Беларуская справа перажывае цяпер цяжкі крызіс. Гэта ведама ўсім, і ўсе шукаюць прычын яго, каб пасьля лягчэй было знайсьці спосаб змаганьня з ім. I мы, распачынаючы нашае выдавецтва, пачнем з спробы выяўленьня - калі ня ўсіх зразу, дык прынамся галоўных прычын нашага нацыянальнага крызісу.
Прычыны гэтыя - перад усім вонкавыя, вынікаючыя з таго, што народ беларускі ня мае сваёй дзяржавы, а падзелены паміж некалькімі суседнімі дзяржавамі, у каторых прадстаўляе гэтак-званую "нацыянальную меншасьць", хоць на сваей зямлі складае большасьць. Гэтак беларусы перажываюць тую-ж самую трагэдыю, якую каля паўтараста гадоў перажывалі й палякі. I тыя дзяржавы, да якіх належаць беларускія землі (- за выняткам мо' аднае Латвіі), вядуць акцыю дэнацыяналізаваньня беларусаў, далучаньня іх да "пануючай" нацыянальнасьці, каб сокамі нашага народу ўзмацняць "пануючую" нацыю.
Паўтарастагадовая гісторыя няволі польскага народу паказала аднак, што ніводзін з яе валадароў, хоць і вышэй за яе стаяў культурна, ня здолеў "ператравіць" польскага элемэнту, зьніштожыць нацыянальныя асаблівасьці палякоў. Вонкавы націск заўсёды аказваўся бяссільным супроць сьвядомага адпору польскіх масаў.
Такі-ж абраз прадстаўляе сягоньня народ беларускі. Але народы, якія над намі пануюць, не абмежываюцца вонкавым дзеяньнем: яны стараюцца разбурываць нацыянальнае жыцьцё, нішчыць нашу грамадзкую арганізацыю - беларускімі рукамі. I, як гэта ня сумна, а заўсёды знаходзяцца сярод нас людзі, гатовыя выпаўняць такую ганебную ролю.
Беларуская прэса радыкальнага кірунку ўжо ня раз парушала справу гэтак-званых "палітычных орыентацый". Розныя беларускія групкі, пачуваючы ўласную слабасьць, стараюцца абаперціся на дапамозе дужых саюзьнікаў і - за гэту дапамогу - няўзнак пачынаюць служыць не сваёй, беларускай справе, а - справе гэных саюзьнікаў. Ня будзем тут затрымлівацца на старых хвараблівых праявах ці то "полёнофільства" тыпу Аляксюкоўшчыны і Павлюкевічаўшчыны, ці то "літвінофільства" беларускіх клерыкалаў: гэта рэчы ведамыя ўсім. Зьвернем цяпер увагу на іншую орыентацыю - орыентацыю на... Комінтэрн.
На першы пагляд магло-б здавацца, што орыентацыя на нейкую міжнародавую арганізацыю, якой формальна зьяўляецца Комінтэрн, для беларусаў нічым небясьпечным пагражаць ня можа. На-жаль, Комінтэрн у адносінах да беларусаў праводзіць не міжнародавую, а маскоўскую палітыку, якая, як і за царскіх часоў, імкнецца "славянскія ручаі зьліць у расейскім моры", інакш кажучы - абмасковіць і беларусаў, і украінцаў ды гэтак забясьпечыць Маскву ад аддзяленьня ад яе Беларусі ды Украіны. I вось тыя беларускія дзеячы ці навет цэлыя грамадзкія групы, якія з добрай верай гатовы былі падпарадкавацца міжнародавай рэвалюцыйнай палітыцы, аказаліся зусім неўспадзеўкі на ўслугах маскоўскае нацыяналістычнае палітыкі. I вось на нашых вачох Масква іхнімі рукамі пачала самым жорсткім спосабам біць - беларусаў.
Пэўна памятны ўсім тыя чорныя ў нашым жыцьці пад Польшчай дні, калі прадстаўнікі гэтага кірунку, "па пяць замкоў" вешалі на беларускіх гімназіях, "узрывалі" беларускія ўстановы і арганізацыі ды гразёй аблівалі ўсіх, хто даваў ім адпор. Але цяпер маскоўскія "чырвоныя нацыяналісты" гэтым не здаволіваюцца: ім трэба фізычна вынішчыць беларускую інтэлігенцыю ў БССР - тую інтэлігенцыю, якая ў працягу апошніх дзесяцёх гадоў з напружаньнем усіх сваіх сілаў тварыла падставы беларускае культуры. I вось "чырвоная" Масква вызначыла на мэтаў для гэтай інтэлігенцыі - нашых-жа беларусаў.
Знайшла яна іх - тут, у нас, у Заходняй Беларусі, а прыгатавала іх для Масквы - няўдалая палітыка польскага ўраду.
Мы гаворым тут аб былых павадырох Беларускае Сялянска-Работніцкае Грамады, якія у другой інстанцыі дасталі па 6 гадоў катаржнае турмы, але праседзіўшы палову гэтага часу, аказаліся звольненымі з вастрогу. Толькі звальненьне гэтае было нейкае дзіўнае: хоць яны і выйшлі з вастрожных муроў, але правоў ім не вярнулі, дык і палажэньне іх сталася ў Польшчы нязвычайна цяжкім. I вось чацьвёра з іх - Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Мятла і Бурсэвіч - пакінулі межы Польшчы. Першы з іх паводле чутак - жыве ў Гданску ці Бэрліне, трое другіх - паехалі ў Менск. А там - апынуўшыся на ласцы Савкцкак ўлады - дакаціліся да таго, што, як падаем ніжэй за савецкай прэсай, на мітынгах выступаюць проці арыштаваных у Менску беларускіх дзеячоў (справакаваных, здаецца, агентамі Г.П.У.!) і трэбуюць для іх - кары сьмерці... А іменем Тарашкевіча - ня ведаем ці то з яго згоды, ці хутчэй усяго зусім яго ня пытаючы - Камуністычная Партыя Зах. Беларусі падпісывае адозвы і лістоўкі, якімі маніцца забіць ужо ня фізычна, а маральна і палітычна ўсіх тых беларускіх працаўнікоў, якія яшчэ не злажылі аружжа, а ўсімі сіламі - творчай працай - змагаюцца за беларускасьць на сваіх землях пад Польшчай.
I мала гэтага: "чацьвёрка" былых грамадаўскіх павадыроў, выкарыстаўшы гэтае сваё звальненьне з вастрогу і ўцёкшы за граніцу, засудзіла на адбыцьцё вастрожнае кары да канца каля паўтары сотні "менш важных" грамадаўцаў, якім такое "ласкі" польская дзяржаўная ўлада не зрабіла і - пасьля паступку Тарашкевіча і Компаніі - пэўна ўжо ня зробіць. I гэту шэрую грамадаўскую масу будуць далей трымаць за кратамі - пад той час, як паны Тарашкевіч і Комп. дапамагаюць "чырвонай" Маскве распраўляцца ў барацьбітамі за беларускую справу і ў Савецкай Беларусі і ў Заходняй.
Удумайцеся, грамадзяне, у страшную трагічнасьць таго, што ў нас робіцца. Разважце, якім шляхам Тарашкевіч і яго аднадумцм дакаціліся да сваей сягоньняшняй ролі, - і вы зразумееце, што мы маем ізноў дзела з фальшыва панятай орыентацыяй, што ізноў людзі забыліся, што орыентацыі на тую ці іншую чужую сілу мусяць мець на мэце карысьць беларускага народу, а ня гэтай чужой сілы. I тады зробіце вывад, да якога дайшлі і мы: каб выйсьці з сучаснага крызісу, трэба крэпка верыць у творчыя сілы беларускага народу, трэба гэтыя сілы ў ім будзіць і разьвіваць, трэба ў гэтай сьвядомасьці ўзгадаваць і нашу моладзь, і нашы працоўныя масы, - і тады замест усіх цяперашніх орыентацыяў на чужынцаў народ наш будзе мець адну толькі орыентацыю - на самога сябе. А яна ня дасьць ужо нам зьбіцца на фальшывы шлях.