняю яго і кажу:

- Аднак гэта стасуецца з усімі, не толькі з былой інтэлігенцыяй. Мне цікава менавіта інтэлігенцыя, толькі інтэлігенцыя, прытым я адрозніваю інтэлігенцыю: ёсць уласна такая, якая памятае яшчэ часы старога рэжыму, і ёсць інтэлігенцыя, якая ў часы кастрычніцкага перавароту не мела нават 10 гадоў - гэта першае пакаленне інтэлігенцыі, якая вырасла за Саветамі.

- Так, - кажа Аляхновіч, - найменей паддаюцца дэмаралізацыі старыя людзі. Былі там пракуроры, былі генералы, прафесары - гэтыя ніякага свінства не рабілі, у "ІСА" не хадзілі, не імкнуліся даносамі палепшыць сваё жыццё. Яны ў значнай ступені былі не схільныя да дэмаралізацыі. Горш з маладымі, а яшчэ горай з моладдзю.

- Ці пазбяганне дэмаралізацыі, - кажу, - залежыць ад жыццёвай сілы, ад вітальнасці асобы?

- Так, можна так сказаць.

Аляхновіч робіць уражанне цалкам вычарпанага чалавека які з цяжкасцю збірае думкі.

- Хто больш здольны да жыцця, больш думае пра сваю скуру. Інтэлігентная савецкая моладзь. Як іх арыштуюць і пасадзяць на катаргу, яны не маюць такога пачуцця пратэсту, злосці, як у нас. Думаю, гэта натуральная рэч. Стары рэжым … Сапраўднага контррэвалюцыянера, сапраўднага шпіёна, я ніводнага не бачыў і не чуў пра іх у Расіі. Але відочна, што ўсім, якія ведалі гэты стары рэжым, ён падаецца чымсьці дасканалым, усе з сантыментам памятаюць пра яго і кожную хвіліну гатовыя да яго вярнуцца. А маладыя лічаць гэта дурной байкай. Яны не вераць, што ў любую хвіліну можна пайсці ў краму і купіць сабе белую булку ці каўнерык (маецца на ўвазе тагачасны зменны каўнерык для кашулі - Л. Л.). Ведаюць, што гэтак ёсць у буржуазных краях, але адначасова "ведаюць", што там гэтым карыстаюцца толькі некалькі тысяч буржуяў, а мільёны рабочых шукаюць недаедкі па сметніках.

- Такім чынам, вы не верыце ў вяртанне старога рэжыму?

- Не, не, - гэта немажліва. Нават тая моладзь, якая ненавідзіць уладу, таксама ненавідзіць і стары рэжым, які ведае толькі з прапаганды.

- А ці сустракалі вы рэлігійную моладзь, каго-небудзь маладога, які б верыў?

- Я не сустракаў, а вы? - пытаецца ў мяне Аляхновіч.

- Я таксама не, - адказваю, - але ўвесь час чую пра яе. Мне расказвалі пра ўдзел моладзі ў набажэнствах на Вялікдзень, у Кіеве казалі мне нават пра містычную літаратуру, якая пашыраецца ў маладзёвым коле.

- Я таксама. Чуў, што ёсць маладыя людзі, якія моляцца, але іх ніколі не спаткаў. Камсамолец, які сядзеў у адной камеры са мной, расказваў, што па загадзе сваёй улады, ён стаяў на пасту і пільнаваў калегаў, якія прабіраліся ў царкву. Таму, каб забегчы ў царкву, яго калегі карысталіся момантам, калі насупраць царквы спыняўся трамай, які засланяў уваход у храм.

- Вы казалі пра венграў, якія былі на Салаўках і ў свой час прыехалі ў Расію пасля вянгерскай рэвалюцыі. Ці шмат замежнікаў, якія ў свой час добраахвотна прыехалі да бальшавікоў, сядзіць зараз у вязніцах?

- О, так, вельмі шмат. Найперш гэта тыя камуністы, якія без дазволу сваіх партыйных улад, ад страху збеглі з сваіх родных краёў, яны адразу патрапляюць у вязніцу. Потым, туды трапляюць звычайныя, рэвалюцыйна настроеныя людзі, калі ж ім удаецца давесці сваю рэвалюцыйнасць, іх усё роўна ссылаюць у глыб Расіі. І нарэшце, камуністы, якія прыехалі афіцыйна ці праз абмен вязняў, ці яшчэ як, - пры першым падазрэнні ў жаданні вярнуцца дахаты, расстрэльваюцца ці трапляюць у вязніцу.

- А таксама і Ваяводскі, - пытаю, - мог мець такі лёс?

- Пра Ваяводскага [3] я даведаўся толькі тут. Думаю, што Ваяводскі нават мог скласці паданне на замежны пашпарт, каб вярнуцца, і быў расстраляны. ГПУ моцна баіцца замежнікаў, якія расчараваліся.

- Зараз пра нацыянальнае пытанне. Не спаткаліся вы там з пераследам беларускай мовы?

- Ведаю толькі пра турэмныя тэрміны для асоб, якія пры складанні беларускага слоўніка праявілі "контррэвалюцыйныя схільнасці". - Але, відочна, гэта смешна. Чыноўнікі ў Менску неахвотна размаўляюць па-беларуску, бо гэтыя мова накінутая на іх зверху (словы Аляшкевіча). Усе надпісы зроблены, найперш па-беларуску, потым па-польску, потым па-яўрэйску і па-руску. Аднак зараз атрымаў канверт - на паштовым штэмпелі слова Мінск напісана па-руску і па-польску, беларускага Менска няма.

- Але гэта, відавочна, мае быць нейкая тэхнічная памылка, нейкі выпадак, - кажа ён, і я працягваю пытанні:

- Відавочна, "вредительства" насамрэч не існуе?

- Так, натуральна. Усе гэтыя працэсы "вредителей" - гэта толькі пошукі ахвярных казлоў, каб растлумачыць, чаму ў крамах нічога няма.

На гэтым заканчваем размову. […]

Cat. [Stanisław Cat-Mackiewicz] Jeszcze rozmowa z Olechnowiczem // Słowo Nr. 269.

Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.



[1] Так званы "Лейпцыгскі працэс" па справе падпалу Рэйхстагу, пачаў працаваць за некалькі дзён да напісання гэтага артыкула. - Л. Л.

[2] Барыс Каверда, у 1927 г. у Польшчы забіў савецкага паўпрада Петра Войкава, які прымаў удзел у расстрэле царскай сям'і. - Л. Л.

[3] Сільвестр Ваяводскі (1892-1938), рэдактар газеты "Вызвалення Народу", сябар галоўнай партыйнай управы "Вызвалення", у 1922 г. абраны ў Сойм па Лідскай акрузе. З 1930 г. у Менску, у 1931 г. арыштаваны, атрымаў 10 гадоў, у 1938 г. расстраляны. - Л. Л.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX