Некалькі дзён таму ў Вільні бавіў час сп. Юрый Сабалеўскі, адзіны з беларускіх паслоў "Грамады", які застаўся ў межах Польшчы.
Сабалеўскі разам з іншымі быў абвінавачаны ва ўдзеле ў дзейнасці антыдзяржаўнай "Грамады", першай інстанцыяй прагавораны да 6 гадоў вязніцы, але выракам апеляцыйнага суда быў цалкам апраўданы. Зараз былы пасол цалкам адсунуўся ад палітычнага жыцця, стала пасяліўся ў Стоўбцах і вядзе ціхае жыццё гаспадара з малога мястэчка.
Мы скарысталіся з яго прыезду ў Вільню, каб задаць шэраг пытанняў пра старую ўжо справу, якая зноў стала актуальнай пасля арышту грамадоўцаў у Менску.
На пытанне аб палітычных поглядах, мой суразмоўца адказаў:
- Я ёсць беларускі нацыяналіст з радыкальнымі поглядамі на ўладкаванне грамадства, які ў асноўным адкідвае парламенцкія формы кіравання. З-за сваіх поглядаў у мяне былі спрэчкі з палітычнымі аднадумцамі ў "Грамадзе", бо яны занадта часта некрытычна схіляліся да пазіцыі Камінтэрна, ігнаруючы нацыянальныя інтарэсы. Найвялікшымі шкоднікамі на полі нашай нацыянальнай працы лічу паслоў: Ваяводскага (NPCh - Незалежная сялянская партыя), Сахацкага і Варскага (камуністы). Большасць з маіх аднадумцаў бачылі ў іх вельмі карысных дзеячаў для нашай справы - і на гэтым грунце шырыліся нашы звады.
Відочна, што абвінавачанні, накінутыя на былых грамадоўскіх паслоў у Менску, цалкам недарэчныя. Блізка сутыкаючыся з імі як ў палітычным, гэтак і ў прыватным жыцці, катэгарычна заяўляю, што закіды савецкай улады у іх адрас ёсць вынікам злой волі. Нарэшце гэтыя абвінавачванні супярэчаць здароваму сэнсу, бо людзі, якія ў Польшчы адбылі шматгадовую кару вязніцай, не маглі супрацоўнічаць з органамі бяспекі.
- Што прывяло да выхаду "Грамады" з Беларускага пасольскага клуба?
- Пачынаючы з выбараў 1922 г. пасольскі клуб быў кангламератам людзей, не злучаных паміж сабой ані ідэяй, ані праграмай, якія не мелі выразнай палітычнай перспектывы. Бачачы безвыніковасць высілкаў па здабыванні належных правоў, гарантаваных для беларусаў канстытуцыяй, большасць паслоў перайшла ў апазіцыю і адкінула магчымасць кампрамісу з-за яго нерэальнасці. Напачатку ініцыятарам гэтай палітычнай акцыі быў пасол Рагуля, ён меў намер перацягнуць да сябе частку паслоў-беларусаў з "Вызвалення". Аднак потым, з-за інтрыг Ваяводскага, Рагуля быў адсунуты ад арганізацыі, якая пачала паўставаць, і неспадзявана на яе чале ўсплылі іншыя людзі з больш радыкальнымі поглядамі.
- Сярод якіх беларускіх элементаў на вёсцы, "Грамада" мела найбольшы поспех?
- У "Грамаду" ўступалі ўсе: беззямельныя і заможныя сяляне, усе, хто адчуваў сацыяльную ці нацыянальную крыўду. На чале гэтага руху стаяла беспрацоўная местачковая і вясковая інтэлігенцыя.
- Вясковая?
- Так, наша вёска мае значную колькасць інтэлігенцыі, якая прымушана працаваць на ўбогай раллі, бо не можа выкарыстаць сваю кваліфікацыю на належнай працы.
- Як беларускі люд ставіцца да польскага прыезджага элемента?
- Несумненна, варожа. Імпартаваная з Польшчы інтэлігенцыя знаходзіцца на нізкім інтэлектуальным узроўні, яна адмоўна ставіцца да беларускага духу, не разумее патрэбы нашага краю і акрамя гэтага, цалкам адасобленая і пазбаўленая ўсялякіх уплываў на мясцовае жыццё, пры гэтым абвінавачвае тутэйшы народ у антыдзяржаўных настроях. Маючы падтрымку з боку дзяржавы, яны дазваляюць сабе яшчэ больш напружваць адносіны праз злоўжыванне сваім прывелігаваным становішчам.
- Спадар прыехаў з правінцыі і, напэўна, ведае сучасныя настроі беларускай вёскі?
- Беларускі вясковец згінаецца пад цяжарам падаткаў і бязлітаснасці іх спагнання. Брак зямлі, брак дапамогі для вядзення рацыянальнай гаспадаркі, чужая мова ў школах, дзяржаўных установах і нават у гмінах - усё гэта стварае прыгнечаны настрой, нараджае характэрныя для беларуса пасіўнасць і бездапаможнасць, але адначасова будзіць у ім нуду і прагу да змены становішча, лічачы, што ён не мае да гэтай змены ніякага дачынення і не ведаючы, адкуль яна можа прыйсці. Нават марыць, як ні дзіўна гэта можа гучаць, пра вайну, бо мае надзею, што яна памяняе сучасны роспачны стан.
- Як вясковы люд ставіцца да рэлігійных спраў, да духавенства?
- Рэлігійнасць народа знаходзіцца не ў лепшым стане. Вясковец ідзе ў касцёл ці ў царкву толькі для выканання таго, што ад яго вымагае традыцыя, звычай ці закон. Паратунку для сваёй душы ён там не шукае. Без сумнення, духавенства страчвае свой ранейшы ўплыў на вёску.
- Як народ ставіцца да савецкай аграрнай палітыкі?
- Яшчэ нядаўна народ адмоўна ставіўся да калгасаў, якія ўведзены ў Саветах, але пад уплывам матэрыяльных цяжкасцей самая бедная частка сялян (а гэта большасць) нават савецкі эксперымент пачала ўважаць за лепшы, чым свой стан. Карацей кажучы, настрой адчайны.
Ol. Nastroje wsi bialoruskiej // Preglad Wilenski. 1934. № 10. S. 4.
Пераклад Леаніда Лаўрэша.