Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

Зваротная хваля 


Аўтар: Луцкевіч Антон,
Дадана: 01-01-2023,
Крыніца: Луцкевіч Антон. Зваротная хваля // Наша слова.pdf № 2 (54), 11 студзеня 2023.



Час ад часу ў мясцовай польскай прэсе пачынаецца алярм аб несувымерна малым (адносна высілкаў) выніку культурна-асветнай працы сярод беларускага насельніцтва. Як у свой час пісаў "Кур'ер Віленскі", сярод выхаванцаў польскіх агульнаадукацыйных школ ужо праз некалькі гадоў пасля заканчэння школы, сустракаецца з'ява паўторнай непісьменнасці… Настаўнікі гэтых школ шчыра выконваюць адведзеную ім ролю "пашыральнікаў польскасці". Кожны польскі дзяржаўны функцыянер, кожны супрацоўнік самакіравання, кожны інтэлігент у вёсцы, сваім першым абавязкам лічыць працу па спальшчэнню краю. А вынікаў не бачна … Патрабаванні ад школьнай дзятвы, каб яны дома стараліся размаўляць па-польску, ні да чаго не прыводзяць - прышчэпленая польскасць без следу гіне сярод беларускага жыцця, а разам з ёй сыходзіць у няпамяць цэлы пласт культуры, які з такой цяжкасцю прышчапляўся настаўнікамі ў школах.

Разуменне, што польскі "Kulturkampf" (Kulturkampf (ням.) - барацьба за культуру - Л. Л. ) на беларускіх землях працуе дрэнна, прымушае кіраўнікоў гэтай справы шукаць эфектыўныя спосабы спальшчэння беларускага люду. Гэтаму падпарадкавана ўся праца. Адбываюцца "соймікі" польскіх "культтрэгераў", паўстаюць праекты "дамоў культуры" (відочна, нацыянальна-польскіх) і г. д. Але ніколі і нідзе ў аналізе прычын малой эфектыўнасці паланізацыйных высілкаў мы не чулі пра галоўную прычыну няўдачы: нацыянальнай стойкасці мясцовага люду. На гэта неаднаразова звяртала ўвагу беларуская прэса - нават самая лаяльная да польскай дзяржавы. Аднак гэтыя галасы не знайшлі ніякіх водгукаў у польскім грамадстве, якое ўпарта глухое да таго, што кажуць беларусы. Таму няма нічога дзіўнага, што для кіраўнікоў польскага "Kulturkampfu" праблема зводзіцца да таго, каб настаўнікі школ на беларускай вёсцы аддавалі яшчэ больш сваіх сіл сізіфавай працы па дэнацыяналізацыі беларускай дзятвы.

Хто пра стан беларускага руху ў Польшчы хоча меркаваць па таму, што робіцца сярод беларускай інтэлігенцыі - падзеленай і пасваранай праз дзікую партыйнасць - той атрымае адмоўнае ўражанне. А ці можна верыць у нацыянальнае развіццё люду, пазбаўленага кіраўніцтва з боку нацыянальнага інтэлекту - уласнай інтэлігенцыі? Польскае грамадская думка канстантуе факт адарвання беларускай інтэлігенцыі ад народных мас і грунтуючыся на гэтым, лічыць беларускае пытанне вырашаным. Аднак справа выглядае інакш, калі глядзець на яе не з гары, а з долу, з беларускай вёскі. Карціна, якую мы ўбачым, дазволіць адкінуць усе ілюзіі вызнаўцаў і прыхільнікаў праграмы былога прэм'ера Скульскага.

У мінулым годзе знаны ў Вільні "Клуб валацуг" зрабіў спробу паглядзець на беларускую вёску, уласна, з долу. На адным з пасяджэнняў беларускім дзеячам В. Грышкевічам быў прачытаны рэферат пра тое, чым і як духоўна жыве беларускае сялянства. Дакладчык абапіраўся выключна на дадзеныя, якія немагчыма аспрэчыць: на акты і дакументы, якія сцвярджалі нацыянальную актыўнасць беларускай вёскі - нягледзячы на падзел, які маецца паміж ёй і гарадской інтэлігенцыяй, і нягледзячы на палітычную няспеласць беларускага грамадства. І вось якія факты ён паведаміў.

Беларуская вёска ўжо жыве ўласным нацыянальным жыццём, хоць і не мае інтэлектуальнага кіраўніцтва. Гэта праяўляецца ў цязе да самаадукацыі, да школы на роднай мове, да арганізацыі сваіх чынных сіл на чыста культурніцкім і гаспадарчым грунце, да арганізацыі беларускіх сходаў з чытаннем рэфератаў, тэатральных пастаноў, канцэртаў і г. д. Нягледзячы на тое, што беларускі селянін прыгнечаны вострым гаспадарчым крызісам, вялікімі падаткамі, штодзённымі праблемамі і цяжкай працай, ён сам, з уласнай ініцыятывы, выяўляе сваю ахвярнасць для нацыянальнай справы, ахвотна дае грошы на беларускую школу, дае будаўнічыя матэрыялы, ахвяруе сваю працу і г. д. Аббіванне сялянамі парогаў усялякіх дзяржаўных устаноў, каб дамагчыся сваёй школы на матчынай мове, ёсць звычайнай справай. Беларускі селянін не лічыць сябе прайграўшым, пакуль не пераспрабуе ўсе легальныя магчымасці. Калі мясцовыя ўлады адмаўляюцца даць яму дазвол на беларускае прадстаўленне, канцэрт, пасведчанне і г. д., ён ідзе са скаргай да старасты, да ваявод, да міністра - хоць і рэдка дасягае сваёй мэты. Паўсюдна бачна імкненне беларускага люду да арганізацыі ўсялякага роду культурна-асветных таварыстваў, без розніцы на іх палітычную афарбоўку: ці гэта будзе "Таварыства беларускай школы", ці "Інстытут гаспадаркі і культуры", ці "Таварыства беларускай асветы". Таксама робяцца справы адкрыцця кааператыўных суполак, але і тут мясцовыя ўлады робяць шматлікія перашкоды, адмаўляючы ў дазволе на арганізацыйны сход.

Вось, з большага, карціна жыцця беларускай вёскі і яе жаданняў, усё гэта дакументальна пацверджана дакладчыкам, які засыпаў слухачоў незлічонымі фактамі, з інфармацыяй пра дату і месца падзеі, з копіямі паданняў і скарг да ўладаў, з копіямі адказаў ўладаў і дакументамі пра далейшыя крокі сялян. Вёска жыве, мае свае ўяўленні аб сваім культурна-нацыянальным абліччы і сама клапоціцца аб рэалізацыі сваіх планаў.

У жыцці беларускага люду трэба зазначыць адну характэрную рысу, пра якую неаднаразова пісала розная беларуская прэса. Люд гэты, на першы погляд ціхі і пакорны, такім можа ўяўляцца толькі тым, хто не ведае яго добра. Не маючы сталых арганізацый, разцярушаны, мае ён моц пасіўнага адпору, аб які разбіваюцца высілкі варожых яму сіл, і які ў пэўныя хвіліны становіцца чынным і ператвараецца ў масавыя акцыі. У былыя гады, калі збіраўся Віленскі сойм, беларуская вёска байкатавала выбары і ніхто са згодніцкай групы Алексюка не атрымаў мандата. Гэта і быў пасіўны адпор. А ў 1922 г. тая самая беларуская маса з пасіўнай стала чыннай і выбрала 12 паслоў у Сойм і 3 паслы ў Сенат! […] А праз некалькі гадоў пачалося масавае складанне дэкларацый за беларускую школу - у 1925-28 гг. было складзена каля 20 000 дэкларацый за навучанне па-беларуску. А далей - "Грамада" з яе 100 000 членаў. Гэтыя з'явы ўставання шматтысячных мас сялян у хвіліны, якія маюць гістарычнае значэнне для беларусаў, можна назваць "зваротная хваля". Бо, калі гэтак было ў гады, калі беларуская вёска была менш свядомай, а толькі ішла за сваімі лідарамі і не выяўляла самастойнай актыўнасці, дык зараз, калі і без лідараў унутранае жыццё вёскі стала развіваецца і паглыбляецца, гэтая "хваля" мусіць набраць моцы і праявіць сябе ў адпаведны момант. У якім кірунку - гэта ўжо іншае пытанне, адказ на яго можа даць толькі будучыня.

Аднак залежаць гэта будзе ад таго, ці здолее новае пакаленне беларускай інтэлігенцыі ўзяць у свае рукі ўладу над беларускімі душамі ці кіраваць і надалей будуць агульнабеларускія чыннікі.

H. B. [Антон Луцкевіч]. Powracająca fala // Pregląd Wileński. 1935. № 3–4. S. 5-6.

Пераклад Леаніда Лаўрэша

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX