Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

Маладая беларуская паэзія 


Аўтар: Луцкевіч Антон,
Дадана: 01-01-2023,
Крыніца: Луцкевіч Антон. Маладая беларуская паэзія // Наша слова.pdf № 2 (54), 11 студзеня 2023.



Стараннямі "Кола аматараў беларусазнаўства" пры УСБ (універсітэце імя Стэфана Баторыя - Л. Л. ), 7 траўня гэтага года (1933 г. - Л. Л. ) у Вільні, адбыўся літаратурны вечар сучасных паэтаў Заходняй Беларусі. Пасля ўступнага слова Ст. Станкевіча "Аб беларускай літаратуры" былі прачытаны галоўныя творы наступных паэтаў: Наталлі Арсенневай, Янкі Быліны, Хвёдара Ільяшэвіча, Міхала Машары, Міхася Васілька, Язэпа Вількоўшчыка. Мэтай вечара было знаёмства шырокіх колаў грамадства з сучаснай беларускай літаратурай Заходняй Беларусі. З гэтай жа мэтай, і мы дазволім сабе сказаць некалькі слоў на гэту тэму.

Сучасная беларуская літаратура ў Заходняй Беларусі з-за бязмерна цяжкіх умоў культурнага жыцця беларусаў, ёсць вельмі невялікай і знаходзіцца на пачатку свайго развіцця. Па колькасці прадстаўнікоў і іх паэтычнай прадукцыі, а таксама і па сваіх мастацкіх вартасцях, яна не можа параўноўвацца з развіццём літаратуры ў Савецкай Беларусі. Аднак літаратурны рух, які развіваецца ў Заходняй Беларусі, мае сваё значэнне для паўнаты літаратурнага беларускага жыцця і таму заслугоўвае ўвагі.

Найвялікшай паэткай Заходняй Беларусі паўсюдна лічыцца Наталля Арсеннева. Пісаць вершы яна пачала ў 1920 г. і ў 1927 г. выдала зборнік сваёй паэзіі "Пад сінім небам", акрамя гэтага цэлы шэраг сваіх твораў яна надрукавала ў беларускіх часопісах. Крыніцай творчасці Арсенневай ёсць прыгажосць прыроды, сусвет народнай творчасці і фантазіі. Найбольшую мастацкую вартасць маюць яе вершы, заснаваныя на народных матывах - яны надрукаваны асобным цыклам ва вышэйзгаданым зборніку - "Зачараваны кут". Гэтыя кароценькія паэмы са зместам, узятым з народных паданняў і вераванняў, маюць шмат лірычных адступаў. Мала хто з беларускіх паэтаў так, як Арсеннева, з такой вялікай вытанчанасцю і пачуццём, змог адчуць глыбіні народнай душы, народнага першародства. Арсеннева амаль што не парушае народныя матывы любімай роднай зямлі. Яна вытанчана адчувае прыгажосць і перадае яе ў сваіх творах. Таму вернай з'яўляецца выснова, што паэзія Арсенневай - гэта мастацтва для мастацтва. Асноўнай рысай яе паэзіі ёсць ноты меланхоліі. Па ўзроўні мастацкай дасканаласці творы Арсенневай стаяць вельмі высока, вызначаюцца яны вытанчанасцю формы і музыкальнасцю паэтычных радкоў.

Цалкам іншы талент мае Міхал Машара, самы здольны, пасля Арсенневай, малады беларускі паэт. Машара, як і Арсеннева, - лірык. Яго творчасць адрозніваюць вялікі размах і шырокае поле зацікаўленнасцяў, у ёй дамінуюць сацыяльныя і нацыянальныя матывы. Ідэйная лірыка Машары вызначаецца палкім замілаваннем да роднага краю і бескарысным служэннем свайму народу. Нягледзячы на цяжкія жыццёвыя ўмовы, у якіх знаходзіцца зараз Машара (з 1928 г. знаходзіўся ў турме на Лукішках - Л. Л. ), яго творы вызначаюцца вялікім аптымізмам і яснай верай у будучыню. Вельмі моцна Машара адчувае прыгажосць беларускай прыроды. Прырода выклікае ў душы паэта цэлую гаму разнародных пачуццяў, абвастрае ўразлівасць і нараджае ў ім шмат маладзецкіх парываў. Натхняе яго і народная творчасць, матывы народных абрадаў, якія, звычайна, маюць радасныя і светлыя таны. Машара пачаў пісаць вершы ў турме, у якой знаходзіўся з-за прыналежнасці да Грамады. У 1928 г. выйшаў зборнік яго лірыкі "Малюнкі", шмат твораў аўтар друкаваў і ў розных часопісах. Значная частка яго вершаў знаходзіцца ў рукапісах. Машара - сялянскі сын з Дзісненшчыны.

Свае асаблівасці маюць творы Хвёдара Ільяшэвіча. Ён, магчыма, адзіны заходнебеларускі паэт, які ў значанай ступені парваў са старымі формамі і знаходзіцца ў стадыі пошукаў новых дарог. Яго вершы найбольш сучасныя як ў форме, гэтак і ў змесце, яны нясуць новыя матывы. Адмысловую ўвагу ў творах Ільяшэвіча заслугоўваюць рэдкія ў беларускай паэзіі гарадскія матывы. Сустракаем ў яго творах таксама і ідэалагічныя ці жыццёвыя матывы. Да гэтага часу выйшлі два яго зборніка: "Веснапесні" (1929 г.) і "Зорным шляхам" (1932 г.).

Больш-менш на тым жа паэтычным ўзроўні, што і Ільяшэвіч, знаходзіцца Міхась Васілёк (Касцевіч). У яго творах знаходзім шмат старых, яшчэ "нашаніўскіх" матываў, але сучасныя матывы, здаецца, у яго не сустракаюцца. Першаснай асаблівасцю вершаў Васілька з'яўляецца іх сумны і меланхалічны характар. Цяжкі народны і асабісты стан не дазваляюць яму пісаць вясёлыя і радасныя вершы. Аднак смутак Васілька ніколі не даходзіць да мяжы роспачы, паэт мае моцную веру ў лепшую будучыню беларускага народа. У яго творах ёсць прысутнічае любоў да роднай зямлі і сумныя жыццёвыя рэфлексіі. У 1929 г. Васілёк выдаў зборнік сваіх вершаў "Шум баравы", шмат вершаў надрукавана ў часопісах.

Самым малодшым паэтам, якому на адбыўшымся паэтычным вечары таксама была прысвечана ўвага, ёсць Язэп Вількоўшчык. Да нашага часу ён не выдаў зборніка а толькі друкаваў свае вершы ў часопісах "Нёман" і "Шлях моладзі". Нягледзячы на тэхнічныя памылкі, бачна, што творы Вількоўшчыка вызначаюцца глыбокімі рэфлексіямі на розныя жыццёвыя тэмы. Галоўным матывам яго творчасці ёсць глыбокі смутак з-за цяжкага стану беларускага народа.

Янка Быліна мае вялікі поспех у галіне гумарыстычнай паэзіі. Па-праўдзе, паэт шмат увагі надае і сур'ёзнай паэзіі, але толькі гумарыстычныя творы Быліны здабылі яму папулярнасць. Сярод гумарыстычных твораў найбольшую літаратурную вартасць маюць яго байкі, якія нясуць у сябе здаровыя маральныя пачуцці. Быліна выдаў зборнік твораў "На прызбе" і шмат вершаў надрукаваў у часопісах.

Сярод важнейшых беларускіх аўтараў, якія не ўзялі удзел у літаратурным вечары, трэба назваць Станіслава Грынкевіча і Аўгена Бартуля. Першы піша прозу - цікавыя навелы з жыцця народа ў Заходняй Беларусі, а другі піша вершы.

Можна было б больш расказаць пра беларускую літаратуру ў Заходняй Беларусі. […] Маладыя беларускія паэты часта жывуць у скрайняй беднасці і не толькі не знаходзяць падтрымкі ў грамадстве, але нават і не маюць магчымасці данесці да яго сваю творчасць. Таму гэты цудоўны літаратурны вечар, мэтай якога было больш шырокае знаёмства з маладой беларускай паэзіяй, трэба лічыць вельмі неабходнай справай.

St. [верагодна – Антон Луцкевіч] Młoda poezja białoruska // Pregląd Wileński. 1933. № 11–12. S. 7-8.

Пераклад Леаніда Лаўрэша

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX