Як вядома, беларускія радыёперадачы ў нашым краі, дзе беларуская мова вельмі пашырана, з'яўляюцца рэдкасцю і таму заслугоўваюць, каб пра іх пісаць.
12 траўня (1934 г. - Л. Л. ) першы раз з моманту існавання віленскай радыёстанцыі, слухачы мелі магчымасць пачуць інфармацыю пра Беларусь і беларусаў з беларускай крыніцы, без тэндэнцыйнага польскага асвятлення. Можа і лепей, што даклад быў прачытаны сп. Францішкам Аляхновічам на польскай мове, бо рабіўся для польскага слухача, які, хоць і жыве пасярод беларусаў, але найчасцей нічога не ведае пра іх гісторыю і культуру.
Улічваючы непрацяглы час лекцыі, не было магчымасці вычарпальна раскрыць заяўленую тэму і тое, што можна было пачуць, з'яўлялася па-майстэрску складзеным зборам самых важных фактаў з гісторыі і сучаснасці. Толькі адно можа выказаць супраць рэферата, які, здаецца напісаў А. Луцкевіч, гэта тое, што прадстаўляючы развіццё беларускага школьніцтва ў БССР і падаючы лічбу ў 8 тысяч існых там агульнаадукацыйных беларускіх школ, для параўнання ён не давёў колькасць беларускіх школ у межах полькай дзяржавы. Цяжка нават дапусціць, што аўтар забыўся пра гэтую найвялікшую балячку беларусаў. Застаецца толькі здагадвацца пра аловак цэнзара ў руцэ дырэктара радыё сп. Гулевіча.
Пасля даклада, наступіў час дэкламавання на беларускай мове твораў Максіма Багдановіча ў артыстычным выкананні сп. Аляхновіча. Потым выступіў беларускі хор пад кіраўніцтвам сп. Шырмы. Было выканана 8 беларускіх народных песень у апрацоўцы Галкоўскага, Грачанінава, Рагоўскага і іншых. Гэтыя творы, у выкананні таленавітых харыстаў пад кіраўніцтвам дасведчанага дырыжора, былі выкананы бездакорна, калі не лічыць адносна слабога гучання мужчынскіх галасоў, дакладней басоў, з-за, верагодна, аддаленасці іх ад мікрафона. Тым не менш, выступ хору сп. Шырмы, як і ўсю беларускую перадачу, якая цягнулася 45 хвілін, трэба лічыць вельмі ўдалымі.
Застаецца толькі пажадаць, каб такія выступы адбываліся як мага часцей.
S-cz. [Антон Луцкевіч ?] Audycja białoruska w radio wileńkiem // Pregląd Wileński. 1934. № 11. S. 8.
Пераклад Леаніда Лаўрэша