Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

У беларускай гімназіі. Уражанні ад непасрэднага назіральніка 


Дадана: 12-02-2024,
Крыніца: У беларускай гімназіі. Уражанні ад непасрэднага назіральніка // Наша слова.pdf № 12 (116), 20 сакавіка 2024.



Гістарычны дворык кляштара базыльянаў памятае зняволеную тут моладзь з філарэтаў і хвіліны вулканічнага натхнення Міцкевіча (у "келлі Конрада"), сёння ён мае шмат наведвальнікаў, і менавіта тут зараз знаходзіцца Дзяржаўная беларуская гімназія.

Быццам гэтыя старажытныя, напоўненыя сэнсам муры, уздзейнічаюць на выхаванцаў, якія выйшлі з гэтага абуджанага праз стагоддзі народа, тут пануюць іншая, чым у нашых школах атмасфера, больш засяроджанасці і цішыні, іншыя адносіны, тэмпераменты і інтарэсы - як тут быццам іншы сусвет!

Вучні - славянскія натуры, чыста славянскія, як кажа адзін з настаўнікаў, бо беларусы спакон вякоў жылі сярод балот і лясоў, не змешваліся з чужымі плямёнамі і мала паддаваліся чужым уплывам. Адсюль нейкая пасіўнасць, сум, любоў да паэзіі. Нават маленькія дзеці з малодшых класаў запаўняюць сваімі творамі цэлыя сшыткі - і гэта звычайная з'ява. Тут у настаўніка ўдзячная ніва - дзеці вучацца з ахвотай. Яны прыкладаюць максімум намаганняў і добрай волі, каб выканаць хатнія заданні, якія ў іншых месцах звычайна выконваюцца абыяк. Ёсць такія, якія атрымаўшы на выбар тры тэмы, прапрацоўваюць усе і толькі, на іх думку самую лепшую, запісваюць у сшытак. Іх характарызуе адчуванне прыгажосці прыроды, небанальныя падыходы да праблем, моцны індывідуалізм … і яшчэ адна рэч: вялікая адчувальнасць да чужой беднасці і крыўды.

Новая беларуская інтэлігенцыя рэкрутуецца з дробных сялян, якія прызвычаіліся змагацца з галечай, на што трацілася іх маладосць, часта заўчасна знясільваецца. Яны заўсёды памятаюць нядолю сваіх бацькоў, якія гадаваліся у сваіх убогіх хацінках і таму па сваёй натуры, схільныя да радыкальных ідэй.

Не ведаю, ці ў іншай школе я сутыкнуўся б з такім агульным адчуваннем адзінства ў роздумах, якія выклікала тэма, зададзеная ў мінулым годзе на адным з заняткаў: "Маленькі разносчык газет". Многія з вучняў выказваюць розныя трапныя думкі пра долю гэтых малых валацуг, а адзін гэтак закончыў сваё эсэ: "Малому разносчыку газет: кінь гэтыя газеты і гучна скажы, што ты хочаш жыць і вучацца на роўных з іншымі! Маеш роўныя з імі правы!".

З-за сваіх сімпатый, яны лічацца "камуністамі", але гэта беспадстаўнае меркаванне, асабліва, калі справа ідзе пра апошнія часы - у святле фактаў, ведаючы мясцовыя рухі і настроі, гэты закід губляе сілу.

Бо Вільня - горад, дзе ўсе патроху "камунізуюцца": і студэнты, і прафесура, маладыя католікі і праўладныя арганізацыі і нават … эндэкі. Мне паказвалі дакумент: адозву ці артыкул, вельмі, вельмі, "перспектыўны" ў гэтым сэнсе.

Аднак генезіс гэтых настрояў у беларусаў іншы.

Не радыкальныя настроі, гэтак уласцівыя моладзі, якімі сёння прасякнутая атмасфера і нават не спагада да пакрыўджаных, гэтак зразумелая сярод дзяцей народа - у аснове гэтых настрояў ляжыць тая невылечная хвароба, сімптомы якой, мы - палякі, можам лёгка распазнаць.

У часы беларусізацыі савецкай Беларусі, саветы для гэтага народа адчынілі вялікія магчымасці як для палітычнага, гэтак і для культурнага развіцця. Адсюль моцнае выпраменьванне радыкалізму і на частку Беларусі, якая знаходзіцца ў межах Польшчы. Тым больш, што мы не маем для нацыянальных меншасцяў ніякай праграмы.

"Калі ласка, зразумейце нас!" - казала мне адна з беларускіх дзяячак і адначасова настаўніца гэтай гімназіі: "І з д'яблам пайшлі б, каб можна было б нешта зрабіць для свайго народа". Аднак з часам прыйшло працверажэнне. Бо былі арышты ў 1933 г. сяброў "Грамады" і зняволенне ў ГПУ … а потым высылка на Камчатку, падобны ж лёс напаткаў і сяброў іншай беларускай арганізацыі "Змаганне". Цэлы шэраг крокаў савецкіх уладаў, напрыклад, акцыя, накіраваная супраць нацдэмаў, усё гэта яскрава сведчыць пра тое, што нацыянальныя патрабаванні беларусаў Саветы не прымаюць і яны будуць рашуча знішчацца. Гэта трагедыя нацыі, якая занадта слабая, каб стварыць моцны незалежніцкі рух і не мае для гэтага рэсурсаў. Адсюль расчараванне і прыгнечанасць.

Цікавыя гісторыі з часоў, калі Саветы мелі моцны ўплыў на беларускую моладзь, расказаў мне дырэктар гімназіі сп. Астроўскі. Камуністы стварылі свае сеткі ўплыву ў гэтай установе, і з-за таго, што ім не ўдалося захапіць старэйшыя класы, яны ўзяліся за малодшыя. Вучні зладзілі каля школы мітынг з заклікам да моладзі пакінуць памяшканне. Узамен абяцалі залатыя горы: стыпендыі, бясплатную вучобу ў Менску і г.д. Дайшло да таго, што дырэктар, баючыся вынікаў агітацыі, вырашыў адправіць дамоў тых, якія падтрымлівалі байкот. І гэтыя маладзёны, калі іх спыталі да якой станцыю яны даедуць, аднагалосна адказвалі: "Да Менска".

Як бачым, настроі такой невялікай установы як школа, яскрава адлюстроўваюць настроі ўсяго грамадства. Яно перажывае фазу нацыянальнага рамантызму і незалежніцкіх памкненняў, таму кожны важнейшы момант у жыцці школы: дзяржаўныя ўрачыстасці, імяніны дырэктара, нават пасяджэнне навуковага гуртка, мае для іх асаблівае значэнне і з'яўляецца сур'ёзнай магчымасцю выказаць свой сімвал веры. Нават ранішняя малітва заканчваецца народнай песняй:


Краіну родную,

Беларусь бяздольную,

Маці гаротную,

Божа храні.


І сыноў яе верных,

Працаю замучаных,

На дарогу светлую,

Божа, напраў.


Волю, свядомасць,

Брацтва і роўнасць,

Шчасліву долю,

Ім Божа пашлі [1].


У іх выступах, лекцыях і прамовах не толькі няма непрыязні да палякаў, а наадварот, я б сказаў, адчуваецца атмасфера добразычлівасці, і гэта вельмі важна.

У кожнай гарачай адзінцы з беларусаў, на вуснах цэлы шэраг пытанняў, на якія няма адказу.

Ім вядомыя традыцыі агульнай барацьбы з імперыяй. Урачыста адзначылі яны гадавіну студзеньскага паўстання на беларускіх землях. […] Час ад часу ад іх можна пачуць прыказкі, кшталту: "Мы некалі разам змагаліся за свабоду, а як палякі зараз ставяцца да нас?" (VI клас). А вучань IV класа аднойчы даволі наіўна на ўроку спытаў у мяне:

- Чаму пан Пілсудскі нічога не зрабіў для беларусаў?

Адказ на гэта даў дырэктар на святкаванні імянін маршала. Ён сказаў: "Пілсудскі не прасіў свабоды, але ён узяў яе, а вы праспалі 1918 г.". […]

Адносіны беларускай моладзі да маршала і сапраўды незвычайныя. Па ініцыятыве вучняў, літаральна за некалькі дзён на беларускую мову была перакладзеная брашура ці дакладней нататкі др. Арцімовіча "Маршал Юзаф Пілсудскі ў Вільні і на Віленшчыне". Праўда, гэтую працу трэба было яшчэ ўдасканальваць і аддаць ёй яшчэ шмат часу, але сам факт сведчыць, што адносіны моладзі да Польшчы цалкам пазітыўныя і разам з тым не без адчування ўласнай годнасці. Беларусы брашурай хацелі нагадаць маршалу пра патрэбы свайго народа. Таксама ў свой час вучні IV класа сабралі пэўную суму на нацыянальную пазыку (каб ацаніць ўчынак, трэба ведаць што гэта зрабілі вельмі бедныя маладыя людзі) і перадалі ўладам ад адукацыі і просьбай памятаць пра беларускія школы.

Адукацыя - самая вялікая праблема беларусаў і, напэўна, адзіная праграма на бліжэйшую перспектыву, бо адукацыя ў сваім сучасным стане не можа задаволіць патрэбы вёскі.

Беларуская вёска, якая апошнім часам вельмі актывізавалася, адчувае патрэбу ў сваёй школе, але, знеахвочаная няўдалымі спробамі, перастала змагацца за яе. Дастаткова сказаць, што калі ў 1925, 26 і 27 гг. штогод падавалася па 20 000 дэкларацый з патрабаваннем адчыніць беларускія школы, дык ў 1928 г. іх было сабрана ўжо толькі некалькі дзясяткаў. Трэба ведаць мясцовыя ўмовы, каб зразумець прычыны гэтай відочнай абыякавасці беларусаў да сваіх спраў.

Здавалася б, беларусы, дзякуючы свайму культурнаму падабенству з палякамі маюць больш магчымасцяў, чым іншыя нацыі для паразумення і рэалізацыі сваіх патрабаванняў, але калі гэта не так, калі нават самыя шляхетныя асобы з польскага лагера, выхаваныя на лозунгу "За вашу і нашу свабоду", не вераць у беларускі рух, дык трэба прызнаць, што віну за гэта ў значанай ступені нясуць і самі беларусы [2]. Не сумелі зацікавіць сваёй справай, не маюць таго размаху і той пэўнасці і пачуцця сілы ў сабе, якая ёсць у украінцаў.

У выніку беларуская інтэлігенцыя і моладзь, пакідаюць партыйныя шэрагі і замыкаюцца ў сабе, не жадаюць мець справы з нейкай палітыкай.

Аднак, з моладзі выйдуць будучыя дзеячы, з якімі польскае грамадства, без сумневу, будзе лічыцца.

G. K. W gimnazjum białoruskiem (Wrażenia bezpośredniego obserwatora) // Kurjer Wileński. 1934. № 340.

Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.



[1] Беларускі рэлігійны гімн, упершыню быў надрукаваны ў часопісе "Беларуская зарніца", № 2, 15 верасня 1928 г. у наступным варыянце:

Беларускі рэлігійны гімн.

Краіну родную, Беларусь бяздольную,

Маці гаротную, Божа храні,

I сыноў яе бедных, працаю замучаных

На дарогу сьветлую, Божа напраў

Волю, сьвядомасьць, брацтва і роўнасьць

Шчасьлівую долю ім, Божа, пашлі.

Перадрукоўваўся ў часопісе "Сьветач Беларусі", № 1, 18 красавіка 1930 г., у абодвух выпадках без указання аўтара. - Л. Л.

[2] Падобна на патрабаванне да кузуркі бегчы, пасля таго, як у яе адарвалі ногі. - Л. Л.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX