Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

Некалькі слоў аб 'змарнаванай спадчыне' 


Аўтар: Луцкевіч Антон,
Дадана: 01-01-2023,
Крыніца: Луцкевіч Антон. Некалькі слоў аб 'змарнаванай спадчыне' // Наша слова.pdf № 5 (57), 1 лютага 2023.



У Познаньскім органе "Каталіцкай акцыі", выданні "Культура", у нумары ад 6 чэрвеня гэтага года (1937 г. - Л.Л.) быў змешчаны новы артыкул Ганны Загорскай (Савітры) "Змарнаванае спадчына", аўтаркі ранейшага, вядомага пасквіля на беларусаў пад назвай "Яды". Апошні яе артыкул перадрукаваў, горача прапанаваў да ўвагі сваіх чытачоў і цалкам з ім салідарызаваўся "Кур'ер Віленскі". Артыкул прысвечаны беларускай справе.

Мы ўжо прызвычаіліся да таго, што за друкаванне змястоўных артыкулаў пра беларускую культурную працу, нумары іншых выданняў часта падлягаюць канфіскацыі. Таму лёгкае з'яўленне ў "Культуры" і "Кур'еры Віленскім" публікацыі Загорскай адразу кажа нам, што падыход аўтаркі да беларускай справы цалкам супадае са стаўленнем да яе сучасных адміністратыўных улад. Таму мы лічым сваім абавязкам выступіць, тым болей, што артыкул Загорскай мае шмат недакладнасцяў і памылак, у выніку чаго ён будзе прычынай з'яўлення памылковага погляду польскага грамадства на беларускія праблемы і, як найменей, непрыхільнага стаўлення да беларусаў.

Перад усім, аўтарка памыліся ў пераказе і асвятленні гістарычных фактаў і паказала адсутнасць элементарнага разумення такіх паняццяў, як, напрыклад, культура. "Беларусь, - піша Загорская на пачатку - узяла культуру з Кіеўшчыны, насыціла царкоўна-славяншчыну мясцовым нарэччам і захапіла своеасаблівую, значна больш арыгінальную і цікавую летувіскую культуру". Дзіўна, як у аўтаркі аб'ядноўваюцца разам такія розныя ў сваёй істоце рэчы, як культура і мова. Гэта наогул характэрна для мыслення пэўнай часткі нашай інтэлігенцыі, якая лічыць, што засваенне чужой мовы ёсць духоўнай дэнацыяналізацыяй. Беларусы разам з хрысціянствам у Х ст. узялі ад Кіева пісьменную царкоўна-славянскую (старабалгарскую) мову, якая з бегам часу, увабрала ў сябе элементы беларускай мовы і нарэшце цалкам саступіла ёй сваё месца. Але гэта не значыць, што Беларусь "узяла культуру з Кіеўшчыны" як нейкую матэрыяльную рэч. Бо ўвесь узяты з Кіева разам з новай верай "культурны багаж" абмежаваўся некалькімі літургічнымі кнігамі на старабалгарскай мове. Такая "культура", відочна, ніколі б не была здольнай "захапіць летувіскую культуру".

Культура - гэта сума высілкаў і творчых дасягненняў народнага духу і беларусы яшчэ да хрысціянства жылі культурным жыццём, мелі свае гарады, сваё заканадаўства, пачаткі дзяржаўнай арганізацыі, займаліся гандлем з далёкімі іншаземцамі (з Усходам, адкуль паходзяць шматлікія рэчы, знойдзеныя ў беларускіх курганах) і, відочна, мелі нешта на продаж з вырабаў сваёй працы. Што праўда, мы няшмат ведаем пра гэтую дахрысціянскую культуру, але не больш мы ведаем і пра летувіскую культуру да часоў з'яўлення ВКЛ і не можам прыняць "на веру" ацэнкі абодвух культур, якія зрабіла Загорская. А ці шмат мы ведаем пра польскую культуру ў той жа перыяд?

Увогуле, аўтарка не вельмі лічыцца з гісторыяй, бо ў рэшце-рэшт нават школьнікам вядома, што не толькі першая рэдакцыя Літоўскага Статута, як цвердзіць Загорская, была складзеная на беларуская мове ў XVI ст. Такую ж дакладнасць мае і цверджанне, што "апошнія літоўскія дзяржаўныя акты, напісаныя па-беларуску, маюць больш паланізмаў ці слоў болей польскіх, чым беларускіх". Відочна, што аўтарка не бачыла і не чытала ніводнага такога акта, бо ў пісьме не было паступовага пераходу з беларускай на польскую мову. Гэтая яе думка з'явілася толькі для таго, каб давесці і абгрунтаваць далейшыя тэзы.

Падобным чынам апісвае Загорская і далейшае развіццё гісторыі беларускага народа: ніякай ўласнай культурнай творчасці, нічога свайго - усё пазычана ў іншых. У асноўным - у "усходняга варварства". Дзякуючы ўплывам польскай мовы на "праваславянскае надрэчча дрыгавічоў, крывічоў і радзімічаў", Беларусь "штораз хутчэй аддалялася ад усходняга варварства", "набліжалася да заходняга ладу, атрымлівала апошнія вынікі навукі" 1. Пра тое, што беларусы ў часы да пачатка ўплыву на сябе Польшчы, мелі непасрэдны і жывы кантакт з Захадам, што з Захаду да нас прыязджалі архітэктары, мастакі і іншыя дзеячы мастацтваў, што Беларусь сама выпраменьвала культуру на польскі захад (слынныя фрэскі ў касцёлах Любліна, Сандаміра і ў Вавельскай ягелонскай капліцы малявалі мастакі-беларусы!), пра гэта аўтарка дыпламатычна маўчыць. Цяжка сказаць, у чым прычына - ці ў яе злой волі, ці ў абязройваючым невуцтве ў галіне гісторыі беларускай культуры. Праўдападобна мы маем справу і з першым, і з другім.

Калі больш старую гісторыю Беларусі Загорская малюе так, як быццам яна адбілася ў крывым люстэрку, дык з больш блізкімі часамі справа яшчэ больш горшая. Вось некалькі "кветачак", неабходных, каб зразумець гэта. Аказваецца, што, напрыклад, сучаснік Міцкевіча Ян Чачот (†1847 г.), храналагічна стаіць у Загорскай ў шэрагу беларускіх пісьменнікаў польскай культуры, адразу пасля Каліноўскага, Дуніна-Марцінкевіча, Багушэвіча і Неслухоўскага, якія жылі і пісалі толькі ў другой палове ці ў канцы XIX ст.

Далей: беларуская паэтка Цётка, знакамітая нацыянальная і народныя аўтарка, пісала вершы "на рускі лад"(!), а Янка Купала і Фр. Аляхновіч, які сёння жыве ў Вільні ("ідэолаг мяшчанства"), абодва пісалі "пралетарскія" п'есы. Купала, як Купала: стала жыве ў Менску і "пралетарскасць" яго паэзіі не можа пашкодзіць, а наадварот можа яму дапамагчы … Але Аляхновіч, былы салавецкі вязень, абменены ў Саветаў польскім урадам на Тарашкевіча, можа мець праблемы з-за Загорскай, якая адважылася пісаць пра беларускую літаратуру, не маючы пра яе мінімальных ведаў.

Але хопіць "кветачак", якіх шмат ва ўсім артыкуле Загорскай. Пяройдзем да галоўнай тэзы аўтаркі. Як мы ўжо бачылі, Загорская цвердзіць, што толькі праз польскую мову Беларусь пачала далучацца да культуры Захаду і спальшчэнне ўсіх сфераў беларускага жыцця, якое, як вядома, наступіла ў XVII ст., называе каштоўнай "спадчынай". І гэтую "спадчыну" меў змарнаваць беларускі адраджэнцкі рух, які аб'ядноўвае народ і расце з яго глыбіні. А вінаватая ў гэтым новая, нацыянальна свядомая беларуская інтэлігенцыя.

Загорская даводзіць, што беларусы-адраджэнцы, якія прабудзілі беларускія масы да свядомага нацыянальнага жыцця, да стварэння ўласнай культуры на беларускай мове, да арганізацыі беларускага школьніцтва і беларускіх вучэльняў рознага кшталту, беларускай акадэміі навук і г. д., тыя, што развілі ўсе галіны мастацкай творчасці ў беларускім нацыянальным духу і нарэшце, аб'явілі пра разрыў з Расіяй незалежнай Беларусі, што гэта ўласна яны "змарнавалі спадчыну Захаду" і "прадалі свае адзінства з Захадам" Расіі … Галоўным доказам "адрывання ад Захаду" мае быць тая акалічнасць, што беларусы ў імкненні да развіцця сваёй культуры жадаюць ісці ўласнай дарогай і не згаджаюцца, каб польская мова была пасярэдніцай паміж імі і Захадам. Таксама не згаджаюцца яны вырачыся свайго адвечнага алфавіта, так званай "гражданкі" (кірыліцы - Л. Л.) на карысць лацінкі. Аўтарка выразна падмяняе паняцце заходняй культуры культурай выключна польскай. Яе лозунгам з'яўляецца: хай беларусы пяройдуць на лацінку і такім чынам выракуцца ад усяго надрукаванага да гэтага часу "гражданкай" на роднай мове і хай як найхутчэй прымуць "культуру Захаду" ў яе польскім варыянце.

Коратка кажучы: толькі польскасць можа вярнуць беларусам "змарнаваную спадчыну" заходняй культуры і толькі польскасць адчыніць ім шырокія дзверы ў … Царства нябеснае! Аўтарка выказалася і пра гэта.

Дзівіць тое, што падобны артыкул, у дадатак напісаны на нязвыкла нізкім публіцыстычна-навуковым узроўні, быў надрукаваны выданнем "Каталіцкай акцыі". Сумна, што ўплывовыя каталіцкія колы Польшчы не жадаюць, каб беларусы мелі духоўную еднасць з Захадам, бо яшчэ раней касцельныя ўлады не дазволілі запачаткаваць беларусам-каталікам сваю, беларускую "Каталіцкую акцыю".

Ні пра якую нелюбоў беларусаў да заходняй культуры ў ранейшыя часы (Скарына!) і сёння, зразумела, нават не можа ісці і гаворкі. Уся цалкам старадаўняя беларуская культура і мастацтва, уласна ўяўляе сабой дзіўны сінтэз істотных элементаў візантыйскай і лацінскай культур на нацыянальным беларускім падмурку. Гэта агульнавядомыя рэчы.

Для доказу сваёй непраўдзівай тэзы, Загарская не вагаючыся высоўвае такі "аргумент", як цалкам ілжывае цверджанне, што беларускія гімназіі ў Польшчы (сёння амаль што цалкам зліквідаваныя) ужывалі расійскія падручнікі бо, наогул, беларускіх падручнікаў вельмі мала. З гэтай жа мэтай яна кажа тое, што бракуе настаўнікаў-беларусаў, хаця, напрыклад, у часы Сярэдняй Літвы каля 200 нашых настаўнікаў, школьныя ўлады забралі з беларускіх школ, як быццам для перападрыхтоўкі на спецыяльных курсах у Кракаве, навучылі іх па-польску і ўладкавалі на працу ў карэннай Польшчы, не пусціўшы такім чынам іх у свае школы на Бацькаўшчыне …

Гэтая грубая тэндэнцыйнасць, гэтая непавага да самага істотнага напрамку працы беларусаў па стварэнні сваёй нацыянальнай культуры і іх палітычнай волі, нагадваюць мне пэўны факт з часоў, калі польскае войска займала Менск - сучасную сталіцу Савецкай Беларусі. У кастрычніку 1919 г. Начальнік дзяржавы маршал Юзаф Пілсудскі выдаў дэкрэт аб фармаванні беларускіх вайсковых аддзелаў, якія павінны былі разам з польскім войскам змагацца з Саветамі за ўсю Беларусь. У Менску, на падставе гэтага дэкрэта, была створаная Беларуская вайсковая камісія, якая складалася з вайскоўцаў-беларусаў і грамадскіх дзеячаў (Прушынскі, Аляксюк і г.д.), якія такім чынам падалі красамоўны доказ неабходнасці супрацоўніцтва з Захадам (і Захадам польскім) каб супрацьстаяць расійскаму Усходу. Як толькі камісія прыступіла да працы, ад імя камісара Менскай зямлі, быў разасланы канфідэнцыяльны цыркуляр павятовым уладам, падпісаны мужам пані Загорскай, у якім вельмі непрыхільна трактавалася распачатая акцыя … Гэта пацвярджае думку, што сучасны выступ Ганны Загорскай супраць беларусаў, падтрыманы рэдакцыямі "Культуры" і "Кур'ера Віленскага", бярэ свае натхненне з той жа самай крыніцы.

Не цяжка зразумець, менавіта з якой крыніцы сужэнцы чэрпаюць натхненне для сваіх варожых выступаў супраць нацыянальнага беларускага руху.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

H. B. [ Антон Луцкевіч] O “zmarnowanem dziedzictwie” słów kilka // Pregląd Wileński. 1937. № 6. S. 2–3.

1 Тагачасная навука карысталася выключна лацінай - як у Польшчы, гэтай і ва ўсёй Еўропе. Здаецца, аўтарка пра гэта забылася …

Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX