Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

Беларускае школьніцтва на Ўсходніх Крэсах 


Аўтар: Папроцкая Ванда,
Дадана: 14-03-2012,
Крыніца: НАША СЛОВА № 7 (1054) 15 лютага 2012 г., № 8 (1055) 22 лютага 2012 г., № 9 (1056) 29 лютага 2012 г., № 10 (1057) 7 сакавіка 2012 г., № 11 (1058), 14 сакавіка 2012 г.



Беларускае школьніцтва на Ўсходніх Крэсах у святле палітыкі па стаўленні да нацыянальных меншасцяў у ІІ Рэчы Паспалітай

Адной з важнейшых абласцей палітыкі дзяржавы і рэалізацыі яе адносін да нацыянальных меншасцяў былі ў перыяд ІІ Рэчы Паспалітай школьніцтва і справы, звязаныя з асветай. Прывязваючыся да майго артыкула, змешчанага ў 39 т. "Польскай этнаграфіі" (Paprocka, 1995), ніжэй пададзеную апрацоўку я імкнулася пасвяціць справам беларускага нацыянальнага школьніцтва, якія дагэтуль не былі шырога агавораны ў этналагічнай літаратуры.

Звярнуцца да больш глыбокага аналізу спраў, звязаных са школьніцтвам і асветай дазваляюць архіўныя матэрыялы з літоўскіх і беларускіх дзяржаўных архіваў у Вільні, Гародні, а таксама ў Менску, матэрыялы крыніц, што ўтрымоўваюцца ў справаздачах з жыцця беларускай меншасці, якія друкаваліся на працягу ўсяго міжваеннага перыяду ў гадавіку "Нацыянальныя справы", як і ў справаздачах з паседжанняў сейму. Шэраг звестак утрымоўвалі шматлікія польскія зборнікі і перыядычныя выданні, прысвечаныя Ўсходнім Крэсам, у т.л. "Гадавік усходніх зямель", "Прыклады", "Дарогі", "Нацыя", а таксама беларускія СМІ, такія як "Беларуская крыніца", "Сялянская ніва", "Беларускі звон". Не захавалася ні аднаго матэрыялу, які б датычыўся школьніцтва ў міжваенны перыяд, з тых, што былі сабраныя ў Міністэрстве рэлігійных вызнанняў і публічнай асветы ў Варшаве. Яны былі знішчаны падчас ваенных дзеянняў.

Лёс беларускага школьніцтва ў перыяд ІІ Рэчы Паспалітай як пачатковага, так і сярэдняга, а таксама вышэйшых школаў, быў цесна звязаны з нацыянальнай палітыкай чарговых урадаў і адлюстроўвалі праграмныя кірункі галоўных палітычных партый. Цесныя сувязі злучалі беларускае школьніцтва з асветніцкімі арганізацыямі і перш за ўсё з Таварыствам беларускай школы, Таварыствам беларускай асветы, а таксама з Беларускім гаспадарчым звязам, які таксама праводзіў пэўную працу на карысць беларускай школы. Паколькі ў папярэднім маім артыкуле былі агавораны пытанні, звязаныя з пачаткамі беларускага школьніцтва, то зараз я сканцэнтруюся выключна на перыядзе міжваенным, па чарзе прадстаўляючы сітуацыю з беларускім пачатковым школьніцтвам, сярэднім і вышэйшым, а таксама звязаныя з ім асветныя пляцоўкі.

Беларуская люднасць, якая жыла на тэрыторыі Ўсходніх Крэсаў, што ўвайшлі ў склад ІІ Рэчы Паспалітай у выніку Рыжскай дамовы, налічвала паводле розных падлікаў ад 1365 тыс. да 1780 тыс. чалавек (por. Paprocka, 1995, s.15) мела ў першы перыяд пасля атрымання Польшчай незалежнасці каля 350 школ грамадскіх і прыватных. Гэтае пышнае развіццё беларускага школьніцтва мела месца ў перыяд І Сусветнай вайны. Ліберальная палітыка нямецкіх уладаў дазволіла развіццё школьніцтва з шырокім размахам. Аднак ужо ў 1919 годзе, у перыяд адступлення немцаў польскія вайсковыя ўлады прыступілі да закрыцця значнай колькасці тых школ, сцвярджаючы, што яны беларускія толькі па назве. Дазволеныя немцамі з палітычных прычын, у сапраўднасці, як сцвярджалі польскія адукацыйныя ўлады, яны былі школамі расейскімі з-за адсутнасці падручнікаў на беларускай мове. А таксама з-за недахопу падрыхтаваных для гэтай працы настаўнікаў.

Польская палітыка ў адносінах да беларускага школьніцтва падчас кіравання Генеральнага штабу, а затым Цывільнага ўраду Усходніх Зямель (утваранага Юзафам Пілсудскім у 1919 годзе) змянялася шматразова, хістаючыся паміж спробамі яго зліквідавання і ўзмоцненай яго падтрымкай, што было звязана з рознымі палітычнымі арыентацыямі чарговых кіраўнікоў гэтага ўраду. Непасрэдна пасля бальшавіцкай вайны (1920 г.) на тэрыторыі, утворанай у кастрычніку 1920 г. генералам Л. Жалігоўскім так зв. Сярэдняй Літвы колькасць беларускіх школ значна вырасла. Лібералізм дэпартаменту асветы Часовай урадавай камісіі прывёў да таго, што было заснавана 186 школ, а таксама настаўніцкая семінарыя ў Барунах Ашмянскага павету. Можна дапусціць, што гэта было звязана са спробамі правядзення федэралістычных ідэй Пілсудскаўскага лагера. Аднак праз вельмі кароткі час лібералізм і дзейнасць па падтрымцы беларускай школы замяніла ўніфікацыйная палітыка ў адносінах да школьніцтва нацыянальных меншасцяў. Наступіла гэта ў выніку перамогі інкарпарацыйнай канцэнцыі, якая ўзмацняла тэндэнцыі асіміляцыі беларускай люднасці.

Архіўныя звесткі, якія датычаць ліку школ у той перыяд, сведчаць пра надыход зменаў. У лісце Дэпартаменту асветы Часовай урадавай камісіі Сярэдняй Літвы на адрас Дэпартаменту скарбу, які знаходзіцца ў Літоўскім цэнтральным дзяржаўным архіве ў Вільні - Lietuvos Centrinis Valstybinis Archyvas - (далей чытай скарочана LCVA), які датычыць прэлімінару бюджэту на лістапад 1920 г. названа 56 беларускіх народных школ, 389 польскіх усеагульных школ і 25 яўрэйскіх народных школ (LCVA, F. 172, Ap. 1, B. 235, L. 64). У актах Кураторыі Віленскай школьнай акругі пададзены пералік беларускіх публічных школ на дзень 1 траўня 1921 г. У гэтым дакуменце агулам названы 52 школы, у тым ліку ў Вільні - 7, а ў Віленскім павеце - 2, у Ашмянскім - 23, у Свянцянскім - 20 (LCVA, F. 172, Ap. 1, B. 445, L. 1).

Паводле дадзеных службовай інспекцыі, праведзенай у 1923 г. па даручэнні прэм'ера Уладзіслава Сікорскага на Усходніх Крэсах існавала ў Віленскім ваяводстве 36 беларускіх школ, 1 школа ў Наваградскім ваяводстве (Сракоўскі. 1924, с.15). У сеймавай справаздачы, якая датычыла бюджэтнага прэлімінару Міністэрства рэлігійных вызнанняў і грамадскай асветы на 1924 год чытаем, што на тэрыторыі былой так зв. Сярэдняй Літвы ёсць 29 беларускіх школ і 38 беларускіх настаўнікаў ("Natio", nr 3-4: 1927, s.52).

У наступныя гады што раз мацней на справы школьніцтва пачынаюць уплываць змены, якія адбываліся ў палітыцы дзяржавы адносна нацыянальных меншасцяў. Звязаны яны перш за ўсё з рэалізацыяй, абвешчанай лагерам Нацыянальнай дэмакратыі інкарпарацыйнай канцэпцыі ў стаўленні да Ўсходніх Крэсаў. У адносінах да нацыянальных меншасцяў гэтая ідэя абвяшчала вяршэнства польскага народу, як выключнага дыстрыбутара гаспадарчых рэсурсаў краю і адзінага спадчынніка нацыянальных культурных каштоўнасцяў. У вобласці асветы нацыянальны характар дзяржавы меў быць на практыцы дасягнуты цераз увядзенне правіла, што адзінай дзяржаўнай мовай можа быць мова польская, адзінай дзяржаўнай школай - школа з польскай мовай выкладання. Нацыянальныя меншасці мелі права на заснаванне школаў і гаспадарча-культурных інстытутаў толькі ўласнымі сіламі (Paprocka, 1995, s. 5-32).

У вобласці беларускага школьніцтва першымі інструкцыямі, якія ўтрымоўвалі афіцыйныя абавязкі ў справе заснавання прыватных элементарных пачатковых школ былі "Часовыя прадпісанні аб пачатковых школах" (Dz. Urz. Ministerstwa Wyznan Religijnych i Oswiecenia Publicznego nr 1 z 1917 r., art. 78-93) і распараджэнне часовага генеральнага камісара Усходніх Земляў (Dz. Urz. Ministerstwa WRiOP nr 12-13, 1919 r., p. 1, art. 10, 11, 25-30 i 38-39).

Паводле тых распараджэнняў у заяве аб канцэсіі павінен быў утрымоўвацца шэраг абавязкаў, у т.л. натарыяльна заверанае абавязальніцтва аб матэрыяльнай адказнасці за ўтрыманне школы, пасведчанне за маральную адказнасць, за яе кірунак. А таксама заключэнне павятовага лекара, пацверджанага старастам, што школьны будынак у санітарных адносінах прыдатны для той мэты. Заява павінна была ўтрымоўваць таксама праграму навучання, пералік падручнікаў, лік класаў, бюджэт школы, характарыстыку асобы кіраўніка з дакладнай падачай кваліфікацыі, дадзеных персанальных і довадаў дзяржаўнай прыналежнасці, а так-сама біяграфіі і характарыстыкі настаўнікаў пра іх абывацельскую беззаганнасць, выдадзеныя староствам. Звыш таго да заявы належала далучыць абавязальніцтва, што выкладанне польскай мовы, гісторыі і геаграфіі Польшчы будзе адбывацца на польскай мове паводле міністэрскай праграмы навучання (Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, далей чыт. у скар. НАРБ, ф. 883, воп. 1, спр. 16, л. 4).

Захаваная ў архіўных матэрыялах інструкцыя Кураторыі Віленскай школьнай акругі ад 1 студзеня 1923 г., накіраваная да Беларускай цэнтральнай школьнай рады, якая ўтрымоўвала ўмовы, што павінны былі выканаць прыватныя асобы, або таварыствы, якія засноўвалі школы, была цесна ўвязана з вышэй пададзенымі прадпісаннямі з 1919 г. (НАРБ, ф. 883, воп. 1, спр. 27, л. 305).

Утрыманне школы перш за ўсё настаўнікаў падала на плечы бацькоў, якія былі абавязаны ўносіць вызначаныя выплаты, у т.л. так зв. "ссыпку", якая - як падае адзін з захаваных дакументаў 1923 г. з Свянцянскага павету - складала 12,5 пудоў жыта, 4 пуды ярыны, 30 пудоў бульбы, 1 пуд тлушчу (НАРБ, ф. 883, воп.1, спр. 24, л. 3).

Пярэчанні ў адносінах да беларускага школьніцтва высоўваліся не толькі прадстаўнікамі Нацыянальнай дэмакратыі. Мажлівасць русіфікацыі і правядзення камуністычных ідэй праз беларускія школы бачылі вучоныя, улады і дзеячы асветы [1]. Слабое развіццё школьніцтва на беларускай мове, а таксама адсутнасць традыцый і метадаў навучання рабілі гэтую небяспеку рэальнай. Аднак у тым месцы належыць зазначыць, што польскія адукацыйная ўлады не рабілі ў той вобласці вялікіх высілкаў у справе падрыхтоўкі настаўніцкіх кадраў для беларускіх школ, чаго дамагаліся нацыянальныя арганізацыі. Адным з пацверджанняў адсутнасці падтрымкі для развіцця тога школьніцтва, што вынікала ў т.л. са страху пранікнення ў яго расійскіх настаўнікаў, можа быць ліст Міністэрства рэлігійных вызнанняў і публічнай асветы, накіраваны да старшыні Беларускага камітэту ў справе курсаў для настаўнікаў не польскай нацыянальнасці. Чытаем у ім у т.л. "Курс для настаўнікаў не польскай нацыянальнасці, які распачынаецца ў Кракаве 14 студзеня 1922 г. арганізаваны для тых, хто прагне атрымаць веды польскай мовы, гісторыі і геаграфіі Польшчы, якія неабходныя для працы ў школьніцтве на абшары ўсёй Рэчы Паспалітай Польскай, а так-сама на тэрыторыі Наваградскага ваяводства (....) Міністэрства не можа жадаць ад кандыдатаў на курс абавязальніцтваў заняць пасля вяртання пасады ў беларускім школьніцтве, паколькі значная частка кандыдатаў на сёння наогул не працуе ў школьніцтве, а набіраецца сярод былых настаўнікаў расійскіх школ, якія па прычыне недастатковага ведання беларускай мовы не маглі нават працаваць у беларускім школьніцтве" (НАРБ, ф. 883, воп.1, спр. 18, л. 7).

Як вынікае з далейшай часткі дакумента, 250 слухачам курсу адмоўлена пасля яго заканчэння ў працы на Ўсходніх Крэсах, ім выдзелены пасады на іншых тэрыторыях у т. л. у Келецкім ваяводстве. Пра недахоп падрыхтаваных для працы ў беларускай школе настаўніцкіх кадраў сведчаць лічбы. У 1921/22 навучальным годзе на агульную колькасць 50091 настаўнік у дзяржаве было толькі 297 настаўнікаў беларусаў, але і тыя не былі зацверджаны адукацыйнымі ўлададмі ("Natio", nr 3-4: 1927, s.54).

У тым ідэалагічным клімаце і атмасферы недаверу нарадзілася Палажэнне, выдадзенае 31 ліпеня 1924 г., пра школьніцтва няпольскіх народаў, якое на доўгія гады надало акрэслены кірунак адукацыйнай палітыцы дзяржавы ў адносінах да нацыянальных меншасцяў. Па задуме таго Палажэння ўсё школьніцтва павінна быць арганізавана паводле аднаго тыпу і аддадзена пад кіраўніцтва цэнтральных улад у Варшаве. Тым самым ліквідаваліся існаваўшыя да таго часу культурныя і асветныя аўтаноміі тых земляў. Артыкул 2 гэтага Палажэння ўводзіў змешаную школу, ці ўтраквісцкую, з дзвюмя мовамі выкладання, польскай і дадзенай нацыянальнасці, як асноўны тып у вобласці школьніцтва нацыянальных меншасцяў.

Палажэнне пра ўтраквісцкія школы накладвала на ўлады абавязак правядзення школьнага плебісцыту, у выніку якога пытанне аб мове выкладання ў школе павінны былі вырашаць заявы бацькоў. Інструкцыі ўстанаўлівалі, што пра навучанне на беларускай мове ў школу павінна быць пададзена не менш як 40 заяў (дэкларацый) бацькоў. Аднак калі ў тым самым школьным рэгіёне бацькі 20 дзяцей дамагаліся польскай мовы выкладання - навучанне павінна было весціся па дзвюх мовах. План урокаў у дзвюхмоўных школах прадугледжваў палову агульнай колькасці заняткаў на кожнай з іх.

Інструкцыі гэтага Палажэння вымагалі, каб подпісы на дэкларацыях, якія складаліся беларусамі, былі завераны натарыюсам, гміннай уладай або старастам. Тыя ўмовы складалі вялікія цяжкасці ў скарыстанні выдадзенага Палажэння люднасцю беларускай, у большасці непісьменнай, слаба з'арыентаванай у адміністрацыйных інструкцыях, вымушанай звяртацца па дапамогу да трэціх асоб. Адным з прыкладаў таго стану рэчаў ёсць захаваныя ў архіўных матэрыялах дэкларацыі, якія часта маюць форму просьбы аб адкрыцці новай або пераўтварэнні існай польскай школы ў школу з беларускай мовай выкладання, а таксама аб працаўладкаванні адпаведнага настаўніка. Такім дакументам ёсць у тым ліку ліст жыхароў вёскі Стары Свержань Стаўпецкага павету (мал.1), які быў напісаны ад імя непісьменных бацькоў былым настаўнікам даўнейшай расійскай школы (НАРБ, ф. 883, воп. 1, спр. 42, л. 496).

Беларускія арганізацыі, і перш за ўсё Таварыства беларускай школы праводзілі, пастаўленую на шырокую ногу, інфармацыйную акцыю аб спосабах стварэння беларускіх школ, згодна з прынятым у 1924 г. Палажэннем. У СМІ на беларускай мове друкаваліся дакладныя інструкцыі і ўзоры дэкларацыі разам са зваротамі да люднасці, што заклікалі да барацьбы за нацыянальную школу. Беларуская люднасць пачала масава складаць дэкларацыі з жаданнем школ з беларускай мовай выкладання. (мал. 2). Сама толькі Беларуская школьная рада ў Вільні зарэгістравала пасля ўвядзення Палажэння 101 ухвалу вясковых сходаў, які датычыліся каля 5500 дзяцей. Як сцвярджаў з сеймавай трыбуны прадстаўнік Польскай сацыялістычнай партыі пасол Чапінскі, беларуская люднасць на школьным плебісцыце ўнесла дэкларацый аб адкрыцці не менш як 400 беларускіх школ ("Natio", nr 3-4: 1927, s. 3-4).

Жорсткія прадпісанні, абавязковыя пры адкрыцці ўсеагульных школ ішлі ў пары з суровымі карамі супраць асоб, якія адкрывалі школы без дазволу і неабходных дакументаў. Сведчаць пра гэта захаваныя лісты павятовых школьных інспектараў з пачатку дваццатых гадоў. У адным з іх, які ўтрымоўвае адмову ў адкрыцці школы ў Малькавічах Мікалаеўскай гміны чытаем: "У адказе на заяву пана Школьны інспектарат не дазваляе прыватнага навучання дзяцей на мове нацыянальных меншасцяў. Па гэтай справе належыць звярнуцца ў Кураторыю Віленскай школьнай акругі, у кампетэнцыю якой уваходзіць выдача дазволаў на адкрыццё школаў нацыянальных меншасцяў. Нагадваю пры тым, што ў выпадку падпольнага навучання пан будзе прыцягнуты да суровай адказнасці" (НАРБ ф. 883, воп. 1, спр. 16, л. 31).

У іншым лісце, накіраваным жыхарам вёскі Дубені гміны Валожын, Школьны інспектарат засцерагае: "Самавольна адкрытая беларуская прыватная школа без дазволу Кураторыі школьнай акругі падлягае закрыццю паліцыяй згодна з выдадзенымі даручэннямі ад адміністрацыйных улад" (НАРБ, ф. 883, воп. 1, спр. 16, л. 31).

У архіўных матэрыялах, якія датычацца беларускага школьніцтва з 1924/25 школьнага году, захаваліся звесткі аб прымяненні судовых і адміністрацыйных пакаранняў супраць настаўнікаў, якія адкрывалі школы без дазволу. Названа у т.л. настаўніца Марыя Белавус , прыгавораная да штрафу і 6 месяцаў зняволення. Пададзены таксама прозвішчы іншых пакараных настаўнікаў, якія на падставе ухвал вясковых грамад у вёсках з перавагай беларускай люднасці або цалкам беларускіх у школьным годзе 1924/25 адкрылі каля 100 школ, якія не былі легалізаваныя (НАРБ, ф. 883, воп. 1, спр. 77, л. 158). У тым самым дакуменце датычна стану беларускага школьніцтва ў Заходняй Беларусі пададзена, што дзяржаўных беларускіх усеагульных школ было толькі 3 (у Вільні , Гародні і вёсцы Вялікая Ліпа Нясвіжскага павету). Астатнія школы былі ператвораны адукацыйнымі ўладамі ў школы ўтраквістычныя польска-беларускія.

Дадзеныя, якія датычацца колькасці беларускіх школ, захаваны ў розных крыніцах, не з'яўляюцца дакладнымі і аднолькавымі. Адукацыйныя ўлады і беларускі бок часта падаюць розныя лічбы. Узнікае гэта перш за ўсё з-за няўстойлівасці сітуацыі з беларускімі школамі асабліва агульнаадукацыйнымі, ліквідацыі тых, якія дзейнічаюць не згодна з інструкцыямі, і спробаў заснавання новых, а таксама розных крытэрыяў, якія прымяняліся ў статыстычных падліках [2]. Названы ўжо раней рапарт, які датычыцца інспекцыі Усходніх Крэсаў, падрыхтаваны па даручэнні прэм'ера ўраду К. Сракоўскім у 1923 г., а гэта значыць перад увядзеннем Палажэння аб утраквістычным шольніцтве, падае 37 беларускіх школ. Трэба меркаваць, што гэтыя звесткі датычаць школ публічных, без уліку прыватных (Srokowski, 1924, s. 11-17).

Матэрыялы, якія датычаць школьніцтва на Усходніх Землях з 1927 г., праз тры гады пасля ўводу ў дзеянне Палажэння, падаюць паступныя дадзеныя: публічных школ з беларускай мовай выклавання - 24, публічных школ двух моўных (утраквістычных) -51.

Пры гэтым у Варшаўскай школьнай акрузе (Гародня), беларускіх школ - 1, у Віленскай акрузе (ваяв. Віленскае і Наваградскае) беларускіх школ - 22, дзвюхмоўных - 42. акрамя таго ў Віленскай школьнай акрузе названы 9 прыватных школ, што падаецца ў святле іншых матэрыялаў лікам надзвычай малым ("Sprawy Narodowosciowe", №4: 1927, s. 408).

Справы асветы і далейшая рэструктырызацыя школьніцтва былі адным з повадаў нарастання канфліктаў у польска-беларускіх стасунках. Супраціўляліся дзеянням польскіх адукацыйных улад перш за ўсё беларускія арганізацыі, у т.л. Таварыства беларускай школы. Шырока вядомыя былі выступленні прадстаўнікоў Таварыства, якія супрацьстаялі чынёным уладамі цяжкасцям у атрыманні дазволаў на адкрыццё школ або адсутнасць адказаў на пасланыя просьбы аб канцэсіях.

На падставе аднаго з дакументаў можна сцвярджаць, што ў 1925 г. адмовілі ў пацверджанні подпісаў на абавязковых школьных дэкларацыях шмат войтаў і бурмістраў, у т.л. у гмінах, якія належалі да паветаў: Слонімскага, Пастаўскага, Нясвіжскага, Наваградскага, Пінскага, Маладзечанскага. Гэтыя злоўжыванні былі зарэгістраваны ў Беларускім інстытуце гаспадаркі і культуры, а таксама ў Таварыстве беларускай школы ў Вільні. У тым жа годзе пададзена 32 заявы на атрыманне канцэсіі ў школьныя інспектараты. Аднак гэтыя інстытуцыі неабгрунтавана патрабавалі, як пададзена ў дакуменце, шэрагу дадатковых пасведчанняў і дэкларацый (НАРБ, ф. 883, воп. 1, спр.75,л.12).

Належыць аднак сцвярджаць у святле на той час прадстаўленых матэрыялаў, што названыя патрабаванні, якія датычыліся ў т.л. сведчанняў маральнасці настаўнікаў, заключэнняў павятовых лекараў па школьных будынках, пасведчанняў кваліфікацыі настаўнікаў былі згодныя з распараджэннямі, выдадзенымі адукацыйнымі ўладамі, аднак некаторыя з іх можна прызнаць за звыш цяжкія (напрыклад, прадстаўленне выключна арыгіналаў, а не копій персанальных дакументаў). Больш абгрунтаваныя ёсць на той час абвінавачванні аб непрызнанні за выпускнікамі беларускіх курсаў педагагічных правоў на атрыманне настаўніцкай кваліфікацыі. Так зрабіла Віленская кураторыя, якая прызнавала канцэсію на адкрыцце прыватнага курсу ўдасканалення настаўнікаў у Вільні, але адначасова не давала яго слухачам права на навучанне.

Афіцыйным пратэстам у справах адукацыйных быў ліст накіраваны ў Міністэрства рэлігійных вызнанняў і публічнай асветы 4.12.1926 г. віца-старшынём Таварыства беларускай школы і сенатарам А. Уласавым. Чытаем у ім у т.л.: "На гэты момант рэальна не існуе ўсеагульнае беларускае школьніцтва, не гледзячы на выдадзенае ў 1924 г. так званае моўнае палажэнне, што пацвярджаецца наступным: 1) адміністрацыйныя ўлады чыняць усялякія перашкоды, для людзей, якія хочуць у адпаведнасці з Палажэннем ад 31.07. 1924 г. беларускай школы, адмаўляюца завяраць подпісы бацькоў на школьных дэкларацыях; 2) школьныя кураторыі не маюць кваліфікаваных настаўнікаў для беларускіх школ: 3) на прыватныя беларускія школы школьныя кураторыі або зусім не выдаюць канцэсіі, або таксама не зацвярджаюць настаўнікаў беларусаў з-за адсутнасці польскіх кваліфікацый: 4) настаўнікі беларусы, якія закончылі беларускія ўрадовыя курсы ў Кракаве і Вільні працуюць супраць сваёй волі ў Канграсоўцы ў польскіх школах: 5) да знішчанага да шчэнту школьнымі ўладамі беларускага школьніцтва спускаюцца больш суровыя інструкцыі, чым да прывілееванага польскага школьніцтва".

Дня выпраўлення такой сітуацыі ў вышэй названай скарзе А. Уласаў дамагаўся: 1)дазволу на выкладанне ў беларускіх школах, прыватных і дзяржаўных, тым настаўнікам, якія мелі допуск да навучання ў былых расейскіх народных школах, а таксама якія закончылі беларускія прыватныя курсы: 2) прызнанне права выкладання ва ўсеагульных школах за беларусамі, якія закончылі 8, параўнальна 6, класаў беларускай або польскай гімназіі з той умовай, што на працягу трох гадоў яны закончаць метадычна-педагагічны настаўніцкі курс: 3) перавод усіх настаўнікаў беларусаў, працаўладкаваных раней у іншых мясцінах краю, на дзяржаўныя пасады ў беларускіх школах. Патрабавалася таксама неадкладнае стварэнне беларускіх курсаў удасканалення для вышэй названых настаўнікаў, запуск дзвюх беларускіх настаўніцкіх семінарый, а так-сама Беларускага педагагічнага інстытута (НАРБ, ф.883, воп. 1, спр.75.п.90) (мал. 3).

Да таго тыпу дакументаў належала таксама петыцыя Наваградскага акруговага кіраўніцтва Таварыства беларускай школы пададзеная міністру РВіПА 4 ліпеня 1927 г., у якой дамагалася ператва-рэння з пачатку 1927/28 шко-льнага года агульнаадукацый-ных дзяржаўных школ з поль-скай мовай выкладання, якія існавалі на тэрыторыі Нава-градчыны, у школы з бела-рускай мовай у колькасці зго-днай з пададзенымі мясцовай люднасцю дэкларацыямі.

Розны лік беларускіх школ у прадстаўленых вышэй матэрыялах вынікае таксама з факту, што дадзеныя, якія служаць асновай падлікаў ахоплівалі ўсе школы, прыватныя і публічныя, а таксама з усеагульнай з'явы размяшчэння асобных класаў адной школы ў некалькіх дамах, нанятых у гаспадароў. Для прыкладу можна прыкласці звесткі з ліста Аддзела беларускага школьніцтва Дэпартамента асветы ў надлясніцтва Ашмянскага павету з 1921г., які датычыцца запытаў на апал беларускіх школ. Названы лік 148 школ у адным павеце выклікае дапушчэнне, што палічаны асобныя класы, якія патрабуюць забеспячэння апалам, размешчаныя ў розных вясковых будынках.

Асабліва важным у гэтай петыцыі было патрабаванне адкрыцця ў Наваградку на час летніх канікулаў кароткатэрміновых курсаў для настаўнікаў беларусаў з кваліфікацыямі настаўнікаў расейскіх школ, а таксама пастаянных двухгадовых курсаў пры Наваградскай беларускай гімназіі для моладзі, якая хоча прысвяціць сябе настаўніцкай прафесіі ў беласускім школьніцтве (НАРБ, ф. 883, воп.1, спр. 44, л. 402). Пратэстныя рэзалюцыі падобнага зместу складаліся таксама ў пазнейшыя годы, яны сведчаць, што сітуацыя ў вобласці беларускай асветы не змянілася.

Асабліва знамянальным для ацэнкі сітуацыі быў мемарыял пададзены прэзідэнту РП Ігнацыю Масціцкаму беларускай дэлегацыяй падчас яго візіту ў Вільню 18 чэрвеня 1930 г. У гэтым мемарыяле беларускія дзеячы дамагаліся выканання наступных патрабаванняў у справе беларускага школьніцтва:

1) адкрыцця з пачаткам 1930/1931 школьнага года поўных 7-гадовых пачатковых школ, не менш, чым на адной па павет і адна-двухкласных там, дзе ўжо па некалькі год гэтага дамагаецца беларускі народ;

2) выдачы канцэсіі на прыватную настаўніцкую семінарыю ў Вільні;

3) адкрыцця аднагадовых беларускіх настаўніцкіх курсаў у Вільні;

4) выдачы пастаяннай канцэсіі існым прыватным беларускім гімназіям у Вільні, Наваградку і Клецку;

5) выдзялення названым гімназіям урадавай дапамогі для ўтрымання настаўніцкіх штатаў і спецыяльных субсідый;

6) надання ўсім беларускім гімназіям поўных правоў дзяржаўных школ;

7) прызначэння з Міністэрства працы і сацыяльнай апекі адпаведных дапамог на ўтрыманне інтарнатаў пры названых гімназіях

8) надання кваліфікацыйнай катэгорыі тым настаўнікам беларускіх гімназій, якія працуюць у іх 6 гадоў;

9) выдзялення дапамогі Беларускаму выдавецкаму таварыству на друкаванне беларускіх школьных падручнікаў і доўгатэрміновага крэдыту на выдавецтва для беларускай моладзі;

10) утварэння кафедры "Беларусазнаўства" ў Віленскім універсітэце;

11) выдзялення дапамогі беларускім культурна-асветным арганізацыям на пазашкольную асвету.

У адносінах да пачатковых школ, названых у гэтай працы, патрабаванні не былі выкананы нават у найменшай ступені, пра што сведчыць пратэст, апублікаваны праз 6 гадоў на старонках "Беларускай крыніцы" 15 верасня 1936 г., у якім чытаем у т. л. "Пачатковае навучанне беларускіх дзяцей у польскіх дзяржаўных школах, апрача 69 школ, у якіх беларуская мова ўзятая пад увагу (падкр.В.П.) адбываецца па-польску. Бацькі і апекуны беларусы дамагаюцца для сваіх дзяцей пачатковага навучання на бацькавай мове падпісваюць дэкларацыі за беларускую школу " ("Sprawy narodowosciowе", № 6: 1936, s. 650)

Захаваны ў дзяржаўным Архіве Гарадзенскай вобласці (далей чыт. скар. ДАГВ) дакумент утрымлівае ў т.л. звесткі, якія датычаць беларускага школьніцтва на тэрыторыі Наваградскага ваяводства ў 1937/1938 школьным годзе і можа быць ілюстрацыяй таго стану рэчаў. З яго матэрыялаў вынікае, што не было на тэрыторыі ваяводства школ утраквістычных, як і з беларускай мовай выкладання. Існавала толькі 35 школ, у якіх беларуская мова выкладалася як прадмет. Гэтыя школы знайходзіліся ў Наваградскім, Слонімскім, Стаўпецкім і Баранавіцкім паветах. Ліквідацыя так званага беларускага школьніцтва (у тым дакуменце з невысветленых прычын ужываецца азначэнне "так званае беларускае школьніцтва"; падкр. В.П.) датуецца ў ваяводстве, як сцверджана ў захаваных матэрыялах, ад 1936 году. Да 1938 году было зліквідавана 12 школ утраквістычных, 17 з беларускай мовай навучання і 23 з беларускай мовай як прадметам (ДАГВ, бібл. № 784. стар. 60-61).

Цікавым уяўляецца склад статыстычных дадзеных паводле стану на 1.02.1938 г., якія таксама датычацца Наваградскага ваяводства. У Наваградскім павеце ў 17 вёсках было 17 усеагульных публічных школ, у якіх беларуская мова выкладалася як прадмет, у тым ліку: 6 аднакласных, 4 двухкласныя, 4 трохкласныя, 1 чатырохкласная, 3 пяцікласныя. Веды ў іх атрымоўвалі 2760 дзяцей нацыянальнасці, названай у статычтычнай зводцы, як "так званыя беларуская" або "тутэйшая". Для параўнання можна падаць, што польскіх дяцей у тых школах было 123, яўрэйскіх 17. У Слонімскім павеце ў 7 вёсках было 7 агульнаадукацыйных публічных школ: 4 чатырохкласныя і 3 шасцікласныя, у якіх вучылася 1146 дзяцей нацыянальнасці беларускай або "тутэйшай", 43 вучні польскія і 3 яўрэйскія. У Стаўпецкім павеце ў 8 вёсках існавала 8 публічных агульна-адукацыйных школ: 4 чатырох-класныя, 2 шасцікласныя і 2 чатырохкласныя (безумоўная памылка, але так у аўтара, рэд ). Веды ў іх атрымоўвалі 1986 беларусаў або "тутэйшых", 80 вучняў польскіх і 97 яўрэйскіх. У Баранавіцкім павеце ў 3 вёсках функцыянавалі 3 школы: 2 чатырохкласныя і 1 шасцікласная. Вучылася ў іх 390 дзяцей нацыянальнасці беларускай або "тутэйшай" і 33 польскія дзіцяці (ДАГВ, бібл. №784, стар. 4).

Асветныя акцыі арганізоўвалі супольнымі дзеяннямі, не гледзячы на розніцу у палітычных поглядах, Таварыства беларускай школы і Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры. У выніку такой каардынацыі быў утвораны спецыяльны Школьны сакратарыят у Вільні, задачай якога было рассыланне інструкцый, фармуляраў, заяў і да т.п. у справе адкрыцця беларускіх школ. Школьны сакратарыят, паводле інфармацыі беларускай прэсы меў разаслаць звыш 50 тысяч дэкларацый. Да змагання за школу далучылася і прэса. Між іншым у часопісе "Беларускі фронт" №3 ад 5.12.1937, у закліку пад назвай "За беларускі школьны плебісцыт" грамадства заклікалася да правядзення плебісцыту пад назвай "За беларускую мову навучання". Гэтыя акцыі былі негатыўна ацэнены дзяржаўнымі ўладамі, яны прызнаваліся неадпаведнымі надзённым патрэбам і настроям беларускай супольнасці, арганізаванымі ў вялікай меры камуністычнымі групамі. Вынікам гэтай пазіцыі была негатыўная ацэнка дзейнасці Школьнага сакратарыяту і яго арганізатараў - Таварыства беларускай школы і Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Праўдападобна, што гэта стала прычынай праверак, праведзеных у цэнтральны офісах тых арганізацый і наступнай забароны іх дзейнасці у снежані 1936 года.

Барацьба за беларускую школу аднак не спынілася пасля роспуску ў студзені 1937 года абедзвюх арганізацый. Ужо ў жніўні гэтага году Беларускі нацыянальны камітэт у Вільні прыняў ухвалу новага выступлення з мемарыялам у справах асветы да прэм'ера РП і Міністра РВіПА. У канцы таго ж году на Вальным зборы гэтай арганізацыі прынята ўхвала, у якой дамагаліся (так жа, як і ў папярэдніх мемарыялах) навучання дзяцей на роднай мове, супрацьпастаўляючыся ўсеагульнаму навучанню па-польску ў дзяржаўных школах. У вобласці пазашкольнай асветы патрабавалася арганізацыя прафесійнай дапамогі "для самаадукацыі шырокіх народных мас" ("Sprawy narodowosciowе", № 4-5: 1937, s. 441-442).

У сітуацыі, у якой апынулася беларускае школьніцтва ў канцы трыццатых гадоў становяцца зразумелымі звароты беларускіх дзеячоў ад асветы, якія пачалі заклікаць да арганізацыі хатняга навучання беларускай мове, што распаўсюджваліся на старонках беларускай прэсы.

У такой жа цяжкай сітуацыі, як і ўсеагульныя школы былі беларускія гімназіі . Вышэй згаданы рапарт Сракоўскага з 1932 г., як і іншыя матэрыялы СМІ называюць 2 беларускія гімназіі ў Віленскім ваяводстве: у Вільні і Радашковічах, а таксама 2 гімназіі ў Наваградскім ваяводстве: у Наваградку і Клецку (спачатку ў Нясвіжы). Ні адна з гімназій не мела пастаянных правоў публічных [3], а дазволы на іх працу выдаваліся на тэрмін у адзін год.

Каэдукацыйная Віленская гімназія Таварыства беларускай школы гуманітарнага тыпу ўзнікла ў 1919 годзе спачатку з рускай мовай выкладання, пазней з беларускай. Засноўваючы беларускую гімназію з рускай мовай выкладання Школьная рада паставіла задачу паступовай беларусізацыі школы як з пункту гледжання складу вучняў (сярод якіх значны працэнт складала яўрэйская моладзь), так і мовы выкладання (НАРБ, ф. 883, воп.1, спр. 30, л.70). Гэта было амаль цалкам рэалізавана на працягу чатырох гадоў. Колькасць вучняў у 1923 г. дасягала 366 (у тым ліку значны працэнт яўрэяў), а ў 1927/28 -171, у тым ліку 75% беларусаў. Спачатку гімназія карысталася з дзяржаўнай субсідыі на 4 стаўкі. У 1929 годзе ў гімназіі працавала 20 настаўнікаў і было 8 класаў. Пры гімназіі існаваў інтарнат для 65 хлопцаў, які ўтрымоўвала Беларускае таварыства дабрачыннасці. Місія метадыстаў утрымоўвала інтарнат для 18 дзяўчат.

Каэдукацыйная беларуская гімназія імя Францішка Скарыны ў Радашковічах узнікла у 1921 г. Яе ўладальнікам таксама было Таварыства беларускай школы. Яна займала 8 класаў і мела 8 настаўнікаў. У 1927/1928 школьным годзе агульная колькасць вучняў дасягала 132, пры гэтым значны адсотак складалі вучні яўрэйскага паходжання. Пры гімназіі існавалі 3 інтарнаты, якія ўтрымоўваліся Місіяй метадыстаў і Таварыствам беларускай школы.

Беларуская каэдукацыйная гімназія ў Наваградку з матэматычна-прырадазнаўчым профілем узнікла ў 1918 годзе, спачатку руская (далей паступова беларусізаваная) яна была ўласнасцю бацькоўскага камітэту. Гімназія не карысталася ніякай дзяржаўнай апекай да 1927 г., калі згодна з распараджэннем Міністэрства РВіПА атрымала 4 настаўніцкія стаўкі. Усяго тут працавала 15 настаўнікаў, а колькасць вучняў у школьным годзе 1927/1928 дасягала 151.

Беларуская каэдукацыйная матэматычна-прыродазнаўчая гімназія ў Клецку, была заснавана ў 1921 г. у Нясвіжы, пазней пераведзеная ў Клецк, утрымоўвалася галоўным чынам з прыватных фундушаў, дадаткова падтрымлівалася гарадскім самакіраваннем. Працавала 8 настаўнікаў на агульную колькасць 158 вучняў у школьным годзе 1927/1928. Ад 1929 г. мела 8 класаў (спачатку 6 класаў).

Ад моманту ўзнікнення беларускае сярэдняе школьніцтва знайходзілася ў цяжкім матэрыяльных і праўных умовах, было пазбаўлена шэрагу прывілеяў, якія падтрымлівалі польскае дзяржаўнае публічнае школьніцтва.

Факт канцэсіявання беларускіх гімназій Таварыствам беларускай школы, якое ў разуменні адукацыйных уладаў прызнавалася камуністычнай агентурай, абцяжарвала развіццё гэтых школ і прымушала да працяглай барацьбы за выжыванне, нармальныя ўмовы працы і атрыманне публічных правоў.

Непасрэдна пасля ўвядзення ў дзеянне ў 1924 г. палажэння аб школьніцтве няпольскіх народаў прадметам шматлікіх петыцый і мемарыялаў, якія накіроўваліся на адрас адукацыйных уладаў Таварыствам беларускай школы і згрупаваннямі іншых нацыянальных меншасцяў на Ўсходніх Крэсах была справа атрымання дазволу на вывучэнне ўсеагульнай гісторыі і геаграфіі на нацыянальных мовах.

У супольным мемарыяле ад 15.9.1923 г. накіраваным у Міністэрства РВіПА ад асветных арганізацый - беларускіх, літоўскіх і яўрэйскіх чытаем: "Вывучэнне гісторыі і геаграфіі на польскай мове, якая для нашых дзяцей не ёсць мовай роднай, непамерна абцяжарыць для дзяцей рух наперад, фатальна адаб'ецца на ўзроўні вывучэння тых прадметаў прывядзе гэтыя такія жывыя і цікавыя галіны ведаў да мёртвага пустаслоўя і пахісне энергію нашай моладзі, а таксама любоў да навукі. Беручы пад увагу названыя погляды нацыянальна культурнай і педагагічнай прыроды, упрошваем пана Міністра аб адмене адпаведнай інструкцыі і аб дазволе вывучаць усеагульную гісторыю і геаграфію на роднай мове" (НАРБ, ф. 883, воп. 1,спр. 40, л. 24). Польскія адукацыйныя ўлады, спасылаючыся на артыкул 7 Палажэння ад 31.VІІ.1924 г. і выканаўчае распараджэнне ад 23.4.1925 г., негатыўна аднесліся да вышэй названых просьбаў, пішучы ў абгрунтаванні: "Абапіраючыся на прыкладзенае Палажэнне, змест якога не выклікае ніякага сумнення, Міністэрства пацвярджае, што вывучэнне гісторыі і геаграфіі як і навука аб агульнай Польшчы павінна адбывацца па-польску" Сярэднія прыватныя школы з беларускай, літоўскай і яўрэйскай мовамі навучання могуць на вывучэнне беларускай, літоўскай або яўрэйскай мовы прызначыць у трох найстарэйшых класах штотыдзень на адну гадзіну болей з мэтай ахапіць навучаннем - акрамя літаратуры - таксама гісторыю культуры дадзенага народу (не гісторыю палітычную, якая павінна вывучацца з агульнай гісторыяй разам і ў адпаведнасці з прыкладзеным Палажэннем па-польску) (НАРБ, ф. 883, воп. 1. спр. 40. л. 15).

Адначасова і матэрыяльныя ўмовы спрычыняліся да крызісаў у дзейнасці беларусіх гімназій. Перамены ў адносінах адукацыйных уладаў да беларускага школьніцтва адбіліся ў т.л. на лёсах Віленскай гімназіі. Пасля вяртання незалежнасці аж да 1923 г. гімназія часткова субсідыявалася праз Урад усходніх зямель Сярэдняй Літвы а пазней праз Кураторыю Віленскай школьнай акругі. Адмена ў 1923 г. польскімі ўладамі датацый, прызначаных школе, абмяжоўвала магчымасці навучання. У выніку непазбежным стала павышэнне ўступных узносаў, што прыяло да змяншэння колькасці вучняў, а ў выніку - колькасці класаў з 10 да 8. Адсутнасць дапамогі з боку адукацыйных уладаў і безвыніковыя старанні аб атрыманні школай публічных правоў, якія давалі б яе выпускнікам права паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы схілілі Беларускую цэнтральную школьную раду да ўмяшання ў справы Віленскай школьнай акругі [4]. Паказваючы змены ў адносінах уладаў да беларускай гімназіі, указвалася на адмоўныя вынікі існага стану рэчаў, аднолькава як для народу беларускага, так і Польскай дзяржавы. Датычыла гэта перш за ўсё эміграцыі абітурыентаў, якія не маючы мажлівасці навучання ў польскіх вышэйшых навучальных установах выязджалі на вучобу ў Прагу Чэшскую, а таксама ў Расію і Савецкую Беларусь. Асабліва апошні кірунак эміграцыі ствараў патэнцыйную небяспеку прынікнення ў Польшчу камуністычнай ідэалогіі. Адначасова выезды на вучобу часта станавіліся падставай для сталай эміграцыі, што пазбаўляла край пэўнага працэнту інтэлігенцыі.

Дзяватыя ўгодкі заснавання Віленскай беларускай гімназіі (1027 г.) сталі аказіяй для новага прыпаміну беларускімі дзеячамі факту нерэалізавання даўно выказаных жаданняў атрымання "польскага грамадзянства" беларускім школьніцтвам.

У лісце, накіраваным у Мінстэрства РВіПА сенатар А. Уласаў - старшыня Таварыства беларускай школы супрацьстаяў няслушным, на яго думку, прэтэнзіям, якія высоўвалі польскія ўлады ў адносінах да гімназіі, папрокам, якія вялі да фармавання негатыўных адносін да гэтай пляцоўкі. Ен пісаў: " Галоўная прэтэнзія , якая высоўваецца на адрас гімназіі і з - за якой гімназія не можа нармальна працаваць , уяўляецца ў тым , што гімназія з ' яўляецца камуністычнай пляцоўкай і праводзіць антыдзяржаўную дзейнасць . Тая прэтэнзія мае паходжанне са старонак віленскай прэсы адпаведнага кірунку , якая імкнецца да таго каб цалкам затаптаць агніскі беларускай культуры і асветы . Таварыства беларускай школы , як пастаянны канцэсіянер цяперашняй гімназіі пярэчыць усякім такога роду тлумачэнням . (.......) Наша гімназія хоча быць свайго роду пашыральнікам ведаў і беларускай культуры. Таварыства беларускай школы не дапусціць ніякай палітыкі ў сваёй школе. (.......) Маючы гэта на ўвазе Таварыства ўжо звольніна некалькі настаўнікаў з мэтай замены іх больш адпаведнымі і кваліфікаванымі. (....) Таварыства прыкладзе ўсе намаганні, каб атрымаць права на выдачу атэстата для сваіх абітурыентаў і права публічнай дзяржаўнай, з дзяржаўным забеспячэннем гімназіі" (НАРБ, ф. 883, воп. 1, спр. 75, л. 61).

У наступныя гады справа гімназій была на ўсім працягу ў цэнтры ўвагі беларускай супольнасці, да чаго спрычыніўся і факт закрыцця гімназіі ў Радашковічах [5].

Прычынай для новых выступленняў у іх абарону стаў ужо згаданы візіт у Вільню прэзідэнта РП Ігнацыя Масціцкага 18 чэрвеня 1930 г. Пададзены кіраўніку дзяржавы мемарыял утрымоўваў ужо шматразова паўтараныя просьбы у т.л. аб прызнанні для гімназій пастаяннай канцэсіі і ўрадавай дапамогі ва ўвядзенні настаўніцкіх ставак, надання ім усіх правоў, якія маюць урадавыя школы, стварэння кафедры "беларусазнаўства" ў Віленскім універсітэце і Беларускай настаўніцкай семінарыі ў Вільні. Толькі апошняе патрабаванне дачакалася частковай рэалізацыі ў выгадзе рашэння і адкрыцця ўтраквістычнай польска-беларускай Дзяржаўнай настаўніцкай семінарыі імя Багушэвіча (Mniejszosci narodowe... "Sprawy narodowosciowe", nr 4-5: 1930, s. 383).

1931 год крынёс далейшае пагаршэнне сітуацыі з беларускімі гімназіямі. Вялікай стратай для беларускага школьніцтва было адкліканне віленскім куратарам канцэсіі гімназіі ў Клецку. Рашэнне гэта абгрунтоўвалася нізкім навуковым узроўнем, як і прызнаннем яе за агентуру Таварыства беларускай школы, якое ў той час, на думку ўладаў заставалася пад моцным уплывам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. У тым самым годзе былі абмяжованы ўрадавыя датацыі для гімназіі ў Наваградку, што затрымала пабудову школьнага будынка. Таксама і Віленская гімназія, якая займала пабазальянскі гмах Св. Тройцы, паўстала перад велізарнымі цяжкасцямі з размяшчэннем. Аднак найбольш негатыўныя вынікі для развіцця пляцовак у Вільні і Наваградку прынесла змяншэнне з 7 да 3 настаўніцкіх ставак.

Стан сярэдняга беларускага школьніцтва і адказнасць за існы стан рэчаў стаў прадметам вострых палемік на старонках беларускай прэсы. У "Голасе праўды" Ф. Акінчыц піша ў т.л., што за стан, які стварыўся, адказнасць у першую чаргу нясуць камуністычныя групоўкі, якія з навуковых устаноў рабілі "цыдадэлі сусветнай рэвалюцыі". Не без віны і беларуская грамадскасць, якая не вырвала з коранем камуністычную заразу, што сістэматычна нішчыла беларускія школы (цыт. за Mniejszosci narodowe... "Sprawy narodowosciowe", nr 4-5: 1930, s. 473). Пэўныя надзеі на папраўку адносін на ніве адукацыйнай працы беларусы звязвалі з асобай новапрызначанага міністра РВіПА Януша Ендраевіча. Між іншым "Беларускі звон" у сувязі з прызначэннем міністра пісаў: "Януш Ендраевіч - адна з найбольш выбітных асобаў сярод урадавай групоўкі, а таксама чалавек найбольш прыхільны да справы нацыянальных меншасцяў..." (Mniejszosci narodowe... "Sprawy narodowosciowe", nr 4-5: 1930, s. 472-473). Аднак жа палітыка адукацыйных уладаў у адносінах да беларускага школьніцтва пайшла па шляху далейшага абастрэння, выклікаючы пратэсты людзей. У 1932 г. куратар Віленскай школьнай акругі праінфармаваў бацькоўскі камітэт гімназіі аб намеры звароту да міністра РВі ПА з прапановай аб прыняцці гімназіі на дзяржаўны штат у форме ўтварэння пры польскай гімназіі імя Славацкага паралельных класаў з беларускай мовай навучання. З тым злучэннем была б увязана перадача ў дзяржаўны скарб маёмасці гімназіі. Падобныя прапановы былі накіраваны і бацькоўскаму камітэту ў Наваградку. Прапановы гэтыя сутыкнуліся з вельмі негатыўным прыёмам, і нават у колах акрэсленых як "паланафільскія" гэты праект быў прызнаны за той, які абражае нацыянальныя пачуцці беларусаў. На надзвычайным агульным зборы бацькоўскага камітэту гімназіі ў Вільні 27 траўня 1932 г. была аднагалосна прынятая ўхвала, якая адвяргала вышэй названыя прапановы. У абгрунтаванні такога рашэння чытаем у т.л. "Прапанова тая ў сваёй сутнасці перакрэслівае існаванне беларускай гімназі ў Вільні, ці ж яна адпавядае нашай істотнай і нязломнай барацьбе за ўтрыманне самастойнай беларускай сярэдняй школы. (......). Звыш таго гэты праект абражае яшчэ нашыя нацыянальныя пачуцці - хіба ж беларусы ў Польшчы не ў стане мець ніводнай сваёй гімназіі?" (Mniejszosci narodowe... "Sprawy narodowosciowe", nr 2-3: 1932, s. 240-241).

У адказ на пратэстныя акцыі, паднятыя ў абарону незалежнасці беларускіх гімназій у "Кур'еры Віленскім" за 2.07.1932 г. з'явілася выказванне Віленскага куратара Казіміра Шалянгоўскага, які стараўся растлумачыць пазіцыю адукацыйных уладаў у той справе. Прызнаючы абавязкі дзяржавы перад нацыянальнымі меншасцямі ў Польшчы ён падкрэсліў ва ўступе залежнасці ступені задавальнення культурных патрэбаў дадазенай этнічнай групы ад ступені яе развіцця і аб'ектыўна існых умоў.

Абмінаючы факт нядаўняй ліквідацыі гімназій у т.л. у Клецку і Радашковічах віленскі куратар адзначыў у сваім пасланні, што аб'ём тых патрэб задавальнялі ў вобласці асветы дзве гімназіі - у Вільні і Наваградку. Тыя школы на думку адукацыйных улад, знайходзіліся ў вельмі цяжкіх умовах, як прыватныя інстытуцыі, што ўтрымоўваюцца беларускай супольнасцю. Паўперызацыя (масавае збядненне) гэтай люднасці зменшыла яе фінансавыя мажлівасці. Значны адсотак беларускіх вучняў складаў вясковы элемент, у найвялікшай ступені закрануты крызісам. У гэтай сітуацыі дальнейшае існаванне беларускіх гімназій магло гарантаваць толькі перахоп іх дзяржаўнымі польскімі школамі. З далейшага больш дэталёвага абгрунтавання ясна вынікала, што мэтай спраектаванай дзейнасці адукацыйных уладаў было адсоўванне навучэнцкай моладзі ад уплываў Таварыства беларускай школы - спонсара гімназій. У сваёй заяве Шалянгоўскі піша пра гэта досыць выразна: "Зварот да Міністра РВіПА мае на ўвазе стварэнне умоў для беларускай моладзі раўназначных з астатняй моладдзю. Толькі тады будзе можна дасягнуць на гэтай тэрыторыі мэтавага адбору з пазіцыі здольнасці выхаванцаў, ці адбору разумовага. Мае значэння таксама гаспадарчы адбор (аўтар не тлумачыць, што разумее пад тым азначэннем - падкр. В.П.), які створыць больш здаровую атмасферу ў школе. На тым фоне маюць месца ферменты, на якія моладзь ваўзросце сярэдняй школы вельмі падатная. Агітацыя дзеячоў, якія ахвотна скарыстоўваюць моладзь для сваіх мэтаў, знойдзе водгук, калі трапіць на супольную незадаволенасць" (Mniejszosci narodowe... "Sprawy narodowosciowe", nr 2-3: 1932, s. 244).

Спасылаючыся на рэформу школьніцтва ў вобласці падрыхтоўкі настаўніцкіх семінарый і адкрыцця педагагічных ліцэяў. Віленскі куратар тлумачыў ў сваёй заяве прычыны ліквідацый беларускіх семінарый у Барунах і Вільні. Адначасова падкрэсліваў, што цяперашняя сітуацыя у вобласці падрыхтоўкі настаўнікаў для беларускіх школ ёсць зусім здавальняльнай, ува ўсіх дзяржаўных семінарыях Віленскай школьнай акругі цяпер адбываецца вывучэнне беларускай мовы на кожным курсе ў памеры 20 гадзін штотыднёва (трэба разумець 20 гадзін на ўвесь курс недзе па 1 гадзіне ў тыдзень, рэд .).

Не гледзячы на супраціў беларускай супольнасці супраць абвешчанай польскімі ўладамі адукацыйнымі рэформы, праграма зменаў была рэалізаваная. У 1933 г. былі закрытыя прыватныя настаўніцкія семінарыі ў Свіслачы і Барунах, як і дзяржаўная семінарыя імя Багушэвіча ў Вільні. Дзве астатнія дзейныя беларускія гімназіі былі ператвораны ў беларускія філіі пры дзяржаўных польскіх гімназіях. У 1934 г. куратар Віленскай школьнай акругі распарадзіўся ліквідаваць беларускую філію пры дзяржаўнай гімназіі ў Наваградку. Гэтае рашэнне было, як афіцыйна сцвярджалася, выклікана мізэрным наведваннем вучняў (Mniejszosci narodowe... "Sprawy narodowosciowe", nr 4: 1934, s. 452). Адсутнасць эфекту ад акцый пратэсту і петыцый падаваных да дзяржаўных кіраўнікоў рознага рангу ў справе школьніцтва не адабралі надзеі ў беларускіх дзеячоў на папраўку стану нацыянальнай асветы. Сябры прэзідыюму Беларускага нацыянальнага камітэту ў верасні 1936 г. зноў падалі дэкларацыю дамагаючыся развіцця сярэдняга школьніцтва. Таму што адзіная, якая засталася ў краі, беларуская філія пры польскай дзяржаўнай гімназіі імя Юліюша Славацкага ў Вільні не магла задаволіць патрабаванняў беларусаў.

Апошнім перад выбухам 2-й Сусветнай вайны дакументам, які захаваўся ў даступных мне матэрыялах ёсць мемарыял пададзены 16 жніўня 1937 г. прэм'еру РП і міністру РВіПА. Так, як і папярэднія, ўзнік ён з ініцыятывы Беларускага нацыянальнага камітэту ў Вільні, а змест яго не адрозніваецца ад раней падаваных на адрас дзяржаўных улад. Змест гэтага мемарыялу ўзбуджаў зацікаўленасць справамі асветы, што знайшло адлюстраванне не толькі ў беларускай прэсе, але таксама і ў прэсе іншых нацыянальных меншасцяў на Ўсходніх Крэсах - украінскай, літоўскай і яўрэйскай (НАРБ, ф. 883, воп. 1, спр. 50, л. 10).

Быць можа адсутнасць далейшых праяў актыўнасці на полі бою за нацыянальную школу звязана з праведзенай польскімі ўладамі ў 1937 г. ліквідацыяй дзвюх важных арганізацый - Таварыства беларускй школы і Інстытута гаспадаркі і культуры. Роспуск абедзвюх арганізацый спрычыніўся да аслаблення кантакту беларускіх палітычных цэнтраў з тэрыторыямі. Актыўнасць некаторых беларусіх колаў, не знайходзячы выйсця ў ранейшых абласцях жыцця нацыянальнай меншасці, у т.л. у справах асветы, была скіравана на ўчастак барацьбы з польскай мовай у праваслаўнай царкве. Аднак гэтая тэма выходзіць па-за пытанні паднятыя ў артыкуле і павінна быць прадметам асобнай распрацоўкі.

Непасрэдным наступствам сітуацыі, у якой знайходзілася беларускае школьніцтва базавае і сярэдняе былі абмежаванні ў атрыманні беларускай моладдзю ўніверсітэцкай адукацыі. Сціплая колькасць дакументаў, якія датычацца гэтага пытання, што знайходзяцца ў архіўных матэрыялах, як і адсутнасць звестак у літаратуры на гэтую тэму даказвае, што вышэйшая школа датычыла вельмі абмежаванай колькасці беларускай моладзі, а справа акадэмічнай падрыхтоўкі стварала значна меншую праблему, чым усеагульнае і сярэдняе школьніцтва. К. Сракоўскі ў цытаваным ужо рапарце гаворыць пра нямногіх студэнтаў. "Кур'ер Віленскі" ад 9.04.1927 г. падкрэслівае пастаянна меншаўшую колькасць студэнтаў-беларусаў. Несумненна трапіць ва ўніверсітэт было цяжка для выпускнікоў беларускіх гімназій, якія ў большасці не мелі правоў публічных. Для моладзі мужчынскага полу моцным бар'ерам у адаптацыі да студэнцкага асяродку і прычынай узнікнення пачуцця адчужанасці была адсутнасць адбытай вайсковай службы у польскім войску.

Канцэсіянерам гімназіі ў Радашковічах было Кола Таварыства беларускай школы. Але яго закрыццё 1 верасня 1928 г. зрабіла немагчымым далейшае функцыяванне школы. Заміж гімназіі ў Радашковічах была адкрыта ўсеагульная сямікласная школа, у якую перайшлі вучні малодшых класаў зліквідаванай гімназіі, вучні старэйшых класаў гімназіі былі пераведзены ў беларускую гімназію ў Вільні.

У гэтай сітуацыі частка беларускай моладзі, калі дазвалялі на тое матэрыяльныя ўмовы, выязджала перш за ўсё ў Прагу Чэшскую [6], а таксама ў Менск і Берлін. Падтрымка чэхавлавацкага ўраду для беларускай супольнасці, у т.л. у вобласці падрыхтоўкі моладзі, знайшла выражэнне ў прызначэнні стыпендый студэнтам-беларусам. У 1921 г. было прызначана 35 стыпендый. У 1922 г. лік іх вырас да 50, а ў 1923 г. - да 100 (НАРБ, ф. 883, воп. 1, спр. 18. л. 62).

Як я ўжо згадвала, найбольш шкоднай з пункту гледжання польскай дзяржавы была эміграцыя ў БССР, дзе цаной за атрыманне стыпендыі і многіх прывілей было прыняцце ідэалогіі марксізму. Такім чынам беларуская моладзь падпадала пад камуністычны ўплыў, што паглыбляла яе варожыя адносіны да "буржуазнай" Польшчы Студэнты-беларусы ва ўніверсітэтах у Польшчы і па-за яе межамі стваралі шматлікія арганізацыі рознага ідэалагічнага профілю, часта звязаныя з кірункамі рэпрэзентаванымі беларускім палітычным рухам у ІІ Рэчы Паспалітай. У Віленскім універсітэце, у якім была адкрыта Кафедра славянскай філалогіі дзейнічаў Саюз студэнтаў-беларусаў. Гэтае таварыства ўзнікла пад уплывам заснаванай у 1930 г. у Вільні арганізацыі "Цэнтрасаюз", прызнаванай за "паланафільскую" і характарызаванай як "беларуская санацыя" [7].

У наступныя гады ўплыў у Саюзе займела аднак беларуская хрысціянсская дэмакратыя (БХД), якая стаяла на грунце барацьбы за дзяржаўную незалежнасць Беларусі ( гл. Папроцкая, 1995, с. 18). У выніку ідэалагічных розніц сярод студэнтаў у Віленскім універсітэце ўзнікла новае аб'яднанне пад назвай "Скарына", якое падтрымлівала блізкія кантакты з польскімі арганізацыямі, у т.л. з "Вільненсіяй", "Пілсуд'яй" і "Красоўяй". У 2 нумары выдання гэтай арганізацыі з назвай "На варце", у артыкуле "Ад рэдакцыі" аўтар апісваючы этапы беларускага адраджэнцкага руху даходзіць да высновы, што "цяпер усе сваркі павінны змоўкнуць", а галоўнай задачай павінна стаць абуджэнне і падтрымка нацыянальнай свядомасці. Здаючы сабе справу з сённяшніх умоў жыцця ў Заходняй Беларусі трэба зрабіць, як сцвярджае аўтар, адну лагічную выснову: "Час ствараць найвышэйны беларускі пазітывізм, як стваралі яго палякі ў канцы ХІХ стагоддзя і ўкраінцы ў аўстрыйскія часы" (Mniejszosci narodowe... "Sprawy narodowosciowe", nr 2-3: 1932, s. 245).

У 1937 г. акадэмічныя ўлады распусцілі аб'яднанне "Скарына". Пратэстам супраць гэтага факту было заснаванне часткай беларускіх студэнтаў Таварыства імя Францішка Скарыны, якое было разгромлена Саюзам студэнтаў-беларусаў, звязаным з хадэкамі і выступаўшым супраць супрацоўніцтва з Польшчай. Непасрэдна звязаным з хадэцкай ідэалогіяй было выданне часопіса да 20-х угодкаў абвяшчэння ў сакавіку 1918 г. незалежнасці Беларусі і ў гонар той гістарычнай даты названага "25 сакавіка". Ва ўступным артыкуле чытаем у т.л.: "Распачынаючы новы школьны год беларуская акадэмічна моладзь пастанавіла распачаць актыўную працу на ніве сваёй Бацькаўшчыны, абапіраючыся на ідэалы акту 25 сакавіка (........) Але акрамя ідэі незалежнасці, якая віруе ў беларускім народзе (.....) сілы народу выкарысталі нашы ворагі для чужой нам барацьбы за чужыя інтарэсы. Вялікія рэзервы палітычных сіл народу знайходзяцца пад гіпнозам камуністычнага Ўсходу і фашысцкага Захаду (......) Супрацьдзейнічаючы марксісцкай і фашысцкай ідэалогіі як чужым і варожым канцэпцыям імперыялізму студэнты-беларусы прызнаюць за сэнс сваёй дзейнасці хрысціянскую ідэалогію поўнай дэмакратыі...." (Mniejszosci narodowe... "Sprawy narodowosciowe", nr 4-5: 1937, s. 441-442).

У "Гадавіках Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні", якія выдаваліся ад 1936/1937 акадэмічнага году, названа таварыства студэнтаў-беларусаў, ахарактарызаванае як ідэйна-выхаваўчае, пад назвай "Беларускі акадэмічны саюз". Яно было пад апекай кіраўніка кафедры славянскай філалогіі прафесара Эрвіна Кашмедзева. Пададзеныя ў "Гадавіках..." статыстычныя звесткі дазваляюць сцвярджаць, што ў 1936/1937 і 1938/1939 гадах былі ва ўніверсітэце ў Вільні 94 студэнты-беларусы. Колькасць іх на канкрэтных аддзяленнях падаецца наступная: гуманітарнае аддзяленне - 5 чалавек, права і грамадскіх навук - 26, тэалагічнае - 3, матэматычна-прыродазнаўчае - 21, лекарскае - 21, прыгожых мастацтваў - 1, сельскагаспадарчае - 15, фармацэўтычнае - 2 ("Roczniki Uniwersytetu... 1936/1937, s. 238; 1938/1939, s. 63").

Захаваныя статыстычныя звесткі Познаньскага ўніверсітэта, якія датычыліся студэнтаў, што размаўлялі на беларускай мове, падаюць, што ў 1921-1923 гадах штогод тут вучылася ад 1-5 чалавек беларускага паходжання. Пра існаванне пэўнай групы студэнтаў-беларусаў у Берлінскім універсітэце сведчыць факт, што ў 1931/1932 акадэмічным годзе там узнік Саюз студэнтаў-беларусаў. Гэты Саюз праз газету "Беларуская крыніца" запрашаў на вучобу ў Германіі, падаючы ўмовы прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, а таксама кошты знаходжання за мяжой.

Адсутнасць вычэрпвальных матэрыялаў у першакрыніцах і апрацовак, якія датычаць беларусаў, што вучыліся ва ўніверсітэтах не дазваляе падрабязна разгледзець гэтае пытанне. Прадстаўленыя звесткі дазваляюць толькі паказаць мажлівасці, якімі карысталася беларуская моладзь для атрымання вышэйшай адукацыі і грамадскага становішча. Гэты даволі павольны паступальны працэс узнікнення пласту беларускай інтэлегенцыі, які назіраўся ў 30-х гадах, быў перапынены выбухам ІІ Сусветнай вайны. Вайна, як пазнешыя гады камуністычнай улады зрабілі немажлівым далейшае развіццё базавага і сярэдняга школьніцтва на нацыянальнай мове. У Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы абавязковай была руская мова, як у школьніцтве сярэднім, так і вышэйшым. Уключэнне беларускага грамадства на мінулае паўстагоддзе ў арбіту савецкай навукі і культуры знайшло адлюстраванне ў канкрэтным стваўленні беларусаў да ўласнай культурнай спадчыны і ў выбары кірункаў нацыянальнай палітыкі маладой Рэспублікі Беларусь.

Ванда Папроцкая, Інстытут археалогіі і этналогіі ПАН, Варшава



[1] Перасцярогі ў адносінах да беларускіх школ не ўваходзілі ў супярэчнасці з прызнаннем патрэбы іх існавання нараўне з польскімі школамі. Выбітны гісторык Марцэлі Гандальсман пісаў: "Беларуская мова ў народнай школе павінна быць цалкам раўнапраўнай з польскай. Народная школа польская ці беларуская будзе засноўвацца паводле рашэння гміны, якая павінна даць школьны дом, зямлю для настаўніка і частку яго ўтрымання" (Handelsman, 1921, s. 45).

[2] Розны лік беларускіх школ у прадстаўленых вышэй матэрыялах вынікае таксама з факту, што дадзеныя, якія служаць асновай падлікаў ахоплівалі ўсе школы, прыватныя і публічныя, а таксама з усеагульнай з'явы размяшчэння асобных класаў адной школы ў некалькіх дамах, нанятых у гаспадароў. Для прыкладу можна прыкласці звесткі з ліста Аддзела беларускага школьніцтва Дэпартамента асветы ў надлясніцтва Ашмянскага павету з 1921г., які датычыцца запытаў на апал беларускіх школ. Названы лік 148 школ у адным павеце выклікае дапушчэнне, што палічаны асобныя класы, якія патрабуюць забеспячэння апалам, размешчаныя ў розных вясковых будынках.

[3] У кароткі перыяд лібералізацыі палітыкі адносна нацыянальных меншасцяў на Усходніх крэсах міністр РВіПА Густаў Дабруцкі распараджэннем ад 3 кастрычніка 1928 г. прызнаў публічныя правы беларускіх гімназій у Вільні і Наваградку. Віленская гімназія атрымала 6 настаўніцкіх ставак, Наваградская гімназія - 2 стаўкі (Мірановіч, 1993. с.53).

[4] Цяжкае становішча Віленскай беларускай гімназіі прадстаўлена ў лісце Беларускай цэнтральнай школьнай рады пад назвай "Pro mеmoria", накіраваным куратару Віленскай школьнай акругі 8 лютага 1924 г. "Да гэтага часу развіццё школьніцтва. - чытаем у дакуменце, - ажыццяўлялася пры дапамозе польскіх адукацыйных уладаў. Гэта дазволіла рэалізаваць праграмы навучання ў 12 класах гімназіі. З незразумелых для школьных улад прычын у 1923 годзе тая дапамога была прыпынена, а просьба аб прызначэнні экзаменацыйнай камісіі для абітурыентаў гімназіі адхілена, што робіць немагчымай іх далейшую адукацыю ў вышэйшых навучальных установах" (LCVA, F-905, Ap. 2, B. 87, L. 7).

[5] Канцэсіянерам гімназіі ў Радашковічах было Кола Таварыства беларускай школы. Але яго закрыццё 1 верасня 1928 г. зрабіла немагчымым далейшае функцыяванне школы. Заміж гімназіі ў Радашковічах была адкрыта ўсеагульная сямікласная школа, у якую перайшлі вучні малодшых класаў зліквідаванай гімназіі, вучні старэйшых класаў гімназіі былі пераведзены ў беларускую гімназію ў Вільні.

[6] Сувязі беларускіх дзеячоў з Чэхаславакіяй датуюцца ад перыяду ўзнікнення ў 1918 г. Беларускай Народнай Рэспублікі, а дакладней ад расколу, які ў снежні 1919 г. наступіў у Радзе БНР на прыхільнікаў канцэпцыі федэрацыйнай бельведэрскага лагера Юзафа Пілсудскага і яе праціўнікаў, якія прызнавалі польскую прысутнасць на беларускай зямлі як акупацыю. Гэтыя астатнія перанеслі новаўтвораную Раду і яе кіраўніцтва ў Літву Ковенскую, атрымаўшы на гэтай тэрыторыі шырокую палітычную аўтаномію, гаспадарчую і культурную. Ковенскі палітычны асяродак падтрымліваў блізкія стасункі з Чэхаславакіяй. У 1923 г. частка кіраўніцтва пераехала ў Прагу. Роспуск Рады БНР і прызнанне Беларускай Сацыялістычнай Рэспублікі Саветаў за адзінага прадстаўніка беларускага народу адбыліся у 1925 г.

[7] Група дзеячоў, згрупаваных вакол Антона Луцкевіча і Радаслава Астроўскага, заснавала ў 1930 г. у Вільні арганізацыю пад назвай "Цэнтрсаюз" ("Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый") і пачала выданне часопіса "Наперад", пазней "Беларускі звон". А. Луцкевіч бачыў магчымасць рэалізацыі нацыянальных інтарэсаў беларусаў ў палітычных умовах ІІ Рэчы Паспалітай. "Цэнтрсаюз" займаўся стварэннем бібліятэк і чытальняў на вёсцы, распаўсюджаннем літаратуры праз выданне "Сялянскай бібіятэкі". У 1933 г. "Цэнтрсаюз" арганізаваў Таварыства беларускай асветы, якое выдавала часопіс "Родны край". Супраць "Цэнтрсаюза" выступалі як хадэкі, так і камуністы ды іншыя беларускія групоўкі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX