Каб была зразумела думка артыкула, на пачатку трэба сказаць пра галоўную якасць інтэлігентнага чалавека. Цяжка не пагадзіцца з тэзай праф. Мар'яна Здзяхоўскага, які на першае месца для інтэлігента ставіць здольнасць думаць самастойна. Можна дадаць, што гэта ў большай ці меншай ступені прыроджаная здольнасць, мусіць развівацца праз набыццё ведаў, якія з'яўляюцца даробкам сучаснага і мінулых пакаленняў. Тады, параўноўваючы светапогляды і веды розных людзей, трэба ставіцца да іх здольнасці крытычна думаць, як да падставы да самастойнага мыслення. Відавочна, інтэлігент не павінен абавязкова мець нейкі дакумент аб адукацыі. Школа пашырае гарызонт думкі і з'яўляецца добрым этапам развіцця. але мае і пэўныя адмоўныя рысы - укладвае ў галаву шаблон, які спрыяе развіццю самастойнага мыслення. Здараецца, што нават асоба з вышэйшай адукацыяй не можа лічыцца інтэлігентам, і з другога боку сярод высока развітай інтэлігенцыі не бракуе самавукаў. Прыклады Савецкай Расіі, дзе пасля рэвалюцыі ўсплылі на паверхню асобы нават без школьнай адукацыі, кажа, як моцна мы пераацэньваем гэтую інстытуцыю.
Не трэба даказваць відавочную вялікую ролю інтэлігенцыі ў развіцці падзей. У сучаснай дзяржаве не магчымы сітуацыі, у якой інтэлігенцыя не грала б кіраўнічай ролі ў грамадскім жыцці. Аднак часта яна ўздымае лозунг пра вядучую ролю народных мас і адначасова пагардліва ставіцца да рысаў, якія пераўтвараюць люд у народ. Асаблівая кіраўнічая роля інтэлігенцыі выяўляецца ў паднявольных народаў, пазбаўленых элементарных варункаў для развіцца. І ў першую чаргу гэта датычыць увогуле невялікай беларускай інтэлігенцыі ў межах польскай дзяржавы і асабліва ў Вільні.
Беларускую інтэлігенцыю можна падзяліць на дзве асноўныя катэгорыі: на гарадскую, сцісла не злучанаю з беларускай вёскай, і інтэлігенцыю сялянскую, якая хаця ў асноўным і жыве ў горадзе, але часцей не схільная лічыць сябе гараджанамі і працягвае жыць справамі вёскі.
Першая група вельмі разнастайная. Яна больш культурная, і культура гэтая часта ідзе ўжо ад продкаў, гэтыя інтэлігенты нават знешне лепш выглядаюць. Значная частка гэтай групы ў сваіх паводзінах залежыць ад кан'юнктуры. У часы нямецкай акупацыі і ў першыя гады польскай дзяржавы на нашых землях палітычная кан'юнктура прымушала зрусіфікаваную частку касты чыноўнікаў беларускага паходжання вярнуцца да нацыянальнасці сваіх продкаў. З-за адсутнасці вясковай інтэлігенцыі ў кожнай беларускай арганізацыі знаходзілася шмат асоб, якім здавалася, што праз грамадскую працу на беларускай ніве можна будзе дайсці да высокага становішча. Але іх спаткала горкае расчараванне. Аказалася, што з-за палітыкі Варшавы, энергічнаму беларусу прасцей трапіць на Лукішкі, чым на нейкую сталую пасаду. Пачаўся ціхі паварот, усе выпадковыя асобы пачалі пакідаць беларускія шэрагі і пераходзіць у "палякі праваслаўнага веравызнання". Дэзерціры беларускага руху - беларусы гарадскога ці землеўладальніцкага паходжання, зараз, калі на вуліцы ім даводзіцца размаўляць са старымі знаёмымі па-беларуску, аглядваюцца, каб выпадковы мінак не пачуў гэтага і, чырванеючы, выбачаюцца перад ім за сваю беларускую гаворку. Гэткая эвалюцыя, ці лепш сказаць метамарфоза, ужо адбылася.
Інакш паводзіць сябе беларуская інтэлігенцыя сялянскага паходжання. Яна прыйшла ў беларускі рух пазней, чым асобы часоў "Нашай Нівы". Аднак з кожным годам яе становішча ўзмацнялася, і няма ніякага сумнення, што шэрагі гэтай інтэлігенцыі будуць толькі пашырацца з-за вялікага рэзерву ў выглядзе беларускіх народных мас, якія цягнуцца ў горад па адукацыю і працу. Натуральна, што гэтая група інтэлігенцыі мае сціслую сувязь з вёскай, прагне ўзняць яе культурна і эканамічна, злучана з яе звычаямі і мовай - гэта значыць мае ўсе падставы для сапраўднага патрыятызму. Рэнегаты сярод гэтай часткі інтэлігенцыі сустракаюцца рэдка.
Паміж гарадской і вясковай беларускай інтэлігенцыяй няма класавага ці рэлігійнага антаганізму. Наадварот ёсць супольная рыса, якая не адразу бачна, і таму яе трэба з націскам падкрэсліць. Амаль што ўсе культурныя асобы сярод беларусаў і асабліва палітычныя дзеячы, вызначаюцца велічэзным індывідуалізмам. Як двухбаковавостры меч, гэта з'ява таксама мае два бакі - станоўчы і адмоўны. Індывідуалізм стане зразумелым, калі зважаць на наступныя акалічнасці.
Мы жывём у часы, калі асоба, якая адносіць сябе да беларускай нацыянальнасці, асуджана на вялікія непрыемнасці. Перад усім, з-за памылковай і недарэчнай нацыянальнай палітыкі ў Польшчы, гэта асоба падазраецца ў антыдзяржаўнай дзейнасці і для яе зачынены доступ да дзяржаўных пасад. І гэта яшчэ не ўсё - нават той, хто спакойна жыве на вёсцы, адчувае дрэннае стаўленне да сябе абшарніка, пробашча, настаўніка, паліцыянта і г. д. Паўстае пытанне - хто ў такіх умовах будзе мець жаданне і адвагу выказаць сваю, гэтак не мілую гаспадарам сучаснай сітуацыі, існасць? Адказ просты: толькі асоба, якая не паддаецца агульнай плыні, асоба, якая не падладжваецца пад агульнае меркаванне, а ідзе сваёй дарогай. Інакш кажучы, кіруецца сваёй думкай, што, як было вышэй заўважана, ёсць галоўнай адзнакай інтэлігентнага чалавека. Яе вызначае ідэйнасць, якая прыносіць асобе асабістую нявыгаду, паняверку і пераслед. Асімілююцца толькі самыя слабыя ці найгоршыя асобы, а застаюцца пры сваім больш моцныя, здольныя, адважныя і больш інтэлігентныя - г. зн. тыя, хто мысліць самастойна.
Але калі справа ідзе пра групавую і арганізацыйную дзейнасць, гэты індывідуалізм паказвае свой адмоўны бок. Агульна вядомай з'явай ёсць тое, што, нягледзячы на сваю малалікасць, з-за індывідуалізму лідараў, беларуская інтэлігенцыя падзелена на шэраг канкурыруючых паміж сабой палітычных груп. Індывідуалізм перавышае нацыянальную салідарнасць, стымулюе рознасць поглядаў, нараджае дыктарскія замахі і антаганізм - рэчы, патрэбныя толькі тым, хто жадае здрабнення і знішчэння беларускага руху. Усё гэта вядзе да дэзарганізацыі і немачы. Непаразуменне паміж беларускімі арганізацыямі вядзе да страты ўплыву на вясковыя масы. Не дзіва, што ў такой сітуацыі ў колах інтэлігенцыі з'яўляецца тып чалавека, якога бальшавікі праміж сабой ўжо даўно пагардліва назвалі "интеллигентский нытик" - гэткая асоба здольная толькі да негатыўнай крытыкі. Усё што паходзіць не ад яго - нічога не варта але сам ён абсалютна не здольны да творчай думкі і дзеяння. Яго стыхія - чорны песімізм і нігілізм расійскага тыпу. Сапраўды, нельга ўсе няўдачы ускладаць на індывідуалізм, бо існуе і іншы цэлы шэраг агульнавядомых прычын, але чамусьці ў нас мала пішацца менавіта пра неўтаймаваны антыдэмакратычны індывідуалізм кіруючых асоб.
Магчыма, у выніку гэтага няма дастатковага разумення простай праўды, што усялякае дыктатарства, ігнараванне праціўніка і бескампраміснасць, толькі тады могуць мець месца, калі ўсё гэта адчувае за сабой фізічную і вялікую маральную сілу. Калі для дыктатарства гэтага няма, ніякі дэмагагічны заклік да народных мас, а таксама ніякі культ лявоніхі і лапця не створаць народнага адзінства і не паднімуць культуру народа. Там, дзе "на версе" дэзарганізацыя - няма і размовы аб ўзорным парадку ў шэрагах. Гэты парадак беларусы мусяць стварыць "з верху". […]
Al. S. [Стаповіч Альбін ] Blaski i cienie bialoruskiej inteligencji // Preglad Wilenski. 1933. № 10. S. 3-5.
Пераклад Леаніда Лаўрэша.