Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

Беларуская праца на навуковай ніве. Інтэрв'ю са сп. А. Луцкевічам 


Аўтар: Луцкевіч Антон,
Дадана: 12-02-2024,
Крыніца: Беларуская праца на навуковай ніве. Інтэрв'ю са сп. А. Луцкевічам // Наша слова.pdf № 12 (116), 20 сакавіка 2024.



Маючы жаданне атрымаць дакладныя і вычарпальныя звесткі аб навукова-даследчай працы беларусаў, мы звярнуліся да старшыні Беларускага навуковага таварыства (БНТ) і адначасова дырэктара музея гэтага ж таварыства сп. Антона Луцкевіча. У ціхім пакоі з прыгожым скляпеннем, у якім месціцца архіў музея, сп. Луцкевіч даў нам наступнае інтэрв'ю:

- Гэта сёння нармальная справа, калі беларуская інтэлігенцыя, якая мае неабходную кваліфікацыю, скіроўвае свае інтарэсы ў бок навукі. Самастойная навукова-даследчая праца пераважна засяроджваецца менавіта ў БНТ, якое заснавана ў 1918 г. Таварыства, першапачаткова складалася з людзей, не заўсёды здольных да навуковай працы, але павольна, год за годам, яно пераўтварылася ў паважаны навуковы цэнтр. Доўгі час функцыі ўправы БНТ выходзілі далёка за свае адміністратыўныя рамкі - управа брала на сябе рэцэнзаванне рукапісаў беларускіх падручнікаў, якія выдаваліся для сярэдніх і ніжэйшых школ і, адначасова, у сваім поўным складзе, працавала як установа па справах беларускай мовы.

Даўно ўжо кіраўніцтва Беларускага музея, які застаецца часткай Таварыства, перайшло да Рады музея, якая прызначаецца Управай на правах секцыі. Праца Рады музея ёсць, бадай, самай важнай сферай дзейнасці Таварыства, галоўнай мэтай якога пры яго стварэнні было прыняцце прыватных збораў, якія ахвяраваў с. п. Ян Луцкевіч. Акрамя Рады музея, таксама энергічную дзейнасць вядзе гістарычная секцыя Таварыства, якая разам з членамі Таварыства, аб'яднала і шэраг асоб, якія працуюць над гісторыяй краю і не ўваходзяць у БНТ. Да найбольш важных спраў гістарычнай секцыі можна аднесці ўдзел у VI-м Усеагульным з'ездзе польскіх гісторыкаў, які прайшоў у Вільні на пачатку верасня гэтага года. Члены секцыі заявілі на з'езд 6 дакладаў але, на жаль, у праграме засталіся толькі 2.

- Якой яшчэ дзейнасцю займаецца Таварыства?

- Існуе літаратурна-мастацкая секцыя, у якой супрацоўнічаюць прадстаўнікі розных галін мастацкай творчасці. У гэтым годзе ўзнікла музычна-драматургічная падсекцыя. Але спыніла працу раней вельмі энергічная секцыя, якая ладзіла даклады, гэта здарылася з-за немагчымасці карыстацца залай былой Беларускай гімназіі. Шырокую дзейнасць таксама вяла і краязнаўча-турыстычная секцыя, якая некалькі гадоў таму арганізавала цікавую выставу фотаздымкаў і малюнкаў у галіне беларускай этнаграфіі. Але калі справа дайшла да арганізацыі экскурсійных паездак, секцыя сутыкнулася ў непераадольнымі перашкодамі. Смерць ініцыятара і кіраўніка секцыі, маладога географа Мікалая Ільяшэвіча, нанесла ёй вельмі моцны удар.

Акрамя працы па секцыях, таварыства рабіла памятныя ўрачыстасці, якія тычыліся важных момантаў культурнай мінуўшчыны Беларусі (400-годдзе Статута ВКЛ, заснаванне ў Вільні др. Скарынам першай беларускай друкарні, 500-годдзе смерці вялікага князя ВКЛ Вітаўта, 50-годдзя з дня нараджэння Івана Луцкевіча і інш.), ладзіла навуковыя лекцыі і дыскусійныя вечары, забяспечвала матэрыяламі, інфармацыяй і парадамі як акадэмічную моладзь, так і айчынных і замежных навукоўцаў. І нарэшце, займалася выдавецкай справай.

- Што было надрукавана?

- У першы перыяд свайго існавання, калі Таварыства амаль што ўсю сваю ўвагу засяродзіла на Беларускім музеі, выдавецкая дзейнасць была вельмі абмежаванай і былі выдадзены толькі некалькі брашур. Аднак з 1933 г., дзякуючы субсідыі міністэрства веравызнанняў і асветы, мы выдалі першую кнігу нашага "Гадавіка" і 6 навуковых кніжак. Мы меркавалі, што "Гадавік" будзе пастаянным выданнем і збіралі матэрыялы для выпуску яго ў наступным годзе. На жаль, нашы спадзяванні не апраўдаліся, хоць навуковы свет і прыхільна адгукнуўся на першую кнігу "Гадавіка".

- Якія адносіны БНТ да навуковых колаў у Польшчы і па-за Польшчай?

- Нашы навуковыя кантакты пастаянна растуць, пашыраюцца і паглыбляюцца. Шэраг як польскіх, гэтак і замежных навукоўцаў, наведаў наш музей і карыстаўся нашымі калекцыямі для сваёй навуковай працы. У нас былі госці з Францыі, Бельгіі, Германіі, Нарвегіі, Швецыі, Чэхаславакіі, Італіі і інш. З іншага боку, само Таварыства прымала ўдзел у міжнародных кангрэсах (гісторыкаў у 1934 г., філолагаў у 1934 г., географаў у 1934 г.). Наш музей належыць да Асацыяцыі музеяў Польшчы і прымае ўдзел у штогадовых сходах Асацыяцыі. Зараз, як я ўжо казаў, мы прынялі ўдзел у Кангрэсе польскіх гісторыкаў у Вільні.

- Ці па-за БНТ існуюць іншыя асяродкі беларускай навуковай працы?

- Так. Такую працу нядаўна пачаў Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, вядомы да гэтага як асветнае таварыства. Моўныя пытанні, дакладней чысціня беларускай мовы, сталі прадметам спецыяльнай камісіі, створанай па ініцыятыве др. Яна Станкевіча незалежна ад існых таварыстваў. Нарэшце, значную актыўнасць у навуковай працы дэманструе наша студэнцкая моладзь, якая стварыла пры Віленскім універсітэце гурток сяброў беларусазнаўства. Гэта паказвае, моцную цягу да навуковай працы ў беларускім грамадстве.

- Якое пакаленне больш актыўнае у навуковай працы?

- Пакуль што панавала "старая гвардыя" - даваенная інтэлігенцыя. Потым прыйшла грамада маладых, так званых "пражан". Гэта выпускнікі прыватных беларускіх гімназій, якія не мелі правоў дзяржаўных гімназій і таму не давалі магчымасць працягваць вучобу і атрымліваць вышэйшую адукацыю. Каб атрымаць вышэйшую адукацыю, наша моладзь мусіла эміграваць за мяжу, пераважна ў Чэхаславакію, дзе мела добрую магчымасць карыстацца дзяржаўнай дапамогай. А цяпер, штогод з польскіх універсітэтаў прыязджаюць маладыя адэпты навукі. Яны ахвотна займаюцца самастойнай культурнай і грамадскай працай. На жаль, на гэтым шляху яны сустракаюць непераадольныя перашкоды - статут Звязу беларусаў-выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў не быў зарэгістраваны ўладамі.

- Як справы з музеем?

- Мы шмат гадоў працуем над належным уладкаваннем музея - гэтай нашай сапраўднай нацыянальнай каштоўнасці. Выстаўленыя і не выстаўленыя экспанаты, кніжны фонд (новыя і старыя друкі) інвентарызаваны, але, на жаль, некаторыя экспанаты пакуль што немагчыма ўбачыць з-за жахлівай цеснаты памяшканняў. Гэта датычыць і багатай нумізматычнай калекцыі з часоў ВКЛ, каштоўнага збору графікі і інш. Больш-менш цалкам можна ўбачыць наступныя раздзелы: мілітарыя, звычаі, абрадавыя рэчы (прыгожыя віленскія вышыванкі XV-XVI ст.), фальклор і народнае мастацтва (скульптура, музычныя інструменты, тканіны), касцельна-царкоўнае і свецкае мастацтва, кераміка і, нарэшце, дагістарычныя экспанаты. Гэта ўсё разам узятае, дае ўяўленне як пра старабеларускую культуру гэтак і пра народнае мастацтва новага часу.

- Колькі наведвальнікаў мае музей?

- У апошнія гады, хаця наш музей не згадваецца ні ў адным з польскіх даведнікаў па Вільні, наведвальнасць пастаянна расце і апошнім часам дасягае 1300 чалавек у год. У гэтай колькасці і каля 50 экскурсій, якія мы праводзім. Гэта няшмат, асабліва калі ўлічваць, што мы не бяром грошы за ўваход у музей.

- Які галоўныя патрэбы і праблемы мае музей?

- Самая вялікая праблема - памяшканне. У нас немажліва цесна. Па гэтай прычыне большасць рэчаў захоўваецца ў скрынях і пакунках. Асабліва кепска з бібліятэкай, у якой пераважна сабраныя творы пра Беларусь і беларусаў ці ВКЛ. Маем друкі, якіх няма ў іншых бібліятэках Польшчы. Агульная колькасць тамоў дасягае 14 000. Яны складзены ў малым пакоі куды мы не маем прамога доступу з музея. Нас аддзяляе малюсенькі пакойчык які належыць філіялу Беларускай дзяржаўнай гімназіі імя Славацкага. У нас няма асобнага памяшкання для чытальнай залы, і нашы чытачы мусяць заставацца ў архіве.

Напрыканцы наш суразмоўца з горыччу заўважыў:

- Польскае грамадства, асабліва ў Вільні, апрыёры падазрона ставіцца да ўсёй беларускай дзейнасці ў галіне навуковых даследаванняў. Запомніўся адзін вельмі характэрны факт. Летась тут, у Вільні, прайшоў штогадовы з'езд дэлегатаў Асацыяцыі музеяў у Польшчы. Удзельнікі з'езда наведалі і наш музей. Я даў тлумачэнні і выслухаў шмат пахвальных слоў, якія маюць асаблівую каштоўнасць, бо гэта меркаванне спецыялістаў. А адзін з самых выбітных польскіх музейшчыкаў, пры развітанні звярнуўся да мяне і сказаў: "Спадар, прызнаюся, што ішоў да вас з нейкім недаверам: ну што ў іх там можа быць? Але я ў захапленні - у вас першакласныя рэчы!".

Я маю ўражанне, што акрамя палітычных момантаў, на незацікаўленасць нашай працай ў значнай ступені ўплывае вось гэты недавер: "Што добрага можа быць у беларусаў?". Калі расказ пра нашы праблемы на старонках "Кур'ера Віленскага" будзе спрыяць знікненню гэтага недаверу, дык гэта будзе значным крокам наперад на шляху нармалізацыі ўмоў нашай працы і павышэння нашай эфектыўнасці.


Praca białoruska na niwie naukowej. Wywid z p. A. Łuckiewiczem // Kurjer Wileński. 1935. № 186.


Ад перакладчыка. У дадатак, фрагмент артыкула др. Станіслава Лорэнца, які напісана ім па дакладзе, прачытаным др. Лорэнцам на адкрыцці Х з'езда музейшчыкаў у Вільні.

Першым публічным музейным зборам у Вільні стаў "Музей старажытнасці", заснаваны ў 1855 г. пры Віленскай археалагічнай камісіі Яўстахам Тышкевічам. Асновай музея сталі прыватныя зборы Тышкевіча, павялічаныя потым зборамі Адама Кіркора і падарункамі Канстанціна Тышкевіча з раскопак, праведзеных ім у Барысаўскім павеце. Багацейшымі раздзеламі музея былі зборы па дагістарычнай археалогіі, а таксама каштоўныя зборы скульптуры, жывапісу, нумізматыкі, гравюр і рукапісаў.

У 1865 г. дзейнасць Віленскай археалагічнай камісіі была спынена, і найбольш каштоўныя віленскія экспанаты сталі часткай Румянцаўскага музея у Маскве, а ўсе астатняе было далучана да расійскага музея пры Віленскай публічнай бібліятэцы, адчыненай у 1868 г. Падчас сусветнай вайны частка збораў была эвакуявана (нумізматыка і ўсе каштоўныя экспанаты), рэшта страцілася падчас вайны, і толькі малая частка патрапіла у Археалагічны музей Віленскага ўніверсітэта […] кусташам якога з'яўляецца др. Цэгак-Галубовіч. […]

Маем у Вільні 3 нацыянальныя музеі: беларускі, летувіскі музей і яўрэйскі.

Беларускі музей імя Яна Луцкевіча (вул. Вострабрамская, 9). Працуе штодзённа з 9-й па 12-ю гадзіну. Музей паўстаў у 1918 г., калі заснавальнік Беларускага навуковага таварыства Ян Луцкевіч перадаў Таварыству сваю прыватную калекцыю. З 1921 г. музей месціцца ў па-базыльянскіх мурах. Задачай музея ёсць даследаванне матэрыяльнай і духоўнай беларускай культуры з асаблівым акцэнтам на перыяд ВКЛ. Рост калекцый звычайна адбываецца за кошт ахвяраванняў і дэпазітаў.

Музей мае наступныя раздзелы:

1. Невялікі дагістарычны раздзел, частка рэчаў паходзіць з калекцыі Яўстаха Тышкевіча.

2. Нумізматычны раздзел, у якім на першым месцы стаіць нумізматыка ВКЛ.

3. Прадметы рэлігійнага культу: крыжы, абразы, царкоўныя шаты, у тым ліку каштоўныя шаты віленскіх мітрапалітаў, касцельнае начынне і г. д.

4. Этнаграфічны раздзел: строі і дамашнія тканіны, вырабы з дрэва, музычныя інструменты, каштоўныя народныя дрэварыты і г. д.

5. Мілітарыя, мастацкія вырабы, гравюры на медзі і г. д.

Музей мае вялікі фонд рукапісаў і друкаваных выданняў а таксама бібліятэку. Кароткая гісторыя музея і апісанне калекцый былі летась агучаны кусташам музея Антонам Луцкевічам ў першым томе бюлетэня "Balticoslavica". […]


Lorentz Stanisław. Rzut oka na muzea wileńskie // Kurjer Wileński. 1934. № 169.; Kurjer Wileński. 1934. № 170.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX