Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

Юбілей беларускага школьніцтва 


Аўтар: Талочка Ул.,
Дадана: 08-04-2020,
Крыніца: Талочка Ул. Юбілей беларускага школьніцтва // Наша Слова. № 15 (1478), 8 красавіка 2020.



Усялякія гадавіны маюць звычайны план напісання ўспамінаў. У выпадку гадавіны беларускага школьніцтва ў Вільні, належала б: 1) падвесці баланс дасягненняў, 2) расказаць чаму рабіліся тыя ці іншыя рэчы, 3) зрабіць высновы на будучыню.


Першая агульнаадукацыйная беларуская школа паўстала ў Вільні ў 1915 г., хутка пасля прыходу немцаў. Згодна з філасофскім падыходам, які, здаецца можа тут пасаваць: "post hoc ergo propter hoc" ("пасля нечага - значыць у выніку гэтага" - Л. Л.), у пэўных колах пануе перакананне, што беларускае школьніцтва з'яўляецца … нямецкай інтрыгай. Ці трэба даводзіць беспадстаўнасць гэтай высновы? На пачатку трэба падкрэсліць, што ў акупацыйных нямецкіх ўладаў не было ўсталяваўшагася погляду на беларускае пытанне. Першыя адозвы акупантаў выразна сведчаць, што яны трактавалі Вільню як частку будучай Польшчы. І таму адразу немагчыма было выдушыць з іх дазволу на беларускую школу. У той жа час, але ў іншых месцах нямецкія жандары гвалтам гналі дзетак у падобныя школы. У гэтых месцах такімі паводзінамі яны аказалі справе мядзведжую паслугу (калі наогул думалі аказваць нейкія паслугі), бо ўсе загады нямецкай улады сустракаліся народам з антыпатыяй.

Згадваючы розныя падобныя факты, належыць зрабіць выснову пра дэзарыентацыю акупантаў у нацыянальным пытанні. Больш яны ведалі пра палякаў і летувісаў. Таму ўся заслуга і цяжар арганізацыі школы пры адсутнасці педагогаў, традыцыі і, часта, у дрэнных умовах, ляжаў на малой групе беларускіх дзеячаў, якія не падаліся ў бежанства на ўсход. Цётка і іншыя вядомыя і невядомыя ў справе адраджэння не павінны намі быць забытыя. Жменя тых ідэйных асоб, сваім жаданнем, ахвярнасцю да смерці ад голаду ці тыфу, стварыла трывалыя падмуркі беларускага школьніцтва. Відочна, што семя патрапіла на ўрадлівую глебу, бо толькі 10 гадоў прайшло ад першага зерня, а колькі бачым людзей, якія жывуць, працуюць і церпяць за тыя самыя ідэалы!

Беларускае грамадства, ці лепей сказаць, малое кола інтэлігенцыі, з першай хвіліны ўзяло на свае плечы цяжар будовы ўласнага школьніцтва. У выніку гэтай працы, на момант адыходу немцаў мелася ўжо 350 пачатковых школ і настаўніцкая семінарыя ў Свіслачы. Польскія вайсковыя ўлады адразу, не ўступаючы ў спрэчкі, зачынілі семінарыю. Падчас свайго існавання Цывільная ўправа ўсходніх земляў неаднаразова мяняла свае падыходы да беларускай школы - дазваляла ці забараняла іх. На тэрыторыі Сярэдняй Літвы да пэўнага часу стан рэчаў быў больш-менш цярпімы. Быў утвораны "Аддзел беларускага школьніцтва" пад кіраўніцтвам Бр. Тарашкевіча. Аднак перад знікненнем самой Сярэдняй Літвы, гэты аддзел быў скасаваны, а новаарганізаваная Барунская настаўніцкая семінарыя зачынена. З гэтага часу і ўсталявалася польская палітыка адносна беларускай школы. Палітыка гэта была выразна накіраваная на ліквідацыю існых школ праз розныя забароны і стрыманне стварэння новых.

Гэта палітыка, стала сапраўдным мартыралогам беларускага грамадства і настаўніцтва, яна зрабіла беларускую школу ўнікальнай з'явай - школы можна пералічыць па пальцах. Два гады таму іх было 38, і большасць школ існавала на Віленшчыне. У самой Вільні ў 1923 г. налівалася 6 школ, сёння існуе адна, і тую гаспадары памяшканняў ганяюць з месца на месца. Магчыма, мы станем сведкамі, што ў юбілейным годзе знікне і апошняя школа. Гэта выглядае настолькі парадаксальна, што з пішучага гэтыя радкі, здаецца, можна пасмяяцца. Бо быў ухвалены моўны закон, а ён смее цвердзіць пра скасаванне апошняй школы.

Але, нажаль, гэта праўда (у гэты месяцы віленскі школьны інспектар загадаваў каб гэта апошняя школа, пачынаючы з першага класа, пераходзіла на польскую мову выкладання). Законы законамі, а школы ўсяроўна замыкаюць. Да гэтага часу моўны закон абазначыў сваё існаванне загадам вучыцца на курсах некалькім дзесяткам настаўнікаў, якія раней атрымалі права выкладаць у будучай школе ўтраквістычнага (двухмоўнага - Л. Л.) тыпу. І гэта ўсё. А колькі было шуму аб тых курсах.

Увогуле настаўніцкія беларускія курсы маюць сваю цікавую гісторыю на працягу 10 гадоў. Колькі іх ужо было - цяжка палічыць. У 1919 г. створаны ажно 5 курсаў і прынята 1 500 слухачоў. Слухачы, пераважны кваліфікаваныя настаўнікі, вывучалі беларускія прадметы ці паланістыку. У 1922 г. беларусы стварылі курсы сваімі высілкамі. Адначасова ўлады са свайго боку заклалі курсы на 250 настаўнікаў і нават абяцалі навучэнцам нейкія грошы. Але, каб закончыць курсы, трэба было ехаць у Кракаў. Пасля заканчэння курсаў, ніхто з выпускнікоў не патрапіў на працу не толькі ў беларускія школы, але і нікога нават не пусцілі працаваць у свой край. Усе атрымалі пасады на этнічных польскіх землях.

А іншыя курсы, якія працавалі пасля моўнага закона, куды яны толькі не вандравалі. Быў праект стварыць іх і ў Кракаве, і ў Быдгашчы, і яшчэ ў нейкім польскім горадзе, усё, каб далей ад Вільні, далей ад Беларусі.

У выніку атрымаўся просты баланс. Некалькі агульнаадукацыйных дзяржаўных школ, некалькі школ прыватных - на большую колькасць не даюць дазволу, непасільная плата на навучанне для вучняў, шмат беспрацоўных настаўнікаў, суды за тайнае навучанне з штрафамі і вязніцай.

Сумныя, вельмі сумныя факты. Не больш радасна і ў дзядзіне сярэдняй адукацыі. Зараз існуюць тры беларускія гімназіі, а было іх пяць і яшчэ семінарыя. Прыватныя гімназіі, без усялякіх праў, навучанне ў іх не звальняе ад войска, не дае магчымасці вучыцца ў вышэйшых установах. Гімназія, без магчымасці спакойна жыць сёння, бо заўтра настаўнік можа патрапіць у канцэнтрацыйны лагер, а памяшканне гімназіі будзе занята вайсковымі ўладамі ці паліцыяй (падзеі ў гімназіі ў Радашковічах). Арышты і ператрусы вучняў проста ў школьных памяшканнях (выпадкі ў Вільні і іншых гімназіях). Перапісванне ранейшых дазволаў з мэтай прынізіць справу ў вачах людзей, каб у школы прымалі толькі праваслаўных ці яўрэяў (Клецк, Нясвіж). Розныя іншыя падобныя выпадкі практыкуюцца стала і зараз. Трэба яшчэ сказаць пра сістэматычнае пазбаўленне беларускіх настаўнікаў польскага грамадзянства. Ці пра забарону на ўжыванне падручнікаў, якія ўжо прайшлі праз цэнзуру і раней ужываліся ў школах. Пасля гэта яны кажуць, што з-за браку школьных кніжак навука не можа выкладацца! Хто зможа пералічыць усе ашуканствы, якія робяць абсалютна немагчымай нармальную працу. І трэба толькі дзівіцца, што ўзровень адукацыі ў гэтых школах усё яшчэ нармальны. Тое, што гэта менавіта так, даказвае паступленне абітур'ентаў гімназій у замежныя ўніверсітэты. Яны вучацца там не горш а часта нават і лепш за іншых.

Трэба толькі дзівіцца, што настаўнікі ў такіх умовах яшчэ і ўздымаюць свой узровень тэарэтычнай падрыхтоўкі і думаюць пра навуковае развіццё сваіх устаноў. Гэта паказаў агульны з'езд педагогаў сярэдніх школ у Вільні ў 1923 г. Тое, што не ўсе тыя праекты рэалізаваная, мусім тлумачыць абсалютным недахопам грошай, што бачна нават у самай заможнай Віленскай гімназіі, якая не можа дазволіць сабе наняць возніка і дзе рамонтам інтэрната мусяць займацца самі вучні. Гэта і зразумела, бо 60% вучняў - сялянскія дзеці з бедных і зруйнаваных беларускіх вёсак.

Нас яшчэ меней дзівіць малая эфектыўнасць творчай настаўніцкай працы ў нас, бо трэба браць пад увагу, акрамя іншых чыннікаў, эміграцыю ў іншыя краіны. Едуць, бо іх выгналі з працы. У свой час ехалі ў Латвію, зараз едуць у Менск, бо там маецца вялікае поле для культурнай працы.

Калі ўсё гэта падсумаваць, дык дзень юбілею мусіць стаць днём смутку а не вяселля. За гэты час школьніцтва не развівалася, а колькасць вучняў памяншалася. Але гэты час выявіў вялікую жыццядзейнасць самой ідэі, якая развіваецца, нягледзячы на цяжкасці і перашкоды, на слабасць людзей якія ёй займаюцца. [...]

Jubileusz szkolnictwa białoruskiego // Pregląd Wileński. 1925. № 18. S. 2-3.

Dryhwicz (псеўданім Ул. Талочкі)

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX