Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

Некралогі па Альбіну Стаповічу 


Дадана: 03-11-2023,
Крыніца: Некралогі па Альбіну Стаповічу // Наша слова.pdf № 44 (96), 1 лістапада 2023.

Спампаваць




Некралогі па Альбіну Стаповічу

С. п. Альбін Стаповіч

Колькасна невялікая беларуская інтэлігенцыя ў Вільні панесла цяжкую страту. У поўнай сіле памёр выбітны і высокаадукаваны чалавек з шырокім кругаглядам. Мы мелі магчымасць бліжэй пазнаёміцца са сп. Альбінам Стаповічам, бо ён на працягу некалькіх гадоў з'яўляўся сталым супрацоўнікам нашага выдання, друкаваў артыкулы, якія пераважна інфармавалі пра беларускае жыццё, яго патрэбы, недахопы і дасягненні. Гэтыя артыкулы падпісваліся па-рознаму але часцей за ўсё крыптанімамі Некралог па Альбіну Стаповічу ў газеце 'Слова'. Al. S. ці S icz і заўсёды вызначаліся аб'ектыўнасцю і вытанчанасцю меркаванняў пра узаемаадносіны ўнутры беларускага грамадства. Супрацоўнічаючы з беларускай хрысціянскай дэмакратыяй і дэманструючы ёй свае сімпатыі, А. Стаповіч быў далёкі ад вузкапартыйных забабонаў і ў ацэнцы асоб і падзей кіраваўся толькі клопатам пра карысць для грамадства, не ўдзельнічаў у партыйных бойках, якія пры сучасных умовах беларускага жыцця лічыў фатальнымі.

Ён не меў адмысловай схільнасці да палітыкі, але быў паслом у Сойм ад БХД у 1926-1930 гг. Перад усім яго цікавілі справы культуры, і ён меў вялікія заслугі перад ёй. Быў адданым музыказнаўцам, шмат працаваў, пісаў і ствараў у гэтай галіне. Яго вялікі нарыс пра беларускую музыку мы надрукавалі ў нашым выданні ў № 20-22 за 1932 г.

С. п. Альбін Стаповіч нарадзіўся ў 1894 г. у вёсцы Барань Свянцянскага павета і быў братам вядомага беларускага паэта кс. Казіміра Стаповіча (Сваяка), які памёр некалькі гадоў таму і быў пахаваны на Росах. 19 снежня каля магілы брата быў пахаваны і Альбін.

Над адкрытай магілай развітальнае слова сказаў старшыня Цэнтральнай управы Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры кс. В. Гадлеўскі, асірацелы беларускі касцельны хор, стваральнікам і кіраўніком якога быў нябожчык, па-беларуску адспяваў "Анёл Панскі", пасля чаго глуха пасыпаліся камякі мёрзлай зямлі на вечка труны, якая ляжала глыбока ў доле. З цяжкім сэрцам ад'язджалі з Росаў у цёмны снежаньскі вечар сябры і знаёмыя нябожчыка. Яго заўчасная смерць пасля адносна нядоўгай хваробы стала для ўсіх балючай нечаканасцю.

a. [Людвік Абрамовіч] Z żałobnej karty // Pregląd Wileński. 1935. № 1. S. 6–7.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

С. п. Альбін Стаповіч

Яшчэ адна выбоіна ў без таго не лішне густых радах віленскай беларускай грамады, коштам якой на Горцы літаратараў на могілках Росы ў Вільні вырас сёлета яшчэ адзін новы капец.

Паміж жывымі падарожнікамі па здрадлівай земскай каляіне не стала святой постаці АЛЬБІНА СТАПОВІЧА сумленнага працаўніка для беларускай справы на ўсіх даступных яму дзялянках працы, як сваіх родных, так і далёкіх, замежных.

Вестка аб неспадзяваным адыходзе с.п. п. Альбіна Стаповіча ў беспаваротную вечнасць іскрай абляцела 18 снежня не толькі Вільню, але і правінцыю, прыводзячы кожнага даслоўна ў аслупяненне. Бо ж лічаныя толькі асобы сёе-тое ведалі аб хваробе ягонага аслабленага сэрца, ды і тыя не здагадваліся, што так няўхільна евангілічная праўда аб няведанні "дня і гадзіны", з каторымі абры ваецца містэрная нітка людскога жыцця.

І гэта нітка абварвалася … Нечакана …

***

С. п. п. Альбін Стаповіч, родны брат таксама ўжо нябожчыка, Казіміра Сваяка (кс. К. Стаповіча), радзіўся 18 сакавіка 1894 г. у сялянскай сям'і вёскі Барані, Свянцянскага пав. Па пачатковых навуках ў блізкіх Жукойніцах і сярэдніх (Музыкальная школа імя Мантвіла) у Вільні, А. С. апынуўся аж у далёкай Казані на Волзе, дзе адначасна з працай на жыццё ён далей вучыўся ў тамашнім універсітэце, а пасля ва ўніверсітэце Віленскім (ад 1921 г.). Тут ужо, у Вільні, нябожчык быў чынны: як настаўнік Віленскай Беларускай гімназіі, супрацоўнік, а пасля і выдавец "Беларускай Крыніцы", старшыня Віленскага аддзела Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, сакратар Цэнтральнага ўраду таго ж Інстытуту, віца-старшыня ЦК БХД і пасол у сойм ад імя той жа БХД (1928-1930), супрацоўнік шматлікіх беларускіх газет і часопісаў, пільны рэферэнт беларускіх спраў ў прэсе загранічнай і наогул небеларускай, ініцыятар і закладнік вольных дыскусійных вечароў, вядомых як "Пятніцы", урэшце - кіраўнік Беларускага касцельнага хору ў Вільні.

Аб гэтай апошняй працы трэба сказаць некалькі слоў асобна, бо нябожчык быў перад усім мастаком-музыкам, займаючыся сістэматычна песняй беларускай наогул і касцельнай у асобнасці. Пяру нябожчыка належыць цэлы рад нарысаў аб беларускай песні і самых песняў, раскіданых у розных выданнях, а яшчэ больш у дагэтуль невядомых рукапісах. З выдадзеных асобна, заслугоўвае на ўвагу гімн Беларускага інстытута Гаспадаркі і Культуры на чатыры мяшаныя галасы: "Дзе чутны мовы нашай гукі", да каторага нябожчык напісаў не толькі музыку, але і словы.

Пры месцы трэба зазначыць, што нябожчыку зусім не чужой была паэтыцкая ліра брата ягонага К. Сваяка, і таму шмат песняў, кампанаваных нябожчыкам, належаць яму не толькі ў музыцы, але і ў словах.

Быццам у прачуцці блізкага канца сваёй падарожы, нябожчык апошнім часам ўзяўшыся быў асабліва за збіранне і парадкаванне таго, што паспеў зрабіць за нядоўгае сваё жыццё (памёр на 41 годзе жыцця). Трапнае слова і вострае пяро ўсё мацней пачынала служыць бічаванню падмечаных недахопаў нашага жыцця. У галіне музыкі беларускай нябожчык склаў план выдавецтва беларускіх народных і касцельных песеннікаў. З гэтага плану нябожчык паспеў выканаць толькі частку: апрацаваў першы том, які ўжо нават здадзены ў друк - суджана яму будзе аднак з'явіцца ўжо як пасмертнае выданне. Усё дальшае, на вялікі жаль, засталося ў няспоўненых праектах і чакае на … сумленнага наступніка.

Гэтак - у грубых рысах - прадстаўляецца асоба нябожчыка, св. пам. Альбіна Стаповіча, на паховіны якога дня 19 снежня сабраліся ўсе, хто толькі мог. Прышлі развітацца: хто са знаёмым і супрацоўнікам, хто - з таварышам і прыяцелем, хто - з блізкім і родным, а ўсе разам - з ідэйным беларускім культурным работнікам.

Жалобнае набажэнства і такі ж кандукт вялі ксяндзы-беларусы: А. Станкевіч і В. Гадлеўскі, а апошняе слова над труной нябожчыка сказаў і развітаўся з ім ад імя ўсіх беларусаў кс. В. Гадлеўскі, старшыня Цэнтральнага ўраду Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Літургічныя спевы выканаў, як ўмеў, саматужна, асірочаны Беларускі касцельны хор, каторага нябожчык быў закладчыкам і ахвярным кіраўніком.

На Росах, побач з магілкай К. Сваяка, вырас новы капец, які схаваў у сябе на вякі св. пам. Альбіна Стаповіча.

Зямелька родная, лёгкай будзь ягоным цялесным астаткам, а Светласць бязустанная свяці Душы ягонай на векі.

Клімовіч Адольф. С. п. Альбін Стэповіч // Беларуская Крыніца. № 48 (593), 25 снежня 1934.

Новая магіла …

Умаўляюся з наборшчыкам. Значыцца, пасля першага будзем друкаваць.

- Сёння, - кажа - набралі абвестку аб смерці Стаповіча.

- Што? Які? Калі?

- Альбін …

Лячу хутчэй на вуліцу. Ля гімназіі павінны быць клепсыдры. Няма. Забягаю ў кнігарню.

- Чулі? Памёр …

- Чулі …

А яшчэ так нядаўна… Памятаю - ішлі разам з ім са зборкі літаратараў нашых. І чуў я, што ён з намі, маладымі.

- Вы не ідзіце з імі - казаў ён аб некаторых "літаратарах", - гэта - зношаная публіка, нічога яна не створыць … Шмат гаварылі. Развіталіся. Пайшлі сваімі дарогамі.

Прыпамінаецца вясенні вечар. Сядзім у Бернардынцы. Гаворым аб беларусах. Стаповіч … Альбін … якога ўжо няма, выступае супраць маніі негаванння, якая развілася сярод беларускай інтэлігенцыі.

- Негаваць лёгка, але пазітыўнае, ці што творым? Негаванне ўсяго - найлепшае апраўданне нашай бяздзейнасці.

У пацёмках блукае часта наша інтэлігенцыя. Асабліва цяпер. Ён быў тым, хто шукаў усцяж нейкага выхаду да святла.

Памятаю… сяджу на школьнай лаве. Пад носам "Сальфеджыа" .

- До - рэ - мі -

А пасля песенька:

У акно маё яснасць глядзела,

Светам ясных, вялікіх вачэй …


У вушах гучыць песенька з маіх дзіцячых гадоў…

Ужо палова чацвёртай. Зараз запяюць … апошні раз.

М. Новая магіла … // Беларуская Крыніца. № 48 (593), 25 снежня 1934.


Кс. Ад. Станкевічу, кс. В. Гадлеўскаму, Беларускаму касцельнаму хору пры касцёле св. Мікалая і ўсім тым, якія бралі ўдзел у паховінах св. пам. нашага брата Альбіна Стаповіча, складем на гэтым месцы шчырую падзяку.

Ю. і Б. Стаповічы. Падзяка // // Беларуская Крыніца. № 48 (593), 25 снежня 1934.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX