Папярэдняя старонка: Западная Беларусь

Спрэчка пра 'Келлю Конрада' ў па-базыльянскіх мурах Вільні 


Аўтар: Талочка Ул.; Луцкевіч Антон,
Дадана: 01-12-2021,
Крыніца: Талочка Ул. Праўда пра келлю Конрада; Луцкевіч Антон. З нагоды спрэчкі пра 'Келлю Конрада' // Наша Слова. № 48 (1563), 2 снежня 2021.



Праўда пра келлю Конрада

Спрэчка пра келлю Конрада ў па-базыльянскіх мурах Вільні працягваецца ўжо дваццаць гадоў. Таму наспеў час напісаць гісторыю келлі Конрада (на жаль, пра яе яшчэ няшмат вядома) ці гісторыю яе вельмі нефартунных пошукаў з вялікай колькасцю трагікамічных Малюнак з альбома Бацюшкава. момантаў. Пад нядобрым знакам пачаліся гэтыя пошукі і яшчэ на самым пачатку ўзаемныя антыпатыі даследчыкаў далі нагоду сучаснаму віленскаму навукоўцу Феліксу Чэрскаму для зласлівых публічных досціпаў.

Выдаючы восенню 1923 г. нарысы "Галасы з-прад веку", прафесар Ст. Пігонь прысвяціў адзін нарыс келлі Конрада. Гэты аўтар лічыў, што, маючы ў руках планы кляштара базыльянаў ад 1814 і 1845 гг., можна дакладна высветліць месцазнаходжанне гэтай гістарычнай келлі. Метад прафесара ў газеце "Слова" аспрэчыў яго востры крытык Чэслаў Янкоўскі. Як жа адчувае сябе такі працавіты і ўважлівы да дробязей даследчык Міцкевіча як пр. Пігонь пасля выдання сваіх нарысаў і пасля таго, як з друку выйшла невялікая брашура старшыні Беларускага навуковага таварыства Антона Луцкевіча пад назвай "Праўда аб "келлі Конрада"? (Гл: Ant. Łuckiewicz. Prawda o "celi Konrada". W setną rocznicę procesu Filomatów. Wilno, 1923.) Тэкст Луцкевіча быў напісаны для "Тыгодніка Ілюстраванага" з мэтай выпраўлення памылковых, галаслоўных і вельмі крыўдных для беларусаў звестак пра келлю Конрада, як быццам беларусы прафанавалі святое для культуры месца тым, што зрабілі і працягваюць утрымоўваць у келлі туалет.

Відочна, што тэкст Луцкевіча падзяліў бы лёс з іншымі падобнымі рэчамі, напісанымі ў наіўнай надзеі на тое, што які-небудзь орган эндэцкай прэсы дзеля праўды надрукуе іх. Таму аўтару не заставалася іншага выйсця, як выдаць сваю працу друкам па-польску, каб давесці палякам добрай волі праўду пра прафанаванне келлі Конрада. Гэтую прыкрую і нават балючую ў сваёй існасці тэму Луцкевіч раскрыў на грунце вялікай колькасці крыніц і цалкам прадметна растлумачыў спрэчныя да гэтага часу рэчы.

На пачатку аўтар дае кароткі агляд пошукаў месцазнаходжання келлі Конрада ад пачаткаў да сучаснага часу. Калі пр. Пігонь адыходзіць ад тэксту "Дзядоў" Міцкевіча і піша, што келля не прылягала да муроў царквы св. Тройцы, дык Луцкевіч моцна трымаецца за месцазнаходжанне келлі, вызначанае самім Міцкевічам у словах "przylega do murow kosciola (частка 2, сцэна 1). Пігонь, Клос і Вацлаў Студніцкі цверазілі, што памыліўся Міцкевіч. Дапускаючы, што вялікі паэт мог памыліцца, тым не менш, не будзем спяшацца, бо ведаем, якім дакладным быў Міцкевіч з вызначэнні месцаў падзей. Планы па-базыльянскіх муроў, вывучаныя мешанай польска-беларускай камісіяй, не дазвалялі сказаць што-небудзь пэўнае пра тапаграфію келлі Конрада, аднак уяўленне пр. Пігоня штурхнула яго заявіць, што вязніца Міцкевіча знаходзілася перад сучасным туалетам!

Аднак, на шчасце, Беларускае навуковае таварыства ў Вільні знайшло інвентар кляштара ад 23 красавіка 1841 г. з якога бачна, што келля, якую ў апошняй публікацыі пр. Пігонь назваў келлю Конрада, ніколі не была жылой і ад веку служыла для кляштара толькі "паспалітым месцам" (туалетам - Л. Л.) Таксама таварыства ў альбоме Бацюшкава "Памятники старины в Западных губерниях Империи Северо-западного края" адшукала літаграфію з відам кляштара. Яе рэпрадукцыя апублікавана яшчэ і ў кнізе таго самага Бацюшкава "Белоруссия и Литва" (Пецярбург, 1890. С. 89.) На малюнку бачна двухпавярховая прыбудова, якая прылягае да царквы св. Тройцы і мае асобны выхад. Менавіта таму будынак прылягаў да вязніцы і цалкам адпавядаў апісанню Міцкевіча. Каб была магчымасць вакол царквы праводзіць працэсіі, гэты будынак быў цалкам знесены ў сярэдзіне XIX ст.

Так мы страцілі муры, у якіх чакаў дэпартацыі з Вільні самы вялікі паэт нашай зямлі.

Нягледзячы на чыста правакацыйнае трактаванне гісторыі, сп. Антон Луцкевіч даў грунтоўны адказ усім, хто жадаў бы сваімі крыкамі служыць не навуцы, а эндэцыі.

Erka [Ул. Талочка] Prawda o celi Konrada // Pregląd Wileńsk. 1924, № 2. S. 4-5.

З нагоды спрэчкі пра "Келлю Конрада"

Ліст у рэдакцыю

Ліст напісаны з-за нападаў на мяне прафесара Пігоня на старонках "Дзённіка Вленскага" ў артыкуле "Няпраўда і праўда пра келлю Конрада. Баламуцтва А. Луцкевіча" на тле спрэчак пра месца знаходжання келлі ў па-базыльяскіх мурах, у якой быў увязнены Адам Міцкевіч. Напады гэтыя, абсалютна недапушчальныя па форме і няслушныя па змесце, крыўдзяць мяне, і я прашу шаноўную рэдакцыю размясціць у сваім выданні мой тэкст, у якім тлумачацца цверджанні пр. Пігоня.

Ужо сам тон пр. Пігоня пераводзіць навуковую спрэчку на глебу асабістых і нацыянальных адносін. Прафесар з абурэннем піша пра выступ "зусім неспадзяванага" апанента - беларусаў, і гэта пры тым, што яшчэ за 15 гадоў да з'яўлення Пігоня ў Вільні, разам з мясцовымі польскімі даследчыкамі, над пытаннем "келлі Конрада" працавалі с.п. Ян Луцкевіч і др. Ул. Загорскі. Таксама, толькі дзякуючы ініцыятыве беларускага грамадства пры Дэпартаменце асветы Сярэдняй Літвы, паўстала змешаная польска-беларуская камісія, якая выкрыла пр. Пігоня як апалагета выдумленай сп. Студніцкім версіі аб "прафанаванні" келлі Конрада рускімі і беларусамі. А калі аўтар гэтага ліста надрукаваў вынікі працы камісіі і Беларускага навуковага таварыства, тады пр. Пігонь пачаў імкнуцца дыскрэдытаваць мяне асабіста як "фальшаваўніка".

Гэтага закіду было б дастаткова, каб узбудзіць недавер да маіх слоў, але ён мае тую ж вартасць, як і напады прафесара на беларускае грамадства ў яго брашуры ад 1921 г., брашуры, якую ён зараз быў прымушаны адклікаць. Мяне пр. Пігонь абвінавачвае ў тым, што я ў сваёй брашуры (Ant. Luckiewicz. Prawda o "celi Konrada") на старонцы № 5 надрукаваў план па-базыльянскага кляштара, які быў "створаны гэтай камісіяй" (Т-вам Мілоснікаў Вільні) і на гэтым плане як быццам дамаляваны "няісныя ў рэальнасці сцены шырокага пабуранага крыла, хоць у рэальнасці сляды такіх сцен у зямлі абсалютна не захаваліся", я быццам адмыслова і мэтанакіравана падрабіў "доказы сваёй тэорыі", а таксама "план на стр. 5 брашуры фальшывы, абазначаных лічбай ІІІ слядоў пабуранага крыла камісія не знайшла пры раскопках". Таксама пр. Пігонь цалкам упэўнена цвердзіць, што сляды даху пабуранага будынка кажуць пра тое, што ён быў аднапавярховым і служыў толькі калідорам для пераходу з кляштара ў царкву і "не мог мець жылых келляў".

Усе гэтыя абвінавачванні магу цалкам вярнуць пр. Пігоню. Бо няпраўда тое, што план на стр. 5 маёй брашуры створаны камісіяй Т-ва Мілоснікаў Вільні. Каб пераканацца ў тым, што Пігонь памыляецца, дастаткова зазірнуць у брашуру. Крэскамі ў плане я падаў "Контур пабуранага крыла які дакладна адпавядае слядам даху і сценам" паўднёвага па-кляштарнага гмаха. "Шырыня пабуранага крыла" згодна з рэшткамі складае 11,70 метраў і мае вышыню, калі лічыць ад скляпенняў падземнага калідора да столі - 4,90 м. Падземны калідор, як цвердзіць сп. Пігонь, ледзь мае 1,8 м шырыні. Калі пераход у будынку меў такую, ці нават падвойную шырыню, дык застаецца яшчэ 8 - 9 метраў шырыні. І пра гэтую прастору пр. Пігонь мае адвагу цвердзіць, што тут не было месца для келляў […] .

Хопіць, сп. Пігонь! Гэта ўжо занадта. "Нацягваць" праўду можна толькі маючы ўпэўненасць у тым, што ніхто на месцы не спраўдзіць памеры калідора і пабуранага крыла. Але і самы некрытычны чытач з супастаўлення гэтых памераў зробіць выснову, што архітэктурным цудам было бы пабудаваць дах і столь над калідорам такім чынам, каб па-за калідорам засталася пустка, як найменей, падвойнай шырыні, пабудаваць падсеннне шырынёй у 8 - 9 метраў якое можа існаваць толькі ва ўяўленні самога сп. Пігоня […] .

Пр. Пігонь хутка распраўляецца з літаграфіяй Трутнева, якую "абвінавачвае" ў даробцы сходаў на першы паверх пабуранага крыла кляштара і коміна на даху. Ён так жартуе? Не лепш ён ставіцца і да сведчання самога Міцкевіча пра тое, што яго келля прылягала да муроў царквы. […] Для яго указанне Міцкевіча, што яго турэмная келля прылягала да царквы св. Тройцы не мае ніякага сэнсу. Бо толькі пры непасрэдным суседстве келлі з мурамі царквы, а не калідора, спевы вязняў у горадзе маглі прыняць за царкоўныя спевы. З вокнаў "новай" келлі сп. Пігоня спевы вязняў маглі чуць (і вельмі слаба) толькі жыхары вуліцы Коннай, куды "царкоўныя спевы ўвогуле не даляталі. Гэтак, далікатна кажучы, "мадыфікаваў" сп. Пігонь указанне самага верагоднага сведкі адначасова абвяргаючы цверджанне Міцкевіча аб бачнасці брамы …

Сп. пр. Пігонь і Клос трэці туалет падаюць за "келлю Конрада": два першыя адпалі, калі стала зразумела (і ў гэтым, уласна, заслуга "неспадзяванага" апанента - беларусаў), што адзін з іх з'яўляецца цалкам новай дабудовай, а другі ад веку быў "паспалітым месцам" (туалетам - Л. Л.) для манахаў. Гэта новая ідэя сп. Пігоня нічым не лепшая. Для абвяржэння яе дастаткова вышэй апісанай тапаграфіі ў "Дзядах". У дадатку паўстае клопат з вызначэннем колькасці паверхаў. Гмах кляштара з-за ўхілу грунту з боку саду (на поўдні), па тэрміналогіі інвентара 1841 г. чатырохпавярховы і "келля" пр. Пігоня па той жа тэрміналогіі месціцца на трэцім паверсе, а не на другім. Міцкевіч, калі верыць сп. Пігоню, што вокны турмы выходзілі ў сад, меў бы пад сабой два шэрагі вокнаў, што не магло быць, калі ён знаходзіўся на другім паверсе.

Не на карысць маёй тэзы пра месца "келлі Конрада" (у пабураным крыле) сп. Пігонь высоўвае інвентар, у якім няма размовы пры іншыя туалеты, акрамя туалета ў калідоры. Але пры напісанні інвентара аўтары па чарзе апісалі туалеты, праз якія яны праходзілі, пачынаючы ад увахода і келлі брамніка і закочваючы царквой. Таму, згодна з малюнкам Трутнева, туалеты ў пабураным крыле мелі асобны ўваход па сходах з боку могілак і не ляжалі на шляху візітатараў. Таксама, магчыма, што ў 1841, а можа і ў 1823 г., тыя туалеты ўжо не працавалі, а стаялі пустымі (што магло падаць думку выкарыстаць іх як турму) і таму не патрапілі ў візітацыю.

Яшчэ сп. Пігонь цвердзіць, што паколькі сп.сп. Сакалоўскі і Краснапольскі не знайшлі падмуркаў пабуранага крыла, дык яго і не існавала. Але супраць гэтай думкі "паўстаюць нават каменні", бо сляды сцен гэтага крыла на галоўным гмаху сведчаць, што пабуранае крыло не было фундаментальным, а з'яўлялася лёгкай пабудовай, якая не патрабавала падмуркаў глыбей за 1,8 м, што зразумела для архітэктараў. Трэба дадаць, што з-за ўзвышэння грунту з усходняга боку (з вуліцы Вострабрамскай), пабуранае крыло ў сваёй усходняй частцы мусіла быць аднапавярховым і толькі ў заходняй частцы (з гэтага боку яго намаляваў Трутнеў) - двухпавярховым.

Падчас свайго знаходжання ў Вільні пр. Каленбах асабліва звяртаў увагу на бачнасць вязнямі брамы. Ён дапускаў, што брама магла быць з боку вуліцы Вострабрамскай. Можа, у гарадскіх архівах можна было б знайсці такую інфармацыю, якая чамусьці пільна хаваецца зацікаўленымі асобамі, якія ўжо скампраметавалі сябе надуманым "адкрыццём", але пры гэтым маюць у руках доказы сваіх тэорый. Калі б такая брама існавала, дык з усходніх вокнаў пабуранага крыла, яе можна было б бачыць.

Пра "віленскія традыцыі", на якія спасылаецца сп. Пігонь, не буду нічога казаць. Словы Адзінца пра тое, што "ў пэўныя гадзіны" ён бачыў Міцкевіча ў вокнах з боку "бульварыка за Вострай Брамай", не кажа на карысць сп. Пігоня, бо хутчэй можна дапусціць, што "ў пэўных гадзінах" вязні маглі прыходзіць у гэты кляштарны "музей", бо не маглі ўвесь дзень карыстацца найвялікшым для кожнага вязня адпачынкам - назіраннем за, хоць і чужымі, але вольным людзьмі.

Нарэшце, некалькі слоў пра "дакумент", які ўзгадвае сп. Пігонь і цытуе яго ўслед за сп. Масціцкім. Размова ў ім вядзецца пра тое, што губернатар Рымскі-Корсакаў загадаў паліцмайстру Шлыкаву заняць пад вязніцу "па аднаму паверху" ў шасці кляштарах, у тым ліку і ў базыльянскім. Слова "паверх" сп. Пігонь трактуе як нешта вельмі вялікае, якое не можа складацца з некалькіх пакойчыкаў. Але было б рызыкоўна на гэтым будаваць сваю тэорыю. У дадатак, сп. Пігонь, верагодна, не валодае рускай мовай, на якой быў напісаны загад губернатара, і не можа сабе ўявіць, што рускае слова "этаж" уключае ў сабе і паняцце першага паверха (у польскай мове "parter" - першы паверх, а "piаtro" - усе іншыя паверхі - Л. Л.).

Закончу яшчэ адным пратэстам супраць метадаў палемікі сп. Пігоня, якімі сам не жадаю карыстацца. Скажу толькі, што грунтуючыся на "адкрыцці" сп. Пігоня […], пачалося адбіранне па-базыльянскіх муроў у беларусаў. Зараз сп. Пігонь адклікае свае цверджанні, але крыўда беларусам застаецца. […]

08.03.1924 г.

Antoni Łuckiewocz. Z powodu sporu o "Celę Konrada" // Pregląd Wileński. 1924, № 6. S. 5-7.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX