Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

Ліквідацыя беларускай гімназіі ў Наваградку 


Аўтар: Луцкевіч Антон,
Дадана: 05-08-2020,
Крыніца: Луцкевіч Антон. Ліквідацыя беларускай гімназіі ў Наваградку // Наша Слова. № 31 (1494), 5 жніўня 2020.



Кураторыюм Школьнай акругі ў Вільні вырашыў зачыніць Беларускую гімназію ў Наваградку. Гэты крок Кураторыюм матывуе недахопам вучняў у той час як кіраўніцтва гімназіі інфармуе, што ў гэтым годзе было пададзена 38 заяў у першы клас.

Нават згодніцкі "Родны Край" лічыць матывы закрыцця не слушнымі і з свайго боку падае іншыя прычыны ліквідацыі гімназіі, а менавіта: 1) пашырэнне камуністычных уплываў сярод вучняў; 2) правакаванне моладзі падазронымі асобамі з "другога боку мяжы"; 3) поўнае збядненне беларускай вёскі; 4) значнае падвышэнне аплаты за навучанне пасля таго як гімназія стала дзяржаўнай.

Першы з пададзеных вышэй пунктаў сёння можна лічыць неактуальным. Сапраўды ў беларускіх гімназіях выкрываліся камуністычныя "ячэйкі", але гэта было раней, моднае сярод беларусаў прыхільнае ці паблажлівае стаўленне да савецкага ладу з'яўлялася прыкметай апазіцыйнасці да пануючай у нас сістэмы. Для вялікай колькасці беларусаў бальшавізм быў сімвалам пратэсту і барацьбы за вызваленне. Зараз сітуацыя дастаткова памянялася, каб сур'ёзна ставіцца да гэтага пункта. Іншыя тры пункты і асабліва тое, што гімназія стала дзяржаўнай, насамрэч мелі несумненны уплыў на лёс беларускай суполкі ў Наваградку.

Як вядома, адзяржаўленню беларускай гімназіі папярэднічала барацьба беларускага грамадства за захаванне сваёй вучэльні ў сваіх руках. Праз некалькі гадоў стала зразумела, што беларускае грамадства мела рацыю. Пераход школ пад дзяржаву аказаўся толькі этапам на дарозе канчатковай ліквідацыі беларускага школьніцтва. Таксама і закрыццё гімназіі ў Навагрудку, а калі казаць дакладна, дык закрыццё беларускай філіі пры польскай гімназіі імя Міцкевіча, ні для каго не было нечаканасцю, як не можа быць нечаканасцю смерць схуднелага і хворага чалавека, які згасае на руках у чужых сядзелак.

Беларуская гімназія ў Наваградку была закладзена ў 1921 г. як прыватная школа стараннем мясцовых беларускіх колаў. Нягледзячы на сталыя матэрыяльныя цяжкасці, да 1927/28 школьнага года яе закончыла 136 асоб. У тым годзе гімназія налічвала 140 вучняў. У часы кіравання ваяводы Бачковіча гімназія наогул мела тэндэнцыю да развіцця. Яна атрымала некалькі настаўніцкіх ставак, узняўся навуковы ўзровень і Міністэрства веравызнанняў і асветы надало гімназіі тыя ж правы, якія мелі дзяржаўныя гімназіі. У 1929 г., дзякуючы старанням беларускіх паслоў, Сейм падчас бюджэтнай сесіі ухваліў 200 000 злотых на пабудовы інтэрната пры гімназіі. З гэтай сумы ўрад ледзь выплаціў 70 000 зл, аднак сам факт дапамогі узняў энтузіязм сярод мясцовага люду. Быў арганізаваны камітэт пабудовы, і пабудаваны мураваны гмах. Беларускія людзі бясплатна прывозілі неабходныя будаўнічыя матэрыялы, а вучні гімназіі сваімі рукамі дапамагалі будаўнікам. Пасля гэтага, нягледзячы на цяжкую эканамічную сітуацыю, каб закончыць будаўніцтва інтэрната, людзі збіралі грошы гатоўкай. На жаль для заканчэння будаўніцтва не хапіла народных грошай, а сумы, прызначаныя праз Сейм, не былі цалкам выплачаны. З прыездам новага ваяводы сітуацыя пачала псавацца. Новыя чыннікі пагоршылі становішча гімназіі. Пачалі казаць пра яе адзяржаўленне.

"Нарэшце, дзякуючы працы куратара Шэлангоўскага, у гэтым годзе беларуская гімназія ў Наваградку стала дзяржаўнай. Такім чынам пакладзены трывалы падмурак пад нармальнае развіццё школы". Так выказаўся Севярын Віславух на старонках "Валацугі" (Wloczegi) ў красавіку мінулага года. Старанне аб захаванні "статус кво" ў Наваградскай і Віленскай гімназіях былі беспаспяховымі і, на жаль, беларускае грамадства не было адзіным.

Больш-менш у адзін час з рэарганізацыяй гімназіі, паўстала думка пераназваць інтэрнат, які будаваўся, у інтэрнат імя Галоўкі і прымаць на вучобу вучняў-палякаў. Цалкам было забыта тое, што Сейм выдаў грошы на беларускі інтэрнат для беларусаў. У рэалізацыі гэтага праекту самым горшым аказаўся пасол у Сейм ад Беспартыйнага Блоку Супрацы з Урадам Шыманоўскі, які здаецца, у гэтым выпадку быў адзіным, хто мог весці перамовы ад імя беларусаў. Аднак, да рэалізацыі гэтага праекту не дайшло, і незакончаныя муры гмаха сёння, як быццам, пытаюць - што далей?

Працяг будаўніцтва інтэрната быў лепшым доказам, што лёс гімназіі быў вырашаны даўно. Праверкі гімназіі і арышты сярод вучняў а таксама дапамога фактам у кляўзе, якія рэхам адбіліся ў запыце пасла Ярэміча - усё гэта стварала атмасферу, якая спрыяла ліквідацыі непажаданай пляцоўкі. Нарэшце клямка ўпала.

Настаўніцкі персанал, праўдападобна, часткова застанецца без працы, а часткова, пасля шматгадовай працы ў сярэдняй школе будзе пераведзены выкладаць у пачатковыя школы. Што самае дрэннае - школьная моладзь з Наваградскай гімназіі не ў стане далей вучыцца ў далёкай беларускай гімназіі ў Вільні, бо не мае грошай на пражыванне і дарогу. Маем надзею, што частка гэтай моладзі працягне навучанне ў польскай гімназіі ў Наваградку, што, без сумнення, было часткай плана ліквідатараў.

Такім чынам гісторыя беларускага школьніцтва ў межах Польскай дзяржавы стала гісторыяй ліквідацыі гэтага школьніцтва, ліквідацыі крок за крокам, але паступова на працягу ўсяго часу. Засталася адзіная гімназія ў Вільні, а калі казаць дакладна - дык філія польскай гімназіі імя Славацкага. Ужо сама назва гэтай гімназіі рыхтуе віленскіх беларусаў да поўнага злучэння "з маці". Неспадзяваным гэта ні для кога не будзе.

S-wicz [Антон Луцкевіч]. Likwidacja Białoruskiego Gimnazjum w Nowogródku // Pregląd Wileński. № 14, września 1934. S. 4-5.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX