Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

Няма чаму дзівіцца 


Аўтар: Луцкевіч Антон,
Дадана: 28-01-2023,
Крыніца: Луцкевіч Антон. Няма чаму дзівіцца // Наша слова.pdf № 9 (61), 1 сакавіка 2023.



"Кур'ер Віленскі" ў № 31 ад 1 лютага 1936 г. даў выхад свайму абурэнню з нагоды таго, што на тэрыторыі пражывання беларусаў і летувісаў, гмінныя рады неахвотна далучаюцца да справы фінансавання з бюджэту гміны польскай пачатковай адукацыі і польскага школьніцтва. У якасці яскравага прыкладу такіх адносін, газета падае бюджэт Мелегянскай гміны Свенцянскага павета, дзе выдаткі на пачатковую асвету з 150 зл. паніжаны да 60 зл., на святліцу (маецца на ўвазе, нешта накшталт вясковага клуба - Л. Л.) з 140 зл. да 51 зл., на школьныя патрэбы з 708 да 305 зл. На наступны дзень, тая самая газета з задавальненнем канстантуе, што "не паўсюдна так дрэнна" бо на пасяджэнні павятовай ленчыцкай рады, сяляне ўхвалілі на справы выхавання моладзі, сельскагаспадарчае школьніцтва і кааперацыю на 15 000 зл. больш, чым прадугледжваў праект бюджэту на бюджэтны 1936-37 г.!

З гэтых фактаў, "Кур'ер Віленскі" робіць выснову, што "ленчыцкія радныя добра здалі экзамен па самакіраванні". А з гэтага лагічна вынікае, што радныя-сяляне на Віленшчыне экзамен правалілі …

Такая выснова будзе цалкам няслушнай. Трэба сабе ўсвядоміць, што ў Ленчыцкім павеце польскія сяляне даюць паважную суму на мілую для сабе рэч - польскую, родную для сабе асвету. А беларускіх і летувіскіх сялян газета прызнае няздольнымі да самакіравання толькі з той нагоды, што яны не жадаюць фінансава падтрымліваць чужую і нямілую для іх польскую асвету.

Мы мусім цалкам адкінуць падобныя высновы, бо яны грунтуюцца толькі на той падставе, што беларусы і летувісы не жадаюць польскіх школ, бібліятэк і святліц. Вядома, што ў межах расійскай ці прускай дзяржавы польскі народ таксама не жадаў у сябе школ і асветнай працы на чужой для яго мове, і ўсялякі пратэст супраць дэнацыяналізацыі польскім грамадствам лічыўся нацыянальнай цнотай. Чаму ж беларускія і летувіскія сяляне заслугоўваюць да сабе адмоўнага стаўлення з-за нежадання чужога школьніцтва?

Трэба адзначыць, што стаўленне да адукацыі беларускіх і летувіскіх сялян цалкам адрозніваецца, калі справа ідзе пра асветную працу на роднай мове. Вось некалькі фактаў з беларускага жыцця.

У Будслаўлі - перад прыходам туды польскага войска, на выдзеленым гмінай пляцы, стараннем і чыннай працай беларусаў, быў пабудаваны гмах для беларускай гімназіі. Гэтая гімназія, як вядома з неаднаразовых паведамленняў беларускай прэсы, была зачынена польскай уладай падчас кіравання генеральнага камісара Усходніх зямель Асмалоўскага.

У Наваградку, ужо ў "постмайскія часы" (маецца на ўвазе пераварот у траўні 1926 г. - Л. Л.) пры чыннай дапамозе беларускіх сялян будаўнічымі матэрыяламі і сваёй працай, паўстаў трохпавярховы мураваны гмах для бурсы пры мясцовай беларускай гімназіі. Закладку кутняга каменя выканаў сам прэзідэнт Масціцкі. Сойм асігнаваў каля 200 000 зл. дапамогі, але скарб выдаў толькі малую частку з гэтай сумы … Дзякуючы ахвярнасці беларускага насельніцтва, гмах пабудавалі, пакрылі дахам, і будоўля амаль што была закончана. Аднак, улады зачынілі беларускую гімназію, і зараз гмахам, выключнае права на які маюць беларусы, карыстаецца … "Polska Macierz Szkolna".

Ведаем шмат фактаў выдзялення гмінамі пляцаў і будоўлі - на сялянскія грошы і праз працу сялян - будынкаў для святліц і народных дамоў Т-ва Беларускай школы (ТБШ). Такі дом быў пабудаваны, напрыклад, у Востраве Слонімскага павета, але і тут … "гурток" ліквідаваны (верагодна, аддзел ТБШ быў аб'яўлены ўладамі гуртком Грамады і зачынены. - Л. Л.). Управа ТБШ магла падаць доўгі пералік такіх, на жаль, знявечаных уладамі, высілкаў беларускага насельніцтва.

Тое самае можна расказаць і пра летувісаў, якія ўласным коштам, як прыватнае, утрымліваюць сваё школьніцтва і ахвяруюць грошы на свае нацыянальныя культурна-асветныя арганізацыі. Немагчыма падумаць, што рэдакцыя "Кур'ера Віленскага" пра гэта не ведае!

Уявім сабе, што "Кур'ер Віленскі" замест закідаў пра нежаданне беларускага і летувіскага насельніцтва прымаць польскую адукацыю, з дазволу улад, пачаў бы прапагандаваць шырокую асветную працу на беларускай і летувіскай мове? І пачаўшы такую працу, выдаваў бы пасведчанні аб грамадзянскай спеласці гмінным радным беларусам і летувісам? Гэта былі бы самыя слушныя і самыя чэсныя паводзіны ў гэтай справе.

H. B.[Антон Луцкевіч] Niema czem się dziwić // Pregląd Wileński. 1936. № 4. S. 1-2.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX