Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

Тарашкевіч і Аляхновіч 


Аўтар: Луцкевіч Антон,
Дадана: 11-09-2019,
Крыніца: Луцкевіч Антон. Тарашкевіч і Аляхновіч // НАША СЛОВА. № 37 (1448), 11 верасня 2019.



7 снежня гэтага года на польска-савецкай мяжы Браніслаў Тарашкевіч, шматгадовы палітычны вязень у Польшчы, быў абменены на савецкага вязня, знанага ў Вільні беларускага літаратара Францішка Аляхновіча. Як падае прэса, перамовы паміж польскімі і савецкімі ўладамі па гэтай справе вяліся на працягу 5 месяцаў.

Абмен Тарашкевіча ні для кога не быў неспадзянкай і верагодна пра яго знаў і сам вязень. Пасля суду можна было падаваць апеляцыі аб невінаватасці, але ён гэтага не рабіў. Лічылася, што Тарашкевіча чакае такі ж самы лёс, як і ўсіх былых беларускіх паслоў.

Нумар газеты 'Родны край' ад 6 верасня 1933 г.

Такім чынам, да шматлікай групы былых беларускіх парламентарыяў, якія пакінулі няўдзячнае палітычнае поле Польшчы, дадаўся яшчэ адзін дзеяч, гэтым разам самы таленавіты і папулярны. Хоць палітычнае крэда Тарашкевіча можа выклікаць вялікую засцярогу, аднак шматгадовы тэрмін у турме і асабістыя чалавечыя вартасці Тарашкевіча спрыялі таму, што ён выклікаў не толькі спачуванне, але і розныя групы палітыкаў жадалі бачыць у сваім коле такую неардынарную асобу. Нядаўна з'явілася агрэсіўная брашура, якая характарызавала Тарашкевіча, як закончанага камуніста. Аднак, здаецца, супраць пажаданням аўтара, гэтая брашура палегчыла Тарашкевічу выезд да Саветаў. Гэта быў адзіны эфект ад яе.

Дарога, якую прайшоў у сваёй палітычнай дзейнасці Тарашкевіч, вельмі павучальная. Ад няўдалых спробаў супольнай працы з палякамі, барацьбы ў апазіцыі ён пераходзіць да пераканання, што марксізм у інтэрпрэтацыі Леніна ёсць адзінай дактрынай, здольнай змяніць і ўдасканаліць свет. Не будзем разбірацца з тым, ці ішоў Тарашкевіч па правільнай дарозе, варта падкрэсліць, што яго паступовая метамарфоза не ёсць адзінкавым фактам сярод беларускіх дзеячаў у межах Польшчы. Дзякуючы нацыянальнай палітыцы ў нас, дарога Тарашкевіча ўсё больш становіцца папулярным гасцінцам для беларуса. Менавіта палітыка прывяла Тарашкевіча з лагера радыкальных паланафілаў у лагер верных паслядоўнікаў камуністычнай дактрыны. Эвалюцыя цягнулася шэраг гадоў і, як можна меркаваць з прамоваў Тарашкевіча у судзе, ёсць прадуктам яго глыбокіх роздумаў і пошукаў вырашэння грамадскіх праблем. Таму не трэба казаць, што Тарашкевіч быў не ў згодзе з самім сабой, прыняў модную зараз ідэалогію для кар'еры. А выезд Тарашкевіча толькі пацвердзіў факты, якія да гэтага маглі лічыцца домысламі ці дапушчэннямі.

Наколькі выезд Тарашкевіча нікога не здзівіў, настолькі яго абмен на Аляхновіча ўсіх шакіраваў. Якая іронія лёсу! Даўнія старыя сябры сталі каля памежных слупоў, як прадстаўнікі варожых палітычны накірункаў [1]. І абодва адначасова атрымалі свабоду пасля шматгадовай вязніцы [2] ...

Апошнім часам, мы прызвычаіліся бачыць на месцы Аляхновіча арыштаваных ксяндзоў, польскіх патрыётаў і дзеячаў. Першы раз вяртаецца гэтай дарогай беларус. Без сумнення цяжкім быў лёс Аляхновіча на Салавецкіх выспах, і не дзівіць тое, што імкнуўся ён уратавацца з таго пекла і любым коштам вярнуцца ў родную Вільню. Аднак, у мясцовых беларускіх колах яго вяртанне выклікала шматлікія каментары.

Аляхновіч ніколі не быў палітыкам. Гэта тыповы літаратар, які нават у сваіх творах не кранаўся палітыкі. З-за нейкага выпадку ці непаразумення прыклеілі яму ў Саветах этыкетку палітыка, а пасля абмену праз згоду польскага ўраду на Тарашкевіча, гэтая этыкетка яшчэ мацней і назаўсёды да яго прыстала.

Да беларускага грамадства прыбыла новая сіла, якую можна будзе выкарыстаць для культурнай працы на карысць беларускага тэатру. Аднак гэта праца магла б развівацца толькі ў тым выпадку, калі з урадавых сфераў замест задавальнення ад кідання няшчасных крошак "дзеля адчэпнага", згадзіліся б на вялікую і шырокую дапамогу культурнай працы ў беларускай вёсцы на роднай мове. Але пра гэта не можна і марыць.

Зразумела, што Аляхновіч ведаў пра цяжкія ўмовы працы ў родны краі, і тое што застаў тут, не было для яго неспадзяваным [3].

S-wicz. Taraszkiewicz - Alechnowicz // Pregląd Wileński. № 15-16, 19 grudnia 1933. S. 8-9. (S-wicz. - псеўданім Антона Луцкевіча.)

Пераклад Леаніда Лаўрэша.


Ад перакладчыка. Я ведаю, што давяраць успамінам камуністаў, выдадзеным у Менску да 1990-х гг., нельга. Але, здаецца, успаміны вядомага камуністычнага дзеяча Мікалая Арэхвы маюць прамое дачыненне да тэмы вышэйнадрукаванага артыкула Антона Луцкевіча.

Сярод шматлікіх чыннікаў, якія садзейнічалі змене поглядаў беларускіх нацыянальных дзеячаў у Польшчы, адным з самых важных быў поспех эканамічнага і культурнага развіцця БССР і ... нацыянальная палітыка раўнапраўя ўсіх нацый.

З асаблівым задавальненнем успрынялі дзеячы беларускага нацыянальнага руху ў Польшчы ўзбуйненне БССР у 1924 годзе за кошт далучэння многіх паветаў з пераважным беларускім насельніцтвам Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў. Іх настрой выказаў тады Б. Тарашкевіч у адной са сваіх прамоў у Сейме і потым на судовым працэсе: "Я сказаў сабе, што ў БССР будуецца беларускі дом".

А ў беларусаў у Польшчы свайго дома не было. Там былі "крэсы всходне" Польшчы. ...

Перад КПЗБ стала важная і адказная задача: узяць растучы беларускі нацыянальна-вызваленчы рух пад свой уплыў і надаць яму адпаведную форму развіцця. У выглядзе партызанскай барацьбы гэты рух развівацца ўжо не мог. Патрэбныя былі іншыя арганізацыйныя формы.

Калі я ехаў прымаць кіраўніцтва Віленскім акругай, ЦК КПЗБ даручыў мне ўсталяваць сувязь з прадстаўнікамі левага крыла беларускага нацыянальнага руху. З дапамогай сям'і А. Капчэўскага я звязаўся з выкладчыкам Віленскай беларускай гімназіі, а праз яго - з С. Рак-Міхайлаўскім і Б. Тарашкевічам.

Раней Тарашкевіча я ведаў з газет. Цяпер перада мной стаяў невысокага росту стройны чалавек, гадоў за трыццаць, з залысінамі, невялікімі чорнымі вусікамі, у акулярах, з добразычлівым інтэлігентным выразам твару. Я назваўся Пятром, прадстаўніком кіраўніцтва КПЗБ. ...

У чэрвені 1925 года ў беларускай нацыянальнай фракцыі Сейма адбыўся раскол. З яе складу выйшлі дэпутаты Б. Тарашкевіч, С. Рак-Міхайлоўскі, П. Валошын, П. Мятла, якія стварылі асобную фракцыю пад назвай Беларуская сялянска-рабочая грамада (БСРГ).

Новая фракцыя яшчэ не мела выразнай праграмы і статута. Гэта пытанне абмяркоўвалася пазней на нарадзе прадстаўнікоў ЦК КПП і ЦК КПЗБ з кіруючым актывам БСРГ у канцы жніўня 1925 года, якая адбылася ў Гданьску (дакладней - у Сопаце). Кіраўніцтва БСРГ на гэтай нарадзе прадстаўлялі Б. Тарашкевіч, І. Шнаркевіч, М. Марцінчык і іншыя. Ад імя ЦК КПП выступаў Стэфан, дэлегатамі ЦК КПЗБ былі Артур, Павел і Пётр (аўтар гэтых успамінаў). У якасці прадстаўнікоў ЦК КП (б) Б ўдзельнічалі А. Славінскі, В. Ігнатоўскі і А. Ульянаў.

Такім чынам, нарада была прадстаўнічай і вельмі аўтарытэтнай. ...

Тут я пазнаёміўся з Тарашкевічам бліжэй. Ён прыкоўваў да сябе ўвагу веданнем абмеркоўваных праблем, агульнай эрудыцыяй, досціпам, мяккасцю ў зносінах з людзьмі. ...

II канферэнцыя КПЗБ адбілася ў маёй памяці ... падзеяй. Гэта ўступленне Б. Тарашкевіча ў члены кампартыі. ...

Вучоны-філолаг, аўтар першай беларускай граматыкі, буйны беларускі грамадскі дзеяч, дэпутат Сейма, ён не адразу прыйшоў у кампартыю. Доўгія гады ён падзяляў дробнабуржуазныя погляды і памылкі, вагаўся. У правільнасці праграмы палітычнай дзейнасці кампартыі ён ўпэўніўся з развіцця палітычных падзей у Польшчы і Заходняй Беларусі, дзейнасці КПЗБ і поспехаў БССР у сацыялістычным будаўніцтве і ажыццяўленні ленінскай палітыкі раўнапраўя нацый.

У сваёй заяве Б. Тарашкевіч казаў, што ў апошні час у сваіх палітычных поглядах ён згодны з КПП, а ў Сейме цесна супрацоўнічае з камуністычнай фракцыяй, фактычна лічыць сябе камуністам і хоча афіцыйна быць членам Кампартыі.

Прысутныя на пасяджэнні выказваліся за прыняцце Б. Тарашкевіча ў члены КПЗБ. ...

Прымаючы Тарашкевіча ў КПЗБ (а тым самым і ў КПП), мы дамовіліся, што гэтае рашэнне павінна быць негалосным, каб не нанесці шкоду яго легальнасці і дзейнасці БСРГ, якую ён узначальвае. Было вырашана, што Тарашкевіч не ўвойдзе ў склад камфракцыі ў Сейме, але будзе падпарадкоўвацца яе дырэктывам.

Прымаючы Тарашкевіча ў члены кампартыі, мы не памыліліся. Узначальваючы ЦК БСРГ, ён умела і творча праводзіў там палітычную лінію КПП, спрыяў выцясненню з Грамады беларускіх нацыяналістаў і развіццю яе па рэвалюцыйным шляху. ...

Б. Тарашкевіч меў невычэрпны запас разнастайных анекдотаў, філалагічных, палітычных і іншых, якія артыстычна распавядаў, выклікаючы ўсеагульны смех.

Орехво Н. С. Дела и люди КПЗБ. Воспоминания. Минск, 1983. С. 70-73.; С. 83-86.

[1] Кажуць, што сустрэўшыся на памежным мастку, яны прыўзнялі капелюшы, і Аляхновіч, скрушна прамовіў: "Куды ты, Бронюсь, ідзеш?" - Л. Л.

[2] 8 студзеня 1938 г. Тарашкевіч быў прыгавораны да расстрэлу. Пад нечалавечымі катаваннямі падпісаў даносы на 249 (!) чалавек. Даследчык Леанід Маракоў выказваў меркаванне, што Браніслаў Тарашкевіч не быў расстраляны, а загінуў падчас катаванняў, якія доўжыліся дзевяць месяцаў. - Л. Л.

[3] Францішак Аляхновіч быў забіты ў Вільні ў сваёй кватэры 3 сакавіка 1944 г. Хто яго забіў - чырвоныя партызаны ці АК, невядома да нашага часу. Але перад забойствам Аляхновіч, як рэактар газеты "Беларускі голас" пачаў друкаваць спісы беларусаў, забітых АК-аўцамі ў Лідскім павеце. - Л. Л.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX