У апошні час, паны публіцысты з віленскай газеты "Слова" пачалі неаднаразова прысвячаць сваю ўвагу маёй сціплай асобе з незвычайнай зласлівасцю рэагуючы на мае публічныя выступы. На змястоўную крытыку я адказаў бы змястоўна. Адказваючы на зласлівасць - дазволю сабе таксама трошкі зласлівасці, але без вульгарнасці "Слова" [1].
Адзін з публіцыстаў газеты пайшоў так далёка, што пачаў вучыць мяне, як належыць … размаўляць па-беларуску! Маўляў - я ўжываю чужаземныя тэрміны! І гэта напомніла мне пэўны анекдот, які я сваімі вушамі чуў некалі ў Пецярбургу, калі, як малады студэнт, вучыўся ў тамтэйшым універсітэце.
Было гэта на пачатку XX стагоддзя.
На юрыдычным факультэце энцыклапедыю права (агульнае права? - Л. Л.) выкладаў вельмі вядомы ва ўсім навуковым свеце прафесар Л. Петражыцкі. У сваіх лекцыях, на якія прыходзілі і шчыльна запаўнялі залу не толькі студэнты права, але і студэнты іншых факультэтаў, па зразумелых прычынах прафесар Петражыцкі карыстаўся агульнаеўрапейскай тэрміналогіяй. Гэта абурыла аднаго маладога слухача з малалікай тады яшчэ групы "истинно русских". Пасля заканчэння лекцыі, ён устаў і рэзка задаў лектару пытанне: чаму ён замест рускіх ўжывае гэтак многа замежных слоў?
Петражыцкі хвіліну маўчаў і ўважліва глядзеў на студэнта, пасля чаго з поўнай павагай задаў яму пытанне: "А вы, калега, кім будзеце ў нашай вучэльні?" - "Студэнт першага курса другога семестра Імператарскага Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта", - хутка адказаў малады чалавек. І Петражыцкі з поўным спакоем пачаў па-чарзе аналізаваць кожнае са сказаных студэнтам слоў. Аказалася, што студэнт ужыў толькі 2 рускія словы на 7 замежных!
Аўдыторыя выбухнула гамерычным смехам, а потым вітала прафесара гарачымі авацыямі. Нефартунны "патрыёт" з-за сораму хутка пакінуў залу …
Петражыцкі, які пісаў па-нямецку, а выкладаў па-руску, ужываў шмат замежных слоў. І той студэнт, пэўна лепш ведаў рускую мову, чым яе ведаў прафесар, таму пытанне, у пэўнай ступені было аб'ектыўным.
Але мой крытык, на жаль, знаходзіцца трошкі ў іншым стане. Бо ён ані піша, ані размаўляе па-беларуску. Я ж і размаўляю, і пішу на гэтай мове не адзін дзясятак гадоў.
Antoni Łuckiewicz Z dawnych anekgdot (List do redakcji) // Pregląd Wileński. 1935. № 13–14. S. 9.
Пераклад і каментар Леаніда Лаўрэша.
[1] Верагодна, апошнім штуршком, які прымусіў Луцкевіча напісаць гэты ліст у рэдакцыю, стаў рэпартаж з адкрыцця віленскай бібліятэкі імя Урублеўскіх. Падчас цырымоніі адкрыцця сярод іншых вельмі вядомых і паважаных асоб, ад імя Беларускага навуковага таварыства выступіў Антон Луцкевіч. Вось як паведаміла газета пра яго выступ:
"Наступныя два выступы былі ад летувіскага і беларускага навуковых таварыстваў. Кс.-пралат Віскант прамаўляў па-летувіску. Як кажа статыстыка, у Вільні жыве 0,75 % летувісаў і таму сярод 150 прысутных у зале, цалкам верагодна, што мог быць і 1 летувіс. Пасля прамовы па-летувіску, кс. Віскант прамовіў па-польску. Ці быў гэта пераклад з летувіскага, ці была гэта цалкам іншая прамова, засталося таямніцай.
Пан Луцкевіч выступаў па-беларуску. Статыстыка паказвае ў Вільні 0,8 % беларусаў (зразумела, што беларусамі, у лепшым выпадку, статыстыка лічыла толькі праваслаўных - Л. Л.), але хто б успомніў пра тую статыстыку, слухаючы аповед пра тое, як с. п. Урубулеўскі "кантактаваў з беларусамі", якое вялікае значэнне мае "культурны факт" адкрыцця бібліятэкі і г. д. Цёпла станавілася на сэрцы: хто трошкі ведае лаціну, лепей - польскую мову і гаворку галіцыйскіх чыноўнікаў, без цяжкасці можа размаўляць як радавіты беларус!
Натуральна, абедзве гэтыя прамовы былі ўзнагароджаны шчырымі апладысментамі." - цыт. па: Słowo. № 169 (4018), 23 czerwca 1935. S. 5.